Заўжды, заўжды чамусьці верым
Што там, за сіняю вадой,
Зусім інакшы ззяе бераг,
Чым гэты, свой, з яго бядой,
З яго клапотамі, адчаем...
О дальні бераг, бераг мар!..
І вось, нарэшце, адплываем
Туды, ў праменісты абшар.
І бачым самі, чым нядаўна
Так захапляліся не раз...
І бераг родны — як ён слаўнай
Красой засвеціцца для нас!