Звышказачныя хуткасці ўсялілі
Касмічную рамантыку ў людзей.
Але зямля,—
ці век з ёй быць, ці хвілю,—
Усім як дабрадзей і чарадзей.
На найвышэйшых, велічных арбітах
Не можам не тужыць, не летуцець,
Каб да рачулак ціхіх, да ракітаў,
Да гарадоў шумлівых даляцець.
Настройваем на Зоры апараты,
А сэрцамі, а сэрцамі між Зор
Спеў жаваранка чуем па-над хатай
І мову блізкіх — ласку ці дакор...
Касмічны век сваю звышхуткасць дорыць,
Сусветы адкрывае прад вачмі,—
Каб у людзей памножыць і паскорыць
Імкненне —
яшчэ болей быць людзьмі.
Што ж, хай гучыць сыноў нашых размова
Сярод Галактык,—
прагу не згасіць;
А знойдзеная старая падкова —
Па-над парогам бацькаўскім вісіць!..
1977