epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Тарасаў

Вітражы для храма памяці

 

Імя маладога аўтара Вітаўта Чаропкі з нядаўняга часу стала знаёмае аматарам гістарычнай прозы. У розных выданнях друкаваліся яго апавяданні, лірычныя абразкі, змястоўныя эсэ, прысвечаныя вялікім і малавядомым постацям нашае даўніны — Міндоўгу, Войшалку, Таўцівілу, Даўмонту, Віценю, Давыду Гарадзенскаму, Гедыміну.

Раман «Храм без бога» напісаны некалькі гадоў назад, калі аўтар працаваў у ліцейным цэху Мінскага трактарнага і пасля змены хадзіў у бібліятэку, рупліва збіраючы па хроніках і старадруках радкі, якія датычыліся нашай гісторыі пачатку шаснаццатага стагоддзя — Клецкай бітвы 1506 года. Хто цікавіцца беларускай мінуўшчынай, той ведае, што сечу пад Клецкам, яе папярэднія і наступныя падзеі нашая літаратура пакуль закранала мімаходзь.

На тую эпоху прыпадае жыццё і асветніцкі подзвіг беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны. Увага да яго спадчыны часцяком пакідала ў цяні іншыя бакі і з’явы тагачаснага жыцця народа. Але тыя часы — адна з крывавых старонак трагічнага летапісу Беларусі. З 1492 года, пасля смерці вялікага князя літоўскага Казіміра, якога заступіў слабейшы духам і ваенным талентам ягоны сын Аляксандр, распачалася чарада войн Маскоўскага княства з беларуска-літоўскай дзяржавай. Гэтаму паспрыяла перамога рускага войска над татарамі ў бітве над Вуграй, якая нарэшце скончыла двухсотгадовы прыгнёт ардынцаў на рускіх землях.

Для беларуска-літоўскай дзяржавы ваенная актыўнасць маскоўскага князя супала з адначасным націскам крымскіх татар, загоны якіх штогод спусташалі беларускія паветы.У жнівеньскі дзень 1506 года пад Клецкам згуртаваныя вайсковыя харугвы беларусаў і літоўцаў ушчэнт разбілі крымскае войска. Як занатаваў летапісец, усе палі ад Клецка да вытокаў Лані былі пакрытыя забітымі наездцамі, вызвалена з татарскага палону сорак тысяч беларускіх вязняў. Пасля гэтай паражкі буйных наездаў на Беларусь крымчакі ўжо не рабілі.

Славутая Клецкая бітва мае выключнае значэнне ў нашай гісторыі, бо маральна абумовіла і перамогу ў бітве пад Оршай над маскоўскімі войскамі ў 1514 годзе. Аднак у сілу таго, што нас стагоддзямі старанна адвучвалі ад ведання роднай гісторыі, на клецкіх палях няма нават памятнага слупа ў гонар той выратавальнай для нашага народа падзеі. Раман Вітаўта Чаропкі — першы помнік, які беларуская літаратура ставіць нашым продкам, якія загінулі на берагах Лані.

У рамане дзейнічае шмат гістарычных асоб, якія, здаецца, упершыню адроджаны пісьменніцкім уяўленнем для знаёмства з чытачом. Тут і княгіня Настасся Слуцкая, якая сама ўзначаліла слуцкія палкі і выратавала Слуцк ад татарскай аблогі і знішчэння. Тут і вялікі князь Аляксандр, і вялікі князь Жыгімонт Стары, і мяцежны князь Міхал Глінскі — чалавек складанай натуры і драматычнага лёсу. Сярод напружаных ліній рамана, якія трымаюць востры сюжэт,— адносіны Глінскага і княгіні Настассі, да якой Глінскі адразу пасватаўся, а пасля адмовы ў каханні распачаў асаду Слуцка войскам мяцежнікаў. Тэма грамадзянскай вайны, калі паміж сабой ваююць людзі, якія нядаўна ў адных харугвах змагаліся супроць татар,— балючая тэма рамана «Храм без бога». Калі ўласныя амбіцыі пераважаюць любоў да Радзімы, калі сыны адной зямлі ўздымаюць мячы ў здрадніцкай братазабойчай сечы, тады ў храме народных святынь патухаюць свечкі, яго пакідае бог, а ў цемры бездухоўнасці пануе шаленства.

Такі кантэкст рамана дае падставы паразважаць і над нашым сённяшнім жыццём, у якім загарэлася святло нацыянальнай свядомасці, любові да роднай зямлі, павагі да яе трагічнай мінуўшчыны, пашаны да яе герояў, адказнасці за яе будучыню, за яе роўнасць сярод краін і народаў. Няхай і чытач, які прачытае гэты раман таленавітага маладога аўтара, стане вернікам светлае прышласці сваёй Радзімы.

Кастусь Тарасаў


1992

Тэкст падаецца паводле выдання: Чаропка В. Храм без бога. Раман /Аўт. прадм. К. Тарасаў. - Мн.: Маст. літ., 1992. - 262 с. (Першая кніга празаіка).
Крыніца: скан