epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Вось такі быў май..."

Вось такі быў май, вось такі:

Шызы голуб піў з твае рукі,

«Дзе ты, маці? Твой вярнуўся сын!» —

Біла громам музыка з расін.

 

Вось такі быў май, вось такі:

Дзень у дзень ішлі дамоў палкі,

Людзі цалаваліся, а слёз

Не хаваў ніхто —

як сонцы, нёс.

 

Вось такі быў май, вось такі:

Палымнелі ў косах каснікі.

Голуб буркаваў: гасця прымай...

— Любы!..— Бегла ты...

Такі быў май!..

1946


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан