На шляху, праз хмызнякі, праз поле,
Да лугоў,
дзе ўецца рэчкі ніць,
Гоніць вецер стромкія таполі,
Каб вадой сцюдзёнай напаіць.
Па-над імі сонца — мутнай кропкай...
Перад імі — ў стоме далягляд...
І яны бягуць, бягуць таропка,
Звоняць лістам кволым неўпапад.
Вось і бераг... Жоўты спад і круча.
Прад вачмі — імклівыя стрыжы.
Кінешся — загінеш немінуча,
Як дубок, што ў крэйдзе вунь ляжыць.
І таполі збіліся чародкай.
Згорбіліся. Бачаць, нібы ў сне,
Як іх дражніць рэчка павароткай...
Быццам ты, самотнага, мяне...
1964