Дзень і ноч — ад куткоў, дзе шуміць Камароўка,
Да шашы, што кіруе ў занёманскі край,—
Проста ў спеў, проста ў гул на рабочых пляцоўках
Возіць мінскіх людзей трамвай.
Я заўсёды ў дарозе душой маладзею,
І хоць часам вагон і лаўлю на хаду,
А ў трамваі з пашанаю трыццаць капеек
На білет, на дарожны свой пашпарт кладу.
— Вам куды? — Іншым разам кандуктар пытае.
А хіба тут адкажаш напэўна, куды?
— Завязіце туды, дзе жыццё не сціхае,
Дзе завод карпусы да нябёс падымае,
Дзе цвітуць сады,
Дзе бягуць правады...
— Значыць, вам трэба ўвесь неаглядны наш горад...
— Так, увесь мне патрэбен мой горад-дружбак!
Не магу не пабачыць Сляпянскага бору
І свой парк абмінуць не магу аніяк.
Мне пабачыцца трэба з сябрамі, што сёння
Для выдатнай машыны збіраюць матор,
А затым — пабываць на сваім стадыёне,
Дзе з «Дынама» іграе данецкі «Шахцёр».
Горад — мой!
І хіба я магу быць нячулым
Да дыхання яго, да натхнення яго?
Можа быць, непаўторным, цяжкім яго гулам
І жывуць толькі роздумы сэрца майго.
І за тое я мінскаму ўдзячны трамваю,
Што заўжды без затрымкі вязе ён мяне
У напрамку любым, дзе жыццё нараджае
Тыя гукі, што ўвойдуць у спеў аб вясне.
І заўсёды таму і душа маладзее,
І мацней адчуваю я шчырасць сваю,
Што ўсе мары мае і лятункі-надзеі
Асвятляюцца яваю ў родным краю!
1951