Сніўся сон.
Што за сон!
У старонцы лясной,
Добра помню: вясной,
такой звонкай вясной,
Што зямля аж гайдалася,
рэхаў поўная,—
У старонцы лясной
жыла са мной
Васіліса Чароўная.
Васіліса Чароўная
На світанках мяне будзіла,
Васіліса Чароўная
Па прыгодах мяне вадзіла,
Па песнях,
Па казках
Царыцай хадзіла —
Толькі сонцу высокаму роўная...
І асілка-сына
мне нарадзіла
Васіліса Чароўная.
А яшчэ...
А яшчэ з Васілісай
Мы недзе лёталі,
Можа, зорку Венеру шукалі,
а можа, Марс.
А яшчэ —
У палацах зіхотных,
за зіхотнымі варотамі,
Частавалі праменнямі нас.
А яшчэ —
Мы вярталіся зноў
Да вясельных званоў
І пры ўсіх цалаваліся,
ахінуўшыся зоркай.
А дзядок нейкі
крычаў «горка»
І з захапленнем у бубен біў.
І гарніст аж пад сонцам
пра нас трубіў
І дарункамі
кідаў нам
радугі чыстыя,
Радугі чыстыя, як лятункі вячыстыя,
І я Васілісе ў каралі
забраць іх хацеў...
А яшчэ...
Божа мой, многа ўсяго накруцілася!
Ажно спацеў...
Але нехта падставіў ножку,
Я спатыкнуўся,
Ударыўся, войкнуў
І ўраз ачнуўся...
Быў ранак.
Зямля, як і ўчора, на ўсход кацілася...
Гаварыла радыё.
Усё было ясна.
Усё акрэслена.
Усё абумоўлена.
Ні сумненняў, ні мрояў, ні дзіўных сноў.
Чаго ж ты пяклуешся,
сэрца?!
Чаго крычыш:
— Васіліса Чароўная!
Злітуйся, любая!..
Хоць разочак,
Хоць у сне
Прыйдзі,
Павядзі мяне ў казкі зноў!
1963