Суровы ўдар сустрэў нас нечакана:
Не стала сёння лепшага між нас...
І вось мы ўсе жалобнаю сям’ёю
Стаім прад ім — сябры па мужнай справе,
Вялікай рэвалюцыі сыны,
Стаім — салдаты — перад палкаводцам,
Што нас вадзіў у слаўныя паходы,
Будаўнікі, якім для спраў вялікіх
Адкрыў ён мудрых планаў шырыню,—
Стаім, і слёзы коцяцца з вачэй...
*
І ўдзень і ўноч чакалі весткі людзі.
Што скажа радыё?
Як у вайну калісь,
Калі ішло змаганне за Радзіму,
Нам радыё прыносіла заўжды
Аб перамогах радасныя словы,—
Гак і цяпер патрэбны нам былі
Такія словы: радасць, перамога —
Навала адступіла прад жыццём!
І ўдзень і ўноч чакалі весткі людзі...
І хоць грымелі на будоўлях краны,
Па графіку ляцелі цягнікі,
Калгаснік ладзіў трактар прад сяўбою,
Рабочы звычна фрэзы запускаў,—
А сэрцамі мы ўсе былі з Масквою,
Там, перад ім, былі мы, у Крамлі.
Матулі, колькі ёсць іх у Радзімы,
Матулі, чые дочкі і сыны
Раслі пад сонцам шчасця і свабоды,—
Матулі
Нахіляліся над ім,
Найдаражэйшым, самым любым сынам,
Каб даць яму дыханне веснавое,
Каб ён падняўся, слова ім сказаў.
Сябры, былыя воіны,
І тыя,
Хто сёння на граніцах на пасту,
Усе, каму ўручаў наш палкаводзец
Штандары славы, лёс усёй зямлі,
Усе, хто ўмее сэрца камандзіра
Прыкрыць грудзямі ўласнымі ў баю,—
І ўдзень і ўноч чакалі ў спадзяванні,
Што пераможа ён,
Што ён не кіне нас!..
Хіба ж не ён і царскія астрогі,
І ссылкі, і этапы перамог?
Хіба ж не ён у шынялі салдата
Прайшоў, нязломны, праз усе франты?
Дык дай жа ты, жыццё, яму і сёння
І сёння сілу дай перамагчы...
Але гучыць з Масквы жалобны голас...
І слёзы смутку коцяцца з вачэй...
Устаньце ўсе, таварышы! Цішэй!
У строй, сябры, адчуйце локаць друга,
Былі каб непахіснымі рады.
Паслухайце — ЦК з Масквы гаворыць,
І мужнасць чутна ў кожным слове нам.
Адчуйце локаць друга і згадайце
На развітанні — што ён, дарагі, любіў.
Любіў ён,
Больш за ўсё любіў на свеце
Стальную партыю і свой народ.
І значыць, ён усюды і заўсёды
Жывы і ясны будзе сярод нас.
Любіў ён,
Каб плыло над светам сонца,
Каб красавала ў радасці зямля.
І значыць, ён усюды і заўсёды
Жывы і ясны будзе сярод нас.
Ён Леніна быў вучнем —
І Радзіму
Па-ленінску заўжды аберагаў.
І значыць ён усюды і заўсёды
Жывы і ясны будзе сярод нас.
А тым,
А тым, хто помсту нам рыхтуе
За тое, што мы ленінцы ў жыцці,
За тое, што агністыя над намі
Шумяць любімай партыі сцягі,—
Адкажам мы
Упэўнена, спакойна
І мужна, як адказвалі не раз.
Жалоба сэрцы цяжка нам скавала,
Але шчыльней з’ядналіся рады.
Вядзе нас партыя —
І мы жыццё ствараем,
Пакліча партыя —
Мы ўсюды разам з ёй!
Мы — ленінцы,
Мы з Леніным заўсёды,
І з ім сягоння ў мужны сталі строй!
1953