epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Успомні лета бабінага звонкі..."

Успомні лета бабінага звонкі

І чуйны крок,—

сцярожка так ідзе...

На арабіны полымныя гронкі

Ніколі павуціна не падзе.

 

Яна абцягне пні, сіўцовы пасак,

Бульбянік, арахоўнік у раву,

Іржышча пачарнелае і пасуш —

Апошнюю прывялую траву.

 

А тое, што яшчэ цвіце, палае,

Што зелянінай свеціцца, жыве,—

Ніколі павуціна не кранае,

Заўсёды —

ціха міма праплыве.

 

Праходзіць нетаропка гэта лета,

Вызвоньвае руплівай думай час...

І светласцю жывога —

ягад, кветак —

Ці не гаворыць нешта і для нас?..

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан