Я прачнуўся ўранку, чуць паверыў:
Захапіўшы ў садзе
Ўсе куткі,
З радасцю,
Ажно праменіць пер’е,
Свішчуць
Над шпакоўнямі шпакі.
Свішчуць, спавядаюцца —
Хто дужай,
Хто ў якіх краінах
Пабываў...
А яшчэ чуваць мне:
— Дзякуй, дружа,
Дзякуй,
Што нам хаткі
Збудаваў!..
Я пабачыў
Іхні тлум вясёлы,
Дарагую сэрцу
Сумятню,—
І жадаю шчасця
Навасёлам:
Міру,
Сонца —
Кожнаму іх дню.
— Дарагія, родныя,
Жывіце!
Засяляйце ўсё тут! —
Ім кажу.—
Радуйцеся
Кветкам, і жывіцы,
І святлу,
І хмаркам,
І дажджу!
Весяліце
Кут наш —
Дол і неба,—
Ўсю наўсцяж
Цудоўную зямлю!..
Ну, а я,—
А я вам, калі трэба,
Яшчэ болей
Домікаў зраблю!..
1985