Дрэвы — нібы чорныя слупы,
Шэры попел ботамі прыбіты.
Адвячоркам вецер, як сляпы,
Начаваць кульгае пад ракіты.
Ён шукае вобмацкам лісцё,
Медзяное, звонкае, тугое,
Каб хутчэй падкінуць у касцёр,
Што застаўся ў лузе пасля бою.
І праходзіць хвіля не адна,
Покуль ветру, страціўшаму сілы,
Зразумела стапе, што вайна
Тут усё без жалю спапяліла.
Ні прытулку... Ні шляхоў... Ні зор...
Развітаўся вецер сам з сабою
І з разгону кінуўся ў касцёр,
Што застаўся ў лузе пасля бою.
1943