Тыранам і прынцам
улада бясконцая сніцца.
А мне ў маім Мінску
падоўгу начамі не спіцца.
Чаго мне не спіцца?
Нашто мне ўсе тыя тыраны?!.
Ёсць сонца ў мяне,
ёсць зямля, ёсць мары-акіяны!
За сотні тыранаў,
за тысячы прынцаў там нейкіх
Не даў бы, паверце,
я самай ламанай капейкі,
Не стаў бы праз іх я
не спаць, хвалявацца начамі,
Праз цемру ўзірацца
за моры, за горы вачамі!
Ды чуецца з даляў —
аж часам калоцяцца горы,
Як ходзіць па свеце
ліхое народнае гора,
Як тлумяцца сэрцы,
не знаючы ў горы спагады,
Таму што ірвуцца
тыраны і прынцы да ўлады.
Нядолю, і роспач,
і прагу, і кліч да свабоды
З усіх кантынентаў
нясуць ка мне ў сэрца народы,
Адзін — з ланцугамі,
з касою другі за плячамі.
Таму мне й не спіцца
Даўно ў маім Мінску начамі.
Хвалююся, думаю,
як мне іх спраўдзіць надзеі,
Каб зніклі нарэшце
усе на зямлі ліхадзеі,
Тыраны і прынцы,
і іх векавечныя мроі,
Што гору і крыўдзе
нясуць панаванне старое!
1962