За травінку — сэрца баліць.
І за пярынку — душа як скутая.
А як быць, як быць,
Калі чалавек пакутуе?
Колькі мець трэба
лекаў такіх,
Каб яны ў чалавека
скруху развеялі?
Каб чалавечы боль заціх?
Каб у чалавека слёзы запелі?
Можа, лекаў столькі я не знайду...
Але ўсё жыццё шукаю такіх лекаў...
І ў дарогу іду — заўсёды іду
З трывогаю за чалавека.
1963