Засталося ж так замала часу —
Шляху ў антысветы...
Адгарай, сыходзь з вялікай трасы,
Як ступень ракеты.
Засталося ж і гарэць не многа —
Можа, міг кароткі.
І — бывайце, ўцехі і трывога,
Смак жыцця салодкі.
Ну і што ж,— сказаць бы мог
прытворна
Ну і што ж такога...
Каб не ведаў —
свет жа непаўторны.
Не, няма другога...
І таму нашу тугу нямую
На зялёных сцежках.
І, зямлю цалуючы, сумую
Па тваіх усмешках...
1974