Рэха ў лесе заўжды супакоіць.
Рэха ў лузе —
як спеў рачной кручы.
А вось рэха ў сонечным сваім пакоі,—
Як страшна яго чуць, як балюча!
Здаецца, усё тут, усё па-былому:
І вокны, і дзверы, і рэчаў капа ўся.
А вымавіш слова —
і ў голасе громам
Загрыміць засведчанне,
што адзін ты застаўся.
Гудзе рэха ў пакоі:
— Чаму, чаму ты
Ахаваць не здолеў —
што да веку святое?..
І заходзішся думай, пакутаю скуты:
Дзе ж ты зараз, дзе сёння,—
дарагое ўсё тое...
І раптам успомніш... І, нібы ад навалы,
Кінешся хутчэй з пакоя, з не твайго назаўсёды...
Бяжыш, шэпчаш песню,
што — чуў — маці спявала
— А я ж к свайму роду
хоць па шыю ў воду...
1977