Была ў нас — помню — бацькава біклага,
З грубых кляновін, з донцамі двума.
Ў спякотны дзень, як ні паліла б смага,—
Глыні з біклагі той, і смагі — як няма.
І можаш зноў над пожняю пачатай
Хутчэй махаць касою, слаць валы травы,
Каб смага зноў ачнулася зацята
І ты біклагу зноў адшукваў, ледзь жывы.
Я шмат разоў з сабою браў біклагу,
І ўсё ж не мог я доўга зразумець,
Ці для таго яе зрабілі,
каб ушчуньваць смагу,
Ці для таго, каб вечна смагу мець.
Але прайшоў я апасля не гоню
Па самых розных пожнях, а дзесяткі гонь.
І неаднойчы за душу і за далоні
Мяне хапалі спёка і агонь.
Хапалі, каб спазнаў я: для біклагі
Нідзе не ўпала б нават росачка адна,
Каб не было ў жыцці бясконцай смагі
І ўпартасці, дзе родзіцца яна.
Жыццё нам дарагое не таму так,
Што ў ім і дыхаць лёгка, і ў шляхі ісці,
А больш таму, што ў далях некранутых
І цяжка дужым быць, і цяжка гарт знайсці.
Таму я не магу й на міг без смагі
Застацца перад светам. Зноў мяне і зноў
Няхай вядзе да бацькавай біклагі
Пякучасць дзён маіх, супольнасць спраў і сноў.
1961