У гарачае сэрца, у сэрца матулі
Білі бомбы варожыя і варожыя кулі,
І палілі, і ранілі матуліна сэрца,
Каб змаглася матуля, скарылася смерці.
Але ўсё маці вынесла, ўсё сцярпела —
За сыноў сваіх мілых, за іх дужасць
і смеласць,
За дарогі іх светлыя
ў добрую славу,
За вяртанне іх, любых,
на родную лаву.
Перад сэрцам матуліным, перад марай матулі
Спарахнелі варожыя бомбы і кулі,
Нібы ветрам, развеяла лютую зграю,
Тую сілу варожую, што гразілася краю.
Плыве сонца ў блакіце, усім свеціць зіхотна,
І сыны абнімаюць матулю пяшчотна.
Не збаіцца ніхто самай лютае смерці,
Пакуль кліча ў жыццё нас
матуліна сэрца.
1968