Яшчэ нядаўна першай навальніцай
Было абмыта поле, на якім,
Каб выгнаць з краю лютых чужаніцаў,
Не раз мы падымаліся ў штыкі.
Яшчэ нядаўна песняй перамогі
Быў на зары абуджаны наш край,
А ўжо шумяць усходамі разлогі,—
Нясі нам шчасце,
сёлетні ўраджай!..
Мы цалавалі зерне, перш чым кінуць
Яго ў разоры. Дружна, як на бой,
Выходзілі па працу золкам сінім,
Ўзбівалі глебу рупнаю рукой.
Прасілі сонца — падары цяпло нам.
Гукалі вецер — ты павей з паўдня.
І вось яно:
Усё наўкол зялёна.
І вось яно:
Ўсё прыгажэй штодня.
Калі б цяпер
Прыйшлі браты здалёку,
Дзе дабівалі ворага ў баю,
Як радасна байцам
было б
І лёгка
Глядзець на родную зямлю сваю!
І словы ўдзячнасці сказалі б пэўна
Усім яны:
І тым, хто збожжа веяў,
Хто дзірваны ўзнімаў,
І хто наладзіў сеўні,
І хто загоны з любасцю засеяў.
Мы гэта знаем.
І таму не раз
Нам снілася начамі,
Быццам гоні
Вясёлай мовай ячмянёў гамоняць,
Гукаюць нас.
І неаднойчы мы ўставалі рана,
Ды йшлі на поле сцежкай пратаптанай,
І радаваліся: буйная раса
Блішчыць на буйных пёрах, як сляза.
Глядзіш — густыя хвалі коціць вецер,
І ўжо зязюля жытні каласок
На ранку праглынула, і куванне
Надоўга абарвалася яе.
І чутка гэткая пайшла па свеце,
Нібы зямля, што ўвесь цудоўны сок
Дала для ніў, прасіла на світанні,
Каб людзі дар праславілі яе.
І мы клянёмся, што не ўчуем стомы,
Не дасядзім на ігрышчах, недаспім!
Як серп вастрыць —
з маленства нам знаёма —
І жыта жаць пад сонцам залатым.
Хай толькі нівы ў бронзавым загары
Паклічуць нас,—
Устанем да святла
І здзейснім нашу высненую мару
І той зямлі, што збожжу сок дала.
Тады напішам хлопцам на чужыну,
Туды, аж за браслаўскія муры:
Герояў помніць родная краіна,
Праменныя чакаюць вас дары!
1945