Самы нялёгкі для мяне той дзень,
Калі мне ніколькі не бывае сумна...
Тады я баюся,
што забуду цану радасці
І перастану яе шукаць і любіць...
Самыя трывожныя для мяне хвіліны,
Калі пачынаю адчуваць,
што ўсім задаволены,
І асабліва — самім сабой...
Тады я не ведаю,
куды падзець рукі,
Што рабіць з сэрцам і думамі,
Як іх суцешыць...
Куды хутчэй кінуцца, што зрабіць,
Каб доўга не заставацца ў такой часовасці,
Каб менш было сораму,
Калі ачнуся,
Калі зноў стану сапраўдным,
сабой самім...