Селі-палі каўкі,
Занялі ўсе лаўкі.
Ды гавораць да Настулі:
Твае клічы мы пачулі.
І прынеслі табе, любай,
Хто ў кіпціках, а хто ў дзюбах —
А хто нітачак шаўковых,
А хто пёркаў прамянёвых,
А хто голкі, хто пруточкі,
Каб нам вышыла сарочкі;
Дый тэпціі нам пашыеш,
Дый шалікі ўсім на шыі,
Дый на лёгкія крылочкі —
Пуховыя рукавочкі...
А яшчэ табе прынеслі
На твой кожны дзень — па песні,
Каб, працуючы, спявала
Ды ў радасці падрастала...
— Дзякуй, дзякуй вам, кавулі,—
Птахам дзякуе Настуля.—
Я пашыю вам, кавулі,
Прамяністыя кашулі,
Я іх вышыю ўзорам —
Сцежкай летняю з чаборам,
Ды з жоўтымі каласкамі,
Ды з сінімі васількамі,
Ды йшчэ будзе
кветка тая,
Што на шчасце зацвітае...
Я і тэпцікі пашыю
І ўсім шалічкі на шыі,
Каб вы толькі прыгажэлі,
Не калелі, не хварэлі...
Каўкі гоманка ўзняліся,
Паляцелі ў неба, ў высі.
А Настуля хату мае
Ды ўсё строі птахам шые.
Шые, шые, вышывае,
Штодня песенькі спявае...
1985