Н. І. Пшырковай
Вунь ізноў паляна сонцам грае.
Дні вясны гаі ў лісцё адзелі.
Ад зімы зямля яшчэ сырая
Шчодрым сокам поіць зімазелле.
Зімазелле, чуйны бляск лісточкаў,
Ні прад кім не выхваліцца з ценю.
Пакуль прыйдзе ў цёплы гай з кіёчкам
Чалавек, адданы летуценню.
Прыйдзе шчыры,
як калісьці прашчур,
З чарадзейным вынашаным словам.
Прыйдзе сінім позіркам аблашчыць
Залаты зацішак вечаровы.
Вось тады ўстаюць лісточкі: чуем!
І гарыць вясёлка ў кожнай зёлцы.
Чалавек паходзіць, павяшчуе
І збярэ ўсім людзям па вясёлцы.
І ў зіму, ў часіну лютай слоты,
Калі сэрца сціснецца жальбою,—
Толькі крыкні — і паміж сумётаў
Развінецца лета над табою,
На прытульнай вуліцы на светлай
Выйдзе з хаты чараўнік, як з келлі,
І падасць, каб выпіў перад светам
Зелле ажыўлення —
зімазелле.
1968