Засінела неба, засінела,
Ранак настае.
Маладая маці ў ціхай хаце
Песеньку пяе:
«Спі, сынок, яшчэ ўставаць зарана,
Сонца яшчэ спіць.
На крылах заранак-вераснянак
Дзень да нас ляціць.
Сні свой сон пра зайку, пра лісічку,
Пра гняздо ў лісці.
Разбудзіла я тваю сястрычку,
Ў школу ёй ісці.
Ведаю, хацеў ты разам з ёю
Крочыць сёння ў клас.
Толькі ж ты, дзіцятка дарагое,
Самы меншы ў нас.
Але хутка і цябе, мой любы,
Ў школу я збяру,
І цябе паклічуць горны-трубы
Даганяць сястру».
Засінела неба, засінела,
Ранак настае.
Маладая маці ў ціхай хаце
Песеньку пяе...
1954