Б’е ў акно звон вясны,
Жаўруковы спеў.
Кут надрэчны лясны
Увесь ажыць паспеў.
Там, дзе дол прачаўрэў,
Ходзяць хлапчукі,
Выбіраюць між дрэў
Дзеразу ў вянкі.
Колькі ўсюды святла,
Колькі хараства!
Вунь — карункі спляла
Клейкая ліства.
Вунь — бы зорак узор,
Сініх кветак круг.
І падміргвае бор
Кожнаму, як друг.
Звон вясны. Гулкі след.
Сонца, ўсіх прымай!
Хлапчукі бягуць у свет
У вясну, у май.
1964