Слёзы і песні, туга і ўрачыстасць,
Праца і ўтома, лятунак і верш...
Слаўце зямное, нялёгкае, чыстае
Шчасце,
Якое не ведае меж!
Ёсць у жыцця і свяцілы, і зоры,
Ёсць без канца і пяшчотаў, і ўцех.
Толькі бывае, што сілы бадзёрыя
Часам прыносіць журба, а не смех.
Слаўце вы ўсё: у праменнях, у росах
Нівы і пожні, лясы і сады.
Ды не забудзьце і горкія, млосныя {млоспыя
Кропелькі поту, што ўпалі сюды.
Век не пражыць — гэта ведае кожны —
Без непакою, без дум і турбот.
Слаўце ж заўсёды
Імкненні трывожныя,
Што падрыхтоўваюць смелы палёт.
Слаўце і стомлены шэпт,
і вячысты
Голас, што ў сэрцы і сам панясеш...
Слаўце сабою прыгожае, чыстае
Шчасце,
Якое не ведае меж!
1962