Стала зноў у свеце неспакойна.
Зноў для бою ўзводзяцца куркі.
Па крывавых планах новых войнаў
Барышы падлічваюць дзялкі.
Чуцен гул пагроз з-за акіяна.
Звар’яцелі картэры зусім...
І шкадуюць шчыра ветэраны,
Што тады,
хоць і смылелі раны,
Што тады не скончылі з усім.
Для людзей павек была б зарука,
Што не ўспыхне бітваў калаццё.
І заўжды-заўжды
сыноў і ўнукаў
Песціла б шчаслівае жыццё.
І заўжды лучыла б душы згода
На шляхах,
для свету дарагіх,
Каб забылі людзі пра нягоды,
Быццам і не ведалі пра іх...
Я стаю ўстрывожаны з усімі
І маўчаць таксама не магу.
Ветэраны любае Радзімы,
Дружбакі, героі, пабрацімы,
Разумею вашу я тугу.
Разумею і прашу: да скону
Памятайце ўсюды, што я ваш.
І ў змаганні за наш свет зялёны
Вы мяне не спісвайце ў тыраж.
Калі грымне новы гром —
гукніце,
Я не затрымаюся, прыйду.
І з сабою ў строй —
не асудзіце —
І сыноў, і ўнукаў прывяду.
1980