Чуйце, чуйце, прыляцеў
Жаваранак, дзеці!
Чуйце — звоніць яго спеў.
А пра што на свеце?..
Бачыў ён цясніны, горы,
Буры-штормы ў сінім моры,
Джунгляў цёмныя абшары,
Дзе вяршыні дрэў пад хмары...
Бачыў дзюн пясчаных соты,
Ды сум стэпаў пад спякотай...
Ды не раз глядзеў у вочы
Сінякрылых бліскавіц...
Ды чуў подых неаднойчы
Чарадзейных таямніц...
Толькі, чуйце, не пра гэта
Жаваранак звоніць.
Не пра гэта
перад светам
Свае спевы роніць.
Ён пра шчасце нам спявае —
Што вярнуўся ў родны край.
Дзе ўсё зноўку ажывае:
Поле, рэчка, луг і гай.
Ён пяе аб ясных далях,
Дзе зайграў вясны струмень.
Пра цяпло-святло праталін
Нам пяе ў вясновы дзень...
Чуйце, чуйце —
як званочак —
Раптам —
нават сярод ночы —
Усіх будзіць:
Досі спаць,
Час вясну-красну страчаць!..
І званочка таго срэбра —
Быццам з промняў ранку ніць...
Здэцца, свет увесь пад небам
Струнна, сонечна звініць...
1986