Спытайся ў братоў,
У сясцёр і нявестаў,
У шчырых сяброў
І паплечнікаў верных,
Што не забываюць
Ні сцежак юнацкіх,
Ні мараў, што ў сэрцах
Сумесна насілі,
Ні радасці стрэч
І вандровак шчаслівых
У светлае заўтра,
У свет непаўторны...
Спытайся —
Чаму
На цудоўнай вось гэтай,
На самай на слыннай
Зямлі партызанскай,
На кожнай дарозе,
На кожнай сцяжыне
І помнікаў столькі,
І абеліскаў,
І проста вянкоў
Па-над вокнамі хатаў...
Чаму тут па вёсках,
Абсягах бацькоўскіх,
Імкнуцца так людзі
Ўпрыгожыць старонку,
Зрабіць яе
Самай на свеце багатай
І самай прывабнай —
З лагодаю мілай...
Чаму кожны дзень,
А пры ўсякай нагодзе,
Гучыць
над старонкаю
Гэтулькі песняў.
Задумных і ціхіх,
Імклівых і звонкіх,
Вясёлых і светлых,
І бурных, і плынных,
А ў кожнай —
Гарачая прага да шчасця,
Бясконцая любасць
да маці-Радзімы...
1981