Жывыя ідуць наперад — свяшчэнны закон вайны.
Бывай жа!..
Хоць будзе цяжка вяртацца ў сваю краіну
Адным без сяброў маленства, без родных братоў,
адным,
А ўсё ж над тваёй магілай
— Бывай! — мы сказаць павінны.
Мы знаем, што нас матуля сустрэне слязьмі. І нам
Нялёгка сказаць ёй будзе, што ты назусім далёка.
А ўсё ж мы цябе пакінем.
Гукае ў палях вайна:
— Жывыя — хутчэй наперад!
Настойліва — крок за крокам.
А можа, і мы не дойдзем. Тады, пад мядзяны звон,
Сябры аддадуць нас долу і нойдуць далей на захад.
Жывыя ідуць наперад —
свяшчэнны вайны закон.
Ды што там ісці!
Дадому, каб мог,— паляцеў бы птахам.
Бывай жа!..
Надзелі каскі. Змахнулі слязу цішком.
Набоі стралкі набілі. Гармату навёў наводчык.
Танкісты закрылі люкі.
І вось кананады гром
Пляснуў агнявою хваляй у вочы зімовай ночы.
Жывыя пайшлі наперад. Ад пораху ўвесь руды,
Крычаў мой сусед праз грукат, што бачыў ён зараз
быццам
Далёкі свой Слуцк, Урэчча, і пожні свае, і сады
І быццам пачуў, як звоняць
трывогу яго крыніцы.
Гарыць навакола поле. Да міны прыпаў сапёр.
Ён болей не чуе бою. А глянь на яго — і здасца:
Аб нечым шкадуе хлопец. Ля полацкіх сініх азёр
Мо сэрца яго лунае, як сэрца асілка ў казцы.
Стралкі за калючым дротам.
Глыбокі свідруюць снег,
Да самай зямлі свідруюць крыві барвяністай згусткі.
А зброя звініць пагрозна,
і прагне адплаты гнеў,
І грудзі агнём наліты,
і поле здаецца вузкім.
Не час заўважаць, хто загінуў. Памёр —
адпачні, салдат.
Ты смела ішоў наперад. Ты шчыра служыў айчыне.
А мы яшчэ маем сілы,
каб выканаць той загад,
Які нам дала Радзіма. І помсціць ніхто не кіне.
А мы яшчэ маем сілы і пойдзем да родных ніў,
Усёй Беларусі скажам,
што цвёрдым ты быў на слове.
Шкада толькі, што не прачулі,
якія ты кветкі любіў
І дзе табе помнік ставіць:
у Мінску ці ў Магілёве...
Мінае адна гадзіна, і днець пачынае ледзь —
Траншэі ужо за намі. А танкі ў сяле грукочуць.
І хіба ж тужыць хто будзе,
што скроні яго сівець
Пачалі ў змаганні гэтым,
што сталі нямымі вочы.
Адно нас хвалюе сёння: краіна яшчэ ў агні.
Яшчэ не адна матуля гукае нас цяжкім плачам.
Няхай жа палаюць ночы, няхай жа залеюць дні!
Пакуль над краінай цемра —
не хочам мы сонца бачыць.
О не, той не знойдзе жалю, хто прагнуў зямлі чужой!
Мы сталлю яго накормім сярод папялішчаў шэрых.
Жывыя трымаюць зброю.
Іх права закончыць бой.
Жывыя ідуць наперад!
1943