Ці чуў ты сказ пра спарышы?
Калі цікава — запішы...
Калісьці — кажуць людзі — тут,
Дзе зараз бачыш ты палі
З бавоўнаю ды збажыной,
Дзе сад цяпер па-над ракой,
Быў нелюдзімы сумны кут,
Адны каменні і раслі.
Крутыя хібы леднікоў
Пад неба ўзносілі вяршыні,
А ўнізе — ўсцяж, спакон вякоў
Плылі, куды вачмі ні кінеш,
Пяскі;
І не было жыцця расліне
У мройнай, выцвілай даліне.
Журботны лёс не ведаў змены.
А дзесь пад самым небам з пенай
Рака ляцела паміж гор,
І за вяршынямі-хрыбтамі,
Прабіўшы выхад на прастор,
Ўдалі злівалася з марамі.
Вось каля гэтых гор крутых
Жылі ў час даўні два браты.
Абодва мелі добрых дзетак,
Ды гора не ішло ад іх:
Як ні пасеюць свой палетак,
Пад сонцам ён змарнее ўміг —
З пустыняў прыйдуць сухавеі,
І ўсё навокал азалее...
Ці доўга так жылі ці не
Браты, ды неяк па вясне
Сказаў старэйшы з іх, асілак:
— Ідзём, мой брат, мы маем сілы,
Каменні скрышым і ў даліну
Раку скіруем праз цясніну...
— Што ты, браток, куды ісці,
У нас жа дзеці; ў іх жыцці
Бяда якая можа стацца,—
Малодшы мовіў...
З ім спрачацца
Брат не схацеў, і без дакораў
Пайшоў адзін — увысь, у горы...
Вось дзень за днём ідуць, мінаюць...
Брат брата ўсё дамоў чакае...
І цяжка на душы ад суму,
І жаль у сэрцы зноў і зноў:
— Чаму ён з братам не пайшоў? —
З такою неадступнай думай
Нарэшце ён кідае хату,
Спяшае на падмогу брату.
І бача ён: над самай кручай,
Дзе толькі што арлу кружыць,
Брат мёртвы ля скалы ляжыць;
Адна яна рацэ равучай
Ў цясніну ходу не дае...
Ды не адолеў брат яе...
Заліўся тут бядак ад гора
Слязамі братняе віны.
Дзень дагарэў, і ў небе зоры,
Як сумнай ночы вестуны,
Заззялі зноў. А небарака
Сядзеў на камені і плакаў.
Усё згадаў ён і нанова
Душой гаротнай перажыў:
І як ён братам даражыў,
І як іх лёс круціў сурова,
І як яны заўсёды ўдвох
Пра шчасце марылі...
Ад болю
Душа сціскалася ўсё болей:
Чаму ён брата не ўбярог?!.
І столькі ў братніх слёзах жалю
Было, што, кажуць, як упалі
На сцежку горную яны,—
Так загрымелі валуны,
Што мёртвы іх пачуў... Прыўзняўся
На міг і з братам развітаўся:
— Дакончы справу нашу, брат,
Каб хоць па смерці быў я рад...
І ўстаў тады магутны волат
На бітву з чорнаю скалой.
Як быццам стопудовы молат
Быў у яго ў руках, як быццам
Скалу ламала навальніца,—
Так брат малодшы біўся з ёй...
І рухнула яна ў прадонне.
І з гулам радасным рака
Ў цясніну хлынула; цяснінай
Сышла наніз — і па сягоння
Шуміць тут бурна і няспынна
І дорыць воды арыкам...
Але загінуў пад скалою
І меншы брат.
І двух герояў
Той вызваленай рэчкі хвалі
Навек абдымкамі з’ядналі...
Каб назаўжды, на ўсе гады
Мы дачакаліся вады...
Як ажыло адразу поле!
Зямліца родная!
Ніколі
Тут не было такой красы:
Напіўся дол жывой расы,
і ўскінулася ніва тут,
Зазелянела прад вачамі,
І гэта быў, браток, не цуд,
Не! То зярняты, што гадамі
У глебе чахлі — прараслі,
Да сонца шлях сабе знайшлі.
Пара настала — і пшаніца
Пайшла буйнець і каласіцца.
І мела кожная сцябліна
Два каласы.
Як два браты,
Яны ўзрасталі і гасцінна
Страчалі ранак залаты,
Калі сыходзіў ён з вяршыняў
Ды крочыў з сонцам па даліне.
І ноч з цяплом яе расы
Віталі браткі-каласы,—
Так узрасталі, красавалі
І наліваліся ў цішы.
І людзі з ласкаю назвалі
Іх, самых родных,— спарышы...
З тых дзён далёкіх шмат на свеце
Змен адбылося: узраслі
Братоў загінуўшых тых дзеці.
І долю ўсе сабе знайшлі.
Не па малым цяпер палетку
Расце іх хлеб:
Глядзі, які
Абшар навокала ракі!
Як зашуміць пшаніца ўлетку,
Як закрасуюць спарышы,—
Спеў нараджаецца ў душы.
Жывём у родным краі вольна,
Працуем радасна, супольна,
Бо сэрцам змалку і навек
Адчулі мы: каб у краіне
Цвіло жыццё, заўжды павінен
Захоўваць вернасць чалавек.
І шчасцем будзеш ты багаты,
І ўнікнеш гора і нягод,—
Адно ідзі аддана з братам
На справу добрую ў паход!
1954