Я веру: там, за морам, журавы
Пад сонцам поўдня мараць аб азёрах,
Што кінулі ў паўночным краі. Ім
Начамі сніцца закут лугавы,
А на зары паўночных даляў зоры
Ад сну іх будзяць шэлестам сваім.
І чуецца ім пах знаёмых гнёзд,
Відаць азёрны краявід прадвесня.
Інакш чаму ж праз столькі тысяч вёрст
Не патухае іх звароту песня?
Ляціць дамоў птушыная сям’я,
І нам заўжды чамусьці прад вачыма
Зноў паўстае уся, навек свая,
Вялікая — матуляю — Радзіма.
1953