У бабулі ўнучкі, ўнукі —
Ды адно ж ды пад адным.
Ледзьве ранак —
вось дакука! —
Панаробяць стуку, груку,—
Ну, няма ўгамону ім.
Сашка рыпае ў гармонік,
Ленка ў таз, што ў бубен, б’е,
Косцік сеў на апалонік,
Лідка плача: — То ж мой конік!
Мішка пеўнікам пяе.
Толькі Светачка —
адна
У калысцы ля акна —
Ціха кліча:
— Ба... бу... бу...
Ба-бу... бу... Лю-бу... Лю-бу...
І так цэлы дзень да ночы —
Піск, ды віск, ды шум, ды тлум...
Сашка — то як танк грукоча,
То як кулямёт стракоча,
То з гарматы — бах ды бум.
Ленка ўслед за ім машынай —
Самаходкаю гудзе.
Косцік ставіць з цэглы міны,
Лідка б’е тыя цагліны,
«Ура-а!» — Мішка ў бой ідзе.
Толькі Светачка —
адна
У калысцы ля акна —
Усё кліча:
— Ба-бу... бу...
Ба-бу... бу... Лю-бу... Лю-бу...
Гэтых сцэн шумлівых сведкі,—
Сцэн то з мірам, то з вайной,—
Прыйдуць, быццам у адведкі,
Да бабулі ўсе суседкі —
Ды ўсё радзяць-раюць ёй:
Узялі б вы кій, бабуля,
Ды іх сцішылі б хоць раз!
Гэта ж трэба! — дзе вы чулі? —
Каб бабулю так прыгнулі? —
Ды яны ж загубяць вас!..
А бабуля:
— Што вы, людцы,
Так пра родненькіх маіх!
Што за клопат,—
хай таўкуцца,
Хай сквяруцца, хай смяюцца,
Што мне гэты свет без іх!..
І, сказаўшы так,
бы стала
Млосна ёй,
застогне: «Вох!..»
І тады —
як па сігналу,
Сыпануць усёй навалай
Дзеці к ёй, нібы гарох.
Сашка бабку абнімае,
Ленка трэцца пад рукой,
Косцік сесці запрашае,
Лідка ласкай суцяшае,
Мішка ўсмешку дорыць ёй.
А ўслед Светачка —
адна
У калысцы ля акна —
Кліча звонка:
— Ба-бу... бу!
Ба-бу... бу!.. Лю-бу!.. Лю-бу!..
1978