epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Тарасаў

Пагоня на Грунвальд

Гістарычны раман

ГОД 1409
  Полацка-ноўгарадскае памежжа. 24 кастрычніка
  Двор Былічаў. Дзяды
  Троцкі замак. Дзяды
  Хата шаптухі. Лістапад
  Берасцейскі замак. Дамова
  Мальбарк. 8 снежня
  Двор Рось. Каляды
ГОД 1410
  Смаленск. Вадохрышча
  Нёманская іярдань
  Градчаны. 15 лютага
  Мальбарк. 25 лютага
  Двор Былічы. Наезд
  Ваўкавыск. Вербная нядзеля
  Кежмарк. 7 красавіка
  Берасце. 20 красавіка
  Двор Рось. Заручыны
  Горадня - возера Любень. Паход
  Грунвальдскія ўзгоркі. 15 ліпеня
  Мальбарк. Аблога
ГОД 1413
  Гародла над Бугам. 2 кастрычніка
ЭПІЛОГ
  Курган над Лабай
  Рака Святая
ТЛУМАЧЭННІ


ГОД 1409

 

Полацка-ноўгарадскае памежжа. 24 кастрычніка

З траўня месяца, калі паўстала Жамойць і пачалася вайна з Тэўтонскім ордэнам, вось ужо без нечага палову года Андрэй Іллініч быў з сотняй у раз'ездах, не сыходзіў з каня. Увесь ясны дзень праводзілі ў сёдлах, пакуль сонца не заходзіла ці коні не падалі. А калі падалі, на другіх сядалі. Памаліцца, здаралася, не было калі, паесці цёплага іншым днём не выпадала. Увечары да саломы, да гунькі раскірэкамі ішлі. Кінешся, накрыешся гунькай, павекі зліпнуцца - а ўжо ранак, зноў на каня, астрогі ў бок; лес, дарога, гразь, пыл, дождж, спякота, смага. Ва ўсе бакі кідалі, куды толькі не пасылалі, дзе толькі не пабываў. У сталіцу крыжацкую Мальбарк ездзілі. На Падолле князю Івану Жэдзевіду вазілі ліст - месяц пракалыхаліся ў сёдлах, спякліся, ссохлі пад сонцам. Князя Вітаўта ў Ленчыцу на сустрэчу з каралём Ягайлам суправаджалі - зноў тры тыдні бяззлазна. З Ленчыцы вярнуліся, адразу вялікі князь выправіў на Ноўгарадскае памежжа - Сямёна Альгердавіча сустрэць. Сустрэлі, праводзілі ў Трокі. Князь Сямён з князем Вітаўтам зачыніліся, паўдня прагаварылі - і ў зваротны шлях. Выслалі праводзіць. Цяпер дайсці да мяжы, а там князь сам паскача.

Семёна Альгердавіча ахоўваць не тое што князя Вітаўта. У таго гон шалёны, бесперапынны галоп, у вушах свішча; сам не адпачывае і другім не дае; усё не церпіцца, усё справы, кожная хвіліна нібы з золата - баіцца згубіць. Князь Сямён не спяшаецца: дарога ў Вялікі Ноўгарад далёкая, дзень не выгадаеш, а гадзіна нічога не вырашае. Спакойна рысіць. Цішыня. Коні навучаны - самі трымаюць строй. Сотня заціхла, кожны ў свае думы пагрузіўся, суседу словам не дакучае, ды і пра што размаўляць: усё абгаворана, усё за пяць месяцаў уздоўж і ўпоперак абмеркавалі - не дачакацца, калі распусцяць па дварах на зімовае сядзенне.

Заціхла сотня, у думы акунулася, а думы мала ў каго вясёлыя. Пра што думае баярын на службе? Аб кепскім жыцці, дрэннай долі, убогім лёсе. Служы, служы, а ў падзяку - дулю. За пяць гадоў усяго і выслужыў дзве вёсачкі - адну ў тры, другую ў пяць двароў. Таму што веры грэчаскай, не лацінскай. Хто лацінскай, таму хутка надаюць і дораць. А хто яны? Хто раней крыжа не насіў, на Зніча маліўся, зараз яны ўсе ў пашане, павазе, сіле. Божа, вось Неміровічы... Ці даўно стары Нямір ззаду бацькі ў паходах трымаўся - зараз полацкі намеснік, у былым княжым палацы сядзіць, загадвае, над старажытнымі полацкімі родамі ўзвышаны.

Ды што баяры! Князёў прынізілі, павыганялі з наседжаных месцаў. Ужо які Сямён Альгердавіч - лепшы вайскаводзец на ўсёй Літве, Русі і Жамойці, у ніводнай бітве не саступіў, ва ўсіх перамог, а ва ўдзел атрымаў Амсціслаўскае княства. А яно парубежнае. Хто Смаленск ваюе, той амсціслаўцаў топча, і смаляне топчуць. Але мала, што княства беднае людзьмі, няпроста сярэднюю харугву склікаць, дык адаслалі і самога князя Сямёна прэч з вачэй у Вялікі Ноўгарад, намеснікам. Можа, ён і Вялікі, ды за рэкамі і лясамі ляжыць, два тыдні гону, два месяцы абозы ідуць. Вось вайна навісла, адразу прыгадалі - трэба Амсціслаўскага гукнуць, ён і ноўгарадцаў прывядзе, яго любяць.

Чаму ж яму Кіеў не далі адпаведна заслугам, розуму і крыві, ці Полацак, ці Віцебск, ці Берасце? Таму што веры на лацінскую не змяніў, падобна Ягайлу і Вітаўту. А Сямён - родны брат караля Ягайлы, у яго больш правоў на віленскі пасад, чым у князя Вітаўта.

А вось калі б яму, падумаў Андрэй, зрабілі прапанову, ну хто, ну вялікі князь пазваў бы і выставіў умову: перахрысціся ў веру лацінскую - вялізны будзе табе абшар, як у Кежгайлы ці ў Восціка, згодны? Дарэмнае было б пытанне, Андрэй і хвіліны не разважаў бы, як трэба адказаць. Толькі хто прапануе? З якой прычыны? Ніхто пра яго не згадае, калі шчаслівы выпадак Бог не пашле. Вось так гадамі ў сядле і будзеш бадзяцца, мокнуць пад дажджом, дубець пад сонцам, князёў сустракаць-праводзіць, адвозіць лісты, пакуль не праб'юць лоб чаканом у якой-небудзь сутычцы ці не праніжуць стралой. Дзевяцёх згубіла сотня за гэта лета, хоць ні з кім і не біліся. У Коўна ляцелі з лістамі, вось так, як тут, лес абкружаў. Глухія сцены з абодвух бакоў - пушча, вечная глухмень. Час перад захадам, цішыня, раптам - жыг! жыг! - і двое валяцца з сёдлаў, у спінах стрэлы. Памінай як звалі! Хто страляў? Ці немцы ў засадзе сядзелі? Ці жамойты падкупленыя? А на Падоллі - сонца, духата, пекла, у кашулі горача, а тры дні кальчугі не здымалі: па пятах утрая большы варожы аддзел ішоў. Бой не прымеш - пасякуць. У жалезе тры дні і скакалі, варыліся, як ракі ў гаршку. Таксама пяцёх недалічыліся. Так усё жыццё можна прашлындаць.

Дарога, бясконцая скачка, ачмурэлая галава. Пяць месяцаў пранесліся хутчэй за тыдзень. Выпраўляліся - зелянела, а ўжо лісце падае, восеньскай прэллю дыхае лес, і нічога ў памяці - толькі конская грыва, ззаду храп, тупат, іржанне коней, ды сябра Мішка Расевіч побач. Выпадак бы Бог паслаў, вось пра што трэба памаліцца.

Расевічу лепш; яму не бяда: адзіны сын; бацькаўшчына ўся яму дастанецца. Ну, сёстрам выдзеліць пасаг - невялікія страты. А іх, Іллінічаў, шасцёра братоў. Падзялі бацькаўшчыну на шэсць кавалкаў - што атрымаеш? Хату зрубіць, хлеў, свіран, а зямлі - хіба толькі курам і хопіць. Бацька і думаць не стаў: старэйшым па палове, а малодшым - вось меч, вось конь - выслужвайце, хлопцы.

І бацька Мішкаў вядомы на княжым двары - таварышам быў Вітаўту, з Крэва памог збегчы, коней прывёў пад муры; ва ўсіх баях пры князю хадзіў, ад смерці ратаваў. Толькі на Ворскле яму не пашчасціла, татары шаблямі пакусалі - закульгаў, акрывеў, сядзіць у сваёй Росі, ды князь яго памятае і глядзіць на Мішку з ласкай. Мішку Бога не прасіць. Яму вялікі князь сам знойдзе прычыну аддзячыць.

Выпадак, думаў Іллініч. Яшчэ ўгадаць трэба, ці той, што трэба, выпадак. Памыліцца стала проста. Вунь Рамбольд вырашыў вылучыцца, павёў харугву на прусакоў, два замкі спалілі, рыцараў пасеклі - і не ўгадаў. Не трэба было, мір парушыў. Ягайла з немцамі замірыўся да лета, немцаў да лета біць няможна. І атрымалася, крыжакоў рубілі на сваю ж бяду. Самому Рамбольду галаву і адсеклі. А палічыў бы, што не той выпадак, - жыў бы па гэты дзень.

Іллініч міжволі перахрысціўся.

- Ты чаго? - пацікавіўся Мішка.

- Рамбольд прыгадаўся.

- Так, - уздыхнуў Мішка. - Гаротна загінуў.

Яшчэ б не гаротна! Дарэмна, ні за што, за добры ўчынак. Жорсткі князь Вітаўт. Нашто было галаву здымаць? Хапіла б у скляпенні кінуць. Вайна на носе, кожны меч спатрэбіцца наступным летам. Умелы быў рыцар Рамбольд, адважны, а яго, як татніка, забілі сякерай на радасць немцам. Суровы князь Вітаўт, думаў Андрэй. Так кожнага можна пакараць, так кожны можа правініцца. На памежжы гэта лёгка. Не па віне раззлаваўся князь. Вядома, Рамбольд загад парушыў - крануў немцаў. А што яму заставалася, калі крыжакі схітравалі, як яны любяць: напярэдадні замірэння спалілі вёску. Прыцемкі скончацца - ужо час міру, а які ж мір: у вёсцы хаты дагараюць, увесь народ там пазабіваны ляжыць, і Рамбольдавы людзі там стаялі - таксама загінулі. Ну як было яму знесці? Яго сяброў пасеклі, а за дзве вярсты, у крэпасці, за драўлянай сцяной, гуляюць немцы: ім весела, бяспечна, праз якую гадзіну мір, а яны паспелі нашкодзіць, яны пяюць у сотню глотак, рэха разносіць. Як тут утрымацца? Чым разлютаванасць сваю загасіць? Кроў за кроў! Вы прыцемкамі нас палілі, мы вас досвіткам. А сонца ўзыдзе - тады і мір, па-чэснаму, на роўных.

Смуткуючы аб таварышу, Андрэй уявіў сябе на ягоным месцы і сказаў сабе, што зрабіў бы тое ж самае - спаліў гэтую крэпасць. І князь Вітаўт, наадварот, павінен быў узнагародзіць яго за рашучасць. Андрэй убачыў сябе каля Рамбольда, убачыў асцярожны пераход харугвы цераз лес, доўгае чаканне на ўзлеску. Паміж лесам і крэпасцю ляжала прастора поля. Сонца заходзіла, рэдкія сцірты адкідвалі доўгія цені, барвовая зара павольна цямнела. Прыйшла ноч. Сцішыліся ў сваёй крэпасці немцы. Толькі варта хадзіла ўздоўж сцяны па нутранаму навесу. Рамбольд сказаў: «Ну, за справу!» І дзесяткі два хлопцаў ціха, як ваўкі, папаўзлі па калючым ржышчы, трымаючы на сабе драбіны. Падабраліся, прыставілі драбіны, палезлі на сцены. Крыжак аховы пачуў шолах, высунуўся паглядзець і атрымаў стралу. А ўжо нашы ў крэпасці, саскокваюць з навесу, бягуць да брамы, сякуць брамную варту. Вароты расчыніліся, запалала паходня - Рамбольд пусціў сваю паўсотню ў галоп. Люты крык помсты раздзёр цішыню ночы, абудзіў сонных, і яны здзервянелі, уцяміўшы, што прыйшла адплата. Была крыжацкая застава - сталася чорнае вогнішча на зямлі...

А праз тры дні прыехалі да Вітаўта ордэнскія браты, тры рыжабародыя змрочныя немцы ў белых плашчах. Магістр і капітул Ордэна здзіўлены: чаму вялікі князь не трымае слова? Ці наўмысна не трымае - хоча ваяваць? Ці слова вялікага князя не закон: хто пажадае - парушыць? Хто парушыў - адкажа, сказаў Вітаўт. Прынеслі плаху, прывялі Рамбольда, бліснула сякера, усе міжволі зажмурыліся - тужліва было глядзець, як гіне смелы жамойт, толькі кат глядзеў - каб не прамахнуцца, і немцы - ім добра было. Ды брат Рамбольда прасіўся: «Князь, злітуйся!» І нашто было цешыць гэтых немцаў? Не з-за Рамбольда вайна пачалася. Няма Рамбольда, усё роўна яе не спыніць.

Цьмяна ўсё, думаў Андрэй, не зразумець, пра што думае вялікі князь. Ды і як разабрацца ў буйных справах дробнаму чалавеку. Баярын што верабей - з якой бы кучы зерне сцягнуць, а вялікі князь арлом лунае над Княствам, усё бачыць, усе пагрозы на рубяжах - там лівонцы, там прусакі, там вугорцы, татары, пра ўсіх трэба думаць. Князь зараз нікому не саступае, трапна б'е, навучыла Ворскла. Так звезданулі татары, што ледзь ачомаліся.

Цяпер тыя ж самыя татары, што з нас дух выбівалі, тысячамі прыняты ў Княстве; у Лідзе і Троках асаджаны палкамі, пад Горадняй вялізныя табары стаяць. Яны не сеюць, не жнуць, а іх пояць, сілкуюць, табуны на лепшых пожнях пасвяцца; свае, калі з голаду дохнуць - няхай, а гэтым, што ні папросяць, адразу ж вязуць. Чаму? За што? За якія паслугі?

Падняліся на пакаты лысы пагорак, пазначаны памежным камянём. Князь Сямён Альгердавіч торгнуў павадок - паслухмяны конь застыў. Агледзеліся. У нізіне блішчэла чорная лукавіна рэчкі. І лясы, лясы, сасна ды елка, бярозавыя, вольхавыя, кляновыя пералескі, жухлыя меціны балот. Памежжа. Налева - пскоўская, направа - ноўгарадская, ззаду полацкая землі.

- Ну што, ваяры, - усміхнуўся князь Сямён, - дзякуй за праводзіны. Развітаемся да новай сустрэчы. Дасць Бог, летам у другі бок пойдзем.

Іллініч з Расевічам і па іх прыкладу сотня пакланіліся; князь крануў каня і пусціў з пагорка наўскач. І ноўгарадскі аддзел дружна зарысіў следам: «Бывайце!» - «Бывайце!» Стаялі на пагорку, глядзелі, як ноўгарадцы ўцягваюцца ў глухі, векавечны, крануты баграй лес. Адблісквалі прышпіленыя да сёдлаў шлемы, мільгалі чырвоныя і бронзавыя шчыты на шырокіх спінах, калыхаліся дзіды, ляцела з-пад капытоў дарожная гразь. Хутка зніклі ў гушчары, і доўга адыходзіў гулкі, цяжкі тупат, змаўкаў, гаснуў пад халодным ветрам.

Сотня павярнула і ранейшым шляхам зарысіла да Полацка. Усе засмуціліся - дзе начаваць? Хоць да смерці загані коней, у полацкі замак да прыцемкаў не паспець, а ў цемры варта не пусціць. Ля агню - грудзямі смажыцца, спінай мерзнуць - абрыдла за гэтую восень. І задажджыць, відаць, добра, дажджу не загадаеш...

Хутка і сапраўды неба зацягнулася шэрымі хмарамі, пачало крапаць, рэдка, лёгка, нібы намацваючы сухія месцы.

Тады Сялява пад'ехаў да Іллініча, прапанаваў збочыць з полацкага шляху - за дванаццаць вёрст яго бацькаўшчына. Да вячэры паспеем.

Панурая сотня павесялела. Зарысілі на баярскі двор, да цяпла.

Задажджыла, аднак, надоўга. Дробны сітнік сухой ніткі не пакіне. І ноўгарадцам небаракам дастанецца, вымачыць, як ніўку, ля агню не абсушышся, нацерпяцца мужыкі. Ну, для іх зразумела - служба. А князю нашто цярпець? Малая асалода - туды-назад скакаць тысячу вёрст. Нашто яму гэты Вялікі Ноўгарад? Сядзеў бы ў сваім Амсціславе. Да славы, улады не рвецца. Як ішыя Альгердавічы; чорт не штурхае людзям галовы здымаць. Чым Ноўгарад мяць паборамі, лепш лівонцаў душыць.

Але ў нас усё, думаў Іллініч, цераз пень-калоду: немцу Жамойць аддаём, самі Смаленск ваюем. Ды што Жамойць! Здаралася, полацкія землі немцам перадавалі, крыжакам, адвечнаму свайму ворагу. Ягайла даўмеўся, калі пачаў вайну за ўладу са старэйшым братам Андрэем, князям Полацкім. Не любіў Андрэя, той больш правоў на віленскі сталец меў, выціснуў з Полацка, таму і ўцякаць давялося. Князь Андрэй нейкі год у Маскве пажыў, Пскоў яго прыняў баявым князем, ён полацкую і пскоўскую харугвы вадзіў Дзімітру Данскому на падмогу. На Куліковым полі полк правай рукі трымаў, полацкія ратнікі славу сабе здабылі, ім архангел Міхаіл надаваў сілу татар секчы, сам гасподзь на іх доблесць дзівіўся.

А Ягайла хацеў Мамаю дапамагчы, ды ў бітву не пайшоў - асцярогся. Таму і жывы. Неўзлюбіў князя Андрэя да нянавісці, наогул адняў Полацак, а палачанам наказаў: любіце, слухайцеся малодшага майго брата Скіргайлу. Вось як наказ выканалі: пасадзілі малодшага брата тварам да хваста і выправілі на Віленскі гасцінец. Юродзівыя Спаса-Ефрасіннеўскай царквы аршаком суправаджалі, зады свае худыя паказвалі. І не енкнуў, бо галавы б не вынес. Вось тады Полацак немцам і падаравалі. Тыя прыбеглі, тры месяцы пад сценамі пратырчэлі і зняліся, калі іх спалавінілі.

А ўжо потым Андрэя сурочылі чэрці, здурэў князь, з'ехаў з глузду: сваёй воляй аддаў полацкую зямлю пад уладу лівонскіх крыжакоў. Меўся вялікім князем стаць, кінуў бы кліч - Віцебск, Амсціслаў далі б аддзелы, уся Русь далучылася, Палессе, усё праваслаўнае баярства сабралася б у харугвы. Пабаяўся сваіх, рашыў - немцы лепш дапамогуць, яны ў браню апранутыя, іх секчы цяжэй. Далі посілкі, не адмовіліся, семнаццаць троцкіх і віленскіх паветаў дашчэнту выпалілі, насекліся, нарабаваліся ўсмак; тры тысячы палону з сабой павялі - князь Андрэй блаславіў. На тым для яго і скончылася; хто любіў - усе адхіснуліся. Скіргайла і Сямён Альгердавіч скруцілі яго і ў нейкі склеп на сем гадоў кінулі.

Быў час - галовы зляталі, нібы лісце ў лістапад. Князі біліся, баяры галовы складалі; полацкія за Андрэя, гарадзенскія за Вітаўта, кіеўскія за Ўладзіміра. Разбярыся, баярын, хто ўтрымаецца, каго заўтра скінуць, хто нагамі будзе перабіраць ад атруты? Памыліўся - плаці горлам, у лепшым выпадку - бацькаўшчынай, ідзі казакаваць на лясны прасёлак, пакуль на кола не пакладуць. Ды і зараз не прасцей. Рвешся, выслужваеш, носішся за ўдачай; здаецца, дагнаў, ухапіў - не, дулю, памыліўся, аддай жыццё, як Рамбольд.

Хоць думкамі Андрэй чапляўся да ўсяго, што пераконвала - не трэба са скуры лезці, тады жыццё падоўжыцца, але сэрца, усё нутро ныла, жадала раптоўнага шчасця, таго адзінага выпадку, што адразу падыме ўгару. Можна дзесяткамі гадоў выслужваць, да старэчага веку нямала сабраць па крошках, ды якая радасць старому ад коней, добрай зброі, багатай вопраткі: секчыся сілы няма, конна ездзіць - хутка рассыплешся, добра есці - зубоў не хапае. А хацелася неадкладна, пакуль малады, пакуль паперадзе харугвы становішся, жывеш на людзях, дзеўкам цікавы, зараз, без адтэрміноўкі, мець моцны двор, сотню коней, дзесяткі парабкаў, каб ніхто не мог усміхацца: вось ты, вядома, смелы баярын, ды што з таго, калі пяць коней у войска выстаўляеш, а я - трыццаць. І здарыцца між намі сварка, мае тваіх кулакамі паб'юць.

Даўся б выпадак вялікаму князю дагадзіць, марылася Іллінічу, зрабіць для яго нешта выключнае, добра б жыццё ўратаваць. Часта на яго палююць. Нібыта і ворагаў няма, усіх пабіў, прыціснуў, звёў; здаецца, трывала княжыць, а нядаўна з кухоннага сутарэння бачурку мёду паднялі - шчасце, сабака каля кухара круціўся, далі лізнуць, тут жа вочы і выкаціліся, завыў, захрыпеў, ногі раз'ехаліся - закопвай. Цяпер зграю сабак пры кухні трымаюць - каштаваць князевы прыпасы. Але хто задумаў? Як трапіў атручаны мёд у сутарэнні? Пэўна, не абышлося без крыжакоў. Але як? Каго нанялі, падкупілі? Дый няцяжка: немцы на князеў двор як да сябе ездзяць. То скаргі прывозяць, то дарункі. Княгіні Ганне клавікорды прывезлі, а пры іх немец-манах, грае княгіні ўвечары, а ўдзень гойсае па замку, у кожную шчыліну вокам лезе. Спытаюць што яго, адказвае: «Не, не разумею!» А сам усё разумее, на кожную размову вуха навострана. Лазутчык! Яму б замест крыжа ладны камень на шыю - ды ў возера...

Раптам скрозь заслону дажджу пацягнула дымам. Сялява растлумачыў: за паўвярсты вёсачка ў тры двары. Бортнікі асаджаны. Непадобна на пячны дым, развеяла б яшчэ над хатай. Відаць, палілі нешта ці нехта гарэў. Напярэдадні зімы пагарэць - гібель. Пераглянуліся з Сялявам - і пусцілі коней у галоп.

Хутка вынесліся на паляну: пожня была па левую руку, невялічкае поле і двары па правую. Сапраўды, гарэла хата, галасілі там, нехта мітусіўся. Але што было нечакана - на пожні тоўпіліся коннікі. Андрэй адразу ацаніў - менш людзей, чым пры ім. За шолахам дажджу, за трэскам агню, за бабскім лямантам прыходу Іллінічавай сотні адразу не прыкмецілі, але зараз нехта прыкмеціў, крыкнуў, вершнікі павярнуліся і чамусьці пачалі шыхавацца, а наперад выехаў самавіты, упэўнены ў сабе чалавек і ўладна, голасна запытаў:

- Хто такія?

Іллініч набліжаўся да яго павольна, вырашыў цягнуць час, каб сотня цалкам выйшла з лесу. Маўчаў, аглядаўся, убачыў на дарозе пасечаных мужыкоў у світках, зразумеў, што намагаліся адбівацца сякерамі, убачыў забітага баярына і падарванага нажом каня - той яшчэ ўскідваўся. Падняў руку - гэта быў знак, каб сотня разгарнулася баявым парадкам. Іхны ачольнік нецярпліва і ўжо з пагрозай зноў запытаўся:

- Хто такія?

- А ты хто? - спытаў Іллініч, сярдуючы на пагрозу.

- Вялікі князь Свідрыгайла!

Сказана было ледзяным голасам, з разуменнем, што падзейнічае. І падзейнічала - Іллініч збянтэжыўся: Свідрыгайла, родны брат польскага караля, стаяў насупраць яго, прыпаляў гнеўным позіркам. Толькі на міг кальнуў Андрэя звычны страх перад слынным і небяспечным імем, кальнуў і змяніўся на радасць. Вось ён, выпадак, жаданы, адзіны, непаўторны! Пачуў Бог малітвы, дожджык наслаў, нараіў з полацкага шляху звярнуць. Удача! Наканаваны час! Свідрыгайла - тройчы здраднік, шалёны ўладалюбца, душагуб, уцякач - шкодзіць на памежжы. Прыгадалася: князь Вітаўт чортам насіўся тыдзень назад па Троцкім замку - Свідрыгайлу ўпусцілі, уцёк, бясследна знік; крычаў шукаць, знайсці, схапіць, прывезці; чым хутчэй - тым большая падзяка. Шмат бяды нарабіў той за апошнія гады. Іншы за ўсё жыццё столькі не ўчыніць, колькі гэты здолее за адзін дзень. Васілю, князю маскоўскаму, бегаў служыць. З-за яго ваяваць хадзілі з Масквой, ледзь замірыліся. Але і там не ўседзеў, не спадабалася сярод малых князёў лічыцца. І маскоўскаму князю здрадзіў, а каб усе пра гэта даведаліся, спаліў горад Серпухаў, агнём здраду прыпячатаў, з'явіўся з пакаяннем у Трокі: «Роднаму Княству буду служыць!» А счакаўшы тыдзень, паслаў некага да прускіх крыжакоў - прасіць посілкаў - князю Вітаўту ў спіну нож уваткнуць у зручны момант. Хапаць яго трэба, вязаць. Вітаўт не пашкадуе, аддзячыць, аднак цень Рамбольда раптоўна прамільгнула ў памяці, астуджаючы рашучасць. Вырашыў пераканацца.

- Чаму, князь, вольных людзей выбіваеш?

- А ты хто, каб пытацца?

- Вялікага князя Аляксандра сотнік Іллініч.

У адказ пачуў Андрэй поўныя агіды, нібы плявок, чатыры словы:

- Не твайго розуму, халоп, справа!

Надта захацелася ў морду кулаком за «халопа», ды зноў узнікла сумненне: можа, замірыліся з Вітаўтам, можа, даравалі яму грахі, як неаднойчы даравалі?.. Нешта занадта пэўна глядзіць. Але замірыліся б - не стаяў бы на памежжы ў лясной глухмені. Таму, насмеліўся Іллініч, возьмем. Толькі жыўцом трэба браць, непашкоджаным, брат каралеўскі, Альгердава кроў, нельга забіць, нават параніць, драпнуць рызыкоўна, з самога потым скуру здзяруць. Няхай яго князь Вітаўт хоць на круку падымае, а нам яму і зуб выбіць не дазволена. Галавой можна заплаціць за гэты зуб. Але ж зброю не складуць, вунь якія насупленыя, паспрабуюць адбіцца. Чорт з імі, рашыў Андрэй, дасць Бог - пасячом. І цвёрда, гучна, каб чула сотня, загадаў:

- Я, князь, цябе і тваю дружыну затрымліваю. У Полацак паедзем. Дай меч!

Свідрыгайла агаліў меч, крануў пальцамі лязо, сказаў: «Зараз атрымаеш!» - і раз'юшана рвануўся да Іллініча. «Бі! Рубі!» - крычаў ён сваім людзям.

Андрэй сваім і знака не падаў, самі ведалі, што рабіць, не першы прымалі бой. Толькі загадаў:

- Князя жыўцом!

Сотня скранулася і, абдымаючы сярпом аддзел Свідрыгайлы, завыла на татарскі лад надрыўнымі галасамі.

Хоць князь Свідрыгайла ў бойку рынуўся першы, ды біцца Іллінічу давялося не з ім. Князя прыкрылі, ён застаўся за спінамі, а на Андрэя ляцелі, наставіўшы дзіду, змрочны мацак у калантары і яшчэ баярын з узнятым мечам. Ад дзіды нечым было абараніцца, шчыт ляжаў на спіне, Андрэй вырашыў: «Павалюся на бок, удару ў бруха». Але Андрэеў лучнік Мікіта апярэдзіў, пусціў стралу - трапна, у шчаку - мацак і закінуўся. Тут лоб у лоб сутыкнуліся два гуфы - трэск, звон, лютыя крыкі, конскае ржанне, адчайны лямант! Пакуль Іллініч адбіваў удар меча і сек баярына, мусіў выпусціць князя з вачэй, а калі адшукаў - раз'юшыўся: аточаны дзесяткам памагатых, той уцякаў. «Ромка, Докша, Ямунт, Юшка, ты, ты, ты! - загукаў Андрэй людзям. - За мной!» - і вырваўся з сечы. Так усадзіў у каня астрогі - той птушкай ляцеў.

Пайшлі напярэхват. Ні страху, ні жорсткасці не адчуваў, адно клапаціла: як узяць? Біць нельга, на кані не здасца, лесу дасягне - схаваецца ў гушчары, не адшукаеш. Краем вока прыкмеціў у Докшы суліцу. Крыкнуў: «Дай!» Узяў меч у левую руку, прыціснуў суліцу локцем - саб'ю. Несліся насустрач шпарка. Свідрыгайла закрыўся шчытом, высока ўзняў меч. Вараны яго конь бліскаў вачыма, серабрылася мокрая скура, страшна жаўцелі ў разяўленай пашчы зубы, і пена вісела на губах. Добры конь! Шкада было каня, але ў шыю, каб напэўна, суліцу і ўвагнаў. Вараны здзіўлена і гаротна ўздыбіўся, імгненне пастаяў і паваліўся на падагнутыя ногі. Князь з мечам і шчытом перакуліўся цераз галаву, ледзь сам сябе не закалоў. Паспрабаваў ускочыць, але Іллініч ужо падаў на яго і, заціснуўшы галаву, душыў. Памагатых князя адцяснілі і пасеклі.

Напаўпрыдушаны Свідрыгайла ляжаў на мокрай траве. Можна было агледзецца. Князевых людзей дужа паменшала, іх атачылі, і стральцы трапна іх выбівалі. Мікіта вязаў князю рукі, той прытомнеў, тузаў скасабочанай галавой, хапаў ротам паветра, злосна парыкваў. Потым аціх, назіраючы, як гіне яго атрад.

Праз чвэрць гадзіны, хто застаўся жывы, пакідалі зброю. Тут здарылася прыемнае адкрыццё. Між палонных было трое немцаў. Андрэй узрадаваўся: выкуп за іх будзе, прыбытак неспадзяваны. Немцаў абшукалі і знайшлі два лісты, напісаныя на лаціне; каму лісты, пра што, і гадаць не маглі. Але бачачы, як немцы і Свідрыгайла на гэтыя лісты глядзяць, Андрэй зразумеў - каштоўныя. Спадабаецца Вітаўту, будзе за іх княжая ласка і ўзнагарода. Узяў іх сабе, схаваў пад кашулю. Потым падняў вочы да неба: «Дзякуй табе, Божа, удалося, скруціў шалёнага князя, драпіны не пакінуў; буду ў Полацку - свечку запалю ў старажытнай Сафіі, а не пакараюць - яшчэ адну запалю, а ўзнагародзяць - дзесяць не пашкадую». Андрэй замацаваў абяцанне крыжом і пайшоў да месца пабоішча. Там стагналі людзі, успоратыя коні намагаліся падняцца і смяротным іржаннем клікалі нежывога ўжо гаспадара. Лучнікі, парабкі разбіраліся: хто дыхае, хто нябожчык. З мёртвых здымалі кальчугі, калантары, паясы. Дабівалі пашкоджаных коней, выносілі сваіх параненых, забівалі Свідрыгайлавых, бо не было куды і чым іх везці, а пакідаць на пожні - усё роўна памруць, толькі ў дадатак нацерпяцца. Жахліва зрабілася. Трыццаць чалавек страціла сотня, дзевятнаццаць - ужо святы Пётра прымае. І Мішка Расевіч не засцярогся, дзідай выдзерлі бок, наўрад ці выжыве. Андрэй апусціўся на калені над непрытомным прыяцелем. Горыч, жаль, пакута ў душы. Не варты быў такой страты князь Свідрыгайла. Не злічыць вёрстаў, што з Мішкам адмераны, а колькі ратавалі адзін аднаго, колькі разам рызыкавалі, выцерпелі дажджоў, голаду, бяссонных ночак. Адзінокім стане жыццё на свеце, пуста будзе без Мішкі ў сотні. Андрэй пачаў прасіць: «Ісусе, усемагутны, справядлівы, ласкавы! Даў мне ўдачу, выратуй сябру жыццё. Выкажы сваю літасць. Вунь нашых без аднаго два дзесяткі ляжыць, не раўняй лік, дазволь яму выжыць. Святую душу для свету ўратуеш!»

Прыйшлі бабы - жонкі забітых бортнікаў - сваіх мужоў забіраць. Высветлілася, за што іх спустошылі і пасеклі. Князевы людзі загадалі: «Дайце на ўсіх паесці і ў дарогу дайце». Мужы адказалі: «Калі на ўсіх дадзім, з чым застанемся?» Князевы людзі сказалі: «Самі возьмем», увайшлі ў адзін хлеў - карова зараўла пад мечам. Тады мужы ўхапілі рагаціны: абаронімся! І як цяпер жыць?

Іллініч і шкадаваў іх, і дзівіўся іх дурасці. З кім сварыліся, каму пярэчылі? Ён Серпухаў спаліў, цэлы горад. Што вашыя двары і каровы? Аддалі б, новае прыдбалі. А так ляжаць, галовы парасколатыя, бабы - удовы, дзеці - сіроты. Нікому не патрэбныя. Жабрач да канца веку. Але і мужыкоў можна зразумець. Накармі такую прорву, яны свае жылы летам не рвалі, а ўсё зжаруць, прыйдзецца дзецям кару варыць. Яшчэ раз пераканаўся - ворага ўзяў, які пра людзей не думаў, з крыжакамі вёску руйнаваў. Добрай дарогі засцерагаліся - заставы, а сцежкамі, лясамі ў абход - голадна, вось натрапілі на асаднікаў, вырашылі запасціся...

Добра запасліся, палове ўжо нічога не спатрэбіцца - ні вады, ні хлеба.

Андрэй сказаў бабам:

- Вы, цёткі, потым будзеце галасіць, зараз жывым памажыце.

Мішку панеслі ў хату перавязваць.

Князя Свідрыгайлу і немцаў Іллініч загадаў ахоўваць асобна, астатні палон гнаць у Сялявы. Іх штуршкамі ды выспяткамі пачалі збіраць на дарогу. Свідрыгайла не ўцярпеў, раз'юшыўся:

- Вы каго ведзяце, халопскія морды? Татараў? Гэта баяры старадаўніх родаў!

- «Баяры»! - узлаваўся Іллініч. - Татнікі і збоі! А ты першы!

На Свідрыгайлу найшла злосць адчаю, рвала яму сэрца: не звык быць нанізе, стаяць, чакаць, падпарадкавацца. Дробныя людзі, чэлядзь баярская, падыходзілі, аглядалі, усміхаліся, а ён мок пад дажджом, як жабрак ці халоп. Памерці здавалася лягчэй. Ніколі ніхто - ні родны брат Ягайла, ні дваюрадны брат Вітаўт - не смелі пальцам крануць, а свалаччо баярскае - у нагах павінны поўзаць, за шчасце прымаць, калі нагой пнуць! - рукі выкруціла, галаву ледзь не звярнула, вяроўкамі павязала, подлая дрэнь, як роўнага. Ківаў мокрай галавой, рыпеў зубамі, лаянкай выплюхваў свой гнеў.

- Нікому не дарую, халопы, быдла! Пакладу на кола, у агні жыўцом спяку. А цябе, сотнік, абцугамі будуць рваць на кавалкі, пацукам кіну з'есці. Прыгадаеш гэты дзень...

Іллініч слухаў, супіўся, дзівіўся княжаму гонару: сам звязаны, людзі пабітыя, без заступнікаў, хоць на сук яго, хоць у студню, хоць галавой у мурашнік - усё магчыма, хто ўтрымае? А ён раве, пеніцца, быццам на стольцы сядзіць. Не быў бы ты братам Вітаўту, не хацелася б за цябе ўзнагароды, зведаў бы, гадзіна, бізуна. І рупіць, і дражніць, і ахвоціць дастаць меч і прыпячатаць плазам да нахабнай морды, каб зубы бразнулі і рот закрыўся.

Але перамог Андрэй небяспечнае гэтае жаданне і пайшоў глядзець Мішку. Важнейшы ёсць клопат, чым ад лаянкі палоннага князя шалець. Што брыдкага ён ні скажа - усё трэба цярпець. Стрыечны брат князя Вітаўта. Няхай шалее. І яго можна зразумець. Вялізнымі землямі валодаў, сотні баяраў прыслужвалі, гарады паліў, віленскі пасад ваяваць збіраўся - і ўсё ўшчэнт, прыяцелі пасечаны, не ведае, што заўтра самога чакае, калі ў Трокі прывязуць, які лёс вызначыць яму Вітаўт. Ну, вядома, не заўтра, дні праз тры. Тым лепш - болей памучыцца.

Андрэй знайшоў Мішку ў апошняй хаце. Ён паўголы ляжаў на лаўцы, было не зразумець - жывы ён ці мёртвы. Старая накладала яму на крывавую рану, проста на рванае мяса, нейкае замочанае лісце. «Будзе жыць?» - ціха спытаў Іллініч. Старая нешта прамармытала, ён не пачуў што, але перапытваць не стаў: не ад яе, ад Бога залежала. Што наканавана, таго не абыдзеш, і раней, чым хоча Бог, яно не здзейсніцца. Прыгадалася, што неяк Мішка апавядаў пра старэйшага брата, які загінуў, ратуючы сястру. Вайны не было, не ўцякаў князь Свідрыгайла, і таго ўсё роўна смерць адшукала. Зараз каля Мішкі спынілася. Магчыма, такі лёс у Расевічаў. Убачыў Мішкавага суседа Данілу Быліча - таму мечам спіну працялі, і яго пашкадаваў. Паглядзеў іншых таварышаў - ніхто лёгка не абышоўся. Выйшаў на двор, загадаў людзям узяць у бортнікаў вазы, пакласці параненых і везці за ім услед.

Свідрыгайлу і крыжакоў пасадзілі на коней, сцягнулі вяроўкамі ногі, і Андрэй побач князя, каб палонны князь быў на вачах, павёў парадчэлую сотню ў Сялявы на кароткі начны адпачынак.

 

Двор Былічаў. Дзяды

Праз некалькі дзён пасля сутычкі Руды, парабак Данілы, прывёз яго жонцы нядобрую вестку. Вольга зараз жа выслала людзей да свёкра і да Расевічаў. Дзве пары старых неадкладна з'ехаліся да яе, паслухалі аповяд Рудога аб цяжкіх ранах сыноў і вырашылі за лепшае не спадзявацца на чужы клопат у далёкіх Сялявах; адразу яны паслалі за імі калёсы і чаляднікаў. Калі суджана дзецям выжыць, разважалі старыя, дык у сваёй хаце і сцены дапамогуць, а калі суджана памерці, то будуць як трэба аплаканы і ў роднай зямлі пахаваныя.

Усе дні чакання прайшлі для Вольгі ў неадступнай душэўнай пакуце. Удзень яна думала пра мужа са спачуваннем, шкадавала яго; ёй мроілася дрогкая дарога, абяскроўлены Даніла на саломе пад восеньскім дажджом, стогны яго, калі калёсы падскоквалі на калдобінах. Яна малілася аб яго выздараўленні. Яшчэ яна прасіла ў малітвах, каб гасподзь даў ёй сілы даглядаць мужа, вярнуў дабрыню да яго, лёгкасць на сэрцы, заглушыў злую памяць, бо Даніла зараз нядужы і рана яго небяспечная. Але ўначы душа выходзіла з пакоры розуму і памяць руйнавала ўсе дзённыя ўгаворы і малітвы. Бясконцай чарадой, быццам ратнікі на вайну, праходзілі перад вачыма крыўды на мужа, складваючыся ў пакутнае пачуццё непрыгляднага жыцця, у звычайную непрыязнасць. Вольга нібы навобмацак, з пільным паглядам, як заляжалыя яблыкі, перабірала дзень за днём чатыры гады свайго замужжа і не магла прыгадаць ніводнага яснага дня. Гэты двор з моцнымі пабудовамі, з каморамі, набітымі дабром, абкружаны дубовым частаколам, стаў яе астрогам, дзе ёй суджана пакутаваць і цярпець, чакаючы смерці. Ніхто не мог яе абараніць, ніхто не мог вырваць яе з гэтага двара, з рук Данілы, ніхто і не ведаў - добра ёй тут ці блага.

Але быў шлях збаўлення, ён адкрыўся ёй аднойчы, у адну з цяжкіх хвілін: збегчы адсюль, пайсці куды-небудзь далёка, у манастыр, упасці перад ігуменняй, прасіць, пакуль не злітуецца, пакуль не скажа накрыцца чорнай хусткай і прыняць новае імя. І яна будзе жыць з сёстрамі, і ніхто не будзе над ёй уладарыць. Ад таго жыцця - манаскага - хоць людзям можа быць карысць, хоць бедным скажа слова суцяшэння ці хворых пачне даглядаць. Ды і ўцякла б даўно, не цярпела гадамі сваю муку, але ўтрымліваў страх, што ніколі больш не ўбачыць Мішку Расевіча, не пачуе яго голасу, не сагрэецца яго добрым поглядам. Дзеля яго, дзеля выпадковай сустрэчы ў царкве на святы і знемагала ў гэтым астрозе. А цяпер абодва параненыя, абодва пад вокам смерці. Абодва выжывуць - пойдзе ранейшая пакута. Мішка памрэ - у той самы дзень яе тут не будзе ці таксама памрэ. Даніла памрэ - яна акрыяе...

Хоць і грэх перад Богам мець такія думкі, ды няма сілы іх перамагчы. Немагчыма прымусіць сябе да цярпення, развітацца з марай аб шчаслівым дні. Няхай грэх, няхай Бог яе пакарае, толькі б змянілася ці скончылася такое жыццё.

Дождж, тужлівы, кастрычніцкі, сыпаўся з неба і ўдзень і ўночы. Вользе страшна: у цемры, пад нуднае шамаценне вады за сцяной час быццам назад ідзе, душа глядзіць у мінулае, як у жывое, мучаецца аб памылках. За адну памылку ўсім жыццём - цяжка змірыцца. Як адказаць сабе, нашто пайшла за Данілу; не сілай жа ён яе ўзяў, і не сілай яе аддалі. Сама вырашыла. Толькі чаму? Ну, зразумела, тыя, у каго маці і бацька сквапныя і жорсткія, тых прымушаюць, каб не заседжваліся ў хаце, тым адмовіцца немагчыма, бацька загадае - ідуць.

Але ёй, без бацькі і маці, без бацькоўскага загаду, вось так, адным словам змяніць волю на палон, свайго брата на незнаёмага, мяльком бачанага Данілу... Нашто? Ёй і тады падабаўся другі чалавек, не ведала яго імя, сустракала яго ў царкве, зрэдку, ды думала пра яго... Але зайшла хросная. Спытала, ці прыме яна сватоў, і быццам зачаравала. Да сябровак сваталіся, яе закранала - чаму не да яе, няўжо яна горшая? Як гульня на вуліцы, у якую не прымаюць: гуляць не хочацца, але крыўдна, што не клічуць.

І раптам сваты, усё ўрачыста, святочна, княгіняй называюць, Даніла кланяецца, сяброўкі зайздросна шэпчуць: «Ой, пэўна ён цябе любіць, без пасагу бярэ». Ачмурылі галаву, і праходзіла лета ў зачараванасці. Потым зямлю снегам ледзь прыцерушыла - вяселле. Яе апранаюць, суседкі, сяброўкі тоўпяцца, то плачуць, то скачуць, хвіліны спакою няма; і, як у сне, вядуць у царкву, Даніла побач, свечкі, ладан, айцец Фоцій тыча крыж цалаваць, нешта гаворыць, нешта чытае, і ўжо яны - муж і жонка. Выйшлі з царквы, селі ў вазок, і павёз яе вясельны поезд з Ваўкавыска, з роднага дому, сюды, за дваццаць вёрст, у астрог.

Выехалі за гарадскую браму, убачыла поле, прымерзлую пустэчу зямлі, аголеныя вятрамі дрэвы, усё нейкае нежывое, аджылае, і ахапіў душу жах, стала так жудасна, як раней ніколі не было: куды вядуць? Не трэба! Пусціце! Нікуды не хачу! А навокал усім весела, жартуюць, мітусяцца, пяюць, стол завалены дымавінай, на двары падпітыя сварацца, а тут, у хаце, «Горка!» крычаць - а ёй плакаць хочацца. Так, без пасагу сюды прыйшла. Але і старалася дагадзіць, прыгадвала Вольга. Быў бы добры, можа, і звыклася б, пражылі б дружна сваё жыццё. Ды дома як з крыжакамі сябе паводзіў - з ровам, сілай, кулакамі. Кулаком у твар! А яна дзіцёнка насіла, ён ужо жывы быў, бабы слухалі, казалі - хлопчык. Усё ў той дзень разбурылася, толькі нянавісць да Данілы жыла. Ужо за свята лічыла, калі з двара ад'язджаў, за шчасце - калі ў паход заклікалі. Колькі ночаў слухала яго дыханне і жадала пагібелі. Ледзь розум не страціла - так хацелася правесці нажом упоперак горла. А потым - сабе. Што ўтрымала? Вось утрымала нешта. Граху пабаялася. Цяпер сам паранены. Чаго ж яму пажадаць, што прасіць для яго ў Бога? Няхай Бог сам глядзіць. Як вырашыць, так і будзе...

Пад самыя дзяды прыскакаў чаляднік: вязуць, ужо за пяць вёрст ад раздарожжа. Вольга сказала запрэгчы, апранулася і з самотай выправілася насустрач мужу. Хутка яе дагнаў конны свёкар.

На раздарожжы прасёлкаў з Гарадзенскім шляхам сустрэліся ім стары Расевіч і ягоны зямянін Гнатка. Павіталіся, пакінулі калёсы пад наглядам чаляднікаў і рушылі наперад пешшу. Моўчкі прайшлі вярсту, потым пачуўся рып колаў, тады паскорылі крок і раптоўна, за паваротам сустрэлі абоз. На першым возе ляжаў Мішка Расевіч, пакрыты да падбародка кажухом. Вольга ўбачыла змярцвелы твар з запалымі вачыма - і ўмлела: ніякага жыцця, адныя мошчы. Стары Іван Расевіч падбег да падводы, утаропіўся цэлым вокам у бяскроўны сынаў твар і заплакаў.

Наступным возам ехаў Мішкаў лучнік Рыгор. Ён мог сядзець і выглядаў няблага.

Даніла таксама быў пакрыты кажухом па бараду і гэтак жа, як Мішка, здаваўся нежывым.

Вольга пацалавала мужа ў шчаку - шчака палала. «Данілка!» - пазвала яна. І свёкар паклікаў: «Сынок!» Той не чуў.

На ростанях Расевічы звярнулі направа; хутка сціхла і хлюпанне капытоў на гразкіх лужынах. З'явіўшыся на хвіліну, Мішка знік. Вольга памалілася за яго, пераняла ў вазака лейцы і сама кіравала, абыходзячы калдобіны.

Каля двара іх чакалі свякруха і чэлядзь. Маці, зірнуўшы на Данілу, загаласіла. Стары Быліч узлаваўся: «Чаго? Здурэла? Жывы!»

Данілу ўнеслі ў хату, паклалі на ложак, раздзелі. Выгляд незарубцаванай раны, гнойных струпоў зноў выклікаў рыданні Данілавай маці. Вольгу гэтае дупло, што сачылася крывёй, адвярнула ад пакутлівых думак; яна запарыла падарожнік, абмыла рану, абклала яе лісткамі, перавязала чыстым ручніком. Зрабіўшы гэтую неабходную справу, яна прысела ля мужа і спачувальна ціха плакала, адчуваючы яго безабароннасць і сваю бездапаможнасць перад той сілай, якая трымала зараз мужа паміж жыццём і смерцю.

Моўчкі дачакаліся вечара. Вольга запаліла лучыну. У напружанай цішыні, што ахапіла хату і двор, пачуўся цяжкі тупат, хуткія крокі, рып дзвярэй: увайшоў брат параненага - Сцёпка. Агледзеўся, спытаў вачыма: «Ну што?» - і, зразумеўшы нявызначанасць, сеў побач маці.

Ноч узмацніла страхі. Усё набыло значнасць бяды. Злосна і тужліва завываў вецер, сумна патрэсквала лучына, зрэдку, нясмела, быццам каго баючыся, пабрэхвалі сабакі.

Стаміўшыся ў чаканні хоць нейкага знака жыцця, бацька і маці, схіляючыся над сынам, ціха клікалі: «Данілка! Данілка!» - і ўзіраліся ў твар з надзеяй убачыць прасветлены позірк, пачуць адказны шэпт. Даніла не прытомнеў.

«Божа, злітуйся над ім! - малілася Вольга. - Выратуй яго, не прымай душу». Усе даўнія, выпакутаваныя крыўды на мужа здаваліся ёй зараз нязначнымі. Мацуючы сваю малітву, Вольга шчыра ўяўляла сабе новае жыццё з мужам: вось ён падымецца - знікне іхны разлад; ён зменіцца, яна зменіцца, і пачнецца добрае жыццё. Яна народзіць, будзе клопат, радасць, адказнасць. Ніхто не вінаваты. Чым ён вінаваты, думала Вольга. Хіба ён хацеў гора? А яна хіба чэсная? Замуж пайшла за яго, а падабаўся другі. З першага дня, з вяселля, калі ўбачыла тут Мішку Расевіча, узгадала, вось каго хацелася, каго прыкмячала ў царкве. Можа, з гэтага і пайшло ўсё наўскасяк: ні Данілу радасці, ні ёй шчасця. Зараз абодва паміраюць, а як абодва памруць - свет апусцее.

Увайшла старая чалядніца, сказала шэптам: «Дзень не еўшы. Паесці трэба». Селі да стала. Не столькі елі, колькі паныла сядзелі над міскай, не ведаючы, што рабіць і аб чым размаўляць.

Раптам пачуўся стогн, Даніла жаласна некага паклікаў, а праз імгненне нецярпліва, з болем выгукнуў: «Матуля!»

Кінуліся да яго - ціхая ўсмешка смерці застывала на яго твары.

На досвітку Вольга паслала Рудога ў Ваўкавыск па свайго брата...

Гэтым дзядоўскім ранкам Юры пайшоў на пакуцце. Тут ужо былі людзі. На акураных туманам могілках цьмяна гарэлі плашкі. Юры прыбраў магілу маці, паставіў ля крыжа свечку. Бацька быў пахаваны далёка, на Нёмане, пад Коўнам, дзе загінуў у сутычцы з крыжакамі. Юры памятаў яго ад'езд, яго каня пад баявым сядлом, халодны бляск стрэмені, у якім глыбока сядзеў бацькаў бот і за якое Юры трымаўся, памятаў усмешку бацькавых вачэй, яго апошні погляд. Потым бацька паступова знікаў за пагоркам, нібы сыходзіў у зямлю. Вочы ў бацькі былі блакітныя, усмешка - разгубленая і сумная. Праз два месяцы харугва вярнулася дужа парэджаная. У горадзе па розных канцах галасілі сем'і; айцец Фоцій у царкве, а ў касцёле айцец Мікалай маліліся за вечны спакой палеглых на вайне валкавысцаў.

Увечары сусед, бацькаў прыяцель, прынёс яго зброю. Маці ўжо даўно не было на свеце. Бацька другой жонкі не браў. Можа, не знайшоў па душы ці не мог забыць першую, іхную маці. Гаспадыняй у хаце была Вольга, але ўсю цяжкую працу бацька рабіў сам. Замест яго вярнуліся яго світка, меч, шлем, панцыр, пас з нажом. Жахліва выглядалі гэтыя рэчы, пакладзеныя на стол.

Нейкая змрочная таямніца жыцця таілася за тым, што іх прывезлі, а яго не стала.

Памятаючы бацьку жывым, Юры не мог уявіць яго забітым, не верыў, што бацьку паклалі ў яму і закідалі зямлёй. Яму мроілася, што калі-небудзь ён пачуе звычны стук у вароты; яму сніліся сны, у якіх бацька вяртаецца - і пачыналася шчасце. Тады, у першы год сіроцтва, ён зачасціў у царкву маліцца пра цуд; аднойчы ён сказаў айцу Фоцію, якога цуду ён просіць у Бога: бацька не забіты, ён у палоне, яго памяняюць на палоннага крыжака. «Дай Божа!» - адказаў святар з цяжкім уздыхам і неўзабаве пачаў запрашаць Юр'я да сябе - вучыць пісьму. Праводзячы з Юр'ем некалькі гадзін штодзень, стары наблізіў яго, нібы новага сваяка; яны сталі сябраваць, як дзед і ўнук. Цуд не адбыўся. Юры пасталеў, душу яго захапіла пачуццё адплаты. Яму бачыўся помслівы бляск меча. Ён папрасіў у Фоція блаславення стаць ваяром. Фоцій блаславення не даў, адказаў цьмяна: «Трэба выспець!» Апроч службы ў царкве, меў Фоцій іншы занятак - ён пісаў валкавыскі летапіс. Лісты летапісу захоўваліся ў куфры разам з дзесяткам сабраных за жыццё кніг і ўласнаручна перапісанай у маладыя гады Бібліяй, па якой ён чытаў у нядзельныя і святочныя службы. Аднаго дня старому скурчыла руку; гусінае пяро не трымалася ў пальцах, пачало скакаць па пергаміну сутаргавымі скокамі, і Фоцій даверыў Юр'ю пісаць хроніку са сваіх слоў. Стаўшы кнігапісцам і атрымаўшы доступ да запаветнага куфра, Юры прачытаў «Слова Кірылы Тураўскага», «Жыцці пячэрскіх старцаў», «Трэбнік» і «Златавуст». Чытанне навяло яго на думку, што зло не пераможаш злом, толькі сілай добрага слова і справы. Уведваючы д'ябальскае паходжанне зброі, ён адчуваў у сваіх ведах здраду памяці бацькі. Але і любое праліццё крыві здавалася яму злачынствам супроць сумлення, закладзенага Богам у кожную душу, супроць спачування і міласэрнасці, у якіх выказвае сябе запавет збавіцеля пра любоў. І зараз, назіраючы рух людзей ля магілак, Юры адчуваў добрасць гэтай любові, што прасвятлала душу, радніла ўсіх братэрскімі пачуццямі. Усіх, што прыйшлі сюды ўшанаваць дзядоў, яднала шчырае пачуццё ўдзячнасці і замілавання. Хрыстос хацеў, каб так было заўсёды. Толькі, на жаль, думаў Юры, людзі пакуль яшчэ няздатныя на трывалую любоў, павагу, дапамогу адзін другому. Мноства глухіх і невідушчых, як кажа айцец Фоцій. Спакусы багацця і ўлады падманваюць іх; але ні багацце, ні ўлада не падаўжаюць век чалавека, і Бог не ўзважвае здабытыя чалавекам грошы ці назапашаныя стагі, адзенне, аздобы. Ён узважвае толькі тыя нябачныя каштоўнасці, якія набыла душа.

Юры развязаў клуначак, разгладзіў на магілцы палатно, адліў з пляшкі віна пад крыж, паклаў пачастунак дзядам, сам глынуў і, гледзячы на агеньчык свечкі, доўга сядзеў, намагаючыся адрадзіць у памяці постаць маці, успомніць яе голас і словы. Маці вучыла яго размаўляць, галубіла яго, нешта нашэптвала, нейкія добрыя пажаданні. Ніводнае з іх цяпер не чулася, заглушанае часам. Гэтая няўдзячнасць, бяспамяцтва, немагчымасць духоўнай сустрэчы адклікаліся болем. Юры сядзеў на тым месцы, дзе бацька, Вольга і ён назаўжды развіталіся з маці, але памяць не ўтрымала тую гаротную хвіліну ці захавала так глыбока, што ёй не хапала сілы з'явіцца ў свядомасці. Вось гэта і ёсць сіроцтва, думаў Юры. Ходзіш па зямлі, прыйшоў на свет народжаны, узгадаваны, навучаны сваёй маці - і не ведаеш, хто яна, як выглядала, быццам і не было яе ніколі. І непадуладная розуму загадка засланяе туманам тваё з'яўленне сярод людзей...

Юры сабраўся і пайшоў да айца Фоція. Хутка ён быў на плошчы, у гэты час пустой, пастаяў у нейкім сумным здзіўленні перад невялікім касцёлам, з якога даходзіў ціхі спеў малітоўнай песні, і па стромкай насыпной дарозе падняўся на замчышча, дзе была старадаўняя рубленая царква, маленькі пусты замак і дзе ў невялікай хатцы жыў айцец Фоцій.

- Позна ўстаеш, - упікнў яго стары, - даўно чакаю.

- На пакуцце хадзіў, - растлумачыў Юры. - Дзяды сёння.

- А, так, дзяды, - прызнаў сваю няпамятлівасць Фоцій. - Хоць для старога ўвесь час - дзяды; акрамя мінулага, нічога не ведаю. А вось сам памру, усё, што памятаю і ведаю, таксама са мной памрэ і забудзецца. Саслабла тая памяць. Бацьку помню, а дзед не помніцца зусім. Які быў? Як звалі? А ён гуляў са мной. Вось цуды жыцця! Наперадзе - невядомасць, мінулае нам не належыць, а мы пасярэдзіне, на вузенькай мяжы бягучай хвіліны. У будучыню ідзем, на мінулае аглядаемся. Яно як люстэрка... - стары раптам ці страціў думку, ці не захацеў разважаць і скончыў звычайнай прапановай:

- Сядай, крыху папрацуем.

Юры адкрыў куфар, узяў ліст пергаміну, спісаны напалову, пляшачкі з чарніламі і пучок пёраў.

- Скажы, айцец Фоцій, чаму касцёл паставілі пад гарой? - спытаўся Юры, прыгадаўшы нядаўняе сваё здзіўленне.

- А дзе яшчэ было ставіць? - адказаў стары. - Там некалі капішча было, агонь. А гадоў дваццаць назад, як хрысцілі нашу Літву, тады капішча знеслі, а касцёл збудавалі.

- Чаму ж у нашу веру не хрысцілі? Валкавыская царква, ты сам казаў, старадаўняя.

- Не паспелі. А можа, і не імкнуліся, - сказаў Фоцій. - Іншыя мелі справы. Вось і пра гэта трэба запісаць, а то забудзецца.

- Пра што? - не зразумеў Юры.

- Як тут плямёны схадзіліся. Хто жыў, хто зараз жыве. Пішы.

Фоцій засяродзіўся і з нейкай урачыстасцю, як казаў у царкве, пачаў дыктаваць.

- Там, дзе Берасце, Белая Вежа, Белавежская пушча, дзе рэкі Ясельда, Мухавец, Нараў, Зэльва, Сакольда, жылі яцвягі. Яны і зараз там жывуць, ды не захавалі сваіх межаў і адрозненняў, бо страцілі князёў. Ваявалі яцвягі супроць кіяўлянаў, палякаў, а потым з крыжакамі. Ад Палесся да Вільні, ад Горадні на Наваградак - гэтая ўся зямля звалася Літвой. Так і зараз завецца. Пачалі тут сяліцца крывічы і збудавалі гарады Горадню, Слонім, Вільню, Ліду, Крэва, Ваўкавыск... А за Вільняй ляжыць зямля Дзяволтва, а ад Коўна на мора жывуць жамойты, а другі бок ад Вільні, дзе гарады Ашмяны, Варняны, Меднікі, Крэва, Смаргонь, Гальшаны, гэтая зямля завецца Нальшанскай. А Полацкую, Віцебскую ды Смаленскую землі завуць яшчэ Русьсю...

Фоцій з замілаваннем слухаў лёгкі рып пяра па пергаміну, сачыў, як строяцца адна да адной літары, нарастаюць радкі, і словы, ужо загаслыя ў паветры, набываюць вечнае існаванне.

- На Літве і ў Нальшанах, - працягваў стары, - крывічы і літоўцы здаўна змяшаліся, і пайшоў адзін народ з адной мовай. А дзяволтва размаўляе на сваёй мове, і таму да Вільні рака завецца па-нашаму - Вільня, а дзяволтва называе яе Нярыс. Таму і дзяржава мянуецца Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае. Літоўскае - гэта дзе мы жывем; Рускае - Полацак і Віцебск і ўкраінскія землі, адбітыя ў татараў. Жамойцкую частку крыжакі імкнуцца сабе прыдбаць, каб усё ўзбярэжжа мора ім адным вечна належала. Раней на Русі Кіеў быў галоўны горад. У нас Полацак быў сама моцны. Потым Наваградак стаў першы. Адтуль пайшла Наваградская дзяржава. Першым яе князем быў Міндоўг, а родам ён з Ашмянаў, а радавы яго герб - Стаўпы. А гербам Наваградка ўзяў Міндоўг Пагоню, яна і цяпер усяго Вялікага Княства герб...

Стары замоўк і чакаў, пакуль Юры не скончыць запіс. Тады Фоцій перахрысціўся:

- Дай, Божа, вечную славу чарнарызцу Кірылу, ад яго пісьменнасць ідзе. Калі б не яго подзвіг - хадзілі б па гэты век у цемры невуцтва. Чытаеш старажытную кнігу - бачыш глыбіні часу, усе даўнія людзі праходзяць перад вачыма...

Стары пяшчотна крануў пальцамі спісаны пергамін:

- Пісьмёны мудрасці і справядлівасці навучаюць. Кажуць: памятай, што не ты першы, што і раней за цябе жылі людзі, і пасля цябе будуць жыць...

- Кожны чалавек ведае, што смяротны, - усумніўся Юры. - Дзе ж тут справядлівасць?

Фоцій здзіўлена зірнуў на яго і цярпліва працягваў:

- Людзі тлумачаць цуды Божыя на малую сваю карысць. Чуюць пра выздараўленне сляпога, думаюць: Бог звычайнаму сляпцу новыя вочы даў. А Бог духоўны зрок дае. Блукае чалавек у змроку сябелюбства, нікога, апроч сябе аднаго, не бачыць - душа невідушчая. І раптам зрок - бачыць, што і яшчэ шмат людзей, і цяжка жывуць, і кожны чакае радасці, адчувае патрэбу ў любові і клопаце, а існасць шчасця - у любові да другіх людзей. Пытаюцца: дзе ж ёсць такая любоў? Дажджамі зямля менш палітая, чым нашай крывёй, дрэваў менш ссякаем, чым людзей сячом. Заўсёды так. Адвечна. Трэба адказваць: кожнаму жыццё дадзена і сумленне дадзена, чыстае, як першы снег. Паглядзі кожны на сваё сумленне. Якім Богу яго пакажаш, калі прыйдзе час? Пакажаш бруднае, у струпах ад грахоў, Бог не прыме, скажа: ты не для дабра, для д'ябла жыў. Ідзі да яго...

- Чаму ж ніхто не баіцца? - спытаў Юры.

- Як ніхто?! - пакрыўдзіўся Фоцій. - Ты і зразумець не здолеў, пра што кажу. Не страхам зло меншыцца. Калі злы і баіцца, дык усё роўна ён злы...

- Чаму ж крыжакам даруе, не можа спытаць з іх, злых і грэшных?

- Бог усё можа. Толькі што нам тады рабіць, калі ён за нас зробіць? Молімся, каб дапамог крыжакоў пабіць, а самі чым занятыя? Дзе болей князёў загінула - у бітвах з тэўтонамі ці ў бойках між сабой? На нашых мечах не менш нашай крыві, чым на крыжацкіх. Паміж сабой замірыцца не ўмеем, а цяжкую працу жадаем Богу пакінуць. А чаму? Перад Богам усе роўныя - што мы, што крыжакі...

Перапыніўшы размову, стукнула ў сенях зашчэпка, дзверы адчыніліся, увайшоў Руды. Пацалаваў святару руку, павітаўся з Юр'ем і паведаў пра смерць Данілы. І яшчэ сказаў, што Былічы просяць айца Фоція адпець нябожчыка.

Стары здрыгануўся, уявіўшы далёкі шлях, холад дарогі, і ўжо хацеў адмовіцца, але ўявіліся яму самотныя бацькі, іх жаданне развітацца з сынам па-хрысціянску, іх вера, што забіты сын будзе ўшанаваны, што не прыйдзецца везці труну за дваццаць вёрст у Валкавыск, а потым назад, што калі ён, Фоцій, адмовіцца і Юры паедзе адзін, дык крыўда за адмову пяройдзе на Юр'я, што і Юры хоча, каб ён паехаў, але, ведаючы яго нядужасць, не насмеліцца прасіць - усё гэта мноства звернутых да яго позіркаў адкрылася яму, і Фоцій, не марудзячы, пачаў збірацца.

Прыцемкамі яны дабраліся да двара. Юры дапамог старому надзець епітрахіль і рызу, узяў псалтыр, і абодва ўвайшлі ў хату.

Гарэлі свечкі, труна стаяла на стале, сваякі сядзелі ўздоўж сцяны; Вольга і маці Данілы ў чорных хустках плакалі. Каля печы, па звычаю, некалькі старых жанчын галасілі. Убачыўшы Фоція, старыя сціхлі; у цішыні Фоцій распачаў малітву па сыходзе душы: «Памяні, гасподзь Божа наш, у веры і спадзеі жыцця вечнага, сканаўшага раба твайго, брата нашага Данілу...»

Вымаўляючы гэтую, безліч разоў за жыццё паўтораную малітву, айцец Фоцій прыгадаў, як гэты чалавек, што цяпер ляжаў у труне з берасцянай граматкай у застылых назаўжды пальцах, як ён усміхаўся на вянчанні, як стаяў ля Вольгі, надзяваў ёй на палец пярсцёнак, хрысціўся і цалаваў крыж. Потым яму прыгадалася зусім даўняе: як гэтыя старэнькія цяпер маці і бацька Былічы прывезлі хрысціць гэтага чалавека, распавілі яго і ён незадаволена енчыў, калі яго акуналі ў купелі.

Потым айцу Фоцію ўспомнілася жонка, дзень яе смерці, калі нараджала. Не выратавалі павітухі і дзіця, і разам абарваліся два жыцці - жонкі і не хрышчанага яшчэ сына, народжанага, каб пажыць на свеце некалькі хвілін.

Потым ён узгадаў сямігадовай даўнасці размову з Вольгай і Юр'ем. Ранкам ён зайшоў у царкву. Нікога не было ў храме, толькі брат і сястра, стаялі на каленях перад абразом Багародзіцы. Ён падышоў да іх і спытаў спачувальна: «Што, дзеці? Аб чым вы просіце Маці Божую?» - «Каб вярнуўся бацька!» - адказала сястра. Ён ведаў, што гэтыя дзеці - сіроты, і не знайшоў, што адказаць. «Яна нам скажа, так?» - спытала Вольга.

Тады ён сказаў: «Яна не гаворыць тут. Яна адкажа ў сне». І вось гэтая дзяўчынка ўжо павязалася хусткай скрухі, яна - удава, хутка цела яе мужа панясуць на могілкі, і яна застанецца адзінокая, з горыччу ўспамінаў.

І, шкадуючы ўсіх, каго агарнуў смутак, айцец Фоцій пачаў чытаць псалом дзеля заспакаення сэрцаў...

Увайшлі ўсёй сям'ёй Расевічы - баярын Іван, яго жонка, дочкі - малодшая Соф'я і старэйшая Аленка, якую падтрымліваў Гнатка. Перахрысціліся і засталіся ля парога. Нейкая баба саступіла Аленцы месца на ўслоне. Гнатка дапамог дзяўчыне сесці.

Калі Фоцій закончыў сваю службу, маці Данілы павярнулася да Расевічаў і, быццам нікога больш не было ў хаце, заклікала іх да плачу: «Вось і няма нашага Данілкі! Ужо не прыйдзе, ужо добрага слова не мовіць!» Міжвольны дакор пачуўся ў яе голасе, скарга на лёс: паранілі абодвух, а ваш жывы, не пакінулі б аднаго, каб паміраў. А наш памёр, і чаму так?

Фоція запрасілі ў другую хату - пагрэцца і накарміць. Юры стаў каля печы чытаць псалтыр. Вымаўляючы словы псалмоў, ён адчуваў на сабе погляды двух сёстраў; іхная ўвага не давала яму засяродзіцца на патаемным сэнсе таго, што ён чытаў услых. Ён вымаўляў: «Гасподзь Божа, імя тваё - святло ў цемры», але не бачыў ні цемры, ні святла, ні святланоснай вышыні, куды падымаюцца святыя і праведнікі, а бачыў дзявочыя твары і перажываў нязвычную, гарачкавую сарамлівасць. Ён думаў: каб стаць святаром, трэба ажаніцца; у нашай царкве не так, як у лацінскай, святар не манах, нежанатага не пасвячаюць. А каб жаніцца - трэба нявесту мець. Хіба Расевіч аддасць сваіх у жонкі папу? Пыха не дазволіць яму аддаць дачку за беднага папа. Яму трэба, каб баярын быў, двор меў, вёскі, чэлядзь. Скажа: ці варта было дзеўку гадаваць, каб з бедным папом жыла...

Божа літасцівы, даруй, спахапіўся Юры, грэшныя думкі ў галаву лезуць. Чалавек у дамавіне ляжыць, а мне жаніцца захацелася, ніколі пра гэта не думаў. Не, трэба ўважліва, шчыра чытаць і не глядзець на іх, бо перашкаджаюць. Але праз хвіліну не вытрымліваў, падымаў вочы ад кнігі і сустракаў цікаўны позірк малодшай сястры ці сумны позірк старэйшай. Абедзве хоць і выціралі хусткамі вочы, аднак не так моцна смуткавалі, як дарослыя. Можа, і яны пра іншае думаюць, дапусціў Юры і адчуў сябе ў нейкай змове з Расевічанкамі. Трэба з айцом Фоціем параіцца, падумаў Юры, няхай ён падкажа.

Толькі, вядома, не тут яго трэба спытаць, не заўтра. Але ясна наперад, што адкажа. Скажа так: што сэрцам вырашана, сэрцам і скасуецца; сэрца свавольнічае, толькі дух праўдзівы. А дух праўдзівы - пра нявесту Бог паклапоціцца. Ці мала ў Ваўкавыску добрых дзяўчат, нашто выбіраеш невядомае? «А каму ж верыць, калі не сэрцу?» - нібы пярэчыў святару Юры. І пераконваў сябе ад яго імя: «Гэта яна табе спадабалася, а ты ёй? Ты яе спытаў?» - «Вось і добра, - як бы пагаджаўся з старым святаром Юры. - Трэба паразмаўляць. Будзе выпадак, - вырашыў ён, - знайду падставу, паразмаўляю».

Нарэшце, вярнуўся Фоцій, і тады паклікалі падсілкавацца Юр'я. Не шмат часу заняла вячэра, але Расевічы за гэты час ад'ехалі. Ранкам адвезлі ў горад айца Фоція. Юры застаўся з сястрой, удзень крыху прыспаў, ноччу чытаў псалтыр. Пасярод ночы здарылася так, што пры нябожчыку сядзела адна Вольга. Раптоўна яна спытала:

- Юры, Бог ёсць?

- Так! - кіўнуў ён.

- Усё робіцца па яго волі?

- Так! - зноў кіўнуў ён, шкадуючы сястру.

- Значыць, ніхто не вінаваты?

Юры разгублена раздумваў.

- Сумленне падказвае, хто вінаваты, - адказаў ён.

Вольга не адгукнулася.

Пры пахаванні развіднела, выйшла сонца; сярод людзей, што ішлі за труной, казалі, што Данілу прымаюць на нябёсы - вось Бог разагнаў хмары. Могілкі былі за паўвярсты ад двара ў бярозавым гаёчку; тут ужо чакаў гатовы дол. Труну ўзялі на ручнікі, пачалі апускаць. Закрычала матка, загаласілі бабы. Хутка вырасла магіла, стаў крыж - Даніла перайшоў да дзядоў.

У гэтым бярэзніку, запоўненым струхлелымі і новымі крыжамі, забытымі і дагледжанымі магіламі, у цішыне развітання, неяк разам бачачы і далёкі блакіт неба, і тужлівую свежасць зямлі на магіле, Юры раптам адчуў дробнасць свайго цела на зямлі. Дробнасць цела і кароткасць жыцця, множнасць людзей і жорсткую немагчымасць адзінага для ўсіх пачуцця. Недзе ў хаце сядзелі пры параненым браце Аленка і Соф'я. Айцец Фоцій туліўся змерзлым целам да цёплай печы. Недзе далёка, дзе ён, Юры, ніколі не быў, гудзеў галоўны крыжацкі горад Мальбарк, абкружаны мурамі. А за імі мог хадзіць, ці адсыпацца, ці маліцца чалавек, які забіў яго бацьку. Недзе яшчэ быў горад Рым, адкуль разышлася па свеце лацінская вера, а недзе горад Канстанцінопаль, адкуль прыйшла вера грэцкая. А тут пад аголенымі бярозамі, пад жухлым лісцем, пад пластамі бурага пяску, спалі вечным сном тутэйшыя людзі. На гарадскіх сценах, ля крапасных брам, у засадах на рубяжах стаяла змерзлая і злая варта. Нехта зараз ехаў конна, другі ішоў пешкі; стары паміраў, а дзіця плакала; каваль падкоўваў каня, а збройнік каваў меч; цівун прымаў серабшчызну, а нехта ў лазні ліў на камяні квас і ні пра што не думаў...

Але калі так шмат людзей на свеце, думаў Юры, калі іх столькі ж, колькі зорак на небе, дык нашто іх так многа? Як ім ужыцца ў гэтай цеснаце шляхоў і рознасці клопатаў, калі адзін памірае, другі нараджаецца, трэці скача конна па начным прасёлку, сквапны лічыць грошы, жабрак просіць ялмужну, сірата чакае ласкі, душагуб чакае ахвяру, удава пакутуе, як цяпер Вольга, а кожны - дробны, крохкі і асуджаны абярнуцца ў пыл. Любіце адзін аднаго, пакуль вы ёсць, заклікаў усіх Юры. Уцямце, што кожны погляд, кожнае слова - не самі па сабе, яны і ёсць душа. Вось якой справе трэба служыць, думаў ён з радасцю, - такой агульнай відушчасці. Як у гэты час тут усе людзі сталі відушчымі, уцяміўшы кароткасць жыцця. Вось што ён будзе тлумачыць людзям, калі падымецца да алтара пасля айца Фоція; зло забівае, ціхмянасць - ад страху і скрухі, мір - ад любові...

Юр'я ахапіла радасць роднасці з гэтымі людзьмі; з прыбітай горам маці Данілы, з разгубленым Сцёпкам, са старым, згорбленым Былічам, са скамянелай сястрой, з іх суседзямі і прыяцелямі, што прыйшлі сюды смуткаваць. Гэтае новае пачуццё не пакідала Юр'я на памінках. Ён шкадаваў, што побач няма айца Фоція, яму хацелася падзяліцца сваім перажываннем. Калі памінкі пераламаліся на бяседу, Юры выйшаў на двор. Цямнела, зоркі запаліліся, і добрымі здаваліся яму і свет, і жыццё. Ён абагнуў хату і прытуліўся да глухой яе сцяны. Насупраць высіўся тын. Юры доўга стаяў у гэтым агароджаным адасабленні, замілаваны сумам і радасцю.

Раптам ён пачуў галасы за вуглом, зусім блізка нехта маркоціўся. Юры пазнаў голас старога Быліча.

- Эх, Сцёпка, сын, вось і няма Данілы, - казаў стары. - Цяпер усё гэта ёй. А яна і не плакала, як другія плачуць па мужу. Ледзь слязу выціснула. Сядзіць з халодным сэрцам, можа, і давольная, што будзе тут гаспадарыць. А ўсё гэта Данілава, яму я аддаў, а ён на небе. Які двор! Вёска ў трыццаць двароў. Сумна...

- Ды што рабіць? - спытаў Сцёпка незадаволена. - Учора Даніла памёр, мы назаўтра ўдаву яго прэч. Што людзі скажуць?

- Ды хіба заўтра, - адказваў стары. - Пячэ мне. Я ўсё мечам нажываў, а ёй задарма.

Размова абарвалася, цяжка прарыпелі боты, і праз хвіліну голас старога цьмяна пачуўся за сцяной.

Юры хацеў і не мог адхіліцца ад сцяны. Ён неяк адразу знядужаў. Вось, і смерць не замірае, думаў ён. Сквапнасць і зайздрасць мацнейшыя за скруху. Тут, на гэтым заціснутым лясамі двары, сярод людзей, што слухалі малітву супакаення, бачылі смерць сына, аплаквалі яго, зноў душэўнае зло. Ён хацеў пайсці ў хату і сказаць Былічу: так нельга, грэх! Потым ён падумаў, што скажа Вользе, і яны паедуць, і зноў будуць жыць разам, у бацькоўскім доме. Вольга - гордая, хвіліны не затрымаецца на гэтым двары. Потым ён падумаў, што змаўчыць аб падслуханых словах; балюча старому; не разумее, што гаворыць; сам сваіх словаў засаромеецца. Даруй другому - і ён стане лепшы, падумаў Юры.

Пабыўшы з сястрой да дзевяцінаў, ён вярнуўся ў Ваўкавыск.

 

Троцкі замак. Дзяды

Прачнуўшыся, князь Вітаўт па даўняй звычцы зірнуў на акно: світала, у глыбокую нішу акна ўпаўзала скрозь мутнае шкло ранішняе святло. Князь падняўся, расчыніў свінцовую раму; у твар, у грудзі дыхнула холадам, і ўсё, што непакоіла яго ў сне, адразу знікла, згінула ад бадзёрай свежасці, і на душы павальнела.

Празрысты туман стаяў над застылым возерам, завесай яго прыкрываліся лясы на беразе, хаты караімаў, татарскі табун, іх ранішнія агні. Захацелася ў поле. Скакаць, рассякаючы паветра, чуючы гулкі перастук капытоў па прымерзлай зямлі, шалёны брэх хартоў, ляцець разам з імі па яркай руні, не памятаючы сябе, забыўшыся на ўсе справы, клопаты, беды, на даўняе і наступнае. Адразу і ўявілася: бяжыць пад капыты трава, мільгаюць пагоркі, сосны, круг сонца ў воблачнай павалоцы, барвец рабіны, сіняя роўнядзь Гальве, кляновая пярэстасць, шорахі лесу, калючая свежасць паветра, гул зямлі, трапятанне ў душы.

Раптам, прыгадаўшы, асекся: якія ловы, якое поле - сёння дзень памінальны, святы - дзяды. Дзяды прыйдуць, прыляцяць, збяруцца - маці і бацька, браты, стрый, Іванка ды Юрачка, другія родныя. Прыйдуць, а ён зграю па дарогах ганяе. Нельга. Пакрыўдзяцца. Не даруюць.

Князь, наколькі ўдалося, высунуўся ў акно і ўбачыў у далечыні, на паўвостраве, малапрыкметныя за туманам руіны старога Троцкага замка - любімае бацькава гняздо, калыскавае сваё месца. Хоць і даўно было разбурана, і не ставіў сабе мэты той замак падымаць, адбудоўваць, жыць у ім, усё роўна ўкалоў востры боль, што замкавыя сцены разбіты крыжакамі, старадаўні дом спалены, замчышча паглынаюць кусты і палын расце там, дзе ён вучыўся хадзіць, дзе палаў дзедаўскі агмень, бурліла жыццё, тоўпіліся ваяры, княжыў бацька. Мільгануў, праўда, успамін, што сам разам з немцамі, калі біўся за ўладу, асаджаў гэты замак і без смутку сачыў, як ядры крышаць сцяну. Ды што з таго - сам, не сам? Няма таго дома, няма тых дзён, няма даўніх людзей - палын там буяе...

А было ж: маці праводзіла, вазкі збіраліся ў поезд, ляцеў з-пад капытоў снег; марозна, палазы рыпяць, свішчуць пугі. Ляцелі ў Горадню, на межы, па дарозе прымыкалі баярскія аддзелы, і наезд выносіўся ў Прусы, у зімовыя адведкі да крыжакоў. Віхурай узнікалі са снежнай завеі ў замках, секлі немцаў, бралі лупы, усё, што маглі ўзяць: золата, мяса, зброю, зерне. Потым успыхвала гарадзішча, і наезд знікаў у лясах пад выццё завірухі. Бліскаў шарпак, месяц асвятляў дарогу, а за вазкамі ішлі рыссю згаладалыя ваўкі, і прагна палалі іх вочы. Ён і Ягайла самі былі як ваўкі - маладыя, дужыя, у аўчынах паверх кальчуг, на шырокіх пасах залатыя, літыя спражкі, у руках лук, нацэлішся, стрэлы мільгануць у срэбным святле - і два ваўкі зарываюцца ў снег, а калі адзін, дык колькі вясёлых спрэчак - чый? І да прусаў, і да лівонцаў, і да ляхаў на Лысую Гару заўсёды неразлучна, у адным вазку, бок у бок у сёдлах, плячо ў плячо ў бітве. Дзень паасобку здаваўся тыднем, тыдзень - за месяц; спалі спіна да спіны; елі з адной міскі.

Мроілася, усё жыццё так пройдзе, як бацькі жылі, Кейстут і Альгерд, усё напалам - справы і сечы, землі і гарады, даніна, дарункі, палонныя крыжакі, лупы. І абрушылася ўсё, як у дол: бацька забіты, маці ўтапілі, чацвярых братоў Бог прыбраў, сябры ў ворагаў абараціліся, усё перайначылася, перакроілася, старына сышла дымам разам з бацькам на пахавальным агні, згарэла даўніна, знесла яе паводкамі, быццам і не было, а ўсіх слядоў - засечкі ў душы.

Князь прылёг, утаропіўся праз акно на белаватае неба. Раптам плёснула вада пад мурамі замка, за акном нешта затрапятала, пачуўся слабы шолах у нішы, нешта зашамацела пад столлю. Дзяды з'явіліся - бацька, вялікі князь Кейстут, з жонкай, княгіняй Бірутай, да любімага сына прыйшлі. Даруйце. Будзе і хлеб-соль, і салодкая чарка. А можа, і не яны. Што ім тут. Ходзяць па руінах, шукаюць у горкім палыне свае сцежкі, былое шчасце, слухаюць рэха сваёй славы. Эх, багі нашы літоўскія, славуты быў рыцар бацька, цяпер такіх няма і больш не будзе. Хлусіць, хітраваць, капаць за спінай яму не любіў. Сотні паходаў прайшоў, мечам секлі, кап'ём ссаджвалі з каня - падымаўся; крыжакі, ляхі, вугорцы тройчы бралі ў палон - не ўтрымалі. А што згубіла? Хто? Сын, ён, князь Вітаўт.

Шкада, дзяды, шкада, не пабачылі яго пры ўладзе, запомнілі прастадушным дурнем. Так, памыліўся. Не сяброўства шанаваў Ягайла, за ўсё вышэй шанаваў уладу - вышэй за сумленне, кроўныя сувязі, родную зямлю. Адзін жадаў валадарыць, сам, ні з кім уладу не дзелячы - ні з роднымі братамі, ні са стрыечнымі, ні са стрыем, князем Кейстутам, які дазволіў яму сесці на месца Альгерда. Як даўно ўжо няма князя Альгерда, падумаў Вітаўт. Трыццаць два гады мінула, а не забываецца. Пахавалі Альгерда, а Ягайла шчаслівы - бацькава карона на яго галаве. Бацька перад смерцю прызначыў яго наступнікам, а стрый Кейстут не стаў пярэчыць. І дарэмна. Бо зрабіў Ягайла тое, чаго вялікія князі літоўскія заўсёды пазбягалі. Вырашыў і хрысціўся ў грэцкую веру, каб прасцей было перамагчы старэйшага брата - Андрэя Полацкага. Ягайла стаіць на каленях, а ўладыка віленскі аб'яўляе: «Называецца раб Божы Якавам». Вось калі трэба было задумацца: на што яшчэ насмеліцца князь Якаў-Ягайла, калі роднага брата выбівае з Полацкага ўдзела?

А потым пачаліся зусім дзіўныя справы: крыжакі толькі тыя землі рабуюць і паляць, якія Кейстуту і яму, Вітаўту, належалі, а Ягайлаву палову абходзяць, нібы забароненая. З чаго ж такая розніца? Паўтараста гадоў не адрознівалі, усіх роўна палілі, цяпер адных рэжуць, другіх і пужаць не ідуць. Хутка Кейстуту знаёмы крыжак адкрыў таямніцу гэтага цуду: Ягайла так дамовіўся, нават Жамойць адпісаў Ордэну, каб князя Кейстута ваявалі і знядужылі. Бацька сабраў полк, напаў на Вільню, захапіў замак, знайшоў Ягайлаў архіў - там гэтая дамова захоўвалася, з яго пячаткай.

Усіх бацька кінуў у сутарэнні. Ягайла, маці яго злосная, мяцежны Дзімітры Карыбут, браты Скіргайла і Свідрыгайла - усе сядзелі ў вязніцы. Няхай бы і пасядзелі з гадоў пяць, памучаліся. Пашчасціла б уцячы - вашая ўдача, а не - дык радуйцеся, што жывыя. Калі б на той час ды сённяшні розум! Князь не можа быць рабом пачуццяў. Князь - асаблівая пасада. Усе іншыя людзі маюць роўных сабе: баяраў - тысячы, намеснікаў - дзесяткі, ратнікаў - харугва на павет. Ім трэба прыяцельстваваць, яны - роўныя. А княжае месца - адно. Немагчыма спыніць зменлівасць жыцця: людзі прыходзяць і сыходзяць, успыхвае і гасне любоў, - гэта лёс, на яго не крыўдуюць. І вялікі князь - гэта лёс. Слабасць сэрца нікчэміць князя. Дзяржава - не сям'я, ды і ў сям'і б'е бацька непаслухмяных.

Але тады не разумеў, даў волю пачуццям, як баба, сэрца зашчыміла - не па-рыцарску, не па-братэрску ў склепе трымаць. Няхай возьмуць свае Віцебск, Крэва - няхай жывуць, ведаюць высакародства Вітаўта, які бацьку на каленях упрошваў - і жыцці ім пакінуць, і ўдзелы надаць. Нават на тым злашчасным полі, за пяць вёрстаў адсюль, ужо, здаецца, мусілі азліцца, не рабіць глупства, але як зачаравалі хібу да хібы лыгаць - пажадаў ваду і агонь замірыць, ваўка з сабакам. Поле тое ненавіснае і ў смяротны час у памяці паўстане, як безліч разоў узгадвалася раней.

Усё жыццё мог бы лепш пражыць. Хвіліна слабадушша гадамі пакутаў абышлася. Шкада, што такое веданне позна прыходзіць. Хто за ўладу б'ецца, мусіць быць жорсткі. Нікому не вер, нікога не літуй, б'еш - бі да смерці. Улада - гэта меч. Княжы вянец саперніка не церпіць. А хто асалоду ўлады паспытаў ды ўлады пазбаўлены - той утрая небяспечны. На ўсё адважыцца, каб толькі вярнуць, на любую подласць. Задумацца б тады, што Ягайла падмане, вычакае зручнай хвіліны і выхапіць нож. Ды яшчэ і Віцебскае княства яму вярнулі - людзей багата, ёсць каго ў паход вадзіць. Хітры быў Ягайла, не такі просты, як яны, - гэтага не адняць. Падбухторыў старэйшага брата Дзімітра Карыбута паўстаць і сваё Ноўгарад-Северскае княства ад дзяржавы адлучыць. Дзімітры, тайнай мэты не ведаючы, паўстаў. Давялося Кейстуту збіраць войска, ісці на Дзімітра сілай. І Ягайлу прызвалі ў гэты паход.

Ён нібыта і выступіў. Князь Кейстут пакінуў намеснікам у Вільні яго, Вітаўта. Аднаго дня выехаў на паляванне, вяртаецца - на яго самога палююць, Ягайла захапіў горад, верхні замак, сеў на пасад. Бацька спыніў паход, павёў свае харугвы супраць Ягайлы. На полі тым і сышліся біцца за ўладу. Ягайла на адным баку поля, на другім - яны, Кейстут і Вітаўт. Якое замірэнне? Пяцьсот крокаў раздзялялі. Меч бы з похваў, астрогі каню, і наперад - бі! - і вырашайце літоўскія багі, каму сталец, каму ўцякаць да тэўтонаў, кланяцца магістру, братацца з немцамі, Жамойцю плаціць за пасілкі, бурыць разам з імі сваю ж зямлю, біць сваіх жа людзей, рукі сабе кусаць па начах з няўтоленай помсты.

Дурань! Сам хадзіў туды-сюды, ад войска да войска, клятву п'янага Скіргайлы ўспрыняў за праўду, ліслівую Ягайлаву хлусню ўважаў, згаджаўся: так, справядліва, яму, Ягайлу, бацькоўскае - Вільню, Крэва, Полацак з Віцебскам, а яму, Вітаўту, - Жамойць, Троцкую зямлю, Горадню, Берасце, Падляссе. А прыдбанае пры Альгердзе - Кіеў, Падолле, Валынь, Русь Северскую - іншым Альгердавічам. Во быў бедны на розум! Зараз і не верыцца, што такое рабіў. Бацьку прасіў, пераконваў: нашто біцца, замірымся, мы ж браты, ён табе родны племяннік, ты яму стрый...

Нешта дробнае сядзела на скляпенні. Князь прыгледзеўся і ўбачыў некалькі мушак: не варушыліся, замерлі на чырвонай цэгле дзяды, слухалі яго думкі, смуткавалі пра даўнія дні. Не ўсачыў, як адляцелі. Каб не глупства, дык многія і дзядамі не былі б, жылі сёння... Іванка з Юрачкам княжылі б у сваіх удзелах, ужо ўнукі суправаджалі б на паляванне...

Заныла сэрца. Князь ускочыў, ірвануўся да дзвярэй, да жонкі, княгіні Ганны, - але нашто? Не здыме жонка гэты боль. Самой тужліва. Аб сваіх дзядах смуткуе. Дзяцей немцы атруцілі, бацька, князь смаленскі Святаслаў, загінуў у бітве на рацэ Вохры, брат Глеб забіты татарамі на Ворскле, другі, Юры, зарэзаў у сварцы лепшага сябра, засаромеўся, уцёк у Арду, там і памёр два гады назад. Можа, і ён сёння тут, з'явіўся на сястру паглядзець. Ды ўжо што шкадаваць! Пэўна, так Бог захацеў. Затое Смаленск наш, усё Смаленскае княства прылучылася як жончын пасаг. Так, рэдкаму князю добры лёс, думаў Вітаўт. Азірнешся назад, прыгадаеш дзядоў - кроў ды кроў, мала такіх, хто сваёй смерцю памёр. Былі ў Наваградку князі Міндоўг, Трайнат, Войшалк, Віцень, Гедзімін - усе загінулі: хто ад нажа, хто ў бітвах. Відаць, толькі адзін Альгерд сканаў у ложку. Князя Кейстута задушылі. Яго, Вітаўта, незлічона колькі спрабавалі забіць. Можа, хто і здолее...

Князь зноў высунуўся ў акно. Да маста падыходзіў конны аддзел - па конях Вітаўт пазнаў сотню Іллініча. Задаволена падумаў: «Праводзілі Сямёна. Цяпер летам сустрэнемся. Полк прывядзе». А позірк, слізгануўшы па сотні, па ватазе татарчанят, па караімскіх хатах, панёсся за прыхаваны смугой лес, у той бок, дзе, сам бачыў, зарасло алешнікам злашчаснае поле.

Не забывалася і не магло даравацца. Там, на конавым полі, бачылі каго Ягайла паклікаў у свае абаронцы, - крыжакоў. Чатыры прускія і лівонскія харугвы стаялі клінамі, варушылі цяжкімі коп'ямі. Жамойць саступіў ім назаўжды Якаў-Ягайла за гэтую дапамогу. Бачылі, але паехалі з бацькам да Ягайлы абмеркаваць, хто на якіх землях сядзе. І ўжо зусім з глузду з'ехалі, калі пакінулі войска і з купкай баяраў выправіліся ў Вільню, у княжы замак, запісаць на пергамін дамову пра вечны мір і пячаткамі яе замацаваць.

Ужо праз пяць хвілін, як ступілі на замкавы двор, апынуліся сярод пацукоў у затхлым склепе пад рогат Ягайлавай чэлядзі, а свае баяры былі пасечаны, іх пакідалі на воз і адвезлі за горад на сметнік, дзе вароны здзяўблі іх, як падлу.

У сутарэнні, у іхнай каменнай вязніцы, свечнік Лісіца трымаў паходню, а Ягайла, злажыўшы накрыж рукі, вымаўляў з загадкавай усмешкай: «Ты, стрый Кейстут, добра ўцякаў з палону. Але цяпер не здолееш». У тую хвіліну не верылася, аднак прыйшлося паверыць, што вырашыў забіць. І вось гэты голас спакойны, ледзяная ўсмешка пры тых словах ніколі ў памяці не заціраліся. Рознае здаралася і ў яго, Вітаўта, таксама галовы здымаў, можа, трыста ці чатырыста, калі сабраць за ўсе гады, але так, з гадзючай усмешкай, - нікому не абвяшчаў. Парода ў іх такая; відаць, ад маткі перайшло, цверскай княгіні. Скіргайла кляўся, што волас з галавы не ўпадзе, а сам асабіста адвёз князя Кейстута ў Крэва, і праз пяць дзён халопы задушылі князя з ягонай жа світкі знятым шнуром. А жонку князя Кейстута, яго, Вітаўта, маці, адшукалі ў Берасцейскім замку і ўначы кінулі ў Буг, прывязаўшы на шыю жарон. Хіба можна дараваць такое? А ён дараваў.

Жыве Ягайла і будзе жыць. Розныя дробныя выканаўцы атрымалі належнае, хоць з іх малы спрос. А той, хто загадаў, помсты не зведаў. Можна забіць, няхітрая справа, толькі сказаць - ахвотнікаў двор не ўтоўпіць. Але каго потым палякі на караля абяруць? Можа, такога, што з Ордэнам дамовіцца і на Літву разам наедуць...

Гэта пра падуладных людзей не надта дбаеш. Сваё жыццё дарагое, іхнае - разменнае. Колькі там мінула - два, можа, тыдні, як Рамбольду галаву адсеклі. Перастараўся - пасля замірэння крыжакоў пабіў. Крыжакоў не шкада, але яны спыталі ад імя магістра: «Гэта што, знак, што ты, вялікі князь, і Ягайла, кароль польскі, жадаеце працягваць вайну?» А як працягваць - Ягайла без войска, трэба летні паход рыхтаваць. Давялося сказаць: «Калі сотнік не ведаў аб замірэнні - ён невінаваты. Калі ведаў - адкажа!» Хацелася, каб Рамбольд схлусіў: «Не ведаў!» Але ён прызнаўся: «Ведаў!» А ведаў - ідзі пад сякеру.

Пачні шкадаваць - дзяржава разваліцца. А пакараў горлам - зноў ворагі. Брат Рамбольда кідаўся з мечам адпомсціць, ледзь ахова скруціла, цяпер у сутарэнні на ланцугу сядзіць. Што з ім рабіць? Злітавацца - другія падумаюць: і нам можна; забіць - скажуць, баязлівы стаў князь, за ўсё роўна карае. Добра, няхай кайданы паносіць, вырашыў Вітаўт, на карысць пойдзе. Хто смерці не чакаў - жыцця не ведае.

Ён, Вітаўт, чакаў, зведаў, што гэта такое, навучыў Ягайла. Бацьку задушылі, а сказалі - памёр. І яго, Вітаўта, у Крэўскі замак прывезлі, у той самы пакой пад вежай зачынілі. Надрыжаўся там, сярод аслізлых, зацягнутых цвіллю камянёў. Біўся аб сцены, выў, шалеў, страшыўся. Хацелася жыцця, святла, удачы. А замест жыцця - чатыры сцяны, мураваная труна, пацукі, старая салома і чаканне ўдаўкі, болю, канца. Тым самым, што бацьку забівалі, даручылі і яго пільнаваць: падчашы Ягайлы Прокша, брат ягоны Бінген, падстолі Гетка і свечнік Лісіца. Прыроджаныя былі шыбенікі. Усіх потым загадаў задушыць, самі адзін аднаго і вешалі на варотах. І баяры, хто рагатаў над іх даверлівасцю, языкі сабе паадкусвалі з дапамогай ката. І тыя, хто княгіню Біруту кідаў у Буг, там жа апынуліся з жорнамі на спіне. І тыя, што стрыя маці паклалі на кола і білі ламамі, зведалі, як гэта соладка, калі ломам б'юць па каленях. І розныя іншыя крыўдзіцелі пакінулі свет.

Вось так, дзяды. Мог бы і ён ужо даўно быць з вамі, усё да таго вяло, чакалі чатыры шыбенікі Ягайлавага загаду. Ды той марудзіў, мо, хацелася яму, каб Вітаўт больш нацярпеўся перад смерцю. Ды ён напружыўся, падмануў, вырваўся з магілы. Задушыў адчай, сабраў волю, прырос да струхлелай саломы, не еў, не піў, дазваляў пацукам сядзець на грудзях і прасіў гнюсную сваю варту дапусціць жонку для развітання. Тыя радасна паймчалі да Ягайлы: здыхае, шэпча «ўбачыць княгіню», і Ягайла дазволіў: няхай развітаюцца. Пацукоў вышпурнулі, прынеслі тапчан, святлец, і ўвайшла Ганна з сваёй служанкай. Выратаванне ўвайшло. Тыдзень абедзве яны днём прыходзілі, у прыцемках пакідалі замак начаваць у пасадзе.

І прабіў час - ён у адзенні прыслужніцы выйшаў ззаду княгіні з сутарэння на двор. Убачыў неба, зоркі, клікуноў на сценах; брамная варта чакала зачыніць за княгіняй браму. Яму добра, у яго пад жаночай світкай корд, хто спыніць - захрыпіць рассечаным горлам. Тыя не ўглядаліся. Выйшлі з замка, вароты зарыпелі і зачыніліся; яны крочаць па вуліцы, усё далей і далей тая мураваная труна, раптам лёгкі свіст, коні, Ваўчковіч прывёў баяр, ён у сядло - воля! Жыццё! Апроч іх - нічога. Чужы конь, чужы меч, жаночая вопратка. Яшчэ жонка з дачкой, два сыны, брат Таўцівіл ды паўсотня баяраў. Нічога, воля ёсць - астатняе прыдбаем. Пагналі коней, шукаючы прытулак. У Слонім, у Горадню, у Полацак, да Януша Мазавецкага, мужа сястры. Хлеба, здаралася, прасілі. Але вярнуў, дзяды, усё спагнаў з лішкам. Дзевяць гадоў з малым перапынкам стараўся, з іх палову прускім немцам праслужыў, спаў у каморах, з Конрадам Валенродам Вільню асаджаў, свае яго баяліся. Пакідаў крыжакоў і зноў прыходзіў. Кляўся, рваў клятвы, сам рыцараў забіваў. Заложнікаў аддаваў і ўсіх выручыў, апроч двух, якія за ўсё даражэй, іх у Круляўцы рыцар Зомберг атруціў. Калі вы тут, дзяды Юры ды Іванка, ведайце, наступным летам знойдзе яго адплата...

Стукалі. Нехта з дзіўнай дзёрзкасцю грукаў у дзверы. Князь з дакорам пайшоў адчыніць. Нязвычна ўзбуджаны маршалак Чупурна, забыўшы павітацца і пакланіцца, збянтэжыў:

- Вялікі князь, зірні, каго Іллініч прывёў!

Так весела, бадзёра сказаў, што Вітаўт падпарадкаваўся і, як быў босы, у сподніках, непадперазаны, ступіў на сыры з ночы насціл. Унізе, на брукаваным замкавым двары, убачыў купку баяр, гурт палонных, Іллініча з горда-пакорлівай усмешкай, і адразу вылучыў Свідрыгайлу. Сэрца ёкнула, і лёгка, глыбока, шчасліва ўздыхнулася: схапілі ваўка. Свідрыгайла глядзеў некуды ўверх, ці то ў неба, ці то на гонтавы дах, а хутчэй, адчуў Вітаўт, пазбягаў глядзець па баках, бо ва ўсіх праходах і дзвярах тоўпілася цікаўная чэлядзь.

- Здарова, браце! - выгукнуў Вітаўт з шчырым зларадствам. - Што, на дзяды прыбыў? Ну, дзякуй Богу!

Свідрыгайла павярнуў галаву і адказаў ганарліва і нібыта ўпэўнена: «Здарова, князь Аляксандар!», але ў яго вачах, насцярожаных і пільных, не было таго спакою і таго гонару, якія ён уклаў у словы. У вачах яго, бачыў Вітаўт, змешваліся страх і нянавісць: не ведаў, што для яго лепш, - дзёрзкасць ці пакора? Ну, сотнік, малойца, аддзячу! Куслівага сабаку на ланцуг узяў, ад вялікага бедства пазбавіў. Спавітыя - пэўна, мечам браў. Але Свідрыгайлавых памагатых Вітаўт не разглядаў, пра іх ведаў дакладна - ужо мерцвякі, хоць і кінуліся на калені.

Памінальны дзень, дзяды сышліся, нядобра было блазнаваць, але не мог утрымацца ад здзекаў.

- Тыдзень не бачыліся! - крыкнуў Вітаўт, усміхаючыся. - Куды ж ты ад'язджаў? Чаму не папярэдзіў? Я хваляваўся!

Свідрыгайла моўчкі цярпеў.

- Ты мне прысніўся сёння, - несла Вітаўта. - Увесь тыдзень думаў пра цябе. Кожны дзень. Такая радасць, што зноў разам! Свята сёння - дзяды. Мёд будзем піць! - І ўтаропіўся ў ненавісны твар стрыечнага брата. - А што, паважна сустрэлі цябе мае людзі? Калі не шанавалі, скажы - я іх на крук, у Гальве.

Сам чуў, што змрочна, злавесна смеціць словамі, і бачыў - чэлядзь страшылася, пяцілася з вачэй; Іллініч з нейкім скруткам у руцэ бледны, за спінай Свідрыгайлы; баяры ягонай сотні заміралі, мо, ужо шкадуючы аб тым, што ўчынілі, але паднялася даўняя злосць і адчуваў, што крыўлянне гэтае мучыць Свідрыгайлу. Злосна крыкнуў Іллінічу: «Чаго стаіш слупам? Бяжы, расказвай!» Сочачы, як напужаны Іллініч скача па лесвіцы, паведаміў Свідрыгайлу:

- Ужо дзяды прыйшлі. Бацька мой, маці. За сталом сядзяць, нас чакаюць чару ім наліць.

Рэзка павярнуўся да Чупурны:

- Сабралі на стол?

Маршалак, хоць і не ягоны быў клопат, кінуўся глядзець.

Наблізіўся з паклонам Іллініч, працягнуў скручаны пергамін. Яшчэ не чытаючы, толькі зірнуўшы на пячатку, князь зразумеў, што трымае ў руках: глейт на бяспечны праезд Свідрыгайлы па ордэнскіх землях. Такія глейты ў даўнія нядобрыя часы сам атрымліваў ад вялікага магістра. Разгарнуў, прабег вачыма па радках, усміхнуўся. Выхапіў словы: «Вялікі магістр Ульрык фон Юнгінген... вялікаму князю Баляславу Свідрыгайлу... вярнуць бацькаўшчыну...»

На апошнім слове спатыкнуўся. Бацькаўшчына, па Альгерду, - усё Вялікае Княства. Ну, дапусцім, вярнуў. А яго, Вітаўта, куды? На той свет? Стрымаўся, прачытаў увесь ліст. Адчуў, што мерзне і ногі стынуць на сырых дошках. Пераступіў з нагі на нагу. Нехта, нібы Іллініч, зняў світку, кінуў яму пад ногі. Стаў на цёплае сукно, павольна, беражліва скруціў пергамін, успёрся на парэнчы і, бязлітасна паглядаючы на Свідрыгайлу, спытаў:

- Князь, думаў, што робіш?

Свідрыгайла скрывіўся:

- Чаму табе можна, мне не?

- Таму, - важка адказаў Вітаўт, - што спазніўся на дваццаць год.

З'явіўся Чупурна, хацеў нешта сказаць і не сказаў, адчуўшы змену. Вітаўт кінуў яму:

- Баяр тых - у сутарэнні. Князя - у вежу, на ланцуг. - Павярнуўся да Іллініча: - Колькі коней выстаўляеш?

Андрэй, абміраючы ў прадчуванні ўзнагароды, ціха вымавіў:

- Пяць.

- Пяць! - паўтарыў Вітаўт. - Яшчэ пяцьдзесят будзеш выстаўляць. - І засмяяўся, што зрабіў шчаслівым адданага сотніка. Не слухаючы падзякі, пайшоў у пакой.

Зачыніў акно, апрануўся, прысеў да шахматнага стала, зноў перачытаў ордэнскія граматы. Подлую здраду дазваляў сабе Свідрыгайла: саюз з немцамі напярэдадні вайны. Ды хіба напярэдадні? У перапынку. Вунь Ягайла Добжынскую зямлю страціў. Кожны дзень тут чакай крыжакоў. І якая вайна? Хрыбты зламваем, да смерці. Хто каго канчаткова заб'е. Не, доўга яго лашчылі, даравалі, а цяпер не даруецца - трэба пад сякеру. Добра, Іллініч натрапіў, схапіў, а каб апынуўся ў немцаў? Зноў аддзелы незадаволеных пацягнуцца ў Ордэн, зноў крыжацкія рэйды, рабаванне зямлі, страта людзей, трымай напагатове войска. Такі на ўсё здольны, каго хочаш заб'е, не задумаецца. Падолле, было, паабяцалі, дык ваяводу падольскага Спытку, пэўна, забіў у спіну там, на Ворскле. Знік Спытка - Падолле яму. Не, мала, яшчэ хачу, не хапае. Чаму не ўсё Вялікае Княства? Раз'юшыўся, паляцеў да немцаў, з немцамі пад Вільню - асада. Манахі ў змову, хацелі вароты расчыніць - пры Свідрыгайле, думалі, лепш стане, ахрысціць Свідрыгайла ўсіх, як ім хочацца. Мусілі манахаў на сцяне паразвешваць. Векаваў бы ў немцаў, ды Ягайла злітасцівіўся - малодшанькі, нясталы, неразумны! Дадзім яму Бранск - няхай цешыцца на ўдзеле.

Далі Бранск. Года не пражыў - нудна, лепш маскоўскаму князю паслужу, можа, ён дапаможа. Паскакаў да Васіля Дзімітравіча. Ды не адзін - сотні баяраў чарнігаўскіх, бранскіх, старадубскіх павёў з сабой. Васілю, зразумела, мёд на сэрца, неспадзявана бранскія землі да Масквы далучаюцца. Змушаны быў абвяшчаць Пагоню, ісці на Васіля Дзімітравіча вайной. А калі ваяваць - зараз жа крыжакі кінуцца секчы ў спіну. Адзін чалавек пыхкае - тысячы галовамі могуць заплаціць.

Ды князь Васіль розум мае; у Маскве сваіх ворагаў не злічыць. Сышліся на Вугры, пастаялі гуфамі - ён, Вітаўт, цесць, на гэтым беразе, а зяць ягоны, Васіль, - на тым, пагаманілі па-сваяцку і пацвердзілі мір: межы не рушыць, Смаленск за Вітаўтам, Свідрыгайлу ў пустых спадзеях не патураць. Ну і што атрымаў дурань Свідрыгайла? Падолле страціў, Северскія землі страціў, князь Васіль даў добры ўдзел - Уладзімір, Пераяслаў, Ржэў, Каломну, дык сам іх кінуў, нават ад татараў свае гарады не абараняў: не шкада, няхай рэжуць, калі Васіль дзеля яго не хоча з цесцем біцца. Яшчэ і Серпухаў спаліў. Зараз зноў да немцаў. Гойсае, як шалёны воўк. «Табе можна, чаму мне нельга?»

Апаліла, нібы варам хто пырснуў. Раўняецца! А ты тлен магільны ўдыхаў? Цябе чацвёра шыбенікаў наглядалі? Ты дзяцей крыжакам закладаў? Жыццямі сыноў за ўладу плаціў? Табе атруту, забойцаў, падпальнікаў падсылалі? Так, яму, Вітаўту, можна! Хто больш адпакутаваў? Божа, чаго толькі не зведаў! Крыжовыя паходы: Крулявец гудзеў, франкі, бургундцы, вугорцы, брытанцы, тысячы рыцараў; турніры, застолле, свалаччо зборнае тарабарыць - на сарацынаў, гэта, значыць, на Жамойць і Літву. На яго, князя Вітаўта, пальцам паказваюць: князь сарацынскі, неафіт, дзікун, Ордэну першы служка. Паходы, шляхі, лес, застолле пад дубамі. Вучэнне Хрыста неслі: убачаць вёску - «З намі Бог!» - каго пасякуць, а жывых у хату, саломай абложаць - вогнішча. Пяюць: «Дзякуй, Госпадзі, памог скрышыць рог паганцам!»

Але і гарады бралі. У Коўне тры тысячы людзей спалілі за раз. Горадню, Вільню, Трокі, Наваградак палілі. Жамойць за шматбожжа, Русь за схізму секлі. Пройдуць - пажарышча, пастаяць - пустка. Вось так два гады запар: кроў, меч, разня, мерцвякі! Сэрца скамянела. А Якава-Ягайлу палякі на караля запрашаюць. Яму Кракаў, карону, каралеву даюць. А наўзамен - дробязь: Вялікае Княства хрысціць у лацінскую веру ды апалячыць. Увесь абшар - Жамойць, Літву, Русь. Вось дзе сквапныя хітруны. Памор'е не мелі сілы вярнуць, сілезскія землі не ўтрымалі, Кульмская зямля анямечылася. Галіцкую Русь вугорцы ад іх адцягнулі. Ці даўно сандамірская шляхта ратавалася па лясах: «Літва ідзе! Ратуйся!» І ўсё - не будзе грознага суседа. Адзін чалавек на сталец сядзе, а ўвесь народ пад польскай уладай апынецца. За карону пагадзіўся бацькоўскую дзяржаву ў шараговае ваяводства абараціць.

Прыемная была хвіліна, калі Ягайла захваляваўся, пачаў шукаць з ім міру. Не па сабе стала, пужаўся: паедзеш у польскі Кракаў хрысціцца ды вянчацца - а ў Вільню Вітаўт прыйдзе. І што тады рабіць: там яшчэ не кароль, а тут ужо не князь. Адразу ж ганцы, таямнічыя перамовы: парві з немцамі, паварагавалі - замірыліся, бяры ўсё бацькоўскае, княствуй. Чытаў такія радкі - душа святкавала. Няхай цягнецца ў Кракаў, садзіцца польскім каралём. Чужую карону не шкада, а яму, Вітаўту, - дзедаўскую, якую Гедзімін насіў... Спаліў тры замкі, сотню рыцараў палонам прывёў - змыў грэх службы крыжакам.

Аднак як лёс смяецца! У тым самым Крэве, дзе забілі бацьку, дзе сам рыхтаваўся да смерці, адкуль уцёк у жаночай вопратцы, у гэтым замку, у Мураванай вежы на другім ярусе, Ягайла заручыў вунію Вялікага Княства Літоўскага з Польскім каралеўствам, а замацавалі здрадніцкі пергамін сваімі пячаткамі Сямён Амсціслаўскі і ён, Вітаўт. Замірыліся, бо кожны сваёй карысці шукаў...

А потым - Кракаў, Вавельскі замак, старажытны касцёл, натоўп паноў і шляхты, Ягайла на каленях стаіць - з грэцкай веры ў лацінскую перахрышчваецца, быў Якаў - стаў Уладзіслаў; да яго каралеву падводзяць, яму каралеўскі меч падаюць - усё! Бывай, Літва, дабрыдзень, Польшча! І ён, Вітаўт, у гэтым жа касцёле перахрысціўся ў рымскую веру з рускай, толькі імя ранейшае пакінуў - Аляксандар. Адзін Сямён Амсціслаўскі перахрышчвацца не захацеў. Дык яму і патрэбы не было.

І што тая вера? Якая розніца? Што нехрышчоны, што ахрышчаны - душа ранейшая. Нясмелы - адважным, хлуслівы - чэсным не робяцца. Як Ягайла. У Крэве, калі сведчылі ганебную вунію, Ягайла абяцаў усё вярнуць. А сеў каралём - вярнуў толькі Берасце ды Горадню. Затое Скіргайлу, выпівоху прыдуркаватаму, узвышэнне, ён - намеснік караля ў Вялікім Княстве. А Вітаўт - ягоны князь падкаленны...

Зноў да немцаў, зноў заложнікі, кроў, забойствы, вогнішчы, асады, небяспека, смерць навокал ходзіць і ён сам нікога не літуе. Каралеўскі брат Карыгайла Вільню абараняў - галаву знеслі. Другі брат, Хведар-Віганд, захлынуўся атрутай. Клятвапарушальнік Скіргайла таксама зеллем зжыты, але гэта крыху пазней. Так багі вырашылі - Вялікае Княства Вітаўту, ён - валадар, збавіцель айчыны...

З усмешкай паднёс да вачэй буры васковы адбітак пячаткі вялікага магістра. Дрэнны быў адбітак, з цяжкасцю распазнавалася кола літараў, а ў ім ці то Марыя з Ісусам на руках, ці то Ульрык фон Юнгінген некага трымаў на каленях. Князь шчасліва ўявіў, як будзе шалець вялікі магістр, калі даведаецца, што ляснула задума з паўстаннем Свідрыгайлы. Няма яго - няма каму бунтаваць. Галаву зняць - і ніякага клопату, не трэба гадаць: здрадзіць, не здрадзіць? Даўно пад сякеру прасіўся. Яшчэ ў тыя гады, калі за бацьку помсціў, трэба было пакараць. Што Лісіца і Прокша - халопы, далі б ім загад - пыл ад князя Кейстута адганялі б рукамі, а загадалі забіць - забілі. Свідрыгайла гэты загад у Крэва асабіста прывёз. Можа, і падглядаў праз шчыліну, як стары князь канае. За адно гэта варты... І, адкінуўшы сумнеў, Вітаўт люта вырашыў: «Смерць!»

Быццам путы скінуў - вызваліўся. Успомніў пра дзядоў, зірнуў на столь - няма. Ну так, ужо там, у зале кружаць над сталом. Князь схаваў пергаміны ў куфэрак і выйшаў з пакоя.

Ужо яго чакалі. Князь падышоў да жонкі, пацалаваў у скронь, падміргнуў: «Свідрыгайлу ўзялі, Ганна! Камень з карка ўпаў!» Княгіня ўхвальна кіўнула. Сеў, не ўбачыў Іллініча, гукнуў: «Гэй, Іллініча сюды!» Прыдзверны баярын кінуўся вонкі. Вітаўт узяў штоф, сам напоўніў чарку для дзядоў, паклаў ім кашы: «Піце, родныя, частуйцеся!» Падчашы пайшоў абносіць стол. Няшмат сядзела народу: прыехаў з Наваградка родны брат Жыгімонт; віленскі намеснік Войцах Манівід, гарадзенскі - Мішка Мантыгірд, Чупурна, князь Лукомльскі і ўлюбёнец, пісар Мікалай Цыбулька.

Вітаўт, не любячы віна, сваю чарку ледзь прыгубіў. І без віна добра на душы. Іллінічу паказаў сесці поруч Цыбулькі і голасна, абавязваючы ўсіх да ўвагі, загадаў: «Ну, рыцар, выпі ды хваліся!»

Слухаў Іллініча з цікаўнасцю, перапытваў і ўдакладняў, асабліва пра страты: колькі сваіх на смерць, колькі параненых, паспачуваў Расевічу, цікавіўся, як Свідрыгайла біўся ў баі, і, да здзіўлення Андрэя, надта шкадаваў асаднікаў, быццам сваякоў страціў: вось, людзям і без разбою цяжка - гарбом лес карчуюць пад ворыва, на памежжы ў боязі жывуць, а збеглы князь горш за немца сваіх людзей нішчыць.

Хто больш за Іллініча разумеў у княжых настроях, сядзелі ціха, разумелі, да чаго хіліцца: ужо калі за асаднікаў, за тры двары так смуткуе - усё, не жыць Свідрыгайлу. А князь вёў сваё:

- Вось, мала што мужыкоў пабіў, яшчэ і хату спаліў. Любіць агонь, пажарышчы. У князя Васіля, зяця майго, Серпухаў спаліў, асаднікаў паліў... - І, прыгадаўшы, павярнуўся да жонкі: - Памятаеш, Ганна, як у Гарадзенскім замку гарэлі?

Княгіня сумна ўсміхнулася.

Вітаўт таксама ўсміхнуўся, але злосна і пачаў апавядаць, хоць многія, для каго ўспамінаў, самі пацярпелі ў тым агні.

- Як зараз - на дзяды было, колькі гадоў назад. Пасля вячэры паклаліся мы з княгіняй спаць. Прачынаюся - душна, смурод, і нехта жахлівы, з хвастом грудзі мне драпае кіпцюрамі. З пахмелля не магу ўцяміць - ява ці сон. Думаю: сніцца - чорт сніцца. Але балюча гэтак дзярэ, адкіну - зноў накідваецца, і вуха драпае, за валасы цягне. Думаю, не, не можа такое прысніцца. І чую: гаротна гэтак крычыць, проста жахліва. Сабраў сілы, расплюшчыў павекі - валасы дыбам сталі: дзверы, сцяна тлеюць - агонь, а мы з Ганнай ляжым, яшчэ трохі часу - учадзеем. Вось малпа мая смерць ад нас з княгіняй і адвяла. Я княгіню на рукі, малпу на плячо, дзверы выбіў - і на двор. Я тую малпу, пакуль не памерла, шанаваў... Таксама нехта падпаліў.

Хоць і сказаў нехта, але сама сабой злучаўся колішні гарадзенскі пажар з імем Свідрыгайлы. Тут паліў, там спаліў, мог і ў замку каго наняць у падпальшчыкі, загубіць князя Вітаўта. Чаму б не? Маглі, вядома, і людзі Ягайлы падпаліць. Тады князь і кароль моцна варагавалі, Крэўскую вунію Вітаўт парваў, з палякамі не лічыўся. Дастатковая падстава, каб спаліць жыўцом... Сапраўды, не будзь у пакоі малпы, учадзелі б вялікі князь і княгіня. Але зараз няўдалы той замах паварочваўся на Свідрыгайлу, яшчэ адзін грэх накладаўся на яго дзеля большай перакананасці ў патрэбе расправы. Выразна дакраналася застолля прадчуванне, што хутка будзе вымаўлена: «Князя Баляслава вырашыў пакараць горлам!» А вырвецца слова, вялікі князь яго назад не возьме.

Але Вітаўт не спяшаўся.

- Ну, а твае людзі, - спытаў Андрэя, - памаглі агонь загасіць?

- Секчы скончылі - загасілі.

Князь хітравата ўсміхнуўся:

- Чупурна! Вось сотнік падпальшчыкаў пасек. За добрую справу - выдай яму сто пражскіх грошаў. - І асадзіў Іллініча, які кінуўся на калені дзякаваць. - Сядзі, хлопча! Табе сёння шчасціць.

- Яшчэ і на крыжаках заробіць, - падказаў Манівід.

- Крыжакоў я ў яго адкуплю, - нечакана заявіў Чупурна. - Мой сваяк у крыжакоў, у Круляўцы, сядзіць, буду абменьваць. Што, Іллініч, колькі возьмеш?

Пасля шчодрых княжых узнагародаў мусіў і ён выказаць шчодрасць, і Андрэй адказаў:

- Калі пану Станіславу трэба, я без выкупу аддаю.

- Ха! - засмяяўся задаволены Чупурна. - Бяру.

Шкада было грошай, шчаміла Андрэю, ды разумеў, што больш набывае, чым губляе. Патрэбу наперад не знаеш, а дарунак запомніцца, і на вачах князя зроблены - усім спадабалася, што не скнара, здарыцца што - можна маршалка прасіць, ён вялікую ўладу трымае.

Пра крыжакоў ледзь было згадана, але адразу ўсе ажывіліся, і весела, дружна, паважна Жыгімонт, Манівід, Мантыгірд пачалі ўспамінаць князя Кейстута: як хітра ўцякаў з палону, як вадзіў аддзелы ліцьвіноў на Лысую Гару браць лупы з манастыра. Моцна той польскі кляштар аблупілі, цвіка не пакінулі; сапраўды гара лысай сталася. А ляхі наўздагон толькі бяссільную пагалоску пусцілі, нібы Лысагорская ікона Божай маці каменем лягла на воз, з месца той воз скрануцца не мог. А тыя, хто здымаў яе са сцяны, нібыта ў той жа дзень памерлі жахлівай смерцю. Смешна! У галаве Богу ляшскія іконы. Што і сапраўды ляжала каменем на вазах, так што коні ледзь цягнулі, - дык гэта скарбы лысагорскай скарбніцы. Два стагоддзі іх манахі збіралі - чаго там толькі не было! Уся Польшча плакала пасля таго іх наезду. Добрыя былі часы... Тут усе старыя прыяцелі князя Вітаўта і сам ён неяк разам сцішыліся, прыгадаўшы, што яны самі ўжо даўно каталікі і няёмка ім выхваляцца такімі справамі...

Андрэй уважліва слухаў і дзякаваў Богу за сваё шчасце! Пашанцавала, як аднаму на тысячу шанцуе! Узяў Свідрыгайлу - і ўсё, наверсе, з моцнымі людзьмі сядзіць. Пяць коней выстаўляў, цяпер паўсотні будзе выводзіць. Свая харугва! Гэта ж колькі вёсак дасць яму Вітаўт. Двароў, можа, з паўтысячы! І грошы мае. Вось бацька ўсцешыцца. І дзядам радасць! Рушылі Іллінічы ўгору, можа, з часам і ў намеснікі трапім, можа, не толькі сёння, але і часцяком прыйдзецца за гэтым сталом сядзець... І дурман поспеху, мары, удачы хмяліў Андрэя больш, чым віно...

Вітаўт, краем вуха слухаючы пахвалы бацьку, не адступаўся думкамі ад Свідрыгайлы. Сумненне варушылася, стрымлівала аб'явіць услых: «Стрыечнага - на плаху!» Думаў: забіць лёгка. Адсякуць галаву, пахаваюць, і што выгадаў? На свеце няма? Трымаць у кайданах - тое ж самае, быццам няма. Набытая за гады, абвостраная асцярожнасць падказвала: некарысна забіваць. А ўжо калі выдаваць кату, няхай і Ягайла руку прыкладзе. Інакш абняславяць: Вітаўт - забойца, Ягайла - анёл. Няхай жыве. Аднак не задарам жа?

Мільганула ў памяці: «Падолле», і адразу ўся задума вельмі прыгожа выстраілася: пасля снедання прадыктаваць Цыбульку ліст каралю - Свідрыгайла пайшоў на змову з магістрам Юнгінгенам, рыхтаваўся біць у спіну і табе, і нам. Доказы здрады і злачынства ёсць. Зараз сядзіць на ланцугу. Што з ім рабіць? Няхай задумаецца Ягайла, як здрадніка пакараць. Праз месяц сустрэча ў Берасці. Там ужо цвёрда: калі Свідрыгайлу жыццё, нам - Падолле. Хопіць, пакарысталіся палякі лепшымі землямі, час назад вяртаць. І змушаны будзе пагадзіцца, каб больш людзей прывялі на вайну. А Свідрыгайлу заўтра ў Крэва, у вежу, у сутарэнні, дзе князь Кейстут і ён, Вітаўт, адзначыліся пазногцямі на сценах. Няхай падрыжыць, уявіць на шыі шнур ад світкі. А потым у Крамянец, туды ніхто не дапне, ні немцы, ні памагатыя. Там старастам прускі ўцякач Конрад Франкенберг, ён чалавек надзейны, ад яго і чорт не збяжыць.

І, вырашыўшы лёс стрыечнага брата, Вітаўт забыўся на яго, развесяліўся, сам пачаў успамінаць, як патрабавала свята, пра незабыўныя справы дзядоў.

 

Хата шаптухі. Лістапад

Стары Іван Расевіч, сустрэўшы на дарозе сына, не паверыў, што давязе яго да двара жывым. Але Бог літасцівы, унеслі ў хату жывога. Сталі глядзець рану - маці, Соф'я, Аленка, чалядніцы ў плач: са свішчоў сачылася гнойная кроў, жыццё датлявала. Больш дападкія зашапталіся, што трэба паспяшацца ў Ваўкавыск па айца Фоція - няхай прычашчае. Але нехта разумны нагадаў пра Кульчыху, загарэлася надзея: раптам шаптуха здолее выправіць? Гнатка паімчаў за ёй, і неўзабаве старая пераступіла парог. Апранутая была ў зношаны, падзёрты кажух і павязаная старой цёмнай хусткай. Ніхто не ведаў, колькі ёй гадоў, лічылася, што жыве трэці век - нагэтулькі прыгнулася да зямлі, укарацілася, пацямнела тварам, толькі жывыя, колкія вочы свяціліся сярод зморшчынаў. Кульчыха ні на кога не паглядзела, нікога не распытвала, а прайшла да Мішкі, адвярнула кажух, падняла кашулю і скрыўленым пальцам патыркала проста ў рану. З Мішкі выціснуўся пакутлівы стогн. Вядзьмарка зноў тыркнула пальцам у свішчы - больш моцна - і ўсміхнулася, калі Мішку скаруціла ад болю.

- Вязі хлопца, - рыпучым старэчым голасам загадала Кульчыха Расевічу.

- Куды? - здзівіўся стары.

- Да мяне, - адказала шаптуха.

- А жыць... - заспяшалася ўведаць галоўнае Мішкава маці.

- Нашто ж ён мне мёртвы!

Заспяшаліся везці. Жыла Кульчыха за тры вярсты ад Росі, у некалі моцнай, а зараз пакрывелай, замшэлай хатцы. Памяталі, а дакладней, перадавалі па памяці, што ў даўні час сядзеў тут дзягцяр, а што з ім стала, кім даводзілася яму Кульчыха - жонкай, дачкой, сястрой ці проста прыблудзіла і заняла пакінуты двор, гэтага ніхто не помніў. Усю гаспадарку вядзьмаркі складала каза, якая, да агіды баярына Івана, месцілася разам з Кульчыхай у хаце. Яшчэ тут, калі засцілалі аўчынамі лаву і клалі на іх параненага, выявіўся бурнасты, непрыветлівы сабака - вось у такі хлеў мусілі аддаць сына. Старая коратка разважыла і выказала ўмовы: каб сена прывезлі, і мукі прывезлі, і мяса, і па гарнцу канапель, маку, маліны, і касу цыбулі, і па бадзейцы рэпы, морквы, буракоў, і гляк свежага мядзведжага тлушчу, і праз дзень цялячай пячонкі, і кожны дзень жывое кураня. І каб ніхто не з'яўляўся наведваць, яна гэтага не любіць, будзе трэба - сама пакліча, а калі падымецца малады баярын, дык павінны ёй даць сорак грыўняў. «Нашто табе? - ледзь не ўскрыкнуў здзіўлены Расевіч. - Што табе з імі рабіць?» Старая з'едліва ўсміхнулася: «Табе на памяць. Каб хлопец здаровы быў. А грошы ў зямлю схаваю, на іх зелле добра расце».

Хоць і было відочна, што і сена, і рэпа, ды і ўсё іншае, апроч, можа, тлушчу і маліны, да лячэння раны не стасуецца, але ўсё названае шаптухай у той жа дзень прывезлі, і пацяклі ў Росі дні няведання і хвалявання. Чаляднік, які штодня вазіў Кульчысе кураня, Мішку не бачыў, затое бачыў і паведамляў, што вядзьмаркава каза абжыраецца морквай, а сабака жарэ варанае мяса, і зусім не косткі, а цалкам курыныя ножкі ідуць яму. «Заб'ю! - думаў баярын Іван. - Калі памрэ Мішка - заб'ю і Кульчыху, і казу, і сабаку ненажэрнага! Але потым, баючыся, што злыя думкі пачуюцца вядзьмаркай, прасіў дараваць і жадаў ёй здароўя.

На чацвёрты дзень быцця ў старой Мішка ачуўся ад прыемнага паколвання ў скронях; даходзіла аднекуль ціхае шамаценне. Расплюшчыў павекі і ўбачыў перад сабой цёмную пляму, побач дрыжэла светлая пляма, а навокал была глухая цемра і чуўся размераны, рыпучы шэпт: «Ідзі, сыдзі, адваліся ад грудзі, ад белага цела, ад жывой крыві, бяжы, не аглядайся, назад не вяртайся, ідзі ў пні, калоды, у гнілое балота, там табе пасцелена, галава высокая, пярына глыбокая, там табе жыці, з моху ваду піці!» Потым адасобіліся агеньчык лучыны, уважлівыя вочы на старэчым твары. Быццам сама сабой прыплыла лыжка, кранула вусны, і нешта горкае пацякло ў горла. «Дзе я?» - хацеў спытаць Мішка і, здалося яму, спытаў, але старая не адказала, выцягнула над ім вузкія рукі і пачала таямніча нашэптваць: «На сінім моры камень ляжыць, на тым камені дзеўка сядзіць, красную нітку матае, крывавы пасек зжывае, тваю рану зажыўляе!» Пад гэты загавор Мішка ўпаў у забыццё, а калі зноў адкрыў вочы, ізноў побач стаяла старая, але цяпер яна накладала на пякучы бок нешта халоднае, прыгледзеўся - нейкую кашку з глінянага гаршка.

- Ты хто? - спытаў Мішка.

- Бабка Кульчыха. Памятаеш, дражніўся? «Ведзьма, ведзьма!» крычаў. - Старая незласліва ўсміхнулася. - Ты не пужайся. Бацька цябе прывёз. З таго свету выходзіш.

- А гэта што? - Мішка пакасіўся на гаршчок.

- Карэнне сунічнае, гнаішча тваё залечыць.

Мішка засынаў, абуджаўся і заўсёды бачыў старую пры занятку: то стаяла каля печы ў дыме, то нешта таўкла ў драўлянай ступцы; рэзала, церла, адбівала сякеркай; некалькі разоў на дзень глядзела рану, змывала гной бураковым сокам, накладала то крапіўную кашку, то заваранае лісце ажыны, то цёртую моркву, ці намазвала струпы мядзведжым тлушчам, ці давала піць горкае пітво, ці прымушала смактаць цёплую яшчэ пячонку. Не прыкмеціў Мішка, каб знахарка клалася спаць. Здавалася, ніколі не засынае.

Сілы вярталіся марудна; падоўгу спаў, а калі не спаў, дык бяздумна разглядаў пукі сухіх каранёў і траваў; ці глядзеў на казу Лешку - яе напачатку пужаўся, але звыкся і нават мякчэў, бачачы ўважлівы, добры казіны позірк, а Лешка, адчуўшы прыязнасць, насмелілася падыходзіць, набліжаць пысу, дыхаць у твар, лізаць шурпатым языком шчаку і рукі. І сабака Муха, якога на ноч Кульчыха клікала ў хату, каб не з'елі ваўкі, таксама стаў звычным знаёмцам, і Мішку мроілася, што ён з даўніх гадоў жыве пад гэтай страхой, адкуль сыходзіць водар зелля, і з гэтай сівой, ссушанай часам шаптухай, якая расточкам была ледзь вышэйшая за сваю казу, але якой, згадвалася яму, усе баяліся ці пабойваліся, і з гэтай сур'ёзнай барадатай Лешкай, і з сабакам, які нястомна брахаў на кожнага парабка, што прывозіў старой прыпасы. Мішка радаваўся, што жывы, здаравее, але хацелася ляжаць ды ляжаць, вось так, бесклапотна, толькі бы не пякло ў баку.

Потым прыгадалася, што паблізу жывуць бацькі і сёстры. Мішка спытаў, чаму не прыходзяць.

- Таму, што забараніла, - адказала Кульчыха. - Дапамогі ад іх ніякай, толькі Муха будзе дарэмна брахаць ды бедная Лешка пужацца. Зямля - галоўная маці, яна ведае, хто адхадзіў сваё, хто сваё недарабіў, яна сама вырашае: каго забіраць, каго тут пакінуць. Няхай дома пра здароўе моляцца ці ў царкву ездзяць.

- А як Рыгор мой? - пытаўся Мішка.

- Падняўся твой Рыгор. Слаба яго ўдарылі.

- А мяне?

- Ты цудам жывы. Цяпер цябе не хутка заб'юць.

- А як, бабка Кульчыха, - зацікавіўся Мішка, - ты лёс угадваеш?

- Ніяк, - адказала старая. - Колькі жыву, заўсёды з дзесяці мужыкоў толькі, можа, адзін сваёй смерцю паміраў. Другіх ці крыжакі заб'юць, ці свае жыццё скароцяць. Некага - ты, цябе - іншы, так і кладзецеся. А нашто адзін аднаго забіваеце - і самі не разумееце. Нараджаюць вас бабы, радуюцца, а потым даглядай вас дохлых ці кладзі ў магілу, як Быліча паклалі.

- Данілу? - здзівіўся Мішка і міжвольна пацікавіўся: - А як жонка яго, Вольга?

- Скуль мне ведаць. Жывая. Не следам жа лезці.

Шаптуха раптам пранікліва зірнула на Мішку.

- Далёка ты думкамі лётаеш, - вымавіла яна з усмешкай. - Жывучы!

Мішка засаромеўся.

Неяк уначы не спалася. Гудзела ў лесе, вецер біў у страху, свістаў у шчыліны. Мішка спытаў старую:

- Адкажы, Кульчыха, ты была маладая?

Упершыню шаптуха здзівілася:

- А як жа!

- І муж быў?

- Быў, - сказала старая. - Дзед твой неяк прызваў майго на каня - у пагоню ішлі, недзе майго і забілі, вось, як цябе, дзіду ўторкнулі, назад не давезлі.

- А потым? - распытваў Мішка.

- А потым твой дзед хацеў мне другога мужа даслаць, ды перадумаў. З табой, кажа, нікому не будзе шчасця. Хочаш, дзегцяра хата пустая - жыві, а вёску пакінь.

- Чаму? - здзівіўся Мішка.

- Маці варажыла. І да мяне, маўляў, цяжкі позірк перайшоў.

- А не нудна без людзей, Кульчыха?

- Ты хіба не чалавек? - хіхікнула шаптуха.

- Ну, я. Ты ж не ўсіх бярэш.

- Каго хачу, таго прымаю, а другія самі ідуць: у каго смок карову ссе; гэтую муж б'е - нашаптаць, каб не біў; тая хворая; у другой дзіця маўчыць - каб загаварыла; каго трасца б'е, каго гадзіна ўкусіць - больш за цябе бачу людзей. - Старая перасела да Мішкі ў ногі. - А мне так і лепш, хлопец. Вунь лес, у ім кожнай травінцы зямля дае сілу, я ведаю - якую. Вось ты паміраў - я выхадзіла, будзеш жыць. Вунь колькі ўсяго пад страхой, ніхто не ведае, калі і як збіраць, бо галасоў не чуюць, я чую, бо яны мне шэпчуць. І запаветныя словы я ведаю, людзі - не. Хоць ты чуў, а не запомніў, а запомніў - з карысцю не вымавіш. На кожнае слова свой час ёсць. Адны ў зорную ноч можна шаптаць, другія - калі Вячэрніца выходзіць, а яшчэ другія - ранкам, калі зоркі гаснуць, а іншыя - калі маладзік рагамі на Гусіны шлях глядзіць. На зімовай дарозе ваўкоў адвесці - таксама асобнае слова ёсць. Ваўкалака напужаць - асобнае...

- Бабка Кульчыха, - запаліўся Мішка. - Ты мяне навучы.

- Ты не навучышся, - адмовіла шаптуха. - У лесе трэба жыць, зямлю слухаць. А твая справа баярская - ваяваць, пакуль даваюешся. Падымешся - зноў жа на каня?

Мішка страпянуўся:

- А ці хутка падымуся?

- Каляды прыйдуць - падымешся, - адказала старая. - А конна раней Вялікадня не здолееш.

Радуючыся блізкаму ўжо выздараўленню, ён нечакана прыгадаў сястру, яе пакутлівую маларухомасць, нуднае сядзенне ў хаце.

- Бабка Кульчыха, - спытаў ён, - чаму ты нашу Аленку не паглядзіш, не выхадзіш?

- А як яе падняць? Яе напужаць трэба.

- Мы пужалі, - запярэчыў Мішка, - не памагае.

- Ёй сапраўдны страх патрэбны, - сказала шаптуха. - А што вы з Гнаткам воўчую морду ў акно прасоўвалі - вам абодвум за гэта было б добра рукі перабіць. Той, мядзведзь, ходзіць - зямля трасецца, а ў галаве, як у дзіцяці, ды і ў цябе не надта розуму. Даўмеліся - жывога ваўка звязаць...

- Скуль ведаеш? - уразіўся Мішка.

- Гнатка прыходзіў раіцца: як яшчэ напужаць. Я кажу: што воўк, зубра трэба. Як усунецца ў хату, мёртвы падскочыць, не тое, што ваша Аленка. Падумаў: не, кажа, зубра - моцы не хопіць. Я кажу: не вашага малога розуму праца. Прыйдзе час, без вас напужаюць. На ўсё кон ёсць. Раней кона не зробіцца...

Хутка Кульчыха пачала пакідаць Мішку аднаго. Прыходзіла якая-небудзь баба, расказвала сваю бяду, і шаптуха апранала стары кажух, павязвалася хусткай і знікала на дзень, пакідаючы Мішку што паесці і зелле. Вярталася яна змерзлая, але тут жа бралася за новую справу. Мішка шкадаваў старую:

- Ты б прылегла, бабка Кульчыха, пагрэлася на печы.

- Чаго ляжаць? - адказвала старая. - Не хворая. Ды і не ляжыцца, Мішка, нудна проста так ляжаць.

- Адпачнеш, - угаворваў Мішка, - сілы прыбудзе.

- Памру - адляжуся.

Мішка не знаходзіў што запярэчыць, думаў: дзе сілы бярэ? Не зразумець, у чым душа трымаецца, ніякай плоці, а без справы хвіліны не пасядзіць. Зямля беражэ Кульчыху, думаў ён. Вось не было б бабкі Кульчыхі, дзе б ён зараз бы ляжаў? Можа, у зямлі, як Даніла. Цяпер Вольга адна жыве... І так завялося, што, аб чым бы ён ні думаў, абавязкова думкі выводзілі на Вольгу. «Падымуся на Каляды - з'езджу адведаць», - вырашыў Мішка.

Але неспадзявана Вольга сама падала вестку. Аднаго марознага дня даляцеў у хату перастук капытоў па дарозе, потым - брэх Мухі, і ўвайшоў Юры, трымаючы ў руках невялічкі клуначак. Шаптуха ўтаропілася ў наведніка незадаволена і пытліва.

- Я вось да яго, на хвіліну, - растлумачыў Юры старой і паставіў клуначак на стол. - Сястра табе кланяецца і гасцінец перадае, - сказаў ён Мішку.

- Скажы ёй, што ўдзячны.

- Што за гасцінец, - зацікавілася Кульчыха.

- Не ведаю. Карыснае нешта.

Шаптуха недаверліва развязала клуначак - там былі два залітыя воскам збаночкі. Скалупнуўшы воск, старая паспытала змесціва. Юры чамусьці забаяўся, што шаптуха выкіне збаночкі ці скажа забраць. Але яна прамармытала нешта ўхвальнае і панесла гасцінец у кут.

- А яшчэ Вольга прасіла перадаць, - супакоена працягваў Юры, - што жадае табе здароўя.

- І ты перадай сястры, што ёй спачуваю і жадаю дабра.

Юры кіўнуў:

- Перадам!

- Скажы: успамінаю аб ёй.

- Скажу.

І абодва змоўклі, не ведаючы, пра што гаварыць.

- Ну, а ты як? - спытаўся Юры. - Лепш табе.

- Ды так, ляжу, - адказаў Мішка. - Ачуняў вось, з бабчынай дапамогай. А ты ў Вольгі зараз жывеш?

- Не. Наведаць прыйшоў.

- Значыць, у адзіноце яна... - паспачуваў Мішка. - Сумуе.

- Вядома, не па сабе.

- Ну, перадай прывітанне.

- Перадам.

- Скажы: заеду.

- Скажу.

Зноў змоўклі. Мішку хацелася спытаць: няўжо Вольга сама падказала брату паехаць, дала каня, сабрала гасцінцы. Што пры гэтым казала, чым тлумачыла, выпраўляючы за дваццаць вёрст? Але не пытаўся, саромячыся шаптухі.

- Буду ехаць міма тваіх, - сказаў Юры. - Можа, перадаць што?

- Перадаць? - задумаўся Мішка. - Што перадаваць? Скажы: жывы і здаровы.

Кульчыха хіхікнула:

- Ага, скажы: здаровы ўжо ваш Мішка, скакаць хоча.

Яна прашаркала да Мішкі, паднесла яму коўш.

- Глытні, волат. І ты сядай, калі прыйшоў, - загадала Юр'ю. - Спяшаешся, нібы вястун...

Забрахаў Муха, і ўслед увайшоў у хату стары з лірай, укручанай у палатно, на адным плячы і з пустой торбай на другім.

- Пазнаеш, бабка, - прывітаўся ён з Кульчыхай. - Даўно не бачыліся.

- Даўно ты не заходзіў, - згадзілася Кульчыха.

- Іду, думаю: дай зірну, ці жывая.

- Добра б і памерці, - адказвала шаптуха, - ды часу няма. Куды, стары, вырушыў у такія халады?

- Куды вочы вядуць. Можа, у Слонім ці ў Ваўкавыск. Зіма хутка - печ трэба знайсці.

- Сядай, пагрэйся.

Стары ўладкаваўся ля печы.

- Блага без сваёй хаты, - паспачуваў Юры.

- А нашто мне свая хата? - усміхнуўся стары. - Мы, лірнікі, жывем пакуль ходзім.

Мішка не паверыў.

- Няўжо, дзед, усё жыццё ходзіш з лірай?

- Амаль так. З таго дня, як вёску крыжакі спалілі. Гэта зараз мяне гады да зямлі гнуць, а тады падлетак быў... Неяк на Цёцю сядзім за сталом, раптам тупат, лямант, чужая гаворка. Бацька зірнуў у акно - і за сякеру. Тут кнехт у хату ўвайшоў, шырокі меч у руцэ трымае. Бацька ўзмахнуў сякерай і ўсадзіў яму ў грудзі. Узяў меч, перахрысціўся і пайшоў на двор. Маці следам мяне і сястру выпхнула: «У лес, дзеткі!» Я пабег, маці і сястра ззаду. Там і бегчы было ўсяго - палоска жытняя. Нясуся, а наперадзе страла ўпілася ў зямлю, і яшчэ адна над галавой прайшла. У лесе азірнуўся - маці і сястра на сцярні ляжаць...

А потым сустрэўся мне старац, я ліру яму насіў. Гадоў дзесяць разам хадзілі. Неяк ішлі ў Наваградак, тады яшчэ Міхайла Карыят там княжыў, старац мой перад самым горадам кажа: «Ногі гудуць», прысеў адпачыць і памёр. Людзі далі рыдлёўку, я старца пахаваў; дасталася мне гэтая ліра. Тры гады ў Наваградку пражыў... Што дзіўна: калі была жонка і дзеткі, рэдка пяяў, а калі пяяў - мала людзі слухалі, а як усё страціў, пяю - слухаюць...

- Голы што святы, - сказала Кульчыха, - зла не баіцца.

Юры спытаў з прагнай увагай:

- Падобна, дзед, ты і на Сіняй Вадзе быў?

- Было, - пагадзіўся стары. - Альгерд тады вялікае войска сабраў. А наш князь Карыят дзве наваградскія харугвы вёў. Не злічыць, колькі народу рухалася. Уначы падымешся на пагорак, азірнешся на табары - агню на стэпе, як зорак над галавой. А ледзь зара - войска цягнецца трыма ручаінамі ў дзесяць вёрст кожная. Хто конна, хто пешкі, вазы рыпяць, на іх грудамі блішчыць зброя. Траву сонца нагрэе - водар п'яніць, сонца ззяе. А я сам малады, і вакол мяне маладыя...

Стары расчуліўся, натхніўся, вочы яго молада заблішчэлі, і сам ён горда выпрастаўся, нібы памяць, ажывіўшы былыя дні, ажывіла і даўнюю моц.

- Падышлі да Кіева, там аддзел татараў стаяў - даніну збіралі, татараў тых, як ветрам выдзьмула. Сто гадоў быў Кіеў пад татарскім прыгнётам, а прыйшлі ліцьвіны - скончыўся гэты прыгнёт. Званы звоняць, з Сафійскай царквы хросны ход, з пячораў старыя манахі выйшлі, усе хрыстосуюцца - вольны стаў Кіеў, скончылася татаршчына. Потым рушыла войска на Чаркасы, да Буга, да Сіняй Вады. Поле ды неба - дзве раўніны, і там, дзе яны змыкаюцца, раптам узнікла чорная паласа, як змей упоперак дарогі, - татарскае войска. Тры ханы - Катлубай, Кацібей, Дзімір - для бітвы аб'ядналіся. Ранкам стаялі мы ўжо ў шыхтах. Альгерд паставіў палкі ёмістым сярпом, нашы наваградскія харугвы па баках сталі - засцерагчы ад татарскіх наскокаў вялікі полк. Так і стаялі мы напагатове жніва. А татары насупроць нас, за два лёты стралы. Чакаем. Шлемы нагрэліся. Халадок на сэрцы. Раптам бунчукі іхнія закалыхаліся, бубны грымнулі, скрануліся татары біцца. Тады Альгерд даў знак - нашы наставілі дзіды. Гадзіны дзве татары моцна насядалі, потым парэдзіліся і пачалі заварочваць коней. А мы на спіны ім селі, дзень гналі па стэпе, усё Дзікае Поле імі пакрылі, травы месцамі не было відаць. Расцерушылі іх да самага Крыма...

- А нашых многа палегла? - спытаў Юры.

- Страцілі людзей, так, - уздыхнуў лірнік. - З наваградцаў, можа, кожны другі там застаўся. Толькі хто лічыў! выкапалі дол, паклалі плячо да пляча, насыпалі курган, зараз і не пазнаеш - дзе. Стэп. Дзікае Поле...

- Прыходзь у Ваўкавыск, - сказаў Юры старцу. - У мяне перазімуеш. Хата ёсць, я адзін...

Стары падзякаваў.

Не хацелася Юр'ю ісці, але і сядзець далей не меў падставы. І была іншая мэта - пабачыць Мішкавых сёстраў. Дзеля іх і выправіўся перадаваць гасцінец. Пабачыўшы Мішку, можна да Расевічаў зазірнуць. Калі другі выпадак будзе, думаў Юры. Паспяшаць трэба, пакуль светлы час.

Хутка ён быў у Расевічаў. Хоць парабак, што адчыніў яму вароты, і сказаў, што гаспадары дома, у хаце знайшоў ён адну Аленку.

- Мішку вашага бачыў, - растлумачыў свой прыезд Юры. - Кажа, што жывы і здаровы. А дзе вашыя?

- Нашы ў Ваўкавыск паехалі.

- А ты чаму не паехала?

- Яны ў царкву паехалі, - адказала дзяўчына. - Памаліцца. А я тут магу маліцца. А Кульчыха і без малітвы дапамагае. Што маліцца? Колькі я малітваў вышаптала. Кожную ноч, усе спяць, а я малюся: Божа, нічога мне не трэба, хай тое вернецца, што ты даў, - хадзіць па зямлі, я ж маладая, а я замінаю ў хаце, мяне на руках носяць...

- Бог літасцівы, - сказаў Юры, - дапаможа.

- Бог жорсткі, - запярэчыла Аленка. - Мяне пакараў, і за мае грахі ўсю нашу сям'ю...

- Якія ў цябе грахі? - шчыра здзівіўся Юры.

- Калі вось так сядзіш з дня ў дзень, у знямогласці, усё ранейшае жыццё перагледзіш. Гордасць мяне сляпіла - вось які грэх. Тры гады назад хадзіў тут адзін хлопец, можа, ты і бачыў яго - Юшка Скірдан. Нічым ён быў не горшы за другіх, толькі я быццам яго і не прыкмячала. Я прыгожай сябе лічыла, злавала, што ён на мяне глядзіць, што ў царкву следам скача, з царквы таксама ўслед, і на гулянках побач, як цень. Ён сватоў даслаў, я адмовіла. Дык ён падпільнаваў мяне на беразе Росі, схапіў у сядло і паімчаў. Дзеўкі бачылі, прыбеглі, сказалі бацьку. Мішка, Гнатка, бацька, старэйшы брат Воўк - за мечы і наўздагон. А з Юшкам сябры былі. Ён скінуў мяне з каня, пачалася бойка. Мне жахліва: косці крышацца пад мечамі. Раптам вось так паблізу, рукой дастаць, завісае ўніз галавой чалавек, кроў льецца з пасечанай галавы, і бачу - гэта брат мой Воўк, мёртвы. А бацька з Мішкам і Гнатка іх пасеклі, усіх насмерць. А ў мяне ногі адняліся...

- У чым жа твой грэх, - ціха спытаў Юры. - Ён вінаваты?

- Чым ён вінаваты? Любіў...

- А ты чым вінаватая?

- Магла сказаць «так», сказала «не». І Воўк быў бы жывы. І ён. І яго сябры. І я засталася б здаровая. І матуля аб Ваўку сумуе. Вось Мішку паранілі, а я думаю: з-за мяне...

- Ты шчырая, - спачувальна сказаў Юры. - Але нельга браць на сябе чужую віну. Юшка вінаваты: сілай да любові не прымушаюць. Нават Бог не прымушае людзей любіць сябе. Як жа мае чалавек чалавека прымушаць? Гэта грэх! А на табе няма граху! Прыйдзе час, Бог дапаможа. Ты толькі маліся. А ведаеш, чаму...

Але растлумачыць, чаму трэба маліцца, Юры не паспеў: у хату ўвайшла мажная, з цяжкім дыханнем баба і, убачыўшы побач з Аленкай Юр'я, заахвоцілася прысесці. Юры зноў паведаў пра Мішку, а цётка Малуша (так назвала бабу Аленка) пачала скардзіцца на шаптуху: не дазваляе да Мішкі падысці, нават яе, цётку Малушу, не дапусціла. Выйшла з хаты, кажа: «Няма чаго табе тут рабіць, ты і ў дзверы не пралезеш, толькі сабачку майго напужала». Так у дождж і пайшла назад, абрэханая сабакам. Выказаўшы сваю крыўду, цётка прынялася выпытваць: што Кульчыха рабіла? Што казала? Ці бачыў ён казу? Што старац апавядаў?

Адчуваючы цікаўнасць цёткі і Аленкі, Юры не ўтрымаўся і паведаў пра летапіс, распачаты айцом Фоціем. «Ты глядзі, - дзівавала цётка, - і што, Юрка, праз сто гадоў нехта прачытае?» - «Дзеля таго і пішам, - адказваў той. - І праз сто, і праз трыста будуць чытаць». - «І пра мяне даведаюцца?» - дзівілася цётка. «Вядома, - дагадзіў Юры, але ўсё ж дадаў: - Калі запісаць». - «Ну, дык ты, хлопча, не пішы ўжо, што мяне вядзьмарка аблаяла, быццам я ў дзверы не пралезу. Кпіць будуць з мяне». Тут цётка здагадалася, што вельмі далёка да тых чытачоў, і паспяшалася з апраўданнем: «Я сарамлівая. Я і на тым свеце пачырванею».

Юрка прабыў у Аленкі да прыцемкаў і паскакаў да сястры. Накормлены конь бег жвава. Весела ажыўляў пустэчу дарогі перастук капытоў. Думаючы пра Аленку, Мішку, старца, Юры верыў, што і яны зараз успамінаюць пра яго, што вымаўленыя кожным шчырыя словы пабольшылі паміж імі еднасць і роднасць - веданне сваёй неабходнасці іншым...

А Мішку Расевічу ў гэты час было блага на душы. Упершыню ён убачыў сябе чужымі вачыма - вачыма Кульчыхі, старца, тых невядомых людзей, якіх ён крыўдзіў. Гэтая збянтэжанасць прыйшла да яго, калі лірнік горда апавядаў пра Сінюю Ваду. Успомнілася, што і Кульчыха паважліва слухала старога, і прыгадалася тая знявага, з якой яна адгукалася аб іншых бітвах і сутычках. Яго ахапіла жаданне запярэчыць бабцы Кульчысе, растлумачыць ёй нешта такое, чаго яна не разумее. Ён задумаўся, пра што з свайго жыцця мог бы распавесці з такой жа гордасцю. Таму назад пяць гадоў хадзілі на Смаленск, калі смаленскі князь паўстаў супроць Вітаўта. Узялі горад і вельмі радаваліся. Але каго секлі? Аднапляменнікаў! Колькі сірот потым пайшло па дарогах, як гэты старац. Чым ганарыцца? Хадзілі на крыжакоў. Неаднойчы. І чаго дамагліся? Як стаялі прусы, так і стаяць. Затое горад Каложу на пскоўскай зямлі разбурылі дашчэнту. «Крыжакі гарадзенцаў пабілі, мы дзесяць тысяч калажанаў у Горадню перавезлі. На сталае жыхарства. Каб Горадня ўзмацнілася». Не паведаеш Кульчысе, як гэта было. «Так, - дакарала б, - сама баярская справа - людзей, як жывёлу, ганяць!» Вядома, узяць Каложу Вітаўт загадаў, і народ перасяліць з роднай старонкі ў далёкую Горадню ён вырашыў. Але чые рукі выканалі?

Ішлі да горада і ведалі, што ўчыняць: горад знікне, а людзі на Нёман пяройдуць, на мяжу з крыжакамі. Забаранялася секчы, гвалціць, рабаваць. Толькі сама адчайных забіць, хто не пакорыцца. Сама лепшых і смелых, што схапіліся за зброю, і пакрышылі на вуліцах. Не татараў на Ворскле, не тэўтонаў у полі - крывічоў у іх родным горадзе. Не варухнецца язык распавесці пра гэта бабцы Кульчысе.

Стаяў горад, курыўся ранішнімі дымамі на сваю ж бяду - з тых печаў жарам нашыя лучнікі потым хаты падпальвалі. Уварваліся ў Каложу сотні, занялі вуліцы і кінуліся па хатах - гнаць у карак людзей: запрагайце коней, скарб на вазы - і прэч з горада. Усе да апошняга. Там стары памірае, просіцца - дайце памерці ў хаце; не, кладзіся на воз, у полі памрэш, Бог усюды прымае. Там баба крычыць, раджае - і яе на воз, хутчэй народзіць. Там хлопец паранены стогне - дзе паранены? З кім біўся? Супроць нашых? - нож яму ў горла. Святар у царкве на малітву стаў - за рукі таго папа, за ногі і таксама на воз. Навокал лямант, плач, жальба, толькі юродзівы сядзіць каля царквы, смяецца - весела яму, дарэшты дурань звар'яцеў ад усеагульнага шаленства. І яго ў карак, за горад, каб не згарэў жыўцом у асуджанай Каложы. Каровы рыкаюць, свінні верашчаць, куры ашалелі, бабы носяцца за імі, вяжуць, сабакі ўзлютаваліся, кідаюцца кусаць коней, сабак сякуць напалам. Дзеці лямантуюць, дзеўкі выюць, старыя галосяць...

У пекле лепш, чым было ў Каложы, у апошні дзень горада. Дзесяць тысяч народа разам пакутуе. У саміх жах па сэрцы, шкада тых людзей, але бізуном іх: варушыся, паспяшай! У каго некалькі калёсаў было - усё забраў з хаты. А ў суседа адзін конь - складай на яго ўсё нажытае за жыццё: адзенне, вопратку, ежу, рала, барану, аўчыны, посуд, курэй, патэльню, збаны, дзяжу - хто ж табе іх потым дасць! А бясконныя - тыя не збіраюцца зусім, сядзяць на зямлі перад хатай, плачуць: забіце нас тут! Другі мужык з адчаю сякеру ў рукі - біцца: во і вам. А яго тупым канцом дзіды ў лоб і нагамі па рэбрах: збірайся, вязі сям'ю з горада, ты князю Вітаўту патрэбны, нельга цябе забіць, забаронена.

І выцякае з гарадскіх варотаў паток няшчасця, дзе ўсе лямантуюць аб бедствах і жаху: людзі, каровы, прывязаныя да калёсаў, авечкі, куры, нямоглыя дзяды і немаўляты. Бурліць гэты паток чалавечы, як рака па рэчышчы між коннай варты, выносіцца за вярсту ад горада на пожню. Некалькі хлопцаў кінуліся ўцякаць праз поле - куды ты ўцячэш, галава ты дурная! Іх тут жа лучнікі і звалілі, каб другім ўцякаць расхацелася. А маткі іх і сёстры галосяць, рвуцца да сваіх родных хоць бы пацалаваць апошні раз, а іх бізуном, бізуном - у натоўп, у табар...

Да прыцемкаў вымелі горад, пуста на вуліцах, могілкавая чысціня. Табар каложскі сцішыўся, аколены вартай, людзі збіліся каля сваіх вазоў і вузлоў, страшацца, чакаюць незвычайнай смерці; не ўцяміць ім, што далей будзе. Перачакалі ноч пад вазамі, а ранкам іх усіх на дарогу, воз за возам, у паход, на новае месца... А па горадзе ў тысячу двароў скача сотня з паходнямі. У адны вароты ўляцелі, праз другія вынесліся. Усё падпалілі: хаты, хлявы, званіцу, царкву, горадні, абкладзеныя галлём. Шуганулі агні, абвалілася царква, запалаў вогненным стаўпом старадаўні горад. Нехта, аднак, застаўся там - можа, хітрун які хаваўся ў яме ці дзіця малое сядзела ў падпечку, - цяпер ён лямантаваў аб выратаванні, крык гэты правісеў імгненне ў паветры і змоўк, і голас гэты з вогненнага чэрава прыпаліў Мішку сумленне.

«Няўжо я там быў і разам з другімі ўсё гэта зло ўчыніў?» - не верылася цяпер Мішку. Але падзабытыя дні паўставалі ў памяці ў дакладнасці ўсіх дзеяў, жывасці галасоў, у неадменнасці ўсіх грахоў і пакутаў... Тысячу вёрст дарогі прайшлі, на кожнай вярсце магілка засталася. Дзяўчынка занядужала і памерла, старыя не вытрывалі і сканалі, немаўлятка ў халодную ноч заціхла назаўжды на руках маладухі, дзеўку нехта з аховы згвалціў, яна ўдавілася, бунт задушылі... Дажджы, гразь па калена, а па гразі цягнуцца людзі - ад спаленай намі Каложы да спаленай немцамі Горадні, дзе пагоркі над Нёманам і дзе траціна з іх памрэ за зіму ад голаду і маразоў. «Грэшны я, - шэпча Мішка. - душы губіў. Чужыя губіў, а сваю шкада. Кульчыха ратуе...»

Чаму ж мы такія звяры бываем і не саромімся, думаў Мішка. А грахі прыгадваем, калі ўласнае жыццё на валаску вісіць. Не ўваткнулі б дзіду ў бок, ніколі не прыгадалася б тая Каложа. Там усё здавалася хоць страшным, ды правільным. Вялікі князь загадаў, ён лепш ведае, што рабіць, ён перад Богам адказчык. Ды і як просты ваяр можа пярэчыць, калі князі маўчаць і святары памоўкваюць, нібы не бачаць. Змова нейкая між людзьмі на злыя ўчынкі. Можа, і варушыцца ў каго сумленне, ды ніхто не дае яму волі, наадварот, душыць яго і чорную справу выконвае старанна. Як сабакі, думаў Мішка, каб костку далі. Вычысцілі Каложу, князь сказаў: «Малайцы хлопцы!», усе задаволенымі ўсмешкамі адказалі і гатовыя другі іншы горад перасяляць. Яшчэ і сабачая спадзея ў душы: раптам, калі добра папрацуеш бізуном, прыкмецяць і ўзнагароду дадуць - каня дазволяць узяць з чужой стайні ці ў двор да князя возьмуць. А другому дастаткова і ўхвальнага погляду. А трэці робіць, як іншыя робяць. А хто прыдбаў чужую маёмасць, радуецца, што свой двор узбагаціць.

У царкве Хрыстос у адной кашулі намаляваны, вяроўкай падперазаны, драўляны крыжык на грудзях. А ў нас залатыя. А хто не мае, той марыць пра залаты, і мечам дзеля яго працуе, з душы здзекуецца, як вар'ят. І Мішка суцяшаў сябе: «Дык не сваёй жа воляй стаўся я гарларэз. Чужая воля на грахі кіравала. Хоць бы аднойчы на святую справу пасунула, каб зло дабром выкупіць».

З гэткімі думкамі чакаў ён выздараўлення.

 

Берасцейскі замак. Дамова

Апоўдні першага снежня вялікі князь Вітаўт на чацвёртай вярсце Люблінскага шляху сустракаў караля Ўладзіслава Ягайлу. Дзень выдаўся няўдалы: неба, гадзіну назад яшчэ светлае, раптам абвалілася мокрым снегам; прыведзеныя дзеля пашаны каралю баяры і княжая харугва не праглядаліся за снежнай заслонай, нібыта іх і не было. Снегапад закрываў дарогу, вестуны, што паведамлялі пра набліжэнне каралеўскага абозу, станавіліся бачнымі толькі за дваццаць крокаў.

Пасля доўгага, нуднага чакання пачуўся, нарэшце, глухі шум, нешта зацямнела скрозь шарачок і адразу ж узніклі аблепленыя снегам вершнікі - Ягайла, падканцлер Мікалай Тромба, першы шэраг спадарожнікаў, а ўся іншая світа расцягнулася на дзве вярсты. Вітаўт пастрасаў з каня снежную апушку і паскакаў насустрач брату. Павіталіся, пацалаваліся і рушылі ў Берасце. Маўчалі - снег біў у твар. Праз паўгадзіны дасягнулі пасадаў, а калі ўвайшлі ў горад, на касцёльнай званіцы і на цэрквах забілі званы.

На вуліцах цікаўны народ кланяўся князю і каралю, дзівіўся на вялізны польскі поезд: ішла ў дзве сотні коп'яў адборная каралеўская харугва, васьмярыкі коней цягнулі пастаўленыя на палазы даміны, абабітыя сукном, аздобленыя гербамі, з зашклёнымі дзверцамі, зноў ішла харугва, ужо меншая, потым пацягнуліся вазкі з дабром і прыпасамі, потым ішла яшчэ польская сотня, а ўслед - вялікакняжацкая харугва.

Усё гэтае мноства коней, людзей, увесь абоз рухаліся ў замак, ды было зразумела, што ў замак яны не ўтоўпяцца, і хутка вулічныя старасты пачалі разводзіць прыбылых палякаў на пастой па лепшых дварах. Тут жа панеслася пагалоска, што кароль колькі дзён адпачне ў Берасці, а потым выправіцца на зімнія ловы ў Белавежскую пушчу.

Ціхі, спакойны горад ператварыўся ў паходны табар. У замку і на рынкавай плошчы з ранку да ночы палілі агні, пяклі на пожагах валовыя кумпякі і бараноў, не астывалі катлы. Кожны дзень ішлі пад нож сотні авечак і кароў; з пушчы везлі тушы дзікоў і ласёў; бесперапынна прыходзілі ў горад сенныя абозы; авёс падняўся ў цане, і княжая сотня злосна біла перакупшчыкаў; з замкавых сутарэнняў дзесяткамі выкочвалі бочкі з мёдам і півам; на Мухаўцы калолі лёд, падымалі саленні. П'яныя валяліся па вуліцах, аднекуль панабралася старцаў, злодзеі шмыгалі ў натоўпе, іх білі на месцы, некалькі было спушчана ў Буг; зграі сабак насіліся па горадзе, грызліся за косткі. У касцёле і цэрквах ішлі службы, ксяндзы і папы маліліся за здароўе князя Вітаўта і караля. У замку кожны абед і вячэра пераходзілі ў пір. Княжыя лоўчыя наймалі людзей для загонаў; бондары з выгадай збывалі бочкі; кожны, хто мог, стараўся ўрваць сабе ад нечаканага свята хоць што - мех аўса, ахапак сена, свіную галаву на халадзец. Хто не мог нічога ўрваць, стараўся нічога не страціць у той мітусні, змяшэнні людзей і моваў, шалёным вяселлі, якое нечакана абрынулася на Берасце.

Апроч палякаў стаялі ў горадзе паўтысячы татараў аховы хана Джэлаладзіна, таксама запрошанага вялікім князем на ловы. На ўсіх застоллях хан сядзеў з правай рукі князя Вітаўта, а сам Вітаўт сядзеў побач з каралём. Ужо адбылося некалькі крывавых сутычак паміж татарамі і польскімі рыцарамі, якія на п'яную галаву выступалі ў абарону хрысціянскай веры і прыгадвалі татарам крыўды - Лягніцу і смерць ваяводы Спыткі. Княжая варта, якой пад пагрозай пакарання горлам забаранілі не тое што напівацца - прыгубліваць віно, і ўдзень, і ўначы рысіла па вуліцах, захоўваючы, наколькі ўдавалася, спакой і прыстойнасць.

Гэтыя перадлоўныя застоллі, мітусня, цесната ў горадзе цягнуліся тыдзень, і ўвесь гэты тыдзень Ягайла, Вітаўт і каралеўскі падканцлер Мікалай Тромба ў глыбокай таямнічасці, прыкрываючыся шумлівым гуляннем паноў і баяраў, абмяркоўвалі парадак летняй вайны з Ордэнам крыжакоў.

З ранку да абеду і на цэлыя вечары зачыняліся ў асобным пакоі княжага палаца і гадзінамі стаялі над мапай ці сядзелі ля печы і разважалі пра ўсе неабходныя дзеянні, спрачаліся, прымалі рашэнні. Іншым разам падканцлера Тромбу не запрашалі, сходзіліся ўдваіх і да глыбокай ночы сядзелі за шахматамі, па чарзе гуляючы то за крыжацкі, то за свой бакі.

Шахматы гэтыя, падараваныя Вітаўту князем Іванам Гальшанскім, самі па сабе схілялі да гульні. Рэзаныя з моранага дубу фігуркі даволі дакладна выяўлялі і крыжакоў, і ліцьвіноў, і палякаў. Кароль польскага боку і быў кароль, а насупраць стаяў вялікі магістр Ульрык фон Юнгінген, ферзем крыжакоў лічыўся вялікі маршал Фрыдрых фон Валенрод, супраціўны ферзь разумеўся як вялікі князь Вітаўт. Простая была ўцеха - тут, на дошцы, здымаць удалым ходам «вялікага маршала» ці абвяшчаць сваю перамогу драўлянаму Юнгінгену, але было і прыемна, і кожны ход даваў падставу для сур'ёзных разважанняў па іхнай справе, справе сумеснай вайны з Ордэнам. Рухаючы наперад «крыжацкую» пешку, усведамлялі, што дубовая фігурка ўвасабляе шэсць-восем рыцарскіх харугваў - тры-чатыры тысячы добра ўзброеных немцаў, якіх там, на полі бітвы, прыйдзецца спыніць, зламаць і пасекчы. А інакш яны нас пасякуць.

Адчувалі пэўную гордасць: наважыліся і рабілі ўдваіх тое, што бацькам было не па сілах. Святую рабілі справу, якой чакалі дзесяткі гадоў. Даўно была пара, ды марудзілі, баяліся, і ўсё нейкія перашкоды. То самі грызліся за ўладу, то міралюбіца Ядвіга, першая жонка Ягайлы, думаў Вітаўт, супраціўлялася, шкадуючы хрысціянскую кроў, то ты, брат, думаў Ягайла, татараў хадзіў ваяваць, згубіў войска, то малапольскія паны не жадалі вялікай вайны, то самі не маглі дамовіцца і падлажваліся да Ордэна, цярпелі знявагу і выдаткі, толькі б другому дадаць клопату. Але вось, нарэшце, запрэжаны ў агульную справу.

Азіралі адзін аднаго - высокі, з выцягнутым тварам Ягайла, каржакаваты, з тонкімі рысамі твару Вітаўт; бачылі: састарэлі ў клопатах, валасы пасівелі, зморшчынамі пакрыліся лбы, затое розуму пабольшала; любові паміж імі няма, ды ёсць павага - сама моцныя аказаліся ў бацькоўскіх вывадках, выстаялі ў навальніцах. Узнікалі, праўда, незапрошаныя, непатрэбныя зараз цені, раптам мільгалі па кутах. Тады думалася Вітаўту: вось за сценамі, за замкавым валам, цякуць Буг і Мухавец, там маці ў ваду кінулі, як вядзьмарку. Не шкодзіў гэты ўспамін размове, бо ведаў Вітаўт, што мае сілу стрымацца. Аднымі думкамі - пра сённяшні дзень, пра патрэбы летняга паходу ён быў поплеч Ягайлы, а другія плылі самі сабой, як хмары над зямлёй, можа, малапрыкметны цень ад іх клаўся на адказную размову. Князю ўяўлялася ноч, ён бачыў трох катаў, што ўвайшлі ў камору да маці. Яна зразумела іхную задачу, і паднялася, і аточаная імі пайшла цераз двор. Пра што думала маці на гэтым апошнім сваім шляху? Ці бачыла зоркі на небе? Ці не было зорак? Такі выбралі час, каб была цемра, каб людзі не прыкмецілі, не здарыліся выпадковыя сведкі. Можа, маці ўспамінала сваё жыццё. Яна была ў сталых гадах. А ёй жарон на шыю... Цяпер летам выходзіць тут на бераг з другімі русалкамі. Сказаць Ягайлу - што ж ты нарабіў, сволач, навошта! - адмовіцца, паклянецца, што невінаваты, тыя сваёй воляй, а ён на такое, каб родную цётку тапіць, ні за што на свеце... Вада восеньская ледзяная, жарон цяжкі, Буг глыбокі... А я вось разам з ім, сядзім, ядзім, гуляем, гутарым. Багі мае літоўскія, у якую гадзіну можа ператварыцца чалавек, калі валадарыць і ўладу любіць...

А Ягайлу прыгадваліся постаці братоў. Не дажылі, думаў ён, Скіргайла і Віганд да гэтага жаданага дня, і Карыгайлу крыжакі забілі. Браты павінны былі сядзець зараз тут, Альгердавічы. У Польшчы Альгердавіч на стальцы, і тут, на Літве, мусілі быць князі Альгердавага калена. Так бацька бачыў, такі запавет пакінуў. Але заўжды адшукаецца зайздроснік і злодзей. Скіргайлу няшчаснаму атруту падсунуў. Можа, і Карыгайлу не крыжакі, а найміт застрэліў. Усе мы звыкліся на крыжакоў звальваць, добрая магчымасць хаваць сваё зло ад праніклівага вока. Ціхі быў у маладыя гады гарадзенскі князь Вітаўт, не бачыліся іклы. А трох Альгердавічаў з'еў, зараз чацвёрты - Свідрыгайла - у Крэве, у склепе трасецца ад змрочнага прадчування. Трапіў у пастку. Сам вінаваты. Але ж хто ягоны лёс у руках трымае - вось гэты Кейстутавіч, які сам у крэўскім сутарэнні павінен быў памерці. Бацька ягоны, стары ліс Кейстут, папсаваў нам крыві, і Вітаўта трэба сцерагчыся. А Вітаўт малодшага Альгердавіча мусіць пільнаваць.

Бедная наша Літва! Заўсёды між сабой біліся, адзін аднаго бязлітасна забівалі. Вось і Свідрыгайлу можа забіць князь Вітаўт. Падставы мае. Ды хутчэй пачне гандляваць яго жыццём, інакш адразу б ссек галаву. Бедныя мы, ліцьвіны, мала сярод нас з розумам у галовах. Шалёных, зацятых - як птушак у лесе, а разумных па пальцах можна злічыць. Хіба што адзіны князь Альгерд атрымаў дзяржаўны розум. Ды яшчэ дзед - Гедзімін. Рэдкі ліцьвін бачыць далей свайго носа. Можа, князь Вітаўт і не з горшых, але чужое калена. І звычайнае наша ліцьвінская дурнота - майго бацькі месца пляменнік заняў, а родныя сыны па магілах, па дробных удзелах раскіданы. Даўно б немцаў заціснулі, калі б Скіргайла і Віганд забойцам сваім не даліся. Такі ў іх лёс. А гэтаму пазначыў лёс княжыць. Нашто ж мы змагаемся! Састарэлі. Дзяцей няма. Да трыццаці гадоў прыяцельствавалі, з трыццаці да шасцідзесяці варагавалі, а што потым станецца, калі крыжакоў пераможам? Магчыма, аднаго з нас у бітве заб'юць, і вырашыцца, нарэшце, наша працяглая і невырашальная сварка.

Нібы адгукаючыся на братавы думкі, Вітаўт паўтарыў даўняе жаданне мець пад сваёй уладай усё Падолле - і тую яго частку, што апекавала польская Карона.

- Вось ужо дзесяцігоддзе я не ведаю спакою з гэтымі землямі, - скардзіўся Вітаўт. - Князь Баляслаў упарта сеяў смуту сярод падольскіх баяраў, тройчы падымаў людзей супраць мяне. І зараз, калі ўцякаў да крыжакоў, але з Божай ласкі быў схоплены, зноў дамаўляўся з падалянамі. Хоць ты, кароль Уладзіслаў, і пісаў мне, што маю абысціся з Свідрыгайлам, як патрабуе закон, лічу за лепшае прыкласці закон да тых падалянаў, ад каго кожны дзень магу атрымаць атруту ці нож у бок. Але землі гэтых людзей не ў маім падпарадкаванні...

- Згодны з табой, - адказаў Ягайла, разумеючы кошт жыцця Свідрыгайлы. Дорага запрасіў за яго стрыечны брат. - Але перадаць Падолле Вялікаму Княству да вайны немагчыма. Ты, князь Аляксандар, і сам ведаеш чаму. Страцілі Добжанскую зямлю, шляхта ўзбуджаная, крыўдуе за ганебнае замірэнне з немцамі; калі зараз адыдзе да Літвы і падольская частка, дык каронныя паны ўзбунтуюцца. Без гэтага хапае клопату. А пасля вайны, брат Вітаўт, калі ўсім запомняцца заслугі тваіх харугваў, ніхто не асмеліцца пярэчыць...

- Значыць, пасля вайны? - сцвярджальна спытаў Вітаўт, разумеючы ўсё не вымаўленае каралём. Мяцеж паноў пагражаў Ягайлу стратай кароны. Як родныя паны запрасілі яго на каралеўства, такім жа чынам маглі і зняць. На цвёрдым грунце - не выконваецца Крэўская вунія, Літва не далучылася, больш таго, адымае назад урадлівыя падольскія землі. Ад Свідрыгайлы польскім панам карысці ніякай, жывы ён ці мёртвы - ім усё адно, а на падольскіх ланах многія з паноў багатыя гнёзды звілі, за іх шалёна будуць стаяць.

- Не раней, - адказаў Ягайла.

Аднак за такую саступку, разлічваў Ягайла, князь Вітаўт абавязаны заплаціць.

- Нам не абысціся без наймітаў, - распачаў гандаль Ягайла. - Калі мы не наймём, нойме Ордэн. Лепш наняць і не весці ў бітву, чым сустрэць іх у крыжацкіх туфах. Але ў кароннай скарбніцы - як вымецена.

- Тысяч дваццаць грыўняў я наскрабу, - пагадзіўся Вітаўт.

Але што значылі гэтыя дваццаць тысяч, калі адзін наёмны рыцар за месяц службы патрабаваў сама меншае дванаццаць грыўняў, а запрашаць неабходна хоць бы месяцы на два. Тры вялікія харугвы. Ульрык фон Юнгінген можа наняць у пяць разоў болей. Падлічвалі, колькі харугваў выставяць крыжакі. Кожнае комтурства па харугве - рагнецкае, клайпедскае, мальбарцкае, аструдскае, гданьскае, брандэнбургскае, бальгскае, торуньскае, крулявецкае... Пальцаў не хапала - дваццаць сем. Будуць яшчэ харугвы вялікага магістра, харугва скарбніка, ды біскупы ўзброяць па харугве; вядома, касякамі прыйдуць на выручку крыжакам швайцарскія, ангельскія, аўстрыйскія, французскія, сакскія рыцары, а колькі іх збярэцца, згадаць немагчыма.

Ведалі, што даўно кружаць па каралеўскіх дварах паслы вялікага магістра, падаюць лісты са скаргамі на Польшчу і Літву, з просьбай аб пасілках. Хлуслівыя былі лісты, але каго гэта займала, хто мог не верыць? Тысячы наймітаў атрымалі рыцарскі пас у Ордэне, хадзілі ў крыжовыя паходы на Жамойць і Літву, жылі з яго ласкі, мелі ад яго каштоўныя дарункі, гадамі сядзелі ў ордэнскіх замках, дасылалі сюды сыноў, дабывалі тут славу, маёнткі, багацце. Хто ўсумніцца, чуючы пагалоскі, што паганцы, схізматыкі, сарацыны прагнуць разбурыць старадаўнюю апору святой веры, што небяспека пагражае не толькі Ордэну, але ўсяму хрысціянскаму свету, што кароль сарацынаў Вітаўт імкнецца пашырыць сарацынскае царства і на месцы храмаў запаліць вогнішчы, што польскі кароль Ягайла хрысціўся няшчыра, дзеля кароны, і атручвае зеллем паганства некалі хрысціянскую, а зараз грахоўную перад Хрыстом Польшчу?

Тым больш, думаў Вітаўт, што ўсё гэта не зусім пустая выдумка. Сапраўды, Ягайла прыняў каталіцтва дзеля каралеўскай кароны. Праўда і тое, што Вітаўт утрымлівае дзесяць тысяч татарскай конніцы. Чыстая праўда і тое, што Ягайла і Вітаўт здаўна марылі знядужыць Ордэн. Няма хлусні і ў заявах пра язычніцтва Жамойці, якая не жадае пакідаць старую дзедаўскую веру, забыцца на ранейшых багоў. Ды хіба адна Жамойць? І ў Нальшанах, і ў Літве не прышчапілася яшчэ вера ў Хрыста. Так, стаяць касцёлы і цэрквы, ходзяць туды людзі, але назваць іх вернікамі можна толькі ўмоўна, каб пазбегнуць новых крыжовых паходаў. Толькі Бог ведае, колькі ваяўнічых прасцякоў адгукнецца на заклік вялікага магістра, колькі харугваў саб'е з іх вялікі маршал. Пяць? Дзевяць? А галоўны падман Ордэна тоіцца ў тым, што ахвяруюць гэтыя прасцякі свае жыцці дзеля славы гасподняй, а вынікі ахвярнасці скарыстаюць выключна крыжакі. І таму неабходна нейкім уздзеяннем паменшыць рыцарскі запал. Можа, праз рымскага папу.

Падлічвалі колькасць харугваў, якія выставіць Карона, калі кароль аб'явіць паспалітае рушэнне. Выходзіла больш за дваццаць тысяч шляхты, а пры кожным шляхцічу найменш адзін лучнік і хлоп у абозе. А яшчэ, падказаў падканцлер Тромба, варта пазваць на гэту вайну польскіх рыцараў, што адышлі на службу да Вацлава чэшскага і да вугорцаў, на двор Сігізмунда. Акрамя польскіх зямель выставяць харугвы і русіны - Львоўская зямля адзін полк, Галіцкая зямля таксама адзін, а яшчэ Холмскі, Перамышльскі, і некалькі палкоў дадуць падольскія землі. І мазавецкія князі выставяць войска.

Лічылі харугвы Вялікага Княства. Тут Ягайла ведаў магчымасці не горш за Вітаўта. Моцная ў цябе памяць на чужыя харугвы, думаў Вітаўт, паглядзім, колькі ты сваіх прывядзеш. Калі я ўсіх выстаўлю, а іх пасякуць у бітве, ты ж мяне потым голымі рукамі возьмеш. А ўсіх не выстаўляць - не пераможаш. Вось задача! Калі ўсіх, што маем, прывесці на поле, можна, безумоўна, крыжакоў зламаць, а потым добрай харугвы не збярэцца, каб Смаленск абараніць ад маскоўскага захопу. Ці Падолле палякі адмовяцца вяртаць, бо знясілены пераможца - сама жаданая ахвяра для разбойніка; ён і сваё і здабытае няздольны ўтрымаць. Гэта стары закон; так хітры воўк робіць, калі бачыць бойку двух ласёў ці дзікоў. Чакае пад кустом лежачы, пакуль адзін аднаго заб'юць. На самім ні драпіны, а мае што есці...

Аднак прыйдзецца рызыкаваць, думаў Вітаўт і падлічваў разам з Ягайлам свае палкі. Віленскія землі дадуць тры харугвы, троцкія - дзве, з Літвы - ваўкавыская, наваградская, лідская, слонімская, з Русі - полацкая, віцебская, смаленская, магілеўская, амсціслаўская, Падляссе выставіць берасцейскую, пінскую, драгічынскую, Горадня дасць харугву, Жамойць дасць некалькі тысяч ваяроў, Іван Жэдзевід прывядзе падольскія харугвы, Кіеў, Старадуб, Ноўгарад-Северскі прышлюць палкі, Коўна, Слуцкае княства, Ашмяны, Менск выправяць харугвы, а разам за дваццаць тысяч конных. А яшчэ княжая і баярская чэлядзь, абознікі, якіх таксама можна задзейнічаць пры патрэбе. Сюды далучалася і харугва ноўгарадцаў, якую ў кастрычніцкую сустрэчу з Вітаўтам абяцаў прывесці князь Сямён. А яшчэ лічылі пяць тысяч татараў, якіх мог павесці на бітву хан Джэлаладзін, прыняты ў Княстве і чакаўшы ад Вітаўта дапамогі ў змаганні за ардынскі пасад. Але Ягайла сумняваўся: ці варта яму, хрысціянскаму каралю, весці ў паход магаметанаў? Такі саюз можа ўзрушыць супраць іх не толькі немцаў, але ўсю хрысціянскую Эўропу. Вітаўт усміхаўся: «Ніхто і ведаць не будзе!» А калі і зведае, дык што - Бог пакарае? А вось адмовіцца ад пяці тысячаў конных - вар'яцтва. Нашто ж іх прынялі, кармілі, зрубілі ім хаты? Каб вайсковымі пасілкамі гэтыя выдаткі абярнуліся. «Уся Эўропа падымецца?» Трэба перамагчы крыжакоў, і маўчаць будзе ўся Эўропа, нібы вады ў рот набраўшы. Ды і што гэта такое - уся Эўропа? Гэта хто - Вацлаў чэшскі? Дык ён сам ледзь трымаецца. Хто яшчэ - Сігізмунд вугорскі? Гэты, вядома, пачне лямантаваць. Але які з яго ляманту страх! Калі і адшукае прыхільнікаў, дык выключна для вуснай нязгоды...

Неяк ранкам паехалі на прагулянку і за горадам наткнуліся на татарскі аддзел малодшага хана Багардзіна. Але спачатку ўбачылі не татараў, а густы натоўп рыцараў. Пад'ехалі, перад імі расступіліся, і адкрылася ім утаптанае поле. Па двух дальніх баках яго стаялі конныя татары, а пасярэдзіне кругамі насіўся галопам татарын, ведучы на кароткім павадку другога каня, да сядла якога быў прывязаны саламяны балван у глухім нямецкім шлеме. За гэтым дзіўным заняткам назіралі Багардзін і некалькі сотнікаў.

Нехта з сотнікаў, відаць, шапнуў хану, што ззаду стаяць Вітаўт і кароль. Багардзін павярнуў каня, смуглявы прыгожы твар яго асвяціўся шчырай усмешкай, ён з годнасцю пакланіўся. Ягайла і князь павіталіся. Тут з шэрага вылецеў татарын і паімчаў напярэймы балвану. Узвіўся і раскруціўся ў паветры аркан. Пятля ўдаўкі трапна ўпала на шлем і зашмаргнулася на горле. Па татарскіх шэрагах праляцелі крыкі ўхвалення. Забава працягвалася.

Сотнік гукнуў, на поле выехаў малады татарын. Трымаючы напагатове аркан, ён пусціў каня ў галоп. Узмах рукі быў непрыкметны, і чорнае сіло падала, здавалася, дакладна на бліскучы шлем. Але ўпала на конскі крыж. З няўдачніка пачалі кпіць. Панурыўшыся, татарын паехаў у шэраг. Багардзін нешта нягучна сказаў. Да вінаватага падляцеў сотнік і стаў сцябаць яго нагайкай пад смех таварышаў і натоўпу. Татарын моўчкі трываў.

- Што сказаў хан? - спытаў Вітаўт у тлумача.

- Сказаў: «Ты - мёртвы воін».

Зноў панёсся па кругу паводчык. Вінаваты зноў вылецеў насустрач, мільгануў чорны скураны аркан - і зашморгнуты сілом балван заваліўся.

- Цяпер - добра! - сказаў Багардзін. - Цяпер ты жывы воін.

Таго ж дня пасля абеду запрасілі да сябе Джэлаладзіна і дамовіліся з ім так: Джэлаладзін выводзіць супроць крыжакоў сваіх коннікаў, а пасля бітвы Вітаўт сіламі Вялікага Княства дапамагае хану разбіць саперніка ў Ардзе, і ў наступным Арда і Вялікае Княства ваяваць не будуць.

Вось і ўсе сілы. На пасілкі ад маскоўскага князя Васіля пасля нядаўніх войнаў разлічваць не даводзілася. Добра ўжо тое, што Васіль Дзімітравіч, як абяцаў, не скарыстае вайну Вялікага Княства з крыжакамі і не ўдарыць у спіну, каб забраць Смаленск і Северскія землі: хоць з аднаго боку ёсць забяспечаныя мірам межы. А на ўсіх астатніх можна чакаць гасцей: з поўдня могуць наехаць татары, з поўначы - саюзныя Ордэну лівонскія мечаносцы; невядома, як павядзе сябе чэшскі кароль Вацлаў. Калі Ульрык фон Юнгінген не пашкадуе фларынаў, а тут не той выпадак, каб шкадаваць, дык кароль Вугоршчыны Сігізмунд лёгка можа напасці на польскія межы. Падканцлер Тромба лічыў, што Сігізмунд не асмеліцца на вайну: павядзе сваё войска ён, адразу туркі паспяшаюцца адхапіць які абшар ад Вугорскага каралеўства.

Але калі выдзеліць на лівонскія, татарскія, вугорскія межы пэўную колькасць харугваў, дык з чым ісці супраць Ордэна? Ужо сам Юнгенген вырушыць усімі сіламі, толькі невялічкую ахову пакіне ў замках. Думалі, разважалі, вырашылі не распыльвацца - ад усіх адбіцца немагчыма. Калі не здолеем пабіць немцаў, дык і абароненыя ўскраіны не ўратуюць.

Стоячы над мапай, меркавалі, як лепш ударыць: сумесна з боку Польшчы ці паасобку - Ягайла з польскага накірунку, Вітаўт з літоўскага. Ад паасобнага паходу адмовіліся: небяспечна, несумненная карысць для Ордэна. Немцы могуць невялікімі сіламі затрымаць вялікага князя, выгадаць хоць бы дзень і ў гэты дзень асноўнымі войскамі разбіць каралеўскія харугвы, тады і Вітаўту не ўратавацца. Ці наадварот, нападаючы з замкаў, могуць спыніць Ягайлу, перамагчы ліцьвіноў, а затым перакінуць сілы супраць палякаў. Палічылі за лепшае з'яднаць войскі і трымацца разам, тым больш што такі ход мог быць для крыжакоў нечаканкай - увосень Ягайла асобна браў Быдгашч, Вітаўт - асобна хадзіў пад Крулявец, і Юнгінген мусіць рыхтавацца да адначасных удараў з двух бакоў, трымаць на жамойцкай мяжы нейкія штандары. Няхай трымае, вось туды і трэба выправіць некалькі харугваў для падману. А ўсімі сіламі ісці ў глыбіню Прусаў і ўжо там навязаць ці прыняць буйную бітву. Толькі буйная бітва можа прывесці да поўнага разгрому крыжакоў.

Глядзелі па мапе, дзе лепш злучыць войскі. Выбралі месцам збору горад Чэрвінск на Вісле, і туды на дваццаты дзень чэрвеня вырашылі прывесці харугвы, каб на Купалу, калі скончыцца час замірэння і адновіцца час вайны, усе былі разам гатовыя вырушыць у паход. На прускіх землях браць бой, не на сваіх і не на польскіх. Свае трэба засцерагчы. Хопіць, што Добжынскую зямлю крыжакі ў жніўні зруйнавалі. Нельга чакаць крыжакоў да сябе, лепш - да іх; прывыклі ў паходах на Жамойць і Літву руйнаваць і паліць - няхай адвыкаюць; не бачылі вялікага войска ў сваіх комтурствах - няхай убачаць, няхай адчуюць, жахнуцца ад начных агнёў, калі палаюць мястэчкі, двары і замкі. Мы цярпелі, няхай яны пацерпяць, усумняцца - ці такія моцныя, як мроілася, ці варта было нахабнічаць на чужых землях - рэзаць і гвалціць, рабаваць і паліць, хапаць чужы кавалак і казаць «наша»!

Ад Чэрвінска два дзённыя пераходы да ордэнскіх зямель. Шэсцьдзесят тысяч рыцараў закрочаць па гэтых землях, у Мальбарку пачуецца тупат, зямля застогне, няхай здрыгануцца сэрцам - у бітве будзе лягчэй іх біць! І прыпасы крыжацкія прыдадуцца войску: зерне, мяса, сена, трава. У кожнай крэпасці назапашана жыта, ячмень, авёс, дымавіна, а розныя дробязі - гэта ўжо лупы шляхце і баярам.

Маглі і споўніцца гэтыя мары, але ж ўсё роўна шэсцьдзесят тысяч войска і шэсцьдзесят тысяч коней крыжацкім дабром не ўтрымаць. Ды і цяжка спадзявацца, што самі не спаляць, каб не дасталося ворагу. Таму вынікала, што трэба падрыхтаваць дастатковыя прыпасы, назапасіць у Чэрвінску неабходнае. І вырашылі - кожны, выпраўляючыся ў паход, возьме з сабой харчоў на пяць тыдняў. Вайсковыя ж склады трэба напаўняць цяпер, пакуль ціха, пакуль дзейнічае замірэнне і не аб'явіў сваё рашэнне пасрэднік - чэшскі кароль. Бо абвесціць ён свой прысуд на карысць Ордэна, у чым ні Ягайла, ні Вітаўт, ні падканцлер Тромба не сумняваліся. Непрымальна разважыць, нельга будзе пагадзіцца, і тады з дзесятага дня лютага можна чакаць крыжакоў на Літве. З Польшчай у Ордэна замірэнне, з Вітаўтам - вайна. Чакаць трэба, меркаваў Тромба, на рэйды адважыцца, але пачынаць сур'ёзную вайну Юнгінген не рызыкне - больш карысна зберагчы харугвы для летніх дзеянняў, калі прыбавяцца найміты і прыйдуць на дапамогу аддзелы рыцараў з розных краін. Таму варта скарыстаць перадышку, нават гэтыя ловы. Бітага звера саліць і саннымі дарогамі везці ў Чэрвінск.

Зноў сядзелі за шахматамі і, рухаючы фігуркі, разважалі: добра, Чэрвінск на Вісле - месца зручнае, але няма маста, не ўплаў жа перапраўляцца. А вазы, тысяч шаснаццаць вазоў? На плытах - месяц перапраўляць. Рубіць мост - даведаюцца ў Мальбарку, падрыхтуюць сустрэчу. Князь Вітаўт прапанаваў зрубіць наплаўны мост, на чаўнах, накшталт таго, які стаіць у Троках паміж замкам і берагам. Мост можна сабраць нават і далёка ад Чэрвінска, а ў патрэбны дзень сплавіць па Вісле, паставіць і прапусціць польскія харугвы і абоз. Справа нязвычная, наўрад ці крыжакі разгадаюць задуму. Усе здзівяцца, бо ніводзін чалавек, нават тыя, хто будзе мост рубіць, не павінны ведаць, дзе іхны твор злучыць берагі Віслы. Так і вырашылі.

За Чэрвінскам мелася яшчэ адна водная перашкода - Дрвенца. Аднак летам яна мяльчэла, былі брады, і зручныя. А за Дрвенцай простая дарога вяла ў Прусы, да цвердзі, аплоту Ордэна, да трох яго мураваных замкаў, абкружаных высокімі мурамі. Там гняздзіліся белыя плашчы. Пакуль яны там, казаў Ягайла, спакою і міру нам не будзе. Ды асады Мальбарка вялікі магістр дазволіць не мог. Нашто? Каб Ягайла і Вітаўт зруйнавалі ўсе гарады, разбурылі ўсе дробныя замкі, стварылі пустыню, пасярод якой будзе трымацца асаджаная сталіца, куды з бамбардаў і самастрэлаў паляцяць здыхляціна, мяшкі з дзярмом для вынішчэння рыцарства не зброяй, а пошасцю? Не, не стане Юнгінген ухіляцца ад бітвы. Паставіць свае штандары ўпоперак ім - і жорсткая будзе сеча, сто тысяч мечаў заблішчаць, сутыкнуцца, пап'юць крыві.

На тым і скончылі свой таямнічы з'езд. Пра ўсё наперад не разважыш. Дай Божа дажыць да лета, выканаць тое, што вырашылі: рыцараў наняць, падрыхтаваць свае палкі, герольдаў з дарункамі паслаць па розных дварах, зброі накаваць, пазбегнуць вайны на рубяжах, назапасіць харчоў і кармоў. А ўжо як у полі абернецца - справа Божая.

І стомленыя, задаволеныя сабой кароль і вялікі князь восьмага дня снежня пакінулі Берасце, вырушылі ў Камянец, у Белавежу - паляваць.

 

Мальбарк. 8 снежня

Вялікі магістр сядзеў перад камінам, назіраючы, як агонь паглынае бярозавыя плахі. Часам Юнгінген варушыў дровы - шугала полымя, хвалямі спякоты ўдарала ў твар, і прыцемак на імгненне разбягаўся па кутах і пад скляпенне, адкуль зноў апускаўся, калі полымя супакойвалася. Зрэдку Юнгінген кідаў у камін новае палена і зачаравана сачыў, як аблізваюць яго языкі агню, скручваецца і ярка гарыць бяроста, лёгка дыміць вільгаць, і падсохлае, белае, нібы распаленае, дрэва раптоўна ўспыхвае, асмольваецца, ператвараючыся ў прысак - у нішто.

Думкі Юнгінгена датычылі неадкладнасці размовы са свецэнскім комтурам Генрыхам фон Плаўэнам, знарок выкліканым у Марыенбург, але прыбылым, як на злосць, напярэдадні свята. Нейкі глыбокі сумнеў стрымліваў Юнгінгена распачаць гэтую размову. Сумнеў узнік у магістра на ранішняй імшы ў капліцы, калі ён, уздымаючыся з каленяў пасля малітвы, убачыў побач сябе фон Плаўэна і ўразіўся цвёрдасці яго позірку. Ульрык фон Юнгінген мучыўся пытаннем: ці не лепш перанесці непрыемную гутарку на будзённы дзень, а сёння, у дзень свята Панны Марыі, заступніцы і ахоўніцы Тэўтонскага ордэна, захаваць у замках Марыенбурга цішыню замілавання?

Але падмануць сябе не ўдавалася, і вялікі магістр у зласлівасці падумаў, што не той пажаданы Богу, хто прастойвае перад абразамі, першы бяжыць у касцёл, апошнім пакідае яго, хрысціцца, посціцца, дакладвае Госпаду аб сваёй любові. Не, гэта не праведнік. Бо што Госпаду ад веры, заклапочанай толькі ўласным выратаваннем? Толькі той пажаданы Госпаду, хто дзейнічае дзеля яго славы, клапоціцца і аб захаванні другіх душ. Жыццё Хрыста само падае прыклад нястомнай працы. Ён не ведаў марных дзён у пропаведзі свайго слова.

Так, можна было б заплюшчыць вочы на начныя заняткі фон Плаўэна, калі б была зразумелая мера пагрозы. Але калі чалавек намагаецца атрымаць сатанінскія веды, горы золата і бессмяротнасць, то ў наяўнасці не просты грэх, даступны выкупленню, як, прыкладам, грэх распусты. Гэта - ерась. А сярод братоў Ордэна не павінна быць ерэтыкоў. Калі ва ўсіх краінах Эўропы шукальнікаў філасофскага каменя, якія адважваюцца прыпадобніцца Госпаду і абяртаць ваду ў віно, свінец у золата, сваю старую плоць у маладую, няўхісна і неадкладна перадаюць кату, Ордэн не мусіць цярпець такое зло ў сябе. Малы грэх абавязкова вядзе да большага. Але нашто фон Плаўэну філасофскі камень, які дае вечнае жыццё, калі сам Хрыстос прыняў смяротную пакуту на крыжы, зацвердзіўшы абавязковасць смерці? О ненатольнае славалюбства! Абавязак вялікага магістра - утрымаць брата, які саслізгнуў у бездань ерасі.

Але Юнгінгену бачылася наперад і ўся бессэнсоўнасць гутаркі з комтурам. Плаўэн назаве даносы служак паклёпам, трывогу вялікага магістра - дарэмнай, клопат - непатрэбным, і што з ім тады рабіць? А па вяртанні ў Свецэ комтур заменіць ненадзейных служак, і зноў у сутарэннях замка па начах будзе паліцца печ, булькатаць у гаршках і колбах зелле, і брат Генрых будзе ўзносіцца ў пустых марах над братамі, Ордэнам, царквой да бязмежжа выдуманай магутнасці. Няшчасце дурасці, падумаў магістр. Нешта ў фон Плаўэне раздражняла яго так моцна, што ён не мог думаць аб ім цвяроза і паблажліва. Дамагчыся праўды ён не мог, можа, і было гэта непатрэбна, але хацелася асадзіць Плаўэна, паглядзець, як, душачы самалюбства, той будзе выкручвацца і хлусіць. Адмёўшы сумнеў, Ульрык фон Юнгінген загадаў паклікаць комтура.

Хутка дзверы адчыніліся, і рослы рыцар, апрануты ў белы ордэнскі плашч, спружыністай хадой увайшоў у залу.

- Ты хацеў мяне бачыць, брат Ульрык?

- Так, брат Генрых. Сядай!

Магістр паварушыў качаргой паленні і сказаў:

- Людзі паддаюцца спакусам любых жаданняў - адны па прыроджанай грахоўнасці, другія па слабасці. Але рыцары Ордэна ведаюць свой абавязак - абавязак здзяйснення Божых запаветаў...

Плаўэн згодна ківаў, пільна ўглядаючыся ў твар магістра. Гэты праніклівы позірк халодных шэрых вачэй здаўся Юнгінгену дзёрзкім. Таму ён сказаў:

- У Францыі занятак алхіміяй забаронены пад пагрозай смяротнага пакарання ўжо трыццаць гадоў. Кожнага, то парушае гэтую забарону, вешаюць на шыбеніцы, пакрытай пазалотай. Нядаўна такі ж закон абвясціў кароль ангельскі. Ордэн абкружаны ворагамі; мноства нядобразычліўцаў заўсёды гатовы ганьбіць нас у вачах хрысціянскага свету. І нам не на карысць, калі пойдзе пагалоска, што мы прыхільныя да людзей, якія адхіляюць забароны царквы...

- Хіба мы прыхільныя? - спытаў Плаўэн. - У нас, у Прусіі, я не ведаю ніводнага адэпта алхіміі.

- А я, брат Генрых, ведаю, - запярэчыў яму магістр. - У цябе ў замку, у былой піўніцы, па начах палае ў печы агонь, а ў шарах стаіць усё тое ж самае, што адымаюць у тых, хто імкнецца ператварыць у золата свінец. І ў гэтай былой піўніцы, брат Генрык, ты праводзіш ночы...

Плаўэн слухаў магістра з пачуццём агіды. «Калі Ордэну суджана калі-небудзь загінуць, дык загіне ён па віне маладушша вялікіх магістраў. Ульрык фон Юнгінген змяніў Конрада фон Юнгінгена. Дробныя ўладалюбцы, нікчэмныя фарысеі. Улада пры нясмеласці духу заўжды прыводзіць да бяды. У цяжкія дні Ордэна падглядаць ў замочную адтуліну! Ці для такога клопату браты абралі цябе вялікім магістрам? Ці, брат Ульрык, ты стаў лічыць сябе, падобна папе, намеснікам Бога на нашых землях, адзіным захавальнікам ісціны і адказчыкам перад Паннай Марыяй? Які заўзяты абаронца чысціні веры. Ужо, пэўна, ты свае ночы храпіш у ложку,» - думаў ён.

- Нейкія загнаныя ў рэторту чырвоныя і зялёныя драконы, - кпіў магістр. - Ловы, якія пажыраюць драконаў. Душы планет. Ртуць і сера. Сера! - паўтарыў ён са значэннем. - Нашто?! Дзеля золата? Але нашто золата братам Ордэна, якія далі зарок беднасці? Бессмяротнасць? Яе дасць гасподзь у дзень судзілішча...

«Невук! - думаў фон Плаўэн. - Чуў звон. Чытаў старажытныя рэцэпты, ды не зразумеў таямніцы. Фарысей! «Беднасць, судзілішча...» Зайздрасць імем Панны Марыі закрываеш. Не вечнае жыццё і не золата, а жаданне шчасця - вось што цягне да рэтортаў, таямніца агню, які вяртае каралеўскі вянец нізкаму металу. Пусці цябе ў скляпенні - нічога не ўбачыш, бо няздольны разумець. Выбраныя людзі прысвячалі свае ночы алхіміі. Альберт Вялікі. Роджар Бэкан. Сам Фама Аквінскі любіў назіраць, як здзяйсняецца ў колбе цуд аўрыфакцыі. Ды веды, дадзеныя выбраным, недаступны людзям цемры. Як сарацыну не зразумець словаў Хрыста, так невуку незразумелая мова вышэйшага мастацтва. Бог сам выбірае душы для адкрыцця сябе ва ўсіх экзістэнцыях...»

- Ты маўчыш, брат Генрых, - настойліва сказаў магістр. - Як трактаваць тваё маўчанне?

- Так, - згадзіўся Плаўэн, - маўчу. Мне прыкра. Мне прыкра, што мы не караем паклёпнікаў. Інакш нас калі-небудзь вынішчаць, як у Францыі вынішчылі ордэн тампліераў. А што было падставай? Абвінавачванні ў магіі. Пры жаданні можна кінуць у вогнішча кожнага аптэкара ці ювеліра - у іх таксама ёсць тыглі, печы...

- Але ты, брат Генрых, не аптэкар, - запярэчыў Юнгінген.

- На шчасце, не. Я - рыцар і брат Ордэна. І думаю, лепш для нас не слухаць плёткі людзей, здольныя разбураць адзінства...

- Не мае значэння, што думаюць пра нас людзі, - перапыніў яго Юнгінген. - Важна, што думае пра нашы справы і ўчынкі гасподзь.

- Згодны, - кіўнуў комтур. - Але менавіта вартай справы ён даўно не бачыць. Мы сталі занадта мірныя. Мы хітруем там, дзе трэба браць сілай.

- Браць сілай! - раздражніўся магістр. - А дзе ўзяць гэтыя сілы? Кожны заняты сваім...

Адчыніліся дзверы, і ў залу ўвайшоў паж.

- Што? - незадаволена спытаў магістр.

- Ганец.

- Пакліч.

Стомлены бяссонніцай ганец паспешліва наблізіўся і падаў магістру скрутак. Юнгінген сарваў пячатку.

- Ідзі! - махнуў ён рыцару.

Плаўэн з цікаўнасцю сачыў, як азмрочваецца твар вялікага магістра.

- Ягайла і Вітаўт з'ехаліся на ловы ў Берасце, - злосна працадзіў Юнгінген. - Ваўкі збіваюцца ў зграю!

«Так, яны збіваюцца ў зграю, - падумаў Плаўэн, - а мы пільнуем ля замочнай адтуліны. Пакуль вялікі магістр фарысействуе, яны працуюць. Якія страхі: сера, ільвы, драконы! Вось дзе драконы - у Берасцейскім замку. А мы ногі грэем.»

- Брат Генрых, - сказаў магістр, - я цябе не затрымліваю.

Застаўшыся адзін, Юнгінген стаў крочыць па зале. Прыкрасць ахоплівала яго. «Паляванне, - думаў ён, - сабраліся на паляванне, выкормліваюць татар. Пракляты Плаўэн кажа праўду: мы размяклі. Трэба было ўвосень прайсці мечам усю Польшчу. А мы пужаем, ды не б'ем. Ну, што ж, добра, будзе вам паляванне. Вы палюеце, і мы папалюем...» Нечакана ён прыкмеціў, што развіднела, за вокнамі быў дзень. Магістр падышоў да акна, яму адкрыўся від горада - цагляныя сцены Верхняга замка, вежы Маставой брамы, мост цераз Нагату, па якім цягнуўся ў замак абоз. На даступных яго позірку вулачках рухаліся рыцары, па сценах хадзіла варта.

Гасподзь дапамог узвесці гэтую цвердзь, з якой не параўнаецца ніякая іншая ва ўсёй Эўропе, думаў Ульрык фон Юнгінген. Што тут было, пакуль Ордэн не прынёс сюды святло сапраўднай веры? Глухія лясы, бедныя хаты палякаў ды сабачыя буданы прусаў. Не злічыць ахвяраў, якія пацярпеў Ордэн, прасвятляючы хрыстовым вучэннем упартыя душы. Але жывёлу лягчэй навучыць шанаванню святога крыжа, чым упартага паганца. Паўтара стагоддзя працавалі браты, і тое не ўсё пустазелле кінута ў ачышчальны агонь. Што ж казаць пра Літву, якая прыняла хрэст на нашай памяці! І хто хрысціў? Хто крапіў святой вадой? Дзе бралі гэтую ваду? Адзін паганец пырскае на другога вадой і надзявае на яго крыж. Блазнерства, здзек над пакутамі Ісуса. І адважваюцца пагражаць Ордэну рыцараў чорнага крыжа Панны Марыі, ордэну, які біўся за гроб гасподні ў Святой зямлі.

Няўдзячныя свінні! Хіба забыў Ягайла, хто дапамог яму вярнуць вялікакняжацкі сталец, калі стары Кейстут пасадзіў яго ў Віцебску. Косці яго даўно расцягнулі б ваўкі, калі б з ласкі Ордэна не атрымаў пасілкі, калі б не сталі побач з ім харугвы Конрада Валенрода і войска лівонскага магістра Вільгельма Фрымерсгеймскага. А Вітаўт? Хто прытуліў яго, калі ён гойсаў, як бяздомны сабака, і вось тут, ля сцяны ордэнскай сталіцы, выкленчваў скібку хлеба? Хіба не выказаў Ордэн увагі і шчодрасці, калі паслаў яму аддзелы рыцараў браць Смаленск? Хіба не дараваў здрады, забойства братоў, руйнаванне замкаў і цвердзяў. Як можа існаваць істота, якая накпіла са збавіцеля, тройчы мяняла веру, прымаючы хрэст то тут, у Ордэне, то ад рускіх недавяркаў, то ў Вавелі ад польскіх ксяндзоў?

І цяпер, калі гнюсны паганец пырскае атрутай на пергамін, што «Ён прыйдзе з жамойтамі ў Прусы і агнём і мечам пагоніць немцаў да мора, каб патапіць іх усіх у салёнай, глыбокай вадзе», хіба не чуецца жаданне Госпада расплюшчыць раз'юшаную гадзіну? Хіба могуць быць прыемныя нябёсам зборышчы татараў каля Горадні, Ліды, Трокаў, Слоніма, паблізу святых ордэнскіх зямель. Хіба не раздражняе пачуцці кожнага шчырага хрысціяніна тлятворнае дыханне паганінаў, іх чвяканне, калі яны ядуць каніну, ссуць кабыліныя саскі? Ці быў прыклад у гісторыі, каб хрысціянскі князь насяляў свае землі нечысцю, гадаваў яе, дазваляў жыць сваім, нялюдскім звычаем? Не было і не можа быць! Толькі паганін здольны прыняць такое мноства істотаў, пазбягаючых выратавальнага знака крыжа. А паганіна ўтаймоўвае адзіны сродак - меч!

Не розніцца ад яго і Ягайла. Толькі што іншым карункам кароны, якой сквапныя палякі закрылі яго паганскія рогі, каб прыдбаць сабе Літву. Цяпер і палякам адбіла памяць, забыліся на свае клятвы, абяцанні, просьбы. Хіба не іхны кароль Казімір заключыў з вялікім магістрам Людольфам Калішскі мір, адпаведна якому ўсё Памор'е адышло да Ордэна? Ці ўжо ні аб чым не нагадваюць палякам магілы, дзе тлеюць косткі іх продкаў з тых дзён, калі Ордэн сціраў з зямлі Гнезна, Серадзь, Браслаўль? Дык нагадаем, няцяжка. Хіба наважваліся яны думаць пра вайну, калі Ордэн ачольваў вялікі магістр Вінрых дэ Кніпродэ, які адразу агаляў меч?

Не, мір - шкодная справа для славянаў. Нябожчык брат Конрад нарабіў недаравальных памылак. Нельга было выказваць анёльскае цярпенне, якое выказаў ён. Колькі саступак зрабіў Ордэн, каб дабром паўплываць на шалёны нораў палякаў. Хіба Ордэн не вярнуў амаль задарма Добжынскую зямлю? Усё марна. Як ненаедны звер, ухапіўшы палец, прагне адкусіць руку, так і яны, атрымаўшы Добжын, запаліліся праглынуць Памор'е.

А пасля таго насміхання з веры, якое было ўрачыста абвешчана хрышчэннем Літвы, хіба не ліцьвіны і палякі пачалі лямант, што Тэўтонскаму ордэну ўжо няма чаго рабіць на гэтых землях, а трэба перасяліцца ў Дзікае Поле, несці святло веры крымскім татарам, як раней прынеслі прусам.

Во бессаромнае паганства! Па іх меркаванню, дастаткова размазаць па лобе кроплю бруднай вады, каб адмыць векавыя грахі сяброўства з чортам і ведзьмамі, пакланення агням, дым ад якіх выядаў светлыя вочы збавіцеля і апосталаў. Вякі грашылі - вякі і маліцца на крыж, які трымае Ордэн. Сама думка пазбавіцца суседства з Ордэнам - страшэннае блюзнерства. Вядома, ад каго адхіляецца хрысціянін, калі пакрывае сябе крыжом, і каму гэты крыж ненавісны. Ці пачуецца Госпаду малітва, якую паўвярак Ягайла прамармыча на мове схізматыкаў, бо ніводнай хрысціянскай мове не навучаны? Як лапатаў па-ліцьвінску, калі садзіўся на польскі сталец, так і па сёння лапоча, можа, запомніў толькі польскія назвы кашы, мяса, гародніны. А што добрага мог ён атрымаць з малаком сваёй маткі-недавяркі, цверскай княгіні? І што, тым больш, атрымаў Вітаўт, калі прытульваўся да грудзей язычніцы Біруты, асноўным заняткам якой было кідаць дровы ў вогнішча, ля якога грэўся іхны бог смерці Зніч.

Стагоддзямі цярпеў Ордэн жахлівыя крыўды, сапраўды з анёльскай лагоднасцю падстаўляў левую шчаку, калі яго білі па правай, хоць адразу, як толькі імператар Людовік Баварскі падараваў Ордэну Літву і Русь, мог спаліць усе змяіныя гнёзды. Радаваліся б ды цалавалі братам Ордэна рукі, што ім дазволена жыць у ордэнскіх межах! Хіба не іхны князь Міндоўг, калі яго аздобілі каралеўскай каронай, падараваў Ордэну Жамойць, а потым усё Наваградскае каралеўства. Любому суду - нябеснаму і зямному - можа паказаць Ордэн гэтыя дароўныя граматы, і любы суд аб'явіць: так, Літва, Жамойць, Русь, Падляссе ўжо паўтара стагоддзя законныя землі Ордэна, яго поўная і непадзельная ўласнасць. Дык колькі ж яны мусяць працівіцца Божаму вызначэнню? Так, трэба пагадзіцца з ведзьмаком Плаўэнам: будзь у гэтых пачвараў сілы, яны зрабілі б з намі тое, што зрабіў нікчэмны Філіп з ордэнам тампліераў.

Але Тэўтонскі ордэн будзе стаяць вякі, да апошняга часу ўсяго існага на зямлі, да другога прышэсця, і браты яго першымі ступяць у рай. Бог сярод усіх народаў палічыў лепшымі немцаў, распаляў сябе думкамі вялікі магістр. Менавіта немцы адзначаны яркімі знакамі яго прыхільнасці, ім даручана несці паходню хрысціянскай веры. Хіба не германцы разбурылі паганскі Рым? Хіба не яны, разбіўшы паганскіх багоў, стварылі «Святую Рымскую імперыю нямецкай нацыі»? Хіба не яны, ахвяруючы жыццём, рухаліся на ўсход, ператвараючы ва ўрадлівыя нівы лясны гушчар, дзе, падобна мядзведзям, сядзелі пад карчагамі абадрыты і люцічы. Па Божай волі чэшскі трон перайшоў да дынастыі Люксембургаў, немцы ўдыхнулі жыццё ў гарады Сілезіі; дзякуючы немцам расквітнеў Кракаў, уся Малапольшча перайначылася, калі ў гарадах і вёсках загучала разумная мова нямецкага каланіста; зведалі Божую ласку Лівонія і эсты, усё марское ўзбярэжжа ўпрыгожылася буйнымі гарадамі, якія пабудаваў нястомны нямецкі дух. Сотні тысячаў скораных язычнікаў забыліся свае агідныя Богу мовы, вывучылі тую, на якой гаворыць з Ордэнам прачыстая Панна Марыя.

А цяпер, засмучаўся Юнгінген, мы дазволілі ўзмацніцца ворагам і вымушаны цярпець іх шаленства. Імператар Карл ІV сам вадзіў рыцараў у крыжовыя паходы супраць Літвы, яго шчодрасць і подзвігі ўвекавечаны пабудовай Кёнігсберга. Але бацькава моц не перайшла на сыноў: чэшскі кароль Вацлаў маладушны, як дзіця, а вугорскі кароль Сігізмунд па сквапнасці пераўзыходзіць усіх ліхвяроў разам. Гэта ганьбіць нямецкую кроў!

Прыгадаўшы Вацлава, вялікі магістр гукнуў запрасіць да сябе скарбніка.

- Брат Томаш, - спытаў ён, калі яны са скарбнікам селі за стол, - ці высланы грошы ў Прагу?

- Хіба кароль Вацлаў іх заслужыў? - здзівіўся Мерхейм. - Я не ведаў.

- Такім, як Вацлаў, трэба плаціць наперад.

- Нікому нельга плаціць наперад, - усміхнуўся скарбнік. - Людзям уласцівая няўдзячнасць. Вацлаў хоча дагадзіць усім. Яго словы непрадказальныя.

- Прадказальныя, калі суцешыць. Вацлаў - пасрэднік у нашай спрэчцы з Ягайлам і Вітаўтам. Неабходна, каб ён абвясціў прыгавор на нашу карысць.

- Ён і без грошай абвесціць. Яму мроіцца вяртанне імператарскай кароны.

- Ці мала што каму мроіцца, - усміхнуўся магістр. - Нашаму фон Плаўэну мроіцца атрымаць філасофскі камень і жыццё без смерці. Смешна думаць, што гасподзь гэта дазволіць. Нашто немцам імператар Вацлаў? - паціснуў плячыма магістр. - Ён даў чэхам зашмат волі. Хто даруе яму недарэчны Кутнагорскі эдыкт, па якому немцаў выгналі з універсітэта і яны вымушаны пакідаць Прагу. Наўрад ці Вацлаў думае, што ў германскіх княствах гэта палічаць заслугай. Але нельга пакідаць Вацлава без падтрымкі. Мы не аблашчым - аблашчаць іншыя.

- Зразумела, ён можа вымавіць і за Ягайлу, - згадзіўся Мерхейм. - Ад дурня ўсяго чакай. Тым больш што Ягайла некалі выцягнуў яго з турмы.

- Засцяражомся. Трэба звязаць яму рукі. Тысячаў сто фларынаў з яго хопіць?

- Сто тысячаў? - не паверыў вялікі скарбнік.

- Ну, а колькі? - усміхнуўся Юнгінген. - Дзве?

- Ну, дваццаць, - скнарнічаў скарбнік. - Ці нам няма куды кідаць грошы?

- Не шкадуй, брат Томаш. Малыя дарункі выклікаюць крыўду. А нам патрэбна ўдзячнасць. Справядлівае рашэнне Вацлава дасць нам падтрымку папы, а згода папы дазволіць запрасіць рыцарства з розных куткоў Эўропы.

- Папа не абвесціць крыжовы паход, - аспрэчыў Мерхейм.

- Але не запярэчыць супраць вайны. Гэтага дастаткова.

- Нямецкія рыцары прыйдуць і без ухвалення папы. А Францыя і Ангельшчына ў стане вайны; ім самім патрэбны найміты.

- Усім патрэбны найміты, - перапыніў яго магістр, - але прыйдуць яны да таго, хто больш дае і за каго царква.

- Добра, - здаўся Мерхейм. - Сорак тысяч.

- Семдзесят, - сказаў вялікі магістр.

- Мы сыплем перлы перад свіннёй, - упарціўся Мерхейм. - Шэсцьдзесят, і ні аднаго фларына больш.

- Каго выправіць з грашыма, брат Томаш, - спытаў магістр. - Можа, Тэцінгена?

- Я сам адвязу гэты падарунак, - вырашыў Мерхейм. - Заўтра і вырушу.

Скончыўшы гэту важную справу, вялікі магістр вярнуўся да каміна. Агонь загасаў, трэба было б падкінуць паленца, але магістр ленаваўся. Ён глядзеў на вуголле, ужо пакрытае шызым попелам. Пасля гутаркі з Мерхеймам вялікаму магістру было сумна: рашэнне яны прынялі, справа зробіцца, гэтая цёмная справа застанецца таямніцай, яна можа прынесці карысць, але не дае радасці. Ён тужліва думаў: няма нічога на свеце, што не пакрылася б з цягам часу попелам забыцця. Якой моцы людзі стваралі ордэнскае брацтва ў пустыні, калі рыцарскія аддзелы ішлі на Іерусалім! Якая высокая мэта іх асвячала - вызваліць гроб гасподні. Іх коні крочылі па распаленым пяску, іхныя даспехі распаляла сонца. Белы плашч на тых рыцарах адпавядаў чысціні іхных сэрцаў, а чорны крыж на плашчах азначаў мужнае цярпенне бедстваў і згоду на смерць у імя Хрыста. Але гроб гасподні застаўся ў сарацынаў, і рыцарскія магілы занесла пяском, забыліся іх палесцінскія малітвы і песні, адхілены высакародныя зарокі іх правадыроў, а ў сённяшні час каралі гатовыя на любы грэх за грошы, не пасаромеюцца ўраўняцца ганьбай з наёмным ілжэсведкам. Тыя даўнія палкі крыжакоў сышлі ў глыбіню палесцінскай пустыні, прошукамі зайздроснікаў падарвалася слава лепшых рыцарскіх ордэнаў; магчыма, і Нямецкаму ордэну выпадзе зведаць тугу сваёй старасці. Але пакуль мы жывыя, думаў вялікі магістр, мы павінны выконваць запавет першых братоў Ордэна, якія пачулі блаславенны заклік Панны Марыі. Кожны, хто выступае проці нас, выступае супраць яе, а гэта такі грэх, які пазбаўляе нас літасцівасці. Ягайла і Вітаўт жадаюць таго, чаго людзі жадаць не павінны: яны нацэліліся пазбавіць сэнсу працу Ордэна за сто пяцьдзесят гадоў. Таму Вацлаў - гэты нікчэмны наступнік свайго слыннага бацькі - атрымае грошы, а Вітаўта і Ягайлу адшукае смерць. Шкада, думаў вялікі магістр, што немагчыма пазбегнуць праліцця крыві.

 

Двор Рось. Каляды

Пачалі брацца калядныя маразы, ваўкі завылі па начах на ззяючы месяц, а Мішка ўсё ляжаў пластом. «Пачакай, - казала Кульчыха, - затое адразу пабяжыш». І сапраўды, аднаго дня Мішка адчуў, што лаўка сталася сама па сабе, ён - сам па сабе і можа падняцца. Ён сеў, перачакаў кружэнне ў галаве і няўмелымі, дзіцячымі крокамі пацягнуўся да дзвярэй. Выглянуў - палалі, сляпілі белым святлом сумёты, спаў у гарнастаевых шубах лес, і ад парожка, ад глухой хаты, вілася сцежка, вабіла ў паўзабытае вясёлае, жывое жыццё.

- Вось ты і здаровы, - сказала шаптуха. - Хутка развітаемся. Цяпер ты ўваж маю просьбу. Як памру, ты мяне пахавай, дзе ўсіх хаваюць, а ў царкве свечку запалі.

- Ды я хоць дзесяць пастаўлю, - запэўніў Мішка, - толькі жыві. Ты чаго, бабка Кульчыха, надумала паміраць?

- Усе, Мішка, паміраюць!

- Ну, так. А ты жыві. Мне тут добра было. Засумую па табе.

- Дык абяцай, - настойвала шаптуха.

- Я дабро памятаю, зраблю як гаворыш. Вось табе крыж.

Але яшчэ тыдзень, да самых каляд, пражыў Мішка з Кульчыхай, толькі ў самае свята адпусціла яго дадому. Ранкам прыбыў бацька, павітаўся з шаптухай, аддаў сорак грыўняў, якія старая ссыпала ў пусты гаршчок. Мішка апрануў кажух, аглядзеў хату, дзе ўваскрос, потым падышоў да Кульчыхі, нахіліўся, абняў малое, слабое цела, пацалаваў у шчаку: «Ну, бабка, я навек твой даўжнік». Ушанаваная старая задаволена хіхікнула і адказала: «Помні, Мішка, як дамовіліся».

А ўвечары таго ж дня нечакана-неспадзявана прыехаў у Рось Андрэй Іллініч, калі ўжо зернем пасыпалі і пакрывалі абрусом стол, клалі па кутах сена. Андрэй і Мішка яшчэ не нарадаваліся сустрэчы, а ўжо на покуці запаравала куцця і баярын Іван, адшукаўшы на небе першую зорку, гукнуў усім садзіцца. Андрэя стары і Мішка пасадзілі між сабой, а насупраць, калі прыйшлі да стала ўсе, апынуліся Мішкавы сёстры. «Вось дочкі мае, Аленка і Соф'я!» - горда назваў баярын. Для Андрэя Аленка, як толькі прыкмеціў яе нядужасць, засталась па-за ўвагай. А зірнуў на малодшую сястру - адразу зразумеў бацькоўскі гонар: нібы анёл прысеў да стала сярод барадатых мужыкоў і мажных цётак упрыгожыць сабой свята. Баярын Іван памаліўся, і пайшла з рук у рукі чара. Паспыталі куццю, выпілі і пачалі частавацца. Хутка забыліся, каго ў гэты вечар шануюць, а ўся цікавасць засяродзілася на Іллінічу.

- Як там князь Вітаўт? Як Ягайла? - пытаў стары Расевіч.

Андрэй апавядаў пра ловы ў Белавежскай пушчы.

- А ці пойдзем летам на крыжакоў?

- Як па чутках, дык пойдзем, - адказваў Андрэй, пазіраючы на Соф'ю.

- Што, бацька, і ты хочаш на бітву? - усміхаўся Мішка.

- А што я, бязрукі? - ухваліў сябе стары баярын. - Ты не глядзі, што бацька крывы. Не за дзеўкамі хадзіць. Адным вокам яшчэ лепш, чым двума, бачу. У сядле хоць дзідай, хоць мечам любога здыму. Абвесцяць Пагоню - мы адразу на каня. Праўда, Гнатка? - Ён весела падмігнуў маўкліваму зямяніну.

Сівы дужы Гнатка з мядзведжай маруднасцю пацвердзіў:

- Праўда, мы адразу.

Паеўшы, высыпалі на двор глядзець зоркі, якімі скрозь было засеяна неба. Стаялі, хрысціліся на адзнакі дабра, любаваліся ззяннем нябеснай скарбніцы. Цудоўныя былі ў калядную ноч Божыя пакоі, ярка свяціўся Вазок, у якім сын Божы праязджаў зараз над светам, назіраючы, ці дастойна шануе яго хрысціянскі народ. Блішчэла над Вазком блакітная, сама буйная зорка - срэбраны нябесны цвік, якім быў прыкаваны на вечныя часы і бачыўся згусткам змроку крыважэрны смок. Наглядзеўшыся на далёкую халодную прыгажосць, Андрэй пачаў падглядаць, як Соф'я летуценна ўсміхалася мігатлівым сузор'ям. Раптоўна дзяўчына зірнула на яго, і сотнік сустрэў уважлівы, поўны цікаўнасці погляд. Згаджаючыся са старым Расевічам, які чытаў па зорках, чаго і колькі ўродзіцца наступным летам, Андрэй цяпер не спускаў з дзяўчыны вачэй, але яна забылася на яго, утаропілася ў неба, нібы там павінна было нешта адбыцца.

- Ну, намерзліся - сагрэемся, - сказаў стары і пакрочыў да хаты, але сам першы і спыніўся, пачуўшы конскі тупат. Хутка вершнік прыскакаў да агароджы і загрукаў у браму.

- Хто? - спытаў Гнатка.

- Юшка! - адказалі з-за агароджы. - Верашчакі наш двор асадзілі, гразяцца Міколу забіць.

- Міколу! - азлаваўся стары Расевіч. - Яська, меч! Гэй, хто стаіць - усе за мной!

Спакойны двор узрушыўся. Чаляднікі выводзілі з стайні коней, неслі сёдлы. Баярын Іван апяразваўся мечам. Іллініч збегаў па зброю ў хату і надзеў пад кажух кальчугу.

Жонка старога Марфа сярдзіта ды дарэмна выгаворвала мужу:

- Куды, стары дурань, ляціш? Вунь, толькі аднаго ад Кульчыхі прывезлі. Мала табе Ваўка. Сам смерці шукаеш, дык людзей пашкадуй!

- Змоўкні, баба! - крычаў стары. - У хату, да дзевак! Каб ціха, пакуль не пабіў.

Праз пяць хвілін вароты расчыніліся; Расевіч, Гнатка, Андрэй наперадзе, узброеная суліцамі і сякерамі чэлядзь за імі, вырваліся з двара. Па дарозе Іллінічу растлумачылі, што Міколка Верашчака - хроснік Расевіча, а бяруць яго ў асаду старэйшыя браты - Ягор і Пётра, людзі зусім неблагія, нават добрыя, але няздольныя жыць без якога-небудзь буянства. А вось чаму наехалі на роднага брата ў калядную ноч, калі трэба сядзець у хаце, смачна піць ды есці, ні Гнатка, ні баярын Іван не здагадваліся. Ды калі выпілі, дык могуць нарабіць бяды.

Праз паўгадзіны даскакалі да Міколавага двара. Тут вялі сапраўдную вайну - парабкі старэйшых братоў бервяном разбівалі браму; на двары шалелі сабакі. Некалькі вершнікаў, наставіўшы дзіды, заступілі прыбылым дарогу. Нехта спытаў:

- Хто скача?

- Я скачу, - гукнуў стары баярын. - Расевіч! Што тут за бойка?

- Мы з табой не б'емся, - адказаў той жа голас. - Вяртайцеся!

- Ты што, Пётра, звар'яцеў? - злосна сказаў стары, пад'язджаючы да заставы. - Чаго брата руйнуеце?

- Чаго руйнуем? А вось хроснік твой у лацінскую веру абярнуўся!

Баярын Іван не паверыў:

- Адыдзіце ад брамы, сам спытаю!

- Спытай! - згадзіўся Пётра.

Стары і Гнатка пад'ехалі да частаколу.

- Мікола! - пазваў стары.

З-за агароджы адклікнуўся малады голас.

- Ты што, меру змяніў?

- Жанюся з Відымунтавай дачкой, - растлумачыў нябачны Мікола.

- А Бога не баішся?

- Няхай Бог судзіць, а не браты.

Расевіч і Гнатка вярнуліся да сваіх у збянтэжанасці. Чаляднікі братоў зноўку ўзяліся за бервяно. Стары ўтаропіўся на Андрэя з нямым пытаннем: што рабіць?

- Заб'юць - князь Вітаўт ім галовы знясе, - сказаў Іллініч. - Не сцерпіць.

Баярын Іван разважыў і крыкнуў братам:

- Гэй, Ягор, Пётра! Буду Міколу бараніць! Гнатка, станавіся ля брамы!

Волат і палова чэлядзі закрочылі наперад.

- Ты што, баярын Іван, з намі біцца хочаш? - грызліва спытаў Ягор Верашчака.

- Не паслухаецеся - буду!

Біцца з Расевічам братам было нязручна: адразу ў спіну ўдарыў бы Мікола са сваімі парабкамі. Браты вылаяліся і гукнулі сваіх на коней.

- Мікола! - закрычаў Ягор. - Сёння ўратаваўся, заўтра паб'ем. Маліся нямецкаму Богу!

- Добра, Ягор, - адгукнуўся малодшы брат. - Памалюся. І ты памаліся.

Асада павярнула коней і паскакала ўдалечыню зімняй дарогі. Над частаколам высунуўся па пояс шыракаплечы дзяцюк і, зняўшы шлем, падзякаваў:

- Дзякуй табе, дзядзька Іван!

- Век бы цябе не бачыць! - адказаў баярын.

На тым выправа і скончылася, паімчалі дадому. Была глыбокая ноч, але спаць ніхто не спяшаўся, абмяркоўвалі вайну паміж Верашчакамі.

Маці казала:

- Вядомыя пустадомкі! Як панапіваюцца, адно ў галовах - біцца. Брата роднага не пашкадуюць. Як добры народзіцца чалавек, дык хутка са свету сыходзіць, а гэтых забіякаў нішто не бярэ. Ну хіба не вар'яты? Усе людзі ў хатах сядзяць, толькі гэтыя валацугі носяцца з мечам.

Стары сказаў прынесці моцнага мёду, селі да стала, аднак Аленку і Соф'ю, на жаль Андрэя, бацька да бяседы не дапусціў: «Кладзіцеся, не дзявочая справа!» Мішка цікавіўся падрабязнасцямі сваркі.

- Ну, а калі б Ягор і Пётра не ад'ехалі - пабіў бы?

- А ты як думаў! - адказваў стары. - Але я на іх месцы ні за што б не адступіў. Лепш бы мяне забілі.

- Ну і нашто? - разважліва спытаў Гнатка.

- А проста так. Каб сэрца не пякло. Ды і правільна. Ці прыемна бацьку на тым свеце? Ты ў мяне глядзі, - стары пагрозліва зірнуў на Мішку, - не адшукай сабе лацінянку. Адразу заб'ю. Ніякая Кульчыха не падыме...

- Вось ужо праведнікі, Пётра ды Ягор, - усміхнуўся Мішка. - Відымунт за сваёй Данутай аддае Ключы, лепшыя ў павеце землі. Вось браты і зайздросцяць. А што вера, чым Мікола вінаваты? Так абвешчана: хто з каталічкай пабярэцца - сам мусіць у каталікі ісці. Не хочаш - не жаніся. Ці мала такога? Раней так не было...

- Ужо ты ведаеш, як было, - запярэчыў бацька. - Па-рознаму было. Усім хапала - і тым, і нашым. Вунь Альгерд чатырнаццаць манахаў лацінскіх павесіў, што ў Вільні жылі, да сваёй веры людзей нахілялі. Чорнай гронкай віселі на дубе. І за грэцкую веру забіваў. У Свята-Траецкай царкве Антоні, Іван, Яўстафі ляжаць. Хто іх на дуб падняў?

- Ну, тое сваіх, - адказаў Мішка. - У каталіцкай веры і не было нікога. Усе Альгердавічы ў рускую веру хрысціліся. Нават Ягайла. А як пайшоў да палякаў - змянілася. Дык што людзям рабіць - паміж сабой сварыцца?

- Нашая вера старадаўняя, нас Бог абароніць, калі, - стары падазрона ўтаропіўся ў сына, - самі не адступіцеся, як Мікола Верашчака за кавал зямлі. Ягайла! А хто такі зараз Ягайла? У нас князь Вітаўт ёсць!

- Дык і князь, кажуць, у адзін дзень з Ягайлам праваслаўнай веры выракся, - нагадаў Андрэй.

- Князь ведае, што робіць! - аб'явіў стары. - Пачакайце, вось паб'ем крыжакоў, ён усё зменіць, ён тую грамату ў агонь кіне. Мала засталося цярпець.

- Якую грамату? - не ўцяміў Мішка.

- А тую грамату, - стары ўзрадаваўся сваімі большымі за сынавы ведамі, - якая каталікоў паперадзе праваслаўных паставіла. Гэта, калі Ягайла Літву хрысціў, напісалі. Вас яшчэ на свеце не было, а я сваімі вачыма бачыў. Вось і Гнатка пацвердзіць, разам стаялі. (Тут Гнатка па-мядзведжы кіўнуў.) Пазганялі віленскую Літву да Віллі, гуфамі паставілі - мужыкоў асобна, баб асобна. Папы польскія вадой з Віллі папырскалі - усё, ахрышчаныя, і кожны гуф адно імя: Ян, Стась, Пётра. І кожнаму па кашулі. Былі хітруны - трыма кашулямі разжыліся, тройчы за дзень хрысціліся. А баярам новай веры ласка: бацькаўшчына ў поўнае валоданне, нават да бабы ці дачкі спадчына пераходзіць, ніякіх павіннасцяў, толькі Пагоня. Нашым - нічога...

- Нашым нічога, - паўтарыў Мішка, - але ж пагадзіліся, за меч не ўзяліся.

- Бо князі пагадзіліся, - з горыччу вымавіў стары баярын. - Князь кіеўскі Ўладзімір, князь ноўгарад-северскі Дзімітры, князь Канстанцін Скіргайла. Усе ў Вільні былі, папіханне роднай веры сваімі пячаткамі замацавалі, слова проці ні адзін не гукнуў...

Нарэшце рашылі класціся спаць. Гнатка сабе і Андрэю пасцяліў на падлозе аўчыны. Загасілі лучыну. Але не спалася. Пазяхалі, уздыхалі, меркавалі - ці супакояцца старэйшыя Верашчакі, ці папаляць малодшага, пакуль з Данутай не павянчаны. Потым стары пачаў апавядаць, як Скіргайла ў Кіеве звар'яцеў. Яго Вітаўт у Кіеў намеснікам паставіў, а ён задумаў у Рым ехаць, хрысціцца там у рымскую веру, бо руская, маўляў, кепская, а манахі кіеўскія ўзлаваліся, і манах Фама падсыпаў князю атруты ў чару. Скіргайла піў надта многа, убачыў кубак з віном - не ўстаяў не выпіць. І сканаў. А князь Вітаўт таго манаха загадаў вышукаць, а калі адшукалі, запхнуў яго ў бамбарду і стрэліў у Днепр. Ганебным плёткам, нібы Вітаўт сам таго Фаму і намовіў атруціць Скіргайлу, а потым стрэлам з бамбарды сляды замёў, верыць не трэба: хлусня; хто такое кажа, таму трэба адразу кулаком па носе, каб не абражаў вялікага князя. Потым стары пачаў сумаваць, што праваслаўным цэрквам вёскі не прыпісваюць, іншы поп горай за абадранца апрануты, глядзець на яго сорамна, а каталіцкім - нічога не шкадуюць. Але пачакайце, хутка ўсё зменіцца...

Пад нудныя скаргі засмучанага старога Андрэй моцна заснуў. Абудзіў яго Мішка - трос за плячо: «Падымайся, братка, у царкву выпраўляемся». Выбраліся трыма вазкамі: Мішка з Андрэем, бацькі з Соф'яй, а на заднім - Гнатка з Аленкай. Калі выйшлі на ваўкавыскі шлях, Андрэй падняўся ў поўны рост: хацелася азірацца на Соф'ю, бачыць яе сінія лучыстыя вочы. Круціў пугай, вазок ляцеў па белым снезе, вароны, узлавана граючы, уздымаліся з дарогі. «Гэй, даганяй!» - гукаў Соф'і. Баярын Іван усхваляваўся, сам хацеў гнаць, ды, бачачы просьбу ў вачах дачкі, даручыў лейцы ёй. Андрэй зірнуў - і Соф'я стаіць, смяецца. Прытрымаў каня, каб наблізілася, і ўжо так, адзін аднаго аклікаючы, шпарка імчалі ў Ваўкавыск.

Вароты ў горад былі расчыненыя; на вуліцах было шмат вазкоў: з усяго наваколля з'ехаліся людзі і ішлі памаліцца - праваслаўныя ў сваю Прачысценскую царкву на замчышча, каталікі ў свой Мікалаеўскі касцёл ля замкавага пагорка.

І Расевічы, даручыўшы парабку пільнаваць вазкі, пайшлі па стромкай дарозе на замкавы двор. Немалы горад Ваўкавыск, а царква адна. Сваім прыйсці на малітву ў будзённы дзень - быццам і не цесна, але як свята, як збяруцца з ўсяго павета, - цісканіна, плячыма прабівайся да святых абразоў. Гнатка падняў Аленку і пайшоў наперад, як тараса. Адчуваючы мядзведжы поступ, ніхто і не пярэчыў, не заступаў, толькі злосна пыхкалі ўслед. Улезлі ў царкву, а там народ ушчыльную стаіць, нібы плінфа ў мурах. Надыхалі - туман, свечкі гаснуць. Андрэя да Соф'і прыціснулі ззаду, як валуном. Рукой не паварушыш пахрысціцца. Ды і лепш, што не хрысціўся, ілжывы быў бы крыж: так прыціснулі, што кажух не ўратаваў - адчуваў Соф'іна цела, нібыта ў кашулі прыйшоў; забыўся, нашто ў царкву ходзяць, аж дух заняло ад грэшных думак.

Сівы поп нараспеў прамаўляў малазразумелыя словы. Прасвятляцца б душой, ды словы праляталі міма вушэй, а да абразоў позірк не даходзіў, затрымліваўся на русых завітках, што выбіваліся з-пад шапкі. Так паўгадзіны адстаялі, пакуль Мішку не зрабілася блага ад таўкатні. Тады Гнатка, рассоўваючы людзей, вывеў іх усіх на двор. У Андрэя ногі дрыжэлі, нібы з волатам пабароўся...

Выходзячы з замчышча, сустрэлі братоў Верашчакаў. Мішка падказаў: «Глядзі, твае начныя знаёмцы. Той - Ягор, гэты - Пётра». Браты былі рослыя, дужыя, ганарыстыя, ішлі павольна, нібы шукаючы, да каго прычапіцца.

- Са святам, баярын Іван! - пакланіліся старому Расевічу. - Здаровы, Мішка!

- Здаровы, здаровы! - адказалі Расевічы. - Як спалася?

- Добра б спалося, - сказаў Пётра, - каб вас уначы не пабачылі.

- Эх, Верашчакі, - уздыхнуў стары Расевіч, - паўвека свайго пражылі, а ўсё яшчэ хлопцы.

- А што ты, баярын Іван, не знаёміш? - без крыўды на старога спытаў раптам Ягор, цікуючы на Іллініча. - Усё ж мы суседзі. Можа, гэта зяць будзе твой?

Старога гэтае пытанне здзівіла, ды, не жадаючы, пэўна, тлумачыць Верашчакам, ён адказаў:

- Можа... - і акрэсліў: - Харугвы Вітаўта сотнік. Мішкаў сябар.

Соф'ю ж, прыкмеціў Андрэй, яны гэтым пытаннем нібыта бураком нацерлі. Але адчуваў, што і ў самога шчокі гараць.

- Ці не ты той сотнік, які Свідрыгайлу паланіў? - спытаў Ягор.

- Я, - з гонарам пагадзіўся Іллініч. - Вось, разам з Мішкам бралі.

- Ну і нашто?

Усе Расевічы і Андрэй збянтэжыліся.

- Трэба было! - адрэзаў Андрэй. - А што?

- Адзіны з князёў за нашых быў.

- «За нашых», - пакрывіўся Андрэй. - Не паланілі б, ён ужо, можа, усіх вас крыжацкімі мечамі пасек.

Ягор хацеў запярэчыць, ды Пётра пацягнуў брата за рукаў:

- Пойдзем, Ягорка, памолімся, а то не паспеем! - І сказаў старому Расевічу на развітанне: - Будзе вяселле, нас з Ягорам пакліч.

- Паклічу, - адказаў стары, - калі да таго часу галоў не пазбавіцеся.

- Паспрабуем, - абяцалі браты.

- Ну, дай Божа.

Верашчакі пацягнуліся ў царкву, Расевічы - да вазкоў, і стары баярын мармытаў у лад сваім думкам: «Зухі!» ці «Пустадомкі!» Пра Верашчакаў больш не згадвалі, нібы не сустракалі іх і не чулі. «А што, можа, праўду граялі? - весела думаў Андрэй, паглядаючы на пунсовую Соф'ю. - Чаму не жаніцца? Не дзеўка - анёл. Вунь як саромеецца. І род прыстойны. І пасагу не пашкадуюць».

Прыемныя гэтыя думкі перапыніла сяброўскае ляпанне па плячуку і радасны голас:

- Андрэй, Мішка! Што, аслеплі? Не пазнаяце?

Зірнулі - Сёмка Суботка, разам у жніўні пад Круляўцом былі.

- Ну, як? Што? Дзе? - сыпаў пытанямі добра падпіты Сёмка. - Пайшлі да мяне, адсвяткуем сустрэчу. Вунь мой двор, сто крокаў!

- Іншым разам, - адмовіўся Мішка. - Прыціснулі мяне ў царкве, ледзь дыхаю.

- Ну, дык заўтра, праз дзень. А то пакрыўджуся!

Між тым баярын Іван з Марфай, Соф'я, Гнатка з Аленкай дайшлі да вазкоў. Стары паглядзеў на малодшую дачку і развесяліўся:

- Што распалілася? Пра замужжа пачула, га?

- Ай, тата, заўсёды вы! - збянтэжылася дзяўчына.

- Што тата! Што тата - сляпы? Хоць адно, ды вока маю! - усміхаўся стары. - Ну, Гнатка, скажы.

Зямянін прамармытаў нешта ўхвальнае і засмяяўся.

- Ах, тата, - саромелася Соф'я. - Выдумалі - няёмка слухаць!

- Ты ў мяне глядзі, - пагрозліва засцярог стары. - Хутка замкну ў каморы.

Па дарозе ў Рось Андрэй нібы з простай цікаўнасці спытаў прыяцеля:

- Мішка, а што вы Соф'ю замуж не аддаяце? Ці не сватаецца ніхто?

- Жаніхоў гуф стаіць, - ухопліваючы Андрэеву думку, адказаў Мішка. - Толькі куды ёй замуж? Шаснаццаты год. Маладая!

- Што ж ёй з бацькамі да трыццаці сядзець? - усміхнуўся Андрэй.

- Няхай сядзіць. Што ёй, дрэнна? Бацька на абраз менш моліцца, чым на яе. - І спытаў: - А што, у цябе жаніх на прыкмеце ёсць?

- Ды не, - засаромеўся Андрэй. - Хіба падобны я на свата?

Па вяртанні, калі ўсе паклаліся адпачыць, Мішка пераказаў бацьку размову з Іллінічам.

- Праўду кажу, быць вяселлю, - сказаў стары. - На нашай проста скура гарыць. Спадабаўся. Гатовая хоць заўтра. Сэрцам чую...

І ўсталяваўся ў Росі незвычайны настрой. Нічога быццам не адбылося, нічога як мае быць не было спытана і вымаўлена, але ахапіў усіх запал чакання. Хоць і разумелі, што сур'ёзная справа вось так, з аднаго прыезду не робіцца, што Іллініч мусіць прыслаць сватоў, і невядома яшчэ, ці прышле, - так усё было недакладна, няцвёрда, - усё роўна і старыя, і Мішка, і Гнатка, і больш за ўсіх Соф'я ўпэўніваліся, што Іллініч не выпадковы госць, а што прыехаў ён на розгляды. Адна Аленка пакутавала, спасылалася на стомленасць, клалася на ложак нібыта спаць і бязгучна плакала праз сваю непатрэбнасць усім. Маці і Мішка, шкадуючы бедную сястру, стараліся яе прыгалубіць і пацешыць. Але іхны жаль толькі ўзмацняў тугу Аленкі. «Нікому не дарагая, - думала яна. - Хоць бы Юры прыехаў паразмаўляць. Абяцаў маліцца за мяне, а сам забыўся».

- Матуля! - адчайна шаптала яна маці. - Вы звазіце мяне ў царкву, толькі не ў нашу, а да цудатворнага абраза. Я хачу пацалаваць і памаліцца.

- Звозім, дзетачка! - шэптам адказвала маці.

Аднаго ранку паехалі катацца, зноў на трох вазках, толькі без Марфы. Кружылі па дарогах і нібы выпадкам апынуліся ў прыгожай мясціне - Залужках. Тут было дзве вёскі, двароў па дзесяць. І зноў жа, нібы выпадкам, Мішка заўважыў, што Залужкі - Соф'іны.

Таго ж дня з'явіліся ў Росі госці: прыбылі з Ваўкавыска Мішкаў хросны бацька, баярын Ваўковіч, і пры ім уся сям'я - тры сыны, дзве дачкі і жонка. Дзеўкі былі вастраносыя, няроўныя Соф'і і Аленцы, і стары Расевіч, у душы гэтым задаволены, пасадзіў дачок між Ваўкавічанак. Бацька іх быў ваўкавыскі возны, ведаў усе спрэчкі, свары, бойкі і зараз апавёў, што Мікола Верашчака паскардзіўся на братоў цівуну. Пачалі гадаць: будзе ці не будзе сутычка?

Мішка ляжаў на ложку, пад'юджваў ваўковічавых дзевак: «Волька, спяяй параненаму на вушка» ці «Наста, у цябе рука лёгкая, пагаі мне рану». Ваўковічыха прытулілася да печы і, да пацехі моладзі, дарэмна змагалася з дрымотай. А трое братоў ўтаропіліся на Соф'ю. Двое малодшых сядзелі ціха, а вось старэйшы быў і прыгожы, і глядзеў на Соф'ю ўлюбёна, і выказаў смеласць - перасеў нібы да сёстраў, потым іх рассунуў - маўляў, буду загадкі загадваць, лепш пачуеце, калі я буду пасярэдзіне сядзець, - і ўжо ён побач Соф'і, прыціраецца, лезе ў вочы. Андрэй прыслухаўся. «Маленькае, кругленькае, да неба дакінеш?» Дзеўкі дзівіліся. «Вока!» - смяяўся хлопец. «Без дарожак і без ножак, а бяжыць як толькі можа?» - «Ведаем, - радаваліся дзеўкі. - Рэха!» - «Ляціць конь заморскі, іржыць па-унгорскі, хто яго заб'е, сваю кроў пралье?» Дзеўкі пераглядваліся, церлі лбы: «Не, Васілёк, не ведаем!» Хлопец святкаваў: «Эх, вы, гэта ж проста - камар!»

«Сам ты камар! - са злосцю думаў Андрэй. - Прыляцеў да дзевак! Гудзіш! Загадаць бы табе кулаком: «Пунсовая, а не маліна, цячэ, а не вадзіца?» Хацелася да дзевак, паціснуць Васіля, сесці каля Соф'і і апавядаць што-небудзь, каб бясконца слухала. Ды хоць пра Мальбарк - як крыжакі гуляюць, ці як у Троках нямецкі манах грае на клавікордах вялікай княгіні, ці як татары на сваіх вяселлях кабылінае малако п'юць.

Лаўка прыпякала сядзець са старымі, нудзіцца сур'ёзнай гутаркай, ды не мог адысці, бо возны і баярын Іван не адпускалі; завёўшы размову пра вайну, не маглі спыніцца; чым больш гаварылі, тым больш жвавелі, нібы залежала ад іхных меркаванняў удача паходу; хутка зусім забыліся, што ёсць у хаце жывыя людзі, якім не да вайны. «Прыйдзе вайна - паклічуць, - думаў Андрэй, - а што карысці языкі мазоліць. Паразмаўляць бы хоць далі з Соф'яй». Не далі. Усіх ворагаў перамаглі, адседзелі да пазяхоты, пакуль Ваўковічыха не прачнулася і не прапанавала: «Ну, час і класціся!»

Андрэю не засыналася. Думаў пра Соф'ю, прыслухоўваўся да гучнага біцця сэрца, таміўся і нечакана вырашыў з радасным адчаем: «Жанюся! Скажу дзядзьку Івану на Шчадрэц!»

Праз два дні Ваўковічы сабраліся дамоў. Паехалі да іх. Якраз быў кірмашовы дзень, усе ваўкавыскія рамеснікі гандлявалі; на кірмашы перад замчышчам гудзеў натоўп. Андрэй пайшоў глядзець, чым гандлююць. Тутэйшыя кавалі і збройнікі прасілі танней за полацкіх, і Андрэй для новай сядзібы, што атрымаў ад Вітаўта, купляў падковы, наканечнікі для стрэлаў, дзесятак нажоў, лязы на рагаціны, набыў пласцінчатыя панцыры; мечы праверыў аб свой - мяккія, не ўзяў. Яшчэ набыў у серабрака маленькі літы складзень, дзе была выява святога Андрэя - вырашыў падарыць Соф'і перад ад'ездам.

Увечары Ваўковічы наладзілі бяседу. Прыйшоў сусед Данька Раговіч з жонкай і сынам, і другі сусед - Засека, з'явіліся Былічы, а з імі - Вольга і Юры. Старыя ды паджылыя, як селі да стала, так за размовамі ночы і дачакалі. Жанчыны ўладкаваліся сваёй суполкай ля печы, а ўся моладзь ўтоўпілася ў цёмны кут за печ, і ўжо тут Андрэй апярэдзіў жвавага Васілька і сеў поруч Соф'і. Васілёк жа, сціснуты роднымі сёстрамі, нібы знямеў. «Ага! Не ўсё кату вяршкі есці», - радаваўся Андрэй, паглядаючы на сумнага саперніка.

Ні з моладзю, ні з жанчынамі, але бліжэй да іх нудзілася Вольга. Мішка адважыўся і перайшоў да яе. Пачалі гутарку - ціха, з патаемным сэнсам кожнага слова.

- Падняўся толькі тры дні. Хацеў заехаць падзякаваць.

- За што?

- За мёд. За памяць.

- Добра, калі на здароўе прыдалася.

- Прыгадвалася мне часта. Можа, думала?

- Можа, і думала.

- Пройдзе Шчадрэц, наведаць можна?

- Наведай. А як твая рана?

- Дзякаваць Богу!

- Куды ж яны цябе?

- Во сюды.

- Баліць?

- Каля цябе не баліць.

- Ты, Мішка, змяніўся.

- Ага. Нібы кашчэй - скура ды косці.

- Не. Вочы змяніліся.

- Хіба памятаеш, якія былі?

- Помню, Мішка.

- І я твае помню...

За сталом Засека апавядаў мужчынам:

- Загадалі жыта везці ў Горадню. Гэта, я разумею, нездарма.

- А што разумець! - сказаў Ваўковіч. - Горадня на мяжы стаіць. Паход будзе, вось што. На Вадохрышча першы абоз пойдзе.

- Абоз? - узрадаваўся Раговіч. - Вось і я далучуся. Можа, што збуду калажанам.

- Куды, Данька, абоз? - пацікавілася ад печы Расевічыха.

- У Горадню. Праз тыдзень.

- А табе, Марфа, што ў той Горадні, - спытала гаспадыня.

- Аленку ў царкву Барысаглебскую трэба адвезці, да цудатворнай.

- Трэба, - ухвалілі бабы.

- Была ў Горадні? - спытаў Аленку Юры. - Хочаш, паеду з табой.

Аленка ўвесь вечар тамілася прадчуваннем нейкай нечаканай шчаслівай хвіліны. Ёй было радасна чуць гуд размовы, адчуваць плячо Юр'я, сустракацца з ім позіркамі, бачыць сарамлівасць сястры і заляцанні Мішкавага сябра. Нечаканая гутарка аб паездцы, блізкасць гэтага дня, узніклая спадзеўка на ўдачу развесялілі яе.

- Ужо ты паедзеш, - жартам адказала яна. - Абяцаў наведваць - месяц чакала, не дачакалася. Так, відаць, і ў Горадню паедзеш.

- Айцу Фоцію блага было. Але кожны дзень за цябе маліўся.

- Маліцца кожны можа, - усміхалася Аленка. - Ты што, уладыка ці поп, каб за другіх маліцца? Лепш бы сеў на каня, наведаў.

- Праўда, не меў дня, - пераконваў Юры. - Занядужаў Фоцій, ледзь не памёр. Сядзеў пры ім...

Андрэй, натхнёны блізкасцю Соф'і, займаў яе і дзевак. Яны ўсе сціснуліся, ён іх страшыў:

- А ў нас у Езярышчах такі быў выпадак з адной дзяўчынай. Пайшла яна з маткай і сястрой у грыбы. І заблудзіла. Выходзіць на паляну, там старэнькі на пні сядзіць. Кажа ёй: «Памажы, дачушка, падняцца. Дай мне руку!» Яна і працягвае, і раптам бачыць, што ў старога на руцэ воўчыя кіпцюры і поўсць. А ў яе нож быў, трымала ў руцэ. Ён, не гледзячы, схапіўся за нож і так моцна сціснуў, што сам сабе пальцы і зрэзаў, яны ў кошык з грыбамі пасыпаліся. Яна з жаху ўцякаць. А той гукае ёй у спіну: «Аддай мае пальцы!» Прыбегла дадому, воўчыя кіпцюры ў печ кінула - яны зялёным агнём згарэлі. А ноччу нехта стукае ў дзверы. Маці яе пасылае: «Спытай: хто?» Яна паднялася, пытае. А за дзвярыма жудасны такі голас: «Аддай мае пальцы!» Дзяўчынка шэпча: «Яны ў печы згарэлі!» А той кажа: «Тады свае аддай!»

- Казкі гэта! - змрочна аб'явіў Васілёк. - А вы вушы развесілі.

- Толькі б псаваць! - узлаваліся на яго дзеўкі, і болей за іншых злавала Соф'я. - Далей, далей што было...

Назаўтра Андрэй з Мішкам хадзілі па знаёмых, зайшлі да Юр'я. - Мішку хацелася ўбачыць Вольгу, але яе не засталі - ад'ехала ў Былічы; тады наведалі Суботку, у якога ўвесь вечар і праседзелі...

Скончыўся тыдзень, прыйшоў жаданы Шчадрэц. Зранку баярын Іван, трымаючы звычай, выправіўся на ловы. Ужо даўно прынаджваліся для гэтых святочных ловаў ласі; усёй справы - дачакацца сахатага і трапна пацэліць, але збіраліся з адказнасцю, адбіралі лепшыя стрэлы, лукі глядзелі, нібы існаванне ўсяго двара залежала ад поспеху палявання. Гнатка застаўся за гаспадара, каб у Шчадрэц не трымала гаспадарку няцвёрдая жаночая рука. Андрэй паехаў са старым, маючы наўме сваю мэту. Доўга шлі санным следам, нарэшце спешыліся і пацягнуліся глыбокім цаліком да кармушкі, дзе звыкліся браць дармавое ласі. Чаляднікі абкружылі паляну і пахаваліся, нудна цякло чаканне. Прайшло не менш за гадзіну; зарыпеў снег пад вазком, расевіцкі хлапец прывёз сена, скінуў і ад'ехаў. Набліжаўся ўрочны час; падманутая цішынёй, з'явілася сям'я ласёў. Павольна дайшлі да кармушкі, не рынуліся да яе, як свінні, а годна пастаялі, нібы памаліліся на ежу, і толькі затым ткнуліся мызамі ў пахучае сена. Андрэй прыцэліўся ў самца, адпусціў цеціву - страла трапіла сахатаму ў бок. І яшчэ некалькі стрэл ударылі яго ў гагавіцу, шыю, лапаткі. Лось, пакідаючы крывавы след, рвануўся ў чашчобу. Цішыня абрынулася лямантам; з усіх бакоў лася джалілі новыя стрэлы.

Пашчаджаная ласіха здагадалася ўцякаць саннай дарогай. Паляўнічыя сышліся на паляне, стары баярын загадаў чэлядзі шукаць рагатага па крыві. Мужыкі паспяшаліся па коней і хутка зніклі ў лесе.

Андрэй і стары засталіся сам-насам. Выпадак быў зручны.

- Баярын Іван, - звярнуўся Андрэй раптоўна асіплым голасам, - хачу цябе спытаць...

- Спытай, калі хочаш, - таксама сіпата адказаў стары.

- Я сватоў прышлю, Соф'ю сватаць, - перамог нясмеласць Андрэй. - Ты не запярэчыш?

- Што я, не мяне ж сватаць, - хітраваў стары. - Соф'ю сватаць, яе і пытай. А я што, хіба знаю, чаго яна хоча. Проці яе волі і за князя не аддам.

- Ну, тады на Вялікдзень прыедуць сваты!

Памаўчалі і, нібы забыўшыся на папярэднюю гутарку, пачалі гадаць, ці далёка ўцячэ лось; потым Андрэй дапамог старому сесці на каня, і абое паехалі па слядах чэлядзі...

Дамоў вярталіся напрыканцы дня - лось мардаваў пераследнікаў да апошніх сваіх сіл. Затое ўехалі ў двор задаволеныя - буйнога ўзялі звера, добры знак даў Бог на ўвесь год.

Памыліся снегам, апрануліся ў святочнае - і да стала. Угінаўся стол, шчадровая куцця не посная, вочы разбягаліся: мяса печанае, вяндліна, халодныя і смажаныя каўбасы, мёды і піва, запечаны гусь, студзень, грыбы, а наперадзе - ласіная свежаніна. Памаліліся, выпілі за Божую шчодрасць і накінуліся з нажамі на пачастунак. Двор вялікі, людзей сышлося шмат, хутка знікалі і каўбасы, і гусі, але новае выстаўлялі з сенцаў і печы. Насыціліся, пачаліся апавяданні пра ловы, раптам на двары раз'юшыліся сабакі - нехта ў вароты грукоча.

- Ну, - узлаваўся стары, - калі зноў Верашчакі, Бога не шануюць у Шчадрэц, паб'ю.

Выйшлі на двор. У вароты білі кіямі.

- Каго Бог прывёў? - спытаў Гнатка.

За агароджай пачуўся рогат, загулі дудкі, і звонкі малады голас заспяваў: «Ехала Каляда ў святочным вазку, на залатым каньку!» І вялікі, адчулася, гурт падхапіў: «Каляда! Каляда!»

Чэлядзь забрала сабак, вароты расчыніліся, і ў двор ўвалілася гурма каляднікаў.

- Агню! - гукнуў стары Расевіч. Запалаў сноп саломы, высвеціўшы вывернутыя кажухі, страшную казліную морду з саламянымі рагамі. «Каза» пад спевы таварышаў скакала, круцілася каля агню, з віскам кідалася на здаволеных увагай дзевак.

Андрэй прытуліўся да Соф'і і шапнуў на вуха:

- Золатка!

Тая замерла.

- Зосенька, - зашаптаў Андрэй, - больш за жыццё буду кахаць. Начамі не сплю, пра цябе думаю. Пойдзеш за мяне?

Адчуў, як страпятнулася, напружылася, глытнула гарачымі вуснамі паветра. Чакаў слова. Але, казёл дурны нібы адчуў, дзе ён найменш патрэбны, і паспяшаўся нашкодзіць: скокнуў праз касцёр, гукнуў, прабляяў па-казінаму і, наставіўшы рогі, кінуўся пужаць Соф'ю. Тая схавалася за Андрэя. Хлопец, відаць, разгледзеў злосны позірк Андрэя, бо жвава заскакаў убок і з мэканнем паваліўся на ўтаптаны снег.

- Пайду! - пачуў Андрэй шэпт у адказ.

- Не адмовіш?

- Не!

- Не забудзеш да Вялікадня?

- Заўжды буду помніць!

Каляднікам ужо неслі печыва і вяндліну. «Каляда! Святая каляда ўсім радасць прывяла!» - запяялі каляднікі, «каза» «ўваскрэсла», і ўся шумлівая дружына выкаціла за вароты. Агонь згас, стары паклікаў усіх на працяг застолля - цудоўнае імгненне блізкасці абарвалася.

Назаўтра Андрэй развітаўся з Расевічамі.

 

ГОД 1410

 

Смаленск. Вадохрышча

На куццю намеснік Васіль Барэйкавіч у вялікім пакоі палаца варажыў, як варажыў у гэты час увесь Смаленск. Утаропіўшыся на сэрцападобны агеньчык свечкі, Барэйкавіч чакаў з'яўлення ў полымі нейкага знака, які ўсё праясніць і здыме трывогу. Свечка аплывала, нарэшце агеньчык затрапятаў сінімі промнямі ў лужыцы воску. Тады Барэйкавіч запаліў новую свечку. Звычная маркота ахапіла яго. Намеснік ведаў прычыну сваёй маркоты - ён нудзіўся ў Смаленску, за шэсць гадоў намесніцтва горад стаміў яго.

Цяпер ужо рэдка здараліся дні, калі Барэйкавіч, уваходзячы ў гэты пакой, дзівіўся: няўжо гэта ён, Васіль Барэйкавіч, ходзіць па тых самых масніцах, па якіх смаленскія князі хадзілі, глядзіць у тыя ж самыя вокны, што і яны, прымае ўдзельных князёў у тым жа пакоі, дзе яны іх прымалі. Але вось нікога з іх няма на свеце, а ён прыбыў з Ашмянаў у Смаленск, пастаўлены сюды Вітаўтам трымаць парадак. Так, казаў Барэйкавіч сабе, не падмануўся ён у князі Вітаўце, калі цярпеў разам з ім усе бедствы выгнання, уцёкаў, рызыку сутычак. Большай узнагароды князь даць не можа. Дзе намеснічае? У старажытным горадзе, у вялізным княстве, там, дзе цесць Вітаўта ўладарыў, дзе ва ўдзелах Рурыкавічы сядзяць і вымушаны яго слухаць.

А што Рурыкавічы? Прыгнуліся пад татарамі ўсе Рурыкавічы. Любяць сябе падвысіць, старажытнасцю роду ўласную слабасць засланіць. Дык і ён за іх ніколькі не ніжэйшы. І бацька, і дзед яго, і прашчур зваліся Барэйкі. І былі Барэйкі яцвяжскія князі, свае дружыны мелі, і свае канюшыя падводзілі ім коней. І саромецца яцвягам няма падставы, з чатырох бакоў іх высякалі захопнікі, але не скарылі, і яцвягі даніну ворагу не давалі, як Рурыкавічы татарам паўтараста гадоў. Не зніклі Барэйкі, і пры ім род не занікне. Ці даўно ашмянскае намесніцтва атрымаў, а цяпер Смаленск ад імя князя Вітаўта трымае. Валадарылі тут смаленскія князі, цяпер яцвяжскага роду князь сядзіць. Вядома, Барэйкі не Гедзімінавай былі моцы, але вось Вяземскаму ці Дарагабужскаму ў гэтым палацы ніколі не сесці, ім сюды толькі па справе можна ўвайсці, калі паклічуць.

Усё так, але клопату патрабуе смаленскае намесніцтва. Едзеш па горадзе і чытаеш у вачах: «Пацерпім, пакуль ціха, а ледзь што - падымемся!» Барэйкавіч тады злосна думаў: недабіткі, па-воўчы зыркаюць, толькі і чакай, калі ў глотку ўгрызуцца. Ужо было так - намесніка сякерамі забілі і са сцяны ў роў скінулі. Тры гады Вітаўт Смаленск ваяваў, дорага каштавала гэтае задушэнне - тысячы сваіх людзей паклалі пад сценамі, шмат галоў тут мусілі знесці, каб астатнія скарыліся. Усё ў Смаленску зыбкае. Вось каляды, народ гуляе, увечары будучыню гадаюць. Зразумела, пра што дзеўкі гадаюць. Але што князі Вяземскі і Дарагабужскі выварожваюць, сходзячыся разам? Чаго ім ва ўдзелах сваіх не сядзіцца, якая патрэба ў Смаленск прывяла? Абодвух адначасна? Тугу сваю пахмельную разганяць у Саборнай царкве?

Не адмахнешся ад думак, калі было падслухана кароткае, кепскае слова «ад'езд». Цяпер разважай, што Вяземскі і Міцька Дарагабужскі вырашылі, у якую бяду іхны шэпт можа адліцца. Раптам надумалі князя Фёдара на бацькоўскае месца прызваць, як дзевяць гадоў назад князя Юр'я прызвалі? Ці самі мяркуюць ад'ехаць у Маскву, да Васіля Дзмітравіча на службу, а то і зусім адламіцца да яго з землямі, баярамі, людзьмі, пасошчынай? Што станецца? Вайна з Масквой. Хіба пагодзіцца князь Вітаўт са стратай Вязьмы? Але спытае: хто правароніў? А вось яна, варона, - намеснік смаленскі. Пэўна, састарэў - час на печ.

Ну і што рабіць, думаў Барэйкавіч, маркотна гледзячы на аганёк. Не да часу гэты клопат. Загадана кармы везці ў Горадню, харугвы трэба трымаць напагатове. І раптам - ад'езд. Раптам харугвы ў адваротны бок вырушаць? Ці прыйдзецца сюды палкі прыводзіць. «Не, мроіцца мне, - падумаў Барэйкавіч, - мрояцца страхі. Калі Леў з Міцькам ад'едуць - няхай, малая бяда, толькі б без смуты».

Намеснік Васіль даседзеў да поўначы і, стомлены разважаннямі, хутка заснуў.

Ранкам ён загадаў сотніку, каб адшукалі і запрасілі да абеду абодвух князёў. Маючы час, Барэйкавіч з купкай аховы паехаў да Дняпра паглядзець, як ачышчаюцца ў іардані калядоўшчыкі.

У горадзе званілі званы. Папы Саборнай царквы вялі да Дняпра хрэсны ход - грамаду шчырых вернікаў і цікаўных. Барэйкавіч з аховай прысталі ў хвост натоўпу. Увесь бераг Дняпра ў абодва бакі быў пабіты палонкамі, каля іх служылі вадохрышча святары.

Паехалі на Смядынь да Барысаглебскага манастыра. Тут манахі чарпаламі налівалі асвячоную ваду ў глякі. Доўгая чарга моўчкі мерзла: шануючы свята, ніхто нават не таптаўся. «Узялі тут сілу чарняцы, - думаў намеснік, - во як людзі за рачной вадой пакорліва стаяць».

Вярнуліся назад, да Дняпроўскага спуску. Асабліва скучваўся народ ля апошняй проламкі - у гэтай іардані будуць ачышчацца калядоўшчыкі. Іх сабралася з паўсотні. Ужо першыя раздзяваліся дагала і, закрываючы рукамі сарамату, беглі да проламкі. Гледачоў ахапіла шалёная весялосць. Паскакаўшы на беражку, голыя мужыкі і хлопцы з віскам вухнулі ў ледзяную купель, прыселі ў вадзе па горла, і праз імгненне палезлі з іардані, саслізгваючы на лёдзе, становячыся на карачкі, забыўшыся закрываць сарамату. Барэйкавіч, адкінуўшыся ў сядле, рагатаў да слёз, гукаў калядоўшчым, як і ўсе іншыя гукалі: «Вуду ратуй! Вуду! Прымерзне!»

Пацешыўшы душу, намеснік рушыў на Торжышча, думаючы выпіць з марозу і адпачыць да сустрэчы з князямі, але на Торжышчы настрой у яго змяніўся, і ён, сам не ведаючы нашто, паехаў да Васільеўскай царквы. «Можа, зайду памалюся, - думаў Барэйкавіч, - бо і я ж Васіль». Падняліся ўгору; каля старажытнай царквы было шмат людзей, а ў самім храме стаялі шчыльна, і адтуль чуўся басавіты голас айца Кліма. Васіль збіраўся ўжо злезці з каня, як раптоўна падскочыў са свайго месца на цвінтары прыцаркоўны дурны Яўсташка і панёсся да яго. Бег ён падскокамі, як падбітая галка, трос лахманамі і віскліва лямантаваў:

- Кабылу ў царкву вядуць! Ратуйце мяне! Згінь, нячыстая сіла!

І палез пад самую морду каня, раскінуўшы крыжам рукі, зрабіўшы з Барэйкавіча пацеху гараджанам. І круціўся каля намесніка амаль ушчыльную, і заклікаў: «Згінь! Згінь!» Васіль у першы момант збянтэжыўся ад дурацкага крыку, а потым, бачачы ўхмылкі людзей, азліўся і міжволі хацеў пнуць прыдуркаватага ботам у спіну, ды Яўсташка раптам абярнуўся і штуршок трапіў у твар, па носе. Убогі заліўся крывёй і, відаць, са страху паваліўся на снег. «Ай, больна мне! - крычаў Яўсташка. - Забілі мяне!» Народ загудзеў. Намеснік завярнуў каня і зарысіў дамоў, праклінаючы дурнога, недарэчнасць сутычкі і сябе за тое, што прыехаў сюды.

Праз гадзіну яму паведамілі, што з'явіўся святар Клім. Барэйкавіч загадаў упусціць.

Станіты поп у кажуху зверху расы павольна пракрочыў па пакоі, спыніўся перад намеснікам і дакорліва, з важкім асуджэннем у голасе, спытаў:

- Нашто ты, намеснік, юродзівага пабіў?

- Нашто ён мне, - аспрэчыў Барэйкавіч. - Сам пад бот сунуўся. Пра што казаць.

- Грэх, намеснік, бажавольніку кроў пускаць! - не адступіў святар.

- Гэта Яўсташка ў вас бажавольнік? - здзівіўся Барэйкавіч. - З якога дня, айцец Клім?

- Такім нарадзіўся. Выходзіць, па Божай волі.

- Калі ўсё па Божай, дык чаго ты папікаеш? Бог і рашыць. Ці і ты па Божай волі прыйшоў?

- Прыйшоў па сумленню. У нас юродзівых і вялікія князі моўчкі слухалі, - адказаў святар. - Па носе не білі.

- Такія ў вас і наступствы, - з'едліва сказаў Барэйкавіч. - Дурняў слухаць - розуму не займець.

- Такі звычай, - настойваў поп. - Трэба шанаваць.

- Тое ў вас. У нас дурных не шануюць.

- Ты, намеснік, усё ж у нас.

- Я ў вас. А вы ў нас.

- Не, - не згадзіўся святар. - Ты ў нас, а мы ў сябе.

- Не занасіся высока, айцец Клім, - перасцярог Барэйкавіч. - Не тая падстава, каб дурнога ў пакутнікі цягнуць. Бог не прыме...

- Не пра Яўсташку клопат, - гнуў сваё поп. - Ты веры лацінскай, мы - праваслаўнай. Ты намеснік, уладу маеш, твой кожны ўчынак да нечага вядзе: убогага ўдарыў - нашто? Прыніжэнне веры?

- Веры? - здзівіўся такому разуменню Барэйкавіч. - Хапае мне клопату без веры. Калі б ужо захацелася веру таптаць, дык павер, айцец Клім, не з Яўсташкі пачалося б. І годзе пра яго. - І яшчэ сказаў, ужо пагрозліва: - Няхай сцішацца людзі. Не бяры граху раздзьмухваць іскры. Запаліцца - крывёй зальюць.

Шалець, віна паспытаўшы, - справа простая, думаў намеснік, калі святар пайшоў. У сябе вы, праўда, ды не ў сваёй волі. Як каровы на сваім выгане - вас пастух даглядае. Не самі вы па сабе жывяце, вы за княгіняй Ганнай Вітаўту перайшлі. Так ён і разжаліцца вас адпусціць - сваіх курэй на чужы двор яйкі несці. Даўніна вам помніцца, бабчыны казкі, як Смаленск вялікім быў. Можа, і было, ды сплыло, не вернецца. Другое б згадвалі часцей. Паход свой пад Амсціслаў на Вохру, дзе князя Святаслава страцілі. Там трэба было ярыцца. А зараз позна зубамі скрыгатаць.

Тут прыйшла яму думка, што і князі нічога ўсур'ёз не вырашалі, а проста рыпелі зубамі, адзін перад адным выхваляліся, мроі свае адзін другому расказвалі. Ніжэйшы заўсёды ў крыўдзе на таго, хто вышэй стаіць. Калі чалавек які дробны, аднаго парсюка добра не ўкорміць, а пра дзяржаўныя справы з такім жа абібокам так гавораць, што пусці іх на сталец - назаўтра ўсё зменіцца да шчасця. Што тады ад князёў чакаць?..

Гэтыя развагі супакоілі намесніка, і якраз з'явіўся князь Вяземскі з шырокай усмешкай на твары. Барэйкавіч, каб не гадаць, з чаго ўсміхаецца князь, - ці залішне выпіў, ці смешна, што намеснік з прыдуркаватым пабіўся, адразу пачаў з галоўнага:

- Пагалоска, князь, ходзіць, у Маскву збіраешся ад'язджаць?

Вяземскі шчыра здзівіўся:

- Пагалоска? Хто ж табе такія пагалоскі прыносіць?

- Пагалоска сама ходзіць.

- А калі б і збіраўся, - паціснуў плячыма князь, - табе чаго сумаваць, намеснік Васіль? Я чалавек вольны. Куды хачу - туды еду. Хоць бы і ў Маскву. Правы на ад'езд старадаўнія, нікім не адмененыя.

- Што, у Маскве лепш будзе?

- Хто ведае? Свайго статку трэба трымацца.

- Ужо свая! - упікнуў Барэйкавіч. - Ці не маскоўскі князь Каліта сюды татараў прыводзіў, з асадай стаяў, пасады паліў? Хітруны вы, смаляне! Як Масква пад татарамі ляжала, вы нас трымаліся, разам з Альгердам на маскоўскія прыгарады хадзілі.

- А хто смаленскія прыгарады адарваў? - запярэчыў князь. - Амсціслаў, Прапойск, Крычаў? Зараз з немцамі вайна, а хто немцаў пад Смаленск прыводзіў? Што вы, што Масква - розніца малая.

- Няма ўжо такіх, князь Леў, - сказаў Барэйкавіч, - хто сам па сабе жыве. Усе злічаны, кожнаму прызначана месца.

- Вось, вось, і я пра гэта, - пагадзіўся Вяземскі. - Улетку паход - людзі патрэбны. А далей што? Пасечаце немцаў, за нас возьмецеся. Вось ты, намеснік, сёння ўбогаму морду разбіў. А заўтра каму? І глядзі: раней у Смаленску касцёлаў не было, толькі ў Задняпроўі адна маленькая нямецкая бажніца стаяла - для купцоў, а як Юр'я князь Вітаўт адсюль выціснуў, адразу касцёл лацінскі зрубілі. Ён невялікі. Але ж і Васільеўская царква напачатку з курную хатку была. А сёння колькі цэркваў? Заўтра і вы столькі ж касцёлаў збудуеце. Каму ж прыемна, калі яго ціснуць? А дзе князі нашы? Хто на Ворскле, хто на Вохры палеглі. Князь Юры ў выгнанні памёр...

- Ужо і Юры Святаславіч табе дарагі, - усміхнуўся намеснік. - Ці не ён твайго сваяка забіў? Чужую жонку гвалціць палез. Гэта што, з гора?

- П'яны быў, - растлумачыў Вяземскі. - З кожным можа здарыцца.

- З кожным можа, толькі не з кожным здараецца, - аспрэчыў Барэйкавіч. - Можна і так разважыць: да чужой жонкі палез, бо сваю ў палон вывезлі. Аднак што, пацалаваць яго мусіў Вітаўт? Не ў ціхі час Юры смалянаў падняў. Пасля Ворсклы падняў, калі нас знядужылі татары. Хто намесніка нажом закалоў, хто поўную харугву пасек па слову Юр'я. Няўжо не смаляне? А потым у Маскву пабег: ратуйце! Выпраўляйце палкі. І што? Атрымаў памогу? Даў Васіль Дзімітравіч войска? Толькі і даў Таржок дзеля кармлення...

Слухаючы гэтае захаванае ў пытанні раджанне намесніка, князь Леў старанна ўспамінаў нядаўнюю гутарку з Дарагабужскім; былі сведкамі некалькі баяраў, але ніяк не Вітаўтавы дабрадзеі, перадаць Барэйкавічу размову яны не маглі. Але ж нейкае слова прасачылася. Якое? Горш, калі пра князя Вітаўта - нашто зводзіць князёў. Могуць палічыць за змову для замаху на жыццё. Карысна будзе Вітаўтавым памагатым. Князёў з моцных княстваў на дробныя ўдзелы пераводзяць, на іхнае месца вось такія выскачкі з канапель, як Васіль, садзяцца. На ўбогіх удзелах князі сілы не маюць, на іх зважаць не трэба. Вось пра гэта доўга размаўлялі. А яшчэ злосна гаварылі, што пскоўскі горад Каложу знішчыў, а людзей перасяліў і што нас такое гвалтоўнае перасяленне кожны дзень чакае. Раз'юшыцца - і пагоняць вяземскае жыхарства на якое спусцелае месца. Як брата, Івана Вяземскага, узялі ды ў Літве пасялілі, каб тут не замінаў. Цяпер жыве недзе на вёсцы ў глушэчы. Але пра гэтую частку размовы, адчуваў князь Леў, намесніку не перадавалі, займаў яго толькі ад'езд. Але пра ад'езд кароткая была гаворка; так, паскардзіліся адзін аднаму, што тут ціснуць і варта было б з'ехаць. Толькі няма куды. Пад Васілём Дзімітравічам жыць не лепш, чым пад яго цесцем. Усяго год назад хан Эдыгей стаяў каля маскоўскай сцяны, ледзь ад яго Масква адкупілася. Ад'едзеш, дадуць удзел на мяжы - сцеражыся ардынцаў. Што тут на немцаў ісці, што там проці татараў біцца. Няўжо Барэйкавіч не разумее?

- Мне ад'язджаць патрэбы няма, - сказаў князь Леў. - Мне і тут добра. Мала хто пагалоскі пускае. Можа наўмысна, каб нас пасварыць. Пра цябе ўжо гавораць, што ты каня ў царкву вёў, а юродзівы крыжом рукі раскінуў, цябе спыніў, а калі б не ён, дык сталася б з Васільеўскай царквы стайня.

«Хлусня, - падумаў Барэйкавіч. - Вунь як закруціў пра царкву і стайню». - Услых адказаў:

- Дыму без агню не бывае. Але калі не збіраешся - то добра. Хутка Вітаўт загадае полк весці. Ты сам колькі выставіш?

- Паўтары сотні конна.

- Калі Адаеўскага і Бельскага дадаць, - лічыў намеснік, - ужо і харугва. А другую дадуць Дарагабуж, Ельня, Пацын, Рослаўль, Вітрын. І я збяру баяраў з Тарапца, Кліна, Лучыны, Касплі, Смаленска...

Вяземскі слухаў і змрочна замыкаўся ў сабе. Убачылася яму дарога: харугвы на паходзе, пыл, тлум, паслухмянасць. «Дурныя мы, маладушныя, - падумаў ён. - Як за сваё стаяць, гукай не дагукаешся. Як за чужое - перададуць праз намесніка, пойдзем, як тыя авечкі. Ваяры ў бітве загінуць, і будзем мы яшчэ слабейшыя. А не ісці - здрада і сорам».

- Чаго засмуціўся? - спытаў Барэйкавіч.

- Прывід чорны ўбачыў. Дастанецца нам.

«Не, пэўна, не хлусіць, - падумаў намеснік. - Не будзе ад'езду. Не будзе князю Вітаўту крыўды». І зноў адчуў на сэрцы звычную ўжо маркоту.

- Усім дастанецца! - вымавіў Барэйкавіч, гукнуў служку і загадаў накрыць стол.

 

Нёманская іярдань

Узняты пеўнямі, збіраўся на плошчы ваўкавыскі абоз. Ззяла поўня, цішыню марознага досвітку парушаў у розных канцах горада трэск расчыненых варотаў, рып палозаў, тупат падкаваных коней. Цівун, лаючы запозненых, пералічваў вазы; аднак ніхто не праспаў, усе дваццаць сем з'ехаліся і выстраіліся чарадой. І яшчэ дадаліся пяць саней з рамесніцкай паклажай, і сані з харчамі для аховы, і самі рамеснікі - Раговіч і Барміч - у вазках. Вызначаныя вознікі сышліся ў гурт. Тапталіся і клялі сваю няўдачу: адным свята, у хаце сядзець, грэцца, а ім мерзнуць у дарозе туды, а потым назад. Асобна стаялі дзесяткі два коннай аховы.

Юры, баючыся спазніцца, прыйшоў на плошчу сярод першых і ўладкаваўся на вазок да Раговіча.

Нарэшце цівун дазволіў вырушыць. Абоз скрануўся і шпарка пайшоў з горада ў поле на Гарадзенскі шлях.

Падымаліся ў гэты час і Расевічы. Хоць усё, патрэбнае ў дарозе, з вечара было падрыхтавана, усе мітусіліся, дапамагаючы маці і Аленцы збірацца. Стары Расевіч лез у кожны клопат, больш ад яго было перашкоды, чым карысці, бурчэў на жонку, што капуха, жвава кульгаў сачыць, што і як збіраюць у сані, сам запаліў на стол свечы, падганяў усіх садзіцца за стол. Уселіся, але ад перажывання і ўзбуджанасці ніхто не мог есці. Ледзь перакусілі і пачалі апранацца. Гнатка вынес і пасадзіў у вазок Аленку, маці і Соф'я прыкрылі яе аўчынамі. Трое парабкаў селі конна. Стары Расевіч блаславіў і пацалаваў дачку. Усе са слязамі на вачах развіталіся. «Бывайце!» - «І вы бывайце! Вяртайцеся!» - і маленькі поезд паімчаў да раздарожжа.

Тут давялося чакаць. Аленка напружана лавіла кожны гук, страшылася, што абоз не выйшаў з Ваўкавыска, што здарылася нейкая затрымка, ён не прыйдзе і яе павязуць назад у хату, зноў на апрыкрае сядзенне ля акна, вернуць да пакуты нерухомасці і невыканальных жаданняў. Але вось пачуліся званочкі, у цемры ўзнік абоз, наблізіўся і стаў праходзіць міма іх, і з кожных саней віталіся: «Добры дзень, Расевічы!». Саскочыў з нейкага вазка і падсеў да Аленкі Юры.

Прайшлі апошнія сані, Гнатка прыстроіўся ўслед. Праз гадзіну пачало віднець, потым паказалася халоднае, але вясёлае сонца. Аленка азіралася навокал з прагным чаканнем цуду. Усё для яе адкрывалася нібы ўпершыню: зіхатлівы шарпак снежнага поля, лісіны след па цаліку, пасрэбранае інеем дрэва пры дарозе, спуджаны шумам шпарканогі бяляк, сам поезд, што расцягнуўся на чвэрць вярсты, - усё зачароўвала, ва ўсім бачыліся знакі надыходзячай добрай змены. Ёй хацелася сказаць Юр'ю і Гнатку, што яна шчаслівая, што да яе вярнулася забытая радасць, што яна можа і хоча вось так весела ехаць месяцы, усю доўгую зіму, і яна гукала: «Глядзі, Юры, Гнатка!» - і паказвала на заснежаную елку, ці на бярозу з абмерзлымі, бліскучымі галінкамі, ці на высокія сумёты. Яны глядзелі, усміхаліся, і ёй здавалася, што і яны працятыя радасным пачуццём вызвалення з прыцемку хаты на свабоду і святло.

А маці, якая ехала з хлопцам-вознікам у наступных санях, чым далей ад'язджалі ад Росі, тым болей пачынала пужацца гэтай доўгачаканай выправы. Сэрца яе сціскаў страх, яе агортвалі пакутлівыя думкі. Што будзе з Аленкай, думала яна, калі і зварот да чудатворнага абраза не верне здароўя? Раптам цудатворны абраз не пачуе малітвы, не злітуецца? І яны па гэтай дарозе павязуць дачку назад, зноў на адзіноту. Прыгадалася Марфе, як выходжвала Аленку ў першую яе хваробу. Толькі ад грудзей адняла, ляманту было - не згаджалася. А нейкага ранку - цішыня ў калысцы; нават узрадавалася - адзвычаілася, спіць; зірнула - а ў яе вочкі адкрыты, а сама сіненькая, прастагнаць не мае сіл. Тры дні, тулячы да грудзей, насіла па хаце, сціснутыя вусны пальцамі расхіляла і кроплямі з намочанай хусцінкі сочыла настой. Уратавала. А потым, ужо ў дзіцячых гадах, правалілася Аленка ў палонку ў Росі, старэйшыя дзеці выцягнулі, прывялі дадому - яна ўся звініць, корка лёду на ёй. Два тыдні палала, ніхто не верыў, што выжыве. Кульчыха што ні рабіла - не дапамагло, а яна над ёй ночы стаяла, намочыць вадой палатно, пакладзе на лоб, тое сохне, як на печы. Але дужая аказалася - ачуняла. «Так мала даецца на жыццё шчасця, - думала маці, - а ў Аленкі і таго няма. Ні мужа сустрэць, ні дзіця нарадзіць. А памром мы, - думала яна, - памрэ Гнатка, хто пра яе паклапоціцца? Соф'я да мужа пойдзе, Мішка ажэніцца, нявестка будзе Аленку дакараць. І не ехаць нельга, і ехаць - страшна. Чакаем цуду, а дзе тыя ашчасліўленыя? Хто іх бачыў?» Насунуўшы на вочы хустку, каб ніхто не пабачыў ейныя слёзы, маці ціха плакала.

Удзень у нейкай вёсачцы, разабраўшыся па хатах, паелі цёплага, пагрэліся і зноў паімчалі, разлічваючы ў прыцемках дасягнуць прынёманскай вёскі Заброддзе. Тут маці, каб менш маркоціцца, перасела ў сані да гаваркога Раговіча, Гнатка перайшоў у яе вазок, Юры застаўся з Аленкай.

На пярэдніх санях запяялі. За адлегласцю словы не чуліся - у канец поезда даходзіў тужлівы, шчымлівы напеў.

Аленка кранула Юр'я:

- Скажы, няўжо здарыцца - Гнатка ўнясе мяне ў царкву, а выйду сама? Як усе. Ты верыш?

- Веру. Падымешся і пойдзеш. А ўжо летам находзішся за ўсе гады.

- Добры ты, Юрка. Шкадуеш мяне. А айцец Фоцій добры?

Юры кіўнуў:

- Ён мне надта блізкі. У мяне мала блізкіх: сястра, Фоцій да ты.

- Я?! Ты ж убачыў мяне калі. Два разы бачыліся.

- Па душы свояцца людзі, - сказаў Юры. - Убачыў нядаўна, а быццам усё жыццё ведаю. А табе хто блізкі?

- Гнатка.

- А хіба ён не сваяк вам?

- Гнатка ў бацькі лучнікам быў, ва ўсе паходы з бацькам хадзіў. А як жонка яго аднойчы пайшла ў журавіны на балоты і не вярнулася, ён у нас застаўся. Не мог у сябе жыць. Яму сваталі добрых жанок, а ён кажа: як чую жаночы голас, так і чую, як яна ў балоце мяне клікала. Каб памерла, кажа, адно, а такая жахлівая смерць - іншае. Вось Мішкі нашага сябра быў, Андрэй, ты яго бачыў, сказаў бацьку, што сватацца будзе да Соф'і. Гнатка так плакаў, шкадуе, што звязуць. Звыкся. Мы яму як родныя.

- Прыйдзе час, і вы разлучыцеся, - сказаў Юры.

- Нашто? - не зразумела Аленка.

- Вернешся з Горадні, і цябе хто звязе.

- Я Гнатку вазьму.

- А калі муж запярэчыць?

- Я за такога не пайду. За добрага.

- Я - добры, - нібыта жартам сказаў Юры. - Ідзі за мяне.

- Там паглядзім, які ты добры, - таксама жартам адказала Аленка.

Нейкі час ехалі моўчкі. Юры азірнуўся на дзяўчыну, яна ляжала з заплюшчанымі вачамі.

- Юры! - звярнулася Аленка, не расплюшчваючы вачэй. - Ты вось святаром хочаш стаць, павінен ведаць. Адкажы мне: як гэта «богаяўленне»?

- Гэта Бог паказаўся Хрысту на рацэ Іардані. Хрыстос убачыў яго, уразумеў і прыняў хрышчэнне. У гэты дзень ваду ў рэках бяруць, яна святая і для чалавека карысная. Ну, не тое, каб варыць што ці піць, а калі хворы.

- Можа, і мне ў праломку акунуцца? - спытала Аленка. - Калі Бог так завёў.

- Табе і без праломкі дапаможа. Што табе ачышчаць?

- Не ведаю. Хачу, каб выказаў сябе...

З вёскі выбраліся, калі развіднела, і праз гадзіну язды выйшлі на шырокі лёд. Усе ўзрадаваліся: «Нёман! Нёман!»

- Вось, Марфа, і просты шлях, - сказаў Раговіч спадарожніцы. - Сёння памерзнем, заўтра паўдня памерзнем, а там ужо адпачнём. А ўжо наступным ранкам - вадохрышча. Царква Барыса і Глеба прыгожая і стаіць хораша - на стромкім беразе, уніз глядзець боязна - так высока!

- Ох, Данька, мне і без адхілу гэтага страшна, - уздыхала маці. - Чую сэрцам, не будзе так, як нам хочацца. Смутак на душы, хоць назад павяртай.

- Мацуйся, Марфа. Хто што наперад ведае? Такі крыж не скінеш.

- Не нам, ёй цяжка.

- Усім цяжка, - сказаў Раговіч. - Бог дасць - падымецца. А слёзы твае ёй не памогуць.

У такіх размовах прайшоў дзень. Заначавалі ў прырэчнай вёсцы, але і маці, і Аленка нагэтулькі былі ўзбуджаныя спадзеямі на блізкі ўжо цуд і страхамі, што цуду не будзе, што не засыналі ўсю ноч. Ранкам паімчалі шпарчэй. Бывалыя ў Горадні людзі ўжо адлічвалі вёрсты да горада. Вершнікі насіліся ўздоўж абозу, падбухторвалі вазакоў: «Паганяй!», самі пускаліся навыперадкі, толькі лёд звінеў пад капытамі. Потым вярталіся, абвяшчалі: «Блізка. Пятнаццаць вёрст!»

- Ну вось, яшчэ якая гадзіна, - казаў Аленцы Юры. - Дабраліся.

Аленка вохнула.

- Баюся, Юрка.

- Не страшся. Мне добры знак на цябе быў.

- Які знак?

- Сон прысніў, што ты падкову знайшла. Падняла і праз дзірку на цёмнае неба паглядзела. А ў дзірку сонца ўбачыла.

- А калі снілася?

- На куццю. Ты мне часта снішся. Кожную ноч.

- Праўда?

- Праўда.

- Дык, відаць, ужо абрыдла, - усміхнулася Аленка.

- А яшчэ, - ажывіўся Юры, - снілася, што мы едзем вось так, як зараз. Лёд звініць такім звонам, як летнім днём у полі паветра звініць... І лес такі, як тут... Ведаеш, сам дзівуюся, нібы ўсё знаёмае...

- Маўчы, Юрка, баюся я прарочых сноў. Нельга пра іх услых...

Раптоўна ад галавы поезда пачуўся пужаючы лямант. Юры ўскочыў на ногі, угледзеўся. Нешта няўцямнае рабілася там: абоз спыняўся, рассоўваўся ўбакі, там шалёна крычалі мужыкі, і туды панеслася ахова. «Няўжо праломка? - падумаў Юры. - Праваліўся хто?»

Ды не палонкі спынілі абоз, а раптоўна ўспырхнула перад санямі прысыпаная снегам тоўстая, моцная, з жалезнымі жыламі вяроўка. Два хлопцы выхапілі мячы секчы перашкоду, але іх адразу звалілі стрэламі. Вазак на пярэдніх санях, які бачыў іхную смерць, залямантаваў: «Татнікі!» - і асадзіў каня. А на лёд, з абодвух берагоў Нёмана, з прыспалага лесу пачала выходзіць конная засада, і па шлемах, па вопратцы абознікі ўразумелі, што гэта не татнікі, а немцы. Яны выстройваліся ў шэраг, заступаючы шлях, прыпусцілі рыссю ўздоўж поезда. Крык «Немцы! Крыжакі!» пайшоў ад саней да саней і акрэсліў неспадзяванае бедства.

Ахова імкнулася зрабіць брэш у крыжацкім шэрагу і выпусціць абоз з пасткі. У таўкатні сутычкі вяроўку перасеклі, але немцы падбілі з самастрэлаў некалькі пярэдніх запрэжак, і коні, здыхаючы, павярнулі сані ўпоперак, закрылі дарогу. Тут вазакі ўжо адбіваліся сякерамі ад пешых кнехтаў.

У сані да Аленкі скочыў Гнатка. «Гані!» - крыкнуў ён Юр'ю і выхапіў з-пад саломы свой лук. Апякаючы коней пугай, Юры кіраваў на свабодны яшчэ лёд. Але ўжо і да іх ляцелі конныя крыжакі, неяк наўскос, жахліва, трымаючы мечы. І закідваліся ў сёдлах пад трапнымі ўдарамі стрэлаў. Юры бачыў, што б'юць іх Гнаткавы стрэлы - яны з жыхканнем праносіліся міма яго вуха. Страх, які працяў Юр'я пры першых смяротных крыках і звоне мечаў, знік. Юры прыняў адзіны клопат - вырвацца ад крыжакоў, вынесці гэты вазок з месца бою, уратаваць Аленку. Ім авалодала яснасць дакладных дзеяў, ён уразумеў, чаго чакае ад яго Гнатка. Па-драпежніцку пранікліва, шырока аглядаў ён прастору лёду, занятую бойкай, улоўліваў магчымую небяспеку - чыйсьці люты позірк, чыйсьці рух напярэймы - і браў убок, і падстаўляў цэлі Гнатку. Юры забыўся пра сябе, пра ўсе пачуцці; усё, што ён бачыў, - лужыны крыві пад параненымі, зваленымі коньмі, пасечаныя людзі, твары, знявечаныя стрэламі, - усё бачыў без жаху, сэрца яго нібы скамянела, нават крык Аленкі «Мама! Матуля!» не закранаў яго душы, наадварот, супакойваў: крычыць - значыць жывая і трэба ратаваць.

Данька Раговіч, пачуўшы крыкі «Немцы! Крыжакі!», вырашыў завярнуць каня, але ўгледзеў, што і ззаду абозу выходзіць на лёд засада. Хоць і няшмат іх было, але Данька зразумеў, што адну яго запрэжку яны не прапусцяць. Ён пагнаў наперад, як і ўсе. Прыкмеціўшы Гнатку, Раговіч прыстроіўся яму ўслед, адчуваючы ў асілку адзіную надзейную ахову. Марфа высунулася з вазка і, не бачачы дачкі, адчайна гукала: «Аленка! Аленка!»

Яны праносіліся міма вазоў з загубленымі коньмі, каля якіх біліся з кнехтамі абознікі. Кроў лілася на лёд, сякеры і мечы ўпіваліся ў галовы людзей, гучна, моташліва храбусцелі косці і чарапы. Параненыя, пазнаючы знаёмых, прасіліся стогнам: «Данька! Марфа!», укладаючы ў імя ўсю сваю надзею на выратаванне, заклік да літасці. Але не чуў і не зважаў на іх Раговіч, і не спыняліся сані.

Ужо бачыўся Раговічу край бою, за ім імчалі прэч дзве запрэжкі, і, зайздросцячы тым, хто пазбегнуў смерці і выратаваўся, ён прасіў Бога аб адзінай міласці. «Божа! - маліўся ён. - Зберажы коней, адвядзі стрэлы!» Але прыпрэжны раптам ускінуўся на задніх нагах, заіржаў і паваліўся на лёд, скасабочыўшы аглоблі. Данька палез рэзаць пастронак. Трымаючыся за пасак, ён паласнуў нажом па нацягнутаму пастронку, і тут яму ў спіну з пякучым болем уваткнулася страла і прышыла да конскага крыжа.

Марфа, ахопленая адчаем, выбралася з вазка і пабегла за Гнаткавымі санямі, заклікаючы: «Аленка! Дачушка! Гнатка!» А да яе няспешна скакаў нямецкі коннік.

У Аленкі, якая сачыла за санямі Раговіча, вырваўся адчайны, шалёны крык: «Мамка! Гнатка, мамку!» Падпарадкоўваючыся шаленству крыка, Гнатка абярнуўся. Убачылася яму, як Марфа цяжка, безнадзейна бегла за імі і як насоўваўся на яе конны крыжак. Немец павольна махануў мечам, і Марфа плазам павалілася на лёд.

Юры не азіраўся. Ён вышукаў сярод бою брэш, якую закрываў адзінокі кнехт. Той, наставіўшы кап'ё, нерухома сядзеў на кані. За ім нікога не было, на ім заканчвалася пагроза. Юры пагнаў коней проста на кнехта, і той не вытрымаў, забаяўся сутыкнення, узяў убок, і Гнатка працяў яго апошняй стралой.

Вырваліся. Ніякай перашкоды перад імі не было, наперадзе адыходзілі два вазкі, і трэба было імчаць услед за імі да бяспекі. Юры нарэшце зірнуў на Аленку. Яна раз'юшана, з жывёльным адчаем біла кулакамі па сваіх нядужых ногах. «Маці засталася, - зразумеў Юры, - а мы ляцім. Забыліся пра яе. Божа, што рабіць?»

- Гані! - змрочна загадаў яму Гнатка. Наўздагон ім імчалі два крыжакі.

Гнатка пацягнуў з похвы свой цяжкі двуручны меч. Моцныя, маластомленыя коні немцаў хутка насоўваліся.

- Ну, бывай! - сказаў Гнатка. - Зберажы яе! - І саскочыў на лёд.

Юры, крыху ад'ехаўшы, засаромеўся пакідаць дзядзьку і спыніў коней. Гнатка няспешна ішоў насустрач конным. Першы нёсся роўна на Гнатку, і Юр'ю здавалася, што дужы, хуткі конь саб'е Гнатку на лёд. Ужо два крокі раздзялялі іх, але ў апошні міг Гнатка спрытна ступіў у бок, меч яго бліснуў і дакрануўся крыжака. Не гледзячы, як той валіцца з сядла, Гнатка ў тры скачкі апынуўся перад другім немцам. Крыжак крыху збочыў; каб было зручна секчы, меч, высока ўзняты, пачаў падаць на Гнатку і ўпаў на лёд разам з адсечанай немцавай рукой.

Юры, знерухомлены жахам смяротнай бойкі, раптам прыкмеціў, што вазок пусты, Аленкі няма, і ўбачыў, як яна чыкільгае назад, да маці.

Юры саскочыў, схапіў дзяўчыну на рукі і пабег да саней. Але перад самым вазком нешта моцна ўдарыла яго ў плячо; ён спатыкнуўся, упаў на Аленку і не мог падняцца, адчуў, як ад пляча разыходзіцца па ўсім целе востры, пякучы боль. Ён намогся, павярнуў галаву і ўбачыў над плячом апераны канец стралы. Аленка шалёна лямантавала, драпала яму твар, спрабуючы вызваліцца. Раптам моцныя рукі паднялі яго, ён апынуўся на саломе, убачыў побач збялелы Аленчын твар, пачуў рып палазоў і абязволіўся.

На загнаных конях дабраліся яны да гарадзенскай заставы, дзе ўжо апавядалі пра бяду ваўкавысцы, якім пашчасціла ўратавацца. Тут Юр'ю выцягнулі з раны стралу, ён апрытомніў, яго перавязалі і далі выпіць. Аленка ў ціхім вар'яцтве стагнала: «Не хачу, не хачу, не трэба!» Гадзіны праз тры яны вярнуліся назад з паўсотняй гарадзенскага намесніка. Толькі пустыя сані стаялі на лёдзе пасярод замерзлых лужынаў крыві. Ні пабітых ваўкавысцаў, ні мёртвых немцаў, ні зарэзаных коней. Санны след засады цягнуўся ўглыб лесу, а на рацэ цямнела прыхопленая тонкім лядком шырокая палонка. Нехта разбіў лядок - чырвоная вада стаяла ў нёманскай іардані.

Ваяры знялі шлемы, памаўчалі над вадзяной магілай і зарысілі ў Горадню.

Аленка прылегла каля Юр'я. Гнатка скрануў каня, і яны рушылі дамоў, у Рось, па выбітым падковамі, парэзаным палазамі зніклага ваўкавыскага абозу следзе.

 

Градчаны. 15 лютага

На дзень абвяшчэння чэшскім каралём Вацлавам дэкрэта пра спрэчку Ордэна з Польшчай і Вялікім Княствам Літоўскім з'ехаліся крыжацкія, польскія і літоўскія паслы. Вітаўта прадстаўлялі баярын Ян Бутрым і натарый Мікалай Цыбулька. З Кракава яны ехалі разам з пасольствам Ягайлы, якое складалі каралеўскі маршалак Бжэзінскі, натарый Дунік і познаньскі біскуп Ястжэмбец, разам і спешыліся на заезным двары ў Старым Месце, блізка ад Карлавага маста.

Дзевятага ранкам прыстойна ўбраліся і рушылі ў Градчаны, у каралеўскі палац, слухаць Вацлава. Нічога карыснага для сябе ад каралеўскага прысуду не чакалі, прадказвалі, што Вацлаў разважыць непраўдзіва, з клопатам пра ордэнскі бок, але кароль уразіў усіх - і польскіх паслоў, і Бутрыма з Цыбулькай, і крыжакоў, якіх ачольваў вялікі шпітальнічы Вернер фон Тэтынген. Усе быццам аслупянелі. Кароль выйшаў да паслоў, зморшчыў пухлыя губы і без ценю сораму на зямлістым ад распусты твары паведаміў, што рашэння, якога чакаюць паслы, ён прыняць не паспеў, бо пытанне складанае, а ў яго сваіх справаў хапае. І пайшоў. Усе тры падманутыя пасольствы знямелі, патапталіся, аблаялі ў думках Вацлава бараном, дубінай, нягоднікам і пакінулі палац.

Па вяртанні на заезны двор селі разважаць, што будзе лепш: настойваць на дэкрэце ці ад'ехаць дамоў. «Добрае рашэнне Вацлаў, вядома, не прыме, - казаў маршалак Бжэзінскі, - а настойваць дзеля кепскага - якая нам карысць? Няхай лепш Вацлаў выглядае дурнем, чым мы - прасцякамі». Вырашылі ад'ехаць. Але ўвечары прыбыў каралеўскі ганец з паведамленнем - Вацлаў абвесціць дэкрэт праз тыдзень, пятнаццатага лютага. Толькі і заставалася зарагатаць: то чатырох месяцаў дурню не хапіла, то няпоўнага тыдня дастаткова; не без прычыны ў яго ўсё наўскасяк ідзе.

Хутка ад чэшскіх добразычліўцаў даведаліся, што ордэнскі пасол Тэтынген штодзённа сустракаецца з маркграфам Ёдакам; Ёдак жа моцна ўплывае на караля. Не выклікала сумнення, дзеля каго будзе ўплываць варожы польскаму боку, помслівы маркграф. Даведаліся яшчэ, што кароль Вацлаў асабіста прыняў Тэтынгена і аддаў размове з ім паўдня - гэта пры сваіх нібыта важных справах, і адкрылася, што вялікі скарбнік Мерхейм яшчэ ў снежні прывёз каралю падарунак ад Ордэна - шэсцьдзесят тысяч фларынаў. Стала зразумела, што зараз фон Тэтынген патрабуе пакрыцця. І ўсё нямецкае, прыхільнае да Ордэна атачэнне Вацлава неяк згодна і супольна заварушылася, пайшло ціснуць на слабую каралеўскую волю.

Польскія і літоўскія паслы, сумуючы гэтыя малапрыемныя весткі, задумаліся: саступіць ці не саступіць Вацлаў напору крыжакоў? Здавалася, і шмат што нахіляла верыць, што не мусіў саступіць - немалыя крыўды зведаў праз немцаў. На імперскім стальцы пасля бацькі сядзеў дваццаць гадоў - нямецкія князі скінулі і прагналі; родны брат, Сігізмунд вугорскі, у вязніцы паўтара года пратрымаў, зразумела, не без нямецкіх падказак; немцы Вацлавам незадаволеныя, дакараюць, насміхаюцца, жадалі б і з чэшскага трону скінуць; з Прускім ордэнам зусім не прыяцель, больш за тое - варагаваў, сам выставіў крыжакоў з Чэхіі, забраў сабе іх маёмасць і землі; трох месяцаў не мінула, як даў немцам гулкую аплявуху - Кутнагорскім эдыктам вызваліў Пражскі ўніверсітэт ад нямецкага засілля, тысячы зняважаных, раз'юшаных немцаў ад'ехалі ў імперыю, заклікаючы на Вацлава праклёны. Такім чынам, нібыта не за немцаў і мае цяпер зручны выпадак адчувальна іх ушчыкнуць, выказаўшы праўду: крыжакі - захопнікі, паводзяць сябе дзёрзка, павінны вярнуць Жамойць Вітаўту, Добжын і ўсе польскія выдаткі на восеньскую вайну - Ягайлу. Пагодзіцца ці не пагодзіцца з такім дэкрэтам Ордэн - справа іншая; зразумела, што не пагодзіцца, але праўдзівае вырашэнне пасрэдніка далёка б адгукнулася, добра пашкодзіла б Ордэну перад летняй вайной.

Аднак наўрад ці наважыцца ён на такую смеласць, разважалі паслы. Вацлаў за здароўе пачне, а за спачын скончыць. На немцаў злосны, але на іх і аглядаецца ў марных разліках вярнуць імператарскі трон. Дзесяць гадоў прайшло, як курфюрсты яго Рупрэхтам пфальцскім замянілі, але ж карону па сёння не аддаў, і зараз мянуе сябе «імператарам Святой Рымскай імперыі нямецкай нацыі» і, выходзіць, раздражняць князёў, прыхільных да Ордэна, палічыць за справу неабачлівую і рызыкоўную.

Волі няма, розуму глыбокага няма, боўтаецца, цвёрдага берага не бачыць; воля кволая, адсюль і ўсе бедствы. У сваёй Чэхіі няздольны навесці парадак, грызня нейкая ў народзе: немцы лямантуюць, што іх чэхі крыўдзяць, чэхі лямантуюць, што іх немцы ціснуць. Чэхам, зразумела, больш веры. У Старым Месце выйдзеш на вуліцу - і быццам у нямеччыну трапіў: зрэдку па-чэшску, а так усе па-нямецку размаўляюць. На бедным месцы чэх сядзіць, на важным, сытным - немец, а калі чэх - дык анямечаны. Сценкамі сыходзяцца біцца. Бацьку, імператара Карла, пабойваліся, а над гэтым няўклюдай адкрыта смяюцца. Цяжка зразумець, чаго хоча. Адзіны клопат - раздабыць грошай і адразу спусціць на пацехі. А грошы не каты, самі не робяцца. Адна назва - чэшскі кароль, а бяднейшы за многіх сваіх паноў; за золата, безумоўна, на любы грэх пагодзіцца. За шэсцьдзесят тысяч фларынаў можа і нямецкую песню прапяяць. У яго выбар просты: ці сказаць праўду задарма, ці за грошы схлусіць. І, прадчуваючы, што Вацлаў ушануе крыжакоў, паслы крэслілі: не тут, у Празе, вырашаецца быць міру ці вайне, у Мальбарку вырашаецца, у імперскіх нямецкіх княствах, там за вяроўку торгаюць, тут толькі звон чуваць. «Ад дэкрэта, карыснага нам, - разважылі паслы, - Ордэн адмовіцца, а дэкрэт, карысны Ордэну, мы не прымем; у любым выпадку летняга сутыкнення не абмінуць». І з лёгкім сэрцам ліцьвіны і палякі сталі чакаць умоўленага дня.

Скарыстаўшы вольны час, Ян Бутрым знаёміўся з прыгожым горадам. Тройчы на дзень ездзіў па Карлаваму масту, чакаючы з цікаўнасцю, што цяжкія камяні абрушацца, і ён услед за імі паляціць у цёмную Влтаву. Наўмысна сыходзіў да вады глядзець на каменные апірышчы, узмоцненыя клінамі лёдаломаў, на скляпенні, навіслыя над ракой. Дзівіўся: во цуд - паўвярсты часанымі камянямі перакрылі. А ўжо касцёлаў! Ва ўсім Вялікім Княстве менш, чым у чэшскай сталіцы. І ўжо касцёлы! Што там віленскі ці наваградскі - нізкія, цёмныя, пакрытыя гонтай; тут касцёлы крыжамі неба падпіраюць, фарбамі размалёваны, золатам аздоблены; у такіх касцёлах і маліцца не трэба, сама сабой святасць прыйдзе. А касцёл святога Віта! Прыгажэйшага, пэўна, на свеце няма; адразу бачна, што тут Бог малітву абавязкова пачуе, бо адсюль і не выходзіць, так яму тут прыемна - сядзіць на алтары, любуецца залатымі сваімі выявамі, каляровым шклом у карункавых вокнах, завіткамі разнога граніту. Задзярэш галаву - далёка ўвышыні сыходзяцца стрэлы скляпення; шкла аднаго ў вокнах на тысячы дукатаў; ва ўсёй Літве менш шкла, чым у гэтым касцёле. Ды што шкло! Каб толькі шклом розніліся. А вежы, а ратушы, а брукаваныя вуліцы! У адной толькі Празе ў сто разоў больш камяніцаў, чым ва ўсіх гарадах Вялікага Княства. Што ў нас мураванага, думаў Бутрым. Дзесятак замкаў да дзесятак цэркваў! А тут які дробны гандляр - сёдлы шые, кувадлай б'е, - а ў яго даміна цагляная, нашы лепшыя баяры такіх не маюць, ціснуцца ў дзедаўскіх хатак разам з чэляддзю.

Тут, у чэхаў, ды і ў палякаў ужо завялося, пан - гэта пан, чалавек вольны, інакш жыве, чым мы - баярства літоўскае. Нашы павіннасцямі абкладзены: замкі будаваць - людзей дай, гаціць балоты - дай, коней дай; голасу свайго не маеш, згодны, нязгодны - рабі; сёння сядзіба твая - заўтра адымуць і другому аддадуць, нікому не паскардзішся. Чэшская і польская шляхта ўладкавалася добра, дамаглася свабодаў, зайздросціць застаецца. Кароль, бясспрэчна, патрэбны, без яго нельга, няхай валадарыць, але ён сам па сабе, паны па сабе, у іх свае землі, у караля свае; панскія, шляхецкія кароль не кранае. Ну, калі вайна - тут другое, тут і падатак трэба аддаць, і ўсе павінны слухацца, выстаўляць коней, выходзіць у поле і біцца. А ў мірны час ім да караля ніякай справы. А яму да іх. Чым нашыя баяры горшыя? Зрабіліся хрысціянамі, як палякі і чэхі, дык і правоў не менш трэба мець. А то крыж надзелі, а да яго - амаль нічога. Як было раней, так і зараз. Пачнеш гутарку з якім-небудзь панам, параўноўваць іх і сваё жыццё - ніякай роўнасці, нават сорам прызнавацца, якія на нагах путы. Той выхваляецца: у нас кароль - першы сярод роўных, а ў вас адзін вялікі князь вольны, а ўсе астатнія - яго чэлядзь. Няма чаго запярэчыць, так і ёсць - чаляднікі.

Ну, нічога, суцяшальна думаў Бутрым, і ў нас пераменіцца: вось паб'ём крыжакоў, заслужым мечамі - і мы вызвалімся. Мы - апора Вітаўта, ён нас узнясе. Як чэшскія і польскія паны будзем жыць... Горкая зайздрасць прасякала гэтыя думкі. Ён сам адчуваў іхную горыч. Як не распаляй уяўленне, а горада, падобнага на Прагу, яму ў сябе на Літве не ўбачыць. Можа, унук і пабачыць нешта такое, адну якую вуліцу ці касцёл, а ён не. Працы трэба шмат, стагоддзі патрэбны, каб камянёў назапасіць, майстры патрэбны, клопат, жаданне. А ў нас так: ёсць курная хата - і дзякуй Богу! Што баярын, што вясковец, у дыме гадуюцца, зімой разам з цялём у хаце спяць. Ужо не дагнаць нам чэхаў. У нас тое вуліцай называюць, што ў іх непралазнай граззю завецца. І дзяцей у школах вучаць, а нашыя паранай рэпы наядуцца і шчаслівыя. І для дзецюкоў імператар Карл адкрыў універсітэт, а нашыя як былі невукі, так і застаюцца - ні на лаціне, ні па-нямецку слова не напішуць і не прачытаюць. Не, рашыў Бутрым, пашлю сюды сына, няхай вучыцца, людскае жыццё пабачыць.

Але не ўсё падабалася. Больш за ўсё не спадабалася, што абакралі сярод дня: так спрытна зрэзалі кашалёк з паўсотняй дукатаў, што толькі перад сном і хапіўся - калі пас здымаў. Двух сваіх парабкаў ледзь не забіў са злосці - куды глядзелі? Зарэжуць на вашых вачах - не ўбачыце! Але разумеў, што сам вінаваты: не іх абабралі - яго, сам варон лічыў, на крыжы, камяніцы дзівіўся. Вунь ля касцёлаў зграямі ўбогія сядзяць - і сляпыя яны, і бязрукія, і глухія, а прайшоў міма іх - паўсотні дукатаў знікла, як і не меў. Ды і няцяжка тут стаць абкрадзеным - разбэшчанасць празмерная сярод людзей: абадранцы сотнямі цягаюцца, пільнуюць, што дзе ўхапіць; распусніцы без страху гуляюць, і ніхто калом нявіннасці іх не вучыць; народ у гурты збіваецца, шуміць, шалее.

Не, слабы Вацлаў, горад свой у руцэ не трымае.

Паслухаўшы аповяды Цыбулькі пра магістра Гуса, на лекцыі і казанні якога натарый хадзіў, калі вучыўся ва ўніверсітэце, Бутрым заахвоціўся наведаць Віфлеемскую бажніцу. Схадзіў - жахнуўся. Гэтакі свіран называюць сама цікавым месцам Прагі! Што звонку, што ўсярэдзіне - проста голыя сцены, нібы нехта аблупіў. Народу ж набілася тысячы з тры, маліцца трэба - нікому не ў галаве, ды і каму маліцца - голыя сцены. Святар гэты, Гус, з кафедры шалёна крычыць, у адказ натоўп лямантуе; не маленне - кірмаш; Бог сюды і нагой не ступіць - напужаецца.

Увечары падзяліўся ўражаннямі з біскупам Альбертам Ястжамбцом.

- Вы, пан Ян, галоўнага бунтаўшчыка чэхаў слухалі, - адказаў біскуп. - На яго тут больш, чым на Ісуса Хрыста, моляцца. Нават кароль Вацлаў на казанні прыходзіць. Гус прапануе дагала царкву абабраць, каб святары сама бяднейшыя былі. Вацлаву і карысна, за чужы кошт разжывецца.

Бутрым здзівіўся.

- Царква ў Чэхіі вялікімі маёнткамі валодае, - патлумачыў Ястжамбец, - толькі да пражскага архібіскупства тысяча мястэчак і вёсак прыпісана. Вацлаў спіць - канфіскацыю царкоўных зямель у снах бачыць. Адразу б памножыў свае прыбыткі. Тут блытаніна жахлівая, пан Ян, тут пякельны настрой, без дамовай вайны наўрад ці разбяруцца. Сам Вацлаў і распачаў. То недарэчную вайну проці паноў вёў - не асіліў. То на памогу папы Рыгора паспадзяваўся. Папа, зразумелая рэч, вярнуць імперскі сталец не дапамог. Вацлаў пакрыўдзіўся і пачаў клапаціцца пра зацверджанне цяперашняга папы Аляксандра. І зараз тут мітусня, усе сварацца: кароль за новага папу, архібіскуп за старога, нават інтэрдыктам абкладаў Прагу; Вацлаў у адказ шмат біскупскіх маёнткаў забраў. Гус, той наогул супраць усіх - рымскай царквы, багацця, немцаў, паноў. Святары тут і сапраўды пад чортам ходзяць: хто п'е, хто распуснічае, хто няўтрымна рабуе. Успомніце маё слова, пан Ян: Прагу Бог агнём апаліць. А сама горшае, што гусаўская пошасць і да нас пераходзіць: неразумныя галовы пад апоры нашага касцёла падкопваюцца, зраўняць ксяндза са свецкім чалавекам мараць.

Бутрым хоць і падумаў: «Чым жа ксёндз лепшы за баярына, вось, да прыкладу, мяне?» - але бянтэжыць старога біскупа такім пытаннем не стаў. Пацікавіўся:

- Чаго ж Вацлаў марудзіць? Замкнуў бы крыкуноў у камору - і ўсё на тым!

- Зусім няпроста! - усміхнуўся біскуп. - Яго з усіх бакоў асадзілі, не вырвецца: падтрымае чэхаў - немцы ўскінуцца, падтрымае немцаў - чэхі паўстануць, падтрымае Гуса - царква пракляне, падтрымае біскупаў - шляхта і рамеснікі ашалеюць. Ён усім пакрысе саступае, з кожным трохі ваюе, і за што ні возьмецца, усё яму выходзіць бокам. Вацлаў, мяркую, ужо і не рады, што ў пасрэднікі напрасіўся: хто на вайне пераможа - невядома, а з кімсьці - ці з намі, ці з Ордэнам - трэба пасварыцца. Калі пойдзе на сварку з намі, а мы, трэба думаць, крыжакоў адужым, - адразу ворага атрымаем у дадатак да іншых. Але Вацлаў як мяркуе, чым сябе супакойвае? Крыжакі, маўляў, заўжды перамагалі, і гэтым разам перамогуць. Паб'юць ліцьвіноў і палякаў, прыгадаюць: «Вацлаў за нас быў!» - і падтрымкай забяспечаць. Прасцяк, а за складаную справу бярэцца.

- Гэта заўсёды так, - вывеў Бутрым. - Хто сваё вырашыць не ўмее, чужое вырашаць спяшаецца.

Напярэдадні абвяшчэння дэкрэта Мікалаю Цыбульку стары ўніверсітэцкі прыяцель, які служыў натарыем на каралеўскім двары, паведаміў ашаламляльную навіну: дэкрэт будзе зачытаны на нямецкай мове і змест ягоны ад першага да апошняга слова скіраваны супраць Ягайлы і Вітаўта. Але што канкрэтна скажа Вацлаў, натарый не ведаў. Непрыемны быў вечар. Рыхтаваліся да таго, што Вацлаў забудзецца на справядлівасць, але што ў дадатак і абразіць нямецкім тэкстам, такога не чакалі. Абодва пасольствы лаялі караля, разважалі, як пазбегнуць ганебнага слухання. Вырашылі, нарэшце, так: калі сапраўды пачнуць чытаць дэкрэт па-нямецку, на мове, для крыжакоў роднай, а для іх - чужой і варожай, пра ветлівасць забыць, павярнуцца і пайсці; крыжакі Вацлаву заплацілі, няхай за свае грошы і слухаюць. А калі, насуперак папярэджанню, дэкрэт аб'явяць на лаціне, тады слухаць.

Але як Цыбульку засцярагалі, так і сталася. Толькі ўвайшлі ў тронную залу, убачылі задаволенага фон Тэтынгена, кплівы, хітры позірк Ёдака, вясёлыя вочы нямецкіх прыхвасняў, адразу зразумелі - падрыхтавана для іх добрая дуля, можна заварочваць, пакуль да носа не паднеслі. Доўга чакалі Вацлава, нарэшце ён з'явіўся з нейкай трэскай і ножычкам, кіўнуў пасольствам, стаў каля трона, пачаў, як дзіця, стругаць ножычкам трэску. Нашто яму ў такі важны момант патрабавалася выстругваць драўлянага чорціка, што ён жадаў гэтым падкрэсліць, на што ківаў - было няўцям. Адзінае напрошвалася тлумачэнне: дурань, стружка ў галаве, вось і разьбярыць. Яму б у цесляры, можа, і някепскі быў бы цясляр, а ён трон займае.

З'явіўся натарый, па знаку Вацлава разгарнуў пергамін і закаркаў па-нямецку: «Божай ласкай кароль рымскі і кароль чэшскі Вацлаў...» Ліцьвіны з палякамі пераглянуліся і дэманстратыўна, не развітваючыся, пайшлі з залы.

У Вацлава дзеравяка выпала з рук ад злосці.

- Куды? Чаму?

- Мы па-нямецку не разумеем, - адказаў Збігнеў Бжэзінскі. - Ідзем туды, дзе нам на зразумелай мове прачытаюць.

- А вось зараз па-чэшску аб'явяць, - сказаў Вацлаў.

- Мы і па-чэшску не разумеем, - адказаў маршалак.

- Няцяжка зразумець, - запярэчыў кароль. - Мовы аднолькавыя.

- Мовы, твая міласць кароль, гучаць аднолькава, - усміхнуўся Збігнеў, - але рознае абазначаюць. Па-чэшску, напрыклад, сядляк - той, хто землі мае, па-польску ж сядляк - той, хто мае адно шыла і робіць сёдлы на продаж.

І абодва пасольствы, ужо не азіраючыся на раз'юшанага Вацлава, пакінулі тронную залу. Але ўжо праз гадзіну ганец прывёз ім дэкрэт, напісаны па-польску і замацаваны каралеўскай пячаткай. Вусна ж перадаў запрашэнне прыбыць увечары на баль, якім чэшскі кароль адзначае свае міратворчыя намаганні, адлюстраваныя ў дакуменце. Не варта было і чытаць мярзотны твор, ды цікаўнасць прыпальвала - што крыжакі ў пустую Вацлававу галаву ўклалі. Стоўпіліся вакол стала, біскуп Альберт надзеў акуляры і пачаў чытаць услых артыкулы дэкрэта. Вушы адмаўляліся слухаць, сэрца верыць. Абраза, бессаромнасць, крыжацкая дзёрзкасць лезлі з кожнага слова.

«Кожны з бакоў, - чытаў Ястжэмбец, - застаецца пры сваіх землях і людзях, на якія мае правы на падставе граматаў рымскай сталіцы, імператараў, каралёў, князёў...» Усе слухачы люта абураліся. «Вынікае, - біў кулаком па стале Бутрым, - уся Літва і Русь належаць Ордэну! Нейкі там імператар падараваў нас Ордэну ў мінулым стагоддзі! Ці з падробных граматаў Міндоўга атрасуць пыл!» - «Выходзіць, мы на нашае Памор'е страцілі правы, - крычаў маршалак, - калі немцы Казіміра Вялікага прымушалі да саступак!» - «Хітруны! Спрытнюгі! Зладзеі! - лямантавалі паслы. - Гэтак у нас і зямель сваіх няма, на чужых жывем! Гэтак калі глядзець, дык праўда, яны - авечкі, мы - ваўкі, усё іхнае прыбралі - і Жамойць, і Русь, і палову Польшчы!»

«Ніводнаму з бакоў, - працягваў біскуп, - нельга карыстацца дапамогай няверных і нельга дапамагаць няверным у змаганні супраць другога боку...» Тут ужо так яўна выпірала жаданне раз'яднаць Польшчу з Вялікім Княствам, што ўсе дружна засмяяліся. А-а, не падабаецца проці абодвух ваяваць, страшнавата? Паасобку, пэўна, прасцей руйнаваць. Верныя, няверныя - мечы з роўнай сілай сякуць. І хто гэтыя няверныя? Літва? Ужо чвэрць веку, як ахрысцілася. Русь? Крыж з старажытных часоў носяць, як і палякі. Жамойць? Што ж самі не ахрысцілі, яна ваша была да паўстання.

Ну ды Вацлаў, маталі галовамі, ну і напрыдумляў: «Польшчы па скону караля Ўладзіслава нельга абіраць на трон ліцьвінскіх князёў, а толькі з хрысціянскіх заходніх краінаў». Гэта каго ж? Можа, сам Вацлаў марыць дажыць? Яго? У немцаў не ўтрымаўся - на польскі сталец хоча сесці. Ці Сігізмунда? Ці Ёдака? Во замахнуўся! Папам сваім так дыктаваць баіцца, як нам адважыўся. Ці не зарана? Вось выіграйце вайну, пабіце верных разам з нявернымі, калі, зразумела, пашчасціць, - тады і загадаеце, з кім сябраваць, каго абіраць, чым валодаць. А па крыжацкаму жаданню мір - за Добжынскую зямлю аддаць Жамойць, парваць вунію Княства з Польшчай, выгнаць Ягайлу, пасадзіць Вацлава - такі мір нам без патрэбы, не прымаем.

Паабураліся, палямантавалі, пакпілі з Вацлава і супакоіліся: у Празе непраўдзіва рашылі - ваяры ў полі праўдзіва вырашаць. Што на дурнаватага крыўдаваць, пойдзем на баль весела, няхай кароль і крыжакі злуюць, што мы іхны дэкрэт міма вушэй, як сабачы брэх, прапусцілі.

 

Мальбарк. 25 лютага

Ранкам ганец даставіў сакрэтнае данясенне з Вугоршчыны. Ягайла і Вітаўт праз сваяка польскай каралевы графа Цылейскага дамовіліся з Сігізмундам Люксембургскім пра з'езд, які мяркуецца правесці ў Кежмарку ў пачатку красавіка. Прачытаўшы ліст, вялікі магістр памаліўся: «Дзякуй табе, Госпадзі, што не пакідаеш Ордэн сваёй аховай. Вось новы знак тваёй міласэрнасці. Сапраўды, каго ты хочаш пагубіць, таго пазбаўляеш духоўнага зроку, каб, падобна эвангельскім свінням, цягнуліся на край процьмы. А справа Ордэна - паказаць ім прасцейшы шлях і ўбіць панізе завостраныя калы. Бо хто проці Ордэна, той проці Бога».

Вялікі магістр загадаў запрасіць да сябе вялікага комтура, вялікага маршала і скарбніка.

Адчайныя намаганні Ягайлы і Вітаўта, думаў фон Юнгінген, лішні раз сведчаць пра абмежаванасць іхнага язычніцкага розуму. Старым ваўкам адмаўляе чуццё - верная прыкмета, што хутка падохнуць. Тым больш трэба ім дапамагчы. Меч, які Бог уклаў у руку Ордэна, не можа дастаць злосных дурняў, калі яны хаваюцца па сваіх стайнях на Вавелі і ў Троках. Калі ж Бог выштурхвае іх адтуль дзеля дарэмнай паездкі, дык абавязак Ордэна задаволіць Божую прагу. Гэтыя апаганшчыкі веры, што носяць крыжы пад смуроднымі язычніцкімі кажухамі, павінны памерці. Яны не палохаюць Ордэн, яны агідныя Ордэну. Ордэн рыцараў чорнага крыжа нікога не страшыцца, яго моц памнажаюць рэліквіі апостальскай царквы: апраўленае ў золата настольнае распяцце з дрэва крыжа, на якім прыняў пакуты збавіцель; і захаваная ў каштоўную раку часцінка мошчаў святога Лібора; і шматок ад адзення Маці Божай, у якім яна аплаквала закатаванага свайго сына; і галінкі Майсеевай неапалімай купіны, і малочны зуб Марыі Магдаліны, узятай на нябёсы да падножжа Божага прастола, і часцінка мошчаў святой Кацярыны, падараная Ордэну імператарам Карлам.

Не боязь патрабуе забіць Ягайлу і Вітаўта, а завешчаны збавіцелем клопат аб хрысціянскай крыві, павага да кожнай хрысціянскай душы. Бо шмат жыццяў будзе выратавана, калі не дойдзе да вялікай бітвы, калі абедзве воўчыя зграі застануцца без сваіх важакоў. Бог, даючы Ордэну зручны выпадак, не даруе маруднасці, літасці, пакорлівага чакання. Калі абедзве зграі жылі паасобку, Ордэн мог не зважаць на іх шалёнае выццё, прыкормліваючы ці караючы кожную асобна. Але калі на мірнага падарожніка накідваюцца два раз'юшаныя сабакі, яму цяжка адбівацца. Ордэн ужо мае страты, калі адмовіўся з-за гэтай вайны ад сваёй марской магутнасці, ад перамогаў над Ганзейскім саюзам. Карысць нечаканай гібелі ў Кежмарку двух галоўных ворагаў Ордэна нагэтулькі відочная, што ў выпадку ўдачы будзе трэба збудаваць новы храм у гонар патронаў нямецкага рыцарства.

Зазвінелі астрогі - у залу ўваходзіў у цяжкім зімнім плашчы вялікі комтур Куна фон Ліхтэнштэйн.

- Даруй, брат Ульрык, калі прыпазніўся, - вымавіў комтур, - але я толькі сышоў з каня.

- Не, брат Куна, - адказаў Юнгінген, - хоць ты быў у дарозе, ты прыйшоў раней за астатніх.

Але і астатнія - вялікі маршал Фрыдрых фон Валенрод і скарбнік Томаш фон Мерхейм - ужо крочылі да яго.

- Пазнаёмцеся, што пішуць нам з Вугоршчыны, - сказаў вялікі магістр. - Тут воля Божая.

Уладарныя браты Ордэна згрудзіліся і пачалі чытаць.

Назіраючы за імі, магістр з прыемнасцю адзначаў, што кожны ўсведамляе каштоўнасць вугорскага данясення, неабходнасць рашучых учынкаў.

- Сядайце, браты, - запрасіў Юнгінген. - Справа сур'ёзная, не будзем вырашаць яе прыхапкам.

Браты паселі.

- Учора вярнулася нашае пасольства з Прагі, - паведаміў магістр. - Чэшскі кароль Вацлаў пасля даўгога роздуму і ўласцівага яму хістання выдаў падказаны яму Богам дэкрэт. Ён ставіў перашкоду вайне, і мы цалкам згодныя з яго ўмовамі. Адзінае патрабаванне да палякаў, як трапна сфармуляваў кароль Вацлаў, - адмовіцца ад дапамогі няверным і недаверкам. Хоць, браты, гэта цяжка называць патрабаваннем. Гэта заклік да выканання хрысціянскага абавязку. Слушная і тая тэза дэкрэта, якая гаворыць, што Жамойць, Літва, Русь належаць Ордэну адпаведна дароўным граматам і польскі кароль не мае на іх правоў. Бог, як вядома ўсяму свету, не ўскладаў на палякаў апостальскай місіі. Гэта справа немцаў, і Ордэн усімі даступнымі сродкамі будзе сваю місію выконваць, як выконваў яе раней, калі рымскія папы бласлаўлялі крыжовыя паходы на Жамойць і русінаў. Небу непрыемна цярпець на хрысціянскім троне Польшчы літоўскіх неафітаў, і мы цалкам падзяляем патрабаванне караля Вацлава, каб па смерці Ягайлы гэты трон займалі князі заходняга выхавання, з сем'яў, што наўмысна створаны Богам для выканання каралеўскіх абавязкаў. Так, з Божай ласкі, робіцца ва ўсіх краінах, так павінна быць і ў Польшчы. Але, на жаль, браты, гэтыя сціплыя ўмовы палякі і ліцьвіны адкінулі. Яны прагнуць вайны. Яны яе атрымаюць. Ордэн доўга цацкаўся з імі, настаў час выправіць памылкі мінулага. Стрыечныя браты збіраюцца ў Кежмарк. Ордэну залічыцца заслугай, калі там скончацца гэтыя два шкодныя для міру жыцці.

Браты згодна нахілілі галовы.

- Адна хвіліна, - працягваў Юнгінген, - будзе раўназначная ўсёй вайне. Гібель двух каранаваных язычнікаў здымае з Ордэна цяжкі груз выдаткаў і клопатаў, адразу разбурыцца ненатуральны саюз Польшчы з Вялікім Княствам. Ворагаў Ордэна ахопіць міжусобная свара. Ні ў Кракаве, ні ў Вільні няма князя, здольнага ўзяць польскі трон. Хто здольны, хто мае кіраваць Польшчай, будзем вырашаць мы. Нарэшце, неспадзяваны скон Ягайлы і Вітаўта ў Кежмарку, прыкладам, ад атручэння рыбай, не кіне ценю на Ордэн. Дробныя непрыемнасці, якія прынясе гэтае здарэнне вугорскаму каралю, можна ўраўнаважыць некалькімі тысячамі фларынаў.

- Ён атрымаў трыста тысяч, - сказаў скарбнік. - Трыста тысяч яму, шэсцьдзесят тысяч Вацлаву за дэкрэт, а наперадзе аплата дзесяці тысяч наймітаў.

- Ну, калі кароль і князь знікнуць, - адгукнуўся Валенрод, - найміты не спатрэбяцца. Ды і Сігізмунду яшчэ не плацілі, абыйдзецца меншым.

- Дзеля справы Ордэна, - узвысіў голас вялікі магістр, - кожны з нас, браты, гатовы ахвяраваць жыццём. Ці варта разважаць пра фларыны? Няхай цешыцца імі распуснік Сігізмунд. Я не супраць даць яму ў паўтара раза болей, толькі б у Кежмарку здзейснілася Божая воля.

- Думаю, браты, што гэта будзе няпроста, - ахаладзіў магістра вялікі комтур. - І Ягайла, і Вітаўт запатрабуюць ад Сігізмунда ахоўныя граматы. З кожным будзе почат тысячы з паўтары. Кожную хвіліну і ўдзень, і ўначы іх будзе абкружаць кола паноў і баяр. Ні той, ні другі не п'юць, любая страва будзе праверана на людзях і сабаках, смяльчак, які выхапіць меч, будзе тут жа пасечаны ў капусту. Адзінае выйсце - атачыць Кежмарк і вынішчыць палякаў і літву пагалоўна. Але Сігізмунд на такі правільны ўчынак не пагодзіцца.

- І што, брат Куна, ты прапануеш? - спытаў Юнгінген.

- Бог не даў Ягайлу наступніка, - адказаў комтур. - А яму шэсцьдзесят гадоў. Няхай жыве. Дастаткова знішчыць Вітаўта, што нашмат прасцей, чым замахвацца на абодвух. Наколькі я ведаю ліцьвінскія дарогі, князь паскача з Вільні на Берасце, а далей на Люблін. Можна выслаць дзве-тры харугвы ў засаду ці напасці на князя, калі ён спыніцца на начлег.

- Да Берасця чатыры пераходы, - аспрэчыў Валенрод, - прайсці іх непрыкметна немагчыма.

- Што ж, можна чакаць Вітаўта пад Слонімам. Два пераходы ад нас. Рыцараў можна апрануць у ліцьвінскія кажухі. У дадатак дзёрзкі наезд і разбурэнне Слоніма саб'юць пыху.

- А што думае брат Фрыдрых? - спытаў магістр.

- Згаджаюся з братам Кунам.

- А брат Томаш?

- Не ведаю, - паціснуў плячыма скарбнік. - Вітаўту часцяком дапамагае д'ябал, і цяжка паверыць, што ён пападзецца ў такую простую пастку, як дарожная засада. Трэба выслаць дзесяткі людзей на дарогі і ў гарады, каб сачыць шлях князя, трымаць дзесяткі ганцоў. Занадта складана.

- Зразумела, няпроста, брат Томаш, - пагадзіўся вялікі комтур. - Ды што рабіць? І потым, браты, мне не верыцца, што стары ліс Ягайла, з яго падазронасцю, недаверам і лянотай, выправіцца ў гэтую рызыкоўную вандроўку. Не трэба сумнявацца: калі мы думаем аб ім, дык і ён думае аб нас, аб тым, што задумаюць на яго Ордэн ці Сігізмунд. Упэўнены, ён адшукае падставу застацца ў Вавелі.

Цяжка было запярэчыць вялікаму комтуру, і браты нейкі час маўчалі.

- Аднак што атрымліваецца? - перапыніў роздум Мерхейм. - Мы аплачваем Вацлава па тысячы за кожнае слова, а нашыя лівонскія браты спачываюць. Нібыта іх не датычыць. Нібыта Вітаўт ніколі не ездзіў на памежжа ў Біржы, на паляванне ў Жамойць. Нібыта мы абавязаныя, а яны не. З месца не скрануцца па сваёй волі.

- Так, хітруюць, - падтрымаў Валенрод. - Думаюць адседзецца за нашымі спінамі. Яны і летам ад вайны адвернуцца. Сядзяць у сваіх замках, як куры на яйках. Толькі квохчуць. Нічога з іх.

- Можна і лівонцаў зразумець, - заступіўся магістр. - Возьмем моцна Жамойць - пасмялеюць. А зараз што? Яны асобкам. Кіне на іх Вітаўт харугвы - нічога не застанецца. Нам і горш. Ім Вітаўта шукаць, секчы, што ў пастку галавой лезці. Пра іх пасля памяркуем...

Раптам Куна фон Ліхтэнштэйн засмяяўся, быццам ўхапіў, нарэшце, выратавальнае рашэнне.

- Будзе нават добра, калі Вітаўт паедзе да Сігізмунда адзін, - сказаў комтур, пагладжваючы бараду. - Прыгадаем, браты, Салінскі мір, калі баярская свалата загукала: «Слава Вітаўту - каралю Літвы і Русі!» Тады, кажуць, моцна ўзрадаваўся. Дык вось: няхай Сігізмунд прапануе яму каралеўскую карону, з той, аднак, умовай, каб парваў вунію з Ягайлам і ніколі не пісаў і не казаў «дзедзіч Жамойці». Жамойць - ордэнская зямля.

- Што ён, дурны, сунуцца ў такое сіло? - усумніўся скарбнік.

Валенрод пакрывіўся.

- Браты, пра што мы гаворым? - заклікаў ён. - Якую карону? Каму? Не бачу лепшага выйсця, чым спаліць Кежмарк разам з Вітаўтам і Сігізмундам. Ніякіх выдаткаў, толькі на салому.

Вялікі магістр пляснуў у далоні:

- А што, брат Фрыдрых, маеш рацыю! Мне гэта падабаецца! Меч, нож, стрэлы, атрута - гэта яны ўлічаць і паклапоцяцца. Але Вітаўту ў галаву не прыйдзе, што яго можна жыўцом спаліць. Але ж, вядома, не павінен пацярпець кароль Сігізмунд. Таму зробім такім чынам: двума штандарамі наскочым на Вітаўта па дарозе з Вільні ў Берасце. Ці згодны ты, брат Фрыдрых, павесці гэтыя штандары на Літву?

- З прыемнасцю! - адгукнуўся вялікі маршал.

- Калі ж Вітаўт уратуецца, - развіваў план магістр, - сустрэнемся ў Кежмарку. Няхай Сігізмунд прапануе карону. Пагодзіцца - злітуемся. Калі адмовіцца ці пачне хітраваць, падпалім горад і ў мітусні князя заб'ём. Для гэтага прыйдзецца наняць мясцовых збояў.

- Брат Ульрык, няўжо ты лічыш магчымым, - здзівіўся Валенрод, - адкрыць Сігізмунду гэтую задуму?

- Чаму б не? Вядома, у агульных рысах.

- Ці пагодзіцца ён на падпал горада?

- За грошы ён маці родную спаліць, а ўжо нейкі Кежмарк сам абкладзе дровамі, - сказаў магістр, але адразу і завагаўся:

- Хаця, лепш не пужаць яго. Як ты мяркуеш, брат Томаш?

- Можна паспрабаваць. Будзе Бог ласкавы - зробім.

Пазіраючы на братоў, вялікі магістр супакойваўся сэрцам. Заўтра кола замаху запрацуе: пайдуць на Русь купцы і старцы, павязуць лісты на нямецкія двары ў Вільні і Берасці, паімчаць ганцы ў Вугоршчыну, брат Куна выправіць здольнага чалавека ў Кежмарк, кола пакоціцца і расплюшчыць аднаго з ворагаў. Уздыхне заспакоеная зямля, і з палёгкай уздыхне Ордэн. Застануцца без літоўскай памогі палякі і атрымаюць належнае пакаранне...

Ульрык фон Юнгенген падняўся і склаў на грудзях рукі для малітвы. Браты наследавалі вялікаму магістру.

 

Двор Былічы. Наезд

У той самы дзень, калі выправіліся да цудатворнага абраза сястра з маці, Мішка Расевіч паехаў наведаць Вольгу. Перасякаючы шлях, па якім пайшоў у Горадню абоз, бачачы санны след, узрыты мноствам капытоў снег, уяўляючы гэты шумны поезд у полі, у імклівым, звонкім руху, Мішка адчуў гарачы ўдар крыві ў сэрца, шчыра ўсхваляваўся пачуццём, што і сам, падобна сястры, выправіўся зрабіць важную жыццёвую справу, вымавіць і пачуць словы, якія абазначаць змену лёсу.

Упершыню пасля хваробы седзячы конна, Мішка хутка стаміўся, рана разнылася, і ён міжволі прыгадаў словы Кульчыхі, што раней Вялікадня яму конна не ездзіць. Мішка злез з каня і пайшоў пешкі, суцяшаючы сябе думкай, што і Кульчыха заўсёды пехатой ходзіць, і стары лірнік добра абыходзіцца без каня. Ён нават развесяліўся, што ідзе ў госці да любімай, на важную сустрэчу, як нейкі старац. І калі ён, наскрозь прамерзлы, дапяў двара, стукнуў у вароты і нейкі голас запытаў: «Хто?», ён паўжартам адказаў: «Падарожны!» Над частаколам высунулася галава Рудога, і хутка яго сустракала Вольга.

У хаце Мішка скінуў кажух, хацеў прысесці на лаўку і раптам, слухаючы падказкі сэрца, ступіў да Вольгі і пяшчотна, беражліва яе абняў. Ён адчуў, як яе цела расслабляецца, як яна туліцца да яго, як плача, і прытуліў яе, як няшчаснае дзіця, якое прагне даверыцца і атрымаць абарону. Яны стаялі ў гэтых нямых абдымках, водзячы пальцамі, як сляпыя, па тварах адзін аднаго, у тым асаблівым шчасці, якое могуць адчуваць родныя людзі, што адшукалі адзін аднаго пасля шматгадовых бедстваў. Ён зазірнуў ёй у вочы:

- Пажэнімся, Вольга!

Яна кіўнула і прыціснулася да яго са слязамі жальбы і любові.

Потым Вольга сказала.

- Трэба дачакаць год. Тры месяцы толькі, як Даніла памёр.

- Дачакаем, - супакоіў Мішка. - Што год, калі жыццё жыць разам.

Ён сеў на лаўку, яна - мітусілася, радасная, прыгожая, сарамлівая. Мішка зачаравана за ёй назіраў.

- Хадзі сюды, - паклікаў ён.

Калі яна села побач, шчыльна тулячыся да яго плячом, уздрыгваючы ад гэтай блізкасці, ён пачаў шаптаць, як думаў пра яе ў хаце Кульчыхі, як яна снілася яму, як упершыню ўбачыў яе на замчышчы ў Ваўкавыску, а потым убачыў нявестай - тады сэрца пачало смуткаваць, ён зразумеў, што любіць яе, і зайздросціў Данілу...

А Вольга адкрылася, што ніколі не была шчаслівая, гады прайшлі ў маркоце, і на вяселлі, калі ўбачыла яго тут, у адзіны міг зразумела, што загінула, а жыла потым, каб хоць зрэдку бачыць яго, думала аб ім, уяўляла яго побач з сабой, вось як зараз, марыла ісці з ім па дарозе, кудысьці далёка, доўга; яна так хоча літасці, так напакутавалася, бо мала хто ведае, якая гэта пакута для душы - чакаць, жахаючыся, што заўтра, сёння, хутка з'явіцца нялюбы чалавек і будзе тут хадзіць, злосна пазіраць, дакараць; яна не з цярплівых, не з пакорных, але нешта ўтрымоўвала, спадзея ўтрымоўвала, што ўбачыць яго, што надарыцца ёй шчасце, не скончылася жыццё, не ўсё яшчэ зацягнулася змрокам. Няхай ён не думае, што яна без сэрца, бо ён і не ведае ўсяго, што тут выцерплена за час гэтага палону; калі яна сустрэла іх, параненых, на дарозе, хацелася да яго сесці на калёсы, рукамі б рану гаіла, сэрца крывёй аблілося, калі ўбачыла яго, знясіленага ў цень. Данілу шкадавала, а думала пра яго, пра Мішку, думкамі побач была, можа, Даніла і памёр, што яна ў сэрцы за яго жыццё не малілася.

Мішка адказваў: прайшлі бедствы, забудзецца мінулае, цяпер ім будзе шчасце, яна напакутавалася, ён насумаваўся, будуць любіць і радавацца адзін аднаму, ён - ёй, яна - яму. Шкада, што чакаць год, але мусяць дачакаць, каб ёй ясна было на душы, а ўвосень ён вернецца з паходу і возьме яе, яны назаўжды будуць разам. Вольга плакала. «Нашто гэты паход, Міша? Не хачу я, каб ты ў паход!» А ён казаў: «Нічога. Гэта не сама горшы. Былі такія, калі сумленне сваё губілі, а тут проці крыжакоў».

І зноў кожны згадваў дарагія, сама важныя імгненні з сваёй даўніны, у якіх адкрываўся ім цяпер іхны лёс, іх даўняя любоў, іх прызначанасць адзін для аднаго. Вольга апавядала: «Вось іду лугам, ведаю, ты ў паходзе, недзе едзеш конём па чужых землях, бачу, слёзкі растуць, сарву і сама заплачу, думаю, і ён бачыць недзе там такія слёзкі, няхай падумае пра мяне, і быццам бачу цябе скрозь прастору, і смутак мне, і радасна думаць пра цябе. Лягу на траву, вочы пучком слёзак закрыю, і мае слёзы цякуць, і добра мне ад іх...» І ён апавядаў: «Уночы ляжу ля вогнішча, коні пасвяцца, таварышы спяць, а я не засынаю, гляджу на зоркі, а іх як зерня - і дробныя, і буйныя, і яркія, усе мігацяць, думаю, дзе Вольгава, дзе мая зорка, думаю, вось гэтая - мая, а тая - твая, і смуткую, што яны не побач, а тады выберу дзве зорачкі парай і радуюся - вось нашы. Раптам знічка нясецца, я загадваю: мая Вольга. А калі дадому вяртаўся, заўсёды хацелася ўлева павярнуць з раздарожжа - да цябе, а не ўправа - да бацькоў...»

Так, не варушачыся, не крануўшы ежы, гаварылі бесперапынна, пакуль не насталі прыцемкі. Усё мусілі выказаць у чысціні першага прызнання; трэба было пачуць усе словы, што маглі быць вымаўлены раней, калі б склалася па-іншаму жыццё, тыя словы, што назапашваліся за шматгадовую разлуку ў снах, малітвах, мроях. Калі зусім звячэрала, Мішка перамог сябе і падняўся:

- Паеду, Вольга. Хутка свята, убачымся.

На вадохрышча Мішка, Соф'я, стары баярын выбраліся ў Ваўкавыск. Каля царквы сустрэлася ім Вольга. Стары Расевіч, згадаўшы пра Юрку, які быў зараз у Горадні з Аленкай і Марфай, сам Вольгу і гукнуў: «Будзь з намі!» У царкве Мішка і Вольга, сціснутыя натоўпам, узяліся за рукі, як на вянчанні, толькі тую адчувалі горыч, што была Вольга не ў вянку, а ў чорнай удовінай хустцы. І на абед да Ваўковічаў пайшлі разам. І разам вярталіся з горада. Мішка і сядзеў з Вольгай у вазку. Да самога раздарожжа цягнуліся шчаслівыя хвіліны. «Хутка прыеду!» - шаптаў ён. «Кожны дзень чакаю!» - адказвала Вольга.

Але праз два дні, пад вечар, калі Мішка з бацькам гулялі ў шахматы, а Соф'я і цётка Малуша пра нешта шапталіся пад буркатанне верацяна, пачуўся на двары Гнаткаў голас. Лётам вылецелі з хаты: Божа, здзейсніўся цуд - Аленка сама сваёй сілай з саней сыходзіць, да іх крочыць, няпэўна яшчэ, хістаецца на нядужых нагах, але ж ідзе, ідзе. Аднак і нейкая трывога ўсіх апанавала: Гнатка ля саней стаіць, на санях Юрка ляжыць, конных парабкаў няма, маці няма. І раптам Аленка кінулася на калені: «Татачка! Соф'я! Мамку нашу забілі!»

Не смерць страшыць - яна кожнага чакае. Страшыць смерць неспадзяваная - яна лёс адкрывае. Гаротны лёс і пужае: дзе мроілася шчасце - апынулася смерць, замест светлага свята трэба памінаць. Вось знікла ў нёманскай вадзе маці, і адкрылася замагільная бездань, дзірка ў ледзяны змрок, куды падаюць жыцці, пакутліва адрываючыся ад жывых. І трэба пастаяць на краі гэтай бездані, і сказаць сабе няпростую для душы праўду, прыняць на сябе віну, дастойную такой смерці, пасаромецца за сваё жыццё, калі другое абарвалася ўжо навечна.

Стары Расевіч вінаваціў сябе, што не паехаў разам з жонкай, даверыў яе абознай ахове, і яна аказалася без абаронцы пад мечамі крыжакоў, гукала яго, аддала сябе за Аленку, а ён жыве і ў час яе смерці святкаваў у Ваўковіча.

Мішка бедаваў, што застаўся дома з-за нядужасці, сваё шчасце адшукваў, у царкве ўяўна з Вольгай вянчаўся, а маці ў гэты час са смерцю павянчалася на нёманскім лёдзе. Прыгадалася яму, як яны з Гнаткам ўпіхвалі ваўка мордай ў акно, бабы ў хаце вішчэлі ад жаху, а маці клікала яго на абарону: «Мішка! Ратуй!», і ён ускочыў у хату з падманным здзіўленнем: «Што, мамка?» І яны з Гнаткам таго ваўка закалолі, а казалі, што забілі, і лічыліся выратавальнікамі. І прыгадаліся яшчэ словы Кульчыхі пра вялікі страх для Аленкі. Вось які патрэбны быў страх - праз ўсё жыццё не забудзешся.

А Гнатка вінаваціўся, што не здолеў вывезці Марфу з сечы, павінен быў забраць ад Раговіча ў свае сані, але хто б тады Аленку абараніў? Юрка добра кіраваў, а хто б адбіваўся? І як было ў той мітусні ўсё ўгледзець, усё добра зрабіць? Імгненні вырашалі. Трэба было вярнуцца да Марфы, біцца каля яе і легчы побач, але Юрку паранілі... І нібыта ўсё зразумела, і зрабіў усё магчымае, і выратаваў Аленку, але ўсё роўна немагчыма сабе дараваць: мусіў абараніць - пад яго ахову аддалася, яго моцы даверылася. Грэх і пакута да канца веку.

Аленка праклінала сваё выздараўленне; такой цаной гэты цуд акуплены, што не хочацца ні хадзіць, ні стаяць, зробіш крок - а ў вушах гучыць развітальнае слова маці: «Дачушка!» Маці жыццё дала і сваё жыццё на яе здароўе абмяняла - як радавацца? А Соф'я плакала, што маці няма, апусцела без яе хата, не гучыць яе голас, не пачуецца яе смех, няма каму паведаць свае пачуцці, няма да каго прытуліцца; прыедуць сваты, збяруцца на заручыны людзі - ужо не парадуецца маці, як марыла, не блаславіць, і развітацца з ёй не развіталіся, ад'ехала на санях у марозную ноч, асіраціўшы ўсіх родных...

Ранкам, пасля бяссоннай адчайнай ночы, вырашылі ехаць у Ваўкавыск - прывезці нядобрую вестку і памаліцца ў царкве за маці і ўсіх астатніх, каго прыняла разам з ёю нёманская іардань. Юрка папрасіў адвезці яго да сястры.

Прыгалублены, супакоены Вольгай, напіты і наеты Юрка ўпершыню за апошнія дні моцна заснуў. Вольга сядзела каля брата, смуткуючы аб ім, Расевічах, Мішку, якога разлучаюць з ёю тыдні скрухі. Ёй стала страшна, што прыйдзецца сядзець у адзіноце ў гэтай абрыдлай хаце; Юрка падымецца, пойдзе ў Ваўкавыск, а яна зноў будзе адна... Паеду з Юркам, думала яна. Што гэты двор, што рабіць тут? Чужы ён, не тут ім з Мішкам жыць, час забыць яго, вызваліцца для новага жыцця. А там, у бацькоўскай хаце, вернецца на сваё дзявочае месца, адтуль пайшла яна ў няшчасце, адтуль і да шчасця трэба ісці. І Юрку будзе даглядаць. І Мішка цяпер часта будзе ў царкву прыязджаць з роднымі, яны пагрэцца, паразмаўляць прыйдуць...

Вольга адкрыла куфар, пачала выкладаць хусцё, адзенне, бялізну, адбіраючы сваё.

Але тут недарэчы з'явіўся стары Быліч.

- Дабро ўглядаеш? - спытаў ён, павітаўшыся, і па голасе, па вачах свёкра Вольга адчула ў ім затаеную варожасць, засяроджанасць на нейкай злоснай думцы.

- Распранайцеся, пагрэйцеся, - прапанавала Вольга.

Свёкар адмовіўся:

- Я мімаходзь!

Ён нечага вагаўся, не ведаў, з чаго пачаць.

- Спіць? - кіўнуў на Юр'я.

- Спіць.

Стары ўсё ж прысеў на лаўку, памаўчаў, перасіліў няёмкасць і наважыўся распачаць сваю справу.

- Сядай, Вольга. Стоячы не размова.

Яна села насупраць Быліча.

- Ты не крыўдуй на нас, - сказаў стары лагодна. - Хутка наш Сцёпка ажэніцца, застанемся мы са старой адны... Дык мы падумалі: пераходзь да нас. Разам будзем жыць, усё весялей будзе... Усё ж гэты двор я Данілу даў, калі вы пабраліся. А яго няма... Каму ён дастанецца? Няхай Сцёпку, брату... Ты маладая, не векаваць жа табе ў адзіноце...

- Бярыце, - глуха сказала Вольга. - Ужо я і збіраюся. Нічога вашага не вазьму...

Стары шчыра ўзрадаваўся такой хуткасці і лёгкасці згоды і не ўтрымаўся апраўдацца:

- Я разумею, табе горка слухаць, але і мне балюча такое казаць. Ды што зробіш, такі звычай, калі дзяцей няма. Былі б у вас дзеці, тады іншая справа, яны бацьку наступнікі. Сама ведаеш, праўду кажу...

Гэтыя словы старога імгненна раз'юшылі Вольгу.

- Дзяцей не было! - крыкнула яна старому ў вочы. - А хто вінаваты? Ці ты не бачыў мой жывот? Ці не твой Даніла збіў мяне, не тут загінула дзіця, не гэтая падлога маёй крывёй была палітая? А цяпер прэч за вароты - дзяцей не было! Дарэмна ты пра дзіця згадаў. Сама хацела пайсці, вось, глядзі, збіралася. А зараз не пайду. Гэтае ўсё дзіцёнку належыць, якога Даніла забіў. Я тут столькі наплакала, што ўсё наскрозь маімі слязамі намокла. Хочаш двор - прыйдзецца табе яго мечам браць. Я ў беднасці расла, і далей буду ў беднасці жыць, але крыўдзіць сябе не дазволю. Я - гаспадыня, па сыне наступаю, захачу - пайду, захачу - застануся.

- Не ваша з Юркам, каб ты тут валадарыла, а ён спаў, - злосна вымавіў Быліч. - Я нажываў, сабе і вяртаю.

- Возьмеш, калі аддам.

- Можа, і мужа новага сюды прывядзеш?

- Захочацца - прывяду. Цябе пытацца не буду.

- Ну, глядзі, - падняўся стары, - не згаджаешся дабром, вазьму сілай.

Ён выйшаў, паваліўся ў вазок, апёк пугай каня і ад'ехаў.

Вольга падышла да брата - ён спаў. Дзякаваць Богу, не чуў, падумала яна з палёгкай. Нельга слухаць такія спрэчкі. Што яму гэты двор? Што ёй гэты двор? Дзіця бярвеннямі не заменіш. Аднаго хочацца: забыцца на тыя гады. Нічога не зразумелі, хоць і Данілы няма. Як быў сквапны, так і застаўся. Запалілася - назад узяць. Думаюць, бяссільная, слабая, без абаронцы - адымем. Ці да іх ісці: гатаваць ім, кланяцца, што прытулілі, далі кут за печкай. Ужо не! Не трэба двара, на Вялікдзень пакіне. А яны няхай чакаюць. Яна не распусніца, якую муж выганяе, яна тут пакутніца была. І дзе жыць - сама вызначыць.

Праз тыдзень Юры паздаравеў і пайшоў у Ваўкавыск да айца Фоція, і гэтыя дні правяла Вольга ў бадзёрасці і спакоі. Брат адкрыў ёй сваю мару аб Аленцы, яны падоўгу размаўлялі пра яе, і ён спрабаваў далучыць Вольгу да гадання: адмовіць яму Аленка, калі ён пасватаецца, ці дасць згоду? «Ды чаго ж цярпець, гадаць, праз чужых людзей даведвацца, - павучала брата Вольга, - сам спытай; табе можна, вы не чужыя, разам ад смерці ратаваліся, яна табе праўду скажа. Скажа «не» - і сватоў пасылаць не трэба, скажа «так» - дык сваты проста для звычаю спатрэбяцца. А што адкажа - ніхто ведаць не можа. Пакуль не спытаеш - не адкрыецца». - «Як жа пытацца, - казаў Юры, - толькі маці страцілі». - «Ды хіба гарыць! Гадамі чакаюць людзі, - казала Вольга, думаючы пра сваё і Мішкава чаканне. - Не на месяц людзі жэняцца. Пройдуць саракавіны, прызвычаяцца ўсе да бяды, азірнуцца на сябе - тады і спытаеш, на яе спакойную думку». Аднак і сама аднойчы не вытрымала, паведала, што вырашылі з Мішкам Расевічам пажаніцца. І каб брат усё зразумеў, не падумаў кепскага, пашкадаваў яе, расказала сваё жыццё ў замужжы за Данілам. «А я сляпы быў, - павінаваціўся Юры, - думаў, ты шчаслівая!» І ўсталявалася паміж братам і сястрой даўняя блізкасць, вярнулася радасць веры, што кожны з іх адзін для другога той адзіны чалавек, які ўсё зразумее і прыме і жадае другому дабра. На расстанне Вольга сказала Юр'ю: «Праз месяц прыеду. Назаўжды». Ён запаліўся: «Нашто чакаць? Паедзем сёння! Удваіх так хораша!» - «Не настойвай, - уздыхнула Вольга. - Нельга раней!»

Пасля саракавінаў, на другі дзень, як Вольга і чакала, прыехаў Мішка. Увайшоў - для яе адразу свет прасвятлеў. У вочы адзін другому паглядзелі, абняліся - вось і шчасце, і вечнага жыцця не трэба, толькі б з такім пачуццём хоць год пражыць. Усё мінулае забылася б.

Селі да стала. Вольга любавалася Мішкам, падабалася ёй, як ён глядзіць, як усміхаецца, як гаротна апавядае пра маці і шкадуе бацьку, радуецца за Аленку, ухваляе Юрку, як з пяшчотай гаворыць пра Кульчыху - прыходзіла паглядзець на Аленку, і аб сваіх, насуперак сямейнаму гору, снах.

Зноў сядзелі да ночы. Недзе далёка завылі ваўкі, пабрахалі дварнякі, цвыркун завёў сваю песню, патрэсквала смалой лучына... Не хацелася разлучацца: яму - ехаць зімовай дарогай, ёй - адпускаць яго ў начную цемру. Абняўшыся, стаялі каля парога, шапталіся аб новай сустрэчы. Ён раптам адхіляўся: «Ну, пайду!» Ці яна казала: «Ну, ідзі, позна!» І зноў туліліся адзін да аднаго... І свет, па дзіўнаму закону якога ім трэба было зараз развітвацца, аддаляўся ад іх, засланяўся, забываўся, і падпарадкавала іх сабе галоўная праўда - іх любоў, біццё іхных сэрцаў, якія прагнулі шчасця.

Мішка ступіў да печы, падуў на лучыну, яна не згасла, ён выцягнуў яе з шчыпца і ткнуў у ваду. Стала цёмна. З шоргатам упала адзенне, і ўсё даўняе, былое, усе клопаты, сумненні, цвярозасць - усё знікла; яны апынуліся ў сваім яркім свеце, дзе пачуцці - заклад вернасці, чысціні і веры...

Была глыбіня ночы. І раптам ім пачуўся далёкі тупат мноства коней, і ён гучнеў.

- Да нас? - здзівілася Вольга.

- Падобна на тое, - сказаў Мішка.

Яны яшчэ паслухалі і пераканаліся, што скачуць да іх. Не запаляючы агню, яны адзеліся. Тады Вольга запаліла лучыну. Мішка падперазаўся мечам і сеў да стала. «Свёкар», - падумала Вольга. Забрахалі сабакі. У вароты загрукалі. Хутка прыспаны парабак запытаў: «Хто?»

- Адчыняй! - гукнулі яму. - Данілаў бацька!

Вольга выйшла з хаты. Парабак браў на ланцуг сабак. За варотамі размаўлялі. «Божа, чаго ён хоча? - думала Вольга. - Нашто пры Мішку»?

- Адчыняй! - загадала Вольга парабку.

Чалавек з дзесяць вершнікаў уехалі ў двор і саскочылі з коней. Вольга пазнала Сцёпку, Верашчакаў Пётру ды Ягора; і Руды быў сярод іх, хоць днём, па прыездзе Мішкі, бачыла яго на двары. «Вось яно што, - уразумела яна. - Руды данёс».

- Памятаеш, Вольга, я цябе па-добраму прасіў, - пагрозліва падступіў да яе стары Быліч. - Ну, паказвай госця свайго.

«Што будзе, тое будзе! - падумала Вольга. - Пачнуць біцца, вазьму сякеру, памру з Мішкам».

- Заходзьце, - сказала яна і першая ўвайшла ў хату.

Яны пераступалі парог, тоўпіліся каля дзвярэй і віталіся. Мішка адказваў: «Здароў, Пётра! Здароў, Ягор! Здароў, Рымша!» Вольга стала ля печы, косячыся на бліскучае вастрыё сякеры.

Усе нялоўка маўчалі. Нарэшце стары звярнуўся за Мішкі:

- Чаго дома не спіцца?

- У госці заехаў. А што?

- А тое. Нядобра начаваць у хаце ўдавы. Усё ж нявестка мая. Раптам крыўда якая?

- Што я, злодзей - удаву крыўдзіць?

- Раптам мне будзе крыўда?

- А табе якая крыўда?

- Года не прайшло, - сказаў стары, - а ўжо тут госці начныя.

- Не разумею цябе, - змрачнеў Мішка. - Вось і вам усім па хатах уначы не сядзіцца. Шукаеце каго? Ці як?

- Можа, і шукаем, - не адступаўся стары. - Усё ж, адкажы: што табе тут рабіць пасярод ночы?

- Вы што, гнаць мяне прыбылі? - усміхнуўся Мішка. - Наезд! І вы, Верашчакі, не паленаваліся? Што, крыўда ў вас на мяне? Вы ж хлопцы не пужлівыя, нашто вам гуртом?

Ягор пакрывіўся.

- Вось, - паказаў на старога, - прыбег: дапамажыце, нявестка гонару не хоча трымаць, малойцаў прымае. Тваё імя не называў. Ведалі б, што ты, не паехалі.

- Нашто, стары, Вольгу ганьбуеш? - спытаў Мішка і падняўся. - Не сорамна?

- У самотнай удавы госці золак не сустракаюць. Табе даўно да дому час. Вось і выбірайся, хлопец, не трымаем, у нас з нявесткай свая размова ёсць.

- Ты, дзядзька Быліч, што, выпіў? - сказаў Мішка. - Сутычкі шукаеш? Пра Вольгу запомні: яе брат нашу Аленку ўратаваў, так што яна для нас цяпер як сваячка. Крыўдзіць яе не дазволім.

- Бачу, што сваячка, - асклабіўся стары і крыкнуў на Вольгу:

- Збірайся! Да нас павязем! Паспяшай! А тое сілай!

Мішка павольна падступіў да старога.

- Сілай? Ну, паспрабуй! - і аб'явіў як зарок:

- Яна ўдава, але праз год жонкай маёй будзе. Абараняю яе як жонку. Хто пальцам кране - заб'ю.

- Так! - перадзёрнуўся стары. - Разумею, што тут робіш, якое між вамі сваяцтва. Дай ёй кажух, - кіўнуў ён сыну.

Той без ахвоты зняў з тырчка кажух і ступіў да Вольгі.

Мішка махнуў кулаком, і Сцёпка прыліп за сцяны. З разбітай губы цякла кроў.

Бліснулі выцягнутыя мечы.

- Самі разбірайцеся, - сказаў раптам Ягор Верашчака. - Мы дамоў. Бывайце!

Браты выйшлі, а за імі выйшлі іх парабкі.

- Ну што, усё я растлумачыў? - спытаў Мішка. - Што яшчэ?

Рашучасць старога з адыходам Верашчакаў прыкметна саслабла.

- Ужо гаспадарыш, - крыўдаваў ён, - у чужой хаце. А яна наша!

- Вам і застанецца, - адказаў Мішка. - У мяне свая ёсць. - І засунуў меч у похву.

Быліч раптам абязволіўся, прайшоў да лаўкі і цяжка, як хворы, сеў.

- Эх, жыццё! - уздыхнуў ён. - Дым! - і заплакаў.

- Ты чаго, дзядзька Быліч, - пашкадаваў старога Мішка.

- А-а, усё пустое, - вымавіў стары. - Быў двор, быў сын, жыў Даніла - дзе ўсё? Пуста, Мішка. Што мне двор! З сабой не возьмеш. Так, чапляюся...

Сумнае маўчанне ахапіла ўсіх. Пра што гутарыць: ніхто ў смерці не вінаваты, ніхто ў жаданні жыць не вольны і з-за чужога смутку сябе ў ахвяру не прынясе - няма адной праўды, а розныя праўды не сябруюць.

Стары пасядзеў, суцішыўся і безуважна, не развітваючыся, пайшоў з хаты. Пачулася іржанне коней, мітусня пасадкі - і наезд пакінуў двор, каб больш ніколі сюды не наязджаць.

Ранкам Мішка запрог каня і адвёз Вольгу ў Ваўкавыск да брата.

 

Ваўкавыск. Вербная нядзеля

Міналі нясцерпныя для Соф'і дні чакання Андрэя. Ужо блізілася Вербніца, ужо маглі ў любы час прыбыць госці. Уначы, тулячы да сэрца падараваны Андрэем складзень, марыла, што на Вялікдзень, калі ў царкве айцец Фоцій вымавіць... «Адзін аднаго абнімем, браты і сёстры, пацалуем!» і ўсе пачнуць цалавацца, яна таксама пацалуецца з Андрэем, а потым падарыць яму святочнае маляванае яйка... Сэрца абмірала ад блізкасці шчасця.

Увечары, седзячы з сястрой за кудзеллю, уздрыгвала пры кожным стуку дзвярэй, а пачыналі брахаць сабакі - пража валілася з рук, прасіла бацьку: «Татачка, едуць, сустракай!» Стары баярын, саступаючы сыну на шахматным полі, злаваў: «Ты ўжо зусім здурэла. Высахла ад сваёй любові - брыдка глядзець». А Мішка, прымушаючы саромецца, усміхаўся: «Здароўе, сястра, беражы! На мядовы месяц добрае патрэбна здароўе!» - «Ужо ты б змоўк! - бурчаў на яго бацька. - Сам чаго нарабіў? Сорам страцілі! Была б маці жывая, як бы ў вочы ёй глядзеў?»

Аленка таксама жыла блізкасцю Вялікадня, таго прасвятлення, якое прынясе ёй гэтае свята. Пасля сарака дзён скрухі, пасля прызнання Мішкі перад людзьмі аб сваёй любові да Вольгі, рашэнні ажаніцца пасля паходу Аленка, бачачы хваляванне сястры, сама часам задумвалася аб сваёй будучыні. Неўзабаве яна адчула недахоп побач з сабою Юр'я. Яна прыгадала, як аднойчы Гнатка ўхваляў Юр'я перад бацькам, кажучы, што хлопец рыхтуецца ў папы, а нарадзіўся ваяром - рэдка хто ў першым баі не страчвае розум, не жахаецца, а ён не страціў. Паўстаў у памяці горкі ўспамін: як там, на нёманскім лёдзе, ён наваліўся на яе, а яна драпала яму твар. Цяпер ёй адкрылася праўда: ён сваёй спінай закрыў яе ад стралы. Ёй хацелася яго ўбачыць - ён не прыязджаў. Яна не крыўдавала, разумеючы падставы: адхадзіў ад раны, сястра перайшла да яго. І ўсё ж Аленка чакала, сэрца падказвала ёй, што Юры пра яе думае і абавязкова наведае.

З паўжартоўных Мішкавых словаў, што гэтым годам пойдуць у іх запар вяселлі, яна зразумела, што брат і яе залічыў у нявесты, якія маюць абраннікаў. Ёй хацелася паразмаўляць з Юр'ем, але ў сваім жаданні сустрэчы яна не адчувала такога хвалявання, якое бачыла ў сястры. І яна думала: калі Юры спытае, ці любіць яна яго, што адкажа яму? Адчула, што адкажа яму так: «Люблю. Люблю як брата, якому са мной добра і з якім мне добра». А калі ён запытае: «Люблю цябе і хачу з табой ажаніцца. А ты?» - яна адкажа: «Не, Юры!» Бо не імкнецца да замужжа. Бо за гады нерухомасці зразумела пакуты, а што азначае шчасце, яшчэ не зразумела. Раней ёй здавалася, што шчасце - хадзіць па зямлі, рухацца, як рухаюцца іншыя людзі. Але шчасце - гэта нешта іншае, невядомае ёй, яно павінна адкрыцца, а пакуль што яна цьмяна ўяўляе яго. Калі яна адкажа «не», Юр'ю будзе балюча і крыўдна, а крыўдзіць яго - сорамна. Але ж і падмануць яго - нядобра. Калі ён адчувае, думала Аленка, ён не будзе пытацца. А калі спытаецца, значыць не адчувае, і яны не зразумеюць адзін аднаго.

Юры прыехаў за тыдзень да Вербніцы. Гнатка і Мішка яму ўзрадаваліся. Пасля абеду ўсе пайшлі на прагулянку. Юры бачыў Аленку на нагах упершыню і быў шчаслівы. Яна пыталася, чым ён так заняты, што не знайшоў дня прыехаць раней. Ён адказваў, што сядзіць з Фоціем - стары хварэе і спяшаецца пераказаць яму ўсё, што ведае, для летапісу.

- Юра, скажы, - спытала яна, - як шчасце адкрываецца, як даецца?

- Не ведаю, - адказаў ён. - Само адкрываецца. Адчуеш, калі прыйдзе.

І ні аб чым не спытаў, хоць, як Аленка прыкмеціла, яму хацелася яе распытаць.

У суботу, напярэдадні Вербніцы, стары Расевіч паслаў у Ваўкавыск баб асвяціць пук вярбы. Спаць паклаліся рана, каб у святочны дзень раней падняцца; толькі Соф'і не спалася, цалавала складзень, шаптала малітвы. Раптам пачула над галавой трапятанне, лёгкі подых дакрануўся твару. Соф'я, не дзівячыся і не пужаючыся, зразумела: анёл махае лебядзінымі крыламі, апусціўся паведаць, што заўтра прыедзе Андрэй. Зарылася тварам ў падушку, паплакала аб маці, што не можа блаславіць яе і Андрэя, аддалася марам пра надыходзячы дзень і з сама шчаслівымі пачуццямі заснула. Абудзілася ж ад даволі адчувальнага сцёбання па спіне. Расплюшчыла вочы - Мішка і Аленка пацяшаюцца, сцёбаюць вярбой. Цяпер ужо ўтраіх пайшлі сцёбаць Гнатку. Асілак соладка спаў. Асцярожна сцягнулі з яго кажух і сцебанулі ў тры лазы, і яшчэ, і яшчэ - мёртвы б ускочыў, ды не Гнатка. Пырскаючы смехам, прыняліся казытаць коцікамі губы. Той праз сон адмахваўся вялізнай далонню, як ад дакучлівай, няўлоўнай мухі. «Вось зубр! - дзіваваў Мішка. - Нясі Соф'я вады, асвяцім! - «Я вам асвячу зараз!» - раптоўна прабасіў Гнатка і засмяяўся, надта давольны сваім немудрагелістым падманам.

Хутка падняўся ўвесь двор; паснедалі і вырушылі вялікім поездам: усе дваровыя бабы ўпрасіліся ехаць, шчыльна панабіваліся ў сані; толькі двух парабкаў пакінулі пільнаваць двор. Дзень, які абяцаў Соф'і доўгачаканую радасць, пачаўся цудоўным світанкам; упершыню пасля зімы неба ачысцілася ад шэрых хмараў, блішчэў на сонечным святле снег, апаўзала зімняя пакрыццё з соннага лесу. У горадзе заклікалі людзей у царкву і касцёл званы. Некалькі вартавых тапталіся каля ўязных варот. Народ знудзіўся за доўгія тыдні посту і зараз павысыпаў на вуліцы. Людзі добрапрыстойна ішлі да замчышча, вялі святочна ўбраных дзетак.

Расевічы ўсёй сваёй грамадой заехалі напачатку да вознага Ваўковіча, дзе чакалі іх бабы з асвячонай вярбой. Тут вярбу разабралі, аздобілі стужачкамі і ўжо разам з Ваўковічамі рушылі ў царкву. На плошчы, перад Мікалаеўскім касцёлам, тоўпіліся каталікі. Праходзілі міма, віталіся: «Здароў будзь, Сургайла!», «Здаровы будзьце, Камейкі!», «Здаровы будзьце, Журдакі!», «Здароў будзь, Матуш!» І тыя ў адказ: «Здаровы будзьце, Расевічы!» Хоць і лацінскай трымаліся веры, але ўсё добрыя былі суседзі і прыяцелі. Вось калі прыязджалі памаліцца, тады толькі і падзяляліся: адны перад замчышчам ішлі ў свой касцёл, другія падымаліся на замкавую гару ў сваю бажніцу. Наўкола царквы і па ўсяму замчышчу стаяла шмат вазкоў, распрэжаныя коні хрумсталі сена. На званіцы дзячок Сямашка адбіваў дабравесце; святочны натоўп, здымаючы шапкі, хрысцячыся, уступаў у царкву.

Тут, ля бажніцы, Мішка сустрэў Вольгу. Яны стаялі побач, трымалі ў руках вярбу, шчаслівыя, як маладыя. Мішка наўмысна марудзіў заходзіць у царкву, каб усе, хто праходзіў міма, бачылі іх удваіх, бачылі, што яны шчаслівая пара, і каб той, хо не ўтрымаецца абгаворваць Вольгу за вочы, не пасмеў вымавіць ёй крыўднае слова ўслых, памятаючы, што прыйдзецца адказваць перад яе абраннікам і абаронцам. І людзі, што ішлі ў царкву, віталіся: «Здаровы будзьце, Мішка і Вольга!» І яны адказвалі ім: «Здаровы будзьце!» Толькі Былічы адвярнуліся, нібы не бачаць, не ведаюць, не прызнаюць. Мішка вырашыў, што пасля службы, калі ўсе людзі выйдуць з царквы і касцёла і будуць размаўляць са знаёмымі, усаджвацца ў вазкі, ён пройдзе з Вольгай па плошчы, па вуліцах, і зноў прыйдуць на плошчу, а ўжо потым пойдуць да Ваўковіча. Вольга ўдзячна глядзела на яго - жывыя яе вочы весела і ўлюбёна ўсміхаліся. Нарэшце, і Мішка з Вольгай уціснуліся ў царкву, амаль ці не апошнімі.

Стоячы ля аналоя, айцец Фоцій з радасцю на душы глядзеў, як аздабляецца агеньчыкамі свечак Божае месца. Ён узняў вочы да неба - змоўклі галасы, людзі сцішыліся, вызвалілі сэрцы ад мітусні будзённых клопатаў для святога яднання з духоўным айцом. Шолах агульнага жагнання прайшоў па царкве... І раптам, глушачы і збіваючы словы святочнай малітвы, данесліся ў царкву праз расчыненыя дзверы цяжкі гул коннай лавіны, лямант, далёкі звон мечаў, і тут жа ўваліўся ў бажніцу скрываўлены чалавек з голым мечам - натоўп рассунуўся, бліжэйшыя ўбачылі, што гэты паранены чалавек - Стась Матуш, яцвяг. Матуш хрыпла, хутка, рэзка, як загад, выгукнуў:

- Немцы!

Стогн здзіўлення і нянавісці вырваўся з усіх вуснаў. Мужчыны, выхопліваючы мечы, пабеглі з царквы; праз хвіліну ў храме засталіся жанчыны, дзеці і старыя. «Памолімся, браты і сёстры, - заклікаў айцец Фоцій. - Узнясем маленне Богу аб памозе тым, хто любіць яго, аб пагібелі тым, хто прыйшоў з мечам, кашчунствуе...» Слёзы цяклі з вачэй старога, душа яго пакутавала. Чуў за спінай сухое шапаценне малітвы, што чынілі маткі і жонкі ваяроў, чуў усхліпы напужаных дзетак, блізкі ляск баявога жалеза, роў, лямант, лаянку.

Мужыкі, калі высыпалі з царквы, пабеглі да замкавых варотаў, у якія адступалі пад націскам крыжакоў каталікі. Адчайна секліся яны, першымі прынялі ўдар, засланяючы сем'і, што ўцякалі на замчышча: натоўп баб, старых, дзяцей шукаў цяпер уратавання ў царкве. Жахлівыя былі хвіліны: пешыя проці конных, без панцыраў, кальчуг, у адных кажухах і світках, лічы, голыя проці стальных даспехаў, з незакрытымі галовамі проці закрытых шлемамі немцаў, без адзінага шчыта, толькі з мечамі і нажамі проці коп'яў і самастрэлаў. Выпадала гінуць, ужо гінулі ў сечы каля варот, і шмат якія разгубіліся.

«Вазкі бяры, - знайшоўся стары Расевіч. - Рабі вал!» Упэўнены яго загад прывёў усіх да дзеяння. Пабеглі да саней браць лукі. Гуртом выкацілі насупраць варот некалькі саней і вазкоў, паставілі сценку. Хто не меў меча, адрываў аглоблю. Васілёк Ваўковіч ускочыў у нераспрэжаны вазок, хвастануў кабылу - тая панеслася проста на конных крыжакоў, змяшала іхны строй; яе праткнулі кап'ём, яна павалілася, заступаючы дарогу. Дзесяткі два баяраў пабеглі з цівуном у замкавую даміну за сякерамі і сагайдакамі. Хаваючыся ад стрэл за санямі, чакалі ваўкавысцы блізкага бою, калі схопяцца біцца на мечах. Набліжаліся да іх цяжкія коні, блішчэлі вастрыямі коп'і. Наехалі, ударылі коп'ямі, пяцёх забілі. Нейкі рыцар напраўляў коп'ё на Гнатку. Асілак вырваў кап'ё, павярнуў і працяў крыжака разам з даспехамі. Мужыкі білі аглоблямі, секлі сякерамі морды коней; коні ўзвіваліся, скідвалі рыцараў, валіліся з падсечанымі нагамі. Наскок немцаў зламаўся - ужо ад замка ляцелі ў іх стрэлы і каля сцяны з вазкоў і мерцвякоў пачалася бойка на мечах.

Секліся і каля касцёла, і на Пясках, на Слонімскай і Віленскай вуліцах. Немцы забівалі не рознячы - жанчына, мужчына, старая, падлетак; хто трапляў пад меч - валіўся з рассечанай галавой.

На рынкавай плошчы ў атачэнні братоў і рыцараў стаяў вялікі маршал Ордэна Фрыдрых фон Валенрод. Ні дзікае ржанне ашалелых коней, ні лямант, ні гул бітвы, ні рубка баб і старых - нішто не адцягвала яго ад напружанага чакання галоўнай весткі, весткі пра смерць вялікага князя. Страх, кроў, гібель нікчэмных недаверкаў - усё было так, як мусіла быць, калі меч Тэўтонскага ордэна выконвае Божую волю. Мечы павінны амывацца крывёй, ліцьвіны павінны лямантаваць, каб анёлам было прасцей лічыць знішчаную нечысць. Калі б Богу не хацелася пусціць нямецкія харугвы ў гэты горад, ён паставіў бы на іхным шляху перашкоды. Учора, калі наезд тоіўся ў лесе, ганец з Слоніма паведаміў, што Вітаўт увечары выязджае ў Ваўкавыск. Можна было чакаць поезд князя на дарозе, але на вузкіх лясных шляхах цяжка разгарнуць у баявыя шыхты харугвы, і вялікая была рызыка, што Вітаўт нырне ў якісьці сумёт, схаваецца ў мядзведжым берлагу, дзе затоіцца да вясны.

Ён, вялікі маршал, вырашыў захапіць Ваўкавыск у час імшы, калі ўсе ліцьвіны збяруцца ў сваіх бажніцах і разам з вялікім князям будуць маліцца Вярбе. Ноччу адзін штандар абышоў горад лесам, каб адначасна ўдарыць з усіх бакоў, закрыць усе дарогі. Гультаяватая няпільная варта без пытанняў прапусціла некалькі саней з апранутымі ў ліцьвінскія кажухі рыцарамі; вартаўнікам тут жа перарэзалі горла. І доблесныя штандары ўступлі ў горад, увайшлі нечакана, як нечакана прыходзіць смерць; толькі некалькі парабкаў, што пільнавалі тут нікому не патрэбныя сані і сена, кінуліся крычаць усяму статку: «Немцы! Немцы!» - і змоўклі пад стрэламі арбалетаў. Так, немцы! Дзівіцеся і крычыце! На жаль, шмат ваўкоў, што маліліся ў гэтым, падобным на хлеў касцёле, паспелі ўцячы на замчышча, і, калі меркаваць па шаленству, з якім абараняюцца, князь Вітаўт зараз знаходзіцца там.

Ад замкавай гары прыскакаў брат Альберт. Белы плашч запырсканы крывёй, парваны, на даспехах сляды ад мечаў.

- Князь? - паспяшаўся даведацца Валенрод.

- Невядома, - адказаў рыцар. - Люта адбіваюцца.

- Прывядзіце каго, - загадаў маршал.

Хутка да яго падагналі старога з лірай на плячы.

- Спытай, дзе князь Вітаўт? - сказаў Валенрод тлумачу.

Той спытаў.

- Не ведаю! - адказаў стары.

- Ён прыбыў у горад?

- Не! - адказаў стары.

- Можа, ты не бачыў?

- Не, не прыбыў, - сказаў лірнік. - Быў бы князь, вас тут не было б.

Пачуўшы ад тлумача такі доказ, вялікі маршал раздражнёна павёў рукой. Лірніка адвялі ўбок і забілі.

«Аднак якая будзе крыўда, калі стары нахабнік сказаў праўду, - падумаў Валенрод, - і д'ябал зноў уратаваў свайго ўлюбёнца». Ці варта было яму, вялікаму маршалу, мерзнуць у лесе, слухаць выццё ваўкоў? Вынішчыць гэтае мястэчка мог любы комтур.

- «Люта адбіваюцца!» - злосна вымавіў Валенрод у вочы брату Альберту. - Хто? Чым? Вярбой? Усіх перабіць!

- Брат Фрыдрых! - пакрыўдзіўся рыцар. - Твой адзін меч зробіць больш, чым дзесяць нашых.

Гэта азначала: сам, маўляў, баішся, вазьмі ды выкажы смеласць.

- Твая праўда, брат! - адказаў Валенрод і паскакаў да замчышча.

А на Слонімскай, Віленскай, на Пясках народ браўся за сякеры і цапы; стрэламі валілі крыжацкіх коней, спешаных крыжакоў білі кісцянямі, збіраліся ў грамады, загароджвалі вуліцы, і лёгкая напачатку рубка беззбройных абарачалася для немцаў вялікай стратай кнехтаў і рыцараў.

Ранкам Вербніцы Фоцій папрасіў Юр'я прыслужваць яму ў царкве. Адзеты ў белы падрызнік, Юры стаяў ззаду святара і, слухаючы яго, адшукаў у натоўпе Аленку, заварожана назіраў, як яна хрысціцца, як ззяюць яе вочы, як трапеча аганёк свечкі ў яе руцэ, і быў шчаслівы, што яна побач. Але калі ў царкву ўскочыў Матуш і крык «Немцы!» абарваў урачыстасць дня, Юры на імгненне здранцвеў: паўсталі ў памяці нёманскае пабоішча, крывавая іардань пасярод ледзянога поля. Думка, што ў горад прыйшлі тыя, што забівалі там, што яны ўжо забіваюць, прагнуць пасекчы ўсіх гэтых маладых і старых людзей, Аленку, гэтая думка пагнала яго з царквы; ён бег, апярэджваючы другіх, адчуваючы, што павінен спыніць забойцаў. Нехта схапіў яго за плячо і дыхнуў у вуха: «Куды з голымі рукамі? Заб'юць! У царкву бяжы!» Так, патрэбны меч, зброя, ацвярэзеў Юры і ўзгадаў, што ў Фоція, у сенцах, ёсць сякера. Ён пабег да хаты. Дзверы былі расчыненыя. Ён увайшоў і ўзяў сякеру. Чужая мова гучала ў хаце. Ён зазірнуў. Два немцы капаліся ў куфры, выкідаючы рукапісныя кнігі і сшыткі летапісу. Раптам адзін са смехам уваткнуў у летапіс меч і панёс да печы. Юры ступіў у хату, узняў сякеру і з шэптам «Згінь!» усадзіў лязо кнехту ў шыю. Другі, марудна падымаючыся з каленаў, заварожана глядзеў на бліскучае лязо сякеры, з якога капала кроў. Яно зноўку ўзнялося, і Юры з усёй сілай нянавісці раскалоў сякерай пляскаты шлем кашчуна. Ён узяў меч, упушчаны кнехтам, паклаў на стол працятыя лісты пергаміна і выйшаў з хаты святара на бойку. Усё замчышча было ахоплена лютай схваткай, і яна зацягнула Юр'я, як вір.

Ужо шмат палегла ваўкавысцаў, і немцы, націскаючы, набліжаючыся да царквы, святкавалі блізкую перамогу радасным крыкам. У гэтую тужлівую хвіліну бітвы выйшаў з храма айцец Фоцій у залатых рызах з напрастольным крыжам у руках. Узняўшы крыж, ён сказаў: «Божа, дай мне сілу!» - і Бог пачуў, і даў, і айцец Фоцій гучным, як у маладыя гады, голасам усхваліў: «Ды ўваскрэсне Бог, і пагубяцца ворагі яго, хто кашчунствуе яго, і пабягуць ад вачэй яго тыя, хто ненавідзіць яго. Як знікае дым, так знікнуць...» А поруч айца Фоція стаў стары Матвей Суботка, прымаючы святую харугву з выявай Прачыстай Маці Божай, і таксама запяяў. І выйшлі з царквы, і сталі побач айца Фоція і Матвея Суботкі сівыя маткі ваяроў, і аддалі спеву ўвесь боль і пакуту сваіх сэрцаў. І выйшла і стала з імі Вольга, скінуўшы чорную хустку, бо тварыла малітву дзеля жывога свайго мужа. Святы малітоўны спеў загучаў над бітвай, і хто з ваяроў саслабеў духам - акрыяў, хто саслабеў моцай - узмацніўся, хто адступаў - спыніўся.

У хор, у людзей, якія казалі да Бога, панесліся стрэлы; абыходзілі айца Фоція, ды не абыходзілі старых, і тыя ціха ападалі на зямлю, і сухія іхныя рукі тварылі апошні крыж дзеля перамогі мужоў, сыноў, унукаў, і пакутніцы ваўкавыскія адыходзілі на нябёсы святымі. І ў харугоўніка Матвея Суботку ўдарылі жалезныя стрэлы, і ён выпусціў з рук харугву. І Вользе ў мужнае сэрца ўвайшла крыжацкая страла, і, шэпчучы ў апошні раз імя любімага, яна павалілася ніц на крывавы снег. І прыйшоў смяротны час айца Фоція - працялі яго стрэлы, і абарваўся, замёр спеў, святар упаў упоперак цвінтара, загараджваючы дарогу ў царкву яе святататнікам.

Азірнуліся ваўкавысцы - снег перад храмам усланы целамі матак, тырчаць з целаў, што давалі жыццё, крыжацкія джалы. Скамянелі сэрцы, і перасталі ваўкавысцы абараняцца, а пачалі забіваць. Сёмка Суботка лез пад коней і рэзаў нажом чэравы. А следам ішоў Васіль Ваўковіч і сек скінутых. Здымаў галовы двуручным сваім мечам Гнатка, біліся побач баярын Іван і Мішка, усе браты Верашчакі, якіх замірыў гэты гаротны для горада час, бацька і сын Былічы, а ў плячо да іх Шастакі, Сапоцькі, Камейкі, Хадыкі, Сургайлы - усе, хто быў жывы. Па ўсім абшары замчышча секліся ваўкавысцы з крыжакамі - на грудах трупаў, ля сцен, каля царквы, каля замка. Цяжка было, і Ягор Верашчака даўмеўся зрабіць палёгку: пабег у царкву і выйшаў з запаленым скруткам; данёс агонь да першых саней - успыхнула салома і ўзнялося вогнішча. Загарэліся вазкі, з якіх рабілі сценку. Хутка дзесятак кастроў палаў на замчышчы; коні, баючыся агню, імчалі на людзей, змінаючы рыцараў і ваўкавысцаў, плошча бою звузілася, і немцаў пачалі выціскаць за вароты.

Напаіўшы меч крывёй двух недаверкаў, Валенрод вярнуў сабе добры настрой. Няма князя, суцяшаў сябе маршал, ёсць баязлівыя схізматыкі. Паменшым іх. Запалілі агонь - у ім і згарыце. Раптоўна конь маршала заіржаў і асеў на заднія ногі. Маршал праз шчыліну шлема ўбачыў маладога ліцьвіна, які скочыў убок. «Воўк! - падумаў маршал. - Зарэзаў майго каня!» І з лютасцю секануў ліцьвіна па спіне. Але адразу прыйшлося адступіць перад моцным ліцьвіном, які рубіўся двуручным мечам. Маршала закрылі, ён пацягнуўся з замчышча на плошчу. Тут яму падвялі свежага каня. «Збор!» - крыкнуў Валенрод сігнальшчыку, над горадам прагучаў сігнал рыцарам збірацца ў штандары. І толькі замоўкла труба, як зазванілі званы Прачысценскай царквы - ваўкавысцы вярнулі званіцу і Сямашка біў дабравесце.

- Горад спаліць і пакінуць! - загадаў Валенрод, разумеючы, што гэты яго загад не выканаюць. Немагчыма без вялізнай страты людзей запаліць замак, нельга было зноў увайсці на загароджаныя вуліцы. Згубіць жа рыцараў, прывесці замест двух штандараў іх рэшткі, аславіцца няўдачнікам - гэтага не хацелася, не варты быў таго Ваўкавыск без забітага Вітаўта.

Выконваючы загад, кнехты пабеглі ў двары, дзе не было гаспадароў, дзе не кідаліся з сякерамі секчы галовы. Загарэўся Мікалаеўскі касцёл - пацягнула дымам. Валенрод загадаў спыніць бой і выхадзіць; падалі сігнал трубы, крыжакі збіліся ў калону, прапусцілі наперад сані з лупамі і параненымі і пакінулі горад.

Калі забілі званы на званіцы і грукат бойкі прыкметна сціхнуў, бабы, што заставаліся ў царкве, пачалі выходзіць на двор. Жахлівае відовішча адкрылася іхным вачам, і з плачам узяліся яны за горкую працу. Занеслі ў храм і паклалі на алтар айца Фоція, і паклалі на каменную падлогу забітых старых, харугоўніка Суботку і Вольгу. Хрысціліся, ціха галасілі над роднымі: «Матулька любая, матуленька дарагая!» Загаласіць бы ва ўвесь голас, ды не той быў яшчэ час, не ведалі, каго яшчэ прыйдзецца аплакваць - усё замчышча было пакрыта забітымі. І плакаць не далі, загадалі бегчы гасіць хаты. Ужо немцаў не засталося ў горадзе, ужо возны Ваўковіч прыняў на сябе ўладу палеглага цівуна, пасылаў людзей гасіць касцёл, зачыняць вароты, глядзець параненых.

Гарэла з паўсотні двароў. Расцягнуўшыся ланцугом да Ваўчанкі, да студняў, падавалі ваду, збівалі пажары, каб не перакінуліся на суседзяў. Толькі праз гадзіну, загасіўшы полымя, пайшлі разбіраць жывых і мёртвых. Сваіх мёртвых неслі ў царкву, забітых немцаў складалі каля замкавай сцяны.

Змучаная няведаннем Соф'я вярнулася ў замак шукаць бацьку, сястру, Гнатку. Забачыўшы старога асілка жывым, кінулася да яго, прытулілася, загаласіла. «Ну, ну - суцяшальна шаптаў стары, - жывыя, дзякаваць Богу!» Да іх падышоў закураны, у апаленым кажуху Мішка. Ужо ўтраіх пачалі хадзіць сярод палеглых, шукаць сваіх. Убачылі працятага кап'ём цівуна. Убачылі старога Быліча з кінжалам у грудзях. Убачылі Матуша, пасечанага мечамі. Бацьку знайшлі ля абгарэлых вазкоў. Быў яшчэ жывы. Узрадаваліся, панеслі бацьку да Ваўковічаў. У іх сваё гора: маці, Наста з Волькай галосяць над Васільком. І няма куды падацца. У кожным двары плачуць і лямантуюць - там муж загінуў, там дзяцей забілі, там мёртвую жонку прынеслі, там і маці, і бацька пасечаны, і сядзяць плачуць малалетнія сіроты. «Якая ж гэта Вербніца! - жахаўся Мішка. - Канец свету горшым не будзе. Як гасподзь мог дазволіць? За што? За якія грахі? Божа, зірні на справу немцаў! Як церпім?!»

Сустрэў Ягора Верашчыку з парабкамі - неслі на кажухах Пётру і Міколку.

- Жывыя? - спытаў Мішка.

- Дыхаюць, - сказаў Ягор. - А баярын Іван?

- Дыхае, - адказаў Мішка. - Дамоў паедзеце?

- Што ж тут рабіць, паедзем.

- І мы таксама, - зараз чэлядзь збяром.

З дваровых баб шэсць былі забіты. Іх занеслі ў царкву, адшукалі свабодныя яшчэ месцы каля сцяны і ўклалі ў рукі свечкі. Пайшлі шукаць сані і коней - свае, пакінутыя на вуліцы, забралі крыжакі. Хутка знайшлі: не шкадавалі ў гэты час людзі, адгукаліся на бяду. Аб'ядналіся з Верашчакамі, каб разам выбірацца з няшчаснага Ваўкавыска.

- Пачакайце, - апамятаўся Мішка. - Вольгу знайду.

Пабег на замчышча.

- Вольга дзе? - кідаўся да знаёмых. - Не бачылі?

- У царкве. Там яны ўсе.

Увайшоў у царкву - ад сцяны да сцяны пласт мёртвых, упрыгожаны вярбой, саграваюць іх памінальныя свечкі. Прабраўся наперад і каля алтарнага ўзвышша пазнаў сярод старых Вольгаў кажушок. Ужо нехта клапатлівы запаліў яе свечку. Паваліўся на калені:

- Воленька! - і заплакаў, тулячыся да любімага застылага твару.

Нехта галубіў яго. Ён узняў галаву. Аленка стаяла побач з ім.

- Ратуй бацьку, Мішка. Я памалюся.

Ён падпарадкаваўся.

У Рось ляцелі, не шкадуючы коней. Мроілася, што родная страха паверне бацьку да жыцця, што зараз пакладуць старога на ложак, перавяжуць, дадуць зёлак - і варухнуцца вусны, расплюшчацца любімыя бацькавы вочы. Але задоўга да павароту на Рось пачулі смурод гару. Прыімчалі - чорнае вогнішча на месцы двара, толькі печы ды вуголле засталіся ад хаты. Не шкада дабра, страшна, што бацьку няма дзе прытуліць дзеля дагляду. Павярнулі да Кульчыхі, аднак з прадчуваннем бяды, бо дарога была скапаная сотнямі крыжацкіх коней. Хата шаптухі стаяла цэлая, але жудасна выў там сабака. Мішка кінуўся ў хату, пазваў: «Бабка Кульчыха!» Цішыня. Раздзьмуў на загнетку вугалёк, запаліў лучыну. Пасечаныя шаптуха і каза Лешка ляжалі ў куце, а побач сядзеў сабака Муха і тужліва выў. Мішка сціснуў рукамі скроні і таксама завыў, па-воўчы - самотна і люта.

Паехалі да Ягора Верашчакі; тут немцы не прайшлі, двор быў некрануты. Баярына Івана занеслі ў хату, бабы паспяшаліся даглядаць. Разрэзалі кашулю, зірнулі і пачалі хрысціцца - тырчаў каля саска кароткі абломак стралы, і запеклася вакол яго крыху крыві, уся разлілася ў целе. Гнатка і Соф'я загаласілі. У другім куту паміраў Пётра, а побач з ім - Міколка. Уначы ўсе ўтрох і адышлі. Мішка развітаўся з бацькам і паскакаў у Ваўкавыск...

Калі дагасілі пажары, Юры вярнуўся ў хату Фоція. Забітыя ім немцы ляжалі там, дзе ён іх забіў. Юры сабраў у куфар кнігі. Потым папрасіў мужыкоў, каб вынеслі мёртвых. Тады ён сеў на звычайнае месца айца Фоція і прытуліўся спінай да печы. Але ўжо не было Фоція і не было Вольгі, ён застаўся адзін і адчуваў поўнае разбурэнне жыцця.

Ён убачыў кроў на падлозе і кроў на сваім падрызніку, падняўся і пайшоў у царкву. Узышоў на алтар. Зняў з аналоя Біблію і паклаў Псалтыр. Ён хацеў чытаць псалом па забітых і не змог. Шэрагамі ляжалі палеглыя, каля кожнага стаялі на каленях, стагналі, маліліся жывыя. Шэпт малітваў шамацеў па царкве.

- Браты і сёстры! - падобна айцу Фоцію выгукнуў Юры. - Убачым святло ў цемры скрухі. Падымемся з каленяў і вымавім: Божа, не ссохне наш дух, не скорана страхам нашае сэрца. Бо калі столькі людзей адышло ад нас, дык адышлі яны, каб жывыя жылі... Вось ляжаць у брацкам з'яднанні нашыя родныя. Абмыем сваіх родных слязьмі любові за іхны подзвіг...

Цішыня апанавала царкву, і ў гэтай цішыні Юры раскрыў Псалтыр і пачаў чытаць словы супакаення і суцяшэння, і чытаў усю доўгую, гаротную ноч.

І ўсю ноч з шаснаццатага на семнаццатае сакавіка ва ўсіх ваўкавыскіх і навакольных дварах дарабляла смерць тое, чаго не паспела ў гібельны дзень вербнай нядзелі: пазбірала недабітых, гасіла надзеі жывых. І ў пакутлівую гэту ноч кляліся ваўкавысцы папомніць крыжакам кашчунскі наезд, вярнуць мечамі крывавы доўг.

Назаўтра з'явіўся ў Верашчакаў Андрэй Іллініч. Сумнай была сустрэча: рыхтаваўся да свята, сам маршалак Чупурна пагадзіўся сватаць для Андрэя дачку Расевіча, а прыехаў на пахаванне. Умовіўся з Соф'яй, што ў траўні, пасля саракавін, прыедзе на заручыны.

Мішка, пахаваўшы на роскіх могілках бацьку і Кульчыху, а на ваўкавыскіх Вольгу, прачнуўся пасля памінак сівым. «Вось і жыццё прайшло, - сказаў ён Андрэю. - Дзве справы засталіся: сёстраў замуж аддаць і схадзіць у паход!» - «Бог вырашыць, Мішка», - адказаў Андрэй, а сам сабе падумаў: час залечыць, усё ён залечвае, любую рану.

На Вялікдзень праехаў праз Ваўкавыск вялікі князь Вітаўт, і Андрэй далучыўся да почату. Вялікдзень у Ваўкавыску не адзначалі: як было радавацца Хрыстоваму ўваскрэсенню, калі над сотнямі сваіх палеглых чарнелі пасярод снегу свежыя магілы.

 

Кежмарк. 7 красавіка

Пасля двух тыдняў падарожжа праз Берасце і Люблін вялікі князь з усім сваім абозам і паўтысячай аховы прыбыў у Ланцуту, дзе ўжо чакаў яго кароль Ягайла. Адсюль вясновымі зялёнымі дарогамі вырушылі ў Новы Сонч і спыніліся ў замку, узнесеным на скале над разлівам бурлівага Дунайца. Тут, параіўшыся з біскупамі, кароль вырашыў застацца пад аховаю замкавых сценаў і аддаў усе паўнамоцтвы для гутарак з каралём Сігізмундам князю Вітаўту. Назаўтра вялікі князь з вялікім початам сваіх і польскіх паноў, са сваёй харугвай і аддзелам польскіх рыцараў, з немалым абозам выправіўся ў дарогу. Шлях аказаўся няпросты. Дарога кружыла сярод лясістых гор - то вілася па вузкай лясной цясніне, то ўзбіралася пад самае неба, і з вышыні далёка бачыліся адзетыя свежай зелянінаю даліны і пагоркі, а ўнізе блішчэлі лукавіны ракі, якая раптам разбівалася перламі на перакатах; ці дарога ішла па стромкіх схілах, а то і зусім краем камяністага абрыву, у якім стаялі, падобна рагацінам, вастраверхія піхты. Часцяком бачыліся на голых пагорках замкі з нейкага жоўтага каменю, амаль непрыступныя. Баяры княжай аховы, звычныя да глухіх раўнінных пушчаў і невялікіх пагоркаў, дзівіліся на прыгажосць тутэйшай зямлі. «Ну, проста рай! - думаў Іллініч. - Буду апавядаць Соф'і - не паверыць!»

Начавалі ў Мушыне: князь і біскупы - у замку на вяршыні гары, баяры і польскія шляхціцы - на вазах. На досвітку падняліся і прыцемкамі прыбылі ў Кежмарк, сустрэтыя натоўпам вяльможных вугорскіх палацінаў. Пад пастой князю, почату і ахове адвялі за паўвярсты ад замка цесныя драўляныя дамы ў дзве-тры столі, з малымі дварамі і стайнямі, але добра забяспечаныя аўсом ды сенам. Ранкам убраліся і паехалі да замка. Вугорская варта рассоўвала шчыльны натоўп кежмарскіх разявакаў, што сышліся падзівіцца на незвычайных каралеўскіх гасцей і незлічоныя дарункі, якія неслі на руках дзве сотні баяр.

Кароль Сігізмунд і каралева Варвара сустракалі князя на замкавым двары. Пасля ўзаемных шматслоўных запэўненняў у радасці сустрэчы князь Вітаўт папрасіў каралеўскую пару прыняць ад яго і вялікай княгіні Ганны сціплыя падарункі. Перад каралём пранеслі на пальчатках дванаццаць сакалоў, потым дванаццаць крэчатаў і столькі ж сівых канюкоў; правялі зграю з дванаццаці выдатных хартоў; правялі дванаццаць вараных рысакоў, потым дванаццаць буланых аргамакаў, потым правялі дванаццаць белых скакуноў пад сёдламі з залатой парчы; коні, няспешна ступаючы, цокалі аб камень двара залатымі падковамі. Сігізмунд, прыкмеціўшы золата на конскіх капытах, збялеў. «А-а, узяло, - падумаў Вітаўт. - Пэўна, сам паскачаш на стайню падковы здзіраць». Потым пранеслі дванаццаць пазалочаных круглых шчытоў, столькі ж нямецкага ўзору і па тузіну коп'яў і суліцаў; пранеслі тузін сабалёвых шапак, аздобленых жэмчугам, і па столькі ж сабалёвых каўпакоў, куніцавых рукавіцаў і зноў жа куніцавых рукавоў, шытых перламі; пранеслі дванаццаць феразяў, дванаццаць шаўковых хустак і дванаццаць персідскіх дываноў; трыццаць баяраў неслі саракамі сабалёў і яшчэ трыццаць неслі саракамі гарнастаяў.

Іллініч паспеў тройчы прайсці перад каралём - вёў аргамака, потым нёс кап'ё, потым сароку сабалёў - і прыгледзеўся: Сігізмунд быў рослы, мажны мужчына з хітраватым тварам; вочы яго пільна аглядалі кожную рэч, поўныя, крыху раскрытыя вусны лёгка варушыліся, нібы вялі падлік. Нарумяненая каралева Варвара, маладая, але плоская, як нямецкі шчыт, Андрэю зусім не спадабалася - ні ў якое параўнанне не магла ісці з Соф'яй. І вочы ў яе былі нейкія каціныя, юрлівыя; сустрэнеш дзе, дык, калі не скажуць, што каралева, падумаеш - распусніца. «Ну, - думаў, - буду расказваць Соф'і, ні за што не паверыць!»

А падарункі не канчаліся. Неслі дванаццаць кубкаў з пазалочанага срэбра, і дванаццаць пар пакрытых золатам нажоў, і чатыры апраўленыя ў серабро паляўнічыя рагі, і сабалёвую шубу, упрыгожаную перламі, з дванаццаццю залатымі гузікамі, і дванаццаць белых ручнікоў з залатым шыццём, і вялікі, шыты золатам ручнік з залатымі махрамі, і тры пары аздобленых перламі чаравікаў, і яшчэ трыццаць саракоў сабалёў і дванаццаць абрусоў, прашытых залатой ніткай, і зноў сабалёвыя рукавіцы, і яшчэ ручнікі, і яшчэ шаўковыя хусткі, і яшчэ сабалёвыя шапкі, і яшчэ футры. Усё гэта прымалася каралеўскімі сабакарамі, конюхамі, сакольнічымі, мечнікамі, сотнямі дробных слуг і ўводзілася ў глыбіні двара, уносілася ў пакоі замка пад шчырыя ўхваленні каралевы Варвары і караля Сігізмунда, які прыгаворваў сабе дзеля чысціні сумлення: «Бачыць Бог, я не прымушаў гэтых людзей прывозіць падарункі, маглі прыехаць і з пустымі рукамі, я быў бы не менш шчаслівы паслужыць супраць вайны; і было б лепш, калі б прыбылі без нічога; што ні кажы, а перлы, золата, гарнастаі - пэўны ціск!»

Нарэшце прайшлі ў залу і паселі ў крэслы: ззаду Вітаўта - маршалак Чупурна, віленскі намеснік Мінігал і польскія біскупы, ззаду Сігізмунда - некалькі баронаў.

- Таму назад трынаццаць гадоў, - прыступіў да справы Вітаўт, - кароль польскі Ўладзіслаў і ты, Сігізмунд, кароль вугорскі, заключылі мір, і да заканчэння яго тэрміну засталося тры гады. За гэтыя трынаццаць гадоў ніводзін з бакоў міру не парушаў, паміж краінамі панавала разуменне, дружаснасць і, можна нават сказаць, братэрская любоў!

- Усё, што мы робім, - вымавіў Сігізмунд, - мы робім дзеля славы Хрыста!

- І мы робім дзеля гэтага! - пацвердзіў Вітаўт.

Усе перахрысціліся, і князь працягваў:

- Жыць у міры з каралём Сігізмундам мы лічым для сябе за вышэйшае дабро і вялікую радасць, і мы гатовы падоўжыць мір, каб на векі вечныя на нашых агульных межах быў непарушны спакой і ніхто не цярпеў бы разбурэння. Але, на жаль, не ўсе нашыя суседзі шануюць мір, як ты, кароль Сігізмунд. Тэўтонскі ордэн, наадварот, лічыць за лепшае вайну супраць Літвы і Польшчы, якая вайна і вядзецца з мінулага года і прыпынена кароткім замірэннем да дня Іаана Хрысціцеля. Мы, колькі помнім сябе, увесь час цярпелі ад крыжакоў, - сказаў Вітаўт і пачаў выкладаць крыўды. «Чым жа ты адплаціш за коней, за перлы і золата? - думаў ён, пералічваючы грахі немцаў. - Як з неба табе ўпала». Прыгадалася зусім недарэчы, бо ледзьве не пырснуў смехам сярод гаротнага апавядання, як Сігізмунд, атрымаўшы ў падарунак ад ангельскага караля дзве залатыя чаркі, адразу адаслаў іх у Брусель закласці за васемнаццаць тысяч фларынаў. «Ваяваць няпроста, грошы патрэбны, - думаў князь. - Ну, добра, проці нас Ордэн падсыпле, а проці турак хто дасць?» Не марудзячы, уплёў у сваю прамову турэцкую пагрозу: «Кароль Сігізмунд вядомы ўсяму свету як абаронца хрысціянства ад турэцкага наступу, які не шкадуе дзеля святой веры ні рыцарства, ні скарбу».

Сігізмунд жа, слухаючы нуднае пералічэнне ўсіх наездаў тэўтонцаў на літоўскія, рускія, польскія гарады, пустую хроніку ўсіх падпалаў, забойстваў, гвалту і рабунку, якія здзейснілі браты Ордэна за апошнія сто гадоў, і ківаючы ў знак сваёй увагі, думаў аб прастадушнасці вялікага князя і польскага караля, якія жадаюць атрымаць ад яго адназначны адказ: так, ён, вугорскі кароль Сігізмунд, згодны, што Ордэн распачаў несправядлівую вайну, і не будзе яго падтрымліваць, а будзе захоўваць мір з Польшчай, каб Ягайлу і Вітаўту было прасцей разбіць крыжакоў. Не, здаецца, яны мяркуюць, думаў Сігізмунд, што я набіты дурань. Якая мне бяда, што вас паляць, гвалцяць, рабуюць? Самі вінаватыя. Аб'ядналі такія абшары з мноствам народу і дзівіцеся, што ўсе жадаюць падрэзаць вам крылы. Што мне за радасць, калі вы пераможаце Ордэн? З'явіцца ўзмацнелы сусед і больш нічога, апроч новых клопатаў. Сказаць вам: «Так, мы будзем убаку!», ды яшчэ ўголас. Хітруны! Руку лепш адрэзаць, чым вымавіць услых такое глупства. Адным словам назаўжды закрыць сабе дарогу на імперскі трон. Немцам не патрэбны імператар, які патурае славянам.

І што такое Польшча? Няхай палякі зараз кусаюць сябе за локаць. Няўжо яны думаюць, што я забыў іхную абразу? Хіба не палякі адмовілі мне ў правах на польскую карону? А хто прымаў загад, які забараняў пускаць мяне ў гарады і замкі? Вады і хлеба шкадавалі для мяне гэтыя няшчасныя палякі. Выгналі вон. Шукалі лепшага, Ягайлу абралі. Дык пра што гаварыць? Адмовіцца ад Ордэна, які абяцаў трыста тысяч, калі я адначасна з ім пайду на палякаў? Адмовіцца ад трохсот тысячаў, ад магчымага падзелу гэтай няўдзячнай Польшчы, ад імператарскай кароны дзеля вернасці некалькім словам на пергаміне? Прыгналі дзесятак кабыл, якія заўтра могуць зламаць сабе ногі і іх прыйдзецца зарэзаць і прадаць мясніку, прывезлі воз футра і за падарункі чакаюць, каб я пазбавіўся падтрымкі ўсіх нямецкіх княстваў. Сапраўды, ліхвяры побач з імі будуць анёламі: тыя патрабуюць працэнты і нічога болей, а гэтыя прывезлі зграю шалёных сабак і патрабуюць ад мяне пасварыцца з усёй Эўропай. Вось і Вацлава абліваюць гразёй. Вацлаў - дрэнны, Ордэн - дрэнны, усе - дрэнныя, адны яны добрыя.

- Мы не возьмемся абмяркоўваць дэкрэт нашага брата, чэшскага караля Вацлава, - запярэчыў Сігізмунд. - Нам не хопіць розуму для вырашэння такіх пытанняў. Тым больш, што Вацлаў меў для развагаў месяцы, якіх мы не маем. Аднак мне цяжка пагадзіцца з думкай, што наш брат абвясціў нясправядлівае рашэнне. - З задавальненнем адзначыў, як пазмрачнелі біскупы, а ліцьвіны гняўліва заварушыліся. «Змрачнейце, - падумаў Сігізмунд, - яшчэ не тое прыйдзецца праглынуць». - Што ж датычыць нямецкага Ордэна, - сказаў ён важка, - дык яго заслугі перад хрысціянскай царквой ведаюць усе. Ордэн, здаецца, дапамагаў Вялікаму Княству ў нядаўні час. Наколькі мы начутыя, браты Ордэна змагаліся ў харугвах князя Аляксандра на Ворскле (наўмысна прыгадаў гэты разгром, каб высока не ставіліся) і хадзілі з ім на чале зацішаць мяцежны Смаленск.

- Нямала зроблена Ордэнам і для Польшчы, - працягваў кароль. - Цэлы край прусаў зведаў сілу Хрыстовага вучэння, і скончыліся вядомыя нам з гісторыі наезды прусаў на польскія землі. Гэта вялікі подзвіг братоў Тэўтонскага ордэна. - Сігізмунд зірнуў на біскупаў. Тыя сядзелі са скажонымі тварамі, злосна паядалі яго вачыма. Лагодна ўсміхнуўшыся, ён ушпіліў іх яшчэ мацней: - Менавіта ад Ордэна пачуў польскі кароль Уладзіслаў, калі трымаўся яшчэ язычніцкіх звычаяў і памылак, першыя заклікі ўведаць Божае слова. Менавіта Ордэну князь Ягайла абяцаў прыняць хрэст на працягу чатырох гадоў, і ў тым, што ён стрымаў сваё слова, мы бачым заслугу братоў, боль глыбока працінае маю душу, - выгукнуў Сігізмунд, - калі я чую, што Польшча, Вялікае Княства і Ордэн не могуць палюбоўна вырашыць дробныя парубежныя спрэчкі. Павага, якую адчувае да Ордэна ўвесь хрысціянскі свет, не дазволіць нам ніколі і ні за што адмовіцца ад дапамогі ордэнскім братам. Гэта было б раўназначна для нас адмове ад Хрыстовых запаветаў любові, даруй нам, Божа, гэтыя словы.

Як Сігізмунд і чакаў, настала напружаная цішыня. Палякі закусвалі губы, вялікі князь неяк жудасна ўсміхаўся, два ліцьвіны ў яго за спінай зверавата паводзілі плячыма. «Непрыемна, гэта я разумею, - думаў Сігізмунд. - А чаго ж вы чакалі? Праўду трэба казаць у вочы. Тады лёгка і чыста на сэрцы, тады можна парадавацца за сябе, вось як у гэтую хвіліну». Ён выказаў свае адносіны да абодвух бакоў з дастойнай манарха шчырасцю і, дзякаваць Богу, пры мностве паважаных сведкаў. Усе чулі смеласць яго адказу, і заўтра, а то і сёння, у імперскія княствы і ў Ордэн пойдуць лісты з падрабязным пераказам яго водпаведзі літоўскаму князю.

Адна справа была зроблена, і цяпер прыйшла пара супакоіць цьмянымі абяцаннямі гэтых няшчасных палякаў. Няхай загавораць першымі - тады захаваецца яго перамога, а ён дасць міласэрны адказ.

Князь Вітаўт не запаволіў з пытаннем:

- Ці мусім мы разумець словы караля так, што калі на дзень святога Яна ўзновіцца наша вайна з Ордэнам, дык і вугорскі кароль разарве мір і выступіць з войскам на дапамогу крыжакам?

Спытаў і ўтаропіўся рысіным позіркам у вочы Сігізмунду.

Грубае было пытанне: «Выступіць з войскам?» «Можа, выступлю, а магчыма, і не. Нельга ж так проста, у лоб, - думаў Сігізмунд. - Хто ведае, што будзе праз два месяцы? Можа, некарысна будзе выступаць з войскам. Нашто наогул казаць пра войска? Дапамога і дапамога, а якая - неістотна».

- Пры ўсім нашым міралюбстве, - уздыхнуў Сігізмунд, - мы не здолеем быць абыякавымі назіральнікамі і будзем вымушаны, хоць шчыра не жадаем, перагледзець умовы міру з каралём Уладзіславам. Але, - супакоіў ён, - гэта той крайні выпадак, да якога, на наш погляд, справа не дойдзе. Мы зробім усё магчымае, каб загасіць іскры вайны і абараціць замірэнне ў мір. Я звярнуся да вялікага магістра Ордэна, я сам паеду ў Мальбарк, і дзень Іаана Хрысціцеля стане днём абвяшчэння трывалага спакою. Зразумела, калі кароль Уладзіслаў і вялікі князь Аляксандар не стануць пярэчыць супраць маёй мірнай місіі.

- Мы ацэнім такія намаганні, - адказаў Вітаўт.

Далейшая размова была бессэнсоўная. Сігізмунд уголас аб'явіў сябе на баку Ордэна. «Трымае ж зямля такую сквапную сволач, - думаў Вітаўт. - Знаў жа, для чаго едзем, дык нашто было круціць, калі Генрых Цылейскі дамаўляўся з ім пра гэту сустрэчу? Нездарма яго намагаюцца забіць ці атруціць. І былі, узгадаў, ужо атруцілі, дык лекар уратаваў, загадаў павесіць караля за ногі ўніз галавой. Так і правісеў, як туша, дваццаць чатыры гадзіны; другі лопнуў бы ад прыліву крыві, а яму нічога».

Пры абедзе каралева Варвара сваім шчабятаннем спрабавала развесяліць злосных ліцьвіноў і палякаў. Сярод застолля Сігізмунд нахіліўся да Вітаўта і загадкава прапанаваў пабыць сам-насам. Князь пагадзіўся. Абодва падняліся з-за стала і перайшлі ў аддалены пакой. Князь губляўся ў здагадках, пра што скажа Сігізмунд. Адзінай прыемнасцю магло быць каралеўскае прызнанне, што гучныя прамовы аб падтрымцы крыжакоў прызначаліся для супакаення прыхільнікаў Ордэна і не варта ўспрымаць іх усур'ёз. Але такое тлумачэнне не патрабавала важнасці, з якой трымаўся Сігізмунд. Здзіўленне князя ўзмацнялася і тым, што кароль узяў манаршы тон, нібы на прыёме, што было недарэчы пры гутарцы сам-насам. Тое, што ён пачуў, было для яго поўнай нечаканасцю.

- Сённяшні дзень можа ўвайсці ў гісторыю Эўропы, - урачыста вымаўляў Сігізмунд. - Пра яго напішуць храністы. Толькі ад вас, дарагі брат, залежыць, быць ці не быць падзеі, якой даўно чакаюць усе валадары...

- Што ж гэта за падзея? - спытаў Вітаўт, не жадаючы стаяць у недаўменні.

- Вянчанне вас каралеўскай каронай і абвяшчэнне новага каралеўства, - раскрыў Сігізмунд. - Няхай дзень гэты стане святам атрымання вамі, дарагі брат, каралеўскіх атрыбутаў. Па сутнасці, вы і ёсць кароль; застаецца назваць рэчы сваімі сапраўднымі імёнамі.

Прапанова была неспадзяваная, спакуслівая і, галоўнае, адчуваў Вітаўт, рабілася адказна. Тое прапанаваў Сігізмунд, што сваёй воляй не зробіш. Сам сябе каралём не абвесціш; можна заказаць выдатную карону, можна хадзіць у ёй, спаць, але хто асвяціць яе? Хто ўскладзе? Ягайла адразу ж кінецца вайной. Якія б ні меў пабуджэнні Сігізмунд, ён сказаў праўду: Ягайла - кароль, ён князь, ды яшчэ і зневажальна падпарадкаваны, бо стрыечны брат называў сябе ва ўсіх дакументах «найвялікшым князем Літвы, Русі і Жамойці». А чаму? Хто валодае землямі, на якіх можна размясціць тры Польшчы? Чыімі намаганнямі ўзрасло і ўзмацнілася Вялікае Княства. Дваццаць гадоў біўся, збіраў землі, знітаваў у суцэльнасць - большая заслуга, чым пабрацца з каралевай суседняй краіны.

- З дня на дзень памрэ імператар Рупрэхт, - лашчыў слых князя Сігізмунд. - Я стану кесарам і прашу верыць, дарагі брат, што першай маёй справай на імперскім троне будзе ваша каранацыя. Я вызвалю вас ад абавязкаў перад каралём Ягайлам, якія ён і палякі наклалі на вас у цяжкія для Вялікага Княства гады. А калі кароль Ягайла захоча парушыць межы новага каралеўства ці шкодзіць нейкім іншым чынам, мы, дарагі брат, акажам вам усю неабходную дапамогу.

- Словы караля Сігізмунда - нечаканасць для мяне, - сказаў Вітаўт, жадаючы даведацца сапраўдны кошт прапановы, - мне цяжка ўявіць, як нашае Княства здолее аддзякаваць?

- Калі Вялікае Княства, а лепш сказаць, новае Каралеўства, - патлумачыў Сігізмунд, - ні ў чым не будзе залежаць ад суседзяў. Большай аддзякі не трэба.

«А якая большая можа быць? - падумаў Вітаўт. - Разарваць саюз з Ягайлам напярэдадні вайны? Тады Ордэн разаб'е палякаў і прымецца за нас. Які ж сэнс каранавацца? Заўтра надзену карону, а праз дзень яе здымуць разам з галавой. Кароткая будзе радасць. Атрымаць карону, затое страціць Жамойць. І гэта называецца «большага не трэба». Ды ці паменшыць сквапнасць крыжакоў мая новая карона? Што ім з таго, што яна каралеўская? Вунь Ягайла мае каралеўскую, а вайна ідзе. Хоць імператарская, была б сіла яе змахнуць. Той жа Сігізмунд сумесна з Ордэнам напачатку з'ядуць разбітую Польшчу, а потым будуць адрываць кавалкі ад новага каралеўства, пакуль яно не паменшыцца да памеру комтурства. І ўжо ніхто не абароніць. Вось разаб'ём крыжакоў, тады можна падумаць. А зараз - ніяк. Пэўна, не сам даўмеўся, белыя плашчы навучылі. Спадзяюцца, што аслепну ад ззяння кароны, не павяду войска. Выбар далі, - усвядоміў князь. - Каб нас раскалоць, на ўсё пойдуць. У Ваўкавыску наехалі, хацелі забіць - не ўдалося, націскаюць тут. Згаджуся - ім добра, а калі не? На маім адказе будуюць будучае. Шмат што залежыць ад майго слова. Згаджуся, Сігізмунд запатрабуе падпісаць дамову».

«Ну што, разважаеш, вагаешся, - думаў Сігізмунд. - Згаджайся! У гэтых сценах я ахоўваю цябе, а за варотамі - Бог. А яму цяжка ўсцерагчы кожнага. Шкада, калі стары ліцьвін сваім косным розумам не зразумее сваёй карысці. Яму тое прапанавалі, за што любы другі адразу кінуўся б цалаваць рукі».

- Які ж будзе ваш адказ, дарагі брат? - з нецярплівасцю спытаў Сігізмунд.

- Скажу шчыра, - усміхнуўся Вітаўт, - каранацыя будзе найшчаслівым днём майго жыцця. Няхай дарагі брат правільна зразумее мае пачуцці і хваляванне - мне трэба супакоіцца. Ваш клопат абяцае вялікія змены ў маім лёсе. У мяне нават галава круціцца ад радасных думак.

Сігізмунд ледзьве стрымаўся, каб не ўскіпець. Яму «трэба супакоіцца». Так адказаць на прапанову кароны? Ну, кожны сам выбірае свой лёс.

- Дарагі брат, я разумею, - лагодна адказаў Сігізмунд. - Увайсці ў сям'ю эўрапейскіх манархаў, стаць роўным сярод роўных, змяніць княжацкі сталец на каралеўскі трон, атрымаць прызнанне і блаславенне рымскага папы - усё гэта цяжка ўсвядоміць за некалькі хвілін.

Вітаўт змаўчаў.

Вярнуліся ў залу. Хутка князь падняў світу і пакінуў замак. Можна было збірацца ў зваротную дарогу. У сябе, на другім паверсе адведзенага яму дома, князь прылёг адпачыць. Адчуваў зморанасць і прыкрасць ад няўдачы перамоваў. Князь задрамаў.

А праз гадзіну з нейкай дзіўнай прычыны ўспыхнулі агнём усе двары, што межавалі з дваром князя. З уражлівай хуткасцю пажар перакінуўся на заезныя двары, занятыя ліцьвінамі і палякамі. Палыхалі стайні і павеці, агароджы, вазкі з сенам. Вітаўта абудзіў маршалак Чупурна: «Князь, гарым!» Рынуліся па сходах на двор, баяры ўжо трымалі напагатове коней. Тут з вуліцы ўскочылі на двор некалькі чалавек разбойніцкага выгляду і пачалі зачыняць вароты. Андрэй Іллініч выхапіў лук, і праз імгненне бліжэйшы да яго збой паваліўся плазам. А з вуліцы заступала выезд банда конных вугорцаў. Другую стралу Андрэй выпусціў на іх. «Наперад!» - гукнуў князь. Баяры, выхапіўшы мечы, рвануліся да варот. Вугорцаў адціснулі і пасеклі. На вуліцу, заслоненую клубамі дыму, выязджалі конна біскупы і польскія рыцары. Усе злосна лаяліся. Насустрач ім рушыў конны натоўп вугорцаў. Атачыўшы князя і біскупаў, баяры і шляхта віхурай прайшлі скрозь гэты натоўп, секлі кожнага, хто трымаў зброю. А ззаду іржалі пакінутыя ў стайнях коні.

Князь рыпеў зубамі і лаяўся. «Свалата! Свалата! - цвярдзіў сабе ў раз'юшанасці. - Жыўцом хацелі спаліць! Аддзякаваў за крэчатаў і коней, за гарнастаяў і залатыя падковы! Сам жа глейт бяспекі заручыў, люксембургская гніда! Любіце агонь, вырадкі крыжацкія! Ну, добра, пачакайце, летам спаўна атрымаеце, папомніцца гэты касцёр!»

Ад'ехаўшы ад Кежмарка тры вярсты, прыкмецілі з пагорка пагоню аднак невялікую. Князь загадаў шыхтавацца. Усе былі злосныя, кожны нешта страціў у агні: хто каня, хто воз, хто вопратку, хто браню. Прагнулі адплаты, люта сціскалі мечы.

Хутка пагоня наблізілася; аказалася, на агульны жаль, што гэта кароль Сігізмунд са світай. Князь Вітаўт вырушыў яму насустрач. «Тут ты мяне дагнаў, - думаў князь з гадлівасцю. - А ў горадзе што рабіў? У вакно, пэўна, глядзеў, чакаў весткі - «Спалілі». Не ўдалося, мірыцца ляціш. Ну, давай, кланяйся, пацук!»

- Дарагі брат! - здалёк лямантаваў кароль. - Якое жахлівае здарэнне! Якое шчасце, што вы не пацярпелі!

- Бог абараніў! - змрочна адказаў Вітаўт.

- Як толькі мне данеслі пра пажар, - не саромеўся Сігізмунд, - я адразу ўскочыў на каня. Малюся Богу, каб вы не затоілі крыўды! Пажары - біч нашых гарадоў. Якое няшчасце, што ваш прыезд абазначыўся такой няшчаснай падзеяй!

Гэты бурны паток словаў завяршыўся нікчэмным жэстам.

- Мой дарагі брат, працягніце мне сваю руку, - папрасіў Сігізмунд, - у знак таго, што на нашы добрыя стасункі не ўпадзе цень выпадковага пажара. - І Сігізмунд працягнуў Вітаўту руку.

Князь падаў сваю. На тым і развіталіся. Сігізмунд вяртаўся ў Кежмарк, праклінаючы крыжакоў, якія дарэмна абарацілі ў кастрышча паўгорада. Вітаўт скакаў да мяжы, праклінаючы подласць і бессаромнасць Сігізмунда. Баяры ж і шляхта падлічвалі свае выдаткі і, не маючы на ком сарваць злосць, лаяліся між сабой.

У Мушыне заначавалі, змянілі коней, а наступнага дня былі ў Новым Сончы, дзе з нецярплівасцю чакаў вялікага князя кароль Ягайла.

 

Берасце. 20 красавіка

На Люблінскай дарозе, там, дзе ў снежні князь чакаў караля, сустракала Вітаўта княгіня Ганна. Быў сонечны дзень; у топях надрываліся жабы; чарналессе зацягвалася лісцем, і здавалася, што гаі і бярозавыя дубровы акураны зялёным дымком. Бокам седзячы ў сядле, княгіня рысіла наперадзе натоўпу князёў і паноў. Яна пазнала мужа здалёк, усхвалявалася і пашыбавала насустрач. Князь радасна засмяяўся і пад'ехаў, падняўся на страмёнах і пацалаваў у вочы, нашэптваючы: «Знудзіўся па табе! Як ты, Ганна?» Гэтак жа парывіста, нібы забыў, адарваўся, каб павітацца з астатнімі. Азіраў знаёмых, весела гукаў: «Дабрыдзень, Жыгімонт!», «Дабрыдзень, Гаштольд!», «Здароў будзь, князь Раман!» Усе сабраліся, хто быў зараз патрэбны, толькі сама далёкія не прыехалі. Круціўся ў сядле на чатыры бакі; каму паціскаў руку, каму ківаў, каго весела пытаўся: «Ну што, без мяне з крыжакамі не біліся? А мяне ледзьве не спалілі ў гэтым Кежмарку, як бервяно, так іх і так!» Сярод гоману і мітусні Вітаўт з княгіняй праехалі наперад і паскакалі ў замак.

Сонца біла ў вочы, гула пад капытамі дарога. Ганна назірала за мужам, і па тым, як прагна ўцягваў грудзямі паветра, пахі вясновай зямлі, як прысцёбваў каня, адчувала ў ім даўнюю нецярплівасць, жаданне справы, безагляднае імкненне да мэты. Любіла гэты мужаў вясёлы парыў, радасць рызыкі, захапленне хвілінай. Ведала на памяць усе яго звычкі і настроі, бачыла, што зараз ён задаволены гэтым спатканнем на дарозе, паплечнікамі за спінай, радуецца хуткай вайне, якой доўга пазбягаў, і блізкай ужо гадзіне, калі вымавіць: «Настаў святы час!» - і закліча на каня ўсё баярства Вялікага Княства. І вырушаць дзесяткі тысяч рыцараў. І сам скочыць у сядло, і ў тое ж імгненне забудзецца на яе на месяц, другі, трэці, пакуль не выканае справу, а тады памяць падкажа, ён апамятаецца і будзе гнаць ўдзень і ўначы на застаўных конях, каб хутчэй наблізіць сустрэчу. Але любіла і адлучаны яго стан, калі ён застываў у сядле ці ў крэсле, абдумваючы нешта таемнае, пра што не казаў; аддалены яго позірк нібы свідраваў час, заглядаў у будучыню, і ён быў недаступны, змрочны, чужы. Сачыла за мужам, за яго даверлівай радасцю яркаму сонцу, якое пагнала ў рост траву і лісце, абудзіла да сямейнага клопату птушак, сагрэла зямлю і ўсіх абнадзеіла. Нечакана князь зірнуў на яе і, ззяючы вачыма, вымавіў:

- Хораша, Ганна! Усё як раней!

Настрой маладосці, які агарнуў мужа, адразу перадаўся і ёй. Быццам апынулася за дваццаць гадоў назад, калі ўцякалі, цярпелі выгнанне, вярталіся, скакалі ў начной цемры, цягаліся па чужых дварах, хаваліся ў лесе, засыналі, тулячыся адзін да аднаго, грэліся палкім шэптам: «З табой хоць у пекла, на любыя пакуты!» Колькі было любові! Кроў юравала, ночы ўспыхвалі, згаралі як знічкі, а ўвесь дзень салодкі жах у душы, прагнае чаканне ночы, сэрца адлічвала хвіліны, шукала яго позірк, а раптам зірне - апаляла, як агнём. Нават у мядовы іх месяц, нават калі Юрачка ды Іванка нарадзіліся, не было так хораша. Нібы і не шкадавалі пяшчотных слоў, і разам радаваліся дзецям, але ўсё было неяк сонна - былі пачуцці, ды без полымя: прыходзіў, смяяўся, ад'язджаў, прыбываў, апавядаў, але заўжды з нейкай нудоцінкай, цёпла, ды не горача; аб Ягайле хваляваўся болей, чым аб ёй, і раўнавала, што таму аддае больш часу, памяці, душы. І толькі ў Крэве, калі чакаў пятлі, калі асуджаны, падмануты, разбіты, прасейваў у начны час сваё жыццё, свае сяброўствы і прыхільнасці, толькі там, у каменнай вязніцы, перад вачыма смерці, адкрыў, што мае адзінага сябра, адданага, вернага да скону, гатовага ісці разам у агонь, у пятлю, пад стрэлы, - яе, Ганну.

І шчаслівая ноч уцёкаў! Тупат коней, зоркі, блакітнае чароўнае святло. І ён побач, плячо да пляча. Любімы, удзячны, заваяваны цалкам і назаўжды. І насычаная шчасцем і жахам ноч у Рытэрсвердары, калі Ягайла не вытрымаў і саступіў уладу на Літве. Даўгая, без сну ноч на Купалу. Сядзелі побач ля акна, адчувала, як ён усхваляваны - раптам ускокваў, садзіўся, крочыў па пакоі, раптам выбег і хутка вярнуўся, прынёс кальчугу: «Надзень!» Пакутаваў, што не здолеў выпатрабаваць з Круляўца дзяцей. Усіх сваіх заложнікаў сабраў у Рытэрсвердары - князёў Івана Гальшанскага, Юр'я Бельскага, Глеба Святаславіча, шмат якіх баяраў, але сама дарагіх немцы не адпускалі: заставаўся ў Мальбарку брат Жыгімонт, а ў Крулявецкім замку цярпелі Юрачка і Іванка. Маліліся за іх, плакалі - і ведалі: інакш нельга, прыйдзецца рызыкаваць; пераконвалі адзін аднаго, што ўсё абыйдзецца, што немцы не адважацца пакараць смерцю дзяцей. Вітаўт шаптаў: «Выкуплю, памяняю на палонных, памяняю на Жамойць». Раптам скажаўся страхам: «Не, не зараз, забяру іх - тады!» Тулілася да яго, казала, што прагнуў пачуць: «Трэба, трэба, Вітаўт! Трымайся! Вернем дзетак, аддадуць!» Раптам абдымаў яе, кляўся: «Вер мне, сяду на трон, ім будзе ўлада, ім Княства!» Забываліся ў шчаслівых мроях, радаваліся надыходзячым зменам, канцу сваіх бедстваў, змагання за карону; раптам шалёна цалаваў яе, раптам забываў пра яе, усміхаўся сваёй перамозе ці нецярпліва глядзеў у акно: ці гаснуць зоркі? Пачало світаць. «Памолімся!» - сказаў Вітаўт. Шпарка памаліліся. Пацалавала яго, ён дастаў меч і з мечам выйшаў на двор.

Некалькі хвілін было ціха, і раптам - люты лямант, звон мечаў, ускрыкі крыжакоў. Калі сонца ўзышло, драўляны замак палаў, а яны скакалі браць Горадню.

А потым Вільня, касцёл святога Станіслава, белая сутана біскупа Андрэя, карона ў ягоных руках, незадаволены твар каралевы Ядвігі, падманныя ўсмешкі Ягайлы, тысячы баяраў - і яны з Вітаўтам вянчаюцца на княжанне; цяжкое золата дакранулася галавы - і сэрца забілася шчасцем: дамагліся, збылося, валадарым. Зірнула ўбок - Вітаўт у кароне, бледны, вусны сціснутыя, вочы блішчаць. Падумала: «Вось, Юрачка гэтак жа будзе каранавацца!» І сурочыла. Нельга было пра гэта думаць, трэба было ў тую гадзіну смуткаваць па дзетках, не раздражняць Бога сваёй радасцю ўладзе, ён абараніў бы хлопчыкаў, спыніў жорсткую нямецкую руку. А тут застоллі, бяседы, услаўленні, перакананне, што немцы пачнуць таргавацца, што мяркуюць, колькі ўзяць за дзетак вялікага князя, а час бяжыць, упэўненасць мацнее: так, слушна вырашылі; што ж немцы - дурні, не разумеюць карысці? І раптам вястун паўзе на каленях, слёзы ў вачах, рве кашулю: «Княгіня, ты - сірата, тваіх дзяцей у Круляўцы атруцілі».

Імгненне назад скакала з радасцю ў вачах, моцна трымала павадок, не адчувала дарогі, каня, сядла, як тады, у свае дваццаць пяць гадоў, а згадала дзетак - і нібы камень магільны лёг на плечы, прыгнуў, выціснуў слёзы - і пакута на сэрцы, не хочацца жыць.

- Ты што? - спытаў князь.

- Дзеткі нашы прыгадаліся, Вітаўт.

Ён змаўчаў, але панурыўся, спахмурнеў, утаропіўся вачыма ў пясок дарогі, бяссільны і бездапаможны перад гэтай бядой. Княгіня пазірала на мужа, шкадавала яго, шкадавала сябе. «Божа, - думала яна, - сумны наш лёс! Напакутаваліся, знясілелі, Бог не даў новых дзетак, перарваў род». Ведала, што думкі пра гэта крояць князю душу. Часам забываў, не даваў памяці волі, заглушваў боль справамі, раз'ездамі, мітуснёй сустрэчаў; пераконваў яе і сябе: «Трэба жыць, цярпець, і мы не вечныя, і мы пойдзем да іх, а тут трэба выконваць сваё, і хопіць слёз, усё, ні слова пра дзетак, інакш як у пекле». А пасярод ночы абуджаўся, мёртва глядзеў у пустату, бачачы іх, тужліва казаў: «Нашто, дзеля каго старацца, Ганна? У магілу ж уладу не забяру. Нехта зменіць, прыйдзе на гатовае, можа, той, каго не люблю. Ці дурань. Наогул, чужы. Былі б наступнікі. Для чужых - сумна!» Потым выбухаў: «Адплачу, пасяку, рассею!» Але не мог адпомсціць, не хапала моцы і было шмат ворагаў. Немцы атруцілі, а сказалі - хвароба звяла. Такая жудасная хлусня, бо даведаліся, адкрылі прыхільнікі, як нейкі Зомберг паднёс хлапчукам атруту ў кубках, калі тыя прасілі піць.

- Вітаўт? - паклікала Ганна.

Князь павярнуўся да яе.

- Забі іх!

Ён кіўнуў, і гэты змрочны ківок яе суцешыў. Пачула гучны тупат коней, азірнулася - князі, паны, баяры ішлі на рысях у Берасце, яе рыцары, яе мсціўцы ў блізкай вайне.

Але адчувала палёгку нядоўга. Яны паб'юць немцаў, думала яна, князь заб'е Зомберга, але дзеці да яе не вернуцца, помста забойцы іх не ўваскрэсіць, і радасць сустрэчы з дзецьмі не чакае яе на гэтым свеце. Угнявілі яны Бога, яна і Вітаўт, Бог ніколі не даверыць ім дзіцячую душу. Вы хацелі ўлады, скажа Бог, імкнуліся да ўлады, усім ахвяравалі дзеля яе - дык майце асалоду ад свайго валадарства. Але цану за гэтую радасць вы прызначылі самі - дзеці. Вы ведалі, што рызыкуеце іх жыццямі. Забудзьце пра іх і радуйцеся з таго, што атрымалі за іх - агульнай падпарадкаванасці. Нашто вам дзеці, калі муж твой не любіць дзяцей. Ён грэшны назаўжды, ён - Ірад, на ім недаравальны грэх дзетазабойства. Ці не князь Вітаўт загадаў зарэзаць сто пскоўскіх дзіцёнкаў? І знайшліся душагубы, і выканалі загад, і сто дзіцячых сэрцайкаў замерлі, раздзёртыя нажамі.

Так, Ганна, тваё шчасце, што ты не бачыла тых забойстваў на ўласныя вочы і таму не хочаш паверыць у іх. Але ты чула расказы, табе пераказвалі пра іх служанкі, а ім казалі мужы - сведкі той разні.

Княгіня згорбілася пад цяжарам змрочных прывідаў, і парыў, які аб'яднаў яе на кароткі час з мужам, загас. Жыццё прайшло, усё ў ім зведана, і нічога лепшага, чым было ў маладосці, ужо не будзе. Усе жорсткія, падумала яна ў апраўданне князю. Ці бацька мой, князь Святаслаў, быў дабрэйшы? Таксама дзіцячыя смерці меў на сумленні, калі амсціслаўцаў жыўцом палілі ў хатах ці клалі галовамі пад ніжні вянец зруба. Можа, і за яго грахі мяне Бог адказчыцай зрабіў. Але смерць праклятага Зомберга будзе ў радасць. Дык няхай заб'е яго Вітаўт, няхай Іванка і Юрачка ўбачаць праведны ўдар бацькоўскага меча!

Таго самага дня ўвечары вялікі князь сабраў намеснікаў і ўдзельных князёў у вялікім пакоі замкавага дома. Яны сядзелі ўздоўж сценаў, не было толькі князя Сямёна Альгердавіча, князя Аляксандра старадубскага і падольскага князя Івана Жэдзевіда - гэтыя ўжо з харугвамі прыйдуць.

Усе ўрачыста чакалі рашучых словаў вялікага князя. Ён марудзіў, усмешка блукала па яго твары, уважліва аглядаў паплечнікаў. Усіх іх у гэтую хвіліну любіў, хацеў, каб і яны ўсе любілі адзін аднаго, пакінулі свае свары, каб каталікі не грызліся з праваслаўнымі, удзельныя князі не касавурыліся на паноў, каб ад гэтай хвіліны і на ўвесь час вайны склалася агульнае адзінства. Тут, у Берасцейскім замку, зімой разам з Ягайлам прадумалі план вайны, а зараз тут, на востраве між Бугам і Мухаўцом, ён загадае сабраць у харугвы ўсё ваярства Княства.

- Доўга, - гучна вымавіў Вітаўт, - доўга нашыя землі чакалі дня прускага паходу. Ён прыйшоў. Дзень Пагоні! Білі нас, паб'ём мы!

- Паб'ём! - падняўся князь Аляксандар Слуцкі і выхапіў меч.

І ўсе выхапілі мечы і падняліся: брат Жыгімонт, князь пінскі Юры Нос, намеснік троцкі Яўніс, намеснік ковенскі Сунігайла, князі Сямён і Іван Друцкія, намеснік полацкі Іван Нямір, намеснік кіеўскі князь Іван Гальшанскі, намеснік ушпольскі Осцік, князі Іван і Рыгор Нясвіжскія, намеснік крэўскі Гаштольд, князь Андрэй Лукомльскі, намеснік гарадзенскі Міхайла Мантыгірд, намеснік вількамірскі Вежкгайла, ваявода луцкі Фёдар Астрожскі, намеснік віленскі Войцах Манівід, князь Раман Кобрынскі, жамойцкія старосты Румбольд і Міхайла Кезгайла, князь Юры Заслаўскі, князь магілеўскі Андрэй, князь Сангушка Ратненскі, намеснік віцебскі князь Васіль, намеснік смаленскі Васіль Барэйкавіч, маршалак Чупурна. Падняліся мазавецкія князі Януш і Земавіт. І сам вялікі князь падняўся перад святасцю агульнага пачуцця.

Потым мечы вярнуліся ў похвы.

- А зараз прызначаю, - сказаў Вітаўт, - усім харугвам збірацца да трэцяга чэрвеня ў Горадню. Судовыя справы спыніць. Бамбарды з замкаў зняць і выправіць з абозамі наперад. Кожнаму, хто выступае ў паход, мець з сабой кармоў і ежы на пяць тыдняў, адлічваючы гэты час ад Горадні. А баярам і гарадам трэба ведаць: за адмову ці за ўхіленне ад паходу, утойванне абавязаных да Пагоні людзей буду караць горлам.

Кароль Ягайла ўжо разаслаў візы, ужо наймаюць для вайны чэхаў, усё мазавецкае рыцарства прыйдзе на бітву. Нашы татары і пяць тысяч кіпчакоў сядуць у сядло, і я чакаю, князі, паны, намеснікі і старасты, поўнай адказнасці. Для аховы ў час паходу гарадоў і замкаў - Віленскага, Троцкага, Ковенскага, Гарадзенскага, Наваградскага, Кіеўскага, Уладзімірскага, Полацкага, Медніцкага, Луцкага, Лідскага - паставіць мяшчанства, а ўсё рыцарства паставіць у харугвы. Для аховы абозу і падмогі ў бітве мець пры кожных калёсах, апрача возніка, пешага ратніка, а браць аднаго ратніка з дзесяці двароў. З сямі жамойцкіх харугваў тры пойдуць з намі, а з другімі, Кезгайла, ты ўдарыш на Клайпеду, Юрбарг, Рагнету ў купальскую ноч.

- Прызначаю, - працягваў Вітаўт, - сваіх намеснікаў у войску: князя Сямёна Лінгвена Амсціслаўскага, яго павінны слухаць, як мяне, а яшчэ Войцаха Манівіда і Гаштольда. За ўвесь вайсковы абоз і парадак у табарах адказваць будзе Стась Чупурна. - І, зірнуўшы на князёў, жорстка дадаў: - А хто іх слухаць не будзе, адкажа мне галавой.

Бачыў, што нязгодныя і незадаволеныя. Маўляў, як гэта слухаць Манівіда, а не мяне, князя Слуцкага, чыстага Гедзімінавіча, роўнага табе, Вітаўт? Гэта ж што, пытацца ў Чупурны, дзе табарам стаяць? Ну, добра, князь Сямён, зразумела, ён, як мы, Альгердавіч, але гэтых нашто? «На тое, - думаў Вітаўт, - каб вы не выстаўляліся адзін перад адным. Не пасадай - мечам шукайце славу. А злуяце - тым лепш, тым больш людзей выставіце, жадаючы паказацца».

І ўявіліся яму дружыны, палкі, харугвы па ўсіх дарогах Княства, рух тысячаў людзей з Віцебска і Смаленска, Старадуба і Кіева, Вільні і Трокаў, Воршы і Меднікаў, Слуцка, з усіх зямель - у Горадню, і паўсюдна пакінутыя ваярамі безабаронныя двары.

- Вам законы Пагоні вядомыя, - сказаў Вітаўт. - У харугвах вы, у гарадах цівуны, у паветах вайсковыя павінны цвёрда іх трымаць. Любому і кожнаму, нягледзячы на род, сваякоў, заслугі, калі пачне казакаваць, нахабнічаць, лезці ў чужыя двары, кранаць чужое дабро, секчы чужыя гаі, красці, гвалціць і якім іншым чынам рабіць шкоду і крыўду, адно і неадкладнае пакаранне - шыбеніца! Усе павінны гэта ведаць, як імя Хрыста.

Зноў усіх азірнуў, усміхнуўся і весела завяршыў:

- А зараз - за справу!

Ранкам Берасцейскі замак апусцеў: раз'ехаліся князі і намеснікі, паскакалі ганцы, рассыпалася ў розных кірунках на родныя двары харугва, што хадзіла з Вітаўтам у Кежмарк. Сам жа вялікі князь затрымаўся ў Берасці з мазавецкімі гасцямі Янушам і Земавітам.

 

Двор Рось. Заручыны

Андрэй Іллініч спяшаўся да Соф'і. Ехаць было весела, мноства спадарожнікаў ішло да Ваўкавыска - віленчукі, гарадзенцы, палачане, з якімі разам служыў. У Ваўкавыску падзяліліся - хто падаўся праз Ліду на Ашмяны і Вільню, хто праз Слонім на Наваградак, Менск, Віцебск, Смаленск. Андрэй з людзьмі Мантыгірда павярнуў на Гарадзенскі шлях. Пакуль карміліся коні, сустрэўся з цівуном Ваўковічам і пакінуў пры ім свайго лучніка Мікіту з наказам ляцець стралой у Рось, як толькі пачуе пра падыход да горада вялікага князя.

Каля павароту на Рось развітаўся Андрэй з гарадзенцамі і ўжо адзін паскакаў да знаёмага двара. Мішка будаваўся, бялеў адноўлены і пашыраны частакол, навокал рабілі дзесяткі з два цесляроў. І двор абжываўся: ужо стаялі новы хлеў, новая стайня, была зрублена курная хаціна, і самога гаспадарскага дома стаяла на камянях шэсць вянцоў. Побач стайні парыў на агні кацёл, які даглядалі дзве старыя. Соф'і ж Андрэй не ўбачыў і засмуціўся. А ўжо беглі да яго радасныя Гнатка і Мішка, ледзь не вырвалі з сядла - і ціснуць у абдымках.

- Ну, ты, братка, дужы стаў! - радаваўся Андрэй. - Нібы мядзведзь! - І спытаў хутка: - Соф'я тут?

- Дзе ж ёй быць! - усміхнуўся прыяцель. - Бачыш, талака ў нас, хачу хоць нешта зрабіць да паходу. А калі пазавуць?

- На першы дзень чэрвеня.

- Паспею, - сказаў Мішка і раптам загукаў: - Гэй, Соф'я!

Праз імгненне дзверы хацінкі расчыніліся і выйшла Соф'я - босая, у простых кашулі і спадніцы. Убачыла Андрэя і так радасна прасвятлела, так шчасліва ўзмахнула рукамі, так заззялі яе вочы, што Андрэй забыўся на ўсіх, кінуўся да яе, падхапіў на рукі, прытуліў да грудзей і - як было ў снах, у марах - пачаў палка цалаваць шчокі, вочы, рукі.

Падышоў Мішка, патаптаўся.

- Добра, Іллініч, што ты прыехаў, а то ў нас тут некаторыя плакалі па начах. Пабудзеш?

- Пабуду, - кіўнуў Андрэй, не спускаючы з рук Соф'ю.

- Ну, пайду, - прабачальна сказаў Мішка і, да радасці Андрэя, вярнуўся да цесляроў.

Тут Андрэй прыкмеціў, як усе цікуюць на яго і Соф'ю. Зірнуў на мужыкоў - тыя адвялі вочы, узяліся за свае стругі, зірнуў на старых - тых як ветрам абараціла да катла, ледзьве галовамі ў яго не залезлі. Тады паставіў Соф'ю на зямлю і зашаптаў: «Сэрцайка, сонейка, зорачка мая, вось і дачакаліся, хутка заўсёды будзем разам!» Усё папрыгажэла, радавала і весяліла. Зняў світку, аддаў Соф'і - радасць; зняў меч, яна прыняла, здзівілася: «Які цяжкі!» - і абое ў смех; стаў умывацца, яна палівае - абоім смешна; пачала частаваць, сама села насупраць - святаў такіх не было, як зараз. Азірнуўся на дзверы, дастаў з-за пояса хустачку, разгарнуў - у ім залаты пярсцёнак: «Прымер, заўтра надзену». Узяла пярсцёнак, надзела на палец, паварочвае руку, узіраецца, быццам не верыць вачам. Раптам паспяшалася да кубла, парылася ў ім, працягвае сціснуты кулачок: «Для цябе!» Андрэй падставіў далонь - таксама пярсцёнак.

- Вось і заручыліся! - сказаў Андрэй. - Цяпер жаніх і нявеста. - І падміргнуў: - А там і маладыя!

Парывіста падняўся, абняў Соф'ю, сціснуў у абдымках і прагна павёў губамі па шчацэ.

Раптам непрыемна зарыпелі дзверы - ледзь паспеў адхіліцца: у хату ўсунулася баба.

- Софійка, што сыпаць: пшано ці грэчку? - спытала баба падлізліва, паядаючы вачыма пачырванелую Соф'ю.

- Усё сып! Не шкадуй! - грозна гукнуў Андрэй.

- Ага! - сказала баба і знікла. Соф'я, баючыся Андрэевай смеласці, таропка села да стала.

- Вось жа чорт прынёс! - засмяяўся Андрэй.

Зноў радаваліся пярсцёнкам, заўтрашняму святу і, падзеленыя сталом, мілаваліся вачыма.

- А я бачыў каралеву вугорскую, - сказаў Андрэй. - Ну, Соф'я, пальца твайго не вартая. Праўду кажу! Шчокі бураком нацёртыя, скура цыпкамі пабіта, а спераду і ззаду нібы мечам паабсякалі. Гляджу на яе, думаю: як там мая найпрыгажэйшая каралева? Ці помніць мяне? Ці забыла, як з вачэй знік?

- Ніколі не забывала! - шчасліва прызнавалася Соф'я. - Кожны дзень, кожнай ноччу малілася за цябе...

- Значыць, ты мяне і ўратавала! - радаваўся Андрэй і расказаў, як вырываліся з агня.

Пасля вячэры, калі ўсе паклаліся спаць, Андрэй і Соф'я пайшлі да ракі. Маладзік ззяў на небе, зоркі адбіваліся ў вадзе; на супрацьлеглым беразе ў кустах раптам засвісталі салаўі; ціха буркатала на нябачных перашкодах рака. Незвычайная была ноч, і незвычайны быў мінулы дзень - адчувалі, што не забудуць ніколі. Стаялі, дзівіліся, шапталіся, што гэта толькі для іх стараецца Бог: і наўмысна бабу прыслаў у салодкую хвіліну, каб лепш запомніліся гадзіны шчасця, і першаму салаўю прызначыў пець менавіта сёння, каб ім пяяў, і для іх высеяў шчаслівымі знакамі зоркі, і месяц не сыходзіць, а нараджаецца, бо і ў іх усё жыццё і ўсё шчасце наперадзе. Палалі, уздыхалі, што ад заручынаў да вяселля ўсё лета чакаць, зноў разлучацца, а кожны дзень што век, а душа палае, сэрцу цесна - вунь як калоціцца, шалёна б'ецца, яшчэ не вытрымае разлукі, разарвецца напалам; а як хораша - словаў няма, стаяць бы так бясконца, слухаць шэпт, цалавацца.

Маладзік нібыта конна нёсся па небе, пачало світаць; неахвотна вярнуліся на двор. Андрэй адшукаў у стайні, дзе спалі людзі, вольнае месца, паваліўся на салому, накрыўся Соф'іным кажушком і шчасліва заснуў. Прачнуўся - навокал нікога, стукаюць сякеры, яркі дзень. Ускочыў, плёснуў у вочы вадой - і да цесляроў.

У абед прыскакаў з Ваўкавыска Мікіта, прывёз загад цівуна - заўтра будзе вялікі князь, хоча глядзець харугву. Соф'я села побач з Андрэем, прытулілася да пляча: «Ой, Андрэй, баюся я! Магла б - не адпусціла!» «Абыдзецца, - супакойваў Андрэй. - Мяне пярсцёнак твой асцеражэ!»

На досвітку Мішка і Гнатка з лучнікамі выправіліся ў Ваўкавыск. Аленка паспела шапнуць Гнатку, каб перадаў паклон Юр'ю. І засаромелася. «Што, нудзішся?» - спытаў асілак. «Паклон перадай, а што нуджуся, не кажы». - «Ды што ж, - усміхнуўся Гнатка. - Мне што! Як хочаш!» Андрэй паехаў з імі, спадзяваўся, што маршалак Чупурна выканае сваё абяцанне і прыедзе ў сваты.

Па дарозе да іх далучаліся баяры і зямяне са сваімі коп'ямі. Хто вёў дзевяць людзей, хто двух, але і такіх было немала, хто ехаў на агляд адзіночна.

- Нам бы на Вербніцу так ісці маліцца, - казаў Мішка, - пры дзідах і панцырах. Па начах нашыя сняцца, дакараюць. Тут, Андрэй, старая жыла, шаптала добра, жыццё мне вярнула. Усё думаю, не магу ўразумець: сядзела ў лесе, у нас кажуць - вядзьмарка, глупства гэта, святая была бабка, нікому не адмаўляла дапамагчы, за дзесяць вёрст і ў мароз, і ў дождж цягалася, каб хворае дзіця паглядзець. Ды вось - прыходзіць гад і, не ведаючы, не маючы за што, проста так, сячэ мечам. Прасіла мяне свечку паставіць у царкве, як сканае, а я жартаваў: дзесяць запалю, думаў - яшчэ век будзе жыць. Усе дзесяць і паставіў. Дык яны, агеньчыкі гэтыя, вось тут, - крануўся грудзей, - мяне паляць...

Андрэй слухаў моўчкі; жыў іншым клопатам, не думаў пра крыжакоў, ведаў: пачнецца бітва - і ён будзе біцца; а зараз мусіў зрабіць сваё: Чупурну перахапіць, з Соф'яй заручыцца і паспець у Полацак. Палюбіць яму трэба каго, думаў пра таварыша.

- Раней не балела, - казаў Мішка, - а як сам у Кульчыхі ляжаў ды як нашых забілі, як Вольга загінула, сорам мяне прыпаляе, Андрэй. І мы ж калажанаў мардавалі. Я сам некалькіх людзей пасек. Можа, яны сваю нявесту абаранялі... Адплацілася мне. Жахліва на сэрцы. Не хочацца прыходзіць з вайны.

- Ты чаго! - усхваляваўся Гнатка. - Хіба можна? Малады быў, дурны. Пакаяўся - Бог даруе. Ты ж пра мяне помні, ты мне як родны сын!

Андрэй зноў змаўчаў. Што казаць? Сам, калі ўсё прыгадваць, такімі грахамі абвешаны. Ды і кожны. Не пазбегнеш. Не яны першыя, не яны апошнія. А на вайну, Гнатка праўду кажа, з цяжкім сэрцам лепш не хадзіць. Хто засмучаны і хто моцна злы, той першы і гіне. А зараз мірны час надыходзіць. Адваюем з крыжакамі, і не будзе з кім ваяваць. Мішка адмучыцца па Вользе, знойдзе нявесту, будзе дзяцей гадаваць. Аленка пойдзе замуж, а ён Соф'ю забярэ да сябе пад Полацак - жывіце ўсе, лепшага шчасця не трэба.

На рынкавай плошчы з адноўленым касцёлам ужо шмат сабралася ваяроў, і новыя ўсё прыбаўляліся; знаёмцы віталіся, стаяў вясёлы гул. Андрэй прыкінуў, што добрая збіраецца харугва - коп'яў у двесце, і шмат якія ўзброены былі не горш за немцаў.

Неўзабаве з'явіўся Ваўковіч, прынёс харугву, гукнуў:

- Хто харунжым пойдзе?

- Я! - паспяшаўся Мішка.

Дражніць лёс, падумаў Андрэй. Стаяць харунжым, вядома, гонар, але затое ў бітве і цэляць найперш у яго, каб зваліць сцяг, асляпіць полк, і самога імкнуцца пасекчы, ведаючы, што харугву трымае вопытны рыцар.

Пад'ехаў Юры ў бацькоўскіх даспехах, з бацькавым кап'ём.

- У полк рашыў? - спытаў Мішка.

- Усе ідуць.

- А здолееш кап'ём?

- Навучу, - сказаў Гнатка. - Цябе навучыў і яго навучу. Ён хлопец здольны.

- Дзякуй, Гнатка! - кіўнуў Юры. - Як Аленка? Здаровая?

- Казала паклон перадаць, - адказаў Гнатка са значэннем. - Пыталася: можа забыў пра нас?

- Не забыў, - уздыхнуў Юры. - Перадай і ад мяне паклон.

- Сам не хворы, - адмовіўся Гнатка. - Вось Андрэй і Соф'я сёння заручаюцца. Прыязджай!

Час ішоў, ніякіх вестак пра князя не было. Андрэй непакоіўся, што княжы двор і з ім разам так патрэбны Чупурна абмінуць Ваўкавыск. У нецярпенні сам выязджаў з горада, узіраўся ў дарогу. Ваяры даставалі прыпасы, сілкаваліся. Нарэшце прыімчаў вястун: ідуць, праз паўгадзіны прыйдуць. Забілі званы. Ваўковіч паскакаў насустрач вялікаму князю. Мішка Расевіч пачаў шыхтаваць харугву: хто быў у лепшай брані, таго паставіў у першыя і бакавыя шыхты, слабейшых на зброю - у сярэдзіну. Разгарнулі сцяг - сярэбраны вершнік на кані ў барвовым полі. Шыхты выраўняліся, узнялі дзіды.

Хутка пачуўся тупат княжага почата, на плошчы з'явіліся Вітаўт і княгіня Ганна, спыніліся перад ваўкавыскім туфам. Па знаку Ваўковіча змоўклі званы. У цішыні зрэдку пахрапвалі коні. Андрэй, стоячы ўбаку, узрадаваўся, калі ўгледзеў сярод почата дворнага маршалка. Вялікі князь аглядаў харугву. Усіх агледзеўшы, падняўся на страмёнах і гучна крыкнуў.

- Ладная харугва! Вытрымаеце вайну!

Мішка паварушыў сцягам, і па гэтаму знаку харугва ўскінула мечы, дзіды, сякеры, грымнула ў шэсцьсот галасоў: «Слава князю!» «Слава Вітаўту!»

Потым князь накіраваўся ў замак. Андрэй зарысіў услед. На замчышчы праціснуўся да Чупурны, ды раптам яго заўважыў Вітаўт. Князь здзівіўся:

- Ты тут адкуль?

- Сватаюся да Расевічанкі, - не забаяўся Андрэй. - Хачу маршалка Чупурну прасіць...

- Ну, ты зух! - усміхнуўся Вітаўт. - Чуеце, Ганна, Пётра, Войцах? Вайна праз месяц, а Іллініч жэніцца. А галаву знясуць - не баішся?

- Не знясуць! - адказаў Андрэй.

- Дай Бог! - пажадаў князь і, ахоплены добрым настроем, запытаўся: - Чаму ж Чупурну? Чаму мяне не просіш у сваты?

- І думаць не асмельваўся, вялікі князь! - збялеў Андрэй. - Ты б мяне забіць загадаў за гэткую дзёрзкасць.

- Ну, рызыкні, - усміхнуўся князь.

У Андрэя сэрца абарвалася ад неспадзяванага шчасця, зразумеў - князь дасць згоду. Уміг зляцеў з каня і - на калені, і цалаваць стрэмя, пакрыты пылам бот. Пачуў голас князя: «Што, Ганна, уважым баярына? Ён мяне ў Кежмарку ратаваў. - І праз імгненне: - Падымайся, Іллініч, княгіні дзякуй!» Андрэй прайшоў на каленях - і галавой да зямлі: «Княгіня Ганна, навек твой слуга!»

Калі Вітаўт з жонкай пайшлі адпачыць, Андрэй паспяшыў шукаць Мішку. Той, пачуўшы пра такіх сватоў, схапіўся за галаву: «Божа, дзе прымаць? Стайня адна стаіць!» - Ты ж чым вінаваты? - супакойваў Андрэй. - Немцы спалілі. На двары на стол збярэш. І Соф'і, скажы - няхай не пужаецца. Князь пужлівых не любіць». Мішка і ўражаны Гнатка паімчалі ў Рось.

Да Андрэя падыходзілі знаёмыя, віншавалі, дзівіліся, зайздросцілі. Услых ніхто не казаў, але разумелі: апроч пашаны і падарункі будуць шчодрыя. Княгіня была прагавітая, а князь, калі дарыў, не скупіўся. Андрэй ачмурэла бадзяўся па замкавым двары. Усё так уладкавалася, як не марыў. І для Соф'і нечаканая радасць. Во якія будуць сваты! Дзецям будзе расказваць. У адзін дзень і сваты, і заручыны! Пра адно шкадаваў - што нельга разам і вяселле згуляць. Ды і немагчыма, калі разважаць цвяроза. Хоць ён і казырыцца: «Не знясуць!», а проста могуць знесці; некаму ж пазносяць, чым ён лепшы? А заручонага для дзяўчыны не так крыўдна страціць, як мужа; няхай лепш застанецца ў нявестах, чым удавой, калі яму не пашчасціць...

Мішка ў гэты час, пакінуўшы зброю і браню няскораму Гнатку, шпарка ляцеў у Рось і там узбудзіў усю чэлядзь. Пачалі прыбіраць двор, ставіць сталы і лаўкі, парабкі панесліся па бліжэйшых дварах з просьбамі пазычыць і выручыць хто чым можа, бо такая неспадзяванка - сам Вітаўт прыедзе ў сваты. І ўсе адгукнуліся: там курэй рэжуць, там скручваюць шыю гусі, там вяндліну здымаюць з крука, а чацвёртыя выкатваюць з варыўні бочачку мёду, а другія пазычаюць абрусы і чаркі. І, хто можа, спяшаюцца да Расевічаў, каб дапамагчы і на ўласныя вочы ўбачыць незвычайных сватоў.

Соф'я, даведаўшыся, хто прыедзе, закрылася ў хаце. Крочыла з кута ў кут, утрымліваючы сэрца і шэпчучы сабе: «Што ж мне рабіць? Што рабіць?» Потым выняла ўсё з кубэлка - і ў слёзы: апрануцца няма ў што, усё спалілі праклятыя немцы, хоць голая выходзь да людзей у такі час. Кінулася на ложак ў адчаі.

Увайшоў Гнатка, разгубіўся.

- Софійка, што?

- Ой, Гнатка, няшчасная я.

- Што, дзетухна, - страчваў спакой асілак, - што здарылася?

- Ой, Гнатачка, зганьбаваная я навек!

- Ды што? Ты ж кажы, - ледзьве не плакаў стары.

- Ой, бедная я, лепш мне на свет не радзіцца!

- Софійка, хто пакрыўдзіў? - зароў Гнатка, хапаючыся за цяжкі свой меч.

- Ой, Гнатачка, надзець няма чаго, голая я наскрозь!

Гнатка толькі вохнуў, потым уздыхнуў і сказаў з дакорам:

- Якія вы... розум чорт ведае дзе! Хіба так можна мэнчыцца з-за нейкага хусця. Хоць у зрэбніне - павінна горда стаяць. - Расчуліўся, прысеў у нагах, пачаў суцяшаць: - На вяселле абшыешся, а зараз як ёсць. Ты прыгожая, табе і ў анучах можна. Галаву стужачкай павяжы, кашулю маеш, спадніца вунь якая добрая.

- Яна ж зімовая, - адгукнулася Соф'я.

- Ну і няхай. Хто ведае? І вочкі памый, каб ззялі, а то выйдзеш, падумаюць людзі - няўдалая...

Праз колькі гадзін, калі прыкмецілі на дарозе вялікі аддзел коннікаў, стол быў сабраны, не такі, праўда, багаты, як хацелася б, але тым супакойвалі сябе, што зрабілі ўсё магчымае, што князя нічым не здзівіць і не дзеля стала ён сюды едзе... Двор заціх, лішнія людзі пахаваліся па кутах, Мішка і Гнатка выйшлі за вароты. Сваты наблізіліся, сышлі з коней, рушылі да гаспадароў: наперадзе Вітаўт з жонкай, а за імі Чупурна і Манівід, і Андрэй, і ахова. Аленка ж больш за ўсё ўзрадавалася, убачыўшы Юр'я.

Вітаўт і Ганна спыніліся перад Мішкам.

- Здаровы будзьце! - павітаў Вітаўт. - Мы да вас здалёку за пакупкай. Прымеце ці назад павернеце?

- Рады б што прадаць, ды нічога не маем, - з паклонам адказаў Мішка. - Усё немцы разрабавалі. Раней восені не вернем.

- Што мы шукаем, тое маеце! - князь усміхнуўся. - Чулі мы, што ёсць у вас птушка райская, а ў нас ёсць лоўчы, у вас - нявеста, у нас - маладзец!

- Ёсць у нас нявеста, ды на адно вока не бачыць, - па звычаю блазнерыў Мішка, - на адну нагу кульгае, другой чапляецца, нос тырчком тырчыць. Калі такую шукаеце, дык, калі ласка, запрашаем паглядзець.

Увайшлі на двор. Гнатка пайшоў па Соф'ю. Князь, азіраючыся, сказаў Мішку:

- Так, дашчэнту вас папалілі. Бацька тады загінуў?

- Бацька ў Ваўкавыску загінуў, у баі, - шмат крыжакоў пасек.

- Памятаеш, Ганна, Івана Расевіча? - павярнуўся Вітаўт да жонкі. - Да прусаў з намі хадзіў. Шкада! Добры быў рыцар. Жаніха хоць бачыў? Не супраць волі?

- Бачыў! - супакоіў Мішка. - Спадабаўся.

Выйшла Соф'я ў вышыванай кашулі, чыімсьці андараку, з чырвонай стужкай у валасах, пакланілася княжай пары.

Андрэй адчуваў, што яго нявеста ўсім спадабалася, а сам вачэй ад яе не адводзіў.

- Ну, дабрыдзень, галубка! - сказаў князь. - Жаніха, вось, прывезлі. Ты глядзі: спадабаецца - скажы, не спадабаецца - мы яго зараз жа прэч, лепшага знойдзем, а калі надта не падабаецца - галаву здымем!

Соф'я выпаліла ледзьве не са страхам:

- Падабаецца!

Усе засмяяліся.

- Усё ясна, - падпарадкаваўся Вітаўт. - Можна запіваць. Гэй, - гукнуў ахову, - віна!

Два баярыны бегма прынеслі бачурку. Селі да стала, Вітаўт сам не піў, ледзь прыгубліваў, але другім нудзіцца без чаркі не дазваляў. Памятаў з даўніх гадоў Гнатку, парадаваў яго сваёй увагай. Прапанаваў выпіць за бацькоў, якія зараз радуюцца на небе за дачку. Дакараў Стася Чупурну: чаму дворны маршалак не прапівае свайго сына? Княгіня, гледзячы на шчаслівых Соф'ю і Іллініча, праслязілася - суцяшаў яе. Андрэю з жартам гразіўся: «Глядзі, хлопец, на вайну не спазняйся, назад возьмем галубку!» Выпілі, зашумелі, пачалі забывацца, нашто сядзяць. Князь грукнуў кулаком: «Гэй, людзі, ціха!» - і аб'явіў:

- Сватанне запілі, можна і заручацца. Няхай мяняюцца пярсцёнкамі, калі маюць!

Пад смех і добрыя словы абмяняліся пярсцёнкамі.

- Ну вось, зараз пара! - прызнаў князь. - Жаніх і нявеста! - І павярнуўся да аховы. - Падарункі!

Прынеслі княжыя дарункі: Соф'і - сабалёвую шубу, Андрэю - італьянскі корд з пазалочанай рукаяткай і сто залатых грошаў. Абодва ўкленчылі.

- Вялікі князь і вялікая княгіна, дзякуй!

Андрэй яшчэ дадаў: «Вернай службай аддам!»

- Службай, баярын, ты і так абавязаны, - адказаў князь. - А аддзячыць нас проста. Пасля вяселля праз дзевяць месяцаў, каб рыцар загукаў у хаце!

І, утаропіўшыся ў пунсовую Соф'ю, сам першы засмяяўся.

Знатныя сваты пасядзелі яшчэ з паўгадзіны і пад словы падзякі, пад удзячныя паклоны і пажаданні ад'ехалі.

Скарыстаўшы мітусню шумных провадаў, Аленка і Юры непрыкметна пакінулі двор і пайшлі лясным прасёлкам. Абодва маўчалі, засцерагаліся выпадковага пустога слова.

Аднак словы патрабаваліся. «Што ж я маўчу? - думаў Юры. - Скажу. Вось зараз, дойдзем да гэтага пня, цераз дзесяць крокаў, спынюся і скажу!» Мінулі пень і па-ранейшаму маўчалі. «Не, нельга, скажу!» - рашыў Юры і спыніўся.

- Аленка, хачу сказаць...

Яна перапыніла:

- Юры, хачу спытаць. Памятаеш, ты прыязджаў перад Вербніцай, мы хадзілі...

Ён кіўнуў.

- Ты тады, пэўна, хацеў спытаць?

Ён зноў кіўнуў.

- Я баялася тады, што спытаеш.

- Я адчуваў, што ты не хочаш.

- А зараз хачу! - сказала Аленка.

- І ведаеш, што хацеў спытаць?

- Ведаю. І кажу: так!

- Хацеў спытаць, што адкажаш маім сватам.

- Табе кажу і сватам адкажу: «Так!» Тады было нудна без цябе, а зараз без цябе невыносна. А ведаеш, калі палюбіла? Калі ў тую ноч у царкве прамаўляў да людзей. Уся царква ўслана забітымі, і ўсім не хочацца жыць. Ты быў у скрываўленым падрызніку - забіваў немцаў, як усе. Але ты не сказаў: «Апусцімся на калені і папросім Бога, каб злітаваўся», а стаяў проста, як архангел, які забіў гада, і сказаў словы, шчырыя, як дабравесце: «Падымемся з каленяў». І маё сэрца тады адрадзілася. Хачу быць разам, калі ты хочаш...

- Ты ж - душа мая, Аленка, - сказаў Юры. - Даўно родная мая душа, сястра, сябра на ўсе дні жыцця. Не людзі - лёс звёў нас. - І падхапіў Аленку на рукі, прытуліў да грудзей, закружыў...

Калі вярталіся, Юры сказаў:

- Аленка, я ў паход іду з нашым палком.

- Ідзі! - блаславіла яна. - Толькі хачу заручыцца з табой, каб ты ведаў, што цябе нявеста чакае.

А на двары, калі сцішыўся тупат вялікакняжацкага аддзела, з усіх кутоў павыходзіла людзей, да той хвіліны зусім нябачных, абселі сталы - і пачалася звычная бяседа. Хутка пачалі спяваць, нехта меў дуду - зайграў; з'явіліся падпітыя, пасмялелі ў словах. Андрэй паклікаў Соф'ю, пайшлі да ракі, дзе стаялі ў мінулыя ночы.

Надыходзілі прыцемкі, цьмянела сонечная святло, на захадзе фарбаваліся чырванню аблокі. Дзень мінуў, дзень цудоўны; былі паасобку, зараз быць разам, назаўсёды і ва ўсім - хутка, мала засталося чакаць. Прытуліўшыся адзін да аднаго, стаялі без думак. З адзіным пачуццём: «Люблю!»

 

Горадня - возера Любень. Паход

Першыя дні чэрвеня адзначыліся моцнымі навальніцамі. Адну ноч вогненныя срэлы дзяўблі і палілі нешта на захадзе, на крыжацкіх землях, і ваяры задаволена хрысціліся, затое ў наступную ноч гром грукатаў проста над горадам, над табарамі палкоў, змрок выбухваў пукамі маланак, яны білі ў Вітаўтаў замак, куды ўжо прыбыў князь, у Каложскую царкву, па табунах, абозах, дварах, і ліло доўгія гадзіны, як у патоп. Нёман замуціўся, нёс лясное смецце, узнік непрадбачаны клопат з пітной вадой. Паводка закрыла брады, а на беразе сабраліся тысячы вазоў, і прыходзілі новыя.

Вялікі князь загадаў перавозіць калёсы плытамі; больш паўсотні паромаў з ранку да ночы снавалі па рацэ. Харугвы прыходзілі, затрымліваліся на начлег і ўплаў перапраўляліся на левы бераг. Ужо рухаліся да Нарава гарадзенскі, наваградскі, ваўкавыскі, віленскі і троцкі палкі. Трэцяга чэрвеня прыйшлі медніцкая, ковенская і лідская харугвы, князі Друцкія прывялі аршанцаў, князь Юры Міхайлавіч Заслаўскі - случакоў. Назаўтра прыйшлі амсціслаўцы і смальняне, Іван Нямір з полацкім палком, князь Васіль з віцебскім, прыбыў Сямён Лінгвен з палком ноўгарадцаў. Увечары ўздоўж Нёмана дымілі сотні агнёў, упокат клаліся спаць тысячы людзей.

Вітаўт цэлыя дні праводзіў на пераправе - падганяў, сердаваў, глядзеў, як сотня за сотняй заходзяць у Нёман, зносяцца моцнай плынню і выходзяць на другі бераг значна ніжэй. Даўно не быў такі бадзёры, спаў па пяць гадзін, на золаку - у сядло, выносіўся з замка ў харугвы, парадкаваў злосны натоўп ля паромаў, зноў імчаў у замак, раіўся з князем Сямёнам і Манівідам, дыктаваў натарыям лісты. Усё рабіў з ахвотай; сам дзівіўся, адкуль браліся сілы, нібы другая маладосць прыйшла, нібы скінула палову гадоў радасць распачатага паходу? І ўсё ладзілася. Ордэн прапанаваў замірэнне да купальскай ночы - цяпер можна ісці праз мазавецкія землі, не баючыся неспадзяванага нападу і бітвы з крыжакамі адзін на адзін. Нават у дробязях нішто не раздражняла: апроч двух ашмянскіх баяраў, забітых маланкай, ніхто не загінуў і не патануў пры пераправе.

Нарэшце прыйшлі пяць тысяч табараў Джэлаладзіна; пастаялі на стромкім беразе і па знаку свайго хана моўчкі, не сыходзячы з коней, рушылі ў Нёман. Некалькі гадзін рака стракацела татарскімі халатамі.

Больш чакаць у Горадні не было каго. Вялікі князь з дзесяткам аховы пераплыў Нёман і, абыходзячы харугвы, паімчаў да Нарава. Лясныя дарогі на дзесяткі вёрст былі запоўнены войскам. Вітаўт казаў князю Амсціслаўскаму:

- Глядзі, Сямён. Можа, раз за жыццё можна ўбачыць такую сілу. Шмат помню паходаў, а так буйна ніколі не выпраўляліся. А тут толькі палова. Яшчэ столькі ж дабавіцца праз тыдзень. А калі з палякамі з'яднаемся, колькі будзе!

- Назад бы столькі прывесці, - разважліва адказваў князь Сямён. - Вось ідуць, смяюцца, а лічы, кожны трэці ўжо пазначаны анёлам на смяротных лістах.

- І мы з табой не загавораныя, - не засмуціўся Вітаўт. - Пакуль жывыя - парадуемся.

На шосты дзень войска стала пад Наравам і тут далі яму адпачынак. Адзінаццатага чэрвеня адначасна падышлі берасцейскі, пінскі, магілеўскі, драгічынскі, мельніцкі палкі, потым з'явіліся валынцы, прыйшоў з падалянамі Іван Жэдзевід і разам з імі аддзел малдаванаў; ужо апошнімі прыцягнуліся кіеўляне, князь Аляксандар са сваімі старадубцамі і ноўгарад-северская харугва князя Жыгімонта Карыбута.

Пасля нядаўніх залеваў настала спякота - лясы і зямля прасушыліся. Засцерагаючыся пажараў, палілі слабыя кастры; на вяршынях елак трывала сядзелі вартавыя, сачылі парадак. На палянах шчыльна ставіліся табарамі каля трыццаці тысяч ваяроў. Ручаі мяльчэлі, калі прыводзілі паіць коней. Хоць лічылася, што войска адпачывае, мала хто ляжаў без справы. Ва ўсе бакі засылаліся засады і дазоры. Удзень збіралі моладзь, што не хадзіла яшчэ на бітвы, і прымушалі біцца з «крыжакамі», у якасці якіх выступалі сталыя ваяры.

Чатырнаццатага чэрвеня вялікі князь выслаў у Варшаву ганца паведаміць Янашу і Земавіту, што яго войска ідзе па іхных землях і будзе чакаць мазавецкія харугвы ля сутокі Нарава з Бугам.

Андрэй Іллініч часта даганяў ваўкавысцаў, якія шлі наперадзе, падоўгу рысіў побач з Мішкам і Гнаткам, распытваючы пра Соф'ю. Аднаго дня на прывале павёў бацьку і чатырох братоў - усе выступалі разам у полацкай харугве - знаёміць з новымі сваякамі. Дзеля лепшага знаёмства ўзялі з сабой гляк віна і пачастунак. Уселіся кругам, выпілі за жаніха і нявесту, за знаёмства ды за Божую да іх ласку. Мішка выставіў у адказ, паклікалі Юр'я - таксама сваяк, жаніх сястры; потым далучыліся Ягор Верашчака, Сцёпка Быліч. Бяседа зацягнулася да ночы. Малодшы Андрэеў брат Глеб лёг на спіну: маўляў, зорачкі цікава паглядзець - наўрад ці здолеў убачыць, адразу заснуў. Гнатка сядзеў у глыбокім смутку, толькі зрэдку нагадваў: «Вы цяпер сваякі, у баі павінны адзін аднога сцерагчы!» Ягор Верашчака сумаваў: «А мы вось нашага Міколку пужалі, а ўжо ні яго, ні нявесты, ні Пётры!» І Сцёпка расчуліўся: «Сварыліся, наязджалі - і няма іх нікога: ні Вольгі, ні бацькі. Ты даруй яму». - «І ты мне даруй!» - адказваў Мішка.

Юры думаў пра Аленку: што яна цяпер робіць? Пэўна, сядзяць разам з Соф'яй, прыгадваюць яго і Андрэя, Мішку і Гнатку і ўявіць не могуць, колькі сабралася тут ваяроў, колькі агнёў гарыць уначы - больш, чым у тым паходзе да Сіняй Вады, у які хадзіў палеглы лірнік. Яго няма. Фоція няма, няма Вольгі, і што з імі, жывымі, будзе - ніхто не ведае. Але калі ён, Юры, вернецца, кожную справу запіша на тыя, пачатыя Фоціем, прабітыя крыжацкім мечам, лісты пергаміну. Аленка будзе дапамагаць, як ён раней дапамагаў айцу Фоцію...

Бацька Іллінічаў, седзячы сярод моладзі, сумаваў аб сваёй даўніне. «Эх, - уздыхаў, - хлопцы, хлопцы, як хутка час пралятае, ці даўно вы на свет нарадзіліся, а мы такія былі, як вы зараз, - удалыя, вясёлыя, без сівых валасоў, недахрышчаныя. Бо чалавека першы раз поп хрысціць святой вадой, а другі - кроў у святой бітве».

Андрэй глядзеў у неба; тыя самыя зоркі загараліся, на якія ў ноч заручынаў радаваліся разам з Соф'яй. Слухаючы жарты, смех, уздыхі сваякоў і таварышаў, уяўляў вяселле, царкву, іх усіх у сваёй дружыне, апранутых не так, як зараз, у прапацелыя кашулі і світкі, а ў святочнае. Уяўляў даміну, якую зрубіць пасля вайны; уяўляў зімовы дзень, выццё завеі, Соф'я за кудзеляй, ён побач, раптам стук у вароты, заехалі таварышы, абснежаныя, змерзлыя, і ўжо сядзяць за сталом - бяседа да ранку... Абудзіўся - дзень, рагі гудуць - падымаюць ваяроў; пацерлі скроні, пасмяяліся: «Ну, добра пасядзелі!» Мішку і Юр'ю Іллінічы, а Іллінічам - Мішка, Гнатка, Юры прыйшліся па душы.

Дзень перакатваўся за днём услед за сонцам пад мерны поступ коней; непрыкметна падышла купальская ноч - з апошнім прамянём сонца заканчвалася замірэнне, пачыналася вайна. Войска рухалася глыбока па мазавецкіх землях, за некалькі пераходаў ад прускіх межаў. Ранкам дваццаць чацвёртага чэрвеня вялікі князь выслаў ганца ў Торунь, дзе знаходзіўся фон Юнгінген, паведаміць, што ён, Вітаўт, ваяваць гатовы. Такую ж вестку прывезлі вялікаму магістру ад Ягайлы.

Мінаў апошні мірны вечар; ваяры, хто з нецярпеннем, хто са смуткам, праводзілі захад. Пурпуровая яго паласа павольна згасала; сонца доўга ляжала на далёкіх лясах, нібы нудзілася і не магло ў спакоі сысці. Нарэшце яно завалілася за край зямлі, і цёмная завеса ночы закрыла яго водбліскі. Тады польскае рыцарства, якое ўвесь дзень чакала ў засадах пад Торунем, панеслася на блізкія да горада вёскі. Падняліся ў неба слупы агню. У гэты ж самы час прускія межы з Жамойцю перайшлі конныя аддзелы Кезгайлы, і ўсе мястэчкі, замкі, вёскі на сто пяцьдзесят вёрст ад Юрборга і Клайпеды абараціліся ў купальскія вогнішчы, што каштавала Ордэну, як назаўтра падлічылі крыжакі, дванаццаць тысяч грошаў.

У гэты ж час у Торуньскім замку Ульрык фон Юнгінген, перапыніўшы вячэру з пасламі караля Сігізмунда, глядзеў у акно на зарыва пажараў. Быў раз'юшаны, нібы полымя, што аблізвала неба, прыпякала яго самога. Павярнуўся да вугорскіх палацінаў Міколая Гары і Сцобору Сцібожскага:

- Што, бачыце, якія ваўкі? А вы пасрэднічаеце аб міры. Які мір! Яны Бога не шануюць, у дзень Іаана Хрысціцеля прыйшлі паліць.

- Асмелюся нагадаць табе, вялікі магістр, - холадна сказаў Сціборы, - што мы пасрэднічаем пра замірэнне.

Адказ запрашаў да справы. Падоўжыць замірэнне было неабходна па розных падставах. Харугвы Ордэна толькі збіраліся, яшчэ чакалі сама вялікую, у пяцьсот коп'яў, павінны былі падысці дзве тысячы рыцараў-наймітаў.

Ягайла і Вітаўт паводзілі сябе з нязвычнай хітрасцю. Невядома, аб'ядналіся іхныя харугвы ці пойдуць двума патокамі. Нешта незразумелае рабілі ля замка Дрэздэнка: будавалі там нейкія паромы, але нашто яны там? І каля Каранова стаяць паўтары тысячы чэхаў Яна Сокала. Замірэнне - не мір, думаў Юнгінген, дзесяць дзён дазволяць лепш падрыхтавацца. І няхай усе ведаюць, што Ордэн імкнецца да міру на справядлівых умовах чэшскага караля Вацлава. Упартыя Ягайла і Вітаўт зноў адмовяцца, і тады вугорскі палацін Крыштаф фон Герсдорф аддасць ім ліст караля Сігізмунда з аб'яўленнем вайны.

Праз два дні Ордэн і Польшча пагадзіліся на замірэнне, і Ягайла ганцом паведаміў пра гэта князя Вітаўта. Баявыя дзеянні на дзесяць дзён адкладваліся. Вітаўт сказаў князю Амсціслаўскаму:

- Дзіўлюся, Сямён. Было, ачольвалі Ордэн дурні, але падобных Юнгінгену не было. Сваёй воляй дае палякам перайсці Віслу. А потым выпаўзе насустрач у белым плашчы, як прывід: пужайцеся!

- Відаць, сілу мае.

- Сілу мае, - пагадзіўся Вітаўт, - але час марнуе. Ужо мог паліць палякаў - не паліць, ужо мог даць бітву нам - не дае. Дазваляе Ягайлу пераправіцца. Ну, ды не нам яго павучаць, яму нявінная Панна ваенныя парады дае.

- Эх, Вітаўт, не зусім так, - запярэчыў князь Сямён. - Нашы тысячы з іхнымі не роўныя. Татары ціск немцаў не вытрымаюць. Нашы лучнікі трапна страляюць, ды немцаў латы ўратуюць. І цяжкія, у жалезе крыжацкія коні паціснуць нашых. Вось ён і лічыць: чым бегаць ва ўсе бакі, лепш абодвух разам сустрэць. І за гэтыя дні замірэння народу сабе прыбавіць.

- Думаеш, можам не вытрымаць?

- Чаму б не?

- Добра, параімся. Час ёсць.

У апошні дзень чэрвеня войскі падыходзілі да Чэрвінскага кляштара. Ужо было вядома, што палякі навялі мост і пачалі пераправу, што першым перайшоў на правы бераг Віслы кароль Ягайла, што яму сказалі пра падыход харугваў вялікага князя і што ён выехаў сустракаць. Хутка ён паказаўся ў атачэнні паноў і рыцараў. Хвіліна была значная: завяршыўся месячны паход, два войскі ядналіся ў адно, дзве сілы - у адну магутную. Ягайла і Вітаўт абняліся.

Цераз мост, які цвёрда трымаўся на сотнях чаўноў, шчыльна, воз да воза, цягнуліся абозы, шлі конныя, крочылі пешкі. А ўвесь левы бераг на дзве вярсты ад горла маста стракацеў табарамі польскага войска.

- Прыгожа, а, Вітаўт? - з гонарам сказаў кароль.

Гледзячы на паток войска, на далёкае варушэнне тысяч і тысяч людзей, якія хутка сабраліся сюды па яго загаду, Ягайла адчуваў сябе на вяршыні шчасця. Усё польскае рыцарства, усё ліцьвінскае ваярства ідуць паспалітым рушэннем на тэўтонцаў! Доўга крыўдзілі крыжакі яго, Ягайлавага, арла, якім аздоблены каралеўскі сцяг. Зараз польскі арол выпроствае крылы, пачынае лунаць на бачнай усім народам вышыні. Толькі на трэці дзень сцішыўся бесперапынны рух цераз Віслу вершнікаў і абозаў. Тады мост развялі і плыты адагналі па Вісле ўніз да горада Плоцка на захаванне.

За гэтымі клопатамі непрыкметна працёк час замірэння. Кароль і князь Вітаўт пачалі дасылаць на межы аддзелы лёгкай конніцы, якія палілі прускія вёскі, завязвалі дробныя сутычкі і вярталіся з лупамі. Асабліва ўзрадавала ўдача старасты Януша Бжозагаловага, які пасек атрад свецэнскіх крыжакоў. Свецэнскі комтур Генрых фон Плаўэн зачыніўся ў замку з усімі рыцарамі комтурства. Няхай сядзяць, не прыйдуць на бітву.

У нядзелю, калі войскі стаялі на рацэ Вкра, да Ягайлы і Вітаўта зноў з'явіліся мірныя пасрэднікі Гара, Сцібожскі і Герсдорф. Кароль і вялікі князь зноў тлумачылі, што даражаць мірам з Ордэнам, але пры ўмовах адмовы крыжакоў ад Жамойці, вяртання Добжынскай зямлі і пакрыцця ўсіх стратаў. Не сумняваліся, што Юнгінген не пагодзіцца і бітвы не пазбегнуць. Падкрэсліваючы такі погляд на перамовы, кароль і князь запрасілі пасрэднікаў паглядзець на табары шасцідзесяцітысячнага войска. Дзеля большага ўражання перад паўзгоркам, на які падняліся Ягайла, Вітаўт і пасрэднікі, прайшлі рыссю пры разгорнутых сцягах і ў поўным узбраенні сорак харугваў Вялікага Княства. Трыццаць харугваў мелі на сцягах герб «Пагоня», дзесяць - герб «Слупы», пад якім хадзілі на немцаў палкі Міндоўга і Гедзіміна.

Нарэшце, падступілі да ордэнскай мяжы. Тут, па старажытнаму звычаю, і польскае, і ліцьвінскае войскі спыніліся для малітвы, разгарнулі баявыя сцягі і ўжо так, баявымі парадкамі ўступілі на прускія землі. Ніхто не заступаў шлях да самай Дрвенцы. Але на брадах чакала першая непрыемнасць. Усе брады былі добра ўмацаваныя частаколамі, бамбардамі, за імі хаваліся аддзелы арбалетчыкаў і далёка ўглыб стаялі напагатове прускія кліны. Кароль склікаў раду. Пра бітву на брадах не казалі: палкі адзін за адным пайшлі б на верную гібель. Пераход да бліжэйшых брадоў нічога не мяняў: крыжакі цягнуліся б побач па супрацьлеглым беразе. Вырашылі адступіць, адарвацца ад Юнгінгена і абысці Дрвенцу ля вытокаў. Уночы таропка зняліся і шпарка, змучваючы людзей і коней, адолелі за дзень сорак дзве вярсты да вёскі Высокая.

Тут Ягайлу нагнала новая непрыемнасць. Днём узнік каля каралеўскага намёта ганец ад вугорскіх пасрэднікаў, сілезец Фрыч фон Рэптке, і ўручыў ліст ад караля Сігізмунда. Ліст аб'яўляў вайну Польскаму Каралеўству і Вялікаму Княству. Ягайла і Вітаўт зірнулі на дату - дваццаць першае чэрвеня. Тры тыдні Гара трымаў ліст пры сабе. Вось табе і пасрэднікі! Ездзілі, гукалі «Мір! Мір!», а самі падлічвалі войска і дакладвалі магістру Ордэна. Лазутчыкі! Толькі і заставалася злосна выказаць ганцу:

- Не думалі мы, што Сігізмунд парве дамовы і сваяцкія сувязі. Хоча адхапіць нашыя землі - няхай спрабуе. Разаб'ем Ордэн, адкажам. Хутка, Фрыч, твой кароль забыўся, хто выратаваў яго з вязніцы, дапамог вярнуць страчаную карону. Мы гэтую здраду запомнім. Усё, прэч!

Каб супакоіцца, Ягайла прайшоў у паходную капліцу, адстаяў на каленях гадзіну, маліўся, прасіў у Бога абароны і вырашыў у адплату зруйнаваць бліжэйшы крыжацкі горад Гільгенбург.

Назаўтра войскі сталі на прывал каля Дамброўскага возера. Прыпякала сонца. Усе харугвы купалі коней, і самі ваяры не выходзілі з вады. За возерам высіліся магутныя сцены і вежы Гільгенбургскага замка. Шляхце абвясцілі, што горад набіты мноствам прускіх немцаў і, адпаведна, дабром; нікому не забараняецца ісці за здабычай. А сёмай гадзіне, калі спала гарачыня, палякі пачалі прыступ. Ні ядры, ні стрэлы, ні дзіды гараджанаў не стрымалі націску ваяроў, якія прагнулі адпомсціць за руйнаванне Добжынскай зямлі. Шляхта паднялася на сцены, разбіла вароты, і хутка тысячныя аддзелы пачалі вынішчаць горад. Праз дзве гадзіны з горада вывелі палонных, вывезлі запасы і лупы і горад падпалілі. Усю ноч адбівалі возера і рака вогненныя водбліскі. Ранкам польскія харугвы хавалі палеглых, дзялілі здабычу, білі на мяса захопленую ў горадзе жывёлу; кароль адпусціў на волю ўсіх бедных палонных, але рыцараў і ордэнскіх братоў пакінуў у ланцугах.

Скарыстаўшы перапынак, вялікі князь сабраў князёў, намеснікаў, усіх палкавых ачольнікаў; прыйшлі татарскія ханы - Джэлаладзін і Багардзін. Сядзелі на палянцы; кола варты паставілі далёка, каб не чулі размовы.

- Праз дзень-два, можа, і заўтра, - казаў Вітаўт, - грымне бітва. Могуць і нас прабіць крыжакі сваімі клінамі, узяць у катлы. Самі разумееце! Нашы калі б'юць, дык б'юць, але калі бягуць, дык таксама ва ўсю сілу. Таму, палкавыя паны, накажыце сваім: стаяць, быццам іх па калені ў зямлю ўкапалі! Але і ўсё войска пакласці нам нельга. Таму, калі ўжо невыносна будзе трымацца, адыходзіць пачняце да абозу, і ўжо там трымаць абарону да апошняга. Там шэсць тысяч мужыкоў з цапамі, сякерамі, нажамі - значная моц. І кожны павінен ведаць: хто з поля ўцячэ - загадаю адшукаць і павесіць!

Змоўк, аглядзеў паплечнікаў, якія не надта ўсцешыліся яго прамовай, і засмяяўся:

- Чаго пацьмянелі, вам жа не ўцякаць!

Прадчуванне блізкай бітвы ахоплівала і войскі; суровыя папярэджанні палкоўнікаў яго ўзмацнілі; кожны разумеў, што азначаюць заклікі забыцца на страх і пагрозы шыбеніцай. Але і без такіх напамінкаў было ясна, што крыжакі не могуць цярпець руйнавання гарадоў і вёсак і дадуць бітву. Свежыя магілы, гільгенбургскае кастрышча нахілілі ваяроў думаць пра свой лёс, памаліцца Богу аб літасці.

Увечары падзьмуў вецер, неба закрылася чорнымі хмарамі, зніклі зоркі і месяц. Вецер то сціхаў, то раптам шалёнымі парывамі налятаў на табары войска, раздзьмухваючы ў сэрцах трывогу. Неба пад цяжарам хмар прагнулася да зямлі, яго раскалолі маланкі, грымныў і пакаціўся гром, лінуў моцны дождж. Ніхто не спаў, у харугвах шапталіся: «Усё, заўтра быць сечы. Бог абмывае палі перад бітвай»!

Нарэшце дождж сцішыўся, але буйныя ветры рвалі паветра да самага золаку. На досвітку прагулі рагі, і харугвы вырушылі ў паход. Прайшлі восем вёрст, ля Любенскага возера спыніліся, і тут дазоры прынеслі прадчуваную вестку - паміж вёскамі Людвікова і Таненберг, за тры вярсты, сплашняком стаяць немцы.

Ваяры заспяшаліся апранацца да бою, харугвы пачалі хутка высоўвацца з прыазёрнага драбналесся.

Андрэй, які ехаў у першым шэрагу полацкай харугвы, раптам убачыў, як да яго нясецца ў галоп Расевіч. Мішка стрымаў каня, пад'ехаў да Андрэя ўсутыч і таропка, палка наказаў:

- Андрэйка, калі загіну, Соф'ю не крыўдзі. І Гнатку, калі будзе жывы, вазьмі да сябе...

- Добра! - адказаў Андрэй. - А мяне заб'юць, дык скажы Соф'і, што моцна яе любіў. Няхай памоліцца часам за мяне.

- Добра! Ну, Андрэйка, бывай, хораша мы сябравалі, - сказаў Мішка. - Даруй мне, калі чым пакрыўдзіў...

- І ты мне даруй! - адказаў Андрэй. - Бывай!

Абняліся, прытуліліся адзін да аднаго панцырамі, пацалавалі адзін другога, і Расевіч згубіўся ў людскім патоку, сярод тысячаў аднолькавых шоламаў, кальчуг, латаў. Дрыжэла пад конскай лавінай зямля, іржалі коні, маўчалі людзі, слухаючы глухія гукі мокрага, нібы пакрытага слязьмі лесу. Дрэвы пасля начнога дажджу курыліся, пар ахутваў ствалы, прамяні ранішняга сонца з цяжкасцю прабіваліся скрозь малочны туман. Выбраліся на ўзлессе і спыніліся: за паўвярсты, на затуманеных пагорках, далёка ў абодва бакі бачыліся, як жахлівы прывід, убраныя ў даспехі шырокія кліны нямецкіх палкоў.

 

Грунвальдскія ўзгоркі. 15 ліпеня

На ўзлеску, ля дарогі, што вяла да вёскі Таненберг, сыпаў загады князям і панам Вітаўт; адны ад'язджалі, падляталі галопам другія; харугвы спешна рухаліся на вызначаныя ім месцы. Праваруч дарогі станавіліся гуфы віленцаў і трачан. Прайшла лугам і прымкнула да віленскага гуфа палова татарскай конніцы, ачоленая ханам Багардзінам. Прыкметныя халаты татараў узбудзілі крайні клін немцаў, які меў на штандары чырвоны крыж на белым полі. Выйшла з лесу і зарысіла ўсутыч з палякамі крыло Сямёна Альгердавіча - смаленскі, амсціслаўскі, полацкі, віцебскі, слуцкі, аршанскі, лідскі палкі і полк ноўгарадцаў. Кіеўскай харугвай князя Гальшанскага і наваградскай харугвай Жыгімонта Кейстутавіча Вітаўт замкнуў дарогу. Побач з наваградцамі стаў валынскі гуф, а між аршанцамі і валынцамі - харугва ваўкавысцаў, што мацней за іншых рвалася ў бітву. Высоўваліся наперад падольскія палкі князя Івана Жэдзевіда. Ляцелі вестуны да Ягайлы даведацца пра дзеянні палякаў. За першай выстройвалася другая лінія палкоў, і ўжо ззаду іх Пётр Гаштольд парадкаваў харугвы трэцяй лініі. Вітаўту прывезлі з абозу даспехі; ён саскочыў з каня, убраўся, яму дапамаглі сесці ў сядло і сцягнулі латы раменьчыкамі.

Немцы, на агульнае здзіўленне, у бой не ўступалі, губляючы зручную, як здавалася, магчымасць пасекчы разрозненыя яшчэ палкі ліцьвіноў. Вялікі князь паскакаў уздоўж першай лініі войска - на паўтары вярсты стаялі з малымі разрывамі чатырнаццаць харугваў. Ішла апошняя таўкатня дайстройвання: выязджалі ў першы шыхт перадхаругвенныя, за імі станавіліся ваяры з роўным нямецкаму ўзбраеннем, старчма трымалі трохсажнёвыя, таўшчынёй з руку, коп'і; харунжыя разгортвалі і падымалі сцягі. Князь бадзёра скакаў уздоўж палкоў, прыкмячаў знаёмых, бегла думаў: «Віленцы вытрымаюць, наваградцы павінны вытрымаць, ваўкавысцы ўзлаваліся - вытрымаюць»; паглядаючы на кліны немцаў, шкадаваў, што так нечакана завязваецца бітва і няма часу пусціць у справу бамбарды, якія засталіся з абозам. Падляцеў баярын, дасыланы да Ягайлы: «Кароль Уладзіслаў моліцца!» - «А палякі?» - «Пастроіліся. Чакаюць!» Да вялікага князя з'ехаліся Іван Жэдзевід, Сямён Лінгвен, Гаштольд, Манівід: «Гатовыя!» Разам прайшлі на рысях па вуліцы паміж першым і другім гуфамі харугваў. Другая лінія іх мела дванаццаць: амсціслаўская, вяліканоўгарадцаў, слуцкая, полацкая, берасцейская, гарадзенская, кіеўская, менская, медніцкая, другая троцкая, трэцяя віленская і аддзел малдаванаў. Тут ваяры трымаліся больш весела, чым у пярэдніх харугвах, якім выпала прыняць першы ўдар, схапіцца з лавінай крыжакоў, зламаць аб свае шчыты і грудзі іх цяжкія коп'і.

- Чаго яны заснулі, а, Сямён? - трывожыўся Вітаўт, - паказваючы жалезнай пальчаткай на немцаў. Чаго чакаюць?

- Чорт іх ведае! - паціснуў плячамі князь Амсціслаўскі. - Добра сталі: нам угару, ім з гары ісці.

Разглядалі дзесяткі нямецкіх кліноў, пастроеных роўнымі шыхтамі на пагорках, няўцям было, якая крыжацкая хітрасць можа таіцца за такім цярплівым, нерухомым іх чаканнем.

Ягайла вестак не падаваў, і вялікі князь паімчаў да каралеўскага намёта. Праваруч яму адкрывалася баявое ўладкаванне крыжакоў: кліны мелі па трыццаць-сорак рыцараў у шыхце і шыхтоў дваццаць у глыбіню; бачыліся ў прамежках бамбарды, арбалетчыкі ў шыракаполых шлемах, а крыху воддаль стаяла другая паласа нямецкіх палкоў, усе пад разгорнутымі штандарамі. Лічыў штандары, шмат якія пазнаваў: вось чорны крыж на белым полі - харугва Валенрода; вунь з шырокай белай паласой на чырвоным полі - полк вялікага комтура Ліхтэнштэйна; вось тая, з белым ключом, - полк ордэнскага скарбніка; вось чырвоны воўк - гэта штандар комтурства Бальгі; вунь белы леў з жоўтай каронай, а пад ім чорны крыж - гэта крулявецкія рыцары; пад дзвюма пунсовымі рыбамі стаяць шанзейцы; чырвоны арол на чорным полі - гэта брандэнбургскі штандар. Але шмат якіх сцягоў Вітаўт не бачыў: не было вялікай ордэнскай харугвы з чорным крыжом і чорным арлом на залатым шчыце, не было чырвона-белай, у чатыры часткі харугвы тухольцаў, не было самбійскага штандара ды іншых, якія добра памятаў з маладых гадоў. «Хітруеш, Ульрык, хаваеш за пагоркамі, - думаў Вітаўт, - і мы тое-сёе прытрымаем».

На ўзгорку стаялі гуртом фон Юнгінген, Валенрод, Куна фон Ліхтэнштэйн, комтуры. Глядзелі на таропкае, напружанае пастраенне праваруч польскіх, леваруч - ліцьвінскіх харугваў. Увесь бачны воку і прыкрыты лясамі рух войскаў Ягайлы і Вітаўта быў зразумелы для вялікага магістра і суцяшаў яго. Ранішняя апаска, што кароль і Вітаўт не пажадаюць прыняць бой на гэтых пагорках, зноў адарвуцца і зноў, зрабіўшы круг, рушаць наперад, развеялася. Варожыя войскі ўжо стаялі насупраць ордэнскіх, бітва немінучая, лічаны час аддзяляў бакі ад сутычкі, ад перамогі над самалюбнымі палякамі і літвой.

З прыемным пачуццём перавагі магістр думаў, што не яны - ён навязвае бітву, што яны, Ягайла і Вітаўт, вымушаны падпарадкавацца ягонай задуме бітвы, што яны не чакалі яго тут падрыхтаваным да бою. Даўно разгадаў усе іх немудрагелістыя, але дзёрзкія разлікі - перайсці бродамі Дрвенцу і лезці ўглыб прускіх зямель. І таму яшчэ ў дзень свята наведання прасвятой Панны Марыі, калі яны збіралі свае зграі да Чэрвінскага манастыра на беразе Віслы, ён загадаў закрыць брады палісадамі, сцягнуць туды ўсе ордэнскія і наёмныя харугвы. Ды не інакш чэрці параілі братам абысці Дрвенцу, за што палякі заплацілі сваім радцам спаленнем Гільгенбурга і мардаваннем тэўтонскага жыхарства, аб чым вельмі хутка пашкадуюць. І было зразумела, што Ягайла і Вітаўт абавязкова накіруюцца праз Таненберг і Грунвальд - іншай дарогі на прывабныя для іх Астроду і Мальбарк няма. І ён, вялікі магістр, прывёў свае шэсцьдзесят штандараў да Таненберга на дзень раней.

Учора, калі Ягайла і Вітаўт адпачывалі на папялішчы Гільгенбурга, ён разам з комтурамі вось з гэтага ўзгорка азіраў абранае месца бітвы. Тое, што ўяўлялася ўвечары, спраўдзілася сёння; дзвюма дарогамі ад Любенскага возера асуджаныя ліцьвіны і палякі выпаўзаюць з выратавальнага лесу і мітусліва строяцца на ўзлессі. Адно было невядома ўвечары: з якой рукі будзе Ягайла, з якой - Вітаўт, хоць гэта не мае значэння. Аказалася, што па паляках ударыць Куна фон Ліхтэнштэйн, па ліцьвінах - Фрыдрых фон Валенрод.

Азіраючыся, магістр бачыў, што комтурам не церпіцца распачаць бітву. Разумеў, што яны адчуваюць, сам нудзіўся павольнай хадой часу. Не церпіцца, так, але трэба чакаць, пакуль яны не запоўняць сваімі палкамі ўсе даліны ад Таненберга да Людвікава - тры вярсты ў даўжыню, а ўжо ўправа ад Таненберга і ўлева ад Людвікава ім не дадуць уратавацца багністыя балоты, усіх затрымаюць, шмат хто адшукае вечны прытулак у балотнай жыжцы. Выдатнае поле для бітвы! Адзін недахоп - узгорыстае; пакатыя, праўда, пагоркі, аднак кліны не змогуць сачыць за поспехамі суседзяў, вось як зараз закрыта пагоркамі большая частка польскіх харугваў, і невядома, што там адбываецца.

Валенрод паказаў яму на Вітаўта: «Вунь - на чорным рысаку!» Юнгінген прасачыў, як Вітаўт праскакаў за тыламі сваіх туфаў. «Носіцца, мітусіцца, - з грэблівым шкадаваннем падумаў магістр, - а нехта ўваткне кап'ё, ці кране мечам, ці патрапіць стралой, ці гакне ў скронь сякерай, і паваліцца пад капыты коней, як звычайны кнехт». Ворагі ўпарадкаваліся, вецер трапеча сцягі, паласа непатаптанай зеляніны аддзяляе іх ад лепшых тэўтонскіх мечаў. Няхай рвануцца, няхай, падганяючы коней, пераскочаць бурую стужку дарогі з Людвікава ў Таненберг, за якой іх чакаюць прыкрытыя дзірваном глыбокія воўчыя ямы з паўтыканымі завостранымі каламі. Увесь учарашні вечар тысяча кнехтаў рыхтавала гэтыя пасткі, вывозілі за вёскі жоўты пясок. Зроблена добра, ніхто не ўбачыць, нібы не людзі, а Бог зрабіў, каб сапсаваць настрой палякам, ліцьвінам, схізматыкам. Калі іх перадхаругвенныя з лямантам праваляцца на калы, а зверху на іх сядзе другі шэраг, а трэці пракоціцца па іх галовах, а чацвёрты, пяты шэрагі пачнуць асаджваць коней, вось тады на іх пойдуць стальныя калоны Валенрода і Ліхтэнштэйна - сорак чатыры буйныя харугвы, што выставілі комтурствы, біскупы і гарады. І сотня бамбардаў узмоцніць урачыстасць хвіліны каменным градам. А тады Валенрода і Ліхтэнштэйна падтрымаюць шаснаццаць харугваў рэзерву - ён, вялікі магістр, павядзе іх у бой асабіста - і пабягуць прэч з прускай зямлі нахабныя захопнікі.

«Але, як яны марудзяць, - падумаў магістр, - сонца паднялося, прыпякае, хутка рыцары спякуцца ў даспехах. Чаго чакаюць два старыя лісы!» Задумаўся, як іх разварушыць. Гукнуў:

- Двух герольдаў сюды!

Падскакалі герольды.

- Вазьміце па мечу і аддайце ад майго імя польскаму каралю і князю Вітаўту. Такі старажытны звычай выклікаць на бой баязлівага ворага. Трымайцеся дзёрзка, няхай абразяцца. Брат Куна, - павярнуўся да Ліхтэнштэйна, - няхай ім пакажуць праход, каб не трапілі ў ямы!» Праз некалькі хвілін герольды скакалі да Ягайлы і Вітаўта.

Ягайла ў гэты час завяршаў апяразванне рыцарскай перавяззю маладых польскіх ваяроў. Потым кароткай прамовай узбудзіў у сэрцах новых рыцараў жаданне ісці ў бой. Потым спавядаўся падканцлеру Мікалаю Тромбе, які як кракаўскі канонік меў права адпускаць грахі. Усё рабіў уважліва, ні ў чым не спяшаўся, і тым больш не прыскорваў свае харугвы першымі распачаць бітву. Яшчэ на досвітку, пасля першых звестак пра немцаў, адасобіўся ў паходную капліцу і пад малітвы свайго духоўніка Барталамея думаў пра лёс бітвы і пра ўласны лёс. Прыязджалі ганцы ад Вітаўта, загадаў - не дапускаць. Двойчы прылятаў сам нецярплівы Вітаўт. Ускокваў у капліцу і, нават не хрысцячыся, незадаволена прыспяшаў: «Войскі гатовыя, час вымаць меч!» Не спрачаўся з ім, не пярэчыў, лагодна адказваў: «Любы брат, вось даслухаю другую мшу - пачнём!» - «Хапіла б і адной!» - няветліва казаў Вітаўт і ледзь не прасіўся: - Пра што думаеш, брат? Бог вушы заткнуў, абрыдлі яму нашыя малітвы. Справа патрэбна!»

І польскае рыцарства, што акаляла капліцу, наракала на доўгую малітву. Скрозь палатно капліцы чуў настойлівы лямант: «У бой!» «На немцаў!» «Вядзі нас, кароль Уладзіслаў!» Не раздражняўся, разумеў, што рыцарства ахоплена жаданнем перамогі. Але чым рызыкуе кожны з іх? Толькі галавой. Ён жа - каралеўствам, лёсам польскай кароны, лёсам усяго народа. Цалкам усведамляў, якой рызыкай пагражае яму гэты дзень. Рыцары імкнуцца ў бітву - гэта добра, гэта іх абавязак; Вітаўта ахапіла шаленства нецярплівасці - кроў палкая, так выхавалі: нядоўга разважаць, хутка зрабіць, доўга шкадаваць. А яго, Ягайлу, бацька, вялікі князь Альгерд, павучаў: раней думаць, потым рабіць; мечамі павінны ваяры рабіць, а каралеўскі занятак - пасылаць у бой палкі, сачыць за іх поспехамі і няўдачамі, угадваць знакі перамогі. Прыгожа, ды неразумна, калі ён, кароль, паімчыць падобна харунжаму наперадзе адной з пяцідзесяці сваіх харугваў. Бо як толькі ён рынецца ў бітву, немцы адразу скіруюць усе свае сілы, каб забіць яго, параніць ці паланіць. Абясчоленыя, ахопленыя горам харугвы рассыплюцца. Няма сумневу. Яму не дваццаць гадоў. Яму - шэсцьдзесят, галава аздоблена сівізной. Не маладыя гады. І ў былы час да рыцарскай славы не надта цягнуўся; тым больш цяпер няма патрэбы шукаць прыгодаў у сечы, самому настаўляць кап'ё.

Падняўся з каленяў, загадаў прынесці даспехі. Павольна ўбраўся, прышпіліў ланцужкамі меч і выйшаў з намёта пад радасныя крыкі шляхты. Яму падвялі каня, побач сталі целаахоўнікі, іх атачыла каралеўская харугва ў шэсцьдзесят коп'яў. З пагорка агледзеў нямецкія шыхты. То здавалася - іх няшмат, і сэрца ўзбадзёрвалася; то нямецкія калоны здаваліся неадольнымі, тады ахопліваў душу неспакой. Загадаў расставіць для сябе коней на выпадак нешчаслівага зыходу бітвы. І гэты грэх - грэх сваёй няўпэўненасці - адкрываў зараз падканцлеру Тромбу.

Нечакана паведамілі, што ад немцаў скача герольд; хутка яго прывялі - ён нёс сцяг з чорным крыжом на залатым полі і трымаў у руцэ аголены меч...

І да Вітаўта з'явіўся герольд - пад белым сцягам з чырвоным грыфам на ім. Працягнуў аголены меч і з дзёрзкасцю сказаў:

- Вялікі князь Аляксандар-Вітаўт! Вялікі магістр Тэўтонскага ордэна Ульрык фон Юнгінген шле табе меч, каб ты адважыўся ўступіць у бой, а не хаваўся сярод лясоў. Калі ты лічыш поле цесным, дык магістр Ульрык фон Юнгінген гатовы адступіць, каб ты вывеў войска і не баяўся бітвы! - І ўваткнуў меч у зямлю.

Вітаўт, слухаючы герольда і сочачы за крыжакамі, здзівіўся іх нечаканаму і незразумеламу ўчынку: кліны раптам павярнуліся і павольна падняліся на ўзгоркі; бамбарды і невялікія аддзелы лучнікаў апынуліся наперадзе войска. Гарматная абслуга паднесла да запалаў паходні - цішыню разарваў грукат, над полем паляцелі каменныя кулі і рэдка ўпалі на харугвы.

- Жэдзевід! - крыкнуў Вітаўт. - У мечы іх! - І паскакаў да татараў. - Багардзін! - гукнуў князя. - Наперад! Сячы пешак.

Уся лёгкая конніца сярэдзіны і тысяча татараў сарваліся ў галоп і, ускінуўшы мечы, пускаючы стрэлы, выючы шалёнымі галасамі, паімчалі на крыжакоў.

Князь зачаравана сачыў, як разварочваюцца ў лавіну лёгкія сотні. Бачыў, як прыўстаў у страмёнах, узнёс меч Іван Жэдзевід. Раптам ён згінуў, і яшчэ колькі дзесяткаў людзей разам з коньмі праваліліся ў зямлю. А за імі ўслед валіліся наступныя вершнікі. «А-а, свалаччо, - даўмеўся князь, - пасткі адрылі! Дзеля гэтага меч прыслаў магістр». Зірнуў: колькі страцілася? Убачыў, што налёт не зламаўся, што парадчэлыя харугвы ўсё ж рвуцца да ворага, і павесялеў. У паветры сутыкнуліся дзве хмары стрэлаў - ударылі па немцах, ударылі па ліцьвінах і татарах. Паваліліся з коней першыя ахвяры бітвы. Але ўжо пачалася высечка гарматнай абслугі і лучнікаў, пачуўся гулкі грук мечаў аб прускія шлемы.

Ягайла яшчэ бой не пачынаў. Было чутна, як за пагоркамі польскія харугвы спявалі «Багародзіца Панна, узрадуйся!»

З воўчых ямаў выбіраліся ацалелыя ваяры, дапамагалі вылезці таварышам. Панеслі Івана Жэдзевіда са зламанай нагой. Князь плакаў аб сваёй няўдачы ў першую ж хвіліну бітвы. Яго пасадзілі на рамяні паміж спараных коней і адправілі ў абоз.

Ордэнскіх лучнікаў і гарматчыкаў татары, валынцы, падольцы пагалоўна пасеклі. У адказ цяжкая рыцарская конніца наставіла коп'і, кранулася і, набіраючы хуткасць, цяжка панеслася на палкі Вітаўта. Вялікі князь махнуў мечам, і тады Сямён Амсціслаўскі, Манівід і Пётр Гаштольд, які замяніў Жэдзевіда, павялі гуфы ў бітву. Абмінуўшы ямы, дзе стагналі пабітыя каламі людзі, харугвы пачалі разгортвацца направа і налева, і гэтак жа сама разгортваліся ўшыркі кліны крыжакоў. І гнулася, разбітая тысячамі капытоў, заклубілася пылам зямля.

Крыжацкія і ліцьвінскія гуфы сышліся, з абодвух бакоў вынесліся з жыганнем зграі стрэлаў, павіслі вялізным роем і асыпаліся джаліць; трохсажнёвыя коп'і ўваткнуліся ў варожыя шыхты. Разляталіся шчыты, рваліся даспехі, раздзіраліся дзідамі грудзі, рыцары абодвух бакоў валіліся з сёдлаў. Але хто вытрымаў гэты страшны ўдар, падымаў молат, тапор, меч і кідаўся плюшчыць браню, секчы наплечнікі, галовы, рукі. Стрэлы раіліся між закрытых латамі людзей, дзяўблі даспехі, намацвалі аголенае цела, утыкаліся ў шыі і чэравы коней. Рыцары другога шыхта займалі месца забітых, а іх замянялі рыцары з наступнага шэрага. Цяжкія молаты праціскалі каваныя шлемы; двуручныя мечы, упаўшы на плячо, дабіраліся да сэрца. Раненыя падалі з коней - ліцьвін на немца, немец на русіна, татарын на наёмнага швайцарца, і стогны, і перадсмяротныя крыкі людзей, і перадсмяротнае ржанне коней гаслі ў лютым звоне жалеза, у пякельным грукаце сечы. Нясмеламу не было куды ўцякаць, храбры не мог ісці наперад: крыжакі і ліцьвіны стаялі, як дзве сцяны, уздымаючыся на валах з палеглых сваіх таварышаў. Заднія шыхты напіралі на пярэднія, а хто быў наперадзе, раз'юшана вынішчалі адзін аднаго.

Інакш пачалася бітва на крыле татараў. Іх панцыры з гартаванай скуры буйвалаў і абцягнутыя такой жа гартаванай скурай шчыты не маглі вытрымаць удары дзідаў, і татары хана Багардзіна, сутыкаючыся з харугвамі наёмнікаў, якіх вялі Крыштаф фон Герсдорф, Фрыдрых фон Бланкенштэйн, Ганс фон Вальдаў, Ота фон Носціц, ужылі нечаканую для крыжакоў зброю. Калі дваццаць-трыццаць крокаў аддзяляла святкуючае рыцарства ад татараў, раптам узвіліся ў паветра арканы і амаль увесь першы шэраг закрытых бранёй перадхаругвавых быў ганебна звалены, быццам здзьмуты ветрам, пад капыты сваіх жа таўстаногіх, цяжкіх коней. Скарыстаўшы разгубленасць крыжакоў, татарскія сотні рвануліся наперад і ўдарылі ў шаблі. Лучнікі паслалі насустрач рыцарам завесу стрэл і, шпарка саскочыўшы з сёдлаў, перарэзалі зваленых наёмнікаў. Знішчэнне татараў, што здавалася крыжакам забавай, павярнулася для іх стратамі і нялёгкім боем. Сіла мечаў, якія проста рассякалі немудрагелістыя даспехі, ураўноўвалася змяінымі адбымкамі арканаў - яны трапна падалі на галовы і здымалі з коней дзесяткі грозных немцаў. Арканам быў вырваны з рук сцяганошы і быццам сам уляцеў у гушчу татарскіх шыхтоў штандар палка Герсдорфа - чырвоны крыж на белым полі. Рыцары зараўлі ад лютасці і ганьбы.

Побач з татарамі стаялі проці крыжакоў віленскія харугвы Войцаха Манівіда і Мінігала, плячо да пляча з імі - троцкая харугва Яўніса, і крамянецкая харугва, і харугва Жыгімонта Кейстутавіча, і луцкая харугва Фёдара Астрожскага, і аршанская харугва князёў Друцкіх, і смаленскія харугвы.

Час бітвы працякаў - ні немцы ліцьвіноў, ні літва немцаў не здолелі паціснуць, скрануць з пачатковых месцаў. Ваяры гінулі, іх замянялі новыя; харугвы раставалі, Вітаўт узмацняў іх гуфамі другой лініі - ужо пайшла на памогу наваградцам кіеўская харугва князя Гальшанскага, крамянецкую харугву ўмацавалі малдаване, а да аршанцаў дадалася і пачала бой слуцкая харугва князя Аляксандра.

Вітаўт насіўся ўздоўж тылу сваіх, занятых сечай, палкоў, сачыў, дзе радчэюць шыхты, сам уводзіў харугвы ў сутычку, сам, запаляючыся, рубіўся з крыжакамі, выходзіў з сечы, скакаў на польскую палову бітвы, пераконваўся, што і там трымаюцца стойка, вяртаўся, абкружаны толькі вестунамі, якія з паўслова хапалі загад і несліся выконваць. Князь быў у захапленні, бачыў, што немцы страчваюць людзей не менш за яго, а ён апрача трынаццаці харугваў трэцяй вуліцы мае яшчэ тры тысячы татараў Джэлаладзіна, якія тоіліся ў лесе да той хвіліны, калі пачнецца акружэнне крыжакоў, пагоня, пагалоўнае вынішчэнне.

На вачах здзяйсняліся дзедаўскія запаветы. Паглядаючы ў неба, Вітаўт з упэўненасцю думаў, што і Кейстут, і Гедзімін, і Міндоўг зараз сабраліся сюды і лунаюць над полем бітвы і незямной сваёй сілай гасяць дух немцаў, мацуюць сэрцы сваіх. Не могуць у такі ўрачысты дзень не прыйсці, прапусціць свята, якое чакалі вякамі, не ўбачыць адплату за крыжовыя паходы, за вогнішчы, кроў, пакуты сваіх народаў. Тут славутыя дзяды, тут яны ўсе, дапамагаюць яму, кожны мае рахунак да крыжакоў, вось яны мільгацяць сярод сцягоў і штандараў, мечаў, чаканоў, кордаў, сярод гулу, ляску, ляманту, грома сечы. Быў шчаслівы - вяршылася бітва, якой не ведаў свет; Ордэн прымушалі апусціцца на калені, тут, зараз, у яго адбівалі ахвоту хадзіць на ўсход.

Дасылаючы ў бой новыя харугвы, заклікаў князёў і ваяроў: «Бі! Рубі!», і тыя падхоплівалі кліч і мчаліся на немцаў. «Бі! Сячы!» - грымела над полем. Гукаў: «Нямір! Прыкрый Астрожскага!» - і полацкая харугва рушыла ўзмацняць луцкую, дзе немцы напружыліся і прайшлі наперад на пяцьдзесят крокаў. Гукаў: «Нос! Гальшанскі! Да Жыгімонта!» - і пінская з кіеўскай харугвы далучыліся да наваградцаў. Уступіў у бой побач з віцяблянамі полк вяліканоўгарадцаў, гарадзенская харугва замяніла моцна зрадчэлых уладзімірцаў. Карэйка прывёў сваю медніцкую харугву на пасілак Яўнісу. Ужо секліся з крыжакамі амсціслаўцы і троцкая харугва Гінвіла.

Ішла другая гадзіна бітвы. Густы гарачы пыл уздымаўся да неба, сонца распаляла даспехі, нібы прагнула жывымі спячы страціўшых міласэрнасць людзей. Потым, быццам стомленае відовішчам шалёнай сечы, яно пачало зацягвацца полагам воблакаў, і паліўся кароткі дождж, прыбіў пыл, асвяжыў паветра, астудзіў шлемы, латы, мечы.

Валенрод, раз'юшаны непрадбачаным адпорам, загадаў націснуць на татараў. І татары не вытрымалі. Ды і як было вытрымаць, калі за кожнага рыцара яны аддавалі некалькі сваіх ваяроў. Шаблі тупіліся аб крыжацкія даспехі, выбівалі іскры, ламаліся, і пакуль шыю рыцара знаходзіў нож ці аркан сцягваў яго на зямлю, ён паспяваў скрывавіць свой меч татарскай крывёй тры, пяць разоў. Багардзін, чуючы ад сотнікаў пра вялізныя страты, вырашыў адарвацца, пакружыць, перастроіцца і зайсці немцам у тыл. Ён даў знак; ударылі бубны, захісталіся бунчукі, і ў той жа момант усе татарскія шэрагі, выконваючы загад, павярнулі коней, закрыліся ад рыцараў заслонай стрэл, і перад наёмнымі харугвамі Ордэна татараў не стала - парадкуючыся на скаку, яны хутка адыходзілі лугам. За імі і гнацца было дарэмнай справай: лёгкія татары мелі двайную перавагу ў хуткасці.

Але адыход татарскіх палкоў абярнуўся бедствам для крыла Мінівіда. Наёмныя рыцары скіраваліся на віленцаў і трачанаў. Не чакаўшыя бакавога націску харугвы былі вымушаны адыходзіць. Адразу ж магутны свежы клін крыжакоў наваліўся на кіяўлянаў, пінчукоў, ноўгарадцаў. Вялікі князь, прыкмеціўшы небяспеку прарыву, дадаў Манівіду лідскую, ковенскую, старадубскую і ноўгарад-северскую харугвы, але і крыжакі ўзмацняліся новымі штандарамі. Першы поспех, мільгануўшы цень перамогі акрыліў тэўтонцаў. Яны напаўзалі на шыхты ліцьвіноў, зміналі адпор, а па дарозе да Любенскага возера, не шкадуючы сябе, прабіваліся наперад. Каля пятнаццаці харугваў - віленскія, троцкія, жамойцкія, падольскія, ковенская, пінская, кіеўская, старадубская, наваградская - абдымаліся немцамі ў клешчы, і тут ішла адчайная сеча. Пачалі адступаць сярэдзінныя харугвы Пятра Гаштольда. Уся лінія бою напялася, як нацягнутая цеціва; здавалася, яшчэ адно намаганне, яшчэ адзін удар мечаў - і націск немцаў зломіцца, усе іхныя кліны знясіляцца, пададуцца назад, але Валенрод дасылаў новыя штандары, і яны цяжка абрушваліся на харугвы Гаштольда. І ратненцы, уладзімірцы, гарадзенцы, палачане, луцкае баярства пачалі цясніцца і крок за крокам саступаць поле крыжакам.

Ваўкавысцы, што далі зарок стаяць на смерць, і стаялі на смерць. Ужо палова харугвы палегла, а жывыя, узнімаючы і абрушваючы на крыжакоў свае мечы і сякеры, пазіралі на харунжага: ці трымаецца іх баявы сцяг? Лунае сцяг - ёсць і ваўкавыская харугва, няхай застанецца ад яе хоць дзесятак ваяроў. І крыжакі рваліся да харунжага, як імкнуцца за здабычай зімовыя ваўкі. Па шчыце, панцыры, шлеме Мішкі Расевіча білі стрэлы, палатно сцяга было з'едзена імі ў мноства дзірак, але сярэбраны вершнік з узнятым мечам на чырвоным полі лунаў над харугвай, бачыўся ўсім, і кожнае сэрца ўзмацнялася пачуццём - не зламалася наша харугва, стаіць, б'ецца, сячэ ворагаў. Не слабеў дух ваўкавысцаў, але шыхты іх меншыліся, усё бліжэй падступалі прусакі, і ўжо доўгія іхныя мечы заляскалі побач з харунжым і ён сам, узяўшы дрэўка сцяга ў левую руку, адбіваў мечам удары.

Гінулі, абараняючы сцяг, ваўкавыскія ваяры: палеглі бацька і сын Ваўковічы, не стала старога Відымунта, Сцёпка Быліч не адбіўся ад трох крыжакоў і паваліўся з пасечанай галавой. Раптам надламалася пад ударам меча дрэўка, і сцяг пад злосную радасць немцаў упаў на пласт мёртвых ваўкавысцаў. «Ну, усё, - сказаў сабе Расевіч. - Цяпер мая чарга біць!» Ён скокнуў да рыцара, што зрубіў харугву, і адсек дзёрзкую руку. Не бачыў таварышаў, забыўся на іх. Бачыў шлемы, грабяні з страўсавых і павіных пёраў, і здымаў іх, раскройваў крыжацкую браню, рабіў з рыцарамі тое, што яны зрабілі з Вольгай, з маці, з Кульчыхай, з лірнікам, з бацькам, з бабамі і дзецьмі на свята Вербніцы. Усе палеглыя ў той жахлівы дзень зараз бачыліся яму, і ён чуў іх шэпты: «Помсці! Помсці! Помсці!» - і не чуў трэску прасяканага мечам жалеза, ні апошніх ускрыкаў рыцараў, і сам не адчуў болю ад меча, які ўвайшоў яму ў спіну ўсёй даўжынёй джала. Толькі закрыў вочы туман, пабарвавеў вогненным святлом, заняў дыханне, закружыў галаву, і ён паляцеў у бездань, і яго падхапілі клапатлівыя рукі жонкі і бабкі Кульчыхі, і панеслі ў чысціню паднябесся, дзе прыйшла да яго вечная цішыня.

Люта зароў Гнатка, убачыўшы, як адкінуўся ў сядле Мішка Расевіч, і, закружыўшы мечам, пайшоў углыб крыжацкіх шыхтоў, пластуючы, ламаючы рыцараў, як ламае раз'юшаны зубр бярозы, якія трапляюцца на яго шляху. Шчырая душа старога не жадала жыць; нікога з тых, каму ён аддаваў сваю любоў, з кім прыйшоў на гэтыя пагоркі, ужо не было сярод жывых, ён іх не бачыў ці бачыў мёртвымі, і ён шалёна імкнуўся наперад, насустрач жаданаму суцяшэнню болем - за смерцямі немцаў і за сваёй смерцю, бо нарэшце адчуў у ёй патрэбу.

Юры, якога Гнатка лічыў сярод палеглых, быў жывы. Яшчэ ў першую гадзіну бою пад ім забілі каня, і конь, скінуўшы яго, паваліўся на яго і прыціснуў да зямлі. Ён ляжаў ніцма, і не мог вызваліцца з-пад тушы. Навокал грымацела сеча, перамагалі і гінулі, а ён аказаўся аднятым ад агульнай справы, і гэтая бездапаможнасць, непатрэбнасць змучылі Юр'я да адчаю. Неаднойчы на яго наступалі то крыжакі, то свае, ён клікаў знаёмых, але і сам ледзь чуў свой крык у бесперапынным ляску зброі. Потым нехта паваліўся на яго, і чужая кроў заліла яму твар. Ён напружыўся, скінуў з сябе чыёсьці цела і пазнаў Мішку. «Божа! - прастагнаў ён. - А я жывы!» Тут прыйшла нечаканая ўжо падмога - Ягор Верашчака прыкмеціў яго намаганні выпаўзці з-пад каня, падняў за хвост конскі труп і вызваліў.

Харугва была вынішчана, бой ішоў далёка па баках, і яны пацягнуліся налева, не ведаючы, што ідуць да крыла Амсціслаўскага.

Падобна ім, выбіраліся з-пад грудаў мерцвякоў апрытомнеўшыя кнехты і крыжакі і, бачачы ліцьвіноў, кідаліся з мечамі, і кароткі шлях Юр'я і Ягора да менскай харугвы абярнуўся шэрагам бязлітасных паядынкаў.

Крыло Манівіда, якое немцы старанна абцякалі, акружыць сябе не давалася. Лепшыя ваяры з усіх дасланых сюды Вітаўтам харугваў спяшаліся ў пярэднія шыхты. Але калі яны палеглі і проці немцаў засталіся зямяне, убраныя ў нагрудныя панцыры і калантары, тады ціск немцаў узрос. Манівід, баючыся поўнай страты людзей, вырашыў адступаць да абозу. Лавіна, змяшаная з паўтара дзесятка харугваў, пачала пяціцца да табараў, толькі некалькі палкоў, адсечаных крыжакамі, рушылі лугам па татарскім следзе, і за імі кінуўся нямецкі штандар.

На дарозе, закрываючы харугвы ад пагоні, засталіся полацкая і першая віленская харугвы. Не па сілах было ім доўга стрымліваць навалу крыжакоў, але кожная хвіліна адпору асцярагала парадак адступлення, ратавала ўсё крыло ад жорсткага разгрому. Побач Андрэя Іллініча біліся старэйшы брат Фёдар і сябар Юшка Радковіч. Другіх братоў не бачыў і не цікавіўся, дзе яны. Усе пачуцці скіраваліся на адно - як лепш секчы, як лепш адбівацца. Навокал мільгалі плашчы, шлемы, тапары крыжакоў, шчыт абараняў ад чаканоў, меч сутыкаўся з мечамі немцаў, двойчы меч захрасаў у крыжацкай брані, тады Андрэй хапаў чужы - іх сотні былі рассыпаны на зямлі. Бой быў смяротны; усе разумелі, які лёс чакае прыкрыцце: спыніць калоны немцаў дзве харугвы не маглі, даць ім дарогу не мелі права. Жэрабя асудзіла кожнага з іх трымацца проці пяці-шасці крыжакоў, і яны гінулі, не адыходзячы ні на крок. Андрэй бачыў, як працялі дзідай Алізара Рагазу, як кроў заліла твар Радковіча, як выпаў з сядла Мікітка Кораб, забіты звездышом. Азвярэнне найшло на Андрэя, хрыпы нянавісці вырываліся з грудзей; радаваўся, калі збіваў з каня немца ці разбіваў шлем і галаву пешага кнехта. Ды раптам нібы валун ударыў па галаве, шыя здрыганулася і здалося, што яго сплюшчылі. Паспеў яшчэ адзначыць: «Канец!» - і знік у цемры.

Ачуўся Андрэй ад моцных удараў па рэбрах. Расплюшчыў вочы, угледзеў над сабой некалькіх пешых немцаў у кальчугах - і пазнаў свае латы ў іхніх руках і падараваны вялікім князем корд; скасіў вочы на грудзі, прастагнаў - быў у адной кашулі, нават лямцавы падклад знялі крыжацкія пешкі. Яго паднялі, ён апынуўся ў гурце такіх жа няўдачнікаў: іх пагналі прэч з поля бітвы; сярод трох дзесяткаў палонных толькі некалькі былі звязаны, астатніх - параненых і аглушаных, здольных ледзь перастаўляць ногі, - рыцарскія збраяношы не баяліся. Андрэй мярцвеў ад сораму. Да смерці ў бітве рыхтаваўся, а вось пра палон і думка не мільгала, і смерць у гэты момант здавалася лепшым выратаваннем ад ганьбы. Увесь дзень не прыгадваліся, а тут прыгадаліся і Соф'я, і Нямір, і Мішка Расевіч, і Гнатка, і браты. Азірнуўся, пашукаў вачыма братоў - не знайшоў і суцешыўся. Але знаёмцы ў гурце палонных былі - і свае, з полацкай харугвы, і віленцы. Убачыў Яна Бутрыма, сустрэліся позіркамі і развялі вочы: сорамна, горка, жахліва. Не мог уцяміць: Бутрым, блізкі паплечнік Вітаўта, на ўсё Вялікае Княства вядомы баярын, цягнецца ў крыжацкі палон; і ён таксама валачыцца, як авечка, пад наглядам нямецкай варты. А навокал бурліць бітва, сякуцца з крыжакамі свае, а яны - у ланцугі. А вяселле? а Соф'я? а прыяцелі? Чэрап расколваўся, шыя скасабочылася, палала агнём пасля трапнага ўдара молатам; добры быў шлем, міланскай майстэрні, уратаваў жыццё - ды нашто? Немцы з абодвух бакоў ішлі нягуста. Меч, меч бы ў рукі, мроіў Андрэй, хоць напаследак палузаць вас, патрапаць, супакоіць душу.

Мечаў хапала, варта было толькі нагнуцца. І, нагледзеўшы меч, што ляжаў на забітым крыжаку, Андрэй пачаў збіраць для ўдару свае сілы, рыхтавацца да скачка. Параўняшыся з мечам, ён, як Божы дарунак, схапіў яго і абрушыў на бліжэйшага ахоўніка. Праз імгненне побач з першым паваліўся другі. І Бутрым, і другія ваяры хапалі з зямлі зброю, кідаліся на немцаў, секлі, самі валіліся пасечаныя, але ачышчаныя, са зброяй у руках. Дзідамі сустрэлі дзесятак конных прусакоў і ўсіх выбілі. Хто сеў на адваяванага каня, спяшаўся ад крыжака да крыжака, вяртаў мечам доўг за сваю ганьбу. Гэтай дружынай пайшлі па дарозе назад вызваляць іншых.

Палкі Сямёна Амсціслаўскага і Гаштольда, не ахопленыя адступленнем, выгіналіся ў дугу, але біліся з суровай рашучасцю ўтрымацца. І тут крыжакі зрабілі непапраўную памылку: замест таго, каб усімі свабоднымі штандарамі ламаць дугу, секчы палкі Вітаўта, што не адыходзілі з поля, частка штандараў Валенрода, змалаціўшы палачанаў і віленцаў, рынулася ў пагоню за харугвамі, якія адступалі да абозу. У запале праследавання немцы ўвайшлі ў лес і дабраліся да табараў на беразе Любенскага возера. Здабыча, якую абяцалі тысячы вазоў, заахвоціла крыжакоў ісці на прыступ.

Валенрод святкаваў: баявое шчасце ўсміхалася яму, паганіны і недаверкі рассейваліся, уцякалі ў лес; заставалася ўзяць у клешчы тых, хто супраціўляўся, і раструшчыць. Мацуючы поспех, ён накіраваў палкі абціскаць левае крыло Вітаўта, прабіць брэш паміж палякамі і харугвамі Амсціслаўскага, рассунуць іх і ўчапіцца ім у спіны. Крыжакі абрушылі ўдар на вялікую кракаўскую харугву. Упаў на зямлю каралеўскі сцяг з белым арлом, і ўжо разгром галоўнай польскай харугвы здаваўся непазбежным. Але граміць палякаў перашкаджалі састыкаваныя з імі смаляне, і немцы ўзбуйнялі свой клін. Сямён Альгердавіч разгадаў сэнс гэтага націску і ўшчыльніў смалянаў сваёй амсціслаўскай, а потым віцебскай і менскай харугвамі.

На ўсім полі бітвы, ад Таненберга да Людвікова, не было больш жорсткай сечы, чым завязалася тут, нідзе не гінула столькі ліцьвіноў і немцаў. Палічыўшы лютасць адпору за апошнюю ўспышку сілы, за знак хуткай перамогі, крыжакі пачалі спяваць ордэнскі гімн.

А Сямён Амсціслаўскі, не бачачы і не чакаючы падмогі, загадаў харугвам свайго крыла - трымацца да апошняга ваяра. І тысячы людзей сумленна прынялі такі лёс - стаяць на смерць. Дух стаў проці духу, тэўтонскі проці славянскага. Маленькая, у траціну вярсты, пагорыстая мясціна ператварылася ў пякельны асяродак бітвы. Больш за шэсць тысяч ваяроў секліся тут, быццам ведалі, што тут вырашаецца зыход сечы, што адсюль пачнецца ці перамога, ці поўны разгром.

Выратаваны Верашчакам Юры застаўся пры ім за парабка, засцерагаў яго з тылу, а Ягор трымаў галоўны бой, і калі б не было побач двухжыльнага, няўтомнага Ягора, Юры ўжо ляжаў бы сярод палеглых. Неаднойчы бачыў ён нацэленыя на яго крыжацкія кап'ё ці меч, проці якіх не паспяваў абараніцца, заварожана абміраў перад блізкасцю сваёй смерці, і кожны раз Ягор адводзіў смерць выратавальным ударам. Халодны спакой Ягора, яго чуйная напружанасць перадаліся Юр'ю; як узімку на нёманскім лёдзе з Гнаткам, так цяпер ён адчуваў, чаго чакае ад яго Ягор, і адцягваў на сябе кнехта, сек у спіну рыцара. Тут, дзе змагаліся палкі Амсціслаўскага, усю зямлю ўшчыльную ўсцілалі мёртвыя, коні ішлі па іх баязлівым крокам, і крыжакі спешваліся, пакідаючы коней парабкам, і спяшаліся ў рукапашную па трупах, а насустрач ім шлі па пласце мерцвякоў ліцьвіны. Шэрагі сутыкаліся, разыходзіліся, зноў сутыкаліся, і пласт палеглых таўсцеў. Часцяком немцы ішлі густымі шыхтамі, але раптам перастройваліся ў глыбокія кліны, каб рассунуць праціўніка. Адціснуты такім клінам, Юры згубіў Верашчаку і застаўся сярод незнаёмых ваяроў. Ніхто з суседзяў не ведаў пра яго нявопытнасць, ніхто не думаў апякаць яго ці раіць яму. Нечакана для сабе Юры быў вымушаны змагацца нароўні з кожным, сустракаць любога ворага і біць так, каб забіць. Юры думаў, што Верашчака забіты, і цяпер ён мусіць замяніць яго. Кожны рыцар, што ўзіраўся ў яго скрозь забрала, што цэліў яму ў грудзі мечам ці сякерай, мог быць забойцам бацькі, Вольгі, Фоція, Мішкі, Ягора. Ён адчуваў сябе мсціўцам за іх, абаронцам праўды. Гэтае пачуццё роўнасці з другімі ваярамі надало руцэ Юр'я сілу. Недзе блізка нястомны грамавы голас заклікаў: «Бі! Сячы!» Юры паўтараў гэты старажытны кліч, як чароўнае заклінанне, і меч яго паслухмяна біў і сек.

Гімн, які пачалі спяваць крыжакі, што біліся з крылом Амсціслаўскага, падхапілі ўсе немцы, усе пелі: «Дзякуй, Божа, што дапамог зламаць рогі язычнікам!» І тыя, якія біліся з палякамі, і тыя, што стаялі проці ліцьвіноў, і тыя, што палезлі за здабычай у абоз. Але ў абозных табарах перад імі ўсталі на вазах тысячы простых ратнікаў з цапамі, зваздышамі, рагацінамі, і крыжакоў сустрэў удар, якога яны не чакалі. Уся гэтая зброя абвалілася на першы іх шэраг і прыбіла да зямлі. Сяляне, якія ўтрымлівалі табары, у палон не бралі і літасці не адчувалі. Рыцараў білі нібы ваўкоў - з нянавісцю, толькі б забіць. Шыпы звяздышоў прабівалі латы, жалезныя кулі кісцянёў з першага ўдара забівалі каня, а другім клалі побач крыжака. Закрытыя толькі дашчатымі даспехамі, мужыкі гінулі дзесяткамі, але кожны адняты воз, кожны забраны скарб аплочваліся жыццямі немцаў.

Вялікі князь Вітаўт увесь бой правёў сярод харугваў. Ужо перайшло за поўдзень, ужо зямля набрыняла крывёй і задыбілася, а на ваярах абсыхаў дзесяты пот, ужо шмат хто, стаміўшыся трымаць меч адной рукой, адкідваў шчыт і секся двуручна - князь не стамляўся. І смерць абыходзіла яго ці не паспявала за ім, калі ён імчаў з сваёй паловы поля на польскую, потым назад; калі конь, працяты стралой, валіўся, князь ускокваў на другога, якому таксама хутка не шанцавала сярод вынішчэння жыццяў.

Час мінаў, сама цяжкае было перацерплена, націск крыжакоў слабеў, моц іх змяншалася, хоць і каштавала гэта вялікіх ахвяраў. Галоўнае - выстаялі, цяпер, спадзяваўся князь, наша чарга гнуць ворага да зямлі.

Паслаў на дапамогу пацярпелай кракаўскай харугве полк Галіцкай зямлі. Выслаў ганцоў да Джэлаладзіна і Багардзіна, каб ханы вярталі ў бітву татараў; далучыў да менчукоў тры падольскія і львоўскую харугву; выслаў ганца да Ягайлы, які з пачаткам бітвы ад'ехаў да Любенскага возера і назіраў бітву з пагорка, паведаміць, што немцы загразлі ў знішчальным для сябе баі. Паслаў ганца да Сямёна Амсціслаўскага і Гаштольда з загадам: «Валенрода ў ціскі!»

Стоячы на пагорку, князь назіраў распачатае акружэнне крыжакоў. Бачачы таропкі, упэўнены рух харугваў Сямёна Амсціслаўскага, радасна засмяяўся: калі Ульрык і выставіць свае прыхаваныя палкі - ужо не зменіць свайго лёсу: трымаў перамогу, выпусціў, адляцела. Калі ўдарыць рэзервам у бок палякам, то Сямён, Гаштольд, Манівід пасякуць Валенрода і прыйдуць на дапамогу; калі ж магістр ударыць у спіну Амсціслаўскага, дык палякі паб'юць Ліхтэнштэйна і дапамогуць. І татары ўжо нясуцца. «Усё, - думаў князь. - Пераможам!»

Ульрык фон Юнгінген, азіраючы поле бітвы, бачыў і на Ягайлавай, і на Вітаўтавай паловах прыкметную варожую перавагу. Было зразумела: кароль і вялікі князь кінулі ў бой усе палкі, усіх людзей. Вось гэтага моманту ён так цярпліва чакаў. Няхай радуюцца! Дарэмная радасць! Вунь стаяць не кранутыя боем, не вымаўшыя яшчэ меч шаснаццаць лепшых харугваў. Праз колькі хвілінаў яны абрынуцца на ліцьвіноў і палякаў, як меч архангела Міхаіла. Упадуць, разгоняць па лясах і багнах, рассеюць гэты зброд, як заслугоўвае такога подзвігу сённяшні дзень, які святкуюць усе хрысціяне, - дзень рассеяння апосталаў па свеце. Апосталы рассейвалі цемру невуцтва палкім словам, Ордэн рассейвае ворагаў мечам. Няхай парадуецца Збавіцель. «Дзеля славы Божай! - крыкнуў магістр. - Наперад!» - і сам павёў штандары браць прызначаную перамогу.

Лавіна з шаснаццаці харугваў не зважала на маленькую харугву, што стаяла на пагорку за дзвесце-трыста крокаў. У вялікага магістра мільганула думка выслаць сотню рыцараў для знішчэння гэтай купкі палякаў, але справа падалася дробязнай: Бог з імі, хутчэй туды, дзе вырашаецца зыход бітвы. Убачыў, што нейкі смяльчак раптам пакінуў шыхты і паскакаў да той харугвы. «Дурань!» - падумаў магістр.

Рыцара гэтага звалі Леапольд фон Какерытц, і ён пазнаў польскага караля, хоць і быў схаваны ад нямецкіх вачэй малы каралеўскі сцяг. Буланы конь Какерытца хутка набліжаўся да Ягайлы. Рыцар бачыў, як польскі кароль закрыўся шчытом і выставіў кап'ё. Каралю пагражаў паядынак; трымаючы рыцарскі звычай, ніхто з каралеўскіх целаахоўнікаў не насмеліўся перашкаджаць, але ўлюбёнец Ягайлы натарый Збігнеў Алясніцкі падхапіў з зямлі чыёсьці кап'ё і нечакана для Какерытца ўдарыў яго ў бок. Крыжак зваліўся з каня, забрала адкінулася, і Ягайла вастрыём свайго кап'я ўдарыў немца па лобе. Пешая ахова дабіла рыцара і зняла з яго даспехі.

Калі б вялікі магістр мог здагадацца, на каго нападаў Какерытц, ён выслаў бы ўслед поўную харугву. Але чуццё здрадзіла Юнгінгену, затупілася, спазнялася; яшчэ не распачаўшы бою свежымі штандарамі, але ўжо разгарнуўшы іх, страціўшы над імі сілу хуткага загаду, ён усвядоміў, што скіраваў іх кепска, што трэба было зайсці са спіны, а тут яго затрымаюць, прымусяць да сечы, і ён змарнуе без поспеху вельмі важны зараз час. І сапраўды, насустрач яго клінам з лесу, што здаваўся пустым, выйшлі некалькі польскіх харугваў. У дадатак вялікі магістр прыкмеціў воддаль імклівую калону і ўцяміў - татары, хутка скокнуць на спіну. «Божа! - вымавіў вялікі магістр. - Абарані слугаў сваіх!» Ён адчуў у душы нязвычную пустату, нібы з'явілася там дзірка і нешта важнае, неабходнае для ўпэўненасці і радасці вывалілася праз гэтую дзірку. Намаганнем волі магістр расціснуў здрадніцкую слабасць у сэрцы. Не, наперад, у бітву, да братоў, якія гінуць за гонар Нямецкага ордэна! І, узняўшы меч, Юнгінген разам з рыцарамі паімчаў прабіваць польскую перашкоду. А ў тыл ягоным шаснаццаці штандарам выходзілі і ўтваралі серп татары, аддзелы ліцьвіноў, два палкі наёмных чэхаў.

У гэты ж час харугвы Сямёна Амсціслаўскага, Гаштольда і татары Джэлаладзіна абдымалі парадчэлае крыло Валенрода. Вялікі маршал выслаў ганцоў за штандарамі, што бралі табары, і хутка змораныя боем з абознікамі немцы, кідаючы здабычу, паспяшаліся на выручку. Але ўжо не маглі яны змяніць ход бітвы. Іх пераследавалі харугвы віленцаў, трачан, жамойці, валынцаў, і шчыльна, як палісад, закрылі ўсе выхады, усе слабыя часткі акалення. На Грунвальдскіх пагорках крыжакі апынуліся ў двух катлах, і сцены гэтых катлоў абрасталі літоўскай, польскай пяхотай, татарамі, рэшткамі ўсіх харугваў, рабіліся непрабівальнымі. Войска Ордэна пачынала тануць ва ўласнай крыві, і ніякая сіла ўжо не магла ўратаваць яго ад гібелі.

У які бок ні напраўляў Фрыдрых фон Валенрод сваіх рыцараў прасекчы кола атачэння, усюды іх адбівалі мечы і дзіды ліцьвіноў, арканы і шаблі татараў. Адна надзея заставался ў вялікага маршала: брат Ульрык дашле яму посілкі, і яны з тылу праломяць акружэнне. З нецярпеннем чакаў маршал рэзервовыя штандары, пазіраў на пагоркі, дзе павінны былі ўзнікнуць рыцарскія калоны, але яны не з'яўляліся. Час мінаў, і з кожным імгненнем меншыўся лік нямецкіх рыцараў. Коні пазлізгваліся на крыві, спатыкаліся аб трупы. Немцаў сціскалі, збівалі ў натоўп і бязлітасна вынішчалі. Ад усіх ордэнскіх земляў, ад усіх земляў, якімі яны прагнулі валодаць, застаўся ім маленькі кавалак насычанай крывёю зямлі, і на ім рупна працавала смерць. Гнеў душыў Валенрода. У бяссільным шаленстве прыгадваў вялікі маршал мінулыя паходы. Усіх трэба было паліць і забіваць - і ў Вільні, і ў Наваградку, і ў Троках, і ў Лідзе, і ў Берасці, і ў Полацку, і ў Ашмянах, і ў Ваўкавыску. Нельга было шкадаваць, раздумваць, ленавацца. Нянавісць апаляла яго, ён імкнуўся дарабіць недаробленае: меч яго паражаў ворагаў аднаго за адным. «Вось як патрабавалася тады! - дакараў сябе Валенрод. - Цяпер позна!» Раптам нешта цяжкое, гарачае ўдарыла яго ў грудзі, і вялікі маршал адчуў тое імгненне, калі разарвалася яго сэрца.

Радчэлі ордэнскія штандары і ў другім катле. Ульрык фон Юнгінген адчуваў, што бітва праіграна, але розум адмаўляўся верыць у гэта, усвядоміць жах крушэння ордэнскай сілы. Навокал вялікага магістра стаялі славутыя прускія рыцары, яны адчайна адбіваліся, іх расстрэльвалі з самастрэлаў, яны валіліся на зямлю, гінулі, і разам з імі западала слава Ордэна. Ненавісныя ліцьвіны, татары, палякі апынуліся цяпер блізка вялікага магістра, ён сам мог стаць іхняй ахвярай.

Нечакана Ульрык фон Юнгінген убачыў перад сабой смуглявы твар пад бліскучым шлемам, раскосыя вочы аглядалі яго з халоднай цікаўнасцю, выбіраючы месца для зручнейшага ўдару. І гэты прысудны позірк апаліў магістра, загасіў яго злосць, абудзіў прагу жыцця. Магістру падумалася: нашто былі ўсе гарады, землі, лясы, золата, даспехі, наезды, паходы ўсяму гэтаму мноству людзей, якія страцілі тут жыццё, і нашто яны былі яму, калі вось нясецца на яго ззяючая на сонцы сталь? Ён ускінуў насустрач баявому тапару хана Багардзіна свой меч, але здрыганулася сэрца, не паслухалася рука, і ён запазніўся - бліскучае лязо наблізілася да вачэй, і ледзяны яго дотык рассек усе думкі, усе згадкі, усе пачуцці. Ульрык фон Юнгінген выпусціў меч, адкінуўся, убачыў чыстае блакітнае неба; яно імкліва цямнела, і непраглядны змрок паглынуў апошнія прамяні жывога святла.

Ордэнскія рыцары і наёмнікі, якім пашчасціла вырвацца з катлоў, шыбавалі да сваіх табараў, што стаялі ля вёскі Грунвальд. Тут, абкружыўшыся вазамі, некалькі тысяч кнехтаў і крыжакоў намагаліся абараніцца, але вал за валам, як патоп, абрушваліся на іх конніца, літва, абознае апалчэнне і сакрушалі, нішчылі, тапілі ў крыві; злы адчай немцаў толькі ўзмацняў націск, удары мечаў, цапоў, кісцянёў. Каток смерці каціўся па натоўпах крыжакоў, плюшчыў, не адрозніваючы храбрага ад баязліўца, слыннага рыцара ад простага кнехта. Крыжакі і пруская пяхота рассыпаліся і пабеглі. Дарэмна рыцары скідалі латы, дарэмна зрывалі з коней цяжкую ахоўную браню, дарэмна кнехты шукалі ямы і норы, хаваліся пад карчы - пагоня адшуквала іх, гваздала кнехтаў у кустах і ямах, збівала рыцараў на сагрэтую сонцам зямлю; на адно спадзяваліся немцы - каб хутчэй заходзіла сонца і начная цемра закрыла іх ад вачэй і зброі пераможцаў.

Аднак доўга цягнуліся прыцемкі, і, пакуль не загасла святло, на дарогах, палях, лугах, узлесках і ўскрайках балотаў працягвалася вынішчэнне рэшткаў прускага войска. Стаміўшыся, ваяры ўжо не секлі тых, хто здаваўся, і тых, за каго спадзяваліся атрымаць выкуп. Палонных рыцараў сотнямі гналі да табараў.

Сюды прыехаў і Вітаўт паглядзець страты, што панеслі немцы. Тут вялікага князя адшукаў Бутрым, які вёў двух павязаных крыжакоў - брандэнбургскага комтура Маркварда фон Зальцбаха і самбійскага войта Зомберга. Яны былі ў латах, але без шлемаў, абодва ўжо сталага веку, змораныя цяжкім днём. Пабачыўшы Вітаўта, яны скарыліся перад блізкай смерцю, і гэтая пакора адбілася на іхных тварах.

- Ну, што, - вымавіў князь, - звёў Бог! Як, Зомберг, не забыў маіх хлопчыкаў? Ці думаў ты тады, што я цябе за гэта павешу? А ты, Марквард, прыгадай, як на Саліне абражаў маю маці! Даўні мой доўг, зараз вярну! - і загадаў: - Павесіць!

Некалькі баяраў хутка прывязалі да двух сукоў бліжэйшага дрэва вяроўкі, рыцараў паднялі, засунулі галовамі ў петлі і адпусцілі. Князь паглядзеў на іх апошнія сутаргі і паскакаў шукаць Ягайлу.

Каля Грунвальда пераможцы разбіралі вялізны, у некалькі тысяч вазоў ордэнскі абоз. Літаральна за чвэрць гадзіны ён бясследна знік; засталіся некранутымі вазы з каменнымі кулямі, паходнямі і ланцугамі, якімі запаслівыя немцы меркавалі вязаць палон. Засталіся на вазах стовядзёрныя бочкі з віном, і да іх збягаліся змучаныя боем і прагай ваяры. Ужо пілі за перамогу, зачэрпваючы віно шлемамі.

Якраз пры пачатку гулянкі прыбылі Ягайла і Вітаўт. Рыцарства ўславіла іх гучнымі клікамі: «Слава, кароль Уладзіслаў! Слава, князь Аляксандар!» Кароль, аднак, загадаў разбіць бочкі. Ніхто не насмельваўся выканаць такі святататніцкі загад. Наадварот, пачуліся нязгодныя крыкі: «Пабойся Бога, кароль!» Ягайла ўсміхаўся, аглядаў тысячы здзіўленых, абураных, пакрыўджаных людзей. Разумеў, што знемаглі за дзень бітвы, апякліся душой, што глыток віна супакоіць, суцешыць, здыме той напал з сэрца, у якім яны прабылі доўгія гадзіны, сеючы і сустракаючы смерць, але і разумеў, што глытком не абыдзецца, а пачнецца разгул. А калі раптам новая бітва? Загадаў выпусціць віно сваёй ахове. Тыя пасеклі абручы, дубовыя бочкі рассыпаліся, і паток чырвонага віна пабег ад Грунвальда да поля бітвы, змываючы з зямлі кроў.

Баявы рух суцішыўся, пачалі збірацца харугвы, землякі аглядаліся, хто жывы, каго няма. Увечары сабраліся хмары, пайшоў працяглы халодны дождж. Змораныя, згаладаныя ваяры сходзіліся ў табары, валіліся на вазы, проста на зямлю, засыналі мёртвым сном, не адчуваючы ні холаду, ні дажджу. Усю ноч вярталіся аддзелы, што праследавалі прусакоў.

На досвітку харугвы пастроіліся, падлічылі страты - кожнага трэцяга, другога не было ў шыхтах. Андрэй Іллініч з чацвярых братоў сустрэў старэйшага. Паспяшаліся на поле разбіраць жывых і мёртвых, сваіх ад крыжакоў. Хадзілі сярод палеглых, сумавалі - шмат хто з параненых не дачакаўся ранку, памёр пад начным дажджом. Ехалі па полі і плакалі, і ўсе, каго сустракалі, таксама былі ў слязах. Знайшлі сваіх. Браты Глеб, Пётра, Васіль загінулі, бацька меў рану і дыхаў, яго адвезлі ў табар пад нагляд. Паехалі да ваўкавысцаў. Тут зноў гора - убачыў працятага мечам Мішку, а за трыццаць крокаў ад яго спыненага коп'ямі назаўжды Гнатку і яшчэ мноства знаёмых, што помніліся па заручынах і аглядзе ваўкавыскай харугвы. Тут сустрэў жывога Юр'я. Абняліся, не хаваючы радасці: ацалелі, відаць, нявесты іх вымалілі.

У гэты світальны час у каралеўскім намёце сышліся на раду Ягайла, Вітаўт, Мікалай Тромба, Збігнеў Бжэзінскі, другія радныя паны. Ужо ведалі, што ў бітве загінулі вялікі магістр, і вялікі маршал, і вялікі комтур, і скарбнік Мерхейм, і дзесяткі комтураў, войтаў, амаль усе ордэнскія браты, і тысячы прускіх рыцараў. Вырашалі, што рабіць далей: ці ісці зараз браць Мальбарк, ці, трымаючы старажытны рыцарскі звычай, стаяць каля Грунвальда тры дні ў знак таго, што войска гатовае сустрэць тут новага ворага. Вітаўт настойваў зараз жа паслаць найменш змораныя харугвы да ордэнскай сталіцы і, скарыстаўшы адсутнасць у ёй абаронцаў, захапіць. Прапаноўваў выправіць татараў Джэлаладзіна, якія стовярстовы пераход пройдуць хутчэй за іншых, праз дзень ранкам будуць ля Мальбаркскага замка. Але на выправу татарскай конніцы Ягайла не пагадзіўся - нядобра яму, каралю, пасылаць на ордэнскую сталіцу басурманаў. Але і стаяць тут тры дні не мела сэнсу. Хто з'явіцца? Некаму прыходзіць - усе палкі Ордэна знішчаны амаль цалкам, а каго недабілі, той у палоне. Няма каму і Мальбарк абараняць. І выправіць няма каго. Усе змарыліся, трэба хоць бы дзень адпачыць; трэба забітых пахаваць, трэба мшу адслужыць, трэба неяк разабрацца з дзесяткамі тысяч палону - не весці ж іх з сабой сто вёрстаў, пільнаваць, карміць, паіць. Ніяк не выходзіла вырушыць сёння, і кароль прызначыў распачаць паход на Мальбарк заўтра.

Праз гадзіну паблізу Таненбергскай царквы палонныя кнехты капалі магільныя ямы. Сотні вазоў звозілі сюды забітых. Клаліся на вечны адпачынак плячо да пляча тысячы ваяроў; як ушчыльную біліся з крыжакамі, так шчыльна ляжалі ў долах, каб і тут быць прыяцель з прыяцелем, ужо назаўжды.

Днём у табарах стаяла цішыня: хто спаў, хто сядзеў ля катлоў, хто сумаваў, хто глядзеў у неба, дзівячыся, што не загінуў у сечы. Вознікі правілі разбітыя калёсы, ваяры ўвязвалі ў клункі здабытыя даспехі і зброю, вадзілі да кавалёў раскаваных коней, выпраўлялі ў зваротны шлях на радзіму параненых. Каму не сядзелася, ехаў да каралеўскай капліцы слухаць урачыстую мшу, разглядаць уваткнутые навокал намёта ордэнскія сцягі. Ці ехаў глядзець, як натарыі перапісваюць палонных рыцараў, разбіраючы іх па аддзелах: асобна братоў Ордэна, асобна прусакоў, асобна лівонцаў, баварцаў, аўстрыйцаў, швабаў, фрызаў, саксонцаў, вестфальцаў, швайцарцаў - усіх асобна. З кожнага рыцара бралі слова рыцарскага гонару прыбыць на дзень святога Марціна ў Кракаўскі замак; пасля гэтага кароль вызваліў усіх, пакінуўшы ў ланцугах толькі ордэнскіх братоў і князёў.

Наступным ранкам войскі караля і вялікага князя рушылі ў паход. Мінуючы Таненберг, харугвы пасылалі развітальны позірк на свежыя магілы, дзе засталіся спаць вечным сном бацькі, браты, сябры, таварышы - ліцьвіны, палякі, жамойты, татары, русь - дзесяткі тысяч людзей, што згарэлі ў полымі бітвы. І душы ваяроў, што пакідалі гэтую векапомную мясціну, пакутавалі, раздзіраліся болем, заставаліся нейкай сваёй часткай пры брацкіх магілах - помніць, вартаваць, суцяшаць.

 

Мальбарк. Аблога

Толькі пасля выступлення на Мальбарк, калі рушылі па прускіх землях, пачала ўсведамляцца сапраўдная значнасць перамогі - Тэўтонскага ордэна больш няма, рассеяўся, спыніў існаванне. Задуманыя яшчэ ў Берасці перамовы пра карысны мір не мелі з кім весці - вялікі магістр, увесь ордэнскі капітул загінулі, з вярхоў Ордэна засталіся жывымі двое, але і яны, лічы, згінулі: вялікі ключнік Георг фон Вірсберг уцёк на пражскі двор да караля Вацлава; вялікі шпітальны Вернер фон Тэтынген уцёк у Эльбланг, але эльбламгскія гараджане асадзілі замак, выбілі аддзел крыжакоў, і куды падзеўся Тэтынген, ніхто не ведаў. Польскія мяшчане Гданьска перарэзалі ўсіх наехаўшых у горад крыжакоў і аб'явілі аб сваёй вернасці каралю Ўладзіславу - і малыя, і буйныя крыжацкія замкі здаваліся без бою, замкавая ахова разбеглася па лясах, біскупы і гарады прасілі літасці для сваіх зямель і жыхароў. Так паўсюдна.

Ягайла ганарыўся: чорны прускі арол, што дзесяцігоддзі пагражаў Польшчы, увачавідкі сканаў. Ён, Ягайла, атрымаў не толькі Добжын, Санток і Дрэдэнка, з-за якіх пачалася гэтая вайна, і не толькі Міхалоўскую, Кульмскую і паморскія землі, даўно забраныя немцамі, - уся Прусія далучыцца да польскай кароны, прыме яго ўладу. Ён перамог у бітве, ён выіграў вайну, ён пашырыць межы каралеўства. Слава ўжо асвятляе ягоны трон. Па ўсіх краінах Эўропы разнясецца вестка аб небывалай перамозе, а пераможаныя крыжакі будуць забытыя. Здасца і Мальбарк, як здаліся іншыя замкі. Яшчэ васемнаццатага ліпеня ганец даставіў яму ліст з Мальбарка ад вернага біскупа Яна Крапідлы; ліст узрадаваў: страх, жах, слабасць духу ахапіла ахову сталіцы, ды і аховы той сто рыцараў. Няхай яшчэ столькі ж дадасца - лёсу Ордэна не зменяць. Усё, што Бог вырашыў, усё здзейсніцца ў прызначаны час. Не трэба спяшацца, саспелы яблык сам падае з дрэва. Мальбарк узяць неабходна, і возьмем, але ёсць мноства другіх важных клопатаў. Трэба прызначыць намеснікаў і паставіць аддзелы аховы ў занятыя замкі, вывезці з іх запасы, забраць усё каштоўнае.

Не адкладаючы, раздаваў замкі і гарады сваім прыхільнам: замак Гогенштэйн - Яну Краткоўскаму, замак Джэзгань - Збышку Бжэзінскаму, замак Астрода - князю мазавецкаму Янушу, замкі Дзялдава і шчытна - князю Земавіту. Усё, што ўжо трымаў у руках, і ўсё, чым яшчэ валодалі крыжакі, дзяліў паміж князямі, панамі і славутымі рыцарамі. Вялікаму князю Вітаўту прызначыў тры прускія замкі - Крулявец, Бальгу і Брандэнбург. Яны, праўда, пакуль што не здаліся, але здадуцца, няма сумневу, крыжакі самі расчыняць вароты.

Патрабавалася яшчэ ўзважыць, як адгукнуцца на поўнае крушэнне Ордэна папскі двор, нямецкія курфюрствы, Сігізмунд, Вацлаў і маркграф Ёдак, якія прэтэндуюць на апусцелы імператарскі трон. Уся Эўропа ў гэтыя дні сочыць за зыходам бітвы, і больш карысна прымаць добраахвотныя прысягі на вернасць яму, каралю Ўладзіславу, ад зямель і гарадоў, чым браць іх зброяй. Ён не дасць падставы казаць, нібыта захапіў Прусію; прускае насельніцтва, стомленае гвалтам крыжакоў, само з радасцю называе яго сваім каралём. Таму не варта спяшацца.

Сто дваццаць вёрст ад Грунвальда да Мальбарка войскі цягнуліся больш за тыдзень. За дзень праходзілі пятнаццаць, а то і дзесяць вёрст. Ваяры, якім не цярпелася скончыць вайну, бурчалі, што паўзком дапаўзлі б хутчэй.

Кароль усе дакоры ў маруднасці прапускаў міма вушэй. Хто дакараў, не мог разумець галоўнага: зараз не мечы працуюць - пагалоска; па ўсіх прускіх комтурствах разыходзіцца слых аб паражэнні ордэнскага войска, рыцарства страчвае сваю пыху; гэта не менш важна, чым новая пераможная бітва. Галовы секчы прасцей, чым зломваць волю.

Грозна, неадваротна насоўваюцца войскі на Мальбарк, і ахова яго павінна ўсвядоміць бессэнсоўнасць супраціўлення. Ужо прыбылі з Мальбарка ганцы: свецэнскі комтур Генрых фон Плаўэн, які схаваўся там у замках, просіць прыняць паслоў для мірных перамоваў.

Але якія могуць быць перамовы? Пра што дамаўляцца яму, каралю, з нікчэмным комтурам? І ён адказаў ганцам недабітка, што хутка сам з'явіцца ля Мальбарка і тады прыме шмат паслоў. Няхай ведае, што яму, Ягайлу, не патрэбны комтурскія паслы, патрэбны ключы ад гарадскіх варотаў і скоранасць рыцараў.

Дваццаць пятага ліпеня ўбачылі, нарэшце, мальбаркскія сцены. Войскі павесялелі; лёгкія харугвы Вітаўта паскакалі наперад; зарысіла ўслед цяжкая конніца, і абоз таксама пайшоў хутчэй. Запрэжкі ў шэсць, восем, дзесяць коней цягнулі сотню сваіх і здабытых пад Грунвальдам бамбардаў. За імі рухаліся вазы з каменнымі кулямі, больш чатырох такіх камянёў вазы не трымалі; рухаліся сотні вазоў з порахам - і ўвесь гэты смертаносны груз набліжаўся да ордэнскай сталіцы.

На гарадскіх сценах аказалася нечакана шмат абаронцаў, нямала рыцараў было і ля гарадской брамы, і яны з лютасцю адбілі спробу ўзяць горад з ходу. Толькі назаўтра, пасля працяглага бою, харугвы ўварваліся ў горад, схапіліся ў мечы з аддзелам крыжакоў. Шмат якіх пасеклі, астатніх гналі да старога пралому ў замкавых мурах. Другіх поспехаў, апроч паўсотні забітых прусакоў, дзень не прынёс. Не даў задавальнення і захоп горада; немцы спалілі яго, пераможцам заставалася глядзець на папялішчы, задымленыя мураванкі і ўдыхаць гар ад кастрышчаў. Але сама цвердзь, магутны Мальбаркскі замак, да якога гэты зруйнаваны горад прылягаў, была цэлая.

Войскі пачалі абдымаць цвярдыню: палякі станавіліся з усходняга і паўднёвага бакоў, бліжэй да Высокага замка; побач іх мясціліся галіцкая, львоўская, холмская і тры падольскія харугвы; ліцьвіны аблягалі муры Ніжняга замка. З вазоў здымалі бочкі з порахам, ядры, гарматчыкі наводзілі бамбарды; хутка з усіх бакоў па логавішчу крыжакоў пачалася гарматная страляніна. Ядры з буйных бамбардаў білі ў сцены, шмат ядраў зарыліся ў зямлю перад сценамі, некалькі пераляцелі за сцяну. Усё кола войскаў зацягнула клубамі едкага парахавога дыму; стаяў страшэнны грукат, але калі страляніну спынілі і дым развеяўся, дык убачылі, што шкоды сценам не нарабілі - адно збітае наверша ды шчарбіны. Усю ноч крыжакі таўкліся за сценамі, стукалі сякерамі, і на досвітку стары пралом у сцяне быў закрыты дубовай гародняй. У гэты світальны час расчыніліся Мастовыя вароты, кнехты выкацілі на мост цераз Нагату бочкі са смалой, разбілі іх і падпалілі.

Дробныя былі справы, але адчувалася па іх, што немцы пра здачу не думаюць і што кіруе імі ўпэўненая рука свецэнскага комтура. Вялікі князь несуцяшальна вывеў - замкаў не ўзяць. Сажнёвай таўшчыні сцены разбіць ядрамі немагчыма, лезці на прыступ - людзі страцяцца, ды і замкаў - тры: авалодаюць Ніжнім, а сярэдзінны і Высокі ўжо не стане каму адбіраць. А весці доўгую аблогу, вынішчыць крыжакоў голадам - самі знядужацца; дажджы пачнуцца, пойдуць хваробы. Не паспяшаўся Ягайла, і вось вынік - мы не скарысталі перамогу ў полі, а ў Мальбарку засеў упарты комтур.

Генрых фон Плаўэн не шкадаваў сябе і рыцараў. Адчуваў, што лёс Ордэна залежыць ад яго розуму, вытрымкі, волі. Амаль не спаў, прымушаючы ўсіх да працы.

Ён прыйшоў сюды адстаяць сталіцу. Яшчэ шаснаццатага, адразу пасля разгромнай бітвы, калі ён са сваім свецэнскім штандарам быў за пераход ад Таненберга і ўбачыў знясіленых уцекачоў з крывавага поля, ён зразумеў свой абавязак - імчаць у Мальбарк, апярэдзіць Ягайлу і Вітаўта, закрыцца, не дапусціць ворагаў у цвярдыню Ордэна.

Амаль два дні ён правёў у сядле, не дазволіў сабе хвіліны адпачынку і васемнаццатага прыбыў у горад. І пакуль Ягайла і Вітаўт яшчэ тыдзень святкавалі сваё шчасце, ён, Плаўэн, рыхтаваўся да аблогі. Прыйшлі паўтары тысячы наймітаў, ацалелых у бітве, прыйшло трыста гданьскіх маракоў, дваюрадны брат прывёў рыцараў, прыбылі дробныя аддзелы рыцараў з другіх замкаў - сабралася пад тры тысячы ваяроў. Пусты, самаўпэўнены Юнгінген з дзіцячым легкадумствам пакінуў замак без запасаў кармоў, ежы, без аховы. Увесь тыдзень прыйшлося збіраць па навакольных вёсках жывёлу, сена, хлеб, заклікаць да мужнасці баязліўцаў, дамагацца падпарадкавання сваёй волі.

Раптам з'явіўся нікчэмны Вернер фон Тэтынген, нацэліўся на месца вялікага магістра. «Здраднік! - без хітрыкаў крыкнуў яму ў вочы. - Чаму застаўся жывы, калі ўсе загінулі? Чаму аддаў тлустым лавачнікам Эльблонг? Дзе твае рыцары? Ты - не рыцар, ты запляміў свой белы плашч бояззю, зняславіў наш Ордэн!»

І той змоўк. Нават цяжка ўявіць, што яго лічылі лепшым дыпламатам Прусіі, адважным рыцарам. Як можна так напужацца ліцьвіноў, каб страціць розум і храбрасць! Ганьба яму!

Зараз ён, Генрых фон Плаўэн, прыняў на сябе клопат аб выратаванні радзімы. І ён уратуе Ордэн, адродзіць яго моц, верне яму гонар і славу. Галоўнае - любой цаной утрымаць сталіцу.

Няхай асаджаюць - узяць прыступам лепшы замак Эўропы немагчыма. Няхай душаць голадам, сцерпім. Трэба выстаяць, выказаць тэўтонскую ўпартасць. Мудрасць абароны тоіцца ў цярплівасці, а ён, Плаўэн, цярплівы. Ён прывучаны да доўгацярпення тысячамі ночаў, якія правёў над рэтортамі, цяжкімі пошукамі магістэрыя. Ён не баяўся замахнуцца на патаемныя таямніцы, якія ахоўваюцца вышнімі сіламі; што ў параўнанні з імі польскі кароль і ліцьвінскі вялікі князь? Выпадковыя пераможцы ў выпадкова праігранай бітве. Ён не дапусціць іх у замак ніколі. Святыя мошчы, што захоўваюцца ў мальбаркскіх капліцах, дапамогуць зламаць асаду. Цярпець, трымацца, выігрываць час - вось задача кожнага дня.

Назіраючы з вокнаў Высокага замка за таўкатнёй у ліцьвінскіх і польскіх табарах, за бесперапыннай працай гарматчыкаў, за аддзеламі татараў, якія ўвечары адляталі рабаваць прускія паселішчы, а ранкам вярталіся з пухлымі перамётнымі сумкамі, самотна думаў пра бедствы, што выпалі Ордэну: «Эх, Юнгінген! Нейкая дробная памылка, недакладны загад, недарэчная сквапнасць - і грубыя ліцьвіны, цёмныя палякі, брыдкія сарацыны вытоптваюць ордэнскія землі, руйнуюць і разносяць ордэнскае дабро, нішчаць плён векавой працы Нямецкага ордэна. Кожны дзень асады абцяжарвае ганьбу Ордэна, кожны дзень іхнай прысутнасці тут - гэта рабунак, захоп замкаў, пакора маладушных, гэта абражальны для тэўтонскага духу прыгнёт».

Аднак, разважаў Плаўэн, выкінуць Ягайлу і Вітаўта з ордэнскіх межаў без дапамогі не ўдасца, а калі з'явіцца гэтая дапамога - невядома. І пасля сваёй перамогі пад Грунвальдам абодва захопнікі з пустымі рукамі не пойдуць, запатрабуюць зямель. Няхай атрымаюць, парадуюцца, пакарыстаюцца, толькі б сышлі, далі час узняцца, пазней вернем усё нарабаванае. І Генрых фон Плаўэн паслаў герольдаў з прапановай распачаць перамовы аб замірэнні да абрання новага вялікага магістра, а ўжо той з поўнымі правамі будзе абмяркоўваць умовы міру. Герольд прывёз каралеўскую згоду.

Праз гадзіну свецэнскі комтур з дзесяткам рыцараў выехаў з замкавых варот. Наводдалі, каля каралеўскага намёта, стаяла шчыльная суполка розных паноў і князёў, і адтуль паскакаў да Плаўэна Збігнеў Бжэзінскі.

Комтур прамовіў:

- Перадай, рыцар, свайму каралю наступны наш зварот: «У нядаўняй бітве войска Ордэна было разгромлена і пераможана. Скрушаныя нягодай, мы прыйшлі да цябе, уважаючы цябе за міралюбівага пераможцу. І вось я, якому гэта бліжэй за ўсіх, бо я дзейнічаю за палеглага ў баі вялікага магістра, заклікаю цябе, кароль, адвярнуць ад нас меч помсты і не імкнуцца знішчыць наш Ордэн назаўжды. Мы ж і цяпер, і наперад адкрыта прызнаём, што атрымалі ад цябе, кароль, вечнае дабрадзейства, калі ты прымеш для Літвы зямлю Жамойцкую, а для сябе землі Добжынскую, Кульмскую, Міхалоўскую і Паморскую, але пакінеш Ордэну землі Прусіі, здабытыя ад варвараў за стагоддзі кровапралітных войнаў!»

Хутка маршалак Бжэзінскі вярнуўся да каралеўскага намёта, пераказаў умовы свецэнскага комтура. Радныя паны пакрыўдзіліся, пайшла гамана, кожны драў горла, не шкадаваў лаянкі. Кароль гукнуў змоўкнуць і выказвацца па чарзе.

Бальшыня настойвала патрабаваць здачы замкаў. Казалі: усё комтур хлусіць - стараецца зберагчы сталіцу. Столькі здабылі, уся Прусія пад нагамі. Што ж, яе дзеля дабрадзейства назад аддаць? З міласэрнасці ў касцёле грошык даюць, а гэтыя ўсю зямлю жадаюць, нібы не іх тыдзень назад секлі, зямлёй засыпалі.

Што засталося ад іх, ад магутнага іх Ордэна? І колькі яны пратрымаюцца ў сваіх замках? Хутка ўсё паядуць, адзін аднаго будуць грызці! Скібу хлеба будуць прасіць на каленях! Камтурышка, бітву ў Свецэ адседзеў, меча не бачыў, касавурыцца. Ні за што не згаджацца! Калі праз тыдзень асады прапануюць за мір столькі, дык праз тры тыдні ў тры разы больш дадуць! Якая была бітва, такі патрэбны і мір!

Кароль вагаўся: згадзіцца на сціплы мір, адысці ад Мальбарка - азначала выратаваць Ордэн, узяць Мальбарк - безумоўны канец Ордэна. Вядома, калі пачыналі вайну, пра большае, чым прапаноўваў цяпер Плаўэн, не марылі, але і перамогі такой не ўяўлялі. Абставіны змяніліся - іншым павінен быць мір. Задаволіцца тым, што даюць, замест таго, каб атрымаць усё, - ці даруецца яму такая памылка? Ён спытаў, што мяркуе Вітаўт? Князь раіў згаджацца. У адказ радныя паны загаманілі, што Вітаўту даюць яго Жамойць і Судавы, а большага яму не паложана, у яго за польскія справы галава не баліць. Што ж, палякам цяпер трэба захопленыя замкі назад немцам вяртаць? Пабылі намеснікамі пяць дзён - хопіць, няхай недасекі прыходзяць, садзяцца сілу нагульваць, каб праз год зноў пад Грунвальдам біцца? І кароль думаў гэтак жа: пашкадуеш, паверыш, а там зірнеш - зноў у небе чорны арол.

- Адкажы свецэнскаму комтуру так, - сказаў Ягайла маршалку. - Тое, што ён нам дае, мы ўжо маем і дзякаваць яму падставы не бачым. Але калі ён здасць Мальбарк і другія замкі, якія пакуль не скарыліся, дык я не адмоўлю Ордэну ў адпаведнай узнагародзе.

Генрых фон Плаўэн, пачуўшы каралеўскі адказ, здзівіўся:

- Гэта канчатковае рашэнне?

- Беспаваротнае.

- Ну што ж, - спахмурнеў комтур, - я спадзяваўся, што кароль прыме справядлівыя ўмовы. Ён не жадае - справа яго. Перадай каралю, рыцар, што я не пакіну замак. Ускладаючы надзеі на дапамогу ўсемагутнага Бога і заступніцтва нашай апякункі Панны Марыі, мы абаронім Мальбарк і мы не дапусцім знішчэння Ордэна.

Неўзабаве ўсе літоўскія і польскія бамбарды абрушылі на замкі лавіну камянёў. Білі ўвесь дзень, і назаўтра з ранку да ночы, і праз дзень, але жаданага пралому ў сцяне шматпудовыя кулі не зрабілі. Крыжакі ж аднаго дня, калі ў горадзе несла ахову харугва Велюньскай зямлі, адважыліся на вылазку - многа палякаў паранілі, а некалькі бамбардаў папсавалі.

Праз тры дні страты пацярпела харугва Януша Мазавецкага. Вялікая бамбарда, нібы загавораная, адкацілася далей, чым заўсёды, ударыла ў сцяну камяніцы, за якой хаваліся дзесяткі два палякаў. Сцяна абвалілася і ўсе людзі загінулі. Крыжакі на замкавых сценах шалелі ад радасці. Нечаканым бедствам сталі мухі, якія развяліся на шматлікіх сметніках. Хмарамі віселі яны над табарамі, дапякаючы людзям і коням.

Слаць шляхту і баяраў на агульны прыступ кароль і вялікі князь не хацелі. Але паасобку то адна, то другая харугвы на прыступ хадзілі, спадзеючыся на шчаслівы шанец. Не пашанцавала жамойтам, беспаспяхова спрабавалі палякі, дарэмна патрацілі людзей наваградцы. Але ўсе жадалі паспытаць удачы. Палачане дамовіліся з віцяблянамі і ў першую бяззорную ноч пайшлі на замак. Юры і Ягор Верашчака, запрошаныя братамі Іллінічамі, пагадзіліся ўдзельнічаць. У цемры непрыкметна падабраліся да сцяны, прыставілі драбіны, абкручаныя палатном, і нячутна палезлі ўверх. Меркавалі ціха захапіць частку сцяны, а тады ўжо затрубіць, і харугвы палезуць услед. Але жорстка разбурыла гэтыя мары падманная цішыня. Як толькі першыя ваяры падняліся па драбінах да навершаў, крыжакі, што тоіліся на сцяне, адштурхнулі бусакамі амаль усе лесвіцы і з рогатам слухалі, як ламаюцца нанізе косці, крычаць, стогнуць параненыя. Андрэй лез сярод першых, і застаўся жывы цудам: толькі драбіна адхілілася ад сцяны, ён саскочыў у цемру з чатырохсажнёвай вышыні; так моцна адбіў ногі, што два дні потым ляжаў на возе, а хто не даўмеўся саскочыць - скалечыліся на ўсё жыццё. Юр'ю пашчасціла: ён яшчэ быў нанізе, калі лесвіцу адштурхнулі і яна пачала валіцца ў адваротны бок, на людзей полацкага аддзела. Навокал у цемры стагналі пабітыя. Юры паклікаў: «Андрэй!» І пачуў водгук. Падхапіўшы прыяцеля, ён панёс яго на спіне ў табар.

Але з дзесяткі тры ваяроў усё ж падняліся на сцяну і секліся там, упэўненыя, што ўслед пакоціць хваля таварышаў. Аднак запаліліся паходні, і ваяры зразумелі, што застаюцца без падмогі. Іх адціснулі са сцяны да сходаў на двор, а на двары - у кут, і часты, як грабень, рад коп'яў, загарадзіў ім шлях. За кап'ёўшчыкамі стаялі стралкі з арбалетамі. Сярод гэтых, патрапіўшых у пастку палачанаў, быў і Ягор Верашчака. Іх не стралялі, і не білі коп'ямі, чакаючы, пэўна, загаду. І яны не рухаліся, таксама нечага чакаючы, хоць кожны разумеў, што прасекчы кап'ёўшчыкаў і арбалетчыкаў немагчыма.

Нарэшце з'явіўся рослы, суровага выгляду рыцар. Ахова рассунулася. Ён зірнуў на няўдачнікаў і нешта загадаў. Тлумач пераклаў: «Кіньце зброю! Генрых фон Плаўэн абяцае захаваць вам жыццё. Вас памяняюць на нашых палонных. Не раздумваць! Ноч! Час спаць!»

Хацелася жыць. І так было проста жыццё атрымаць - расціснуць руку, упусціць меч і падняць рукі ўгору. А потым надыдзе дзень, расчыняцца вароты, трыццаць крыжакоў увойдуць у замак, а іх адначасна выпхнуць да сваіх на смех і кпіны. Нашто ж лезлі - у палон здавацца недабітым крыжакам, тым, хто Міколку, Пётру забіў? Жыццё выратуеш - гонар згубіш.

- Эх! - усклікнуў Ягор Верашчака. - Я меч не кіну. Хто смелы, за мной!

І, узняўшы мечы, яны кінуліся секчы коп'і, і ўсе былі расстрэляны арбалетчыкамі пры святле смаляных паходняў. Ранкам іх целы паскідалі з замкавай сцяны.

Ягайла стаў змрочны, закрываўся ў намёце з вялікім князем і падканцлерам Тромбам, сачынялі лісты, і ганцы некуды іх адвозілі, а другія ганцы ад некага лісты прывозілі, і нашто была патрэбна мітусня з лістамі, што рабілася ўдалечыні ад Мальбарка, ніхто ў войску не ведаў, а хто ведаў, таму загадана было памоўкваць.

Нічога добрага ў суседніх краінах не рабілася; наадварот, усё рабілася на шкоду пераможцам. На прыязных да крыжакоў дварах апамяталіся ад узрушэння і спахапіліся ратаваць Ордэн. Сігізмунд, імкнучыся на месца памерлага Рупрэхта, дасылаў у нямецкія Княствы шчымлівыя апісанні ордэнскіх пакутаў. Даслаў ліст гданьскім гараджанам, дзе заклікаў захоўваць вернасць Ордэну, бо нядоўга цярпець варварскую няволю, ён сам хутка выступіць на дапамогу прыгнечанаму прускаму народу.

Дайшлі весткі і пра горшую бяду. Збеглы ў Прагу вялікі ключнік фон Вірсберг здолеў дамагчыся ад караля Вацлава пазыкі ў дзесяць тысяч гульдэнаў для набору наймітаў. Ніколі раней і нікому Вацлаў пазыкаў не даваў; нечаканая шчодрасць азначала адно - дзеля выратавання Ордэна рашыўся на крайнія меры. Хутка пацвердзілася: Вацлаў і мараўскі маркграф Ёдак прызначылі вырушыць на палякаў напрыканцы верасня. На грашовую пазыку Вірсберг паабяцаў наняць чатыры тысячы кап'ёўшчыкаў.

Навала гуртавалася на польскіх межах, трэба было неадкладна разбірацца з Мальбаркам: цяпер ужо адхіленыя ўмовы свецэнскага комтура здаваліся ніштаватымі, але ён іх не паўтараў, сядзеў за сценамі ціха, нібы памёр.

У перадапошні дзень жніўня пасланец папы Іаана прывёз у Мальбарк пасланне. Генрыху фон Плаўэну прапаноўвалася прыняць папскага нунцыя, які ўжо выехаў у прускую сталіцу, слухацца яго, імкнуцца да міру з Польшчай.

Комтур, чытаючы ліст святога айца, толькі ўсміхаўся: «Слухацца нунцыя! Чаму ён навучыць, гэты нунцый? Забыцца на ганьбу? Забыць васемнаццаць тысячаў забітых рыцараў? Аддаць землі, замкі, гарады, гандлёвыя шляхі, людзей? Стаяць на каленях, біць паклоны перад абразамі? Самі вучылі другіх, дзеля гэтага і прыйшлі сюды. Нунцый! Прыедзе заміраць. Мы прапаноўвалі мір, кароль адмовіўся. А цяпер позна. Цяпер мы будзем змываць ганьбу паражэння! Ні святая вада, ні чарніла на сама лепшай мірнай дамове не адмыюць яе. Толькі кроў! Праз месяц прыйдуць Вацлаў, Сігізмунд, Ёдак, нямецкае рыцарства, лівонскія харугвы. Яны, не мы, запросяць міру. Месяц чакаць. Пачакаем, расу будзем злізваць з камянёў, калі не стане вады, але дацерпім. Пакуль мы жывыя, вайна не скончылася. Адплацім за кожнага брата Ордэна, за кожны збіты рыцарскі грэбень». І, вырашыўшы так, комтур пакінуў ліст папы без увагі.

Несуцяшальныя звесткі пра старанні ўсіх ордэнскіх прыхільнікаў і добразычліўцаў прымусілі караля Ягайлу занепакоіцца. Пакуль ён асаджаў непрыступны Мальбарк, вугорцы маглі асадзіць неабаронены Кракаў. Без захопу мальбаркскіх замкаў няма поўнай перамогі над Ордэнам. Але вайна на польскіх землях пагражае большымі стратамі. Разважыўшы, Ягайла не знайшоў іншага выйсця, як зняць асаду без мірнай дамовы.

- Вось, брат, ацалеў Ордэн, пашкадаваў яго Бог, - жаліўся ён Вітаўту.

- І Бог злітаваўся, - адказаў Вітаўт, - і самі вінаватыя.

- Таму і вінаватыя, - запярэчыў кароль, - што Бог іх пашкадаваў. Як ні сумна, але аблогу прыйдзецца спыніць.

- Самы час, - пагадзіўся князь. - Галоўнае зрабілі. Няхай пажывуць.

Размаўлялі так, быццам ад няўдачы асады цярпелі аднолькавыя страты. Але тыя інтарэсы, пра якія ўслых не казалі, моцна розніліся. Абодва гэтую розніцу разумелі. Для Вітаўта зняцце асады было пажаданым. Жамойць у любым выпадку ўжо належыць Вялікаму Княству, думаў Вітаўт. Ваяваць за Жамойць крыжакі не маюць сілы, і падставы не будзе. Усю Жамойць ахрысцім, паставім капліцы, пасадзім біскупа, усе будуць хрысціяне з крыжыкам на грудзях. У палякаў, думаў Вітаўт, клопату больш. Ім Ордэн перашкаджае выйсці да мора. Палякам трэба вынішчыць Ордэн. Але калі Ордэн знікне, калі ўсе яго землі адыдуць да Польшчы, палякі набяруць такую сілу, што і з Падоллем прыйдзецца развітацца, і з Падляссем. А захаваецца Ордэн, няхай і саслабелы, прыйдзецца палякам азірацца: што там крыжакі робяць, што новае задумалі. І адыходзіць ад Мальбарка яму, Вітаўту, прасцей - няма каму напасці. Палякам жа прыйдзецца трымаць кожны заняты ў ліпені замак. І слава няўдачніка яго не кранула, а Ягайлу кранула: асаджаў Мальбарк, усю Прусію сваёй дзедзінай называў, а на справе - паспяшаўся. Хоць мы, думаў Вітаўт, шмат страцілі ў бітве народу, але атрымаем усё, на што разлічвалі, а кароль, хоць і менш страціў шляхты, затое тут, без бою, палову перамогі згубіў. Даўно было трэба спыніць марнатраўнае стаянне пад мальбаркскімі мурамі, ды зняцца ўласнай воляй, пакінуць палякаў адных - нерыцарскі быў бы ўчынак. А цяпер - хоць сёння.

І Вітаўт аб'явіў аб выступленні. Ранкам, калі паднялося з-за далёкіх - сваіх - лясоў сонца, асветліла Мальбаркскі замак, яго высокія дахі, шчарбіны на яго мурах, варту на сценах, зарыпелі тысячныя абозы ліцьвінскага войска, зарысілі вершнікі, бадзёра закрочыла пяхота. Радасць авалодала людзьмі - вярталіся да жонак, дзяцей, бацькоў, да будзённага клопату.

Але, азіраючыся на ўтрыманую немцамі сталіцу, сарамліва адводзілі вочы - не ўзялі, не разбурылі логава, пройдзе час, верне сілу прусак, і зноў пачнуцца войны, паходы, бітвы, крушэнне жыццяў, зноў наплодзіць смерць удоў і сіротаў. І міжволі шчаміла душу варажба: што рыхтуе наступны дзень ім, ацалелым у Грунвальдскай сечы? Ішлі дамоў, але ішлі без міру, не ведаючы, колькі часу адпускае лёс на спакой - гады, месяцы, лічаныя дні.

Тыднем пазней зняліся мазавецкія харугвы, а пасля іх вырушыла да Орвенцы войска Ягайлы. Дзевяцітыднёвая асада скончылася, ордэнскую цвярдыню свецэнскі комтур адстаяў. На пачатку кастрычніка крыжакі вярнулі амаль усе свае замкі, і вайна аднавілася. Толькі праз чатыры месяцы ў Торуньскім замку, дзе Юнгінген і комтуры піравалі ў купальскую ноч, быў падпісаны мір. Не такія вялікія выгады прынёс пераможцам гэты мір, але ўпершыню для крыжакоў абавязваў іх да вяртання зямель, да выплаты трохсот тысяч залатых дукатаў, развенчваў славу тэўтонцаў як Божых абраннікаў, прызначаных для перамог.

 

ГОД 1413

 

Гародла над Бугам. 2 кастрычніка

На трэці год шлюбу нарадзіўся ў Іллінічаў сын. На хрэсьбіны сабраліся суседзі і прыяцелі. З Ваўкавыска прыехалі Аленка з Юр'ем. Апынуўся тут і Ян Бутрым, якога прызначылі смаленскім намеснікам і які ехаў у Смаленск праз Полацак.

Быў канец лютага; немаўлятка закруцілі ў кажухі, павезлі ў царкву, акунулі ў купель, назвалі ў памяць дзеда Іванам і вярнуліся ў двор.

За святочным сталом, як заведзена, заклікалі дадаць хлопцу брата, нагадвалі, што Бог тройцу любіць, што хату ставяць на чатырох камянях, поп павучаў імкнуцца да шостага дзіцяці, бо чалавека Бог стварыў на шосты дзень. Пажартавалі, надзялілі дарункамі, і бяседа пайшла звычайным парадкам - пра тых, каго не хапала за сталом, хто ўжо назіраў хрэсьбіны з нябёсаў, пра Генрыха фон Плаўэна, якога абралі вялікім магістрам, пра Сігізмунда, які стаў імператарам, пра Ягайлу і Вітаўта, адным словам, пра ўсіх, хто высока стаяў, ад чыёй волі залежала, быць міру ці вайне, сядзець па дварах ці цягнуцца ў поле.

Дасведчаны ва ўсіх важных навінах Бутрым паведаміў, што ў аддзяку за Грунвальдскую перамогу, за татарскі паход, калі саджалі ў Ардзе на ханства Джэлаладзіна, дамоўлена паміж Вітаўтам і каралём даць баярам прывілеі. Гэтым годам атрымае баярства важкія вольнасці; так што Іванка, які зараз енчыць, патрабуючы мамчыны грудзі, ужо па-іншаму будзе жыць, не гэтак, як мы жылі.

Госці Андрэевы цікаўна пыталіся: а якія прывілеі? якія вольнасці?

- Ну, вядома якія, - адказваў Бутрым, - не горшыя, чым польская і чэшская шляхта мае. Вунь Вялікае Княства якія абшары займае, ад мора да мора ляжыць, утрая болей зямель, чым тая Польшча, а за Вацлавава каралеўства ў дзесяць разоў болей. У чэхаў такіх маёнткаў шмат, што з ганка плюнеш - да суседа на ганак упадзе, а яны з нас насміхаюцца: вы, маўляў, - князева чэлядзь, а мы - паны, самі сабой валадарым; у нас пана адразу пазнаеш - кожны мае герб, ён на шчыце намаляваны, над брамай прыбіты, а ў вас, маўляў, што пан, што хлоп - не адрозніш, невядома, з кім справу маеш. А цяпер, дзякуй Богу, засталося нядоўга чакаць, пераважым вольнасцямі пыхлівых паноў.

- Дык і нам гербы прызначаць? - пыталі Бутрыма.

Той ківаў. Госці дзівіліся:

- Гербы? Што ў іх карыснага? Хіба для забавы насіць? Нагледзеліся на крыжацкія апанчы і шчыты - вежы там розныя, ключы, тры рыбкі, дзве рыбкі, воўчае вока. У нас свае знакі ёсць, што коней кляймуем, бортныя дрэвы зарубліваем. Не горшыя яны за іхных рыбак і клетачкі. А што да гербаў? Што істотнага?

Хоць госці роўна сядзелі за сталом і роўна пілі, гаманілі, але па маёнтках, багаццю, правах моцна розніліся: Бутрым адзін выстаўляў сто коней, а суседзі Андрэевы - Епімах, Дзядзьковіч, Карп - утраіх дваццаць не вадзілі ў Пагоню. І якія б прывілеі князь Вітаўт ні надаў, ясна, што Бутрым іх атрымае, і набраўшы моцы Іллініч атрымае, і брат ягоны Фёдар таксама, але ці закрануць яны малаважкае баярства. Епімах і Карп хацелі неадкладна даведацца. У іншым якім месцы наўрад ці асмеліліся б распытваць, а тут віно дапамагала. Настойвалі.

- Не, ты ўсё ж адкажы, якія прывілеі, якая палёгка будзе?

Але і Бутрым не надта ведаў, задумваўся: ну, бацькаўшчыну наступаць не толькі сыну, але і дачцы дазволяць; ну, службы ніякай князю, толькі вайсковая, ні лясы секчы, ні замкі будаваць - нічога, кожны шляхціч у сваім маёнтку нібы князь на ўдзеле.

- Не разумею, - сказаў Юры. - З нас здымуць, мы - толькі на вайну хадзіць. А на каго ўскладуць? Само ж сабой не зробіцца, і самі грошы ў скарбніцу не пацякуць. Мы - вольныя, дык хто ўдвая нявольным будзе?

- Гэта няхай Вітаўт думае, - адмахнуліся ад недарэчнага пытання. - У яго свае землі ёсць, гарады, купцы. Вось табе і грошы.

- Ой, не было такога на свеце, - запярэчыў ім Юры. - Падманёмся!

І Карп раптам пачасаў шырокую патыліцу і як ледзяной вадой абліў:

- А разбіраць не стануць, хто грэчаскай, хто лацінскай веры?

- Не мусяць... - няўпэўнена адказаў Бутрым.

Тут падпіты поп, пачуўшы нешта знаёмае, узбудзіўся на выкрыванне:

- Вера старадаўняя, сапраўдная папіхаецца, да веры нямецкай прымушаныя. Калі царква святая не ведае кесарскага шанавання, дык народу тым больш не зведаць.

- Як не зведаць! - узлаваўся Іллініч. І ўсе іншыя зашыпелі, замахалі рукамі на папа, нібыта няшчасце накаркваў, падобна круку; не было б на грудзях крыжа, дык біцца б палезлі, каб не псаваў настрой. - Як не зведаць! Ты, бацюхна, што? Не могуць полацкія ці кіеўскія баяры лічыцца ніжэйшымі за ковенскіх! Не, князь памятлівы...

І пачалі даводзіць адзін аднаму заслугі дзядоў, падлічваць, каго крышылі, хто моц Княству надае. А поп даводзіў сваё: «Вера старадаўняя не шануецца, вера рымская ўслаўляецца!» Андрэй апамятаўся: не хрэсьбіны - таўкатня кірмашовая, мечамі гатовыя пераконваць. Пра што спрачацца, не Бутрым з Карпам вырашаюць - князь Вітаўт вырашае, ён далёка бачыць, сваіх у крыўду перад крыжакамі, палякамі не дасць, ніжэй іх не апусціць. Разліў віно:

- За сына майго!

У суседнім пакоі вакол немаўляткі сядзелі жанкі. Соф'я карміла, бабы ўспаміналі сваіх першынцаў. Аленка, смеючыся, назірала, як сквапна сціскаюць грудзі маленькія пунсовыя губкі, зайздросціла сястры. Марыла, як сама будзе трымаць ля грудзей гэтакае ж ненаеднае, пяшчотнае немаўля. Але пакуль што Бог не даваў такой радасці, у яго на ўсё свой час. Хацелася, каб першай была дзяўчынка, ёй далі б імя Марфа - па бабцы-пакутніцы. А першага рашылі з Юр'ем, што назавуць Гнаткам. Летась ездзілі ў Горадню, і на беразе Нёмана, каля таго месца, дзе затанулі маці і ваўкавысцы, паставілі дубовы крыж - няхай кожны, хто міма праязджае, памоліцца за няшчасных.

Калі пазалетась чакалі разам з Соф'яй сваіх заручоных з вайны, хадзілі на дарогу, пераказвалі свае сны, услухваліся ў біццё сэрца - што гаворыць, што абяцае, - думалася тады, што будзе яна пападдзёй. Такі лёс Юр'ю - Фоція змяніць у бажніцы. Вернецца Юры, пасвяціцца і стане для ваўкавысцаў бацюшкам, а да яе будуць звяртацца «матухна». І саромелася ў думках: як гэта - няёмка. Увосень вярнуліся Андрэй і Юры, і з імі малая частка ад тых, што пайшлі з Гнаткам і Мішкам. Плакала па брату і дзядзьку, а зірнула на Юр'я і зразумела: не будзе папом. Ён і сам сказаў: «Які поп з мяне, Аленка? Я шмат людзей забіў. Што ж мне, на калені апускацца, каб грахі ўладыка здымаў? Я сабе за грэх тыя смерці не лічу. Але дзетак хрысціць, прымаць душы... Няхай хто іншы, хто гэтулькі мёртвых за адзін раз не бачыў». Прывёз Фоціеў куфар з летапісам і пачалі жыць у Росі. Толькі павянчаліся, пайшоў з войскам проці татараў. Зіму пражылі разам - зноў паход, на ноўгарадскія землі. Усё ў жыцці паўтараецца, думала Аленка. Як маці некалі чакала мужа, так і яна цяпер Юр'я чакае. Паехаў, слухай сэрца - заб'юць? не заб'юць? Месяцы як у сне ходзіш. Вярнуўся - прачынаешся. Дзіця даў бы Бог, вось як Соф'і даў Іванку.

Андрэя пасля хрэсьбінаў захапіла нецярпенне, усё чакаў прывілеяў. Іншым днём цвяроза разважаў: чаго чакаю? З чаго ж гэта Ягайлу ды Вітаўту праваслаўных апекаваць? Ягайла да нашых ніколі не меў прыхільнасці. Два разнаверныя баярствы ў дзяржаве. Абодвум поўную ўладу даць? Не дадуць. Свой свайму пасабляе. Лепш і не чакаць нічога. Радавацца трэба, што хоць нешта маем. Вунь, сотні тых, што і дзесятай долі не маюць таго, што яму нададзена. Тры гады назад быў голы, а зараз - нічога, дзякаваць Богу, можна жыць. Але другім днём распаляла: чаму ў намесніках адны каталікі? Чаму навокал Вітаўта з праваслаўных нікога, чаму лацінскай веры баяры на ступень вышэй стаяць? І не цярпелася пачуць, што касуюцца гэтыя няроўнасць і перашкоды, што і ў намеснікі, і ў раду можа і ён пры старанні патрапіць.

Нарэшце, напрыканцы жніўня паведаміў Нямір праз вестуна, што загадаў вялікі князь збірацца ў Гародле. Рассеяліся ўсе сумневы - вось, клічуць, даюць жаданыя прывілеі; шкада, баярына Івана няма, парадаваўся б стары здзяйсненню сваіх прароцтваў.

Андрэй выправіўся і праз месяц дарогі ўязджаў у Гародлю ў шчыльным баярскім патоку. Тысячамі намётаў абкружаўся Гарадзельскі замак. З Ягайлам панаехала безліч біскупаў, паноў, шляхты, і пры кожным почат; з Вітаўтам прыбыла тысячная світа, сабраліся ўсе князі, з'ехаліся ўсе баяры, хто лічыў сябе вартым прывілеяў. Знаёмыя збіраліся суполкамі, усе варажылі, лавілі чуткі, паўтаралі іх, перабольшваючы і добрае і благое, і ў гэтай блытаніне нічога не разумелі.

Казалі, што прывілеі дадуць князям, а баярам нічога не будзе, - пэўна ж, ніхто не верыў: нашто князям прывілеі? якія? Ім і без прывілеяў лепш за ўсіх жывецца. Казалі адваротнае: што ўсіх удзельных князёў ушчэмяць, каб было, як у Польшчы, дзе наогул няма князёў, - і зноў жа ніхто не даваў веры: гэта Заслаўскіх, Чартарыйскіх, Амсціслаўскіх, Бурэмскіх ушчэміш - усе Гедзімінава калена, ды яны вайну распачнуць.

Казалі, што кароль і вялікі князь абавяжуць баяраў купляць у польскай шляхты іхнія гербы, - зноў не верылі, здавалася смешна: якім коштам купляць, чаго герб каштуе - каровы, каня, статка авечак?

Хадзіла пагалоска, што баяры рымскай веры атрымаюць прывілеі, а праваслаўным баярам не дадуць. Тут ужо не смяяліся, хоць і не верылі; кожны ведаў - дыму без агню не бывае, але хацелася думаць - хлусня, гэта крыжакам зручна - Вялікае Княства раскалоць напалам, а князю Вітаўту ніякай карысці ў разломе баярства няма, бязглуздзіца - столькі людзей пакрыўдзіць. Аднак з'явіліся падставы для непакою, бо нешта дзіўнае рабілася ў замку першага кастрычніка - збіралі ў замак намеснікаў і ўрадавых баяраў, ды ўсё каталікоў. Увечары даведаліся - тыя самі шчыра апавядалі, - што вялікі князь загадаў ім заручыць аддзячную грамату палякам за гербы, а каралю і Вітаўту - за наданне шляхецкага стану, і заўтра прывілеі прачытаюць уголас. Цеплілася, аднак, надзея, што толькі ў гербах праваслаўным адмовяць, нашто ім гербы каталікоў, а маёмасныя прывілеі нададуць роўна з іншымі.

Ранкам сабраліся на замкавым двары. На дыване ўжо стаялі два крэслы - для Ягайлы і Вітаўта. З каралеўскага боку ладкаваліся польскія ваяводы, кашталяны, біскупы - амаль усе былі вядомыя баярам па Грунвальдскай бітве і аблозе Мальбарка. На князёвым крыле станавіліся абраннікі, тыя, каго ўчора запрашалі ў замак: віленскі намеснік Манівід, віленскі кашталян Сунігайла, полацкі намеснік Нямір, ушпольскі намеснік Осцік, Ян Бутрым, Пётр Мантыгірд, Ян Гаштольд, Крысцін Радзівіл, Юры Сангаў - усяго з паўсотні.

А дугой прымыкала да вяльможных крылаў шчыльная грамада - нібыта адзіная і дружная, але ў пачуццях разрозненыя тут былі людзі. Як груда камянёў. Усе чакалі рознага: адны рыхтаваліся пра ўзвышэнне сваё пачуць, другія марылі пазбегнуць ганебнай абразы. Быццам сякера навісла над грамадой і гатовая была рассекчы мір паміж баяраў, што па-рознаму верылі ў Бога.

Неўзабаве з'явіліся кароль і вялікі князь. Усе пакланіліся, шум заціх, і ў цішыні Ягайла прамовіў:

- Сёння мы і ўсе сапраўдныя хрысціяне молімся Госпаду і дзякуем яму за анёлаў-захавальнікаў, якія з вялікай ласкі Божай пры кожнай душы неадлучна знаходзяцца ад нараджэння да апошняй хвіліны, ва ўсіх справах, бедствах, бітвах нас апякаюць, руку ад благога ўчынка, а сумленне ад граху стараюцца засцерагчы. А нашых гаспадарстваў сілу і гонар вы - паны, шляхта, баяры - асцерагаеце, як анёлы вас. Калі патрэбна, жыцці свае ахвяруеце, як тое пад Грунвальдам было. І там, і ў мностве іншых войнаў і паходаў Польшча і Літва крывёю парадніліся, а сёння два нашыя народы яднаюцца братэрскім саюзам на вечныя часы. А каб вы, як браты, ва ўсім былі роўныя, польскія паны і шляхта прымаюць літоўскіх паноў у свае гербавыя сем'і і даюць свае гербы. А я і князь Аляксандар надаём такія прывілеі, якія польскую шляхту радуюць. Пра што дзеля вечнай памяці і славы запісана і пячаткамі маёй і князя Аляксандра замацавана.

Каралеўскі натарый разгарнуў пергамін - і гучна, няспешна, заварожваючы пачаў чаканіць таямнічай латынню: «Ін помінэ доміні амэн ад пэрпэтуам рэі мэорыам дэбіторэс сумус...» Хоць у баярскіх шэрагах ніхто па латыні не разумеў, але па чытанні каталікі грымнулі ўдзячнымі крыкамі, шапкі падкідвалі ў паветра, мечы ўзнімалі, абдымаліся; праваслаўныя ж стаялі хмура і моўчкі, як слупы, чакалі тлумачэння. Вітаўт даў знак, грамада зноў сцішылася, і натарый Цыбулька, разгарнуўшы свой скрутак і дзеля большай урачыстасці падвываючы на галосных, прачытаў прывілей на мове Вялікага Княства.

- «Мы, Уладзіслаў, ласкай Божай кароль польскі, зямель Кракаўскай, Сандамірскай, Серадзскай, Куяўскай, Літоўскай найвялікшы князь, Паморскі, Рускі пан і дзедзіч, і Аляксандар, ці Вітаўт, вялікі князь Літоўскі, зямель Рускіх пан і дзедзіч, аб'яўляем сапраўдным прывілеем усім, каму ведаць належыць, цяперашняму і наступным пакаленням...

Жадаючы засцерагчы літоўскія землі ад наездаў і прошукаў крыжакоў, прыхільнікаў іх і ўсіх іншых непрыяцеляў, якія прагнуць літоўскія землі і Каралеўства Польскае спустошыць, а дзяржавы нашыя знішчыць, і жадаючы ім вечных выгадаў, мы паменаваныя землі, якія сваім гаспадарскім і поўным правам маем і па праву нашага нараджэння атрымалі ад продкаў і бацькоў нашых, паўторна ў Каралеўства Польскае ўцяляем, злучаем, дакладаем, спалучаем і прысуджаем іх з усімі княствамі, паветамі, маёмасцю кароне Каралеўства Польскага на вечныя часы, каб усе былі паяднаныя...»

Слухаючы распевы Цыбулькі, Вітаўт азіраў напружаныя твары сотняў людзей. Зрэдку бачыў незнаёмца, амаль усіх ведаў па службе, бітвах, паходах; няшмат бачыў старых паплечнікаў, шмат было маладзейшых і моладзі, што здабыла пашану ў апошняй вайне, - усе сумленна служылі яму і зараз атрымлівалі заслужанае.

Сонца свяціла ў вочы, князь жмурыўся; з жоўта-чырвонага клёна каля замкавай даміны, хоць і не было ветру, падала лісце і знікала сярод мноства галоваў, аксамітавых феразяў і простых світак, аздобленых нашыўкамі залатых манет, якія сведчылі пра яго ўзнагароды.

Прачэсваючы позіркам шэрагі, князь вышукваў тых, хто дванаццаць гадоў назад зацвярджаў разам з ім папярэднюю вунію. Убачыў Зянона Барташа, Чупурну, Кезгайлу, Бутаўта, братоў Мілейкавічаў, Стрыгівіла, Доўкшу. Сёння глядзелі яны весела, не тое што ў той гаротны дзень, калі палякі прымусілі да ганебнай вуніі пасля Ворсклы. Тады ціснуў яго Ягайла, існаваць Вялікаму Княству заставалася па дзень смерці Вітаўта, а ўжо пасля пахавання знікала яно па ўмовах той вуніі назаўсёды, абарачалася ў польскую правінцыю, накшталт Люблінскага ваяводства. І мусіў пагадзіцца, бо верыў, што скасуе такія дзікія ўмовы, даможацца славы і сабе, і Княству. Дамогся: Вялікае Княства зноў набывае дзяржаўныя правы, нароўні з эўрапейскімі каралеўствамі будзе стаяць.

Шкадаваў, што нельга ўваскрасіць, хоць бы на якую гадзіну, і паставіць тут, пад клёнам, былых ворагаў - толькі іхныя цені ўваскрашала памяць, - зараз ашалелі б ад злосці. І Свідрыгайлу варта было б прывезці ў ланцугах з Крамянецкага замка, каб убачыў урачыстасць адраджэння. Абвяшчаецца на ўвесь свет: ёсць Польскае Каралеўства і ёсць Вялікае Княства Літоўскае - дзве навечна розныя дзяржавы, якія дамовіліся пра трывалы ваенны саюз. А ўсё астатняе - слоўная аздоба. Уцяляйце, яднайце, прыкладайце - як было паасобку, так і застанецца. Вось толькі б яшчэ гадкоў колькі пажыць - ад усіх вольна, без аглядкі на крыжацкую прагнасць ды польскую хітрасць. Цяпер з палякамі што разам - тое пароўну: разам у паходы, разам на вальныя соймы ў Любліне ці Парчове, разам пасля Ягайлы новага караля абіраць ці пасля яго, Вітаўта, выбіраць вялікага князя.

Задумаўся: хто раней памрэ - ён ці Ягайла? Калі Ягайла, дык польскім каралём будзе ён, Вітаўт. А калі палякі адмовяцца выбраць, дык гарадзельская гэтая вунія ў агні згарыць. А раптам ён першым на той свет сыдзе? Хто сядзе на апусцелы сталец, хто яго карону надзене? Уважліва аглядаў князёў і бачыў адзінага наступніка - брата Жыгімонта: рашучы, упарты, разумны, жорсткі і, галоўнае, каталік. А іншых рымскай веры князёў на Літве няма. Свідрыгайла шалёны яшчэ ёсць - сядзіць у сутарэннях, але з глузду трэба з'ехаць, каб яго вялікім князем пракрычаць. Такога наробіць - сто чарцей пазайздросцяць. А ўсе астатнія князі - чужой палякам веры, ім дарога да стальца загароджана. Жылі б сыны - ім аддаў бы Княства, у гэтым прывілеі пазначыў бы асобным артыкулам. А так што - пустое.

Хоць і занеслі з Ягайлам у вунію пра сваіх нашчадкаў, але проста так занеслі, натарыі настойвалі, што так трэба, прынята сярод законнікаў. Са словаў дзеці, на жаль, не нараджаюцца. За шэсцьдзесят гадоў не паспелі, скуль жа яны ў старэчыя гады возьмуцца. Злосна жартуюць багі: які-небудзь заморак сябе ледзьве корміць - яму дзесяць сыноў, не ведае, што з імі рабіць; а як сядзіш вышэй за ўсіх, просіш: «Сына пашлі, Божа ласкавы!» - не чуе. Жыгімонт хоць бы не апярэдзіў памерці, усё ж Кейстутавіч, і сына мае.

Раптам заўважыў, што праваслаўныя хто збялеў, хто счырванеў, у вачах ярасць булькоча. Зірнуў на Цыбульку і ўцяміў. Той чытаў:

- «А на саны выбірацца могуць толькі тыя, хто веры агульнай і верны святому касцёлу рымскаму. А таксама ўрады такія, як ваявода, кашталян ды іншыя, толькі людзям агульнай веры даюцца. Часта рознасць веры прыводзіць да рознасці думак, і могуць быць выданы такія рашэнні рады, якія мусяць быць таямніцай акружаны...»

Так, не хацелася падкрэсліваць рознасць веры, надломваць суцэльнасць баярства, ды палякі ўпарта пярэчылі ставіць праваслаўных нароўні з каталікамі; інакш адмаўляліся вунію прымаць, трымацца старой. Ім, вядома, больш карысна - яго, Вітаўта, моц аслабляецца; каталікі і схізматыкі будуць грызціся, у розныя бакі воз гаспадарства цягнуць. Але ён сваіх хутка замірыць, ведае як. Ён тое зробіць, пра што папскі двор сны сніць: ён вунію цэркваў здзейсніць, рымскую веру з грэчаскай знітуе ў адну. У Вялікім Княстве асаблівая будзе вера, не такая, як у суседніх Польшчы, Маскве, свая. Новая вера і каталікоў, і праваслаўных пасябруе, ва ўсіх правах зроўніць, выб'е раскольны клін. Праз два гады збіраецца царкоўны сабор у Канстанцы, ён туды біскупаў і мітрапаліта наваградскага пашле, там, на саборы, і абдымуцца дзеля вечнага адзінства. Але хто з праваслаўных чакаць не жадае, ён не заказвае - няхай у рымскую веру пераходзяць. Не сорамна! Бог сцерпіць! Ён, Вітаўт, - жывы прыклад!

А грамада разломвалася на вачах: каталікі ганарліва падымалі галовы, праваслаўныя злавалі, апускалі вочы, сціскалі кулакі. Іх яшчэ раз уелі, мацней:

- «Названыя вольнасці і прывілеі толькі тыя паны і шляхта зямель літоўскіх атрымліваюць, каму нададзены гербы шляхты польскай, якія веры агульнай і верныя царкве рымскай, а схізматыкі і няверныя імі карыстацца не могуць».

Стогн болі праляцеў над натоўпам, і так дружна ён вырваўся, нібы дамовіліся ў адзін міг разам пакрыўджана прастагнаць, хоць, зразумела, не дамаўляліся. І Андрэй Іллініч не ўтрымаў стогну ў збянтэжанасці перад ганебным параўнаннем: ставілі іх на адну ступень з канаедамі.

Усё сталася так, як пагалоска даносіла: і правы аб'яўляліся, і гербы каталікам давалі, і віленская, троцкая паловы называліся ваяводствамі, і ўрады ваяводаў, кашталянаў усталёўваліся, але ўсё для тых, а іх, праваслаўных,зняслаўлялі здраднікамі. Здзек!

Утаропіўся ў Бутрыма, прыпаляў позіркам; той адчуў, павярнуў галаву, убачыў Андрэя і нібы ўкалоўся. Прыпаляла крыкнуць: «Не сорамна, Бутрым? Помніш, як нас у палон вялі кнехты, як тых кнехтаў разам секлі? Дык чаму ж табе прывілеі, мне - абразы!» Цягнула скокнуць наперад, да караля і князя, залямантаваць: «Хто гінуў на прускай вайне? Хто крыжакоў перамог? Вы адны? Каталікі? А палачане, а пінчукі, а амсціслаўцы? Што б вы здолелі без нашых харугваў? За што, князь Вітаўт?»

Усе думалі так, але не знайшлося шалёнага, нікому не хапіла духу ахвяраваць жыццё дзеля праўды, выгукнуць ярасць, здранцвелі, з мёртвым сэрцам слухалі пералік баяраў, што прымалі польскія гербы.

- «Герб Леліва, - чытаў натарый, - Манівід, герб Задора - Яніс, герб Рава - Мінігал, герб Ястжэмбец - Нямір, герб Тромбкі - Осцік, герб Тапор - Бутрым, герб Порай - Білім, герб Сажа - Твербіт, герб Паўказа - Воўчка, герб Сыракомля - Мінгайла...» - і яшчэ, і яшчэ.

І слухалі ліст палякаў, што дарылі гербы, і ліст ліцьвіноў, што гербы атрымалі, і глядзелі, як бадзёра паны перадавалі новым пабрацімам дошкі з малюнкамі гербаў, а тыя прымалі і з гербавымі братамі цалаваліся. Глядзець было агідна! Грамада заварушылася, праваслаўныя панура, як апляваныя, пацягнуліся з замкавага двара прэч.

Андрэй Іллініч упершыню за жыццё не змог махам сесці ў сядло - узлез па-бабску, сеў нязграбна, павесіў галаву, рашыў - к чорту ўсіх: князя, каталікоў, іхную вунію - зараз жа дамоў. Пацягнуўся вуліцай да свайго намёта. Раптам нехта моцна стукнуў па спіне і кпліва спытаўся:

- Што, баярын, да Буга кіруеш - тапіцца?

Азірнуўся - князь Лукомльскі ўсміхаецца ва ўвесь рот, а ззаду яго пасміхаюцца браты Друцкія.

- Крыўдуеш, што польскі герб не далі? - кпіў князь. - Ваўчку паўказы адвалілі, а Якубу Мінгайлу - сыры камель, а Бутрыму - тапор, сваёй сякеры не мае. Не журыся, Іллініч. Ты ж, паўказы, відаць, маеш. Мы не скнары польскія, цэлую казу падаруем. - І ўжо прыветліва: - Едзем з намі, адмыемся ад бруду.

Паехалі, па дарозе яшчэ далучыліся абражаныя, ды ўсё слынныя: князь Юры Заслаўскі, князь Раман Кобрынскі, і князь Фёдар Астрожскі, і яго сын Даніла Астрожскі, і князь Чартарыйскі, і пры кожным князі людзі. Усе былі роўна абдураныя запрашэннем на чужое свята, дзе іх не пачаставалі, кожнага прыпякала ярасць, і з асалодай дакаралі адзін аднаго за дарэмныя надзеі. Збіраліся да Лукомльскага, а трапілі да Астрожскіх. Сесці не паспелі, а ўжо кожнаму падалі рог, налілі віна. Хутка падпілі і шчыра выказваліся пра палякаў, біскупаў, баяраў, адхапіўшых урады, пра ўсю хітрую, хцівую шайку.

Фёдар Астрожскі крычаў:

- Дажыліся, Рурыкавічы! Татары так не прыніжалі, як нас сёння. Пад кройчымі, канюшымі хадзіць. Чашнікаў ды стольнікаў ваяводамі аб'явілі! - І са здзеклівым рогатам да Заслаўскага і Чартарыйскага: - Ну, а вы, Гедзімінавічы? Чаго вы забаяліся сваякам, братам траюрадным, хоць слова супраць гукнуць? А, князь Юры? Ты ж вялікага князя Ямунта ўнук, на сталец віленскі правы маеш. Ха-ха! Добрага выспятка далі нам гэтыя «верныя».

Андрэй, хоць і закранула хмелем, у княжую бяседу не сунуўся. Другія іх мучалі крыўды. Іх спрэс адводзілі ад улады: сядзі ў сваім удзеле, як клоп у шчыліне, і дзякуй Богу, што вялікі князь не расціснуў, чаго ад Вітаўта кожны дзень можна чакаць. Баяраў пускае ў рост. Цяпер яны паны, а розная драбяза - ужо шляхта, ужо з гербам будзе і да ветру хадзіць, і будзе які Сцёпка Жаба крычаць: «Рассуньцеся, я герба Тромбкі!» Звар'яцець можна.

Андрэй сядзеў каля луцкага баярына Рэзановіча, і адзін другому жаліліся на крыўду: як у поле ісці, рушыцца на вайну - адразу ж, гэй, кіяўляне, валынцы, менчукі, на каня, давайце ваяроў, і чым паболей, бі! наперад! кладзі жыццё; а як прывілеі - кыш! куды? вы - недаверкі, таямніцы адкрыеце! Зараз каталікі ўладу захопяць і будуць ціснуць, лепшае да рук прыбіраць, і што ім зробіш, толькі і застанецца сілай адстойваць.

Даніла Астрожскі, раптоўна ўскокваў, цягнуў з похвы меч: «Не, браты, не магу! Пасячом, расплюшчым іх, навалач польскую! Баяраў, чэлядзь - на коней!» Ледзь супакойвалі: «Куды секчыся, Дашка, кінь шалець! Колькі нас тут, за хвіліну выкасяць, адных палякаў з Ягайлам за тысячу прыперлася. Не сумуй!» І прыгадалі: «Вось каго на волі няма - Свідрыгайлы! Ён гэтую вунію хутка б выправіў, саскроб бы «хто веры агульнай». І ўтаропіліся раптам на Андрэя - князь Астрожскі паказаў пальцам: «Глядзіце, вось збой сядзіць, - вялікага князя паланіў, нас абезгаловіў. Вось каго першым трэба забіць, прыхвасня Вітаўтава!»

Андрэй імгненна ацвярозеў - пасякуць, што з іх, п'яных, здурнелых, хочацца хоць каму лоб раскроіць, на кім злосць спагнаць. Намацаў локцем меч, рашыў: «Як хто замахнецца, буду секчы - хоць і князі!» Але Чартарыйскі нявольна ўратаваў ад бойкі - аб'явіў з нейкай злоснай радасцю: «Свідрыгайла сам заб'е. Пэўна, толькі пра тое і марыць у Крамянцы, як цябе, Іллініч, лепш на кола пакласці!» Князі зарагаталі: «Во, праўда, змалоціць косці! Пакуль жывы, пакуль скуру не злупілі, бяжы, Іллініч, скачы ў вір!»

Адразу ж на Андрэя забыліся, заспрачаліся пра Крамянец: маўляў, сцены каменныя, стараста - немец з крыжакоў, пільнуе добра, не ўцячы Свідрыгайлу. А хто насмеліцца вызваляць - не возьме замак. Крамянец, вядома, не Мальбарк, але ж не двор. Пакуль Вітаўт жыве, Свідрыгайлу вольнага неба не бачыць. Хіба толькі праз якую хітрасць вызваліцца.

Скарыстаўшы спрэчку, Андрэй небяспечнае застолле пакінуў. Ехаў па Гарадзельскім пасадзе да свайго абозу; навокал шумна весяліліся: у замку балявалі кароль і вялікі князь; тут пілі і спявалі польскія паны, там - прыраўнаваныя да іх літоўскія ўраднікі, а дробнае каталіцкай веры баярства налівалася віном і ўслаўляла князя Вітаўта.

Андрэй сабраў сваіх і вырушыў у зваротны шлях.

 

ЭПІЛОГ

 

Курган над Лабай

У жыцці ўсё ўзаемазвязана і адна надзея абумоўлівае другія. Так, паражэнне Тэўтонскага ордэна на пагорках Грунвальда садзейнічала дваццацігадовай вайне чэшскіх рэфарматараў супраць каталіцкай царквы і нямецкага засілля. Правадыр гэтага руху Ян Гус ставіў перамогу над крыжакамі ў прыклад сваім прыхільнікам, кажучы, што перамагчы можа толькі той, хто змагаецца.

Кароль Чэхіі Вацлаў, які напачатку не перашкаджаў гусітам, улетку 1419 года пад ціскам імперскіх немцаў, царквы і паноў загадаў вярнуць манастырам іхнія ўладанні, а гусіцкім прапаведнікам саступіць месца ў царкоўных прыходах каталіцкім святарам. Гэтае рашэнне выклікала не спадзяваны каралём выбух пратэсту. У ліпені 1419 года пражскі прапаведнік Ян Жэліўскі звярнуўся да народа з казанню «Пра непраўдзівага валадара» і заклікаў да звяржэння Вацлава. Па вуліцах Прагі рушыла шматтысячная грамада гусітаў. Ян Жэліўскі нёс у руках дараносіцу - сімвал рэлігійнай свабоды гусітаў. Калі ён мінаў ратушу, расчынілася акно і нехта кінуў камень. Гэты камень трапіў па дараносіцы. Абражаныя гусіты ўзялі ратушу, усіх раднікаў выкінулі праз вокны. Пачаўся новы разгром каталіцкіх цэркваў і манастыроў.

Вестка аб пражскім паўстанні прывяла Вацлава да хваробы; праз два тыдні ён памёр ад разрыву сэрца. Чэхія засталася без караля. Прэтэндэнтам на чэшскую карону выступіў імператар Сігізмунд. Аднак пасля свайго блаславення на забойства Гуса і Ераніма мірам увайсці ў Чэхію, а тым больш у Прагу, Сігізмунд не мог. Ён пачаў збіраць войска для вынішчэння гусітаў.

Летам Сігізмунд павёў немцаў на Прагу. 14 чэрвеня ў бітве на Віткавай гары крыжакоў перамагло войска Яна Жыжкі.

І ўсё ж Сігізмунд, нягледзячы на паражэнне, каранаваўся на чэшскага караля ў замку Карлштэйн. У Чэхіі з'явіўся не прызнаны народам кароль. Тады правадыры гусітаў вырашылі заручыцца дапамогай магутных суседзяў і прапанавалі чэшскую карону Ягайлу. Польскі кароль, не жадаючы канфлікту з рымскай курыяй і не маючы добрых пачуццяў да саміх гусітаў, адмовіўся. Чэшскае пасольства накіравалася да Вітаўта, той пагадзіўся прыняць карону і юрыдычна стаў чэшскім каралём.

Гусіты чакалі ад запрошанага імі караля рэальных ваенных пасілкаў, але для Вітаўта выправа ў Чэхію палкоў з акаталічаных літоўскіх зямель раўнялася выкліку рымскай царкве. Трэба было знайсці іншае выйсце. Вітаўт накіраваў да чэхаў сваім намеснікам князя Жыгімонта Дзімітравіча Карыбута, які ў Грунвальдскай бітве ачольваў ноўгарад-северскую харугву. Праваслаўная царква і царква гусітаў былі шмат у чым падобныя: абедзве процістаялі каталіцтву, не прызнавалі гандлю індульгенцыямі; ніжэйшае праваслаўнае святарства, як і гусіцкае, жыло ў нястачы. Паміж ліцьвінамі, украінцамі і чэхамі не існавала моўнай перашкоды, этнічная і моўная роднасць спрыяла ўзаемнаму разуменню і спачуванню. Усё гэта князь Вітаўт улічыў. Ён аб'явіў на Русі Літоўскай набор добраахвотнікаў у войска Жыгімонта Карыбута.

Вестка пра заклік у аддзел, які выправіцца ў Чэхію, прыйшла ў Ваўкавыск на вадохрышча. Юры і Аленка якраз паміналі маці, забітую крыжакамі роўна дванаццаць гадоў назад. Юры, пачуўшы пра збор дружыны для Карыбута, таксама вырашыў ехаць. Аднак страшыўся пакідаць у адзіноце Аленку. Адна справа, калі Пагоня, калі ўсіх клічуць, другая - сказаць няшчаснай Аленцы: «Можна не ісці, але пайду». Яна ж спытае: «А я, Юры, як? У мяне ж нікога, апроч цябе!»

Прайшлі гады, у Соф'і з Андрэем пасля Іванкі нарадзіліся яшчэ два сыны. А яны з Аленкай жылі бяздзетнымі. Часта Юры бачыў у вачах жонкі тугу адчаю, глыбокую зморанасць - душа яе пакутавала, жыццё запаўнялася не клопатам аб дзецях, а бясконцымі думкамі пра іх, незаспакоенымі жаданнямі, надзеямі, якія з кожным годам слабелі, марамі, якія развейваў час. Яна казала яму: «Мяне падманула жыццё, а я цябе падманула. Нашто маці сваё аддала жыццё, калі з мяне ніякай аддачы? Нашто мне жыць, калі я не магу зарадзіць новае, замест маці? Часам ён заставаў яе нагэтулькі задумлівай, што яна не чула і не прыкмячала, як ён садзіцца побач. Потым яна абуджалася і на яго пытанні адказвала: «Не ведаю, дзе зараз была. Нешта шукала. Нешта страчанае». А цяпер вось сама спытае: «Нашто ад'язджаеш? Што шукаць?» І што ён адкажа?

Уночы ён не спаў, абдумваў, як растлумачыць, што цягне яго да Карыбута. Ды хіба да Карыбута, думаў ён. І не дзеля Вітаўта. Убачыць хочацца тое, пра што людзі апавядаюць як пра дзіва. Няма ў Чэхіі караля, няма вялікага князя, а краіна стаіць. Народ сам парадкуецца; бедныя земаны, простыя ваяры, такія, як нябожчык Гнатка, водзяць у бой войска, і крыжакі не могуць іх адолець. Увесь народ паўстаў, не кесара слухаюць, сваіх палкоўнікаў і прапаведнікаў слухаюць. Усе роўна церпяць нястачу, затое па праўдзе жывуць, па Хрыстовых запаветах. Кажуць, што ёсць там і такія святары, хто навучае, што няма Бога, няма анёлаў, апосталаў, святых на небе, а ўсё ў душы чалавечай і хто добры - у тым Бог, хто злы - у тым д'ябал. Гус і Еранім на касцёр пайшлі, ад сваіх думак не адмовіліся, і яны не менш за Хрыста святыя. Ёсць там гарады, дзе людзі ўсю сваю маёмасць у агульны скарб аддалі, выціснулі з душы сквапнасць і зайздрасць. Вось што хацелася ўбачыць - увасоблены ў людзях дух эвангельскі. Пэўна, што д'ябал супраць, ён у немцаў усяліўся: яны людзей жыўцом паляць ці ў калодзежы, дзе руду здабывалі, палонных гусітаў саштурхоўваюць і слухаюць, колькі часу ляціць з глыбіні наверх стук разбітага цела. Тут і без княжага закліку трэба ісці - сумленне кліча, яно за ўсіх мацнейшае. Але паехаць - Аленка застанецца адна, хто яе пашкадуе ў няшчасцях?

І бачацца ўслед думам вялікія гарады, невядомыя людзі з дабрынёй ў вачах, чорныя дзіры смяротных калодзежаў, босыя прапаведнікі перад шыхтамі ваяроў, мечы крыжакоў, дзіды гусітаў - вольных людзей, што адкінулі цярпенне скоранасці як ману, створаную д'яблам.

- Не сумуй, - сказала раптам Аленка. - Выпраўляйся!

- А як ты?

- Буду чакаць. Мы з табой і паасобку неразлучныя.

Праз тыдзень дружына ваўкавысцаў выбралася на Берасце, куды збіраліся ўсе добраахвотнікі; адсюль праз Люблін дайшлі да Кракава, дзе парадкавалася ўсё войска Жыгімонта. Да чатырох тысячаў ліцьвіноў далучылася тысяча палякаў, і вырушылі ў далёкі шлях - па Сілезіі, Маравіі і Чэхіі ў горад Часлаў, дзе Жыгімонт прысягнуў на вернасць гусітам, а ўсе харугвы на вачах чэхаў прычасціліся віном і хлебам у знак братэрскіх пачуццяў і аднаверства. 16 траўня ўвайшлі ў Прагу.

У ліпені да гораду падышлі войскі Яна Жыжкі. Князь Жыгімонт на чале свайго пяцітысячнага аддзела выехаў насустрач чэшскаму вайскаводцу.

Жыжка сустрэў іх наперадзе сваіх палявых абшчынаў. Стары гетман табарытаў быў невідушчы. Левае вока, як ведалі ў атрадах Карыбута, ён страціў у Грунвальдскай бітве, правае выбілі стралой год назад, пры аблозе замка Рабы. Пустыя вачніцы Жыжкі былі закрыты прышытымі да шапкі навоччамі. Карыбут наблізіўся, пакланіўся і вітаў сівога, асаністага гетмана, назваўшы яго бацькам. Жыжка скрануў каня і, як відушчы, спыніўся стрэмя да стрэмя з Жыгімонтам. За яго спінай стаяла лёгкая чэшская конніца, а далей - шыхты грознай сялянскай пяхоты.

Юры бачыў, як рука Жыжкі ўзнялася і пальцы лёгка абмацалі твар князя. Калі гетман сказаў пра згоду бачыць Карыбута правіцелем, Юры шчыра ўзрадаваўся: яны прызнаныя! Вось яны стаяць, пяць тысячаў добраахвотнікаў, і з гэтай хвіліны важкім словам сляпога вайскаводца ператвараюцца з аховы намесніка, з чужынцаў, у братоў народа, што адшуквае праўду.

Але ў сумесны паход стары гетман харугвы Жыгімонта не заклікаў. Ліцьвінскія харугвы разам з пражанамі пайшлі аблягаць замак Карлштэйн, верны Сігізмунду. Тут прабылі лета, а ўвосень вырушылі на памежны горад Тахаў, які захапілі немцы. З поўдня спяшалася да Тахава войска Жыжкі. Крыжакі забаяліся буйной бітвы і адышлі за мяжу.

Праз месяц Карыбуту прывезлі ліст ад Ягайлы і Вітаўта, які адклікаў яго і літоўска-польскія харугвы з Чэхіі. Не разумеючы падставаў, намеснік усё ж падпарадкаваўся. У Кракаве таямніца адклікання прасвятлілася. Імператар Сігізмунд у сваім імкненні пазбавіць чэхаў любой падтрымкі прымусіў Тэўтонскі ордэн да саступак: Вітаўт ужо ў які раз атрымліваў Жамойць - і за гэта адмаўляўся ад чэшскай кароны, Ягайлу зноўку вярталі Добжынскую зямлю, і ён з праціўніка Сігізмунда абарочваўся ў яго прыхільніка.

Чэхію прадалі, чэхам здрадзілі. Вітаўт усё трапна і хітра разлічыў, паслаўшы чэхам свае праваслаўныя харугвы. Лёс гусітаў яго больш не цікавіў. Ягайла ж пасля змовы з немцамі заклікаў палякаў у паход на табарытаў, абяцаў выставіць на дапамогу крыжакам трыццаць тысяч вершнікаў. Але выступаць побач з крыжакамі проці гусітаў польская шляхта палічыла непрыстойнасцю для свайго гонару, і войска не сабралася.

Князь Жыгімонт задумаўся пра свой лёс, разважыў і вырашыў пазмагацца за чэшскую карону сам. Не паведаміўшы Ягайлу, ён выйшаў з Кракава з атрадам у дзве тысячы ваяроў і рушыў на Прагу. Неадкладна рымскі папа абвясціў Карыбута ерэтыком, а Ягайла загадаў ксяндзам аб'явіць усім вернікам у касцёлах, што Карыбут - вораг царквы. Да ліцьвіноў і палякаў, што былі з Карыбутам, павезлі загад Ягайлы пакінуць князя. Неслухі ж будуць аб'яўлены па-за законам, усю іхную маёмасць возьме скарб. Нямногія ад'ехалі, бальшыня засталася. І Юры застаўся. Двор захаваеш, рашыў ён, сумленне згубіш, усё жыццё будзе прыпаляць. Аленка без страхі не застанецца, да Соф'і пяройдзе. Тут тысячы найлепшых людзей палеглі за праўду, сорамна такой пагрозы баяцца, на радасць немцам дамоў уцякаць.

У 1426 годзе на імперскім сойме ў Вене нямецкія князі абвясцілі чацвёрты крыжовы паход на чэхаў. Дваццаціпяцітысячнае войска крыжакоў пайшло да горада Усце на Лабе, які асаджалі табарыты Пракопа. Пракоп вырашыў прыняць бой. Чэхі, аддзелы Карыбута і Астрожскага размясціліся на ўзвышшы паблізу Усці. Падвоенае кола вазоў абкружала табар. Пасярод табара стаялі конныя харугвы. Юры бачыў, як шчыльныя штандары крыжакоў насоўваюцца на табар. Два ручаі, што абцякалі ўзвышша, абранае Пракопам, перашкаджалі немцам наступаць з бакоў. Звужаючы кліны, яны павольна займалі ўсю прастору паміж ручаінамі.

У суровай цішыні рыхтаваліся абшчыны гусітаў да бітвы. Закрытыя вазамі, стаялі напагатове дзесяткі пяхоты з баграмі, алебардамі, молатамі. Пад вазы забіраліся стралкі. Нацэльваліся на немцаў гарматчыкі. Шчыльныя шыхты немцаў набліжаліся. Іх дапусцілі блізка, некалькі крокаў аддзялялі крыжакоў ад вагенбурга, і тады Пракоп даў знак: гакнулі тарасніцы, чэшскія арбалетчыкі выпусцілі з-пад вазоў стрэлы.

Загартаваныя крукі багроў чапляліся за рыцарскія даспехі і сцягвалі немцаў пад удары малацілаў і звяздышоў. Конніца Пракопа назірала бой з унутранага вагенбурга. Дзве гадзіны патрабавалася немцам, каб прабіць брэш у вонкавым коле вазоў. Пракоп паслаў пражскую пяхоту, яна выставіла лес коп'яў і спыніла прарыў. А пешыя абшчыны рушылі з вагенбурга для ўдару з бакоў. Надыходзіла рашучая хвіліна бітвы. Злучаныя ланцугамі вазы расчапілі, рассунулі, і конныя палкі зарысілі па схіле, змінаючы стомленых крыжакоў. Немцы змяшаліся, пачалі адступаць і пабеглі.

У гэтым разгроме крыжацкага войска, сярод тысячаў людзей, што ўцякалі, праследавалі, секлі, гінулі, Юры не прыкмеціў арбалетчыка, прызначанага на яго. Ён узіраўся наперад, а немец стрэліў яму ў спіну. Страла прабіла наспінную браню, ударыла джалам аб нагрудныя латы і засталася ў целе. Юры пачуў гэты ўдар пад крыло і зразумеў, што забіты. Ён бачыў, як адыходзяць наперад таварышы, кружыцца неба. Як насоўваецца на яго чорная, зрытая капытамі зямля... Ранкам на беразе Лабы табарыты выкапалі дол, паклалі сваіх палеглых братоў і насыпалі курган. Жывыя пастаялі каля магілы, маўкліва развіталіся з таварышамі, і войска Пракопа кранулася далей па дарогах вайны.

Аленка пасля забрання двара жыла ў сястры. Неяк зімой зазірнуў да Іллінічаў сын Бутрыма, які быў у Кракаве і бачыў людзей з харугвы Карыбута. Яны і паведалі пра смерць Юр'я. Назаўтра Аленка выправілася ў Полацак, прыйшла ў Спаскі манастыр, і старая ігумення, зазірнуўшы ёй у вочы, прыняла яе. Аленка рэдка малілася за родных і Юр'я. Што было прасіць для іх у Бога? Яны заслужылі сабе вечную літасць. Але было шмат жывых абяздоленых людзей, якім выпалі большыя беды, чым ёй, і яна старалася дапамагчы ім, сказаць словы суцяшэння, каб хоць на хвіліну прасвятлела іхная душа ў гэтым цяжкім, бязлітасным жыцці на белым свеце.

 

Рака Святая

У Велікодную ноч 1418 года князь Даніла Астрожскі з харугвай у пяцьсот коней наехаў на Крамянец, выбіў замкавую ахову, і князь Свідрыгайла - вораг Вітаўта, праціўнік вуніі Літвы з Польшчай, вызваліўся. У Кракаве і Вільні чакалі неадкладнага мяцяжу і ўсіх звязаных з гэтым наступстваў - вайны паміж праваслаўнымі і каталікамі, нападу крыжакоў на Польшчу; хто ведае, як пайшла б гісторыя Вялікага Княства, калі б Свідрыгайла асмеліўся заклікаць да паўстання. Аднак восем гадоў зняволення не навучылі вязня нічому. Князь паімчаў у Луцак, адтуль - да аўстрыйскіх немцаў, ад іх - у двор імператара Сігізмунда і, нарэшце, наезджанай дарогай - у Мальбарк, за прускімі пасілкамі. Але часы змяніліся, і, апроч абяцанак, Свідрыгайла нічога не атрымаў. Уцяміўшы памылку, князь скарыўся, даў Вітаўту клятву на вернасць і асеў у Бранскім і Ноўгарад-Северскім удзелах, дзе і сядзеў ціха да кастрычніка 1430 года, калі заззяла над ім шчаслівая зорка. Але пра гэта крыху пазней.

У той жа год, калі вызваліўся Свідрыгайла, памерла вялікая княгіня Ганна. Вітаўт нядоўга пабыў у жалобе і ажаніўся з маладой удавой Уллянай Гальшанскай. Хутка ў чарговы раз аўдавеў Ягайла. Жадаючы мець уплыў на караля, Вітаўт пазнаёміў яго са стрыечнай сястрой жонкі, Соф'яй, якая лічылася першай красуняй на Літве. Ёй было васемнаццаць гадоў. Ягайла закахаўся, ажаніўся і на семдзесят трэцім годзе свайго веку стаў бацькам жаданага ўсё жыццё сына, а калі яму мінула семдзесят шэсць, у першынца з'явіўся брат. Хоць у касцёлах і ўслаўлялі Бога, які адарыў старога караля сынамі за набожнасць, пабегла пагалоска пра адсутнасць у каралевічаў Ягайлавай крыві.

Больш за ўсіх стараўся распаўсюджваць гэтыя ганебныя для гонару караля чуткі князь Вітаўт. Па яго загаду кат нават распытваў з дапамогай абцугоў некалькіх маладых баяраў, калісьці заўважаных каля Соф'і. Ці людзі гэтыя не мелі граху, ці, калі мелі, выказалі ўдзячнасць Соф'і, але забойчага для наступнікаў караля прызнання Вітаўт не атрымаў.

Тым горш ён сябе адчуваў: род Ягайлы доўжыўся, яго род на ім загасаў, і ўжо тут ні ўлада, ні моц, ні золата, ну нішто даць яму сына і ўраўняць такім шчасцем са стрыечным братам не магло. Ягайла засноўваў дынастыю, ён, Вітаўт, аддаваў ёй усё, чаго дамогся працай усяго жыцця. Так было занатавана ў Гарадзельскай вуніі, складаючы якую, не ўяўлялі, якім чынам у старэчым целе закіпіць дзетародная сіла. Сапраўды слова сталася справай, увасобілася ў двух каралевічах, - вялікі князь пакутаваў. Упершыню ён усвядоміў, што адпомшчаны. Былі сыны, іх немцы атруцілі, гэта так. Але хто іх у заклад адвёз? Пра сябе больш думаў, чым пра іх.

І яшчэ прыгадвалася аблога Пскова. Доўгая, няўдалая. Пскавічы не здаваліся, і ён са злосці вырашыў іх настрашыць - загадаў забіць дзяцей у навакольных вёсках. Дзяцей забілі, склалі ў дзве ладдзі і пусцілі гэтыя ладдзі па рэчцы Пскове, міма пскоўскага крамля. І цяпер Вітаўт каяўся за тое злачынства. І думаў, што трэба ўчыніць, каб Вялікае Княства не адышло ды сыноў Ягайлы. Узгадалася яму даўняя кежмаркская прапанова Сігізмунда пра каранацыю. Зараз яна была дарэчы: карона на яго, Вітаўта, галаве аддзяліла б Вялікае каралеўства Літоўскае ад Польскага каралеўства, літоўскі трон - ад Ягайлавага вывадка; сваім наступнікам князь вырашыў прызначыць брата Жыгімонта, які меў сына. Тады адначасна існавалі б дзве дынастыі: у Польшчы - Ягайлавічы, у Літве - Кейстутавічы.

Выконваючы задуму, Вітаўт запрасіў у Луцак імператара Сігізмунда, караля Ягайлу, свайго ўнука, маскоўскага князя Васіля, вялікага магістра Тэўтонскага ордэна, князёў і паноў. Дзевяць тыдняў цягнуліся застоллі. Кожны дзень выпівалася толькі мёду семсот бочак, з'ядалі семсот кабаноў, шэсцьдзесят зуброў, сто ласёў; дробных звяроў і птушку не лічылі. Але ўсе выдаткі апраўдаліся: Сігізмунд прасіў папу рымскага асвяціць карону для новага каралеўства, і выправіліся ў Рым па карону паслы.

Але з польскай інтрыгі паслоў затрымалі ў Рыме, потым - у Львове, а калі нарэшце яны з'явіліся, дык былі з пустымі рукамі, бо карону, як растлумачылі яны, адабралі ў іх гвалтам палякі і зроблена гэта з ведама і ўхвалення Ягайлы.

Князю, аднагодку Ягайлы, мінаў восемдзесят першы год, сілы яго расталі, падман падкасіў - ён злёг. Нібы аплакваючы яго, над Трокамі ўзняліся восеньскія навальніцы і не сунімаліся ўвесь кастрычнік. Але ў нейкі дзень распагодзілася, хмары разышліся - прыйшоў спакой. Князь угадаў, што надыходзіць яго апошні час. Ноччу праз адкрытае акно ён бачыў цьмяную адзінокую зорку - зорку свайго жыцця, яна ледзь мігацела, знікала назаўсёды. Днём праз акно заляталі ў пакой восеньскія павуцінкі, садзіліся на столь, зброю, рогі, паразвешаныя па сценах, - дзяды прыходзілі з далечыні сустракаць яго, прымаць у сваю суполку. Жыццё, смерць, сны змяшаліся, яму мроілася, што ён памрэ, яго занясуць у касцёл святога Станіслава і пахаваюць у склепе побач Ганны, а касцёл стаіць на тым месцы, дзе гарэў пахавальны агонь князя Кейстута, і ён аб'яднаецца з роднымі, як было ў дзяцінстве, і стане весела, хораша, як было тады, але ўжо навекі, ужо без болю, без тугі ўспамінаў.

І яго агортваў сон, ён адчуваў, як гасне памяць, рассейваюцца розныя постаці, і зразумеў, што дзяды кладуць яго ў даўнюю калыску. Вось калыска калыхнулася, дзяды разгушкалі яе, сэрца сцінулася радаснай бояззю - і раптам нешта працяла яго. Ён ускінуўся, гукнуў: «Каня!» - і апынуўся на ганку старога Троцкага замка. Чорны конь чакаў яго; ён скочыў у сядло, ззаду заржалі коні дзядоў - і пагналі цераз нівы, пожні, рачные брады, палі бітваў - і па небе над лясамі, над скрыжываннямі дарог, над Крэўскай вежай і Гарадзенскім замкам, над пусткамі балотаў, чорным разводдзем Нёмана, над кастрышчамі, могілкамі, гарадамі, над завесай густых туманоў, у нябёсы, у пазалочаную сонцам вышыню; шпарка беглі коні, звінела сіняя цвердзь, успыхвалі іскры, і ў сэрцы аддаваўся перастук капытоў, які сціхаў, згасаў, знікаў у адвечнай немаце - і знік назаўсёды.

Праз дзесяць дзён па смерці Вітаўта, не зважыўшы на яго апошнюю волю, паны і баярства абралі вялікім князем Баляслава Свідрыгайлу. Амаль сорак гадоў чакаў ён гэтай хвіліны і з запалам пачаў гнуць сваё насуперак Ягайлу. Адразу ж развязаў вайну з палякамі за Падолле, падпісаў мір з крыжакамі, калі яны пайшлі вайной на Польшчу; насуперак вуніі прызначаў намеснікамі і браў у сваю раду праваслаўных. Вунія Гарадзельская растоптвалася неўтаймоўным князем без літасці; пяцідзесяцігадовыя старанні палякаў прылучыць Вялікае Княства да польскай кароны разбураліся без аглядкі. Словы на Свідрыгайлу не дзейнічалі, і таму ўлагодзіць малодшага брата выправіўся сам Ягайла. Каралю было за восемдзесят гадоў, дарога ў Вільню яго стаміла, ён прыбыў у віленскі замак знядужаны і злосны. Аднак замест пашаны, яго па загаду Свідрыгайлы адвялі ў сутарэнні, у тыя самыя, дзе некалі трымаў яго Кейстут за змову з крыжакамі. Ягайла ўсвядоміў, што брат помсціць яму за сваё васьмігадовае зняволенне ў Крамянцы і здольны пратрымаць яго ў гэтым склепе да смерці. Упарціцца не мела сэнсу, кароль зламаўся, напісаў прадыктаваны ліст, і радныя паны ў Кракаве, ратуючы жыццё і гонар Ягайлы, а таксама рэшткі вуніі, пагадзіліся са стратай Падолля і самастойнасцю вялікага князя Літвы.

Караля вызвалілі, і гэта сталася памылкай Свідрыгайлы, бо развязала рукі яго праціўнікам. Неадкладна палякі і баяры-каталікі змовіліся перадаць княжую карону Жыгімонту Кейстутавічу. Асабліва стараўся князь Сямён Гальшанскі. Яго дачка Соф'я была жонкай Ягайлы, польскай каралевай, і князь Сямён жадаў, каб хто з ягоных унукаў - Вацлаў ці Казімір - узяў у будучыні карону Вялікага Княства.

Свідрыгайлу запрасілі ў Берасце на з'езд з Ягайлам і вялікім магістрам. Не чуючы ашуканства, ён выступіў у дарогу з малым аддзелам аховы. У Ашмянах на Свідрыгайлу раптоўна напала харугва князя Гальшанскага. Вялікі князь ледзьве ўратаваўся і ўцёк у Віцебск. У Вільні ж сеў вялікім князем Жыгімонт Кейстутавіч. У краіне аказаліся два ўладары, і адпаведна ўспыхнула міжусобная вайна. Запалалі Менск, Маладэчна, Барысаў, Заслаўе, Ворша. Вайсковыя сілы сапернікаў былі роўныя, і ніводзін не жадаў саступіць уладу мірам.

Бясконца двоеўладства цягнуцца не магло, і прыйшоў час сустрэцца ў полі. Першага верасня 1435 года варожыя бакі сустрэліся на рацэ Святой. Жыгімонту Кейстутавічу палякі далі памогу - восем тысяч рыцараў. Свідрыгайла вывеў пяць харугваў - смаленскую, віцебскую, кіеўскую, амсціслаўскую, полацкую. Яму пасабляў князь Жыгімонт Карыбут, і яшчэ прыйшлі на дапамогу лівонскія харугвы і харугва немцаў.

Войскі сышліся, тысяч за дваццаць людзей шчыльнымі шыхтамі чакалі загаду на забойствы. Андрэй Іллініч стаяў у полацкай харугве сярод перадхаругоўных.

Узіраючыся ў гуфы Жыгімонта, мучыўся нядобрымі прадчуваннямі. Прывёў на гэтую бітву старэйшага сына і цяпер шкадаваў. Усё паўставаў перад вачыма Мішка Расевіч, якім запомніўся на досвітку перад Грунвальдскай сечай, калі ўгадаў дёс і прыскакаў развітацца. І Андрэй зараз не верыў у добры зыход дня. Князь спаліў мітрапаліта, той пракляў яго ў агні; цяпер усім прыхільнікам Свідрыгайлы за гэты грэх прыйдзецца расплаціцца.

Шыхты Жыгімонта ашчацініліся дзідамі, ашчэрыліся мечамі і, набіраючы хуткасць, пайшлі наперад; ім насустрач зарысілі буфы Свідрыгайлы і Карыбута; з абодвух бакоў плёснула нянавісць, з абодвух бакоў шалёна грымнулі: «Бі! Сячы!» І пачалі секчыся.

У нейкую хвіліну Андрэй моцна занепакоіўся за сына. Кінуўся шукаць яго і знайшоў - Іванка ляжаў на зямлі з крывавай мецінай на скроні. Андрэй кінуў меч, скочыў да сына, нажом узрэзаў рамяні панцыра - і прыпаў слухаць сэрца. Скрозь ляск, крыкі, тупат, звон пачуў ён слабае біццё сэрца. Першынец, іхны с Соф'яй улюбёнец, наступнік стаяў на парозе смерці.

Ён узяў Іванку на рукі і пайшоў прэч з поля, дзе шукалі сабе здабычу сякеры, дзіды, стрэлы, чаканы. Ішоў сярод разліву сечы - бяззбройны, безабаронны, скораны. Бачыў толькі бяскроўны твар сына, спадзяваўся ўратаваць і не ўсвядоміў, не паверыў, здзівіўся, калі адчуў цемем пякучы ўдар меча.

Ён ляжаў каля сына на сагрэтай сонцам зямлі і чуў, як травінкі, карэньчыкі, іржавыя і бліскучыя пясчынкі ўбіраюць іхную кроў, іх жыцці, нешта шэпчуць, рассоўваюцца, запрашаючы ў глыбіню, у лона зямлі, да вечнага спакою...

І яшчэ тысячы людзей загінулі ў той бітве, амаль усё войска Свідрыгайлы было пасечана. Але сам Свідрыгайла ўратаваўся, жыў на Валыні і перажыў свайго пераможцу.

Жыгімонт Кейстутавіч княжыў яшчэ чатыры гады, а на пятым быў забіты змоўшчыкамі ў сваёй капліцы ў Троках. Вялікім князем Літвы, Русі і Жамойці паны і баяры абралі малодшага сына Ягайлы - Казіміра, яму было трынаццаць гадоў.

Але гэта ўжо іншы час, іншыя людзі.

 

 

ТЛУМАЧЭННІ

 

Альгерд - вялікі князь літоўскі, суваладар Кейстута ў Вялікім Княстве. У 1362 годзе нанёс паражэнне татарам у бітве на Сіняй Вадзе, што паклала канец татарскаму прыгнёту на ўкраінскіх землях.

Андрэй Альгердавіч - князь полацкі, старэйшы брат Ягайлы, змагаўся з ім за вярхоўную ўладу, некалькі гадоў правёў у зняволенні, вызвалены Вітаўтам. Герой Кулікоўскай бітвы. Загінуў у бітве на Ворскле.

Багардзін - татарскі хан; быў цемнікам у хана Джэлаладзіна. Паводле нямецкіх хронік, Багардзін у Грунвальдскай бітве нанёс вялікаму магістру смяротны ўдар.

Вацлаў ІV (1361-1419) - з 1378 года чэшскі кароль, сын імператара Карла ІV.

Вітаўт-Аляксандар (1350-1430) - вялікі князь літоўскі з 1392 года, сын Кейстута. У першым шлюбе быў жанаты з Марыяй Лукомльскай. Дачка Соф'я стала жонкай маскоўскага князя Васіля Дзімітравіча, сына Дзімітра Данскога. Яе сын - Васіль Цёмны.

Гедзімін (1257-1341) - вялікі князь літоўскі. Пашырыў межы Вялікага Княства, перанёс сталіцу з Наваградка ў Вільню, пабудаваў каменныя замкі ў Троках, Медніках, Крэве, Лідзе, Наваградку. Загінуў пры аблозе крыжацкага замка Баэрбург, каля вусця Нёмана.

Кейстут - суваладар Альгерда ў Вялікім Княстве Літоўскім. Сын Гедзіміна. Забіты ў 1382 годзе па загаду Ягайлы ў Крэўскім замку.

Міндоўг (1200-1263) - заснавальнік беларускай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага. У 1240 годзе быў запрошаны баявым князем Наваградка, які зрабіў сталіцай дзяржавы.

Свідрыгайла - у 1430-1432 гадах вялікі князь літоўскі, малодшы сын Альгерда, брат Ягайлы. Памёр у 1452 годзе.

Жыгімонт - вялікі князь літоўскі ў 1432-1440 гадах. Сын Кейстута. У Грунвальдскай бітве ачольваў наваградскую харугву.

Цыбулька Мікалай - узначальваў канцылярыю і дыпламатычную службу Вітаўта ў 1409-1429 гадах.

Франкенберг Конрад - перабежчык да Вітаўта ад крыжакоў. У 1407-1409 гадах натарый Вітаўта. Пазней - стараста Крамянецкага замка. Забіты ў 1418 годзе пры захопе замка аддзелам князя Астрожскага.

Ягайла (1350-1434) - у 1382-1392 гадах вялікі князь літоўскі, з 1386 года кароль польскі. Сын Альгерда, заснавальнік дынастыі Ягайлавічаў. У шлюбе з ліцьвінскай князёўнай Соф'яй Гальшанскай нарадзіў двух сыноў - Вацлава і Казіміра. Апошні з 1440 года быў вялікім князем літоўскім.

 

Ворскла - рака на Ўкраіне, левы прыток Дняпра. Тут у 1399 годзе адбылася сама няўдалая з усіх бітваў, што правёў князь Вітаўт.

Гальвэ - возера недалёка ад Вільні, пасярод якога на астравах стаіць Троцкі замак.

Жамойць (Жмудзь) - заходнія землі Летувы, якія прылягаюць да Балтыйскага мора.

Кежмарк - горад на поўначы Славакіі, за 20 вёрст ад ракі Дунаец. У ХV стагоддзі славацкія землі ўваходзілі ў склад Вугорскага каралеўства.

Рытарсвердэр - адзін з трох замкаў, пабудаваных крыжакамі над Нёманам паміж Горадняй і Коўнам.

Святая - рака ва ўсходняй Летуве, прыток Віллі.

Трокі - паселішча на беразе возера Гальвэ, дзе вялікі князь Гедзімін пабудаваў замак для свайго малодшага сына Кейстута. У ХІV стагоддзі быў сталіцай удзела.

 

Базілеўс (базілей) - цар (гр.).

Бодрычы (рарэгі) - саюз палабскіх славянаў у VІІІ-ХІІ стагоддзях. Мелі сваім гербам «Сокала». Менавіта яны былі тымі «варагамі», якія прыходзілі з-за мора ў Полацак, Ноўгарад. Вараг азначае: вар - вада, яг - смерць (ад яга, ягла - мярцвячына), марскі разбойнік, разбойнік, які прыйшоў вадой (па рацэ).

Вагенбург - умацаванне з вазоў, пастаўленых колам ці паўколам, счэпленых ланцугамі, для абароны ад атак праціўніка.

Вялікдзень - беларускае старажытнае свята, якое прыпадала на дзень веснавога раўнадзенства. Пазней на яго наклалася свята пасхі.

Віца - жэрдка з пуком галінак, з якімі ездзілі па ўсіх паселішчах спецыяльныя ганцы. Знак пачатку вайны і закліку ў войска.

Вайсковы - у беларускіх паветах пасада для аховы парадку ў ваенны час, калі мужчыны ўходзілі на вайну.

Возны - павятовы ўраднік, які аглядаў месца злачынства, прыводзіў злачынцу да суда, сачыў выкананне закона.

Глейт - ахоўная грамата.

Гуф - баявы парадак харугвы, аддзела.

Дзяды - беларускі памінальны абрад па сваяках, якія таксама называюцца дзядамі; восеньскія дзяды адзначаліся ў апошнія дні кастрычніка - першыя дні лістапада.

Зніч - бажаство пахавальнага агню ў беларускай дахрысціянскай рэлігіі.

Зямянін - уладальнік невялікага надзела зямлі, абавязаны да вайсковай павіннасці.

Інтэрдыкт - накладанне рымскім папам ці біскупам на краіну, горад, прыход забароны праводзіць богаслужэнне.

Карна - бажаство тугі і пакутаў у беларускай дахрысціянскай рэлігіі.

Канюшы - службовец вялікага князя, які адказваў за княжыя табуны і стайні.

Клікуны - начная варта.

Кмет - шараговы ваяр.

Калантар - скураная кашуля з нашытымі жалезнымі пласцінкамі.

Колтрыш - верхняя вопратка з воўны, світка.

Каляды - беларускае старажытнае свята бажаства сонца; прыпадала на сама кароткі зімовы дзень. Пазней на яго наклалася свята Нараджэння Хрыстова.

Кап'ё - найменшая баявая адзінка, якая складалася з трох чалавек: рыцара, збраяношы, аднаго ці некалькіх лучнікаў (парабкаў). Напрыклад, харугва ў дзвесці коп'яў магла налічваць 600 і болей ваяроў.

Корд - доўгі кінжал.

Крук - воран; па беларускаму народнаму павер'ю, карканне крука прадказвае няшчасце.

Лупы - ваенная здабыча, трафеі.

Люцічы (лютва) - славяне, што жылі на паўднёвым узбярэжжы Балтыйскага мора, паміж Лабай і Одрай. У Х-ХІІ стагоддзях пасля працяглых войнаў былі германізаваны ці вынішчаны. Існуе гістарычная версія, што значная частка люцічаў перайшла на землі Чорнай Русі, тут параднілася з тутэйшым насельніцтвам, а назва лютва змянілася ў літва.

Малаціла - молат, прычэплены ланцугом да жэрдкі, зброя гусітаў.

Мара - бажаство сноў, неспраўджальных мараў у беларускай дахрысціянскай рэлігіі.

Маршалак - пасада пры вялікім князі, абвяшчаў яго рашэнні, дапускаў да князя замежных паслоў.

Палаціны - вугорскія вяльможы.

Парабак - лучнік пры заможным ваяру (рыцару, баярыне), які ахоўваў яго са спіны; таксама - узброены слуга.

Плінфа - цэгла.

Пагоня - беларускі старажытны герб, з ХІІІ стагоддзя герб Наваградскай дзяржавы, а потым усяго Вялікага Княства. Пагоняй называлася таксама апалчэнне, заклік на вайну.

Поп - святар, старажытнае запазычанне з гоцкай мовы (ад: папа - бацька).

Почат - світа.

Прывілей - вялікакняжая ці каралеўская грамата аб дараванні пэўных правоў.

Прусы - народ, які насяляў узбярэжжа Балтыкі (сённяшняя Калінінградская вобласць Расіі). У ХІІІ стагоддзі пасля задушэння паўстання часткова анямечаны, большая частка вынішчана Тэўтонскім ордэнам. Пазней на гэтай тэрыторыі была нямецкая дзяржава Прусія.

Рэйзы - наезды, паходы крыжакоў.

Сарацыны - так удзельнікі крыжовых паходаў на Палесціну называлі арабаў; нямецкае рыцарства перанесла гэтую назву на прусаў, жамойтаў, ліцьвіноў, супраць якіх хадзіла нібыта ў крыжовыя паходы з мэтай далучэння да хрысціянства.

Свечнік - службовец вялікага князя, які адказваў за асвятленне пакояў, запаходні.

Свіран - гаспадарчая пабудова для захавання збожжа.

Сойм - заканадаўчы і кантрольны орган улады.

Стрый - дзядзька па бацьку. Стрыечны брат - дваюрадны брат па мужчынскай лініі. Дваюрадны брат па жаночай лініі - вуечны брат; вуй - дзядзька па маці.

Схізма - царкоўны раскол; схізматыкамі (схізмай) праваслаўныя называлі каталікоў, а тыя, у сваю чаргу, - праваслаўных.

Тараса - зруб на калёсах з прыладай для разбурэння замкавых варотаў і сцен.

Тарасніца - невялікая гармата.

Феразь - верхняя мужчынская вопратка.

Цёця - бажаство ўраджаю ў беларускай дахрысціянскай рэлігіі.

Чашнік (піўнічы) - службовец вялікага князя, які адказваў за напоі.

Шыхт - шэраг.

Шчадрэц - пярэдадзень Новага года (шчодрая куцця); адзначаўся праз тыдзень пасля Каляд.

Яга - бажаство смерці ў беларускай дахрысціянскай рэлігіі.

Яцвягі - народ, які жыў на тэрыторыі Белавежскай пушчы і прылеглых землях, у рэгіёнах рэчак Ясельда, Нарва, Кшне, Зэльва, Сакольда, Мухавец. Яцвягі паўплывалі на фарміраванне беларускай мовы. На былых яцвяжскіх землях стаяць гарады Берасце, Драгічын, Сувалкі, Беласток, Кобрын. Характэрныя яцвяжскія імёны - Коман, Павіла, Скаман, Рыкала, Галейка, Скурко, Сох, Вазола, Дзіркот, Галат ды інш. - увекавечаны ў беларускіх прозвішчах. Як самастойны народ яцвягі зніклі ў выніку працяглай агрэсіі з боку палякаў, валынцаў, крывічоў, а потым і Тэўтонскага ордэна. Канчаткова зніклі ў 1283 годзе пасля задушэння немцамі прускага паўстання.


1976-1986

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая