Успомніў я дзіцячыя гады,
І сэрца песню даўнюю запела:
У ёй гамонка ніў, дрыжанне яблынь белых
І першых дум няхітрыя плады.
Прыгожых сноў, лятункаў залатых
І парыванняў, шчырых і нясмелых,
Мне не вярнуць назад.
Жніво маё даспела,
Цяжарныя ўраджаямі сады.
І колькі песень новых,
Колькі новых дум,
І слаўнейшых, яснейшых —
з кожным годам
Я ў маладым жыцці сваім знайду!
А ўсё ж вясны дзіцячае прыгоды
Перада мной, далёкія, стаяць,
На сэрцы ціхім смуткам шалясцяць!
1939