epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Травень

Брыгадны генерал

Анатацыя
Уводзіны
Брыгадны генерал
  I
  II
  III
  IV
  V
  VI
  VII
Пад зорным небам Айчыны
  I
  II
  III
  IV
  V
  VI
Шанец
  I
  II
  III
  IV
  V
  VI
  VII
Перазагрузка
  I
  
  III
  IV
  V
  VI
  VII
  VIII
Альфа і амега
  I
  II
  III
  IV
  V
Выбракоўка
  I
  II
  III
  IV
  V
  VI
  VII
  VIII
Другі дзень у кіно
  I
  II
  III
Тармена ці Імперскі сіндром
  I
  II
  III
  IV
  V
  VI
  VII
  VIII
  IX
  X
  XI
  XII
  XIII…
  …XIV
  XV


Інтэрнэтаўскі варыянт выданай кніжкі.

 

‘’Адно з двух: ці заходні сьвет здолее адрадзіць гуманізм,

вузлавой праблемай якога зьяўляецца найбльш поўнае

развіццё чалавечнасьці, а не праца і вытворчасьць, ці Захад

загіне, як і шмат другіх вялікіх цывілізацый…

…Выбіраць даводзіцца не паміж ‘’капіталізмам’’ і

‘’камунізмам’’, а паміж бюракратызмам і гуманізмам.’’

Эрых Фромм, ‘’З палону ілюзій’’

 

Анатацыя

 

На пачатку сваёй жыццёвай каляіны малады чалавек, які хоча стаць пісьменнікам, знаходзіца перад выбарам: пражыць для сябе шчаслівае ўласнае жыццё ці ахвяраваць яго грамадству, зрабіўшы крокі па шляху прыгожага пісьменства.

Пісьменнік у той ці іншай ступені – гэта прарок, што абагульняе і тлумачыць мінулае і сучаснасьць, папярэджвае аб будучым. Літаратура патрабуе ўсяго чалавека, увесь ягоны жыццёвы час, аўтар пражывае дзесяткі ўласных версій у сваім ўяўленні, і гэтыя сотні, а можа і тысячы версій, з улікам варыянтаў, прапрацаваных пісьменнікам, нічым не адрозніваюцца ад рэальнага жыцця, а іншы раз па глыбіні пачуццяў і роздумаў пераўзыходзяць рэальнасьць. Пісьменнік у сваіх роздумах часцяком трапляе ў створаныя ім абставіны і вымушаны цярпліва, іншы раз пакутліва, пражываць у сваёй свядомасьці трагічны лёс сваіх герояў.

У нізцы апавяданняў кнігі ‘’Брыгадны генерал’’ падзеі ахопліваюць перыяд з 90-х гадоў, калі на змену калектыўнай свядомасьці ў грамадства прыйшлі ідэі ўласнага ўзбагачэння, уласнай якасьці жыцця, разбураны папярэднія алгарытмы існавання. Адбываецца перазагрузка свядомасьці актыўных людзей. Тыя, хто не здольны прыстасавацца да новага часу, вымушаны ў скрусе пакутліва дажываць сваё жыццё.

 

Рэдактар кніжкі У.М. Дамашэвіч.

 

Уводзіны

 

Беларускі чытач, пэўна, ведае, што ў нашай мове амаль нароўні функцыянуюць два віды правапісу – клясычны (паводле ґраматыкі Б. Тарашкевіча ён так і названы — тарашкевіцай) і, гэтак мовячы, наркамаўка, якая зьявілася вынікам палітычных спробаў набліжэньня ліцьвінскай мовы да сучаснай расейскай. Нягледзячы на яўныя вонкавыя супярэчнасьці, нават прыхільнікі самой тарашкевіцы ўводзяць яе спакваля, фраґмэнтарна, мінуючы важкія прынцыпы і кантрапункты. Напрыклад, выбухное Г, якое ўжываецца і ў старадаўніх тэкстах Статута ВКЛ, Скарынаўскай Бібліі, і ў так званай новай беларускай літаратуры, дзе ажно да 1929 года гук гэты абазначаўся адмысловай літарай Ґ. Варта адзначыць, што ў старых тэкстах таксама было абазначэньне таго гуку – КГ (параўнайце, Жыкгімонт Ваза = Жыґімонт Ваза). Бальшавіцкая рэформа пачалася з эканоміі, у выніку якой само гучаньне высокакультурнай ліцвінскай мовы набыло калгаснае гучаньне. Нават дапусканыя наркамаўкай словы-выключэньні (ґанак, ґузік, розґі, мазґі) пакрысе атрафіраваліся, зьліўшыся ў адзін гук: напрыклад, гімн гімназіі гучыць як шашлык з аднакарэнных словаў, хоць некалі было гімн ґімназыі.

Натуральна, дзеячы культуры не адназначна ўспрынялі фрывольныя палітычныя апэрацыі над жывым арґанізмам мовы, і ўжо ў 1989 годзе ў буйнейшай на ўвесь сьвет бібліятэцы канґрэсу ЗША зьяўляецца чарговае выданьне «Greatlitvan-Russian Dictionary» доктара Янкі Станкевіча, дзе рэпрэсаваная літара вярнулася ў навуковы ўжытак (гэта шостая пазыцыя беларускага альфабэту паводле Станкевіча).

Рывок з навуковага ўжытку адразу ў культмасавы зрабілі аналітыкі сучаснага маскульта Вітаўт Мартыненка і Анатоль Мяльґуй, якія ў сваёй кнізе «222 альбомы беларускага року» (Мн., 2006) сьмела рушылі шляхам вяртаньня першакрынічнага гуку роднай мовы на падставе адэкватнага ейнага ґрафічнага ўвасабленьня. Улічваючы паходжаньне запазычаных словаў і латынічнае напісаньне крынічных марфем, яны прапануюць простую формулу ўжываньня г на месцы латынкавага h, а ґ на месцы латынкавага g. Такі падыход выклікаў зацікаўленасць і чытачоў, і рэдактараў, быў падхоплены шэрагам інфармацыйных парталаў. Першым у мастацкай літаратуры вырашыў працягнуць аднаўленьне традыцыі пісьменьнік Кастусь Травень у прапанаваных тут апавяданьнях ‘’Шанец’’ і ‘’Перазагрузка’’.

 

Вітаўт Мартыненка, літаратурны крытык.

 

‘’Прысвячаю дарагім сябрам юнацтва, студэнтам Мінскага

педагагічнага інстытута ім. М. Горкага:

Лене Косцень, Антону Станкевічу і Уладзіміру Тананушку,

якія, нажаль, ужо прайшлі свае жыццёвыя дарогі.’’

 

Брыгадны генерал

Апавяданне

 

‘’Мудрымі будзем, як зьмеі, хітрымі, нібы лісы,

чыстымі, як лілеі, і першымі ў чорных спісах1’’.

‘’Будзем’’ Славамір Адамовіч

 

1 — па дадзеных міністра дзяржбяспекі РБ у чорных спісках на той момант знаходзілася 1767 касінераў.

I

 

Летнім ранкам вайсковаму пенсіянэру Віктару Мухабою патэлефанавалі з сакратыярата раённай выканаўчай улады і папрасілі яго схадзіць на вечарыну з ‘’нібыта брыгадным генералам’’ Стахам Бахановічам, што ўчора прыехаў у іхні невялікі ўтульны горад на Дняпры, з якім, дарэчы, ён некалі ганяў у футбол у тутэйшай дзіцячай спартыўнай школе.

Ваенкам Васіль Юрчанка, які адсочваў усе целарухі былых вайскоўцаў і афіцэраў запасу, прамаўляў яму ў слухаўку:

— Ты ягоны спартыўны дружбан, вось пабудзь, паслухай, паглядзі, панюхай, чым дыхае і што гаворыць гэты нібыта ‘’брыгадны генерал’’. Ён перад былым сябрам юнацтва захоча пафарсіць, а ты вазьмі жонку, яна ў цябе рэдкай якасьці і прыгажосьці, ён падпіты пачне кукарэкаць, форму генеральскую апране, штаны з лампасамі ўзьдзене, табе нават нічога і пытаць не трэба. Толькі падхвальвай, здзіўляйся ды перажывай за простых каўказскіх людзей. А потым нас паінфармуеш, каб ведаць, што з ім рабіць і як паводзіць. Гэта табе, дружа, даручэнне ад Звязу афіцэраў запасу.

І прыцішана дадаў, робячы таямніцу з вядомай ўсім месцічам ганебнай падзеі для некалі вялікай дзяржавы:

— Ён нядаўна прыехаў з Поўдня. Сам ведаеш, адтуль, дзе цяпер грукоча вайна. — І ваенкам паклаў слухаўку.

Стах Бахановіч у свой час тусаваўся запасным ў гарадской юнацкай футбольнай камандзе, што была кумірам тутэйшай маладзёвай тарсіды і дзе гульцом асновы быў паўабаронца Віктар Мухабой. Цяпер ён з цяжкасцю ўспамінаў нічым не прыкметнага хлапчука, што хваравіта ёрзаў на лаве запасных, не выязджаў на гульні ў другія гарады, нават не меў спартовай формы і буцаў. З недаверам Віктар змрочна асэнсоўваў атрыманае паведамленне, як і дзе ягоны шараговы зямляк здолеў, ня маючы аніякай вайсковай адукацыіі, атрымаць генеральскі чын.

Збіраючыся на гэтую важную сустрэчу, падпалкоўнік запасу Віктор Мухабой задумліва разглядаў сябе ў люстэрку, свой пукаты жывот, абцягнуты сінім казачым мундзірам з палкоўніцкімі пагонамі, потым у скрусе запытаў сваю прыгожую жонку, яна была маладзей за яго на дзесяць год:

— Ядзя, — сказаў ён, рашуча ўперыўшы позірк у свой ужо немалады азызлы твар у люстэрку, — Ядзя, на каго я зараз больш усяго падобны: на пердуна ці на паўпердуна?1

— На паўпердуна, — упэўнена адказала Ядвіга, паглядаючы сваімі сінімі вачыма на маладым свежым твары саракагадовай жанчыны, у глыбіні якога хавалася журба. На мінулым тыдні супрацоўнік педагагічнай ўстановы, дзе яна працавала, малады і рухавы Анатоль Шмонаў, трэнер па плаванні ў гарадскім басейне, сарамліва чырванеючы, прапанаваў ёй усталяваць больш блізкія стасункі і запрасіў яе на таемнае спатканне на будучым тыдні, якраз сённяшнім днём.

‘’ Вы мяне хвалюеце, Ядвіга. Давайце ўтворым больш блізкія дачыненні!’’ – мужна і ўзрушана казаў малады мужчына, уперыўшы ў яе напяты, крыху нахабны і юрлівы позірк. У думках, напэўна, ён прамаўляў больш мякка і здалёк. ‘’Усё некалі праміне, ... і што нам марнаваць свае жаданні?’’

Зараз Ядзя асэнсоўвала гэтую прапанову, якая чамусьці моцна ўзрушыла яе ўяўленне. Напэўна, ёй мроілася, як дасціпны малады мужчына, палка і ўсхвалявана закаханы ў яе, будзе заляцацца, а потым абдымаць яе, лашчыць і нарэшце яны… Не! Навошта ёй гэты местачковы забруджаны басейн бурлівых пачуццяў, аб якіх мрояць звычайныя жанчыны? Яна заўсёды марыла ў глыбіні сваёй душы аб акіяне, аб штармах, аб той свабодзе і чысціні, што дае акіян… Не! Яна і цяпер яшчэ мроіць — аб акіяне, дзе яны ўдваіх будуць імчаць пад посвіст свежага ветру ў ветразях, і вялізарныя хвалі падкідваюць іхнюю яхту-карвет на ўзгорках і цяснінах акіяна… Тады навошта ёй гэты малады правінцыйны шпак2?

Падпалкоўнік запасу Віктар Мухабой, як амаль кожны савецкі афіцер, таксама меў свае мары, ён некалі імкнуўся дасягнуць чыну генерала. У юнацтве ён іншы раз уяўляў, як прыедзе ў свой маленькі местачковы гарадок над Дняпром у генеральскім мундзіры з ад’ютантам-афіцэрам на шыкоўнай ‘’Волзе’’, і сам гаспадар горада і раёна, які-небудзь тамтэйшы Сяргей Уладзіміравіч Кучынскі, наладзіць сустрэчу тутэйшай грамадскасьці з яго генеральскай асобай. І сябры дзяцінства, юнацтва, маладосьці… адны будуць ганарыцца, іншыя — зайздросціць … Цудоўна быць генералам, нават занюханым генерал-маёрам…, а калі генерал-лейтэнантам… Ба-ба-ба… У гэты момант у падпалкоўніка запасу Віктара Мухабоя закруцілася ў вачох і ён чуць не бразнуўся на падлогу.

Па праўдзе кажучы, як амаль кожны чалавек, Віця Мухабой меў у жыцці адну пэўную магчымасьць спраўдзіць сваю мару. (Божа мой, колькі магчымасцяў прамінае кожны шараговы чалавек!) У той час калі Вялікі Саюз нечакана пачаў бурыцца і савецкае афіцэрства не ведала, што рабіць і куды кінуцца, ён прыехаў з далёкага Улан-Удэ, дзе нёс службу, на вакацыі ў свой старажытны Стары Быхаў над Дняпром. Потым выпадкова паехаў у Менск да сваяка ў госці. Папіўшы з шваграм піўка з сушанай чырвонай рыбай, ён пашвэндаўся па сталіцы і нечакана змікіціў, што жыць у гэтым еўрапейскім культурным месцы з талерантнымі і памяркоўнымі грамадзянамі было б добрым завяршэннем ягонай вайсковай кар’еры. У той час паветра беларускай сталіцы, як і ўсёй постсавецкай прасторы, было прасякнута свабодай. Пасіянарныя тубыльцы, начапіўшы бел-чырвона-белыя значкі, з гонарам спраўджвалі сваё гістарычнае жаданне самавызначацца і ўсюды торкалі сваю тутэйшую мову.

Падпалкоўнік Віця Мухабой быў далёкі ад сучаснай палітыкі, выхоўваўся ў савецкім гледзішчы, гэта значыць, падпарадкоўваўся Загаду. ‘’Загад! Выкананне загаду – святая рэч у вайсковай справе!’’

У вызначальны час, час ‘’разбурэння і ператусоўкі’’— які бывае толькі адзін раз у жыцці — усё шматлікае савецкае афіцэрства, не атрымаўшы ‘’Загаду’’, разгубілася, і кожны самастойна пачаў выплываць у жыцці. Ахова Вялікай дзяржавы такім чынам, без вышэйстаячага ‘’Загаду’’, на той момант зрабілася немагчымай справай. І вось у гэты лёсавызначальны час Віктар Мухабой зрабіў малюпасенькую памылку, ну проста цьфу, драбяза, цьфу, цьфу… Маленькую, але вызначальную памылку! А як блізка быў да генерала! Ба! Ба!

Тады ён рушыў у тутэйшае міністэрства абароны – рашучы, цвярозы крок на той момант — і звярнуўся ў аддзел кадраў — замест таго, каб прамовіць: — ‘’Подполковник Виктор Мухобой. Прибыл в ваше распоряжение, товарищ полковник, с Улан-Удэ. К сожалению, языком не владею, но есть желание служить в Западном военном округе. Прошу прощения, в БВО’’.

А потым, канечне, ля-ля-ля, дзе служыў, агульныя знаёмыя, а потым у рэстаранчык, пакуначак чырвонай сухой рыбкі з армянскім каньяком, так сказаць, прэзент ад вайскоўцаў з Далёкага Усходу, ‘’хоць край далёкі, але нашынскі’’.

Трэба сказаць, у той момант БВА пераўвасаблялася ў Міністэрства Абароны і патрэба ў тутэйшым чынавенстве была вялізарная. Некага трэба было тэрмінова рабіць міністрам абароны, і гэта павінен быў быць мясцовы па нараджэнні афіцэр і, у сваю чаргу, па выхаванні адданы Вялікай дзяржаве.

Новаму міністру трэба было зрабіць толькі адно: не даць стыхійна раскрасьці ўсю вайсковую маёмасьць. Начальнік вайсковых кадраў Цвёрдалобаў рабіў неверагодныя высілкі, шукаючы гэткую асобу. Нетутэйшыя вайскоўцы ўсе як адзін зрабіліся надзвычай зладзеяватыя, з’язжаючы з сваіх кватэр на месца жыхарства ў Расею, гэтыя афіцэры адбівалі нават кафлю на кухні і, дзе толькі можна, здымалі дзверы і выдзіралі ванны... Дзівакі! Нават сцібрыць нічога не здолелі па-сапраўднаму каштоўнае! Да прыкладу, які–небудзь стратэгічны бамбавік ці найноўшую сыстэму электронай аховы паветранай прасторы….

А тутэйшыя афіцэры здуру ў гэты момант якраз правялі шэсце па праспекце Францішка Скарыны, да смерці перапудзіўшы ўсіх нетутэйшых і нават тых вайскоўцаў-генералаў, што сядзелі далёка і высока ў самой Маскве. Імгненна па загаду з самага верху беларускім ‘’самасційнікам’’ было праведзена кесарава сячэнне, ад гэткай паразы яны аслупянелі і да сённяшняга часу знаходзяцца ў здранцвелым стане.

Ну, канечне, Банапарт быў вялікі чалавек! А цяперашнія, ох-хо-хо-хе, гэтыя банапарцікі ды тухачэўскія, далёка ім да разумення сучасных палітычных варункаў. Вялікія часы нараджалі вялікіх людзей і, што крыўдна, потым дробныя, шараговыя, аніякія людцы з наступных пакаленняў пачыналі даваць гістарычную адзнаку грамадскім волатам мінулага.

…У гэты вызначальны пераломны момант, калі амбітныя мужчыны рабілі і робяць шалёную кар’еру, Віця Мухабой, не разабраўшыся ў сапраўднай дыспазыцыі, сунуўся ў адзел кадраў міністэрства абароны, і ўсё ў яго было на мазі: і ласось сушаны падрыхтаваны, і рэстарацыя вызначаная. І палкоўнік Цвёрдалобаў, начальнік кадраў БВА, прабачце Міністэрства Абароны, з надзеяй узрадавана ўзняў на яго свой змучаны позірк, (у яго загарэліся вочы, як толькі ён уявіў, як у Маскве ў Генеральным Штабе ягоныя калегі будуць рагатаць ад прозвішча міністра абароны суверэнай дзяржавы: ‘’Виктор Мухабой! Победитель мух! Ха, ха, ха… Кадровик Твёрдолобов на сваём месте!’’).

Яшчэ крыху — і Віця быў бы генералам, адну грамульку розуму, міліметар да поспеху… Не хапіла якраз гэтай грамулькі, далажыўся вайсковец не так, як трэба:

— Падпалкоўнік Мухабой, жадаю ўдзельнічаць у будаўніцтве беларускай суверэннай арміі… — І далей панёс розную тутэйшую лабуду, што наслухаўся, швэндаючыся па праспекце ад мясцовых пасіянарных прыдуркаў…

Яму, канечне, паабяцалі ў міністэрстве, узялі як быццам на ўлік, далікатна так паціснулі руку, але ў рэстарацыю не паехалі і рыбку не ўзялі, а потым, канечне, паставілі патрэбны маркер у патрэбным месцы ў сваіх спісах, які сьведчыў, што гэны расейскі афіцер атручаны мясцовым сепаратызмам…

Думкі падпалкоўніка запасу перапыніла жонка Ядзя Сікорская, якая з журбой і цікаўнасцю дзівілася ў люстэрку сваёй паставай у новай, колеру чорнаморскай хвалі, сукенцы, стрункай, моцнай, з хвалюючымі абрысамі, такой цудоўна вытанчанай, ад якой мужчыны спачатку дранцьвелі, а потым з натхненнем торылі новыя жыццёвыя накірункі, — зараз нечакана запярэчыла:

— Ведаеш, мілы, а чаго я папруся на гэтую сустрэчу з тваім спартыўным дублёрам -генералам? Што я, генералаў не бачыла? І што гэта за чын такі – брыгадны генерал? Ён што, кіргіз ці чачэн?

Заўвага была слушная, і Віктар Мухабой пагадзіўся з жонкай Ядзяй Сікорскай. (У свой час будучая жонка па дамоўленасьці з жаніхом захавала сваё шляхецкае прозвішча.) Сапраўды, генерал на самай справе нейкі несапраўдны, ‘’не настаяшчы’’. Ні ў братняй Расеі, ні ў Беларусі, ды, мабыць, і ва Украйне не было такіх чыноў. І ўсе астатнія генералы з іншых пастсавецкіх рэспублік, па цвёрдым меркаванні падпалкоўніка, былі ‘’не настаяшчымі.’’ Так, бутафорскія арміі з бутафорскімі генераламі. ’’Усё роўна, калі што, ваяваць прыйдзецца нам, славянам’’– цвяроза і рэалістычна думаў ён.

Зараз ён нечакана прамовіў словы, робячы прафілактычную прамыўку жончынай сьвядомасьці:

— Тут да мяне дайшлі звесткі з нашай ветэранскай контравыведкі, што з цябе вачэй не зводзіць тутэйшы валацуга, нехта Толік Шмокін, — падпалкоўнік знарок скрывіў прозвішча Шмонава і засяроджана паглядзеў на жонку. – Ён табе ўжо зрабіў прапанову аб сустрэчы? Сёння, дарэчы, якраз самы спрыяльны момант для адультэру.

— Калі гэта цябе так турбуе, мілы, я магла б пайсьці з табой на сустрэчу з тваім брыгадным генералам і з вашымі вайсковымі пердунамі. Але не пайду!

Ядвіга прамовіла гэтыя словы з некаторай кропляй сарказму і нават грэблівасьці, і адначасова нейкая ўзрушанасьць, узнёсласьць у ёй патухла. Яна зрабілася звычайнай, такой, як заўсёды, і падпалкоўнік Віктар Мухабой, па-вайсковаму пільны, з добра прыхаванай душой прагматыка, зразумеў, што, мабыць, трапіў у цэль. ‘’Дзеля прафілактыкі трэба будзе набіць морду гэтаму шпаку Шмокіну, — помсліва падумаў ён, — а жоначку сёння неабходна шчыра і пяшчотна патаптаць.’’ Зрабіўшы гэтую выснову, падпалкоўнік пачаў рупліва рыхтавацца да сустрэчы з генералам.

 

1 — ‘’пярдун і напаловупярдун’’ – мянушкі перасанажаў з рамана Яраслава Гашака ‘’Бравы салдат Швейк’’.

2 ‘’шпак’’– (цывільны мужчына) згодна жаргону рускіх вайскоўцаў па раману Купрына ‘’Паядынак’’.

II

Наогул сучасныя генералы падзяляюцца на дзве супрацьлеглыя суполкі. Адны з іх – гэта паяднаныя повезямі непарушнай лучнасьці генералы мірнага часу, тыя, хто скончыў акадэмію генеральнага штабу і па ўсіх дзяржаўных і міжнародных статутах цяпер мелі права насіць штаны з лампасамі. У мірныя часы зьявілася таксама процьма розных генералаў-не-вайскоўцаў: адзін некалі добра іграў у хакей да сарака год і адначасова рос у чынах, другі кіраваў сімфанічным аркестрам і спрытна махаў палачкай, і абодва ў патрэбным узросце пасталі ў высокіх вайсковых чынах. Рэальная логіка іншы раз прыводзіць людзей да алагічных зьяў, амаль вар’яцтва...

…Акрамя ўсяго, генералы мірнага часу павінны ўмець кіраваць буйнымі вайсковымі злучэннямі, умець выконваць запланаваныя генштабам мерапрыемствы, кантраляваць сітуацыю над тэрыторыяй, а ў нядаўна прамінулыя часы павіны былі ўмець падаіць вайсковаю казну, падсілкаваць вышэйстаячых вайсковых чыноўнікаў, а ў цяперашні час, мабыць, спісаць, а потым уцюрыць замежнаму пакупніку за вялікія грошы, як навейшую стратэгічную распрацоўку, якую-небудзь састарэлую зенітную сыстэму.

І вельмі важная галіна іхняй дзейнасьці – уменне праводзіць вайсковыя манёўры і парады! Калі генерал не ўмее праводзіць манёўры і парады, тады яго лёс — гібець дзе-небудзь у тундры ці ў гарнізонах Крайняй Поўначы. Такім чынам, у мірны час паркетныя генералы квітнелі і адчувалі сябе на сваім месцы.

Падчас нядаўніх рэгіянальных войн генералы мірнага часу ў большасьці былі няздольнымі да пераможных вайсковых дзеянняў з сепаратыстамі і таму ў хуткім часе зрабіліся непатрэбнымі. На некаторых з іх, каб неяк патлумачыць затрачаныя дзяржаўныя сродкі, звалілі ўсе вайсковыя памылкі, хібы, страты і паразы першых регіянальных вайсковых канфліктаў…

Зрэшты, у прамінулых размаітых і стракатых грамадскіх супрацьстаяннях, што потым хутка перараслі ва ўзброеныя канфлікты, сапраўдныя ваенныя кіраўнікі выходзілі з самых глыбінь народных мас, з розных ‘’бацькаў’’ – бацька Махно, камбрыг Катоўскі, камдзіў Чапаеў, камандарм Будзённы, Олека Дундзіч, бацька Мінай, у новыя часы: генерал Радка Младзіч і Радаван Караджыч, Шаміль Басаеў і Салман Радуеў…

Па зместу гэткія людзі самой прыродай былі створаны для вайны. У мірны час яны пакутавалі ў рахманым марудным жыцці, іншы раз траплялі за краты, і толькі пры ваенных канфліктах і разборках уласцівая ім амбітнасьць і ваяўнічасьць дазваляла сцвердзіць і адчуць сябе на сваім месцы ў новых гістарычных варунках.

Гістарычны час спарадзіў новыя крыніцы зьяўлення ваеных лідэраў – ‘’брыгадзіраў’’, ад якіх пайшлі так званыя ‘’брыгадныя генералы’’. Брыгадныя генералы – гэта вайсковыя кіраўнікі рознакаляровай масы пасіянарных лайдакоў, што вырашылі дасягнуць жыццёвай кар’еры ваенным шляхам, валодалі fighting instinct1, імкнуліся гвалтоўным шляхам завалодаць уладай у той ці іншай мясцовасьці. У застойныя часы яны былі чабанамі ці брыгадзірамі шабашнікаў, крымінальнымі аўтарытэтамі ці сакратарамі камсамольскіх суполак і ніколі не дасягнулі б вышынь парадных генералаў. У іх была толькі адзіная моцная вартасьць – гэта магутны fighting instinct. У гэтым ‘’брыгадзіры’’ перасягалі паркетных генералаў і пад час ваенных разборак спачатку перамагалі вайсковыя групоўкі сваімі маленькімі рознашэрснымі гуртамі.

Зазвычай сапраўднаму ‘’брыгаднаму генералу’’ ня трэба было ніякіх ваенных навук, бо ён вучыўся сам кожнае імгненне і зразу бачыў у жыцці тое, што ‘’паркетны генерал’’ доўга і ўпарта завучваў у сваіх акадэміях. ‘’Брыгадны генерал’’ мацаваўся жывой рэчаіснасцю, адчуваў хаду, рытм і рух падзей, прымаў адэкватныя рашэнні, якія найлепшым чынам адпавядалі патрэбе часу. Іншым разам брыгадныя генералы дзеля вырашэння тых ці іншых тактычных і нават стратэгічных ваенных пытанняў — замест вайсковых узброеных груповак з сістэмамі ‘’Град’’, бамбаваннем, артпадрыхтоўкамі, танкавымі клінамі — удала карысталіся кейсамі, напіханымі тугімі пачкамі амерыканскіх даляраў, інфармацыйным замбаваннем, хітрамудрымі правакацыямі, псіхалагічнымі запалохваннямі і палітычнымі маніпуляцыямі. Гэткія вайсковыя прыёмы не выкладаліся ні ў воднай акадэміі генеральнага штабу.

У тыя, цяпер ужо гістарычныя часы, паркетныя генералы, паверыўшы ў свае вайсковыя высілкі, пад заказ тамтэйшых і замежных палітычных лялькаводаў распачалі ваенныя канфлікты на сваіх ўласных тэрыторыях. Гэтак было вельмі зручна ваяваць, прамаўляць загады па тэлефонах з службовага габінэта, п’ючы каву, пазіраючы на стрункія ножкі сакратаркі і гартаючы ‘’Камерсантъ’’ ці ‘’Маскоўскі камсамолец’’, а ўвечары бавячы час у рэстаране з будучымі алігархамі ці па-вайсковаму рашуча атакуючы штонікі маладой моднай мадэлькі Ксеніі ці Анджэлы ...

Вайна на сваёй тэрыторыі з удзелам уласных вайскоўцаў і грамадзян дазваляла адпаведна кантраляваць усе вайсковыя дзеянні, рабіць вайну перманентнай, расцягваць у часе ці пры неабходнасьці нават прыпыняць, каб праз некі час ізноў узнаўляць. Гэткая вайна цалкам залежала ад дзяржаўнай бюракратыі і была яе заўсёднай патаемнай марай, бо дазваляла вырашаць любыя пытанні, перш за ўсё фінансавыя, эканамічныя, ідэалагічныя, дзяржаўныя, і дазваляла цалкам трымаць уладу ў сваіх руках...

Дзеля ажыцяўлення вайсковых аперацый (не блытаць з хірургічнымі) тогачасным палітыкам дастаткова было найбольш адмарожаных і пасіянарных камандзіраў брыгад, злучэнняў, бандгруп і сепаратысцкіх згуртаванняў як з тога, так і з другога боку, абазначыць, як ‘’брыгадных генералаў’’. Гэта гучала і рабіла ўражанне на міжнародную супольнасьць.

‘’Брыгадныя генералы’’ такім чынам паўсталі новым разгалінаванем вайскоўцаў, што адваявалі сабе месца ў навейшай ваеннай гісторыі. Дастаткова было назьбіраць некалькі соцень асоб рознага ваяўнічага зброду і ўсталяваць кантроль на некалькі селішчаў, — дзе мясцовыя жыхары: жанчыны, дзеці, дзяды і бабулі, і сталыя мужчыны, што макіяжылі пад дзядоў, узгадаваўшы сабе шыкоўныя чорныя, рыжыя і сівыя бароды, — як можна было абвесьціць сябе брыгадным генералам.

 

1 — ваены інстынкт

III

Стах Бахановіч зрабіўся брыгадным генералам зусім выпадкова. Прынамсі, нядаўна ён быў прарабам будаўнічых брыгад шабашнікаў. Потым пераменлівы лёс закінуў яго ў паўднёвыя рэгіёны, каб памагаць братняму народу ўзнаўляць селішчы і гарады, пацярпелыя ад землятрусу. У выніку хуткіх імклівых дзяржаўных перамен на палітычным ландшафце Стах трапіў (зусім выпадкова) у кагорту мясцовых увішных і пасіянарных людзей, пачаў імкліва набываць аўтарытэт, як прафесіянал сваёй справы, чалавек, які трымае слова, заўсёды даводзіць дамоўленасьці да канца, умее ладзіць нават з гарачымі каўказскімі мачо. Ён вырас і ў сваім асабістым уяўленні, бо калі чалавек у сваіх вачах мае невысокі рэйтынг, то і ў вачах людзей звонку ён таксама нішто.

Спачатку Бахановіч з сваімі людзьмі будаваў шматпавярховыя дамы, затым, калі варункі пачалі мяняцца, ён будаваў катэджы, а потым сховішчы і лёхі. Урэшце яму, як і яго людзям, было ўсё роўна, галоўнае каб заказчык своечасова плаціў грошы.

Непрыкметна для сябе і неяк натуральна, ён абзавёўся ўзброенымі ахоўнікамі, без гэтага ў тыя часы ў тых мясцінах было аніяк. Яшчэ праз год, калі стралковай зброяй пачалі гандляваць на рынках, усе ягоныя будаўнікі панакуплялі аўтаматаў, гранатамётаў і, хаця займаліся будаўніцтвам, але знешне рабілі ўражанне буйнога вайсковага злучэння. Гэтыя гарэзы, гумарысты і проста штукары, калі пераязджалі з будоўлі на будоўлю, ці ў святочны дзень, аперазаныя кулямётнымі стужкамі, імчалі некуды на легкавіках, джыпах, уазах і камазах, гарланілі на тутэйшай трасянцы песні і, канечне, квасілі, а потым распачыналі страляніну ў спякотнае паўднёвае неба.

— Спадарове, не страляць у людзей! Толькі ў неба! — Увесь час утаймоўваў будаўнікоў Бахановіч. — І пры патрэбе не шкадаваць грошай. Каўказ любіць грошы! Плаціць направа і налева. Плаціць і плаціць!

…Гурты, натоўпы, працоўныя і дэкласіраваныя масы заўсёды маюць патрэбу ў лідэрах, імкнуцца мець важакоў. Стах Бахановіч зразумеў гэта і не пярэчыў, калі яго вылучалі на новую кіраўнічую вышыню. Галоўнае было адпавядаць тым несвядомым і свядомым пажаданням гэтых людзей, а таксама мець цвярозыя глузды, трымаць на ўсялякі выпадак шляхі адыходу і асцерагацца чужых падманлівых меркаванняў, якія б нішчылі гэтыя шляхі. Кожная рэвалюцыя мае даволі абмежаваны час волі, калі кожны індывід можа рабіць што хоча. Рана ці позна з’яўляюцца правадыры, якія пачынаюць гэтую вольніцу лайдакоў падпарадкоўваць, мусова зганяць у гурты і суполкі.

Мясцовы аўтарытэт, генерал-маёр Бадаеў, якога вылучыла тутэйшае грамадства кіраваць тэрыторыяй, паклікаў да сябе Бахановіча, і калі той прымчаў з сваёй сотняй узброеных людзей на легкавіках і камазах, і ягоная ахова звыкла заняла самыя лепшыя камяністыя ўзгоркі і гэтак прафесійна ўзяла на прыцэл ахову генерала, што той, калі выйшаў з сваёй зялёнай юрты, задаволена зазначыў:

— Слушна, цябе і вучыць ня трэба. Усё сам ведаеш!

Генерал Бадаеў дакрануўся ківуном да свайго чорнага вуса, палашчыў яго і запытаў, узіраючыся сваімі чорнымі пякучымі вачыма ў сінюю бязмеж вачэй Стаха Бахановіча:

— Даю табе чын брыгаднага генерала! Далучайся да мяне.

— А што трэба будзе рабіць пад вашым крылом? – бадзёра перапытаў загарэлы Бахановіч. Прапанова яму спадабалася, і таму ён зразу ўзяў памяркоўны і нават рахманы тон.

— Тое самае, што і рабіў. Будаваць, будаваць і будаваць. Зарабляць грошы і сілкаваць сваіх джыгітаў. Зараз, бачыш, вайны няма.

— А калі…?

— Тады будзем і кумекаць, калі…

Абодва не дагаворвалі аб будучыні. Бахановіч думаў мо з хвіліну: па ўсіму бачна, што бліжэйшых год-два вайны не будзе. За гэты час можна падзарабіць грошы на нафце, але без падтрымкі тутэйшага Бадаева гэта зараз рабілася немагчымым.

— Так, а форму выдадзіце генеральскую, ды і нейкае ж пасведчанне трэба?

– Усё будзе гатова праз паўгадзіны, – заспакоіў яго Бадаеў.— Зараз пап’ём гарбаты, каньячку, а службоўцы ўсё падрыхтуюць.

Яны сядзелі пад спякотным сонцам за доўгім сталом, за якім мясцовыя кунакі, аўтарытэты і аксакалы з чорнымі і сівымі бародамі пілі зялёную гарбату, пільна пазіралі і ўважліва слухалі. Бадаеў, кульнуўшы з Стахам некалькі чарак дагестанскага каньяку за новага брыгаднага генерала, пачаў даваць Бахановічу ваенныя парады:

— Ніколі не вагайся на вачах падначаленых! І не бойся маскавітаў, нават тых, хто скончыў акадэмію Генштаба. Яны ўмеюць прэсаваць толькі на мапах ці пры суадносінах сіл 10 да 1 на іх карысьць..

Абодва генералы не любілі маскалёў, бо прараба Бахановіча тыя некалькі разоў ашукалі на дзесяткі тысяч замежных адзінак, а Бадаеў сам кідаў маскоўцаў на добрыя дзесяткі і нават, страшна падумаць, сотні мільёнаў і цяпер чакаў немінучага пакарання за свае фінансавыя махінацыі.

Потым Стах прамераў вайсковую генеральскую палявую форму, якая яму не спадабалася — акрамя пагонаў, што ёмка ляжалі на ягоных плячах, — бо не было штаноў з лампасамі. Ён не вытрымаў і запытаў генерал-маёра:

— Прабач, кунак1, але я не бачу штаноў з лампасамі.

Бадаеў быў якраз у гэткіх парадных сініх штанах з чырвонымі лампасамі і ў зелянковай лёгкай кашулі з генеральскімі палікамі2. Зразу было бачна, што гэта сапраўдны генерал, і Бахановіча нібыта крыху непакоіла думка, што паколькі яму не выдалі гэткіх штаноў, то ён генерал ‘’не настаяшчы’’.

Генерал-маёр успрыняў словы брыгаднага генерала сурёзна, выклікаў свайго афіцэра па даручэннях і жорстка запытаў яго:

— Дзе генеральскія штаны з лампасамі?

Той, зарослы чорнай шчэццю мажны рослы вайсковец у палявой форме з капітанскімі пагонамі, на поўным сур’ёзе зманіў:

— Гэта палявая форма, лампасы бываюць толькі на параднай. Зараз у нас патрэбнага памеру парадных штаноў няма.

— Які ж генерал без штаноў? — Сурёзна, з прыхаваным гумарам, развёў рукамі Бахановіч, і ўсе тутэйшыя аксакалы і кунакі, што сядзелі за доўгім генеральскім сталом, застаўленым рознымі прысмакамі, раптам зразумелі ўсю шчырую праўду ягоных слоў. Выпраўляючы становішча, генерал Бадаеў пагоршыў сваю памылку:

— Не хвалюйся , кунак, можаш сам замовіць у краўца ці купіць.

— І зрабіцца самазванцам? – лагодна запытаўся, азіраючы тутэйшую тусоўку, Стах Бахановіч. І барадачы, аксакалы і кунакі заківалі чорнымі, рыжымі і сівымі бародамі. Так, так, нетутэйшы брыгадны генерал мае рацыю, бо на Каўказе не любяць самазванцаў і прыхадняў.

Такім чынам, брыгадны генерал атрымаў першую тактычную перамогу над непасрэдным сваім кіраўніком. Ён заклаў глыбока ў падсвядомасьць Бадаева няўпэўненасьць перад дамінуючым інтэлектам Стаха.

Аднойчы, калі брыгадны генерал прывёз чарговы грашовы падатак Бадаеву, той пад добры настрой запрасіў яго на кубачак зялёнай гарбаты, а потым нечакана запытаў:

— Вось ты, кунак, рускі чалавек. Скажы, як пойдуць далей падзеі?

— Кунак, я ліцвін! Калі чытаў уважліва ‘’Хаджы-Мурата’’Ільва Талстога, то мог звярнуць увагу, што і 150 год назад, калі маскавіты ваявалі на Каўказе, – Стах азірнуў стол, дзе тутэйшыя аўтарытэты і аксакалы пільна слухалі і ўважліва пазіралі, зазначыў: — у іх быў яшчэ адзін галаўны боль: чарговае паўстанне ліцвінаў на тэрыторыіі Вялікага Княства Літоўскага. Дарэчы, яны павесілі тады нашага правадыра, а мы ў адказ падарвалі іхняга імператара3.

Бадаеў і ягоныя аксакалы з павагай зірнулі на брыгаднага генерала. Той глынуў з кубачка зялёнай гарбаты і змрочна дадаў :

— А падзеі? Падзеі пойдуць, як ішлі 150 год назад…

Узняўшыся на новую камандную вышыню, Стах пачаў трымацца адпаведна, як генерал. Той-сёй з блізкіх сяброў выказаў яму сваю крыўду, нібыта ён адрываецца ад грамады. На што ён цьвёрда запярэчыў амбітнаму суразмоўцу, нетутэйшаму Руслану з Тамбова:

— Калі я стаў генералам, то і павінен трымацца як генерал. Інакш суседзі, тутэйшыя аксакалы і кунакі, не зразумеюць. Страціць генеральскі аўтарытэт – азначае страціць усё: будоўлі, заробкі, нафтавыя свідравіны…

Патлумачыўшы свае паводзіны, ён зразумеў, што трэба мацаваць шляхі адыходу, бо шараговыя кацапы не любяць узвышэння сваіх нядаўніх дружбакоў...

Калі б Стах Бахановіч быў сапраўдным ваяром ад нараджэння ці ня меў уласнага розуму, то, напэўна, ён паклаў бы сваю галаву ў паўднёвай правінцыі імперыіі, як паклалі ўсе чабаны-генералы. Але ён быў досыць памяркоўным ліцвінам, які іншы раз выдаваў сябе за хітруна, будучы на самай справе проста разумным чалавекам. Таму калі ў паўднёвым рэгіёне быў мір, ён будаваў дамы, катэджы, лёхі, а ў вольны ад працы час, па даручэнні Бадаева, ездзіў па селішчах, казаў грозныя прамовы, хітаў пальцам на поўнач, іншы раз даваў чаргу з аўтамата ў спякотнае неба і, гаркнуўшы на развітанне ‘’ Но пасаран!4’’ адязджаў з сваімі барадачамі ў новае селішча.

Але ледзь загулі рухавікі магутных вайсковых злучэнняў пад кіраўніцтвам тады знакамітага Пашкі-мерсэдэса5, і дасведчаны брыгадны генерал зразумеў: прыйшоў час ‘’Х’’. Літаральна адразу ён імітаваў кіпучую дзейнасьць, накіраваў усіх тутэйшых наглядчыкаў, віжоў у розныя кірункі, нібыта для атрымання загадаў мясцовых чабаноў-генералаў, а потым сам таемна сабраў нетутэйшых брыгадзіраў, сяброў і ўсіх тых, з кім даўно працаваў, і абвесціў:

— Мабыць, шаноўнае спадарства, прыйшоў час нам рухацца да родных хат. Пашка-мерсэдэс перайшоў мяжу. Як двое распачынаюць бойку, трэці павінен даваць цягу. Кожны з вас няхай сам выбера свой шлях!

Праз дзесяць хвілін ягонае будаўнічае войска, пакідаўшы ў кодабы самаходаў даўно падрыхтаваныя заплечнікі, хатулі і валізы з назапашаным дабром, і пахаваўшы замежныя грошы ў патаемныя кішэні, калготкі і барсеткі, пасела на камазы, арбоны і паімчалі спачатку ў бок Каспія, а потым нечакана павярнулі на поўдзень, да грузінскай ці то азербайджанскай мяжы.

Справа была ноччу — і халера яго ведае, чыя там была мяжа – дзе, склаўшы зброю ў кучу, ужо як мірныя грамадзяне і вандроўнікі, зьбіраліся ехаць у тамтэйшы аэрапорт, каб выкупіць забраніраваныя квіткі і чакаць загрузкі на замежныя летакі і боінгі.

Ледзь толькі сонца знізу дакранулася да небакраю, прынёсшы людзям новы дзень, як генерал-маёр Бадаеў даведаўся, што брыгадны генерал Бахановіч зліняў з сваёй хеўрай, і спачатку вельмі ўзлаваўся, злосна крычаў на сваіх віжоў і шпегаў:

— Шайтан!...Ох, блін, шайтан!... – Потым, астудзіўшы свой палкі каўказскі тэмперамент, у скрусе, але з павагай і здзіўленнем зазначыў: — Но какой блестяшчий манёвр! Настояшчий был бы генерал! Шайтан его заберы!

Тут яму перадалі тэлеграму з борта летака ‘’Тбілісі – Львоў’’ ад генерала Бахановіча. ‘’Як я кумекаю.Зпт. Нам трэба дадому. Тчк. Так будзе лепш усім! Тчк. Прараб Бахановіч. Тчк.’’

Бадаеў ізноў хацеў узлавацца і разжалаваць брыгаднага генерала, але потым перадумаў. Прараб шкоды яму не нарабіў, трымаў сваё будаўнічае войска за ўласны кошт, напоўніцу дзяліўся прыбыткам ад нафтавых свідравін, браў ад яго толькі камандыровачныя на мітынгі пры выездах у селішчы. Таму хітрун-генерал прадыктаваў на борт боінга нібыта шчырую і разам з тым небяспечную тэлеграму ў адказ, дадаўшы клопату дэшыфравальшчыкам расейскай контрвыведкі: ‘’ Брыгадному генералу Бахановічу. Тчк. Вы ўзнагароджаны высокім дзяржаўным ордэнам суверэннай рэспублікі. Тчк. Жадаю поспеху. Тчк. Щаслівага путі. Тчк. Генерал Бадаев. Тчк.’’

І хітра ўсміхнуўся сваім думкам, як спрытна ён замуціў падзеі для стратэгаў з расейскага генштаба. ‘’Няхай цяпер думаюць, мяркуюць, аналізуюць, прыдумляюць… Хаця страціць такога кемлівага і разваротлівага прараба шкада. Зарабіў ён на будоўлі і нафтавых свідравінах някепска, але цяпер, шайтан, палічыў за лепшае зліняць…’’

Тут генерал Бадаеў моцна задумаўся, ўспомніўшы словы брыгаднага генерала, некалі, прамоўленыя яму: ‘’ Падзеі? Падзеі пойдуць, як ішлі 150 год назад.’’

На пытанне Бадаева: ‘’ Што ж рабіць? ‘’ Бахановіч змрочна шапнуў яму на вуха: ‘’Схавацца сярод мёртвых!’’

Ужо тады ў глыбіні душы Стах адчуваў, што лепш за ўсё не ўдзельнічаць у чужых войнах, быць генералам мірнага часу, і таму навастрыў свой розум дадому, у сваю суверэнную краіну.

 

1 Кунак – (цюрк.kunak = госць) Асоба, звязаная з кім-н. абавязкам дружбы, узаемадапамогі.

2 Палікі – пагоны, згодна беларускага слоўніка Байкова-Некрашэвіча ад 1926 года.

3 У 1864 годзе 10 сакавіка ў Вільні быў павешаны правадыр паўстанцаў Кастусь Каліноўскі. 1 сакавіка 1881 года шляхціч з Бабруйска Ігнат Грынявіцкі ўзарваў у Санкт-Пецербурзе расейскага імператара Александра ІІ.

4 Но пасаран (ісп.) – ‘’Яны не пройдуць!’’ – гераічны вокліч гішпанскіх рэвалюцыянераў у барацьбе з франкістамі пад час грамадзянскай вайны 1937 годзе

5 Пашка-мерсэдэс – мянушка расейскага міністра абароны Паўла Грачова..

IV

Між тым ягоны начны манеўр да грузінскай ці то азербайджанскай мяжы ўжо вывучалі ў замежных генеральных штабах. Расейскія генералы генштаба з раніцы тоўпіліся каля галоўнай мапы Каўказскага рэгіёну, рухавыя палкоўнікі сінімі алоўкамі крэслілі гострыя стрэлы адыходу брыгады Бахановіча.

— Блестяшчий маневр бригадного генерала! – увесь час чулася з натоўпу генштабістаў.

Пройдуць гады, і ўжо іншыя гераічныя манёўры будуць параўноўваць з гэтым іхнім уцёкам ад вайны:

— Кстати, бросок наших десантников к аэродрому в Приштине1 в чём-то очень похож на рейд бригадного генерала Бахановича на Кавказе, — будуць прамаўляць праз некалькі гадоў высокія чыны ў расейскім генштабе, і штабісты, стратэгі і маніпулятары глыбокадумна заківаюць сваімі мудрагелістымі галовамі.

Цяпер генералы былі задаволены, і кожны ўжо прыкідваў, як лепш прысабечыць сваю асобу да гэтай станоўчай падзеі пры дакладзе Вярхоўнаму Галоўнакамандуючаму. ФСБ рыхтавала свой разгляд манёўра, Генштаб свой, але абедзьве службы дамовіліся не супярэчыць і рыхтавалі агульны спіс тых, каго трэба было ўзнагародзіць высокім дзяржаўным медалём ці ордэнам. Дэшыфравальшчыкі з пакутай ламалі глузды над патаемным сэнсам тэлеграмы Бадаева. Па меркаванні прафесіяналаў і аналітыкаў — сэнс мелі некалькі версій…

За акіянам, у знакамітым Пентагоне, таксама разглядалі гэты ‘’бліскучы манёўр’’, але адзнакі былі больш стрыманыя і прагматычныя. ‘’ ... як і чакалася, брыгада генерала Бахановіча не прыме ўдзелу ў баявых дзеяннях. Генерал Бадаеў не здолеў раззброіць вайсковае злучэнне…’’.

Вось гэтак, нібыта дробны чалавек, яшчэ нядаўна брыгадзір шабашнікаў, трапіў у базу звестак расейскага генштаба, Пентагона, ЦРУ, ФСБ і нават у даклад Вярхоўнаму Галоўнакамандуючаму. Звычайны памяркоўны ліцвін, ён нават і не ведаў, што пра яго знаюць так высока і вывучаюць так глыбока. Глыбока, бо спецслужбы супрацьлеглых краін ужо збіралі звесткі пра жыццёвы шлях брыгаднага генерала…

…Пераехаўшы грузінскую мяжу, брыгада прыпынілася на кароткі адпачынак, каб пераапрануцца, памыцца, паснедаць і спаліць сваю вайсковую вопратку, здаць зброю памежнай ахове.

Стах Бахановіч стаяў перад зыркім вогнішчам, трымаў у руках зялёны генеральскі мундзір з пагонамі і пасведчаннем брыгаднага генерала...

Сонца яшчэ не выкацілася з-за высачэзных гор, і ўся цясніна была запоўнена таемным сутоннем зімовага світанку… Гэты каўказскі ранак быў такі самы, як у яго дзяцінстве, якое ён пражыў пад зорным небам Бацькаўшчыны, там, дзе былі рэчка і сенажаць, таямнічы лес, дзівосныя вечары, калі сонца хавалася за небакрай і на захадзе палова небасхілу палымнела чырванню…

…І было першае і, магчыма, адзінае ў ягоным жыцці каханне, жывыя і сінія вочы чароўнай дзяўчыны, якая потым стала яго жонкай, а потым, дзесяць год назад, Бог забраў ягоную Наталі да сябе. Стах праглынуў горкі камяк і выцер насавічком вочы…

…Гэты чароўны ранак стварыў Бог, і Бахановіч разумеў тых ваяўнічых каўказцаў, што са зброяй у руках баранілі свой жыццясвет.

Вось цяпер ён быў павінен кінуць сваю генеральскую вопратку ў агонь, каб потым на радзіме не мець лішніх клопатаў. Яму было шкада сваёй шыкоўнай вопраткі, асабліва штаноў з лампасамі. Штаны з лампасамі ўздымалі асобу над натоўпам, рабілі валадарным, надавалі моц і стваралі ў вачах прыгожых жанчын асаблівую прыцягальнасьць.

І гэта разумелі ўсе прысутныя, бо яны былі таксама мужчынамі, і таму яны маўчалі... Вось зараз яны пакідаюць у агонь сваю вайсковую апратку і імгненна ператворацца ў шараговых шабашнікаў…

У рэшце-рэшт грошы канчаткова нічога не вырашалі. Яны не давалі статусу, не ўздымалі асобу над шараговымі людзьмі, урэшце, не былі сэнсам, а толькі сродкам для дасягнення нечага… І вось зараз гэты мундзір, штаны з лампасамі былі якраз гэтым ‘’нечым’’… нейкім дасягнутым станам сапраўднага мужчыны… Імідж брыгады не прыніжала нават адмова ад удзелу ў вайне, наадварот, у вачах тутэйшых мачо гэта быў учынак, які тыя разумелі, і паважалі іх выбар. Яны адмовіліся ад удзелу ў чужой вайне — гэта патрабавала мужнасьці, і таму выклікала павагу...

…Урэшце, кінуць сепаратысцкі генеральскі мундзір і штаны з лампасамі ў вогнішча было данінай, ахвярападнашэннем той імперскай моцы, што працягвала жорстка дзейнічаць на постсавецкай тэрыторыіі...

Нечакана Стах Бахановіч зразумеў усю хібу свайго яшчэ не зробленага кроку… Ён паварушыў плячамі, нібы азябнуў ад свежага халаднаватага горнага ранку, і павольна апрануў генеральскі мундзір.

Ён азірнуў роўныя шэрагі брыгады і зычна абвесціў:

— Схілім галовы і памолімся за нашых братоў, што праліваюць сваю кроў за хрыбтамі Паўночнага Каўказа.

І брыгадны генерал Бахановіч, а за ім ўся брыгада, укленчылі на адно калена і схілілі галовы перад мужнасцю тых, хто зараз, там, за каўказскімі хрыбтамі, клалі свае жыцці.

Пасля гэтага стыхійна ўзніклага памінальнага мітынгу, калі брыгада маўкліва пачала загружацца ў камазы і арбоны, Бахановіч стрымана сказаў даўно знаёмаму афіцэру грузінскай памежнай аховы:

— Прабач, Вахтанг, мы складзем зброю ў Тбілісі, да якога нам яшчэ трэба дабрацца. А вайсковую вопратку пакінем сабе на памяць.

Бахановіч забраў у грузінскага афіцэра Вахтанга шчодра праплочаны глейт2 і, развітваючыся, прыклаў далонь да генеральскай пілоткі. Камандзір памежнага атрада, задаволены, з павагай паціснуў працягнутую яму руку. Ён разумеў генерала: каўказскія мачо маглі пераняць раззброеную брыгаду па дарозе і абрабаваць да ніткі. Каўказ прызнаваў сілу і паважаў мужнасьць.

 

1 ‘’…в Приштине’’ – адміністратыўны цэнтр у Сербіі.

2 — Глейт – (ахоўная грамата ў ВКЛ), дазвол на праезд па пэўнай тэрыторыі.

V

Вясной, адпачыўшы ў Трускаўцы на Львоўшчыне і распіхаўшы па розных украінскіх і замежных банках заробленыя на поўдні сціплыя па цяперашнім часе капіталы, Стах Бахановіч на радаўніцу нарэшце прыехаў у родны горад на Дняпры з сваімі падначаленымі: людзьмі ветлівымі, але з надзвычай мужнымі і рашучымі тварамі, прыстойна апранутых у цывільную вопратку.

Вестка аб тым, што ўчора ў горад прыехаў Стах Бахановіч з Каўказа, дзе грукоча вайна і дзе ён ‘’нібыта стаў генералам’’, з раніцы абегла горад, і месцічы нецярпліва чакалі, калі зямляк выйдзе з дому. Шматлікія мінакі ўжо ў першай палове дня тусаваліся каля хаты бацькоў Бахановіча на Пралетарскай.

У гэты дзень зранку ён паехаў да будынку тутэйшай улады і перш пайшоў да старшыні райвыканкама Івана Раманавіча Мандрыка. Той, убачыўшы загарэлага Стаха ў светлым касцюме з фіялетавым гальштукам на блакітнай кашулі, густоўна пастрыжанага, з пахам замежнай парфумы, з прысутным яму мужным аблічам, узняўся з-за стала насустрач.

– Прывітанне табе, шаноўны гаспадар раёна! Паважаны Ян Раманавіч! – на каўказскі манер ветліва і разам з тым цвёрда загаварыў Бахановіч. – Прыемна цябе бачыць у крэсле галавы горада і раёна! Добрыя ў нас з табой былі настаўнікі.

—У сваю чаргу, вітаю цябе, Стах! Шчыра вітаю! — Гаспадар раёна звыкла азначыў на сваім твары узнёсласьць, нават радасьць, і стрымана выказваў павагу госцю. Іван Раманавіч быў, як кожны беларус асцярожным, недаверлівым, і ведаў, што трэба кожны свой крок узважваць і даводзіць, тым, хто сядзіць вышэй. Ён адчуваў няўпэўненасьць, бо не разумеў, як сябе паводзіць.

‘’Хто ён такі? Адкуль узяўся гэты амбітны чалавек у такі складаны і небяспечны гістарычны час? Хто ён цяпер? Адкуль набыў гэткую самаўпэўненасьць і валадарнасьць? Зрабіць Стаху самую найлепшую сустрэчу з працаўнікамі горада і раёна, а потым частаваць ў тутэйшым рэстаране ‘’Днепр’’? Ці даць загад, каб гэтага каўказскага бандзюка тэрмінова арыштавалі разам з ягонай хеўрай?’’

Таму Іван Раманавіч Мандрык схітрыў:

— Прабач, дружа, тэрмінова выклікаюць на селектарнае паседжанне. Давай сустрэнемся пазьней.

– Пазьней, дык пазьней, Ян. Запрашаю цябе на 18.00 на вечарыну ў вузкім коле сваіх людзей. А покуль прымі ад мяне невялікі прэзент, ад сяброў-будаўнікоў, што мацавалі мір на перадавых межах далёкіх краёў.

І ўручыў старшыні райвыканкама Мандрыку літы залаты рог і паглядную кардонную скрынку з паўтузінам пляшак дагестанскага каньяку.

Бахановіч адкланяўся і нетаропка пайшоў па горадзе пехам: яму было цікава паглядзець на горад, у якім ён нарадзіўся, дзе прайшло яго дзяцінства і юнацтва. Насустрач па зялёнай, квітучай каштанамі вуліцы імя канцлера Сапегі ішлі месцічы, іншы раз сустракаліся знаёмыя, яны віталіся з ім, але некалькі добра вядомых яму людзей, здалёк убачыўшы яго, хутка перайшлі на другі бок, каб не здароўкацца. У думках ён падзякаваў ім за гэта, бо тым самым яны папярэдзілі яго, як ставіцца тутэйшая ўлада да яго асобы. Бахановіч зразумеў, што Ян Мандрык на вечарыну не прыедзе, і, мабыць, да яго прышлюць нейкага наглядальніка з былых сяброў ці знаёмых. Значыць, пэўныя колы ведаюць пра яго і цяпер зьбіраюць звесткі, каб потым там, на версе, вызначыць, што з ім рабіць.

Ён адагнаў ад сябе гэтыя не вельмі прыемныя думкі, каб вярнуцца ў шчаслівыя і трагічныя ўспаміны сваёй маладосьці.

…Некалі, тут, ён сустрэў сваю каханую, калісьці яны гулялі па гэтых вечаровых вуліцах, тут прайшло юнацтва і шчаслівая маладосьць, нарадзіліся іхнія дзеці…

…Купіўшы кветак на рынку, Стах паехаў на Белагорскія могілкі, і там на высокім беразе доўга сядзеў каля магілы Наталі, выціраючы слёзы і ўглядаючыся ў бязмежную зеляніну дняпроўскіх паплавоў, дзе-нідзе прасечаную дзівоснаю сінню разліва…

У абед нарэшце ён пад’ехаў да бацькоўскай хаты. Каля дому яго чакала святочная сустрэча, арганізаваная ягоным увішным памочнікам па даручэннях Піткевічам. Каля блакітных веснічак бацька Пятрок і маці Алёна, па святочнаму апранутыя, стаялі з запрошанымі суседзямі, сваякамі, выпадковыя мінакі тоўпіліся ля плоту.

Памочнік адчыніў дзверцы легкавіка, з іх вылез загарэлы, святочны Стах Бахановіч. Музыкі грымнулі прывітальны марш, тутэйшы кіраўнік аркестра Барыс Зарэцкі ўзнёсла махаў дырыжорскай палачкай. Ад урачыстай музыкі і нечаканай сустрэчы захваляваліся і заплакалі прысутныя.

Нават выпадковы мінак — Міша Злацін, з некаторага часу прынцыпова непітушчы абарыген з Вільні1, што крочыў з рынку па Пралетарскай дадому і, убачыўшы натоўп, падумаў, што некага будуць хаваць, — нават гэты артадокс савецкага ладу жыцця расчулена зашморгаў носам.

– Родныя мае бацька і маці, вось я праз дзесяць год вярнуўся дадому, жывы і здаровы! Дайце я вас пацалую.

Стах Бахановіч пацалаваў маці, потым бацьку, а затым пайшоў па колу ціснуць рукі суседзям, суседкам, маладзіцам. Маладзіц ён пяшчотна гладзіў па плячах і шчыра цалаваў у абедзьве шчакі, а некаторых ў самыя пякучыя і трапяткія вусны. Расцалаваўшы ўсіх і моцна ўсхваляваўшы маладых кабет, ён узважана загаманіў:

— Помню, помню! Усіх помню! У цяжкія моманты, у далёкіх краёх заўсёды помніў усіх сваіх землякоў-быхаўцаў.

Як бывае ў любой тусоўцы між палкімі і рамантычнымі, што загараюцца ад першых ўзнёслых слоў, тут прысутнічалі тыя самыя тутэйшыя сціплыя быхаўцы, што ніколі не ловяцца на аніякія самыя ліслівыя словы, якія нікому не верылі і раней, і тым больш не вераць у цяперашні час. Мабыць, яшчэ з старадаўніх часоў, калі маскалі ашукалі тутэйшых падчас трэцяй аблогі Быхаўскай крэпасці2, вось з тых часоў узнік і захаваўся да сённяшняга часу гэты недавер.

Перабудова вялікай дзяржавы, а потым уласныя грошы, што прапалі на ашчадных кніжках, умацавала іх скептыцызм. Вось і цяпер некаторыя прысутныя мужчыны, з тых, хто пільна ўзіраўся і шмат бачыў, мінакі, суседзі і нават сваякі, недаверліва пазіралі на Стаха. Хвёдар Рудкоўскі – тутэйшы рыбак-браканьер, кантрабандыст, аб нечым шаптаўся з асцярожным Міхасём Злаціным. Адсутнасьць генеральскай формы найбольш уздзейнічала на свядомасьць месцічаў, гэта быў той козыр, які дазваляў валадарыць меркаванню ўпёртых сабілаўскіх3 скептыкаў, як Хвёдар і Міхась.

– Паднабіў кішэню на поўдні, гэта зразумела,— пярэчыў Рудкоўскі стоячы ў купцы мінакоў і недаверліва ўзіраючыся ў Стаха.

— Але які ён генерал? Мог купіць штаны з лампасамі на каўказскім рынку, дзе можна ўсё купіць. Гэта яшчэ не значыць, што стаў генералам.

— Так то яно так, але зімой па ‘’Свабодзе’’ варожыя галасы нешта казалі пра брыгаднага генерала Бахановіча, — ціха шаптаў асцярожны Злацін у вуха Рудкоўскаму.

Да Стаха падбег рухавы і загарэлы, у белай кашулі і сініх джынсах, Піткевіч.

— Пятровіч, у дзве гадзіны будуць накрыты сталы. Каго запрашаць?

— Усіх. Я чалавек просты. Мае суседзі і суседкі, усе быхаўцы – мае браты і сёстры! — гучна прамовіў Стах, і нават цьвярозы сусед Арцём адчуў прыемную лагодную хвалю зычлівасьці і дабрыні ў сваіх пралетарскіх грудзях. Бахановіч пайшоў у хату перапрануцца і выйшаў з хаты ў звычайных белых, з кужэльнай тканіны, портках і крэмавай кашулі.

Узрушаны народ праз паўгадзіны рушыў у двор, да трох накрытых белымі абрусамі сталоў з пляшкамі вінаў, каньяку і гарэлкі, з талеркамі нарэзанай вяндліны, з салатамі аліў’е, заліўнымі языкамі з тутэйшага рэстарана ‘’Дняпро’’.

Правая рука Стаха ва ўсіх справах на Каўказе, загарэлы Уладзь Церашонак узняў келіх з віном і прамовіў:

— Хачу прапанаваць прысутным узняць свае чаркі за бацьку і маці таленавітага і знакамітага Стаха Бахановіча, што, не шкадуючы жыцця і сваіх сіл, мацаваў мір у далёкіх краёх і краінах. Дзякуючы свайму розуму, таленту кіраўніка, Стах Бахановіч не праліў ніводнай кроплі чалавечай крыві. За гэта дзякуй ягонаму бацьку Петраку і ягонай маці Алёне…

Прысутныя з пашанай слухалі, а потым весела кульнулі свае чаркі. Недаверлівы Хвёдар Рудкоўскі піў гарэлку, непітушчы ўжо больш за дзесяць год Міша Злацін на гэты раз не здолеў утрымацца ад спакусы выпіць марачнага каньяку…

Памочнік па даручэннях Піткевіч валодаў адным, невядомым тут умельствам, за што яго і трымаў пры сабе Стах Бахановіч. Разліваючы напоі ў чаркі, ён заўсёды наліваў гасцям моцныя і дарагія каньякі ці гарэлку, а генералу толькі безалкагольны напой. Часцяком назаўтра, праспаўшыяся, госці пачыналі дзівіцца:

— От халера, — ўздыхаў раніцой апухлы ад бадуна расейскі прадпрымальнік, уладальнік нафтавых свідравін ці оптавы гандляр зброяй, другому такому ж госцю, гандляру каляровымі металамі, — здэцца ж пілі чарка ў чарку. Я сёння чуць жывы, а яму хоць бы хны.

Бахановіч яшчэ ў вясну свайго жыцця ўсвядоміў, што спажыць усе каньячна-гарэлачныя вырабы не пад сілу звычайнаму чалавеку. Гэта быў той чыннік, які размяжоўваў людзей на дзьве якасна розныя групоўкі: на тых, хто жыў уласным розумам і дасягаў жадаемай якасьці жыцця, і тых, хто даваў нырца ніжэй плінтуса аж да самага дна. Здольнасьць Піткевіча была ўнікальнай і адчыняла неверагодныя магчымасьці для кемлівых людзей.

Частуючы гасцей, Стах Бахановіч настойліва ўглядаўся ў іх твары, рухі, размовы, смех, у гэтую сучасную тканіну гістарычнага часу, утвораную тутэйшымі, каб адчуць і вызначыць, як быць далей, у якім накірунку рухацца, зьехаць за мяжу ці застацца тут, на радзіме. Ён імкнуўся рабіць такія хады ў жыцці, якім ніхто не мог перашкодзіць. Зараз ён выпрацоўваў алгарытмы сваіх наступных дзеянняў, нешта прымушала быць пільным, крыху насцярожвала яго: ягоны школьны таварыш, а цяпер галава раёна Ян Мандрык так і не прыехаў у госці і нават не патэлефанаваў яму за цэлы дзень…

І ці дазволіць яму тутэйшая ўлада, павязаная дамовамі сяброўства з паўночным суседам, жыць спакойна? Заўсёды знойдуцца людзі, што захочуць праз пераслед сепаратысцкага брыгаднага генерала рабіць сваю кар’еру.

…Суседзі, сябры і нават сваякі гарэлку і каньякі піць пілі, частаваліся прысмакамі, але спачатку ці то сарамліва, ці то асцярожна маўчалі.

…Нібыта ён, Стах Бахановіч, адзначыў сябе чорнай меткай у вачах местачковага асцярожнага грамадства. Правінцыйная свядомасьць тутэйшых людзей, марудныя дзеянні, празмерная асцярожнасьць дазваляла яму лёгка бачыць чужыя адмоўныя пачуцці і разумець іхнія звадныя думкі… Тутэйшыя землякі зараз вярталі яго назад, да свайго звыклага местачковага ўзроўню, у ранейшы статус брыгадзіра ці прараба шабашнікаў. Тым самым зніжалі напрацаваны патэнцыял.

Так, яму трэба шукаць новыя накірункі жыцця, якія захавалі б ягоную годнасць і былі такімі цікавымі і жывымі, як на Каўказе…

Праз гадзіну пацяплелых і лагодных стасункаў суседзі, сваякі і мінакі пачалі разыходзіцца. Хведзя Рудкоўскі і Міша Злацін узрушана дзякавалі за пачастунак і моцна ціснулі руку свайго тутэйшага земляка і цяпер ужо знакамітага быхаўца.

— Чуў, чуў па варожых галасах пра цябе, Стах. Ганаруся, і тады ганарыўся…, — шаптаў яму на вуха разагрэты каньяком асцярожны і разумны Міша Злацін.

— Братэлла, братэлла, калі трэба рыба, звяртайся да мяне ў любы час! Любым часам, днём ці ноччу, — цвердзіў Хведзя Рудкоўскі. Абодва нарэшце вываліліся праз веснічкі на вуліцу і, ўзяўшы адзін аднаго пад рукі, паціху рушылі ў бок Віленскай на Сабілаўку.

 

1 Вільня – Віленская вуліца ў Старым Быхаве.

2 Аблога Быхаўскай крэпасці пад час 1659 года, калі маскоўцы не выканалі заключанай дамовы з быхаўцамі і ‘’увесь люд у горадзе быў высечаны пад корань’’. Згодна ‘’Магілёўскай хронікі’’ Трахіма Сурты і Юры Трубніцкага.

3 Сабілаўка – некалі самы бандыцкі раён горада, дзе жылі продкі высланых за рабаўніцтва з Масковіі.

VI

Віктар Мухабой, мабыць, знарок прыйшоў праз поўгадзіны пасля таго, як апошні госьць сыйшоў з сядзібы Бахановічаў, і цяпер збянтэжана затрымаўся каля брамкі, у зелянкавым казачым мундуры з палкоўніцкімі пагонамі, з ардэнамі-крыжыкамі на шырокай грудзіне, у штанах з сінімі лампасамі… Ён пільна ўзіраўся чэпкім афіцэрскім позіркам на былога таварыша маладосьці.

Да яго падышоў густоўна апрануты ў цывільную вопратку Стах Бахановіч. З шырокім загарэлым тварам, валадарны мужчына, што далёка глядзіць і ясна бачыць, ўмее кіраваць гуртамі людзей, весьці іх за сабой і дасягаць станоўчых вынікаў. Мухабой адразу адчуў, што перад ім вядучы, які істотна адрозніваецца ад дзяржаўнага і вайсковага чынавенства, што прывыкла і ўмела толькі выконваць загады. Паціскаючы далонь Стаху, ён расчулена, каб неяк схаваць сваю разгубленасьць, неўпапад прамовіў:

— Нібы ўчора ўсё было, Стах. Як усё памчала ўперад! А помніш, як наша сярэдняя школа №2 увесь час абыгравала ў футбол вашу школу №1?

У словах падпалкоўніка Мухабоя прысутнічала туга аб прамінулым, калі ён быў запатрабаваны жыццём, і сучаснасьць належала ім, тады маладым і прыгожым афіцэрам.

– Заходзь, дружа, заходзь, — лагодна прамовіў Бахановіч, але пазіраў стрымана і як здалося Віктару Мухабою, нават адхілена, як на чужога.

Сапраўды, Стаха здзівіла і, чамусьці непрыемна, казачае аблічча былога паўабаронцы юнацкай футбольнай каманды. Гэты казачы мундур з палкоўніцкімі пагонамі, азызлы твар з рыжымі абвіслымі вусамі — сведчылі, што чалавек безнадзейна адстаў ад сучаснасьці і зараз чапляўся за прыкметы мінуўшчыны, каб з дапамогай састарэлых атрыбутаў захаваць нейкую годнасьць у вачах правінцыйнага грамадства.

— Так, так, Стах. Дзівосныя, чароўныя дні, як хутка прамчалі-прабеглі яны..., – збянтэжана мармытаў Віктар Мухабой.

Запозненага госця запрасілі да абноўленага стала. Бахановіч сам частаваўся гарбатай з лекавых траў, да позняга госця звяртаўся стрымана, хаця і надзвычай прыхільна, і зараз цёпла і проста прамовіў:

— Мы тут, Віктар, ужо секанулі, і ты выпі. За юнацтва.…

Як ваенны чалавек, Віктар Мухабой цікавіўся сучаснымі ваеннымі канфліктамі, і пасля першай чаркі запытаўся ў Бахановіча.

— Як там, на поўдні?

Цень змроку паклаўся на загарэлы твар Стаха, ён зірнуў на Віктара пранізлівым позіркам і стрымана зазначыў:

— Кепска. Учарашнія грамадзяне краіны праліваюць сваю кроў за чужыя інтарэсы.

— Скажы, Стах, людзі кажуць, што ты стаў генералам?

Як часта бывае ў людзей выхаваных ў савецка-расейскай ментальнасьці, Віктар Мухабой перайшоў мяжу стасункаў між мужчынамі. Бахановіч гэта адразу адчуў, бо шмат год пражыў на Каўказе, дзе ўзважваюць кожнае сваё і чужое слова, не пераступаюць меру адносін і пільна вартуюць уласную годнасць.

— На Каўказе стаць генералам проста. Купіў сабе штаны з лампасамі ды мундур з генеральскімі пагонамі — і ўжо генерал.

Віктар Мухабой не вытрымаў вясёлага і ўсмешлівага позірку, збянтэжана адвёў свае вочы ў бок. Яму здалося, што Стах здагадваецца пра даручэнне ваенкама Юрчанкі. Яму муляў на грудзіне мініятурны магнітафон, які ён уключыў перад самымі веснічкамі. Запіс размовы мог быць вырашальным для лёсу Бахановіча, але казацкі палкоўнік гэта не вельмі ясна разумеў. Віктар Мухабой думаў, што гэта, як заўсёды, быў звычайны збор звестак пра асобу, без чаго, як ён разумеў, любое сучаснае грамадства не магло ўстойліва існаваць…

Уважліва разглядаючы палкоўніка, Стах спакойна дадаў, адразу пацэліўшы ў самае сэрца Мухабоя.

— Хочаш, Віктор, я табе падарую генеральскія штаны з лампасамі?

— Ты што? Гэта ж стаць самазванцам?

— Тады трэба ехаць туды, дзе грукоча вайна, там можна хутка стаць сапраўдным генералам?

— Каб была магчымасьць, я падумаў бы … і паехаў бы...

Бахановіч пазіраў на Мухабоя з журбой, ён усё разумеў у жыцці новаспечанага казака і зараз ягоныя адчуванні-думкі рухаліся ў накірунку, што яму рабіць з гэтым савецкім вайскоўцам-казаком, каб не сапсаваць з ім стасункі ў будучыні.

‘’…Зараз Мухабой, канечне, нейтральны чалавек, хістаецца на самай мяжы жыцця, шукае, да каго далучыцца, каму сесьці на хвост. ‘’Казакі’’ – гэта тыя самыя ‘’брыгады’’, гуртаванне ўсіх тых, хто не знайшоў сябе ў сучасных варунках, і якіх можна ў далейшым скарыстаць у патрэбны момант у якасьці масоўкі нейкай палітычнай сілай. Калі сёння Віктара Мухабоя не падтрымаць, ён стане ў шэрагі яго ворагаў і, мабыць, ворагаў суверэннай краіны. Калі працягнуць руку — ён будзе сябрам…’’

У гэты момант з хаты паклікалі да тэлефона ‘’каго-небудзь’’. Выраз ‘’каго-небудзь’’ быў знакавым словам, гэтага тэлефанавання яны чакалі сёння другую палову дня. Бахановіч кіўнуў галавой Уладзю Церашонку, каб ён прайшоў да тэлефона. Той рушыў у хату, дзе працяглы час з некім гаварыў.

Бахановіч, знешне рахманы, разглядаў Мухабоя і лагодна падтрымліваў гаворку:

— Мы, наогул, еўрапейцы! Адрозніваемся ад заходніх азіятаў тым, што ў нас ‘’штаны з лампасамі’’ не стаяць на першым месцы.

— У чым тады сэнс жыцця, Стах?

— Некалі тутэйшая бабця Марыя адказала на пытанне Лабановіча1 аб сэнсе: ‘’Жыццё само па сабе каштоўнасьць!’’

— Ты, Стах, нешта блытаеш? Абарона Айчыны на першым месцы ў сапраўднага мужчыны. Так заўсёды было, ёсьць і будзе!

Віктар Мухабой зараз адчуў сябе вайскоўцам-прафесіяналам у вачах прысутных, што ўважліва слухалі іхнюю гаворку.

— Калі, Віця, за сваю Айчыну – гэта так! А калі праліваць кроў за інтарэсы свежасьпечаных алігархаў? – Бахановіч перавёў позірк у блізкую будычыню і дадаў:

— Дарэчы, і ў нас, Віця, мабыць, могуць пачаць прызыў дабраахвотнікаў сярод афіцэраў запасу? Дабраахвотнікам зразу прысвояць чарговы чын. Ты станеш сапраўдным палкоўнікам, а потым цябе накіруюць у камандзіроўку ў зону чужых вайсковых канфліктаў. Магчымасьць атрымаць узнагароды, зарабіць грошы і нават стаць генералам…? Га? - нетаропка і неяк пераканаўча мякка ён спакушаў падпалкоўніка.

— Стах, я ваенны чалавек. Усё жыццё рыхтаваўся ваяваць. Сэнс вайскоўца – у вайне!

— Эх, Віця… Дарэчы, я чуў, што некаторыя былыя вайскоўцы пайшлі ў сьвятары?

Віктар Мухабой кіўнуў галавой, уздыхнуў і паказаў Піткевічу, каб той наліў у парожнюю чарку. Потым з маркотай зазначыў:

— А другая частка пайшла ў бізнес, зараз спрэс ездзяць на інамарках. У цябе машына якой маркі?

— Мерсэдэс, ты ж, мабыць бачыў. А некаторыя рушылі ў кадэты, казакі? У Беларусі казакі? Трызненні сівой кабылы. Га, Віктар?

— Што ты, Стах, прапануеш? І куды вы самі дзенецеся?

— Прышлі новыя часы, Віктар! Сёння ўсё вырашаюць грошы! За грошы можна стаць ‘’князем’’, ‘’генералам’’, мець высокія дзяржаўныя ўзнагароды, зрабіцца кандыдатам ці доктарам навук, стаць уплывовым пісьменнікам.

— У чым жа праблема, Стах?

— У тым, каб не ехаць па грошы ў Нямеччыну, ЗША ці Маскву, а зарабляць іх дома.

— Як?

— Трэба мець уласны дзеявод. Не працаваць на чужыя праекты: ісці святаром у царкву альбо казаком ці рабіцца уладальнікам дробнай крамы? Ну які з баявога афіцера поп? І што тыя казакі будуць рабіць у нас?

— Вам прасцей, у вас, мабыць, ёсьць грошы? Першапачатковы капітал! Вы можаце ўкласьці яго ў нейкую справу…

— Трэба не распыляць свае грошы, а зарабляць іх,— проста заўважыў Бахановіч.

— Багатымі не могуць быць усе! Рэсурсаў не хопіць... І што нам, мне рабіць? – казак-палкоўнік круціў у руцэ чарку, глядзеў па баках цвярозым і цяжкім позіркам чалавека, які страціў падмурак пад нагамі. У экстрэмальных стрэсавых варунках мужчына, выхаваны ў рускай сыстэме жыццёвых звычак, звычайна шукае выйсце ў гарэлцы. Мухабой змрочна пазіраў перад сабой і затым папрасіў Піткевіча:

— Калі ласка, налі ўсім. За наш шчыры, даверлівы савецкі народ! За Вялікую Дзяржаўную Ідэю!…Мужнасьці ў нас заўсёды хопіць. Галоўнае — атрымаць Загад! За Вярхоўнага глаўнакамандуючага! За Вялікую і Адзіную …

— Віктар, ты нібыта знаходзішся ў бітве пад Масквой ці пад Сталінградам. Разуй вочы, гэтыя лозунгі састарэлі. Сёння галоўны лозунг: жыві сам і дай жыць іншым! Сучасны загад жыцця: будзь шчаслівым і плённым!

Падпалкоўнік-пенсіянер і казацкі палкоўнік Віктар Мухабой разгублена маўчаў. Між тым Стах разважліва і з спагадай працягваў тлумачыць яму сучасныя варункі жыцця.

— У мяне ёсьць грошы, у цябе прыгожая і каханая жонка, у Церашонка ёсьць і грошы, і жонка. Але заўсёды кожнаму нечага не хапае. Нам трэба аб’яднаць нашы намаганні. Працаваць на сябе, а не быць выканаўцамі чужых маразматычных мрояў…

У гэты момант, пасля размовы па тэлефоне, вярнуўся заклапочаны, але ў надзвычай добрым настроі Уладзь Церашонак. Ён весела кіўнуў Бахановічу і адказаў:

— Усё ў парадку. Зміцер просіць цябе на два словы.

Бахановіч пайшоў да тэлефона, але ў хуткім часе вярнуўся назад таксама ў добрым настроі, з унушальным пакункам ў руках. Урачыста і валадарна ён уручыў пакунак Віктару, пры гэтым зазначыўшы:

— Хачу падарыць табе, Віктар, тое-сёе з гор Каўказа: чорнай ікоркі для мазгоў, дагестанскага каньячку, асятрыны, і парадныя неадзяваныя генеральскія штаны з чырвонымі лампасамі. Ты, Віктар, савецкі афіцер! А савецкія афіцеры ніколі не былі клоўнамі!

Нягледзячы на добры падпітак, Віктар Мухабой пачырванеў. Ён сам адчуваў, але яшчэ ясна не разумеў, што казацкая вопратка ў ХХІ стагодзі ў еўрапейскай Беларусі ператварала яго ў клоўна. Зараз шчырыя і ясна прамоўленыя словы Стаха нібы знялі цагліну з ягонага сэрца.

— Сам некалі ў юнацтве трызніў аб спартовай футбольнай форме. Ты, Віктар, яшчэ малады, і мы, дружа, шчасце павінны шукаць на сваёй жыццёвай тэрыторыі.

— Што ты, Стах? Табе самому непатрэбныя гэтыя штаны? – збянтэжана мармытаў Віктар Мухабой і не мог адарваць зачараванага позірку ад пакунка ...

— Мне генеральскія штаны па статусу не паложаны, я чалавек цывільны, а ты вайсковы, у цябе маладая і, як я чуў, прыгожая жонка. Увечары апранеш генеральскія майткі, а жанчын, сам ведаеш, штаны з лампасамі вельмі ўзбуджаюць … Дарэчы, я зьбіраюся тутака заняцца сучасным бізнесам і меў спадзяванне на цябе: дысціплінаванага, валявога, крэатыўнага афіцэра. Але ‘’казакі’’ – гэта, дружа, не наша сыстэма каардынат. Гэта, Віця, чужая імперская варожая для ліцвінаў палітыка! А сапраўдны, сярэдняй рукі бізнэсмэн, ‘’палітыкай’’ не займаецца…

Стах паспытаў з кубачка гарачай кавы і, узіраючыся ў таварыша юнацтва, каб вызначыць якое ўражанне той атрымлівае ад ягоных слоў, запытаў:

— Тысячу баксаў у месяц ‘’казакі’’ табе кладуць у кішэню?

— Што ты, што ты, Стах, якую тысячу? Толькі вопратку. Ну і яшчэ тое-сёе, маральная падтрымка, камандыроўкі па расейскіх рэгіёнах…

…Праз поўгадзіны, выпіўшы за сталом добра згатаванай кавы, у добрым настроі, расчулены і ўзрушаны Віктар Мухабой ручкаўся з Стахам і зусім цвяроза дзячыў:

— Таварыш генерал, Стах, я цябе не падвяду! Дзякуй, дружа, ты быццам шоры зняў у мяне з вачэй, – і ён хітаў галавой, нібы той конь на лузе, што адмахваецца ад аваднёў.

— Валя, падвязі, калі ласка, дадому майго сябра Віктара.

– Адзін момант, – рухавы і ветлівы Піткевіч запрасіў госця да бліскучай чорнай іншамаркі. Віктар Мухабой, моцна трымаючы рукамі пакунак з генеральскімі падарункамі, сеў у легкавік. Потым госць узрушаны высунуў галаву з вакна мерсэдэса і шчаслівым цвярозым голасам праспяваў: — Любімый горад может спать спакойна…!

 

1 Бабця Марыя і Лабановіч – героі трылогіі ‘’На ростанях’’ Якуба Коласа.

VII

У другой палове дня, пад вечар, калі сонца пачало хіліцца на захад, пасля размовы з бацькам і маці, Бахановіч выйшаў з хаты. У горадзе стаяла цішыня, толькі было чутна, як па чыгунцы ад вакзала адыйшоў грузавы цягнік і колы вагонаў грукочуць на стыках. Пах квітучага бэзу перамешваўся з свежым вясновым паветрам і крыкамі чаек на птушыным кірмашы, што чуўся з паплавоў Дняпра.

У садзе ў сінім спартовым касцюме сядзеў у альтанцы Уладзь Церашонак, убачыўшы Бахановіча, ён заклапочана запытаў яго:

— Што рабіць будзем, камандзір?

— Думаць будзем, Уладзь. Цябе нешта непакоіць?

Уладзь Церашонак сурёзна адказаў:

— Час не стаіць на месцы, нехта ў гэты самы момант дзейнічае, магчыма, небяспечна для нас.

Уладзь адчуваў нейкую несвядомую трывогу, і Стах разумеў яго, але прамовіў спакойна:

— Створым фірму і пачнём працаваць на ўласную краіну. Трэба абжываць сваю жыццёвую прастору, покуль яе не абжылі чужынцы. Зоймемся вандроўкамі. Рачныя турыстычныя вадаплавы будуць хадзіць з Баркалабава—Быхава да Гомеля і далей да Пінска, а таксама да Кіева, Запарожжа, Херсона. Уяўляеш, узяць знаёмую прыгожую жанчыну і ўлетку на белым цеплаходзе па Барысфену1, па Прыпяці, альбо да Чорнага мора. Гэта табе не чужая Турцыя і не занюханы Егіпет. Праграма ажывіць цэлыя рэгіёны краіны, створыць рабочыя месцы. А якія мясціны! ‘’Беларусія радная, Україна залатая…’’

— Ці дасць нам тутэйшае чынавенства магчымасьць разгарнуцца?

— Калі мы, Уладзь, на поўдні разгарнуліся, то тут мы таксама не прападзём. Тутэйшыя таксама любяць грошы... Будзем плаціць направа і налева… Зробім візіты ў райвыканкам, міліцыю, падатковую службу, КДБ, злётаем у Магілёў, у сталіцу. Падключым сяброў з Украйны… Навошта нам перціся ў Чэхію ці Польшу, мы і тут раскруцімся… Возьмем крэдыты. Заробленыя грошы покуль не будзем чапаць, няхай паляжаць у банках. Дзеля страхоўкі купім покуль што кватэры ў Менску.

– Так, Стах. Ты зьняў з маёй душы цяжкі камень трывогі. Дарэчы, па тэлескрынцы паведамілі, што на поўдні ідуць моцныя баі. І як гэта ты змікіціў, і так спрытна тады мы з’ехалі? Я цябе пасля і пачаў успрымаць, як сапраўднага генерала. У нас у брыгадзе былі Бадаеўскія віжы?

— Віжы, дзе іх няма? Віжы ў нас былі і Бадаеўскія, і з супрацьлеглага боку. Вунь

Руслан з Тамбова, як я мяркую, быў шпегам ФСБ. І мабыць, Віця Мухабой таксама віжуе па даручэнні свайго Згуртавання вайскоўцаў-афіцэраў, — лагодна прамовіў апошнія словы Бахановіч і засяроджана дадаў: — Добра пачаставаўшы Віктара, мы выказалі яму павагу і ператварылі яго з патэнцыйнага ворага ў шчырага свайго сябра.

Ён азірнуў наваколле уважлівым позіркам асобы, што ўпэўнена адчувае сябе ў цяперашняй таўканіне гістарычнага часу, разумее новыя законы і алгарытмы і ўмее імі карыстацца.

…Знадворку гаспадарыла такое знаёмае і чароўнае блакітнае травеньскае неба… Зеляніна свежай травы буйна прабівалася ўздоўж плоту, яблыні квітнелі бела–ружовымі кветакамі. Бліскучы ў сонечных промнях шпак на шпакоўні высвістываў свае вясновыя мелодыі...

Нічога не сведчыла аб існаванні нейкіх прыкмет небяспекі. Стах, пільна ўглядаючыся ў чароўнае асяродзе, у роздуме прадоўжыў:

— А віжы – гэта абавязковы чыннік сучаснасьці, без іх аніякая ўлада існаваць не можа. Калі ты не ўяўляеш пагрозы для ўлады і нават зьяўляешся для яе карысным, то аніякія шпегі нас моцна непакоіць не павінны.

— Валік Піткевіч мне казаў, што нібыта бачыў каля Шмалабы2 на Дорахава некага вельмі падобнага да Руслана. Ён крутануўся у завулак за ім, а той як скрозь зямлю праваліўся.

— Бачыў, кажаш? – насцярожыўся Бахановіч. – Значыць, фэсбэшнікі ўжо тут! Трэба тэрмінова прымаць меры. Дарэчы, Зміцер Цыбульскі інфармаваў зараз па тэлефоне, што заўтра ў нас прыём у прэм’ер-міністра па пытаннях перадачы нашых каўказскіх нафтавых свідравін дзяржаўнаму холдынгу... Нам трэба пратрымацца толькі гэтую ноч. Заўтра мы ўжо будзем пад дзяржаўнай аховай. Бо рана ці позна да нас могуць заявіцца расейскія госці!

— Расейскія фэсбэшнікі? На тэрыторыі суверэннай дзяржавы іхняя тэрарыстычная акцыя? Гэта ж чорт ведама што, міжнародны скандал?

— Гэта для цябе, Уладзь, тэрыторыя суверэннай дзяржавы! А для іх – тэрыторыя расейскай імперыі, часова набыўшая суверэнітэт. Яны нават ідэалагічную налепку прыдумалі: ‘’экономически несостоятельные государства’’. Што тут казаць, разбурыўшы Савецкі Саюз, ‘’москоўскае сообшчество’’ рушыла не наперад, а назад, у сярэдневечча! Яны могуць сёння ноччу захапіць нас у палон, а астатніх зьнішчыць. Потым зваляць на помсту генерала Бадаева?!...

Стах крыху засяроджана падумаў і потым рашуча зацвердзіў Церашонку.

— Абвясьці хлопцам дзейства па плану нумар ‘’3Б —Эвакуацыя’’. Неабходна трыццаць легкавікоў з Быхава і Магілёва, прыкладна ў 19.00 гадзін. Акрамя таго ….

Бахановіч звыкла аддаваў загады, ягоныя падначаленыя хутка, без мітусні, выконывалі іх, а ён у думках ужо рыхтаваўся да вызначальнай сустрэчы з выканаўчай уладай дзяржавы.

Узбагачаны за папярэдні дзень новымі ідэямі і звесткамі, Стах Бахановіч адчуваў сябе чалавекам, што знаходзіцца ў патрэбным месцы ў патрэбны час, і ператвараўся ў сучаснага прадбачлівага і чэпкага жыхара сваёй незалежнай і суверэннай краіны...

 

Верасень 2009 –кастрычнік 2010 г. Магілёў—Мінск

 

1 Барысфен – старажытная назва Дняпра.

2 Шмалаба – сталоўка-піўная на вул.Дорахава ў Быхаве ў ХХ стагодзі.

Пад зорным небам Айчыны

апавяданне

 

‘’Ад таго, наколькі розум развіты, тонкі, своеасаблівы

ці, наадварот, шараговы і ардынарны, залежыць малюнак

рэчаіснасьці ў люстерку нашай душы’’.

М.Южык ‘’Човен на Млечным Шляху’’

 

I

 

Чырвоны дыск сонца ўладарна ўздымаўся над небакраем, над вясковымі краявідамі — белай заснежанай прасторай, цёмна-шэрай пасмай шашы, што ўзбягала на ўзгорак і цягнулася да чыгуначнай станцыі — над усёй гэтай гістарычна дробнай і часовай чалавечай марнасьцю.

Ранішнюю цішыню наваколля парушалі вясёлыя галасы і смех юнакоў і дзяўчат, што ішлі шыхтам па шашы. Дзесьці ў канцы шыхта Вова Ігнацюк граў на баяне і спяваў : ‘’Ты куды мяне клічаш, паслухай? Завіруха, мяцель-завіруха…’’

Веня Давідовіч як зачарованы глядзеў на непахісны рух зоркі. ‘’Вось так некалі валадарна сонца ўздымалася над рымскімі легіёнамі Цэзара, фалангамі Аляксандра Македонскага, арміямі Банапарта, партызанскімі атрадамі і вайсковымі групоўкамі другой сусветнай вайны… І ўсё мінула, як і не было ніколі. Гэтаксама праляціць ягонае маладое жыццё: хутка, імкліва і незваротна. Жыццёвы час разыйдзецца на нейкія драбноты. Застануцца толькі ўспаміны…’’

Веня адвёў позірк ад сонца і, выдыхаючы пару ў марознае паветра, глянуў па юначы шчымліва на Ліпу.

—Ты пайшоў? Навошта? Не разумею, — зялёна-бурштынавыя вочы Ліпы Бакуніч пяшчотна глядзелі на Веню. —Чаму ты не такі, як усе? Будзь прасцейшы. Ідзі па дарозе. Яны для таго і створаны, каб па іх хадзіць.

— Разам з усімі! – адказаў Веня, каб хоць нешта сказаць. Ён трымаў руку Ліпы ў блакітнай рукавічцы, глядзеў у яе дзіўныя вочы і бянтэжыўся ад рою пачуццяў і думак. Сэнс выказаных Бакуніч слоў не кранаў ягоную свядомасьць. Побач ішлі таварышы па вандроўцы ў брызянтовых штармоўках, з заплечнікамі і звязанымі іртамі1 на плячах. Яны жартавалі, смяяліся, гаварылі аб чымсьці сваім, а праходзячы вобак, звярталі ўвагу на Веню і Ліпу, падначкі і падбухторванні ляцелі ў іх бок.

Ліпа Бакуніч – прыгожая і дасціпная, яе ведаў увесь фізіка-матэматычны факультэт, і маленькі, нічым непрыкметны, сарамлівы Веня Давідовіч, якому аднакурснікі з факультэта прыродазнаўства далі мянушку ‘’шчаўлік’’. Яны стаялі трымаючыся за рукі на вачах усяго вандроўнага гурта. Веня адчуваў сябе няёмка, бо гэта было нязвыкла: ён і яна разам.

Імгненні іх развітання імкліва меншалі. Хвост шыхта няўмольна набліжаўся да іх.

—Да пабачэння, Веня. Жадаю табе ўдачы. – Ліпа зняла рукавічку і паціснула яму руку.

Веню вельмі хацелася ўзяць гэтую маленькую пяшчотную дзявочую далонь і пацалаваць яе.

Бакуніч уважліва глядзела, запамінаючы яго аблічча. У гэтай зорнай вандроўцы ёй спадабаўся гэты шчыры і таму цікавы хлопец. У яго былі жывыя сінія вочы і выгляд далікатнага дзецюка, здольнага саромецца і чырванець. Веня быў такі эмацыянальны і чуллівы, што ўсе думкі і пачуцці адлюстроўваліся на яго твары. Ён нагадваў ёй мілае пухнатае кацяня, якое хочацца пагладзіць. Веня істотна адрозніваўся ад іншых хлопцаў — упэўненых, дасціпных і нават грубых. Хлопцы заўсёды ведалі, чаго яны хочуць у цяперашніх варунках жыцця. Веня быў спадкаемцам іншай эпохі, той, што даўно адыйшла, гераічнай і прывабнай, у якой некалі жылі ветлівыя і мужныя шляхетныя рыцары, па якіх яшчэ мроілі пяшчотныя дзявочыя душы.

— Бакуніч, а ты помніш, што мы рабілі летась пасля вяртання ў Менск з вандроўкі, калі ўбачылі тралейбус? — запытаў, падыйшоўшы ў канцы шыхта Вова Ігнацюк.

—Убачыўшы тралік, мы закрычалі ура! — засмяялася Ліпа, і падхапіўшы лыжы на плячо, пайшла побач з Ігнацюком. Вова нешта гаварыў ёй, потым павесіў за плечы баян і забраў ірты ў Ліпы. Яны адыходзілі, а Веня застаўся і цяпер глядзеў ім услед.

Імгненне назад часцінка гэтага жыцця, яно ўжо не належала яму і, гледзячы на тых, хто пайшоў, ён зайздросціў і ўжо вагаўся. Да Вені вярнуліся яго мінулыя сумненні і два супрацьлеглыя жаданні: пайсьці ці застацца? Вярнуцца ізноў да гурта! Зрабіць усяго два крокі — і шыхт ізноў прыме яго ў свае шэрагі, ён ізноў будзе з гэтай бестурботнай і вясёлай тусоўкай. Яны дойдуць да Горацкага чыгуначнага вакзала, сядуць у цягнік і паедуць у Менск. Ён ўявіў сабе гэты момант, нібы ўжо сядзеў у вагоне цягніка. Там будзе цёпла і весела, і ніякія сумненні не будуць мітрэнжыць яго душу.

Альбо паслухацца тога ледзь чутнага адчування, што клікала яго: звярнуць на прасёлкаваю дарогу, ізноў апынуцца ў гэтым снежна-белым сусвеце палёў, лясоў і вёсак?

Ягоны бацькоўскі дом знаходзіўся за добрую сотню кіламетраў ад Горак, і ён вырашыў на лыжах дабірацца дадому самастойна. Некалі Амундсен, знакаміты нарвежскі даследчык Арктыкі і Антарктыкі, у юнацтве таксама рабіў свае першыя вандроўкі на іртах па снежных плато Нарвегіі. Чаму ён, Веня Давідовіч, ня можа зрабіць тое самае? Прабегчы ад Горак да Старога Быхава нейкую сотню кіламетраў?

Ён адчуваў, што павінен зараз павярнуць і пайсьці адзін сваёю сцяжынай. У гэтым бестурботным асяродку хлопцаў і дзяўчат ён вычарпаў сябе і нічога новага сцвердзіць ня здолее. Больш адважныя, моцныя, рухавыя дамінантныя самцы затруць яго, зусім не вагаючыся пры гэтым. Яны ўжо сталі адціраць яго на ўзбочыну, яшчэ крыху — і гэтая дзяўчына з зялёна-бурштынавымі вачыма расчаруецца ў ім. Тады, калі ён бег уперадзе гурта, пракладаў лыжню, ён прыносіў карысьць, хоць неяк вызначаў сябе сярод іншых. Але гэтае працяглае свята, дасягнутая мэта пачынала непакоіць яго. Зноў яны будуць весяліцца, спяваць, жартаваць, граць на гітары і баяне — і тым самым запалоньваць прастору і час, пакінуўшы яму месца гледача. Плынь гэтага жыцця прыцягвала і не пакідала часу для самастойных роздумаў ці пошуку ўласных алгарытмаў.

Веня належаў да прыхаванага і шматлікага пласта няўпэўненых людзей. Ён штосьці ведаў, але нічога не ўмеў. Гэта няўменне і нараджала няўпэўненасьць. Веды былі чужым і таму невядомым досьведам. А свайго досьведу, пражыўшы 19 год на зямной кулі, ён ня меў. Веня ня ўмеў прыгожа танчыць і спяваць, добра граць на гітары, не ўмеў цалавацца, не ўмеў заляцацца да дзяўчат. Ён не ўмеў пры неабходнасьці пастаяць за сябе, даць па чужым твары, не ўмеў тысячы іншых патрэбных і карысных для маладога чалавека спраў. Яго мінулае не давала ніякіх падстаў моцна верыць у сябе, у свой розум, свой характар, што ў любой жыццёвай сытуацыіі ён знойдзе неабходнае рашэнне, дасягне поспеху, стане пераможцам.

Панятак ‘’пераможца’’ быў яму невядомы. Дабрыня і справядлівасьць здаваліся вышэйшымі каштоўнасцямі жыцця і выключалі магчымасьць існавання ‘’пераможцы’’, бо калі існуе ‘’пераможца’’ — гэта значыць, што ёсьць той, хто атрымаў ‘’паразу’’. Верагоднасьць існавання ‘’прайграўшага’’ было несправядліва, бо аўтаматычна дазваляла магчымасьць існавання ‘’зла’’. Веня верыў, што справядлівасьць дасягнула канчатковай і поўнай перамогі.

Усё папярэдняе жыццё яго свядомасьць назапашвала абстрактныя, ідэалагізаваныя чужыя паняткі, покуль лёс не паставіў яго на прасёлкавую дарогу, якую ён цяпер павінен быў прайсьці самастойна.

Шыхт лыжнікаў адыходзіў усё далей і далей. Асобныя постаці ўжо нельга было разгледзець, яны зліваліся ў адну цёмную пляму. Веня канчаткова застаўся адзін. Суполка лёгка адпусціла яго, і яму зараз было неяк крыўдна ад таго, што ніхто асабліва не ўгаворваў яго застацца. І гэта сведчыла, што ён нічога не значыў для іх. Маленькі, дробны чалавечак, што блытаецца перад іншымі і толькі перашкаджае мэтанакіраваным і адэкватным. Маладзёна ўзяла такая маркота, што яму хацелася плакаць. ‘’Ці мог Амундсен плакаць у адзіноце на снежным плато Нарвегіі?’’ Веня стаяў на ўзбочыне шашы і палкай ад ірт механічна дзёўб лёд на ўкатанай зімовай дарозе.

Учора ён праводзіў Ліпу пасля канцэрта і пасаромеўся пацалаваць яе на вачах закаханага ў Бакуніч настойлівага фізматаўца Анатоля Кавалевіча. Той разам з іншымі студэнтамі нахабна ішоў за імі да самай хаты, дзе ўладкаваліся на начлег Ліпа Бакуніч і Алёна Косцень. Ён пасаромеўся, а сёння ўвечары яе праводзіць Вова Ігнацюк ці Анатоль – яны, канешне, не збянтэжацца.

Як жывая, стаяла перад вачыма Бакуніч, якой яна была ў той дзіўны вечар.

 

1 Ірты – лыжы. Згодна беларуска-расейскага слоўніка д-ра Яна Станкевіча і расейска-беларускага слоўніка Вацлава Ластоўскага ад 1924 года.

II

 

Ён узняў галаву і агледзеўся. У небе вісеў бялявы дыск сонца, па цёмнай стужцы шашы імчаў самазвал з торфакрошкай, чорныя крумкачы каркалі з абсыпанай інеем бярозы. Справа ад шашы збягала слаба прыкатаная санямі і напалову засыпаная снегам прасёлкавая дарога, якая праз метраў дзвесце давала нырца пад чыгуначны мост і хавалася за насыпам. Па чыгунцы павінен быў прайсьці цягнік на Мінск з іхнім студэнцкім зорным лыжным агітгуртом.

Веня змераў позіркам адлегласьць да моста: колькі разоў трэба адпіхнуцца палкамі і зрабіць крокаў, каб прабегчы гэтую дыстанцыю?

Ён павярнуўся, каб разарваць нябачныя повязі з мінулым, зрабіцца сваім у гэтым бязлюдным, халодным, снежна-белым сусвеце. Пачыналася новая вандроўка, якая істотна адрознівалася ад мінулай. Раней Веня ішоў разам з усімі, і яны неслі з сабой свой космас, сваю гарадскую аўру. Горад разам з маладзёвай суполкай прыходзіў у заснежаныя вёскі. Яны былі вандроўнікамі, якім было мала клопату да законаў быцця, што валадарылі тут. Але цяпер ён з мінака-вандроўніка рабіўся ўдзельнікам гэтага новага для сябе жыцця, бо быў занадта слабы, каб утрымаць у сабе святочны лад гарадскога існавання.

Веня развязаў ірты і кінуў іх на снег, звыкла сагнуўся, каб замацаваць рыштунак на лыжных чаравіках. Потым ён дастаў з кішэні крокі1, якія загадзя падрыхтаваў яшчэ ў Менску ў габінеце фізычнай геаграфіі. Дробнае дзеянне, зараз яно памагала ведаць напрамак руху і дазваляла ажыцявіць намер.

Яго шлях ляжаў на паўднёвы захад. Ён павінен быў ісьці амаль на поўдзень і праходзіць кожны дзень 60 км. Гуртам яны рабілі за дзень удвая менш.

Было зімна і рукі адразу зайшліся, але ён не прыпыняўся і варушыў на бягу пальцамі, бо ведаў, што хутка сагрэецца. ‘’Рэкта- Рэкта –Рэкта’’ – прамаўляў Веня назву вёскі, моцна штурхаючы палкамі і стараючыся як мага хутчэй імчаць па дарозе, што блыталася ўдалечыні ў бела-снежнай прасторы. Ён бег, спяваючы песні і свядома хаваючыся ад слабога, але настойлівага пробліску страху перад сучаснасцю, які ўжо ўзнік глыбока ў ім. Ён бег і імкнуўся не страціць бадзёрасьць і веру, мацуючы сілы ва ўспамінах пра мінулае, усмешках і словах тых, хто быў яму такі дарагі зараз. Цяпер ён зноў спрабаваў зразумець сэнс тых сяброўскіх слоў і ўсмешак. Ён хацеў зразумець, чаму Ліпа, такая яскравая і дзівосная, з усяго суполку звярнула ўвагу на яго, маўклівага і сціплага хлопца? Былі ж сярод усіх іх самастойныя, жвавыя дзецюкі.

Веня ўспомніў, як яна пазнаёмілася з ім у першы дзень вандроўкі. Проста падыйшла на адпачынку да Вені, зірнула прыгожымі вачыма, працягнула руку:

— Ліпа. Частуйцеся цукеркамі. – І прысела побач на заплечнік.

— Дзякуй. Веня. А чаму Ліпа?

— Таму што Алімпіяда.

— Зразумеў. Дзякуй за тлумачэнне.

Ён ня ўмеў дзейнічаць так проста, зразумела, і таму прыгожа.

Цяпер ён успомніў той дзіўны і незвычайны, адзіны ў ягоным жыцці вечар. Яны ставілі канцэрт у вясковым клубе, якраз ішла сцэнка пра недарэкаў актораў-аматараў.

— А зараз перад вамі выступіць гурт сапраўды моцных прафесіяналаў-аматараў з невялікім эпізодам ‘’Наша мастацкая самадзейнасьць рыхтуецца да факультэцкіх спаборніцтваў’’, — абвесціў вядучы Вова Ігнацюк. Сцэнка ішла сваім накірункам, прайшлі момант дэкламацыі, калі Анатоль Кавалевіч з вялікім артыстызмам з дзівоснай мімікай і пантамімай чытаў самаробную вершаванку:

— З неба звесілась вяроўка і завісла ў дварэ… – Анатоль хадзіў вакол уяўляемай вяроўкі, шкроб патыліцу, здзіўлена разводзіў рукамі і прамаўляў далей: ‘’ніякога ў гэным толку, ні табе і ні міне!’’.

Вясковыя гледачы і нават студэнты з асалодай ад душы рагаталі ў зале. Рыхтаваліся да апошняга акорда ‘’Сьмяротны крыж’’. Раптам сарамлівы Міша Стасевіч, які меў у сцэнарыі самую невыразную ролю без слоў, моцна збялеў і, заікаючыся, узняў руку:

— Я гэта т-т-таварыш кіраўнік, зараз успомніў в-в-верш, прыдумаў... хачу п-пр-прачытаць…

— Куды прэш? — яго пачалі штурхаць у бакі і прыпыняць акторы па сцэнцы (што наогул не супярэчыла ідэі самога эпізода).

—Парушаеш сцэнар, — ціха шыпеў Вова Ігнацюк, ураўнаважаны высокі студэнт літмуза.

Узнікла мітусня на сцэне. Міша ламіўся, як бульдозер.

—Хачу прачытаць в-в-верш пра каханне. Сам п-п-прыдумаў, — бубніў Міхась.

—Бунт на караблі, — гырчэў Ігнацюк. Але нарэшце махнуў рукой: – Хрэн з табой, чытай.

І абвесціў у залу:

— Таварышы, наш сябар прачытае вершы, якія склаў зараз на сцэне, пэўна, ад магутнага стрэсу і перапуду. Гаворыць, што пра каханне. У нас шмат прыгожых дзяўчат, мабыць, трапіў у сеціва Амура і моцна закахаўся.

Ігнацюк прамовіў апошнія словы і трагічна звесіў галаву, у скрусе развёў рукі. І ціхенька прамовіў Міхасю:

— Ідзі кажы свае вершы, ду-бі-на!

Вясковыя жыхары ізноў узбуджана заёрзалі на стуліках. Зацікаўлена пазіралі на сцэну і студэнты-вандроўнікі, што знаходзіліся ў зале.

Міхась выйшаў з гурта, што рыхтаваўся да ‘’Смяротнага крыжа’’. Збляднелы, рукі дрыжаць. Усе зацікаўлена маўчалі.

—Верш пра к-к-каханне, — прамовіў Міхась няцвёрдым голасам.

—Люблю …— рахмана і выразна пачаў студэнт. Усе прыціхлі. Міхасю вельмі падабалася Алёна Косцень, і ўсе гэта ведалі. Няўжо Стасевіч зараз прамовіць са сцэны, што любіць Алёну? Веня зірнуў у залу і ўбачыў напружаны прыгожы твар Косцень і зацікаўленых гледачоў.

—…сядзець і с-с-смачна снедаць! Люблю з-за-задумліва глядзець. У думках хуткіх л-лю-люблю мроіць! Люблю і за сталом сядзець. Сядзець л- люблю я ў рэстаране. Сядзець з в-вудою ў ракі! Сядзець на полцы ў цёплай бане. Сядзець падпёршы кулакі! Работа патрабуе руху, і шмат дзе трэба працаваць. Іспыты якасна здаваць. Між тым жыццё бяжыць імкліва! І кожны дзень адны дзела. І разыхожусь я з той марай, што меў я ў сабе здаўна... Цяпер вучусь сядзець за партай. Каб спрытным быць, вучуся добра працаваць! І іншы раз люблю з сяброўкай на рынку бульбай гандляваць.

Міхась чытаў верш з пачуццём, з гумарам, лагодна расцягваючы і акцэнтуючы кожнае слова, і на заканчэнне абвесціў:

— Верш Вовы Ігнацюка: ‘’Я люблю’’.

Уся зала гледачоў павалілася на стуліках ад рогату. Смяяліся доўга. Воплескі скаланалі сцены вясковага клуба. І гучней усіх смяялася Ліпа. Яна так смяялася, што ўсе, ужо адсьмяяўшыся, пачалі воплескамі выклікаць Міхася на ‘’біс’’ – так, што яму прыйшлося чытаць верш двойчы. Пасля свайго выступу Стасевіч зрабіўся знакамітым, увайшоў у эліту атрада, а потым, колькі ні чытаў верш на канцэртах, выклікаў шмат смеху сярод студэнтаў, што для недасведчаных было іншы раз незразумелым.

Веню ў той вечар ўразіла Ліпа. Яшчэ паўгадзіны назад, да канцэрта, Ліпа Бакуніч – стрыманая і валадарная, узрушана распавядала з трыбуны жыхарам вёскі аб візіце на Кубу ў складзе дэлегацыіі ВЛКСМ, аб праблемах міру і сацыялізму, аб злавесных змовах імперыялізму. Яскравая, разумная і афіцыйная, яна нагадвала яму маладую марксістку часоў рэвалюцыі, толькі ў новай сучаснай якасьці. А зараз смяялася пяшчотная, жывая дзяўчына, прывабная і натуральная ў сваёй шчырасьці.

Як заўсёды, пасля канцэрта былі танцы. Веня ня ўмеў прыгожа танчыць. А Ліпа запрашала ўсіх і танчыла з усімі. Запрасіла на вальс пажылога старшыню сельсавета. Той, мажны мужчына, нечакана для прысутных паказаў сябе спрытным танцорам. Лёгка і прыгожа пайшоў з Ліпай па кругу, чым выклікаў гонар мясцовых жыхароў. Потым яна танчыла з камандзірам гурта, выкладчыкам фізвыхавання Сцяпанам Акімавічам, той таксама не падвёў.

Мясцовыя бітламаны-валасацікі, потныя і нячэсаныя, занепакоіліся і пачалі з пярэдніх шэрагоў прасоўвацца да выхаду. Бакуніч паспела перахапіць аднаго з іх і пачала адбіваць перад ім чачотку, але той замахаў рукамі і пад рогат прысутных даў нырца ў натоўп да дзвярэй. Валасацікі-бітламаны, здавалася, атрымалі канчатковую паразу, але ў гэты момант з натоўпу выйшаў хіповы хлопец у чорным кажушку і з цыгарэтай у зубах. Пад бадзёрыя воклічы сваіх сяброў:

— Пакажы, Мікола, як мы можам!

Ён аддаў недапалак і кажушок бліжэйшаму з ватагі і пачаў драбацець нагамі ў падлогу і раскідваць рукі ў бокі. Бакуніч лебедзем плыла вакол хлопца. Той танчыў не надта, але штосьці смелае, мужчынскае праступала ў яго танцы, падобнае на сялянскую ўпартасьць яго дзядоў. Ён вымушаў паважаць яго танец. У рашучыя імгненні Мікола кідаўся ўпрысядкі, а потым пад воплескі сяброў і вяскоўцаў схапіў Ліпу і спрытна прытуліў да сябе, крутнуў з ёй польку і скончыў танец.

Задаволеныя мясцовыя маладзёны ганарліва паглядалі па баках і ціснулі Міколаву руку. Гонар мясцовай моладзі быў выратаваны. Веня ў гэтыя імгненні таемна, у глыбіні душы, зайздросціў Міколе, яго рашучасьці: той здолеў паказаць свой мужчынскі характар, пераламаў сваю вясковую сціпласьць.

Потым яна запрасіла яго, Веню, ёй не перашкаджала ягоная сарамлівасьць. Яны павольна і няўлоўна ляцелі ў прасторы сярод зорак, поўні, сяброў-таварышаў. Гэта было як чароўны сон, як летуценне… але гэта было. Ён не адчуваў зямнога прыцяжэння, усё стала безважкім, час знік. Яны былі ўдваіх: Ён і Яна, і больш нікога… А потым нечакана танец скончыўся…

— Скончыўся вельмі хутка, — прашаптаў Веня і ачуняў: ён хвіліну глядзеў перад сабой, не пазнаючы рэчаіснасьці.

 

1 крокі – схема напрамку руху з назвамі насельных пунктаў.

III

 

Перад ім ляжала дарога, прыбітая санямі і напалову занесеная сьнегам. Непадалёку тырчэў слуп з шыльдай ‘’Рэкта’’. Моцны мароз чапляў за вушы і шчокі. Ішоў рэдкі сьнег. Нізкае зімовае сонца вісела над небакраем. Мірыяды сняжынак павольна плылі да зямлі.

Веня штурхнуўся лыжнымі палкамі і пакаціў далей. Трэба было бегчы як мага хутчэй, каб паменшыць адлегласьць, што ляжала зараз між ім і тым чароўным маладым жыццём, пра якое ён так не хацеў забыцца.

Паступова рэчаіснасьць пачала выцясьняць памяць аб нядаўнім мінулым. Трэба было пытаць дарогу, адзначаную ў кроках. Ён прамчаў праз доўгую вясковую вуліцу з цемнымі хатамі сярод белых снягоў. Гэта была доўгачаканая Рэкта.

Марудна і прагна ён піў маленькімі глыткамі з вядра ледзяную ваду, узятую з студні. Ужо ў самым канцы вёскі сустрэчны сталы вясковец паказаў дарогу на Ратмілле. Шлях, пракладзены на кроках, быў скіраваны на паўднёвы захад. Але дарогі, якімі ён карыстаўся зараз, часам ішлі на поўдзень ці на захад. Веня бег і па прысыпаных сьнегам дарогах, дзе праехала некалькі саней, і на прыкатаных машынамі да стану лёду. Ён ішоў і цаліком, напрасткі, па глыбокім снезе, і гэта былі самыя марудныя і самыя небяспечныя дарогі. Небяспека была ў страце накірунку, можна было лёгка заблудзіцца ў гэтым сьнежнабелым сусвеце. На кроках былі абазначаны толькі напрамак руху, паміж адзначанымі вёскамі была вялікая адлегласьць, так што рэдкія сустрэчныя не заўсёды ведалі накірунак да наступнай вёскі. Зрэдку яму сустракаліся на дарозе грузавікі альбо трактары з прычэпамі, якія ішлі насустрач ці абганялі яго. Ён бачыў фермы, рэдкіх людзей у вёсках. І ўсе гэтыя людзі, так яму здавалася зараз, займаліся нязначнымі справамі: ехалі на трактары ці машыне, ішлі па вёсцы, завіхаліся на фермах.

Гэтае жыццё было чужым для Вені. Ён не хацеў жыць сярод аднастайнага, бязлюднага, нерухомага і сумнага свету. Ужо палову дня ён хаваўся ад самоты ў мінулым. Але ён нічога не мог змяніць у мінулым, ніводнага слова, ніводнага дзеяння. Ён стаміўся ад асабістага няўмення, сваіх бязглуздзіц, слабасцяў у гэтым блізкім мінулым. І вось цяпер перад ім ляжала прасёлкавая дарога і ён бег па ёй, маленькі, неўпэўнены юнак.

У сярэдзіне дня ён прыпыніўся каля сцірты саломы недалёка ад дарогі, каб папалуднаваць. Зняў ірты, паставіў іх стойма і скінуў заплечнік у разварочаную залацістую салому. Выняў кавалак хлеба з мёрзлай кракаўскай кілбасой. Ён жаваў цвёрдую, як камень каўбасу, мёрзлы хлеб і глядзеў перад сабой на лыжы, на кінуты заплечнік. Сняжынкі павольна сыпаліся на салому. Ён нічога не думаў. Нядаўняе мінулае здавалася даўным-даўно пражытым жыццём.

З’едзеная каўбаса і хлеб вярнулі яму нейкую раўнавагу душы і аптымізму. Трэба было ўставаць з гэтай саломы і імчаць далей. Але ўставаць не хацелася. Ён заплюшчыў вочы і ў думках перанёсся дадому. Цёпла, утульна, смачная ежа, згатаваная матуляй, тэлевізар, кіно, кнігі. Праз некалькі дзён — вяртанне ў інстытут, дзе было яшчэ лепш, чым дома… Ён расплюшчыў вочы і, як у казцы, уяўны свет змяніўся сусветам рэальным. ‘’Не, каб прыйсці туды, у жыццё камфорту і дабрабыту, трэба рухацца як мага хутчэй’’, — прамармытаў Веня і рашуча ўзняўся, закінуў на спіну заплечнік. Пасля сняданку яго кінула ў дрыжыкі. Ён замацаваў ірты, выйшаў на дарогу і ўбачыў ззаду сябе сані, а ў іх няголенага, у кажусе, мужчыну, і запытаўся ў яго:

— Скажыце, калі ласка, як праехаць на Навасёлкі?

—Тпру, — мужчына быў дзедам, ён нацягнуў лейцы, прыпыніў каня і павярнуўся да Вені, дапытліва разглядаючы, перапытаў: —Чаго?

—Як праехаць на Навасёлкі, не падкажаце? — чырванеючы тварам, так яму здалося, перапытаў Веня.

—А-а-а, — узрадавана працягнуў дзед, — сядай, мілок, падвязу. Я якраз у Навасёлкі еду.

Веня імгненне вагаўся, бо хацеў прайсьці ўсе 120 кіламетраў шляху самастойна. Але радасьць зносін з жывым чалавекам была мацней. Ён зняў лыжы і заваліўся ў сані побач з дзедам.

—А далёка да Навасёлак?

—Ды не, кіламетры паўтара. А ты адкуль ідзеш? – з цікавасцю запытаў дзед.

Веня адказаў.

—Далёка. Кілометраў трыццаць адолеў, — з павагай зазначыў дзед. – А куды ідзеш? А чаго не на арбоне? Грошай не хапае, ці што?

—Ды не. Студэнт я. Пасля вандроўкі хачу дадому на лыжах прайсьці, —адказаў Веня.

—А-а, студэнт, — з разуменнем прамовіў дзед. – Гэта вас, студэнтаў, прымушаюць ці па сваёй ахвоце?

Дзед пытаўся і, не чакаючы адказу Вені, гаварыў сам, радуючыся свежаму чалавеку, які будзе яго ўважліва слухаць.

—Маладым быць добра! Я сам помню, некалі быў малады. Эх, і жыгун быў! А ўлюбчывы, проста як порах. Помню цэлы дзень робіш, косіш, а ўвечары да дзевак у Ратмілле за восем кілометраў на гулянку імчыш.

Яны ехалі ў санях, гняды конь пафыркваў, пускаў у бакі з ноздраў два слупы пары і нетаропка бег па прыбітай машынамі дарозе. Дзед захутаўся ў кажух, адной рукой трымаў лейцы, паліў цыгарку і распавядаў пра гісторыю свайго жыцця. Часам сані завальваліся ў каляіну на бок і яны ехалі так нізка, што Веня чуць не выкідываўся з саняў і вымушаны быў трымацца за настылыя на марозе драбіны. Нарэшце ўперадзе паказалася вёска, і Веня, страшна замерзшы, выскачыў з саняў, не даслухаўшы гісторыю жыцця. Ён падзякаваў дзеду, які сцебануў каня па сцягну пугай і паехаў налева праз вёску да фермы. Веня звярнуў праваруч — на новую дарогу да наступнай вёскі.

Сустрэча з дзедам абагрэла яго ўражлівую душу, якая ўжо стамілася ад самоты. Веня не разумеў духоўнага складу вясковага жыхара, але звярнуў увагу на яго прыстасаванасьць да бязлюднага сьнежна-белага асяродзя, дзе гэты бывалы чалавек адчуваў сябе ёмка і ўпэўнена. Дзед быў просты, амаль прымітыўны, як гэта неба, зацягнутае хмарамі, бязлюдная вёска, рып сьнегу пад нагамі, гаўканне сабак і мычанне кароў.

Нейкае незвычайнае ўражанне адклалася ў Веневай душы, і вёска, людзі, бясконцая зімовая дарога і ўвесь гэты вясковы побыт зрабіліся яму бліжэй і нават радней, чым былі яшчэ некалькі гадзін назад.

 

IV

 

Пачало цямнець, калі ён нарэшце выйшаў на апошняю дарогу дня. Дзесьці праз чатыры-пяць кіламетраў, казалі жанчыны, што ішлі на ферму, будзе вёска Сяліба, дзе Веня планаваў прыпынак. Ён хацеў дабрацца менавіта да гэтай вёскі, у якой ён запланаваў яшчэ ў Менску прыпынак на ноч. Калі ён не дойдзе да Сялібы сёння, тады яму прыйдзецца ісці дадому яшчэ два дні. Гэтая думка зараз выклікала ў яго жах.

Раптам Веня заўважыў, што стала зусім цёмна. Навокал не было бачна ніводнага агеньчыка, які сведчыў аб чалавечым жытле. Дарога, прыбітая санямі, цягнулася кудысьці ў цемру. Аднекуль збоку дзьмуў халодны пранізлівы вецер. Ён бег і бег па дарозе, бо дзесьці наперадзе павінна быць вёска. Але яе ўсё не было. І ён стаў адчуваць, як унутры яго нараджаецца страх, які пераходзіць у адчай. Страх, якога ён ніколі не ведаў, і нельга было спыніцца, легчы і перачакаць гэты няўтульны, змрочны час. Упершыню ён сам павінен быў рухацца ў жыцці, каб некуды прыйсьці. Там, дома ці ў інстытуце, усё было ясна і зразумела. Калі надвор’е рабілася снежаньскім, няўтульным, змрочным і ціснула на псіхіку, можна было перачакаць яго, лежачы на ложку альбо пайсці ў кіно ці выпіць піва. І тады сам час, бегучы наперад, забіраў з сабой яго ў больш гасціннае і вясёлае жыццё. Зараз усё зрабілася іншым: холад, змрок, самота, невядомасьць – усё гэта разам ўтварала ў Вені пачуццё сваёй неабароненасьці. Трэба было нешта рабіць, яму здавалася, што ён прабег па дарозе гэтыя пяць кіламетраў, што там, у гэтай цемры, сярод палёў і хаваецца маленькая вёсачка з людзьмі і чалавечым жытлом, без якога ён цяпер проста не мог існаваць.

Ён звярнуў з дарогі і, правальваючыся іртамі ў сумётах снегу, доўга ішоў полем, покуль не ўзбіўся на нізіну, дзе-нідзе зарослую хмызняком і з цёмным стажком сена. Ён нейкі час адпачываў, прытуліўшыся да стажка спіной, затым зняў лыжы і скінуў на снег заплечнік. Зацята наскуб бярэма сена і кінуў яго на снег, сеў і абпёрся спіной аб стажок. У двух кроках цяпер нічога не было бачна. Вецер ціха завываў, кідаючы ў твар калючы снег.

У кніжках Веня шмат разоў чытаў аб праявах мужнасьці, як патрэбна трымаць сябе ў гэткім становішчы. Магчыма, будучы на Поўначы, ён адчуваў бы сябе героем і здолеў бы змагацца, але тут, у цэнтры Еўропы, ён канчаткова знямог духам. Яму здавалася, што час прыпыніўся і зрабіўся вечнасцю. Адно імгненне перацякала ў наступнае і нічога не адбывалася. Сусвет не змяняўся, заставаўся, як і раней, чужым, незразумелым, халодным і варожым. Яго абкружала цемра, вецер, снег, бязлюдныя заснежаныя прасторы з чэзлым хмызняком.

Веня добра ведаў, што недзе там, вельмі далёка ад гэтага месца, пра якое забыўся Бог, павінны быць вялікія залітыя электрычным святлом гарады, такія самыя, у якім жыў ён. Ён разумеў гэта, але гаспадаром тут цяпер была Цемра. Яна ўладарыла сярод гэтых заснежаных прастораў. Яна дыктавала яму сваю волю.

Тыя маленькія сумненні, скруха, туга, якія жылі ў ім, зараз, пры панаванні Цемры імгненна выраслі ў гмахі адчаю. Цемра праглынула Веневу душу. Ніякага чалавецтва не існавала! Не было вялікіх гарадоў, залітых электрычным святлом, дзяўчыны з бурштынавымі вачыма, тралейбусаў, якія рабілі жыццё простым, тэлевізараў, футбола, піва, касмічных караблёў, – нічога гэтага не было! Змрок быў сапраўдным гаспадаром зямной кулі. І гэты Сусвет існаваў заўсёды! Тысячу год назад! І сто мільёнаў год назад! Чалавечае жыццё не мела сэнсу.

Веня дайшоў да апошняй прыступкі адчаю. Ніжэй было дно. Дно, у якім можна было выкапаць магілу. Дно..дно..цвёрдае дно, ад якога можна было адштурхнуцца. Ён паспрабаваў сабраць думкі ў ланцужок і некалькі доўгіх імгненняў напружана прыслухоўваўся да наваколля. Веня не адчуў варожасці навакольнага асяродзя, якое не ставіла мэту загубіць яго. Змрок прыйшоў і выконваў свой абавязак, а паміраць або жыць далей было асабістай справай чалавека. Веня ўзняўся і стаў хутка хадзіць каля стажка.

‘’Трэба аказаць супраціў’’, — прыйшлі яму ў галаву чутыя некалі словы. Ён сеў, затым узняўся і зноў пачаў хадзіць, грузнучы ў гурбах снегу, і думаць, думаць, думаць.. Мэта была не ў тым, каб нешта пераадолець у сабе і зламаць, а ў тым, каб стварыць тое, чаго ў ім не было. Ён, які заўсёды шукаў падтрымкі ў іншых, зараз павінен быў збудаваць гэты падмурак унутры самога сябе. Веня адчуваў, што нейкім чынам усё, што адбываецца з ім цяпер, звязана з Ліпай. Калі ён не зразумее нешта галоўнае, ён страціць Ліпу назаўсёды. Важна было ня толькі не загінуць, але і зразумець нейкую важкую ісціну, якая вырашыць усе паўсталыя перад ім цяжкасьці.

‘’Змрок прыходзіў і існаваў. Ён уздзейнічаў. Быў сілай, якая існавала заўсёды. Цемра валадарыла над тымі, хто сам не быў сілай, і таму не мог процідзейнічаць! Калі не весьці барацьбу з цемрай, тугой, роспаччу і ўрэшце памерці ля гэтага стажка з сенам – значыць, скарыцца перад Цемрай. Але чалавек – гэта сіла розуму, і параза гэтай сілы і ёсьць несправядлівасьць з пункту гледжання чалавецтва. Ягонае ‘’Я’’ – не проста маленькі камячок свядомай пратаплазмы, эгаізму, себялюбства, але вынік дзеяння ўсяго чалавецтва, што на працягу доўгіх тысячагодзяў вяло барацьбу з Цемрай!

Загінуць зараз – значыць здрадзіць чалавецтву, праявіць несправядлівасьць да чалавецтва як касмічнай сілы! Урэшце ў дачыненні да чалавечай цывілізацыі кожны індывід павінен проста выконваць свой абавязак.’’

‘’А Ліпа?’’ Ён пытаўся і нехта мудры і празорлівы адказваў на гэтыя вечныя пытанні быцця.

‘’Усе роўныя. І Ліпа, і Вова Ігнацюк, і Анатоль Кавалевіч, і Веня. А калі роўныя, значыць, маем роўныя правы.’’ Гэтая думка яснай і простай формулай бліснула ў свядомасьці.

Веня замацаваў ірты на чаравіках, абтрос ад снегу і закінуў заплечнік на спіну і нетаропка пайшоў назад па пракладзеным следу да дарогі. Ён ішоў павольна, асэнсоўваючы знойдзеныя ісціны, што адкрыліся перад ім. Ён адчуваў сябе незвычайна моцным адтаго, што быў з’яднаны з усім чалавецтвам. І таму ён ужо нічога не баяўся.

Вецер, разагнаўшы хмары, сціх. У марознай цішыні чуўся толькі рып чаравікаў і шоргат лыж па снезе. Сярод ночы ўверсе ва ўсёй прыгажосьці ўладарна панаваў цудоўны галактычны кілім Млечнага Шляху. Незвычайна буйныя зоркі склаліся ў дзівосна прыгожыя сузор’і, і ўвесь гэты казачны Сусвет нібы салютаваў Веню…

Ён прыпыніўся і з удзячнасьцю доўга глядзеў на маўклівую бязмежнасьць Галактыкі. Ён думаў, які нязначны яго шлях у прасторы… Паляцець бы туды, да зорак…

Змерзнуўшы, ён рушыў далей, да дарогі, пракладзенай людзьмі, узрушана пазіраючы час ад часу на чароўнае зорнае неба. Цяпер Веня ўжо нікуды не спяшаўся.

 

V

 

Перажыўшы свае пакуты і трывогі ў марознай начы сярод пустэчы зімніх раўнін, а потым дасягнуўшы амаль катарсіса, Веня ўжо дома старана асэнсоўваў свае пачуцці і думкі і занатоўваў іх у свой дзённік. Ён нечакана зразумеў, што некалькі дзён адзіноты сярод зімніх прастораў значылі для яго амаль тое самае, што для Амундсена вандроўка на Паўднёвы Полюс. І ў тым і ў другім выпадку яны наблізіліся да мяжы жыцця-смерці. Значыць, можна набыць так патрэбны яму жыццёвы досвед за вельмі кароткі час, толькі трэба канцэнтраваць свае пачуцці і намаганні на вузкім месцы сваёй жыццядзейнасьці.

Чатыры дні да заканчэння вакацый Веня наведваў Быхаўскі дом культуры, паблізу якога знаходзілася хата ягонага бацькі. У суботу і нядзелю на маладзёвых тусоўках, пераадольваючы і ламаючы свай страх і няўпэўненасьць, ён танчыў з самага пачатку да самага канца танцаў, выбіраючы самых прыгожых і густоўных дзяўчат. Акрамя таго, усе гэтыя дні ён наведваў аматарскія гурткі, якія працавалі ў ДК: драматычны, сучасных танцаў, класічных і нават спеваў…

Аднойчы, седзячы ў зале, ён пачуў, як Макрацоў, рэжысёр аматарскага драматычнага тэатра, падчас рэпетыцыі загрымеў на акторку, якая засцілала абрусам святочны стол:

— Не веру! Так гаспадыні не засцілаюць стол. У цябе, Тоня, атрымліваецца, як у дзяўчыны, якая робіць гэта ўпершыню. Твае рэфлексы і маторныя рэакцыі не напрацаваныя, ты робіш гэта не ўмеючы, баючыся. А па сцэнару твая гераіня вельмі кемлівая, спрытная, прыстасаваная да жыцця дзяўчына. Яна ўсё робіць умеючы.

Звяртаючыся да актораў, Макрацоў далей зазначыў, а Веня сутаргава, у спешцы, занатоўваў на паперыну ўсё, прамоўленае рэжысёрам:

— Актор, Тоня, дарэчы, як і чалавек, павінен умець рабіць усё. І рукамі рабіць, і казаць. Тады актор можа здзейсьніць любую ролю: і дырэктара, і пралетара, і прамоўцу на мітынгу ці на дні нараджэння. Добры актор можа нават у жыцці спраўдзіць ролю кіраўніка дзяржавы. Вось гэта прафесіянал! Трэба кідацца на ўсялякую работу – гэта найлепшы мацунак для актора, праца рук праграмуе мозг, робіць яго адэкватным для жыцця і для сцэны. Дзеля дасканаласьці, Тоня, засцілай абрус кожны дзень сто разоў. І на наступнай рэпетыцыі ты будзеш рабіць гэта як прафесіянал...

Для Вені гэта быў адказ на ўсе ягоныя жыццёвыя пытанні. Усе астатнія дні ён удумліва выконваў усю хатняю працу з самага ранку да позняга вечара, так што маці неяк пахваліла яго перад бацькам.

Па заканчэнні вакацый Веня вярнуўся на вучобу, ужо істотна перамяніўшы накірунак свайго самаразвіцця. Ён заўважыў таксама, што шматлікая дробная хатняя праца рэзка зніжала ягоную сарамлівасьць і павялічвала ягоную жыцейскую кемлівасьць і прыстасаванасьць.

Праз тыдзень, сустрэўшы Веню ў доўгіх калідорах педінстытута, цёмнавокая Алёна Косцень з вясёлай усмешкай сказала яму, што іхні вандроўны гурт збіраецца адсветкаваць у бліжэйшую суботу вечарыну ў рэстаране ‘’Спадарожнік’’.

— Там будзе і Ліпа, – шматзначна дадала Алёна і зірнула на яго з папрокам. Веня зразумеў яе і неяк лёгка, без хвалявання, адказаў:

— Я вельмі рады, але за Бакуніч заўсёды хвост з 5-7 кавалераў—аднакурснікаў.

— А ты, Веня, не будзь уломкам, – умяшаўся ў размову Міша Стасевіч, што быў разам з Алёнай. – Думаеш, мне лёгка было прабіцца ў артысты? Сам сябе згвалтаваў, покуль вылез з тым вершам на сцэну. Нібы ў наступ памчаў на варожы дзот. Нават хіміятэрапіяй займаўся, таблеткі валяр’янкі глытаў.

Алёна засьмяялася і зазначыла на развітанне:

— Вось так, вучыся ў Мішы. Збор у рэстаране ў 19 гадзін. І з цябе тост, ты герой-вандроўнік, то будзь гатоў.

У суботу Веня старанна рыхтаваўся да вечарыны, скрупулёзна асэнсоўваў дзеявод паводзін. Пяцікурснік Зміцер Кулеш, што жыў разам у пакоі гуртажытка, стрыманы, засяроджаны студэнт, даведаўшыся пра вечарыну і назіраючы, як Веня рыхтуецца, прамовіў:

— У першы свой выхад у свет, Веня, важна звярнуць на сябе ўвагу. Засьведчыць, што ты існуеш у рэчаіснасьці!

Ён азірнуў маладзёна дасведчаным вокам і дадаў:

— Вазьмі маю сіняю безрукаўку. Так. Добра. Белая кашуля, цёмнасіняя безрукаўка. Чорныя штаны і чорныя бліскучыя чаравікі. Выдатна выглядаеш, як малады Ясенін ці Янка Купала.

— Можа, гальштук пачапіць? — прапанаваў Вова Ігнацюк, што зайшоў да іх пазычыць прас.

Зьміцер рашуча запярэчыў:

— Ні ў якім разе, тады разбурым паэтычны вобраз і зробім з яго маладога камсамольскага бюракрата. Так, давай зараз паглядзім верхняю вопратку. Твая шапка-аблавушка, Веня, нікуды не годная. Возьмеш мой скураны зімовы брыль і мой белы пухнаты шалік. Тваё чорнае паліто? Не самы лепшы варыянт, даволі сціпла, але з густам.

Прамовіўшы апошнія словы, ён разглядаў Веню, што стаяў пасярод пакоя ў чорным паліто, у белым файным шаліку, некалі падараваным Зьміцеру каханкай. У чорным скураным брылі, стрункі, прыгожы, Веня сапраўды выглядаў як выбітны і таленавіты малады паэт. Зьміцер зірнуў на гадзіннік на сваёй руцэ і працягваў:

— Цяпер падумай, Веня, што ты хочаш мець ад вечарыны? Запомні назаўсёды: ты шляхецкага паходжання, як і я, але выхаванне мы атрымалі рабоча-сялянскае. Таму рэфлексы ў нас сялянскія, як разняволімся выпіўшы, то душа нараспашку, абдымацца, цалавацца, а іншы раз і наесьціся да свінячага віску, а потым бывае і па фэйсу адзін аднаму. А мужчыне, каб спраўдзіць сябе, заўсёды — запомні гэта — трэба трымаць адлегласьць ад смердаў! Ніякага панібрацтва!

Веня засяроджана слухаў і матаў, як кажуць, на вус. Ён ужо зразумеў, што не часта выбітныя людзі, якія самі па сабе рэдкасьць, даюць каштоўныя парады.

Зміцер між тым працягваў сваю павучальную гаворку:

— Можаш выпіць, Веня, два глыткі шампані. І ўсё! За ўвесь вечар! І трымай адлегласьць. Танчы, слухай іншых, падхвальвай, здзіўляйся. Усё натуральна, шчыра. Выберы дзяўчыну, што лягла табе на сэрца, і ведай, што гэта і ёсьць мэта тваёй сённяшняй вечарыны. Паказаць сябе і знайсьці сяброўку, можа нават, калі моцна пашэнціць, знайсьці сваю палавіну. На трэцім курсе ўжо трэба напоўніцу шукаць адзіную і непаўторную.

Зьміцер яшчэ раз азірнуў Веню з ног да галавы і зусім не саромячыся, як аб нечым штодзёным і звычайным, запытаўся:

— Так, душ прыняў? Добра. А шкарпэткі, трусы? Усё павінна быць самым свежым, фірмовым, элегантным, адпрасаваным, каб можна было пры неабходнасьці не камплексуючы распрануцца перад самай густоўнай жанчынай.

І нібы забіваючы тоўсты цвік у дылёўку, настойліва зацвердзіў:

– Той, хто будзе цябе спакушаць выпіць – ёсьць твой першы таемны вораг, іншы раз дамінантны самец! Помні, шляхетны юнак з небяспечнымі і дамінантнымі трымае адлегласьць…

— Зьміцер, чалавек чалавеку сябар, таварыш і брат? – Запярэчыў Вова Ігнацюк, які сам з цікавасьцю слухаў Зьміцера, пра якога хадзіла процьма інстытуцкіх мітаў і які быў прыкладам для шмат каго з маладых студэнтаў.

– Вова, гэта жыццё — такое, якое яно ёсьць на самай справе. Для маладога чалавека прыгажуня — альфа і амега ягонага жыцця. А ў стасунках паміж маладым мужчынам і маладою жанчынай няма дробязяў. Ты што, не помніш, як Косця Якушык спіўся ва ўсіх на вачах? І ніхто яму не падказаў, ніхто не параіў своечасова. Першая няўдача з жанчынай – гэта як нажом па сэрцы, мала хто выжывае пасля такіх душэўных трагедый. А Барыс Залатніцкі – малады волат, пайшоў па старых зацёртых бабах, згубіў ідэалы, затым безнадзейна згарэў ад гарэлкі.

— Веня паклаў вока на стылёвую дзяўчыну. На самую Ліпу Бакуніч! – Не ўцярпеў абвесьціць навіну Ігнацюк.

Веня незадаволена паглядзеў на таварыша па вандроўцы. Ён не любіў, калі ягоныя таемныя памкненні рабіліся вядомымі ўсім.

— Хто, Бакуніч? Малайчына, Веня. Любіць, то прынцэсу! Цудоўная дзяўчына, я б зразу жаніўся, нават на трэцім курсе. А потым усе сілы паклаў на яе і на вучобу. Хэ, колькі б лішніх клопатаў адпала. Жыві і радуйся, не псуй час на драбноту, не марнуй дарэмна маладыя сілы. — У апошніх словах Зміцера гучала маркота аб страчаных і не зусім плённа пражытых студэнцкіх гадах.

— Бацькі былі б супраць? – Задумліва запярэчыў Ігнацюк, ён прысеў на стулік і закідваў пытанні Зміцеру, з якім ніколі дагэтуль сурёзна не размаўляў, але ведаў, што гэта адзін з самых здольных і моцных студэнтаў інстытута.

— Бацькі? Запомні, Вова, у бацькоў свая прагматычная зацікаўленасьць. Яны хочуць як мага менш мець клопату з сваімі дзецьмі. Даць адукацыю, уладкаваць на працу, выпіхнуць замуж ці жаніць. Усё астатняе яны разглядаюць як непрагматычны падыход да жыцця. Любоў іх ужо не хвалюе, ды большасьць ці забылася пра каханне, ці ніколі яго не ведала.

Вось так пад самы вечар у суботу пяцікурснік Зміцер Кулеш рыхтаваў Веню да вечарыны, але хутка скончыў сваю казань, дадаўшы на развітанне.

— Жадаю, Веня, удачы. Май сваю галаву на плячах. Бо аб усім не раскажаш і ўсяму не навучыш. І яшчэ, ліслівасьць - гэта той ключык, якім адмыкаюць рот нават самых разумных і моцных. Будзь пільны і сцеражыся лісліўцаў.

І Зміцер павярнуўся да сваіх канспектаў і кніжак. Ён рыхтаваў дыпломную працу і хацеў паступіць у аспірантуру.

 

VI

 

На вечарыну ўсе вандроўнікі гурта прыйшлі прыгожа апранутыя, з густоўнымі прычоскамі і пахам прыемнай парфумы. Яны не адразу пазнавалі адзін аднаго, зараз такіх незнаёма прыгожых і ўсхваляваных.

У цёмнасіняй сукенцы, з цёмнакаштанавымі валасамі у форме карэ, што атачалі жывы твар, Бакуніч выглядала шыкоўна. Яе разумныя, з вільготным цёплым бляскам, цёмнабурштынавыя вочы весела пазіралі на таварышаў па вандроўцы.

Веня быў апрануты ў белую кашулю, цёмнасіні безрукаўнік і чорныя адпрасаваныя штаны, і выглядаў надзвычай густоўна. Гэта было аблічча паэта, які сам яшчэ не разумеў сваёй маладой сілы. Нешта новае за прамінулыя два тыдні з’явілася ў яго знешнім вобліку, і некаторыя пільныя і ўважлівыя вандроўнікі гэта адзначылі для сябе.

Веня хацеў сесьці за стол бліжэй да Бакуніч, але неяк так атрымалася, што калі ўсе пайшлі рассаджвацца за сталы, узнікла невялічкая таўкучка, а потым яму перашкодзіў своечасова прайсьці да стала рослы фізматавец Мікола. Давялося сесьці дзе папала, далёка ад Бакуніч і Алёны Косцень, з якой побач прысеў Міша Стасевіч.

Першы тост за ўдалую вандроўку прамаўляў выкладчык, кіраўнік вандроўнага гурта Сцяпан Акімавіч. Хлопцы выпілі гарэлкі, дзяўчаты шампанскае, Веня – мінеральную ваду.

— Ты што, Веня, сёння наш дзень! Трэба па поўнай, – шчыра абурыўся фізматавец Мікола, што сядзеў побач. – Не паважаеш дружбаноў? Давай па поўнай.

І Мікола набулькаў яму паўнюткую стаграмоўку.

Наступны тост даручылі Ліпе Бакуніч, і яна ўзнёсла прамовіла словы пра дружбу, пра новых дзіўных сяброў, што яна набыла ў гэтай дзівоснай вандроўцы. За такія словы было грэх не выпіць, і ён не заўважыў, як Мікола ў гэты момант мігнуў Анатолю Кавалевічу. Той сядзеў недалёка, насупраць праз стол, і пачаў шчыра і ўзнёсла яму казаць:

— Веня, сябар, я так рады, што мы разам. Давай вып’ем за цудоўныя словы нашага палітычнага камісара, нашу чароўную Ліпу Бакуніч. Мы ўсе любім нашу Ліпу. Я думаю, яе нельга не любіць. Давай, Веня, вып’ем за любоў!

Веня працягнуў руку да фужэра, дзе Мікола цішком змяшаў шампанскае з гарэлкай, зірнуў на ўдзячных хлопцаў, і ў гэты момант на яго нібы абрынуўся ўвесь жах перажытай ім цемры, адзіноты, скрухі. Перад ім паўстаў вобраз невядомага яму Косці Якушыка, якога некалі няўдача паваліла на калені, з якіх ён так і не ўзняўся. І вось цяпер ён сам стаяў на самым перакрыжаванні свайго маладога жыцця, адкуль ішлі два шляхі: адзін шлях жахлівай паразы і далей пачварная прорва, другі — сонечны і плённы.

Ён аглядзеў столікі, чамусьці ўсе пазіралі на яго, і Бакуніч уважліва ўзіралася ў яго. Веня ўзяў чысты фужэр, наліў у яго адзін глыток шампанскага і прамовіў:

— Гэта святое. Вып’ем за каханне.

Дзяўчаты, радасныя і весёлыя, папляскалі ў далоні. Хлопцы чагосьці незадаволена маўчалі.

Сцяпан Акімавіч перапыніў зацягнутую маўчанку:

— Так, дзе наш герой? Давай, Веня, тост. Шампанскага, калі ласка, яму.

— Гарэлкі поўны фужэр! – Падсунуўся ліслівы Анатоль Кавалевіч. — Ты сёння, Веня, герой. Табе ўсё можна.

— Я даследчык, а даследчыкі не ўжываюць спіртовыя напоі. Інакш можна наблытаць ці замерзнуць сярод заснежаных начных пустак.

Яму паставілі фужэр з шампанскім. Суполка з цікавасьцю ўзіралася на Веню, учора сарамлівага і няўпэўненага, якому зараз трэба было здаваць тэст на мужчынскасьць, бо сказаць добры тост не так проста. Іншы раз добра выказаныя словы адчыняюць шлях для мужчыны, ці наадварот — кепска, няўдала прамоўленыя, зачыняюць яго ў жыццёвую шуфляду. Прамовіць, тым больш у прысутнасьці дзяўчыны, якая табе падабаецца і якой Веня яшчэ таксама падабаўся.

Між тым ягоная параза мацавала Анатоля Кавалевіча, які не даваў праходу Бакуніч, знаходліва перакрываючы ўсе яе верагодныя жыццёвыя крокі.

Веня ўстаў з-за стала, у белай кашулі, якая так дзіўна пасавала агульнаму абліччу, з русымі, крыху натуральна завітымі валасамі, з светлым, ясным, надзвычай гарманічным тварам, які сведчыў аб унутранай чысціні, і цяпер, нечакана для прысутных, відавочных рысах мужнасьці, адказнасьці і нават валадарства.

— Шаноўныя сябры! Некалі знакаміты нарвежскі вандроўнік, даследчык Арктыкі і першаадкрывальнік Паўднёвага Полюсу, Амундсен, у свае маладыя 19 год рабіў вандроўку па снежных плато Нарвегіі…

‘’Па снежных плато Нарвегіі’’ — гэта прагучала някепска, нават фізматаўцы слухалі зацікаўлена, выкладчык Сцяпан Акімавіч, што сядзеў у тарцы стала і, як ніхто іншы, разумеў падзеі, што зараз адбываліся, лагодна і спачувальна кіўнуў галавой.

— І вось там, у адзіноце, сярод снежна-белых сумётаў, у марознай начы, пад дзівосным зорным небам Бацькаўшчыны, я спазнаў тыя патрэбныя нам, маладым, ісціны, і адну з іх я хачу прапанаваць вам у якасьці тоста.

Веня ўвесь час помніў магутную моц Галактыкі, што раскінула свае мірыяды зорак у начным небе. Зараз ён апіраўся на нядаўна перажытую жахлівую роспач, на страх самоты. Учарашні хлопчык прамаўляў як сапраўдны мужчына. Нечакана перад усімі ягонымі таварышамі, сябрамі і нават таемнымі недабразычліўцамі паўставаў прыгожы знешне, зусім юны і ўжо адказны за свае словы і ўчынкі мужчына:

— Вып’ем, сябры, за нашу дзівосную маладосьць!

— Цудоўна! — Узняўся і шчыра запляскаў у далоні выкладчык Сцяпан Акімавіч, і разам з ім узняліся Ліпа Бакуніч, Алёна Косцень і Міша Стасевіч, Вова Ігнацюк і ўсе астатнія студэнты і студэнткі. Чэпкі і хітры Анатоль Кавалевіч зразумеў, што ён у пралёце, і расчаравана кульнуў у салатніцу прыгатаваны для Вені фужэр з гарэлкай.

…Потым іграла музыка, і Лена Косцень запрасіла яго на танец і шапнула:

— Веня, ты быў беспадобны! Бакуніч не адрывала ад цябе вачэй. Пастарайся праводзіць сёння Ліпу.

— За ёй хвост з пяці кавалераў.

— А ты не ідзі разам з усімі, а за паўгадзіны да канца цішком збяжы з ёй на таксі.

— Я не магу збегчы, Алёна, бо ў мяне сёння роля героя. А герой не збягае. Ты папярэдзь Ліпу, што я хачу яе праводзіць.

Веня казаў тое, што адчуваў, і калі вечарына скончылася і ўсе сабраліся разыходзіцца, ён падыйшоў да Бакуніч і з ўнутранай сілай адсунуўшы некуды ўбок сваё хваляванне, знешне ветліва і ўпэўнена прамовіў:

— Шаноўная панна Ліпа, калі вы не супраць, дазвольце мне праводзіць вас дадому.

— З вялікім задавальненнем, Веня. Вы сёння герой, як можна адмовіць герою?

Апошнія словы Бакуніч скіравала прысутным, у тым ліку і скамянеламу Анатолю Кавалевічу, які стаяў побач з сябрамі-фізматаўцамі, таксама таемна закаханымі ў Бакуніч. Побач ківаўся ўжо ў добрым падпітку фізматавец Мікола.

— Алёна, пакліч Мішу, ды разам паедзем на таксі.

Веня памог апрануць Ліпе цёмны бліскучы кажушок з штучнай футры, і яны ўчацвярых рушылі на двор да прыпынку таксі, па дарозе да іх далучыўся Вова Ігнацюк з сваёй дзяўчынай і тым самым адсёк напорыстага Анатоля Кавалевіча, які нахабна цягнуўся за імі з сваёй кампаніяй.

…Яны выйшлі з таксі каля Опернага тэатра і ціха пайшлі ўніз па вуліцы Янкі Купалы. Веня ішоў разам з Ліпай, казаў ёй розныя, як яму здавалася глупствы, а потым схапіў яе ў абдымкі, зірнуў у бліскучыя жывыя вочы і прамовіў словы, поўныя шчырага юнацкага пачуцця:

— Ты такая дзівосная і чароўная, я проста ў захапленні! Я кахаю цябе!

І яны задыхнуліся ў яго першым у жыцці пацалунку, сярод марознай начы, пад шэпат зорак, у цьмяным таемным вулічным асвятленні пад ліпамі парку імя Янкі Купалы...

 

1988; 2009 гг. Стары Быхаў-Менск

 

Шанец

апавяданьне1

 

 

«Яму быў дадзены шанец, а ён яго не заўважыў.

Ён пражыў міма. …Але – мячык у яго. Хто там набягае на вароты?»

Барыс Пятровіч. «Шчасьце жыць»

 

1 Шанец – ад французскага «chance» – магчымасць посьпеху, удачы, ажыцьцяўленьня чаго-небудзь.

I

 

Мяч ляцеў хутка й трапна, пад самую бэльку брамы. Побач нехта выгукнуў «вымай!»

Але брамнік імкліва выцягнуўся ўздоўж пляцоўкі ў гнуткую чорную пантэру і, кінуўшы правую руку ў самы верхні кут, пасьпеў сустрэць мяч і нейкім нябачным, але спрытным і таму пераможным намаганьнем памяняў накірунак руху гэтага гарматнага ядра, перакінуўшы яго праз верхнюю папярэчыну.

Уражаныя заўзятары на лавах, спартоўцы на пляцы і нават дасьведчаныя функцыянэры* былі ўзрушаны гэтым спартыўным шэдэўрам, што ўтварыў звычайны правінцыйны юнак.

«Паглядзім, што далей?» – падумаў не адзін спартыўны сэлекцыянэр з вобласьці ды нават з самой сталіцы, ад якіх насамрэч залежыць усё ў жыцьці, і змоўчалі, нічым ня выказаўшы сваёй зацікаўленасьці, але каля брамы каманды СПК «Шлях да сьвітанку» хутка апынуліся некалькі апэратараў зь відэакамэрамі. Ад гэтага гульня адразу набрыняла новай моцай і энэрґіяй. Нязвыклыя да ўвагі вясковыя аматары скуранога мяча пачалі гойсаць па футбольным полі на ўсю астатнюю й раней не запатрабаваную спартовую моцу.

У сваю чаргу нападнікі фарма-клюба віцэ-чэмпіёнаў краіны «Дняпро-КарданСіці», як згаладнелыя ваўкі, рынулі на калгасную палову спартовай дзялкі ды пачалі з усіх бакоў бамбаваць па калгаснай браме.

Між тым, на футбольным полі брамнік каманды СПК «Шлях да сьвітанку» Юрась Петрашкевіч дэманстраваў гульню высокага эўрапейскага ўзроўню. Мокры ад поту й дробнага дожджыку, што нечакана зацерушыў зь веснавога неба, ён зацята, нават фанатычна вёў спартовую барацьбу. Нападнікі фарма-клюба віцэ-чэмпіёнаў у сініх трусах і вэртыкальна паласатых чорна-чырвоных майках зь літарай «Д» на левай палове грудзей, нібы тыя латынаамэрыканскія арґентынцы выскоквалі ўдвух ці ўтрох сам-насам на брамніка, а ён імклівай пантэрай кідаўся ў ногі футбалістаў, выграбаючы з-пад буцаў белы скураны мяч.

Макс Красьніцкі, загарэлы тварам тутэйшы футбольны аўтарытэт і аналітык, сядзеў на драўлянай сьвежафарбаванай у зялёны колер трыбуне* правінцыйнага стадыёна*, з усіх бакоў абкружаны тутэйшымі заўзятарамі, якія з павагай лавілі словы і нават рухі аўтарытэта.

– Змагар! – Макс апусьціў руку долу ў кайстру, дастаў бліскучы тэрмас* і, не сьпяшаючыся, наліў у сталёвага колеру накрыўку гарачай гарбаты.

– Сапраўдны барацьбіт! Прыклад маладым… Здольным… Недасьведчаным.

Ён у роздуме казаў словы, нібы моцнымі ўдарамі малатка заганяў цьвікі ў дошку-саракоўку.

Захутаўшыся ў блакітную баваўняную вятроўку, ён частаваўся духмянай, на лекавых зёлках зь мёдам, гарбатай. Макс адчуваў сябе блага і фізычна, і, самае галоўнае, душэўна пасьля ночы, праведзенай на дняпроўскіх разлогах, дзе разам з Міколам Грыбоўскім браканьерылі нерастуючага ляшча.

Цяпер, даючы камэнтар падзеям, што разгортваліся на футбольным полі, ён рабіў гэта ў той танальнасьці* і з тым непаўторным сарказмам*, як некалі слынны ўсесаюзны спартыўны камэнтатар* Вадзім Сіняўскі.

– «Кардан-Сіці», ну, гаўнюкі. Ідэнтыфікаваць* сябе ня могуць.

У гэты момант брамнік Юрась Петрашкевіч у чарговы раз выратаваў каманду, выбіўшы з кута скіраваны туды мяч. Каманда вясковых майстроў скуранога мяча, дзякуючы самаадданаму майстэрству калгаснага ґалкіпера, выраўняла гульню і скончыла першую палову з ганаровым лікам 0–0.

У перапынку сяляне, аматары скуранога мяча, паселі на лавы, амаль побач з Максам і ягонымі сябрукамі. Дожджык скончыўся. Лёгкі ветрык нёс пах вясны, набухлых тапалёвых пупышак, пацёртай і раскрышанай буцамі зялёнай траўкі на футбольным полі, водар старажытнага Дняпра, што нёс свае вясновыя воды побач з старадаўнімі мурамі некалі знакамітага горада-крэпасьці.

Нападнік калгаснай каманды, таленавіты футбольны самародак Кастусь Сільвановіч зьняў зялёную спартовую кашулю, падстаўляючы моцны белы торс пад веснавое сонца. Іншыя вяскоўцы cкінулі футбольныя буцы*, даючы адпачынак нагам.

Напэўна, фарма-клюбу патрэбна была пераканаўчая перамога ў першы дзень хуткацечнага трохдзённага спаборніцтва, каб каманда затым без складанасьцяў заняла першае месца ў гэтым занальным змаганьні на кубак Прэзідэнта «Дняпроўскія Хвалі». Старэйшы трэнер «Дняпро-КарданСіці» Анатоль Дзюндзікаў, па мянушцы Дзюндзя, скрыгітаў зубамі й бялеў тварам пры думцы аб нявыхадзе ў фінал. Таму пасьля першай паловы гульні дублёры фарма-клюба нахабна панесьлі скрынку віна «Зорны шлях» у крыты брызентам калгасны ГАЗ-53. ‘’Дзейства’’ было заўважана й выклікала супярэчлівыя пачуцьці вясковых спартоўцаў.

Старэйшы трэнер каманды, ён жа аґраном калгаса Андрусь Бондар, у белай кашулі, з занадта шырокім і куртатым гальштукам, што ўвесь час вытыкаўся з-пад шэра-сталёвага пільчака, быў запрошаны на перамовы з другім трэнерам фарма-клюба «Дняпро-КарданСіці».

Здольныя, несапсаваныя гарадзкой лянотай, футбалісты адчувалі сябе няёмка, бо, паказаўшы гульню высокага эўрапейскага ўзроўню ў першай палове сустрэчы, зараз ня ведалі, як сябе паводзіць, і таму маўчалі.

Вяскоўцаў маглі зрабіць закладнікамі здраднай дамовы. Яны былі маруднай і недасьведчанай маладой біямасай, якой цяпер кіравала занесеная прыхаднямі звычка карыстацца ў сваім штодзённым жыцьці сьпіртовымі напоямі. І таму ў вясковых дзецюкоў дагэтуль кульгала пачуцьцё сваёй годнасьці ды бракавала ўласнага гледзішча на рэчаіснасць. Багатыя на адмоўны досьвед і ўжо тручаныя чужымі чабанамі калгасныя футбалісты ня верылі ў пэўнасць перамогі ці нават нічыёй з фарма-клюбам, і таму меркавалі, што трэба забіраць скрынку, другія лічылі, што адна скрынка – гэта зьдзек, і трэба патрабаваць дзьве …

 

II

 

– Бульбаеды калгасныя! Хочуць прадацца за скрынку «чарніла»?

У голасе Макса прагучала зьдзіўленьне. Памаўчаўшы хвіліну, ён з стрыманай цікавасьцю спагадліва ўглядаўся ў вясковых футбалістаў.

Яго мітрэнжыла сумленьне за тых ляшчоў, што нераставалі на разьліве, і якіх яны лавілі ноччу. Ён адчуваў сваю віну й таму цяпер хацеў нечым памагчы гэтым маладым сельскім дзецюкам, якіх ён успрымаў цяперака як тых ляшчоў. Бо не весьці ў жыцьці ўласны рэй – значыць ператварыцца ў бульбаедаў, ад якіх нічога не залежыць у гэтым сьвеце.

Ён засяроджана азірнуўся, аглядаючы блізкі абсяг, і як бы шукаючы падтрымкі: гэтае лагоднае сонейка, лёгкі вясеньні ветрык, зялёная траўка, набухлыя пупышкі дрэў і маленькія яшчэ кволыя лісточкі бяроз ды чароўны пах вясны… Дзьве мясцовыя прыгажуні, Таня Воўкава і Анжэла Далідовіч, у новых сукенках колеру веснавога неба прайшлі ўздоўж трыбуны, гарэзьліва перастаўляючы стрункія ножкі.

Макс заспакоена ўздыхнуў. Прыгажосьць сьведчыла, што праўда жыцьця застаецца непераможнай.

– Дзяржава вылучыла фінансавыя сродкі, каб яны мацавалі сваё спартыўнае майстэрства, – нечакана падтрымаў яго Мікола Грыбоўскі, тутэйшы рыбак, заядлы чытач, паэт, халасьцяк, рагатун і тэлемайстар, – фізычна й духоўна ўдасканальваліся. Былі прыкладам для маладых і палкіх.

– Улада, – з раніцы ён ужо глынуў шклянку «чарвіўкі» для сугрэву і цяпер з зайздросным артыстызмам траґічна ўзьняў рукі ў неба, – сваёй пастановай стварыла ўмовы для сьвята маладосьці, а гэтыя бульбаводы ператвараюць яго ў сьвінушнік.

Мікола ня бачыў траґедыі ў тым, што сяляне здадуць гульню фарма-клюбу, ён проста хацеў пажартаваць.

Падыйшоў Алесь Нароўскі, мясцовы малады й нежанаты прадпрымальнік, ветліва й стрымана прывітаўся з Максам і Міколам за руку, прысеў побач. Загарэлы, у крэмавай кашулі ў палоску, у файных блякітных джынсах, ён выглядаў па-святочнаму.

Макс памаўчаў, нешта ўзважваючы і пільна зірнуўшы на Міколу, нетаропка зазначыў: – «Вогненая вада»? На самай справе – гэта «сякера эвалюцыі». Некалі яна вынішчыла ваяўнічых індзейцаў Паўночнай Амэрыкі! Вызваліла ад абарыґенаў жыцьцёвую тэрыторыю для варожых прыхадняў. Гарэлка ператварае мужчыну ў ёлупа, робіць разумнага чалавека ідыётам, моцны становіцца слабым. Мабыць, «некаму» патрэбна вялікая колькасць тутэйшых ёлупаў, ідыётаў і бедакоў? Так-так, «сякера эвалюцыі» дазваляе мірным шляхам вызваляць цэлыя краіны ад слабых папуляцыяў. Між тым, сёньня жыцьцё прапануе вяскоўцам атрымаць сваю першую перамогу! Эх, – ён валадарна ўзьняў сівую галаву, вочы яго бліснулі агнём: – Імкліва прамчаць па краі і магутным «сухім лістом» у далёкі кут брамы забіць ґол. Якая прыгажосць! А потым увечары падыйсьці элеґантным мачо да найлепшай прыгажуні горада, выказаць ёй сваё захапленьне ды пазнаёміцца.

Словы Макса гучалі рашуча й не давалі аніякай падставы для жартаў ці кпінаў. Стрыманы Алесь слухаў уважліва. Мікола пацёр далоняй зарослае двухдзённай шчэцьцю падбародзьдзе і, зацікаўлена пазіраючы на дзяўчат, што прыпыніліся паблізу, абыякава запярэчыў:

– Наогул, што нам да таго, ну прайграюць, але затое й секануць на дурніцу. Якое гэта мае для нас і для іх значэньне: выйгралі ці прайгралі? Галоўнае, што секануць!

Алесь, які ўважліва ўглядаўся ў дзяўчат, нічога не адказаў. Макс, глянуўшы на Міколу Грыбоўскага, крыху памаўчаў, потым азірнуўся назад за трыбуны, туды, дзе некалькі сямікласьнікаў гарадзкой сярэдняй школы разам з маладой настаўніцай біялёґіі разьбіралі кучу прывезеных камунгасам высадак клёнаў, ліп і ясеняў. Высадак было шмат, вучняў мала, і маладая настаўніца была зьбянтэжана. На прыступках ДК тусавалася некалькі тутэйшых раённых кіраўнікоў – сярод іх загадчык управы культуры райвыканкама Баранкевіч – палілі цыґарэты, аб нечым гаварылі, пазіралі на стадыён, на настаўніцу з вучнямі.

— Не кажы, - Макс павярнуўся, закруціў накрыўку на тэрмасе й паставіў яго ў кайстру.

— Жыцьцё, брат, альбо дарога параз, альбо ланцуґ перамог. Каб перамагаць, трэба вучыцца гэтаму з маленства. Калі не вучыцца, то не будзеш ведаць тыя сьцежкі, што вядуць да посьпеху. Вось дарэчы, ты, Мікола, сёньня ўжо носьбіт паразы.

– У мяне ў гэтым пытаньні поўны парадак.

Макс пільна і чэпка азірнуў Міколу з ног да галавы.

– Парадак, парадак …, – перадражніў ён маладзёна. – У 24 гады трэба ўжо ўмець бачыць шанцы, бо як зробішся старым і хворым, ня будзеш мець аніякіх магчымасьцяў.

– Я ня буду ні старым, ні хворым…

Макс ізноў азірнуўся назад і, нешта настойліва думаючы, паглядзеў на вучняў з настаўніцай, потым перавёў позірк на ґанак* ДК, дзе тусавалася невялічкая кучка тутэйшых дробных начальнічкаў.

– Вось, вось. Спачатку ўсе так думаюць, што заўсёды будуць маладымі. І ня бачаць шанцаў, марнуюць чароўны час за півам, рыбай, футболам…

– Макс, ну ты мне хоць сёньня не траві мурку. Якія магчымасьці ў гэтым заімшэлым гарадку? Мы ж з табой учора пра гэта гаманілі … – незадаволена зазначыў Мікола.

– Тое было ўчора, – хітра прыжмурыў вока Макс, – а сёньня я бачу ня менш, як тры выдатныя шанцы.

–Якія яшчэ шанцы? – Мікола, стомлены за ноч, цяпер хацеў спакою.

— Макс між тым, нібы атрымаўшы новы імпульс энэрґіі, напята казаў слухачам, што абселі лавы побач:

– Так, так, дружа, убачыць шанец у жыцьці – гэтае вялікі талент! Першая ўмова: усё што хоць на міліґрам, ґрам, кіляґрам умацоўвае маладзёна – трэба адразу класьці на сваю шалю. Ты, Мікола, неахайна апрануты, і штыблеты не адпаліраваў ґуталінам*, не пагаліўся. І тым самым сёньня дазволіў сабе быць слабым, зрабіўся шмаравозам. Ты закрэсьліў магчымасць падыйсьці да прыгажуні й прамовіць: «Гэта Вы на мінулым тыдні выступалі на сцэне ДК за першую школу. Шыкоўна, шыкоўна! Мне вельмі спадабалася, нават уразіла. Дазвольце выказаць Вам сваё захапленьне. Дазвольце пазнаёміцца, Мікола Грыбоўскі, шляхціч*! Можа, Вам трэба ў нечым дапамагчы?»

– А я па-твойму шляхціч?

– Разумееш, Мікола, мужчына не пытаецца ні ў кога: хто ён? Бо ведае, што ён мужчына. Той хто ня ведае, той не мужчына, і таму паводзіць сябе як шмаравоз, дазваляе сабе быць слабым, піць «чарніла» з раніцы, апранацца абы як. Калі ты ня ведаеш гісторыі свайго радавода, ня ведаеш, што твае продкі ўдзельнічалі ў Ґрунвальдзкай бітве й атрымалі шляхецтва ад самога Вялікага князя Вітаўта, то ты ўломак, бядак, адным словам – бульбаед. Таму ты сёньня ня можаш падыйсьці да прыгажуні і сказаць – хто ты!

– Скажу заўтра, якая розьніца?

– Хе-хе-хе… дружа. Заўтра ніколі не бывае! Ты сёньня выкрасьліў сябе з барацьбы за якасць! Вунь бачыш – топчуцца на ґанку дома культуры тутэйшыя ґустоўна апранутыя дробныя кіраўнікі й начальнічкі? Што яны там робяць?

– Яны паляць цыґарэты й назіраюць, – зь лянотай адказаў Мікола.

– Яны пасуць маладую настаўніцу! Празь дзесяць хвілінаў да яе падыйдзе вядомы ўсім курвель Баранкевіч, пазнаёміцца зь ёй. Дапаможа ёй! Тым самым ён абазначыць «Яе» як сваю жыцьцёвую тэрыторыю. Ён адпрэчыць вас, маладых няўмек, ад «Яе». Створыць каля «Яе» тэрыторыю свайго ўплыву, дзе маладых людзей ужо ня будзе, і, тым самым, пазбавіць «Яе» выбару. Баранкевіч, гэты разбэшчаны трыцаціпяцігадовы «жаніх», пераможа маладых прыгожых дурняў на дробязях, на тым, што сёньня ты не наваксаваў пантофлі, не пагаліўся, што не хапіла мужнасьці падыйсьці да прыгажуні…

Мікола выказаў на твары нязгоду з Максам, але потым, калі заўзятары, што сядзелі на лавах, дружна павярнуліся й пачалі ўважліва разглядаць настаўніцу ды ўладаносьбітаў на ґанку ДК, таксама ня вытрымаў і зірнуў назад.

Зірнуў і адчуў хваляваньне, бо сапраўды маладая настаўніца ў цёмна-сініх адпрасаваных легінсах, што прыгожа падкрэсьлівалі ейную стрункую, лёгкую, у файнай сьветла-ружовай блюзцы, сьветлым тварам і жывымі сінімі вачыма стварала той самы ідэальны вобраз, які так патрэбны кожнаму паэту… Яна трымала аўру ґустоўнай, надзвычай цікавай і пазітыўнай асобы, якая робіць жыцьцё прысутных узьнёслым, і таму значным.

Міколу нібы маланкай працяла, нешта ўнутры яго траґічна затрымцела, і ён імгненна адчуў сваю непоўнавартасць ад таго, што ён не пагаліўся, што з раніцы ўжо пацягнуў шклянку садова-ягаднага віна, што галаву ня мыў трэці дзень і рабочыя штаны на каленях вісяць бурбалкамі, а чаравікі даўно ня бачылі ґуталіну. У гэткім выглядзе йсьці знаёміцца з прыгажуняй было не раўнуючы як самагубствам. Мікола мэханічна з прыкрасьцю адзначыў, што ўражаны Алесь Нароўскі таксама ўтаропіўся ў дзяўчыну.

– Усё зразумела, Макс, не тлумі галавы. Тапчы далей, якія яшчэ шанцы ты сёньня ўгледзеў? – нэрвова перапыніў Мікола суседа.

Аналітык стрымана й роўна працягваў сваю павучальную гаворку. Заўзятары, старэйшаклясьнікі й падлеткі, слухалі ледзь не разінуўшы раты.

– Перамогі ёсць вынікам, сэнсам жыцьця мужчыны! Няма жыцьцёвых вынікаў – няма якасьці быцьця. І тады жыцьцё мужчыны – усяго толькі правінцыйнае існаваньне ўломка. Усё лепшае дастаецца іншым. Нейкі прыхадзень едзе ў Парыж ці Лёндан пасланьнікам тваёй краіны. Альбо робіцца ўплывовым пісьменьнікам ці народным выбраньнікам. Прадпрымальнікам, чэмпіёнам, міністрам, мэрам гораду! Жыве ў Менску, мае шыкоўную кватэру, адпачывае кожны год у Гішпаніі, спажывае сёмгу й чырвоную ікру. Карыстаецца каханьнем найбольш разумных, выхаваных, прыгожых і ґустоўных тутэйшых жанчынаў. Табе застаецца месца бульбавода й бульбаеда!

Макс дастаў насавічок і выцер узмакрэлы твар, расхінуў кашулю. Футбалісты, што сядзелі побач, прыслухоўваліся да гаворкі, раз-пораз употай кідалі зацікаўленыя позіркі на Макса й Міколу.

– Усё пачынаецца зь першага кроку! Трэба атрымаць гэты першы маленькі вынік, потым не прапіць яго. І адразу імкнуцца да другога, трэцяга, чацьвертага выніку. Вось так ствараецца ланцуґ лёсу.

Макс з стрыманай роспаччу глядзеў некуды ў сваё далёкае мінулае.

– Трэба навучыца атрымліваць вынікі ў малым, перш чым пачнеш перамагаць у галоўным! Малыя перамогі вядуць да вялікіх, сапраўдных Вынікаў. Бо алґарытм* дзеяньня чалавека аднолькавы, што пры малых, што пры вялікіх перамогах.

Макс прамаўляў жыцьцёвыя ісьціны нетаропка, з той перакананасьцю, што прысутнічае ў дасьведчаных людзей з адметнай біяґрафіяй. У маладосьці ён працаваў майстрам халадзільнага абсталяваньня на рыбалавецкім сэйнэры ў Каралёўцы, званым цяпер Калінінградам, хадзіў у акіян, бываў у замежных портах і меў багаты досьвед.

– Большасць нашых людзей – ніхто, троечнікі! Яны ня ведаюць шляхоў, што вядуць да ўласных вынікаў! Адсюль душэўны разлад. Незапатрабаванасць! Жыцьцё пражыў – і нават мары ня меў! Бытаваньне звычкамі статка. І ніякага сэнсу ў існаваньні! – Макс засяроджана й настойліва даймаў Міколу й прадпрымальніка Алеся Нароўскага, што сядзелі побач.

Грыбоўскі зьбянтэжана ёрзаў па лаве, прадпрымальнік пільна слухаў.

– …Мы ўломкі, бо жывем чужымі й варожымі для нас звычкамі, а таму ня бачым уласных шанцаў!

Макс перавёў прыхільны позірк на калгасных майстроў скуранога мяча.

– А дзе ж другі шанец? – сьціпла запытаўся Мікола, ён разумеў горкую праўду ў словах сябра й адчуваў ад гэтага сябе блага. Ён ведаў, што ўжо не пасьпее зьлётаць на другі канец гораду, на Нікіцінскую вуліцу ля Белагорскіх могілак, каб пераапрануцца, пагаліцца й пераабуцца. «Пасьпею пазнаёміцца заўтра», – суцяшаў ён сябе.

 

III

 

Да калгасных футбалістаў таропка падыйшоў трэнер каманды й аґраном калгаса Андрусь Бондар ды нешта пачаў казаць футбалістам, што абступілі яго. Макс здагадаўся, аб чым гаварыў трэнер, і настойліва разглядаў вяскоўцаў, што ў гэты час усхвалявана загаманілі.

Трэнер-аґраном дамовіўся з «КарданСіці» на дзьве скрынкі пладова-ягаднага пойла. І цяпер большасць, уcхваляваная гэтым «гандлёвым пагадненьнем», тварылі хваласьпевы трэнеру. Толькі брамнік Юрась Петрашкевіч, узрушаны папярэдняй гаворкай Макса, незадаволены застаўся ў баку разам з нападнікам Кастусём Сільвановічам.

– Я зараз на хвілінку адыйду, – Макс сказаў гэта цішком, амаль шапнуў Міколу: – Першае, што мы сёньня павінны зрабіць – гэта прымусіць бульбаводаў пачаць гуляць у футбол. А ты з Алесем паспрабуйце на іх націснуць.

Макс узьняўся й хутка пайшоў да сталоў з зэдлікамі каля суседняй трыбуны, дзе тусаваліся рэферы, трэнеры, мясцовае й абласное спартыўнае кіраўніцтва.

Мікола Грыбоўскі празь некалькі імгненьняў пачаў «чапляць» футбалістаў:

– Гляньце на іхняга трэнера, нібы інтэліґентны чалавек, можа нават акадэмік, бо скончыў Горацкую акадэмію. Нават гальштук пачапіў, думае, што ён Трэнер, а на самай справе бульбавод! І гальштук яму патрэбны толькі замест насавічка. Вельмі зручна – выцер нос і піхнуў яго за пазуху, заўсёды на месцы й пад рукой.

На трыбуне засьмяяліся заўзятары. Футбалісты й трэнер Андусь Бондар рабілі выгляд, што ня чуюць Міколавых словаў.

– Што значыць нарадзіцца ў хлеве. Ні гонару, ні сумленьня. Спрэс прыгонныя істоты. Рабы. Нічога ім ня трэба: ні мовы, ні ўласнай гісторыі, ні ўласнага лёсу.

Форвард калгаснай каманды, мажны мацак, далёка за трыцаць гадоў, Іван Бохан зірнуў на Міколу ды пры апошніх словах нават узьняўся з лавы, але, глянуўшы на гарадзкіх заўзятараў, зноў абсеў на месца.

– І вось такія сьвінары створаць нешта значнае? Узгадуюць моладзь, здатную да перамог? Бульбаводы нават не ведаюць, што такое «Перамога». За скрынку пойла здаць гульню? – У голасе Міколы гучала здзіўленьне.

– Ты, Мікола, не зусім маеш рацыю так казаць. – Алесь Нароўскі спакойна лускаў гарбузовыя семкі ды ўважліва разглядаў маладзенькіх дзяўчат, што тусаваліся недалёка ад іх: –Яны здаюць гульню не за скрынку чарніла, а за дзьве.

– Што ты кажаш, Алесь? А-я-яй-я, дзьве скрынкі віна, сапраўднага сонцадара, ад якога каларадзкія жукі дохнуць, калі на іх папырскаць. Па дзьве бутэлькі на рыла, а галоўнаму бульбаводу з гальштукам аж чатыры. Вось ужо наядуцца, аж да парасячага віску, і канчаткова ператворацца ў сьвінтухоў. – Мікола ўзіраўся ў спартоўцаў і з подзівам зазначыў: – Ну хоць бы хто пакрыўдзіўся?

Футбалісты старанна рабілі выгляд, што словы гарадзкіх абібокаў іх не датычаць. Праз хвіліну-другую пачнецца гульня, трэнер адыдзе да калеґаў, і ўсё так і скончыцца нічым. Пасьля гульні, зразумела, можна і ўламаць гарадзкім, але цяпер галоўнае не падымаць вэрхалу. Няёмка адчувалі сябе вяскоўцы, таму й цярпелі кпіны.

– А чаго ім крыўдаваць? – Мікола задумліва разглядаў шырокія сьпіны футбалістаў, што рыхтаваліся выйсьці на зялёны ґазон.

– А мы зробім па-іншаму. – Алесь рашуча палез у кішэнь і дастаў нататнік. –У каго ёсць асадка ці аловак. Хлопцы, дайце асадку.

– Навошта табе асадка? – Мікола выняў з кішэні аловак і працягнуў Алесю.

– А мы зараз напішам у абласны спорткамітэт, у райвыканкам, у абласную ґазэту, у дзяржаўны кантроль, што ў такі важны палітычны момант, пры правядзеньні абласных спаборніцтваў, сьвядома ўтвораны сабатаж з боку ўдзельнікаў дзяржаўных мерапрыемстваў. Калгасная каманда «Шлях да сьвітанку» здала гульню каманьдзе «Дняпро-КарданСіці» за дзьве скрынкі віна «Зорны шлях».

– У пракуратуру, у пракуратуру таксама трэба напісаць, – узрушана падказаў Мікола, як рыбак-браканьер, ён меў уласны досьвед аб учэпістасьці ды ўедлівасьці раённай пракуратуры. Алесь спрытна вёў алоўкам па паперы, уголас агучваў заяву:

– ‘’Спартыўнае раённае кіраўніцтва, абласныя рэферы своечасова не ўмяшаліся ў прадухіленьне сабатажу, тым самым штурхнулі спаборніцтва на Кубак Прэзідэнта «Дняпроўскія Хвалі» на самацёк, чым нанесьлі палітычную шкоду аўтарытэту дзяржаўнай улады.’’

Футбалісты, што збіраліся бегчы на футбольную пляцоўку, захваляваліся.

– Слухай, дзяцюк, ты сконч свае жарты, а то можаш займець непрыемнасьці.

– Так-так, – лагодна зазначыў Алесь, – гэта ня жартачкі, прайграць з дамоўленым лікам, а скарга пойдзе ў ґазэту, у вобласць, у спорткамітэт, у дзяржкантроль…

– І ў пракуратуру, – грозна бліснуў вачыма Мікола.

– І ў пракуратуру, за хабар, злоўжываньне службовым становішчам, – падтрымаў сябра Алесь Нароўскі.

Калгаснікі-футбалісты абкружылі аґранома-трэнера, нешта цьвердзячы адзін адному ды махаючы рукамі. Футбольны аґраном, ён жа калгасны трэнер, павярнуўся да Міколы:

– Слухай, дружа, не стварай складанасьці на роўным месцы, інакш тэлевізары рамантаваць будзе нехта іншы.

Мікола між тым трымаўся разьняволена й бульдозэрам наязджаў на вяскоўцаў:

– Цяжкасьці будуць якраз у вас, гэта не жартачкі – узяць хабар на вачох соцень людзей. Можна атрымаць тры-пяць год зняволяньня. А скарга пойдзе у ґазэту, у вобласьць, у спорткамітэт, райвыканкам…

– І ў пракратуру, – драпежна дадаў Алесь.

– І ў пракуратуру – за хабар, злоўжываньне службовым становішчам, – пацьвердзіў Мікола.

Вяскоўцы ў разгубленасьці тапталіся на месцы: халера іх ведае, гэтых гарадзкіх, ад іх заўсёды можна чакаць розных непрыемнасьцяў. У гэты самы хісткі момант прыйшоў Макс.

– Што за гам? – з прыхаванай весялосцю стрымана запытаў ён у прысутных.

– Ды вось хлопцы хочуць праз гадзіну злавіць нірвану. А мы не даём ім адпіць глузды, каб забыцца аб сваім бульбаводзтве, – неяк сьцішана прамармытаў Мікола. Ён адчуў, што Макс будзе паварочваць падзеі ў супрацьлеглым накірунку. Вяскоўцы таксама адчулі, што Макс тут завадатар, і зараз ён чамусьці на іхнім баку.

– А яны крыўдуюць, – спакойна дадаў Алесь Нароўскі. – А што крыўдаваць, от каб мы ўкралі гэтыя скрынкі, яны нам і табе, Макс, адразу ліхтар пад вока паставілі б.

– Так бы й паставілі сяржанту марской пяхоты? Нешта ня верыцца, – недаверліва й адначасова з гумарам перапытаў Макс.

Выраз «сяржант марской пяхоты» быў некалі шчасьлівай знаходкай Макса. Зьявіўшыся шмат год назад, пасьля акіянскіх вандровак, у родным горадзе на танцах, пры першым сутыкненьні з-за тутэйшай прыгажуні, ён упэўнена, нават нахабна пужануў тутэйшых задзір тым, што ён былы «сяржант марской пяхоты», і пасьля свайго папярэджаньня за іхнія пашкоджаньні й калецтва ня будзе мець аніякай крымінальнай адказнасьці.

Мясцовыя «каралі» зьбянтэжыліся і на ўсялякі выпадак саступілі, а потым пасьпяхова абмылі ў піўбары мірнае пагадненьне. Празь нейкі час прыгажуня стала ягонай жонкай, а Макс з тога часу карыстаўся ў горадзе належнай павагай.

– Зірні, якія асілкі, яны з-за «чарвіўкі» каго хочаш адмалоцяць, нават і ґенэрала, а ня тое што сяржанта, – далучыўся да размовы змоўклы Мікола.

Калгасьнікі заўсьміхаліся. Апошнія словы Міколы прышліся ім даспадобы. Было бачна, што за гарэлку й сапраўды паб’юць.

Макс уважліва разглядаў калгасную хэўру й нешта напружана вырашаў. Потым павярнуўся да Алеся Нароўскага, штурхнуў прадпрымальніка ў плячо:

– Пазыч, дружа, сто даляраў.

Той зьдзіўлена паглядзеў на яго. Макс быў напяты ды стрыманы. Алесь выняў з партманэ стодаляравую паперку й працягнуў яму.

– Прашу ўвагі, шаноўнае спадарства, – абвесьціў Макс, узьняўшыся з месца, ён зьвяртаўся да спартоўцаў і трымаў у руцэ сто даляраў. У пачатку дзевяностых гадоў такая купюра была вялізнымі грашыма.

– Заўзятары нашага горада пры перамозе калгаснай каманды «Шлях да сьвітанку» выплачваюць прэмію ў памеры 100 умоўных адзінак.

Уся каманда імгнена павярнулася тварамі да Макса. Ён рушыў па сходнях уніз да каманды, якая цяпер абступіла яго, і ён некалькі хвілінаў тлумачыў удалы момант. Рэфэры ўжо йшоў да цэнтральнага кола футбольнага поля і рыхтаваўся, пазіраючы на гадзіньнік, запрасіць каманды прадоўжыць спаборніцтва.

Макс маляваў тактычныя схэмы гульні на бегавой сьцяжынцы стадыёна й настойліва прамаўляў:

– Хто вам сказаў, што яны прафэсіяналы? Гарадзкія абібокі й ня больш за тое. Дай ім дзьве машыны гною пакідаць з хлява, і яны ўсе здохнуць. І дзесяць сотак бульбы на чалавека не выкапаюць за дзень. Што такое футбол? Забава! А вы сапраўдныя моцныя вясковыя дзецюкі, і каб не павалілі гарадзкіх абібокаў? Ня веру! Галоўнае – захацець.

Узрушаныя вясковыя гульцы задаволена засьмяяліся й хітнулі галовамі ў знак згоды, бадзёра рушылі на зялёны ґазон*. Макс на хаду яшчэ працягваў нешта казаць нападніку Кастусю Сільвановічу і паказваць рукой на поле.

 

IV

 

Вярнуўшыся, Макс затрымаўся каля аґранома, нешта яму патлумачыў і потым запрасіў да свайго месца на трыбуне. Гульня працягвалася пасьля перапынку ўжо у нейкай новай танальнасьці, якую прафэсійныя футбалісты «Дняпра-КарданСіці» адчулі не адразу. Гульцы калгаснай каманды, згуртаваныя адзінай мэтай, нечакана ператварыліся ў зладжаны і збалянсаваны арґанізм. Каманда прэсінґавала на сваёй палове поля, робячы гострыя выпады да чужое брамы. Нарэшце на 57-й хвіліне Кастусь Сільвановіч, атрымаў ад свайго паўабаронцы вострую перадачу, і з кута брамніцкай магутна й трапна загнаў мяч пад папярэчыну брамы прафэсіяналаў.

Трэнер «Дняпро-КарданСіці» Анатоль Дзюндзікаў схапіўся за сэрца й замычэў, як паранены бык, ускочыў з лавы й рушыў да ўзбочыны поля, махаючы рукамі й нешта шалёна выкрыкваючы.

Макс задаволена і ўзрушана пацёр рукі, усе прыхільнікі вяскоўцаў на трыбуне стадыёна падскочылі з месцаў і зараўлі, як тая гішпанская тарысіда ў Барсэлёне. Потым Макс павярнуўся да Алеся Нароўскага й ціха прамовіў:

– Паглядзі назад. Там маладая настаўніца, я даўно за ёй назіраю. Вельмі прыгожая й цікавая, і з ґустам. Ёй трэба дапамагчы ў высадцы дрэў. Здолееш?

– Чаму ж не? Здолею.

– Вось табе й жыцьцёвы шанец: карыстайся. Лепшая дзяўчына ў горадзе. У цябе часу ўсяго пяць хвілінаў. Празь пяць хвілінаў да яе падыйдзе гэты курвель Баранкевіч і тым самым абазначыць тэрыторыю сваіх інтарэсаў.

– А Мікола?

– Мікола не падрыхтаваны да сустрэчы, што прапануе Лёс. Ён сёньня прамінуў свой шанец. Таму гэта твой шанец! Запомні гэтае імгненьне. Яно каштуе вельмі шмат. Раз, два, пайшоў…

Як зачараваны, нежанаты прадпрымальнік узьняўся і, стрымліваючы моцнае хваляваньне, павольна пайшоў у накірунку да маладой настаўніцы.

Макс павярнуўся да трэнера каманды «Шлях да сьвітанку» Андруся Бондара, што сядзеў праваруч і спакойна пазіраў на поле, і ціха сказаў:

– Андрэй, мне трэба з табой пагаманіць. Я зараз пайду да галоўнага трэнера «КарданСіці», а ты назірай і хадзі ўздоўж узбочыны поля, падбадзёрвай хлопцаў. Як я падыму руку і памахаю, то ты таксама падымай. Выстаўлю два растапыраныя пальцы, вось так – і вы таксама падыміце.

– А што азначаюць гэтыя два пальцы?

– Азначаюць: Вікторыя – Перамога.

Макс хутка пайшоў да галоўнага трэнера «КарданСіці» Анатоля Дзюндзікава, на хаду думаючы, як лепш пад’ехаць да яго. Справа была складаная, але магчымая. Пры сёньняшняй паразе «КарданСіці», каманда, назаўтра ў гульні з Бабруйскім «Фандокам», па-сапраўднаму моцнай камандай, магла разыйсьціся ў нічыю, і ў выніку займала другое месца у турніры. І тады Анатолю Дзюндзю кіраўніцтва рабіла зьніжку ў кар’еры… Так, так…

Зграбны, дужы, з тварам спартоўца і крамяной упэўненасьцю ў сабе, у блакітнай прыталенай кашулі з доўгім фіялетавым гальштукам, замацаваным прышчэпкай, галоўны трэнер «Дняпра» ўзрушана ўзіраўся на поле.

– Так, хто тут галоўны трэнер «КарданСіці»? Я прадстаўнік каманды «Шлях да сьвітанку».

Дзюндзікаў зірнуў каршаком, хаваючы раздражненьне, на сівога, загарэлага самавітага Макса ў белай кашулі і чорным адпрасаваным клёшы.

– Да здесь же был какой-то Бондар. Мы же с ним уже обо всём договорились?

– Бондар – трэнер каманды, а я афіцыйны прадстаўнік Макс Красьніцкі. Ня ведаю, аб чым вы дамовіліся, але свае скрынкі хуценька забярыце, калі ня хочаце вэрхалу. Спойваць маладых юнакоў я не дазволю. Прапілі Саюз, цяпер хочаце прапіць краіну? Не атрымаецца!

Гэта быў рэз сярпом па самым што ні ёсць балючым месцы. Урад краіны нядаўна толькі што прадубліраваў свой указ па ўзмацненьні барацьбы з п’янствам. І таму дастаткова было нейкай афіцыйнай скаргі аб парушэньні ўказа, як адразу паляцелі б з сваіх пасадаў дзяржаўныя й спартыўныя кіраўнікі.

– Тише вы, Макс… мы разберёмся. Давайте отойдём в сторону.

– Скрынкі забярыце.

–Валентин, возьми запасных и быстренько заберы коробки. Быстрее двигайся.

Запасныя, разам з трэнерам Валянтынам, у сініх адзідасаўскіх касьцюмах, подбегам рушылі да калгасных ГАЗ-53.

– Макс, можно с вами начистоту. Что вам даёт эта победа? Третье место в турнире. Фандок поедет на турнир в сталицу. Ваших ребят мы и так уже заметили. Вратарь Юра Петрашкевіч отличный парень, и нападающий Костя Сільвановіч очень впечатляет. Самородак. Но поймите и меня, мы же свои люди.

– Памагчы? Памагчы, бадай, яшчэ ня позна, і дапамагчы можна. Але не за скрынку чарніла. І не за так.

– Сколька Вы хотите?

– Анатоль, зараз нашы другі ґол заб’юць, а тады ўсё будзе й цяжэй, і даражэй. Колькі вы даеце?

Да канца гульні заставалася літаральна двацаць хвілінаў, вяскоўцы правялі толькі што небясьпечны контрнаступ, і цэнтрафорвард Сільвановіч з развароту магутна ўрэзаў мячом у шулу брамы прафэсіяналаў. Тутэйшая тарсіда на трыбунах ізноў узьюшана зараўла.

Прыціснуты ў кут Дзюндзя жорстка адказаў:

– Даю две штуки баксов пры нашем выйгрышы. Пры ничьей – тысячу.

– Згодзен. Але трэба зарука.

– Адна тысяча?

– Згодзен.

Макс падняў руку і памахаў Андрэю Бондару, што старанна соўгаўся ўздоўж поля, падбадзёрваў сваіх спартоўцаў. Той у адказ таксама памахаў яму рукой і паказаў два растапыраныя пальцы.

– Ну не надо так уж откровенно, – зморшчыўся Дзюндзікаў і, павярнуўшыся магутнай сьпіной да трыбунаў, дзе тусаваўся судзейскі корпус, трэнеры й журналісты, расчыніў каліту, што дастаў з кішэні, выцягнуў стос стодаляравых купюраў, адлічыў патрэбную колькасць і непрыкметна аддаў іх Максу. Той забраў баксы й таропка пайшоў назад да трыбунаў, да Андруся Бондара.

Галоўны трэнер «Дняпро-КарданСіці» з прыхаваным пачуцьцём недаверу й насьцярогай глядзеў яму ў сьпіну.

У канцы другога тайма накірунак гульні моцна памяняўся. Стомленыя вяскоўцы адышлі на сваю палову поля, узлаваныя прафэсіяналы настойліва насядалі. Макс паслаў трэнера Андрэя Бондара да брамы, каб ён сказаў некалькі словаў падтрымкі брамніку Юрасю Петрашкевічу.

– Любыя словы яму скажы й вяртайся назад. Будзем рабіць замены. Бачыш, дзясяты нумар кульгае.

Не пасьпеў трэнер каманды вярнуцца на месца, як Макс, пільна ўзіраючыся на поле, прапанаваў:

– Трэба замена дзясятага нумара. Замест яго выпускай абаронцу.

Малады недасьведчаны абаронца вяскоўцаў не пасьпеў увайсьці ў гульню, зрабіў пазіцыйную памылку й цэнтрафорвард фарма-клюбу абыйшоў яго справа, уварваўся ў карную пляцоўку, дзе яго й зьнёс Юрась Петрашкевіч.

Пэнальты біў усё той жа цэнтрафорвард і трапіў у самы кут брамы, стомлены брамнік вяскоўцаў да таго ж пасьлізнуўся, і мяч перад самым яго носам заляцеў у сетку. Не даючы перадыхнуць калгасьнікам, злосныя прафэсіяналы абклалі карную пляцоўку з усіх бакоў і пачалі бесьперапынна бамбаваць па браме. Мокры ад поту Юрась Петрашкевіч ледзь пасьпяваў адбіваць мяч.

Макс напружана ўзіраўся на поле. Апошнія хвіліны гульня ўвесь час ішла ля карнай пляцоўкі вяскоўцаў. Брамнік ізноў адбіў мяч за браму, і нападнік «КарданСіці» подбегам рушыў да кутняга сьцяжка, але ў гэты момант рэфэры ўзьняў рукі ўгору й сьвіснуў, драматычны матч нарэшце скончыўся ўнічыю. Задаволеныя прыхільнікі вясковай камады зараўлі на ўвесь стадыён, не раўнуючы як тая італьянская ці гішпанская тарсіда.

Пасьля гульні галоўны трэнер «КарданСіці» Анатоль Дзюндзікаў з упэўненым выглядам запатрабаванага спэцыяліста даваў інтэрв’ю журналістам і быў абкружаны спартыўнымі кіраўнікамі, трэнерамі, функцыянэрамі. Андрэй Бондар сьціпла стаяў вобак.

 

V

 

Па дынаміку гучала аб’ява, што жадаючыя і ўдзельнікі спаборніцтва могуць прыняць удзел у закладцы памятнага гарадзкога скверу* «Квітней, Беларусь». Узьнёслы голас Макса Красьніцкага гучаў па ўсім стадыёне:

– Кожны павінен у сваім жыцьці пасадзіць дрэва! Збудаваць дом! Узгадаваць сына ці дачку! Сёньня ўдзельнікі спартыўнага сьвята на прыз Прэзідэнта «Дняпроўскія хвалі» маюць магчымасць пасадзіць дрэва!

Алесь Нароўскі кіраваў высадкай дрэваў, увесь час звяртаючыся да настаўніцы біялёґіі:

– Аліна, Вы, калі ласка, назірайце й давайце парады, як правільна саджаць дрэвы. Жадаючых, як бачыце, хапае.

З трыбунаў ішлі заўзятары, школьнікі й спартоўцы, усе, хто хацеў пасадзіць дрэва.

Форвард каманды калгаса Іван Бохан, былы жаўнер унутраных войскаў, пайшоў з паўабаронцамі на разборку да Міколы, які пасадзіў ужо з паўтузіна дрэваў, і літаральна на хвіліну адышоў да трыбунаў, ліхаманкава зьбіраючы свае пачуцьці й думкі ў нейкае падабенства разумовага ланцужка. Мікола з боку пазіраў на Алеся Нароўскага, што не адыходзіў ад Аліны ні на крок, на моладзь, што з імпэтам капала ямкі пад саджанцы, палівала дрэўцы вадой, і хацеў прыдумаць нешта такое, каб зацікавіць маладую настаўніцу, каб яна зьвярнула на яго ўвагу. І ён прыдумаў: трэба прапанаваць спадарыні Аліне пасадзіць сумеснае дрэўца дружбы. У яго, як у шмат каго з тутэйшых, быў адзін моцны хіб: ён палохаўся прыгожых, выхаваных і разумных асобаў процілеглага полу.

У гэты момант да яго й пад’ехалі трое гульцоў з калгаса. Падлавілі момант, каб на іх пранцы.

– Ты, гарадзкі фраер. Бачылі мы такіх. Твая якая справа? Ты нам усё сапсаваў, казёл. Скаргу ён напіша…тваю маць… – падступаў да Міколы форвард Іван Бохан. –Чхаць я хацеў на твае скаргі й на твой футбол, гаўнюк.

– А я пры чым, хлопцы? – зусім натуральна зьдзівіўся Мікола.

– А хто нам пагражаў – скаргу пашлю? Хто абражаў, абзываў бульбаедамі, сьвінаводамі? – рабіў наступ былы сяржант, здаравенны такі бульбавод, з ужо загарэлым тварам механізатар, відаць, вялікі аматар «вогненай вады».

– Хлопцы, вы ратавалі свой калгасны гонар, – лагодна падняў руку ўгору Мікола, – бяру свае словы пра сьвінаводаў і бульбаводаў назад.

– Какаць я хацеў на твой гонар! – зароў выведзены зь цярпеньня форвард. – Гані дзьве скрынкі чарніла, засранец.

І ў тое ж імгненьне ён замахнуўся правай і нечакана засьвяціў левай рукой Міколу ў вока. Спакойны дагэтуль стадыён ператварыўся ў лякалізаванае кола высьвятленьня стасункаў. Нападнік атрымаў хуткі хук у нос ад тэлемайстра. Імкліва прыбег Макс, утаймаваў ваяроў, даў каленам пад копчык форварду. Міліцыянтаў, што падбеглі з гумовымі «дэмакратызатарамі», ён заспакоіў, што адбылося непаразуменьне, і што канфлікт вычарпаны. З падбітым вокам і рванай кашуляй, Мікола ў адно імгненьне памяняў свой імідж паэта й кавалера на абібока й зюзю*. Ён яшчэ не разумеў, што параза ломіцца ў ягонае жыцьцё, як п’яны трактарыст у кабіну трактара.

Макс паліў яму вады на рукі, Мікола памыўся, прычасаў цёмна-русыя валасы, зьняў кашулю, застаўся ў майцы, прыклаў насавічок да вока й заплянавана хацеў ісьці да Аліны.

– Ну й відок у цябе, – Макс зморшчыўся й адмоўна пахітаў галавой.

Побач з Алінай стаялі трэнер Андрусь Бондар і Алесь Нароўскі.

– Дзякуй вам усім, хлопцы, што б я бяз вас рабіла. А дзе той сімпатычны юнак, я хацела б падзякаваць і яму.

– Гэта тутэйшы зюзь і абібок ужо пасьпеў улезьці ў бойку, здаецца, яго міліцыя забрала ў пастарунак. Жанаты й дасьведчаны ў жыцьці аґраном Бондар помсьціў прафэсійна і з асалодай.

Між тым Алесь Нароўскі не адыходзіў ад дзяўчыны ні на крок і карыстаўся агучанай Максам разумовай распрацоўкай:

– Прабачце, Аліна, гэта ваш калектыў на мінулым тыдні так выдатна выступіў на сцэне ДК? Шыкоўна, шыкоўна!

– Вам спадабалася? – з удзячнасьцю зірнула сінімі вачыма на Алеся маладая настаўніца.

– Нават уразіла. Хачу выказаць Вам сваё захапленьне. І дазвольце пазнаёміцца: шляхціч Алесь Нароўскі.

Апошнія словы падыйшоўшы Мікола ўчуў, аб папярэдніх здагадаўся. Аліна зірнула на яго з жалем, а можа з агідай і страхам, і як бы памкнулася да Нароўскага, нібы шукаючы ягонай абароны. Малады прадпрымальнік, сярэдняга росту, меднатвары, ураўнаважаны, прыстойна апрануты, выглядаў сучасна й адэкватна. Міколу заставалася ў думках павіншаваць пераможцу й непрыкметна для ўсіх адсысьці…

Падыйшоў Макс, паклікаў трэнера Андруся Бондара і пайшоў зь ім да спартоўцаў, каб разьлічыцца з камандай за ўпартую спартовую гульню. Вяскоўцы сядзелі на паўднёвай трыбуне й назіралі гульню бабруйскага «Фандока» з горацкай «Акадэміяй».

Макс стрымана, але шчыра зазначыў вясковым футбалістам:

– Вы, хлопцы, сёньня здолелі моцна раззлаваць і напалохаць прафэсіяналаў. Вы атрымалі першы станоўчы спартыўны вынік. На брамніка Юрася Петрашкевіча й нападніка Кастуся Сільвановіча ўжо зьвярнулі ўвагу трэнеры «КарданСіці». Таму трэба падтрымліваць і заўтра свой удала створаны імідж. Няхай гэты вынік сілкуе вас у далейшым жыцьці. Сто даляраў заўзятары даюць вам у выглядзе прэміяльных.

Трэнеру Макс хацеў даць 200 ці 300 даляраў, але ў апошняе імгненьне нешта яго прыпыніла. Ён адчуў, што чамусьці ня трэба гэтага зараз рабіць.

Футбалісты й трэнер Бондар з удзячнасьцю ціснулі Максу руку й дзякавалі. Павесялеў нават форвард Іван Бохан з распухлым пасьля бойкі чырвоным носам. Потым, пасьля гульні «Фандока» з «Акадэміяй», што закончылася нічыёй, задаволеныя й вясёлыя вяскоўцы паселі ў свой крыты брызэнтам ГАЗ-53 ды паехалі дадому.

 

VI

 

У другой палове дня на прыступках ґанка ДК у самоце паліў цыґарэту загадчык управы культуры райвыканкама Баранкевіч, з журбой пазіраў на апусьцелы стадыён, на Аліну, што весела размаўляла з Алесем, ідучы ўзбоч ДК у цэнтр горада.

«На адну хвіліну спазьніўся», – злосна думаў Баранкевіч. Апошнім часам халасьцяцкае жыцьцё яго даняло, і ён пачынаў плянаваць, як замірыцца з адной з былых жонак і пачаць жыць звычайным сямейным жыцьцём. Але тут на ягоныя вочы трапіла маладая настаўніца Аліна Урбановіч, і ён адразу загарэўся палкім любоўным агнём. Ягоны сябра, дырэктар школы Благоеў, дзе працавала Аліна, паспрыяў загадчыку ўправы, стварыўшы пастку для прыгажуні. З гэтай пасткі выручыць яе і павінен быў загадчык управы культуры Баранкевіч.

Аліна, праходзячы вобак незнаёмага ёй мужчыны, які нахабна распранаў яе вачыма, адчула моцную хвалю разбэшчанай адмоўнай энэрґетыкі й несьвядома паскорыла крок, што прымусіла Нароўскага таксама прысьпешыць хаду ды ўзяць яе пад руку. Баранкевіч перавёў змрочны позірк узлаванага лавеласа на Нароўскага й сустрэў у адказ мужны й валадарна цьвёрды позірк маладога мужчыны. «Гэты не саступіць», – расчаравана зразумеў загадчык управы культуры, кінуў недапалак у сьметніцу ды ўзьюшаны пайшоў у будынак ДК.

Макс Красьніцкі сядзеў на трыбуне, грэўся на сонцы і ўпарадкоўваў свае думкі. Да яго падыйшоў зьніякавелы Мікола Грыбоўскі, прысеў побач. Ён зьлётаў на пазычаным чужым ровары дадому на Нікіцінскую, пераапрануўся, пагаліўся, абуў свае лепшыя лакіраваныя чаравікі і ўжо зразумеў, што падзеі йдуць паперадзе яго, што ён спазьніўся.

– Віншую зь сёньняшняй паразай. У цябе з-пад носу ўхапілі прыгажуню. – Макс здаволена пазіраў на пасаджаныя дрэвы, ужо пафарбаваныя вапнай ў белы колер і прывязаныя да драўляных колікаў.

– Вось табе і ўся жыцьцёвая справядлівасць, Мікола! – Макс з спачуваньнем зірнуў на паніклага дзецюка. – Гэта карысна. Каб наступны раз вушы не разьвешваў.

Мікола ўзрушана ўдыхаў паветра, нібы шчупак, выкінуты зь сеткі на дно чоўна, мацаў падбітае вока ды ніяк ня мог растлумачыць сабе вокамгненныя падзеі, што прамільгнулі як ў сьне. Потым, адольваючы ў сабе скруху, змрочна запытаўся:

– Скажы, Макс, ці быў у мяне сёньня шанец?

Макс з разуменьнем зірнуў на яго:

– Невялікі. Дый якія шанцы могуць быць у шмаравоза? А як атрымаў ты па воку ад форварда, то ўжо ніякіх! Дарэчы, зьвярні ўвагу, што Алеся форвард не крануў! Чаму? Таму што Алесь выглядаў годна й пераканаўча.

Потым, шкадуючы сябра, Макс у скрусе дадаў:

– А як ты думаў? Іншы раз падзеі разгортваюцца так, што думаць няма калі, трэба ўжо мець падрыхтаваныя разумовыя распрацоўкі. Напрацаваныя й выпрабаваныя алґарытмы, свой сьветапогляд, сваё разуменьне жыцьця… Сёньня, дружа, ты атрымаў магчымасць разабрацца, дзе вялікія перамогі, а дзе маленькія, дзе паразы дробныя, а дзе страшэнныя й незваротныя.

Макс хацеў даць Міколу пару соцень даляраў, але потым перадумаў. «Трэба, каб яго параза была сапраўднай, без сьлюнявай міласэрнасьці. Каб ён нарэшце зразумеў, што абсалютнай справядлівасьці ў сучасным жыцьці не існуе. Што ён сёньня траґічна й назаўсёды прайграў Аліну. Што ён той самы бульбаед, які заўсёды прайграе якасць. Вось калі ён узлуецца, вось тады пачнуць узьнікаць новыя магчымасьці…»

Крыху памаўчаўшы, Макс заўважыў:

— Толькі прайграўшы пачынаеш шукаць шляхі да патрэбных вынікаў. А Алесь, дарэчы, сапраўдны шляхціч!

Мікола ў моцнай задуме ізноў запытаў сябра:

– А які вынік атрымаў сёньня ты сам, Макс?

–Я, дружа, дамогся, каб сёньня быў пасаджаны сквэр «Квітней Беларусь». Паспрыяў, каб ґустоўная прыгожая дзяўчына знайшла сабе цікавага й надзейнага муж..а…

Яшчэ ня скончыўшы апошнія словы, Макс адчуў, што ён робіць ґрандыёзную памылку, гаворачы пра ўзьніклую маладую пару, што ў гэтае імгненьне Мікола зь сябра ператвараецца ў зьлейшага ягонага ворага. Таму ён змоўк.

У гэты самы час Грыбоўскі адчуў сябе ўломкам, якога проста скарысталі ў ролі шасьцёркі.

Макс зірнуў на Міколу і, каб выправіць становішча, зазначыў усьлед:

– Чалавек сам бярэ на сябе тую ці іншую ролю, а затым ужо падзеі цякуць у залежнасьці ад набягаючых варункаў…

Яны сядзелі моўчкі, і кожны думаў пра сваё, потым Грыбоўскі прамовіў хрыплым абыякавым голасам, у якім гучалі новыя й невядомыя Максу струны:

– Спрытны ты й кемлівы, Макс. Сёньня на рыбу паплывем?

Макс, падстаўляючы сівую галаву пад загарнае веснавое сонейка, сумна адказаў:

– Лавіць ляшча ў час нерасту – грэх! Нам, Мікола, трэба шукаць наступныя шанцы ў іншым месцы.

Ён з подзівам для сябе зазначыў, што жыцьцёвая рэчаіснасць зараз вырульвала зусім ня ў тым накірунку, як ён раней меркаваў. І што цяпер яны кожны сам па сабе, і тая сяброўская еднасць, што была раней, ужо разбурана.

Вясновы дзень хіліўся да вечара. З паплавоў даносіўся шум птушынага кірмашу, водар старажытнага Дняпра, што стагодзьдзямі нёс свае воды побач з старадаўнімі мурамі гераічнага ліцьвінскага горада-крэпасьці. Тутэйшыя жыхары старажытнага горада даўно забыліся пра самастойную і велічную гісторыю сваіх продкаў і таму паступова ператварыліся ў бульбаедаў…

Мікола цяжка ўзьняўся, нязвыкла маўклівы ды ўжо чамусьці хісткі, незнаёмы, павольна пайшоў у напрамку да сваёй хаты на Нікіцінскай, цераз правулак узбоч старадаўніх муроў былога вуніяцкага храму, што бяз даху ўжо паўстагодзьдзя цярпліва й мужна трываў сваю долю.

Макс задумліва пазіраў Міколу Грыбоўскаму ўсьлед. «Стаўшы злым, – думаў ён, – Мікола можа распавесьці свае крыўды аднаму, другому сябру, знаёмаму, сваяку, і нехта, а магчыма й Мікола сам, здадуць мяне пракурору. Аб грашах ведае Анатоль Дзюндзікаў і больш ніхто. Але здагдваецца Андрусь Бондар, чалавек чужы й помсьлівы. Здагадваецца й Мікола, і другі трэнер «КарданСіці». Калі сьледчы ўмеючы падкоціцца да старэйшага трэнера «КарданСіці», як да сьведкі, дык яму, Максу Красьніцкаму, зорыць лёс за кратамі».

Жыцьцё навучыла Макса ніколі не разьнявольвацца, быць заўсёды асьцярожным і недаверлівым. Цяперака ён выйграў толькі першы тайм.

Звычайна, пасьля першага дасягнутага выніку, шараговы чалавек прыпыняе сваю, перш за ўсё, разумовую дзейнасць. Але рэчаіснасць ніколі ня ставіць канчатковай кропкі, бо жыцьцёвая сінусоіда руху ўвесь час імкне наперад.

Макс узьняўся з лавы й шпарка пакрочыў у гатэль «Днепр», дзе прыпынілася нанач футбольная каманда «Дняпро-КарданСіці». Ґрунтоўны агляд будучых падзей выразна акрэсьліў перад ім усе тыя цяжкасьці, што паўстануць перад ім ужо заўтра й пазаўтра. Апошнія думкі сапсавалі яму настрой, ён, які быў амаль героем дня, цяпер адчуў сябе сучасным круцялём, пярэваратнем, прайдзісьветам, што абдурыў усіх тых, хто верыў яму…

 

VII

 

…Увечары, будучы з жонкай Шурай на сьвяточным канцэрце ў ДК, ён нечакана заўважыў вясёлых, па сьвяточнаму апранутых Аліну й Алеся Нароўскага, які, убачыўшы яго, шчыра й узьнёсла памахаў яму рукой. Яны знаходзіліся ўперадзе на два шэрагі ад іх.

Жонка штурхнула Макса ў бок і паказала вачыма, дзе сядзелі Алесь і Аліна, ціха прамовіла яму на вуха:

– Аліна Урбановіч нарэшце знайшла сабе свайго выбраньніка. Я так хвалявалася за яе й цяпер так рада. Урбановіч чароўная зьнешняй і душэўнай прыгажосьцю: і ґуст, і розум, і характар, і чысьціня… Такой цяжка знайсьці годнага ёй жаніха.

– Гэта я іх сёньня пазнаёміў, – прызнаўся Макс.

– Малайчына, коцік. – Жонка Шура ў моманты душэўнай ці фізычнай пяшчоты свайго мужа называла коцікам.

– Алесь хлопец надзейны й працавіты, без благіх звычак. І ў школе ў маім клясе быў роўны, канструктыўны, выхаваны. Сам ведаеш, цяпер вакол адна п’янь несусьветная…

Пачаўся канцэрт, і яны прыпынілі размову, хаця Максу карцела запярэчыць і патлумачыць Шуры, што хлопцаў шмат патэнцыйна здатных і нават таленавітых, але грамадзтва, у тым ліку й школа, ня вучыць юнакоў патрэбным звычкам і алґарытмам…

Мясцовы сьпявак-аматар Уладзь Гашкоў з тутэйшай мянушкай «Амаль што Магамаеў» у гэты момант зь вялізарным натхненьнем і экспрэсіяй сьпяваў: – Дзяўчына… Дзяўчына…З якой я танцаваў! Скажы мне…Скажы мне…! Дзе шукаць цябе?

Жаночая палова гледачоў у зале расчулена выцірала мокрыя ад сьлёз вочы. Жонка Шура таксама прыкладала насавічок да вачэй. «Сапраўды, амаль што Абадзінскі,» – лагодна думаў Макс пра Гашкова.

У перапынку Макс пайшоў у прыбіральню й сустрэў каля буфэта Баранкевіча ды нейкага незнаёмага яму сталага мужчыну з уважлівым позіркам профі, а таксама па-сьвяточнаму апранутага свайго сябра Міколу Грыбоўскага, з заклееным плястырам* апухлым брывом. Яны аб нечым ціха гаварылі, палілі цыґарэты і, убачыўшы Макса, змоўклі. Незнаёмы мужчына нібы рэнтґенам прапёк яго сваім учэпістым позіркам. Мікола нападпітку па-ваўчынаму змрочны, трымаў у руцэ куфаль зь півам і рабіў выгляд, што не заўважае сябра.

Макс хітнуў галавой ім і прайшоў у расчыненыя дзьверы. Калі ён выйшаў з прыбіральні, гэтых траіх ужо не было ні ў фае*, ні каля буфэту.* Макс запытаўся ў знаёмага вахтара*, Франца, што быў у фае ды назіраў за парадкам:

– Франак, тут толькі што быў загадчык культуры й Мікола Грыбоўскі, і яшчэ трэці, куды яны падзеліся?

– Яны, Макс, замовілі бутэлечку каньячку ды пайшлі ў габінэт. А трэці – гэта новы начальнік адзьдзела барацьбы з арґанізаванай злачыннасьцю, Авечкін.

– Два начальнікі аддзелаў райвыканкама й Мікола? Крута! – прамармытаў зьдзіўлены Макс і рушыў да жонкі даглядаць канцэрт. У гэты момант ён нечакана зразумеў, што Мікола толькі што здаў яго Баранкевічу й Авечкіну, і зараз падзеі будуць імчаць паводле імі прадугледжаным сцэнары.

…Сёньня пад вечар, ён знайшоў у гатэлі старэйшага трэнера «КарданСіці» і, застаўшыся з Анатолям Дзюндзікавым сам-насам, вярнуў яму дзевятсот даляраў. Галоўны трэнер тады ўсьміхнуўся й запытаўся:

– Што так?

Макс адказаў:

– Я ня ведаю нічога пра дзьве скрынкі! Вы нічога ня ведаеце!.. – ён ківануў на даляры. – І хачу, шаноўны Анатоль, яшчэ раз зьвярнуць вашу ўвагу на нападніка Кастуся Сільвановіча й брамніка Юрася Петрашкевіча. Мы тады гаварылі з вамі пра іхняе спартыўнае майстэрства й магчымасць уладкавацца ў каманду. Хачу зараз прадоўжыць гэтую гаворку.

Яны сапраўды пагаварылі пра двух таленавітых футбалістаў, і Анатоль Дзюндзікаў паабяцаў узяць іх на прагляд. На развітаньне ён, з павагай паціскаючы руку Максу, ціха па-беларуску шапнуў:

– Моцна прыпякло, дружа?

– Можа прыпекчы, калі раздзьмуць прыдуманыя юрыстамі інсінуацыі*, – таксама ціха адказаў Макс і пайшоў з гатэля.

Зараз ён з асалодай глядзеў з жонкай канцэрт, душа ягоная была спакойнай. Красніцкі разумеў, што Баранкевіч спрытна й прафэсійна загнаў яму ґол у адказ, перацягнуўшы Міколу на свой бок. Але ён, Макс, прадбачліва вярнуў грошы, каб разбурыць патэнцыйную магчымасць стварэньня крымінальнай справы. Такім чынам, ён зьвёў унічыю свой другі тайм, а ўсю гульню зь лікам 2-1, мінус сто даляраў, якія вінен Алесю, акрамя таго, нажыў злоснага ворага ў асобе Баранкевіча…

«Цікава, а якое становішча склалася б, калі б ён адсьлюмачыў даляраў па трыста Міколу й Бондару? Грошы, атрыманыя незаслужана, у выніку махлярства – гэта спакуса, якая нараджае зло. Ці здалі б яны яго сьледчаму? Чатыры патэнцыйныя сьведкі?»

Макс заўсёды верыў у моц дзяржаўнай праваахоўнай сістэмы. Нацкаваны й зацікаўлены Баранкевічам напорысты сьледчы пайшоў бы па ягоных сьлядох, запалохаў бы правінцыялаў* і выціснуў бы ад іх патрэбнае яму сьведчаньне…

…Пройдзе яшчэ дзесяць год, вырасьце кляновы сквэр «Квітней, Беларусь». У прадпрымальніка Алеся Нароўскага й ягонай прыгажуні-жонкі Аліны падымуцца дзеткі. А малады форвард Кастусь Сільвановіч можа зайграе дзе-небудзь за мяжой, мо ў «Ювэнтусе»… І ўсё адтаго, што сёньня ён, Макс Красніцкі, скарыстаў жыцьцёвыя шанцы нешта зрушыць у гэтым маленькім старадаўнім, калісьці гераічным ліцьвінскім горадзе.

Цяпер заставалася толькі прыдумаць і распрацаваць патрэбны алґарытм, як выратаваць Міколу, дапамагчы сябру канчаткова не зрабіцца ўломкам, бо нечакана для Макса сёньняшняя параза не ўмацавала Грыбоўскага, а паставіла на шлях, што ператвараў яго ў дробнага помсьлівага шпеґа, здрадніка, шасьцёрку ў чужых руках…

 

Функцыянэры* – ад французскага «functionnaire» – асоба, якая выконвае пэўную функцыю.

Камэнтатар* – ад лятынскага «commentator». Той, хто камэнтуе, абмяркоўвае, робіць заўвагі.

Ідэнтыфікаваць* –ад лятынскага «identificare»- атаясамліваць. Вызначыць адпаведнасць рэчы, чалавека, зьявы.

Тэрмас* - ад ґрэцкага «thermos» –цёплы. Бытавы спрат асобай будовы, які захоўвае тэмпэратуру зьмешчанай у ім вадкасьці.

Момант* –ад лятынскага «momentum»- імгненьне, міг, вельмі кароткі прамежак часу.

Сарказмам* – ад грэчскага «sarkasmos» – вострая,зьедлівая насьмешка.

Танальнасць* –ад лятынскага «tonalis» – які мае дачыненьне да тону. Вызначаецца гукавой ґаммай ці адценьнем колеру.

Ґуталін* –ад нямецкага «gut» – добры; смар для скуранога абутка, вакса.

Ґазон*– ад французскага»gazon» – пляцоўка з роўна пастрыжанай сеянай травой.

Трыбуна* – ад лятынскага «tribuna» – збудавньне з паступовым узвышэньнем шэрагаў зь месцамі для гледачоў.

Стадыён*– ад ґрэцкага «stadion» – спартыўнае збудаваньне для правядзеньня спаборніцтваў.

Буцы* – ад анґельскага «boots» – чаравікі з шыпамі на падэшвах для гульні ў футбол.

Плястыр* – ад лятынскага «plastrum» – тканіна зь ліпкай лекавай масай, якая прыкладаецца да нарыва.

Ґанак* – ад нямецкага «gang» – крытая прыбудоўка з прыступкамі перад уваходнымі дзьвярмі.

Алґарытм* – ад лятынскага «algorithmus» – сукупнасць правілаў, якія дазваляюць чыста мэханична вырашыць любую задачу з клясы аднатыповых задачаў. 2. Выкананьне ў вызначаным парадку сыстэмы дзеяньняў дзеля вырашэньня пэўных мэтаў з пэўнае клясы задач.

Шляхціч* – ад старажытна верхненямецкага «slahta» – дробнапамесны дваранін у Вялікім Княстве Літоўскім у XIV – пачатку XX стагодзьдзяў.

Сквэр* – ад анґельскага «square» – невялічкі гарадзкі грамадзкі сад.

Зюзь* – горкі п’яніца, п’янчужка. (Згодна слоўніка М.Байкова й С.Некрашэвіча 1926 года.)

Вахтар* – ад нямецкага «wachter» – трымаючы вахту, дзяжурны, вартаўнік.

Буфэт*– ад французскага «buffet» – месца для продажу закусак, напояў у тэатрах, на вакзалах, ва ўстановах.

Фае* –ад французскага «foyer» – памяшканьне ў тэатры, доме культуры для знаходжаньня гледачоў падчас перапынку альбо перад пачаткам канцэрту.

Інсінуацыі* – ад лятынскага «insinuatio» – лісьлівасць, падлашчываньне. Злосная выдумка, паклёп з мэтай зганьбіць каго-небудзь.

Правінцыял* –ад лятынскага «provincialis» – чалавек з поглядамі й звычкамі ўласьцівымі мясцовасьці аддаленай ад сталіцы.

Студзень 2002, 2009 г. Менск

 

Перазагрузка

 

‘’Усведамленне сваіх жаданняў і неразуменне прычын, якія іх

нараджаюць, ствараюць ілюзію, што воля свабодная.’’

Барух Спіноза.

 

I

 

З кабіны «Сканіі», што імчала па шашы, экспэдытар Яўґен Луцкі ўзіраўся ў прылеглыя да дарогі жнівеньскія краявіды, на дзяўчат і маладых жанчын, якія тусаваліся дзе-нідзе на перакрыжаваньні аўтамабільных дарог і каля дарожных кэмпінґаў.

– Зірні, як яна паварочваецца, – у голасе Луцкага прагучала зьдзіўленьне. Ён выкруціў галаву назад у акенца кабіны, каб разгледзець постаць маладой жанчыны на прыпынку, што нібы выпадкова павярнулася бокам і артыстычна трасанула плечукамі перад пралятаючай фурай.

Экспедытар уцягнуў назад сваю галаву з ускудлачанымі тугім паветрам русымі, зь сівізной, валасамі:

– Хоча паказаць вартасць сваёй вабнай фіґурэнцыі? – нарэшце здагадаўся ўражаны Луцкі. Духоўна разгублены «гома саветыкус», ён затарможана соўгаўся ў сучасным жыцьці, упарта імкнуўся зачапіцца за новую рэчаіснасць і зацята вышукваў новыя пераможныя алґарытмы. Састарэлыя шаблоны й стэрэатыпы заміналі яму жыць, спробы быць сучасным сьведчылі, што ў новых варунках можна хутка патануць.

Жыхар невялікага правінцыйнага мястэчка, у душы памяркоўны савецкі чалавек, Луцкі, напалоханы сучасным імклівым жыцьцём, страціў падмурак свайго дагэтуль стабільнага існаваньня й цяпер быў няўпэўнены нават у пачуцьцях. У Маскве, за апошнія паўтары гады, яго кінулі тройчы і, фінансава збанкрутаваўшы, ён быў вымушаны працаваць экспедытарам у чужым бізнэсе. Хуткая й зьменлівая штодзёнасць выклікала цяпер у Луцкага зьбянтэжанасць, і ён выказаў яе ўголас:

— Прайшло ўсяго толькі пяць гадоў пасьля разбурэньня, а ўжо колькі нечысьці павылезла з усіх шчылін:

— Плечавыя, што вы ад іх хочаце? — Кіроўца «Сканіі» Мікола Беламёдаў чэпка трымаў стырно, пільна пазіраў на імклівую стужку сіня-шэрай шашы Пскоў-Пецярбург і трымаў на сьпідомэтры свае звыклыя 100 км. – Яны заўжды гэтак на дарогах сябе паводзяць. Мабыць, асалоду атрымліваюць: пасьпяць у цяпле, павячэраюць, а калі кіровец лох, дык могуць абрабаваць і зьбегчы. У нас яшчэ іх мала, а ў Расеі да халеры.

– Не разумею, Мікола! У галаве ня ўкладваецца!

Луцкі некалі паверыў у перабудову й дэмакратыю, але потым ня здолеў прыняць разбурэньня муроў маралі. Па сваёй прыродзе лагодны й шчыры, але апошнім часам у ім нараджаўся чалавек, які ўжо нікому ня верыў. Роздум над уласнай прадпрымальніцкай дзейнасьцю патлумачыў яму, што падмуркам ягоных хібаў была даверлівасць, савецкія звычкі й рэфлексы талерантных беларусаў. Пры савецкім часе ён верыў іншым людзям, уладзе, дзяржаве больш, чым самому сабе. Зараз трэба было гэтую шкодную звычку тэрмінова вынішчаць і ствараць жыцьцёва неабходны ўласны сьветапогляд.

Беламёдаў маладзейшы за экспэдытара гадоў на пятнаццаць, таму больш прыстасаваны да цяперашняй рэчаіснасьці, зараз ветліва выказаў сваё меркаваньне:

– Зрэшты, каб зразумець, напэўна трэба паспытаць. Хочаце, возьмем у Лузе путану, якраз да Піцера, і зразумееце, у чым соль сучаснага жыцьця?

– Ты што, жартуеш? – Яўґен падазорна зірнуў на Беламёдава.

– Аніякіх жартаў. Адвечны досьвед ваенных лётчыкаў: карыстайся жыцьцём сёньня, бо заўтра можа быць ужо не тваім!

– Вы што, лётчык?

– Лётчык. Пасля разбурэньня Саюза перабудаваўся ў аўтаперавозчыка. У маім «Таварыстве з Абмежаванай Адказнасьцю» цяпер шэсць самаходаў. Зьбіраюся купіць яшчэ новага «МАЗа».

У голасе Беламёдава гучала перакананасць чалавека, што дамогся сваёй мэты. Цяпер ён прафэсійна вёў «Сканію», упэўнена рабіў абгоны на шашы, так што ў экспэдытара ні разу ня ўзьнікла пачуцьця неспакою.

Бізнэсмен, не выпускаючы стырно з рукі, другой рукой прыпаліў цыґарэту і, уважліва ўзіраючыся ў імклівую стужку шашы, патлумачыў:

– Кіроўца Міхась Рудзько папрасіў адгул з нагоды сынавага вясельля. Вось я яго й замяняю. Заадно пракантралюю некаторыя паказчыкі: расход паліва, кошт стаянак, памеры хабару на расейскіх дарогах расейскім мянтам. А то ведаеце, без прыгляду наш савок хутка псуецца. Вешае локшыну на вушы.

Луцкі з пашанай пільна зірнуў на былога пілота. Толькі цяпер ён зьвярнуў увагу на тое, што кіровец «Сканіі» быў апрануты ў фірмовую адзідасаўскую вопратку: доўгія ніжэй каленяў сіня-белыя шорты, файную блакітную кашулю, на нагах сядзелі фірмовыя бела-сінія кросаўкі. І ў кабіне самахода было чыста, трымаўся пах прыемнай парфумы. За сьпінкай, за фіранкай, спакушала сьвежай бялізнай месца адпачынку кіроўцы.

У глыбіні душы экспедытар адчуваў зайздрасць да адэкватных людзей, што атрымлівалі станоўчыя вынікі. Упэўненасць у іх, як ён меркаваў, ішла ад гнуткага розуму. Нешта бачылі й ведалі гэтыя людзі такое, чаго ня бачылі й ня ведалі астатнія, чаго ня бачыў і ня ведаў ён сам.

 

 

У другой палове наступнага дня, прыехаўшы ў Піцер, экспедытар Яўґен Луцкі з кіроўцам Міколам Беламёдавым ехалі па Выбаргскай набярэжнай, там, дзе на «Большой Невке» на працілеглым баку, на якары стаяў крэйсэр «Аўрора».

Піцер у сярэдзіне 90-х гадоў уяўляў сабой вольны горад, дзе ўпэўнена адчувалі сябе зладзеі ўсіх калібраў і масьцей, спекулянты, бізнэсоўцы, гандляры, наркадылеры, прастытуткі й сутэнёры… Нягледзячы на крызіс, у горадзе было цёпла, сытна, вольна й незразумела. Фірмы й фірмачкі, кансорцыумы й холдынґі, «СП» і «ООО» перапаўнялі горад. У Піцеры з праляцелага мінулага засталіся ўсе гістарычныя назвы. Помнікі двум дзяржаўным правадырам – Пятру й Леніну – дагэтуль сустракаліся на ягоных плошчах і вуліцах.

Яны ехалі па другой паласе на «Сканіі» зь беларускімі спажывецкімі таварамі, што павінны былі згрузіць на вуліцы Фокіна, і тут ім з трэцяй паласы раптам пад самыя колы кінулася тоўстазадая іншамарка цёмназялёнага колеру, так што Мікола адразу загамаваў, каб не раздушыць гэны «Фольксваґен-Пасат». Легкавік перад коламі «Сканіі» выскачыў на першую паласу й на адлегласьці ў пяць мэтраў на іхніх вачах ягоныя заднія дзьверцы тараніў белы «жыгуль» восьмай мадэлі, што абганяў цяжкавоз справа.

– Вар'ят! – усхвалявана закрычаў Яўґен Луцкі.

– Вар'ят, – ураўнаважана пацьвердзіў былы ваены пілот, праґматычны й адэкватны Мікола Беламёдаў. Яны жвава абмяркоўвалі гэтую падзею, і Мікола прамінуў правы паварот на вуліцу Фокіна, дзе месьцілася фірма «Рашыд і К°». Прыйшлося ехаць далёка ўперад, паварочвацца й вяртацца назад. Едучы назад, абодва разгледзелі пабітыя легкавікі й іхніх гаспадароў, што стаялі побач, з пачуцьцём уласнай годнасьці абмяркоўвалі здарэньне.. І хоць бы хны! Экспэдытар Луцкі быў моцна ўражаны ды ўзрушана думаў:

«От гэта характар! А інтэлект?!… Напэўна, чалавек з сапраўдным інтэлектам1, з высокім ІQ2, што б ні ўтварыў у жыцьці, ніколі не ўскладзе віну на сябе. Гэткага, з высокім IQ, не прыпрэш у кут, а пры спробе дамагчыся праўды-маткі праўдалюб толькі сам сабе наробіць непрыемнасьцяў…»

Склады фірмы «Рашыд і К°» знаходзіліся праваруч іхняму руху па вуліцы Фокіна і, заседзеўшыся за дарогу, экспэдытар Яўґен Луцкі праз вартоўню, паказаўшы пашпарт змрочнаму вартаўніку ў камуфляжы, рушыў да офіса загадчыка, каб хутчэй разгрузіць самаход.

У панадворку складоў стаялі дзьве фуры пад разгрузкай і некалькі бартавых газікаў загружаліся паддонамі з рыбнымі прэсэрвамі, кабачковай ікрой у бляшанках, скрынкамі з сырамі і маслам.

– Дзе Рашыд Андросавіч? – запытаўся ў сустрэчнага ваганоса Луцкі. Той паказаў рукой у бок убудаванай у складзе канторкі з зашклёнай верхняй паловай. Экспэдытар адчуваў перад вырашальнай сустрэчай зь піцерскім прадпрымальнікам некаторае напружаньне. Ягоны фірмач Алег Жук у Менску паставіў перад ім складаную мэту: «Трэба ўзяць у Рашыда дзесяць штук».

«Узяць частку грошай за яшчэ не праданы тавар? Паспрабаваў бы ты, Алег, узяць сам!» – думаў экспедытар тады – і падумаў цяпер.

Яўґен Луцкі адчыніў дзьверы, у канторцы за пісьмовым сталом сядзеў чарнавалосы злосны Рашыд, перад ім стаяў мажны разгублены мужчына ў сталёва-шэрым касьцюме.

– Алейкум асалям, шаноўны Рашыд, – прывітаўся экспедытар.

Рашыд перавёў вочы на экспедытара, кіўнуў галавой і паказаў рукой убок на абцягнутую чорнаю скурай канапку:

– Прысядзь покуль, – Рашыд Андросавіч павярнуўся да рослага мужчыны й раззлавана зазначыў:

– Ты, Аляксей, ідыёт! Табе было гаворана, што выручку на рынках у баґажнік не кладзі! Колькі там было?

– Пяцьдзесят тысяч рублёў… – прамармытаў той.

– Хрэн маржовы, колькі разоў табе казаў: не кладзі ў баґажнік выручку! Баран! Нясі ключы й дакумэнты ад «жыгулёў». Будзеш цяпер пехам хадзіць!

Замаркочаны Аляксей пайшоў з канторкі. Рашыд павярнуўся да экспэдытара. Уважліва прагледзеў таварныя накладныя, дамовы, сэртыфікаты. Потым стрымана прамовіў:

– Твой шэф сёньня ўжо двойчы тэлефанаваў. Покуль стаў фуру ў чаргу пад разгрузку. І схадзі з кіроўцам перакусі ў нашу сталоўку. Я скажу, каб пакармілі.

Да позьняга вечара яны разгружаліся, пасьпеўшы схадзіць у сталоўку павячэраць. Потым, пасьля разгрузкі, Луцкі ізноў зайшоў да Рашыда. Той ня даў экспэдытару расчыніць рот.

– Тут мы с тваім шэфам дамовіліся, што я табе выдам сем штук. Ён хацеў дзесяць, але згадзіўся на сем. Ваш тавар невядома яшчэ як будзе прадавацца. – Рашыд выняў з шуфляды пачку даляраў і паклаў на стол. – Можаш не пералічваць.

– У мяне ёсць адно пытаньне, Рашыд Андросавіч, – рахмана прамовіў экспэдытар, – ці можна з фурай пераначаваць у вас на складзе да заўтра. Самі разумееце, горад вялікі, ужо вечар, усе прыватныя стаянкі на выездах з горада...

Рашыд у роздуме паглядзеў на Луцкага.

– Паедзеш на Балтыйскі вакзал, дзе мінулы раз разгружаўся. Там і пераначуеце. Я зараз вартаўніку патэлефаную.

– Дзякуй, Рашыд Андросавіч. Прыемна з вамі працаваць. Да пабачэньня, – зь лёгкім сэрцам экспедытар паціснуў руку Рашыду.

Узрадаваны Яўґен Луцкі пайшоў да фуры. Ужо было цёмна, калі яны нарэшце прыехалі на склад, што месьціўся паблізу Балтыйскага вакзала па Мітрафанаўскай шашы, ды дзе можна было бесклапотна пераначаваць у кабіне самахода.

Яны паставілі «Сканію» на панадворку складоў, схадзілі ў прыбіральню й толькі зьбіраліся класьціся спаць, як нечакана ў дзьверцы фуры пастукалі. У цьмяным сьвятле ліхтароў Яўґен разгледзеў апранутую ў сінюю ватоўку вартаўніцу. Яна ветліва запытала, узіраючыся ў кабіну:

– Может быть чайку, ребята?

– Ды не. Які чаёк? Спаць будзем! – Незадаволена прабурчэў Яўґен, для якога вартаўніца была зараз непатрэбным рэквізытам.

– А кавы можна? –пацікавіўся Мікола Беламёдаў, чэпка зірнуўшы на сьціпла апранутую жанчыну гадоў сарака пяці на выгляд. Былы ваенны лётчык зь дзяцінства выхаваў у сабе реалістычны розум і заўсёды імкнуўся да сьвежых жыцьцёвых дачыненьняў.

– Пожалуйста, можна і кофейку.

– Кава – гэта файна. Я пайшоў. – Мікола рашуча вылез з кабіны й накіраваўся за жанчынай да вагончыка варты.

Луцкі доўга варочаўся на разьлеглым сядзеньні кабіны. Дакучалі піцерскія камары, непрыкметныя, занудлівыя, нейкія худасочныя й кусучыя. Прачнуўся ён ноччу ад таго, што Мікола, адчыніўшы дзьверцы, залазіў у кабіну. Убачыўшы, што экспедытар прачнуўся, ён лагодна прамовіў:

– Ідзі, цяпер твая чарга.

– Куды ісьці?

– Да вартаўніцы. Дарэчы, прыемная жанчынка, Валюша, і кавай напаіла, і прылашчыла.

– Чаму так доўга?

– Бегала па ґумку на Балтыйскі вакзал. Я бяз ґумкі савакупляцца адмовіўся катэґарычна.

– Ты што? – Луцкі быў уражаны лёгкасьцю, зь якой зусім незнаёмыя людзі ўступалі ў інтымныя стасункі.

– «Я чыстая, кажа. Ня бойся». А ў мяне прынцып: толькі праз ґумку. Вось яна й пабегла на вакзал. Нічога, прыемная жанчына, хаця і ў гадах. Муж, кажа, піваман, даўно смокча піва й таму нічога ня можа.

Задаволены, сыты і ўлагоджаны Беламёдаў укладваўся на сваё спальнае месца за сядзеньнем і дадаў: – Яна чакае, цяпер твая чарга. І каву, дарэчы, гатуе някепска.

– Не, я не пайду, – адмовіўся экспедытар.

– Дарэмна. А чаму? – Зь цікавасьцю спытаў Беламёдаў.

– Ня тое выхаваньне. Ня тая мэнтальнасць! – Задумліва прамовіў Луцкі.

– Але жаданьне ёсць? – Ізноў зь цікавасьцю запытаўся бізнэсовец. – Толькі шчыра.

– Ёсць. Куды ж яму дзецца? Яшчэ покуль ёсць, – па-ранейшаму задумліва адказаў экспедытар.

– Калі ты ня будзеш, дык тады, прабач, пайду я. – Мікола вылез з спальнага месца і, выбраўшыся з кабіны, зачыніў дзьверцы й хутка зьнік у цемры.

Прадпрымальнік Беламёдаў, што ізноў ішоў да вартаўніцы, не засяроджваў сваё «я» на прамінулых, калісьці прыемных імгненьнях жыцьця. Ён даўно зразумеў, што шчасьлівыя імгненьні, што былі ўчора – гэта ўжо назаўсёды страчаная мілата, і таму не зьвяртаў на прамінулае ўвагі. Яшчэ ў школе, узрушана ўзіраючыся ва ўзьнёслую й прыгожую настаўніцу літаратуры, што прамаўляла аб рэалізме Пушкіна й рамантызме Адама Міцкевіча – ён, пасьля доўгіх роздумаў, усьвядоміў, што ў сусьвеце існуе ягонае аўтаномнае «Я», – а ўвесь астатні сьвет, які іншы раз нібы спрыяе яму, імкнецца карыстацца ім, Міколам, выключна ў сваіх уласных інтарэсах.

Экспедытар, моцна зьдзіўлены, зацята ўглядаўся ў цемру піцерскай ночы. Фактычна цяпер падзея адбылася з удзелам увішнага й дзейнага Беламёдава. Ён, Яўґен Луцкі, быў толькі носьбітам маруднага жыцьця, нібы тое прытопленае дубовае бервяно каля берагу ў балоцістай затоцы, побач з рухомай бурлівай ракой.

 

1 – Інтэлект – унівэрсальны звышалґарытм.

2IQ* - каэфіцыент – разумовага разьвіцьця.

III

 

Раніцой бізнэсмэн-кіроўца Мікола Беламёдаў паехаў на загрузку, аб якой яму патэлефанавалі дыспэтчары, а экспэдытар Яўґен Луцкі, ужо разьвітваючыся зь ім, запытаўся:

– Прабач, дружа. Хачу запытаць у цябе, калі не сакрэт. Колькі разоў ты быў жанаты? Надта спрытны ты з жанчынамі.

Беламёдаў уважліва зірнуў на экспэдытара, засьмяяўся й адказаў: – Афіцыйна двойчы. А неафіцыйна – халера яго ведае колькі. Шмат разоў. Я ж табе казаў: жыві сёньня, бо заўтра можа быць ужо чужым.

Луцкі паціснуў яму руку на развітаньне, пажадаў удачы й рушыў да трамвая, каб ехаць да вуліцы Баравой, а потым пешкі да гатэля «Паўднёвы», і ўжо там, уладкаваўшыся на начоўку, чакаць новых загадаў свайго менскага бізнэсмэна Алега Жука.

У 12 гадзінаў дня ў ягоны нумар у гатэлі патэлефанаваў шэф і загадаў хутка ехаць на фірму «Петрамасла», што на вуліцы Фаянсавай.

– Возьмеш у дырэктара Ігара сем тысяч баксаў, пасьля на таксі імчы на дачу Далгарукава, што непадалёку ад вуліцы Латышскіх стралкоў. Там ужо чакае фура зь беларускімі нумарамі й кіроўца Сяржук Лятэцкі. Аплаціш тавар на фірме й загрузіш фуру алеем, 21 000 бутэлек.

Луцкі запісаў нумар самахода, што прадыктаваў яму дырэктар і, хутка сабраўшыся, мітулем паляцеў да прыпынку трамвая.

Экспедытар ашчадна выдаткоўваў свае камандыровачныя, і зараз хацеў грошы на таксі пакласьці ў сваю кішэнь, паказаўшы ў ґрафе выдаткаў прыкладна 150 расейскіх рублёў. Ён праехаў некалькі прыпынкаў на трамваі й вылез якраз там, дзе Волкавы могілкі дзяліліся пасярод Волкавай набярэжнай. Далей Луцкі памчаў праз могілкі па дыяґаналі. Ён сьпяшаўся, бо трэба было забраць баксы, потым вярнуцца на трамваі да станцыі мэтро Лігаўская й на мэтро даехаць да вуліцы Латышскіх стралкоў, а там дабірацца да «Дачы Далгарукава».

Ён хутка йшоў па сьцежцы і, убачыўшы ў патрэбным кірунку праваруч пралом у бетоннай агароджы, скіраваў да яго, зь цікаўнасьцю круцячы галавой па баках. Могілкі былі своеасаблівым музэем гісторыі Піцера. Луцкі на імгненьне прыпыніўся перад адным ґранітным помнікам. Цэлы род Вінтэраў, мабыць чалавек дзесяць, ляжалі ў магілах пад гэтымі плітамі. Чужыя цяпер людзі, што некалі пэўна шмат плённага зрабілі для расейскай дзяржавы. А побач на сьціплым помніку Луцкі прачытаў: «Камісар палка Галкін загінуў на вайне зь белафінамі. 1914 – 1939 г. Жонка Анастасія 1906-1996г.»

Пражылі сваё жыцьцё Вінтэры, і пражылі Галкіны, і тых і другіх нібы й не было ніколі. І за кожным з гэтых людзей стаялі свае непаўторныя эпохі. Для адных шчасьлівыя, для другіх гераічныя.

Унутраным уяўленьнем ён перанёсься на стагодзьдзе назад і ўбачыў пахаваньне аднаго з Вінтэраў: сьвятар у чорнай расе з скрухай чытаў псальмы. Вакол тоўпіліся ў журбе багатыя пецярбургскія арыстакраты ў сабаліных футрах…

А вось праз сто гадоў хаваюць маладога камісара палка, і тутэйшы палітычны кіраўнік у шынялі гаворыць палымяныя словы, сячэ паветра даланёю… І побач у сьлязах яшчэ маладая жонка забітага камісара, якой наканаваны такі доўгі дваццаты век…

Ён раптам адчуў дух папярэдніх эпох і цяпер міжволі параўноўваў іх з эпохай, у якой зараз актывіраваў сваё дробнае фактычна нікчэмнае існаваньне, якое ня мела ніякага гістарычнага сэнсу.

Моцна ўражаны, Яўґен Луцкі павольна пакрочыў да выхаду. Яму стала млосна, ён расшпіліў каўнер кашулі ды амаль прыпыніўся на выхадзе з Волкаўскіх могілак. Ён адчуваў, што трэба ґрунтоўна пераасэнсаваць свае пачуцьці й свой цяперашні сьветапогляд.

Дагэтуль Яўґен Луцкі заўсёды ствараў блізкі для сябе й зразумелы для большасьці імідж простага чалавека, сьціпла апранутага, недалёкага й беднага. Гэты імідж звычайна яго нібыта выручаў, ніхто ня мог у Маскве ці Піцеры нават падумаць, што стомлены, зь сівізной, крыху задумлівы й нібыта разяваты бедалага мае цяпер пры сабе ў «чорным пасе тэквайндыста»1 пад дзягай некалькі дзясяткаў тысяч даляраў, і што ягоны хатуль набіты сотнямі тысяч рускіх рублёў.

І вось цяпер пры параўнаньні трох эпох ён зразумеў, як хутка, імкліва рухаюцца гістарычныя падзеі. І няма ў яго ўжо часу быць сьціплым, задумлівым, стомленым, разяватым…

Трэба было хутка й непахісна рабіць перазагрузку сваіх рэфлексаў, набытых за папярэдняе савецкае жыцьцё, дзе «чалавек чалавеку быў другам, таварышам і братам.»

 

1 «Чорны пас тэквайндыста» – жаночыя калготкі, абкручаныя вакол тулава пад дзягай, куды беларускія госарбайтары хавалі заробленыя грошы.

IV

 

Наступным днём Луцкі, сустрэўшы новую фуру, ізноў жа зь Беларусі, паехаў загружацца ватай, бінтамі, марляй на Курляндзкую вуліцу за Абвадным каналам, на фірму, што месьцілася амаль паблізу самога гістарычнага цэнтра горада. Варочацца «МАЗам» у вузкіх «Чырвонаармейскіх» вулках і завулках старога горада было цяжка й непрыемна. Добра, што кіровец Базыль трапіўся вясёлы й кемлівы. Луцкі, трымаючы мапу перад сабой, даваў яму каманды:

– Зараз будзе направа, потым налева….

Загрузіўшыся ў першай фірме, яны паехалі на Аўтаўскую, што паблізу праспэкта Стачак. Там Яўґен Луцкі прыдбаў на дзьвесце восемдзесят тысяч рускіх рублёў розных духмяных салявых вырабаў для ваннаў, шампуняў, туалетнага мыла й мыла для лазьні. І трэцяя загрузка была на вуліцы Прамысловай, дзе гандлявалі сродкамі для мыцьця.

Тут экспедытар ледзь не пагарэў. Ён скурай, усім сваім нутром адчуў, як ля яго прашамацела небясьпека. Не даехаўшы мо з сотню мэтраў да фірмы і, каб не праскочыць яе, Луцкі загадаў кіроўцу прыпыніць «МАЗ», вылез з кабіны й пайшоў, пазіраючы па баках, шукаць фірму, заплечнік з грашыма боўтаўся на плячы. Луцкі ўжо мінаў расчынены цагляны ґараж, як адтуль выйшаў яшчэ не праспаны, сонны маладзён гадоў 25 у працоўнай вопратцы колеру хакі з характэрным тварам «братка», і экспэдытар мэханічна запытаў у яго патрэбны нумар дому.

Сталы дзяцюк адразу прасёк Луцкага: «Лох, тлусты лох, з набітым грашыма хатулём.» Ён ад нечаканасьці аслупянеў, ягоны твар і вочы вылучалі разгубленасць ад гэткага «шчасьця». У гэта ж імгненьне экспэдытар убачыў патрэбны нумар на будынку наперадзе і пакрочыў далей.

Экспедытар не пасьпеў нават спалохацца, хоць сам імгненна зразумеў «братка». Дастаткова яму было прыпыніцца, загаварыць, яшчэ горш - зайсьці ўнутр ґаража, адкуль чуліся галасы іншых «браткоў», і ён мог бы пагарэць. Гэта была новая плынь людзей-драпежнікаў, кідалаў, мэтай якіх было рабаўніцтва шчырых і разгубленых, нядаўна даверлівых савецкіх людзей.

Пад вечар, загрузіўшы скрынкамі з таварам да самага верху й дзьвярэй фуру, Луцкі аддаў Базылю неабходныя дакумэнты:

– Вось глядзі, Базыль. Гэта дамовы на тавар, вось накладныя, вось сертыфікаты, а гэта дамова на транспартныя паслугі вашай фірмай з нашай пячаткай. Вось гэта адрас нашага «ТАА Чмель» ў Менску і схэма праезду да склада. Вось зірні, тут нумар тэлефона нашага склада. Так, вось твой пашпарт і пуцявы ліст. Усё?

Кіровец Базыль паглядзеў на паперы, потым выняў зьверху замусоленую тэчку і пачаў складваць у яе цэлы стос гандлёва-транспартных дакумэнтаў:

– Здаецца, усё. Але на мытні ўсё роўна да чаго-небудзь прычэпяцца.

– Тады, дружа, давай хабар, – стомлена зазначыў Луцкі: – Жадаю табе шчасьлівай дарогі й пільнага самаадчуваньня.

Адправіўшы фуру з таварам, экспедытар, ужо нікуды не сьпяшаючыся, пачаў лавіць прыватніка, каб ехаць у гатэль.

У гэты самотны вечар у ягонай галаве ўвесь час неадчэпна віравала думка, як лёгка яго вызначыў той маладзён з ґаража, і толькі таму, што ён ізноў нёс у сабе імідж няздольнага да барацьбы зломка. Прыйшоў новы час, калі шчырыя й бедныя ўжо не карысталіся падтрымкай грамадства. Трэба было хутка вучыцца трымаць сябе моцным, упэўненым, не саромецца й не баяцца ўласнага эґаізму, і нават уласнай хцівасьці й спакусьлівых юрлівых пачуцьцяў. «Сёньня – яно маё! А заўтра? Заўтра будзе чужым!»

Яшчэ ў пачатку сваёй працы экспедытарам Яўґен Луцкі вызначыў і занатаваў у агульны сшытак каля трыццаці момантаў, дзе яго маглі аблапошыць. Сярод іх значыліся такія, як заключэньне дамовы, аплата наяўнымі, загрузка й выгрузка тавару, транспартыроўка, афармленьне дакумэнтаў.

І вось цяпер ён кожны вечар рабіў агляд пражытага дня, вышукваў свае мінулыя пралікі, хібы, недахопы, а таксама вымалёўваў падзеі будучага дня.

 

V

 

У канцы тыдня Луцкі павінен быў аплачваць тавар фірме ООО «Невские продукты», што месьцілася на рынку побач зь Сенной плошчай. Фірмачы пры першай сустрэчы насьцярожылі экспэдытара, але шукаць новую фірму з патрэбным таварам змораны Луцкі не захацеў і, махнуўшы рукой на сваю пільнасць, паставіў чарговую беларускую фуру пад загрузку. Цяпер трэба было ехаць плаціць за тавар, афармляць паперы й выпраўляць самаход у Менск. Гэта фірма непакоіла экспэдытара і, будучы чарговы раз у Рашыда, ён запытаўся ў яго пра ООО «Невские продукты».

– Дзе, на Сенной? – Рашыд з раніцы сядзеў за сталом у сваёй канторцы, нетаропка піў гарбату з аўсяным печывам і сырам ды прамаўляў як заўсёды стрымана й праґматычна:

– Па маіх зьвестках – гэта бандзюкі. Вазьмі Аляксея з сабой. Дасі яму 100 рублёў за паслугу.

Луцкі згадзіўся з прапановай Рашыда, лёгкадумна па-дзіцячаму падумаў: «Калі што?… Калі яны захочуць забраць грошы, а самога мяне прыдушыць і выкінуць у Фантанку, дык першым яны пачнуць рэзаць і крамсаць як сьведку здаравяка Аляксея! І тады ў мяне зьявіцца маленькі шанец выбрацца адтуль».

Экспэдытар паехаў з Аляксеем на ягоным «жыгулі» на рынак. Фура стаяла загружаная, але без дакумэнтаў. Кіровец «МАЗа» Алесь Корбут з Воршы патлумачыў:

– Сказалі: заплоціце грошы, тады атрымаеце накладныя й сэртыфікаты, – і прыцішана з захапленьнем дадаў: – Але ж і крутая фірма! Жывыя бандзюкі!

Луцкі рашуча пайшоў з Аляксеем у офіс. Ахова была на ўваходзе ў фірму, дзе ў яго прагледзелі пашпарт, патэлефанавалі некуды й пасьля прапусьцілі. А потым, ужо ўнутры будынка, вартаўнік з паголенай галавой, перад якім на дысплэях быў бачны увесь панадворак і ўваход у офіс, патэлефанаваў па ўнутранай сувязі і, атрымаўшы дазвол, накіраваў Луцкага й Аляксея па вузкіх стромкіх прыступках на другі паверх. Пакой, куды яны зайшлі, быў падобны на скрынку з двума закратаванымі вокнамі. І з адным выхадам назад, дзе сядзела варта й былі вузкія прыступкі.

– Добры дзень. Дакумэнты падрыхтаваны? – з годнасьцю самавітага прадпрымальніка запытаўся Луцкі, зьвяртаючыся да маладога, прыстойна апранутага фірмача, што ўзьняўся з-за стала і ўжо ішоў насустрач яму з прыязнай усьмешкай, за якой хавалася нейкая ненатуральнасць і напружанасць:

– Готовы. А деньги?

– Тады давайце паглядзім паперы.

– Пажалуйста.

Луцкі ўважліва й пільна, не сьпяшаючыся, праглядаў дамовы, сертыфікаты, накладныя. Нібы ўсё было ў парадку. Яму падалося, што ў пакоі прысутнічае нейкая напружанасць, ці хутчэй хваляваньне. Нібы гэтыя гандляры самі баяліся яго. Мабыць, яны зараз, калі трэба было проста й сумленна гандляваць, адчувалі няўпэўненасць, бо на ўзроўні падсьвядомасьці ня верылі, што вось такі шаноўны чалавек, узяўшы нейкія паперы, дабраахвотна аддасць даволі вялікія грошы і спакойна пойдзе…

І дастаткова яму, Луцкаму, узьняць галаву й пачаць разглядаць гэтых людзей, вывучаць іхнія паводзіны й твары, як напружанасць узрасьце яшчэ больш і зробіцца невыноснай. Можа, яны яго прымаюць за супрацоўніка дзяржаўных службаў, бо зьнешне ён цяпер, канечне, ідэнтыфікуецца як дзяржаўны служачы, нават падаткавы ці дзяржаўны кантралёр.

Экспедытар глыбока схаваў свой неспакой, старанна склаў паперы ў тэчку і падняў галаву, азіраючы пакой. Аляксей нервова стаяў ля дзьвярэй, гатовы пры небяспецы рынуцца ўніз па прыступках. Супрацоўнік фірмы рыхтаваўся йзноў прамовіць балючае й нязвыклае для сябе пытаньне. Двое, што знаходзіліся каля іншых пісьмовых сталоў, рабілі выгляд, што займаюцца справамі.

– Здаецца, усё ў парадку. Давайце разьлічымся.

Луцкі палез у кайстру па грошы. І скурай адчуў, як напружаньне й хваляваньне ў памяшканьні адразу паменела.

Пад самы вечар ён адправіў фуру, заплаціў Аляксею 150 рускіх рублёў за дапамогу і паехаў у гатэль «Паўднёвы» на Баравой.

Увечары, перад тым, як заснуць, ён глядзеў пецярбургскія тэленавіны, журналісты й палітолаґі жвава з імпэтам камэнтавалі сёньняшнюю навіну: у першай палове дня на Васільеўскай выспе па Унівэрсітэцкай набярэжнай з ґранатамёта забілі ў мэрсэдэсе ўплывовага піцерскага бізнэсоўца. У гэты момант азваўся тэлефон, тэлефанавала дыспэтчар фірмы інтымных паслуг з прапановай зьмястоўна правесьці вечар з маладымі прыгожымі асобамі.

– Nou! – ня вельмі ўпэўнена адмовіўся ў слухаўку Луцкі. Ён яшчэ ніяк ня мог вызначыцца ў сваіх сучасных дачыненьнях з асобамі процілеглага полу.

 

VI

 

У суботу пад вечар у Піцер прыехаў на сваёй «Таёце» прадпрымальнік Алег Жук з жонкай і сынам. Яны засяліліся ў гатэлі ў трохпакаёвым нумары, былі вясёлыя й узрушаныя ад дарогі ды ад сустрэчы зь дзівосным горадам. Прадпрымальнік у прыватнай размове з Луцкім адзначыў працу, зробленую экспедытарам, як «пасьпяховую й выдатную».

У нядзелю Алег Жук, ягоная жонка Наташа й сын Стасік разам з Яўґенам Луцкім увечары заехалі ў кавярню на Загарадным праспэкце, каб смачна паесьці, выпіць што-небудзь, паслухаць музыку, паглядзець на піцерскі народ.

– Вып’еце? – спытаў Алег, калі яны паселі за столік у невялічкай утульнай кавярні з чатырма столікамі. У кавярні грала прыемная музыка, было цёпла й камфортна.

– Вып’ю!

– Што есьці будзеце?

– Салянку, на другое тое самае, што й вы.

Алесь зрабіў замову ветліваму і ўважліваму кельнэру. Луцкі, нягледзячы на тое, што адпачываў цэлы выхадны дзень, усё яшчэ адчуваў моцную зморанасць ад працы, якую зрабіў за тыдзень. Цяпер ён разьняволена разглядаў прысутных у кавярні людзей.

Зьлева за сталом, застаўленым тузінам бутэлек з півам «Балтика», «Невское», «Туборґ» знаходзіліся трое тыповых славянскіх маладзёнаў. Маладыя людзі былі ў пільчаках і пры гальштуках, трымаліся выхавана і ад іх ішоў той самы рамантызм маладосьці, калі мроі замяняюць рэчаіснасць. Ужо добра пацягнуўшы піва, зараз яны наперабой хваліліся адзін перад адным сваімі жыцьцёвымі дасягненьнямі, але больш мроямі, што былі выкліканы спажытым напоем:

– Парни, я такую идею откопал… такой бизнес-план разрабатываю, что деньжишча сами, как сельдь в трал, валом повалят…

– Подожди, подожди, Костя, ты думаеш, у меня ничего нет? Да я в порту нашёл человека… на одной стеклотаре можна сейчас иметь немерено…

– Вова, Вова… послушай.., стройматериалы, цемент, руберойд, кирпич… у меня родственик в Белоруссии на цементном… можно подняться…

Іхні стан сьвядомасьці ён разумеў. Некалі сам быў такі вось хвалько. Не адрозьніваў кіпеньне крыві ад жорсткай рэчаіснасьці, дзе заўсёды аддаюць загады праґматычныя й адэкватныя реалісты...

Яўґен Луцкі перавёў позірк направа, там у кутку за столікам сядзелі: прыемная дзяўчына й насупраць яе расчырванелы малады чалавек, што трымаў у руцэ кілішак з гарэлкай, глядзеў зараз шчасьлівымі вачыма на дзяўчыну й нешта палка казаў ёй пра сваю цяперашняю радасць. Дзяўчына цярпліва усьміхалася хлопцу, трымала ў руцэ філіжанку з кавай і цьвяроза слухала ягонае падпітае трызненьне.

Кельнэр прынёс закускі: салат з памідораў, салату аліўе й шклянку з 150 ґрамамі гарэлкі. Алег Жук быў за стырном і таму ня піў.

Гледзячы перад сабой насьцярожаным позіркам, экспедытар узьняў ґранёную фіґурную шклянку: «За што выпіць? За посьпех? За удачу? Які посьпех і якая ўдача? Выпіць варта за горад з траґічнай гісторыяй. За мужнасць і змагарнасць ягоных жыхароў! Ягоны, Яўґенаў бацька, абараняў гэты горад у страшнай сьмяротнай вайне на зьнішчэньне… Божа мой, які быў гераічны час! Некалі ягоны бацька ўспамінаў, як у кастрычніку 41-га года, яны, марская пяхота, шыхтам ішлі з Васільеўскай выспы на фронт па засьнежаным, замерзлым горадзе, і ленінградцы праводзілі іх такімі вачыма, што немагчыма было глядзець у гэтыя вочы… Калі выпіць, то за гераічнае жыцьцё папярэдняга пакаленьня! За горад Ленінград!»

З сьлязой у вачох Луцкі кульнуў шклянку адным дыхам і ўзяўся за салату аліўе. Кельнэр прынёс паднос з гарачай салянкай ў гліняных гаршочках. Сям’я Жука, спажываючы салаты, весела перамаўлялася пра свае уражаньні ад Пецяргофу, дзе яны былі сёньня цэлы дзень. Яўґен тады адмовіўся ад вандроўкі, зразумеўшы, што яму патрэбна тэрмінова адпачыць.

Задумлівы позірк экспедытара прыпыніўся на дзьвюх асобах. Проста перад ім за сталом сядзелі двое. Маладая гадоў на 23 дзяўчына ў доўгай, ніжэй каленяў брунатнай спадніцы, блакітным пухнатым джэмперы, залаціста-русымі валасамі, што паўнаводнай хваляй аблягалі ейныя круглыя плечы. Насупраць яе сядзеў мужчына гадоў за пяцьдзесят, невысокі, крамяны, як грыб-баравік, у варсістым цёмна-рудым пільчаку, без сівізны ў валасах. Нечым ён быў падобны да Ґэбельса, толькі больш моцны, упэўнены й задаволены. Ён частаваў дзяўчыну фісташкамі:

– Біттэ, фройлен. Біттэ.

‘’Вэтэран вэрмахту, – так вызначыў яго для сябе Луцкі. — Прыехаў, каб узяць рэванш за свайго тату. Напэўна, той таксама некалі ваяваў пад Ленінградам і ня здолеў ажыцьцявіць сваю мару: пераспаць зь ленінградкай у гэтым шыкоўным горадзе. Мабыць «вэтэран вэрмахту» хоча спраўдзіць мару свайго таты?»

Гарэлка не прынесла бадзёрасьці Луцкаму ды нібы дадала змрочнасьці. Ён з маркотай узіраўся ў «вэтэрана». Той прыгубляў піва, грыз фісташкавы арэшак, прапаноўваў яго сваёй суседцы, якая шчыра й міла ўсьміхалася «вэтэрану» й ні халеры не разумела, што казаў ёй «фрыц». Так, так: «фрыц»! Яўґен на імгненьне ўзрадаваўся, што ўспомніў мянушку акупантаў. Як толькі «вэтэран» падымаў вочы ад сваіх арэшкаў на дзяўчыну, тая адразу пачынала ўсьміхацца яму самай прыязнай усьмешкай і падстаўляла абедзьве сагнутыя ў далонях рукі пад падбародзьдзе, робячыся на дзіва маладзенькай, сьвежай, спакусьлівай і нават цнатлівай. Але вось «вэтэран» у чарговы раз пасмактаў піва й нахіліў галаву да фісташкаў, і шчырая ўсьмешка зьнікла з твару дзяўчыны, яна накіравала позірк у залу, азіраючы прысутных за сталом зьлева, дзе сядзелі піваманы.

Ейны позірк, што аглядаў залу, быў чэпкі, без усялякіх сантымэнтаў, ён шукаў наступнага спажыўца, каб перадаць тому сваю візытоўку з нумарам тэлефона. Ён набліжаўся – востры позірк маладой жанчыны, што ведала ўсе сакрэты плоцкай любові й магла ашчасьлівіць палкага мужчыну, які меў грошы й здароў’е.

Луцкі, каб не сустрэцца з чэпкім позіркам, са злосьцю да самога сябе апусьціў вочы да глінянага гаршочка з гарачай салянкай, што казытала ягоныя ноздры прыемным гострым пахам. Гэта былі чужыя складнікі жыцьця з варожымі лякаламі, у якім ён ня меў аніякіх шанцаў, каб кроіць рэчаіснасць на свой капыл.

Ён зрабіў моцнае разумовае намаганьне і зь нечаканай для сябе сілай зьмяніў свой недарэчны на гэты момант сьветапогляд, што рабіў яго слабым у сучасных варунках.

Якая яму справа да гэтай путаны й да гэтага «вэтэрана вэрмахту»? «Вэтэран» спатоліць сваё гістарычнае памкненьне да экспансыі, што ў крыві кожнага здаровага немца, путана заробіць умоўныя адзінкі, а ён, павячэраўшы й выпіўшы рускай гарэлкі, паглядзіць на гэтае чужое жыцьцё, падзівіцца ягонай адчыненасьці ды непадобнасьці да мінулага.

 

VII

 

На пачатку новага тыдня сям’я Жука паехала ў Беларусь. Шэф на развітаньне даў апошні загад Луцкаму.

– Сустрэнеш фуру прыкладна ў сераду-чацьвер з ікрой кабачковай з Старога Быхава, скінеш тавар у Рашыда. Возьмеш частку грошай у яго. Загрузіш фуру нерафінаваным алеем. Адправіш кіроўцу Рудзько ў Менск, а сам паедзеш увечары на хуткім цягніку ў Маскву. Там будзеш займацца цукрам з фірмай па вуліцы Рабінавай.

Голас шэфа памякчэў, і далей ён тлумачэньне рабіў больш зычліва.

– Трымайся, дружа, і будзь пільным. І без гераізму. Праґматычна, пэдантычна й пільна…

Панядзелак і аўторак Луцкі адпачываў, рабіў невялікія вандроўкі па горадзе. Пахадзіў па Неўскім праспэкце, абыйшоў Ісакіеўскі сабор, падзівіўся на постаці рымскіх леґіянераў з мячамі, у кароценькіх спаднічках, што стаялі на франтонах Ісакія, паразважаў сам сабе:

«Пры чым тут рымскія леґіянэры? Чаму не барадатыя казакі й стральцы зь дзідамі? І навогул – чаму «бург», чаму ня «град»? Вы ж, піцерскія месьцічы, ніколі не станеце «бюргерамі». «Петраград» гучыць вельмі прыстойна. Эх, братэлы, ізноў гістарычны фук!»

Ён паехаў на Васільеўскую выспу, дзе падчас другой сусьветнай вайны восеньню 41-га году ягоны бацька ў флоцкім паўэкіпажы праходзіў падрыхтоўку ў складзе лыжнага батальёна марской пяхоты…

Пад вечар стомлены (апошнім часам ён моцна стамляўся1) Луцкі зайшоў у веґетарыянскую кавярню на перакрыжаваньні Неўскага і Ўладзімірскага праспэктаў, нетаропка, з асалодай зьеў салянку, а потым аўсяныя шматкі з курагой і разынкамі.

Зацята й маўкліва ён узіраўся ў чужое, незнаёмае і, яму здавалася, варожае асяродзьдзе. Пільны і ўжо пэрманентна недаверлівы, ён насьцярожана разглядаў увішных спекулянтаў, гандляроў, сутэнёраў, выбітных палітолаґаў, што гаспадарылі ў сучасным піцерскім жыцьці.

Увечары ён хадзіў па нумары, напружана думаў, так што камянелі жаўлакі на пашчэнках, глядзеў па тэлевізыі піцерскія навіны. Ізноў удзень на Лігаўскім праспэкце застрэлілі нейкага ўплывовага піцерскага дэпутата й бізнесмэна.

«Кожны мае нейкую матывацыю, – узважана думаў ён, – імкнецца да сваёй мэты. «Вартаўніца Валюша» хацела асалоды, «прадпрымальнік Беламёдаў» імкнуўся жыць шчыльна, тут і сёньня! «Рашыд» пэдантычна й непахісна назапашваў першапачатковы капітал, «бандыты з Сенной» хацелі леґалізавацца, «кіроўцы МАЗаў» зараблялі грошы, каб карміць свае сем’і, «вэтеран вэрмахту Фрыц» жадаў любоўных уцех з піцерскай курвай. А там, у далёкім траґічным 41-м годзе «ягоны зусім малады бацька, марскі пехацінец лыжнага батальёна», абараняў вялікі горад пралетарскай рэвалюцыі ды марыў выжыць у той крывавай бойні…

Яўґен Луцкі засмучана пазіраў з трэцяга паверха праз вакно на вулічныя таполі, дробны піцерскі дождж, бліскучую ад дажджу вуліцу Баравую ў цьмяным сьвятле ліхтароў, і думкі звыклай чарадой беглі ў сьвядомасьці.

«Калі ўзяць, – разважаў ён, – загрузіць за свае ўласныя грошы тры ці чатыры тысячы бутэлек алею, а потым скінуць іх у Менску знаёмаму прадпрымальніку Алесю Гурку? Можна атрымаць уласны звышпрыбытак у 200 у.а.? Але які сэнс рваць пуп за такі мізэр? Можаш толькі за перагруз заплаціць кучу грошай і застацца ў мінусе… Ці дамовіцца з Алесем Гуркам, узяць у яго даручэньне й грошы дый завезьці яму алею ці цукру, а пры магчымасьці крутнуць фуру цукру на выхадныя за грошы Алега Жука? Рызыкоўна! Можна страціць месца ды атрымаць па пысе. Пры форс-мажорных абставінах навогул трапіш у непрыемнае становішча?! Але хто не рызыкуе, той ня п’е шампанскага ў гатэлі з курвамі, не імчыць на ўласным «мэрсе» па шашы, не будуе катэдж у межах сталіцы, не адпачывае на курортах Балгарыі ці Турцыі… ЕБН таксама некалі рызыкнуў і выйграў, ды яшчэ як выйграў! З шараговага абласнога сакратара-алканаўта ён зрабіўся расейскім царом, «гигантом мысли», «отцом руской демократии», «асобай, набліжанай да вуха амэрыканскага прэзідэнта»…

Ён нечакана з маркотай ізноў адчуў бяссэнсоўнасць і марнасьць усёй цяперашняй ягонай жыцьцёвай мітусьні. Купі-прадай – тая самая спекуляцыя, магчымасць хутка пабагацець, але ў глыбіні душы гэта дзейнасць не выклікала ў Луцкага захапленьня. Ім авалодала жахлівае пачуцьцё марнасьці пражытага ўласнага жыцьця…

Позна ўвечары ў нумар ізноў патэлефанавала дыспэтчар фірмы інтымных паслугаў з прапановай зьмястоўна правесьці вечар з маладымі асобамі. Самое жыцьцё нібы падштурхавала яго да новага ўсьведамленьня.

– Колькі гэтая паслуга будзе каштаваць? – дзеля цікавасьці стрымана запытаўся Луцкі. Ён чуў у слухаўцы мяккі жаночы голас, і шалыя думкі сьвідравалі ягоную сьвядомасць: «У будучым някепска зрабіць замову той асобе з кавярні на Загарадным праспэкце? Яна ўжо ня вельмі юная, але яшчэ не заезджаная… …не размалёваная касмэтыкай, у спадніцы ніжэй каленяў, у пухнатым швэдры… і ў паводзінах рахманая, крышку сарамлівая…. путана на вечар ператворыцца ў дзяўчыну зь ягонага далёкага юнацтва і нарэшце згасіць той некалі не рэалізаваны файл…»

Луцкі крыху падумаў і рашуча паклаў слухаўку. Нічога нельга было вярнуць зь мінулага. Ён вымушаны валадарна разьмежаваць свае адносіны зь недарэкамі, зломкамі, бедакамі, а путаны — тыя самыя сучасныя пралетары. Рэчаіснасць вымушла бурыць рамантычныя звычкі ў стасунках з жанчынамі.

Яму, сучаснаму аўтсайдэру, трэба было вызначыць мэту свайго цяперашняга існаваньня…

 

1 Сіндром хранічнай стомы – постчарнобыльскі стан жыхароў Беларусі, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС.

VIII

 

Праз два дні, загрузіўшы 21000 бутэлек алею ў апошняю фуру ды адправіўшы яе ў Менск, Луцкі ўвечары на хуткім цягніку Пецярбург-Масква маўкліва ехаў у купэ, пазіраючы ў вакно.

Двое сучасных прадпрымальнікаў з Масквы гарталі «Камерсантъ», перагаворваліся між сабой. Прыстойна апранутыя ў тройкі, пры гальштуках, з прыемным пахам дарагой парфумы, якасна паголенымі пашчэнкамі, сківіцамі, шыямі й скронямі. У паводзінах абодвух прысутнічала годнасць людзей, што ўжо адбыліся, дасягнулі значных матэрыальных і фінансавых посьпехаў у сваіх справах, што дазваляла ім трымацца з амбітнай самаўпэўненасьцю ды паглядаць зьверху на астатніх істот нядаўняга калектыўнага грамадзтва.

Луцкага яны не заўважалі, адным чэпкім позіркам дасьведчаных людзей бізнэсоўцы вызначылі ў ім дробнага каміваяжора ды не зьвярталі цяпер на экспедытара ўвагі.

Адзін з маладзейшых прадпрымальнікаў, мажны, у калашынах яго цёмнасініх штаноў вымалёўваліся таўсьценныя магутныя ногі. Зараз, ён, увішны і экспансіўны, усё яшчэ гістарычна ўзрушаны ад неверагоднага багацьця, што так хутка звалілася на яго, але стрымана і ўзважана цьвердзіў, нібы пераконваў іншых і перш за ўсё самога сябе ў справядлівасьці новага сучаснага жыцьцясьвету.

– Руслан, я ў свой час неяк Сабчаку патлумачыў, што савецкае сумленьне сёньня – хімера! І нас – ім, цяперашнім уладаносьбітам – ня трэба вучыць жыць. Мы самі ўсё, што трэба, разумеем. У свой час мы ўсталюем неабходныя нам законы й правілы маралі! Сёньня нам патрэбна свабода дзеяньня! І непатрэбна адказнасць перад недарэкамі й аўтсайдэрамі!

Гэта быў той самы пераходны перыяд, калі былыя савецкія грамадзяне, што атрымалі дазвол на ўдзел у дзяльбе калектыўнай дзяржаўнай маёмасьці, яшчэ шчыра выказвалі свае меркаваньні.

Той, каго мажны назваў Русланам, лысаваты і чорнавокі, драбнаваты, больш асьцярожны, з характэрным тварам рускага чалавека ардынскага замесу, сьціпла прамаўляў жорсткія й яшчэ нязвыклыя для савецкага ўяўленьня фармулёўкі новага часу.

– Я згодзен, Артур. Кожны павінен сам выплываць у жыцьці. Хто ня ўмее, няхай вучыцца ў сучаснасьці. Хто ня здольны навучыцца, ці ня хоча вучыцца, таму, значыць, выпаў такі лёс.

Сказаў і пільна зірнуў на Луцкага, што маўкліва глядзеў у вакно. Экспедытар нічым не выказаў сваёй нязгоды з «новымі рускімі», прытрымаўшы свае думкі пры сабе.

«Паглядзеў бы я на цябе, як бы ты, хрэн лысы, выплываў, будучы на месцы шараговага рабочага ці калгасьніка альбо настаўніка, лекара, міліцыянта, ці вадзілы- дальнабойшчыка… Адпісалі табе дзяржаўны маслазаводзік, вось ты й вярзеш лухту ад шчасьця. А цяперашняе тваё шчасьце – яно чужое! Ты яго не зарабіў, а прысвоіў, на ім пот і кроў савецкага народу.»

– Станцыя Бабіна, – пачуў Луцкі аб’яву па дынаміку і, нібы працяты маланкай, прыціснуў твар да шыбы, узіраючыся ў начную цемрадзь.

Некалі ягоны бацька ўспамінаў, як яны, марскія пехацінцы ў лістападзе 41-га году наступалі на Бабіна:

– …У сутоньні зімовага ранку лыжны батальён марскіх пехацінцаў разьвярнуўся ў ланцуґі й разам з жаўнерамі стралковага палка хутка рушыў на Бабіна. Палітычны кіраўнік у чорным бушлаце з нашыўкамі на рукаве, узьняў руку зь пісталетам і закрычаў:

– За Родину! За Сталина! Ура!

І вось, ягоны бацька, Луцкі, разам з жаўнерамі і маракамі бег па сьнежных сумётах да Бабіна, што хавалася ў прыцемках зімняга ранку. Нечакана там, дзе гусьцела цемра вёскі, часта забліскалі агеньчыкі, і вакол засьвістала, завыла, узьняліся шчыльныя выбухі мінаў, і амаль адразу з усіх бакоў пачуліся стогны і енк параненых.

Першы нумар кулямёта забіты зваліўся ў гурбу сьнегу, і Луцкі, падхапіўшы кулямёт, біў доўгімі чэргамі па амбразурах варожых дзотаў. Тры чаргі і зьмена пазыцыі, рэзкі імклівы рывок на сто мэтраў управа. А потым, ямчэй умацаваўшы «дзегцяра» за сумётам, ён, выцэліўшы чорныя й белыя каскі, што тырчэлі ўдалечыні з варожых траншэяў, трапна сёк уздоўж па самым бруствэры і з асалодай спрактыкаванага жаўнера пасьпяваў заўважыць, як зьнікаюць галовы варожых салдат, састрыжаныя ягоным кулямётам. І прыўзьняўшыся ён імкліва кінуўся ўлева, каб ізноў памяняць месца, але ў небе густа завішчэлі міны, і побач з Луцкім вырасьлі частыя кусты выбухаў. «И ни дна, ни покрышки…»1

Яўґен Луцкі, увесь узмоклы, агаломшана адхіснуўся ад вакна, ягонае сэрца траслося як той кулямёт.

Праваднік, што зазірнуў у купэ, ветліва запытаўся ў маскоўскіх прадпрымальнікаў:

– Кавы? Гарбаты? Мінэральнай вадзічкі?

Яўґен зьдзіўлена паглядзеў на правадніка. Ён яскрава адчуваў пах і смак пораху, енк параненых і грукат кулямёта ў руках.

Праваднік прыняў заказ ў прадпрымальнікаў і павярнуўся да Луцкага.

– А вам? Каву? Гарбату?

– Каву, – хрыпла адказаў экспедытар: ён з цяжкасьцю вяртаўся ў рэчаіснасць. Вялікая, некалі крыштальна празрыстая душа экспедытара, цяпер нібы дзялілася на шматлікія часткі.

Сучаснасць прымушала сілкаваць уласную сьвядомасць жорсткім рэалізмам цяперашніх пераможцаў, тых, хто прысвоіў дасягненьні дзядоў і бацькоў ды цяпер пасьпяхова гандляваў багацьцямі краіны.

Луцкі паспытаў гарачай кавы, што прынёс яму праваднік, і, зьвяртаючыся да расейскіх прадпрымальнікаў, прамовіў:

— Прабачце, я чуў вашы меркаванні наконт сучаснасьці. І хачу зазначыць, што ў вашых словах шмат праўды. Вы, Артур, акрэслілі вельмі важную сёння жыццёвую парадыгму….

Расейцы, што спачатку насьцярожана зірнулі на Луцкага, задаволена заўсьміхаліся, а калі Яўґен з сур’ёзным і глыбокадумным выглядам у сваёй размове некалькі разоў станоўча выказаўся аб палітычным накірунку расейскай эліты, элеґантна ўплёў у слоўную вязь выразы: «вялікая расейская культура», «вялікая руская гісторыя» і нарэшце дабіў суразмоўцаў трапным стрэлам буйнога калібру, зазначыўшы:

– Вялікая Расія й сёньня адзін з галоўных чыньнікаў сусьветнай палітыкі!

Пасля такой размовы расейскія прадпрымальнікі палезлі ў свае каліты па візітоўкі, а потым дасталі з валізы пляшку каньяку. Гэта быў той час, калі свежаспечаныя расейскія багацеі яшчэ захавалі ў сабе некаторыя рысы прамінулай савецкай рэчаіснасьці.

Візітоўкі Луцкі з удзячнасцю ўзяў, ад чаркі адмовіўся.

– Не, не, не! Ні ў якім разе. Толькі што прыняў лекі. Прабачце, господа.

Гаварыў ён ветліва, лагодна, і нават слова ‘’господа’’, якое заўсёды ненавідзеў, выказаў лёгка і сардэчна.

З шчырага легкадумнага савецкага чалавека Луцкі прымусіў сябе пераўвасобіцца ў шматзначную, адэкватную асобу часоў маладога драпежнага глабалізму.

 

30 верасьня 2008 г. – 27.12.09г. г.Менск

 

1 «и ни дна, ни покрышки…» – з знакамітага верша «Я убит подо Ржевом» Аляксандра Твардоўскага.

Альфа і амега

апавяданне

 

‘’Вось вам, ясне мусье немец, гэр германіш, покуль што контрыбуцыя,

заўтра дам энэксію, а там, калі не хопіць, жонак, дзяцей залажу,

меджду протчым, мамашу, толькі дайце перадышку, не цягніце ў палон !’’

‘’Тутэйшыя’’, Янка Купала

 

I

 

Масква, у якую прыехаў раніцой Луцкі, была месцам, што моцна адрознівалася ад Піцера. Паўночная сталіца — вольны горад, дзе еўрапейскай культурай, гістарычнымі зьдзяйсьненнямі і таямніцамі было насычана само паветра. Фактычна ў Расеі быў толькі адзін гэты еўрапейскі горад. Усе астатнія гарады, вёскі, селішчы і ўлусы1 федэрацыіі, як і самая Масква – былі азіопскай тэрыторыяй заселенай рознакаляровай і разнастайнай чалавечай біямасай, якая жыла нейкімі сваімі кланамі, слаямі, групоўкамі, па законах мясцовых адатаў2.

Луцкі ў свой час, за некалькі год прадпрымальніцкай дзейнасьці, прыйшоў да несвядомага пачуцця: тут, у гэтым вар’яцкім мегаполісе, трэба трымацца як на варожай, небяспечнай для ўласнай каліты, свабоды і нават жыцця, тэрыторыі. Толькі пры такіх дачыненнях можна было не загінуць у гэтым вялікім горадзе, які, нібы вялізарны спрут, высмоктваў з улусаў сваёй дзяржавы ўсе жывыя сілы: ад прыгожых і таленавітых маладых людзей да карысных выкапняў і фінансавых сродкаў. У бяздоннай прорве расейскай сталіцы знікала ўсё: людзі, нафта, лес, газ, метал і вялізарныя фінансавыя каштоўнасьці…

Прыватная стаянка для цяжкавагавых самаходаў на Рабінавай знаходзілася паблізу Мажайскай шашы і была вядома ўсім беларускім дальнабойшчыкам. Вось туды і скіраваўся раніцой Яўген Луцкі адразу пасля таго, як выйшаў з вагона хуткага цягніка Пецярбург-Масква. На Рабінавай яго павінна была чакаць фура, якую трэба было загрузіць цукрам, а потым можна было ехаць дадому ў Менск цягніком.

Луцкі знайшоў на стаянцы патрэбную фуру і дамовіўшыся з кіроўцам Уладзем Краўцом аб парадку дзеянняў, пайшоў пасьнедаць у вагончык-сталовую. Спажываючы амлет з вяндлінай, экспедытар міжволі прыслухоўваўся, як за яго спінай расейскі крымінал наязджаў на прадпрымальніка з поўдня.

—… Выпі, пажалуйста, за моё здороў’е.

— Прабач, пожалуйста, але я мусульманін. Мая вера не дазваляе мне спажываць спіртовыя напоі.

— Я прашу цябе, зрабі выключэнне, пажалуйста, для мяне, калі ты, канечне, мяне паважаеш?

— Я цябе паважаю. Але, прабач, пожалуйста, выпіць не магу.

— Можна, я цябе буду называць Надфілям? Пажалуйста. Ты не супраць, Надфіль?

— Маё імя Рустам. Пожалуйста, называй мяне гэтым імем.

– Прабач, Надфіль, але ты мяне не паважаеш. Чаму ты такі ўпарты, Надфіль?

— Прабач, пожалуйста, я цябе паважаю…

Луцкаму карцела зірнуць на суразмоўцаў, але размова, нібыта знешне ветлівая, была ўнутрана вельмі напружанай, і ён вырашыў не рызыкаваць. Гэта была разборка людзей зусім з іншай шуфляды шматаблічнага жыцця, з сваімі жорсткімі азіяцкімі статутамі, чужымі звычаямі і норавамі.

Ён дапіў каву, потым устаў і, стрымаўшы сваё жаданне азірнуцца, пайшоў з вагона. Трэба было займацца толькі сваімі справамі, робячы выгляд, што не чуеш стогны і енк ахвяр, што трапілі ў драпежныя крымінальныя сілкі.

У другой палове дня экспедытар купіў у маскоўскай фірме 20 тон цукру, атрымаў у офісе патрэбныя паперы, сертыфікаты і ліцэнзіі, загрузіў на складах і адправіў фуру ў Менск. Ён зьбіраўся пагуляць па Маскве, а потым паехаць на Беларускі вакзал, купіць квіток на хуткі цягнік Масква – Менск і з пачуццём выкананага абавязку заваліцца спаць у купэ.

Ян Вагінскі, адзін з заснавальнікаў фірмы ‘’Чмель'', якому ён патэлефанаваў у Менск аб зробленай рабоце, запытаў яго:

— Як справы, Яўген?

— Нармальна, Ян, зьбіраюся дадому.

— Так, дружа, запішы адрас. Па вуліцы Ліпецкай зараз Юрась Жук павінен набыць тавар і загрузіць фуру. Ён першы раз у Маскве, мяне гэта непакоіць. Таму паглядзі што, як, і адтуль патэлефануй мне. Хацелі паслаць да яго на дапамогу Алекса Чамаданава, але ён тут у нас моцна заляцеў.

— Нічога, Ян, мы як-небудзь з Юрасём і самі справімся. Хоць я ўжо ў думках ехаў на менскім цягніку дадому.

— Пацярпі, Яўген, кіраўніцтва пра цябе не забудзецца. Мы хочам прапанаваць табе кіраўнічае месца з высокім заробкам. Так што трымайся і не змяншай намаганняў. Рада заснавальнікаў разглядае цябе як перспектыўнага кандыдата на адну з кіруючых пасад фірмы.

Апошнімі словамі Вагінскі зацікавіў і духоўна ўмацаваў Луцкага, які хвіліну назад адчуваў сябе змораным на краі адмоўнага самаадчування. Ён хацеў распытаць Яна пра пасаду, але той яшчэ раз зацвердзіўшы: ‘’ Трымайся, дружа!’’ — паклаў слухаўку.

 

1 Улусаў –(цюрк. ulus). Пасяленне, селішча у Сярэдняй і Цэнтральнай Азіі і Сібіры.

2 Адатаў—(цюрк.) — па традыцыях і звычаях продкаў.

II

 

У Маскве русавалосы Юрась Жук са збялелым тварам усхвалявана пытаўся,

разгублена пазіраючы на Яўгена Луцкага:

— Што рабіць, Яўген? Ізноў мяне кінулі. З мяне брат порткі здыме. – У голасе маладога Юрася Жука гучала роспач. – Брат сказаў: ‘’Злётай у камандыроўку, а потым будзем вырашаць пытанне з кватэрай’’.

– Дзе ты, Юрась, адкапаў гэтую фірму? — Яўген Луцкі быў спакойны. Ён ужо навучыўся трымаць жорсткія ўдары лёсу і паводзіў сябе ўраўнаважана.

— Дзе-дзе, у інфармацыйна-рэкламным даведніку. Зтэлефанаваўся, кошт тавару самы танны ў Маскве. Усё як звычайна, Яўген. Лепш скажы, што рабіць?

– Самы танны? Вось ён той самы чарвячок-нажыўка. Выйдзі, Юрась, адсюль ды закупі харчу і напояў. Мы застанёмся тут да тога часу, покуль нас не загрузяць таварам. Будзем начаваць у гэтым іхнім габінеце.

Ён з прыкрасцю азірнуў службовы пакой з трыма пісьмовымі сталамі, стулікамі, тэлефонамі і двума кампутарамі. Замест доўгачаканага адпачынку наперадзе іх чакала нярвовая і зацятая барацьба з мізэрнымі шанцамі на поспех.

Цвёрдае разуменне цяперашняга жыццясвету ў сьвядомасьці Луцкага прымушала разгубленага Юрася Жука ўважліва слухаць і падпарадкоўвацца.

З фірмачамі-маскоўцамі Яўген трымаўся ветліва, размаўляў тактоўна. Ён кіраваўся ў сваіх дачыненнях адчуваннем, якое падказвала яму, што ён не павінен мець аніякіх зняважлівых ці хамскіх стасункаў з кідаламі. Фірмачы знешне трымаліся вельмі амбітна, на ўваходзе ў філіял офіса менеджэраў і адначасова складоў з таварамі, знаходзілася шматлікая пільная варта з маладых мужыкоў гадоў 28- 30 на выгляд, якія сваімі паводзінамі сведчылі, што яны зусім нядаўна былі вайскоўцамі.

Менэджэры фірмы, Сяргей і Нікалай, увішныя шустрыя мужчыны руска-славянскага абліча, таксама прыкладна на выгляд трыцацці год, увесь час змянялі адзін аднаго, так што даводзілася перамовы пачынаць кожны раз зноўку.

— Скажыце, Сяржук, як гэта атрымалася, што мы вас увесь час прасілі паставіць нашу фуру пад загрузку, а вы ўсё аднекваліся?

Так получилось, извините. – Сяргей, мужчына гадоў 30 на выгляд, рухавы, адэкватны, трымаўся без усялякай няёмкасьці. Гаварыў звыкла, крыху насцярожана, але спакойна.

— І потым раптам пад самы вечар…— працягваў распытваць Луцкі менэджэра, але ў гэты момант да іх падыйшоў другі супрацоўнік фірмы і перабіў яго:

— Сергей, тебя срочно к телефону.

Луцкі зірнуў на менэджэра Міколу, які застаўся з ім, і запытаўся:

— Заўтра вы нас загрузіце таварам?.

Той зрабіў выгляд, што думае, і адказаў:

— Сегодня вашего асортимента нет, не будет и завтра. И на следующей неделе поставак к нам не ожидается. Звоните, как только поступит, мы вам сообщим.

— Тавару няма, але навошта тады было браць праплату?

Не в курсах, я вас не вёл… Извините… — Менеджэр Мікола хутка пайшоў з кабінэта па калідоры ў накірунку складаў.

Праз некалькі хвілін падыйшоў менэджэр Сяржук.

– Сяржук, калі не можаце загрузіць, вярніце грошы.

— Извините, Евгений, но деньги инкассированы.

— Мы пачакаем да панядзелка, аўторка, ну да пятніцы…

— Согласно законодательства РФ, фирма имеет право одноразово возвращать 16 000 рублей в месяц. Так что извините

У дзвярах ізноў стаяў супрацоўнік Мікола:

Сергей, тебя к телефону.

Луцкі зразумеў, што гэта метода заблытывання і размывання ўвагі пакупнікоў, і што асноўная сфера дзеяння фірмы якраз і з’яўляецца прысваенне і карыстанне чужымі грашыма. Фірма была добра абаронена юрыдычна, офіс фірмы знаходзіўся ў іншым месцы, а на складах і ў габінэтах дзейнічалі выканаўцы-менэджэры.

Экспедытар зразумеў сутнасьць фірмы-кідалы хутчэй, чым менэджэры зразумелі яго. І таму адразу пачаў дзейнічаць у гэтай, здаецца, цалкам пройгрышнай сытуацыі.

Ён хутка выйшаў на вуліцу і рушыў да перагаворнага тэлефоннага пункта, што быў побач, каб патэлефанаваць у Менск. Габінэт хутчэй за ўсё праслухваўся менэджэрамі.

— Так, Ян, часу мала, таму кажу караценька. Юрась трапіў на махляроў. Нашы баксы яны, усе трыцаць тысяч, прынялі, як прадаплату пад самы вечар, тут жа іх інкасіравалі, а ў загрузцы адмовілі. Сказалі – ‘’…прабачце, так атрымалася, але тавару на складах няма’’.

— Яны што, Яўген, вас за ёлупаў трымаюць? А па мардуленцыі? – у голасе Вагінскага гучала ледзь стрыманая разюшанасьць.

— Так, слухай уважліва, Ян. Хутчэй за ўсё гэта фірма створана былымі супрацоўнікамі ворганаў: афіцэрамі, міліцыянтамі, вайскоўцамі і апякуецца людзьмі ад ўлады.

— Адкуль, Яўген, такія звесткі? Яны што, табе свае статутныя паперы паказалі?

— Трымаюцца ветліва, Ян, упэўнена, і на несвядомым узроўні абаронена-спакойна. Ніякага хвалявання і нярвовасьці. Вы, Ян, павінны сесьці на ўсе тэлефоны гэтай маскоўскай фірмы і прэсаваць іх з раніцы да вечара. Запішыце тэлефоны.

Луцкі прадыктаваў нумары Яну Вагінскаму, потым працягваў размову далей.

— Акрамя таго, падключыце свайго сябра, дэпутата Нацыянальнага сходу Урбановіча, няхай той цісне на знаёмых з Маскоўскай Думы. Няхай выходзіць на Маскоўскую мэрыю і на самога Лужкова. Толькі рабіце гэта ветліва, выхавана і настойліва, кшталту: ‘’Да мяне звярнуліся менскія ўплывовыя прадпрымальнікі, не хацелася вас непакоіць, але вельмі непрыемны факт, які ставіць пад сумнеў усе нашы сяброўскія адносіны… Нашы ворагі могуць скарыстаць дробныя недарэчнасьці ў нашых стасунках… Прашу дапамагчы. Фірма грошы ўзяла, а тавар не загрузіла….і гэтак далей…’’. Карацей, Ян, няхай ціснуць на ўсе рычагі. Заўтра з раніцы звяжамся з нашай амбасадай, з самім паслом Грыгоравым.

Луцкі пазіраў праз шкло кабіны на вуліцу, на якой загарэліся вулічныя ліхтары, дзе імкліва рухалася бясконцая плынь легкавікоў.

— Што мы будзем рабіць? Мы, Ян, будзем весьці перамовы і застанёмся начаваць у габінеце фірмы. У суботу будзем чакаць загрузкі. Начаваць нам няма дзе. Канечне, рызыка ёсьць. Могуць нас узяць за каўнер і выкінуць. Але мы пачнём упірацца, крычаць.. Гэта выклік міліцыіі, фіксацыя здарэння ў афіцыйных дакументах, засвечванне фірмы… Нам, самае галоўнае, не хаміць… Разумееш, тут выканаўцы, менэджэры, ім па вялікаму рахунку ўсё да лямпачкі, а дырэктар знаходзіцца ў другім месцы, ва ўтульным цёплым габінэце. Заўтра спланаваны выхадны, і яму не захочацца мець яшчэ нейкі дадатковы клопат з-за нейкай дробнай недарэчнасьці… Так… Добра… Тэлефануй.

Экспедытар пайшоў назад праз вартоўню ў будынак фірмы ‘’Рас.. спаж… тав…і К’’. Варта яго не затрымала, і гэта быў добры знак.

— Ці будзе толк ад гэтага? – прамармытаў змаркочаны Юрась Жук. Луцкі прыклаў палец да вуснаў і напята паказаў рукамі, каб Юрась трымаўся ўпэўнена і бадзёра. Яўген ужо адчуў нейкую слабіну маскоўскіх кідал-прадпрымальнікаў і зьбіраўся назаўтра ўхапіць гэтых яшчэ не вельмі дасведчаных гандляроў чэпкім і драпежным бульдожым цапам.

 

III

 

Луцкі і Юрась Жук ноч правялі на тэрыторыі складаў у двухпакаёвым памяшканні, куды іх запрасілі на начлег менэджэры Мікола і Сяржук, напэўна, выконваючы загад сваіх кіраўнікоў. У адным з пакояў былі дзве скураныя чорныя канапы, тэлебач ‘’Самсунг’’ з відыемагнітафонам і стосам відыекасет з амерыканскімі баевікамі. Пасярод пакоя стаяў стол з некалькімі стулікамі, у баку шафка з талеркамі і кубачкамі для гарбаты і кавы. У другім пакоі знаходзілася ванная, бегавая дарожка, велатрэнажор і салярый. Спачатку Луцкі падумаў, што тут створана месца для сустрэчы з каханкамі, але потым адмёў гэтую версію. Памяшканне сярод гандлёвых складаў было ідэальным месцам для канспіратыўных сустрэч з агентамі спецслужб і няштатнымі супрацоўнікамі ворганаў бясьпекі, саксупамі і віжамі…

У суботу яны назіралі ў калідорах каля кабінетаў менэджэраў дробных расейскіх прадпрымальнікаў з хмурнымі паніклымі тварамі, што цярпліва чакалі абяцанага фірмай частковага вяртання грошай. Недзе побач, у адным з шматлікіх габінэтаў менэджэраў, высокім голасам амаль крычаў расейскі прадпрымальнік:

— Са мной так нельзя! Вы что? Я маёр милиции в отставке! Вы что, с ума сошли?

Было чутна, як менэджэр звыкла супакойваў яго: ‘’ Тише, тише, не надо горячится…’’

…Праз некалькі дзён пад вечар фірма-кідала нечакана прапанавала пачаць загрузку іхняй фуры таварам, але па рознічнаму кошту, і разгублены Юрась звярнуўся да Луцкага з пытаннем:

— Як быць? Мы ж застанемся без прыбытку?

Хуткасьць вырашэння знарок створанага гандлёвага тупіка спачатку ўзрадавала Яўгена Луцкага, які меркаваў, што ім прыдзецца быць тут тыдзень, а можа і месяц.

Але эйфарыя хутка выпетрылася, зараз ён цвяроза асэнсаваў крок супрацьлеглага боку і даў адзнаку яму, як моцны. Гэты крок сведчыў, што маскоўскі камерсант быў прагматычнай, рашучай асобай і хутка вырашаў свае ўзніклыя цяжкасьці. Мабыць, яму ўжо тэлефанавалі: і з маскоўскай мэрыі, і з беларускай амбасады, і з Менску. Таму зараз фірмач прапанаваў згуляць ім унічыю, адначасова паклаўшы ў свой кішэнь увесь іхні запланаваны прыбытак.

Луцкаму проста пашанцавала, ён інтуітыўна1 зрабіў незвычайныя хады, трымаўся карэктна, і маскоўскі фірмач, каб развязаць узніклыя дробныя вузлы канфлікту, прапанаваў ім партыю ўнічыю. Нічыя ‘’прыхватызатара’’!

Між тым дастаткова ім цяпер адмовіцца ад тавару па рознічных коштах, як іх проста выкінуць з тэрыторыі складоў. Маскоўская фірма была так добра абаронена, што выбіць у яе тавар нават па оптавых коштах было практычна немагчыма.

— Юрасік, загружаемся і хуценька імчым дадому, покуль яны не перадумалі.

Схуднелы за апошнія дні і напалоханы маскоўскай рэчаіснасцю Юрась хутка рушыў

на загрузку фуры.

— Вас калі кінулі? – пацікавіўся ў яго на эстакадзе прадпрымальнік з Курска ў рудой уцепленай вятроўцы, што ставіў пад загрузку свой сіні Камаз.

— Дней пяць назад, – стрымана адказаў Юрась, гартаючы стос накладных.

— Пяць дней?! О, у вас крутая фірма, — з павагай адзначыў сярэдніх гадоў прадпрымальнік і міжволі адхіснуўся ад іх на паўкрока. — Мяне пракінулі год назад, і я шчаслівы сёння, што нарэшце нешта вяртаю сваё. Пяць дней назад! Гэта крута!

— Выпадковы зьбег абставін. Проста пашэнціла, — сціпла далучыўся да размовы Яўген.

— Яны ўсіх кідаюць. Вы адкуль? З Беларусі?! Малайцы Беларусы! Проста выдатна! Хоць нехта іх паставіў на месца! – апошнія словы вельмі задаволены курскі прадпрымальнік прамовіў шэпатам і палахліва азірнуўся па баках.

Перамогі робяць мужчыну моцным. Нават маленькія перамогі падтрымліваюць ягоную веру ў сябе, сведчаць аб адпаведнасьці сучаснаму часу, выніковасьці выбранага накірунку… Гэты невялікі поспех тлумачыў, чаму і як яны ў тупіковым становішчы выйшлі амаль сухімі з вады. Поспех таксама засведчыў, што ён, Яўген Луцкі, ужо абцёрся ў цяперашнім часе, пачаў разумець новыя ўзніклыя законы і алгарытмы і навучыўся іншы раз думаць на крок уперад благіх прадпрымальнікаў-адверсараў2

 

1 Інтуіцыя (іntuitus – лац.) – неўсвядомленае чуццё, заснаванае на папярэднім досведзе, якое накіроўвае на правільныя дзеянні.

2 Адверсарь (старбел.) – праціўнік, апанент.

IV

 

Пад самы вечар пасля загрузкі фуры Луцкі размаўляў з Янам Вагінскім па тэлефоне, і той лагодна і мякка папрасіў яго:

— Ты, Яўген, сваю справу зрабіў, але я цябе папрашу паехаць з фурай. Ты самы надзейны ў фірме і працуеш сумленна. Мы зьбіраемся цябе назначыць выконваючым абавязкі дырэктара прадпрыемства па фасоўцы алею, з добрым заробкам.

— А Алекс Чамаданаў?

— Чамадан не прайшоў жыццёвы іспыт. Ён сучаснай рэчаіснасцю выбракавны, як непрафесійны, нячэпкі, несыстэмны… У нашым бізнесе яму рабіць няма чаго. Ва ўсялякім разе, плаціць яго даўгі ніхто не зьбіраецца.

Луцкі вымушаны быў згадзіцца з Янам, у душы праклінаючы сваю памяркоўнасьць і

мяккасьць характару. Так працаваць, як працуе ён зараз, немагчыма. Гэта марнатраўства жыццёвых сіл. Нельга ўвесь час знаходзіцца на мяжы форс-мажорных абставін, так доўга не працягнеш. Прынамсі, зараз яму трэба было б ехаць на цягніку, а з фурай павінен быў рухацца Юрась…

Вясёлы Юрась Жук, бестурботны і нават узрушаны, калі яны выйшлі з гастранома ‘’Мажайскі ‘’, перад выездам праз МКАД, крутнуўся да тэлефонай будкі.

— Ты куды? – пільна зірнуў на яго Луцкі.

— Патэлефанаваць. Інфармую тутэйшую міліцыю, што на складах фірмы ’Росспажтав...К’’ учора быў заўважаны нехта падобны на Сулейманава, тэрарыста, што падазраецца ў падрывах жылых дамоў у Маскве па вуліцы Катлякоўскай.

— Ты што, здурнеў? – твар Луцкага пабруснеў, загарэўся чырванню, яму зрабілася млосна і ён расхінуў вятроўку. — Хочаш з прафесіяналамі гуляць у крымінальныя гульні? Тады сам вядзі фуру з таварам! Не паспееш ад’ехаць ад Масквы, як цябе вылічаць, арыштуюць, і ты будзеш даваць звесткі па выбухах у маскоўскім пастарунку. Потым сядзеш на пяць-сем год у расейскую турму.

Ён павёў Юрася да прыпынку, дзе ўпіхнуў яго ў арбон да Кіеўскага вакзала. На развітанне Луцкі даў яму наказ: трымацца пільна, ні з кім не размаўляць, ехаць на метро да Беларускага вакзала, купіць білет на цягнік і рухацца дадому.

— Гэта табе не Менск, – змрочна прамовіў на развітанне экспедытар. – Тут, у Маскве, калі не зьядуць адразу, то потым усёроўна апусцяць!

Правёўшы Юрася, Луцкі вярнуўся да Маза, і фура рушыла праз МКАД, да Мінскай шашы на захад.

 

V

 

Праехаўшы кіламетраў 300 ад мегаполіса, кіровец Міхась Тышкевіч прыпыніўся на запраўцы, трэба было заліць у бакі літраў 300 саляркі. Луцкі пайшоў у краму купіць свежага батона ці печыва да гарбаты. Усё астатняе ў іх з кіроўцам было, а вось печыва скончылася. Хлопчык гадоў дзесяці на выгляд, сціпла спытаў яго, калі ён з пакункамі вяртаўся з крамы і ўжо падыходзіў да Маза:

— Дзядзя, можа ў вас ёсьць што-небудзь паесьці? — Луцкі здзіўлена зірнуў на хлопчыка: русавалосы, бедна апрануты, той глядзеў на яго знізу ўверх.

Ужо больш як сорак год дзеці вялікай і некалі гераічнай краіны не жабравалі. Жабракі былі ў пяцідзесятых, і Яўген, будучы сам тады хлапчуком, помніў іх. Потым жабрацтва знікла нібы само па сабе на працягу некалькіх гадоў.

—А што ты хочаш?

— Хлеба і што ёсьць…

Луцкі, узрушаны, паклаў у пакет батон белага хлеба, колка кракаўскай кілбасы, пачак печыва і паўлітровую чырвоную паліэтыленаваю бутэльку кетчупа. Ён працягнуў пакунак хлопчыку.

– Вазьмі, сынок, і прабач, больш нічога такога няма.

— Спасіба, дзядзя. – Хлопчык зірнуў у пакет. – А што гэта? — Ён выняў з пакета чырвоную бутэльку кетчупа і паказаў экспедытару.

— Гэта кетчуп.

— А як яго ядуць?

— Намазваюць на кілбасу. Можна з кашай, салам, яешняй, нават з хлебам ці смажанай бульбай.

— Спасіба, дзядзя.

Хлопчык адыйшоў у бок з пакетам, да яго падыйшоў другі падлетак, відаць, ягоны сябрук. І першы хлопчык пачаў яму хваліцца. Луцкі чуў ягоны радасны, усхваляваны голас:

– Дзядзя даў хлеба, пячэння і каўбасы. І вось кетчуп яшчэ.

— А што гэта такое? – запытаўся ў яго сябрук.

– Гэта кетчуп, яго намазваюць на хлеб, можна і з бульбай есьці…

Экспедытар, былы настаўнік сярэдняй школы, сціснуў сківіцы, ажно заскрыгаталі зубы, і з застарэлай роспаччу глядзеў услед хлапчукам, што ў прыцемках вільготнага вераснёўскага вечара, чэпка трымаючы пакет з ежай, хутка ішлі па прасёлкавай дарозе ў вёску…

Кіровец, заліўшы бакі саляркай, палез у кабіну, крыкнуўшы экспедытару:

— Яўген, давай па конях. Яшчэ дзвесьце кіламетраў да мяжы пілаваць.

Луцкі павярнуўся і, нечакана адчуўшы сябе смяротна змораным, марудна пайшоў да Маза, а потым астатнюю дарогу да мяжы злосна маўчаў.

‘’Хто абароніць гэтых хлапчукоў? Выхавае? Адукуе? Дапаможа знайсьці сваё месца ў жыцці? І такіх дзяцей па ўсёй краіне мільёны. Яны – кінутыя, непатрэбныя ні тутэйшай дзяржаве, ні ўладзе, ні грамадству!’’

Надыйшла ноч, а яны імчалі і імчалі па шашы ў святле мазаўскіх фар, прамінаючы рэдкія селішчы шматпакутнай смаленшчыны: Сычоўка, Вязьма, Іпалітава…

Ужо пад самую раніцу, даехаўшы да мяжы, Луцкі ўчуў аднекуль здалёку радасны вокліч кіраўца:

— Ну вось, слава Богу, мы і дома. Цяпер жыць будзьма. А то я, дружа, заўсёды на расейскай тэрыторыіі напружана сябе адчуваю. Ты, Яўген, яшчэ спіш?

— Усё добра, Міхась, — мармытнуў асалавелы Луцкі. Ён знаходзіўся ў тым памежным стане на самым краі сну, калі рэчаіснасьць пачынала праступаць у сваім сапраўдным свеце. І вось цяпер да яго нібы сама прыбегла прыцякла пякучая думка-трывога: ‘’Нічога станоўчага з гэтага новага замесу ў Расеі не атрымаецца… ’’

— Скажы, Яўген, ты чалавек адукаваны. Дзе праўда і што будзе далей?

— Праўда, Міша, у тым, што разумна. – Луцкі канчаткова прачнуўся, вылез з спальнага месца за спінкай кіраўца і сеў у кабіне.

— А яны трындзяць, што спажыванне ёсьць альфа і амега жыцця.

— Зьядзім усю фаўну і флору, а самі патонем ў г…е!

— І я гэтак мяркую.

Покуль расейскія мытнікі праглядалі дакументы на тавар, Луцкі вылез з кабіны размяцца, адліць, падыхаць свежым паветрам, паглядзець у зорнае вераснёўскае неба. Адчуванне некалі неабсяжнай Айчыны цяпер у яго свядомасьці паменшала да памераў роднай Беларусі.

 

7.12.10 г. Менск

 

Выбракоўка

апавяданне

 

‘’Вельмі невясёлая гэта доля – усё ведаць.’’

Іван Клімянкоў ‘’ Корак з-пад шампанскага.’’

 

I

 

Позьнім вераснёўскім вечарам Ян Вагінскі ўзіраўся праз вакно ў цемру ночы, слухаў гукі вялікага горада і гукі ўскраіны, дзе існаваў прыватны сектар драўляных хат,

збудаваных яшчэ пасля другой сусветнай вайны. У прачыненае вакно зазіралі вішнёвыя галінкі з мокрымі зялёнымі лісцямі, знадворку чулася стракатанне конікаў, даносіўся пах вільготнай глебы з тленам апалых лісцяў, у начным небе дзе-нідзе сярод хмарак далёка зіхацелі чуць бачныя зоркі.

‘’У чым сёнішні сэнс ягонага існавання? Трэба ратаваць сваю сям’ю, што засталася ў зоне, пацярпелай ад ‘’мірнага атама’’! Жонка Шура адпусціла Яна Вагінскага ў Менск, каб ён выцягнуў іх адтуль, дзе яны некалі так шчасліва жылі і дзе цяпер жыць было немагчыма...

…Безумоўна, зараз узнікла дзюрка, духоўны разрыў у тканіне гістарычнага часу. Повязь часу была разарвана ў васьмідзесятых, разрыў павялічыўся ў дзевяностых і працягваў павялічывацца напачатку новага тысячагодзя. Замест звыклага жыцця не ўзнікла нічога духоўна новага. Ідэя ўзрастаючага спажывання вяла да вынішчэння рэсурсаў і ўжо вымушала думаць аб істотным памяншэнні колькасьці неэфектыўнага насельніцтва. Лішнія зробяцца непатрэбнымі, будуць перашкаджаць гістарычнаму руху і, напэўна, павінны зьнікнуць…’’

Вагінскі перавёў думкі ад агульнага да прыватнага, што зараз хвалявала тутэйшых месцічаў. ‘’Каму можна верыць? Нікому! Горбі навучыў цэлае пакаленне, што верыць нельга нікому! Пры пэўных варунках, нават самому сабе! Што тады казаць пра іншых? ‘’

…На мінулым тыдні ён увечары нечакана для сябе цалаваўся з галоўнай бухгалтаркай, маладой, стрункай Юляй. Неяк выпадкова пасля нязначнай спрэчкі, калі яна запярэчыла яму, прамаўляючы сваю філіпіку і ўзрушана пазіраючы жывымі цёмнабурштынавамі вачыма:

— Вы, Ян, не здаеце фінансавыя дакументы ў падатковую, не прагінаецеся перад фанабэрным чынавенствам…

— А вам, шаноўная Юля, расейскія амонаўцы не ўзьдзяюць на рукі кайданкі на расейска-беларускай мяжы і не валакуць у пастарунак...

Галоўны бухгалтар абсеклася і змоўкла. Ён па мужчынску ўважліва і доўга глядзеў на Юлю і здзіўлена заўважыў, як яна збянтэжана заёрзала на стуліку.

Увечары, пасля працы, калі ўвесь калектыў разьбегся, і яна сядзела за кампутарам, ён зайшоў у бухгалтэрыю пагаманіць. Потым па сяброўску абняў Юлю за плячо і адчуўшы, як задрыжэла і напялася ўсё яе цела, з асалодай пацалаваў трапяткія пунсовыя вусны…

…Дзесьці даўным-даўно на самым світанку свайго жыцця, у юнацтве ён чытаў кніжку Бебеля ‘’Жанчыны і сацыялізм’’, і тады яго ўразіла сьведчанне, што пры капіталізме жанчыны цалкам залежныя ад буржуа, якія эксплуатавалі іх сексуальна, карыстаючыся сваёй матэрыяльнай сілай. У тыя часы ў жанчын не было аніякага выйсьця і, каб не загінуць ад голаду, яны вымушаны былі рабіцца палюбоўніцамі новага слою грамадства.

І вось цяпер і ён рабіўся, як тыя буржуа, і ўжо гатовы карыстацца сваім становішчам. А што тады казаць пра іншых: хцівых, распусных, пажадлівых, перапоўненых похаццю…

… Некалі там, у ягоным далёкім юнацтве, дзівосная дзяўчына казала яму такія незвычайныя хвалюючыя словы: ‘’Я не хачу быць разумнай жывёлай, прыстасаваннем да нараджэння дзяцей, мне хочацца спраўдзіць паўнавартаснае цікавае жыццё вольнага чалавека…’’

Уся рамантыка іх стасункаў разбурылася аб непаваротлівую, дагматычную і грубую рэчаіснасьць. Так, на самай справе ўсе ахвяры, якія несьлі людзі, што імкнуліся да справядлівасьці, былі дарэмнымі. Грамадства вярталася на сто гадоў назад, да часоў, калі Бебель пісаў сваю кніжку.

Ян вярнуўся ў думках да сённяшняга дня. Юля спакуслівая і пекная, і з характарам… і што цяпер яму рабіць з ёй? Доўжыць і паглыбляць стасункі з маладой і файнай? Што гэта яму дасьць для будычыні? А тое галоўнае, дзеля чаго ён тут рве апошнія вантробы? Ён не здолее цягнуць два вазы... Жанчына — той самы фурман, не пасьпееш агледзецца, як ужо закілзаны, і чужая аброць на тваім фэйсе1. ‘’Мілы, у нас будзе немаўлятка!’’. І што далей? Не дзеля таго жонка адпусціла яго торыць шлях для сям’і…. А жыццёвая дарога бывае толькі адна ў адказнага за свае дзеянні мужчыны, не паспееш азірнуцца — і ўжо фінішная прамая…’’

Вагінскі хадзіў па пакоі, піў каву з малаком ( пасля першай шклянкі кавы яго заўсёды цягнула на сон), пазіраў праз вакно ў чорную цемрадзь, слухаў ноч і стараўся разабрацца ў хуткай і зменлівай рэчаіснасьці…

‘’Юля, канечне, жанчына пекная, таму трэба зволіць яе! Жорсткі новы час нікога не пашкадуе! Альбо ён утрымаецца за грыву гістарычнай эпохі, альбо будзе раструшчаны новымі стасункамі… Хто не перазагрузіцца, той зробіцца аўтсайдэрам, ахвярай новай сучаснасьці.’’

Ён глядзеў у цемрадзь ночы, прагматычна перакладаў пачуцці сваёй першай сігнальнай сыстэмы на мову слоў. Словы ( гэтая другая сігнальная сыстэма чалавека) апошняга лідэра былой вялікай дзяржавы ашукалі насельнікаў краіны. Зараз можна было верыць толькі сваім першасным пачуццям і ўдаламу перакладу іх на мову слоў.

‘’Разрыў у часе ўзнік, калі знікла Ідэя, што яднала ўсіх людзей… І што яны будуць рабіць з некалькімі мільярдамі неэфектыўнага электарату, здольнага толькі спажываць?‘’

 

1 Фэйсе (англ.) — твары

II

 

Наступным днём, зранку, пасля загрузкі на складах фуры на Піцер дэфіцытным контрабандным таварам, вахтар Ян Вагінскі засяроджана крочыў па вуліцы Грынявіцкага у Менску, кіруючыся ў кантору фірмы.

У тыя гады ў рэчаіснасьці валадарыў дэфіцыт. І толькі што створаныя прыватныя кааператывы на ўсю моц гандлявалі цыгарэтамі, спіртовымі напоямі, цукрам, польскім і французскім чакалядам, імпартным спіртам ‘’Роял’’ у літровых зелянкавых пляшках, замежнымі тэлефонамі і калькулятарамі, швэдрамі, ленінградскай парфумай...

Ян, будучы правінцыялам, вырас на Дняпроўскіх разлогах, недалюбліваў гараджан, асабліва тых прыхадняў, што калісьці прыехалі аднекуль у Менск і зараз імкнуліся дамінаваць, мацаваць і зацьверджваць чужы лад жыцця. Ён дайшоў да канторы, што месцілася па вуліцы Пасялковай у прыватным доме, уважліва азірнуў запыленую, з слядамі падцёкаў ад начнога дажджу, блакітную інашамарку і пайшоў у офіс, на ганку зноўку азірнуўся і яшчэ раз пільна агледзеў легкавік. Інашамарка нагадала яму маладую жанчыну, у якой нарэшце зьявіўся таемны і ўважлівы жаніх.

Вагінскі зайшоў у габінет дырэктара, з уласцівай яму прыхільнасцю прывітаўся з прысутнымі, потым запытаўся:

— Гэта чыя тачка блакітнага колеру стаіць перад фірмай?

У офісе заходзіліся: дырэктар фірмы ’’Чмель’’ Алег Жук, ягоны школьны сябра Алекс Чамаданаў, таксама ўладальнік прыватнага ‘’Таварыства з Абмежаванай Адказнасцю ‘’Руслан’’. Дырэктары якраз абмяркоўвалі прапанову з Украіны аб закупцы вагона цукру.

Лысаваты вахтар з сівізной на скронях і стрыманым засяроджаным выразам на твары, Алексу не падабаўся вольнай манерай трымацца ў прысутнасьці дырэктараў. Чамаданаў, як нетутэйшы, неяк вельмі лёгка і хутка ператварыўся з шараговага савецкага гома сапіенса, у ‘’новага рускага’’ з усімі іхнімі новапрыдбанымі звычкамі гаспадароў цяперашняга жыцця.

Між тым вахтар, які не дачакаўся адказу на сваё пытанне, перавёў позірк на дырэктара ТАА’’Чмель’’ і паведаміў:

— Фура загружана, праз паўгадзіны пачынае рух. – І стрымана дадаў: — Дарэчы, на блакітны легкавік нехта паклаў вока.

Ян Вагінскі пазіраў на абодвух дырэктараў, ён імкнуўся зразумець, ці дайшло ягонае паведамленне да іх сьвядомасьці.

— Добра. Няхай рухаецца, там ўжо чакаюць, – адказаў сінявокі і русавалосы Алег Жук, які сядзеў за пісьмовым сталом, праглядаў і падпісваў плацёжкі і, адарваўшы позірк ад папер, перапытаў:

— А хто суправаджае тавар? І што значыць: паклаў вока?

— Ніхто! – хаваючы сваю незадаволенасьць, адказаў вахтар на першае пытанне і, адказваючы на другое, зазначыў: — Напэўна, гэта значыць, што легкавік у хуткім часе скрадуць, — ён схаваў сваё расчараванне і сабраўся ісьці, каб пасьнедаць. Пасля начной вахты ён звычайна сьнедаў, каб потым, прыкладна з 10 гадзін дня, ізноў вярнуцца ў напружаны рытм фірмы.

— Адкуль ведаеш, што паклалі вока? – Запытаўся цёмнавокі і кучаравы дырэктар ТАА ‘’Руслан’’, паблажліва разглядаючы вахтара, што з годнасцю трымаўся перад гаспадарамі прыватных кантор.

— Калі пільна зірнуць, то бачна, што тачка сёння выглядае, як спелая прыгажуня, што нарэшце пазнаёмілася з верагодным жаніхом, — неахвотна, але ветліва адказаў вахтар і павярнуўся, каб ісьці. Некалі ўпершыню сустрэўшыся, яны адразу не спадабаліся адзін аднаму. Зараз яго расчараваў зьняважлівы зварот Чамаданава да яго асобы і ён вырашыў больш не тлумачыць чужую непрыемнасьць. Няхай жыццё само выхоўвае лёгкадумных і няўважлівых.

— Пачакайце, шаноўны дружа. — Алег Жук працягнуў вахтару лісты дамовы. — Тут вось Алекс прапануе нам удзельнічаць у вельмі спакуслівай задуме па закупцы ўкраінскага цукру. Зірніце, Ян, калі ласка, тэкст дамовы і потым выкажыце сваё меркаванне.

Вагінскі забраў лісты дамовы і пайшоў да дзвярэй. Здзіўлены Чамаданаў пачакаў, калі за ім зачыняцца дзверы, і зьедліва зазначыў:

— Упершыню бачу, каб дырэктар прыватнай фірмы, лёс такой важнай задумы даручыў вартаўніку. Можа ён уладальнік канторы, а ты толькі эфемерны ‘’дырэктар Фунт’’1?

Алег Жук у гэты час пачаў разліваць кіпень з імбрычака па кубачках, куды папярэдне ўсыпаў па чайнай лыжцы з коптурам дзівоснай замежнай распушчальнай кавы. Чароўны пах кавы хваляваў уяўленне, лашчыў ноздры прысутных і вабіў да шчырай размовы.

 

1 ‘’Дырэктар Фунт’’ – персанаж раман ‘’Залатое цялё’’ Ільфа і Пятрова.

III

 

У тыя, без перабольшвання, гістарычныя часы, на пераходзе ад аскетычнага развітога сацыялізму да хаатычнага, яшчэ няўпэўненага ў сябе прыватнага грамадства, частаванне якаснай распушчальнай кавай было вельмі прыстойнай рысай паводзін маладых будучых буржуа, што як тыя нявылупіўшыяся кураняты, толькі наклюнуліся ў тутэйшым грамадстве. Яшчэ не было ні даўганогіх сакратарак, ні мэрседэсаў, ні вандровак на адпачынак у Турцыю і Егіпет. Пры неабходнасьці свежасьпечаныя дырэктары ТАА, зняўшы пільчакі, займаліся разгрузкай фур з малдаўскім віном ці дэфіцытным нямецкім півам у бляшанках.

Тады яшчэ гераічны горад на Няве звыкла называлі Ленінградам, а на Камароўцы ў Менску кучкамі тусаваліся стрыжаныя пад нулёўку валютчыкі, настойліва прапаноўвалі чуйным менчукам свае паслугі набыць замежную валюту. На свет яшчэ не нарадзілася еўра, але ўжо зьявіліся ўласныя беларускія грошы, і ў краіне валадарна пачынаў уздымаць галаву і ‘’крышаваць’’ мафіёзны крымінал. Дзяржаўнае кіраўніцтва ўтрымлівала палітычнае і эканамічнае становішча, якое было хісткім і няўстойлівым. Палітычныя недарэкі, авантурысты, імітатары і шпегі, пасіянарныя правінцыялы, шчырыя інтэлігенты і даверлівыя грамадзяне наперабой тлумачылі адзін аднаму шляхі, па якіх трэба далей рухацца грамадству. Ніхто не здагадваўся нагнуцца і ўзяць з долу кінутую ўладу ў свае ўчэпістыя і моцныя рукі.

Алег Жук паклаў у кубачак лыжачку згуслага малака з цукрам, размяшаў і з асалодай паспытаў напой. Кава, дэфіцытная для большасьці жыхароў краіны, мела каштоўнасьць і для маладых прадпрымальнікаў.

Чамаданаў паліў цыгарэту, страсаў попел у бляшанку з-пад фанты і амбітнай манерай паводзін нагадваў чалавека, які нарэшце дамогся ад жыцця ўсяго, чаго хацеў. Таму меркаванне, якое ён зараз выказваў, было надзвычай шчырым і цынічным.

— Навошта ты яго трымаеш? Дзядуля з гераічнымі звычкамі першай паловы ХХ стагодзя! Што ён разумее ў імклівым сучасным часе?

Алег Жук жартаўліва аднекваўся, ён — генэтычны ліцвін, быў па-еўрапейску памяркоўным і ветлівым.

— Хе-хе-хе. Ён — Варта! Пільнуе маё і сваё таксама. Ён заснавальнік, у яго 20% акцый.

Чамаданаў, які ўзяў на ўзбраенне сучасны расейскі прагматызм, зараз не хаваў свайго здзіўлення:

— Ты што, здурнеў? Распыляеш асноўны капітал. Ды я за такія бабкі сам вартаваць буду! Дарэчы, што-куды адпраўляеш з фурай? Можа, трэба фінансава падтрымаць?

Алег Жук прамінуў апошнія пытанні сябра. У яго была сталёвая дамоўленасьць з адказным Янам Вагінскім, што нідзе і нікому, нават блізкім сябрам, сваякам і каханкам ні слова не скажа аб накірунку фуры і складзе загружаных кантрабандных тавараў. Таму ён, нібыта здзіўлены, узняў бровы і неяк несурёзна адказаў на першае пытанне:

— Ты не здолееш!

Дырэктар ТАА ‘’Руслан’’ наязджаў нахабна і амбітна, выяўляючы звычку тыповых ‘’новых рускіх’’.

— Я не здолею? Ты, Алег, кепска мяне ведаеш. Я сталёвая пабудова!

— Ты занадта адважны, Алекс. Хцівы. Паспяховы. Упэўнены ў сабе, і таму не ўбачыш знакаў1...

— Алег, скажы мне, а ён хто такі? – Чамаданаў хацеў перапытаць яшчэ раз пра фуру з таварам, але адчуў, што гэта можа ўзбудзіць глыбокі недавер сябра да яго.

Алег у лірычна-рамантчынай танальнасьці патлумачыў:

— Вагінскі напятая струна ў жыццёвым акіяне. Ён чуе, як мыш варушыцца ў норцы, як пацук бяжыць па лабірынтах лёхаў. Ён разумее жаданні прагных!

Алекс Чамаданаў зрабіў вялікі глыток несалоджанай чорнай кавы і, паставіўшы кубачак на сподак, запярэчыў:

— Ты шмат навыдумляў, а я бачу, як ён цэлы дзень боўтаецца па офісу, бесперапынна п’е каву і гарбату, ганяе шарыкі ў кампутары, слухае музыку Бетховена, жартуе з бухгалтаркай Юляй, травіць байкі з менэджэрамі і фактычна нічога не робіць карыснага.

Алег Жук задумліва ўзіраўся ў блізкае мінулае, дзе ён пачынаў з Янам Вагінскім сваю дзейнасьць, калі яны рабілі першыя крокі, а ў краіне віравала няпэўнасьць, разгубленасьць, ніхто не ведаў, ‘’што рабіць’’ і ‘’хто вінаваты’’. І таму лагодна казаў зараз тое, што зразумеў тады:

— Ён Страж. Належыць да тых, каго Лёс вызначыў быць абраннікам. Абраннік бачыць будучыню і ведае дзень, што можа стаць тваім апошнім днём. Ён адчувае тых, хто наглядае за фірмай, бачыць, хто з ‘’рускай партыі’’, а хто наглядчык супрацьлеглай.

— Якой супрацьлеглай?

У гэта імгненне дырэктар ТАА’’Чмель’’ зразумеў, што школьны сябрук Чамаданаў зрабіўся адным з тых прадпрымальнікаў, якіх вецер перамен нясе па самай верхавіне падзей, і глыбокае разуменне рэчаіснасьці яму недасяжна. Ён рабіў маленькія глыткі з кубачка, смакаваў каву і, нетаропка падбіраючы найбольш памяркоўныя словы, казаў сябру:

— Гэта ты, Алекс, павінен ведаць сам. ‘’Яны’’ самыя разумныя і таму самыя небясьпечныя. З імі лепш быць у добрых стасунках і трымацца на адлегласці…

—…Алег, ён і на савеце дырэктароў маўчыць. Наглядае? Можа, ён шпег?

Алег Жук вырашыў закругляць гаворку, як бессэнсоўную. Як толькі вецер рэчаіснасьці скіне Алекса долу, у самы ніз да дробных прадпрымальнікаў, ён стане небяспечны для сяброў і нават блізкіх. Уласны досвед немагчыма перадаць іншаму — кожны карыстаецца сваім набытым за жыццё. Ён спакойна дадаў:

— Так, Ян гаворыць рэдка, але трапна. Ён нарабляе алгарытмы ўдалых дзеянняў і папярэджавае аб памылковых. Нарэшце, ён сумленны – гэта сёння такая каштоўнасьць...

Чамаданаў вырашыў даціснуць сябра там, дзе ён адчуваў сваю сілу. Потым будзе значна лягчэй пераканаць яго ўкласьці грошы фірмы ў закупку ўкраінскага цукру.

— Алег, сумленне ў цяперашні час – хімера! Твой вахтар проста прыліпала, сеў табе на хвост і робіць выгляд стратэга, які разумее і бачыць нешта, што не бачаць іншыя. Нас не трэба вучыць жыць, мы самі ўсё што трэба ўбачым. Кожны павінен сам выплываць у жыцці. Хто не здольны зразумець гэтага, у таго, значыць, гэткая доля.

Чамаданаў не меў багатага ўяўлення, таму быў адважным, і Алег гэта канчаткова зразумеў і папярэдзіў аднакласніка:

— Але за ўсе ўласныя пралікі прыйдзецца самому разлічвацца па рахунках!

Алекс паставіў пусты кубачак на сподак і сцвердзіў, як адсёк сякерай:

— Будзе трэба — разлічымся, не хвалюйся.

 

1 Знакі – усё, што можа перадаваць інфармацыю: фізічныя прадметы, колеры, гукі, рухі, пахі і нават маўчанне.

IV

 

Раніцой з Масквы Вагінскаму тэлефанаваў Юрась Жук, што павінен быў загружацца таварам на маскоўскай фірме, з якой ‘’Чмель’’ працаваў упершыню.

— Як справы, Юрась?

— Прыехаў у сталіцу. Знайшоў фірму. У канцы дня мяркую, што буду загружацца.

— Так, дружа, ты першы раз у Маскве, мяне гэта непакоіць. Таму глядзі там, як і што, будзь пільным. Я табе на падтрымку накіраваў Яўгена Луцкага. Ты яго ведаеш, ён чалавек дасьведчаны. Трымайся. Тэлефануй пры любой складанасьці...

Ян паклаў слухаўку і падумаў, ці здолее экспедытар Яўген Луцкі стаць ягоным паплечнікам у новым жыццёвым накірунку.

Луцкі быў правінцыялам з мясцовасці, моцна пацярпелай ад Чарнобальскай катастрофы, цягавіты, асцярожны і сумленны чалавек савецкага замесу, якому можна было даручыць любую справу. Ён быў выдатным выканаўцам.

‘’ Так-так, Луцкі якраз той, хто яму патрэбны. Упарты, расчараваны і таму ўнутры ўжо злосны, надзейны, з гуманістычным гледзішчам… і таксама хоча прайсьці адбор жыцця.

Так-так! Алега Жука неабходна тэрмінова ізноў накіраваць куды-небудзь у вандроўку. Няхай правентылюе свае памяркоўныя глузды!’’

Удзень Алег Жук запытаўся ў вахтара:

— Што з фурай?

— Паспяхова праехала дзяржаўную мяжу, – стрымана адказаў Вагінскі.

— Так, добра, а што ў Маскве, як там Юрась?

— Я накіраваў Луцкага на дапамогу Юрасю. Нешта мне вельмі неспакойна на сэрцы. Ён павінен тэлефанаваць сёння пад вечар.

– Добра, Ян. Юрасіку трэба памагаць. Вы прагледзелі дамову Чамаданава? Ваша меркаванне? Зараз ён павінен прыехаць, трэба даць яму канчатковы адказ.

Вагінскі прысеў на мяккай шэрай канапе, збоку пазіраў на маладога шэфа, які сядзеў за пісьмовым сталом перад блакітным дысплеем кампутара і рашуча адказаў:

— Маё меркаванне адмоўнае! Не ведаючы людзей, нельга рызыкаваць усім. Гэта неразумна.

Дырэктар ТАА ’’Чмель’’Алег Жук, які яшчэ не сасьпеў для рашэння, лагодна зазначыў:

— Хто не рызыкуе, той не п’е шампанскага!

Вагінскі ўзважана прамаўляў назапашаныя думкі:

— Выслоў’е для лохаў. Трэба выключыць з нашых дзеянняў усялякую рызыку!

— Скажы, Ян, як быць з нашымі вольнымі сродкамі? Іх трэба некуды ўкласьці. Што вы прапануеце? І што адказаць Алексу?

Вагінскі быў непахісным.

— Чамадану адмовіць! ‘’Цікавая прапанова, але няма вольных сродкаў.’’ На свабодныя сродкі трэба купіць кватэру заснавальніку Юрасю Жуку. Ён кожны дзень едзе з Пухавіч. Кошт кватэр будзе расці. Мы ашчадна зрасходуем фінансавыя сродкі, калі купім Юрасю кватэру сёння.

Дырэктар фірмы ТАА’’Чмель’’ маўчаў, ён думаў.

— Вы, Алег, павінны ўсвядоміць: калі мы праляцім на 85 000 тысяч даляраў, гэта адсуне нас на паўгода назад. Мы страцім тэмп! А потым можам ужо і не дасягнуць сённяшняй хвалі, што імкліва імчыць наперад.

Алег Жук засяроджана слухаў. Ён іншы раз сьвядома пярэчыў сваім супрацоўнікам, не згаджаўся з іхнімі меркаваннямі, каб яшчэ раз праверыць свае разлікі.

— Чамадан хоча паказаць сябе крутым, але сам яшчэ не мае патрэбнай колькасьці грошай. Вялікія грошы трэба ўмець не толькі зарабіць, але і ўмець іх захаваць, укласьці ў выгадную справу... Мы толькі вучымся працаваць з грашыма і яшчэ не ўмеем імі карыстацца.

— Між тым прапанова цікавая, – у роздуме заўважыў дырэктар фірмы.

Вагінскі тлумачыў, нібы штампаваў думкі на друкарцы:

— Чужая распрацоўка, магчыма, спакуслівая прыманка для лохаў. Мы спадзяёмся на сумленне людзей, якіх нават не бачылі. І ніякіх гарантыяў! Прыйшоў час, калі сумленне для рухавых, хцівых людзей – хімера! Чубайс зрабіў адмашку для хлусаў, абвясціў у суседняй дзяржаве, што багацце ва ўсім свеце мае крымінальнае паходжанне!

Ён зрабіў прамаўчанку, паглядзеў на дырэктара, што пазіраў на дысплей кампутара, механічна ў роздуме ціскаў на кнопкі, ганяючы шарыкі кампутарнай гульні і ўважліва слухаў.

— Дарэчы, у фірме шмат нерухомых. Яны п’юць каву, ганяюць шарыкі ў кампутары, гамоняць, ніхто з іх няздольны паехаць у Маскву ці Піцер, каб зрабіць праводку фуры з ‘’дэфіцытным’’ таварам. Да нас набегла шмат сваякоў, сяброў, проста ‘’харошых савецкіх людзей’’! Бадай, толькі Яўген Луцкі здольны працаваць па—чорнаму, рызыкаваць сваёй галавой…

Алег Жук ківануў галавой, згаджаючыся з суразмоўцам, і лагодна зазначыў:

— Ён зараз залежны чалавек. Луцкі вымушаны быць такім. Хоча замацавацца ў Менску.

Вагінскі дадаў:

— Такія нам і патрэбны, людзі матывіраваныя, цягавітыя, што будуць нагружаць свой пуп і берагчы наш зад… А ў нас спрэс назьбіраліся ‘’харошыя людзі’’, працаваць няма каму.

Дырэктар выключыў кампутар і, схіліўшы галаву набок, павярнуўся тварам да Вагінскага, нешта яму перашкаджала згаджацца з ім.

— Так, Ян, я згодны, ‘’харошы чалавек’’ – цяпер не рамяство! Але ж куды дзецца? Сваякі, сябры і проста ‘’харошыя людзі’’ сваякоў…. Куды, Ян, дзецца?

Вахтар, таймуючы ўзніклую напружанасьць, разняволена абпёрся на спінку канапы і асцярожна выказваў непрыемнае для шэфа меркаванне:

— Самае галоўнае — яны пачынаюць уплываць. Уздзейнічаць на прыняцце рашэнняў. Адсочваюць рух нашых фінасавых плыняў. Не мы з вамі, а яны! Потым падсоўваюць гандлёвыя прапановы… Такім чынам яны кіруюць, а мы рухаемся па пакладзеных імі рэйках… Даволі зручна? Але для каго?!

Алег Жук, хаваючы незадаволенасьць, запярэчыў:

— Тодар і Андрусь вельмі карысныя для фірмы людзі!

Вагінскі ўпарта працягваў цвердзіць:

— Карысныя. Але яны працуюць сярод офіснага і банкаўскага планктона, нас паціху выпіхваюць у зону выканаўцаў. Яны займаюцца драбязой, кляпаюць баксы для сваёй уласнай кішэні і замінаюць нам ажыцяўляць важнейшую стратэгічную мэту.

— Якую яшчэ стратэгічную?

— Застацца нам дробнымі гандлярамі ці імкнуцца выйсьці на новы ўзровень.

— Ян, які яшчэ новы ўзровень?

— Супольных мільянераў!

— Хто нас пусціць у мільянеры?

— Той, каго мы купім! Мы купім сабе ‘’дах’’ з ліку ўплывовых уладных колаў. Не з бандытаў, бо бандыты ў нашай краіне будуць пасрэднікамі. У нас усё вырашае ўлада! Мы падтрымаем уладаносьбітаў фінансава, уладаносьбіты падтрымаюць нас.

— А дэмакраты?

— Звычайная ўлада мафіі, прасцей кажучы, тыя самыя бандыты!

Гэта размова зранку жнівеньскім днём дазволіла абодвум ўдакладніць сваё разуменне складанай сучаснасьці. Алег Жук пацвердзіў свае ўласныя адчуванні меркаваннем рэалістычнага і жорсткага суразмоўцы.

Ян Вагінскі зразумеў, што імклівы час рухаецца хутчэй, чым свядомасьць маладых буржуа, якім не хапае шырыні і глыбіні разумення падзей, што адбываліся на постпрасторы. Іхняя ўнутраная мяжа свядомасьці дасягала толькі ўзроўню дробнага ўладальніка крамы ці аптовага гандляра. І таму трэба было шукаць нейкія новыя шляхі для ўласнага далейшага развіцця.

Ён адчуваў, што сам не здолее быць уласнікам дробнай фірмы ці прыватнай крамы. Крама ці фірма зьесьць яго ўжо абмежаваны жыццёвы час, ператворыць ў раба дробнай прыватнай маёмасьці, знішчыць ягоную свабоду, змесціць у пазалочаную клетку…

 

V

 

Алекс Чамаданаў прымчаў наступным днём у офіс ТАА’’Чмель’’ на таксі пасля абеду, узлаваны, рашучы і напяты. Сеўшы насупраць Яна Вагінскага, ён пачаў гаварыць, як заўсёды ўпарта, але дзесьці ў глыбіні ягонай душы хавалася моцная нярвовасьць.

— Так, Ваня, усё на мазі. Дзе Алег? Я атрымаў факс з дамовай на пастаўку вагона цукру. Можна пералічваць грошы. Дастаўка цукру на працягу тыдня.

Ян Вагінскі сядзеў за сталом дырэктара, праглядаў і падпісваў плацёжкі — ён меў права подпісу фінансавых дакументаў, — і ветліва адказаў:

— Прабачце, Алекс, Алег Уладзіміравіч, на жаль, адсутнічае, а без яго, як вы разумееце, нічога не будзе.

— От казёл!

— Не зразумеў вас, Алекс? Дарэчы, шэф вас увечары чакаў да ўпору.

— Дробныя непрыемнасьці. Не здолеў своечасова пад’ехаць. Міліцыя дзве гадзіны марынавала…

— Вы на таксі сёння прыехалі? Нешта здарылася з тачкай?

— Здарылася, здарылася… Скралі тачку. Забег на паўгадзіны ў банк, выйшаў, а ‘’Мазды’’ і вецер прастыў, — занерваваўся Чамаданаў.

— Маеце на ўвазе: і след прастыў? — З спачуваннем заўважыў Вагінскі.

Чамаданаў нярвова заёрзаў у крэсле. Зрывалася вельмі выгадная дамова, ад якой ён пры ўдалым павароце атрымаў бы прыбытак, які пагасіў бы ягоныя страты ад скрадзенага легкавіка.

— Ты мне адкажы, калі будзе Алег? Дарэчы, адкуль ты ведаў, што мой легкавік украдуць? Ты шпег, наводзіў зладзеяў?! – раптам загарэўся Чамаданаў, утаропіўшы ўзбуджаны позірк у сівога вахтара. — Табе гэта, Ян, дарам так не пройдзе. Табой зоймецца міліцыя.

Чамаданаў ускочыў з месца і пабег да сакратаркі, дзе, даведаўшыся, што дырэктар фірмы ‘’Чмель’’ зранку тэрмінова выехаў па справах у Беласток, нешта ўзрушана закрычаў, а потым пачаў тэлефанаваць у розныя фірмы да знаёмых, сяброў, з прапановай вельмі выгаднай дамовы. Дамовіўшыся з некім аб тэрміновай сустрэчы, ён храснуў дзвярыма і выбег на вуліцу, дзе яго чакала таксі.

Ян Вагінскі хоць і прадбачыў жыццёвыя цяжкасьці прадпрымальніка, але зараз быў здзіўлены ўзніклай нечаканасцю. Жыццё рухалася хутчэй, чым нават ягонае змрочнае ўяўленне.

 

VI

 

У другой палове дня Ян атрымаў непрыемнае паведамленне ад Яўгена Луцкага, што Юрась Жук заляцеў у Маскве. Вагінскі не любіў непрыемнасцяў і таму ўсімі сіламі імкнуўся іх пазьбягаць.

Ён вымушаны быў праз некалькі дзён сустрэцца для юрыдычнай кансультацыі з сваім знаёмым, Максам Удодавым, падпалкоўнікам П- га райаддзела унутраных спраў г.Менска.

Удодаў, апрануты ў шэры цывільны касцюм, сядзеў насупраць прадпрымальніка ў кавярні ‘’Лідо’’ на праспекце Скарыны, дзе яны абменьваліся меркаваннямі і інфармацыяй.

Вагінскі, як заўсёды, глыбока схаваў сваю заклапочанасьць і насцярожанасьць, выглядаў пазітыўна і рахмана, мякка казаў суразмоўцу:

– За вучобу вашага сына ва ўніверсітэце, Макс, заплачана, вось квіток. У далейшым трэба вызначыцца, як нам лепш плаціць, безналам ці налам? Можам узяць яго на працу і потым, згодна дамовы, аплачваць вучобу.

– Дзякуй, Ян. Уладкуйце Арцёма на працу менэджэрам – гэта лепшы варыянт. Што датычыць твайго форс-мажора ў Маскве, то калі трапілі на крымінал, лічы, што вашы бабкі згарэлі. Калі на бізнесменаў з праваахоўных структур, то шанец ёсьць. Але галоўнае, каб твае лохі не наламалі дроў, не пачалі рваць кашулю на грудзях. Ветліва, цярпліва і настойліва, тады шанец ёсьць. Грошы невялікія, а смуроду можа быць шмат, таму ім прасцей справу закрыць мірна… Ты мне лепш скажы, якія далягляды ў вашай фірмы?

— На сёння… дробная кантора, Макс, людзі недасведчаныя, але прагныя і, галоўнае, выключна працавітыя. Пры падтрымцы могуць стаць мільянерамі.

— Мільянерамі будуць тыя, каму будзе дазволена імі быць. Ты, Ян, пазбаўся ад мрояў. Выпадковыя людзі нават калі нечага і дасягнуць, потым усё роўна будуць вылушчаны і апушчаны на сваё месца. Што чутно ў палітычных колах?

— Звычайная балбатня. Махаюць рукамі, спрачаюцца, аб’ядноўваюцца… Ніяк не магу зразумець, Макс, ці яны ўсе ад вас туды накіраваны, ці сапраўды настолькі абмежаваныя...

– І тое, і другое, Ян … Цяпер складаная становішча, чым больш рухавых асоб з народу будзе займацца палітычнай тусоўкай, тым больш будуць развязаны рукі ў прагматычных людзей, тым хутчэй яны прыватызуюць краіну.

— Зразумела, Макс, зараз пераходны перыяд ад патрыятызму …да мафіёзі. Нехта стане багатым, нехта застанецца бедным. Мяркую, падзеі працягнуцца 10 ці 15 год, потым узбагацець будзе немагчыма.

—…Так, Ян. Чужыя грошы сталі чужою сілай! Даляры зрабіліся мураломам, што разбурыў муры вялікай дзяржавы…

У апошніх словах падпалкоўніка прагучала нейкая скруха, нібыта ён, выхаваны і адукаваны ў сваёй справе прафесіянал, смуткуе аб нескарыстаных магчымасцях, займаецца дробнымі зладзеямі і не чапае буйных.

— …Макс, яны прыватызавалі нават Бога. Ад імя Бога кіруюць чалавецтвам у сваіх інтарэсах....

– Што ты прапануеш, Ян? – Удодаў перамяніў тэму гаворкі. – Мо змагацца з Богам? Гісторыю не памяняеш, нават калі ты з ёй нязгодны.

— Аб гэтым я хацеў з вамі параіцца, Макс. Праз 15 год мы выпадзем у асадак. Я на пенсіі, дробная крама, штодзённы клопат і вечны страх галечы. Вы, Макс, напэўна будзеце працаваць целаахоўнікам заможнага расейскага бізнесмена…

Падпалкоўнік усміхнуўся, як Ян Вагінскі робіць апрацоўку, так падобную на тую, што ён сам праводзіў з кандыдатамі ў сакрэтныя супрацоўнікі праваахоўных ворганаў.

— Далягляд нецікавы, Ян. Што можна памяняць у будучыні?

– Мая прапанова такая, Макс. Нам тэрмінова патрэбны ‘’дах’’, дзяржаўная ахова, бо крымінал ‘’крышуе’’, бярэ за горла, а я з ім нават на адным полі не сяду… З імі толькі зачапіся, потым сам не рад будзеш … Я магу ўзяць вас у долю, а вы дапаможыце з ‘’дахам’’ для фірмы.

Удодаў нібыта з удзячнасцю прыклаў руку да сэрца, такіх прапаноў ён атрымліваў па некалькі ў тыдзень:

– Трэба падумаць, Ян. А што далей?

— Далей усё, што захочаце. Далей мы пашыраем фірму, покуль не дасягнем стану мільянераў. Перашкоды будзем цывілізавана адхіляць.

Падпалкоўнік у роздуме сціпла зазначыў:

— Зараз грошы шмат каму замуцілі глузды. Але гэта часовы момант…

— Потым, Макс, калі фірма ўзбуйнее, мы яе распалавінім і кожны, і вы таксама, будзе мець сваю асобную і ўжо ўласную кантору. Пажадана пад адным дахам, каб можна было трымаць супольную абарону, бо па адным цяжка ацалець у сучасным дзікім бізнесе. У адзіночку зараз нічога нельга зрабіць.

Удодаў павольна піў з філіжанкі зялёную гарбату, думаў аб нечым сваім, было бачна, што гэта размова яго не надта цікавіць.

— У мяне яшчэ адно пытанне да цябе: у вас там аціраецца нейкі Алекс Чамаданаў? Ён быццам з вашай фірмай супрацоўнічаў?

— А што такое, Макс?

— Чамадан прыйшоў да нас спачатук з заявай аб прапажы легкавіка, а пазаўчора заляцеў ужо па буйнаму, на 85 000 даляраў. З іх пазычыў 50 000 даляраў у расейскага аўтарытэта. Цяпер сам разумееш, у яго становішча экстрэмальнае.

— Што можна зрабіць?

— Толькі, калі пайсьці віжом на службу да нас.

— Вазьміце і перавядзіце мае звесткі на яго. Вы ж там, так ці гэтак маглі мяне засьвяціць? Вось і зафіксуйце, што агент ‘’Крумкач’’– Алекс Чамаданаў, надзвычай каштоўны саксуп1. Зараз падстаўлены пад бандыцкую групоўку расейскага аўтарытэта ‘’Сліжа’’…

Макс шчыра засьмяяўся, потым паляпаў Вагінскага па плячы, нібыта здзіўлена заўважыў:

— Геніяльная ідэя.

— Макс, мы тутэйшыя. Грошы – сродак, а не мэта. Страціўшы свайго, не будзеш ведаць на каго абаперціся, хто прыкрые спіну. Разам у нас будзе шанец устаць на ўласныя ногі.

Ян Вагінскі з журбой глядзеў у далечыню, што хутка стане сучаснасцю. Ён адчуваў, што апошнія словы не зрабілі ўражання на Удодава, але ўсё ж з унутранай сілай сцьвердзіў:

— Такога шанца больш у нас не будзе!

Яны яшчэ крыху пагаварылі, дамовіліся аб першых кроках у супрацоўніцтве і, паціснушы адзін аднаму далоні, разыйшліся ў розныя бакі, каб разам рухацца да адной мэты – выплываць ў гэтай бурлівай і небяспечнай рэчаіснасьці. Абодва разумелі сучаснасць па свойму і ўжо нікому не верылі, толькі агульная зацікаўленасьць магла быць нейкай зарукай.

Супрацоўнік міліцыі шмат ведаў пра ценявую праўду жыцця і меркаваў, што для пачатку можна дапамагчы фірме з аховай, каб не аддаваць яе ў рукі крыміналу.

 

1 Саксуп (новатвор) – сакрэтны супрацоўнік.

VII

 

Падпалкоўнік Удодаў, сярэдніх гадоў мужчына з светлым тварам, з спачуваннем пазіраў на ўзмоклага прадпрымальніка, што нярвова ёрзаў на стуліку.

— Так, Алексей Пятровіч Чамаданаў? Прадпрымальнік? 32 гады? Адукацыя вышэйшая? Інжынер? Жанаты? Двое дзяцей?

Чамаданаў, ківаў галавой і сцвярджальна адказваў на кожнае пытанне падпалкоўніка, дрыготкай рукой выціраў насавічком спацелы твар, глядзеў спалоханым затраўленым позіркам і быў у моцным нярвовым напружанні.

— Заяву мы вашу прачыталі, Алекс Пятровіч. Зразу скажу вам праўду-матку, каб не мелі падманлівых надзей, не спадзяваліся на некага і на нешта. Справы кепскія, на вас будзе наязджаць ‘’бандыцкая супольнасьць ’’. Паставіць на лічыльнік. Колькі вы ім завінаваціліся?

— У заяве напісана, 50 000 даляраў, – неахвотна адказаў прадпрымальнік. Ён ізноў адчуў подых роспачы, нібы чорнай прорвы, як чалавек, што нечакана на роўным месцы трапіў у страшную бяду.

— Так, пяцьдзесят тысяч даляраў!

Падпалкоўнік, прыемны, дагледжаны афіцер, рупліва зьдзмуў нябачную пылінку з рукава мундзіра і спакойна працягваў казаць жудасныя словы апруцянеламу ад жаху прадпрымальніку.

— Калі нават і кватэру прадаць, і легкавік.. . усё роўна доўг застанецца. Калі жонка прыгожая, могуць прымусіць прастытуткай працаваць…

— Вы што? Таварыш падпалкоўнік…! Я буду скардзіцца…!

— Ну напішаш нам скаргу. Мы пачнём разглядаць… Ты пазычыў грошы ў фірмы на два тыдні? Ты іх вярнуць зараз не можаш?! У чым крымінал? Пры чым тут ворганы правапарадку? Калі б ты пазычыў грошы ў чэсных прадпрымальнікаў, то цяпер яны б зьвярнуліся ў суд і ўсё рабілася па закону. Хутчэй усяго на цябе ўсклалі б спагнанне, але з кватэры не выселілі б з двума дзецьмі. Выплочаваў бы грошы на працягу дзесяці-пятнадцаці гадоў.

Падпалкоўнік не спяшаючыся дастаў насавічок з кішэні, высмаркаўся і, склаўшы хустачку, ізноў паклаў яе назад.

— Ты ж, Аляксей Пятровіч, папёрся пазычаць да крымінальных структур?! Аніякіх магчымасцяў гэтую фірму прыціснуць у нас няма. Хутчэй за ўсё яны скарыстаюць цябе па поўнай праграме, высмакчуць усе матэрыяльныя каштоўнасьці, кватэру ім падаруеш, а потым пасадзяць за краты, павесіўшы на цябе ‘’бясспрэчныя доказы’’...

У роспачы збялелы Алекс Чамаданаў глядзеў на элегантнага падпалкоўніка, прыемнага, такога дагледжанага мужчыну з сівізной у валасах і не мог паверыць, што ён, учора паспяховы бізнесмен, сёння знаходзіцца ў такім жахлівым дзікім становішчы. Падпалкоўнік зразумеў яго пачуцці, і каб вярнуць прадпрымальніка на рэальны грунт, запытаў:

— Грошы ў іх фірмы ‘’Рос… рэг… і К’’ браў узаймы?

— Браў. На тыдзень.

— Тыдзень амаль прайшоў. Праз пару дзён павінен аддаць ім грошы.

— Не здолею, таварыш падпалкоўнік. Фірма ў Днепрадзяржынску кінула мяне і яшчэ шэраг менчукоў, сабрала грошай пад цукар на 1,5 млн. баксаў і знікла. А я зараз вінен пяцьдзесят тысяч… А гэтыя, у каго я пазычаў грошы, цяпер бяруць за горла. Ставяць на лічыльнік. Мне няма ў кога перапазычыць… Ніхто не дасьць. Таварыш падпалкоўнік, што рабіць? Няўжо нельга ніяк выкруціцца?… А гэты, з ‘’Чмеля’’, Ян Вагінскі. Ён жа ведаў, што легкавік скрадуць. Ён іх наводчык. Яго трэба выклікаць і дапытаць…

— Ужо дапыталі, і ён даў пісьмовае тлумачэнне. Вось, — Удодаў знайшоў на стале патрэбны ліст і зачытаў: — ‘’…легкавік зранку выглядаў як маладая дзяўчына, на якую паклаў вока патэнцыйны жаніх’’. Так яму здалося.

– Таварыш палкоўнік…

— Я падпалкоўнік, грамадзянін Чамаданаў!

— Прабачце, таварыш падпалкоўнік. Гэтаж звычайная хрэнь. Яму здалося… Калі ён такі экстрасэнс, то ён бы грошы шуфлем аграбаў, робячы прароцтвы…

— Можа хрэнь, а можа і не хрэнь. Чалавек мне здаўся разумны, уважлівы, з чэпкім вокам, былы паляўнічы. Ва ўсялякім разе тое, што ён бандыт – недаказуема.

— Таварыш падпалкоўнік, што ж мне рабіць? Я ж прапаў… памажыце, усё жыццё буду за вас маліцца…

— Усе так кажуць, а потым нават не здароўкаюцца.

— Таварыш падпалкоўнік, Богам прашу, дапамажыце, на калені стану. Век помніць буду…

— Добра. Паспрабую. Вазьміце, Чамаданаў, вось гэтую заяву-анкету. Уважліва прачытайце, і калі згодны, акуратна і пунктуальна запоўніце яе, а я покуль вып’ю кавы.

Падпалкоўнік піў каву, пазіраў у вакно, зрэдку кідаў уважлівы позірк на Чамаданава, як той, чырвоны і потны, чытаў анкету-заяву, а потым, уздыхнуўшы, узяў асадку і пачаў рашуча пісаць.

Удодаў перавёў позірк у вакно, дзе панавала свежае вераснёўскае сонечнае надвор’е і задаволена, як чалавек, што якасна і прафесійна выканаў сваю працу, падумаў: ‘’Лепш быць на службе ў ворганах дзяржаўнай бяспекі, чым шасцёркай-халуём у бандытаў. У нас яшчэ выплывеш і застанешся чалавекам. У крымінале застацца чалавекам не будзе ніводнага шанцу.’’

Нарэшце Удодаў прыняў заяву ад спацелага Чамаданава. Пільна прачытаў яе, вярнуў распісацца. Потым правёў інструктаж.

— Што скажаце пра фірму ТАА ‘’Чмель’’? Не саромцеся, Алекс. Вы цяпер на дзяржаўнай службе. Дзяржава павінна ведаць усё! Каб памагчы вам, трэба, каб вы таксама ў нечым дапамаглі і нам, дзяржаўным людзям. Вы зараз змагаецеся за сваё жыццё, за сваю сямью!

— Гэты, Ян Вагінскі. Ён хітры! – няўпэўнена прамармытаў Чамаданаў.

— Кожны чалавек, хто не дурань, хітры. Кажы канкрэтна, Алекс. Усё, што ведаеш, выкладай.

— Гэты… Ян Вагінскі, мне здаецца, яны контрабанду цягаюць у Расею… — выціснуў з сябе Чамаданаў.

— Так, так. Гэта цікава. Гарэлка, кампутары, замежная парфума, наркотыкі, гераін?

— Ды не, мне здаецца, нешта з тутэйшых харчовых тавараў, мо кабачковую ікру, каўбасы ці сыр…

— Гэта не вельмі цікава, Алекс. Але для пачатку напішыце пра фірму ‘’Чмель’’ усё, што ведаеце, і пра Вагінскага, і свае меркаванні.

Ізноў счырванелы і ўзмоклы Чамаданаў пісаў патрэбную інфармацыю і потым аддаў падпалкоўніку. Той прачытаў і паклаў у папку. Сёння гэтыя звесткі былі непатрэбныя, заўтра маглі стаць каштоўнымі.

– Ты, Алекс, шукай сапраўдную інфармацыю і тады лічы, што выкруціўся з пятлі. Ведай, што калі не будзе звестак, цябе ніхто ратаваць не будзе. Таму нюхай пільна. Бізнесменам-зладзеям дай волю — усё раскрадуць, усё вывезуць за мяжу. Як там класік трапна засведчыў: ‘’За 300 адсоткаў прыбытку капіталіст роднага бацьку не пашкадуе, а за 1000 адсоткаў няма тых злачнстваў, на якія бізнесмены б не пайшлі.’’

Падпалкоўнік Удодаў быў цяпер цалкам сурёзны, гаварыў строга, іншы раз жорстка.

— Я цябе прыкрыю, Алекс, на тыдзень—другі, але дай каштоўныя звесткі. Вось мой нумар тэлефона. Першы раз сустрэнемся на канспіратыўнай кватэры для далейшых падрабязных указанняў. А цяпер ідзі.

Падпалкоўнік глядзеў у спіну Чамаданава, які няўпэўнена ішоў да дзьвярэй, і думаў, што з гэтым прадпрымальнікам трэба яшчэ шмат працаваць, каб узняць на патрэбную прафесійную вышыню. ‘’З крыміналам, канечне, у яго нічога не атрымаецца. Палахлівы, амаль без напругі, здаў Яна Вагінскага. Няхай покуль што папрацуе з прадпрымальнікамі, а потым можна накіраваць у апазіцыю, калі пакажа сябе здольным, то і ў народныя дэпутаты. Зараз ён у каматозным стане, калі ачуняе, павінен зразумець, што яму моцна пашэнціла.’’

Вельмі задаволены Удодаў адчуў, што правёў надзвычай удалую вярбоўку патэнцыйна здатнага, можа нават таленавітага віжа, з якім можна будзе торыць свой якасны жыццёвы шлях і спраўдзіць паспяховую службовую дзейнасьць.

 

VIII

Позьнім вераснёўскім вечарам Ян Вагінскі ізноў ўзіраўся праз вакно ў цемру ночы, слухаў гукі вялікага горада, асэнсоўваў свядомую і асабліва несвядомую інфармацыю, што атрымаў ад Удодава.

Ён адчуваў, што як прафесіянал, падпалкоўнік міліцыі можа і не выкрасліць яго з спісу віжоў праваахоўных ворганаў, калі ён сапраўды ў гэты спіс трапіў. Але паколькі сам ён анкет не запаўняў, згоды на супрацоўніцтва не даваў, подпісаў не рабіў, яго гэтая тэма не вельмі хвалявала. Сваю гаворку ён заўсёды пільна фільтраваў. Праваахоўная дзяржаўная структура валодала толькі часткай улады і была зараз перапоўнена людзьмі, заклапочанымі ўласным выжываннем…

Ян раптам зразумеў, што ў дыядзе ‘’Вагінскі-Удодаў’’, ён будзе толькі дробным збіральнікам прыватных сродкаў. Трэба было шукаць некага іншага, уплывовага, хто меў

поўную ўладу на тэрыторыі горада.

У прачыненае вакно зазіралі вішнёвыя галінкі з мокрымі зялёнымі лісцямі, знадворку чулася стракатанне конікаў, даносіўся пах вільготнай глебы з тленам апалых лісцяў, у начным небе сярод хмарак валадарыла поўня, заліваючы сваім таемным светам панадворак.

Вагінскі хадзіў па пакоі, піў каву з малаком, пазіраў праз вакно на чароўную, залітую сьвятлом месяца прастору, слухаў ноч, імкнуўся разабрацца ў хуткай і зменлівай рэчаіснасьці…

‘’Юля, канечне, жанчына пекная, трэба карыстацца гэткімі прыемнымі жыццёвымі магчымасцямі! Сёння ён у сядле, на кані, а заўтра можа апынуцца пад капытамі новай рэчаіснасьці. Жорсткі час нікога не шкадуе! Праз пяць-сем год ён будзе нікому непатрэбным і нікому нецікавым старпёрдам. Так ці інакш, а прыдзецца саступіць месца маладым і прагным. Пры разумных адносінах і яму, і Юлі, якая мае патрэбу ў апекаванні, можа быць няблага?...’’

Ян узважваў свае сілы, іх было катастрафічна мала, дастаткова адзін раз паслізнуцца, і ўжо было не ўзняцца.

 

7.12.10 г. Менск

 

Другі дзень у кіно

(фрагмент)1 2

 

 

 

1 Тэкст нідзе не друкаваўся.

2 — працяг апавядання ‘’Вяртанне’’ з кніжкі ‘’Гульня белымі фігурамі’’.

I

 

У пражытым мінулым жыцці Міхал зразумеў, што першыя дні і тыдні на новай працы заўсёды трэба настойліва ствараць уласны імідж. Потым, калі аўтарытэт будзе напрацаваны, застанецца толькі падтрымліваць яго на патрэбным узроўні.

Таму ён, прыехаўшы дадому ноччу пасля першага здымачнага дня, нягледзячы на моцную стомленасьць, патраціў цэлую гадзіну на чытанне сцэнара. Усяго сцэнар складаўся з 65 эпізодаў. Кожны ад 1,5 да 3,5 хвілін, і здымачная група траціла 12 – 18 гадзін працоўнага дня, каб зьняць гэтыя некалькі хвілін.

Міхал уважліва перачытаў той эпізод, што павінны былі здымаць наступным днём і выпісаў усе тыя рэквізіты, што, па яго меркаванні, патрэбныя на здымках. Іх набралося больш за, як 30 найменняў.

Лёг спаць ён у другой палове ночы, а раніцой да яго ўжо ў 8 гадзін заехаў асістэнт рэжысёра, Ігар.

Едучы з Ігарам на ягоным белым мурзатым опелі ў кінастудыю ‘’Беларусьфільм ‘’, ён зноў адчуваў, што гэта, пэўна, ягоная апошняя мажлівасьць вярнуцца ў сучаснае жыццё. Асістэнт рэжысёра спрытна круціў стырно лягкавіка і размаўляў па тэлефоне з дырэктарам фільма Шулевічам

—Так, Ян Восіпавіч, ужо імчу. Зараз у рэквізітарскую, забяру рэквізіт і на здымачную пляцоўку. Так. Добра, да сустрэчы.

Павярнуўшы на Волгаградскую, Ігар патлумачыў:

—Ужо і другі рэжысёр тэлефанаваў, і сам рэжысёр-пастаноўшчык. Усё ім няймецца.

Міхал, змагаючыся з хваляваннем, што нараджалася ад недасведчанасьці і непрафесіяналізму ў новым для яго асяродку дзейнасьці, запытаў асістэнта:

—Слухай Ігар, а якая тут гіерархія? Хто вядзе рэй і хто каму падпарадкоўваецца?

Абодва былі яшчэ няўпэўненымі, і гэта іх моцна аб’ядноўвала.

—Галоўная постаць – рэжысёр-пастаноўшчык. Ён ачольвае ўсю дзейнасьць кіназдымачнага гурта, ад яго ўсё і залежыць. Потым ідзе мастак-пастаноўшчык – гэта другі па важкасьці чалавек, які мае выключнае значэнне. Астатнія непасрэдна цябе не кранаюць, але нам трэба быць ветлівымі, рабіць сваю справу на выдатна, каб не быць бітымі. І не соваць нос у чужыя справы. Тут такі закон: можаш сто разоў спрацаваць вельмі добра, а адзін раз заваліць нейкую дробязь — і ўсё, ты ўжо кепскі. Пойдзе пагалоска і ніхто цябе на наступны фільм не возьме. Зразумеў!

У кінастудыі яны, мінуўшы вахцёраў-жанчын, пакрочылі па нейкіх доўгіх і змрочных калідорах у рэквізітарскую, на хаду абмяркоўваючы, што трэба ўзяць на сёньяшнія здымкі. Міхал на хаду чытаў спіс рэквізіту, зробленага ноччу.

—Сёння эпізод № 46: ‘’Менэджэры ўвечары выпіваюць’’. Чатыры менэджэры, значыць: чатыры талерачкі, чатыры відэльцы, чатыры кілішкі, чатыры філіжанкі, прыбор для гарбаты, блюда для садавіны, бутэлькі з-пад шампанскага, гарэлкі, каньяку, віскі... Акрамя таго, патрэбна закуска і імітатары напояў, як я разумею, акторы на здымках гарэлкі не п’юць?

Ігар на хаду патлумачыў:

— Закуску купім па дарозе. Зараз трэба загрузіцца асноўным рэквізітам. Пляшак розных набраць з замежнымі налепкамі. А для каньяку возьмем ‘’ледзянога чаю’’, замест шампанскага будзе мінеральная вада, падфарбаваная гарбатай, ці ‘’крэм-сода’’— уважліва зірнуўшы на Міхала, ён задаволена хэкнуў. Ігару спадабалася ўласцівае рэквізітару імкненне ўсё прадугледзець, хаця сам ён ужо быў папярэджаны калегамі, што рэжысёр-пастаноўшчык Зьміцер Гром вылучаўся сярод іншых рэжысёраў любоў’ю да экспромтаў і нечаканасцяў, што часта ставіла рэквізітараў у цяжкае становішча...

…Яны борздка прыйшлі ў нейкі закутак на другім паверсе, Ігар выняў ключы і пачаў адмыкаць замок, што вісеў на дзвярах.

Рэквізітарская была звычайным пакоем, напханым кардоннымі скрынкамі з белай парцалянавай пасудай, відэльцамі, лыжкамі, цукерніцамі, кілішкамі, фужэрамі, філіжанкамі для кавы і гарбаты, жырандолямі, бра, палатнянымі кайстрамі, кніжкамі самых розных кірункаў: ад рускай класічнай літаратуры да акадэмічных фаліянтаў па ядравай фізіцы і навуковых прац па вышэйшай матэматыцы. Пад стэлажамі стаялі скрыні з пустымі пляшкамі з-пад віна-гарэлачных вырабаў, шампанскага, каньяку, бутэлькі з-пад віскі, розных замежных спіртовых напояў.

Кожная рэквізітарская мае свой непаўторны пах, і гэтыя незнаёмыя пахі засведчылі Міхалу, што ён трапіў у новы, ні на што не падобны раней, файл жыцця. Сабраныя тут рэчы ўдзельнічалі ў стварэнні новай, незвычайнай, адрознай ад штодзёнасьці, рэчаіснасьці. Рэквізітарская была, тым месцам, дзе рэальная рэчаіснасьць, усе гэтыя шматлікія і розныя рэчы судакраналіся з тым дзіўным, нават чароўным віртуальным сьветам, які ўцялесьніваўся ідэямі і намаганнямі творчых людзей.

Яны хутка вызвалілі ад кніжак некалькі вялізных палатняных кайстр і пачалі складаць у іх патрэбны рэквізіт. Міхал крыху нерваваўся, ён хацеў быць на здымачнай пляцоўцы роўна ў 9 гадзін раніцы. Але па ўсім выглядала, што пасьпець да дзевяці яны не здоляюць.

У кардонай скрынцы знайшлася штучная садавіна: яблыкі, вінаград, бананы, гранаты, грушы, кветкі… Посуд трэба было мыць цёплай вадой і Міхал узрадаваўся, калі знайшоў у адной з скрынак скрутак белай баваўнянай тканіны, якую можна было выкарыстаць як вехаць для праціркі посуду. Хутка напакаваўшы кайстры, Міхал павалок іх у калідор, каб чакаць асістэнта рэжысёра, які пабег па лягкавік.

Яны прыехалі на здымачную пляцоўку а палове дзесятай. На пляцоўцы – гэта быў офіс прыватнай фірмы па Сурганава — мастакі ўжо рыхтавалі інтэрер памяшкання для здымку эпізода № 46. Шмат часу ішло на ўстаноўку асвятлення, па сцэнару падзеі адбываліся ў офісе ўвечары, таму вокны зацямняліся фіранкамі. Усюды рухаліся рабочыя, асвятляльнікі, аператрская группа. Другі аператар Барыс, вусаты, з чорнай бародкай, увесь час хадзіў з экспанометрам, вымяраў, колькі святла кладзецца на інтерьер, на сталы, дзе павінны былі сядзець акторы.

Ігар і Міхал пачалі цягаць у офіс вялізныя палатняныя кайстры. Затым Міхал пачаў выкладаць рэквізіт на сталы. Мастак Віця, высокі чарнявы інтелігентны маладзён, паказваў, куды што паставіць, адкладваў убок лішнія талеркі, чаркі, нажы і нетаропка прамаўляў:

—Будзе звычайная мужчынская п’янка ўвечары пасля працы. Таму не трэба ніякіх лішніх рэчаў, — тлумачыў ён рэквізітарам.

— Каньяк ці віскі? Стаўце на стол і тое і другое, і дадайце: хлеб, яблыкі, апельсіны, кракаўскую каўбаса, памідоры, цукеркі, сыр…

У дзесяць гадзін прыехаў рэжысёр-пастаноўшчык Зміцер Гром, хутка прайшоў у арэндаваны на дзень офіс. Перагаварыў з аператарамі, зрабіў некалькі заўваг, потым падыйшоў да стала.

–Так. Ігар, ты дзе?

—Я тут, Зміцер Майсеевіч, — азваўся збоч асістэнт рэжысёра.

—Яблыкі і памідоры з стала зняць. Пастаўце бутэлькі з армянскім каньяком тры зоркі. Трэба разумець, што Юджын хоча задобрыць мэнэджэраў. Дадай вяндліны ці шынкі, нарэзанай скрылькамі. Каўбасу таксама нарэзаць. Мэнеджэры – людзі пры грашах, але звычкі ў іх як у звычайных савецкіх саўкоў.

—З чаго піць будуць менеджеры — з шклянак ці чарак? — высунуўся з пытаннем Міхал. Рэжысёр уважліва зірнуў на сівога рэквізітара.

— Вазьміце фігурныя аздобленыя разьбой шклянкі. І дадайце ‘’Кока-колы’’ і ‘’Вейнянскай крыніцы’’. Ігар? – ён пашукаў позіркам асістэнта рэжысёра і загадаў: — Дзейнічай!

Зьміцер Гром павярнуўся да другога рэжысёра Чеховіча-Чехоўскага:

– Лёня, дзе акторы? Давайце зробім прагон эпізода.

Ігар хутка пайшоў да машыны, трэба было знайсьці пляшкі з-пад армянскага каньяку, купіць на рынку шынку, вяндліну, ‘’кока-колы’’ і ‘’Вейнянскай крыніцы’’, шукаць шклянкі з разьбой. Міхал хутка прыбраў лішняе з стала, і пачаў праціраць талеркі, відэльцы, наразаць кракаўскую каўбасу і сыр. У набітым людзьмі пакоі офіса таўкліся асвятляльнікі, аператары, памрэж—хлапушка, памочнік гукааператара, памочнік аператара—дольшчык і процьма іншых людзей, і ўсе яны былі заняты рознымі патрэбнымі для здымкаў справамі.

 

II

 

Пачаўся першы прагон эпізода. Помрэж, Юля Грынкевіч, прыемная дзяўчына ў джынсах і блакітнай кофце, з светлымі прамымі валасамі, схопленымі гумкай, абвесціла:

— Эпізод № 45. Офіс фірмы. Вечар. Інтер’р. – І ляпнула з напісанымі белай крэйдай назвай фільма і нумарам эпізода чорнай драўлянай хлапушкай перад кінакамерай .

Акторы ў пільчаках і пры гальштуках паселі за стол, застаўлены бутэлькамі, лёгкімі закускамі. Цяпер яны былі мэнэджэрамі і прагаворвалі тэкст эпізода.

Андрэй Міхеня ( актор з купалаўскага тэатра Павал Урбан) прамовіў: ‘’Скажы, Юджын, а дзе ты назьбіраў даляраў, што потым паклаў у расейскую піраміду пад шалёныя адсоткі?’’

Балдзілаў( актор Вадзік Хацкевіч) – сталы сівы мужчына, душа кампаніі, гаваркі штукар, засмяяўся і зацвердзіў: ‘’ Маўчы, будзь хітрым, Юджын! Андрусь хоча даведацца, дзе знаходзіцца ключык ад твайго дзедаўскага куфэрка.’’

Дайнэка Юджын ( малады ўвішны тутэйшы актор Плаўскі Анатоль) — рахмана зазначыў: —‘’ Усё проста, як усё геніяльнае. Пазычыў у дзядзькоў, бабуль, сяброў, а потым перавёў у расейскія рублі і паклаў у маскоўскую фінансавую піраміду. З тэорыіі вядома, што першыя фундатары выйграюць… Галоўнае, своечасова саскочыць …’’

Балдзілаў, з лёгкім смехам: —‘’Дык ты, брат, ужо тады тэорыяй валодаў?’’

Юджын, прыязна: —‘’Ну а як жа без тэорыі рызыкаваць такімі грашыма? Я ж не вар’ят.’’

Мікола Марковіч (маскоўскі актор Віталь Карпаў) стаяў каля вакна, пазіраў стрымана, недаверліва. Нетаропка прагаворваў думкі героя …

Рэжэсёр-пастаноўшчык хутка ўзняўся з крэсла і зазначыў, звяртаючыся да Карпава:

—Так, Віталь, дадай больш унутранай энергетыкі. Твой герой – трагічная асоба. У заключных эпізодах Марковіч прыходзіць да адчаю: жыццё прайшло і нічога нельга вярнуць. Але гэта роспач пачынаецца тут, у гэтым эпізодзе. Каб глядач разумеў, адкуль усё ўзялося.

Зміцер Гром павярнуўся да Хацкевіча:

— Твой герой, Балдзілаў, робіць ўражанне штукара, прыемнага ва ўсіх адносінах сталага чалавека. Весялун, жыве сённяшнім днём. Але міжволі ідзе неасэнсваная барацьба паміж Марковічам — савецкім чалавекам, што не спраўдзіў свае жыццёвыя надзеі ў савецкі час, недалюбіў, не зрабіў кар’еры — і Юджынам, новым тыпам маладога чалавека, разумнага і ўжо хцівага, які імкнецца дасягнуць поспеху, стаць гаспадаром жыцця.

Рэжысёр зірнуў на Анатоля Плаўскага:

— Юджын –гэта самая складаная роля, трэба стварыць вобраз сучаснага маладога прадпрымальніка. Паказаць як мага больш уласцівых яму рыс: ветлівы, разумны, прагавіты, чэпкі, недаверлівы і недаступны для разумення саўка. Усё гэта разам, і нічога ў яго характары не вытыркаецца, і ўсё існуе. Для простых людзей ён невядомы сучасны тыпаж. Адукаваны і разам з тым драпежны.

Актор Віталь Карпаў зьвярнуўся да рэжысёра:

—Прабачце, Зьміцер Майсеевіч, я бачу Марковіча яшчэ глыбей. Ён духоўна сілкуецца адчаем і паціху стварае ў сябе засяроджанага, нават валадарнага мужчыну, які можа мяняць хаду падзей. Ён больш глыбокі разумова, чым Юджын. Па вялікім рахунку Марковіч ужо нічога не баіцца, і ягоны розум, нерэалізаваная амбітнасьць робяць яго небяспечным для хцівых людзей.

Рэжысёр і акторы некаторы час абмяркоўвалі кожны сваё бачанне роляў, вышуквалі новыя складнікі і фарбы, каб больш глыбока паказаць характары сваіх герояў. Потым ізноў ішоў новы прагон варыянтаў, проба іншай версіі эпізода.

Міхал з цікавасцю ўзіраўся ў выкананне і развучванне варыянтаў эпізода, раптам адчуў, што справы ідуць да пачатку здымкаў. Ён ужо зразумеў, што трэба павялічыць колькасьць рэквізіту, каб хутка і своечасова яго мяняць на стале, адышоў убок і пачаў тэлефанаваць Ігару па сотавіку:

— Слухай Ігар, усё бяры ў трайной колькасьці. Таксама шэсьць пляшак з-пад каньяку. І ‘’кока-колу’’ і ўсё астатняе, тут не будзе часу пераліваць напоі ў бутэлькі.

 

III

 

Прыехаў Ігар, прывёз астатні рэквізіт. Міхал хутка наліваў у бутэлькі з-пад каньяку ‘’ледзяны чай’’, што меў бурштынавы колер сапраўднага каньяку і, самае галоўнае, не пеніўся пры наліванні ў чаркі. Ён толькі паспеў нарэзаць вяндліну, расставіць шклянкі на стале, як Зьміцер Гром моцна папляскаў у далоні і гучна абвесціў:

— Так. Рыхтуемся здымаць. Праз пяць хвілін пачынаем. Аператары гатовы? Акторы занялі свае месцы. Яшчэ адзін прагон цалкам і пачынаем здымаць.

Здымалі доўга і ўпарта. Перапробавалі розныя варыянты. Потым пачалі здымаць буйным планам.

Пасля кожнага дубля прыходзілася ўзнаўляць увесь рэквізіт на стале. Таму рэквізітар увесь час быў на нагах, стаяў за спіной рэжысёра, глядзеў на відыяконе знятыя кадры. Лавіў кожную каманду рэжысёра і імкнуўся ўгадаць наступны ягоны загад. Іншы раз гэта яму ўдавалася, бо выручаў увесь папярэдні жыццёвы досвед.

Пад самы вечар у офіс, дзе ішлі кіноздымкі, прышла загадчыца здымачнай пляцоўкі Света, прыемная, ветлівая ленінградка гадоў пад сорак, і абвесціла: — Абед прыехаў!

Здымачная пляцоўка задаволена загула, нібы тыя пчолы ў вуллі. Міхал зірнуў на гадзінік: было за дзесяць хвілін пяць гадзін вечара.

— Яшчэ адзін дубль буйным планам, – загадаў рэжысёр-пастаноўшчык Зміцер Гром.

— Віталь, паспрабуй паказаць свайго героя глыбей, больш крутым. Так! Камера! Увага, цішыня! Пачалі!

Ізноў Мікола Марковіч (маскоўскі актор Віталь Карпаў) стаяў каля вакна, пазіраў недаверліва, марудна нараджаў-агучваў свае думкі:

—‘’Дзе ж ён, гад печаны, насшыбаў даляраў? Цэлы заплечнік угінаючыся прыпёр з Масквы! Гэта ж не грыбы ў лесе. З канструктарам Сямёнавым зьнюхаўся? На пару працуе! Гандлюе нашымі прамысловымі сакрэтамі?!’’

Менэджэры Міхеня і Балдзілаў у гэты момант тварылі хваласпевы Юджыну. Віншавалі, пілі армянскі каньяк за поспех калегі, за ўдачу, за шчасьце, абдымалі і цалавалі новаспечанага багацея Юджына.

Марковіч пасля чарговай чаркі каньяку паліў цыгарэту, глядзеў пранікліва, нават загадкава, нешта непахісна цвёрдае нараджалася ў ягоным абліччы.

— ‘’Чаму ён, Юджын, прамаўляе нам пра свае прыгоды ў Маскве? Якая ў гэтым патрэба? Ён маўчун. Чалавек, які карыстаецца жыццём. Ніколі і нікому не тлумачыць пра сябе. А цяпер? За тры пастаўленыя бутэлькі!... Ён робіць на нашых вачах легітымнымі паходжанне сваіх нечаканых капіталаў! Нейтралізуе нашу назапашаную жоўць. Нашу лютую нелюбоў да тых, хто назаўсёды абрабаваў нас і нашых дзяцей, унукаў. І няма ніякіх шанцаў на выжыванне. Нам усім балдзец!...’’

У сталёвым позірку Марковіча віравала ўладарная воля прамінулага самаахвярнага пакалення. Гераічная рэчаіснасьць на ўвесь рост нараджалася на здымачнай пляцоўцы!

— Стоп! Так не трэба! – Зьміцер Гром нервова ўтаропіўся ў Марковіча. Потым узрушана паёрзаў на стуліку, борзда ўзняўся і пайшоў да актора.

— Ты, Віталь, перабольшыў. У цябе атрымаўся пераканаўчы вобраз ‘’саўдэпаўскага камісара’’, а мне патрэбны ‘’менэджэр Марковіч’’. Аджываючы тыпаж ‘’гома саветыкуса’’, які ўжо канае ў жыцці і павінен паміраць у сучасным кіно. Інакш фундатары не дадуць грошай на здымкі фільма, пракатчыкі адмовяцца ад закупу, а тэлебачанне проста праміне нашу працу.

Незадаволены Зміцер Гром павярнуўся да здымачнага гурта і зазначыў:

— Абед! Света, у першую чаргу пакарміць аператараў і асвятляльнікаў.

Аператары, асвятляльнікі, дольшчык, грымёрша, хлапушка, гукааператары і рабочыя задаволена загулі і пацягнуліся на панадворак, дзе ўжо стаяла машына прыватнай фірмы, што прывезла абед.

Распараны Міхал, які выйшоў разам з усім гуртам на двор, удыхнуў свежае восеньскае вільготнае паветра і павольна рушыў у хвост доўгай чаргі, што ўжо выцягнулася каля кухарскага чырвонага ‘’каблука’’. Яго паклікаў Ігар, які стаяў у галаве чаргі і ўжо ўзяў сабе і Міхалу дзве талеркі чырвонага баршча з мясам. Яны адыйшлі ўбок, і згаладнелы Міхал з асалодай сёрбаў гарачы боршч з смятанай. Толькі зараз ён адчуў сваю моцную стомленасьць і ваўчыны голад.

Рэквізітары гаманілі між сабой, пазіралі на шматпавярховыя гмахі дамоў, на вуліцу Сурганава, дзе імкліва імчалі лягкавікі, на чаргу, што стаяла ля кухарскага ‘’масквіча’’.

У асяродзі буяла тутэйшая восеньская рэчаіснасьць. Жоўтае лісце клёнаў і бяроз аздаблялі наваколле двара. Сіняе неба з восеньскімі хмарамі сведчылі, што тканіна гістарычнага часу яшчэ захавала сваю непарыўнасьць.

Жыццё, нібы моцна запыленая ваконная шыба, працёртая вільготным вехцем, зараз успрымалася Міхалам па-юнацку свежа і поўнавартасна.

Зрэшты, тут, у здымачным калектыве, ужо існавала свая рэчаіснасьць, якая па насычанасьці і шчыльнасьці, па рытму і напружанасьці ня менш як у тры разы пераўзыходзіла сучаснасьць.

Міхал, старанна збіраў сілы для напружанай закалючнай вечаровай працы і адначасова зачаравана ўзіраўся ў наваколле, якое ў ягоным успрыманні зараз зайграла моцнымі маладымі фарбамі. Ён адчуваў сябе шчаслівым, бо нечакана для сябе вярнуўся ў сучаснае кіпучае жыццё. Цяпер яго турбавала толькі ці здоляе ён пратрымацца на належным узроўні ўвесь час кіноздымкаў і таму Міхал засяроджана прамовіў:

—Трэба ўзяць другое блюда, хуценька павячэраць, ды ісьці ў офіс рыхтаваць рэквізіт для здымкаў.

Асістэнт рэжысёра Ігар, забіраючы ў яго талерку з лыжкай, нетаропка і ціха шапнуў.

— Яшчэ паспееш. Лепш зірні, вунь бачыш, ідзе краля?

Міхал зірнуў на маладую асобу з цёмнымі валасамі, у светлых стылёвых кужэльных портках і блакітнай лёгкай вятроўцы, з рудай сумкай цераз плячо, якая крочыла з самаўпэўненай маскоўскай годнасьцю і ўжо падыходзіла да стала, дзе палуднаваў Зміцер Гром з акторамі.

Убачыўшы яе, рэжысёр-пастаноўшчык з шчырай усмешкай узняўся з свайго месца, прывітаўся, пацалаваў асобе руку і запрасіў да стала.

Асістэнт рэжысёра Ігар пільна разглядаючы масквічку, ізноў ціха зазначыў, звяртаючыся да Міхала:

– Мастак-пастаноўшчык Вольга Кулькова. З пэўных крыніц – надзвычай амбітная маскалька. П’е кроў рэквізітараў маленкоўскімі шклянкамі, хоць ведаў жыцця і прафесіяналізму бракуе.

Ігар, таксама як і Міхал, быў яшчэ аматарам у кіназдымках, імкнуўся замацавацца ў гэтай уплывовай галіне чалавечай дзейнасьці. Таму ён хаваў сваю няўпэўненасьць і хваляванне, выстаўляючы наперад свой прафесіяналізм і чэпкасьць прадпрымальніка, напрацаваны ў сваім дагэтуль паспяховым жыцці ўдачлівага бізнесмэна.

…Зрэшты ўжо і Міхал зразумеў, што ў кінаматографе, як і заўжды ў мастацтве, вялізарную ролю маюць звады, а ўплывовае кодла, якое там стварылася, не церпіць чужакоў…

 

23 сакавіка 2009 г г. Мінск

 

Тармена ці Імперскі сіндром

Тэкст даецца ў скароце.

 

Тармена1 ці Імперскі сіндром 2

аповесць3

 

Калі б у кожны момант перад намі была толькі адна магчымасьць,

то гэта была б ужо не ‘’магчымасьць’’, а проста неабходнасьць.’’

‘’Паўстанне мас’’, Ортэга-і-Гассет.

 

1 Тармена (старбел.) – копія. Згодна ‘’Старабеларускага лексікона’’ М.Р.Прыгодзіч і Г.К.Цівановай.

2 У далёкім 2004 годзе ідэя гэтай аповесці была фантастычнай, нерэальнай, нават шкоднай. Але падзеі вясной 2010 года ў Кіргізстане паказалі слушнасьць такой гістарычнай версіі, як аднаго з варыянтаў будучыні.

3

I

 

Непрыкметная сустрэча адбылася ў звычайны будні ліпеньскі дзень у кавярні на ‘’Чыстых Прудах’’. Да століка, за якім сядзеў пажылы і законапаслухмяны мужчына ў сталёвым пільчаку і сіняй кашулі, чырвоным гальштуку і нетаропка, паглядаючы па баках, еў лыжачкай марозіва, падыйшоў рухавы малады мужчына ў зелянковай вятроўцы і ношаных пацёртых блакітных джынсах. Ён сеў насупраць пажылога і паклаў на стол нешта, загарнутае ў газэту ’’Маскоўскі камсамолец’’. Паводзіны маладога мужчыны пераканаўча сьведчылі, што ён карэнны тубылец.

- Справа зроблена, як і дамаўляліся. Берыцё? – запытаўся малады масквіч у пажылога.

- Рэч павінна быць мэтанакіраваная і гострая, нават сакрушальная — патрабавальна зірнуў з-за стала законапаслухмяны і дадаў: — А калі не спадабаецца заказчыку?

Малады масквіч глядзеў чэпка, выказваўся прагматычна:

— Давайце новы заказ, зробім больш крутую версію. Напрыклад, што ён блакітны … Галоўнае, аплаціце выкананую працу.

Пажылы і законапаслухмяны мужчына, бліснуўшы гострым позіркам з-пад калматых брывоў, адказаў:

— Заказчык заплаціць, толькі каб не было тармен.

Гостры позірк суразмоўцы не бянтэжыў масквіча, ён трымаўся ўпэўнена:

— Копію я аддаю пасля таго, як атрымліваю грошы.

— Дамовіліся. — Пасля гэтых слоў законапаслухмяны мужчына ў пільчаку пасунуў маладзейшаму сумку, што стаяла ля ягоных ног.

Той зрабіў знак рукой — і нехта хуткі вырас як з-пад зямлі ля століка, забраў сумку і тут жа зьнік за дзьвярыма.

Пажылы мужчына працягнуў руку і пасунуў да сябе тое, што было загорнута ў газэту.

Малодшы папераджальна паківаў рукой, каб старэйшы крыху пачакаў, і зрабіў заказ кельнеру на два марозівы і дзьве кавы.

Яны сядзелі і нетаропка елі марозіва, пілі каву, што стварала ў роце непаўторную вастрыню пачуцьця салодкага холаду і ўзбуджальнай гарачыні.

Абодва маўчалі. Яны паглядалі адзін на другога, пажылы з скрухай аб прамінулым, малады з паўнавартаснай упэўненасьцю гаспадара жыцьця. На твары пажылога можна было прачытаць пражытыя гады, непаўторны адбітак дзяржаўнага службоўца, што шмат дзесяцігодзьдзяў аддаў умацаваньню імперыі. Твар маладога масквіча рухомы, жывы, спалучаў непахісную цьвёрдасьць і нават прыхаваную жорсткасьць з сьвядомасьцю новай рэчаіснасьці, дзе ён адчуваў сябе гаспадаром.

У новым гістарычным часе пажылы ўсё часцей адчуваў сябе госьцем.

Нехта хуткі ізноў нечакана ўзьнік побач і паклаў другі скрутак на стол побач з маладым, той пасунуў яго суразмоўцу і зазначыў:

- Гэта копія. Іншых не існуе. Да пабачэньня, Юджын.

- Да пабачэньня, Макс.

Той, каго малодшы назваў Юджынам, згроб пакладзеныя перад ім загорнутыя ў газэту відыякасэты і паклаў іх ў дыпламат з кодавымі замкамі. Абодва імкліва пайшлі да выйсьця і, пасеўшы ў свае легкавікі-іншамаркі, згубіліся ў бязьмежным акіяне маскоўскага жыцьця.

 

II

 

Увечары тога ж дня нехта, апрануты ў швэдар і зелянковыя штаны з чырвонымі лампасамі, уплывовы і ўладарны, з тых, хто кіруе таемнымі гістарычнымі плынямі, уставіў першую касету ў відак і зараз уважліва ўзіраўся ў экран тэлебача.

’’ Постаць вылезла з багажніка жаласна застагнаўшага мэрсэдэса і, зьняўшы джутавы мех з галавы, пераўтварылася ў яшчэ маладога, даволі сымпатычнага мужчыну з вусамі ў мятым сталёва-шэрым касцюме.

Чалавек-постаць зьвярнуўся да кругленькага чалавечка, што выслізнуў з-за стырна самахода і чымсьці няўлоўна быў падобны на былых савецкіх дробных уладаносьбітаў.

- Ух ты, ну і жарынь. Аж у галаве ўсё хадуном ходзіць. Уражаньне быццам на летаку імчалі, то ўніз, то ўверх, то ўбок, – постаць выцерла рукавом пільчака ўзмоклы твар.

- Ванька, дзе мы?

Ванька Цюлькін, чалавек з абслугі, правая рука рэзідэнта, юліў азадкам ад перапоўненасьці пачуццямі і вылучаў павагу:

- У Швэйцарыі, пан рэзідэнт !

Абодва ў інфармацыйным абмене карысталіся ’’піджын’’, спрошчанай гібрыднай мовай, якая дазваляла ім усьведамляць рэчаіснасьць у чорна-белых фарбах.

- А ента які горад?

- Жэнева, ці цьфу, ці Берн - галоўны горад кантона.

- Галоўны горад гандона? Зусім здурнела Эўропа. — Рэзідэнт у зьдзіўленні пахітаў галавой. — Так, так, а дзе тут тутэйшы найлепшы банк?

- Дык вось ён, перад намі, пан-спадар...

- Шт-о-о-о, які яшчэ спадар? Мо не туды завёз, гад? Зьнюхаўся з спадарамі ! Тваю маць-перамаць. — Здаравенным кулаком ён сувануў у самую нюхаўку аслупянеламу ад жаху Цюлькіну. — Задушу сваімі рукамі, яйцы адарву!

Цюлькін спалохана схапіўся за інтымнае месца.

- Ой! Прабачце гаспадзін-таварыш-рэзідэнт. Дальбог перагрэўся на паўднёвым сонцы, пераблытаў словы, гэтыя мадам, ды міс, ды фрау. У іх тутака ў Швэйцарыі аж чатыры дзяржаўныя мовы, то ўсё зблыталася ў маёй галаве, пардон мсье-пан-гаспадзін-таварыш-рэзідэнт.

- Цс-с, што яшчэ за рэзідэнт? Што за клікуха?

- Ну гэты ФСБ, ці КДБ па нашаму....

- За мяжой, на варожай тэрыторыі, ні-ні. Яны, гэтыя імперыялісты сьмярдзючыя, толькі і чакаюць, каб мы страцілі пільнасьць... Аніякіх ФСБ, гэта сакрэтна. Зьвяртайся як-небудзь інакш. — Ён уздыхнуў і пакратаў ківуном вусы. - Цяпер разумею, як цяжка было таварышу Коба… Няма сапраўдных кадраў. Нэт, хоць забіся.

Рэзідэнт стомлена развёў рукамі …. ‘’

Нехта ўплывовы і таемны, у швэдры і штанах з чырвонымі лампасамі, прагледзеўшы першую касету, даволі доўга думаў, крочыў па пакоі, нарэшце ўставіў другую касету ў відак і зноў заняў месца ў скураным фатэлі, пільна ўзіраючыся ў экран тэлебача.

 

III

 

Вятры з Атлантыкі прыгналі ва Усходняю Эўропу дажджавыя цёмна-шызыя хмары, што нечакана прынесьлі з сабой пах акіяну. У Менску кроплі акіянскай вільгаці валадарылі на прасторах вуліц Максіма Багдановіча, на Нямізе, на Кальварыйскай і плошчы Вялікага Князя Вітаўта. Бронзавы Вялікі Князь на бронзавым кані магутна ўзьнёсься над плошчай, мужна і ўладарна ўзіраўся перад сабой, туды, дзе за сьцяной дажджавых струменяў хаваўся палац прэзідэнта.

Той, каго адны называлі лідэрам нацыі, іншыя калабарацыяністам і здраднікам, павольна адыйшоў ад вакна, верагодна, не вытрымаўшы бронзавага позірку свайго гістарычнага папярэдніка. Супярэчная постаць сучаснасьці, ён пакутліва шукаў накірункі і абмінаў шляхі, што маглі прывесьці дзяржаву ў нікуды, і дзе ніякім чынам нельга было дасягнуць канчатковай перамогі.

Узнесены гістарычным лёсам і ўласнай пасіянарнасцю на ўладарную вышыню, з дапамогай ФСБ, палітычных дэмагогаў-артадоксаў і ўсёй шматлікай кампрадорскай псеўдаэлітай, уладаносьбіт удала перахварэў на кесонную хваробу.

Увесь позьні вечар ён стаяў ля вакна, каля адчыненай форткі, удыхаў сьвежае паветра Атлантыкі, пазіраў, як па браніраваных шыбах бесперапынным цурком коціць акіянская вільгаць. Шкло вакна запацела знутры, і лідэру здавалася, што цёплы ўтульны габінет ператварыўся ў акварыум.

Каржакаваты, з плячыма і рукамі асілка - у маладосьці лідэр працаваў кавалём, потым некалькі год здабываў калійную соль у Салігорску — ён захаваў на астатняе жыцьцё супярэчлівае пачуцьцё ўсхваляванасьці перад простымі радасьцямі шахцёраў і незадаволенасьць штодзённай механічнай працай пралетара. Сёньня ён увесь вечар крочыў па габінэце, аналізуючы рух бягучых і будучых падзей.

Дзесьці там, за мурамі рэзыдэнцыі, існаваў пераменлівы, нечакана варожы сьвет. Так — так, варожы, а не добразычлівы, як талдычуць гэтыя дэмакраты-рэфарматары, у лепшым выпадку - інфантыльныя ідэалісты ад жыцьця, выхаваныя ў штучных гарадскіх умовах, не ўсьведамляючы, што такое жорсткая жыцьцёвая барацьба за выжываньне. У выпадку горшым: агенты ўплыву, ворагі краіны, купленыя за грошы спэцслужбамі заходніх краін. Бубняць, як попкі, чужую праўду, змагаюцца за інтарэсы іншаземнага капіталу, працуюць за ўмоўныя адзінкі на тых, хто рабуе цела памерлай звышдзяржавы і зарабляе на гэтым шалёныя звышпрыбыткі.

Ён уважліва паглядаў у вакно: недзе там, у гэтай начной цемрадзі, магчыма, на даху шматпавярховага дома, ці седзячы ў цёплай кватэры з прыцямнёнымі вокнамі, кілер ловіць у перакрыжываньні аптычнага цэліка ягоную постаць. Сваім шостым чуцьцём, што ўзгадавалася ў ім з дзяцінства, калі ён бегаў басанож па сенажацях Прыдзьвіньня, пад зорным небам Бацькаўшчыны, успрымаючы касьмічныя промні Сусьвету, вось тады і нарадзілася ў ім гэтая сувязь з Космасам, пачуцьцё сучаснасьці і прадбачаньне будучыні.

Лідэр нацыі адыйшоў да стала, прыгатаваў сабе зялёнай гарбаты, заліўшы кіпенем сьвежы цэйлонскі чай, і паклаў колка адрэзанага цытрына. Ён нетаропка смакаваў гарбату, і падзеі апошніх тыдняў і напружаных дзён праляталі ў ягоным уяўленьні. Гэтая аналітычная праца, што ён рабіў, дазваляла асэнсаваць агульную плынь дзяржаўных падзей, заўважыць свае і чужыя памылкі, іншы раз зразумець новыя накірункі, убачыць нечаканую небясьпеку.

Зусім нядаўна ён лічыў, што ўсе супярэчнасьці трэба вырашаць за кошт імклівых, рашучых дзеяньняў. Прадбачаньні далёкага будачага, пятнадцатага, двацаць пятага, ці пяцідзесятага крока было яму яшчэ ўчора невядомы.

Акрамя зьнікненьня Цюлькіна, лідэра непакоіла нешта яшчэ: пачуцьце, што ўзьнікла ў той момант, калі ён стаяў ля вакна, і якое зараз імкліва ўзрастала і мацавалася. Апошнім часам яму здавалася, што ён узяў палітычную ініцыятыву ў свае асабістыя рукі. Усё было спланавана загадзя, кацілася, як цягнік па рэйках. Рэйкі, рэйкі, куды яны вялі? Хто паклаў гэтыя рэйкі?

...Нават Масква вымушана была згаджацца з яго нечаканымі ідэямі, частка якіх была бутафорскімі і выконвала выключна мэту палітычнага пошуку. Але зараз узьнікла ўражаньне, што цягнік імчыць па рэйках, якія паклалі яго недобразычліўцы. Самыя хітрыя і хуткія тактычныя хады ў лепшым выпадку давалі няўстойлівыя вынікі.

Ён узьняўся і пайшоў да вакна па тоўстаму зялёнаму брэсцкаму кіліму, які прыемна спружыніў, мякчыў крокі. Ідучы назад, ён падыйшоў да стала, дзе ўзвышаўся стос розных праектаў па прыватызацыі заводаў, чыгунак, стратэгічных трубацягаў, калійных камбінатаў, нафтаперапрацоўчых комплексаў, запаведнікаў, зямель, лясоў — усіх нацыянальных багацьцяў дзяржавы.

Нават з патрыётамі-нацыяналістамі было лягчэй, тыя хацелі няшмат:"бел-чырвона-белага сьцяга", "Пагоні" і беларускай мовы. Прыхватызатары хацелі ўсё.

Лідэр ізноў сеў за стол і нехаця пацягнуў верхні праект прыватызацыіі "Белавежскай пушчы" і пераўтварэньне яе ў прыватны Нацыянальны парк "Усходнебелавежскі народны парк прыроды".

‘’Сёньня, — лідэр зірнуў на гадзінік, было ўжо запоўнач, – значыць, учора, тэлефанаваў з Масквы ўплывовы алігарх Сымон Іванэсавіч Баброўскі, прасіў дапамогі ў ажыццяўленьні праекту па "Рускаславянскаму парку Белавежжа". Ён добра ведаў гэту хеўру ненажэрных ваўкоў, шакалаў, акул і кракадзілаў, што ірвалася да ўсё яшчэ магутнага цела памерлай супердзяржавы, усе яны хацелі ўрваць свой хто першы, хто дзесяты, а хто і соты мільён даляраў. Сьпілуюць ўсю пушчу - мільёнаў на 500 умоўных адзінак, потым заасфальтуюць сьцежкі-дарожкі, паставяць з дзесятак павільёнаў, кавярань, начлежак - усяго на некалькі соцень тысяч даляраў - і "Усходні Белавежскі парк" падрыхтаваны да працы’’.

Лідэр краіны з раздражненьнем адсунуў праект у бок, каб праз некалькі імгненьняў вярнуць яго назад і на рагу тытульнага ліста хутка накрэсліць: "Нацыянальны парк Белавежская пушча" павінен належаць народу. Катэгарычна забараніць прыватызацыю" — і рашуча распісаўся.

‘’Землі іх цікавяць, палі, лясы, дарогі, заводы - усё ім аддаць, а што застанецца самім, з чаго жыць будзьма, што есьці?’’ Перад яго ўнутраным уяўленьнем паўставалі вобразы дзяцінства, цяжкая праца на зямлі. З дзяцінства ён быў вымушаны клапаціцца пра сябе сам, верыць у сябе, здабываючы кавалак хлеба. Не пасеяў бульбы ці пасеяў позна, не ўзгадаваў парсючка, не загатаваў з маці сена карове — і ўсё: сядзі восень і зіму да самага лета на вадзе і счарсьцвелым хлебе. Прасі ў чужых людзей скварку, глядзі ў чужы рот... Уласнае дзяцінства – выдатная, жорсткая школа рэалізму. Спадзяваца на добрых дзядзькаў – значыць, рыхтаваць сабе лёс жабрака. Багатыя таму і багатыя, што цягнуць пад сябе, дзеля гэтага і ствараюць так званыя дэмакратычныя правы, дзе, пры роўнасьці законаў для ўсіх, самі манапольна валодаюць вырашальнымі інфармацыйнымі, фінансавымі і эканамічнымі рычагамі ўзьдзеяньня.

Ён зьняў акуляры — з нядаўняй пары ён пачаў карыстацца акулярамі — і пацёр пераноссе, выпрастаўшыся ў крэсле.

Лідэр нацыі вывучаў праекты амаль дзьве гадзіны: адмаўляў, забараняў, накіроўваў для разгляду ў камітэты, Савет Міністраў, Савет Бясьпекі, Нацыянальны Сход. Праца, толькі напружаная разумовая і фізычная праца давала магчымасьць выжыць у гэтым жорсткім сусьвеце.

‘’Будавалі гарады, дарогі, касьмічныя караблі, трымалі вялізарную армію, выйгравалі Алімпійскія гульні і не зразумелі існасьці капітала. Велізарныя намаганьні гераічнага пакаленьня будаўнікоў Днепрагэса, Магніткі, Кузбаса, хлебаробаў Украйны і Казахстана загналі ў танкі, самалёты, ракеты, амярцвілі дзяржаўны капітал і прафукалі дзяржаву, свой родны кут. Не зразумелі, што ‘’капітал’’ тая самая зброя, што ‘’капітал’’ павінен прыносіць прыбытак. Усе гэтыя ЗША, Англія, Нямеччына, Францыя, Японія, а за імі Гішпанія і нават Фінляндыя - стваралі і ствараюць ‘’капітал’’, каб потым укладваць яго туды, дзе можна атрымаць звышпрыбытак. ‘’Капітал’’ стаў сродкам экспансіі з мэтай высмоктваньня ў слабаразвітых краін іхніх жыцьцёвых рэсурсаў. Для аховы ‘’капіталу’’ існуюць ЦРУ і ФБР, дэмакратычная прэсса, МВФ, Кангрэс і прэзідэнт ЗША, АБСЕ, Савет Эўропы, НАТА, гэнералы і адміралы, флатыліі і эскадры ЗША.

Чужая, зусім іншая сыстэма каардынат, якая ў сваім падмурку трымаецца на эксплуатацыі бедных і слабаразвітых народаў. Нэакаланіялізм - вось і ўся іхняя ідэялогія. Ідыёты - у шматнацыянальнай краіне замест інтэрнацыяналізму, дружбы народаў — маскоўскія недарэкі ўзялі на ўзбраеньне чужую нэакаланіяльную стратэгію, якая і прывяла да разбурэньня дзяржавы.’’

… Лідэр краіны стомлена разагнуўся ў крэсле, было ўжо дзьве гадзіны ночы…

 

IV

 

У "Трэцім Рыме" у межах Садовага Кальца: на Арбаце і Кітай-горадзе, на Кузнецкім мосце і нават на Іванаўскай плошчы і Цьвярскім бульвары ўладарыў дробны і дакучлівы дождж. Струмені вады няспынна цяклі па браніраванаму шклу вокан на трэцім паверсе старадаўняга збудаваньня на Марасейцы. Будынак быў падобны на браняносец у хвалістым моры часоў цусімскай паразы. За межамі Садовага Кола дзеяў пераменлівы, варожы сусьвет, дзе мільёны разгубленых людзей шукалі страчаны падмурак. Але тут, у адным з пакояў будынка, габінэце з мякімі скуранымі фатэлямі, відыядвойкай, намаляванай выявай прэзідэнта і мапай Эўраазіі на сьцяне, было цёпла, абжыта, прыстасавана да аўтаномнага існаваньня.

У габінэце, пасеўшы ў скураныя фатэлі, уважліва пазіралі на экран тэлебача: расейскі вельмі буйны бізьнэсмэн Сымон Іванэсавіч Баброўскі, слынны расейскі палітбос Андрусь Хананавіч Турчык і малавядомы для электарата, але ўплывовы для палітычнай тусоўкі, што валадарыла на кіраўнічым мастку дзяржавы, прафэсіянал спэцыяльных службаў Фарыд Шаламавіч Іваноў.

На экране тэлебача знакаміты палітык суседняга рэгіёну імкліва рухаўся па свайму, таксама абжытаму габінэту. Невысокі, тоўсьценькі чалавек з забінтаванай галавой, напалову сядзеў, напалову ляжаў у крэсле і прамаўляў:

"- Ашукалі нас маскалі і мяне чуць не прыбілі. Мордабітаў перацягнуў мяне па патыліцы газавым нітам. Потым завезлі на сьметнік у катлаван. Я пасьпеў апрытомнець і адпоўз у нейкае сьмецце. А яны загарнулі месца бульдозерам."

Трое дагледзелі сюжэт, потым прафэсіянал спэцслужб Фарыд Іваноў выключыў відыяглядач і, выняўшы касету, паклаў яе ў свой дыпламат.

- Што скажаце?

- Баюся — хамавата. Могуць не ўспрыняць і не паверыць,- удумліва сказаў прысадзісты, з смуглявым тварам і бездакорным зачосам чорных валасоў Сымон Іванэсавіч Баброўскі.

- А гэта нядобра. Нават небясьпечна. Тут зразу трэба трапіць у дзесятку. Каб мільёны людзей убачыўшы — зразу паверылі.

Бізнесмэн гаварыў раздумліва, нетаропка, і таму ягонае меркаваньне прагучала пераканаўча.

Лідэр уплывовай палітычнай тусоўкі, з шырокім тварам і бляклымі вачыма, з лёгкай сівізной на скронях, Андрусь Хананавіч Турчык надварот — быў у захапленьні ад убачанага.

- Вельмі падобны. Рухі і непаўторная манера паводзін. Выплюнуты Грыгор Андрэевіч. Дзе знайшлі такога таленавітага актора?

Былы камсамольскі і партыйны ідэёлаг і імітатар валодаў здольнасьцю і нават талентам любую справу агучваць, аздобіўшы яе словамі і ператвараючы часьцяком у балбатунізм. Таму яго слухалі, але ўсур’ёз успрымалі не заўсёды. Палітык быў пераменлівы ў сваіх прыхільнасьцях і меркаваньнях, лёгка мяняў накірунк думак і нават светапогляды. Імкліва хінуўся да тых, хто валадарыў, меў вагу і сілу.

- А што хамавата, то яшчэ больш мае падабенства на праўду. Калі занадта ўсё гладка ды адшліфавана, наадварот — выклікае падазронасьць. А так, хамавата, па-калгаснаму, цалкам супадае з іміджам, створаным нашымі мас-мэдыямі. Якраз так як трэба!

- Ідэя простая, - зазначыў прафэсіянал спэцслужбаў, разліваючы па чарках каньяк. У шэрым нямецкім свэтры Фарыд Шаламавіч па-хатняму быў утульны і зусім не выклікаў насьцярогі, чырвоныя лампасы на сініх штанах падкрэсьлівалі зграбнасьць постаці, шырокія плечы сьведчылі аб сіле і здароў'і.

- Кіраўнік суседняга рэгіёну перанапружыўся і захварэў.

- Звар'яцеў, - усьміхнуўся Сымон Іванэсавіч і адсунуў келіх з каньяком убок.

- Мне, калі ласка, кавы.

Прафесіянал, наліваючы ў кубачак каву, працягваў сваё тлумачэньне:

- Не забіты, не ўзарваны, не зьвергнуты, не пасаджаны ў турму, знаходзіцца на адпачынку ў санаторыіі ФСБ у Сочы. Пасля лекаваньня спецкамісія вызначыць, ці здольны ён займаць высокую пасаду.. .

- Гэта зразумела, - бізнесмэн нецярпліва перапыніў Фарыда: — Пытаньне ў іншым. Як і калі скарыстаць гэтую відыякачку? А можа наогул не трэба ёй карыстацца?

Сымон Іванэсавіч, забыўшыся на кубачак з кавай на стале, узьняўся і ўзрушанай хадой пайшоў па габінэце, па тоўстым персіцкім дыване, што прыемна спружыніў, мякчыў ягоныя крокі. Ён ужо даўно прывык хадзіць пры вырашэньні найбольш важных стратэгічных пытаньняў, доўгімі начнымі гадзінамі выпрацоўваючы алгарытмы найбольш удалых дзеянняў. Зараз яму нясьцерпна хацелась пасмактаць муштук люлькі, набітай тытунём.

- Тут узьнікае пытаньне ў іншым: што з рэгіёнам будзе далей? Узяць як тэрыторыю? А якая карысьць?

Бізнесмэн ішоў нясьпешнай валкай хадой і ўзважана пазіраў на генерала і лідэра тусоўкі. Ягоныя крокі раздражнялі прысутных, парушалі рытм размовы і дазвалялі Баброўскаму дамінаваць.

- Ну пакрычым ‘’ура’’. Палітолагі, імітатары, розныя пустазвоны і балбатуны, дэпутаты і лабісты пап'юць гарэлкі, нехта атрымае чарговую зорку ці лычку на пагоны...

На гэты раз Сымон Іванэсавіч ужо лагодна, з добра прыхаваным раздражненьнем, зірнуў на суразмоўцаў:

- Потым узвалім на свае плечы адказнасьць за новую тэрыторыю. Калідор у Эўропу? За калідор лягчэй заплаціць і больш ня мець аніякага клопату.

Нягледзячы на заблытанае імя і імя па бацьку, Сымон Іванэсавіч быў і, самае галоўнае, ўсьведамляў сябе як абсалютна расейскі чалавек савецкага замесу. Зарабіўшы свае міліярды, дакладней было б сказаць, пераклаўшы савецкія міліярды ў свае прыватныя, ужо расейска-амерыканскія кішэні, нейкі час пабоўтаўшыся на Захадзе ў цывілізаваным сьвеце, ён нечакана для сябе адчуў, што ўсё астатняе ў жыцьці было невыносна нудным…

І вось зараз Сымон Іванэсавіч імкнуўся знайсьці страчаны сэнс існаваньня, новае месца ў жыцьці, дзе ён мог прынесьці нейкую карысьць сучаснай цывілізацыіі. У цяперашнім часе ён у глыбіні душы ўзьнелюбіў тую хеўру, з якой выйшаў сам і каго зараз ідэнтыфікаваў для сябе як дзятлаў: палітычных, дзелавых і эканамічных пігмеяў.

- У Расеі дастаткова тэрыторый. Няма сяброў, хаўрусьнікаў. Няма дзяржаў-сатэлітаў, шасьцёрак, васьмёрак, вальтоў, што па нашаму знаку пачалі б гаўкаць на гэтых МВФ, на НАТА, Заходні Сьвет і АБСЕ.

Баброўскі зноўку стрымана і цярпліва паглядзеў на прафэсіянала і лідэра левацэнтрысцкай партыі, што зьбянтэжана маўчалі, — і гэта разгубленасьць засьведчыла моцную зацікаўленасьці абодвух у ажыцяўленьні распрацаванага праекта.

Абодва належалі да ўзьніклай і расквітнелай у ХХ стагодзі папуляцыі "габінэтных людзей", народжанай яшчэ савецкай уладай і захаваўшых свае звычкі, інстынкты і гледзішча ў новых гістарычных варунках. Слой людзей, што мог якасна існаваць толькі ва ўмовах цёплых, утульных габінэтаў з скуранымі фатэлямі, тэлефонамі, кампутарамі, кавай, прыгожымі і спакуслівымі сакратаркамі. Габінэтнае існаваньне было мэтай іх кар’еры, дзеля якой яны вялі жыцьцёвую барацьбу, насычаную ўнутранымі зьвягамі і абсалютнай паслухмянасьцю перад вышэйшай іерархіяй.

Лідэр партыі нярвова ёрзаў у крэсле, ён адчуў няёмкасьць і страту ініцыятывы ў важнай сустрэчы з прадпрымальнікам. Часткова гэта няёмкасьць ішла адтаго, што Сымон Іванэсавіч увесь час крочыў па пакоі, трымаў рваны, напята-нярвовы рытм размовы, дыктаваў свой тэмп. Зараз лідэр паспрабаваў перахапіць ініцыятыву.

-Канечне, дачыненьні з хаўрусьнікамі — справа супярэчная. Мы гэта пытаньне вывучалі на ідэялагічнай камісіі. Літоўская Русь - эпоха сярэднявечча, крынічная чысціня славянства, Магдэбурскае права гарадоў, пасьпяховая барацьба з Тэўтонскім Ордэнам, перамога ў Грунвальдскай бітве, вызваленьне Украйны ад мангола-татарскай арды, гэта перамога ліцьвінаў на Сіняй Вадзе, Статут Вялікага Княства Літоўскага, універсітэт у Вільні адчынены ў 1579 годзе, дарэчы, гістарычна першы на цяперашняй постсавецкай прасторы, першадрукар Бібліі Францыск Скарына, сусьветна вядомы паэт Адам Міцкевіч. Нават "Слова аб палку Ігаравым" - справа ліцьвінаў, хутчэй за ўсё Кірыла Тураўскага, па стылю напісаньня вельмі супадае. Дарэчы, ‘’Повесть временых лет’’, так сказаць першакрыніца нашай гісторыі, спісана з іхніх ‘’Радзівілаўскіх летапісаў’’.

Баброўскі, уражаны дасьведчанасьцю лідэра партыі, не хаваў свайго зьдзіўленьня:

— Добра, а калі прызнаць Літоўскую Русь гістарычна раўнапраўнай з Расеяй? Вы, Андрэй Хананавіч, аналізавалі на сваёй партыйнай камісіі гэткі пункт гледжаньня?

Турчык кісла зморшчыўся, і прысутным было зразумела, што выклікала ў яго гэткую адмоўную рэакцыю.

- Сымон Іванэсавіч, дастаткова памяняць пункт гледжаньня на гісторыю, як аўтаматычна мяняецца сучаснасьць. І наша эліта, і рускае грамадства не гатова ставіць знак роўнасьці паміж Расеяй і Беларусіяй, бо ‘’Вялікае Княства Літоўскае’’ ўчора - гэта ‘’Беларусь’’ сёньня. Калі Беларусь забярэ сваю гістарычную спадчыну, то што застанецца нам? Мы нават не ведаем, дзе тая Кулікоўская бітва адбылася? Расія ўзнікла падчас Пятра Першага, дагэтуль існавала Масковія – пратэктарат Залатой Арды. Мы пасля так званай Кулікоўскай бітвы яшчэ сто год плацілі даніну Залатой Ардзе… Імперыя не можа быць дэмакратычнай, інакш усю нашу створаную гістарычную спадчыну нацмены расцягнуць па сваіх закутках. Мураў’ёў – генерал-губернатар1 Паўночна-Заходняга краю меў рацыю, калі казаў, што ‘’руская школа даробіць тое, што не дарабіў рускі штык’’.

Таму толькі дыктатура рускага чалавека, рускай культуры, руского языка, рускай эканомікі, фінансаў, тэхналёгій, палітыкі і рускай гісторыі, нават рускага крымінала ... І тым самым нашае панаванне над тэрыторыямі, рэсурсамі, магчымасцямі!

На гэты раз кісла зморшчыўся Сымон Іванэсвіч, бо гэткая спроба захаваньня сваёго дамінаваньня над тэрыторыямі выклікала ў яго моцную фізіялагічную пякотку. Тэрыторыі ўплыву патрабавалі імпульсаў для самаразвіцця, разумовых тэхналёгій, фінансавых ўкладаньняў, асэнсаваных намаганьняў, а не ідэялагічна замшэлай таўталогіі.

Алігарх стомлена памякчыў твар смуглявай, зарослаю чорнай поўсьцю рукой.

Было адзінацаць гадзін вечара, а стратэгічна важнейшая сустрэча вылілася ў высьвятленьне поглядаў, да канкрэтыкі яшчэ і не падступалі. Яго паклікалі, каб, як заўсёды, падаіць, урваць мільёны даляраў для сваіх бяздонных праектаў і авантур. Між тым у гэтым праекце рызыкаваў больш за ўсё ён, Сымон Іванэсавіч. Гэтыя "палкоўнікі" і "іванычы" былі пасрэднікамі ўлады і нічым не рызыкавалі. У сыстэме ідэнтыфікацыі палітыкаў алігарх абазначаў кадравых афіцэраў ФСБ як "палкоўнікаў", няштатных агентаў ФСБ як "іванычаў".

Роздум алігарха перапыніў лідэр партыі, які якраз і быў адным з "іванычаў".

- Імпэрыя? Чаму мы так палохаемся канцэпты - Імпэрыя? ЗША таксама імпэрыя, ды яшчэ якая, але амерыканцы, у нікога не пытаючы дазволу, узялі на сябе ініцыятыву развіцьця сучаснай цывілізацыі. Мы ж як тыя баяры, баімся састрыгчы свае ідэялагічныя бароды.

Андрусь Хананавіч адставіў кілішак з каньяком і гаварыў узбуджана і напята:

- Трэба ісьці шляхам утварэньня новага СНД. У гэтае новае СНД трэба ўзяць Беларусь, Татарстан, Чачню, Дальнеўсходняю рускую рэспубліку, Прыднястроў’е, Абхазію, Паўднёвую Асецію, Арменію, Крым, Данбас, Харкаўскую вобласьць, Таджыкістан, Кіргізію і тых, хто хоча далучыцца: Кубу, Сэрбію, Чарнагорыю, Паўночную Карэю і ...

- І ўсё, - змрочна ўсьміхнуўся алігарх, які даўно ўжо разгледзеў і гэткі варыянт разьвіцця падзей. Ён паціху смакаваў каву і думаў: "А навошта наогул мне ўся гэтая лабуда?" Валоданьне вялікімі грашыма патрабавала моцных намаганьняў. Зараз яму здавалася, што лягчэй было падгарнуць гэтыя мільярды, чым цяпер іх захаваць.

Сёння, у субботні позьні восеньскі вечар, Сымону Іванэсавічу раптам захацелася сядзець за кропляй добрага чырвонага віна, каля палаючага каміна ў сваім загарадным катэджы, слухаць ціхую музыку, глядзець у агмень, думаць, крочыць па пакоі. Ягоны стомлены за тыдзень напружанай працы арганізм уладарна патрабаваў лагоднага рэжыму існавання. Толькі ў такім разе ўжо ў панядзелак ён будзе ізноў порсткім, увішным і пераканаўчым...

Алігарх зрабіў намаганне, звыкла пераламаў сваю разняволенасьць і павярнуўся да прафесіянала:

— А што скажаце вы, Фарыд Шаламавіч?

Кіраўнік ФСБ схаваў свае думкі за лагоднай усмешкай і мякка, нібы дзецям дашкольнага ўзросту, патлумачыў:

— Мы з вамі абмяркоўваем пытанні, якія не ў нашай юрысдыкцыіі. Нам даручана выкананне замены кіраўніцтва ў так званай ‘’штучна створанай суверэннай дзяржаве.’’ Рэальны лідэр краіны не абавязкова – галава дзяржапарата. Ён можа быць, напрыклад, назначаны намі высопастаўлены наёмны менаджэр ці кіраўнік грамадскага аб’яднання, што адказвае за каардынацыю дзеянняў розных патрэбных нам структур. Назва ня мае значэння – прэзідэнт, прэм’ер ці хтосьці іншы. Дзяржаўныя ворганы не павінны перашкаджаць нам усталяваць такую ўладу ў рэгіёне, якая будзе эфектыўна кіраваць і дзяржапаратам, і сваёй часткай бізнеса, і эканомікай.

Фарыд Шаламавіч гаварыў пераканаўча, і па сутнасьці справы, і таму яго слухалі уважліва.

— Вы, Сымон Іванэсавіч, забяспечваеце прыватнае фінансаванне гэтага мерапрыемства, а Андрэй Хананавіч з сваімі людзьмі стварае патрэбныя пачуцці і думкі ў грамадстве, вызначае ідэялогію падзей. Мая кантора ажыцяўляе тэхнічную працу па замене адпрацаванай сыстэмы кіраўніцтва на новых, свежых людзей, патрэбных імперыі. Таму давайце абгаворым некаторыя тэхнічныя пытанні праекта ‘’Ракіроўка’’…

Апошнія словы аб рабоце сваёй канторы Фарыд Шаламавіч прамовіў сухавата, стрымана, з прыхаванай цвёрдасьцю вайсковага чалавека. ‘’Кантора’’, як заўсёды, была галоўным сродкам жыццядзейнасьці расейскай імперыі, і алігарх, і кіраўнік партыіі з разуменнем падпарадкаваліся, бо за мяккімі і лагоднымі словамі кіраўніка спецслужбаў яны адчулі драпежныя іклы жорсткай дзяржаўнай сыстэмы…

 

1 Генерал-губернатар – назначаўся ў Расейскай імперыі ў губерніях, дзе існавала ваенае становішча і меў права на смяротнае пакаранне паўстанцаў. У Расейскай імперыі быў яшчэ адзін генерал-губернатар на Каўказе.

V

V1

 

 

… Зранку ў нядзелю два легкавікі выехалі з Масквы і на вялікай хуткасьці паімчалі на захад па шашы №3 ‘’Масква – Мінск’’. У пярэднім мерсэдэсе, акрамя кіроўца, што прафесійна трымаўся за стырно і пільна ўглядаўся ў мокраю шашу, гонячы легкавік на хуткасьці вышэй 140 км, на заднім сядзеньні месьціліся двое .

У БМВ, што імчаў як прывязаны ззаду, былі чацьвёра: адзін сядзеў побач з кіроўцам і паліў цыгарэту, маўкліва пазіраючы перад сабой. Двое ззаду гулялі ў карты і, строячы адзін аднаму розныя кепікі, іншы раз шчыра і гучна рагаталі....

Праехаўшы Гагарын, пажылы пасажыр мерсэдэса Сафараў зьняў пільчак і павесіў яго на вешак. Застаўшыся ў цёмна-блакітанай кашулі і гальштуку, ён нібы скінуў заўсёды прысутную ў ім засяроджанасьць. Прыстойна апрануты, з прыемным пахам дарагой парфумы, у яго паводзінах адчувалася ўпэўненасьць асобы, што ўжо адбылася, дасягнула значных пасьпехаў у сваіх справах. Лысаваты і чарнавокі, асцярожны, Сафараў сціпла прамовіў, звяртаючыся да маладога спадарожніка:

— Наперадзе, Стас, нас чакаюць вялікія і напружаныя справы. Паглядзім, чаму цябе навучылі за мяжой. Я быў, дарэчы, супраць твайго замежнага навучання. ‘’Адамаў Смітаў’’ можна вывучыць і ў Маскве. Але мая сястра ўпёрлася, –‘’Ребёнок должен получить нормальное абразование…’’

Стась з прыхільнай усмешкай адказаў:

— Я вельмі ўдзячны сваёй маці. Там, за бугром, я атрымаў шмат, як весьці правільна бізнес… і наогул жыць. Дарэчы, якую мэту мае наша місія? Я маю на ўвазе, нашу з вамі асабістую мэту.

Сафараў націснуў кнопку, і паміж іхнім салонам і салонам кіраўцы ўзнялася шкляная перагародка.

— Наша мэта – рэйдэрскі захоп маёмасьці суседняй дзяржавы. Мы павінны ссекчы 1,5 млрд. даляраў у сваю кішэню. Хацелася б тры мільярды, але давядзецца падзяліцца.

У яго апошніх слова гучала незадаволенасьць. З характэрным тварам ардынскага разліву Сафараў меў у нечым неўлоўнае падабенства з сінявокім і русавалосым Стасем.

Ужо далёка ад Масквы прыпыніліся, каб схадзіць па патрэбе на даволі камфортным, па сучаснаму збудаваным прыпынку для дальнабойшчыкаў: там была запраўка, крама, кавярня, агароджаная высокім плотам вялікая пляцоўка, застаўленая фурамі. Стась зайшоў у прыбіральню, а потым з цікавасцю, размінаючы ногі, абышоў даволі вялікую стаянку.

З шэрых вераснёўскіх нізкіх хмар, што хутка плылі ў небе пад тугім заходнім ветрам, сыпаліся дробныя кропелькі вадзяной імжы. Пляц, застаўлены Мазамі, Камазамі, Манам, Сканіямі, захаваў прыкметы новабудоўлі: гостры пах драўляных стружак, бетонага раствору, свежапакладзенага асфальту перамешваўся з пахам саляркі і смуродам адпрацаваных выгарных газаў. Стась у блакітнай ангельскай вятроўцы крочыў з пачуццём гаспадара жыцця, што нарэшце вярнуўся з працяглай вандроўкі дадому і цяпер задаволена аглядае сваю жыццёвую тэрыторыю, дзе яму наканавана доўга і якасна жыць.

У куту за фурамі была чутна нейкая валтузня, цяжкае дыханне, енк. Ён зірнуў з-за Камаза. Адзін з пасажыраў БМВ, Скурат, заманіў у гэта зацішнае месца тутэйшую гаспадыню кавярні пад выглядам абмену валюты па выгадным курсе. Малады, з амбітным выглядам валадара, — Стась пазнаёміўся з ім у дзень ад’езду і потым увесь час абмінаў ягоны нахабны позірк, – сілком нагнуў буйную целам кабету, заламаў ёй рукі за спіну, задраў крэмаваю сукенку і, агаліўшы белае цела да самых грудзей з імпэтам сэксаваў, упёршы жанчыну галавой у рашчыліну плота паміж двума дошкамі. Тая здушана мыкала завязаным хусткаю ротам, нібы тая жывёліна на бойні, а Скурат, узбуджана ўхапіўшы за крутыя клубы і шалёна махаючы сваім азадкам, рыкаў:

— Так, так!… Ссс..ка!… Так…так! Бл…ь! Цярпі, сцерррва….!

Скурат быў абсалютна амаральнай асобай, меў садысцкія схільнасьці і ўзбуджаўся тым больш, чым больш здзекаваўся і зневажаў людзей. Ён атрымліваў маральную асалоду ад гвалту, асабліва над выхаванымі, адукаванымі людзьмі, таксама жанчынамі, што мелі ўласную годнасьць. Растаптаць чалавека, прынізіць, піхнуць яго ў бруд, пакінуць з уласным зняважаным ‘’Я’’, а потым з цікавасцю назіраць, як ён кінуты кешкаецца там, унізе, разгублены, раздушаны, згвалтаваны…

Яны ад’ехалі ад прыпынку, БМВ па ранейшаму як прывязана імчаў за мерсэдэсам, дзе задаволены Скурат з напарнікам ізноў гуляў у карты, іншы раз пасля пройгрыша дружбана, ён гучна рагатаў, б’ючы яго па чырвоным носе калодай картаў...

…Моцна ўражаны гэтым здарэннем, Стась адчуў, што рэчаіснасьць нібыта перакульвалася, мяняла сваю палярнасьць у ягоным уяўленні, і зараз ён ніяк не мог зразумець – дзе падмурак гэтай новай для яго сучаснасьці...

Стась доўга прыгнечана маўчаў, потым, удумліва ўзіраючыся ў дзядзьку, распавёў яму жудаснае здарэнне.

— І што зараз будзе, Сафар?

— Хутчэй за ўсё — нічога не будзе, Стас. – Спакойна, нават абыякава і звыкла, адказаў дзядзька.

— Ён, канечне, даў ёй пачку дробных рускіх рублёў. У крайнім выпадку, адвакат яго адмые. Але, хутчэй за ўсё, да гэтага не дойдзе. Кабета ўжо даўно страціла ілюзіі, разумее хто ў сучасным жыцці гаспадар. А наогул, турма для Скурата – родны дом.

— Сафар, з кім мы звязаліся? Гэта ж людзі амаральныя, абмежаваныя і няздольныя да пазітыўных дзеянняў.

Сафараў гостра зірнуў на пляменніка, стрымана і цярпліва патлумачыў:

— Фактычна мы едзем на вайну! Яны рэйдэры2, зондэркаманда для выканання бруднай работы, каб замачыць, апусціць, згвалтаваць, растліць, запалохаць, справакаваць… Яны могуць каго хочаш ракам паставіць, пры неабходнасьці зьядуць чалавека і вокам не міргнуць. З імі знаходзіцца ‘’вядучы’’. У ‘’краіне непуганных дураков3’’ засталося шмат ілюзій, каб паставіць іх грамадзян на сучасны рэальны грунт, патрэбны рэйдэры.

Стась здзіўлена пазіраў на дзядзьку: такім прыёмам бізнесу ў Гарвардзе яго не вучылі.

— Няўжо, мы, сучасныя расіяне – такія ідыёты? Мы ж нішчым уласную постпрастору!

– Ты аб якіх клапоцішся расіянах? Можа, аб тых 80% насельніцтва, якія ўяўляюць статак баранаў, здольных толькі есьці і с…ць? Яны вымруць, як тыя дыназаўры. З імі ўсё так і будзе! Іх пераканаюць у неабходнасьці тых ці іншых крокаў. Рабочы сцэнар пасля паразы Савецкага Саюза аднолькавы, што ў Расеі – Украіне—Беларусіі, што ў Югаславіі.

— І што галоўнае ў гэтым сцэнары?

— Галоўнае ў сцэнары – не даць постсавецкай прасторй кансалідавацца.

Стась быў моцна ўражаны: руйнаваліся ягоныя ідэалы цывілізаванага еўрапейскага чалавека.

– Сафар, няўжо ўсё так і пройдзе? А паўстанне народных мас?

– Ужо прайшло! Савецкі Саюз разбурыўся — і што? Нехта паўстаў? Хаця электарат адчуваў, што яго надурылі. Але няма важакоў, эліта перайшла на супрацьлеглы бок. Эліце надакучыла перавыконваць планы, прымушаць статак працаваць. Меншасьць захацела жыць па-чалавечы. Некалькі баранаў-важакоў паспрабавалі нешта там вякнуць, ім зрабілі кровапусканне — і ўсё сціхла. Таму і цяпер смуты не будзе. Ад рэшты постсавецкага насельніцтва спатрэбяцца толькі кваліфікаваныя кадры на сыравінназдабываючыя прадпрыемствы.

— А бясьпека тэрыторыі?

— Рэсурсы цяперашней Расіі ўжо пралічаны: хто будзе карыстацца часткай пірага – той і будзе адказваць за бясьпеку тэрыторыі. Калі Брытанія зойдзе на паўночны шэльф – яна і будзе клапаціцца аб утылізацыіі ядравага палігона Новая Зямля, Кітай будзе утылізаваць Забайкалле. Ёсьць яшчэ не асвоеныя тэрыторыі, Беларусь напрыклад, але гэта пытанне часу. Беларусь знаходзіцца пад адначасовым ціскам варожага Еўразьвяза і значнай часткі цяперашняга расейскага кіраўніцтва. Звярні ўвагу на нашых алігархаў, якія прама ім кажуць ‘’ аддайце нам усё, што ў вас ёсьць, і мы вам зробім тую ж разруху, што і ў Расіі, а вашы грошы вывезем за мяжу.’’

— Катастрофы і тэракты - гэта таксама частка сцэнарыя?

– Стас, гэта некампетэнтнасьць служб прадпрыемстваў і незацікаўленасьць спецслужб. З другога боку, прапанова тым месцічам, хто разумней: з’язжайце за мяжу і культурна асімілюйце сваіх дзяцей, як можна хутчэй. Еўропа не супраць, таму што славяне – народ несыстэмны, але вынаходлівы і працавіты. Калі завезьці белых рабацяг у Еўропу паболей ды добра іх замясіць на заводах ды ў бардэлях, то можна прыпыніць засяленне Еўропы туркамі, арабамі ды мурынамі.

– Раней, Сафар, ты казаў, што ў Расіі свой шлях, і ўсё пад кантролем.

– Усё пад кантролем і ёсьць – у Расіі ідзе кантраляваная ўтылізацыя прыродных рэсурсаў, ваенна-тэхнічных распрацовак савецкага часу. Пэўныя людзі збудавалі на гэтым магутны бізнэс, які надзейна абаронены ад палітычных і ваенных катастроф. У гэтым бізнэсе зацікаўлены ўсе сусветныя краіны. Працэс утылізацыі тэрыторыі ідзе паступова, па меры вычарпання рэсурсаў, і абавязкова ў рамках гандлю. Зараз шляху назад няма. Вядучы з часам стане такім жа сусветным героем, як і Гарбачоў…

— ...што па дурасьці здаў краіну, за якую яшчэ можна было змагацца?

– Каму змагацца? Навошта? Індустрылізацыя закончылася, адпала патрэба ў мільярдах рабацяг. Жыць застанецца адэкватная частка чалавецтва. У час ‘’перабудовы’’ пралетарыят злаваў з-за адсутнасьці тавараў і марыў аб таннай гарэлцы. Ты, Стась, тады быў дзіцем і не помніш. .«Інтэлігенцыя» рвалася да ўлады, не разумеючы, навошта ёй гэтая ўлада. Улада – гэта бізнес, а не пыха на трыбуне. Лухтаваты Гарбачоў нават зарабіць для сябе не здолеў і зараз трапіў на ўтрыманне заходніх спецслужбаў. А вось мы, паўнавартасныя партнёры транснацыянальных кампаній, у праекце, які можна ўмоўна абазначыць ‘’Утылізацыя Расіі’’.

— Здаецца Эдуард Лімонаў пісаў аб гэтым....

– І хутка сеў у турму, што стала знакам усім астатнім маўчаць, сытуацыя яшчэ не замацавалася. Цяпер гэтых фактаў ніхто і не хавае..

— Ну, а амерыканцы?

– Амерыканцы не жадаюць зразумець, што лідэрству іх краіны засталося гадоў на 25-30 ад сілы. Кітай падбярэ ўсё. Дарэчы, першай лясьне Вялікабрытанія, і гэта знішчыць уплыў ЗША ў Еўропе. Некаторыя амерыканскія палітыкі хацелі б прыпыніць ‘’Утылізацыю Расіі’’, тым самым пазьбегчы змены сусветнага лідэра.

– Мы што, не пры справах, і зробімся «Чайналом»?

– Ты не разумееш кітайцаў, і таму спрабуеш жартаваць. Навошта кітайцам некуды спяшацца? Яны паступова, абсалютна натуральна, захоўваючы брэнд ‘’Рускі’’, будуць засвайваць нашы прасторы. Я ўпэўнены, што нават у «Руска-Дальнеўсходняй рэспубліцы» будзе доўга захоўвацца назва ‘’рускі’’. Прэзідэнтам рэспублікі будзе назначаны рускі. Можа, нават Харбін, як былы рускі горад, вернецца ў «Сумеснае прадпрыемства РДР», з іх 150 міліёным насельніцтвам.

– А бясьпека і сацыяльная палітыка? Яны ж у заняпадзе?

– Бясьпека бізнеса забяспечана выдатна. Ці ты маеш на ўвазе бясьпеку Расіі? Каму гэта патрэбна? Тэрарысты наганяюць страх на электарат, узрываюць метро і аэрапарты – гэта някепска, калі б іх не было – іх трэба было б прыдумаць. Добра пераключаюць ўвагу насельніцтва на гэтыя драбноты жыцця. Бізнэс і палітыка – рэч цынічная, я табе раней тлумачыў.

– Добра, але вось «Wikileaks» піша, што расейская дзяржаўная машына напоўніцу карумпаваная, што 60 % загадаў не выконваецца. Пры такіх умовах складана давесьці утылізацыю рэсурсаў да лагічнага заканчэння, народ можа і ‘’далбануць’’.

– Загады, што датычаць бізнеса, выконваюцца на 100%.

— Зараз ніхто нічога не будуе, порт Сочы нібыта змыла, мільярды спісалі? І Сколкава прыдумалі – каб агучыць і забыцца?

– Не, Сколкава, нанатэхналогіі, ЧМ-2018, Алімпіяда 2014 – гэта бізнес, 40% рэнтабельнасьці чыстым адкатам на замежныя рахункі. Вельмі добры бізнес.

— Атрымліваецца, што галоўная роля вядучага ў бізнесе – дзяржаўны піяр?

— Вядучы сказаў, што працаваў, як раб на галерах. На галерах галоўны раб той, што б’е ў барабан, кіруе рухам весляроў. Гэта і ёсьць галоўная роля вядучага. Тэхналогія піяра – соцапытанні, што хочуць учуць грамадзяне? Калі народу падабаецца, то нікога не хвалюе, ці будзе выканана агучанае. Проста агучанае ніхто і не зьбіраецца выконваць. Галоўны сэнс – прыбытак!

– Не магу паверыць, што Расіі канец. Тым больш, што афіцыйная прапаганда кліча да патрыятызму.

— ...кліча дурняў, каб працавалі, прыносілі прыбытак, і не бунтавалі. Дурням, ім усё роўна няма куды дзецца, трэба пакінуць нейкія ілюзіі.

— Не разумею я пра выбары. Іх жа проста малююць.

– Малююць, але ўсё не так проста. Уся роўна бачнасьць легітымнасьці павінна быць абавязкова.

– Без легітымнасьці можа ўзнікнуць бунт? Расповед пра МЧС выклікае вялікі недавер.

– Суполкі хуткага рэагавання МЧС – гэта групы аховы тэрміновай эвакуацыі бізнесменаў, урада, стварэнне ўмоў жыццязабяспячэння і магчымасьці кіравання ў экстрэмальных умовах. Распрацаваны меры процідзеяння хаосу. Армія ўжо падрыхтавана для падаўлення бунтаў, яна цяпер добра забяспечана, там працуюць псіхолагі і тлумачаць, што ўсё безладдзе ідзе пад эгідай спецслужбаў ЗША.

– У нас што, ужо халодная вайна з ЗША?

– Проста нашай эліце ўжо начхаць на Амерыку. Будзе яшчэ больш начхаць, калі юань і рупій стануць свабодна канвертырамаю валютай. Сёння Расія пад кантролем Генералітэта ФСБ і прадае Кітаю і Індыіі ўсе ваенна-тэхнічные напрацоўкі СССР, туды ідуць пастаўкі стратэгічнай сыравіны. Амерыканцаў можна і пакараць за іх хамства ў знешняй палітыцы, не пусціць да сыравінных распрацовак. Дарэчы, для паліцыі ў Расіі падрыхтаваны і іншыя спецыфічныя сродкі, напрыклад, гукавая зброя, закупленая ў ЗША.

– Першы раз чую?

– Напрыклад, аўтамабіль, распрацаваны спецыяльна для вулічных баёў з дэманстрантамі. У Іркуцку, калі там эколагі нібыта за чысціню Байкала змагаліся, дастаткова было выехаць гэтым аўто – усе паціху і разышліся. АМОН хутка нейтралізаваў нягоднікаў.

– Я чуў, што гэта аналаг ‘’Хаммера’’ для вайсковых патрэб?

– Ён устойлівы да перакульвання рукамі, мае сістэму тушэння ‘’кактэйляў Молатава’’, узброены кулямётамі, газавымі гранатамі, водамётамі…

– А пажарныя машыны не спрабавалі выпускаць?

– Каму гэта трэба, Стас? Рынду ў адной вёсцы паставілі – і добра. Паболей гумару! А то грантасмокі ўсё прыдумляюць патанулых на Саяна-Шушанскай ГЭС, якія нібыта з затопленых памяшканняў усё па трубах барабаняць. Шойгу правільна паслаў іх ў … Галівуд.

— Жывыя людзі з камер сапраўды грукалі па трубах, гэта факт.

– У свой час Ленін узяў для аховы Крамля латыскіх стралкоў, потым – кітайскі полк. Парыж стварыў французскі легіён з замежнікаў. Хочаш адданых выканаўцаў, якія не раскіснуць, не апусцяць аўтамат, гледзячы на бабцяў і дзетак з іконамі – набліжай да ўлады людзей без сіндрома ‘’любові да свайго народа’’. Зараз у паліцыю парытэтны адбор маладых людзей з нацменшасцяў – яны будць з задаволенасьцю выконаваць загады…

— Прэса часта піша аб рэзкім зніжэнні колькасьці рускіх.

– Гэтую ідэялагічную правакацыю адбілі, прынялі закон аб мацярынскім капітале – пайшоў прырост насельніцтва.

— За кошт нараджальнасьці прыхадняў з рэспублік. Усе школы ў Маскве запалонены армянамі, таджыкамі, азербайджанамі.

– А хто рускім вінаваты, што яны хочуць хуткіх грошай на халяву, лянуюцца даглядаць дзяцей і падтрымліваць сваю культуру?

– Па ўсіх каналах ідзе прапаганда ‘’прыгожага’’, гламурнага вобраза жыцця і гей-культуры. На маладых моцна ўздзейнічае. Масавая рэклама і рост спажывання піва таксама зніжае мужчынскае лібіда.

– Прапагандзе падвержаны прымітыўныя людзі. Калі статыстычна прымітыўных людзей сярод рускіх шмат – яны і вымруць. Так і павінна быць. Дарэчы, гей-культура, як і прапаганда піва з жаночымі гармонамі – гэта эфектыўны ход, каб уроды не пладзіліся.

– У мяне, Сафар, крыху іншае меркаванне. Зладзеі і бандыты, карупцыянеры, забойцы і мафіёзі, нахапаўшы ў Расеі шалёных грошай, бягуць за мяжу, адкуль і далей фінансуюць гэтую інфармацыйна-псіхалагічную вайну супраць свайго народа і дзяржавы. Чэсныя людзі хвалююцца за Расею.

– У цябе, Стас, непазітыўнае мысленне. Ты – ідэаліст. Усе людзі – эгаісты, імкнуцца да максімальнай асалоды, на гэтым грунтуецца ўся эканамічная тэорыя. Што за прыдуманыя ‘’чэсныя людзі’’? Чалавек з грашыма атрымлівае асалоду ад жыцця, а рынкавыя адносіны аўтаматычна вызначаць яго месца пад сонцам… Калі ты не працуеш у пракуратуры, у судзе ці дзесьці ў падобным месцы – трэба хутчэй забыцца, што ты рускі, забіраць родных – і эвакуіравацца, покуль яшчэ можна. Вычарпаюцца рэсурсы, пачнуцца палітычныя катаклізмы – будзе позна. Ты не хілы чалавек, не паддавайся прымітыўным пачуццям. Альбо ты з намі, альбо за бартом адзін у свабодным плаванні? Таму ўсялякія сьлюні пакінь маскоўскім блакітным.

Сафараў дастаў важкі дыпламат, паставіў яго між сабой і маладым Стасем. Ён сціпла прамовіў:

— Можна і пасьнедаць, Стась. Дарога дальняя, місія адказная, прыпыняцца будзем толькі каб адліць.

У дыпламаце была бутэлька каньяку, тэрмас з гарачаю кавай, багаты выбар лусценяў з вэнджаным мясам, чырвонаю рыбай і чорнаю ікрой. Сафараў наліў у пузаты кілішак каньяку і з асалодай нетаропка глынуў з яго.

— Цябе, Стась, каньяком не частую. Каб не прывыкаў з маладых гадоў да гэтай заразы, што знішчыла процьму людзей, цэлыя народы і цывілізацыі.

Стась, што частаваўся кавай і лусценямі, з нязвыклай для былых савецкіх людзей годнасцю з усмешкай зазначыў:

— Для тых, хто скончыў Гарвард, такой праблемы не існуе. Але ў новай для мяне расейскай рэчаіснасьці, дзе ўсё не так, без каньяку аніяк.

Стась наліў у пузаценькі кілішак каньяку і рашуча кульнуў яго. У вачах усё яшчэ стаяла сцэна згвалтавання гаспадыні кавярні, здарэнне зараз пераўвасобілася ў ягоным ўяўленні ў сымбаль панішчанай вялікай самабытнай дзяржавы.

Здзіўлены Сафараў пазіраў на пляменніка. Сінявокі і русавалосы Стась меў у нечым галоўным неўлоўнае падабенства з дзядзькам.

 

1 Звесткі, выкладзеные ў гэтым раздзеле, грунтуюцца на інтерв’ю асобы, набліжанай да рускай алігархіі, якое ён даў у лютым 2011 г. у ЗША газеце ‘’Новое русское слово’’ .

2 Рэйдэры – прыдуманае расейскімі мас-медыямі прыдатная для грамадства назва бандытаў-рабаўнікоў.

3 У 90-х гадах мінулага стагодзя Беларусь ідэнтыфікавалася мафіяй, як ‘’краіна непуганных дуракоў’’, у сваю чаргу Расея абазначалася, як ‘’краіна бандытаў’’.

VI

 

… Лідэр краіны стомлена разагнуўся ў крэсле, было ўжо дзьве гадзіны ночы. Перад ім ляжала апошняя папера : "Звышсакрэтна. Аб мэтах і дзеяннях аперацыі ‘’Х’’. Толькі для членаў Савета Бясьпекі "Аб мерах па ўзмацненьні барацьбы і прыцягненьні да крымінальнай адказнасьці прыхільнікаў палітычнай апазыцыі.

…У краіне за апошні час узнікла моцнае нацыяналістычнае падполле. Створаны гурты і суполкі: ‘’дайнова’’, ‘’яцьвягі’’, ‘’крывічы’’, ‘’ліцвіны’’, ‘’грунвальд’’, ‘’вільня’’, ‘’балты’’, ‘’князь чарадзей’’, ‘’вітаўт’’….. усяго ад 50 да 150 гуртоў. Большасьць назваў нацыяналістычных груповак не высветлена, і нават тыя , што вядомы, спецслужбамі не вызначаны ні ў колькасным, ні ў спісачным складзе груповак... Існуе меркаванне, што спісы наогул не існуюць. Гэта сведчыць аб новай стратэгіі і тактыцы нацыяналістычных сіл. Таму Рада Бясьпекі прапануе нанесьці рашучы ўдар па патрыятычнай апазыцыі…’’

Арышт актыўных нацыяналістаў і звальненне з адказных пасад 1500 знтузіястаў краіны, — такі план вельмі настойліва прапануе адказны сакратар Савета Бясьпекі палкоўнік Заядалін. Невысокі, кругленькі, з аскетычным тварам каталіцкага нунцыя, не курыць, не п'е, не валочыцца за жанчынамі. Куды расходуе энергію? Небясьпечны чалавек! Шэры кардынал!

Нешта насцярожвала лідэра. ‘’Куды вядуць гэтыя рэйкі? Чаму такая сьпешка? Абставіны ў дзяржаве стабілізаваліся, няма аніякай патрэбы ў надзвычайных мерах па праполцы грамадскага асяроддзя. Але прапанова палкоўніка - гэта прапанова ФСБ, загад Масквы. Пасля чаго аўтаматычна ўзьнікае пытаньне: а навошта тады ён, Грыгорый Андрэевіч, кіраўнік суверэннай дзяржавы, што мае свой сьветапогляд, які сам ваўкадаў, сам пагроза для ‘’дзермакратаў’’. Патрыятычная апазыцыя патрэбна, як пудзіла для старэйшых братоў, гэтых лухтаватых і самаўпэўненых баяр. Як тыя дыназаўры, фізычная плошча і маса вялікая, розум маленькі. На роўным месцы прафукалі дзяржаву, а цяперака пускаюць пыл у вочы грамадзян аб'яднаньнем.’’

Лідэр закрэсліў лічбы ў пастанове і задумаўся. Нешта па ранейшаму непакоіла яго. Існавала нейкая вялікая інфармацыйная пляма, нібы тая цемра, што ўладарыла за вакном. Ён падняў асадку і, наблізіўшы яе да пастановы, уважліва прыслухаўся. Адчуваньне прысуду, непазьбежнага і незваротнага, скаланула яго душу.

Ён падняўся і прайшоў некалькі разоў па мяккаму зялёнаму брэсцкаму дывану, што прыемна мякчыў крокі. Затым дастаў з сэйфу невялікі акуратны скрутак, накшталт скрынкі-футляра, дастаў сотавы тэлефон спадарожнікавага дзеяньня. Ён набраў доўгі шэраг лічбаў сакрэтнага нумара для сувязі з сваім уласным высокапастаўленым сябрам у першапрастольнай і дадаў некалькі шыфраваных стаўбцоў лічбаў. Набор лічбаў запрошваў "Сябра" аб таемных спружынах аперацыі "Х".

Другое паведамленьне загадвала рэзідэнту суполкі "Гама" тэрмінова быць у гатоўнасьці №1 для выкананьня "Асноўнай мэты".

Лідэр зірнуў на гадзінік, было ўжо дзьве гадзіны ночы. Калі нават да раніцы "Сябар" і не высветліць падаплёку аперацыі "Х", то выкананьне "Асноўнай мэты" застрахуе яго асабісты лёс ад нечаканасьцяў.

Ён адчуў унутраную задаволенасьць ад прынятых мер. Перасцярога прынесла душэўны спакой. Нават сакратар бясьпекі, палкоўнік Заядалін, ня ведаў аб існаваньні гэтай сакрэтнай суполкі. Трэба падумаць і неяк знайсьці спосаб, як пазбавіцца ад гэтага звышнебясьпечнага чалавека - шэрага кардынала, дзейнасьць якога даўно раздражняла.

Была глыбокая ноч, а лідэр усё крочыў і крочыў па габінэту, усё думаў і думаў, як умацаваць дзяржаўную ўладу, якімі шляхамі весьці дзяржаўны карабель, што зрабіць для паляпшэньня каманды.

‘’Не хапала людзей, разумных, адукаваных і кемлівых ваўкадаваў. Тых, што не прагнуцца перад чужымі, што пойдуць з ім да канца, не разьбягуцца пры першым наступе варожых сіл. Не ўсе, хто побач, надзейныя, некаторыя надта клапоцяца пра сваю скуру, баяцца запэцкаць імідж, хочуць быць добранькамі за дзяржаўны кошт. Трэба іх трымаць у напружаньні. Каб не было часу на змову, каб усе сілы траціліся на выжываньне. Вылучаць на пасады трэба тых, хто мацуе дзяржаўныя інтарэсы, не баіцца сапсаваць стасункі з бюракратычнай хеўрай, хто выконвае ягоныя загады...

…Трэба карныя законы для тых, хто накраў, хто блытаецца пад нагамі. І не 1500 чалавек трэба зволіць, а 150, нават 15, ды з павышэнем і накіраваннем на працу ў правінцыю. Не чапаць лохаў. Няхай лямантуюць, палохаюць Маскву, а мы абмяжуем пасіянарных прыхадняў’’. Лідэр нацыі зморана ўсьміхнуўся.

Лагістыка ягоных роздумаў зараз была пункцірнай, толькі вызначала асноўныя накірункі і не была дэталёва распрацавана…

 

VII

VII1

 

 

Агент дзяржаўных спецслужбаў, нібы той у’юн на патэльні, круціўся пад даждом, што шчодра паліваў яго з неба. Уладкаваўшы спецапаратуру для падслухвання за складзеным буртом бярозавых дроў і накіраваўшы гукаўлоўнік на шыбы вакна суседняга будынка лецішча ‘’Лысая гара’’, ён намагаўся ўчуць размову, што адбывалася ўнутры.

Сёння пасля абедаў знештатны сакрэтны супрацоўнік ‘’Сліж’’ нечакана выйшаў на сувязь і інфармаваў іхняю кантору, што ўвечары адбудзецца надзвычайнае паседжанне глыбока заканспіраванай суполкі ‘’Ліцьвіны’’. Шэф тэрмінова выклікаў яго, капітана Лапаціна, і загадаў браць спецапаратуру і паслухаць, што гэтыя ‘’ліцьвіны’’ балбочуць.

Капітан зьбіраўся па задуме ўвечары сустрэцца з шпегам ‘’Руслан’’, нядаўна завярбованай ім старшакурсніцай універсітэта замежных моваў, дзіўнай, вабнай і пасіянарнай Янінай.

Шэф між тым звыкла-валадарна прамаўляў:

— Людзей не хапае. Паслухаеш, светапогляд пашырыш, дыхнеш свежага паветра. Хутчэй усяго — лабуда. Нічога сурёзнага, але вы, капітан, з усёй адданасьцю… Іншы раз бывае якая-небудзь, на першы позірк, драбяза, дазваляе атрымаць і павышэнне ў чынах, і дзяржаўную ўзнагароду.

Ён прапёк Лапаціна ўчэпістым позіркам, — капітан у гэты момант закамянеў тварам, як вучылі некалі ў акадэміі хаваць свае адмоўныя пачуцці – і дадаў:

— У вас там згодна дзеявода сустрэча з саксупам ‘’Русланам’’. Я вас падмяню, заадно і пазнаёмлюся з перспектыўнай напрацоўкай. – І зноўку прапёк позіркам падначаленага.

І вось зараз, ён, дарослы мужчына, нібы той практыкант акадэміі спецслужбаў, займаецца не сваёй справай. Ён перавёў цэлік апаратуры на другое вакно. У слухаўках нічога не было чуваць, дакладней, была чутна музыка, апошнія навіны па тэлевізары, рогат і гаворка падпітых мужчын. ‘’Лабуда, — падумаў капітан спецслужб, — звычайная мужчынская п’янка тутэйшых інтэлігентаў’’.

Між тым ў пакоі будынка за дубэльтамі і завешанымі вокнамі, пры ўключаных тэлевізары, радыё і магнітафоне, адбывалася сапраўды надзвычай важная сустрэча суполкі ‘’Ліцьвіны’’.

Адзін з прысутных, Міхал Андрэевіч, мужчына з моцнай сівізной, стрыманы, з унутранай засяроджанасцю, ціха прамовіў:

— З пэўных крыніц мы атрымалі звесткі, што ў бліжайшыя 12 гадзін у краіне адбудзецца наменклатурны пераварот. Цяперашні кіраўнік дзяржавы будзе звергнуты. Пытанне да ўсіх нас: што рабіць нам, патрыётам?

Ён абвёў позіркам чатырох сталых мужчын, што сядзелі за сталом і напружана паглядалі на яго. Гэта былі лепшыя незалежныя мысляры краіны, якія ўмелі не падпадаць пад чужыя меркаванні, не замбіраваліся замежнымі ідэялогіямі і не купляліся на гранты, маглі самі выпрацоўваць адэкватныя алгарытмы для сваёй краіны… Пяты, у чорным касцюме, з вялікай чорнай барадой на ўвесь твар, у чорных акулярах, паклаўшы вялікія моцныя рукі на калені, сядзеў у цёмным куце і ўважліва слухаў.

— На ўсё ў нас 60 хвілін, – мякка падкрэсліў Міхал Андрэевіч.

Накрыўшыся рванай чорнай паліэтыленавай плёнкай, прамоклы капітан Лапацін, уціснуўшы слухаўкі ў вушы, пільна слухаў. Хрыплы голас прамовіў:

‘’Трэба зрабіць агляд падзей у свеце… пачаўся новы этап гісторыі, у якой народ і дзяржава можа зьнікнуць за некалькі гадоў… рэсурсы зямной кулі абмежаваны.’’

Новы голас быў напяты і ваяўнічы:

‘’Падзеі ў Кіргізстане паказалі, што постсавецкія дзяржавы вельмі кволыя і не здольныя сябе абараніць ад звычайнага перавароту. У красавіку 2010 года бандыты прывезьлі ў Бішкек з гор дзясятак аўтобусаў галаты, далі ёй зброю. Мабыць, плянавалася акцыя застрашваньня. Але дзяржаўная ўлада абрынулася імгненна, нечакана для арганізатараў акцыі, а куклаводы ўпершыню ў новых варунках адчулі сябе ў ролі гаспадароў СНД.’’

Сціплы голас пераканана заначыў:

‘’Краіна ў сучасным свеце доўга самастойнай быць не можа, наперадзе нейкая інтэграцыя. Зараз лепей мець сякі-такі саюз з Расіяй. Там вялікі рынак, на якім можна збываць нашыя тавары. Мы, як невялікая дзяржава, мусіць інтэгравацца з кімсьці з суседзяў. Гэта асноўны трэнд глабалізацыі. І ужо даўно так і зрабілі б. Але, насамрэч, куды?’’

Ваяўнічы і непахісны дадаў:

‘’Так, у сучасным свеце ніхто не можа выплысьці самастойна, нават Расія. Каб Расія, блін, не лезла з сваім ‘’языком’’ і сваімі ідыётамі-алігархамі, то ўжо за аб’яднанне ў Саюз стаял б чарга суверэнных краін.’’

‘’ Цалкам падтрымліваю’’, — голас быў памяркоўны, гучаў роўным і спакойным барытонам.

‘’З аднаго боку цісьне ЕС з крызіснай эканомікай, вычварэнскай псеўдакультурай, неэфектыўнай псеўдадэмакратыяй і расавымі праблемамі. На сучасным Захадзе маладыя суверэнныя краіны чакае дэіндустрыялізацыя і ўсе "даброты" развітой дэмакратыі: аднаполыя шлюбы, каляровыя мігранты, рабства на карысць транснацыянальных карпарацый, наркотыкі, разбурэнне хрысціянскіх традыцый і культуры. Тое, што зараз ёсць на Захадзе, гэта ўжо не дэмакратыя. Насельніцтва замбіруецца большасцю СМІ, палітыкамі, праваабаронцамі ды іншым. Там менш плюралізму, чым у Беларусі. Паспрабуйце выступіць у афіцыйных структурах ды ўплывовых СМІ Захаду супраць гомікаў?’’

Цвёрды голас падтрымаў:

‘’А з другога боку, Расія. Таксама з хворай эканомікай, карупцыяй, алігархамі і тымі ж расава-культурнымі праблемамі. Так што, для нас няма дастаткова прыцягальнага накірунку. Згубіць можна нашмат больш, чым набыць.’’

Хрыплы голас падвёў рысу гаворкі:

‘’Увогуле, у Еўропе засталося не так шмат адносна нармальных культурных хрысціянскіх краін: Нарвегія, Швейцарыя ды Беларусь, з нацяжкай можна яшчэ далучыць Польшчу ды Італію. "Асветніцкі" аўтарытарызм на пераходным перыядзе значна лепшы, чым тая гнілая дэмакратыя, якую дэманструюць ня толькі Украіна з Прыбалтыкай, а шмат якія краіны ЕС.’’

Міхал Андрэевіч падкрэсліў:

‘’Узнятыя пытанні — складаная тэма для аналізу нашай рэчаіснасці. І тым не менш ад гэтага нікуды не падзецца, калі мы не хочам быць рабамі і не хочам быць дурнямі, то павінны ва ўсім гэтым разабрацца, каб потым мець цвёрдую лінію паводзін. Сфармаваць абарончую дактрыну, на аснове якой можна было б грунтаваць свае дзеянні.’’

Памяркоўны заўважыў:

‘’Мабыць, як ні дзіўна, а на сёння - лепш узурпатар, пры ўсіх ягоных недахопах, чым, барані Божа, выпадковыя людзі.’’

Капітан Лапацін зацікавіўся гаворкай унутры будынка лецішча і нават перастаў зважаць на дождж, што працягваў паліваць яго зверху. Момантамі гаворка ў

слухаўцы перабівалася гукамі тэлебача і магнітафона, і ён круціў настройку, на імгненне зусім страціўшы размову. Нарэшце ён зноў пачуў ваяўнічы і непахісны голас новага суразмоўцы:

‘’… Ветрадуі, што дзьмуць ў дзяржаўныя ветразі, урэшце прыгоняць краіну ў расейскую гавань. Сёння пры ўладзе – прыхадні ды манкурты, якія ніколі не любілі краіну, не разглядаюць нас як суродзічаў. Яны – галоўныя ворагі. Галоўная іх задача – не дазволіць ліцьвінам аб’яднацца – аніякім чынам. Ні пры якой умове, ані на якой падставе: ці то мова, культура, прафсаюз ці нейкая суполка.’’

Нехта памяркоўны не згадзіўся:

‘’Сёння начале краіны не баязлівы чалавек, ён не адрачэцца толькі таму, што некаму так хочацца. І гэта для нас добра. Калі б у нас быў слабы кіраўнік, то мы б, як "зборачны цэх былой імперыі", даўно былі б жабракамі. Ва ўмовах рэальнага раскладу сіл у свеце нам свяціў лёс Берага Слановай Косці. Ва ўсіх гэтых "далоў" - не беларускі след. Можна толькі ўявіць, што адбылося б у краіне і свеце, калі б ён сёння падаў у адстаўку? Як радасна раўла б усцешаная публіка, якая так хоча з дзяржавы зрабіць парабка…’’

Моцны вецер з дажджом сарваў чорную плёнку з капітана і ён вымушаны быў прыпыніць сваё слуханне, вымакшы яшчэ раз, але на гэты раз ужо дасканала абкруціў чорнай плёнкай сябе з ног да шыі, а на галаву ўздзеў нешта кшталту пластмасавага вядзёрка. Ён ізноў скіраваў цэлік апаратуры ў вакно. Нехта — капітан ужо страціў класіфікацыю галасоў, спадзяючыся на запіс размоў — прамаўляў:

‘’Грантасмокі — спрэс ''папы Гапоны'', змагаюцца за ''справядлівасьць, дэмакратыю і ўладу''. Той, хто плаціць грошы, хоча, каб яны паніжалі легітымнасьць нашай улады, як унутры краіны, так і за яе межамі, у вачах міжнароднай супольнасьці. Тым самым аўтаматычна паніжаецца і легітымнасьць самой краіны. Такім чынам рыхтуецца глеба, пры пэўных абставінах, да ўмяшання чужых краін у нашы ўнутраныя справы. Цэтлік ''крывавы дыктатар'' небяспечны для суверанітэту. Гэта мы назіралі пры падзеях у Сербіі, Іраку, а зараз на Бліжнім Усходзе. Нам патрэбен Дыктатар з Нацыянальнай Ідэяй! Нашы ''грантасосы'' і ''дэмакраты'' раз'ядноўваюць наша грамадства, сапраўдныя палітыкі так не робяць.’’

Хрыплы цвердзіў:

‘’Самая галоўная наша мэта: любой цаной мацаваць суверэнітэт і незалежнасьць. З дыктатурай ці без дыктатуры — гэта ня мае значэння. Сёння дэмакратыя нясе значна больш небясьпекі страты незалежнасьці, чым аўтарытарны рэжым. Дэмакратычная прэса, што існуе на грошы сваіх спонсараў, вымушана гэтым спонсарам і служыць. Пэўныя сілы свае намаганні накіроўваюць на тое, каб улада і інтэлектуальная эліта барані Божа не знайшлі агульны грунт і інтэрас... У выніку прайграем мы ўсе: Улада і Народ! Наперадзе нас чакаюць грозныя падзеі. Цяперашні час, магчыма, лепшы ў нашым жыцці.’’

Цвёрды голас падтрымаў яго:

‘’Старэйшае пакаленне з жахам глядзіць на ''новую амерыканскую дэмакратыю''. Кара-Мурза ў адной з сваіх кніжак так і напісаў : ''Бамбіць нас будуць абавязкова...''. Ужо пасля Сербіі і Ірака стала зразумела, што ''дзядзя Сэм'' абалдзеў.’’

Гаворка ішла як па пісанаму, адзін прамоўца выказваў свае думкі і праз секунду пачынаў другі. Словы гучалі іншы раз крыху эмацыйна, але вельмі роўна і гладка, без збіваў і супярэчнасцяў, без спрэчак. Спачатку капітан Лапацін здзівіўся падрыхтоўцы прамоўцаў: ‘’Бачыш, як яны насабачыліся, мысляры-стратэгі, балбатаць’’. Але потым яму пачало здавацца, што гэта інсцэніроўка, запісаная на магнітафон.

‘’Еўропа, блін, ніяк не можа зразумець, што ”ВКЛ Беларусь” мае сакральны сэнс. Мы — пераходны модуль паміж Расіяй і Еўропай. Расія – гэта кантынэнт з сваім адрозным культурным кодам! Калі модуль адсутнічае — узнікаюць І і ІІ сусветныя войны. Духоўная філасофія немцаў, рускіх, англасаксаў, японцаў прывяла да страшных катаклізмаў… Баранэса Кэтрын мяркуе, што яна ўсё разумее, а астатнія ідыёты, дальбог, каб быў маладзейшы, я б ёй патлумачыў у чым сэнс жыцця, смак нашай скваркі і моц нашай чаркі…’’

У пакоі засьмяліся, і нехта заўважыў: ‘’Ты вычварэнец, дружа, Кэтрын мае вельмі сціплы рэйтынг жаночай прыгажосьці.’’

Папярэдні прамоўца запярэчыў:

‘’Але баранэса! І знаходзіцца ў добрых фізычных кандыцыях. Стасавацца з такой жанчынай з юнацкім юрам, ды ў розных… позах – гэта някепска, і для нашай дзяржавы карысна. Дарэчы, непрыгожыя жанчыны часцяком вельмі заклапочаныя ўласным юрам...’’

У пакоі ізноў дружна засьмяяліся і пасыпаліся жарты...

Падвёў рысу паседжання Міхал Андрэевіч. Ён ціха і мякка прамовіў:

‘’Наш народ разумны і на эфемерныя лёзунгі ''пра свабоду і дэмакратыю'' ужо не ловіцца. У народа багаты досвед у ХХ стагодзі. Дзядзька майго бацькі быў злейшы антыкамуніст ў 30-х гадах. Чакаў, як ''выратавальнікаў'', немцаў. У 1941 годзе зразу пасля акупацыіі пайшоў у сваім гарадку прапанаваць акупантам свае паслугі. Насустрач нямецкі патруль, і тут, раптам аднекуль з-за вугла вывярнулася яўрэечка з маленькім дзіцем. ‘’Хальт! Юдэ!’’— салдат вырваў дзіця з рук маці і аб вугал дома галавой, толькі мазгі паляцелі. А яўрэечку тут жа застрэлілі. Дзядзька абліўся халодным потам, павярнуўся і на ватных нагах пайшоў дадому з адной думкай: ''Гэта не людзі — гэта зверы!'' Хаваўся ўсю акупацыю ад акупантаў на хутарах, яго шукалі як ворага камуністаў, каб назначыць бургамістрам, а потым, па словах дзядзькі, прыйшлі ''нашы'' і ён пайшоў у дзеючую армію. Вярнуўся пасля вайны – усе грудзі ў медалях. Выснова: наша ўлада можа быць кепскай, недэмакратчынай, такой — сякой, але гэта ''наша''. Пытанне да ўсіх: а вось калі ''нахіляць'', і будзе ўлада чужая, то хто тады будзем мы, і ці будзем мы наогул!?’’

Галасавалі таемна, і вынікі былі адразу агучаны. Лепшыя мысляры краіны прагаласавалі аднагалосна за падтрымку.

… Праз гадзіну ад пачатку сходкі чатыры постаці імкліва выйшлі з лецішча і хутка зніклі ў цемры. Яшчэ двое, пяты і шосты, засталіся на лецішчы.

Капітан Лапацін, сабраўшы апаратуру, хутка пайшоў кругаля, пад горку, да легкавіка каля воданапорнай вежы. Галоўнае ён учуў : ‘’ 12 гадзін… пераварот… што рабіць…’’. Ён думаў, што рабіць яму самому. Калі проста тэрмінова далажыць шэфу, які ў гэты час казыча пасіянарную Яніну сваімі дужымі рукамі, то ён яшчэ доўга будзе капітанам. Ці паспрабаваць прайсьці ў дамкі? Шэфа няма, трэба далажыць аднаму з самых адданых людзей уладаносьбіта. На тых, хто ўдзельнічае ў перавароце, ставіць нельга, яны яму не павераць, проста знішчаць, каб не рызыкаваць. Трэба ставіць на старога каня! Папярэдзіць гаспадара! Выйсці на яго праз ягоных блізкіх сваякоў? Так, толькі так!

Лапацін хутка гнаў фольксвагэн у цемрадзі ночы па шашы ў Менск. Ён калаціўся ад ліхаманкі. Некалі, выконваючы баявую задачу ў гарах, ён моцна прамёрз і потым цяжка і доўга хварэў. Калі на працягу паўгадзіны ён не сагрэецца, не пераапранецца, не вып’е гарачай гарбаты і каньяку, хвароба можа вярнуца ў значна горшым варыянце….

 

1 Меркаванні і думкі выкладзеныя ў гэтым раздзеле ўзяты ў асноўным з шматлікіх каментароў і спрэчак у інтэрнэце на сайтах ‘’Nashaziamlia.org’’, ‘’Svaboda’’, ‘’Nasaniva’’ карыстальнікамі: ‘’Галіна Арцёменка’’, ‘’Уладзімер’’, ‘’Ананім’’, ‘’Verschnik‘’ і шмат іншых.

VIII

 

Мысляры з’ехалі, у пакоі застаўся Міхал Андрэевіч і чалавек у чорным, што ўвесь вечар маўкліва прасядзеў у куце. Цяпер ён зняў акуляры, накладную бараду і парык, чорны шат1 і запытаў увайшоўшага рухавага і спрытнага мужчыну ў вайсковай прамоклай вятроўцы.

 

–Слухачы былі?

–Адзін. І ўжо паехаў.

– Паглядзім, што і як яны дакладуць. І калі? Ноччу, раніцай ці ў панядзелак.

Ён зрабіў малапрыкметны рух рукой, і мужчына з выпраўкай вайскоўца знік за дзвярыма. З бездакорным праборам цёмна-русых валасоў і ўсім знешнім выглядам, рухамі і нават голасам, незнаёмец меў моцнае падабенства з цяперашнім кіраўніком дзяржавы.

– Добра, Міхал Андрэевіч. Рашэнне вы прынялі мудрае, адэкватнае і шкадаваць не будзеце аб гэтым. Галоўнае, каб выканалі і спраўдзілі, не наблыталі нічога ў сваіх дзеяннях. Бо сярод вас шмат кратоў супрацьлеглых сіл, правакатараў, ‘’папоў Гапонаў’’. Тут патрэбна жалезная дысцыпліна.

– Будзем імкнуцца. У нас сталёвая дысцыпліна.

– Чуў пра гэта і спадзяюся на вас. Гаварылі вы шмат чаго цікавага нават для мне. Але!

Чалавек, падобны да кіраўніка дзяржавы, узняў ківун і дадаў: — Усё гэта датычыць учарашняга дня. Сёння кіруе ўсімі палітычнымі рухамі сусветная фінансавая алігархія з сваімі светапоглядамі, стратэгіямі і тэхналогіямі. Мы толькі, як тыя мышы пад венікам. Вы, Міхал Андрэевіч, знаёмы з праектам ‘’Утылізацыя постсавецкай прасторы’’?

– У агульных рысах.

– Я вам дам асобнік інтэрв’ю з адным расейскім палітолагам. Дарэчы ідэя, што ‘’Савецкі Саюз – кантынент’’, мае вялікі ідэйны патэнцыял!... — Ён памаўчаў некалькі імгненняў, потым дадаў: — Хацеў бы паслухаць вашы меркаванні наконт ‘’кантынента’’.

Міхал Андрэевіч, што сядзеў у крэсле, засяроджаны, уважлівы, пры апошніх словах госця зірнуў на яго і прамовіў:

— Постсавецкая прастора знаходзіцца ў разгубленасьці, страчаны падмурак існавання, згублена галоўная Ідэя. Барыс Ельцын у свой час зьвярнуўся да інтелектуальнай меншасьці Расіі: дайце Ідэю? Цяперашні іхні лідер так-сяк сфармуляваў нешта падобнае на нейкую мэту: ‘’Рускі язык. Там, дзе рускі язык, там Расея!’’ Што гэта? Ідэя? Мэта? Тое, дзеля чаго можна пакласьці сваё жыццё, нават памерці? Гэта нават не цень Ідэі – гэта скамечаны лісток з чарнавіка імперскай ідэі. Імперская Ідэя Расіі першы раз памерла ў 1917 годзе! Бальшавікі за кошт вялізарных намаганняў выратавалі тэрыторыю, што абазначыла сябе як Расія, стварыўшы СССР. Але Леніна руская эліта да канца не зразумела, не дачытала, не дадумала. У выніку ў 1991 годзе СССР, як спадкаемца тэрыторыі, разбурыўся ізноў. Цяпер імкліва рухаюцца зьявы, якія вядуць да распаду самой Расіі.

Міхаіл Андрэевіч нярвова дакрануўся далоньню да сківіцы і, упарта свідруючы позіркам госця, доўжыў гаворку:

— Вось што выказваюць дзеячы рускай інтэлектуальнай эліты: ‘’Расейскія эліты сёння не здолелі пераасэнсаваць тое, што адбылося на мяжы 90-х гадоў. Не здолелі стварыць і прапанаваць ідэалы, узоры паводзін, матрыцы будучыні. Не справіліся з макразадачамі, звязанымі з утварэннем жыццяздольных праграм для краіны і народа. Больш таго, не ўсведамляюць пашырэння галактыкі небясьпекі, якая паступова накрывае ўсю сыстэму нашага жыцця. Эліты не пралічваюць гэтую небясьпеку, не адчуваюць іх значнасьці‘2.

Пад мураломам разбурэння Расіі могуць загінуць і некаторыя постсавецкія неакрэплыя краіны.

Госць прысеў на канапку несупраць гаспадара, узіраючыся ў шэры стомлены твар мысляра, поўны трывогі і прыхаванай роспачы, і працягваў слухаць.

— Сутнасьць кожнай імперыі ў тым, што яны жывіцца сокамі заваёваных тэрыторый, Расія некалі прыхапіўшы ВКЛ Беларусь, шмат ўзяла з гэтай тэрыторыі. Потым яна шмат узяла з Украіны, Польшы, Сібіры, Каўказа …. Але калі гібеюць калоніі, то ўрэшце гэта пачатак заняпаду самой Імперыі. Працэсы, спачатку росквіту, а потым стагнацыі і застою былі расцягнутыя ў стагоддзях, таму новым пакаленням сталі незразумелыя. А паколькі незразумелыя, то і адэкватнага лекавання не было вызначана.

— Гэта асноўны закон жыцця, – зазначыў госць і было не зразумела — згаджаўся ён з думкамі мысляра ці супярэчыў.

— У Свеце галоўны закон – Закон выжывання. Выжывуць моцныя, хітрыя, працавітыя, разумныя, адэкватныя. Загінуць слабыя, неразумныя, лянівыя, схільныя да алкагаля… Савецкая цывілізацыя, як некалі Візантыйская, загінула. Засталіся народы, краіны, засталася постсавецкая прастора. Гэта цэлы кантынет! Кантынент-цывілізацыя!

Сёння на Зямлі існуе прыкладна шэсьць цывілізацый: англасаксонская, франка-нямецкая, лацінская, кітайская, індуская, араба-мусульманская. Нас такім чынам на свеце ўжо ў бліжэйшай будучыні не існуе! Няма ні рускіх, ні беларусаў-ліцвінаў, ні ўкраінцаў, ні грузінаў, ні казахаў, ні армян… Што дзіўна – кантынент яшчэ ёсьць, а цывілізацыі ўжо няма. Праз 10-30 год на гэтым кантыненце будуць гаспадарамі прадстаўнікі іншых цывілізацый, а вось нас не будзе. Нашы ўнукі ў лепшым выпадку будуць халуямі, а ўнучкі.…

— Вельмі змрочнае бачанне будычыні, – стрымана заўважыў госць.

— Галоўная хіба расейска-савецкага кантынента – адсутнасьць моцнай эліты, якая вылучыла б прыдатную для ўсіх выратавальную Ідэю. Ужо зразумела, што гэтую Ідэю не вылучыць расейская інтэлектуальная эліта, якая знаходзіцца цалкам у полі прыцяжэння і ўплыву англасаксонскай, кітайскай і заходнееўрапейскай цывілізацый, а таксама моцна засмечана імперскай ідэяй. Двацаць год церплівага чакання постсавецкай прасторы ад маскоўскай эліты нейкай прагматычнай і жыццяздольнай Ідэі — нарадзіла Мытны Саюз, нейкія туманныя перспектывы эканамічнага аб’яднання, але ўсё гэта не мае пад сабой ніякага цвёрдага падмурка — галоўнай Ідэі.

— А Ўкрайна?

— Україна вырашыла самастойна плысьці ў бурлівым акіяне сучаснасьці, ёй цяжка супрацьстаяць чужародным цывілізацыям, бо зараз пытанні нацыянальнай ідэнтычнасьці адыйшлі на другі, трэцці, пяты план, на першы выйшлі і выходзяць згуртаванні краін у цывілізацыі. Самастойна выплысьці немагчыма, трэба да некага далучацца. Да каго можа і павінна далучыцца Украіна? Да Заходняй Еўропы? Грэцыя ўжо на вушах, транснацыянальныя кампаніі напрасткі даводзяць грэкам – прадавайце выспы, санаторыі на Міжземным моры! Украіне ёсьць што прадаваць: чарназём, Крым, прыгожых жанчын….

Госць з цікавасцю пазіраў на мысляра. Ён узважваў ягоны чалавечы і мужчынскі падмурак. Госць заўсёды дзяліў мужчын на тых хто трымаў ручкі плуга ў сваіх руках, некалі араў зямлю, і на гарадскіх людзей з асфальту. Перад гарадскімі людзьмі ён заўсёды адчуваў сваю перавагу, якія б навуковыя званні тыя ні мелі.

— Ніякім чынам не чакаў ад нацяналіста такіх цвярозых і рэалістычных меркаванняў. Але рух капіталаў, людзей, тавараў – падмурак цяперашняга жыцця?

Міхал Андрэевіч пахітаў рукой, ён хацеў скончыць сваю думку і не жадаў кранаць ідэй ‘’руху капіталаў, людзей, тавараў.’’

— Некалі Расія прадала Аляску3, грошы праматалі, праелі, іх няма, а Аляска ёсьць, толькі яна ўжо чужая. Страціўшы сваю тэрыторыю, застаецца адно выйсьце — купіць вяроўку, жадана з мылам…

— Хто ж наш галоўны вораг? — Госць пазіраў на мысляра чэпка, адказы на свае пытанні ён добра ведаў, але заўсёды правяраў сваё светаўспрыманне з гледзішчам разумных людзей з здаровым сэнсам і рэалістычным светапогледам.

— Наш галоўны вораг – гэта неакаланіялізм у любым яго выглядзе.… Саюз застаўся як кантынент…. Калі пачаць разглядаць Саюз як кантынент, то адразу супярэчнасьці паміж яго ўнутранымі апанентамі зьнікаюць…

— І каго вы ў гэты кантынент уключаеце? Якія тэрыторыі?

— Ад Фінляндыі да Карэі і нават Японіі. Але абсалютна дабраахвотна… На першым этапе – аб’яднанне постсавецкага кантынента.

— А Масква?

— Крэмаль сёння недальнабачны, думае аб прыбытках, аб дывідэндах, аб адкатах, аб эканамічнай экспансіі на чужыя тэрыторыі. Думкі людзей недалёкіх альбо … чужых…

— Гэта ўсё проста і ляжыць на паверхні, чаму ніхто раней гэта не заўважыў і не агучыў?

— Быў штучна створаны вэрхал. Калі нехта і гаварыў, не было чутна. Між тым Масква была павінна ўзяць на сябе лідэрства на постсавецкай прасторы, дапамагчы неакрэплым постсавецкім дзяржавам, не пасягаючы на іхнюю самастойнасьць, культуру, гісторыю, мову. Саюз — гэта кантынент!

Госьць у роздуме ўзняўся, хадзіў па пакоі, маўчаў.

— Ваша бачанне будычыні: што далей будзе ў гэтай барацьбе?

— Як некалі напрарочыў савецкі паэт: — ‘’Вдоль дороги – лес густой, с Бабами Ягами. А в конце дороги той – Плаха с Топорами4’’.

— Вы сапраўды так думаеце?

— Гісторыя так сцвярджае. Вось што гаворыць нямецкі ваенны эксперт Петер Шолл-Латур: ‘’Колькасьць рускіх імкліва змяншаецца, у той час як колькасьць нярускіх, наадварот, расце. Не Кітай і нават не Іран, а менавіта Расія ў бліжэйшыя адно-два дзесяцігодзі зробіцца тэрыторыяй бязлітаснай вайны. Яе будуць рваць на часткі Захад, Кітай і Ісламскі свет у крывавым змаганні за вялізарныя мінеральныя рэсурсы.’’.

Потым, ужо ў наступных пакаленнях, гісторыя пойдзе зусім іншымі шляхамі, дзе будзе валадарыць штучны інтэлект, робаты і суполка ‘’элояў’’.

— Чым вы, Міхаіл, наогул зараз займаецеся?

— Назіраю. Іншы раз тлумачу сваё бачанне падзей, як зараз. Але збольшага слухаю. Я ўжо адной нагой у ‘’свеце ценяў’’. Там, у ‘’свеце ценяў’’, усё выразна бачна: і сучаснасьць, і будучыня.

— І што адтуль бачна?

— Мы сёння неканкурэнтаздольныя на міжнароднай арэне. Таму, як мне здаецца — бедным і нават людзям з сярэдняга класа — патрэбны новы Сталін. Інакш усе прападзём. Дзякуючы яму мы 40 гадоў, з 1945 года па 1985 год, пражылі ў спакоі. Цяпер будучыня пайшла наперакасяк, мяняецца не на нашу карысьць, яе хада залежыць ад тых дзеянняў, што ажыцяўляюць па амерыканскім лекалам часцяком выпадковыя людзі: дацэнты, кандыдаты, завлабы, загадчыкі дамоў культуры. Тыя, хто на самай справе не ўмеюць кіраваць ‘’рухам капіталаў, людзей, тавараў’’.

— Правадыр быў дыктатарам. Загінула толькі ў вайне 30 млн. нашых грамадзян.

— У барацьбе цывілізацый – гэта мізэрная лічба. 22 чэрвеня 1941 года пачалася вайна ‘’Заходняй цывілізацыі’’ супраць ‘’Савецкай цывілізацыі’’. Пры такім разглядзе падзей: Сталін — гістарычная асоба! Калі б не ён – нас ужо не было б! У цяперашніх варунках у барацьбе цывілізацый могуць загінуць сотні міліёнаў і нават міліярды людзей. Сучасная палітыка змадулявана ў тэхналагічны канвеер і не залежыць ад асобнага паліттэхнолага. Паліттэхнолагі зараз толькі выканаўцы. А Правадыр вёў за сабой народы, тлумачыў свае дзеянні.

— Быў, як той біблейскі Майсей?

— Так. Майсей таксама быў дыктатарам, мабыць, шмат народу палегла, калі ён 40 год вадзіў свой народ па пустыні. Выжылі цярплівыя, вынослівыя, паслухмяныя, веруючыя…

— Што ўяўляе сабой ‘’сусьвет ценяў’’?

— Там няма прасторы і няма часу. Адсутнічае матэрыяльнае быццё. Не існуе жаданняў, пачуццяў, эмоцый. Там валадарства ідэй. Думкаўяўленні прыходзяць у матэрыяльны Сусьвет, ствараюць і мяняюць яго. У сваю чаргу нашы жаданні, пачуцці, эмоцыі сілкуюць сваімі інтрыгамі ‘’сусьвет ценяў’’.

Госьць узіраўся ў Міхала Андрэевіча. Ён быў рэалістам і палітыкам і таму не верыў у сувязь з ‘’светам ценяў’’.

— Скажыце, Міхаіл, што такое жыццё? У агульным сэнсе?

— Жыццё? Гэта нешта кшталту тэатра. Вы прыходзіце, каб сыграць нейкую ролю. А потым вяртаецеся назад.

— Роль ужо вызначана, Там?

— Неабавязкова. Трупа збіраецца на падмосцях і кожны выбірае сабе роль. Але галоўным дзеючым асобам адтуль ідзе падмацаванне, бо яны спраўджваюць ідэі ‘’сусвету ценяў’’…

Госць пачапіў чорную бараду, акуляры, апрануў чорны шат і ветліва, задаволены, заўважыў:

— Магу вас, Міхал Андрэевіч, падвезьці да горада. Падзеі пачынаюць рухацца імкліва, таму трэба ўсім быць на месцах…

— Зараз я на сваім месцы. І ў мяне сустрэча.

— З кім, прабачце?

— З мінулым. Я, як гераіня Сартра з рамана ‘’Ваніта’’, ‘’Узнаўляю ў памяці ўсё, што са мной было, і перарабляю на свой лад.’’

— Так, так, ‘’сусвет ценяў’’. Разумею. А я вось думаю, куды вас прызначыць у будучым апараце ўлады.

— На жаль, у мяне зніклі ілюзіі. Напэўна таму, што ў мяне скончылася жыццёвая энергія.

— Вы велічына дзяржаўнага ўзроўню і не павінны разменьваць свае разумовыя набыткі на мроі і дробныя дзеянні.

У апошніх словах госця прагучалі валадарныя інтанацыі гаспадара дзяржавы.

Міхал Андрэевіч у адказ стрымана адказаў госцю:

— Бог іншы раз правярае мяне. Бывае, каб памагчы краіне – дастаткова памагчы аднаму, і тады мяняеца дух эпохі. Моцнае нечакана робіцца слабым, бездапаможным, а духоўнае ператвараецца ў матэрыяльную сілу. Ідзіце і выконвайце свой гістарычны абавязак! Зараз Вы — галоўная дзейная асоба ў нашым жыццёвым тэатры.

Госць хацеў нешта спытаць, але вагаўся, потым перасіліўшы сябе, запытаў:

— Вось вы на месцы Гарбачова ў Маскве, калі б вам паведамілі, што ў Віскулях Ельцын, Шушкевіч і Краўчук развальваюць вялікую краіну, што б зрабілі?

—Унікальны гістарычны шанец! Але не для гаваруноў. Момант для вялікіх людзей, для Напалеона, Сталіна, нават для Хрушчова... Адным крокам можна было вярнуць уладу. Арышт усіх змоўшчыкаў. Далей — працэс кшталту працэсаў над Бухарынам, Тухачэўскім і прочымі…І…

— І што?

— Выкананне волі народа!

— А меркаванне міжнароднай супольнасьці?

— Праглынулі б і нават не падавіліся б. Моц — галоўны чыннік міжнароднай палітыкі — патрабуе да сябе годных адносін.

— Якая была б воля народа?

— Жорсткае пакаранне ўсіх удзельнікаў дзяржаўнай змовы. Пасля зачыстка метастазаў і адначасова эканамічны рывок па тыпу КНР. Для гэтага патрэбна жалезная сталінская воля. Сёння мы былі б разам з Кітаем у тройцы найбольш развітых краін свету. Уладай трэба ўмець карыстацца, яна для моцных і разумных палітыкаў!

Госьць у чорным шаце ўзняўся з канапкі, з пашанай узрушана паціснуў руку мысляру і, вельмі задаволены хутка рушыў з лецішча разам з вартай, што далучылася да яго.

 

1 Шата (старбел.) – плашч(згодна кніжкі 1997 г.‘’Старабеларускі лексікон’’Прыгодзіч М.Р. і Цівановай Г.К.)

2 З інтэрв’ю галоўнага рэдактара часопіса "Искусство кино", сябрам Савета РФ па знешняй і абароннай палітыцы Д.Б. Дандурэем.

3 У 1867 годзе цар Александар ІІ прадаў Аляску за 7,2 млн.даляраў ЗША. 800 тыс. даляраў пайшло на подкуп амерыканскіх сенатараў, якія былі супраць гэтай гандлёвай дамовы.

4 Уладзімір Высоцкі, ‘’Нет, ребята – всё не так!‘’

IX

 

У панядзелак зранку Лідэр праглядаў крымінальную зводку па краіне — забойствы, рабункі, згвалтаванні, буйныя і дробныя злачынствы – усё нібыта было ў звычайных межах, нават крыху ніжэй сярэднестатыстычнай нормы. Ён недаверліва разглядаў крымінальную статыстыку. Статыстыка была справай штучнай і падкантрольнай людзям, а значыць, магла быць скарыстана ворагамі дзяржавы ў сваіх інтарэсах.

Ён гартаў звесткі, сабраныя ад размоў, звычайнай балбатні між найбольш чуйнай часткі грамадства: сярод пісьменнікаў, журналістаў, творчай інтэлігенцыі, прадпрымальнікаў, бізнесменаў…. Раптам яму кінуўся ў вочы тэлефонны дыялог між двума прадстаўнікамі нацыяналістычнай інтэлігенцыі:

‘’– У мяне ўражанне, што зараз заціш перад шалёнай бурай?

— Што так, Міхась? Ты заўсёды занадта панікуеш... Факты давай. – Мафія расправіла плечы, адчувае сябе ўпэўнена, нібы атрымала нейкі загад. Ехаў на арбоне праз Бялынічы, а там на вакзале нелегалы-таксісты граюць у карты і гучна лаюцца. Потым мясцовы жыхар шапнуў на вуха, што гэта мясцовыя бандыты. Пытанне, адкуль яны ўзяліся? Чаму так сябе вядуць? Сваімі паводзінамі яны запалохваюць шараговых грамадзян, ствараюць страх перад бандытамі, рэзка зніжаюць аўтарытэт улады. — Звычайныя лохі, а мясцовая ўлада разняволілася. Ну, нехта доіць і крышуе нелегалаў.

— Праз нейкі час еду на тралейбусе, двое добра апранутых мужчын сядзяць побач, размаўляюць, гучна лаюцца на ўвесь салон, вядуць сябе ўпэўнена і нахабна.

— Можа які-небудзь сацыялагічны эксперымент, Міша. Вывучаюць стаўленне менчукоў да нахабства.

— Так, два дні назад іду па ходніку з унукам, прабягае малады мужчына, робіць мне заўвагу. Я адказваю, узнікае спрэчка. Мужчына пачынае нервавацца і пераходзіць на ненарматыўную турэмную лексіку і пагрозы. Трымае сябе як гаспадар жыцця. Выснова: крымінал атрымаў загад: ‘’Рыхтуйцеся! Хутка ўсё гэтае жыццё будзе вашым!’’ Крымінал, Вова, заўсёды быў перадавой кагортай мафіі. Свабода для крымінала – гэта дзяржаўны хаос і жыццё ‘’по понятіям’’...

Лідэр нацыі ў роздуме некалькі доўгіх імгненняў асэнсоўваў прачытаную інфармацыю. ‘’Так, гэты інтэлігент заўважыў тое самае, што адчувае ён сам… Сярод іх сустракаюцца чуйныя і разумныя… А вось тыя, хто за гэта грошы атрымліваюць, страцілі нюх? Ці проста здаюць яго?’’

Сёння ноччу ягоны афіцэр па асобых даручэннях, маўклівы Базыль, перадаў яму ліст і відыекасету ад апазіцыйных сіл.

— Грыгорый Андрэевіч, вам пісьмо.

Лідэр разрэзаў капэрту і, узяўшы ліст, прачытаў: ‘’Шаноўны Спадар! З пэўных крыніц суполка ‘’Ліцьвіны’’ атрымала звесткі, што ў бліжэйшыя 12 гадзін у краіне адбудзецца наменклатурны пераварот. Цяперашні кіраўнік дзяржавы будзе звергнуты.

Маючы па шэрагу пытанняў кардынальна адрозныя ад Вашых меркаванні па шляхах развіцця краіны, між тым мы прызнаём заслугі ў абароне суверэнітэту краіны, у сацыяльнай палітыцы, захаванні прамысловасьці і сельскай гаспадаркі. Катэгарычна нязгодныя з нацыянальнай палітыкай у развіцці ўласнай мовы, гісторыі і культуры — якое робіцца цалкам у рэчышчы ідэй царскага сатрапа М.Н.Мураў’ёва-вешальніка1, — тым не менш мы лічым, што пераварот прывядзе да ўлады агентаў уплыву замежных краін і ў далейшым стане прычынай страты суверэнітэту.

Таму патрыятычныя сілы аднагалосна будуць цалкам на Вашым баку. Прыкладаем відыезапіс, які будзе скарыстаны пры перавароце.’’

Лідэр нацыі паказаў маўкліваму Базылю, каб той прысеў у крэсла, сам падыйшоў да відака і ўставіў відыекасэту.

’’ Постаць вылезла з багажніка жаласна застагнаўшага мэрсэдэса і, зьняўшы джутавы мех з галавы, пераўтварылася ў яшчэ маладога, даволі сымпатычнага мужчыну з вусамі, у мятым сталёва-шэрым касцюме.

Чалавек-постаць зьвярнуўся да кругленькага чалавечка, што выслізгнуў з-за стырна самахода і чымсьці няўлоўна быў падобны на былых савецкіх дробных уладаносьбітаў.

- Ух ты, ну і жарынь. Аж у галаве ўсё хадуном ходзіць. Уражаньне, быццам на летаку імчалі, то ўніз, то ўверх, то ўбок, – постаць выцерла рукавом пільчака ўзмоклы твар.

- Ванька, дзе мы? …’’

Ён прагледзеў відыекасэты і прайшоў па габінэце. Увесь алгарытм дзеяння перавароту рабіўся яму канчаткова зразумелым. ‘’Цяпер можна было абвяшчаць трывогу, але што гэта яму дасьць? Вырве некалькі гнілых і прадажных ‘’іклаў’’, астатнія застануцца на сваіх месцах, а потым усё роўна ці атруцяць, ці лятак узарвуць? Няхай дзейнічаюць, праяўляюць сябе! Рызыкоўна, канечне, але затое можна атрымаць выдатныя вынікі.’’

Лідер нацыі павярнуўся да афіцэра па асобых даручэннях і запытаў:

— Што з Тодарам?

— Гатоў, як заўсёды, да працы.

— Давай яго у 6.00, няхай прыстасуецца, пап’е гарбаты, пачытае паперы. Я дам патрэбны інструктаж. Сёння ў яго будзе шмат працы.

Тодар быў двайніком Лідэра Нацыі і ўжо не раз падмяняў яго на розных сустрэчах з народам, святкаваннях, і тым самым дазваляў ашчадна расходаваць сілы. Аб існаванні двайніка ведалі ўсяго некалькі вельмі надзейных людзей, павязаных сваяцкімі стасункамі.

 

1 ‘’У Паўночна-Заходнім краі так называемую мову патрэбна зьвесьці на нішто, таму што калі гэтага не зрабіць, яна ўвесь час будзе ствараць думкі аб самастойным беларускім народзе і аб праве гэтага народа на этнічную незалежнасьць і нацыянальна-дзяржаўны суверэнітэт, чаго дазволіць нельга!’’— Мураў’ёў, генерал-губернатар Паўночна-Заходняга краю..

X

 

Каржакаваты, з бездакорным праборам цёмных валасоў, ён быў вылітай тарменай лідэра нацыі і нават тэмбр голаса быў у іх аднолькавы. Дублёр лідера нацыі ў 7.25 націснуў гузу гукавога прыстасаваньня, загадаў сакратару, - тэрмінова запрасіце на 8.00 шэфа Рады Бясьпекі Урсула Заядаліна і кіраўніка аховы Андруся Казбаевіча.

Дублёр адчуваў сябе сьвежым, поўным сіл і энэргіі. Атрыманы інструктаж дзеяньня дазваляў яму адчуваць сябе ўпэўнена пры ўсіх нечаканасьцях, ён ведаў, што яны ўсё роўна будуць дыктаваць сваім палітычным апанентам патрэбны рытм дзеяньня і сваю ініцыятыву.

— Спецыяльны даручэнец па асоба важных справах Цюлькін Іван Мурадавіч знаходзіцца ў прыёмнай, - даклала сакратарка.

— Запрошаныя асобы на 8 гадзін раніцы зьявіліся ў поўным складзе, - ізноў дадала сакратарка па гукавой унутранай сувязі.

Вось ён, пачатак запланаваных дзеяньняў, калі ўжо яму, дублёру Грыгора Андрэевіча, прыйдзецца стаць ‘’лялькай’’. Хто б мог падумаць: свой, самы блізкі Вано — і здрадзіў, прадаўся Ложкіну. Нікому нельга верыць, ніводнаму…

Лідэр-дублёр спахмурнеў і змрочна загадаў сакратарцы:

— Запрошаных асоб накіраваць у залу паседжаньняў. Івана Мурадавіча запрасіце ў габінет.

У прыёмнай з забінтаванай галавой схуднелы на твар Цюлькін падняўся з крэсла і пайшоў да дзьвярэй габінета кіраўніка дзяржавы. Усе, хто прысутнічаў у прыёмнай: афіцэры КДБ, службы аховы, адказныя асобы Савета Бясьпекі з спачуваньнем пазіралі на Цюлькіна.

Старшыня Рады Бясьпекі Урсул Заядалін пацёр пальцам вусны, пры гэтым пільна зірнуў на сакратарку і двух магутных ахоўнікаў. Тыя ледзь прыкметна кіўнулі яму ў адказ. Ідучы апошнім у залу паседжаньня, палкоўнік Заядалін непрыкметна паклаў на рог стала сакратаркі нешта загорнутае ў газэту. Гэта была відыекасэта, прывезеная ноччу з Масквы.

У зале паседжаньняў запрошаныя - іх было чалавек 50 - паселі перад тэлеэкранам.

— А ці можна? — асцярожна запытаў нехта з аховы.

— Можна, можна,— кіўнуў крыху ўзбуджаны намесьнік службы аховы Павал Пятроў. Загарэўся тэлеэкран, прысутныя ўбачылі габінет кіраўніка дзяржавы.

‘’На экране тэлебача кіраўнік дзяржавы імкліва рухаўся па свайму габінету. Невысокі, тоўсьценькі Цюлькін з забінтаванай галавой, напалову сядзеў, напалову ляжаў у крэсле і гаварыў.

— Ашукалі нас маскалі і мяне чуць не прыбілі. Мардабітаў перацягнуў мяне па галаве газавым нітам. Потым завезлі на сьметнік у катлаван. Я пасьпеў апрытомнець і адпоўз у нейкае сьмецце. А яны загарнулі месца бульдозерам.

Ён памаўчаў, падумаў, потым дадаў:

— А грошы прапалі, прабач Грышуня.

— Грошы, грошы, - лідэр імкліва прабег па габінеце. — Хрэн з ім,і з грашыма. Грошы адваюем, узарвём трубацягі пару ра,з і нікуды ня дзенецца Мардабітаў, аддасьць.

Ён ня вытрымаў і, прыпыніўшыся перад забінтаваным Цюлькіным, амаль закрычаў.

— Усё, усё прапала. Усё прапала! Божа, які я быў вахлак! Вай – вай – вай, —застагнаў Грышуня і пачаў ірваць валоссе на скронях. Забінтаваны Цюлькін маўкліва працягваў напаўляжаць у крэсле.

— Вань, падкажы што рабіць? Вай – вай—вай! Прыехаў у Маскву па запрашэньні самога "Панимаешь". Прыходжу. Ён, як і ты зараз, ляжыць у крэсле і сьпіць. Ну зусім нежывы. Ну здохлы леў. Нават сьмярдзець сцулямі пачаў. Вай-вай-вай, — заенчаў гаспадар габінета і рвануў чупрыну на галаве.

— А перад гэтым Генадзь, блін, разам з другім Генадзьевічам, падбухторылі мяне, кажуць, што калі пас…ь на здыхаючага ільва, то сам станеш ільвом. Вай-вай-вай! Грышуня ізноў з адчаем скубануў уласныя валасы на патыліцы.

— Я, я ..., як той тумак, толькі хацеў так чуць-чуць пасікаць, ну самую кропельку сікнуць на ільва. Ведаеш, надакучыла быць ваўкадавам. Увесь час усё душыш і душыш гэтых палітычных авечак і сернаў. А нашы палітычныя бздуны такія серуны, чуць шкамутнеш іх за вантробы – дык такога смуроду наробяць, па ўсёй Эўропе чуваць. А леў — ён ляжыць у цяньку, у цяпле, і дрэмле. А вакол ваўкадавы і другія ваўкі, і чуць ты зевануў, яны ўжо рвуць цябе за горла. А ільва, ільва — ніхто не чапае. Ну і вось, толькі я прыстроіўся, каб пасікаць, так толькі кропельку, чыста сымбалічна... А ён раптам расплюшчвае адно вока — у мяне і дух заняло. Зразу і сікаць расхацеў, а ён як гаркне, ды як хапне за маё інтымнае месца — і адарваў увесь мой мужчынскі гонар к чортавай матары.

Грышуня зірнуў уніз на інтымнае месца, памацаў і пачаў выць.

— Вай-вай-вай, — ён заплакаў. Доўга маўчаў, выціраў сьлёзы. — Лекары іхнія падлаталі, нешта там падшылі, зараз, каб пасікаць, прыходзіцца рабіць гэта як жанчына. Вельмі, ведаеш, няёмка, струмень імчыць не туды, куды трэба.

Грышуня ізноў пачаў плакаць, потым выць, абхапіўшы галаву:

— Усё, усё меў. І ўсё страціў. Меркаваў, што стану царом. А цяпер? Народ - ён любіць сілу. А жанчыны ? Усё, усё прапала, - паўтарыў ён з адчаем. — Вань, што рабіць? Што рабіць?

— Мы падумаем, капітан. Вы свабодны. Ідзіце, пры неабходнасьці мы вас паклічам.

Вань, крыху збляднелы, сеў у крэсле.

— На выпі вады, а то інфаркт заробіш.

Ён падаў Грышуню шклянку з вадкасьцю. Кіраўнік тэрыторыі аслупянела паглядзеў на забінтаванага Ваню і механічна выпіў. Падыйшлі ахоўнікі-грамілы, узялі Грышуню пад рукі і павялі ў дзьверы.’’

 

XI

 

Дрэнькнуў тэлефон, сакратарка паведаміла:

— Вас выклікае Масква.

Цюлькін Іван Мурадавіч узяў слухаўку і з вялікім напружаннем прамовіў:

— Добры дзень, Мікалай Барысавіч.

На ягоным твары адбілася моцная няўпэўненасьць і нават страх.

— Так — так, дзякуй за віншаваньне. Дзякуй. Мы тут зрабілі маленькую ракіроўку ў сувязі з рэзкім пагаршэньнем здароў'я нашага лідэра. Вы ня супраць, Мікалай Барысавіч?

Цюлькін уважліва слухаў, потым пераклаўшы слухаўку з левай рукі ў правую, адказаў:

— Вы ўжо ў курсе? Дзякуй, дзякуй, вялікае дзякуй! Апраўдаю давер, прыкладу ўсе сілы, не падвяду. Дзякуй!

У ягоным голасе гучала вялікая пашана да суразмоўцы і шчырая падзяка за давер.

— Усё зараз агучым афіцыйна, так сказаць, для народнага ўжытку.

Ён ужо ўраўнаважыўся і адказваў на пытанні маскоўскага гаспадара ўпэўнена.

— Не, крыві няма і не прадбачыцца. Хачу і вас павіншаваць. Вы нашаму Буанапарту такое кесарава сячэньне зрабілі, што ён аніяк апамятацца ня можа. Усё шчупае і за галаву хапаецца.

Падчас размовы Цюлькін узняўся з крэсла і вёў гаворку выпрастаўшыся па камандзе ‘’смірна’’…

— Ха-ха-ха... Хватка ў вас, як у сапраўднага тыгра. Задзьвіжкі? Задзьвіжкі на трубацягах адчынены. З вызвольнай арміяй вядзём і будзем весьці барацьбу. Па маіх дадзеных, сёньня будзе арыштавана, так... - Цюлькін пачаў гартаць паперы: - Так, пятнадцаць, прабачце, сто пяцьдзесят змагароў...

Нечаканае пытанне маскоўскага ўладаносьбіта імгненна вярнула яму ўсхваляванасьць і моцную неўпэўненасьць.

— Так, так, зараз гляну, відаць, кепска напісана..., тысячу пяцьсот нацыяналістаў.

Цюлькін уважліва слухаў, соп, напружана маўчаў, сьціскаючы слухаўку потнай рукой, потым вінавата—лісьлівым голасам адказаў:

— Яшчэ не пасьпеў прагледзець паперы, пятнадцаць тысяч злосных нацыяналістаў. Для пачатку дастаткова? Ці не занадта?

Мабыць, ён выказаўся ў патрэбным ракурсе, бо ізноў пачаў набываць неабходную ўраўнаважанасьць.

— У самы раз! Што Захад скажа? А нічога. Мы ўсіх паслоў паціху выкурым. Тым больш, яны нам не патрэбны, калі дабравольна ўвойдзем на правах Заходняй вобласьці ў склад РФ.

Там, дзе пытанне датычыла ўласных інтарэсаў, Цюлькін набываў нязвыклую для суразмоўніка цвёрдасьць і непахіснасьць.

— Так. Просьба да Вас, каб Мардабітаў прыехаў, тут у нас з ім пытаньне ёсьць адно нявызначанае. Трэба яго катэгарычна вырашыць.

Цяпер Іван Мурадавіч вёў гаворку амаль на роўных, абапёршыся на грунт сваіх інтарэсаў, ён адчуў уласную моц.

— Дзякуй, дзякуй. Яшчэ раз дзякуй. Усё, што ў нашых сілах, зробім. Дзякуй. З самай найшчырэйшай павагай.

Ён сеў у крэсла і ўжо звыкла дзячыў уладаносьбіту суседняй дзяржавы, зразумеўшы, што той, як заўсёды, на добрым падпітку.

— Дзякуй. Да пабачэньня. Рад буду вас бачыць у Менску.

Цюлькін, увесь змакрэлы, з павагай паклаў слухаўку і з палёгкай выдыхнуў паветра.

— Сам "Панимаешь" тэлефанаваў, - зазначыў ён ахоўнікам і сакратарцы, што стаялі ў дзьвярах. — Віншаваў мяне з пасадай! Вось так, хлопцы. Трэба разам працаваць. Цяжкая яна, шапка Манамаха, а некаму несьці трэба.

Новы гаспадар тэрыторыі павярнуўся да тэлекамеры і сказаў, зьвяртаючыся да тых, хто знаходзіўся ў зале паседжаньняў:

— Будзьма працаваць разам?

— Будзьма, - гучна грымнулі крыху разгубленыя чыноўнікі. Некалькі чалавек з службы аховы ціхенька шапталіся, заўважыўшы некаторыя хібы інсцэніроўкі. Кіраўнік Рады Бясьпекі Урсул Заядалін хутка выйшаў у прыёмную, кінуўшы перад гэтым позірк намесьніку начальніка службы аховы Павалу Пятрову.

Павал Пятроў выключыў телебач і падняўся на трыбуну, пачаў гаварыць аб бягучым моманце ў сувязі з зьменай кіраўніцтва. Шмат каго ў зале зьбянтэжыла тэлефонная размова Цюлькіна з Масквой. Калі ‘’Сам’’ у курсе справы і не супраць ракіроўкі, то ім, фактычна каланіяльным расейскім чыноўнікам, тады ўсё роўна.

Урсул Заядалін у прыёмнай забраў відыекасэту і прайшоў у габінэт.

Цюлькін стомлена сядзеў у крэсле і нешта пакутліва ўспамінаў. Яны моўчкі паціснулі адзін аднаму рукі.

— Праколы былі? - запытаў ён у сакратара бясьпекі.

— Адзін, - адказаў Урсул Заядалін.

— Які? - запытальна зірнуў Цюлькін.

— На развітаньне сказаў: "Рад буду Вас бачыць у Менску."

— А трэба?

— А трэба: " Рад буду Вас видеть в Минске". Там, - ён паказаў пальцам уверх, - не любяць нацмэнаў. "Спадары", "Менск", "тутэйшыя", "БНР", "бел-чырвона-белы сьцяг", "Вялікая Літва" і прочую лухту. Месьцячковы сэпаратызм раздражняе сурёзных маскоўскіх палітыкаў. Мы ня можам дазволіць, каб нашыя этнічныя тэрыторыі і рэгіёны гулялі ў розныя ўдзельныя княствы. Пара канчаткова ліквідаваць усе гэтыя месьцячковыя мовы і гісторыі, штучна ўтвораныя дзяржавы.

— От блін, заблытаў мяне Мікалай Барысавіч, усё хацеў, каб мы больш патрыётаў заканапацілі за краты. Вось я і зарапартаваўся.

— Ты ўжо зусім здурнеў, Іван. Хто з табой гаварыў? — Сакратар бясьпекі, знарок блытаючы свядомасьць Цюлькіна, пастукаў сябе па галаве.

— От блін, так увайшоў у ролю, што пераблытаў кіно з рэчаіснасьцю. Што з ім будзем рабіць?

— З панам капітанам? Пад дамашні арышт, каб здуру нічога не нарабіў, а каб не сумаваў, жэншчыну яму самую сакавітую трэба падсунуць. Каб зьняла з яго напругу, выціснула сокі і сілы, каб папыхцеў як трэба.

Абодва суразмоўцы засьмяяліся. Пасьмяяўшыся, палкоўнік Заядалін пачаў інструктаваць новага лідэра краіны.

— Ён нам асабіста нічога кепскага не зрабіў. Ну рызыкнуў, хацеў стаць ільвом. Ну, не атрымалася. Але ж да гэтага шмат чаго атрымалася. Так што з павагай, з пенсіяй па стану здароўя і нават павышэньнем у чыне. Быў капітан, няхай будзе палкоўнікам ці генэрал-палкоўнікам з правам нашэньня вайсковай формы. І прашу праз хвіліну прайсьці ў залу паседжаньня для інструктажа актыва па ўдзелу ў аперацыі "Х".

Сакратар Бясьпекі зірнуў на ўсхваляванага Цюлькіна, уздыхнуў, думаючы, колькі прыйдзецца з ім мець клопату, покуль больш-менш навучыць гэтую ляльку - марыянэтку гаварыць і паводзіць сябе патрэбным чынам у прысутнасьці дзяржаўных асоб.

— Не хвалюйся, там усе свае. Яны цябе падтрымаюць.

Заядалін хутка пайшоў, бо спраў было неўправарот. Цюлькін застаўся адзін, ён хвіліну сядзеў у крэсле, потым выцягнуў у стале шуфляду, намацаў люльку, выняў, пакруціў у руцэ, узяў у рот, пасмактаў мунштук. Потым падняўся і лёгкай хадой хлапчука падбег да люстэрка, прыгледзеўся да сябе з люлькай. Вярнуўся да стала, раструшчыў некалькі цыгарэт, набіў тытунём люльку, прыпаліў і зацягнуўся.

Ён хадзіў па габінэце мяккім спружыністым крокам. Думкі цяклі звыклым рэчышчам усіх выскачак. ''Трэба іх усіх трымаць у напружаньні .... А калі скінуць?’’ Думка-страх выскачыла, як дзік з-за елкі. ‘’Нястрашна, буду генерал-лэйтэнантам з правам нашэньня формы. Грошы ляжаць у банках на Захадзе. Акрамя таго, засталося з чвэрць тоны умоўных адзінак у гаражы. Хопіць і мне, і ўнукам.'' Ён з задавальненьнем усьміхнуўся.

У 12.00 дня выконваючаму абавязак прэзідэнта Івану Мурадавічу Цюлькіну патэлефанаваў з Масквы алігарх Сымон Іванэсавіч Баброўскі і пасьля слоў віншаваньня папрасіў яго яшчэ раз уважліва разгледзець праекты прыватызацыіі Белавежскай пушчы і некаторыя іншыя.

— Няма праблем, Сымон Іванэсавіч. Сваё станоўчае меркаваньне я ўжо пішу ў гэты момант. Ніколі ня быў бюракратам.

Цюлькін тут жа начырыкаў на праекце пастановы, закрэсліўшы папярэдняю рэзалюцыю: "Дазволіць прыватызацыю згодна з праектам," і распісаўся.

— Сымон Іванэсавіч, першы шашлык у Нацыянальным парку з вас.

І дадаў пасьля непрацяглай прамаўчанкі ўжо па дзелавому ціха і караценька:

— Калі пералічыце актыву дывідэнды за акцыі Газпрама? Ужо пералічылі? Дарагі Сымон Іванэсавіч, шашлык за мной.

Да вечара ішлі віншаваньні з усіх канцоў Расеі, асабліва з Масквы, былі з Польшы, нават з ЗША і Канады. Тэлефанавалі з Варонежа, з Свярдлоўска, Растова, з Санкт-Пецярбурга, прасілі паскорыць разгляд прыватызацыйных праектаў нафтахіміі, калійных камбінатаў, трактарнага завода, Белаза, Маза. З Казахстану тэлефанаваў сам Ардабаеў, прасіў дазволу на ўдзел у прыватызацыі лясных масіваў Віцебскай вобласьці. З Свердлоўска губернатар Косель прасіў дазволу на прыватызацыю Жодзінскага МЗ.

Некаторыя праекты в. а. прэзідэнта Цюлькін падпісаў яшчэ да чатырох гадзін дня. Як крумкачы, зьляталіся на Беларусь усе, хто хацеў пажывіцца целам яшчэ жывой дзяржавы.

 

XII

 

У 16.00 выконваючаму абавязкі прэзідэнта Цюлькіну Івану Мурадавічу прыйшло тэрміновае паведамленьне пра выбух на нітцы газавага трубацяга ў раёне Крупак. Яшчэ не спалохаўшыся, але насцярожыўшыся, Цюлькін перастаў падпісваць праекты і забараніў сакратарцы пераключаць ягоны тэлефон па дробных і віншавальных тэлефанаваньнях.

У 17.15 Цюлькіну тэрмінова паведамілі аб новым выбуху на двух нітках трубацягу газу ў раёне Баранавіч. Засталася непашкоджанай адна нітка трубацягу. Выконваючы абавязкі Іван Мурадавіч імгненна ўспацеў і аб'явіў надзвычайнае паседжаньне Рады Бясьпекі і Савета Міністраў.

Першы зьявіўшыся на паседжаньне ў 17.30 намесьнік начальніка аховы, узбуджаны і спалоханы, Павал Пятроў паведаміў: толькі што адбыўся замах на жыццё сакратара Рады Бясьпекі Заядаліна, які ў цяжкім стане адпраўлены ў рэанімацыю ваеннага шпіталя. Разгублены Цюлькін не пасьпеў перавесьці дух, як сакратарка паведаміла, што на дроце прэм’ер-міністр Расеі гаспадзін Мардабітаў.

Іван Мурадавіч з цяжкім сэрцам узяў слухаўку.

— Ты што там робіш? - крычаў узьюшаны Мардабітаў па тэлефоне. — Ты дыктатар ці мокрая курыца? Што ў цябе робіцца на трубацягах? Прымай самыя крутыя меры, але навядзі парадак. І мне далажы. Трымай у курсе справы. Дзе Заядалін? Дай мне Заядаліна.

Тутака Цюлькін з засмучаным, праніклівым і трагічным голасам, але ўнутры з велізарным задавальненьнем, вельмі артыстычна, паведаміў Мардабітаву:

— З вялікім жалем…. На Урсула Раманавіча зроблены замах у выглядзе тэрарыстычнага акта, ён забіты.

— Што-о-о? Бл...і, су.. і, пазабіваю ... - Мардабітаў кінуў слухаўку.

Цюлькін паклаў сваю падкрэслена асцярожна, ён ужо заспакоіўся і ўсё зразумеў: пара было пакаваць валізы.

Курс даляра на расейскіх таргах імкліва рваўся ўверх, пад вечар ужо давалі за даляр удвая больш, чым з раніцы. Абменнікі ў Маскве зачыняліся, таргі на фінансавай біржы прыпынілі сваю работу. Курсы расейскіх акцый на Нью-Ёркскай і Лёнданскай біржах рэзка пайшлі ўніз.

У 18.00 прыйшло паведамленьне аб масіраваным абстрэле будынкаў КДБ і Савета Міністраў з гранатамётаў. Ёсьць параненыя і забітыя. У 18.45 прыйшло наступнае паведамленьне: пры ўзбраенні, разам з бутафорскімі паўстанцамі, большую частку зброі атрымала патрыятычная апазыцыя, якая зараз бярэ пад свой кантроль некаторыя раёны сталіцы.

Выканаўчая ўлада разгублена бяздзейнічала. Вераснёўская ноч несла няўпэўненасьць, дождж, невядомасьць.

 

XIII…

 

Аўтар прапануе чытачам стварыць сваю версію ХІІІ главы.

 

…XIV

 

У Маскве прэмьер-міністар Мардабітаў разьюшана крычаў, тупаў нагамі на тэрміновым паседжаньні ўладных і алігархічных колаў, чуць не браў генэрал-лейтэнанта ФСБ Фарыда Іванова за штрыфелі генеральскага мундура.

— Вярні мне Грыгора Андрэевіча, інакш я з цябе генеральскія пагоны разам з лампасамі зьдзяру. Нам стабільнасьць патрэбна, а не твае фокусы.

— Усё ўзгоднена, - адбіваўся Фарыд Ахмедавіч.

— З кім, з кім узгоднена?

Цяпер злосна гырчэў ўвесь склад Савета Бясьпекі і алігархічна-уладнае кола, нават сам Сымон Іванэсавіч пагрозліва і злавесна блішчэў вачыма, седзячы сярод буйнейшых бізнэсменаў краіны. Фарыд Іваноў, загнаны ў кут, маўчаў.

У 21.00 прыйшло паведамленьне з Менску аб тым, што кароткім рашучым ударам паўстанцы выбілі ахову з палаца прэзідэнта і занялі тры паверхі будынку. Не падымаючы сьцягоў і нічым сябе не абазначыўшы, касінеры распаўсюджвалі свой уплыў па ўсёй тэрыторыіі сталіцы. У 22.00 гадзіны над будынкам тэлецэнтра падняўся бел-чырвона-белы сьцяг, патрыёты на 20 хвілін выйшлі ў тэлеэфір па беларускім тэлебачаньні з тэрміновым зваротам да народа аб падтрымцы законавыбранага прэзідэнта і аб захаванні грамадзянскага міру і стабільнасьці ў краіне….

У 23.14 па ўсёй тэрыторыі сталіцы ішлі баі з прымяненьнем танкаў і БМП. Гарэў будынак КДБ. Было незразумела, хто з кім ваюе.

Толькі ў 00.45 прыйшло паведамленьне аб тым, што паўстанцы выціснуты з тэлецэнтра, над будынкам падняты чырвона-зялёны сьцяг. У Маскве перавялі дух. Фарыд Іваноў зірнуў на гадзінік і ціха прамовіў:

— "Віцязь" сваю справу ведае. - Усе прысутныя ўладныя і алігархічныя асобы зірнулі на яго ўважліва і нічога не сказалі.

Да 6.00 гадзін раніцы наступнага дня ніякіх паведамленьняў з Менску не паступала. Па габінэту прэмер-міністра нярвова сноўдаліся міністры, адказныя работнікі Савета Бясьпекі. Ніхто ўсю ноч ня клаўся адпачываць.Фарыд Іваноў выходзіў некалькі разоў, каб перагаварыць па ўрадавай сувязі з сваімі памочнікамі і намесьнікамі. На ім зараз спрасавалася ўся ўвага прысутных. Дыпламатычныя каналы, амбасады, акрэдытаваныя ў Менску журналісты перадавалі вельмі супярэчлівыя сьведчаньні. Некаторыя незалежныя журналісты інфармавалі, што ў цэлым у Менску ціха, па гораду езьдзяць мноства ваеных машын з вайскоўцамі, ідзе стральба, невядома дзе і ў каго. Цэнтр горада блакіраваны, сярод замежных журналістаў мелася вялікая колькасьць забітых і параненых.

Нарэшце ў 6.25 Фарыд Іваноў пасля перагавораў з сваім першым намесьнікам урачыста паведаміў:

— Становішча ўзята пад кантроль. Грыгорый Андрэевіч знаходзіцца ў сваёй рэзыдэнцыі і займаецца навядзеньнем канстытуцыйнага парадку ў краіне.

Гучнымі і дружнымі воплескамі прысутныя агучылі сваю радасьць. Прэмьер-міністр Мардабітаў ад усёй душы паціснуў руку генэрал-лейтэнанту і на ўвесь габінэт міністраў папрасіў прабачэньня за абразлівыя словы, прамоўленыя ў вельмі напружаны лёсавызначальны момант.

— Прабач, Фарыд Шаламавіч, ведаеш, гэта як у рукапашнай на фронце, адзін сплашны мат… Тут, брат, не да палітэсу. Але не дарам ясі свой нялёгкі хлеб. Малайцы, спрацавалі выдатна. Ура! Можаце сьвідраваць дзюрку для зоркі Героя Расіі.

— Ура! - грымнулі прысутныя і пацягнуліся чаргой з віншаваньнямі да героя мінулых сутак.

Мардабітаў тут жа набраў менскі нумар прамой сувязі з прэзідэнтам.

— Добры дзень, шаноўны Грыгор Андрэевіч. Рад, рад вельмі вас пачуць. Што там у вас адбылося? Мы ўсе вельмі ўсхваляваны падеямі. Вельмі непакоімся. Як ваша здароўе? Так. Так? Змова! Мы гэта зразумелі. Жорсткай рукой. Правільна. Мы падтрымаем вас, гэтых бел-чырвона-белых даўно пара перасаджаць. Ня можа быць? Каб у нас, у Маскве? Ня можа быць ніколі! Ужо абмеркавалі з самім прэзідэнтам Расеі? Добра, мы тут разьбяромся. Трымайцеся. Мы заўсёды з вамі. Да пабачэньня.

Прэмьер-міністр змрочна паклаў слухаўку і ўважліва паглядзеў на кіраўніка ФСБ Фарыда Іванова.

У 12.00 гадзін дня НТБ перадало прэс-канферэнцыю з Менска лідэра краіны перад замежнымі журналістамі.

Лідэр краіны, пахудзеўшы і абсунуўшыся за суткі, вельмі ўраўнаважана і стрымана агучыў першыя вынікі расследаваньня спробы антыканстытуцыйнага перавароту ў краіне, якая выклікала мноства ахвяр сярод мірнага насельніцтва і, у першую чаргу, сярод журналістаў айчынных і замежных сродкаў інфармацыі.

‘’— … Была спроба зваліць падзеі на так званую патрыятычную апазыцыю, але самае хуткае, па гарачых сьлядах, вывучэнне чыннікаў не пацьвердзіла гэтую версію. Чыннікі сьведчаць аб змове вузкага кола ўплывовых дзяржаўных асоб з удзелам некаторых замежных спэцслужб і алігархічных колаў. Арыштаваны ўдзельнікі змовы: Цюлькін Іван Мурадавіч, Павал Пятроў, каля параненага сакратара Савета Бясьпекі Заядаліна пастаўлена ўзмоцненая варта. Арыштаваны некаторыя іншыя асобы, што прынялі актыўны ўдзел у змове. Усе яны будуць названы па прозвішчах, іх няшмат. Краіна павінна ведаць сваіх антыгерояў. Яны мелі ўсё і здрадзілі, перш за ўсё, дзяржаве, народу. Яны панясуць справядлівае і жорсткае пакараньне…

… Cёння наш галоўны вораг – гэта неакаланіялізм у любым яго выглядзе. У сённяшніх варунках ідзе барацьба цывілізацый за тэрыторыі, сыравіну, за выжыванне. Ніводны невялікі народ выжыць не здолее. Цывілізацыямі можна абазначыць: кітайскую, індускую, араба-мусульманскую, лацінскую, франка-германскую і англасаксонскую. Савецкая цывілізацыя знішчана. Сёняшняя памылка як русафобаў, так і русафілаў у тым, што яны разглядаюць Расею як Імперыю. Расея як Імперыя памерла ў 1917 годзе і ў 1991. Але Расея засталася як кантынент. Калі пачаць разглядаць постпрастору як кантынент, то зразу супярэчнасьці паміж яе ўнутранымі апанентамі зьнікаюць. Бо выжыць кантыненту, як цывілізацыі, магчыма толькі аб'яднаўшы свае намаганні. Гэта значыць, не цкаваць беларусаў ці ўкраінцаў за іх жаданне карыстацца сваімі мовамі і культурнымі кодамі, а вылучыць нафтавыя і газавыя радовішчы для карыстання тым жа беларусам і украінцам. Гэта значыць, асвойваць кантынент супольна, а не аддаваць яго іншым цывілізацыям.

Сёння да гэтага кантынэнта могуць далучыцца нават Фінляндыя і Летува, Латвія і Эстонія, Манголія і Карэя, нават Японія. Але ўсе абсалютна добраахвотна. Ім таксама дзявацца няма куды. На першым этапе – аб’яднанне старога постсавецкага кантынента.

Трэба думаць не аб прыбытках, дывідэндах, адкатах, эканамічнай экспансіі на чужыя тэрыторыі. Трэба думаць аб супольным выжыванні.

Расія павінна ўзяць на сябе лідэрства на постсавецкім прасторы, дапамагчы неакрэплым постсавецкім дзяржавам, не пасягаючы на іхняю самастойнасьць, культуру, гісторыю, мову. Расія — гэта кантынент! Кантынент, як Лацінская Амерыка, як Еўропа. Кантынент з сваімі народамі, дзяржавамі, культурамі, эканамічнымі сувязямі, інтарэсамі…

Пры спробе сабраць новую імперыю кантынент патоне ва ўнутраных супярэчнасцях. Зараз ідзе барацьба цывілізацый за выжыванне, але ў будучыні ўжо нябачна і Расіі, і Украіны, і Беларусі, і Казахстана… Супраць кітайскай, англасаксонскай, франка-германскай, мусульманскай і лацінскай цывілізацый – Расія як дзяржава — толькі сыравінны прыдатак…

Я веру ў рускі народ! У другой сусветнай вайне, у вайне цывілізацый ён выказаў выключную моц і мужнасьць, выратаваў чалавецтва ад карычневай чумы. За 300 год свайго існавання, рускі народ атрымаў мноства вялікіх перамог і шмат параз. Але сёння я не магу паверыць, што рускі народ не вытрымае новых пагроз, не знойдзе на іх адказаў, захлынецца ў гарэлцы і наркаце…

Хачу крыху выказаць некалькі слоў пра ідыялогію шаманізма якая нажаль валадарыць у нашага брацкага народа і якая ў некатарых аспектах так ці інакш дубліруецца некаторымі ўладнымі асобамі і ў нашай краіне. Некаторыя кіруючыя асобы не паспеюць нешта запланаваць і дасягнуць вынікаў, як пачынаюць біць у бубен і крычаць на ўвесь сьвет, што дасягнулі выключнага поспеху, нават тэхналагічнага прарыва. Між тым хачу заўважыць, што інтэрнэт амерыканцы пачалі ствараць для сябе ў шэсцідзесятых гадах мінулага века. Яны давялі гэта вынаходства да самаго найвышэйшага ўзроўню і толькі пасля гэтага пусцілі ва ўжытак усёй цывілізацыі, зрабіўшыся адзіным манапалістам інфармацыйных тэхналогій.

1Сёння на Захадзе, перш за ўсё ў ЗША, рыхтуецца магутны навукова-тэхналагічны рывок, які вызначыць будычыню чалавецтва на бліжэйшыя сто год. У Амерыцы за апошнія двацаць год собраны квецень інтэлектуалаў з некалькі міліёнаў з усіх краін свету, прыкладна так, як некалі зрабіў Эдысон у сваёй лабараторыі. Вынікі працы гэтых людзей створаць новыя стандарты для ўсёй цывілізацыі і якія прынцыпова будуць незнаўляемыя на папярэдняй тэхналагічнай аснове.

Новы тэхналагічная пабудова грамадства будзе зроблена і пачне распаўсюджавацца з тэрыторыі ЗША, забяспечыць ім у ХХІ стагодзі звыклую ролю глабальнага правадыра цывілізацыі.

Амерыканская эканоміка пачынае збаўляцца ад прафесій нізкай кваліфікацыі. Уся вытворчасьць з малакваліфікаванай ручной працай пераводзіцца ў краіны трэцяга свету. Тэхналогіі аўтыматызаванай вытворчасьці застаюцца ў ЗША. Хутка пачнуць прадавацца робаты-дворнікі, робаты-кельнеры, бармэны, медсёстры, сакратары, рэгуліроўшчыкі, нянькі і шмат іншых. Ужо ёсьць цалкам аўтыматызаваныя заводы па зборцы тэлевізараў, якія могуць працаваць круглыя суткі ў цемры? Робаты можно выключыць на гадзіну ці не выключаць цэлыя суткі, можна даць каманду працаваць больш марудна ці наадварот хутка. А ваеные робаты, калі, аператары знаходзячыся за тысяч км. кіруюць дронамі, што ляцяць у Афганістане над пазіцыямі талібаў..2.’’

Лідэр краіны дакрануўся да вусоў, керхнуў у ладонь, выпіў некалькі глыткоў вады з шклянкі і працягваў казаць далей.

—Нам трэба ‘’вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца’’, бегчы з усіх сіл за сучасным прагрэсам, каб толькі не адстаць, каб не зрабіцца непатрэбным новаму гістарычнаму часу, які ўжо пачаўся. Тое, што перашкаджае нашаму грамадству рухацца ўперад, павінна быць адсунута на абочыну жыцця. Прыватны бізнэс, прадпрымальніцтва, прыбытак, высокая якасьць жыцця, правы чалавека – гэта толькі сродак, а не мэта. Нам патрэбны не шаманы з бубнамі, а высокакваліфікаваныя сучасныя навукоўцы, інжынеры-канструктары, праграмісты, тэхнолагі…’’

Нейкім дзіўным чынам лідэр падчас прэс-канференцыі непрыкметна і вельмі натуральна ператвараўся і вырастаў у правадыра нацыі. Ягоная сціпласьць, адсутнасьць ранейшай празмернай шчырасьці і эмацыянальнасьці, упэўненасьць і трапнасьць выказаных меркаванняў пачала ўплываць і на прысутных у зале расейскіх палітыкаў. Яшчэ несвядома і не зусім асэнсавана яны адчулі заспакоенасьць і жаданне падпарадкоўвацца такому лідэру, які ставіць усе рэчы і з’явы на свае месцы, і робіць гэта стрымана, без усякай амбітнасьці, проста і натуральна…

Правадыр суседняй краіны выказаў падзяку патрыятычнай апазыцыі за грамадзянскую сьпеласьць і мужнасьць, якая не падтрымала змоўшчыкаў і тым самым папярэдзіла спробу развязваньня грамадзянскай вайны.

На прэс-канферэнцыіі лідэр агучыў прынятыя рашэньні, якія выклікалі ўсеагульную цікавасьць. Апазыцыя атрымлівала, як мінімум, чатыры міністэрскія партфелі: міністэрства замежных спраў, міністэрства бясьпекі, міністэрства адукацыіі і міністэрства культуры. Акрамя таго, адзін з інтэлектуальных лідэраў апазыцыі, знакаміты паэт Сьвярдзёлка будзе ўзначальваць беларускае тэлебачанне. Выдзелены сродкі на стварэньне Беларускага нацыянальнага універсытэта з беларускай мовай навучаньня. Ужо назначаны рэктарам БНУ вядомы дзеяч Адраджэньня Кароль Алег Анатольевіч. ‘’Будуць прыняты і іншыя вельмі значныя меры па ўмацаваньні ўласнай культуры і адукацыіі’’.

Прэмьер-міністр Мардабітаў абсеў на крэсле і, зьвяртаючыся да вузкага кола маскоўскіх дзеячоў, сказаў знакамітую, шмат разоў цытаваную думку:

- Хотели как лучше, а получилось как всегда.

У той жа вечар алігарх Сымон Іванэсавіч Баброўскі тэрмінова адбыў з валізамі на прыватным летаку за мяжу на пастаяннае месца жыхарства ў Лондан.

Наступны дзень прынёс вестку аб адстаўцы генэрал-лейтэнанта Фарыда Іванова з пасады шэфа ФСБ.

Толькі непатапляльны лідэр партыі Андрусь Хананавіч Турчык па ранейшаму тусаваўся ва ўладных колах. Злыя языкі казалі, што ён сядзеў на трох гаршках, прадаючы інфармацыю ўсім, каму яна была патрэбна.

Мабыць, ён і быў таемным "Сябрам".

Верагодна, ён таксама інфармаваў лідэра суверэннай краіны аб змове. Канечне, за фінасавую падтрымку сваёй левацэнтрысцкай дэмакратычнай партыі.

 

1 Гэтая частка тэкста ўзята з артыкула амерыканскага навукоўца Валеры Мядзведзява.

‘’Калі я чытаю ў расейскіх, ды і ў сусветных мас-медыяхразвагі аб хуткім ‘’закаце Амерыкі’’, на змену якой у ролю ‘’глабальнага лідэра’’ вось-вось выступіць паўтары міліярда камуністычна упарадкаваных кітайцаў, ці нехта іншы, то мне робіцца нават не смешна, а сумна…

2 Скарочаны працяг артыкула Мядзведзева ‘’…Пытанне заключаецца ў тым, як быць людзям, якія працаваць у новых умовах не ўмеюць? Адказ на гэтае пытанне некалі зрабіў Ленін: ‘’ вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца!’’ У бліжйшы час зьявяцца праграмные комплексы, што дазволяць чалавеку мець зносіны з кампутарам з дапамогай голасу, рухам рук, мімікай і г.д. Кампутар зробіцца сапраўдным ‘’сябрам’’ чалавека.

Ужо сёння можна стварыць лічбавага робата, які будзе адлюстроўваць свайго гаспадара — і не толькі знешне, але і семантычна: г.зн. ён будзе адказваць на пытанні і дзейнічаць у розных сітуацыях так, як гэта б рабіў яго гаспадар. Асноўны эффект такога ‘’лічбавага’’ чалавека выявіцца з зьяўленнем праграмных комплексаў аўтаматычнага навучання чалавека з ранега ўзросту і на ўсё астатняе жыццё. Гэта дасьць магчымасьць атрымаць новыя веды за найменьшы час. Чалавек не будзе баяцца робатаў, ён будзе рабіць тое, што робаты не ўмеюць, займацца даследаваннямі і ствараць новыя тэхналогіі.

Гаворка ідзе аб стварэнні грамадства ведаў і аўтаматызацыі навучання, што прывядзе да новых, цяжка прагназуемых вынікаў.

‘’Лічбавы’’ чалавек будзе увесь час набліжацца і злівацца з чалавекам біялагічным – аж да поўнай адметнасьці і індывідуальнай бесмяротнасьці ў выглядзе ‘’лічбавай матрыцы’’ увасобленай у розные матэрыяльные формы.

Двайная спіраль ДНК у клетцы чалавека знаходзіцца ў скручаным стане і займае прыкладна пяць тысячных доляй кубічных міліметраў. Калі спружыны ДНК усіх 100 трыліёнаў клетак аднаго чалавека выцягнуць у адну лінію, то даўжыня гэтай лініі будзе роўна некалькім дзесяткам адлегласцей ад Зямлі да Сонца. Такім чынам, звесткі аб іншпланецянах трэба шукаць не толькі ў космасе, але ўнутры сябе. Чалавецтва стаіць на ганку выхаду ў генетычны космас. Калі чалавек выйдзе ў генетычны космас і пачне несьці туды сваю інфармацыю, тады можна будзе рабіць кібаргаў і жыць тысячу год, ствараць штучныя экалагічные сыстэмы, якія будуць працаваць ад любой крыніцы энергіі, і свабодна рухацца нават ў касмічнай прасторы.

Усяго толькі тысячу год на Зямле ўмелі чытаць тры адсоткі насельніцтва… Тысяча год – гэта тысячу абаротаў планеты вакол Сонца. І за гэтыя імгненні чалавечай цывілізацыіі адбыўся інфармацыйны выбух. У бліжэйшыя 10-15 год мы станем сведкамі барацьбы дзяржаў за захаванне сваіх пазіцый. Але новыя тэхналогіі прывядуць да паступовага адмірання дзяржаў і нацыяў. Гэты працэс займе цэлую гістарычную эпоху.’’

XV

 

Пад вечар расейскі прэзідэнт краіны запрасіў прэм’ера Мардабітава да сябе. Калі прэм’ер зайшоў у габінэт, прэзідэнт сядзеў бокам да дзьвярэй і ў сутонні надыходзячага вечара глядзеў у вакно. Прэм’ер кашлянуў, і калі прэзідэнт кіўнуў галавой, прамовіў:

— Па маіх даных, Ён хоча паказаць па тэлебачаньні фільм, што быў прычынай перавароту.

— Тэк.

Кіраўнік краіны ізноў кіўнуў пасівелай за суткі галавой і, уражаны, здзіўлены прэм’ер вымушаны быў працягваць гаворку:

— Гэта можа выклікаць антырускія настроі.

— Какая част фильма, пэрвой или второй ? – з моцным грузінскім акцентом запытаў гаспадар габінэта.

— Нічога ня ведаю пра другую, - спалохана і стомлена прызнаўся прэм’ер і раптам імгненна ўспацеў ад дзікага страху. Нешта істотна змянілася ў габінэце. Штосьці нязвыклае ўзнікла ў паветры пакоя. Зьнік дэмакратызм і лёгкасьць стасункаў, што склаліся між прэзідэнтам і прэм’ерам за апошнія гады. Аўра гераічнай і жорсткай, бязлітаснай эпохі валадарыла ў памяшканні. Гаспадар габінэта павярнуў такі знаёмы па кінахроніцы вусаты твар і пранізліва зірнуў на Мардабітава, які адчуў, як валасы ўзняліся на ягонай галаве, але па інэрцыі хрыплым сцішаным голасам запытаў.

— А што ў другой?

— Во второй такой вэшч, что нормальнай чэловэк, увидэв, будэт смотрэт на нас, как на идыотов. І тэпэр я, руководитэль страны, вынуждэн афициально прасит их нэ паказват касэту народным массам, нэ провоцировать антыруския волнэния в рэгіоне.

Ён памаўчаў, потым, выйшаўшы з-за стала, невысокі, апрануты ў свой маршальскі мундзір, нетаропка прайшоў па габінэце па мяккім дыване, павольна вярнуўся назад да стала і, прыпыніўшыся каля Мардабітава, зірнуў усутыч на яго тыгрынымі вачыма і валадарна-ціха запытаў.

— Скажитэ, товаришч Мордобитов, как отвэтствэный работник, как прэдсэдатэль Совэта Министров страны, откуда аны бэрутся, эти враги народа? І почэму вы позволяетэ врагам всё врэмя ставит нашэй странэ палки в колёса? Что вы лично, как прэдсэдатэл правитэльства, сдэлали, чтобы прэдотвратить эти вражэские дэйствия?

Прэм’ера працяў сьмяротны жах, ён зьбялеў ад страху, у гэты момант ён нечакана зразумеў раней недаступнае для яго ўсведамленне, што гісторыя вызначана і кіруецца нейкімі непадуладнымі людзям сіламі, і што яны, цяперашнія носьбіты вышэйшай дзяржаўнай улады—толькі выканаўцы. Спроба памяняць хаду гісторыі вядзе да незлічоных страт і жорсткага бязлітаснага пакарання.

Правадыр сеў за стол і ўжо афіцыйным і, як падалося прэм’еру, добра знаёмым злавесна-уладарным голасам запытаў:

— Что думаетэ вы, товаришч Мордабитов? У нас сложилось мнэние, что вы думаетэ, что всё так и пройдёт бэз наказания. Вы глубоко ошибаетэсь! За всё прыдотся отвэтить самым жэстоким образом

— Что я должен делать, что бы исправить допущеные ошибки?

Прывід — прэм’ер нарэшце зразумеў, што перад ім прывід — зірнуў сваім тыгрыным позіркам, нібы прасканіраваў Мардабітава да самых таемных пачуццяў і думак. Глыбіня розуму і ўладарная энергія прывіда засведчыла прэм’еру, што яны, цяперашнія носьбіты вышэйшай дзяржаўнай улады, проста дзеці ў параўнанні з гістарычным правадыром вялікай дзяржавы.

— Допущэные ошибки?! У каждой ошибки есть имя и фамилия. Развэ их могут исправить тэ, кто совэршил эты ошыбки? И развэ это ошыбки? Это заранэе сознатэльно спланированые прэступлэния! Кстаты, ваша фамилий означает, что это вас бъют по морде, ‘’господин Мордобитов?’’, или вы сами бъёте…?

У апошніх словах прывіда-правадыра прагучаў непрыкрыты сарказм і зьдзек, і прэм’ер зразумеў, што ягоны лёс, як і лёс іншых цяперашніх уладаносьбітаў краіны некім недзе там, ужо вызначаны. Вызначаны непахісна, жорстка і бязлітасна. Мардабітаў у роспачы завыў, рвануў дзвюма рукамі за валасы на галаве і паваліўся на калені, працягваючы выць і біцца галавой аб падлогу…

Правадыр, ужо не прывід, пазіраў на прэм’ер-міністра, што біўся аб падлогу, потым як тыгар, задумліва мурлыкнуў сабе пад нос:

—… А в конце дороги той – Плаха с Топорами!… — Ён нетаропка ў роздуме прайшоў па свайму габінэту да стала. — А он неплохо озвучил: ‘’Союз – континент-цывилизацыя!’’

Праз нейкі час медработнікі ў белых халатах неслі прэм’ера на дручках з пустога прэзідэнцкага пакоя, і Мардабітаў, пазіраючы шкляным позіркам нерухомых вачэй у бездань гістарычнага часу, чуў, як побач з спачуваннем нехта прамаўляў:

— Перанапружыўся, бедалага, не вытрымаў апошніх падзей.

— Звар’яцеў бядак, — дадаў нехта другі ў белым халаце. — А някепскі быў прэм’ер. Ліберальны палітык і дэмакрат …

— Вар’яты! Вар’яты! – мармытаў Мардабітаў, ківаючыся на санітарных дручках і з жахам узіраючыся ў блізкую будучыню краіны...

Раніца наступнага дня прынесла вестку з Лондана, дзе звар’яцелы алігарх Баброўскі выкінуўся з восьмага паверха свайго гмаха. У самой краіне за прабеглы дзень развіталіся з жыццямі, наклаўшы на сябе рукі, яшчэ некалькі алігархаў. Прывід дзейнічаў хутка, рашуча і вынікова.

 

2004-2011 гг. г.Meнск.

 


1998-2010

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая