Аж да ранку грымела
Ў палях навальніца,
Ды не здолела
Сонца на ўсходзе спыніць.
Зноў вясёлая рунь
Чыстым срэбрам іскрыцца,
Зноў над полем
Бадзёрая песня звініць.
Як смяецца прастора,
Як ззяе навокал!
А блакіт —
Здэцца, хрусне, ледзь толькі крані.
Столькі ўсюды святла,
Што аж жмурыцца вока,
Не ўвабраць яму
Ўсёй палявой чысціні.
Далягляд —
Нібы ветразь зялёны напяты:
У праменнях плыве
Ў сваё шчасце зямля.
З добрых рук чалавека
Прымае зярняты,
Падарункам вясновым
Прымае ралля.
I, відаць,
Адчувае зямля нашу любасць,
Нашу веру —
Багаццем праславіць яе,—
Бо вятрамі пяшчотна
Цалуе у губы
І штодня прыгажэйшай
Прад намі ўстае.
1954