epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Тарасаў

Апошняе каханне князя Міндоўга

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
Эпілог


Дачцэ Ганне

 

1

 

Напярэдадні купалля ў лясах паблізу ад мазавецкае мяжы прыпыніліся на кароткі начлег перад наездам пятнаццаць тысяч коннай літвы і русі. Каб вецер не прынёс мазурам выратавальны для іх знак, абозныя на загад вялікага князя забаранілі кметам раскладаць вогнішчы. Адзіны на войска агонь цепліўся ля намёту Міндоўга; каля гэтага вогнішча радзіліся ўдзельныя князі, якія прывялі свае палкі і дружыны. Вялікі князь даводзіў ім задуму наезду. Міндоўг казаў, што яны мусяць адпомсціць мазурам за іхны ўдзел у леташнім сумесным з крыжакамі паходзе на прусаў і жамойць. Палкі мусяць пранесціся смерчам праз мазурскія вёскі і мястэчкі ў бок Плоцка і недзе ля Віслы сустрэць войска князя Земавіта, калі той паспее яго сабраць...

Князёў ля агню, у крывавым полымі якога грэлася боства вайны, было разам з Міндоўгам семнаццаць, усе яны, апроч вялікага князя, былі паголеныя, як патрабаваў таго іхны малады ўзрост; сівы, барадаты Міндоўг выглядаў сярод іх дзедам, які склікаў моладзь для навучання поспеху і ўдачы на ўласным досведзе. Аднагодкі і старыя паплечнікі князя даўно пайшлі з жыцця, у крузе з ім, шасцідзесяціпяцігадовым, сядзелі іхныя сыны. За выняткам трох яцвягаў, усе даводзіліся вялікаму князю сваякамі, хоць і яцвяжскія князі, пры жаданні акрэсліць з ім роднасць, былі сваякамі па жонцы. Жамойцкі князь Трайнат быў сястрыніч, полацкі князь Таўцівіл і віцебскі князь Ердзівіл - братанічы, гальшанскі князь Гердзень - стрыечны братаніч, крэўскі князь Даўмонт, самы малады з князёў у гэтым паходзе, таксама пляменнік, але траюрадны. Міндоўг вылічыў, што Даўмонту толькі крыху перайшло за дваццаць. Дзяволтаўскія князі Люмбель, Лугайла і Гаторп сядзелі на такіх дробных удзелах, што сваяцтва патрабавала ўзгадкаў пра дзядоў трэцяга калена. Са сваякоў не было на гэтай вайсковай радзе толькі зяця, Шварна Данілавіча, але ён вёў свой холмскі полк на мазаўшанаў па Бугу ад Берасця.

Вялікі князь паведамляў цяпер тое, што раней трымалася ў таямніцы: адначасна з імі пойдуць на мазураў з поўначы прускія дружыны Геркуса Мантуса. Іхная першая мэта - Цэханаў. Літва, жамойць і яцвягі рухаюцца на Візну і па Нарэву - на Пултуск. На сутоку Нарэва з Бугам яны сустрэнуцца з валынскай руссю Шварна, і напрыканцы паходу спаляць галоўнае гнездзішча мазураў - Плоцк. А тады пойдуць дамоў з палонам і лупамі...

Мажліва, нагадаў Міндоўг пра лёс, нехта з іх не вернецца. Таму і трымаецца літва старадаўняга звычая паважнай размовы перад наездам, што хтосьці назаўжды застанецца ў чужой зямлі, а хто - зараз невядома. Нехта адзін ці некалькі з семнаццаці бачыць, слухае ўсіх і сам гаворыць з усімі апошні раз. Магчыма, гэта будзе ён, вялікі князь Міндоўг, ці малады Даўмонт, ці мужны Трайнат, ці зяць вялікага князя Шварн, ці яцвяжскі ўладар Скамонд. Невядомасць лёсу вызначана для чалавека багамі. Пасля іхнага прысуду багіня смерці ставіць на азначанае сэрца пячатку апошняга дня. Ніхто не гіне раней ці пазней часу, акрэсленага багіняй. Сёння яна значыць тэўтонскіх прыхвасняў - мазураў, і наезд засведчыць, каго з іх яна меціла магільным знакам...

Паляну, на якой стаяў намёт, гарэў агонь і радзіліся князі, аточвала варта, а навокал днявала пяцітысячнае наваградскае апалчэнне - самае вялікае ў агульным войску і адданае Міндоўгу. За плячамі князя сядзелі два верныя яму баярыны: наваградскі ваявода Сірвід Рушковіч і разанскі выгнанец Астап - палявы ваявода ў паходах, найбліжэйшы князеў радца ў мірны час. На гэтай сустрэчы абодва назіралі, каб ніхто з маладых князёў раптам не выцягнуў з похваў меч. І сам Міндоўг, і абодва ваяводы ведалі, што з шаснаццаці князёў сама меней трое ненавідзелі яго і пры зручным выпадку не марудзілі б забіць, астатнія прынялі б такі ўчынак без абурэння, а можа і ўхвалілі. Але зручнага выпадку заўжды насцярожаны Міндоўг не дапускаў. Наезд таіў небяспеку і для княжатаў. Вялікі князь меў неаспрэчныя магчымасці паставіць усялякі ўдзельны полк пад знішчальны ўдар мазураў. Дзеля ўзаемнай бяспекі ў выправе Міндоўгу і малым князям трэба было затойваць нянавісць і непрыязнасць у сэрцы на будучыню. Але розум не заўжды адужвае пачуцці...

Вялікі князь нагадаў маладым паплечнікам, што вадзіў сваю літоўскую дружыну на мазураў яшчэ паўвека таму. Пэўна яму было тады менш гадоў, чым зараз Даўмонту. Іхныя бацькі таксама былі маладыя, і вось гэтаксама ўсе збіраліся ля вогнішча паслухаць старэйшых князёў. Добрыя тады ладзілі наезды, суцішылі мазурскі запал, ад адных толькі словаў «Літва йдзе!», «Яцвягі йдуць!» праймала мазураў жахам. А потым Конрад, бацька іхнага цяперашняга князя Земавіта, бяссільны абараніцца сваімі кметамі, запрасіў у памагатыя крыжакоў, падараваў ім землі, выдзеліў крэпасці, і зноў пайшоў на яцвягаў. Летась разам з немцамі мазавецкія палкі ўпершыню прыйшлі вынішчаць жамойць, прусаў, дайнову. Ды моцна памыліўся князь Земавіт, братаючыся з белымі апанчамі: крыўда без помсты не жыве. Таму і пазначае мазураў у гэты час Мерцва. Мазоўша дапамагала крыжакам нішчыць нашыя вёскі, цяпер ёй давядзецца паплакаць крывавымі слязьмі і заплаціць сваім дабром...

Напамінак пра лупы ажывіў непраглядныя твары князёў, якія не маглі забыцца на нядаўняе сяброўства вялікага князя з тымі самымі крыжакамі. Немцы падаравалі Земавіту яцвяжскія Судавы, а хто гэта быў дараваў немцам Жамойць? Ці гэта не Міндоўгава пячатка вісіць на дарчай грамаце? Лепш не згадваць пра мінулыя гады і сканалых князёў - тыя крыжакам такіх дарункаў не рабілі. Яны, іхныя сыны, зараз самі ідуць у наезд, а найпершая мэта наезду - лупы. Што здабудуць - тым узмацняцца. Багатыя лупы - удача князёў, залог адданасці палкоў, дзеля іх і рызыкуюць жыццём простыя кметы. Цяпер князі ўзважвалі і запаміналі, што жадае ўзяць сабе, што пакінуць ім іхны важар. А Міндоўг, бачачы ў вачах князёў хуткую змену злоснай нязгоды ці крыўды на ўхваленне, думаў, што зашмат у гэтай княжацкай зграі галодных ратоў. Няўжо ўсе жывымі прыйдуць з гэтай вайны, гадаў ён? Хоць бы траціну з іх пабілі мазуры, баронячы свае двары. Гэтыя саслабеюць, тыя знядужаюць - меншы клопат на ягоную галаву...

Задуманае пакаранне Мазоўшы патрабавала, апроч знішчэння войска і руйнавання паселішчаў, забраць конскія табуны. Князі абумовілі, што гнаць табуны будуць стаёўнікі з іхных абозаў, а пасля паходу коней падзеляць адпаведна сіле прыведзеных палкоў, але чвэртку коней возьме Міндоўгавы канюшы Сіпайла ў табун вялікага князя. Абознікі таксама вывозяць збожжа і сена. Рыцарскія даспехі і зброя, узятыя ў бітвах, застануцца пры тых, хто ўзяў; зброя, захопленая ў местах, пойдзе палкам, што бралі гарады, але чвэртка трапіць у збраёўню вялікага князя. Таксама і Міндоўг падзеліцца лупамі, якія возьмуць яго літва і наваградская русь. Быдла, калі хто мае патрэбу, пагоніць сам, пры сваіх абозах.

Дамовіўшыся, што палон і абозы з лупамі для дзяльбы трэба зцягваць да Ваўкавыска, князі раз'ехаліся ў свае палкі і дружыны. Тут кметы ўжо разбіралі з вазоў браню і дзіды, мацавалі да сёдлаў паходныя торбы з запасамі харчу і пустыя мяхі пад здабычу. Хто вастрыў меч, хто правіў лук, а ўсё падрыхтаваўшы, клаўся спаць, каб досвіткам бадзёра сядзець на кані.

 

2

 

Ранкам пятнаццаць тысячаў наезду перайшлі на рысях мазавецкую мяжу. Трапяталі ў паветры чырвоныя сцяжкі сотнікаў, калыхаліся пастаўленыя пяткай на стрэмя дзіды, і трывалыя літоўскія коні паскаралі хаду пад рэзкія выгукі кметаў - «Хо!», «Хо!». Неўзабаве пачалі сустракацца на шляхах войска мазурскія паселішчы, і аддзелы, што йшлі наперадзе, спяшаліся вычышчаць двары ад мужыкоў, гвалціць дзевак і збіраць убогія лупы - вопратку, посцілкі, зерне, кажухі. Наступныя дружыны рухаліся далей, разыходзіліся развілкамі да такіх жа асуджаных на разбурэнне вёсак.

Удзень ваяры Трайната ўзялі Візна, дзе захоўвалася даніна навакольнага жыхарства плоцкім касцёлам. Не марнуючы часу, кметы спустошылі засекі і клеці, разрабавалі капліцу, вывелі коней, перабілі бальшыню мужыкоў і, пакінуўшы за плячамі зруйнаваны замак, скіраваліся на Пултуск.

Ды ўсіх не заб'еш. У нейкую шчыліну праслізгвае ўдачлівы мазур і нясецца галопам ад месца бойні да бліжэйшага жылля з крыкам «Ратуйся! Літва! Наезд!», а адтуль разлятаюцца вестуны да суседзяў. Сярод такіх удачлівых апынуўся візнаўскі кашталян Якуб. За два дні ён дабраўся да Плоцка, і князь Земавіт даведаўся, што прыйшлі наваградская русь і літва, а іншыя ўцекачы паведамілі пра прускую навалу і пра русінскія палкі князя Шварна Данілавіча. Рабуюць, рэжуць, гвалцяць, паляць, пасля іх - ні коней, ні кузні, ні збожжа, ні стажка жывёле.

Земавіт пачаў збіраць войска, аднак хутка з'ехацца ўладары не маглі - трэба было затоіць ў лясах сем'і, быдла, схаваць зерне і нажытак. Паціху падыходзілі дружыны з Завіслення, а ў абыход літоўскіх палкоў падкрадваліся дробныя рыцарскія аддзелы. Толькі праз два тыдні Земавіт здолеў вывесці пад сваім сцягам войска ў пяць тысяч коней, з якім і пайшоў насустрач Міндоўгу. Земавітава жонка, княгіня Гертруда, засталася ў Плоцку, прыняўшы на сябе ўмацаванне замка і горада перад магчымай аблогай, калі бітва раптам будзе прайграная і князю давядзецца хавацца за сценамі, пакуль не прыйдуць посілкі з Малапольшчы. Рыцарскага аддзела Земавіт жонцы не пакінуў, і абаронцамі Плоцка засталіся мяшканцы і навакольныя веснякі, што шчыльна панабіліся ў горад. Чамусьці ім верылася, што за плоцкімі гароднямі пад крылом княгіні прасцей уратавацца ад літоўскага ліха, чым дзе-небудзь у пушчанскіх гушчарах, на недаступных выспах сярод дрыгвы. Разлікі, што на абарону польскіх хрысціянаў ад паганскага нашэсця зараз жа вырушыць Ордэн, не спраўдзіліся - немцы ці не былі падрыхтаваныя, ці не жадалі ваяваць Міндоўга сіламі ордэнскіх братоў. Можа, яны і цешыліся з бедства мазурскіх земляў.

Заступіўшы шлях Міндоўгу пяццю тысячамі войска паблізу Варшавы, Земавіт меркаваў перамагчы: ягоныя рыцары былі апранутыя ў добрую браню, палова рыцарскіх лучнікаў мела дальнабойныя кушы, за іх плячамі засталіся сем'і, яны пакляліся перад богам не адыходзіць. Князь зразумеў, што пераможаны, калі лава жамойтаў з баявым клічам «Локіс! Прэнкі!» навалілася на левае крыло, шалёныя яцвягі і полацкая русь Таўцівіла і Ердзівіла пачалі адціскаць правае, а з тылу палкі Гердзеня і Даўмонта замкнулі атачэнне і з клічам «Нальшча! Сокал! Бі!» выціснулі мазурскую сярэдзіну пад стрэлы і мечы наваградцаў і літвы. Праз гадзіну мазавецкае войска трацінай палегла на поле сечы, а бальшыня, бачачы двайную перавагу літоўскага ваярства, скарылася і пакідала зброю. У палон трапілі і князь Земавіт, і ягоны васемнаццацігадовы сын Конрад. З літоўскіх князёў пацярпеў у бітве толькі Міндоўгаў пляменнік, князь Ердзівіл. Яго, працятага мазурскай дзідай, паклалі на калёсы і павезлі ў абоз.

Палонных падзялілі: знакамітых і важных рыцараў, Земавіта і Конрада, узяў Міндоўг, астатніх, хто абяцаў выкупіцца, паразбіралі князі, а шараговы палон адразу атрымаў працу - капаць роў для забітых. Яны і пачалі капаць абломкамі мечаў, назіраючы, як на залітым крывёю полі, на дыване з літоўскіх і мазавецкіх мерцвякоў, распачалася жорсткая бойка сярод пераможцаў за каштоўную здабычу - шчыты, панцыры, шлемы, зброю. Нарэшце, брудная лаянка і мардабойства русі, літвы ды яцвягаў раззлавалі Міндоўга, ён крыкнуў, што загадае павесіць усіх, каму свярбяць рукі. Ведаючы вернасць князя свайму слову, кметы хуценька рассеяліся, а мерцвякоў спрытна аблупіла наваградская дружына.

Вялікі князь разумеў, што другое войска Мазоўша ўжо сабраць не здолее; заставалася папаліць галоўныя асяродкі мазураў і прымусіць Земавіта да падпісання мірнай дамовы. Захоча жыцця сабе і сыну - замацуе пячаткай любыя ўмовы. Апошняе Міндоўг вырашыў выканаць пасля захопу Плоцка, адкуль меркаваў прывезці Земавітаву жонку і ягонага другога сына. Ваяводу Рушковіча з літвой і нальшанцаў князь выправіў на Вышаград, палку Шварна Данілавіча загадаў ісці на Чэрвіньск; сам жа Міндоўг, даручыўшы Астапу ахову свайго палону, узяў маладога Конрада закладнікам і павёў літоўскую русь і яцвягаў да Плоцка.

Атачаць горад, страшыць княгіню Гертруду забойствам яе сына перад замкавай брамай Міндоўгу не давялося. Княгіня, ратуючы жыццё малодшага сына, палічыла за лепшае не злаваць літву абаронай замкавых сценаў. Пакінуўшы горад, яна разам з княжычам Баляславам паімчала ў Кракаў прасіць дапамогі. Уцёкі княгіні Гертруды пазбавілі плоцкіх абаронцаў ачольнай волі, і горад скорана расчыніў вароты. Ціхмянасць мяшканцаў не ўратавала іх ад лютасці пераможцаў. Яцвягі Скамонда прагнулі помсты: мазуры мусілі зведаць на сабе тое, што зведалі яцвягі ад мазавецкіх наездаў на іхныя лясныя гарадзішчы. Яцвягам было што прыгадаць на вуліцах Плоцка: смерць сваіх сямідзесяці князёў, згвалчаных выданніц і маладзіц, народжаных імі вырадкаў, якіх прыходзілася кідаць у багну, вогнішчы замест вёсак, безліч сваякоў, забраных мазавецкімі ўладарамі для цяжкай працы ў сваіх гаспадарках...

Плоцкае жыхарства сустракала заваёўнікаў стоячы на каленях, але гэтая пакорнасць абуджала ў яцвягаў замест літасці лютасць: «Во хітрыя морды! Стаяць авечкамі! Пахавалі скарб і дзевак!» І ваярства, што ўвесь паход марыла аблупіць мазавецкую сталіцу і спагнаць даўгі за зведаныя здзекі, кінулася па дварах здзяйсняць свае намеры. Ксёндз касцёла Панны Марыі, які спрабаваў святым крыжам спыніць уварванне паганцаў у асвячоныя сцены, быў узняты кметамі на дзіды і пад рогат таварышаў паляцеў, нібы падбітая варона, ў кучу гною. І гэты касцёл, і астатнія тры былі дашчэнту абадраныя. Мужчын, што ратаваліся ў храмах, падзялілі на дужых і нямоглых: першых пагналі ў абоз на працу, нямоглых і старых пазбівалі да паўсмерці. Маладых мазуранак адразу ж згвалцілі; а якая з дзевак надта пужалася і прасіла злітавацца, тую ганьбілі мноствам, прымаўляючы дзеля большай знявагі: «Глядзі, як гэтая полька просіцца! Яшчэ хоча!» Маткам, што малілі аб літасці да іхных дачок, адказам былі кпіны: «Гэта што, не міласць? Вашыя мужыкі нас забівалі, а мы кожнай дзеўцы дзіця стараемся падараваць!» Па ўсіх падпамосцях, склепах, паддашках і гарышчах пераможцы прайшліся, як мятлой. Урэшце абрабаваны, зняважаны горад запалаў; наваградцы і яцвягі доўга цікавалі як адлюстроўваюцца ў Вісле магутныя агні. Адзінае, аб чым шкадаваў Міндоўг, былі ўцёкі княгіні Гертруды - уся мазавецкая сямейка магла цесніцца ў ягоным кулаку і падпісала б самыя ганебныя ўмовы міру. Але і выратаванне Гертруды, суцяшаўся князь, абяцала карысць - дорага будзе каштаваць княгіні выкуп з палону сына і мужа.

У гэтыя ж дні жамойць Трайната спусташала Ўяздаў, князь Даўмонт і Сірвід палілі Вышаград, затое Шварн Данілавіч не ўтрымаўся ад шкоды Міндоўгу, ад дзікунства, якое кідала на вялікага князя цень непрыстойнасці і памяншала выкуп за ягоны палон - Шварн забіў Земавіта. А ранкам, ацвярозеўшы, хутка павёў сваіх русінаў на Чэрвіньск, каб не каяцца перад цесцем. Міндоўг зрываў злосць на Астапе - чаму недагледзеў? «Як упільнуеш, - апраўдваўся разанец. - Каму ж гэта ў галаву прыдзе палоннага князя мечам секчы!» - «Каму! - раз'юшыўся Міндоўг. - Зяцю майму! З чаго звар'яцеў?» - «П'яны быў, - тлумачыў Астап. - Сказаў Земавіту: «Што, мазурскі недабітак, трапіў у сіло?» А той у адказ: «Не ў тваё, недавярак!» - І ўсё. Як пачуў пра недавярка - імгненна здзічэў!» Міндоўг злосна ўздыхаў: «Ну, зяцёк! Ну, і дапамог!» - «Лёс, відаць, такі быў Земавіту, - вырашыў спаслацца на незямныя сілы Астап. - Лёс ніхто не аспрэчыць!» - «Што пляцеш! - уз'юшыўся Міндоўг. - Які лёс? Гэта, што, лёс - Шварн з віном у галаве замест глузду? Забіў, а што карысці? Земавіту было выкуплівацца, прысягаць, што з немцамі парве. Усё пусціў дымам. Дурань напіўся, мы ўдачу згубілі!» Другой непрыемнасцю стала смерць Ердзівіла ў абозе. З гэтай весткі князь крыху засмуціўся і прамовіў Астапу: «Шкада! Я, калі ён быў малы, яго на руках трымаў, на кані вучыў сядзець. Не склалася ў яго са мной прыяцельства. Я на смерць яго пасылаў, ён на мяне вайной хадзіў. Нядоўга ён у Віцебску пакняжыў. Вось гэта, Астап, сапраўды, лёс!» І забыўся на братаніча, разважаючы над вынікамі недарэчнай гібелі Земавіта. Увечары ён абвясціў аб заканчэнні паходу.

Палкі заспяшаліся да Ваўкавыска, дзе іх чакалі абозы з лупамі і палон. Тут, атрымаўшы належныя долі табуна, жалеза і палонных, усе спехам развіталіся да наступнага наезду і шпарка павезлі набытак у свае двары.

Праз некалькі дзён вялікі князь уязджаў у наваградскі замак. Перад брамай яго сустракалі княгіня Марта і два сыны. Кожнаму з сыноў Міндоўг падараваў нажы, узятыя ў пасечаных ім асабіста польскіх рыцараў, а жонка атрымала ў падарунак срэбранае люстэрка з разрабаванай скарбніцы плоцкага касцёла Панны Марыі. Даўшы жыхарсту паглядзець на мазавецкага княжыча, багатых мазураў і мазуранак, варта замкнула палон у замкавыя каморы. Яшчэ гадзіну чэлядзь зносіла ў клеці княжацкую долю здабычы. Міндоўг у гэты час парыўся ў лазні, здымаў з сябе стомленасць ад паходу. Увечары за святочным сталом ён апавядаў жонцы і дзецям пра ўдачы наезду, пра карысць, якую атрымае Наваградак ад разгрому мазураў, пра п'янае шаленства Шварна, помсту яцвягаў за бацьку Марты, выкуп, які дашле за сына княгіня Гертруда, пра мазурскія азёры і прыгажосць Віслы каля горада Плоцка. Потым дзяцей адправілі спаць, Міндоўг застаўся з жонкай і пачаў лашчыць яе, і прызнаваўся, як моцна сумаваў па ёй у паходзе, а зараз шчаслівы і кахае яе.

 

3

 

Ноч апускалася на Наваградак, і густы змрок ахутваў заслонай сну замак на ўзгорку, мураваную вежу, вадзяны роў, святыя дубы на паляне за ровам, царкву Барыса і Глеба, гарадскія двары, глушыў зыкі, і ў гэты таямнічы час прайшла скрозь замкавую сцяну і нячутна пракрочыла па двары суровая пасланка багоў - смерць. Коні, адчуўшы яе, спужана заржалі, але яна не спынілася каля іх, і тыя, супакоеныя, сціхлі ля сваіх ясляў. Смерць увайшла ў княжы дом, дзе гарэла свечка, а на шырокім ложы ляжаў князь Міндоўг, чакаючы жонку, а Марта, стоячы ля сцяны насупроць мужа, глядзелася ў срэбнае люстэрка і расчэсвала косы.

На імгненне ў пакоі дыхнула холадам, замігцеў агеньчык свечкі і варухнуліся цені. Княгіня Марта здзіўлена зірнула на дзверы, і раптам здрыганулася, упусціла грабеньчык, адчайна ўскрыкнула «Рэпік!», і на вачах ашаломленага князя павалілася на падлогу.

Марту паклалі на ложа, намаганні скліканых знахарак нічога не змянілі, на твары княгіні ўжо праступілі знакі тагасветнасці, і ўрэшце бабка, здольная чытаць такія знакі, сказала Міндоўгу, што ягоная жонка памрэ да світання.

На скроні Марты ўздрыгвала блакітная жылка - адзіная прыкмета жыцця. Міндоўг прытуліўся спінай да сцяны, паклаў рукі на калені і аддаўся смутку.

Горасць блізкай разлукі з жонкай перанесла яго на дванаццаць гадоў назад, у зімовы дзень, калі ён прыехаў да Вішымунта Булевіча. Лютыя маразы трымаліся ў тую зіму, груганнё наскрозь прамерзла ў сваіх гнездзішчах, снег зацвярдзеў, як масніцы, ноччу і ўдзень рэзала вушы адчайнае выццё згаладалых ваўкоў. Вось у такі дзень яны скакалі да Булевіча, і лёс узнагародзіў яго Мартай. Толькі ўвайшла яна ў пакой, дзе яны грэліся з дарогі, толькі ветлівая ўсмешка асвятліла ейны твар, толькі пачуў яе імя - Веда, і ў імгненне адчуў, што перад - ягоная жанчына, што з ёю ён будзе шчаслівы. Праз месяц ён наехаў на Булевічаў, забіў у баі Вішымунта, забіў ягоных братоў Ердзівіла і Спрудзейку, і забраў Марту да сябе, у Наваградак. І яна нарадзіла яму двух сыноў.

Згадаўшы пра дзяцей, Міндоўг сказаў каморніку прывесці Рэпіка і Руклю.

Так склалася, што Марта была Вішымунтавай жонкай. Дый калі б ягонаю жонкай была гарбатая і крывая старая, ці калі б наогул не меў жонкі, Вішымунт усё роўна быў на гэтым свеце непатрэбны. Булевічы былі асуджаныя на смерць у той дзень, калі наваградцы запрасілі яго, Міндоўга, баявым князем. У тым далёкім ужо 1246 годзе Вішымунта, пэўна, толькі пачалі лічыць дарослым хлопцам і ўпершыню ўзялі ў наезд. Ён нічога не ведаў пра Марту, яна - пра яго, а ён, Міндоўг, ужо ведаў, што Булевічаў прыйдзецца знішчыць. Булевічы княжылі ў Дайнове, а землі Дайновы былі патрэбныя яму. Межавыя камяні, якія паставіў іхны дзед ці прадзед, апынуліся перашкодаю на яго, Міндоўга, шляху. Згінулі Булевічы, яго сіла памножылася, і Веда перайшла ў ягоны дом.

Дзесяць гадоў ён адчуваў яе плячо, верыў ёй, радаваўся яе пахвалам, слухаў ейнае дыханне, яно супакойвала яго, яе любоў сцвярджала праўду ягоных учынкаў. Яна была яцвяжка і не баялася смерці. Але памерці, як ад удару нажом, за два крокі ад ложа, у трыццаць гадоў! Вось на яе скронях б'ецца жылка, але гэта ўжо не жыццё і не сон. Смерць абакрала яго, забірае жанчыну, без якой ён будзе пакутаваць. На свеце шмат жанчын - прыгожых, лагодных, клапатлівых, гатовых кахаць. Але надта мала такіх, каго багі надзялілі душою княгіні. Яго першая жонка, прызначаная яму бацькам, была дачкой цверскага князя. Яна пражыла з ім дваццаць гадоў, нарадзіла яму сына Войшалка і дачку, але ніколі не пачувала сябе шчаслівай. І ён сябе з ёю таксама. Яе памяць была скіраваная на Цвер, да бацькоў, да нейкай цверскай царквы, дзе ў дзіцячыя гады яна самазабыўна і шчасліва малілася, а жанчына, якая не можа адхіліцца ад мінулага, не мае быць шчаслівая, адчуваць радасць і радаваць блізкіх. Ён быў ёй родны, але не стаў каханым. Можа, і родны не быў, а быў муж... Потым жонка захварэла і памерла, і чатыры гады ён жыў без княгіні, а жанчыны, якіх ён запрашаў на ложак, не ўмелі закрануць душу. Пакідаючы ўранку ягоны пакой, яны не заставаліся ў памяці...

Прывялі сыноў. Рэпік і Рукля падышлі да маці. На іхных тварах Міндоўг прачытаў, што ім страшна, - але маці была жывая, яна спала. Спасцігнуць, што адбываецца, якая страта іх чакае, зараз яны не маглі: Рэпіку дзевяць гадоў, Руклю - дзесяць. Праз месяц яны пачнуць сумаваць па маці, а ноччу будуць сніць яе і плакаць.

Ды хто не бядуе, той не жыве...

Яна марыла ўбачыць сваіх унукаў, а ўжо не можа разняць павекі, каб паглядзець апошні раз на Рэпіка, падобнага на яе, паглядзець на Руклю, падобнага на бацьку. У Рэпіка залацістыя валасы, блакітныя, вясёлыя, крыху хітраватыя вочы. Рукля такі, якім быў ён, Міндоўг, паўвека назад - рухі ў яго імклівыя, у зялёных вачах, калі яго прымушаюць, шугае дзёрзкасць, ён любіць біцца з аднагодкамі, старанна вучыцца царкоўнаму і лацінскаму пісьму, бо прагне пахвалы.

Міндоўг паказаў сынам на лаўку, тыя селі і, на прыклад бацькі, застылі, аддаючыся змрочнай невядомасці.

Для Марты ён быў не толькі князь і муж - ён быў удачай яе лёсу. І яна для яго была ўдачай лёсу - гэтая жанчына з яркімі сінімі вачыма, залацістай касой, не льняной, як ва ўсіх, а залацістай, як паветра ў сонечны дзень. Марта здолела адхіліцца ад мінулага і таму сама стала шчаслівая, і ён адчуваў сябе з ёю шчаслівым. Яна ўгадвала ягоныя думкі, ён ведаў пра што думае яна. Не гаворачы ўголас ані слова, яны чулі адно аднаго. Вусны Марты зараз шчыльна сціснутыя, яна не можа сказаць свой запавет, але ён ведае - яна шкадуе Рэпіка і Руклю, шкадуе сябе, асуджаную пакінуць гэты свет, замак, гэтае ложа, шкадуе яго, свайго мужа, якога аточыць пустэча, горасць страты адзінага сябра.

Было шмат ворагаў, што прагнулі ягонай смерці. Яны злучаліся, прыводзілі свае войскі, ён біўся з імі, уцякаў ад іх, вытрымліваў аблогі ў літоўскіх цвердзях, яму здраджвалі, супроць яго малілі сваіх багоў валыняне і немцы, татары і жамойты, а Марта заўсёды заставалася з ім, падтрымлівала яго ў тым, проці чаго падымаліся злосныя тугадумныя малыя князі. Такая жонка бліжэй за роднага брата, раднейшая за бацьку. Бацька - мінулае жыццё. Як уваходзіць чалавек у дарослыя гады, так і забываецца бацька, застаецца ў сваёй прошласці і тваім дзяцінстве. У маленстве бачыш яго дужага і любіш яго, і марыш стаць гэткім жа дужым, а потым бачыш яго сівога, саслабелага і думаеш: час ужо бацьку адпачываць. І слова старэйшага брата таксама робіцца не ўказ, калі з'яўляецца ў цябе твая дружына. З бацькам, Даўгердам, а пазней са старэйшым братам Даўспрункам ён хадзіў у набегі на валынь і мазураў. Тады ён любіў Даўспрунка. Тады і брат любіў яго, як моцны сваяк любіць слабейшага. Але прыходзіць дзень, калі словы «старэйшы», «малодшы» страчваюць сэнс - што аднаму брату з таго, што другі брат раней з'явіўся на белы свет? Няважкая падстава для паслухмянасці. Перад пачуццём, што ўлада павінна быць тваёй, нічога гэтая розніца ў гадах не азначае і нічым не абавязвае. Толькі маці пра гэта ніколі не забываецца, памятаючы, каго першага, каго астатняга нарадзіла і ўзгадавала. Няма ў старэйшых братоў заслугі ў тым, што іх на год раней зачалі. Ён, Міндоўг, быў малодшы, але атрымаў больш розуму, сілы і волі. Багі так пажадалі! Каб ён нікога не слухаў - ні старэйшых братоў, ні старэйшых князёў, а слухаў выключна сябе. Тых старэйшых князёў даўно няма на свеце, але яны напладзілі безліч нашчадкаў, дружыну дробных князёў, якія адзін аднаму зайздросцяць, адзін аднаго не любяць, і ўсе разам ненавідзяць яго. Гэтае княжае пустазелле ён прарэдзіў, частку яшчэ звядзе, а недабітыя рэшткі заўжды схільныя да пакоры. І Марта згаджалася, што вялікаму князю інакш нельга. Бо інакш не атрымаць Руклю па бацьку наваградскі сталец.

Ён зірнуў на дзяцей, яны засыналі. «Пакладзі іх, - сказаў князь каморніку, - і ўсе ідзіце, хачу пабыць адзін». Сыноў павялі, бабы і чэлядзь выйшлі. Князь застаўся з жонкай.

Зараз у яе апошняя пакута: развітваючыся з жывымі, яна непакоіцца, як Рукля і Рэпік, малыя дзеці, застануцца без яе? Хто паклапоціцца пра іх, хто пашкадуе, хто суцешыць? Канюшыя? Бабкі? Ваявода Сірвід? Гаротна ёй, што яны застануцца сіротамі, бо не можа іхны бацька замяніць ім маці, як бы ні намагаўся. Ён, князь Міндоўг, вымушаны ад'язджаць, ачольваць войска, ставіць сябе пад магчымы ўдар меча, сякеры, яго можа наскрозь працяць болт з нямецкага куша. Ніхто не ведае, калі і дзе прызначана сустрэцца са смерцю. Хто мог падумаць, што Марце наканавана сёння ўначы? Ці магла яна сама днём думаць, што ноччу будзе паміраць. Прыцемкамі, калі ўзыходзіў маладзік, і пазней, калі запалілі свечку, калі яна ўзяла грабеньчык і распусціла касу, яна не дапускала думкі, што ўсміхаецца мужу і бачыць яго астатні раз. Крык болю - і нічога апрача ўспамінаў. Ён ужо ўспамінае, і гэтак будзе кожную ноч. Ён ляжа, дакранецца рукой пасцелі, і там, дзе заўсёды спала яна, - нікога, халодная прасціна. Старая кашчавая Мерцва не ведае літасці, для яе ўсе ворагі. Яна помсціць усім, хто нараджае жывое. Ён быў шчаслівы з Мартай, а Марта была шчаслівая з ім. Старую Мерцву прыслалі забраць у іх радасць.

Раптам Марта адкрыла вочы. Міндоўг нахіліўся да яе, прачытаў у вачах нейкую просьбу, жаль, страх. Ён шаптаў: «Што, Марта, што?» але шчыльна сціснутыя, абяскроўленыя губы жонкі не растульваліся. Гладзячы яе рукі, ён пачуў горасны развітальны ўздых і адчуў сябе адзінокім, асірацелым, і заплакаў, што скончылася іхнае шчасце на гэтым свеце.

Князь выйшаў на двор. Высока над зямлёй мігцелі вераснёўскія зоркі. Прыжмураным вокам звера здаўся князю серп месяца. У гэтую цемру і холад адышла зараз Марта, пакінуўшы Наваградак, замак, дзяцей і свайго мужа. Міндоўг падышоў да карыта каля канавязі, нахіліўся і апусціў галаву ў ваду. Яна была халодная, і ў ёй растварыліся ягоныя слёзы. Міндоўг абцёрся рукавом кашулі і сказаў ціха ўсім, хто быў блізка: «Памерла княгіня. Няма ў мяне жонкі».

У дом заспяшаліся рабіць сваю справу бабкі, пачалі сядлаць коней ганцы да сваякоў нябожчыцы і суседніх князёў з весткай пра бяду, якая напаткала вялікага князя і ягоных сыноў.

 

4

 

Старэйшы князеў сын Войшалк, у манастве - Раман, маліўся ў манастырскай бажніцы, калі за парканам аб'явіўся бацькаў вястун. Пачуўшы пра смерць мачахі, Войшалк адгукнуўся звычнымі словамі: «Прымі, Божа, на спачын яе душу!» У тым, як гучалі гэтыя словы, чулася ягоная абыякавасць да бацькавай сям'і. Войшалк адпусціў ганца, да перапыненай малітвы не вярнуўся, а пайшоў у келлю, дзе аддаўся развагам ці варта ісці за дваццаць вёрст у Наваградак на пахаванне? Нічога з гэтай жанчынай яго не звязвала. Агульным у іх быў князь Міндоўг - ейны другі муж, ягоны бацька. Яна лічылася ягонай мачахай, ён - ейным пасынкам, што заўжды дзівіла яго недарэчнасцю, бо мачаха была маладзейшая за пасынка гадоў на дзесяць.

Хутчэй, паводле ўзросту ён мог быць для яе старэйшым братам ці мужам. Але яна нарадзіла яго зводных братоў, якія падыходзілі яму ў дзеці. І хрысцілася яна ад немцаў разам з мужам, калі князь Міндоўг прымаў каралеўскую карону. А ў грэцкую веру не ахрысцілася, хоць і стаіць блізка замка старадаўняя з каменя адноўленая царква святых Барыса і Глеба. Мужава воля: загадаў - ахрысцілася. Але хоць і не праваслаўнай веры, ды ўсё ж хрысціянка, і Госпад не вырачацца яе: усё ж мацней за князя яна ў Ісуса Хрыста ўверавала і год таму ўпрошвала мужа не расхрышчвацца і не руйнаваць драўляную лацінскую бажніцу ў Наваградку. Так тая і засталася стаяць пры дарозе пустая, без сагнанага святара, напамінкам пра хрышч наваградскай літвы, некаторыя, што паспелі ўвераваць, туды ходзяць, на крыж лацінскі самі моляцца. Не радавалася Марта адыходу князя ў старадаўнюю цемру. Зноў павыпаўзалі з розных шчылінаў паганскія старызны - сядзяць на камянях, пеўням галовы скручваюць, у курыных вантробах знакі пра лёс чалавечы шукаюць. Груган які са страху каркне - для іх вестка ад багоў, так растлумачаць, што ўсю ноч даверлівы прасцяк дрыжыць. Магчыма, гэтая Марта разумнейшая за свайго мужа была, цягнула яго да Бога, ды не здолела - надта ўпарты князь Міндоўг. Цяпер Госпад яе на вечны спачын прымае. Нялёгка ёй было пражыць дзесяць гадоў з другім сваім мужам, які першага забіў, а яе, удаву забітага, прыняў пад свой дах. Божа, уздыхнуў Войшалк, даруй ім усім, хто блукае ў цемры, падкажы ім шлях да Твайго святла. І мы малой сваёй сілай будзем Тваё слова несці да тых, хто здольны зразумець. Ды няшмат здольных, бальшыня - авечкі бязглуздыя, ідуць туды, куды пастух гоніць. А пастух для іх - князь Міндоўг, сам Хрыста выракся, каб сумленне за грахі не грызла. Дык нашто ісці ад спакойнай малітвы, чыстага свайго скіта, ад браціі ў бацькавы паганскі замак? Пахаваюць Марту і без яго.

Так вырашаўшы, Войшалк пакінуў келлю дзеля гаспадарчай справы. Манастыр быў малады, пазалетась закладзены ім і архімандрытам Елісеем блізка Нёмана, каб і лесам сюды хадзілі і па вадзе маглі прыплыць. Усё ў манастыры рукамі браціі зроблена, а браціі разам з ім, ігуменам, усяго пяцёра. Паміж малітвай, беднай трапезай ды кароткім сном інакі ўвесь час у працы. Хто працаваць не любіць, таго і Бог не можа палюбіць. Войшалк узяў сякеру і пайшоў за агароджу высякаць кустоўе, каб шырылася навокал манастыра чыстае поле. На стук сякеры прыцягнуліся астатнія інакі, і да прыцемкаў чысцілі лес. Сабраўшы ў кучу галлё, запаліла брація агонь, і доўга ў маўчанні ўсе вакол вогнішча стаялі, кожны пра сваё смуткуючы. Ужо дагараў касцёр, калі Войшалк падумаў, што і жонку сваю нябожчыцу князь Міндоўг, саступаючы просьбам куразабойцаў, можа адправіць на неба з дымам, як патрабуе дзедаўская вера. А Марта, няхай і лацінскай веры, усё ж была хрысціянка. І палон, які князь прывёў з мазурскага наезду, таксама могуць часткаю спаліць на агні дзеля захавання старажытнага звычаю. А палонныя, хоць і мазуры, але ж хрышчоныя.

Гэтая асцярога запала ў душу, і ранкам Войшалк, адчуваючы ўскладзеную на яго Богам адказнасць, вырашыў пайсці развітацца з Мартай і ўберагчы нябожчыцу і палякаў ад знявагі, калі князю параяць учыніць такое дзікунства ягоныя замкавыя ведзьмары. Войшалк памаліўся, з'еў лустачку хлеба, папіў вады, узяў кій і выйшаў за манастырскую брамку. Накрапваў халодны дождж. Неба зацягнулі цёмныя хмары без адзінага прасвету. Дажджыла ўсю ноч - лясная дарога раскісла, уздоўж яе, нібыта рэчка, цягнуліся лужыны. Ісці паўдня да Наваградка дажджом ды па вадзе не хацелася. Святыя месяцамі так хадзілі, паспрабаваў блаславіць сябе на паход Войшалк, але і запярэчыў сабе, што не крыж веры нясе бацьку, а малое спачуванне і параду не грашыць вогнішчам. Пойдзе пешшу - прыйдзе мокрай варонай. Ён вярнуўся, асядлаў каня, накрыўся апанчой і зарысіў у бок Наваградка.

Вузкая лясная дарога пятляла сярод пагоркаў ці ўзбіралася на іх там, дзе ў нізінах стаялі балоты. Паветра было насычана пахам папараці. Лес нібы вымер: ні голасу птушкі, ні шолаху звера. Усе пахаваліся ў свае гнёзды, дуплы, норы, логавы, чакаючы лепшага надвор'я. Сыдзе вада, зямля будзе трымаць пахі, і тады выйдзе на след зайца лісіца, скочыць на касулю рысь, пачне ўпартае паляванне на дзіка воўчая дружына...

Гэтае замірэнне ў лесе, заспакойваючы шолах дажджу выклікалі ў князя хваляванне, ён адчуваў глыбокую пашану да таямніцаў Творцы. Падымаючыся на верхавіну ўзгорка і бачачы далёкае восеньскае шматквецце пушчы, Войшалк спыняўся і ўважаў прыгажосць свету. Божа, удзячна думаў ён, ты мяне прасвятліў. Хто я быў раней - ашалелы, крыважэрны звер. Хадзіў бы ўвесь свой век чорнымі сцяжынамі, ад двара да двара, сек бы галовы, як рабіў у маладыя гады. Злейшага ворага для людзей тут не было, чым я. І горшых ворагаў для мяне не было, чым іншыя людзі, тут народжаныя. Такую асалоду меў ад душагубства, так прагнуў адымаць жыцці, што нават бацьку вусцішна рабілася думаць, каго на свет нарадзіў. Хоць сам і быў за прыклад. А маці плакала аба мне перад старадаўняй цверскай іконкай. Сумавала, што ў пекла патраплю і буду там вечна гарэць за такія грахі. Ікона тая, падараваная ёй бацькамі пры ад'ездзе да Міндоўга, вісела на покуці, і гарэў заўжды перад ёй маслены агеньчык.

Але і бацька, князь Міндоўг, і ён, сын нячулы, глядзелі на воблік Ісуса, на той іконе ўвасоблены, як на рэч жаночай гаспадаркі, накшталт калаўрота, за якім маці сядзела зімовымі вечарамі разам з іншымі жанчынамі. Не мог князь Міндоўг сесці за прасніцу, не мог ягоны сын Войшалк ткаць ручнік за кроснамі. Ужо пазней, калі давялося бацьку ў Наваградку хрысціцца ў грэцкую веру паводле дамовы з тутэйшым баярствам і здабываць сродкі на каменную Барысаглебскую бажніцу, дык іншым разам і ён побач жонкі нешта мармытаў перад тым абразам, нахіліўшы галаву. Маці шаптала шчырую малітву, а што было зместам бацькавага мармытання перад вобразам Збавіцеля і ўяўляць не хочацца. Ніводнай малітвы не ведаў і не вучыў апроч «Божа, дапамажы мне!». Цяпер іконка тая ў сястры, у Холм разам з ёй пераехала, калі бацька аддаў сястру за Шварна дзеля замацавання міру з галічанамі пасля некалькіх гадоў вайны. А цяпер бывае, так ужо хацелася б памаліцца разам з маці, пастаяць на каленях перад тым старажытным абразом, ды не вяртае Госпад на зямлю тых, каго прыняў у нябесныя Свае гарады. Там адпачывае іхнае сэрца ад болю, перажытага на гэтым свеце сярод невідушчых...

Войшалк глядзеў на хмары, мысленна прасякаў глыбіні неба і дасылаў Госпаду свой шэпт: «Божа міласцівы, даруй мне маю нячуласць да той, каго ты прызначыў нарадзіць мяне на гэты свет. Каюся перад маці. Супакой яе, Божа, калі яна не чуе раскаяныя словы свайго сына. Цяпер усё тое спаўняю, што хацелася ёй пры жыцці ўбачыць: малюся, узгадваю яе, непачутую, незразумелую ні мужам, ні сынам...»

Святыя малітвы маці былі пачутыя на нябёсах, бо ён, Войшалк, усё ж займеў зрок духоўны. Спраўдзіліся тыя нашаптаныя над ягонай душой маленні, калі ён засынаў, а маці сядзела над ім і малілася, і напявала яму, і марыла ўголас аб ягоным шчасці, ягонай славе і дапамозе яму ад сілаў анёльскіх. Вось і здзейснілася: зрубіў ён манастыр, ходзіць у царкву, шануе Нараджэнне і Ўваскрэсенне Хрыстова, ды маці нічога ўжо не бачыць і не можа шчасліва пастаяць побач з ім. Цяпер ён ігумен Раман. Манах. А манах, тлумачыў яму ў Паланецкім манастыры старац Пархомій, азначае па грэцку - адзінокі. Сам сабе гаспадар, толькі Богу слуга. Усе людзі рабы Божыя, ды не ўсе слугі яму. Бо манах служыць духоўна, а людскае жыццё адмаўляе. І таму суконны клабук больш моцны, чым шлем, і больш шанаваны. Хто шлем носіць, той далей, чым на палёт стралы, нічога не бачыць. Поспеху сваіх крывавых учынкаў радуецца. Нікчэмная гэта радасць - несціся наперадзе, наставіўшы дзіду, каб іншай істоце, Госпадам створанай, жалезная вастрыё ў грудзі ўсадзіць. А вось у рыззі, з кіем у руцэ, з мірам на сэрцы - так апосталы хадзілі невідушчых у відушчых абарочваць. А сляпыя імчаць на конях, у браню апранутыя, у шлемах з лічынамі, у пальчатках, уцяжараных жалезам. Сам так гойсаў па наваградскіх і літоўскіх пуцявінах, і браню апранаў, і глядзеў на ўсё скрозь дзве вузкія шчыліны ў каванай лічыне - надта пыхлівы быў, нічога пра сілу духоўную не разумеючы. Адурвае ўлада меча, як віно, і цяжка ацверазець ад ап'янення крывёй...

Выехаўшы з лесу, Войшалк убачыў за паўвярсты наперадзе ў полі з дзесятка два вершнікаў пры зброі. Усе былі ўкрытыя накідкамі і разгледзець што там за людзі Войшалк не мог. На скрыжаванні дарог конныя спыніліся і пачакалі яго. Зблізку Войшалк пазнаў нальшанцаў і сярод іх жонку крэўскага князя Агну. Самога Даўмонта Войшалк сярод вершнікаў не прыкмеціў. Павіталіся, паехалі разам. Нальшанцы, прамоклыя да ніткі, ахвоты да размовы не выказвалі, а можа стрымліваў іх ад пытанняў яго манаскі клабук. Не свой - чужой веры. З іхнага цёмнага гледзішча - здрайца. Маўчала і княгіня, што ехала развітацца з сястрой. Прыглядаючыся да Агны, перахапіўшы позірк сініх вачэй, Войшалк уразіўся падабенству малодшай сястры да Марты. Хто не бачыў абедзвюх разам, падумаў ён, не паверыць, што такое магчыма. Нібы блізнятка. Хутчэй павераць, што Марта ажыла. Такія ж самыя твар, вочы, позірк. Прыгожая маладзіца. Пашанцавала Даўмонту. Ён не ўтрымаўся сказаць княгіні:

- Ты на сястру надта падобная.

- Так, - згодна кіўнула Агна, - толькі я на дзесяць гадоў пазней нарадзілася. Бацька жартам дакараў маці, што аднолькавых дзевак нараджае.

Войшалк ведаў, што ейны бацька, яцвяжскі князь, загінуў у бітве з мазурамі. І маці тады ж забілі пры аблозе іхнага гарадзішча. Відаць, і Агна пра гэта прыгадала, і гутарка абарвалася. Ды і пра што распытваць чалавека, якога заклікаў у дарогу смутак...

У горадзе Войшалк найперш паехаў да магілкі маці каля царквы. Тут ён апусціўся на калені і пераказваў свае раскаяныя словы, узгадваючы дзень, калі замест капца, цяпер зарослага травой, тут зеўрала яма і шамацелі аб дамавіну развітальныя жменькі зямлі. Тады і князь Міндоўг тут сумаваў. А заўтра будзе стаяць над магілай другой жонкі. Усё праходзіць, падумаў Войшалк, праўда ў Бібліі напісана. Адпакутавала сваё маці. Адпакутавала сваё на гэтым свеце і Марта. Што ў яе на сэрцы рабілася, калі князь Міндоўг яе мужа забіваў? Сам удавой зрабіў, сам жонкай назваў. Цяпер сам пахавае. А ці любіла яго Марта? Ці прыцярпелася? Ці першага мужа цярпела? А можа ні першага, ні другога не любіла, а толькі дзетак сваіх, Рэпіка і Руклю. Сыноў яна ў сваім улонні вынасіла, у пакутах нарадзіла, а што муж? За першага бацькі аддалі, другі гвалтам узяў. Цяпер ён зноўку ўдавец, толькі ўжо стары...

Шкада стала Войшалку бацьку і двух сваіх малалетніх братоў, і ён пайшоў у замак сказаць кожнаму словы суцяшэння.

Яму падказалі, што бацька ў каменнай вежы. Па стромкай лесвіцы Войшалк падняўся на другі паверх.

У князевым пакоі панавалі сырасць і змрок. Дзве байніцы ў таўшчэзнай сцяне былі зачыненыя аканіцамі, праз трэцюю цадзілася цьмяным промнем святло шэрага дня, а з чацвёртага боку аддзяляла пакой ад сходаў дубовая сцяна з непраломнымі акаванымі дзвярыма. Князь Міндоўг сядзеў за сталом са сваім радцам, разанцам Астапам. «Спачуваю табе, бацька, - сказаў Войшалк. - Шкада мне тваю жонку». Князь уздыхнуў і пачаў расказваць, як раптоўна Марта сканала. «Яна і хацела так, - казаў ён, - Заўсёды гаварыла: добра б памерці ходзячы, а лежачы, у доўгіх пакутах, не хачу». - «Ходзячы лепш, - пагадзіўся Войшалк, - ды не час ёй быў паміраць». - «Жыць ды жыць, - кіўнуў Міндоўг, - але ж вось - як у сечы: раз - і няма чалавека. Размаўлялі, валасы расчэсвала, спаць збіралася, і раптам гукнула: «Рэпік!» - і ўсё, адышла, толькі сэрца адлічвала апошнія хвіліны». - «У смерці не спытаешся, - задуменна адгукнуўся Астап. - На дварэ бабіна лета прамінула, а яна сваё бабіна лета не пражыла. У прыгожых нядоўгі век».

- Сястра яе прыехала, - паведаў Войшалк, пакідаючы без увагі цьмяныя словы разанца.

- Гэта добра, - сказаў князь. - Дажджом ехала. Бачыш, і неба плача, шкадуе Марту...

Размова на гэтым вычарпалася. Размаўляць пра нешта іншае было не да месца, ды і не было пра што. Чым заняты і заклапочаны Войшалк у манастыры, Міндоўга не цікавіла, і нашто яму было пытацца. І Войшалк не спытаў пра бацькавы справы. Вярнуўся з наезду жывы, прывёў палон, пабольшыў табун, набіў каморы лупамі - усё як раней. Калі ёсць што на сэрцы - сам паведае. Абодва спусціліся ўніз і пайшлі ў пакой, дзе ляжала нябожчыца.

 

5

 

Пад вечар выпала хвіліна, калі на кухні сышліся разам Міндоўг і тры браты. Рэпік і Рукля тужліва пазіралі на пустое месца побач з бацькам, дзе звычайна садзілася маці. Гэтая незанятая частка лаўкі цяпер азначала разбурэнне іх гнязда, нейкую сілу, супроць якой усе былі бяссільныя, пралом, з якога цягнула холадам і смуткам. Войшалку было тужліва, што ягоныя браты - далёкія ад яго падлеткі: ён нават не можа памаліцца разам з імі аб вечным спачыне іх маці. З бацькам яго разлучаюць розныя, як святло і змрок, жаданні і справы. І ніколі яны, чацвёра, нават калі скажуць адны і тыя ж словы, не зразумеюць адзін аднаго. Пэўна, і ўбачыцца зноў ім наканавана на чыімсьці наступным пахаванні. А Міндоўг, пазіраючы на трох сваіх сыноў, пра іх не думаў, а сумаваў аб жонцы: ці даўно Марта карміла тут яго і дзяцей, а цяпер ляжыць і па ёй галосяць. Князь прыгадаў, што яе сястра ўвесь дзень няетая, і паслаў Рэпіка па цётку. Хутка ўвайшла Агна, і апынуліся яны ўсёй раднёй разам, толькі дачкі князя Міндоўга, роднай сястры Войшалка, не было з імі, але яна і не магла прыехаць на пахаванне з далёкага Холма. Села Агна на краі стала, але неяк адразу паменшала суму, нібы аднавіўся на кароткі час неабходны чын жыцця. Агна прамаўляла: «Ты паеш, Рэпік! Падсілкуйся, Рукля!», і голас яе гучаў падобна да голасу Марты.

Войшалк прыкмеціў, што і бацька падбадзёрыўся.

- Дзе пахаваеце? - падступіўся ён да важнай для сябе справы.

- Ну дзе, каля царквы, - адказаў князь. - Марта хацела бліжэй да царквы. І калі апошнюю волю шаптала, не забылася наказаць.

- А што, - здзівіўся Войшалк, - была апошняя воля?

Міндоўг чамусьці пакрыўджана паглядзеў на яго і кіўнуў.

- А пра што казала сястра? - спыталася Агна.

- Яшчэ не час выконваць, - адказаў князь. - Вы не пытайцеся. Сам скажу, калі час надыдзе.

- Калі ж надыдзе? - зацікавіўся Войшалк, адчуваючы ў бацькавых словах затоеную небяспеку.

- Заўтра! - вычарпальна і незадаволена, нібы дакраналіся да ягонай святыні, сказаў князь.

Усе памаўчалі, нібыта не выяўляючы сваёй цікаўнасці да таямніцы.

- Мазураў нікога не вызваліш у памяць Марты? - не забыўся Войшалк на свой абавязак.

- Пры чым яны да яе? - адхіліў такую магчымасць Міндоўг. - Няхай парадуюцца, што накормяць, калі што застанецца.

У Войшалка іншых пытанняў не было, і зноў усе сядзелі моўчкі.

- А ведаеце, - вырашыла парушыць журботнае маўчанне Агна, - мне Веда жыццё аднойчы ўратавала. Гадоў пяць ці шэсць мне было. У малінніку гадзюка падпаўзла і ўкусіла. Тады Веда кавалак шчыкалаткі з ранкай змяінай зубамі, як абцугамі, выдрала, на ўсё жыццё рубец застаўся, напамінак ад яе пра выратаванне. А мне страшна было, ведала, што ад гадзюкі памерці можна. А Веда атручанай крыві набярэ рот і на траву выплюне. Усе яе потым хвалілі, а мяне, калі ачуняла, маці пабіла, каб пад ногі глядзела...

- І мяне ратавала, - адгукнуўся Міндоўг. - Чуццё мела на злыдняў. Едзем якой дарогай, а на раздарожжы яна кажа: нельга, князь, направа ехаць, бяда там чакае. Пасылаю кметаў разведаць - сапраўды, засада затоілася. А калі была вайна з Данілам Галіцкім, і ганяліся за намі русіны і Ердзівіл-нябожчык, дык, ведаеце, як мы цябе, Рэпік, і цябе, Рукля, ратавалі? Я наперадзе з мечам, яна ззаду, вас абодвух пад пахі, павады ў зубах, яшчэ і моліцца, каб конь нагі не зламаў. Не ўсякі кмет так паскача... І няма яе. Ужо не паскача. Хоць бы хто мне сказаў, што гэта такое - смерць. Жыве чалавек, кахае, пяе, клапоціцца - і некуды адыходзіць. Куды? Толькі ты не кажы, - спыніў ён Войшалка, прыкмеціўшы жаданне таго нешта патлумачыць, - ведаю я пра нябёсы вашыя, рай, грахі і святых. Толькі ўсё гэта з чужых словаў пераказваюць, на ўласныя вочы ніхто не бачыў, ніводзін чалавек адтуль назад не прыйшоў. Што ў нашай дзедаўскай веры, што ў вашай, што ў немцаў - усе роўны век жывуць і аднолькава паміраюць. А куды потым? Ці ўбачымся калі? Марта верыла, што ўсе сустракаюцца там, наверсе. Цяжка гэта мне ўявіць, ды хачу, каб гэтак было. Можа, і мы з ёй там убачымся... Ну добра, - абарваў сябе князь, - на памінках усё прыгадаем. Хлопцам трэба хоць крыху адпачыць...

Агна выйшла разам з дзецьмі.

Войшалк і Міндоўг засталіся за сталом. Абодва зноў доўга маўчалі, і моўчкі разышліся. Міндоўг пайшоў сядзець пры Марце, а Войшалк у камору - саснуць.

Здавалася Войшалку, што як ляжа на салому, дык адразу праваліцца ў сон, а прылёг - не йдзе сон. Прывідзелася Марта з цягучай невядомасцю сваёй апошняй волі, а ўслед пачалі паўставаць у памяці вобразы людзей, якія даўно сканалі. Чамусьці ён пачаў лічыць іх, загінаючы пальцы, і гэты лік, узрастаючы, пераходзіў з рукі на руку, пакуль не збіўся. Ён успамінаў іх і дзівіўся, што пра некаторых прыгадвае ўпершыню пасля іхнай смерці, а іх ужо гадоў дзесяць ці болей як няма. Некаторых і згадваць не мелася падставы - некалі прайшлі яны каля яго ці хвіліну скакалі побач, і ніколі ніводнаму з іх ён не сказаў ані слова, але вось зараз іхныя твары выразна паўставалі з мінулага. Нашто яны абудзіліся? Нашто прыйшлі ў гэты начны час і стаяць перад вачыма - ні яго сябры, ні ягоныя ахвяры?

Узгадаўшы пра сяброў, ён і ўбачыў іх - інакаў Паланецкага манастыра, дзе правёў тры гады. Першы год было цяжка перажыць - няпроста з князёў у манахі навяртацца. А прыйшлося зведаць гэтакую навуку. Закладнікам пакінуў яго ў сябе князь Даніла Раманавіч пасля прайгранай Міндоўгам вайны. Міндоўг саступіў Наваградак ягонаму сыну Раману, а Ваўкавыйск і Слонім, яго, Войшалка, удзелы, таксама Раман узяў. Лічылася толькі, што над Раманам князь Міндоўг вяршэнствуе, а на справе давялося князю Міндоўгу тры гады ў родных Ашмянах і Вільні сядзець. І сястру тады аддалі за Раманава брата Шварна. І раней не надта разумны, стаў Раман гэткі ганарлівы, што пашлюбаваўся з аўстрыйскаю герцагіняй і ў нейкі Нейбург да сваёй жонкі ад̀ехаў. Як апошні дурань - у прымы. Ды нядоўга прымака, які прагне паваладарыць, там цярпелі, ладзіліся забіць, і мусіў ён разам са сваёй немкай уцякаць у Наваградак.

Ды ўжо тут княгіню з імем Гертруда, з нямецкім крыжам, ды з аддзелам крыжацкай аховы прыняць не захацелі. І князь не тутэйшы, і жонка з чужыны - з чаго ж ім кланяцца? Тут за час ягонай аўстрыйскай вандроўкі князь Міндоўг узмацніўся. Рамана адразу паланілі і трымалі ў каморы, пакуль Даніла сына не выкупіў. Не пайшлі на карысць князю Раману чужыя ўдзелы. А для яго, Войшалка, з Божае волі, ліха дабром абярнулася. Блага было ў манастыры першы год, але прасвятліў яго старац Пархомій. Шырокі свет вачам адкрыўся. І пыха знікла: на досвітку з інакамі ўставаў, і маліўся, і двор мятлой падмятаў, і дровы для печы з лесу на спіне цягаў, а перапісваць з святых кніг за шчасце сталася. І за тры манастырскія гады адзвычаіўся ад княскае хлусні. У скіце не схлусіш - няма каму. Зірне табе ў вочы Пархомій - скрозь зямлю праваліцца ахвота, калі схлусіў, скура гарыць ад сораму. А тут брыдка ад бацькавых хітрыкаў. З веры ў веру скача, як па купінах ліс за падраненай качкай. Чаму, пытаеш, бацька, ты зноў у дзедаўскія звычаі? А таму, што рыцары падманулі, узялі больш супроць дамовы. Добра, ваюй з імі, але нашто Хрыста выракацца? Немцы ж не выракаюцца, і палякі таксама, і русь валынская. Адзін князь Міндоўг. Не, трэба, маўляў, інакш жамойць не падтрымае. І яцвягі, і прусы. А куды ж яны падзенуцца, гэтыя жамойты, яцвягі ды прусы? Надыдзе час - і яны хрост прымуць, не маюць іншага выйсця, усе вакол іх прынялі. Бо ў крыжы праўда і сіла. Выракся, і што, лепш стала? Прыйдзе Божае Нараджэнне - зноў мужыкі замест замілавання, замест шчырай малітвы перад крыжам, начэпяць на свае морды ўсялякія там казліныя, мядзведжыя лічыны, кажухі вывернуць - і з торбамі па дварах будуць бадзяцца, рознае глупства пра Каляду спяваць. Вось і ўся дзедаўская вера. Жылі ў цямрэчы і колам іх толькі з цямрэчы выганіш...

Войшалк устаў і выйшаў на двор. Стаяла сырая бязмесячная ноч. У разрывах аблокаў бачыліся рэдкія зоркі. Пасярод двара гарэў агонь. Каля яго ён убачыў Астапа, які зачаравана ўтаропіўся на полымя. Гэты сын разанскага князя-братазабойцы і выгнанніка не падабаўся Войшалку, але Міндоўг быў прыхільны да яго, магчыма, давяраючы яму болей як чужынцу, для якога няма іншага апірашча, апроч князя. Убачыліся і іншыя людзі: ваявода Сірвід блукаў па замкавым двары, то знікаў у ценю, то ўзнікаў, як прывід, у чырвоных водблісках агню. Каля брамавай вежы нудзілася варта, і вартавы пільнаваў каморы з мазурскім палонам.

Мала хто спаў гэтай ноччу; чэлядзь, ураднікі соваліся па двары, не маючы занятку і не маючы правоў на сон і адпачынак. Толькі што стаяў ля агню Астап, але ўжо знік у цемры, а навакол вогнішча сабраліся нальшанцы. Сірвід падышоў да іх і спытаў пустое, але прыязна: «Што, халаднавата, відаць, у каморы?» Даўмонтаў ваявода Скурка адказаў: «Нешта трывожна!»

Пачуўшы пра трывогу, адгукнуўся з цемры гаваркі Астап:

- Так, трывожна на сэрцы. Заўсёды трывожна, калі знаёмы і блізкі чалавек памірае. Вось зараз дзесьці за трыста вёрст таксама нехта памірае, мы пра яго і не думаем: паміраеш, ну памірай, нам што да гэтага. А калі побач з намі ды вядомы нам шмат гадоў - надта трывожымся. Можа, самі смерці баімся. Калі задумацца, што ў тым страшнага да сваіх бацькі і маці ісці? А вось хочацца жыць тут, на грахоўным свеце, у лепшы не спяшаемся. Дзіўна! Нядоўгі ў чалавека век, праўда, ігумен Раман? - звярнуўся ён да Войшалка.

- Чаму ж нядоўгі? - сурова не пагадзіўся Войшалк. - Ты ж, Астап Канстанцінавіч, быццам яшчэ жывы. А хіба мала табе гадоў? - І асудзіў: - Чаго жаліцца! Богу і аднаго дня нашага жыцця хопіць, каб вырашыць, хто атрымае жыццё вечнае.

- Можа і гэтак, - ухіліўся ад згоды Астап і неакрэсленым кіўком на некага дадаў: - Каму жыццё вечнае, каму пакуты вечныя! Хто што заслужыў! А ўсё адно век наш нядоўгі, ігумен Раман, што ні кажы.

Войшалк і не стаў казаць. Скардзіцца гэты разанец, што век нядоўгі. Хто ж вінаваты? Ці не ягоны бацька роднаму брату век скараціў? Усё страцілі ў сваёй Разані, з полаўцамі па стэпе гойсалі, цяпер нанова жыццё пачынае - вось і нядоўгі. Зайздросны ён да чужой удачы, падумаў Войшалк. Ды што Богам прызначана, ад таго ніякі палавецкі конь не ўратуе. Хрыстос трыццаць гадоў пражыў - не скардзіўся, што век нядоўгі. А пусты чалавек сто пражыве - і мала яму, не хапіла.

Ён не прыкмеціў, як каля яго апынуўся бацька. Усе паціху, паадсоўваліся, яны засталіся каля агня ўдвух.

- Не магу, Войшалк, прыняць, што яе няма, - сказаў Міндоўг. - Ніколі не думаў, што буду хаваць Марту. Заўсёды быў упэўнены - яна мяне пахавае. Хоць бы з-за розніцы ў гадах раней памру. Ці з вайны прывязуць укрытага рагожай. Ці пляменнікі Таўцівіл, Ердзівіл зарэжуць на ловах зімой. Таўцівіл пакуль што не зарэзаў, Ердзівіл памёр, ужо не зарэжа. Вось стаю жывы. А ўсё дагары нагамі. Сэрца баліць. Быццам мне палову сэрца адсеклі. Ведаеш, мы ж без словаў адно аднаго разумелі. Яна мае думкі ўгадвала. Я разважаць пачынаў, а яна ўжо рашэнне называла. За дзесяць гадоў аднойчы толькі пасварыліся. Пэўна, я памыляўся. Эх, як нашае жыццё хутка прамільгнула! З тваёй маці нас бацькі ажанілі. За мяне яе глядзелі, за мяне дзядзькі на заручыны ездзілі. Упершыню на вяселлі жонку і ўбачыў. Ніхто і не пытаў, ці падабаецца яна мне, ці хачу яе ў жонкі. І яе не пыталі. А Марту я сам знайшоў. Убачыў, сэрца ўскалыхнулася, сціснула - не магу без яе, смуткаваць буду, калі з Вішымунтам застанецца. А цяпер яна з богам, а я зноў адзінокі. Сумны гэта занятак - жонак сваіх на той свет праводзіць. Можа, і я неўзабаве пайду за ёй услед. Тады ты, як памру, бяры ўладу і нікому не вер. Бяры ўладу, рыззё гэтае на тырчок у камору, кальчугу паверх кашулі насі, не здымаючы, і ажаніся. Каму можна верыць - дык гэта жонцы і дзецям, пакуль у гады не ўвайшлі. А калі жонка памірае, дык і не застаецца нікога побач. Чужыя ўсе, у кожнага свой клопат на ўме, свая хітрасць. Вось стаяць, - бацька кіўнуў у бок ваяводы і варты, - адданыя яны мне, так. А таму адданыя, што іншага няма, каму іхная адданасць патрэбная. Я сыду, ты прыйдзеш, табе будуць адданыя. А калі чужынец тут уладкуецца, ён сваіх прывядзе, а гэтых выставіць ці задушыць. Вось на чым вернасць ураднікаў трымаецца. А з жонкай - як іголка з ніткай. Калі ў Варуце нас яцвягі ды русіны асаджалі, усё мы з Мартай зведалі. І страх, што заб'юць, і брыдкасць, што трэба падкупліваць немцаў, і сваю перамогу. Не магу сябе зараз у адзіноце ўявіць. Адно - першым памерці, другое - сірацець і канца свайго веку ў турбоце чакаць. Ніколі яшчэ мне так сумна не было. Ужо ўсіх сваіх братоў і сясцёр пахаваў, і бацьку, і маці, і тваю маці... А кажу праўду: такога смутку на душы не было. Можа, заўтра захопяць мяне справы, і здымецца боль, але гады мае не тыя, каб назад не азірацца. Што ў мяне наперадзе - анічога: ну, яшчэ ў адзін наезд выправіцца, дзяцей падняць. Гады праз тры ў сядло без парабка не сяду. Ты, калі раней памру, братоў даглядзі, а потым можаш зноў у свой манастыр, калі захочацца. Яны без цябе адны моцна не стануць, не дадуць ім братанічы... А ты рашучы, няхай лепш наш род усімі тут ўладарыць, чым над намі нехта са сваякоў падымецца...

Войшалк стаяў нямым слухачом, ведаючы, што не чакае бацька ні спачування, ні пытанняў; маўчы і зважай, калі табе сэрца адкрываюць. Рэдка гэта здараецца. У яго з бацькам першы раз за жыццё.

 

6

 

Ранак перад пахаваннем Войшалк правёў за малітвай у Барысаглебскай царкве. Дамавіну з Мартай прынеслі на могілкі папаўдні. Зноў накрапваў дождж, твары ва ўсіх былі мокрыя, не зразумець - слязьмі ці дажджом абмытыя. Бабы старанна галасілі, а калі дамавіну паставілі на край магілы, пастараліся адзначыць князеў смутак такім галашэннем, нібыта самі былі асуджаныя легчы побач княгіні ў сырую зямлю. Ад хрыплых адчайных распеваў - «Ой, на каго ты нас пакінула...», «Ой, неба плача, дзеткі-сірацінкі адны застаюцца, ніхто іх не пашкадуе...», «Ой, на каго ты мужа свайго пакінула. А як яму жыць без цябе, а хто яму слова скажа, хто яго сустрэне...» у Войшалка калола ў вушах і сэрца ныла ад раздражнення: ні папа, ні адпявання бацька дзеля нябожчыцы не пажадаў - адны гарластыя старыя, толькі душу рвуць. Дзеці заразіліся нястрымным плачам і кінуліся да труны клікаць маці. Агна ўпала на калені каля сястры. Нават Міндоўг не ўтрымаў слязы пад надрыўнае гараванне наваградскіх плакальшчыц. Бабы пагаласілі яшчэ з чвэртку гадзіны і ўрэшце заціхлі, як заціхае агонь пад шамаценне дажджу.

Кінуўшы жменьку пяску ў магілу і перахрысціўшы труну, аб якую грукалі камякі зямлі, Войшалк з могілак паехаў у манастыр...

А праз два дні наведаў скіт нечаканы госць - Астап Канстанцінавіч - і ашаламіў Войшалка весткай, што вялікі князь на памінках жонкі трэці раз ажаніўся.

І пераказаў падрабязнасці гэтага імклівага дзіўнага вяселля. Пачыналіся памінкі як заведзена; пад пагрозай шыбеніцы ніхто на свеце не здолеў бы здагадацца, чым яны завершацца. Памінаць князь пачаў таксама па-чалавечы: уціраў слязу, жаліўся, што не стала ў дзяцей маці, у яго - жонкі, ва ўсіх - княгіні. Казаў, што ўсе людзі яе аплакваюць, і багі на небе плачуць, гэта іхныя слёзы дажджом праліваюцца - такая цудоўная была душа ягоная жонка. Потым сказаў: можа, яна з намі зараз і чуе нас. Няхай ведае, што мы аб ёй смуткуем і заўсёды будзем смуткаваць. Потым прыгадаў, як любіла сыноў і як усіх людзей шкадавала. І папрасіў усіх памянуць нябожчыцу ўдзячным словам. Ну, усе і стараліся, расказвалі, магчыма, хто і выдумляў, каб спадабацца князю. Так услаўлялі і ўзносілі, што вялікаму князю хоць кладзіся ды памірай з гора ад такое страты...

Ён усе пахвалы выслухаў, усім дзякаваў за добрую памяць аб жонцы, а потым сказаў піўнічаму: «Налі! Апошняю волю княгіні мушу выканаць!» Усе, зразумела, вушы навастрылі - пра што тая воля, можа, каму які дарунак перад смерцю прызначыла, можа, ім што якое з яе апошняй волі перападзе? Князь узняў келіх і раптам жорстка, так што ўсе напужаліся, паведаміў народу, што багі дазволілі яму пачуць запавет жонкі, і лепш ён памрэ, чым яго парушыць. А запавет такі. Пакідаючы гэты свет, княгіня Марта загадала апошнім шэптам: «Хачу, каб мая любая сястра Агна, якая мне жыццём абавязаная, стала прыёмнай маці маіх сыноў Руклі і Рэпіка і тваёй, князь, жонкай! Тады будзе мне спакойна на тым свеце, ведацьму, што дзеткі мае пад надзейным даглядам!»...

Скажу табе, ігумен Раман: такая цішыня за памінальным сталом настала, як на могліцах узімку. Усе здранцвелі. Усялякае на гэтым свеце здаралася, усялякае людзі бачылі, і я розныя дзівы бачыў, але такога, здаецца, яшчэ не было, каб на памінках вяселле гуляць. Калі б наадварот было - на вяселлі памінкі, дык усім звычнае: часцяком здараецца, што пасля вяселля трэба некага хаваць, хто занадта напіўся ці моцна пабіўся. А тут і сватоў не было, і пра маладую не чулі - жывога князя жонку замуж узялі.

- Далей што? - спытаў Войшалк, адчуваючы, як сціскае яму галаву абручом боль.

- Ну што, знямелі, зразумела, усе, як нябожчыкі, гуку не чутно, хто ж рот адкрые, - сказаў Астап, - а нальшанская княгіня паднялася і ў вочы князю Міндоўгу выгукнула: «Я тых словаў не чула і такую волю не прымаю!» І пайшла клікаць сваю ахову, на каня сядаць, ехаць дамоў. А ваявода Сірвід клікнуў замкавую ахову. Падобна, што трымаў сотню напагатове, можа, князь з ім папярэдне дамовіўся, мяркуючы атрымаць нязгоду стаць новай жонкай. Сірвід крычыць нальшанцам: «Кідайце, хлопцы, зброю, калі жыць ахвота!» А княгіня ім: «Не кідайце!» І Міндоўг выйшаў: «Тут я гаспадар, а не мая жонка! Схавайце мечы і прэч адсюль!» А тыя: «Як нам наша княгіня загадае!» А тая: «Не скарайцеся! Абараніце мяне!» І замест прыстойных памінак - сеча на замкавым двары, лютая злосць, кроў. А тых кравянаў - паўтара дзесятка. Атачылі іх, дзідамі колюць, мечамі б'юць, ботамі плюшчаць. А на гэты шум, лямант, ляск мечаў мазуры пачалі грукаць у дзверы. Падмануліся, што гэта іх палякі ратуюць, з-за іх бітву вядуць. Крычаць у адтуліны: «Ксёнжэ Конрад тутай!», «Тата! Ванда тутай!». Нейкія Лешкі ды Мешкі: «Естэсьмы жывы! Збіце клудку!». Міндоўг мечніку Радвайлу кіўнуў: просяцца - адчыні. Той засаўку зняў, дзверы расчыніліся, мазуры скопішчам вываліліся, на вачах слёзы шчасця - уратаваныя, наесціся можна, не прыдзецца выкуп плаціць, а замест волі стаіць проці іх мядзведзь Радвайла з мечам і такія ж каржакаватыя кметы з дзідамі. Гэтак зрабілася ім страшна, што самі ў камору сваю задам уляцелі. Вось такія памінкі атрымаліся, ігумен Раман: адны памінаюць, другія крывёй мыюцца, іншыя з мазурскага глупства рагочуць. Потым кравянаў параненых на калёсы пакідалі, за браму выкацілі - едзьце дадому. А княгіню Агну ў пакой Марты павялі і замкнулі.

- Чаго ж ты ад мяне чакаеш? - спытаў Войшалк, гледзячы ў вясёлыя вочы разанца. - Не проста ж ты ехаў пра смяротныя грахі чалавечыя мне паведаць?

- Пераканаў бы ты, ігумен Раман, вялікага князя, каб адпусціў жонку Даўмонта.

- А сам не спрабаваў? Князь, я ведаю, твае парады прымае.

- Ты сын, - коратка адказаў Астап, не тлумачачы чаму не хоча сам аспрэчваць князя ў гэтай справе.

- Сын бацьку не ўказчык. Сам ведаеш.

- Кроў можа праліцца!

- Чыя? - спытаў Войшалк.

-Хто ж ведае? Чыя-небудзь! - не насмеліўся ўдакладняць імёнаў Астап.

- Ну, скажу бацьку: кроў можа праліцца. А князь спытае: хто можа праліць? Паведай, я таго наперад заб'ю, каб не праліў. І што мне адказаць? Што я ды Астап Канстанцінавіч крыві чалавечай шкадуем? Ніколі нікога не забілі апрача мух ды блашчыц. А сам, скажы шчыра, ці даўно ты кроў праліваў? - нагадаў Войшалк.

- Тое ў наездзе.

- Лічы, што і тут наезд.

- Я магу так лічыць. А як бог палічыць?

- Скуль мне ведаць? - адказаў Войшалк. - А табе тым болей. Ці ты ведаеш, як вырашыць бог? Чарвякі мы з табой, Астап, перад Богам, жменька зямлі. Ты ж праваслаўны, як і я. Памаліся, каб Госпад Бог неразумным утлумачыў. Як будзе, так будзе!

І, кажучы «як будзе, так будзе», Войшалк зразумеў, што бацька не хоча міру з Даўмонтам, а шукае вайны. Не адступіцца князь Міндоўг, бо здзівіў свет наўмысна. Шмат грахоў ўчыніў за жыццё - новых ужо не страшыцца. Хоча прыбраць да рук Нальшчу, як прыбраў раней Літву ды Дайнову. Таму асуджаны князь Даўмонт і гальшанскі князь Гердзень. Ім ці загінуць, ці ўцякаць. Пакінуў князь Міндоўг пры сабе Агну не толькі дзеля дагляду пляменнікаў. У Крэўскім удзеле, можа, гады праз тры Рэпік будзе валадарыць. Калі ж Даўмонт не скарыцца, не сціхне, як мыш перад катом, жонку сваю пачне патрабаваць - яму смяротны вырак ад вялікага князя за знявагу волі багоў. Вяшчуны прызамкавыя дзеля князевай ласкі і ўхваляць. А не ўхваляць - ім галовы паскручваюць, як яны курам. Сам Даўмонт стане вінаваты: хочаш жыць - не кідайся на ражон. Хацела Нальшча даўніны, дзедаўскай веры, мнагажэнства - атрымайце.

 

7

 

Упіхнуўшы крэўскую княгіню ў спальню ейнай сястры, кметы зачынілі на засаўку дзверы, і стук засаўкі, як кляймо палону, раз'юшыў Агну. Яна схапіла ўслончык і з крыкам «Я вам не мазурка! Не мазурка! Не мазурка!» пачала біць услончыкам у дзверы. Пустыя сенцы адгукаліся на грукат рэхам. Нехта з аховы за дзвярыма просьбітна пракрычаў: «Княгіня, суцішся. Галава баліць!» Гэтае прызнанне ўзмацніла яе лютасць, але ўслончык не вытрымаў і распаўся на часткі. Пагрукаўшы ў дзверы абломкамі, яна пачала шукаць што-небудзь цяжэйшае і нарэшце агледзела пакой. Пячная топка знаходзілася ў сенцах, ні сякеры, ні вілак, ні другіх важкіх, пад яе сілу, прыладаў у хаце не было. Невялікае, на тры вянцы, акно закрывала дубовая рама з апраўленым у волава круглым тоўстым шклом. Разгледзець праз яго, што робіцца на дварэ, не давалася. Агна захацела выбіць шкло, але люстэрка і грабеньчык, што ляжалі на падваконні, нагадалі ёй пра сястру...

Усё ў пакоі трымала сляды нядаўняй прысутнасці тут Марты: у куце стаяў куфар з яе адзеннем, вісела на тырчцы яе світка, між печчу і сцяной чакаў зімовых вечароў яе калаўрот, шырокае ложа было засланае посцілкай, якую ніхто, апроч Марты, саткаць не мог - гэта быў іхны сямейны яцвяжскі ўзор, з-пад посцілкі бачныя былі воўчыя шкуры. Яна прысела на ложак, утаропілася ў запыленыя масніцы, і сцята чакала выратавання. Прыняць за сапраўднасць тое, што адбываецца, яе розум не мог. Яна ўспамінала ранак, дарогу на могілкі, труну каля магілы, плач дзяцей, жальбу Міндоўга на пачатку памінак, піўнічага са збанам віна - і з гэтага моманту ўсё парушылася: з вуснаў Міндоўга гучала нейкая дзікая воля сястры, з камораў выскоквалі ўзброеныя кметы, Скурку працялі дзідай, лямантавалі ў сваіх цёмных каморах мазуры. Ёй прыгадаўся малады кмет з аховы, ён ехаў побач яе з Крэва, яна памятала ягонае імя - Віцень. Яго звалілі на зямлю, і пяцёра Міндоўгавых парабкаў кінуліся на яго і з размаху пачалі біць ботамі па галаве, грудзях, спіне, у твар, то разам, то ў чаргу, пакуль той не перастаў варушыцца. Вось, сястра, якія памінкі па табе ўчыніў твой муж, думала Агна. З якім жа зверам бяспамятным ты жыла дзесяць гадоў! Ты ад яго пайшла на вечны спакой, мяне ўзялі паланянкай. У тую ж хвіліну. Нават дзевяць дзён не вытрываў. Сяджу замкнёная ў тваім пакоі, на тваім ложку, на шкурах, дзе ты спала, радзіла сыноў і памерла... Агна зайшлася плачам, і разам са слязьмі пакінулі яе сілы. Яна прылегла на посцілку і страціла прытомнасць...

А калі ачулася, убачыла князя Міндоўга, які сядзеў на лаўцы каля акна, чакаючы яе абуджэння.

- А-а, чакаеш, - адзначыла яна. - Ну што, калі дасі мне ад'ехаць?

- Ніколі! - адказаў князь.

- Я не чула гэтай волі, - хрыпла прамовіла Агна. - Можа, ты ўсё выдумаў ці ў сне прысніў. Мой муж - князь Даўмонт. Ты не можаш узяць мяне ў жонкі. Няхай Даўмонт вырашае - адпусціць мяне да тваіх сыноў ці сваіх заводзіць.

- Не Даўмонту перарэшваць тое, што багі вырашылі, - аспрэчыў Міндоўг. - Малады. Новую жонку знойдзе. А табе жыць тут.

- Не хачу жыць тут! - з нянавісцю крыкнула Агна. - Хачу да сябе, у Крэва. Табе лепш пабаяцца, князь Міндоўг. Заб'е цябе Даўмонт.

- Сорак гадоў, Агна, мяне гэтакія даўмонты забіваюць, - пасміхнуўся князь. - Баяўся б - князем не быў. Сам магу забіваць, павер. Спрачацца са мною не трэба - не пераспрэчыш. Я вырашаю. Я ўжо вырашыў. Я - валадар, князь над малымі князямі. Даўмонт цябе не возьме. Няхай паспрабуе... Хіба я ў яго дзяцей маці забраў? Яны плачуць з гора, як мае? Яны там адны без цябе, а ты тут без іх? Калі там чакаюць цябе твае дзеці - ідзі, трымаць не буду. Дык ёсць у цябе з Даўмонтам дзеці ці не?

- Нашто я табе? - заклікала князя да розуму Агна. - Сотні жанчын вакол цябе. Шчаслівыя будуць жыць тут, тваіх сыноў даглядаць.

- Можа, яны і будуць шчаслівыя, - сказаў Міндоўг, - але мне яны не патрэбныя. А ты патрэбная, бо дзеці Марты - твае пляменнікі, ты ж іхная цётка... Вось чаму. А яшчэ - ты надта падобная да сястры. Не трэба дзецям прызвычайвацца да чужога чалавека. І мне таксама. Лёс, Агна, так захацеў, а я насуперак лёсу не хаджу.

- А не прыехала б я, - выказала Агна свой апошні довад, - што б ты тады рабіў?

- Не ведаю, - адказаў князь. - Ты ж прыехала. Значыць, лёс! Адпачывай!

Міндоўг выйшаў у сенцы, пакінуўшы дзверы адчыненымі. Агна зразумела, што далей як да замкавай брамы яе не пусцяць.

 

8

 

Вестка пра падзеі ў Наваградку на дзень апярэдзіла поезд з параненымі, і калі яны з'явіліся ў Крэве, Даўмонт ужо ведаў, як ён быў зганьбаваны Міндоўгам, колькі ягоных ваяроў пабілі наваградскія кметы на смерць і колькі параненых вяртаюцца ў Крэва на вазах. За доўгае княжанне Міндоўга кожны літоўскі князь прывучыўся чакаць ліха ад вялікага князя. Калі хто з князёў жадаў узгадаць нейкія страшныя загадкавыя злачынствы з блізкай даўніны, дык найперш узгадваў, што Міндоўг спрычыніўся да забойства свайго старэйшага брата Даўспрунка. Хоць не бачыў ніхто, зніклі сведкі, ды беспадстаўна пагалоска не ходзіць. Стары воўк забраў у родных пляменнікаў Жамойць, пазабіваў князёў Дайновы, палову князёў Літвы і Нальшчы. Дык хіба пасля гэтакіх крывавых учынкаў уразіць некага ягоны чарговы грэх - захоп чужой жонкі, да таго ж сваячкі. Жонка - не жыццё, не адзіная. Нават калі б Міндоўг забіў Агну, спасылаючыся на апошняю волю сястры, Даўмонт менш быў бы ўражаны. Але такая вытанчаная, са спасылкай на багоў, хіжасць уразіла Даўмонта. Гэта ж трэба прыдумаць: ужо багі аб ім клапоцяцца, каб да смерці не ведаў нуды! Усю ноч яму ўяўлялася, як стары князь усё хітра абставіў, каб трымаць Агну пры сабе, дзеля сваіх пацехаў і прыгляду за сынамі. Нібы не ў ягоным сэрцы гэтая подлая задума нарадзілася, а гэта багі на небе сышліся на раду і вырашылі яму на карысць. Марта іхную волю прашаптала, а князь багоў шчыра шануе, іхны загад змушаны выканаць нават проці свайго жадання. А хто не верыць - няхай сходзіць дазнаецца праўды на той свет да Марты ці за хмары да багоў.

Больш за ўсё дапякала Даўмонту, што ён не хацеў пускаць Агну на пахаванне сястры, прадчуваючы нейкую бяду. Трэба было цвёрда сказаць: «Не! Забудзь!», а ён, шкадуючы жонку, намагаўся яе ўгаварыць. Жаласлівасць - тая ж здрада. Злітуйся над ворагам - ён цябе заўтра заб'е. Пашкадуй жонку - яна прызвычаіцца браць перавагу слязьмі. Ён пашкадаваў - і зганьбаваны. Сляпы і глухі - вось так яны размаўлялі апошні раз. «Хіба не бачыш, - казаў ён, - багі памыліліся: маладую жанчыну ўзялі, старэчу не прыкмецілі. Гэта правільна?» - «Гора гэта, Даўмонт. Яна ж не апошняя з маіх родных, - упарцілася Агна. - Як жа мне з сястрой не развітацца?» - «Міндоўг многіх можа пахаваць разам з тваёй сястрой, - казаў ён. - Магу на мечы паклясца, ніхто з князёў не прыедзе. Ніхто яму не верыць. Усе ведаюць, што ўмее ўкусіць, як гадзіна. Можа, і праўду кажуць, што ваўкалак. Крыві не вып'е - дрэнна спіць» - «Ну, праўда, - пагаджалася яна, - табе ў Наваградак нельга». - «І табе нельга, - пераконваў ён. - Ці падымеш сястру? Паплакаць і тут можна». - «Не развітаюся- спакою мне не будзе». - «Добра, - саступіў ён. - Але з памінак - сюды. Ні дзевяцін, ні саракавінаў. Згодная?» - «Добра, - абяцала яна. - З памінак адразу дамоў!» І - ні атрада, ні жонкі! На памінках пракляты крыважэрца і дзеўбануў...

Усю ноч Даўмонт стагнаў, бачачы перад вачыма нянавісную морду вялікага князя, ягоныя бляклыя балотныя вочы, ягоных дагодлівых баяраў і кметаў, якія рагаталі з ганьбы Даўмонта, пакінутага без пары, і ўхвалялі спрыт князя, які гэтак шпарка знайшоў сабе маладую, без дзяцей жонку. І бачыліся варта, прыстаўленая да Агны, і два малалетнія гадзяняці, для якіх цётка ператварылася ў матку, і вяселле на памінках, і смех кметаў, і рысіная ўсмешка Міндоўга. Усё гэта безліч паўтаралася, круцілася ў яго перад вачыма, як млынавыя крылы...

Лепш Міндоўг забіў бы яго, як дванаццаць гадоў таму забіў мужа Марты, маладога Булевіча. Забіў - і той не ведаў, не адчуваў, не пакутаваў ад болю, што ягоная жонка становіцца жонкаю злачынцы і забойцы, цяжарыць ад яго, родзіць, хрысціцца разам з ім у веру немцаў, носіць і родзіць другое гадзяня - і задаволеная, і смяецца, і кахае свайго новага гаспадара. А яго вялікі князь не забіў. Можа, задумаў забіць пазней. Ці хоча, каб ён, Даўмонт, сам закалоў сябе нажом. Ці напіўся, як напіваўся ягоны шалёны Войшалк, ды кінуўся секчы ўсіх, хто сустрэнецца на двары, на вуліцы, на дарозе, каб утапіць свой боль у чужой крыві. Гайсаць па дарогах, пакідаючы за сабой расколатыя галовы невінаватых, а потым убачыць ладны сук, развязаць пояс, зрабіць пятлю і павесіцца. Ці пайсці ў нейкі манастыр, маліць бога аб пакаранні забойцаў і маліцца пра любоў паміж людзьмі, чым заняўся Войшалк, калі змяніў імя і княжы пас на лахманы. Быў Даўмонт - стаць якім-небудзь Данілам. Але ж усе ведаюць і памятаюць, хто ты ёсць, - ад прошласці не схаваешся...

Досвіткам ён адчуў, што страчвае розум. Узнік і не пакідаў ягонага дома прывід Агны. Ён паглядзіць у кут - прывід там, дакарае яго пакрыўджаным позіркам, ён зірне на дзверы - Агна стаіць ля парога, нібы толькі ўвайшла, ён паглядзіць на стол - яна насупроць сядзіць, у вачах слёзы адчаю. Ён пачаў клікаць: «Агна! Агна!» - яна не адгукаецца, але ківае, што чуе яго. І ён разумеў, што няма ў хаце Агны, а перад ім здань, але сэрца верыла ў гэты прывід, жадала пачуць нейкія словы, якія ўсё вернуць у яснасць нядаўняга часу. Вострымі ўдарамі крыві ў сэрца прабівалася ўсведамленне, што стары хцівец усё перайначыў, і ўжо не будзе Агны каля парога, пры печы, за сталом, і ён не ўбачыць яе ўсмешкі, і не паўторацца іх начныя ласкі і радасці. «Нашто паехала? - жахаўся ён. - Нашто пусціў цябе?» Цень Агны не даваў адказу. Ён жывы, а жонка прызначаная ў нянькі сваім пляменнікам і ў жонкі іхнаму парадзіцелю. Яму застаўся цень жонкі. Пры яго, Даўмонта, жыцці, пры яго дужай сіле. Нібыта ён памёр і засыпаны пяском.

Ды і было падобна на пахаванне. Дом стаў, як дамавіна, без выйсця. Ён не меў моцы пакінуць хату. Ногі адмаўляліся пераступіць парог. Прыкра і сорамна было з'явіцца на двары, убачыць святло, паказацца на вочы чэлядзі. Стары Міндоўг сагнуў ягоную волю, зганьбаваў яго. З адбіткам такой знявагі на сэрцы нельга выходзіць да людзей. Ён быў для іх князь, гаспадар і абаронца, а князь, у якога забралі жонку падобны да падпасавіча, ў якога воўк скраў авечку, і той крычма крычыць, не могучы даць рады. Вось зараз у вачах людзей ён будзе такім нядужым падпасавічам. Хаця б нейкая важкая прычына: вайна, наезд, мазуры забралі жонку. А так непаважнае - паехала на пахаванне, змяніла сястру на князевым ложы, а пры печцы будзе княжычам гатаваць. А Даўмонту хто гатуе? А ён сам завіхаецца каля печы, віламі гаршкі вымае. Воля, маўляў, такая была апошняя. Багі на небе вырашылі, каб ён сам сабе капусту варыў, а ягоная жонка іншаму... Няўжо Міндоўг думае, што ён, Даўмонт, гэта прыме і з гэтым змірыцца! Цяпер, каб выйсці да сваіх кметаў і чэлядзі, каб ягоныя кметы пераканаліся, што горасць не зламала княжую волю, - ён мусіць ведаць сваю мэту, а гэтая мэта - забойства Міндоўга. Нішто іншае не можа вярнуць яму годнасць. Часу мала - Міндоўг стары. Ён мусіць забіць яго раней, чым той сканае. Пасекчы яго, бы качан капусты. Каб усе нальшанцы ведалі, што наваградскі князь пасечаны ў капусту. А калі б хто цікаўны ў іх спытаў: «А хто яго пасек?», дык адказвалі б: «Гэта яго наш князь Даўмонт пасек!» Бо калі Міндоўг сваёй смерцю памрэ, дык яму самому давядзецца перарэзаць сабе жылы, бо тады ён назаўсёды застанецца з плямай ганьбы на сваім імені і сваім родзе. Узяць меч, заціснуць рукаятку ў калодзе, вастрыё ўгару і кінуцца на яго. І хто ж асуджае на такую дзікую смерць? Крыжакі? Русіны? Не. Траюрадны стрый. Ён узяў Агну, абвясціў пра жаніцьбу, пра гэта ведае ці будзе ведаць уся літва, літоўская русь, яцвягі і жамойты, і ў кожнай хаце з яго, Даўмонта, пасмяюцца. Міндоўг сваё зрабіў, разлучыў яго з Агнаю. Значыць, трэба расстацца з Агнай, з яе ценем. Яна паехала і па дарозе памерла. Так ён мусіць думаць. Вярнуцца ў Крэва княгіняй ёй ужо немагчыма. Ён не можа вярнуць яе сёння. А заўтра - позна, яна ўжо Міндоўгава. Паехала - і ў дарозе яе забілі. Вялікаму князю за разбой трэба адказваць жыццём.

Ён выйшаў на двор, калі прывезлі параненых. Што іх прывезлі, Даўмонт зразумеў па галасах чэлядзі. Чэлядзь і размаўляла голасна, каб князь пачуў і выйшаў з дому. Ён падышоў да воза, на якім ляжаў Скурка. Ваяводу не забілі, каб паказаць яму, Даўмонту, што маглі б забіць, ды злітаваліся: глядзі на сваіх недарэзкаў і радуйся, што жывы.

- Княжа, - прашаптаў ваявода, - даруй!

- Не вініся, - адказаў Даўмонт. - Што мог - тое зрабіў.

Ён абышоў параненых, кожнаму сказаў суцяшальнае слова і доўга стаяў каля свайго ўлюбёнца Віценя. Маладому кмету паламалі ботамі рэбры, выбілі вока. Твар Віценя быў перавязаны анучкай, з апусцелай вачніцы сачылася кроў, з уцалелага вока цяклі слёзы

- Я не плачу, княжа! - апрадваўся Віцень. - Гэта злосць мая плача!

- Нічога, цярпі, Віцень! - падтрымаў улюбёнца Даўмонт. Ён пагладзіў хлопца па мяккіх ільняных валасах. - Будзе і ў нас належнае свята. Возьмем кроў за кроў, вока за вока!

Ягоны абавязак даць пры людзях грозную клятву: што прагучала - тое трэба выканаць. Але даць клятву проста, стрымаць будзе цяжка. У яго пяць сотняў вершнікаў, а Міндоўг лёгка выставіць пяць тысяч. І ў любы дзень можа абрынуць сваю сілу на Крэва і ўсю Нальшанскую зямлю. І пяць тысячаў конных ахвотна прыскачуць - кожны захоча пажывіцца ў суседзяў пры наездзе. Як адказаць такому ворагу? У якім полі сустрэць? Якімі мечамі перамагчы? Не праглядвалася нават у далечы гэткая магчымасць. А сэрца патрабавала неадкладнага адказу...

Даўмонт выйшаў з гарадзішча і стромкай сцяжынай падняўся на Перунову гару. Зверху ён бачыў свой горад у лозе між пагоркамі, рассеяныя на іх валуны, замак пры Крэвянцы і ручаіне, два шэрагі хат, пабудаваных уздоўж дарогі, і далёка ва ўсе бакі ягоная зямля - парослыя верасам узгоркі, рэдкія пералескі, палі, што кожны год нараджалі больш камянёў, чым жыта. На гэтыя палі ён выязджаў паляваць, сухі верас шамацеў пад капытамі коней, баявы сокал-рарэг злятаў з ягонай пальчаткі, уздымаўся ў неба і застываў чорнай кропкай пад аблокамі, выглядаючы затоеннага звера. На гэтую гару адвячоркам прыходзілі яны з Агнай праводзіць сонца, глядзелі, як знікаюць у вячэрнім змроку далёкі лес, россыпы валуноў, Крэвянка, града пагоркаў, за якія хавалася барвянае кола сонца, і былі шчаслівыя. А цяпер яна і ён растаптаныя і няшчасныя... На гэтую гару прыходзілі ягоныя бацька і дзед маліцца боству ваяроў перад адыходам на вайну і ў наезды, і ён таксама прасіў тут Перуна быць ласкавым да кметаў, калі заклікалі нальшчу на вайну з крыжакамі і мазурамі. А цяпер тут, на святой гары, ён просіць у багоў дапамогі дзеля той бітвы, у якой ён заб'е вялікага князя Міндоўга...

Ён лёг на зямлю і ўбачыў над сабой яснае неба. Успыхвала сярэбраным бляскам, праплывала паміж ім і аблокамі восеньскае павуцінне. Ён зразумеў, што гэта знак, што нальшанскія багі гатовыя выслухаць яго. І Даўмонт сказаў багам: «Вы ведаеце, што я невінаваты. Вы ведаеце, што ў мяне праз подласць забралі маю жонку, маю пару. Я ведаю, што князь Міндоўг схлусіў, мянуючы свае хітрыя словы вашай воляй. Я ведаю, што вы можаце адняць удачу і даць удачу. Я ведаю, што вы можаце не даваць парады і можаце мудра параіць. Я князь гэтай усыпанай камянямі зямлі. Тут жыве няшмат людзей. Мая знявага кладзецца знявагай і на іх. Яны не хочуць жыць зняважанымі. А я не магу весці гэтых людзей у бой з войскам князя Міндоўга - назад вернецца жменька, і ўсе яны будуць параненыя, як ваявода Скурка, ці страцяць вока, як малады вясёлы Віцень. Я не ведаю, дзе, калі і як здолею сустрэць свайго ворага і забіць. Маёй дружыны дзеля гэтага недастае. Але ёсць князі, якія жадаюць таго ж самага, чаго прагну цяпер я. Ёсць полацкі князь Таўцівіл, прагнаны Міндоўгам з Жамойці. Ёсць новы жамойцкі князь Трайнат, пастаўлены Міндоўгам княжыць на землях, якія сам падараваў немцам. Яны пакрыўджаныя, яны таксама жадаюць, каб вы дапамаглі даць перамогу пакрыўджанаму. Зараз я вазьму ў рукі па каменьчыку. І буду чакаць вашай парады - з кім з гэтых князёў мне лепш злучыцца. Калі святло ўспыхне з левай рукі - з Трайнатам. Калі блісне з правай рукі - з Таўцівілам. Калі павуцінкі бліскануць з абодвух бакоў - звярнуся да абодвух князёў».

Сціскаючы ў кулаках каменьчыкі, Даўмонт нерухома ляжаў, узіраючыся ў неба, дзе радзіліся паміж сабой багі, вырашаючы будучыню і ўчынкі помсты. Раптам ярка бліснула сярэбраная ніць з левай рукі. Тады Даўмонт устаў, падзякаваў багам за клопат і пайшоў з Перуновай гары ў свой замак, ведаючы чаго чакаюць ад яго нальшанскія багі.

 

9

 

Згадваючы лёс усіх вядомых ёй людзей і чутае пра незнаёмых, Агна не знаходзіла ў іхных жыццях нічога падобнага на сваю бяду. Здаралася, дзвюх сясцёр браў у жонкі адзін чалавек - адну ўслед за другой, але другая жонка была ці незамужняя перастарка ці ўдава з дзецьмі. Марта прыйшла сюды ўдавой. Няхай і не з ўласнае волі прыйшла, але не ад жывога мужа. Міндоўг быў тады гадоў на дванаццаць маладзейшы. Марта нарадзіла двух сыноў, выняньчыла і ўзгадавала іх, гэта было яе шчасцем. У яе ж, Агны, усё інакш. Міндоўг стары: колькі б гадоў ён яшчэ ні пражыў, ён ужо старызна. Яе муж жывы, яна не ўдава, яна - забраная гвалтам жонка маладога прыгожага князя Даўмонта. Яе муж у Крэве, яна пры пляменніках у Наваградку. У каго яшчэ ёсць два жывыя мужы? Ад першага не нарадзіла, нараджаць ад старога, нелюбага - дзікунства; у кожным разе гэтае дзіця было б няшчаснае, нечаканы клопат для старэйшых братоў. Нават ад думкі, што можна зацяжарыць ад гэтакага старога ваўка, брыдка робіцца на душы. Міндоўг наўрад ці падумаў пра гэта, з яго дастаткова двух наступнікаў, ды і Войшалк можа ў любую хвіліну скінуць рыззё і апрануць княжацкую світку. Міндоўг да яе не цягнуўся, як да Марты. Ён забіў ейнага мужа, высек увесь род Булевічаў, каб стала ўтульным і бяспечным уласнае гняздзішча. А цяпер ён не паварушыў пальцам. Ён не ваяваў з Нальшчай, не асаджаў Крэва, не біўся з Даўмонтам, не зрабіў яе ўдавой, якую мае ўзяць пераможца...

Ён заўважыў яе, калі яна прыехала аплакаць сястру. Прыкмеціў каля труны і насмеліўся на злачынства: замест старэйшай сястры пакінуць пры сабе малодшую. Тыдзень назад - ён муж Веды, цяпер муж Агны. Хлусіць стары Міндоўг пра волю Веды, пра ейны запавет. Нічога яна не шэптала, аніводнага гука, памерла ў непрытомнасці, як кажуць бабкі. Ён прыдумаў за Веду гэтыя дзікія словы, калі яны вячэралі, і яна распавядала, як сястра ўратавала яе ад атруты гадзюкі. Нават перад вечным расстаннем не пашкадаваў сваю жонку, прычапіў да яе памяці дурны жорсткі запавет. Веду ён узяў сілай, яе - бессаромнай хлуснёй. Веда нарадзіла яму сыноў, яна ж гвалтам забраная іх даглядаць. Ды нашто ім цётка? Нашто ім брат, які будзе ў падлетках тады, калі яны стануць дарослымі, сапраўднымі князямі, будуць мець сем'і і думаць пра будучыню ўласных сыноў. Калі Міндоўг і не сканае да таго часу, ён будзе зусім лядашчы, знядужаны дзед. Яны самі паўбраты Войшалку. Яна для ўсіх трох мачаха, для Войшалка - ужо другая, хоць ён сам старэйшы за яе гадоў на дваццаць, а Рэпік і Рукля маладзейшыя на дзесяць гадоў. Гаротны лёс акрэсліў ёй стары князь: стаць новай Мартай, заняць яе месца ў наваградскім замку, у княжых пакоях і на княжым ложы. Застаецца толькі змяніць імя. Як Веда зрабілася Мартай пасля хрышчэння ў нямецкую веру, так Агна можа зрабіцца Мартай, калі таксама ахрысціцца. Хоць выгналі адсюль нямецкіх манахаў, але можна ахрысціцца і ў царкве, каля якой Марту пахавалі. Была Агна - стане Марта. Тады поўная замена, нібыта і не заходзіла сюды ў свае чорныя наведкі смерць: ні княжычам, ні людзям нават не прыдзецца прывыкаць да іншага імя новай княгіні і маці. І падобная тварам на Марту, і апранацца будзе ў ейныя спадніцу, кашулю і світку. Толькі вось як сэрца сабе вырваць, каб не балела, што з памяццю зрабіць, каб нічога не памятала?

Вар'яцтва тое, што задумаў і ўчыніў бязлітасны князь. У старэчым замарачэнні розуму. Не мусіць стары дзед трымаць яе, маладзіцу, за жонку. Хіба хацеў бы ён для сваёй дачкі мужа з такім векам за плячамі? Сваю дачку дык аддаў за маладога Шварна. Не, ён апамятаецца, думала Агна. Аднаго дня сыдзе з яго гэтае насланнё. І ўяўлялася Агне жаданая развязка: да Міндоўга вяртаецца цвярозы розум, ён саромеецца і адпускае яе да Даўмонта, а каб не сорамна было за жорсткі ўчынак, абвесціць усім, што здань памерлай жонкі сказала яму адпусціць сястру ў Крэва. Ці Даўмонт дамовіцца з ім за якую-небудзь службу, і тады браму расчыняць, і яна паедзе дамоў, у Нальшчу, і жыццё вернецца ў ранейшую акрэсленасць. Застануцца пры старым бацьку яе пляменнікі, застанецца пры сваёй старасці і адзіноце пракляты Міндоўг, яна зноў будзе крэўская княгіня, будзе гаспадарыць у сваім замку, куды ўвёў яе тры гады таму пасля вяселля Даўмонт і дзе засталося ўсё, нават яе пасаг, скрыня з яе строямі і вясельным ручніком, які захоўваюць да магілы.

Але міналі дні, мінуў тыдзень - і нічога не адбылося. Міндоўг не адумаўся, не засаромеўся, зацямненне з яго не сышло, а паехаў некуды ў пушчу; ніякай весткі ад Даўмонта і пра яго не прыходзіла; марна было і думаць выйсці з замка праз зачыненыя вароты. І сядзець у адзіноце пад уціскам бяды і жахлівых думак неставала сілы, ды і мусілі не даваць. На трэці дзень па ад'ездзе князя прыйшоў Сірвід, паклаў на стол ключы ад замкоў на клецях і каморах і сказаў, што яму трэба ехаць па справах, а ключы князь загадаў пакінуць ёй: яна - гаспадыня. А ўслед з'явілася чэлядзь з паварні па прыпасы для замкавай аховы і на поліўку для мазураў. Ходзячы з імі па клецях, прасачыўшы, каб узялі патрэбнае, зрабіўшы тое, што звычайна рабіла ў сябе ў Крэве, адчула Агна, што адбылося яе ўладкаванне ў Наваградскім двары: у вачах чалядніц, у іхных размовах яна - княгіня, трымальніца ключоў ад хлебных і мясных клецяў. І шчыльна было ў замку людзей. Здалёк, калі пад'язджала яна са сваёй аховай да Наваградка, памятала Агна, што здалася ёй Міндоўгава крэпасць у чатыры разы большая за Крэўскую. Стаіць на вялізнай гары, вышэйшай за Перунову гару ў Крэве, абкружаная ровам, на стромкіх схілах ікламі тырчаць завостраныя калы, каменная вежа вышыней са стары дуб, перад брамай палова моста разборная, палова пад'ёмная на ланцугах, над брамай два ярусы клецяў з байніцамі для лучнікаў. Але і людзей тут проці Крэва пяцёра на аднаго. Незанятага двара - малы круг пасярэдзіне замкавых пабудоваў. Ды і ён толькі ўначы пусты. А ўдзень усюды тоўпяцца людзі. Адна паўсотня варты каля брамы і на сценах, другая спіць у сваіх каморах, вазы з сенам, саломай рыпяць, другія вазы вязуць гной са стайні. У князевай вежы на адным паверсе пісцы, на другім варта, на трэці - камяні падымаюць, у клецях над брамай калаўрот скрыгоча, калі мост узнімаюць, і пляскаюць ланцугі, калі мост апускаецца. У паварні заўжды таўкатня, да ветру за стайняй заўсёды чарга, а ранкам з камораў нечыстоты выносяць і зліваюць у бочку, якую апаўдня вязуць за горад. А яшчэ ўдзень выпускалі з камораў палоненых мазураў і мазурак, і тыя, ціхмяныя, згаладалыя, блукалі па двары, чакаючы сваю штодзённую ежу няволі - пустую капусту. Толькі ўвечары, калі засыналі пляменнікі, і можна было ад усіх адасобіцца. Але ў гэтай адзіноце душа пакутавала мацней, чым днём у мітусні. Удзень здавалася, што ноччу, у адасабленні, ёй адкрыецца нешта такое значнае, што вызваліць яе, але ў цішыні ночы сэрца сціскаў жах, а душа балела ад уласнай непапраўнай віны - чаму не паслухалася мужа і прыехала сюды, пахавалі б Веду і без яе, праўду казаў Даўмонт. І праз год магла б прыехаць пастаяць каля магілкі. А цяпер застаецца толькі тая надзея, што Даўмонт не сцерпіць і знойдзе, як яе вызваліць. Князь вярнуўся толькі праз два тыдні і ў прыцемках прыйшоў да яе ў пакой пасядзець з Рэпікам і Руклем. Лучына сумна патрэсквала. Міндоўг чамусьці пачаў успамінаць для сыноў, але і ёй давялося выслухаць, аб сваім дзяцінстве. Прыгадваў, як часцяком увечары набіваліся ў бацькаў дом баяры, а ён з братамі ляжаў на палацях, вось як яны зараз ляжаць, слухаў аповеды пра даўнія паходы літвы, вылічэнне продкаў да агульнага ўсім князям прашчура князя Палямона, які прывёў іх на Літву аднекуль з-за мора, а маці частавала баяраў і дзяцей паранай рэпай - і такая тая рэпа была, ці здавалася, салодкая, што нічога смачнейшага з тых гадоў ён не еў. Ды і не кожны дзень карміла маці рэпаю. А ў восем гадоў - пасадзілі на каня скакаць у сядле, і мечам дзядзькі і старэйшы брат вучылі біцца. І моцна лупцавалі па спіне і ніжэй за памылкі. Казалі: зноў прамахнуўся, атрымай узнагароду - і плазам мечаў сваіх па спіне. На жываце часцяком даводзілася спаць, бо на спіне не мог. А каб так жорстка не вучылі, не ўмеў бы абараніцца, даўно б ужо забілі. Але тады, калі гэтак білі, злаваў на ўсіх, у вочы кляўся: адпомшчу, калі вырасту...

- І што, ўдалося адпомсціць? - спытала Агна.

- Хіба за навуку помсцяць? - адказаў пытаннем князь. - Яны ж дзеля дабра. Я не помслівы, - дадаў Міндоўг.

Агна слухала і разумела, што не патрэбна яна Рэпіку і Руклю як мачаха, мінулі іхныя тыя гады, калі неабходная малым маці ці цётка. Зараз ім дзядзька патрэбны. Каб вучыў конна ездзіць, трапна стрэліць, біцца мечам. І бязлітасна лупцаваў за памылкі. А яна гэтак біць няздольная. Даўмонта князю трэба было паланіць замест яе. Ці князя Трайната. Нахлусіў стары князь на памінках перад мноствам сведкаў, не пасаромеўся сваю сівізну абразіць. Адно пабаяўся: абвясціць нібыта апошняю волю Марты, калі яна яшчэ на стале ляжала. Раптам расплюшчыла б вочы і выкрыла: «Не хлусі, князь, маёй сястры!» А з магілы хоць крычы - ніхто не пачуе.

Неяк уначы яна прачнулася ад пачуцця, што ўсіх іх чакае няшчасце. І яе, і злоснага Міндоўга, і ягоных сыноў. Так ёй ясна ўбачыліся непазбежныя бедствы, што нават не ўзнікла боязі: чаго не пазбегнуць - таго сэрца не страшыцца. Ляжала з расплюшчанымі вачыма і бачыла скрозь цемру часу новыя накрэсленні іхнага лёсу: не будзе ім доўгага жыцця - іх усіх заб'е Даўмонт. Яе, магчыма, пашкадуюць, бо невінаватая і паланянка, а малых і старога ўсіх пасякуць, не даруе Даўмонт гэтакага здзеку. І, можа не самога Міндоўга першага заб'юць, а спачатку на ягоных вачах сыноў зарэжуць, Рэпіка і Руклю, каб жахнуўся бацька такому канчатку сваіх подлых учынкаў. А ўжо потым і яму сякерай па карку...

Назаўтра, калі Міндоўг зайшоў на кухню, Агна зірнула на яго і ўпэўнілася ў думцы, што князь зажыўся. Сівы, валасы на галаве парэдзіліся, перапаўзлі ў бараду, жорсткі твар у глыбокіх зморшчынах, скура старая, сцямнелая за доўгі век - яе новы муж і, калі паверыць ілжывым клятвам, сястрой для яе абраны і прызначаны. Нашто яна яму, не ўтрымалася зноўку спытаць яна Міндоўга. Людзі сыходзяцца ў пары, каб род працягваць. А ты трох наступнікаў маеш. Ці хочаш яшчэ аднаго - замест унука ад Войшалка? Князь здзівіўся і разгублена адказаў, што пакуль не меў часу над гэтым разважыць.

- Князь, - спытала яна, - я шмат думаю пра волю сястры, і ўдзень, і ноччу, іншае проста на розум не йдзе. Ці правільна ты зразумеў яе волю? Можа, яна не гэтага хацела? Табе, кажуць, семдзесят гадоў. Мне - дваццаць. Розніца - век. Руклю твайму дзесяць, мне дваццаць. Як бачыш, гады амаль роўныя. Можа, Марта жадала, каб я стала яго жонкай, ды ты не даслухаў?

Міндоўга гэтая нечаканая прапанова ўразіла. Ён застыў, намагаючыся зразумець яе сэнс. І кавалак мяса на нажы нерухома павіс у паветры, блізка ад адкрытага рота. Яна бачыла зжаўцелыя князевы зубы і думала: як стары конь стаў Міндоўг, зубы выдаюць старасць, недарма каня па зубах выбіраюць. У Даўмонта белыя, у яе белыя - яны маладыя, у іх жыццё наперадзе, а ў вялікага князя зжаўцелі ад часу і ўсё адно трэці раз хоча ажаніцца.

Хвіліну доўжылася князева зняменне. Магчыма, ён упершыню падумаў пра жаніцьбу сына ці пра сваю старасць, ці пра вынікі трэцяга шлюбу. Нарэшце, ён скінуў мяса з нажа, абцёр нож аб хлеб і ўклаў у похвы.

- Не! - цвёрда адказаў ён. - Што Марта шаптала, тое ўсе і пачулі. Ты для Руклі і Рэпіка - цётка. Мне - жонка, ім - другая маці. Не заведзена ў літвы з роднымі цёткамі жаніцца.

- Шмат чаго ў літвы і ў нас не заведзена, - запярэчыла Агна. - Хіба з чужою жонкаю жаніцца заведзена? У мяне ўсё ж муж жывы. Усе ведаюць, што гэтак, як ты зрабіў, людзі не робяць. Чаму ж за роднага пляменніка на жаданне ягонай маці, маёй сястры, ісці нельга?

- Таму што жадання такога не было. І быць не магло.

- Не было дык не было, - пагадзілася яна паверыць. - Няхай так, - і выказала наступную прапанову: - Вось у цябе мазуркі сядзяць, ты за іх грыўні чакаеш.

- Чакаю, - адказаў князь. - Толькі, не грыўні, а зброю. А што?

- Няхай Даўмонт мяне выкупіць. Назаві яму цану. І табе будзе карысць, і мне шчасце.

- Я што, па-твойму, збой з лесу? - пасміхнуўся Міндоўг. - Украў цябе дзеля грошай? Трымаю на саломе? Ты зачынена ў клець? Няетая сядзіш? Твая сястра была тут княгіня, і ты - княгіня. Разумееш? Мы з табой сям'я, дзве зоркі - Лель ды Палель. Як я табой таргавацца магу? Вось калі здарыцца бяда, ты ў палон трапіш, - дадаў Міндоўг, - тады, не сумнявайся, выкуплю, колькі б ні замовілі.

- Дык што, не вызваліцца мне ад цябе, пакуль хто вайной не прыйдзе?

- Табе ад злосці трэба вызваліцца, - параіў Міндоўг.

- Хто, князь, з нас больш злосны, - спытала Агна, - ты ці я? Хіба гэта ты ў мяне ў палоне мардуешся?

- А ты не мардуйся! - сказаў князь і выйшаў з пакою, так нічога не з'еўшы.

 

10

 

Здзеклівую Агніну прапанову стаць жонкай Руклі князь Міндоўг прыгадаў увечары, калі ў адзіноце клаўся спаць. Адразу знікла санлівасць, бо ўявіўся хударлявы Рукля ў абдымках налітай здароўем Агны, на княжым ложы, і гэтае відовішча адлюстравала недарэчнасць выказанага Агнаю меркавання. Злосны жарт - зрабіць Руклю ейным мужам. Замест пасагу - былы муж з навостраным нажом у халяве. Нашто дзіцяці такая жонка? Даўмонт ужо безумоўна звар'яцеў бы, калі б справа абярнулася гэткім вынікам. Не патрэбны ёй уладаром дзесяцігадовы пляменнік. Не, не бывае такой бязглуздзіцы нават у жаночай галаве, казаў ён сабе, гэта яна прыдумляе кпіны, каб мяне злаваць. Даўмонт жывы, вось што не дае ёй спакою. Хоць, што ёй было з яго? Колькі там, два ці тры гады пасля вяселля пражылі, а дзяцей не завёў. Ці не ўмее, ці багі працівяцца, не жадаюць, каб Даўмонтава племя пладзілася. А тут родныя пляменнікі, яна тут - вялікая княгіня. А што ў той Нальшчы? Чакай з дня на дзень, калі аўдавееш. Што, Даўмонт прырасціў сабе зямлі, хоць колькі ўмацаваўся? Сядзіць на ўдзеле па бацьку. Што далі, тое мае. Такіх у Нальшчы пяць князёў поседам сядзяць. Адна мара - жыць ціха, як мыш у падполлі, каб кот не палашчыў. Маўляў, гэтак дзяды жылі. Узімку наезд, улетку наезд - каго-небудзь абабралі, лупы па дварах развезлі, брагі напіліся, гароху наеліся, пуза пагладзілі і на печы залеглі спіну грэць - літоўскае шчасце...

Хіба адбіліся б ад Бурундая, калі б не было моцнага Наваградка? Уселіся б на карак татары, як у Разані сядзяць, калі б не яго, Міндоўга, адзіная валадарная воля. Змянілася жыццё за апошнія дваццаць гадоў гэтак неспадзявана, як раней за стагоддзі не мянялася. Толькі дурны можа сумаваць аб прыяцельстве дробных князёў у тыя дзедаўскія часы. Тыя дзяды пра татараў не ведалі, пра немцаў краем вуха пагалоскі чулі. Такіх магутных ворагаў ніколі Літва не мела. Што ў параўнанні з імі наезды мазураў ці русінаў? Наедуць - праз год атрымаюць наезд у адказ. А паспрабуй сваімі крэўскімі, кернаўскімі, гальшанскімі дружынамі на татараў наехаць! Ці на крыжацкія замкі! Няхай паспрабуе Даўмонт сваімі пяццю сотнямі хоць бы Наваградак аблажыць. Што застанецца ад яго праз гадзіну? Пачастунак груганам ды лужына крыві.

Уся бяда малых людзей у тым, думаў Міндоўг, што яны дрэнна кемяць, марудна думаюць пра самае важнае ў жыцці. Чаму немцы лёгка прусаў падпарадкавалі? Бо мелі прусы восем старэйшых князёў, а вялікага паміж сабой абраць не здолелі. І ніхто з васьмі не наважыўся стаць вялікім ды іншых сваім мечам сабе падначаліць. Пры патрэбе - забіць. І на Літве так вялося, пакуль ён, Міндоўг, не вырашыў, што стане вялікім князем. І насуперак агульнай нязгодзе, перашкодам, мноству ворагаў стаў. Было ў яго трыста ашмянскіх кметаў. Цяпер дваццаць тысяч садзяцца ў сядло, калі ён аб'яўляе паход. Ён - першы вялікі князь Літвы. Ён і Полацак здолеў прыяднаць, і землі дрыгавічоў. Ён першы вялікі князь Літвы і Русі. Але пра што, пра каго ён, вялікі князь, змушаны думаць пасярод ночы? Пра якіхсьці Даўмонта, Гаторпа, Любеня, пра іх дробныя крыўды, іхную зайздрасць, іхную братнюю нянавісць, непрыязнасць да зменаў. Цяжка з тымі, у каго глузду ў галаве менш, чым пыхі. Забіць іх - вось тады думаць пра іх не прыдзецца. А калі шкадуеш іх забіваць - яны сваё месца не ведаюць, злуюць, востраць мечы, ад іх жа і абараняцца трэба не менш пільна, чым ад крыжакоў.

Але, праўду кажа Агна, Даўмонт жывы, і жывыя прыязныя да яго Гердзень ды іншыя нальшанскія ўладары. Хоць кожны з іх паасобку яму не пагроза і наогул нікому не пагроза, але зграя груганоў і ліса па полі ганяе... «Ён жывы!» Хіба гэта надта разумны доказ? Ну, жывы. Пакуль што жывы. Ягонае шчасце. Няхай парадуецца - зноўку жаніх. Але калі жывы Даўмонт перашкаджае Агне адчуць сябе гаспадыняй Наваградскага замка, значыць, Даўмонту лепш не жыць. Дзяцей не мае. Калі возьме каго ў новыя жонкі заўтра, дык дзіця захныча праз год. А калі за гэты год Даўмонт загіне, дык крэўская зямля адразу далучыцца да Наваградка. Ды хоць і дзіця будзе, што з гэтага вынікае? Яшчэ адзін няшчасны на белым свеце. Можна і мечам Нальшчу прылучыць. Хоць заўтра. Даўмонт уцячэ і будзе дадзяваць наскокамі на межах. І ўся гэтая зграя дробных гаспадароў у Дзяволтве і Жамойці, пазбягаючы гэтакай долі, злучыцца, каб шкодзіць Наваградку. Таму лепш ісці зведаным шляхам - збіраць іх разам у паход, а ў бітвах заўсёды частка князёў гіне, і частка іхных палкоў гіне, крыўдаваць няма на каго - каму жыць, каму крумкачоў карміць, пазначае Мерцва. Хто застаўся жывы - усё адно знядужаны. А хто загінуў - той пасля хаўтураў забыты. Як Ердзівіл-небарака. Хто сёння аб ім прыгадвае? Быў - і няма. Тое ж і з Даўмонтам можа здарыцца. Не прыйдзецца слухаць скаргі, што жывы. Ну, жыў, а цяпер ляжыць у полі, невядома дзе яго магліцу шукаць. Удава. Няўжо лягчэй зробіцца на душы, калі паведамяць, што Даўмонта немцы ці валыняне забілі? Тады, як заведзена, роспачна паплакаць - і выкрасліць з памяці. Маўляў, што зробіш - вораг забіў! Вольная! Можна без болю ў сэрцы замуж ісці. Не сваёй воляй лёс мяняю, а гэта сякера нямецкая ці валынская змяніла. Немцаў кляніце, мяне шкадуйце... Што мужчынская памяць, што жаночая - нядоўгі час жыве. І ўжо тады, як у людзей прынята, - радуйся жонка новаму мужу, выконвай усе абавязкі, як сястра твая дванаццаць гадоў выконвала. Не, далёка пакуль Агне да княгіні, калі так адчувае. Марта мацнейшая была...

 

11

 

Князь Трайнат атрымаў вестку аб смерці Міндоўгавай жонкі ў той дзень, калі Марту пахавалі. З гэтакім жа спазненнем ён даведаўся пра жаніцьбу свайго роднага дзядзькі, якую той учыніў пасля трэцяга памінальнага кубка. Вестка пра ганьбу, што абрушыў Міндоўг на маладога Даўмонта, прынесла Трайнату задавальненне. Ашчаслівіў яго дзядзька сваім нечаканым глупствам. У найлепшым сне не магла прысніцца такая ўдача. Цяпер ён без клопату атрымліваў надзейнага паплечніка супраць старога Міндоўга. Можна лічыць, радаваўся Трайнат, што Міндоўг сам вырашыў пакласці галаву на калоду. Застаецца ўзняць сякеру. Даўмонт шчасліва і падыме, і апусціць. Больш зацятага забойцу для сябе Міндоўг ужо не падрыхтуе. Дарэмна паклёпнічаюць тэўтонскія рыцары, што ў жамойтаў дрэнныя багі. Вось сведчанне, што яны клапатлівыя пра свой народ: абрыдзеў жамойцкім багам іх шматразовы здраднік, і падштурхнулі яны яго да шаленства. Забраць у жывога князя жонку - зразумела, не навіна, але каб спарахнелы дзядзька забіраў сабе жонку ў пляменніка, такога паданні літвы і жамойці не ведаюць. Нездарма кажуць: сівізна ў галаву - чорт у рабрыну. Прыдзецца князю Міндоўгу плаціць за старэчы юр. Неабачлівы стаў стары князь - гэтак рызыкаваць з-за спадніцы.

Трайнат бачыў баявы тапор Даўмонта над галавой вялікага князя і пасміхаўся, прадчуваючы магчымыя змены для сябе пасля вынішчэння Міндоўгава роду. Так прыемна было пра гэта марыць, што ні аб чым іншым і не думалася. Найчасцей думка была такая: само па сабе нічога не зробіцца. Трэба беднаму Даўмонту дапамагчы, падтрымаць яго, адной сваёй крэўскай дружынай яму Міндоўга не адолець. Як ён бязлітаснага крыўдзіцеля заб̀е, калі не мае магчымасці падступіцца. Гэта ж будзе тое самое, што ў адзіночку паляваць на воўчую зграю - з̀ядуць. Думка пра забойства дзядзькі з кожным днём мацнела, укаранялася ў сэрца і ўрэшце патрабавала дзеянняў. Найперш неабходна было пагутарыць з Даўмонтам, перасцярэч ад паспешлівасці і акрэсліць свае ўмовы. Разлічваць на княжы стол у Наваградку Даўмонт не мусіў, але ягоная помста апраўдвае гвалтоўную змену вялікага князя - нехта ж павінен заняць апусцелае месца. Ніхто не зможа дакараць Даўмонта і называць яго злачынцам. Міндоўг зганьбаваў Даўмонта, таму Даўмонт пакараў Міндоўга. Усё адпаведна старадаўняму святому закону. Шмат хто зараз на гэта будзе спадзявацца. Міндоўг, зразумела, таксама ведае літоўскія законы, ведае, што стварыў сабе смяротнага ворага. Імя «Даўмонт» будзе для яго знакам небяспекі, ды павінна стаць імем ягонай смерці. А тое, што на месца старога Міндоўга сядзе моцны Трайнат, ніхто не аспрэчыць. Правы на стол вялікага князя ў Трайната сапраўдныя: ягоная маці - родная Міндоўгава сястра. Хіба толькі Таўцівіл пачне раўсці, як у карак уджалены, што ён - сын брата Міндоўга, а ягоны бацька быў старэйшы, а па маці не лічыцца, а Трайнатавы бацька жамойт Вікінт, дык няхай Трайнат і сядзіць на жамойцкім удзеле і не зазірае на большае. Ды хто яго, дурня няўдачлівага, будзе слухаць, хто за ім пойдзе? У Рызе ад немцаў хрысціўся, у Полацку ў царкву пабег перахрышчвацца. Ну, і хадзі з крыжом на шыі, як вол з ярмом. Князі Нальшчы, Дайновы, Дзяволтвы і тут на Жамойці падтрымаюць яго, Трайната, бо адной веры, маладзейшы і мае сілу. Усім Міндоўг пёры з хвастоў выдзіраў. Падабалася на нямецкі лад уладарыць: гукнуў - спяшайся выконваць. Мне, маўляў, карона нямецкая галаву аздабляла, розуму дадала. У каралях пабываў, Рукля недарослы - у каралевічах. Генрык - так яго нямецкія святары ахрысцілі. А малодшага, Рэпіка, - Андрэем. Каралевіч Генрык для Наваградка, князь Андрэй для Жамойці. А тое, што раней усю Жамойць немцам граматай падараваў, - пра гэта памятаць не варта. Гэта, маўляў, у часе вайны давялося дараваць. Ваенная хітрасць. Каб выжыць. Каб Данілу Галіцкага перасіліць з дапамогай рыцарскіх посілкаў. Па трэцяе калена абразіў жамойтаў тою дамоваю. Пакуль ён жывы, Жамойць пры ім. І ўсе, хто на Жамойці жывуць, таксама. А пасля яго скону - жамойць ідзе пад немца, самі тады з крыжакамі разбярэцеся. Ці яны з вамі разбяруцца, як з прусамі. Усю жамойць у залежнасць ад свайго веку прывёў. Выгадна стала для жамойтаў, каб жыў ды жыў, канца века не ведаў. Хітры быў дзядзька Міндоўг... Чаму ж Наваградак не падараваў? Ці Вільню? Ці сваё родавае ашмянскае гарадзішча з прылеглымі землямі? Бо не сцярпела б баярства наваградскае і віленскае, калі б падараваў князь іхныя землі ды іх саміх немцам. І вежа каменная не ўратавала б ад смерці. Задушылі б пасамі. Што ім ды яму да жамойтаў - далёка ад Наваградка іхныя землі, няхай немцы іх ціснуць і б'юць, не шкада...

І быццам адчуў Даўмонт, хто пра яго думае і хоча пабачыцца - у двор да Трайната прымчаў з Крэва ганец з прапановай аб сустрэчы. Добры будзе з Даўмонта князь, ацаніў прапанову Трайнат, не памыліўся каму замест Міндоўга ў Наваградку валадарыць. З першымі маразамі князі з'ехаліся ў пушчы. Сэнс спаткання нагэтулькі абодвум быў зразумелы, што, не пятляючы, адразу дамовіліся пра галоўнае: Трайнат сваім войскам дапамагае Даўмонту адпомсціць, а Даўмонт сваёю дружынай дапамагае Трайнату ўзяць Наваградак. Як і калі гэта здарыцца, не абмяркоўвалі; вырашылі проста - пры зручным выпадку. Магчыма такі выпадак надарыцца зімой ці ўвесну, залежна ад непрадказальных варункаў - раптам хто наедзе, і Міндоўг скліча войска ці сам выправіцца куды з дробным аддзелам аховы. Можа, на ловы. Калі і куды - не прадбачыш. Галоўнае - быць напагатове, чакаць вызначаны час. Багі вызначаць і падкажуць. Рысь у засадзе па некалькі дзён чакае сваю ахвяру. Не спіць, не варушыцца. Вось і нам трэба затоена сядзець. Няхай наваградскі князь мяркуе, што крыўду сцярпелі і перад ім скарыліся. Маўляў, што зробіш проці волі вялікага князя, проці яго вялікай сілы - сіла салому ламае. Трэба хітраваць, усыпляючы ягоную пільнасць, замерці перад скачком, і да гэтай змовы нікога да апошняга дня не далучаць. Хто не любіць Міндоўга, той сам на гэтых ловах далучыцца. Прыкладам, полацкі князь Таўцівіл пажадае прыгадаць роднаму дзядзьку, як ад падасланых забойцаў уцякаў, у балотах, нібы тая жаба, хаваўся. Але цяпер і яму ані слова. Бо здольны зрабіць, каб ні сабе не было і нікому. Ад зайздроснага дурня ўсяго можна чакаць...

Заняла сустрэча гадзіну, але цалкам перакроіла Транатавы настрой жыцця: цярплівае чаканне скону Міндоўга змянілася на ўзрушанае чаканне дня расправы з дзядзькам і заняцця Наваградка. Вырашаная незалежнасць ад веку Міндоўга адкрыла іншую прастору для клопату і задумаў.

Вечарамі, калі збіраліся ў доме госці і чэлядзь - і хто праў, хто пяяў, хто шчапаў лучыну, хто займаў увагу жахлівымі ці вясёлымі казкамі, - князь Трайнат глядзеў на жонку, дачку, чаляднікаў і думаў: «А ў хуткім часе не тут, а ў Наваградскай вежы будзем вечарамі сядзець. Усе яны са сваімі кроснамі, калаўротамі, песнямі ды казкамі туды перамесцяцца. А тут, у Кернаве, малодшы князь сядзе - мяне слухаць, з немцамі біцца. А хутчэй, не князь, а намеснік, каб не займалі галавы небяспечныя мроі пайсці тым жа шляхам, якім ён, Трайнат, у Наваградак прыйшоў. Шкада роднага дзядзьку забіваць, не надта добрая справа, ды па-іншаму ў вялікія князі не трапляюць. Міндоўг сваё пражыў. Калі ён сам памрэ, дык Войшалк на памінках можа расчуліцца, скіне чорны клабук з галавы, насуне бацькоўскую карону - цяжка будзе зняць. Ці наваградцы паміж сабой пашэпчуцца і паставяць Руклю, каб урады свае пры сабе захаваць. Няма выбару. Шкада не шкада, а забіць трэба. Багі паклапаціліся, усё наперад пралічылі і акрэслілі, ужо мсціўца вечарамі вострыць на камені меч...

Наводзячы размову на абмеркаванне сямейнага жыцця Міндоўга, Трайнат задаволена слухаў, як жонка і бабы ганьбавалі князя Даўмонта, што ціхмяны і лёгка праглынуў крыўду - забралі жонку, а ён як бязрукі. Што мы з вамі ведаем, пярэчыў тады Трайнат, можа ён і радуецца гэтаму. Міндоўг сабе ягоную ўзяў, а ён сабе маладзейшую, некранутую знойдзе. Ды і што ён здольны зрабіць - Наваградак узяць у аблогу сваімі сотнямі? Хутка дружыну яго спластуюць, як жончыну ахову спластавалі. Праўда, пагаджаліся з ім, калі цвяроза паглядзець, дык лепш будзе зноў абабіцца. А потым зноў у вялікага князя Міндоўга жонка памрэ, смяяўся Трайнат, і зноў ён Даўмонта халасцяком пакіне. Зноў Даўмонт вяселле згуляе, зноў у Міндоўга жонка памрэ... Усе душыліся рогатам. Нявесела цяпер князю аднаму начамі мерзнуць, кпліва шкадавалі Даўмонта бабы: малады, а на печцы адзінока, як зломак, ляжыць, старыя нянькі ежу гатуюць. Не пазайздросціш Даўмонту: калі вырашыў Міндоўг яго са свету зжыць, дык зжыве...

Адно блага, думаў Трайнат, што цяжка да Міндоўга падступіцца. Абкружыўся баярамі ды кметамі - не праломішся да яго. Калі куды выпраўляецца - наперад нікому не адкрывае. Чужога чалавека ў сваю службу пры двары не бярэ. Трэба сярод яго блізкага атачэння нявернага ці пакрыўджанага чалавека пашукаць, ці вернага цяпер, але здольнага здрадзіць князю, калі нешта атрымае для палепшання сваёй долі. Заўсёды знойдзецца ахвотнік паскудства ўчыніць... Сярод баяраў і ўраднікаў наўрад ці хто пагодзіцца. Яны больш, чым маюць пры Міндоўгу, ад новага князя не атрымаюць. Ім і зручна, каб Міндоўг, як крумкач, доўга жыў і доўга валадарыў. Яны пры яго ўладзе заможныя, вышэй не ўздымуцца, дык нашто ім рызыка з гары на падлогу падаць... А вось кмет просты, які марыць у сотнікі трапіць... Ці чаляднік, якому абрыдла ваду ў князеву лазню насіць. Паабяцаць яму, што будзе свечнікам і двор атрымае. Яму і рабіць нічога не трэба ўласнымі рукамі - шапнуць толькі трэба ў падстаўленае вуха, куды князь збіраецца ехаць ды з якой аховай. Павінны быць паблізу Міндоўга такія людзі. Захацеў бы Міндоўг, дык і тут падобных мярзотнікаў знайшоў, і пры Даўмонце таксама нехта такі ходзіць. Усюды яны ёсць - хто слабы, хто хцівы, хто злапомны. Але дробнага занятку людзі баяцца сваё жыццё на кон ставіць. Можа, і рады былі б узляцець, ды крылы курыныя, успудзяць князя цікаўнасцю ды жахам у вачах. Могуць і прызнацца са страху ў сваіх задумах і марах. Не, з драбязой чалавечай дамаўляцца - сябе прыніжаць. Урадніка трэба знайсці, хто мае давер - з канюшых каго, мечнік, крайчы, ваяводы... Ведаючы ўсіх міндоўгавых ураднікаў, кожнага ў думках узважваючы, Трайнат не бачыў ніводнага, хто пагадзіўся б увайсці з ім у змову. Радвайла пабаіцца, ваявода Сірвід лепш памрэ за свайго князя, чым здрадзіць... Вось калі толькі гэты разанскі выгнаннік, Міндоўгаў радца, захоча? Бліжэй за ўсіх стаіць, сваякоў тут не мае, па родавай княжай звычцы на высокае месца мусіць зазірацца. Трэба будзе з ім сустрэчу наладзіць, пазначыў сабе на будучыню Трайнат. Калі большага хоча - адгукнецца. А тыя, што першыя ў полымя не палезуць, потым прыбягуць падтрымаць, калі справа будзе зробленая. Занадта доўга Міндоўг пры ўладзе - шмат каго крыўдзіў. А зараз не ўсім спадабалася, як князя Даўмонта абразіў. Смешна яно смешна, бо не сам у пастку нагой патрапіў, ды ёсць што ўзважыць. Калі жонку сваю імгненна сцер з памяці, дык што пра баяраў казаць? Прыб̀е кожнага, як камара. Вядома, крэўскага князя няма чаго шкадаваць - сам дазволіў сваёй бабе залезці ў воўчае логава. Няхай і кусае сябе за локаць. Але пераканалася кметства на гэтым Міндоўгавым жарце, што саслабеў іх вялікі князь, шалее ад старасці, значыць, захістаўся яго княжы сталец. А моцнага наступніка не мае: Руклю яшчэ дужэць гадоў сем, Войшалк у манастырскай каморы княжыць. Ніхто сваё жыццё за іх класці не пабяжыць.

 

12

 

З усіх ураднікаў вялікага князя Агна адчувала прыхільнасць толькі да разанца Астапа. Яна бачыла, што ён шкадуе яе. Астатнія глядзелі з той абыякавасцю, якое вартая бяспраўная сваячка гаспадара. Чужая двару і Міндоўгу, яна не магла ім нашкодзіць ці быць карыснай. Сястра памерлай княгіні, цётка княжычаў, перахожая жонка паводле запавету, няпрагная да ўлады - усё гэта абяцала мала карысці ад прыяцельства. Міндоўгава атачэнне трымалася з ёю ветліва, віталася пры сустрэчы, жадала здароўя пры развітанні ў тых выпадках, калі выпадала сустракацца на двары ці разам сядзець за сталом. Князева жонка - што князева маёмасць: лепш да яе не прыглядацца і надта блізка не падыходзіць. Жывая яна ці хварэе, пакутуе ці радасная - не нашая справа, не любіць літва тых, у каго вока на чужую маёмасць вострае, а язык доўгі.

Прыветлівы, гаваркі разанец мог за чвэртку гадзіны больш запытаць і расказаць, чым санавітыя ўраднікі за тыдзень. Жаласлівых словаў Астап не казаў, але позірк у яго быў сяброўскі. Зойдзе ў паварню, пажартуе, пра нешта спытаецца, нешта раскажа - вось і спачуванне. Іншым разам ён апавядаў свае прыгоды з мінулага жыцця. З асобных успамінаў Астапа даведалася Агна, што ён з разанскіх князёў. Бацька ў мяне быў ліхі, казаў Астап, старэйшага брата і пяцёх дваюрадных на застоллі пасек, але ў полі бітву не вытрымаў і давялося яму ўцякаць у стэп. З полаўцамі доўга мы сябравалі, разам з чарнігаўскім князям на Галіч біць Данілу хадзілі. У чарнігаўцаў Астапу не надта шанцавала з-за бацькі, якому не магло даравацца братазабойства, у Наваградку пашчасціла - князь Міндоўг за бацьку яго не дакараў, узяў да сябе. Дзякуй богу, уладкаваўся, а мог у татараў у палоне сядзець, як іншыя разанскія сваякі, кабылінае малако ў даёнку надойваць. А сям'я? А якая сям'я? Тая сям'я там згубілася, згінула ад татарскіх арканаў ці згарэла, калі горад палілі. Не засталося следу. Прыгадваюцца ў снах, казаў Астап. Я і не бядую дужа. Як у нас кажуць: не страшыся, браце, на той свет прарвёмся, на небе сустрэнемся. Там з першай сям'ёю зноў і сыйдуся. Тут жыццё грахоўнае і нядоўгае, нядоўгае і жорсткае: каму дужа шанцуе, каму наадварот. Я ўдачлівы, знарокам хваліўся Астап. І жывы, і князь Міндоўг двор мне падараваў, што пасля забітага баярына застаўся, а пры дварэ - жонка з дачкой, зараз ужо ад мяне сына нарадзіла. І будавацца не давялося, усё гатовае - хата, двор, дзеўка, стайня, хлеў, каморы, само прыйшло ў рукі. Калі ад сваіх і ад полаўцаў уцякаў - адчайваўся, здавалася, сэрца парвецца ад горасці і няўдачы, памру ў сядле і звалюся пад капыты. А цяпер думаю: як бы яшчэ пражыць гэтулькі, колькі пражыў, сына выгадаваць, вялікі дом зрубіць. Колькі месца займаў на ўслоне, гэтулькі і буду займаць, але вось, паказацца трэба, што не лыкам шыты. Людзі любяць, калі спіну перад імі згінаюць. Іншы яшчэ і ацэньвае, наколькі чалавек перад ім нахіліўся - глыбока ці схітраваў, у пашану ці не ў пашану яму згінае свой хрыбет. Сам калісьці так глядзеў, а цяпер шмат перад кім нахіляюся. Магу табе сказаць, не надта гэта прыемная справа кланяцца.

- А мне як быць, Астап? - спыталася Агна. - А што ты можаш? Бог цярпеў і нам вялеў. Лепш жонкай быць, чым цёткай на столаку пры печцы, - адказаў ён.

- Брыдка мне тут жонкай быць.

Астап уважліва паглядзеў на яе:

- А як з князёў у слугі? А сястры, тваёй, думаеш, лёгка было?

Усім не соладка, думала Агна, ды якая ж ад гэтага палёгка? Астап сюды сам прыскакаў і шчаслівы, што двор займеў. Марту ўдавой прывялі. А ёй што тут рабіць? Штодзённа пільнаваць, каб не аб'ядала князя ягоная чэлядзь, шчасціць Міндоўга думкай, што не народзіць сястра памерлай жонкі братоў Руклю і Рэпіку? Падумаўшы так, яна вырашыла, што даўмелася падставы гвалту над сабой: баяўся, пэўна, Міндоўг баяўся, што ў Руклі з'явяцца сястрынічы і некалі, праз гады, ўзнікне небяспека сутычак між імі. Можа, неаднойчы яны з Мартай пра гэта меркавалі і тая гэтаксама баялася? Але іх жа трэба нарадзіць было, гэтых братоў, думала Агна. І чаму браты? А раптам дачок яна нарадзіла б князю Даўмонту? Якая ж ад дзевак пагроза Руклю? І наогул ад сваякоў па кудзелі? Яны ж Даўмонтавічы былі б, дзедзічы Нальшчы. А пакуль наогул дзяцей няма. Няўжо для Міндоўга і куст уначы - мядзведзь?

Ад тужлівага наваградскага жыцця найшла на Агну бяссоніца, усю ноч магла яна праляжаць, не забываючыся ні на хвіліну. Аб адным і тым думалася, адно і тое ж прыгадвалася. Ад паўтарэння і думы надакучылі, і ўспаміны сталіся цьмяныя. Прыгадваліся маці і бацька, прыгадвалася, што іх забілі мазуры, і яна думала - так было ім наканавана. А ёй наканавана ціха паміраць у пакоі сястры. Але ўсім прызначана багамі адказваць за кожную благую справу. Мазуры забівалі яцвягаў - мазураў шмат пазабівалі. Немцы вёскі і людзей палілі - іх за гэта ў вогнішча кідалі. Так і Міндоўгу прыйдзе час пацярпець за яе пакуты.

Неяк удзень яна прыснула і прысніўся ёй сон. У сне нальшанцы захапілі наваградскі замак. Яна бачыла, як Скурка прыбіў дзідай да варотаў брамы ваяводу Сірвіда, і той вісеў, перабіраючы нагамі. А на версе каменнай вежы Даўмонт і Віцень разгойдвалі старога Міндоўга за рукі і ногі, а разгайдаўшы, падкінулі ў паветра, і князь паляцеў уніз з крыкам жаху, і глухі ўдар паведаміў ёй, што яе вызвалілі. Яна зірнула з вежы ўніз - там, у замкавым рове, у бруднай лужыне, ляжаў Міндоўг, наскрозь працяты астрогамі. А потым Даўмонт і яна скакалі знаёмай дарогай у Крэва, у свой родны дом. А ззаду скакала ахова, Віцень, Скурка, вясёлыя кметы. Добры сон, думала яна, калі абудзілася. Толькі нікому нельга яго пераказаць: раз'юшыцца Міндоўг ад такіх прадбачанняў, выправіць людзей забіць Даўмонта. І застаўся сон ейнай таямніцаю. Можа, ён прарочы, думала Агна, можа збудзецца...

Пасля дзядоў, калі дажджы змяніліся маразамі і прыпарушыла зямлю снегам, пазначаючы блізкі канец пакутлівага для яе года, пачула Агна ад чалядніц змрочную для сябе вестку - Даўмонт шукае новую жонку. Нібыта ўжо пасылаў сваіх ураднікаў глядзець дачку Гаторпа, і да яцвяжскага князя Скамонда ездзілі ад яго шукаць нявесту, можа яшчэ куды выпраўляў людзей. Сэрца не дазваляла Агне ў гэта паверыць. Прыгадваючы Крэва, Перунову гару, дзе ўдвох часцяком праводзілі сонца, дом, свае рэчы ў доме, печ, ложа, пакрытае ейнаю посцілкай, яна не магла ўявіць, што ў гэтым доме замест яе будзе жыць, гаспадарыць, спаць, сустракаць Даўмонта, хадзіць разам з ім на Перунову гару іншая жанчына. Я ж жывая, думала Агна. Хіба Даўмонт ўдавец? Што яны вырабляюць? Міндоўг бярэ мяне за ўдаву. Даўмонт шукае жонку, быццам аўдавеў. Яны абодва здурэлі. Агна вырашыла спытацца ў Астапа - ці праўдзівыя чуткі, што князь Даўмонт скарыўся, забыў на яе і пасылае людзей на агледзіны выданніц.

- Ходзіць пагалоска, - адказаў разанец, - што ездзяць па дварах ягоныя мечнік і лоўчы. Можа, што і выездзяць. А можа і не. Небагата гожых дзевак у княжых дамах. Ён, сама разумееш, абы каго прывесці не можа. Я гэтак скажу табе: лепш яму хутчэй ажаніцца. Усім было б спакайней - і вялікаму князю, і Даўмонту, і табе.

Пацверджаная Астапам горасная вестка дашчэнту абязволіла Агну. Нічога не змянілася з бабінага лета, наперадзе яе чакала непраглядная нуда, яна не ведала чым абнадзеіцца, дзе шукаць сабе апірышча. У душы збіралася журба, усе жаданні ўсохлі, усё здавалася непатрэбным, чужым, бязрадасным. Вось я зрабілася што голае дрэва зімой, думала Агна, сухастоіна, ссекчы мяне трэба.

Неяк выдаўся зусім тужлівы для Агны дзень. Яна адзінока засела ў пакоі, нават пляменнікаў адправіла ад сябе. Пачаў бы хто лямантаваць «Гарым! Ратуйся!», дык і з ложа не ўстала б: што дымам удушыцца адразу, што тугой здушлівай за доўгія месяцы - адно і тое ж. Бяда да бяды цягнецца - Міндоўг нібыта такога яе бязвольнага стану чакаў. Увечары ўвайшоў да яе ў пакой, і яна адчула, што ён застанецца тут да ранку. Ён сеў побач яе, потым прылёг побач і пачаў песціць і палез пад кашулю халоднай шурпатай рукой. Агна слухала ягонае дыханне, і было ёй усё роўна: у жонкі яе возьме, ці задушыць гэтымі шурпатымі рукамі, ці заб'е за абыякавасць да яго, толькі б ні пра што не пытаўся і ніякіх словаў ёй не казаў. Не клікала яна яго, пэўна, падмануўся, думаючы, што Рэпіка і Руклю наўмысна ад сябе адаслала, каб ён прыйшоў. Вось і прыйшоў...

Стары князь - нядоўгія ласкі. Ён заснуў, і яна хутка заснула, можа, раней, чым ён; пасярод ночы прачнулася, побач ляжыць цёплае расслабленае чужое цела. Яна павярнулася да сцяны, нудна было думаць, нашто яно ляжыць побач, а ранкам прачнулася - не было каля яе сівога мужа. І такое ўзнікла ў яе пачуццё, што прыснілася ёй непатрэбная князева любоў, не прыходзіў ён да яе, прымроілася яшчэ адна жуда ў змроку ночы...

Так і старалася думаць, што бачыла страшны сон проці ранейшага, прарочага, пакуль не адчула, што цяжарная. З маладым мужам спала - нічога ў лоне не завязвалася, а Міндоўгава старэчае семя адразу пайшло ў рост... Звар'яцець можна ад такой бяды. Быццам атручаны камень засунуў ёй у чэрава ўдавец па сястры. Яна адчувала апальваючы цяжар гэтага каменю. Усе думкі былі гарачкавыя, нават у сне аддавалася жудой прысутнасць у целе ненавіснага семя. Узгадвала, як з Даўмонтам марыла пра сына: яна зацяжарыць, а ён будзе прыціскаць вуха да жывата і слухаць рухі свайго дзіцяці. Не давалася, не рос жывот. А цяпер надзьмецца, і будзе сядзець у ім маленькі Міндоўг. Жонка князя Даўмонта зацяжарыла вырадкам князя Міндоўга. І падзяліцца сваім няшчасцем няма з кім. Не крыкнеш князю - нашто мне твой вырадак? Нашто ён табе? Стары ваўкалак толькі ўзрадуецца. І баб не папросіш параіць - усім раскажуць: у князевых сыноў неўзабаве будзе брацік ці сястрычка. На ганьбу Даўмонту.

Трэба было пазбаўляцца ад каменю, які ўзрастаў у чэраве. Ды дзе ўзяць зелле ў гэтым замку сярод чужых людзей, дзе ўсе адзін у аднаго пад наглядам. Скажы хоць выпадкам адно слова - «каноплі», і адкрыецца, што носіць князеў падарунак ды хоча вытруціць. Варту прыставяць пільнаваць, каб не вытруціла вырадка. Паверыўшы сэрцу, Агна папрасіла Астапа прынесці ёй патрэбнае зелле. Той некалькі хвілінаў моўчкі ўглядаўся ёй у вочы: позірк у яго быў праніклівы, быццам ён намагаўся ацаніць, ці вартая яна выратавання і ягонай дапамогі. Нарэшце ён сказаў: «Ты хоць разумееш: калі князь дазнаецца - мне галаву знясуць!» - «Не дазнаецца! Клянуся!» - абяцала Агна, і ён паверыў ёй.

Цяпер яна гаспадарыла ў паварні, каб заварваць выратавальную для сваёй годнасці атруту. Праз тры тыдні ў лазні, раптам схапіў жывот невыносны боль, быццам агонь там запаліўся, і пацякла з улоння кроў. Проста на палок вылілася тое, што магло стаць яшчэ адным Міндоўгавым наступнікам. «Перапарылася» - тлумачылі чалядніцы выкідыш, і засталося для ўсіх таямніцай: жадала яна выкінуць ці хацела насіць. Можа, і хацела, ды не пашчасціла, і ў такім выглядзе давядзе пагалоска яе бяду да князя Даўмонта. І Міндоўг будзе гэтак думаць. Яму даспадобы: не хацела - адно, не пашчасціла - другое. Не пашчасціла - трэба паўтарыць, каб быў вынік.

Ён прыйшоў шчаслівіць, калі Агна ачуняла. Перад народам, калі апрануты ў кальчугу, апяразаны мечам, пакрыты шлемам ды футравай апанчой - грозны князь Міндоўг, проста як той Пярун з неба сыйшоўшы, а пераступіў парог для любові - на плячах старая світка, кашуля паяском падперазаная, кудлы, хоць і прычасаныя, вісяць павуціннем - дамавік. За печчу сядзець, цвыркуна слухаць, а ён гвалтаваць прыцягнуўся. Смешна глядзець на яго.

- Здарылася нешта, Міндоўг? - спытала яна.

- Рэдка бачымся, - адказаў князь.

- А нашто нам часцей бачыцца?

- Ну, трэба, відаць, - лагодна, сказаў Міндоўг. - Ты - жонка, я - муж!

- Ты - муж, я - жонка? - пасміхнулася Агна, агледзела князя халодным позіркам з галавы да ног, і здалося ёй, што стаіць за плячыма Міндоўга шызаваты цень. Гэта Мерцва ўжо па пятах яго ходзіць, здагадалася яна радасна. А ён не бачыць, няма на княжай патыліцы трэцяга вока. Памрэ хутка князь, а вось клапоціцца, хоча ёй незабыўны дарунак на ўсё жыццё пакінуць. Сапраўдны гаспадар: паміраць збіраецца, а жыта сее. Хоць бы падумаў, куды ёй пайсці з такім плёнам пасля ягонае смерці.

- Ведаеш, Міндоўг, - яна вырашыла гаварыць князю шчыра, - згулялі мы адно сабачае вяселле - хопіць на мой век. Ты мне не муж, я тваёй жонкай быць не хачу. Толькі калі гвалтам возьмеш. Пакліч сваіх кметаў, няхай за рукі, за ногі трымаюць, тады кладзіся на мяне, рабі дзіця. Інакш - не.

Яна бачыла, што гэтыя словы яго раз'юшылі. Ды што ён мог - накінуцца на яе з кулакамі, паклікаць чэлядзь, загадаць «трымайце маю жонку за рукі, за ногі, буду дзіця рабіць», каб навечна стаць пасмешышчам для слуг і дружыны.

- Паасобку - дык паасобку, - перадужаў гнеў князь.

Ён узяў з палацяў і кінуў на лаўку воўчую шкуру, лёг і накрыўся світкай. Яна адчувала, што ён не спіць. «Вось і добра, не спі! - падумала яна - Лепш па розных кутах ляжаць, як дзед і ўнучка. Памерзне на лаўцы, адляжыць спіну, не хутка зноў прыйдзе. Не трэба будзе атруту глытаць». Супакоеная сваёй малой перамогай, яна хутка заснула.

Назаўтра Агна зноў паклікала да сябе Рэпіка і Руклю. Яны спалі над ёй, на палацях. Калі гасілі лучыну, яна расказвала пляменнікам, якія ў іх былі дзед і бабка па маці, які быў у дзеда двор, як плавалі яе браты ў Зэльве, на беразе якой стаяла іх княжае гарадзішча. Асабліва падабалася Руклю і Рэпіку слухаць паданні пра бітвы яцвягаў з мазурамі і русінамі. Да ранку былі гатовыя не спаць, просячы ўсё новых апавядаў; у суцяшэнне сірацінам Агна выдумляла пра далёкія паходы, удачлівыя наезды прадзеда, пра смерць іх дзеда і бабкі ў бітве з мазурамі два гады таму. Мазураў наехала безліч, яцвягаў на гарадзішчы была жменька, стрэлы ў іх скончыліся, мечы затупіліся, але ніхто меч не кінуў, у палон не пайшоў - не прынята ў яцвягаў здавацца на варожую ласку. Калі яцвяг у палоне - значыць, параненым узялі ці нейкай хітрасцю. А калі яцвяжку возьмуць гвалтам, яна дзіця ад гвалтаўніка кідае ў дрыгву. Шкада, што вы дзеда з бабкай не памятаеце, казала Агна. Яны вас бачылі: вы з маці месяц на гарадзішчы ў нас жылі, калі вайна была, а ваш бацька з валынянамі біўся. Вы ў кашулях па хаце поўзалі, я цябе, Рэпік, хадзіць вучыла. Калі б не той мазурскі наезд, можна было б дзеда і бабку наведаць, а цяпер там кастрышча і пустэча. Яна прыгадала некалькі песень, якія спявалі бацька і дружына на застоллях, і напявала іх пляменнікам... І гэта ўсё, што яна магла зрабіць для сыноў сваёй сястры. Няўжо дзеля такой драбязы, думала яна, князь Міндоўг зламаў маё жыццё, сапхнуў мяне ў вір і навёў на сябе і сваіх дзетак цень смерці?

 

13

 

Міндоўг, чуючы соннае дыханне Агны, узгадваў гады, пражытыя з яе сястрой. Ва ўспамінах дзесяць гадоў іхнага жыцця асвятляліся радасцю. Можа першыя месяцы, прызнаваўся ён сабе, былі не надта шчаслівыя: яна прызвычайвалася да яго пасля Вішымунта, плакала па начах, выплакваючы з душы свайго забітага мужа. А выплакаўшы, зразумела: памяць - не жыццё, памяць - гэта цені. Ты - тут, з жывымі, а дзе памерлыя, дзе забітыя, дзе іхныя цені - невядома, не памацаеш іх, не абдымеш. Жывеш - значыць прымай тое, што бачыш, змяні тое, што можаш змяніць, трывай тое, што змяніць няздольны. Яна прыняла яго і стала пяшчотнаю жонкай, гаспадыняй замка, разумнай дарадчыцай. Яны перажылі вайну, голад і прагу пры аблогах, паразы і здрады, і перамаглі, і яна нарадзіла яму сыноў, і кахала яго. Разам з ім яна хрысцілася, разам яны хрысцілі сваіх дзетак. Рэпік і Рукля і зараз носяць на грудзях крыжыкі, якія яна трымала ў сваіх руках. Яна любіла называць сыноў іх хрысціянскімі імёнамі - Генрык і Андрэй. Марта ніколі не забывалася на той дзень. Ён здаваўся ёй найшчаслівым, мо таму, што ў той дзень яна аддалілася ад сваёй мінуўшчыны. Нібыта яны перакрочылі мяжу ў новы свет, дзе былі іншыя звычаі, іншыя святы, іншыя людзі. У сведках стаялі лівонскі магістр Андрэй Сцірланд і ягоны аддзел крыжакоў, і тысячы тутэйшага народа глядзелі, як ордэнскі святар Хрысціян пырскаў на іх вадой, надзяваў крыжы, казаў і пяяў на таямнічай касцёльнай мове. І Марта была радасная, і ён быў радасны, бо дзякуючы гэтым крыжыкам на грудзях, Даніла Галіцкі страціў лівонскую дапамогу ў той жорсткай вайне. А праз два гады яны з Мартай былі шчаслівыя, калі на дазвол рымскага папы магістр Лівоніі загадаў зрабіць для іх залатыя, аздобленыя каменьчыкамі каралеўскія кароны. Крыжакі прывезлі іх у Наваградак і біскуп Генрых усклаў яму і Марце на галовы гэтыя адзнакі ўлады, а ўслед ён атрымаў каралеўскі меч, пярсцёнак і прызнаны ўсімі герб - вершніка з узнятым мечам. Ён стаў наваградскі кароль, яна - наваградская каралева, сапраўдная каралева, якая ўмела прадбачыць у будучыні вынікі бягучага дня. Не ён прыдумаў, гэта яна яму падказала дамагацца падпарадкавання царквы на Літве рымскаму папе, а не біскупу з Рыгі, каб стаяць з немцамі нароўні, а не ніжэй. Калі яшчэ паспрабуе хто-небудзь стаць тут каралём і каралевай! Можа ніколі і ніхто. Калі тут зноў будзе рымская царква! Можа і будзе, бо зямля ўжо ахрышчаная, і праз тысячу гадоў не забудуцца, што гэта Міндоўг быў хрысціцелем Наваградскага княства і Літвы. Дарэмна ён не паслухаўся Марты і расхрысціўся. Чым з немцамі ваяваць, прасцей было б перабіць князёў - і сваіх, і яцвяжскіх, і прускіх. Сабраць на раду, і каля вогнішча ахова пасекла б усіх мечамі раз і назаўсёды. Не насмеліўся бонду сваяцкай крыві спусціць у раку. Пабаяўся ад іх пазбавіцца - бойся, што яны цябе заб'юць. Было б ужо вялізнае каралеўства; можа, і Марту, калі б засталася б яна з каронай, абышла б бокам кашчавая Мерцва.

Нічога гэтага не перажыць побач яго Агне, а яму з ёй. Не хрысціцца ім разам у нямецкую веру, не прымаць паслоў з Рыма, не ўцякаць ад забойцаў і не спадзявацца на ўдачу. Усё гэта было, не паўторыцца, бо ён пераможца, яму не трэба болей падманваць крыжакоў, хрысціцца ў іхную веру, прасіць у папы карону і тытул. Ён гэта зведаў. А яна мала зведала, ды і не было дзе і з кім. Навучыла маці гатаваць, прасці і марыць пра дзіця для князя - уся жаночая навука. Яна падобная на сястру, але яны розныя, як золак і прыцемкі. Агна яшчэ доўга будзе дзьмуць на вугольчык сваёй крыўды, сваёй памяці пра Даўмонта, толькі таму, што той малады, а ён, Міндоўг, сівы. Так вядзецца - маладыя не любіць старых. Ён сам у маладыя гады не любіў старых: прайшоў жыццё сваім шляхам, не перашкаджай іншым ісці сваім... Але ў сэрцы сціхае боль разлукі з Мартай, калі Агна побач, калі ён бачыць яе, чуе яе голас, яе дыханне - такое ж як у Марты. Яна хоча застацца толькі цёткай для пляменнікаў, а жонкай быць не хоча. Няхай. Сілком любы не будзеш. Нічога яна пра княскае жыццё не разумее. Пакуль дзіцяці баба не мае, розум у яе дзявоцкі - пра пустое марыць, сама сабою зачараваная. Маладая ваўчыца таксама ваўку ўсміхаецца, хвастом перад ім круціць, а як вывадак з'явіцца і галодныя шчанюкі заскавычуць - ніякіх гульняў, сама мужа свайго з логавішча гоніць на паляванне: разбойнічай, патрапь у аўчарню, забі, кармі. Дзеўка аб прыгожым хлопцу сумуе, баба з дзецьмі - аб надзейным здабытчыку і абаронцу. У цётках сядзець - няшмат розуму трэба. Каму будзе патрэбная цётка, калі пляменнікі падрастуць? Куды пойдзе? У якое запечча? Марта разумела сілу ўлады. Нарадзілася б князем, усіх бы, пэўна, да рукі сваёй прыбрала. А ў сястры сэрца мягкае, чуллівая. Ды што з чуллівай княгіні - адно вочы мокрыя, нецікава...

Вось зрубіў Войшалк мужчынскі манастыр. Марта марыла жаночы манастыр паставіць. Зручнае месца для гаротных дзевак, удоў, цётак з княжых сем'яў. Няхай моляцца ў сваіх каморках. Можа, Марта думала пайсці ў манастыр па ягонай смерці. Напэўна, правільна думала. Лепш там жыць гаспадыняй сабе, чым пры сынавай жонцы няньчыць унукаў. Ну што рабіў бы сёння Войшалк, каб не меў на сабе манаскага рыззя? Пужаў бы народ на дарогах, ці стаяў проці бацькі, чакаючы, калі вызваліцца бацькава месца, каб біцца за яго з іншымі князямі. А ў манастыры ніхто яго не бачыць, не чуе, ні з кім ён не б'ецца. Хіба толькі лоб б'е аб падлогу. І для такіх, як Агна, не будзе лепшага прыстанку, чым пусты пакойчык за манастырскай агароджай. Палякі і русь даўно іх набудавалі. Якая баба не вельмі паслухмяная - яе туды, богу служыць, каб настрой не псавала. Але пакуль ён, Міндоўг, жывы, Агна пры ім будзе жыць. Не пакінуў бы яе ў замку - не чуў бы зараз гэтага дыхання, а ў тым, што супярэчыць і злуе, таксама нешта ад маладой Марты. Быццам тая пасля смерці змянілася, ажывіла дзявоцкі нораў.

Усе людзі, жадаюць ці не жадаюць, да новага жыцця прывучваюцца. Каня пад сядлом хадзіць і звона мечаў не пужацца гадамі навучаюць. Рэдкая кабыла адразу ў аглоблі смірна становіцца. Так і ў княжацкай сям'і. Марта хутка паслухалася. Агне час патрэбны, каб прызвычаіцца. Якой паважнай марай магла запаліцца пры Даўмонце? Што за князь, які пра большую ўладу не дбае, задаволены малым удзелам? Гэтак ураднік мусіць думаць. Яму з ласкі княжай даецца, яму пра большае нават марыць не дазволена. А князь жыццё перайначвае, ён абавязаны моц памнажаць. Усё трымаецца сілай і на сіле. Няма іншага закону на гэтым свеце. Не сабраў князь Земавіт сілу, і валяецца ягоны сын на саломе, б'е вошы, а маці ходзіць, шпакуе, просячы грыўні на выкуп. Няма ў Даўмонта сілы, і не вырушыў ён у паход адбіраць Агну. А была б сіла - рушыў. Цяпер, кажуць, шукае новую пару і моцнага цесця. Ды дзе ж адшукае? Дачку лішнюю, можа, і збудзе хто. Але войска не, не дадуць. Няма ў Таўцівіла сілы, і задаволены ён, што дазволена яму княжыць у Полацку. Адчуе сябе мацнейшым валынскі князь Васілька Раманавіч, адразу прыйдзе браць лупамі за даўнія крыўды. А няма моцы, дык будзе мітусіцца, шукаць посілкі.

Аднак, пэўна, прыйдзе, падумаў Міндоўг, калі даўмеўся аб'яднаць чарнігаўскую сілу з валынскай праз жаніцьбу бранскага княжыча з валынскай князёўнаю. Нічога добрага для Наваградка пасля такога вяселля не народзіцца. Лепш засцерагчыся і разбурыць магчымы саюз, думаў Міндоўг. Жыццё князёў і княстваў на шалях ляжыць: адзін узмацніцца - другі саслабее, адно землямі прырасце - другое землі страціць. Хочаш мець больш, даводзіцца ў кагосьці адняць. Адзін у аднаго і адбіраюць. Хто слабейшы, таго першага і абскубуць. І жонку забяруць, і працаваць на сябе прымусяць. Расплюшчыць трэба бранцаў, тады валыняне будуць ціха сядзець. Няма міру на зямлі і не можа быць міру. Хочаш для сябе міру - сам выпраўляйся вайной. Мазураў супакоілі, трэба бранцаў супакоіць. Вось чым князь ад іншых людзей розніцца - ён прадбачыць і вырашае. Вось дзесьці далёка імчыць гэтай ноччу ганец. Нікому ён адзінокі не пагроза. Таму спакойна стаіць варта, неразбудна спіць мечнік Радвайла, ціха крыўдуе Агна. А князь думае: чаго гэта імчыць ноччу вястун з Валыні ў Бранск? Хто паслаў, з якой мэтай? Усе спяць, а князь думае, і чуе голас баявога рога, подых вайны. А на супрацьлеглым боку свету, хоць ніхто там не скача, але гарыць святло ў пакоях ордэнскага магістра, і збіраюцца да яго комтуры з усіх крыжацкіх цвердзяў. А мне што за справа, скажа на гэта мечнік Радвайла ці просты кмет. А князь так не скажа, ён мусіць адгадаць мэту сходкі. Можа іхная мэта - нечакана ўдарыць на прусаў Мантуса, тады і ён, Міндоўг, саслабее. Нашто ж яму трэба слабець, лепш немцам крыло падрэзаць. Ды не толькі сваім нажом. Варта князя Аляксандра з Ноўгарада прыцягнуць да выправы. Ганца паслаць, сустрэцца так, каб ніхто не ведаў, дамовіцца калі ды якой сілай напасці...

Гэты ёмкі клопат заняў думкі князя, і побач з ім крыўды Агны, яе кпіны і абыякавасць, страцілі для Міндоўга важнасць. Марта год звыкалася, думаў ён, і сястра малодшая нікуды не дзенецца, прызвычаіцца шанаваць.

 

14

 

Зіма выдалася марозная, частыя завеі непралазна закрылі ўсе дарогі да немцаў і да іх, і месяцы ад калядаў да вялікадня прайшлі для наваградцаў мірна. А вясной, калі растае снег і разліваюцца рэкі, вайны не пачынаюць - няма дзе прайсці коннаму і пешаму войску. Таму і зіму, і вясну ніхто не наязджаў, самі па лупы не хадзілі, толькі на ловы ў пушчу выпраўляўся Міндоўг, калі заядала яго нуда замкавай аднастайнасці.

Агна ў тыя дні, калі князь ад'язджаў паляваць, чакала, што яго прывязуць у замак забітага. Ажэніцца Даўмонт наноў ці не ажэніцца - ягоная справа, але ён абавязаны адпомсціць. Ніхто не аддасць Даўмонту сваю дачку, пакуль ён не адпомсціць за першую жонку. І мроілася ёй, як Даўмонт тоіцца ў лесе і выпускае стралу ў разбуральніка іхнага жыцця. Але князь вяртаўся цэлы. Ацэньваючы вышыню сумётаў і стойкі мароз, Агна разумела, што гэтакай смерці Міндоўга чакае дарэмна. Адкуль Даўмонту ведаць, калі збярэцца вялікі князь на ловы, дзе яго трэба чакаць. Не можа ж ён у лютыя маразы месяцамі сядзець у засадзе. Але супроць разумных высноваў трапятала ў сэрцы надзея на ўдачу, калі двор чакаў вяртання князя з пушчы. «Няўжо так і застанецца ўсё, пакуль Міндоўг сам па сабе не сканае?» - тужліва думала яна. Чакаць сабе волі месяц за месяцам, а можа і год за годам, гаспадарыць у ненавісным замку на правах цёткі, прымаць паклоны ад чэлядзі як князевай жонцы. Зашмаргу ён для мяне сплёў, думала Агна.

Зімовыя дні яна бавіла за кроснамі - ткала посцілку, каб заглушыць працай горасць неадступных думак. Страціўшы князеў дарунак, захаваўшы волю, Агна паспакайнела, і ў гэты час паявіліся ў яе суразмоўніцы - дзве мазуркі, якіх удзень выпускалі з камораў, каб не акалелі там з холаду. Звалі іх Ванда і Малгажата. Ванду павінен быў выкупіць бацька, ужо прыязджалі ад яго ўдакладняць выкуп. Малгажата была замужняя, і ў Варшаве застаўся яе трохгадовы сын. Яна была ўпэўненая, што яе выкупіць муж. За паўгода палону мазаўшанкі схуднелі, адзенне збузавалася, валасы віселі патламі, а больш за ўсё ім хацелася есці. Князь на Агніну просьбу змяніць паланянкам адзенне адказаў так:

- Калі іхныя сваякі даведаюцца, што іх кормяць, мыюць, даюць вопратку, іх ніколі не выкупяць. Сваякі, каб ты ведала, не надта шкадуюць тых, каго ў палоне шкадуюць.

- Хіба больш пашкадуюць, - запярэчыла Агна, - калі ўбачаць ссохлых, няскрэбеных, у лахманах, паедзеных вошамі ды блашчыцамі? Наадварот, падумаюць: што выкупляць - шкілет?

Князь падумаў і пагадзіўся напалову:

- Калі такая чуллівая - нагрэй ім вады.

У кухні за печчу мазуркі ўпершыню з лета памыліся. «Пан Езус, - казала Малгажата, - ніколі не думала, што буду шчаслівая, стоячы ў балеі з цёплай вадой. Калі муж выкупіць, месяц адсяджу ў лазні. Паем - і на палок. Абальюся вадой - і зноў есці. Вось якія цяпер мары - як у бяздомнага сабакі. Раней бывала прачнуся - Пане Божа, у касцёл трэба бегчы, там імша, як жа без мяне, ксёндз будзе крыўдаваць, Пан Бог не даруе. Цяпер прачнуся і думаю - Божа, дзе мне сёння лустачку хлеба выклянчыць. Палову цела страціла. Сядзець няма на чым. Косці пад скурай грукочуць. А раней я мажная была кабета. Муж не пазнае, абдымаць пабаіцца...»

Мужу Малгажаты было за пяцьдзесят, ёй - дваццаць тры. Малгажата знарок казала, што толькі так і трэба замуж ісці: муж яе кахае, усё, што яна жадае, для яе робіць, а калі хутка памрэ, дык ў яе яшчэ ўсё жыццё наперадзе. «Тады новага старога заваражу, - распавядала яна пра свае далёкія разлікі, - потым трэцяга. Але каб бяздзетныя былі. Каб мой сын стаў багатым наступнікам. А галоўнае - каб толькі не мазуры. Лепш за каго з кракавякаў - далей ад прусаў і літвы, каб наездаў не баяцца, зноў не трапіць у палон. Таямніца ўлады над тымі, хто паважанага веку, магу паведаць, можа калі прыдасцца, вельмі простая - пяшчотнае слова на дзень. Гэта для іх як мёд. А дзе мёд - там і мухі».

А Ванда марыла па вяртанні дадому пайсці ў касцёл, месяц, на каленях стоячы, маліцца перада абразом Панны Нябеснай, каб сцерліся з памяці перажытыя жахі. Ноччу сняцца жудасныя сны, удзень жыць не хочацца. Вусцішна! Пойдзеш замуж, народзіцца дзіця і дрыжы ўсё жыццё, што наедзе яцвяг, спаліць хату і двор, заб'е мужа, забярэ сына ў палон. Лепш у кляштар падацца, сядзець за сценамі, не ведаць і не бачыць гэтых жахаў. А мы, яцвягі, пакрыўджана пярэчыла Агна, баімся, што наедзе мазур, абрабуе, заб'е, забярэ ў палон. Як маіх бацьку і маці забілі. «Усе мы злыя, - адказвала дзеля замірэння абедзвюх Малгажата, - і літва, і кракавякі, і рыцары нашы, і мы, бабы. Не прыгадаю выпадку, каб хоць адна сказала мужу пасля наезду: «Навошта ты мне нарабаванае прывёз? Яно ўсё ў чужых слязах. Кінь на дарогу, няхай жабракі падымуць». Не, чужую світку прымервае, чужыя завушніцы, пярсцёнкі надзене, чужымі футрамі шубу падшые, чужым жытам сваю сям'ю корміць, а мужа ўхваліць - зух, шмат прыдбаў, гаспадарлівы і клапатлівы. Можа, каму і лепш будзе ў кляштары. А мне не надта хочацца. Я паесці люблю, у мяне пярына была, узаб'еш - вышынёй з локаць. Вярнуся, усе гусі будуць голыя хадзіць, але пярыну наб'ю пад столь. Змарылася на саломе, як кабыла, спаць...»

Часцяком заходзіў да іх у пакой Міндоўг павучыцца, як ён тлумачыў, мазурскай мове. Але, хутчэй, яго цікавіла пабыць сярод маладых жанчын. Тады і сыны з ім прыходзілі і сядалі побач бацькі на лаўку браць урок. Утраіх яны паўтаралі за Малгажатай і Вандай пад гудзенне калаўротаў і стук набіліцаў на кроснах: «Жычымо дужо здровя», «Іле ест гвязд на небе?», «На двожэ мруз, пшы пецы пшыемна», «Словік спева на шчэнсьце, врона - на смутэк», «Крэв в жылах сень сьціна». Неяк назіральны Міндоўг прыкмеціў, што Агна змяніла на кроснах узор.

- Новая посцілка? - спытаў ён без асаблівай цікавасці.

- Не. Спадніца знасілася, трэба змяніць.

- Хіба, адну маеш? - не ўразумеў ён. - Няма ў кубэлку?

- Гэта не мае, - адказала Агна. - Маё ў Крэве.

Князь нібы спачувальна кіўнуў, але, адзначыла Агна, раздражніўся. Пэўна, сам на сябе, што раней не прыгадаў пра яе маёмасць, што засталася на памяць першаму мужу.

Назаўтра прыйшоў да яе разанец Астап з пытаннем:

- Што прывезці? Князь па твае рэчы пасылае.

- Нічога! - адмовілася Агна, разумеючы, што Міндоўг вырашыў яшчэ раз прынізіць Даўмонта. - Нічога ты не прывязеш. Нічога ён не верне. Дарэмна едзеш.

- Блага мне паміж двух агнёў стаяць, - адказаў на гэта Астап.

Вярнуўся ён праз тры дні са скрыняю, бязладна набітаю яе світкамі, спадніцамі, кашулямі, посцілкамі і абуткам.

- Нашто ўзяў? - спытала Агна.

- Ты можаш з князямі спрачацца, - растлумачыў ён. - Мне не дазволена. Даўмонт сказаў забраць. Ужо напагатове скрыня ў сенцах стаяла.

Разбіраючы свае рэчы, над кожнай яна ўсплакнула, прыгадваючы, што маці для яе ткала, што сама ткала, што з бабамі ткала на Даўмонтавым двары. Падыспадам паказаўся ручнік, які яна сама саткала і падаравала Даўмонту на вяселле. Не толькі гэтым ён быў дарагі ёй і павінен быў быць дарагім Даўмонту. У татарскі наезд Бурундая, калі яны хаваліся ў пушчы, яна гэтым ручніком перавязвала Даўмонту раны. На льне і засталіся бурымі плямамі сляды ягонай крыві. Усё ён вярнуў. Быццам пахаваў. Вымецены яе сляды з ягонай хаты...

І здалася ёй скрыня труной. Рассыпаліся апошнія надзеі вярнуцца ў Крэва, паплакаць на Перуновай гары аб заканчэнні пакутаў. Прыслаў ёй Даўмонт акаваную дамавіну - прыбярыся, былая жонка, у святочнае, кладзіся і заплюшчы вочы навечна. Хіба яе віна, што ў Міндоўга вялікая сіла, а ў Даўмонта малая? Ахова не абараніла, сам прыцярпеўся, нявесту шукае, а ёй дае волю: хочаш - жыві па сэрцы, хочаш - па хітрым розуме, а не хочаш - вазьмі ды памры. Чыё сэрца, думала яна, супакоіла б ейная смерць? Міндоўгу не дастанецца, марна стары князь грашыў, зноў яму развітвацца з жонкай, сядзець пры дамавіне, стаяць ля свежай магілы. Зацёр яе сляды князь Даўмонт, пагадзіўся назваць сваю жонку жонкай Міндоўга. А калі і трымае памяць, дык злосную - як падставу помсціць вялікаму князю. За сваю меншую ўладу, меншую дружыну, за знявагу. Пра ейны боль не ўзгадае. Даўмонт забыўся на яе, трэба ёй на яго забыцца. Не адновіцца іхнае жыццё, двойчы той самы ручнік не даруюць. Няхай і будзе гэтак, як ён вырашыў. Веда пакінула ёй сыноў, стануць яны яе прыёмныя дзеці - адзіныя сваякі на свеце, іншых не засталося...

Гэтае сваё крэўскае адзенне яна аддала мазаўшанкам. Дарунак прыдаўся да вызвалення. Напрыканцы зімы прыбыў поезд мазураў з выкупам забіраць Конрада і другіх палонных. Быў сярод іх і муж Малгажаты, такі ж сівы, як Міндоўг, толькі маладзейшы. І гэтак шчасліва ён сваю Малгажатку абдымаў, і ад радасці, што жывая, шчыра плакаў, і рукі ёй цалаваў, што зайздрасць працяла Агну: вось каб яе хто так клапатліва выкупіў. Пры развітанні Малгажата сказала: «Можна думаць пра жыццё - не пашчасціла. Можна думаць - пашчасціла. Няхай ён цябе кахае, як мой мяне. А ты любі сябе, неба, лазню, лес, пярыну, дзяцей. Я на тваім месцы карону на галаве насіла б ужо». З'ехалі вазкі з былым палонам з Наваградка, і Агна засталася адна з пляменнікамі, з памяццю аб галасах мазаўшанак, аб іх розных марах, і аб парадах Малгажаты, якія, адчувала, не здолее здзейсніць ніколі: не мае яна, ці не прачнулася яшчэ ў ёй ахвота кіраваць іншымі, гаворачы адно пяшчотнае слова на дзень...

На радуніцу, калі Міндоўг быў у паходзе, павяла Агна Руклю і Рэпіка на жальнік да Марты. Пачысцілі ад леташняга лісця і паправілі магілку, пасумавалі, і Агна адпусціла пляменнікаў. У адзіноце яна прысела на капец і пачала плакаць, адчуваючы свае бездапаможнасць і бяссілле ў жыцці. Уявілася Крэва, ігэтак моцна захацелася быць у сваім доме, пад крылом у Даўмонта, з якім гулялі вяселле, які прыехаў за ёй з дружынай, які казаў ёй пяшчотныя словы і глядзеў на яе закаханымі маладымі вачыма. А тут нікога роднага, ніхто не любіць, усе чужыя, бо і ёсць чужына, замест сястры - капец халоднага пяску, куды ні зірні - нічога свайго, і ўжо да скону цярпець гэты лёс паланянкі...

Выплакаўшы боль з сэрца, пакінула Агна могілкл і чамусьці замест замка скіравалася да лацінскай бажніцы, што стаяла за замкавым ровам пры дарозе ў горад. Гэта была невялічкая будыніна са стромкім дашчатым дахам і крыжам, прымацаваным над дзвярыма. «Вось, дзе Веда хрысцілася», - падумала Агна і зацікаўленая ўвайшла ў бажніцу. Каля дальняй сценкі яна ўбачыла на стале крыж, асветлены некалькімі свечкамі, а перад ім стаяў на каленях чалавек, у якім яна пазнала канюшага Сіпайлу. Ён азірнуўся на рып масніцы і Агна прыкмеціла ў ягоным позірку здзіўленне і разгубленасць. Канюшы перахрысціўся, устаў з каленяў і выйшаў з хаціны. «Гэтак і Марта тут на каленях стаяла», - падумала Агна і нібы адчула яе прысутнасць. Над агеньчыкамі свечак, пад самым дахам варушыўся нейкі цень. «Гэта яе цень», - вырашыла Агна, і пачала расказваць сястры пра сваё цяперашняе жыццё. Была б ты жывая, гаварыла Агна, і я была б шчаслівая пры маладым мужу, ці падманвалася б, што шчаслівая. А цябе няма - і жыву я ў тваім доме, п'ю з твайго кубка, ем тваёй лыжкай, гадую тваіх дзяцей, а брата тваім сынам нарадзіць ад Міндоўга я не захацела. Думаў, магчыма, твой муж, што я ва ўсім буду, як ты, абарачуся ў цябе, а я не магу сваё мінулае тваім замяніць. Памятаю, як забіраў цябе да сябе Вішымунт, я маленькая была і зайздросціла: хацелася і мне хутчэй пайсці замуж. Ні Вішымунта, ні цябе - адзін твой муж Міндоўг усіх перажыў. Напэўна, калі б мяне некалі гадзюка не ўкусіла, я няшмат памятала б пра цябе. Я дзяўчынка была, ты - выданніца. Сёстры выходзяць замуж, а іхныя мужы могуць да смерці варагаваць, і сёстры ўсё жыццё не бачацца. Калі б не тая гадзюка ў малінніку, я, відаць, ненавідзела б цябе зараз, бо твой муж маё жыццё зламаў. А цяпер я ведаю: нахлусіў ён мне і ўсім пра тваю апошняю волю. Ён нахлусіў, а таму я жыву недарэчна. Калі была з Даўмонтам, хацелася мне доўга пражыць, а цяпер зноў зайздрошчу табе, як у дзяцінстве. Ты зноў пры бацьку і маці, і мне часцяком хочацца да вас, каб маці папесціла і бацька пашкадаваў. Былі такія ў мяне дні, Веда, што я тваіх сыноў Рэпіка і Руклю не любіла і не хацелася мне іх бачыць - Міндоўгава семя, а прайшла злосць, і шкада мне іх, што без тваёй ласкі растуць. І трывожна мне за іх. Калі ты ды іншыя нашыя дзяды можаце іх з нябёсаў апекаваць, дык падайце нам знак проці бяды, таму што ходзіць за Міндоўгам смерць, а ён не бачыць. І я буду клапаціцца пра дзяцей, а вас чакаць восенню на вашае свята. А як далей жыць, не ведаю. Не атрымліваецца ў мяне думаць «пашанцавала» аб тым, што прыняла як няшчасце. Такое ў мяне адчуванне, сястра, што я не стаю на зямлі, а нясе мяне некуды вецер. Калі хацела назад да Даўмонта, мелася ў мяне сіла трываць. Ды ён мой вясельны ручнік мне вярнуў і перад маім крыўдзіцелем скарыўся. Нявесту шукае. Цяпер у Крэва не хачу, а тут трымацца не маю за што. Не магу я за тваіх сыноў ухапіцца - і нашто падлеткам няшчасная цётка? Блага я прыдумала вытруціць сваё дзіця. Але не пра яго тады думала, а пра Даўмонта, пра чужых людзей, чужыя словы. Яго пашкадавала, сябе пакарала... А цяпер пра Даўмонта зрэдку думаю, а ў чым знайсці для сябе радасць - не ведаю. Калі б ты ці маці наша прыйшлі да мяне ноччу, далі падказку, што мне рабіць... Мне, апроч вас, ніхто не дапаможа, а сама я не ведаю, як мне прачнуцца і адчуць сябе жывой у гэткім жыцці.

 

15

 

У сярэдзіне траўня Міндоўг павёў літву і літоўскую русь на сустрэчу з апалчэннем ноўгарадцаў князя Аляксандра для сумеснага нападу на крыжакоў. Дамова пра паход была тайная, ніхто да выправы не рыхтаваўся, і палкі збіраліся ў спешцы. Ганец, якога пасылалі ў Крэва, прывёз адказ, што Даўмонт ісці не можа, але дружына вырушыць. Сам князь, як паведаў ганец, напаўжывы, ледзь соваецца па хаце - конь скінуў ды патаптаў. «Нешта яму не шанцуе», - зазначыў Сірвід. «Ты так думаеш? - адгукнуўся Міндоўг. - Здаецца мне, што наадварот. Замест вайны будзе на печцы ляжаць. А ты як мяркуеш? - запытаўся ён у Астапа. - Шанцуе ці не?» - «Відаць, шанцуе, калі жывы», - пацвердзіў той.

Праз месяц аказалася, што ўратаваўся Даўмонт ад марнай выправы. Войска вярнулася без страты людзей, ды без удачы. Міндоўг кіпеў злосцю: ноўгарадцы супраць абяцанага не з'явіліся, а ваяваць з немцамі толькі ўласнымі сіламі князь не захацеў: ён сваіх людзей пакладзе, а ноўгарадскія і пскоўскія дружыны прыйдуць на гатовае. Падман Аляксандра ператварыў далёкі паход у бессэнсоўную прагулянку некалькіх тысячаў ваяроў. Потым князю апавясцілі, што Аляксандар мусіў ехаць у арду на ханскі выклік, але не надта гэта Міндоўга суцешыла: і час, і прыпасы, і конская сіла былі выдаткаваныя дарэмна, хоць не менш важная мэта была ў другім накірунку - на бранскай мяжы.

Не было б дамовы з Аляксандрам, дык распачаў бы князь лета бранскім паходам. Крыжакі пасля дурбенскага разгрому не хутка ачуняюць, а вось калі Раман Бранскі з Васількам Валынскім праз шлюб сваіх дзетак з'яднаюцца, дык ахвотна пойдуць вайной на наваградскія і літоўскія землі. Няхай Вольга Раманаўна яшчэ ў нявестах пасядзіць, думаў Міндоўг, а Ўладзіміру, другому сыну Васількі, можа бацька адшукаць пару і на Літве - не сышоўся свет клінам на бранскай князёўне. Бацькам пажадана ўзмацніцца, дык спароўваюць дзяцей нібы жарабца і кабылку. Няхай жаніх выйдзе ў поле побач бацькі, можа са смерцю там пабярэцца. Хоць дзеўку ўдавой не зробіць. Без вайны іх вясельны запал не астудзіцца...

Усім князям ад Жамойці да Полацка ганцы павезлі загад збірацца пад Слуцак у сярэдзіне жніўня, маючы харч на месяц. Куды вырушыць сабранае войска, ні ганцы, і ніхто, апроч самога Міндоўга, не ведаў. Ездзіў такі ганец і ў Нальшчу, і прывёз адказ, што Даўмонт са сваёй дружынай прыйдзе. А што іншае ён меўся адказаць, пасміхаўся Міндоўг з гэтае згоды. Што на вайну не пойдзе? Хто ж яму дазволіць у хаце сядзець, калі ўсе рызыкуюць. Больш ваяроў - менш смерцяў. Не тое што князь, кожны кмет у гэтым зацікаўлены і сочыць, каб іншы на хваробу не спасылаўся, за печчу не адседжваўся, пакуль ён ваюе. Паміраць - дык разам...

На Жамойць, у далёкую паездку, Міндоўг паслаў не дваровага ганца, а польнага ваяводу Астапа, бо трэба было дакладна вызначыць з князем Трайнатам колькі жамойцкіх аддзелаў варта пакінуць для засл�ны межаў ад магчымага наезду крыжакоў і колькі ён павядзе ў поле. Астап узяў ахову і пагнаў ад заставы да заставы, кожныя дваццаць пяць вёрстаў мяняючы коней. Праз два дні ён быў у кернаўскім замку і стаяў насупроць Трайната ў яго княжым пакоі.

Яшчэ не распачаўшы размовы, толькі пачуўшы сціплае прадстаўленне «ганец князя Міндоўга», гледзячы ў блакітныя, прамяністыя, прыветлівыя вочы разанца, Трайнат усхваляваўся - чуццё падказвала яму, што ён недарэмна пра гэтага чалавека з восені думаў. Нічога нельга было прачытаць у гэтых вачах, усё веданне жыцця было заслонена нібы дзіцячай даверлівасцю і прастадушшам. Быццам забыўся разанскі князь на свае шматлікія папярэднія пакаленні, на рурыкавіцкую годнасць, задаволіўся лёсам польнага ваяводы і адказнага ганца. Не можа гэтак быць, думаў Трайнат. Пэўна, марыць ён пра ўладу, удзел, пра вяртанне на сваю княжую ступень, пякуць яму сэрца наступствы разанскіх няўдачаў бацькі. Абодва ведалі адзін аднаго па войнах з крыжакамі і мазурскім паходзе, але ранейшыя справы не заахвочвалі Трайната прыглядацца да блізкага чалавека Міндоўга; Астап таксама не шукаў увагі Трайната, якому вялікі князь вярнуў бацькоўскі сталец на Жамойці за добры бой з немцамі каля возера Дурбэ. Цяпер ён убачыў у вачах Міндоўгавага сястрыніча цікаўнасць да сябе, і наважваўся адгадаць яе прычыну. Насупраць, ён ведаў, стаяў чалавек з воляй, рашучы, жорсткі, разумны, і такі чалавек не мог углядацца ў ягоную душу без важнае мэты.

- Ганец? - усміхнуўся Трайнат. - Помніцца, летась ты быў ваявода і радца князя Міндоўга.

Ліслівыя словы не маглі быць выпадкам - жамойцкаму князю няма патрэбы ліслівіць баярыну. Таму Астап успрыняў словы Трайната за праверку сваёй абачлівасці.

- Не, - не пагадзіўся ён, - я пры ім слуга. Князь Міндоўг, калі хоча параіцца, сам з сабою і раіцца. Ну, здараецца нейкім разам - з ураднікамі.

- Значыць, ты ўраду не маеш? - спытаў Трайнат, быццам са здзіўленнем, хоць ведаў, што ўраду няма, інакш Астап назваў бы сябе па ўраду.

- Не маю, - пацвердзіў Астап. - Тутэйшыя маюць. Я ж нетутэйшы.

Трайнат спачувальна пахіваў галавой, нібыта дакараў Міндоўга за памылку, і адпусціў ганца адпачыць.

Увечары князь паклікаў Астапа павячэраць. У пакоі сядзелі сам-насам, і ў застольнай бяседзе Трайнат без бачнай падставы пачаў распавядаць пра цяжкія прадчуванні на будучыню, ківаў на жаданне прыяцельства з Астапам, які бядуе без свайго разанскага княства, а княства, забранае татарамі, - без яго, а ён змушаны жыць на чужыне неадпаведна дзедаўскаму праву. З гэтых словаў, зразумеў Астап, вынікала магчымая змена ягонага лёсу. Цяжкія прадчуванні тычыліся Міндоўга, які, са словаў Трайната, хоць і дажыў да глыбокай старасці, усё ж не пазбягае буйных памылак. Узяць хоць бы, казаў Трайнат, ягоны ўчынак з Даўмонтам. Адных крыўдзіць, іншых не шануе. Вось калі б, прыкладам, Астап служыў у Трайната, ужо даўно хадзіў бы першым ваяводам, атрымаў бы ўдзел, не падсаджваў бы старога князя на каня і не ганяў бы конна на лясных небяспечных дарогах, як просты кмет. Але наўрад ці Астап захоча здымацца ды ехаць на Жамойць?

- Не думаў пра гэта, - асцярожна адказаў Астап. - Не меў нагоды.

- Падумай, - прапанаваў Трайнат. - Кожнаму наперад трэба думаць. Вядома, Міндоўг - моцны князь, але - век вельмі паважаны. Нават у сялянскай хаце, калі гаспадар знясільваецца, не можа хадзіць за ралам, ссекчы дрэва, ён пераходзіць за печ, саступаючы кут маладому, дужаму, хто здольны карміць двор. Вось і для князя Міндоўга надыходзіць такі час, ён сам яго прыспешвае, злуючы багоў. Адзін ягоны сын лахманы чорныя апрануў, два іншыя - дзеці. Значыць, нехта з боку прыйдзе на княжы сталец у Наваградак, калі Міндоўг аднаго дня змушаны будзе прызнацца: «Змарыўся валадарыць, хачу адпачыць!» Калі вялікі князь адыдзе ад справаў, шмат якія дробныя князі запаляцца жаданнем заняць ягонае месца, пачнуцца звадкі, а хіба гэта добра пры мностве ворагаў на ўсіх межах? Наперад няшмат людзей заглядаюць. Лепш сярод нешматлікіх быць, чым сярод натоўпу неабачлівых, якія заднім розумам жывуць. Калі ўсё споўнілася, яны бачаць, што інакш трэба было думаць, і тады разводзяць рукамі, б'юць сябе кулаком па лобе, дзівяцца на сваю някемнасць: «Эх, як раней не дадумаўся! Век жыві - век вучыся!». А вучыцца позна, калі прапусціў міма сябе дзень удачы. Гэта, прыкладам, як у сечы: прапусціў удар меча па галаве, дык ужо не навучышся шчытом засланяцца. Позна пра гэта думаць, лежачы на зямлі. Таму, калі адчуеш, ахвоту, падумай...

Астап слухаў паважліва, нібы адкрывалася яму ў словах жамойцкага князя надзвычайная, нязнаная раней мудрасць жыцця, але нічога не ўдакладняў і ні пра што не пытаўся. Як заўгодна можна тлумачыць такія княжыя выказванні. Пакуль што лепш сядзець прасцяком. Хуткая вошка сама пад грабеньчык бяжыць. Ноч наперадзе, хопіць часу паразважаць. І князь Трайнат адчуў, што яго суразмоўца адзначыў у памяці сутнасць прапановы і будзе ўзважваць яе карысць і рызыку. Таму ён без перапынку перайшоў на падлік пешых аддзелаў, якія пакіне ў Жамойці на шляхах крыжацкіх наездаў, і коннага палка, які прывядзе пад Слуцак у жніўні...

Ноччу, лежачы ў каморы, Астап абдумваў Трайнатаву прапанову. Правільным у ягонай прамове было тое, што князь Міндоўг стары і шмат хто чакае ягонага скону. А як надыдзе гэты дзень, не тое што тут на Жамойці, але і ў наваградскіх баярскіх хатах пачнуць меркаваць пра карысную ім замену. Запросяць Войшалка - ігумен гэты яго, Астапа, і за слугу не будзе трымаць, назаўтра выкіне прэч з замкавага двара: не падабаюцца яны адзін аднаму. Падобна, думаў Астап, дамовіўся ўжо жамойцкі князь з Даўмонтам. Той малады, нічым не ўславіўся, апрача забранае жонкі, яму ў Наваградку не ўладарыць. Калі на нешта наважыліся, дык ад яго, Астапа, няшмат папросяць - падвесці Міндоўга да засады. І пральецца кроў. Гэта адразу было зразумела, яшчэ на тым недарэчным вяселлі, што згуляў князь на памінках. Хіба ён, Астап, не імкнуўся гэтага пазбегнуць? Наўмысна ездзіў да Войшалка ў манастыр, прасіў - пераканай бацьку, бяду на сябе клікае. Не, «як будзе, так будзе»! Кепска будзе. Калі Трайнат гатовы да нападу, дык і Даўмонт з ім разам: забіць вялікага князя беспакарана можа толькі Даўмонт, у яго права на помсту. А полацкі Таўцівіл, гальшанскі Гердзень і ўся Дзяволтва далучацца. Проці ўсіх не пойдзеш - затопчуць. Ды і нашто яму, Астапу, ісці проці ўсіх князёў? Гэта іх літоўскія звадкі, а ягоны клопат малы - падказаць зручны час. І ўсё - тады ён наваградскі ваявода, правая рука вялікага князя. А нораў у Трайната круты - калі ён сядзе ў Наваградку, дык будзе гаспадарыць, пакуль не састарэе, як Міндоўг. Але і Жамойць будзе яму паслухмяная, значыць, ён мацнейшы за Міндоўга стане. Вялікага князя ён чужымі рукамі скіне, але і самому давядзецца пайсці на смяротны грэх - забіць свайго дваюраднага брата Таўцівіла. Той усё ж па дзядзьку наступае Міндоўга. Заб'е - і тады адкрыты для яго, Астапа, шлях у полацкія намеснікі, а дакладна - у служылыя князі. Ён - Рурыкавіч. У Полацку адвечна Рурыкавічы валадарылі. Не патрэбны будзе палачанам чарговы перахрыст з літвы. А як далей - з Трайнатам разам, ці супроць яго - Бог вырашыць. Так што ёсцьцека падстава дапамагчы жамойцкаму князю.

Раніцай ён спытаў Трайната, проста выказваючы сваю згоду:

- Што ад мяне залежыць?

- Адно: каб Даўмонт ведаў, дзе знайсці Міндоўга без вялікай аховы.

- Значыць, у паходзе.

- Да паходу, - удакладніў Трайнат.

Астап здагадліва кіўнуў, але ўсё ж вырашыў пацікавіцца:

- Даўмонт ведае?

- Даведаецца, - супакоіў Трайнат. - А ты, Астап Канстанцінавіч, вазьмі ад мяне на памяць, - і ён працягнуў Астапу нож нямецкай коўкі з залатымі скрэпамі на касцяной тронцы.

Астап узяў падарунак, агледзеў і адказаў, што належала:

- Прыгожы нож, князь Трайнат. Буду помніць.

Ён засунуў нож за пояс, ведаючы, што цяпер звязаны з Трайнатам назаўжды. А не возьмеш, думаў ён, нагоняць у дарозе жамойты і гэты ж нож усадзяць між крылаў. Лепш за пасам насіць.

Калі Астап сядаў у сядло, Трайнат наказаў на дарогу:

- Ты разумны чалавек, Астап. Не пашкадуеш!

- Калі Бог захоча! - Астап перахрысціўся.

- Нашыя багі даўно жадаюць, - сказаў Трайнат пераканана. - Людзі дрэнна іх чуюць.

- Гэтак часцяком бывае! - пагадзіўся разанец, дзівячыся запалу Трайната адправіць роднага дзядзьку на той свет. Дачакацца не можа, пакуль той памрэ. Але калі ён будзе чакаць, тады і мне чакаць, падумаў Астап, а век наш нядоўгі, на ўсе чаканні дзён не хопіць...

Ён крануў каня, і кметы аховы зарысілі за ім па вузкай прынёманскай дарозе ў Наваградак да Міндоўга.

 

16

 

З той жонкавай аховы, якую прывезлі з Наваградка параненай, памерлі да Калядаў яшчэ тры кметы. Немалыя ахвяры каштавала Даўмонту шалёнае вяселле наваградскага валадара, і з кожным наступным пахаваннем князь адчуваў, як разлютоўваецца, як выціскаюцца з сэрца чуласць, спачуванні, літасць да сябе і літасць да ўсіх. Адзіны чалавек, якога ён цяпер шкадаваў, быў Віцень. Не гэтак за страчанае вока, бо ў параўнанні з забітымі яму нібы і пашчасціла, а за ўпартасць, з якой верны кмет імкнуўся вярнуць ранейшую зоркасць, каб трапна біць нажом і страляць. Гадзінамі ён дасылаў стралу за стралой у пазначаную дошку пры плоце ці шпурляў сякерку ў слуп, шалеючы, што аднятае вока скажае дакладнасць яго прыцэлу.

Цяжка яму было прыняць, разумеў Даўмонт, што акрывеў і выглядае перад усімі за калеку. Можа, думаў Даўмонт, страта вока здавалася маладому хлапцу асабліва крыўднай, бо быў прыніжаны гуртом наваградскіх чаляднікаў на вачах натоўпу. І яго, бачыў Даўмонт, спапяляла жаданне выкалупаць нажом вочы тым міндоўгавым кметам. Даўмонт яго асцярожваў: глядзі, злосць - што псіна, трэба яе на ланцугу трымаць. Цябе і пакусае, калі спушчаная. Шалёны сабака доўга не жыве. Так і шалёны кмет хутка гіне. Сам насунешся на якую дзіду. Віцень нібыта прыслухоўваўся, але Даўмонт адчуваў, што кмет не прымае яго парады: мара пра лютую помсту хоць неяк пагаджала яго з калецтвам. Бо кмет, а не князь, думаў Даўмонт. Нічога не меў апроч цэлага вока, палову маёмасці адняла ў яго наваградская замкавая ахова - як не шалець! Але ж ні за што не мае адказваць, робіць тое, што яму князь загадае. Гэта князю абставіны загадваюць, багі радзяць. Трэба быць цярплівым і чуйным, каб іх пачуць. Кмет на князевы розум спадзяецца, а князю - толькі на самога сябе спадзявацца.

Нікому біты князь не даверыцца, думаў Даўмонт. Вунь, колькі ў яго стрыяў і цётак. І хоць бы хто ўпікнуў Міндоўга за злачынства. Усе ціха па дварах хаваюцца, з чужой бяды кпяць, смешна ім, як Даўмонт згубіў жонку, а самі дужа баяцца міндоўгавай увагі. Жывуць, як той заяц: маўчыш - жывы, варухнешся, гукнеш другога зайца - ліс схопіць. Без сілы ніхто не князь, а гэтак - парабак пры дужэйшым. Пакуль большая сіла ў Міндоўга, прыдзецца ў заячай скуры жыць. Можа, стары і не надта верыць, што навокал яго адныя баязлівыя зайцы, хутчэй, зусім у гэта не верыць, ды яму трэба, каб па-заячаму трымаліся. Забраў жонку, разбурыў гнездзішча, зганьбаваў дом, а ты ў ім мусіш жыць, і мусіш ад пляўкоў ацірацца. Трываеш ганьбу - значыць, згодны трываць, у цені мінулага роспачна ўглядацца. Ён там з жывой Агнай, ты тут з яе ценем. Пражыты дзень не вернеш. Страчана старое жыццё, як левае вока ў Віценя. Колькі не смуткуй - пустая вачніца. Але ж у гэтых сценах бацька жыў. І ягоны цень тут ходзіць. І дзед тут жыў. Таксама на яго памяць ганьба наклалася. Кожную ноч пытаюць, калі нашу годнасць абароніш. Кожную ноч патрабуюць: не смуткуй - зліся...

Адасабляючыся ад страчанага жыцця, Даўмонт загадаў сабраць усе жонкавы рэчы ў куфар і трымаць яго ў сенцах, як трымаюць чужое, не вартае аховы, што не шкада страціць. І калі прыехаў Міндоўгавы радца, не прыйшлося збіраць вопратку і абутак Агны ў яго на вачах, ганьбавацца нібы злодзею, у якога гаспадар адымае накрадзенае, усё было панапіханае ў куфар, адразу яго і вынеслі на вазок. Звар̀яцеў князь Міндоўг, калі думаў такой драбязой даць джала. Што з той жаночай вопраткі Даўмонту - не яму ж яе насіць. Другая жонка свой пасаг прынясе. Ды няхай думае, што ўджаліў. Эх, княжа Міндоўг, заграбастыя ў цябе рукі, думаў Даўмонт. Ну і балюча ж табе стане, калі мечам буду іх укарочваць...

Вось да гэтага дня, да хвіліны помсты, усё было ясна - што цярпець, як трымацца, а далей стаяла цемра. Гэтае пачуццё абмежаванасці раздражняла Даўмонта. Нібыта на смерці Міндоўга закончвалася і ягонае жыццё. Будучыня быццам знікла. Раней, калі не задумваўся пра будучыя гады, яны праглядаліся ў магчымую далячыню: вось народзіцца ў яго сын, потым ён сына ажэніць, можа нават, калі не заб̀юць у якім паходзе, пабачыць унукаў, а ўжо тады стары і нямоглы пойдзе, як пайшлі ў свой час ягоныя бацька, і дзед, і прадзед, на нябёсы да дзядоў. А цяпер усе звычныя ўяўленні раздзьмутыя ветрам: ні жонкі, ні сына ад яе, і ён не ўдавец, а стаіць абабраны з нязмытай аплявухай на шчацэ. І мусіць са старым ваўком хітраваць. А ўсёй хітрасці хапае на маўклівае чаканне зручнага выпадка. На такую вялікую хітрасць, прызнаваўся сабе Даўмонт, здольны любы дурань...

Аднаго дня князь адчуў, што яго клічуць багі, і пайшоў на Перунову гару. Ярка ззяла снежнае покрыва на палях і пагорках, позірк заманьвала далячынь, дзе сутыкалася з зямлёй блакітнае неба. Зачараваны іскрыстай прасторай, ён раптам зразумеў тое, што не давалася зразумець: у яго наперадзе процьма часу, усё жыццё, а ў Міндоўга - наперадзе неўзабаве гвалтоўная смерць. І Міндоўгавых кметаў неўзабаве чакае гвалтоўная смерць. І калі забіты наваградскі князь адыйдзе да дзядоў, ён зверху будзе заўсёды зайздросціць яму, Даўмонту, будзе дакараць сябе за ўчынены гвалт, бо Даўмонт узяў з яго за шкоду жыццё. А ягоныя кметы зверху будуць зайзросціць Віценю, бо ён жывы і адпомшчаны, а яны з абедзьвума сваімі вачніцамі аддалі за чужое вока свае жыцці. Яго князкі век там, за даляглядам, а цяпер трэба дажыць аджытае, трэба дарабіць для супакаення крывавую працу, і ён яе даробіць... І на зайздрасць тым кметам высока паставіць Віценя. Тых сваіх парабкаў Міндоўг не ўзвышыць. Скурка старэе, праз які год Віцень стане ваяводам, а зараз ён дасць Віценю сотню. Гэта будзе лепшая ў Нальшчы сотня кметаў. Прыдзе час, і яна возьме з наваградцаў належную даніну крывёй. Там, далёка за даляглядам хаваецца ў пушчах Наваградак. Настане дзень, прыйдзе ў міндоўгава гнездзішча багіня смерці Мерцва і пазначыць каму трэба загінуць ад нальшанскіх стрэлаў, каму ад нальшанскага меча або пад нальшанскай сякерай. Крэўскаму князю не варта сумаваць. Гэта тым трэба сумаваць, бо ён - мсціўца, яны - ахвяры. Нальшча цярплівая, дачакаецца свята. Нальшчы багі дапамогуць, а Міндоўгу ніхто не дапаможа. Сыйдзе снег, паклічуць войска ў паход, там наканаванае кожнаму і здзейсніцца...

А дзень пакрысе даўжэў, набліжаючы ўрочную гадзіну, канчатак мядзвежага сядзення па дварах, абавязковы збор войска. За апошнія дзесяць гадоў ніводнае лета не абыйшлося без вайны. І надыходзячае не магло стаць выключэннем.

Пасля красавіцкіх дажджоў зямля абудзілася, зарунелі палі, чорны лес, кустоўе ажылі ад зімовай самоты, апрануліся ў пяшчотнае лісце, і кожная жывая істота ў лесе, полі, на балотах крычала пра сваю прысутнасць на свеце. У такі прыгожы дзень закарцела Даўмонту прамчацца па крэўскіх дарогах, па ўскрайку леса, па зялёных пагорках. Ён гукнуў асядлаць каня і выехаў з замка. На пустой вуліцы паселішча наводдаль нейкая баба намагалася загнаць у двор парсюка. Той не хацеў пакідаць вялікую гразкую лужыну, і баба дарэмна тыркала яму ў бок хварасцінай. Даўмонт, пасміхаючыся з высілкаў цёткі, набліжаўся да яе. Убачыўшы князя, баба паспяшалася ачысціць шлях ад сваёй упартай жывёліны і відаць, добра ёй упякла, бо свіння завірашчэла, кінулася ратавацца і са страху - проста пад ногі каню. Гэтак хутка яна неслася, што князь здзівіўся - не кожны сабака здолеў бы яе абагнаць. Напужаны конь ускінуўся, князь выляцеў з сядла і кулем грымнуўся на зямлю. Хужэй было тое, што левы бот зачапіўся за стрэмя, і конь у галоп павалок Даўмонта па камянях і гразі ў канец паселішча. З падлеткавых гадоў не здаралася з Даўмонтам такой няўдачы. Нарэшце, вызваліўшы нагу, князь адчуў, што не можа на яе ступіць. Ён стаяў пасярод дарогі прамоклы, пакрыты брудам, як балотная жаба, спіну паліла агнём, і замест замілавання, з якім ён выехаў на прагулянку, Даўмонт кіпеў лютай злосцю на бабу і свінню. Але тых як ветрам здула. Ускарабкаўшыся ў сядло, Даўмонт вярнуўся ў замак. Тут яго чэлядзь распранула, адмыла ад гразі і шчыра пачала спачуваць: абдзёртая палова скуры на спіне крывавіла, нага пухла на вачах.

Назаўтра да гэтай бяды дадалася большая: прыбыў ганец ад Міндоўга - нарэшце, выправа. Даўмонт ледзь не звар̀яцеў ад крыўды. Чакаць урачыстай хвіліны амаль год - і гэтак недарэчна яе сустрэць. Дружына пойдзе гінуць за Міндоўга, а яму рыпець зубамі на ўласнае глупства.

Не выехаўшы з дружынай, князь не адпусціў у войска і Віценя. Спакайней было трымаць разлютаванага кмета пры сабе. Толькі праз месяц, калі Скурка прывёў полк і паведаў падрабязнасці дарэмнага пахода, Даўмонт зразумеў, што баба і свіння былі пастаўленыя перад ім на дарозе багамі. Яго не выпусцілі ў паход, дзе не меў бы падступіцца да Міндоўга. Багі ведалі, што зручнага выпадка не будзе і правалаклі па гразі для ўрока: любая свіння можа скінуць князя ў лужыну, калі ён неабачлівы. Дзякуй ім за клопат. Брыдка было б за дзесяць крокаў ад Міндоўга сядзець, як ягняці, і слухаць старэчыя байкі пра даўнія наезды і дружбу ранейшых князёў. Калі б былі тыя любоў і дружба, дык не распытваў у гэтым паходзе занепакоены князь Трайнат ваяводу Скурку, няўжо Даўмонту так блага, што не здолеў конна сядзець? Пэўна, прымерваўся пад час выправы пераняць Міндоўгавы меч. І полацкі Таўцівіл разлічваў на такую ж удачу, падступаўся да Скуркі: «Дзе Даўмонт? Ці выжыве? Можа прыбудзе?» Не могуць дачакацца ягонай помсты. А гэтакая помста патрабуе абачлівасці. Трэба адпомсціць і не пакласці дружыну. Хай гінуць ваяры пляменнікаў Міндоўга, у іх дружыны буйныя. Трайнаце і Таўцівілу смерць старога князя патрэбная не меней. Мо, і болей, чым яму. Ім трэба каб Міндоўг загінуў яд ягонага меча. Тады на іх нібыта не патрапяць пырскі сваяцкай крыві. Але Міндоўгаву ахову няхай вынішчаюць яны. Ён не будзе адпомшчаны, калі саслабее. Той жа Трайнат пашле сваіх кметаў забіць яго, каб далучыць Нальшчу да Наваградка. І абвесціць, што помсціў за любімага дзядзьку. Тады Міндоўг пасмяецца на нябёсах, што Даўмонт стаў ахвярай новага валадара. Адзін адняў жонку, другі - жыццё. Не, лепш асцерагчыся.

 

17

 

На купалле Міндоўг павёз сям'ю на летняе селішча да Нёмана. Упершыню з леташняй восені Агна пакідала горад. Пасля замкавай цеснаты гэтае падарожжа верхам праз пушчу наноў адкрывала ёй свет. За дзевяць месяцаў наваградскага сядзення Агна забылася як шуміць лес, шамаціць пад конскімі капытамі дарожны пясок, як дурманяць пахі квяцістага лугу, якія таямнічыя лясная глуш і лясныя ручаі, і адчувала сябе шчасліваю.

Апоўдні выйшлі на лясную пустку і далі коням адпачыць. На пустцы рэдка стаялі дуплістыя дубы. Адзін быў пазначаны маланкай - у выпаленым дупле пры карнявішчы мог схавацца вершнік. Рэпік і Рукля даследавалі гэтую таямнічую пячору. Агна сядзела ля падножжа, заварожана назірала, як лунае над лесам сокал. Да яе падыйшлі і прыселі побач Міндоўг і Астап. Запэцканыя сажай, падобныя на чарцей, браты ўскараскаліся на дуб і гойдаліся, трымаючыся за гнуткія галінкі.

- У дзяцінстве, - сказаў гучна Міндоўг, - калі я быў такі, як яны, таксама любіў лазіць на дубы. Ухаплюся за галінку, і калышуся ўверх-уніз. Аднойчы гайдаўся, гайдаўся ды раптам чую - ж-ж-ж - нібыта страла ляціць. А ляціць проста мне ў лоб вялізная аса. З таго часу такіх вялізных і не бачыў ніколі. Гэтак гакнула ў пераноссе, быццам камень хто пусціў з рушніцы. Пляснуўся на зямлю, і зад, і спіну адбіў. Ды яшчэ і аса ўджаліць паспела, на лобе гузак вырас з добры яблык, агнём гарыць. І хоць бы хто пашкадаваў. Як хто ўбачыць маю морду з барвовым рогам на лобе, з акаселымі шчылінамі замест вачэй - ад смеху курчацца. А бацька кажа: «Дурны ж ты, сынок, калі маленькая аса цябе гэтак скалечыла!»

Рэпік і Рукля пасля пачутага палічылі за лепшае не рызыкаваць сустрэчай з асой, саскочылі і ўселіся пры дарослых, спадзеючыся на працяг падобных успамінаў.

- Са мной яшчэ горш было, - прыгадала Агна. - Ела неяк суніцы. Ягаду падкіну - ротам лаўлю, потым - дзве, потым - тры. І гэтак мне соладка і добра - млею ад асалоды. Раптам быццам хто з маху іголку ў язык уваткнуў - пчала заляцела, са страху ўджаліла. Прыбегла дадому, а мяне адразу давай катаваць, каб джала з языка выцягнуць. Палову выкалупалі, палова засталася. Язык распух, тырчыць вонкі, як затычка. Ні есці, ні піць, ні стагнаць не магу. Тыдзень за печчу галодная ды нямая хавалася, каб ніхто не бачыў і не кпіў...

Рукля і Рэпік заходзіліся смехам.

- Глядзіце! - Міндоўг паказаў рукой на нерухомую чорную кропку ў небе над лесам. - Сокал. Зараз рынецца на некага.

І сапраўды, чорная кропка раптам імкліва панеслася ўніз, і сталі бачныя распластаныя крылы і гатовая для ўдару дзюба. Высокія дрэвы не дазволілі ўбачыць канец сакалінага палявання.

Усе крыху памаўчалі, разумеючы, што сокал перамог, а нейкая жывая істота загінула.

- Вось такое на свеце жыццё, - задумліва сказаў Міндоўг.

- Усе есці хочуць, - заключыў Астап. - Ды лепш я вам таксама раскажу сваю прыгоду. Бо са мной такое было ў дзяцінстве, - Астап хітравата ўсміхнуўся, - чаго ні з кім на белым свеце не было.

- Ну ўжо! - не паверыў князь. - Немагчыма. Усё было і будзе.

- Можа, і будзе, - сказаў Астап, - наперад не ведаю, але раней не было, паклясціся магу. Неяк расказала мне мая бабка казку пра жабку-князёўну. Назаўтра ранкам іду ўздоўж рова, бачу сядзіць на маёй сцяжынцы жаба. Думаю: вось яно, маё шчасце, мяне чакае. Жабу схапіў, да сэрца прыціснуў, дамоў прыбег, за печку схаваўся і ў халодную пыску яе цалую. Бабка прыкмеціла, спужалася: «Унучак, ты што, ашалеў?» - «Не! - кажу. - Нявеста мая. Трэба пацалаваць, каб у дзяўчынку павярнулася». Тады бабка кажа: «А-а! Правільна, унучак, робіш, але, можа, не сваю нарачоную схапіў. Вазьмі, унучак, торбачку, яшчэ пашукай!» Я іх, можа з дзесятак перацалаваў. Ды вось, не пашанцавала... Ну што, ніхто больш пра такую любоў пахваліцца не можа?

- Твая праўда! - здзіўлена зазначыў Міндоўг.

- Я магу! - пераможна аспрэчыў Рэпік. - Са мной было. І жабу я каля вежы сустрэў. І цалаваў за печчу. І таксама князёўнай не стала...

- Ты глядзі! - расчаравана адгукнуўся Астап. - Дарэмна я паклясціся хацеў.

А Рукля не ўтрымаўся пакпіць з брата:

- Жабін жаніх!

- А табе затое варона на нос нагадзіла, - прыгадаў у адказ Рэпік. - Забыўся ўжо, як на гняздо зазіраўся?

Браты абмяняліся варожымі позіркамі і адвярнуліся адзін ад аднаго ва ўзаемнай непрыязнасці.

- Варона - святое! - сказаў Міндоўг, каб замірыць сыноў. - Усім ад яе дастаецца. Што нос - у кожнай лужыне адмыеш. Як-небудзь вазьму вас у Коўна, там старадаўняе свяцілішча на выспе, святая дуброва - адны вароны толькі і жывуць. Хто ў тых варон каменем кіне - таму галаву сякерай зносяць. А каго якая з тых варон адзначыць, як Руклю, той шчаслівы ходзіць, месяц не мыецца, перад усімі выхваляецца - во, глядзіце, знак удачы займеў.

- Што ж гэта за ўдача такая, - засумняваўся Рэпік, - месяц на галаве паскудства насіць.

- Паспрабуй, - параіў Міндоўг, - даведаешся.

Абедам прыехалі ў Альконы. Вялікі двор, абгароджаны высокім парканам з дубовымі варотамі, стаяў на пагорку блізка Нёмана. Паміж ракой і лесам шырока раскінуўся луг. Адным краем ён упіраўся ў лясістыя ўзгоркі, на другім была вёска загоншчыкаў, з дзесятак хатаў. Княжы двор закрывалі ад вёскі дзве стадолы, якія скарыстоўвала пад жытло паўсотня аховы, бо не ўтоплівалася ў каморы пры двары.

Да вечара ўладкоўваліся, у прыцемках павячэралі і пайшлі на купальскае вогнішча. Маладыя кметы пускалі з горкі абмазаныя смалой, падпаленыя колы. Князь, а за ім Агна, Рэпік, Рукля, Астап падняліся на ўзгорак. Міндоўг не ўтрымаўся і таксама запусціў падпаленае кола да ракі. І апынуўся пераможцам - далей за ўсіх ягонае кола пракацілася. «Шанцуе табе, княжа, - ухваліў Астап. - Будзе табе гэтым годам шчасце!» - «Хто ж проціў? - адказаў Міндоўг. - Абы няшчасця не было!» Агна прысела на высахлую траву, князь прылёг, тады і Астап дазволіў сабе прылегчы. Усе моўчкі глядзелі на зыркія купальскія зоркі. На лузе дружыннікі і вясковыя дзяўчаты скакалі цераз агонь, нарошчваючы яго ў даўжыню. Рэпік і Рукля з аднагодкамі з вёскі таксама скакалі цераз полымя ўпоперак вогнішча.

- Што мяне дзівіць, - сказаў Міндоўг, - дык гэта зоркі на небе. Што гэта такое? Хоць бы хто знаў ды растлумачыў, што за агеньчыкі там, у вышыні. Кажуць: знічкі нашыя там агеньчыкамі гараць. Як хто памрэ - знічка гасне. Нешта мала верыцца. Колькі людзей на маёй памяці і ў бітвах загінулі і сваёй смерцю памерлі, а зорак і на дзесятак не паменшала.

- Тысячы палеглі, - знайшоў яснае рашэнне Астап, - тысячы нарадзіліся.

- Магчыма, - не задаволіўся князь. - Толькі як яны загараюцца, а? Вось гэта таямніца... А што, Астап, - раптам змяніў цікаўнасць князь, - ты папраўдзе жабу цалаваў?

- Не, пакуль не давялося. Бачыў, як Рэпік цалуе. Ну, і прыдумаў, каб не саромеўся перад братам.

- Шкада, - сказаў князь. - Выходзіць, толькі адзін мой сын такі дурань даверлівы.

Агна слухала гэтую размову, глядзела, як слупамі ўзлятаюць над вогнішчам іскры, бачыла каля агню шчаслівых дзяцей, і адчувала горасць, што вытруціла зародак. Быў бы ў яе сын. Яе дзіця. Пакуль Міндоўг жывы - яна абароненая, і дзіцёнак быў бы пад абаронай. Зясцерагла Даўмонта ад прыніжэння, сябе свайго шчасця пазбавіла, а ён усё адно вымеў яе сляды... Хоць бы хто спыніў тады. Хоць бы дзяды з неба розум прасвятлілі. Вось, Астап, мог спыніць, але слова проці не сказаў. Быццам бы адгукнуўся на просьбу, дапамог, нават і рызыкаваў, а дзіця загубіла з яго дапамогай. І дачка ў яго ёсць прыёмная, і ўласны сын гадуецца, аднак жа не адгаворваў... Ды што яго вінаваціць - сама прасілася. Князя ненавідзела, па Даўмонту сумавала, а забіла дзіця. Трэба нарадзіць, вырашыла Агна. Хоць даведаюся, што гэта за боль, калі дзіця родзіш, і якая радасць, калі народзіш. А чыё яно - маё...

Князь прабыў у Альканах два дні і, пакінуўшы ахову, вярнуўся ў Наваградак, як ён сказаў, будаваць вежу і рыхтаваць паход. Агна адчула да яго ўдзячнасць, што не застаўся і даў ёй волю пабыць сам-насам. Усю сярэдзіну лета, пакуль Міндоўг адсутнічаў, Агна пра яго і не ўзгадвала. Здавалася ёй, што ён наогул з'ехаў назаўжды. І рэдкія ўспаміны пра Даўмонта не адгукаліся пачуццямі, нібы ён быў выпадковы спадарожнік на забытым ужо шляху. Няблізка быў Наваградак, яшчэ далей стаяў Крэўскі замак, не хацелася ўзірацца праз такую далячынь у іхныя дубовыя сцены, вежы, брамы, каморы і насельнікаў. Быццам растварыліся яны ў павалоцы сонечных летніх дзён. Марылася Агне, каб на яе забыліся. І ранкам, калі хадзіла ў лес, і ўвечары, калі стаяла на беразе, гледзячы як адбіваюцца зоркі ў Нёмане, ці калі купалася ў цёплай нёманскай затоцы, ці калі гатавала на паварні, адчувала Агна гэтую мару. «Добра б, - казала яна сабе, - застацца тут назаўсёды. Не бачыць нікога з іх - ні другога, ні першага. Толькі б дзіця нарадзіць, каб было пра каго клапаціцца».

Рукля і Рэпік хадзілі з кметамі на рыбалку, карміліся са стаёўнікамі з іх катла, спалі ля вогнішча на выпасе - Агна мала іх і бачыла. Аднойчы яны ўгаварылі яе пайсці ў пушчу, паказаць мясціны, дзе гулялі з маці. Каля вёскі меўся брод цераз Нёман, а за ім пачынаўся маліннікамі лес. Гэтым бродам яны перайшлі раку, доўга ішлі сцяжынкамі ад паляны да паляны і апынуліся на беразе звілістай плыткай рачулкі, шчыльна зарослай парэчкамі. Вывернутая з каранямі сасна служыла мастком; трымаючыся вядомых ім знакаў, пляменнікі вывелі Агну да імшыстай паляны, затуленай ад сонца старымі елкамі. Пасярод паляны біла з зямлі крыніца, ад яе адыходзіў вузкі, шырынёй з далонь, ручай.

- Вось сюды мы хадзілі, - сказаў Рукля. - Матуля казала, што тут выток ракі, святое месца, прошча...

На зваротным шляху Рэпік расказаў ёй, што маці станавілася перад крыніцай на калені і казала, каб яны станавіліся і прасілі ў прошчы даравання сабе і шчасця дарагім людзям. А для сябе ў прошчы не трэба прасіць, іншыя папросяць, тады споўніцца, інакш - не споўніцца.

- І што вы прасілі?, - спыталася Агна.

- Шчасця ёй і бацьку, - быў сумны адказ...

Пазней Агна адна прыходзіла на гэтую зацененую паляну і стаяла каля крыніцы, дзе летась малілася Марта. Неяк, стоячы на каленях ля прошчы, яна зразумела, што пагадзілася са сваім лёсам. Магчыма, і Марта, думала яна, тут, у гэтым глухім гушчары, пагадзілася прыняць свой лёс пасля гібелі Вішымунта. Як думаеш - так сэрца адчувае ці вучыцца адчуваць. Праўду казала Малгажата. Думала: палон, ганьба, бедны Даўмонт - мардавалася; раздумала аб тым смуткаваць - супакоілася сэрца. Быў Даўмонт мужам - яго думкамі жыла; пры пляменніках пайшло жыццё - пра іх трэба клапаціцца. А цяпер самае важнае ў жыцці - свайго сына ці дачку нарадзіць. Марта гэтае шчасце зведала, трэба і ёй зведаць. Будзе сын - будзе Міндоўг яго аберагаць. Яшчэ, можа, мацней гэтае дзіця палюбіць, чым старэйшых сваіх сыноў. Не патрэбна ёй смерць Міндоўга. Няхай князь доўга жыве, і сыны ягоныя няхай растуць у міры, няхай Даўмонт хутчэй знойдзе сабе добрую жонку. А ёй лёс, як і Марце, - быць жонкай вялікага князя, быць вялікай княгіняй, бачыць усё, як князь бачыць, нудзіцца без яго, радавацца яму, калі прыязджае, забыцца на ўсе крыўды, каб на шкоду яму нічога не жадаць.

 

18

 

Міндоўг прыехаў у Альканы ў сярэдзіне жніўня. Ужо снапы стаялі на іржышчы за вёскай, гаі пачалі жаўцець да бабінага лета, вада ў Нёмане несла апалае лісце, і ўсе - ад дзяцей да аховы - настроіліся на блізкае вяртанне ў Наваградак. Рукля і Рэпік за лета падраслі, і князь задаволена здзівіўся, параўнаўшы леташнія засечкі на вушаку з новымі. «Калі кожны год на далонь прыбаўляць, - пажартаваў ён, - дык хутка галовой столь праб̀еце!» Сустрэча ўзрадавала і Агну: хата запоўнілася, выраўняўся малаўцямны парадак - паланёная цётка і дзеці сястры. Цяпер за сталом сядзеў бацька яе прыёмных дзяцей, яе муж, гаспадар, ён кроіў хлеб, на лаўцы ляжаў ягоны меч, на сцяне віселі яго шлем і панцыр; людзі, што заходзілі ў хату, кланяліся яму, садзіліся да стала з ягонага дазволу. І калі б увайшоў, прыкладам, князь Даўмонт, ён таксама прысеў бы да стала з дазволу гаспадара, а без дазволу стаяў бы пры парозе. Ёй спадабалася, як ён ухваліў яе варыва і печыва, бо сказаў не ў вочы, а дзецям: «Ну, зараз разумею з чаго гэтак падраслі!» І Астап паспяшаўся жартаўліва падтрымаць: «Калі тыдзень за такім сталом правесці - новую кашулю прыдзецца шыць, старая лопне!» Але ягоная пахвала здалася Агне няшчырай - ухваляў, каб дагадзіць князю, а галоўнае - расхацелася ёй бачыць саўдзельніка па благой справе. Яму ўсё аднолькава цікава - і добрае, і злое, з агню можа вынесці, і ў агонь можа ўласнымі рукамі ўкінуць. Яе тады ўвосень пашкадаваў, але князю свайму тады здрадзіў. Вядома, забіў бы яго Міндоўг, калі б даведаўся, хто дапамог пазбавіцца апошняга, можа, у ягоным жыцці дзіцяці. Папрасіла б тады аборку прынесці - прынёс бы аборку, узяўшы слова, што не адкрые князю, адкуль аборка ўзялася. Чужы ён; што яму да ейнага болю; ён у князя не па любові - уцякач на службе. Знойдзе лепшую службу ці паклічуць раптам яго разанцы - адразу ад'едзе. Толькі Міндоўгу і можна верыць...

Падаючы на стол, слухаючы аповяд Міндоўга пра надбудову ў Наваградку каменнай вежы, ягоныя разлікі пра тысячы камянёў і валуноў, што патрэбныя для будоўлі каменнай замкавай сцяны, пра тысячы вазоў і вознікаў, якія гэтыя камяні з палёў у Наваградак павязуць, Агна прыгадала даўнія неацэненыя раней княжыя ўчынкі. Узгадалася, як Міндоўг разам з сынамі паўтараў за Вандай і Малгажатай польскія прыслоўі, падаючы дзецям прыклад цікаўнасці; як спаў на лаўцы, укрыты світкай, а не палез у цяпло на палаці; як пяшчотна прыгадваў сваю маці; як знарок смешна расказваў пра свае страхі, калі ўцякаў ад полаўцаў. Яна ўважліва ўзіралася ў князя і раптам зразумела чаму Даўмонт і іншыя князі не любяць і баяцца Міндоўга. Не за тое, што ён забіваў. І яны тут не лепшыя, і яны забівалі без шкадавання. Іх бацькі, дзядзькі і яны самі саступілі яму. Волі ў яго было больш. Цяпер яны яго кметаў вылічваюць - у яго тысячы, у іх сотні, вось, значыць, і сіла ў яго. Але калісьці не было ў яго наваградскіх кметаў, а была, як у іх, - ашмянская дружына ў трыста коней, ды ён стаў вялікім князем, а яны засталіся ўдзельнымі. Ён прымусіў іх слухаць сябе. Ён і яе прымусіў прыняць сваю волю. Але ў яе ні кметаў, ні коней, ні братоў з мечамі, яна - адна, адзінокая жанчына, на месцы памерлай сястры. У іх коні, кметы, дзіды, дзядзькі і браты - і ўсе яны слухаюцца князя, хоць ненавідзяць яго. У князя не забралі жонку - ні першую, якая нарадзіла Войшалка, ні Марту. Ён забіраў. Ён і са смерцю паспрачаўся - узяў замест Марты, якую забралі багі, яе, Агну, падобную на сястру і аднае з ёю крыві... Яны шэпчуцца проці яго, але баяцца выступіць збройна. Сядзяць у сваіх гарадзішчах, церпяць, чакаюць, калі ён памрэ. А ён жывучы, ён шмат каго перажыў, і гэтых, хто чакае, на злосць ім перажыве. Ён не верыць ім, бо яны клянуць яго шэптам, а хто шэпчацца за плячыма, той і б'е ў спіну, а трэцяга вока нават у вялікага князя няма. Яна павінна быць для князя як трэцяе вока.

Адвячоркам Агна пайшла з князем да Нёмана. Упершыню яны прагульваліся разам. На луг сівымі пластамі напаўзаў туман, шэрымі ценямі рухаліся ў тумане спутаныя коні, вакол вогнішча грудзілася варта, ад стадолаў далятаў вясёлы смех, а дзесьці далёка за вёскай нехта спяваў сумную песню, у адзіноце праводзячы барвовы захад. Яны спыніліся на беразе і доўга глядзелі на адлюстраванне ў Нёмане першых зорак. Абодва адчувалі, што ў гэтую хвіліну паміж імі загадкава сціраецца мяжа раз'яднанасці; патрабаваліся нейкія важкія словы, каб адзначыць у памяці гэты іх першы сямейны вечар.

- Князь, - пачала Агна, - беражы сябе. У цябе за спінай чыйсьці цень. Гэта нядобры цень, а Рэпік і Рукля яшчэ дзеці. Мне часцяком бывае страшна. Я хачу ў Наваградак, там спакайней...

Міндоўг уважліва яе слухаў.

- Добра, - зразумеў ён недасказанае. - Буду сцерагчыся.

Але гэтае абяцанне было недастатковым адказам на абвешчаную вернасць. Агна чакала шчырасці.

- Я з дзяцінства жадаў улады, - сказаў Міндоўг. - Я звыкся з уладай і, пэўна, не здолею ад яе адмовіцца, пакуль не памру. І жыццё склалася гэтак, што мой першы сын на трыццаць гадоў старэйшы за сярэдняга. Гэта азначае, што я Войшалка любіў і на яго спадзяваўся. Трыццаць гадоў у мяне быў адзін сын, і я доўга не жаніўся пасля смерці першае жонкі. Потым я зразумеў, што спадзяюся дарэмна: ён хутка ўспыхвае, і хутка гасне. Сухая салома. Ён - то ваяр, то манах. Быць адважным ваяром для князя мала, быць шчырым манахам - нельга.

Яны паціху пайшлі ўздоўж ракі да краю лугу.

- Цяпер, - працягваў князь, - я спадзяюся на сына, якому да княжай справы яшчэ з гадоў сем сталець. Рукля будзе сапраўдным князем. Ці, магчыма, Рэпік стане сапраўдным князем. Зараз ён ціхі, але ўсё мяняецца. Я таксама быў не надта шумлівы. Але сем гадоў трэба неяк пражыць. Таму я абавязаны быць хітры, недаверлівы, рашучы, асцярожны, жорсткі, разумны, каб мяне не падманулі такія ж жорсткія, хітрыя і рашучыя. Марта гэта разумела. Наогул, разумела ўсе дачыненні - князёў, немцаў, вешчуноў, сваякоў, злых і слабых...

- Ты думаў, - спытала Агна, - што і мне ўсё зразумелае, як ёй?

- Не, гэтак я не думаў, - шчыра адказаў князь. - Марта была надзейная жонка. Дванаццаць гадоў мы прабылі разам. Раптам яе не стала. Такое рабілася на сэрцы, нібыта ў бітве стаю голы сярод апранутых у браню. Яе няма, ты ёсць - вось і ўсё, што тады бачыў. Хоць, - удакладніў Міндоўг, - не зводзіцца адказ да аднаго слова. Шмат усяго сыходзіцца разам. Была і такая прычына: нашто Руклю і Рэпіку браты ад нальшанскага князя? Не можа Нальшча быць асобнай зямлёй. Марта баялася вайны паміж яе і тваімі дзецьмі ў будучыні. Няма радасці быць жорсткім, але яшчэ горш пакідаць жорсткія справы для сыноў. Я не вырашу - ім давядзецца вырашаць. Улада вышэй за князя. Князь памірае, а зямля і ўлада застаюцца. Мы ў гасцях ва ўлады. Узяў уладу - яна загадвае. Толькі дурань думае, што ўлада - гэта ён сам. Улада і табе будзе загадваць, калі мяне не будзе. Пра гэта я ніколі не забываюся. А пра тое, ці будзеш ты мне сябрам, ці адолее цябе варожасць - не думаў. А кім станеш? - спытаў ён.

- Былі месяцы, Міндоўг, - сказала Агна, - ненавідзела цябе. Цяпер - не, адышло. Пра сваё жыццё думаю, і змяёй для цябе не буду. Буду, як была Марта.

Князь памаўчаў, прымаючы такое прызнанне.

- Хай так, - усміхнуўся князь. - Ты сказала лепш, чым я мог пачуць...

 

19

 

Ваявода Сірвід Рушковіч чакаў прыбыцця да войска вялікага князя - было неабходна здымацца ў паход. Для дзесяці тысяч верхавых і тысячы цяглавых коней навокал Слуцка не хапала выпасаў, і ўжо здарылася бойка паміж полацкімі і наваградскімі стаёўнікамі за пожні. Усе дружыны сабраліся, затрымліваўся толькі Трайнат, але ганцы дакладвалі, што жамойцкі полк вырушыў і ў хуткім часе падыдзе. Нарэшце ад Міндоўга прыбыў Астап з загадам ісці да Прапошаска, там князь ачоліць войска.

У той жа дзень Астап з'явіўся ў Даўмонтавым намёце. Гэта была іх першая сустрэча пасля зімовай паездкі разанца па Агніну маёмасць. Па злым бляску ў вачах крэўскага князя Астап зразумеў, што Трайнат паасцярогся адкрываць мсціўцу ўсю задуму. Цяпер Даўмонт адчуваў разгубленасць. З Астапавай просьбы неадкладна паслаць вестуна да жамойцкага князя, Даўмонт зразумеў, што замест непрыяцеля перад ім стаіць хаўруснік. Ганец павінен перадаць Трайнату: сустрэча праз два дні каля вусця Сулы. Таму, казаў Астап, заўтра Даўмонт мусіць зняць з паходу дружыну і паспяшаецца да Сулы. Далейшае яны абмяркуюць разам з Трайнатам.

Як ён здыме з выправы полк - Даўмонт ведаў. Ён мог проста павярнуць свой абоз і пайсці, і хто б спыніў, хто б спытаў з яго пасля помсты? Але такі рашучы сыход затойваў небяспеку - раптам ваявода Сірвід пашле вестуна паведаміць свайму князю, што Даўмонт разам з дружынай зніклі. Ён вырашыў адказаць хлуснёй на хлусню вялікага князя. Міндоўг год таму спасылаўся на волю багоў, Даўмонт палічыў вартым паказаць, што таксама чуе іхняю волю.

І таму ў ноч напярэдадні паходу Даўмонт пераказаў дружыне трывожны сон. Прыснілася яму, быццам у полі граяла над яго дружынай чарада варон і адляцела ў бок Нальшчы. Старыя кметы ацанілі сон як злавесны: чарада варон - чорныя вестуны да іхных сем'яў, пойдуць далей - усе ў гэтым паходзе загінуць. Настрой няпэўнасці захапіў усіх. Тады князь абвясціў ваяводзе Сірвіду, што ў паход ісці не мусіць - багі далі кравянам знак вяртацца дадому. «Сам глядзі!» - толькі і адказаў, нібы папярэджваючы благія наступствы, незадаволены Сірвід, але пярэчыць проці нябеснага знаку ўстрымаўся. Усё войска знялося і пайшло да Прапошаска. Крэўскі полк рушыў зваротным шляхам.

Астап пакінуў Сірвіда пасля першага пераходу, калі ўпэўніўся, што Даўмонтаў адыход не абудзіў падазрэнняў. Маючы завадных коней, ён прасядзеў у сядле ад зары да зары і апынуўся на месцы сустрэчы крыху пазней за крэўскага князя. Ранкам да вусця Сулы прыбыў Трайт з сотняй жамойтаў. Князі павіталіся і ўселіся на беразе для апошняй рады. «Час прыйшоў, - сказаў Трайнат, - цяпер наперад!» - «Куды ж яшчэ!» - весела пацвердзіў Даўмонт. Трэба было нешта сказаць і Астапу. Ён вырашыў падагрэць сваіх абодвух суразмоўцаў: «Праз дзень будзе позна!» На прырэчным пяску ён накрэсліў размешчанне князева селішча ў Альконах, паказаў, дзе брод, стадолы, выпас, двор, каморы аховы, месцы начной варты, галоўныя і патаемныя вароты. Разважыўшы над малюнкам, яны азначылі надзейную, як ім здалося, паслядоўнасць сваіх дзеянняў.

Астап прыбудзе ў Альконы падвечар. На досвітку Даўмонт павінен стаяць на ўзлессі напагатове. У гэты ж час на другі бераг Нёмана падыходзіць са сваім палком Трайнат. З першым святлом Астап адчыняе вароты. Гэта знак Даўмонту. Як вароты пачнуць расчыняцца, Даўмонт мусіць браць двор, конная сотня Скуркі трымае князеву ахову ў стадолах. Полк Трайната пераходзіць бродам Нёман, атачае колам усіх, каб ніхто не прарваўся. Дзеля адрознення сваіх ад міндоўгавых кметы Даўмонта і Трайната мацуюць да шлемаў яловыя лапы. Хто без лапы - таго секчы. Пасля бою ў Альконах дружыны ідуць да Наваградка. Замкавая ахова, ведаючы Астапа, апусціць мост і адчыніць браму. Разам з паўсотней жамойці Астап уваходзіць у замак і трымае мост і вароты. А тады горад займаюць Трайнат і Даўмонт. І да войска паімчыць ганец з весткай пра здзейсненую Даўмонтам помсту і пра новага вялікага князя Наваградка і Літвы...

Трайнат і Даўмонт паплявалі праз плячо, каб ніхто не сурочыў, Астап паводле праваслаўнага звычаю перахрысціўся, і ўсе раз'ехаліся выконваць кожны сваё.

 

20

 

Апошнюю ноч перад сустрэчай з Міндоўгам Даўмонт правёў на ўзлеску за дзве сотні крокаў ад княжацкага двара.

Блакітная чароўная поўня асвятляла страху той хаты, дзе снілі свае перадсмяротныя сны воўк і ягоныя ваўчаняты. Каля вогнішчаў на лузе пазяхала ахова. Вартавыя па чарзе абыходзілі луг, бераг, двор і вярталіся грэцца. Гэтай вонкавай аховы было чалавек дваццаць. Усім ім заставалася жыць некалькі гадзінаў. Даўмонтавы людзі нерухома ляжалі ў кустоўі, чакаючы золку. Сам князь прыхіліўся да сасны і драмаў. Пачуццё блізкай ужо помсты сагравала яго. Год ён цярпеў ганьбу і кпіны. Ён дасылаў сваіх ураднікаў глядзець непатрэбных яму дачок слабых князёў. Як скораны, прыгнечаны зломак, ён аддаў маёмасць сваёй жонкі яе захопніку. Ён сцярпеў сорам дзеля гэтай ночы - ночы адплаты. Цяпер чарга князю Міндоўгу зведаць, што такое жах. А жахліва яму стане не ад меча і не ад сваёй смерці - наўрад ці ён баіцца сваёй смерці, ён і так лішняе пажыў. Стане яму страшна, калі ягоныя ваўчаняты атрымаюць па аперанай страле. А ўжо тады і сам ляжа паміж імі. Міндоўг і Міндоўгавічы. Стары кароль Літвы і яе недарослыя каралевічы. І род ваўка на іх згасне. Усё, што ён праз свай век рабіў, пра што марыў і мроіў, пойдзе з дымам. І заўтра ўдзень ён, Даўмонт, будзе ехаць па Наваградку і ступіць у замак, і там, дзе быў абрабаваны, дзе яго зганьбілі, дзе забівалі ягоных людзей, скіне з сябе цяжар прыніжанасці. Шкада, на чарняца Войшалка забыліся. Трэба было і на ягоны манастыр наслаць кметаў. Каб адначасова вынішчыць увесь Міндоўгаў вывадак.

Дарма стары воўк напаў на яго і адняў пару. Нельга нападаць на рарэга, думаў Даўмонт. Воўк палюе на зямлі, сокал узнімаецца ў неба. Міндоўг - воўк, я - рарэг, думаў Даўмонт. Рарэг доўга вісіць пад аблокамі, чакаючы свайго ворага, яго не бачна - чорная кропка ў недасягальнай вышыні. І звер думае, што сокал не сцярпеў чакаць і зляцеў, падмануты і галодны, у гняздо, і выходзіць на сваю сцяжыну. І тады рарэг чорнай маланкай падае на ваўка, і ўдар дзюбай ператварае драпежніка ў падлу. Рарэгі не забываюць крыўды. На сцягу ягонага бацькі быў сокал-рарэг, а сцяг перайшоў да яго ад дзеда, і дзед дзеда быў рарэг. Іхны род - род сокалаў; яны цярплівыя, яны мужныя, яны бязлітасныя. На досвітку ён, Даўмонт, стане для Міндоўга такім рарэгам. Год давялося чакаць гэтага палявання. Такога палявання, як гэтае, яшчэ не было на Літве. Праз вякі будуць пераказваць старыя сваім унукам, як рарэг Даўмонт забіў ваўка з імем Міндоўг, як чакаў у восеньскім халодным лесе першы прамень сонца, каб усе маглі пабачыць ягоную помсту. Ніхто не зможа сказаць: «Вялікі князь Міндоўг сканаў на сваім ложку, акружаны дзецьмі!» Не, усе будуць казаць: «Князь Даўмонт пасек Міндоўга на капусту!» Калі хто-небудзь спытае: «Куды знік род Міндоўга, вялікага князя, былога караля з трыма сынамі?» - кожны нальшанец, кожны літовец, кожны наваградзец адкажа: «Яго цалкам вынішчыў князь Даўмонт!» І было гэта вераснёўскім ранкам у баі на беразе Нёмана. А калі спытаюць: «А дзе ягоная жонка, забраная гвалтам для сябе і сваіх сыноў Міндоўгам?» - кожны чалавек у Нальшчы і на Літве адкажа: «Даўмонт яе адпусціў. Ён не мог вярнуць у свой дом жанчыну, якая год даглядала ваўчанят, не перасіліла гідлівасці да старога ваўка, не знайшла ў сабе мужнасці атруціць іх усіх разам, задушыць уначы воўчымі шкурамі. Даўмонт даў ёй воз, яна паехала на сваю радзіму ў Дайнову сядзець цёткаю пры малых дзецях яцвяжскіх сваякоў». А калі хто спытае: «Чаму ён не забіў такую жонку?» - кожны нальшанец адкажа: «Наш князь не забівае слабых, наш князь не помсціць жанчыне!» А калі хто-небудзь спытае: «Дзе цяпер крэўскі князь Даўмонт?» - кожны нальшанец з гонарам адкажа: «Князь Даўмонт цяпер старэйшы князь усёй Нальшы!»... А што будзе гадоў праз дзесяць, ніхто сёння не ведае і ведаць не можа. Магчыма, ён падпарадкуе сабе ўсю Нальшчу і ўсю Дзяволтву і тады паспрачаецца з наступнікамі Міндоўга, з яго братанічамі і сястрынічамі. Не лепшая кроў цячэ ў іхных жылах. Ён помсціць за сябе, за сваю ганьбу, а яны чакаюць, калі ён пасячэ іхнага роднага дзядзьку. Такога нораву князі самі сябе хутка перарэжуць, і нядоўга прыдзецца чакаць такога дня. Тады надыдзе яго час. Вялікі князь Міндоўг распачаў крывавую ўсобіцу, а, калі дапамогуць багі, вялікі князь Даўмонт пакладзе ёй канец.

Даўмонт трымаў перад вачыма гэтыя прыемныя вобразы, пакуль не пачало развідняцца на ўсходзе неба, і не пачалі выяўляцца з начнога змроку ясныя абрысы коней на выпасе, аховы ля агню, дваровай агароджы, берагі Нёмана, лес за ім, дзе гэтак жа тоіліся зараз жамойты. Тады яго ўвага засяродзілася на браме, і ён даў знак лучнікам падрыхтавацца.

Світала, двор пакрысе ажываў. Побач з ім стаяў Віцень. Яго жорсткі позірк нібы наскрозь прасякаў двор, дзе яму мусілі аддаць даўгі за вока, за пакуты, за пасівелыя скроні. Даўмонт убачыў, як за агароджай апускаецца журавель, пачуліся чыесьці галасы, забразгалі ланцугі, на якія бралі сабак - і раптам вароты пачалі расчыняцца.

Яшчэ створкі падзяляла вузкая шчыліна, але Даўмонт убачыў праз яе Астапа. Кроў горача ўдарыла ў сэрца, і ўсе думкі, і ўсе пачуцці з душы выціснула назапашаная за год, абуджаная знакам Астапа нянавісць і лютасць. Даўмонт шапнуў Віценю: «Час!», і той махнуў кметам. Праз імгненне загулі ў палёце дзесяткі стрэл, і ўся ахова, што сядзела пры вогнішчах і хадзіла па старажавых сцяжынах, была зваленая без адзінага ўскрыку. Толькі спутаныя коні спуджана кідаліся па лузе, баючыся забітых, але на двары ніхто не ўсхапіўся.

Даўмонт ускочыў і пабег да двара, а побач бег Віцень, а за імі бегла сотня, перастройваючыся ў баявы серп...

 

21

 

Агна прачнулася ад пачуцця вострай трывогі. Яна села на ложку і не магла зразумець, чаму ёй жахліва на сэрцы. Было гэтак жудасна, як некалі ўявілася ў сне. «Што?» - спытаўся князь. «Не ведаю, - адказала яна. - Мне вельмі страшна! Даўно гэтак не было. Чамусьці баюся!» Міндоўг паверыў яе прадчуванню, ускочыў, надзеў кальчугу, апяразаўся мечам. «Пабудзі дзяцей, - загадаў ён. - Выязджаем!» - і выйшаў з хаты. Трое кметаў, што ўсю ноч драмалі ў сенцах, прыхапілі свае лукі і кінуліся ўслед князю.

І тут загучаў за агароджай покліч баявога рога і пачуўся конскі тупат з глыбіні лесу і на другім беразе Нёмана.

«Сядлаць коней! - крычаў князь - Сабак на вароты!» Расчыненыя вароты перакрылі возам, за ім сталі ў два шэрагі лучнікі, а на іх ужо насоўваўся затулены шчытамі клін. Міндоўг пазнаў нальшанцаў. Быццам у пацверджанне за сцяною пачуўся шалёны крык «Нальша! Сокал! Наперад! Бі!» А дзесьці ад вёскі даходзіў перакатам кліч жамойтаў - «Локіс! Прэнкі!». Князь узгадаў аб дзецях і скочыў па іх у хату. Агна, не ведаючы што трэба рабіць, стаяла з пляменнікамі ў куце. «Выходзь да стайні, - сказаў князь. - Будзем прабівацца. Хутчэй!» Яны выбеглі на двор. Каля брамы Міндоўгавы і Даўмонтавы кметы ва ўпор расстрэльвалі адзін аднаго. Скуголілі пабітыя суліцамі ваўкарэзы. Параненыя ваяры курчыліся на зямлі, некалькі ўжо хрыпелі крывавай пенай. За стайняй конюхі секлі мацаванне адкідной часткі агароджы. «Сыходзьце ў лес, - навучаў Міндоўг. - Калі мяне параняць, заб'юць - не спыняйцеся. Бяжыце да Войшалка!»

Нальшанскі клін праламіў абарону і запаланяў двор. «Хутчэй!» - крыкнуў Міндоўг конюхам. Тыя ўдарылі ў плыт, ён паваліўся і ў агароджы адкрыўся шырокі пралом, але асупроць яго за дзесяць крокаў стаялі напагатове ў некалькі шэрагаў лучнікі з ялінкавымі лапамі на шлемах. Пушчаныя імі стрэлы звалілі стаёўнікаў і коней. «Мне не вырвацца! - сказаў Міндоўг Агне. - Даруй!» Ён павярнуўся і пайшоў насустрач Даўмонту. За плячыма крэўскага князя стаяў Астап, ён быў у панцыры, ялінкавая лапа, прымацаваная да барміцы, высока тырчэла над ягоным шлемам. Міндоўг і рынуўся да яго з крыкам «Здраднік!» Але дарогу яму заступіў Даўмонт, і вялікі князь лютымі ўдарамі прымусіў Даўмонта ступіць пару крокаў назад. Раптам крэўскі князь з драпежнай радасцю засмяяўся. «Азірніся, воўк! - крыкнуў ён, апускаючы тапор. - Дзе твае ваўчаняты?» Ён зноў адступіў на некалькі крокаў, каб князь не прыняў яго параду за хітрасць. Міндоўг азірнуўся і ўбачыў, як падымаюць на дзідах Руклю. Сын яшчэ быў жывы і клікаў «Тата! Татка!» Міндоўг кінуўся да сына, знёс галаву аднаму з забойцаў, адсек руку другому, але тут яго спасціг першы ўдар Даўмонта. Сякера нальшанскага князя рассекла яму ключыцу, і Міндоўг выпусціў меч. Сіла пакідала яго, Даўмонтаў тапор адцінаў яму ногі, прабіваў кальчугу, набліжаўся да твару. Князь упаў, і пакуль не памёр, ачуваў, што Даўмонт сячэ яго на кавалкі...

Агна, закалажоная звярынай лютасцю, што панавала на двары, бязлітасным забойствам, крывёю, рыкамі кметаў, стаяла ля сцяны стайні. Толькі крык Руклі і ягоны твар, які раптам узняўся над бітвай, вырвалі яе са здранцвення. Яна ўбачыла дзіды, нацэленыя на Рэпіка і закрыла яго сабой. «Даўмонт! Не трэба! - крычала яна. - Злітуйся...» Але сказаць «над дзецьмі» яна ўжо не паспела. Цяжкі ўдар дзіды прыбіў яе да сцяны. Яна ўбачыла дрэўка, што выходзіла з яе грудзей, ваяра, які гэтае дрэўка трымаў. Яна пазнала маладога кмета, год назад ён скакаў побач яе ў Наваградак. Яна прыгадала ягонае імя - Віцень, і ўспомніла, як яго збівалі пасярод замкавага двара. Цяпер ён стаяў перад ёю без шлема, яго левае вока закрывала скураное навечча, у правым палала лютая нянавісць. «Ты здрадзіла!» - чула яна ягоны голас. «Здрадзіла!», «Здрадзіла!», «Здрадзіла!» - паўтараў ён і біў яе шырокім нажом...

Туман наплываў на Агніны вочы, скрозь ружовую заслону яна ўбачыла джала суліцы ў Рэпікавым горле, пунсовую паласу неба, Астапа з мечам, Даўмонта з сякерай. Даўмонт крочыў да яе, яна ўбачыла бляск ягонага тапара, і Віцень перастаў крычаць «Здрадніца!», галава яго некуды знікла, цела павалілася на зямлю, і для Агны сціхлі ўсе гукі, сціх яе боль, і ўсе кметы, усе знаёмыя, Скурка, Астап, князь Даўмонт сталіся невядомымі, чужымі, непатрэбнымі, і яна адступіла ад іх ў выратавальную цемру...

Праз гадзіну забітых пазносілі ў хату, пакрылі саломай, абклалі хату галлём і паднеслі жарынку.

Стаяла бабіна лета, дзень быў ясны, цёплы, і высока ўзнімаўся ў блакітнае неба чорны развітальны слуп дыму...

Князі не меліся чакаць, калі загасне гэтае вогнішча. Даўмонт, Трайнат, Астап селі на коней, ваяводы і сотнікі пракрычалі кметам «У сядло!». Жамойцкі і нальшчанскі палкі расцягнуліся ў паходныя гуфы і зарысілі лясной дарогай браць Наваградак. Цокалі аб камяні падковы, калыхаліся скрываўленыя суліцы, трапяталі пад лёгкім ветрам чырвоныя сцяжкі аддзелаў і рэзкія ўскрыкі «Хо!», «Хо!» перакочваліся па шэрагах, калі кметы прыспешвалі коней астрогамі.

 

Эпілог

 

Таго ж дня Даўмонт стаяў пасярод замкавага двара. Усё споўнілася і адбылося, як ён ўяўляў. Седзячы ў сядле, ён аглядаў гародні, мураваную вежу, князскі дом, хаціны, ля якіх нема стаяла перапужаная міндоўгава чэлядзь. Ён нічога не казаў, бо словы былі непатрэбныя: калі нальшанскі князь увайшоў у Наваградак, значыць, Міндоўг забіты, і тут будзе новы валадар. Год таму на гэтым двары князь Міндоўг паклікаў сваю смерць. Яна яго знайшла. Людзі, якім Даўмонт паказаў, што выканаў закон помсты і ачышчаны, яго ўжо не цікавілі. Ён павярнуў каня і выехаў з замка.

Войшалк, якога прыхільнікі паспелі апавясціць пра забойствы, уратаваўся ўцёкамі ў Пінск.

Вялікім князем стаў Трайнат. Ягоны дваюродны брат Таўцівіл лічыў за сабой больш правоў наступаць Міндоўгу, чым удзельнік змовы. Ён прыехаў з Полацка ў Наваградак, каб забіць Трайната. Сустрэча двух братоў у каменнай вежы скончылася сечай, у якой Трайнат перамог.

Праз год былыя канюшыя Міндоўга, падкупленыя Войшалкам, зарэзалі Трайната нажамі, калі ён парыўся ў лазні.

Войшалк змяніў расу на браню, прывёў пінскі полк і вярнуў бацькаў сталец. Ваявода Астап быў схоплены пагоняй, і Войшалк пасек разанскага князя ў капусту. Затым наваградскія палкі вырушылі помсціць Нальшчы. Даўмонт разам з дружынай уцёк у Пскоў, дзе яго прынялі князем з ўмоваю хрышчэння ў праваслаўную веру. Ён ахрысціўся, узяў імя Цімафей і атрымаў у жонкі князёўну Марыю, унучку Аляксандра Неўскага. Неаднойчы вадзіў Даўмонт пскавічоў у наезды на Літву і Нальшчу, аддаючы агню і мечу сваю былую зямлю. Век яго скончыўся ў 1299 годзе.

Войшалк валадарыў тры гады. З прынёманскага кастрышча прывёз ён попел бацькі і паблізу Наваградскага замка насыпаў курган для вечнай памяці пра вялікага князя Міндоўга. Змораны ўладай і крывёй, ён вярнуўся ў манастыр, перадаўшы княжы сталец ў 1267 годзе Шварну Данілавічу. Старэйшы брат Шварна князь Леў пакрыўдзіўся і забіў Войшалка мечам у манастырскай трапезнай. Так загас род Міндоўгавічаў...

А ці было б з усімі гэтымі людзьмі інакш, калі б князь Міндоўг не пакінуў Агну пры сабе?

Хто ведае? Магчыма, адшукаліся б іншыя падставы, каб спраўдзіўся наканаваны кожнаму лёс.


1990-1997?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая