Я вярнуўся з вайны...
Што ж ты брата не стрэла, Марыся?..
Маці слёзы глытае:
— Сынок, не журыся...
Ціха... ціша і боль...
Я пайду — ля магілкі прысяду...
За ракою ляжаць у варонках
дубенскія ляды.
Ніцма ўпалі на луг,
як салдаты, дубы векавыя.
Толькі яблыні-дзічкі
ўздыхаюць над імі жывыя.
З іх зрываюць вятры,
бы тужлівыя ўсмешкі, пялёсткі
І нясуць над знявечаным полем
да нашае вёскі.
І ляцяць тыя ўсмешкі,
ляцяць, шалясцяць над табою...
Снег вясны... Помніш, мы
разышліся таксама вясною.
Вось і той талісман,
што на шчасце ты мне падарыла.
Вось і сам я. А ты...
Груд зямелькі шыпшына укрыла...
Ціха... Дзічкі ўздыхаюць —
з жальбою гукаюць на ўзлессі:
— Марыся... Марыся...
— Вярніся...
— Прыйдзі...
Адгукніся хоць песняй!..
1944