Высока-высока ў блакіце {блакіцс
Яшчэ клекаталі арлы,
А тут ім адказвала ў жыце
Сям’я перапёлак малых.
Пчаліныя звонкія зовы
Яшчэ былі чутны ў лясах,
А ўжо на лугі і дубровы
Цішком ападала раса.
І злосная, што ўсё не моўкне
Ліпнёвага дня дабрыня,
Вяла асцярожна навокал
Свае невады цішыня.
Вось вецер найшоў на таполі
І полымя збіў з верхавін,
Шарэла жытнёвае поле,
Дыхнула туманам з лагчын,
Ужо і сава на курганні
Начны пачала свой дазор,
А ўсё ж не сціхала змаганне,—
За сонцам цягнуўся прастор.
І толькі калі па-за хмарай
Схаваўся апошні прамень
І гром дзесь за пушчай ударыў,—
Здавалася — здасца ўжо дзень.
Але то была, можа, хвіля.
Пранесла грымоты, і зноў
Ад радасці загаманілі
Барвовыя кроны кляноў.
Арліны ізноў чуўся клёкат.
І следам за ўспышкай зарніц
Даносіла ветрам здалёку
Дыханне бурлівых крыніц.
1946