Аб'ехаў свет, амаль з усіх планет
Глытнуў,
хоць і здалёку,
іх агню...
А тых, хто падарыў мне родны свет,
Убачыў сёння нібы ўпершыню.
Сяджу між іх, задуманых, сівых,
Бы вылітых з жалезнага ліцця.
І ў кожным слове
адчуваю мудрасць іх,
І нават у маўчанні —
мудры сэнс жыцця.
І што сказаць мне ім? Які такі сакрэт?
Як абвандроўваў свет? І сэнс знайшоў які?
Што ім той свет,
Калі яны стварылі цудаў
аж на ўвесь сусвет!
І што ім мой сакрэт,
калі у іх саміх
сакрэтаў на вякі!
І я маўчу. Я ведаю: лепш пачакаць,
Пакуль яны прыкінуць:
што і як —
Што ёсць для іх няпростага ўва мне...
А сэрца б’ецца гулка —
радасці балючай не суняць,
Як гэта ўсё бывае
толькі ў роднай старане...
1979