Дождж сціх, і запахла чаборам і доннікам.
Вяслуе ў задуме над рэчкай заход.
Далёкая песня...
Як мроя...
Пра конніка,
Што тут вось калісь ад’язджаў у паход.
Гукае дзяўчына зажурана:
— Косю...
З рукі абяцае вадой напаіць...
І голас... Знаёмы?.. Ці толькі здалося,
Што ў памяці ён
з дзён юнацтва стаіць?..
Нягучнае, думнае, добрае рэха
Нясе над залужжам нястоены жаль...
Вярнуцца заве... Хоць з тых дзён, як паехаў
Юнак,—
прамінула паўвека амаль.
Так соладка пахне ад берага доннікам,
І вечар праз хвілю
ўжо вочы самгне.
А песня не ціхне...
З тугою пра конніка...
Каго яна кліча?..
Няхай бы мяне...
1981