«Ліст ападзе, а вочка прыжывецца,
І прыйдзе зноў вясна ў вясёлы свет.
І вочка
Клічу сонца адгукнецца —
Падорыць на прышчэпе першацвет.
Клапотнік май
на першацвет ружовы
Прышле сваю шчыроўніцу — пчалу.
Тады сардэчным позіркам і словам
Скажы зямельцы плодлівай хвалу.
Ты вер,—
зямелька чуе, што і з ёю
Гавораць словам ласкі,—
і заўжды
Таму яна і поўна дабрынёю,
Таму ў садах і шчодрыя плады...»
Прыйшла вясна,
і вешчае збылося:
Глыбінны сок спазнаў сваю пару...
Настаўніку ж майму не давялося
Убачыць новай квецені зару.
Устаў над ім —
над вечным пералогам —
Пясчаны з ціхім крыжыкам грудок...
Ды не сумуй ты, польная дарога,
Што шоргату не ўчуеш яго ног.
Глядзі, вунь цуд вясны:
не ў адзіночку,
А разам з усім садам маладым
Цвіце, праменіць яраснае вочка,
У любасці прышчэпленае ім.
Праз тое вочка сад глядзіць шчаслівы
На свет, што перад ім аж зіхаціць.
І верыць: сам садоўнік рупатлівы
Пад той ружовай яблыняй стаіць...
1983