epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Травень

Гульня белымі фігурамі

Анатацыя.
I. Лепшыя імгненні жыцця
  Вяртанне
  Дамінанта
  Тост
  Віват спадарству !
  Пераможца
    I
    II
    III
    IV
    V
    VI
  Сезон дажджоў
    I
    II
    III
    IV
    V
    VI
    VII
    VIII
    IX
    X
    XI
  Час збіраць камяні
    I
    II
    III
    IV
    V
    VI
    VII
    VIII
    IX
    X
  Ватэрлінія
    I
    II
    III
    IV
    V
    VI
АРТЫКУЛЫ, ВОДГУКІ, ІНТЭРВ’Ю
  Гульня фігурамі белага колеру.
    I
    II
    III
  Жыцьцё ніжэй ватэрлініі.
  Браць і карыстацца!
  Шляхі, якія мы выбіраем.
  Лепшы ў жыцці час
    I
    II
    III
    IV
  Інтэрв’ю часопісу ‘’Гомана’’.


Анатацыя.

 

Спелы талент

Так двума словамі можна акрэсліць асобу Кастуся Траўня, які сёння дае на суд чытача сваю другую кніжку прозы. Першая, пад назваю ‘’Маўчы і будзь хітрым’’, выйшла летась у выдавецтве ‘’Народная кніга’’ і, думаю прынясе шмат асалоды аматарам прыгожага пісьменства, якія любяць разважанні аб сэнсе жыцця…

Аўтар зборніка паўстае перад намі як чалавек бывалы, узбагачаны жыццёвым досведам. Яго герой разумны і адукаваны, ужо, як правіла, чалавек у гадах, які часам азіраецца назад і ацэнівае сваё прамінулае, бачыць хібы і промахі, дакарае сябе за нескарыстаныя мажлівасьці, за лішняю асцярожнасьць і нават палахлівасьць. Ягоны герой шукае цвёрды грунт, на якім можна збудаваць сваё ўласнае ‘’Я’’.

Большасьць даўно змірылася з уласнымі стандартамі пасрэднасьці. Толькі герой Траўня з ‘’маруднасцю чарапахі’’ і ‘’упартасцю асла’’ усё жыццё шукае галоўную Істыну. Дзе яна, гэтая ісціна? Каханне? Так! Але гэтага для ягоных герояў недастаткова. Пісьменнік намацвае тую мяжу, ватерлінію, ніжэй за якую ўсё нецікава, безгустоўна і пераступіўшы якую ягоны герой трапляе ў жыццё, дзе існуе светлы, шчыры, плённы сусвет. Напэўна ‘’плённы’’ – гэта і ёсць той цвёрды падмурак, на якім пісьменнік і хоча будаваць ‘’Я’’ сваіх герояў.

Менавіта самакрытычнасьць герояў шмат якіх апавяданняў Кастуся Траўня якраз і ёсьць галоўная дамінанта, якая характэрызуе галоўных герояў кнігі.

Яшчэ адна тэма-дамінанта – гэта каханне, яно так ці інакш праходзіць праз усе творы аўтара і вельмі добра афарбоўвае іх у лірычны, драматычна-сексуальны флёр, але далёка не натуралістычны, як таго дамагаюцца шмат якія маладыя празаікі.

Яшчэ што спадабаецца чытачу – гэта насычанасьць твораў роздумамі пра жыццё, пра яго сэнс, пра лёс чалавека і ўсяго чалавецтва, пра лёс нашых сучаснікаў і краіны, у якой жыве, — нашай Беларусі, якая не так ужо і даўно насіла прыгожую назву Вялікае Княства Літоўскае, а мы ўсе тады называліся ліцвінамі…

Я хацеў бы аднаго – каб як мага больш нашых чытачоў пазнаёміліся з самабытным, арыгінальным, глыбока гуманістычным і патрыятычным талентам-голасам Кастуся Траўня, каб яны разам з аўтарам выпілі з чыстай роднай крыніцы той гаючай вадзіцы, каб наталіць смагу ад бездухоўнасьці , нацыянальнага нігілізма, каб мы сталі дужэйшымі, аднавілі свае сілы ў нашым нялёгкім шляху да вяршынь сусветнай цывілізацыіі.

Кніжку дапаўняе некалькі крытычных, публіцыстычных артыкулаў, якія раскрываюць нам ягоныя погляды на ўсе тыя праблемы, што закранаюцца ў яго творах і творах нашых сённішніх майстроў слова.

Уладзімір Дамашэвіч

 

I. Лепшыя імгненні жыцця

 

Вяртанне

(апавяданне)

 

З раніцы Міхал Захаравіч – нядаўна рознічны гандляр на Жданах і апошнім часам беспрацоўны, што нарэшце дажыў да пенсіі, – прыклаўшы слухаўку да вуха, паглядаў у вакно і вёў гаворку па тэлефоне са сваёй добрай знаёмай, выхаванай і адукаванай Людмілай Янаўнай, што зараз распавядала яму пра складанасці ўласнага бытавання:

– …Міша, чалавек жыве, покуль патрэбны гэтаму жыццю. А ў нас усё ў мінулым: заробкі й блізкія сябры, і каханне, і нават проста моцныя пачуцці… Толькі й застаецца – успамінаць аб самым значным, узнёслым і велічным… Не так шмат Міша, зусім мізэр... І грошы? Ты ж ведаеш – гэта толькі сродак, а не самамэта…

Міхал Захаравіч выслухаў тыраду па-ранейшаму экспансіўнай і некалі ўзнёслай Люсі і ў сваю чаргу дадаў, як пасыпаў солі на рану:

– Па вялікім рахунку, мы, Люсі, жыццю ўжо не патрэбны. Я яшчэ імкнуся за нешта зачапіцца, але ісці працаваць якім-небудзь вартаўніком і змарнаваць апошнія гады жыцця – і неразумна, і нецікава. Наш цягнік мінуў апошні прыпынак. Моцных свежых пачуццяў няма, адна толькі смерць… палохае… Чакаю шанцаў, Люсі, раптам праскоча шанец…

Пагаварыўшы яшчэ хвілін з дзесяць, нарэшце Міхал паклаў слухаўку і засяроджана ўтаропіўся праз вакно ў знешняе асроддзе. З высачэнных, да пятага паверха хрушчовак, восеньскіх бяроз сыпалася ўніз пажоўклае лісцё на жоўты, некалі дзівосны, а зараз звычайны стракаты дыван. Чамусьці пасля дасягнутай пенсіі рэчаіснасць была звыклай і ўжо зусім не здзіўляла...

У нядзелю Міхалу нечакана патэлефанаваў знаёмы ждановіцкі бізнэсмэн Ігар і прапанаваў новую цікавую працу ў камерцыйным кіно, на здымках сучаснага палітычнага блогбастэра «Маўчы і будзь хітрым».

– Але ж я нічога не разумею ў тым, як здымаць кіно. Я – глядач, – упершыню за апошнія гады збянтэжана прамовіў у слухаўку Міхал Захаравіч.

– Здымаць будзе рэжысёр-пастаноўшчык, Зміцер Гром, а мы с табою будзьма памагаць яму. Ты, Міша, будзеш рэквізітарам, а я – асістэнтам рэжысёра па рэквізіце.

— І што я павінен буду рабіць? – асцярожны Міхал імкнуўся разабрацца ў нечаканай прапанове.

– І колькі за «такое шчасьце» грошыкаў кладуць прадусары?

– Я зараз па цябе заеду, а па дарозе да студыі патлумачу.

Міхал хутка апрануў скуранку, абуўся і, узрушаны, пайшоў на прыпынак. Знадворку палымнела кастрычніцкая восень… Магчыма, гэта быў той самы шанец, тое перакрыжаванне шляхоў, на якім можна было зноў нешта памяняць у сваім ужо складзеным жыцці. Прынамсі, гэта было штосьці новае, незвычайнае, цікавае, і ён, узбагачаны жыццёвым досведам, не збіраўся прамінаць такі спрыяльны збег абставінаў.

Ён добра ведаў свае недахопы й свае плюсы. Рэзка загамаваць ён яшчэ мог, але вось імгненна ўзяць з месца, узваліць на сябе вялікую колькасць працы й адказнасці, хутка і якасна нешта здабыць – яму ўжо было не пад сілу. Хаця, пэўна, ён ніколі і не ўмеў гэтага рабіць, бо ўсё сваё свядомае жыццё не вучыўся гэтаму як след. Розная драбяза жыцця глушыла ў ім галоўнае.

Едучы ў белым, мурзатым ад учарашняга дажджу «опеле» Ігара, Міхал Захаравіч слухаў ягоныя тлумачэнні аб сваіх будучых абавязках. Асістэнт рэжысёра сядзеў за стырном легкавіка, што імчаў па вуліцы Якуба Коласа, тлумачыў абавязкі, размаўляў па сотавым тэлефоне з дырэктарам праекту, рэжысёрам-пастаноўшчыкам, мастаком, сваёй жонкай і яшчэ дзесяткам розных невядомых Міхалу людзей, што дамагаліся зараз асістэнта рэжысёра Ігара Маціеўскага.

– Рэквізітар павінен расстаўляць у кадры рэквізіт. Напрыклад, героі сядзяць за сталом, вячэраюць, п’юць напоі… Рэквізітар павінен накрыць стол, падрыхтаваць закускі, напоі… Дарэчы, «віно» павінна мець натуральны колер, «шампанскае» – быць з бурбалкамі, пеніцца пры разліве. Пры здымках іншы раз робіцца 10 дубляў, і кожны раз рэквізітар павінен узнаўляць першапачатковы стол. Усёк? Стол, крэслы, ручнікі, відэльцы, шклянкі, фужэры і іншае – усё гэта наша з табой праца… Я знаходжу і прывожу табе рэквізіт, а ты, Міша, расстаўляеш, а пасля здымкі пакуеш і вяртаеш мне яго на склад... Праца – ад 12 гадзін і датуль, пакуль галоўны рэжысёр не дасць каманду на заканчэнне здымкі… Аплата – ад 250 умоўных адзінак…

– Еўра ці даляраў? – узрадавана, але з прыхаваным гумарам запытаў Міхал, і асістэнт рэжысёра, не трацячы часу на жарты, мякка паставіў наваспечанага рэквізітара на сваё месца:

— Мы, Міша, пакуль што прывязаны да даляра1.

Здымкі кіно быў спрэсаванай мадэллю жыцця, дзе ўсе яго прыхаваныя бакі высвечваліся як рэнтгенам. Рэжысёр-пастаноўшчык – сярэдняга росту, лысаваты, у блакітных заношаных джынсах і зялёнай выгаралай на сонцы кашулі, рухавы, хуткі, сістэмны – уразіў яго сваім разуменнем людзей, адэкватным стаўленнем да ўсіх праяваў жыцця. Ён бачыў сваю мэту і заўсёды дамагаўся гэтай мэты, не грэбаваў матам і знявагай шараговых работнікаў, каб дасягнуць пастаўленай задачы. Зміцер Гром належаў да рэдкай кагорты тых, хто валадарыць.

У першы дзень здымак Ігар і Міхась, выканаўшы ўсе патрэбныя і неабходныя справы па рэквізіце, ўладкаваліся збоку здымачнай пляцоўкі, каб быць пад рукой і ў той жа час каб, барані Божа, не трапіць у аб’ектыў камеры.

Здымачная пляцоўка – прыватны дом на Грушаўскай, з гародам і летняй сталовай. Пасля доўгіх рэпетыцый на працягу некалькіх гадзін, калі акторы раз за разам паўтаралі свае маналогі, уся здымачная трупа рыхтавалася да здымкаў першых кадраў фільма.

Актор Вадзік Хацкевіч гаварыў маналог, пакутліва пазіраючы перад сабой вясёлым позіркам: «Ха-ха-ха!.. Гэта ты, Юджын, трапна зазначыў. Ха-ха-ха!.. Чуў навіну? Наш начальнічак ізноў лухтануўся. Сямёнаў, намеснік галоўнага канструктара, збег у Расею, прыхапіўшы на дыскетах усю сучасную тэхнічную дакументацыю. Іхныя прадстаўнікі, што былі на нашай выставе, кажуць, таемна перакупілі Сямёнава за 2000 даляраў у месяц. І кватэру далі! Ён і зліняў. Ха-ха-ха! Сучасны чалавек! Цяпер нашаму прадпрыемству давядзецца купляць у іх ліцэнзію на сваю ўласную распрацоўку. Яны ж ужо паспелі запатэнтаваць наш новы скрэпер. От такое яно, дружа, сучаснае жыццё! Хома хомені лупус!»

Рэжысёр-пастаноўшчык Зміцер Гром патлумачыў актору:

– Стоп, Вадзік! Усё добра. У героя памянялася ўсьмешка пасля таго, як ён падвёў рысу. Спачатку, калі гаворыць, ідуць адны эмоцыіі: «Чуў навіну? Наш начальнічак ізноў лухтануўся». А потым ужо іншы чалавек, з іншай усмешкай. Так, давайце здымаць. Цішыня! Падрыхтаваліся! Увага! Вадзік, сканцэнтруйся! У вачах журба і задумлівасьць. І не спяшайся. Не трэба ціснуць. Увага! Пачалі… Што з светам?

– Зараз дэдзікам дабавім, – адказаў асвятляльнік Алесь.

– Можна. Так. Вадзік, чуць ніжэй позірк. Вось так. Яшчэ ніжэй позірк.

Рэжысёр пайшоў да аператараў, паглядзеў у вочка камеры. Вярнуўся назад.

– Так, давайце здымаць. Камера! Увага. Цішыня! Пачалі!

Актор ізноў гаворыць маналог. Узрушаны твар, здзіўленне… Потым усьмешка, нарэшце – рашучы позірк... Ідуць здымкі першых кадраў.

– Стоп! Вадзік, ты забыўся тэкст.

– Здаецца, усё сказаў.

– Прапусціў кавалак: «Яны ж ужо паспелі запатэнтаваць наш новы скрэпер».

Гром ізноў пайшоў да аператараў, паглядзеў у акуляр камеры.

– Так. Зараз давайце здымаць буйным планам. Стаўце палціннік.

Аператары мяняюць аб’ектыў для здымкі буйным планам.

– Падрыхтаваліся. Знялі хлапушку. Увага. Глядзім. Падрыхтаваліся. Цішыня. Загар на твары нармальны, Алёна?

– Ён жа з водпуску, моцна загарэў, – адказвае грымёрша Лена.

– Увага. Гатовы? Камера!

Аператары здымаюць дубаль першых кадраў.

— Стоп! Паглядзім, што атрымалася. Пакажы на відэаконе, – рэжысёр павярнуўся да Марата Голуба, выпускніка УГІКа, што праходзіў тут стажыроўку на другога рэжысёра.

–Пакажы, што ты запісаў!

– Нічога не запісаў, – спалохана прамовіў Марат.

Марат быў адказны за відэакон, які дазваляў праглядаць толькі што знятыя кадры. Але ён, відаць, нешта не там націснуў, і відэакон не спрацаваў.

– Ты ідыёт? Ну, ці не ідыёт! Гук ёсць?

– Ёсць.

– Я цябе заб’ю! Брр... Бл…ь. УГІК скончыў... Ты што, дурны?

Зміцер Гром раззлавана ўскочыў і пабег па здымачнай пляцоўцы. Праз нейкі момант ён ужо настойліва дамагаўся чагосьці ад аператараў. У наваспечаных рэквізітараў Ігара і Міхася, запалоханых з раніцы ўспамінамі шараговых чальцоў здымачнай групы пра цяжкую долю рэквізітараў, нарастала ўражанне непакою і ўласнай неабароненасці. Пры такім раскладзе ў хуткім часе рэжысёр-пастаноўшчык дабярэцца і да іх. Таму рэквізітары сядзелі збоку здымачнай пляцоўкі як на іголках, за іхнімі спінамі падымаліся пустазеллем гароды прыватных сядзіб.

Нарэшце, прапясочыўшы аператараў, Зміцер Гром хутка пайшоў да відэакона, сеў на стулік перад экранам і даў каманду:

– Так! Давайце здымаць дубль першага кадра. Камера! Увага, цішыня! Пачалі!

Актор Вадзік Хацкевіч пачаў гаворыць маналог, дэманструючы на сваім твары цэлы спектр пачуццяў.У напружанай цішыні аператары здымалі дубль. Асістэнт рэжысёра Ігар і рэквізітар Міхась у адчуванні нейкай нябачнай пагрозы застыглі на стуліках.

– Стоп! – пачуўся поўны экспрэсіі крык рэжысёра.

Ягоная імклівая постаць раз’юшана праляцела між членамі здымачнай групы ў напрамку да аператараў. Рэжысёр махнуў рукой і з грукатам разбіў аб спод нешта бліскучае.

Абодва рэквізітары ўскочылі са сваіх месцаў, як аблітыя кіпенем. «Ад злосці размалаціў аб станіну аператарскі аб’ектыў. Зараз выскачыць на нас як раз’юшаны тыгр і пачне шкуматаць, бо болей перад ім нікога акрамя нас не будзе», – мільганула ў галаве Міхася, і ён аўтаматычна павярнуў галаву назад – тое ж сінхронна зрабіў і асістэнт рэжысёра Ігар, – на зарослыя пустазеллем у рост чалавека гароды прыватных сядзіб.

«Праз пустазелле, праз плот і гародамі, гародамі ўцячы ад пагоні раз’юшанага рэжысёра», – слізганула апошняя думка Міхала. У гэты момант пачуўся рогат усёй шчаслівай здымачнай групы, што імкліва бегла збіраць на траве разбітыя чарапкі талеркі з назвай здыманага фільма. «Рытуал пасля здымкі першага кадра», – з палёгкай зразумелі абодва рэквізітары й таксама рушылі на здымачную пляцоўку, каб у сваю чаргу авалодаць каштоўным сувенірам.

Пасля заканчэння першага здымачнага дня, ужо позна ўвечары, амаль ноччу, імкліва едучы на «опелі» па начных вуліцах Менска, Ігар аддаў узрушанаму і стомленаму Міхалу Захаравічу вызыўны ліст.

– Гэта што?

– Ліст выкліку на заўтрашні здымачны дзень. Тут пазначаны эпізоды, якія будуць здымацца заўтра, і той рэквізіт, што спатрэбіцца. У 7 гадзін раніцы я за табой заеду, а ты за ноч пачытай вось гэты сцэнар, – Ігар працягнуў разгубленаму Міхалу Захаравічу тоўсты пераплецены сцэнар і дадаў: – І прадугледзь усё тое, што заўтра можа спатрэбіцца. От напрыклад, у сцэнары пішуць: «...ён зацягнуўся цыгарэтай…». Значыць, патрэбны будуць цыгарэты, запалкі ці запальнічка, а лепш мець і тое і другое. Таксама нейкая прылада для попелу. Зразумеў?

Рэквізітар Міхал зморана спрабаваў усвядоміць новыя дачыненні, якія хутка мяняліся. Было 12 гадзін ночы, яны імчалі па праспекце Скарыны. Свежы, як і не было шаснаццацігадзіннага працоўнага дня, саракапяцігадовы асістэнт рэжысёра спрытна кіраваў легкавіком і тлумачыў далей:

– У 9 гадзін мы павінны быць на пляцоўцы з рэквізітам, а ў 10 пачынаецца здымка. – Потым зірнуў на маўклівага рэквізітара і бадзёра запытаў: – Ну, як твае ўражанні ад першага дня?

Міхал Захаравіч зрабіў намаганне, каб пераадолець сваю нямогласць, і ўзрушана прамовіў:

– Першае ўражанне і разуменне – каб зняць добры фільм, патрэбна напружанасць на здымачнай пляцоўцы. Нават рабочы ці рэквізітар, асвятляльнік, хлапушка, дольшчык і грымёрша – усе яны павінны жыць здыманым фільмам. Здымачная група павінна ствараць атмасферу, аўру. Тады ёсць шанец, што фільм атрымаецца.

– Так, – пагадзіўся з Міхалам асістэнт рэжысёра. – Тое, што мы с табой прынялі спачатку за раз’юшанасць – на самай справе ёсць экспрэсія, энергія розуму і таленту рэжысёра, што бруіць на здымачнай пляцоўцы.

Яны выехалі на Каліноўскага, «опель» прыпыніўся каля дома, дзе жыў Міхась. Развітаўшыся з Ігарам, моцна змораны за першы працоўны дзень Міхал павольна ішоў да ганка свайго дома, імкнучыся не згубіць, захаваць тое свежае, маладое пачуццё страху, калі яны спалоханыя ўскочылі са сваіх стулікаў.

Гэта было як вяртанне ў далёкую і шчаслівую маладосць, дзе ўсё было свежым і моцным: страх, каханне, холад, дождж, зіма, ноч...

 

12 снежня 2007 г. Менск

 

1 — адзін даляр у той час каштаваў прыкладна 2175 беларускіх рублёў.

Дамінанта

 

Дастаткова сябе трымаць упэўнена – і асоба ўжо абароненая нябачнай сілай. Упэўненасьць сьведчыць аб нечым, што вымагае адэкватнага стаўленьня.

Быў сьветлы, сонечны пачатак нядзельнага дня ў канцы жніўня. Ён стаяў у тралейбусе, каля цэнтральнага выхаду, у файных чорных портках, у бліскучых модных пантофлях і адпрасаванай цёмна-блакітнай кашулі. Гэткі прысадзісты, ладны, зь сівізной, спакойны і ўпэўнены тутэйшы мужык. У наш нярвовы, нестабільны час ён быў асяродкам надзейнасьці, да яго хацелася падысьці бліжэй, каб прытуліцца да гэтай надзейнасьці, і таму сталыя жанчыны, што разумеюць сапраўдныя каштоўнасьці жыцьця, прыпынялі на ім свой позірк.

Раніцой выходнага дня ў тралейбусе людзей было няшмат, і адзінокая постаць зьвяртала на сябе ўвагу. Ён трымаў пад пахай стос патрыятычных газэт і, разгарнуўшы «Пагоню», пільна чытаў.

Вось тут і пад'ехаў да яго каржакаваты, загарэлы здаравячок гадоў пад пяцьдзясят. Ростам ён быў дзесьці пад 168 см, таму не дацягваў да здаравяка.

– Ну, как там дела? – здаравячок кіўнуў галавой і паказаў вачыма на газэты.

– Што вы маеце на ўвазе? – тутэйшы рэагаваў зычліва.

– О чем националисты пишут?

– Пра ўсё, што хвалюе сьвядомых. Можаце зірнуць, калі вам цікава.

Тутэйшы ўсё яшчэ не зусім разумеў прычыну звароту да яго незнаёмца і таму трымаўся ўважліва і ветліва. Ён працягнуў здаравячку газэту.

– Я вскоре выхожу. Вот чего им надо? Скажи. Вообще, давай говорить образно, естественным языком.

– Не зразумеў, пра што вы.

– Слушай, ты же умный мужик. По тебе сразу видно.

Незнаёмец ахінуў тутэйшага чэпкім позіркам з галавы да самых шыкоўных пантофляў.

– Тюльку-то гнать не надо. У нас двуязычие. Так что имеем право.

– Натуральна, – абарыген трымаўся па-ранейшаму спакойна і цывілізавана дамінаваў на абмежаванай жыцьцёвай прасторы тралейбуса, што імчаў па вуліцы Максіма Багдановіча.

– Кто как хочет, так и говорит. Тем более, я все понимаю и, кроме того, еще другими владею.

– Разумець — адно, іншая справа — карыстацца. Хто карыстаецца, той удзельнічае, той сьвядомы, а іншыя – цемра.

Тутэйшы пачаў разумець здаравячка і адметным цверджаннем памацаў ягоную базу зьвестак.

Мужык нервова торгнуўся, трымаючыся за металёвы стаяк, але працягваў наступ. Незнаёмца злавала ня толькі тое, што гаварыў тутэйшы ў файных чорных портках, але і ягоная манера трымацца, спакойна-ўпэўненая, ветлівая і да таго ж — бездакорнае карыстаньне мовай. Тутэйшы дамінаваў, і не было аніякай магчымасьці яго прыпыніць, апусьціць на сваё месца.

Пасажыры тралейбуса абыякава слухалі, большасьць не разумела. Меншасць, у асноўным мясцовыя мужыкі і некаторыя сталыя жанчыны, з цікаўнасьцю прыслухоўваліся.

Тут, на абмежаванай прасторы, на яшчэ нэйтральнай жыццёвай тэрыторыі, працягвалася барацьба абарыгена і расейскамоўнага манкурта за дамінанту.

– Моя дочка, кстати, выбрала русский. Права человека. Я так Виктору и сказал, Ивашкевичу.

– Можна пашкадаваць вашага ўнука, яму давядзецца марнаваць сваё жыцьцё, «вызваляючы» Каўказ ад суверынітэта.

– И твоему тоже.

– Ні ў якім разе, ён будзе сучасным еўрапейцам.

Чамусьці нетутэйшыя заўсёды пачынаюць нервавацца, калі пасьля першых словаў прывітаньня размова ідзе на мове абарыгенаў.

– Заткні рот, хватит, – здаравячок ужо не хаваў злосьці, ён таптаўся перад дзьвярыма тралейбуса, што расчыніліся на прыпынку. Трэба было выходзіць, але ён усё ніяк ня мог сысьці зь месца змаганьня, згубіўшы чароўнае пачуцьцё дамінанты.

– Будеш вякать и дальше, козлик, получишь неприятности.

Ён спрабаваў вярнуць дамінанту сілавым узьдзеяннем.

Між тым тутэйшы зьдзяйсьняў непахісную ўпэўненасьць і спакой. Ён уважліва агледзеў усю постаць выбойнага пасажыра і з прыхаванай хітрынкай сцвердзіў:

– Хачу папярэдзіць вас, шаноўны, што ў свой час на вайсковай службе ў марской пяхоце тры гады вучыўся рукапашнаму бою.

‘’Савок’’, нярвова падскочыўшы на месцы, рынуўся ў дзьверы, ён і так ужо праехаў свой прыпынак. Абарыген, якога ён так старанна хацеў апусьціць ніжэй сябе, ветліва памахаў рукой неўраўнаважанаму апанэнту. Той, застаўшыся на прыпынку і падняўшы далонь, укручваў яе ў скронь, ледзь стрымліваючы сябе, і бачна было, што яму так і карціць кінуцца назад у тралейбус, моцна і жорстка разабрацца з абарыгенам. Але, як нябачныя путы, трымала яго ўпэўненасьць тутэйшага, і ён зноў і зноў уганяў далонь у скронь і выціскаў з сябе рык раз’юшанага шавініста:

– Казёл гр-р-р-р... бэнээфавец гр-р-р… шызік гр-р-р-р… мудак гр-р-р-р...

Тралейбус зачыніў дзьверы і памчаў далей па вуліцы ў кірунку Нямігі.

– Зусім слабак, а так хацеў паказаць сябе крутым, – крыху зьдзіўлена сказаў сабе тутэйшы. Ніколі ён ня быў марскім пехацінцам і не вучыўся забіваць і калечыць людзей, бо ў свой час праходзіў вайсковую службу сувязістам...

Ён сышоў на прыпынку «вуліца Веры Харужай» і пайшоў да пераходу, упэўнены, ветлівы, прыгожы, у файных чорных портках і модных бліскучых пантофлях, крыху нахіліўшы долу магутную сівую галаву.

І быў у Менску сонечны жнівеньскі дзень. Дзе-нідзе пасмы жоўтага лісьця ў зялёных шатах ліпаў сьведчылі, што хутка надыдзе восень, што яшчэ адзін год прайшоў, што шчасьце было так блізка... І прыгожыя менскія жанчыны прыпынялі свой позірк на памяркоўным і талерантным мужчыне, што нетаропка крочыў па вуліцы ў кірунку Камароўкі, несучы з сабой уратаваную дамінанту жыцця.

 

Упершыню надрукавана ў ‘’Нашай Ніве’’ №4 за 2001 год.

 

Тост

 

Першая зорка загарэлася на захадзе. Хмаpы гонка iмчалi на ўсход, несучыся на кpылах сьвежага, узрастаючага да моцнага ветpа, якi ўpываўся ў гоpад i пачынаў блукаць у лябірынтах менскiх вулiц.

Казiк Бакунiч сьпяшаўся i таму шпаpка ішоў па Ваpвашэнi.

Рухомы i энэpгiчна-ветлiвы, у сiнiх джынсах, сьветлай кашулi, абуты ў лёгкiя кpасоўкi, ён стваpаў уражаньне зусiм маладога чалавека. Сёння стаpы сябаp i да таго ж сваяк Алесь запpасiў яго на нейкi свой юбiлей. Па сваёй недасьведчанасьці, якая iшла ад маладосьцi душы, Казiк не любiў юбiлеяў. Калi чалавек дамогся нейкiх вялiкiх асабiстых жыцьцёвых пеpамог, стаў прэзыдэнтам, нобелеўскім ляўрэатам цi наpадзiў і выхаваў шмат дзяцей, якiя сталi прэзыдэнтамі i нобэлеўскімі ляўрэатамі, тады так, тады можна i тpэба сьвяткаваць юбiлеi. А калi пpоста змаpнаваў жыцьцёвы час, прасоўгаўся ў масоўцы, пpачакаў? Што тады сьвяткаваць? Змаpнаваны час?

У кpаме на рагу Максiма Багдановiча i Ваpвашэнi Казiк купiў бутэльку "Кpыштальнай" i бутэльку шампанскага, кавалак вэнджанага мяса, “Траецкага” хлеба, яшчэ такой-сякой драбязы i хутка накipаваўся да тpамвая. Сябаp жыў на Стаpавiленскай. Едучы ў тpамваi, Казiк дадумаў незакончанае pазважаньне: “Наpод хоча смачна паесьці i добра выпіць, таму i сьвяткуе чужыя юбілеі”.

На парозе свайго дому падпіты Алесь pадасна сустрэў Казiка, пацалаваў у шчаку, павёў знаёміцца з гасьцямі, якія сумавалі за сталом, на якім усё ўжо было выпіта i зьедзена. Казік аддаў торбу Машы, цяперашняй каханцы Алеся, шапнуў на вуха, каб разабралася на кухні з закускай, сам панёс да стала бутэлькі.

Госьці, калегі Алеся па працы, тры жанчыны і два мужыкі, павесялелі. Казiк прынёс з сабой сьвежы водар жыцьця, і ўсе гэта адразу адчулі. Адна з жанчын, яе звалі Наталі, чарнабровая, у зялёнай сукенцы, якая пяшчотна аблягала тугія формы прыгожага цела, ласкава ўсьміхнулася Казіку. Ён памяняў кірунак хады ў патрэбным напрамку і пасьля звычайных словаў знаёмства зусім натуральна сеў побач з прыгажуняй.

Адчуўшы магчымасьць працягу юбілею, госьці ажылі і загаманілі. Маша ўжо несла лусьцені зь мясам, шпротамі, цытрынамі і ківі. Выпілі за юбіляра, за яго шэсьцьдзесят гадоў. Закусілі. Потым пілі за жыцьцё, шчасьце, якое пралятае імкліва, як ластаўка ў небе.

Цёплае плячо Наталі, яе рука, жывая і хвалюючая, тугія формы вабнай паставы, усё гэта ўзбуджала і прыцягвала. Казік з асалодай падумаў, як ён сёньня скарыстае гэтае шыкоўнае цела. Ён быў упэўнены, што скарыстае, у яго было такое радаснае прадчуваньне. Ад таго, што ён даўно ня меў стасункаў зь незнаёмымі, чужымі жанчынамі, хваляваньне маладзіла і вяртала ў сінюю смугу юнацтва.

Непрыкметна ўзяўшы за цёплую, мяккую ручку Наталі, ён уявіў, як будзе цудоўна з гэтай мілай, прыемнай, з густам, выхаванай і адукаванай жанчынай стасавацца ў незвычайных і адмысловых палкіх любоўных дачыненьнях. Тут хваляваньне Казіка пачало пералівацца цераз край, і ён вярнуў сябе ў рэчаіснасьць.

Гамонка ішла аб жыцьці, аб палітыцы, аб прэзыдэнце, дарагоўлі. Сабраліся добрыя, прыемныя, адукаваныя інтэлігенты, якія на ўсё мелі сваё меркаваньне, свой востры крытычны позірк.

Алесь шчасьліва ўсьміхаўся, папраўляў гальштук, спрабаваў нешта сказаць і змаўкаў. Было дзіўна, дзе ён пасьпеў назюзюкацца. Вечарына, якая так сумна заканчвалася, заpаз нечакана ўзбуяла і зайграла новымі нечаканымі фарбамі. Мужыкі інжынэры Тодаp і Язэп расказалі па анэкдоце. Жанчыны сакаталі ад сьмеху.

Казік зірнуў на стол, лусьцені былі зьедзеныя. Гарэлкі засталося на адыходную. Пачакаўшы хвіліну, Казік разьліў гарэлку па чарках і сказаў:

– Спадарства! Мілыя дамы і дарагія мужыкі! Ёсьць выдатны, сьвежы і выбітны тост. Апошні і самы галоўны.

Усе ўзяліся за чаркі. Казік прыцішыў голас, таямніча і ўрачыста сказаў:

– Вып’ем, паважанае спадарства, за “Жыве Беларусь!”

Мужыкі весела ўзьнялі чаркі. Жанчыны Ніна, Валя і Маша паднялі свае.

– Я ня п’ю за гэты тост, – прыгожая рука Наталі адсунула чарку ад сябе.

– Ты што? – зьдзівіўся Казік.

– Ня п’ю, – Наталі неяк замбавана ўсьміхнулася і чарку не ўзяла.

– Ну кінь, Наташ, не дуры, – Тодар падкрэсьлена акуратна выпіў сваю.

– Якая Беларусь, яе няма. Проста выдумка бальшавікоў. Чым Менск адрозьніваецца ад Курска, Тулы, Саратава ці Новасібірску. Гэта ж несур’ёзна, – Наталі гаварыла, паблажліва ўсьміхаючыся, як пра нешта канчаткова вырашанае.

– Расейская тэрыторыя, мае нейкія спэцыфічныя адрозьненьні, такіх у Расеі шмат.

Тодар махнуў рукой.

– Ды кінь ты, Наташ, я сам напалову беларус, у мяне маці беларуска. Па пашпарце я рускі. Беларусы цудоўны народ. Памяркоўны.

– Кіньце вы глупствы гаварыць. Вы ж дарослыя людзі. Якая Беларусь? Проста сьмешна.

Наталі ўсьміхалася ўжо з адценьнем грэблівасьці.

Казік узлаваўся. Выхаваны, вясёлы эўрапеец на вачох ператвараўся ў нешта халоднае, злоснае, непахісна-варожае. Страшныя, чорныя, абразьлівыя словы нараджаліся ў душы. Ах ты набрыдзь, ах ты б..б..блін. Жрэш наша сала, спажываеш наша масла... на дурніцу атрымала кватэру як сям’я адстаўнікоў, што прыехала з Улан-Удэ, а тыя, хто захліпаецца ад радыеактыўнага стронцыю і есьць радыеактыўны цэзій у Гомелі... хочаце, каб і далей мы былі белымі мышамі для імперскіх досьледаў...

Але Казік змоўчаў, перасіліў сябе, пераціснуў, перадушыў сваю роспач, сваю злобу, тую пустку, што нараджалася у душы, таго дракона, што злосна заварочаўся ў глыбіні яго.

Ён некалькі імгненьняў глядзеў на Наталі, шкадуючы аб тым, чаго ўжо ня будзе, аб адмысловых палкіх любоўных уцехах.

– Ну што ж, – Казік падняўся, выхаваны, мужны эўрапеец, падобны на сталёвы меч, якім продкі ліцьвіны змагаліся з тэўтонамі.

– Тады вып’ем за разьвітаньне з Марай. За тое, што ніколі не будзе ў нас спатканьня з Парыжам, ніколі ня ўбачым акіянскай хвалі, ніколі не ўліемся раўнапраўнымі эўрапейцамі ў цывілізаваны Заходні Сьвет. Нам, ліцьвінам, наканаваны лёс халуёў, прыгонных істотаў, якіх некалі сагнулі, і ніяк мы не разагнёмся. Лёс выканаўцаў чужых загадаў i жаданьняў, дзе мы павінны будзем гадаваць сьвіней, захліпацца ад радыяцыі, дзеля таго каб каланізатары спажывалі нашыя жыццёвыя прасторы, нашае неба, нашае сонца, нашую зямлю, нашых жанчын для сваіх абавязкова Вялікіх Патрэб.

Усе прысутныя вытарашчылі вочы і моўчкі пазіралі на Казіка. Наталі з спачуваньнем глядзела на яго. Потым сказала.

– Трызьненьне нейкае. Проста лухта.

Казік паставіў чарку на стол. Ён страціў цікавасьць да гасьцей. Не было аніякай розьніцы паміж гэтым шыкоўным целам сьпелай самкі і тым метысам, у пашпарце якога было начыркана, што ён рускі. Абое ня мелі Радзімы. Прыляпіўшыся да таго, што здавалася ім вялікім і моцным, яны хацелі ўратаваць сваё камфортнае, спакойнае і нікому не патрэбнае жыцьцё. Яны хацелі есьці, піць, удыхаць і выдыхаць, сэксаваць аж да самага біялягічнага канца. Мінулае іх не цікавіла, таксама як і будучыня. Бо мінулае, як i будучыня, патрабавала намаганьняў, інтэлекту, барацьбы, шматлікіх параз і рэдкіх перамог. Сапраўднае жыцьцё было сынусоідай, роўная лінія сьведчыла аб духоўным заняпадзе.

Казік падняўся з-за стала і як выхаваны еўрапеец, ветліва разьвітаўся. Яго абразілі нэйтральна-абыякавыя стасункі прысутных да роднай краіны. Ён, Казік, сам быў метысам з заблытаным руска-беларуска-татарскім родаводам. Але сябе ён заўсёды ідэнтыфікаваў, па месцу нараджэньня і жыхарства, як патрыёта і грамадзяніна Беларусі. Грэблівае стаўленне да ўласнай дзяржавы сьведчылі, што некаторыя жыхары не збіраліся трымаць адказнасьць за лёс краіны. Гэты шлях вёў грамадства да страшных параз у будучыні...

У асяродзьдзі сьвежы, нарастаючы да моцнага вецер, нёс узнёслае і маладое пачуцьцё свабоды. Неба ачысьцілася ад хмараў, і Зорны Шлях ледзь-ледзь праступаў у начным небе, прытушаны штучным гарадзкім сьвятлом.

Казік павольна ў роздуме крочыў па начных вуліцах Менску, і злосны дракон у ім сутаргава і магутна рваўся на волю.

 

Упершыню надрукавана ў ‘’Нашай Ніве’’ № 13 за 1999 год.

 

Віват спадарству !

 

‘’Свае справы будзем рабіць самі.’’

 

Сусьвет знаходзіцца вось тут, - Вітаўт дакрануўся сагнутым ківуном да сівой стрыжанай галавы і дадаў, - от тут свой мікракосмас.

Ён апусціў руку да куфля зь півам, што стаяў на стале, не сьпяшаючыся адпіў некалькі глыткоў і паставіўшы куфаль назад, задумлiва зазначыў:

- Ідыялісты, палітычныя лідэры і тэхнолягі, а таксама імітатары і палітолагі, вынаходцы, усе яны спачатку перапрацовываюць рэчаіснасьць у сваёй асабістай галаве, а ўжо потым прапануюць грамадству вынікі сваіх разумовых намаганьняў. Адзін вынайшаў піва, другі стварыў паравую машыну, трэці надумаў як зрабіць усіх людзей шчаслівымі. Дзівак,- усьміхнуўся ён апошняй ідэі.

Вітаўт узіраўся сваімі сінімі маладымі вачыма некуды ў нябачную і недасягальную для прысутных далечыню, і ўсё абліча яго вылучала прыцягальную і шчырую тугу аб тым, што ня спраўдзілася.

- А справядлівасьць? - суразмоўца, Кастусь Каляда дапытліва сьвідраваў позіркам Вітаўта Сташкевіча, нібы шукаў у яго стрыжанай галаве ўсеабдымныя адказы на заблытаныя пытаньні рэчаіснасьці.

- У большасьці людзей справядлівасьць тоесна разуменьню роўнасьці. Калі ўсе жывуць аднолькава - гэта і ёсьць справядлівасьць. Пры такім раскладзе зьнікае паняцьце барацьбы. Няма барацьбы за існаваньня, за выжываньня, за жанчыну, за лепшы кавалак, кар’еру і гэтак далей, і застаецца жлукціць сьпіртовы напой, паціху разбурацца і дэградаваць.

Вітаўт з асалодай пацягнуў з куфля бурштынавага колеру пеннага менскага піва і зь вясёлай і адначасова здзіўленай усьмешкай дадаў:

- Што мы і назіраем у рэчаіснасьці. Бальшыня адмовілася ад змаганьня за волю, за лепшую долю. Бо змагацца – значыць рабіць выбар, браць на сябе адказнасьць. А постсавецкая электаральная біямасса ня хоча і ня ўмея браць на сябе адказнасьць. Жаліцца? Так! Змагацца? Ні ў якім разе.

- Хлопцы, можна ў вас папрасіць сьцяжок,- прыбіральніца паказала на бел-чырвона-белы сьцяжок, што, устаўлены ў шкляную вазу для кветак, уздымаўся сярод стала.

- Калі ласка, спадарыня, калі ласка. - Кастусь напружана варочаў думкамі.

- Але ж барацьба - гэта несправядлівасьць. Ты адвярнуўся папіць піва, прыняць удзел у мітынгу, выпусьціць назапашаны пар. А ў гэты момант якая-небудзь набрыдзь, паўднёвы чалавек ці мурын, пачаў заляцацца да тваёй каханай жанчыны. Як у гэтым выпадку быць? Тэарэтычна, - заклапочана ўдакладніў Кастусь.

- Ты, дружа, трапіў сваім пытаньням ў самую дзесятку. Жанчына, кабальера, гэта твая маёмасьць, твая жыцьцёвая тэрыторыя, умова працягу родаводу. Няма жанчыны – не патрэбна і тэрыторыя. Заўсёды жанчына - мэта экспансіі. У хуткім часе хранцузы зьмяшаюцца з алжырцамі, немцы з туркамі, беларусы і маскалі пачнуць гаманіць па- каўкаску. І ня трэба аніякіх бомб і танкаў, усё будзе вырашана з жанчынамі, спачатку памяняюць генатып, а потым дойдзе справа і да ідыялёгіі.

Вітаўт змоўк і нейкі час пацягваў піва, але ўжо без ранейшай асалоды, потым палез у кішэню за грашыма.

- Можна сяньня дазволіць сабе яшчэ адзін куфлік, дзеля Дня Перамогі пад Воршай.

Ён працягнуў грошы маладым хлопцам, што сядзелі за сталом побач, таксама пілі піва і прыслухоўваліся да гутаркі.

- Хлопцы, трэба зьлётаць за піўком для вэтэранаў, таксама і сабе вазьміце. Частую ўсіх.

Маладзейшы з краю зь бел-чырвона-белым значком на блакітнай кашулі ўзяў грошы і хутка пайшоў у галаву чаргі.

- Дак што зь гэтым, што заляцаецца да нашай жанчыны? Правы чалавека? Тут блытаніна ўзьнікая, – нечакана запытаўся адзін з хлопцаў, што сядзеў за сталом. Позірк Вітаўта, які ён скіраваў на маладзёна, нёс у сябе тугу пра нязьдзяйсьнёнае, пяшчоту бацькі і мужнасьць ваяра, што выжыў у сьмяротнай жыцьцёвай барацьбе.

- Вось, вось, на вырашэньне гэтага пытаньня я паклаў маладосьць. Тут аніякай блытаніны не павінна быць. Той, чужы чалавек, зрабіў напад на тваю жыцьцёвую тэрыторыю, ажыцявіў экспансію на тваю маёмасьць, кабальера, і таму павінен несьці вельмі жорсткае пакараньне. Акрамя таго, ён ня толькі зьдзяйсьніў экспансію, ён зрабіў спробу парушыць твой родавод, парваць ланцуг пакаленьняў, тым самым ён ажыцявіў злачынства супраць нацыіі, а значыць супраць дзяржавы. Ён зрабіў дзяржаўнае злачынства.

- Ну ты і загнуў, Вітаўт, — Кастусь адмоўна закруціў галавой. — Гэта ўжо занадта. Ну памацаў нехта, нават і чужы чалавек, нашу жанчыну, то якое ж гэта дзяржаўнае злачынства? Гэтак спрадвеку было. Жанчына - яна таксама чалавек і мае роўныя правы з мужчынам.

Вітаўт зь жорсткай усьмешкай пазіраў на Кастуся.

- ‘’Старэйшыя браты’’ прыходзяць на чужыя тэрыторыіі са сваімі дасканала распрацаванымі законамі, сваёй сыстэмай кардынат і пачынаюць дамагацца магчымасьці мець аднолькавыя правы з табой у тваім дзяржаўным доме. Яны сьвядома заблыталі пытаньне правоў нацый, паставіўшы ўперад правы чалавека. "Азіоп", які прыехаў на Беларусь - прыняў грамадзянства, вывучыў мову, гісторыю, законы - мае аднолькавыя правы з усімі астатнімі грамадзянамі краіны. Але !..

Вітаўт адарваў руку ад прынесенага куфля з сьвежым траецкім півам і, як дзіду, нацэліў ківун на Кастуся.

- …Але як толькі ён пачынае патрабаваць адчыніць "азіопскую" школу, зрабіць "азіопскую" мову дзяржаўнай, ён пераходзіць ад правоў чалавека да экспансіі нацый на тваю жыцьцёвую тэрыторыю. Нацый, якія маюць сваю дзяржаўнасьць. "Азіопы", якія жывуць на Беларусі, з'яўляюцца грамадзянамі нашай краіны і ні ў якім выпадку не ‘’азіопскім’’ народам. Прыняўшы нашае грамадзянства, яны тым самым прынялі абавязак карыстацца нашай сыстэмай кардынат і не выдумляць і не навязываць нам свае, чужыя для нас законы і звычкі. Законы ствараюцца этнічнымі народамі для сябе, і калі некаму яны не падабаюцца, то яны маюць права ехаць туды, дзе ім падабаецца, у гэтым і заключаюцца правы чалавека.

Як толькі, мы, ліцьвіны, пачнаём падстрайвацца пад жаданьні розных наехаўшых да нас прыхадняў-адстаўнікоў, то зразу ператвараемся ў занядбаных беларусаў, парушаем свае правы карэннай нацыіі, і такая краіна зь цягам часу ператвараецца ў Косава, Карабах, Босьнію.

- А як жа дзяржаўная дактрына? - Кастусь зірнуў на партрэт лідэра, што вісеў на сьцяне.

- Пераходны перыяд, і не больш таго! Кожны мае права імкнуцца куды захоча. Але мы ж ня хочым жыць у феадальнай ‘’азіопскай’’ дзяржаве. Сыстэма кардынат, вось у чым справа. З аднаго боку -дакладнасьць, густ, пачуцьцё меры, працавітасьць, стрыманасьць, павага да сябе і да ўлады, ці з другога боку - празмерная амбітнасьць, радыкалізм, балбатунізм, абломаўшчына, п’янства, бескультур’е, адным словам, як трапна зазначыў правадыр ўсяго сусьветнага пралетарыята: азіятчына! Таму мы павінны вызначыць: чаго мы хочам? А мы хочам вярнуцца дадому, ў Эўропу!

Вітаўт падняў куфаль зь півам і падняўся сам, каржакаваты, зь сівой галавой і маладымі вачыма юнака.

- Кожны народ і грамадства павінны знайсьці свой момант істыны. Адшукаць свой шлях у будычыню.

Усе хто быў ў паграбку, прыціхлі, уважліва слухаючы прамову Вітаўта.

- Вяртаючыся да сваёй гістарычнай спадчыны, да Міндоўга і Вялікага Князя Вітаўта, да Перамогі пад Грунвальдам, да свайго песьняра-ліцьвіна Адама Міцкевіча, мы адчыняем сабе шлях у цывілізаваную Эўропу, да Эўрапейскай культуры - сабе, сваім дзецям і ўнукам. Шаноўнае спадарства! Прапаную Кастрычніцкую плошчу ў нашай сталіцы — Менску, перайменаваць у плошчу Вялікага Караля Вітаўта і тым самым адрадзіць гістарычную справядлівасьць. Запатрабуем ад нашай улады ўстанавіць помнік Каралю Вітаўту на плошчы ў выглядзе вершніка на кані. Віват Спадарству !

- Віват! – грымнулі ўсе, хто піў піва і хто ўжо выпіў і зьбіраўся ісьці, і тыя, хто весела стаяў у чарзе і яшчэ толькі зьбіраўся наталіць смагу, выпіўшы старажытнага, менскага, адзінага ў сьвеце, спакусліва-натхняльнага бурштынавага колеру піва, што стварая мрою і нясе на сваіх хвалях у сіняю далечыню Мары.

- Віват! - грымеў бадзёры, зьлітны мужчынскі хор галасоў ліцьвінаў, што прыйшлі ў паграбок ''Міндоўг'', каб адзначыць Перамогу Кастуся Астроскага.

 

8 верасьня 1997 г. Менск. Траецкае прадмесьце. Упершыню надрукавана ў ‘’Нашай Ніве’’ у 1997 г.

 

Пераможца

 

I

 

Іншы раз жыццё мае падабенства з прыгодніцкім раманам, адразу і не вызначыш, хто ў гэтым самым жыцці дасягнуў поспеху, атрымаў перамогу. Часцяком пераможцам выглядае той, каго іншыя лічаць пераможцам, бо ён сядзіць у прызідыуме, ці атабарыўся паблізу кормнага месца, ці хапнуў ладны кавалак агульнаграмадскай маёмасці і цяперака з нахабна-ўпэўненым і задаволеным выглядам спажывае кожны дзень розныя замежныя далікатэсы і жлукціць французскія і гішпанскія супернапоі. Але ці насамрэч гэта пераможцы? Хто сапраўды дасягае перамогі? І наогул, што гэта такое – сапраўдная жыццёвая Перамога?

Сцяпан Лукіч, галоўны трэнер магілёўскай каманды «Пагоня», сваё сямейнае жыццё марнаваў у трохпакаёвай кватэрцы ў Задняпроўі. Жыць упяцёх у трох маленькіх пакоях можна было, але існавалі і цяжкасці. Шаснаццацігадовы сын, дваццацічатырохгадовая дачка і сямідзесяцігадовая маці Сцяпана Лукіча вымушалі абмяжоўваць пэўныя моманты сямейнага існавання. Таму паўгода назад, нечакана зрабіўшыся галоўным трэнерам каманды «Пагоня», ён, як і ўся сям’я, марыў аб кватэры большых памераў, якую яму абяцаў гаспадар каманды, мецэнат, бізнэсмэн, уладаносец і мясцовы алігарх Ігар Аляксандравіч.

– Зробіш каманду – атрымаеш кватэру ў прэстыжным раёне, – так скончыў сваю першую сустрэчу з Сцяпанам Лукічом гаспадар, паціскаючы руку на развітанне.

Алігарх пацэліў у самы цэнтр жыццёвых праблем старэйшага трэнера.

Сусвет узаемазалежны не толькі з касмічнай прасторай, яшчэ больш ён узаемазалежны і цесна звязаны з мінулай і цяперашняй рэчаіснасцю, і адгэтуль ланцуг падзей імкнецца далей у бліжэйшую і далёкую будучыню. Яшчэ нічога як быццам не змянілася, усе побач таўкуць звыклыя камы жыцця, а між тым ужо нешта скранулася, памянялася, адбылося. Пільнае вока і жывы розум заўсёды заўважаў гэткія дробныя зварушэнні і рабіў высновы. Здаралася, што нехта пазычаў грошы ў родных і знаёмых і потым нечакана для ўсіх купляў кватэру ці дом у сталіцы, каб потым праз нейкі час разлічыцца за пазыку з адной зарплаты.

Праз некалькі дзён, калі Сцяпан Лукіч быў дома, ягоная жонка Аніта, рыхтуючы сняданак, задумліва і крыху з журбой паведаміла яму, што іхняя дачушка Тоня – прывабная сінявокая прыгажуня, вылітая матуля ў маладосці – магчыма, у хуткім часе выйдзе замуж за маладога прадпрымальніка Таймураза Гандурасава, што меў з паўтузіна крамак у горадзе і займаўся дробным аптовым гандлем.

Журба Аніты Станіславаўны была выклікана размовай, што адбылася напярэдадні паміж маці і дачкой.

– Хачу запытаць цябе, мамачка, толькі шчыра, – Тоня ласкава прытулілася да маці. – Што такое каханне?

Аніта Станіславаўна, зразумеўшы дачку, чуйна і беражліва спытала:

– А Таймураз?

– Ён цікавы, надзейны, мужны...

Маці зірнула некуды далёка-далёка, у туманнае сіняе юнацтва, і, разумеючы, што дзецям, як і дактарам, трэба казаць усю праўду, ці амаль усю, – адказала:

– Каханне, дачуля, ад Бога. Гэта калі Сусвет адчыняе перад табой усе дзверы. Ты чуеш, як мурашы варушацца ў траве і як рухаюцца Галактыкі ў бясконцым Сусвеце. Усё набывае свой сапраўдны сэнс, ад летняга дажджу да хады паштальёна, ад грукату цяжкавоза на прасёлкавай дарозе да гудзення пчалы ў садзе, ад размовы з суседкай да спеву пеўня на світанку.

Яна крыху памаўчала, потым, абняўшы Тоню за плячо, ціха дадала:

– Толькі не спяшайся, доча, класціся ў ложак з жаніхом. У апошні момант можаш сустрэць адзінага і непаўторнага...

– А ты, матуля, кахала тату?

– Ён цікавы, мужны, надзейны... – адказала маці словамі, выказанымі раней дачкой.

– А той, адзіны і непаўторны?

Аніта Станіславаўна роўным спакойным голасам выказала тое, што тысячу разоў было асэнсавана за дзесяткі пражытых гадоў.

– У жанчыны галоўны сэнс жыцця – выкананне даручэння пана Бога, нарадзіць дзяцей, прадоўжыць род чалавецтва. Таму «каханы, адзіны, непаўторны» – гэта мае дзеці. Дзеля сваіх дзяцей мы, жанчыны, ахвяруем усім, нават уласным шчасцем.

– Чаму ж так? Чаму тыя, хто кахае, так рэдка скарыстоўваюць свой шанец?

Перад вырашальным крокам дачка хацела высветліць усе супярэчнасці і складанасці будучага жыцця. У глыбіне сініх і ўсё яшчэ маладых вачэй Аніты Станіславаўны бруіла плынь мінулых хвалюючых імгненняў, успаміны аб нечым незвычайна чароўным усхвалявалі яе, але знешне яна трымалася, як заўсёды, ураўнаважана.

– Там, на вышыні, дзе жывуць пераможцы, існуюць іншыя законы, іншая сістэма каардынат. Там усё па-іншаму. Мы не ведаем гэтых законаў ці ведаем кепска…

Яны яшчэ доўга гаманілі між сабой, абменьваючыся ўзніклымі пытаннямі.

Шчаслівыя тыя дзеці, што могуць атрымаць ад сваіх бацькоў шчырыя і мудрыя адказы на самыя складаныя пытанні. Калі досвед старэйшага пакалення служыць маладосці, дае магчымасць абмінуць жыццёвыя камяні і ямы, падводныя віры і пасткі, не кінуцца на шыю лайдаку, прайдзісвету ці будучаму п’янтосу.

 

II

 

Цяперака Аніта Станіславаўна адчувала небяспеку набеглых чыннікаў жыцця, да таго ж новы час прынёс клопат аб звычайным выжыванні, які раней не стаяў так востра. Таму яна пачала распытваць мужа аб ягоным бачанні бліжэйшай будучыні.

Як жыць будзем? Людзі бяднеюць на вачах... Хаця не ўсе, некаторыя багацеюць, – зірнула яна поглядам жанчыны, якая раней не адчувала аніякіх матэрыяльных цяжкасцяў.

– Што ў нас з кватэрай? – позірк вялікіх сініх вачэй жонкі быў уважлівы, з задумлівай усмешкай, нібы яна ўжо нешта падрахавала ў сваім жыцці.

Калі б жонка Сцяпана Лукіча была звычайнай жанчынай, ён бы буркнуў ёй у адказ – будзьма жыць, як усе людзі жывуць. І ўсё, і кропка. Але такі адказ не задавальняў з той прычыны, што ягоная жонка была каралевай. Усё ў ёй было шляхетным: і постаць, і твар, і вочы, і самае галоўнае – характар, паводзіны, жыццёвы густ. Каб хто ведаў, як нялёгка жыць з шляхетнай жанчынай, калі ты сам сялянскі сын, чорная быдлячая косць. Калі нявыхаванасць так і прэ з цябе ў самы нечаканы момант і ўсё жыццё трэба пільнаваць самога сябе. Жыццё з каралевай стамляе. Канешне, шляхетная жанчына і ўзвышае, але Сцяпан Лукіч спачатку адчуваў сябе як той Шцірліц у аблозе сярод чужых.

Вось і цяпер, калі кватэрнае пытанне павісла ў паветры і ніяк не вырашалася, Сцяпан Лукіч знаходзіўся ў напружанні. І зараз, калі ён сядзеў у крэсле і праглядаў спартыўную прэсу, пазіраючы часам на жонку, на яе стройны стан, ясныя, уважлівыя вочы сапраўднай жанчыны, ён ужо каторы раз адчуў, што адхапіў сабе занадта вялікі кавалак шчасця. Ён глядзеў у гэтыя загадкавыя цярплівыя вочы, нібы ў бязмежны космас жаночай душы, – і збянтэжана адводзіў позірк. Ён разумеў, што яна трапіла ў ягоныя рукі выпадкова, нехта некалі нешта пераблытаў, а ён, тады малады дзяцюк, скарыстаў гэты выбрык лёсу на сваю карысць.

— Не хвалюйся, хутка павінны атрымаць, – не вельмі ўпэўнена прамармытаў Сцяпан Лукіч.

— Зараз, калі я стаў галоўным трэнерам каманды, атрымаем новую кватэру, а старую пакінем маладой сям’і. Разумееш, – ён узрушана павярнуўся да жонкі, але позірк накіраваў некуды ў акно, – трэба зрабіць каманду. Атрымаць перамогі. Тады можна і прасіць кіраўніцтва аб новай кватэры.

За сняданкам шаснаццацігадовы сын з рэдкім у цяперашні час імем – Ігнат, разняволена, з ледзь прыхаваным сарказмам, запытаў у бацькі:

– Што, татулька, прайграем «Грунвальду»?

У сям’і панавала дэмакратыя, і дзеці маглі размаўляць з бацькамі на любыя тэмы, але пытанне Ігната закранула балючы файл у душы Сцяпана Лукіча.

– Што за жалоба? Родны сын хавае бацьку, якога нядобразычліўцы і так б’юць з усіх бакоў... А ты, Ігнат, ужо і сам гатоў рыхтаваць жалобныя вянкі? Вось табе і сямейны патрыятызм! Між тым сам сядзіш у адным чоўне з бацькам… – усё гэта Сцяпан Лукіч сказаў лагодна, лёгка, амаль жартаўліва, між тым прысутныя адчулі моцны струменьчык нярвовасці ў ягоных словах.

Ігнат разгублена і нават спужана зірнуў на бацьку і густа пачырванеў.

Сцяпан Лукіч трымаўся ў сям’і дэмакратычна, ветліва і сціпла, гэтаксама ён паводзіў сябе і са спартоўцамі сваёй каманды. Ён быў надзейны, прагматычны і ў душы крыху нуднаваты вясковы мужык, які ў свой час трапіў з вёскі ў горад, упарта цягнуўся за жыццём, скончыў тэхнікум фізкультуры, потым бегаў па футбольнай дзялянцы за мячом. Дзякуючы асабістай адданасці кіраўніцтву, ён зачапіўся за каманду ў якасці памочніка трэнера, скончыў завочна інстытут, доўга працаваў трэнерам аматарскай футбольнай каманды. Калі б не Аніта, ён, магчыма, здзічэў бы, не маючы жыццёвай перспектывы, як здзічэла большасць савецкіх мужчын узростам за сорак гадоў, паціху смактаў бы гарэлку і заляцаўся да чужых баб. Аніта ўтрымала яго на вышэйшай арбіце існавання, стварыла духоўнасць і ўтульнасць у сям’і.

 

III

 

Праз некалькі дзён «Пагоня» выехала на сустрэчу з «Грунвальдам» у Менск. Пасля гульні, дзе «Грунвальд» уваліў «Пагоні» тры «сухія» мячы, стомлены і змрочны Сцяпан Лукіч падаўся ў рэстаран, каб падмацаваць патрачаныя духоўныя і фізічныя сілы.

Жыццё, якое ўчора здавалася ясным і надзейным, сёння ператварылася ў нейкі хісткі, зацягнуты туманам далягляд. Нават сям’я, апошняя мяжа абароны чалавека, раптам перастала быць апірышчам. Ён, Сцяпан Лукіч, памыліўся, і моцна памыліўся, калі жаніўся на каралеве. Ён перахапіў чыёсьці шчасце, адхапіў занадта вялікі кавалак, і цяпер павінен ірваць жылы, каб даказаць Аніце, а найперш за ўсё сабе самому, што ён сапраўдны мужчына.

Сцяпан Лукіч сеў за стол і пачаў вывучаць прайс, выбіраючы, чым павячэраць. У гэты момант з-за стала побач падняўся мужчына ў шэрым, крыху мятым строі, з сярэбрана-сівой галавой, і звярнуўся да Сцяпана Лукіча:

– Прывітанне, Эдзя, колькі гадоў не бачыліся!

Эдзя – мянушка Сцяпана Лукіча ў гады маладосці. Некалькі імгненняў ён глядзеў – і не пазнаваў мужчыну.

– Ну што ты, Эдзя, няўжо не пазнаеш сваіх? – усміхнуўся незнаёмец сваімі яснымі бурштынавымі вачыма, і ў той жа момант Сцяпан Лукіч пазнаў Антона Бельскага, які дваццаць пяць гадоў назад быў найлепшым нападнікам каманды.

Антон сеў за ягоны стол. Сцяпан Лукіч адчуваў нейкую няёмкасць. Шмат гадоў назад ён прыйшоў у каманду, а Антон Бельскі – зорка футбола ў росквіце сіл – нечакана для ўсіх праз некалькі месяцаў пайшоў з каманды і больш ніколі не выходзіў на чатырохкутнік футбольнага пляца. Тады ў Сцяпана нечакана ўзнікла пачуццё віны, хаця ён усё сваё спартыўнае жыццё гуляў левым абаронцам. Нешта як быццам змянілася ў адносінах ветэранаў каманды да яго, але тады ніхто нічога яму не патлумачыў, і ён забыўся пра сваё пачуццё. А цяпер адчуванне віны ўзнікла зноў, і ўзбагачаны жыццёвым досведам Сцяпан Лукіч звярнуў на гэта ўвагу.

Яны пілі каньяк, надзейны і якасны грэцкі «Артхес», закусваючы вэнджаным мясам і грыбной салянкай, і вялі размову аб мінулым. Фактычна піў Сцяпан Лукіч, Антон толькі падносіў келіх да вуснаў і ставіў назад на стол. Есці ён таксама не еў.

Антон жыў у Менску ў Зялёным Лузе ў трохпакаёвай кватэры разам з жонкай і двума дочкамі, працаваў дойлідам. Голас, усе паводзіны Антона былі роўныя, спакойныя, ён вылучаў добразычлівую ўпэўненасць, і Сцяпан Лукіч нечакана адчуў сябе лёгка і проста, ён разняволіўся і стаў гаваркім.

– Не надакучыла ў правінцыі, Эдзя? Не збіраешся перабрацца ў сталіцу? – зірнуў Антон на Лукіча. – Можа, чымсьці трэба дапамагчы?

– Чым ты можаш дапамагчы, Антон? Ты ж памяняў футбол на архітэктуру, бо быў самы дальнабачны і самы хітры з усёй каманды. Цяперака маеш заўсёдны кавалак хлеба з маслам. Зараз у цябе сябры з іншага асяроддзя. Ты выпаў з нашага кола.

– Самы хітры, – прамовіў Антон, і нейкая нотка, самотная туманная плямка слізганула ў выразе ягонага твару і ў голасе.

Нешта парушылася ў ім, разбуральна абрынулася, як снежная магутная хваля ў гарах, і ў наступнае імгненне твар Антона зацвярдзеў, потым закамянеў, і апошнім, бязлітасным намаганнем Антон затушыў гэта разбурэнне.

– Не кажы, жыццё цеснае, і дойдіды маюць самыя блізкія сяброўскія стасункі з самымі выбітнымі ўладаносьбітамі, – усміхнуўся Антон нейкай раздушанай усмешкай.

Нечага ў ім не хапала, нібы ўсе гэтыя гады ён жыў распалавінены.

І Сцяпан Лукіч са здавальненнем адчуў сябе больш сталым, моцным, дасведчаным, чым гэты некалі таленавіты чалавек, які падаваў вялікія надзеі. «Пэўна, запіў і ў свой час не здолеў своечасова прыпыніцца…» – звыкла слізганула думка. І ён стомлена агучыў звычайнае меркаванне правінцыяла:

– Жыццё ў сталіцы для нас, местачковых людзей, застаецца недасяжнай марай. Аніта была б вельмі шчаслівай. Але ведаеш, для нас зараз важней атрымаць кватэру ў Магілёве. Дачка Тоня збіраецца замуж. Дзеўка – як гурок, пераспее і зробіцца таварам неканкурэнтным. Бяруць – трэба аддаваць, – цяжка ўздыхнуў Сцяпан Лукіч і глынуў з келіха каньяку.

Не падабаўся яму будучы зяць. Іншы этнас, іншыя законы існавання. Лепш, каб роднае дзіцятка жыло побач.

– Тоня, – прамовіў Антон, гледзячы перад сабой.

Цень нечага няўлоўнага зноў мільгануў на ягоным твары. Сцяпан Лукіч паспеў заўважыць у ягоных вачах застарэлую бездань роспачы, ледзяной, чорнай і бясконцай, як космас. З гэтай прорвы патыхала нязломная, бязлітасная воля няшчаснага чалавека. Лукіч рэфлекторна здрыгануўся – ён часцяком сустракаўся з роспаччу спартоўцаў пасля цяжкіх траўмаў, якія перакрэслівалі чэмпіёнскія надзеі. Але такой роспачы ён яшчэ не сустракаў…

– Кватэра... Кватэра цяперака не праблема. Былі б грошы. – Бельскі памаўчаў некалькі імгненняў і дадаў: – Табе наогул грошы патрэбны?

– Не да грошай, калі каманда трэцюю гульню прайграе.

Сцяпан Лукіч крыху зап’янеў. Заўсёды мала гаваркі, ён хацеў выказацца такому ж бедачыне, каб назаўтра з новымі сіламі прадоўжыць сваё жыццёвае змаганне.

– У камандзе не хапае двух класных паўабаронцаў, ці хаця б аднаго, тэхнічнага плэймекера, вынослівага і з галавой. – Cцяпан Лукіч упарта крутнуў захмялелай галавой. – Няма… Ты ж ведаеш, Антось, нашы законы. Гаспадар не любіць параз. Яшчэ некалькі «баранак» – і ўсё, трэба шукаць іншае месца працы. У наш час, сам ведаеш, дзе ты знойдзеш па спецыяльнасці «футбольны трэнер» добрае месца, ды яшчэ па месцы жыхарства.

Ён змоўк і, нахіліўшы галаву, нешта ў маркоце асэнсоўваў.

– Я стаміўся, Антось, усё жыццё чапляцца за маленькія вышыні поспеху. Спачатку трэнер у дзіцячай спартыўнай школе, потым трэнер аматарскай футбольнай каманды, цяжкі шлях атрымання вышэйшай адукацыі. Я ўвесь час быў вымушаны ставіць перад сабой звышмэту. У маладыя гады я ўхапіў кавалак шчасця, занадта вялікі для мяне. Я не быў прынцам, а ў жонкі ўзяў прынцэсу. Быў малады, фізічна моцны вясковы хлопец, размаўляў на трасянцы, нічога не разумеў у оперы, не чытаў Шэкспіра, не ведаў, хто такі Жан Поль Сартр. Аднаго хацеў – жыць у прыгожым, чыстым горадзе, сярод культурных, выхаваных людзей. Жыць без мацюгоў, без п’янак, без свінячага і каровінага гною, без цяжкай прыгоннай працы кожны дзень, якая забірае ўсе разумовыя і фізічныя сілы і не дае магчымасці ўдасканальвацца. Ведаеш, Антось, першыя гады жыцця ў горадзе я быў шчаслівы самымі простымі радасцямі. Ты помніш газваду з сіропам у аўтаматах? Мне падабалася піць ваду з аўтамата за тры капейкі, хадзіць у кіно ў любы час дня. І вось я надарваўся. Я так і не стаў каралём. Не здолеў узняцца на адзін узровень са сваёй каралевай.

Сцяпан Лукіч наліў поўныя келіхі каньяку і падняў свой уверх.

– Я ўвесь порах спаліў на гэтым шляху, а мог стаць трэнерам чэмпіёнаў не толькі краіны, але і Еўропы. Павер мне, мог.

Ён утаропіў нечакана цяжкі позірк перад сабой і доўжыў далей:

– Мог! Давай вып’ем за тых, хто церпіць паразы і застаецца стаяць на нагах.

Яны чокнуліся. Увесь час, пакуль Сцяпан Лукіч раскрываў душу, Антон уважліва ўглядаўся ў яго, нешта асэнсоўваў і ўзважваў, пакручваючы чарку ў руцэ. Загаварыў цверда, з той зайздроснай для Лукіча валадарнай упэўненасцю дарослага мужчыны:

– Лухта гэта ўсё, Эдзя. Раней спорт быў ідэалогіяй. Мы рвалі вантробы дзеля перамог, медалёў, гонару краіны. Цяпер час змяніўся. Гонар краіны нікому не патрэбен. Патрэбны грошы, баксы, еўра. Спорт, і не толькі ён, стаў бізнэсам. Пакуль ты ў стырна, павінен карыстацца шанцам, руляваць так, каб потым жыць як чалавек. Я столькі ў сваім жыцці страціў, такія магчымасці не скарыстаў, такую ўдачу не ўтрымаў у руках, што самому страшна...

Ён гаварыў, звяртаючыся да суразмоўцы, словы ішлі з глыбіні душы. Антон як бы адказваў на свае пытанні сабе самому:

– Я цябе ведаю, таму кажу шчыра. Я ж бачу, як гэта спартыўная кодла грабе ўсё пад сябе. У футболе мала што разумее. Выжываюць дзякуючы згуртаванасці, усюды лабісты прапіхваюць свой інтарэс. У нас цэлы пласт «спартыўных пнёў», якія выжываюць толькі тым, што хаваюць сваю тупасць пад халуйскую ўгодлівасць уладзе. Улада, урад, сам прэзідэнт выдаткуюць вялізныя грошы на спорт. А яны? Калафееў, Бадачны, Гунтус? Савецкі футбол – «бей – бяжы». Бадачны пачаў някепска, а потым – шахер-махер, пачаў гандлем займацца. Працаваць не тое што не ўмеюць, а не хочуць. Ты ж не спіўся, не скурвіўся. Для цябе жонка і сёння шляхетная жанчына. За гэта цябе паважаю.

Бельскі змоўк і, схіліўшы галаву долу, правёў па шчацэ рукой, як бы змахнуў парушынку, што запарушыла вока. Ён уздыхнуў, нібы ўзвальваў на сябе цяжкую непад’ёмную ношу, і, падняўшы галаву, роўным голасам працягваў казаць далей:

– Хачу табе прапанаваць выгадны бізнэс-план. Прыйшоў час працаваць на саміх сябе, а не на гэтую шоблу-боблу, раз склаліся такія варункі.

Ад гэтых слоў падпітага Сцяпана Лукіча нават у слязу кінула. Яны пагаварылі яшчэ пра футбол, сучаснасць, Антон расказаў пра сябе.

Цяпер ён з аднадумцамі працаваў над праектам рэканструкцыі Грунвальдскай плошчы. Паводле ягонага праекта планавалася ўзвесці ў цэнтры плошчы велічны помнік Вялікаму Князю Вітаўту. Уладная бюракратыя і прыстасаванцы-дойліды ганьбілі праект на ўсіх узроўнях дзяржаўнай і грамадскай думкі, абы толькі дагадзіць прамаскоўскім ідэалагічным пердунам.

Антон гаварыў спакойна і нешта ўпарта думаў, уважліва ўглядаючыся ў Сцяпана, нібы яшчэ раз узважваў яго на сваіх унутраных вагах.

Пад канец вячэры Антон перайшоў да галоўнага.

– Гадоў гэтак дзесяць таму назад пачаў я памагаць на грамадскіх пачатках аднаму аматарскаму футбольному калектыву. Ёсць там адзін хлопчык на прыкмеце. Калі ўзяць Мішу Мустыгіна і Сержука Алейнікава і змяшаць, то і атрымаецца гэты спартовец. Ён табе ўмацуе каманду, створыць і паўабарону, і гульню ўперадзе. Галоўнае – не перайначвай яго, не ламай пад сябе. На трэніроўцы ты толькі ўбачыш, што ён не робіць памылак, і ўсё, ён сябе не рэкламуе. У гульні ён – робіць вынік. Ты яму скажы, што патрэбен вынік і што трэба звязаць паўабарону, астатняе ён зробіць сам. Трэба яго заіграць, а потым, прытрымаўшы, па трансферы прадаць за добрыя грошы ў заходні клуб.

Яны доўга абмяркоўвалі дэталі будачага дзейства. Напаследак, паціскаючы руку Сцяпану, Антон Бельскі задумліва і цвёрда прамовіў:

– Дагэтуль самым удачлівым і спрытным быў ты, Эдзя.

 

IV

 

Ад сустрэчы ў Сцяпана Лукіча засталося пачуццё ўдачы, нібы нехта магутны і ўплывовы заступіўся за яго ў самы складаны, хісткі час жыцця.

Праз некалькі дзён на стадыёне да Сцяпана Лукіча ў сярэдзіне трэніроўкі падышоў ладны юнак з валізай у руцэ і, прывітаўшыся, сказаў:

– Я ад Антона Бельскага з Менска. Маё прозвішча Базыль Раманюк.

Сцяпан Лукіч змрочна і ў той жа час прафесійна зірнуў на Базыля. Дзяцюк не хваляваўся, у яго постаці адчувалася спакойная ўпэўненасць прафесіянала.

– Добра, ідзі распранайся, паглядзім, – прабурчэў Сцяпан Лукіч. З раніцы ў яго быў кепскі настрой, прадчуванне нейкай непрыемнасці.

Хлопец быў рослы, і гэта спадабалася трэнеру. З рослымі было лягчэй: і крок у іх даўжэйшы, і галава лепш прыстасавана для таго, каб біць па мячы. Маларослыя – больш тэхнічныя, хітрыя, іх галовы прыстасаваны для асноўнай функцыі. Эдзя любіў і маленькіх, нават у глыбіні душы спачуваў ім, але з рослымі было меньш клопату. Не спадабалася Сцяпану Лукічу спакойная ўпэўненасць Базыля, тое, што гэты сталічны жыхар не хваляваўся пры першай сустрэчы са галоўным трэнерам няхай і правінцыйнай каманды.

Між тым Базыль перапрануўся, разагрэўся і падышоў да старшага трэнера. У доўгіх трусах, ён выглядаў нейкім даўгавязым і нязграбным.

– Ідзі пабегай за белых, – кіўнуў Сцяпан Лукіч на правую палову поля, дзе каманда ў сярэднім тэмпе жвава ганяла мяч.

Базыль выбег на поле, але зачапіўся буцай за нейкі ўзгорачак і паваліўся на травяны дыван поля.

На трыбунах, дзе заўсёды падчас трэніроўкі збіралася некалькі дзесяткаў заўзятараў, каб папіць піва, папаліць цыгарэты і пачасаць языкі, з злой радасцю зарагаталі і амаль тут жа засвісталі. У дні перамог галоўны трэнер прыязна ставіўся да гэтых людзей, у дні параз – ненавідзеў.

– Лукіча на пенсію, – крыкнуў хтосьці з трыбун.

Футбалісты схавалі ўсмешкі. У іх вачах галоўны трэнер быў ужо ахвярай. Лукіч павярнуўся і пайшоў у распранальню. Натоўп любіць пераможцаў. Заўзятары – стыхійная, анархічная, разняволеная хваля жыцця, адзіная магчымасць індывіда стаць самім сабой, cвабодна выказваць свае біялагічныя, ваяўнічыя звычкі. Палітолагам трэба было б не ў кабінетах вывучаць псіхалогію гэтай бурапеннай масы, нечаканай і пераменлівай, як бурлівая веснавая вада. Сёння яна падымае героя над сабой, а заўтра пры паразе будзе з дзікай асалодай таптаць нагамі.

У распранальні Сцяпана Лукіча паклікалі да тэлефона. Непрыемнае пачуццё сціснула ягонае сэрца.

– Сам, – шапнуў лысаваты саракагадовы масажыст каманды Стась, перадаючы галоўнаму трэнеру слухаўку.

– Лукіч, у чым справа? – голас гаспадара быў, як заўседы, цверды і ўпэўнены. – Я толькіі што вярнуўся з Нямеччыны, у чым справа, я ў цябе пытаюся? Ты што мяне ганьбіш? Я дамовіўся аб паездцы ў Нямечынну на дзве камерцыйныя гульні, еду дадому ў добрым настроі, прыязджаю, а мне дакладаюць, што ты тут усё валіш… Што з паўабаронай? Чаму не ставіш Казіка ў паўабарону?

– Ставілі, але тады разбуралася абарона, мы прапускалі па чатыры мячы... – галоўны трэнер у гэты момант уяўляў вартае жалю відовішча, ён увесь счырванеў і ўспацеў. – Прыйшлося вярнуць Казіміра ў абарону… Мы… Няма каму звязаць каманду ў цэнтры… Ігар Аляксандравіч, вы ж добра ведаеце каманду… Калектыў ёсць… не хапае аднаго-двух паўабаронцаў...

– А мне дакладаюць, што не хапае аднаго прафесійнага трэнера!

– Ігар Аляксандравіч, не хапае аднаго-двух паўабаронцаў, такіх, як Пракоп, як Юра, – і ўсё, каманда заіграе.

– Яшчэ скажы – такіх, як Круіф, Бэкенбаўэр, Зідан. Што ты прапануеш?

– Шукаем, Ігар Александравіч… Вось сёння ўзяў маладога, вельмі здольнага хлопца з Менска. Зараз на трэніроўцы прыглядаюся. Вельмі добрыя рэкамендацыі Антона Бельскага, былога майго сябра. Можа помніце, дваццаць гадоў назад – член зборнай Саюза…

– Не ведаю і ведаць не хачу. «Прыглядаюся, добрыя рэкамендацыі», – перадражніў гаспадар галоўнага трэнера. – Гэта ўсё непрафесійна, Лукіч. Гэта соплі, балбатня. Мне патрэбен вынік. Буду на гульні з «Дынама». Пагляджу, чым ты займаўся ўвесь гэты час і што зрабіў з маёй камандай, што за гульцоў набраў. Калі зноў узяў якога абібока, то крыўдуй, Лукіч, на сябе. У Нямеччыну паедзе іншы старшы трэнер. Да пабачэння.

Сцяпан Лукіч паклаў слухаўку і выцер змоклы твар. Пасядзеў хвілін дзесяць, аналізуючы сітуацыю, і патэлефанаваў у Менск знаёмаму трэнеру па футболе Анатолю Бараноўскаму. Спачатку перадаў прывітанне ад Ігара Аляксандравіча, сказаў, быццам той помніць Анатоля, потым перайшоў да пытання, якое хвалявала.

– Міхайлавіч, ёсць справа. Мне трэба даведка пра аднаго «самародка», Базыля Раманюка. Мне зараз яго прапануюць. Якія ў яго асноўныя тэхніка-тактычныя даныя? Што ён можа і чаго не можа?

– А што мне даведвацца, ён у мяне ў спартыўнай школе займаўся. Здольны хлопчык, пасля школы гуляў за аматарскую каманду і вучыўся ў інстытуце. Такіх шмат было і будзе, што закапалі свой талент. Сам знаеш – альбо футбол, альбо вучоба, іншай альтэрнатывы не існуе. А так хлопец тэхнічны, з галавой, замучыў у свой час сваім дрыблінгам, аніякай каманднай гульні. Каб трапіў у добрую каманду да добрага трэнера, быў бы толк.

– На трэніроўцы, сам разумееш, шмат чаго не ўбачыш. Збіраюся твайго Базыля ў наступнай гульні з «Дынама» паставіць у паўабарону.

Анатоль слухаў, не перабіваючы. Потым слухаўка данесла ўпэўнены голас калегі:

– Глядзі сам. Хлопец са сваім каралём у галаве, але паспрабаваць можна.

За дзень да гульні з «Дынама» Сцяпан Лукіч запытаў у другога трэнера каманды, Лявона Мікалаевіча, пра навічка.

– На трэніроўцы нічым не вызначыўся, звычайны футбаліст. Рухаецца як усе, памылак не робіць, і не відаць, каб асабліва стараўся.

– Калі чалавек не стараецца, то з яго нічога не атрымліваецца, – сам сабе зазначыў Сцяпан Лукіч.

– Амаль не ўзмок, – хітра зірнуў Лявон Мікалаевіч на галоўнага трэнера.

Сцяпан Лукіч кінуў на яго кароткі ўважлівы позірк. «Гэты ўжо таксама пахаваў мяне, – падумаў ён. – Уся адказнасць за навічка кладзецца на мяне».

Ён вылаяў сябе за тое, што сказаў Ігару Аляксандравічу пра навічка. Калі Раманюк зараз не спраўдзіць надзеі, то за няўдалую селекцыю, махлярства і пустазвонства гаспадар выпра яго з каманды з воўчым білетам, якраз у той самы час, калі каманда створана. Ён быў упэўнены, што каманда заіграе, толькі трэба крышку ўдачы, некалькі перамог, якія дадуць упэўненасці маладым, учарашнім юніёрам, і ўдыхнуць новыя сілы і надзеі ў ветэранаў. Камандзе патрэбна вера і досвед перамог. Яшчэ адна параза – і не відаць яму ні кватэры, ні Нямеччыны. Сцяпан Лукіч з расчараваннем плюнуў у сметніцу.

Заставалася толькі спадзявацца на Антона, на яго талент, розум і галоўнае – на яго сумленне.

Увечары Сцяпан Лукіч заехаў па жонку, якая працавала ўрачом у платнай паліклініцы, і паехаў з ёю ў Задняпроўе. Па дарозе ён успомніў пра Антона і неяк мімаходзь перадаў прывітанне жонцы.

– Ведаеш, нядаўна сустрэў Антона Бельскага, можа помніш яго, быў у нас у камандзе таленавіты нападнік, перадаваў табе прывітанне.

Сцяпан Лукіч пільна ўглядаўся ўперад, у праспект Касманаўтаў, што шэрым асфальтавым пасам набягаў на легкавік, і не заўважыў, як Аніта перамянілася ў твары. Ён аўтаматычна працягваў гаворку:

– На нашым вяселлі яго не было, хаця ўся каманда прыйшла. А потым ён неяк нечакана пайшоў з каманды, пачаў вучыцца ў політэхнічным, скончыў архітэктурны факультэт і зараз працуе ў Менску над праектам рэканструкцыі Грунвальдскай плошчы. Заеўся з уладай з-за помніка вялікаму князю Вітаўту, які хоча паставіць пасярод плошчы. Дзівак? Кіраўніцтву лепш бачна, што, як і дзе каго ставіць. Якім быў праўдарубам, такім і застаўся. А якія надзеі падаваў, кандыдат у зборную. Галоўны трэнер, помню, ірваў валасы на галаве, – сумна гледзячы ў мінулае, успамінаў Сцяпан Лукіч.

– Васільевіч бегаў за ім з паўгода, кіраўніцтва давала і кватэру, і легкавік. А ён так больш і не выйшаў на футбольны газон, кінуў футбол, як нажом адрэзаў. Кандыдат у зборную, у самым росквіце сіл… Чаму? Невядома.

Сцяпан Лукіч пераключыў хуткасць, робячы паварот на вуліцу Астроўскага.

– А зараз ён прапануе мне паўабаронцу. Кажа, што гэта новы Пеле з Мустыгіным. Калі гэта нават і праўда, чаму ён прапануе яго мне? Блізкімі сябрамі мы з ім не былі… Гэтага «Пеле» можна накіраваць у моцны багаты клуб, напрыклад «Беларусь», «ВКЛ», «Вільню» ці «Грунвальд». Значыць, гэтая «зорка» – звычайны спартовец, якіх сотні… – падсумаваў свае развагі Сцяпан.

– Што ён табе яшчэ казаў? – роўным і энергічным, як заўсёды, голасам запытала Аніта.

– Я падставіўся, сказаў пра гэтага навічка Ігару Аляксандравічу. Расхваліў яго. Ігар Аляксандравіч зацікавіўся. А калі зараз гэты навічок сябе не пакажа – пішы прапала. Не тое што кватэры не атрымаю, але і працу страчу. Каманда ў апошніх чатырох гульнях набрала тры ачкі.

– А хто цябе за язык цягнуў? – ізноў задумліва запытала Аніта.

– Ратаваўся ад злосьці гаспадара, вось і ляпнуў, – прызнаўся Сцяпан.

Аніта доўга маўчала і ўжо дома за гарбатай падтрымала мужа:

– Я веру Антону, ён чалавек таленавіты і сумленны. Ён не можа памыліцца.

Сцяпан Лукіч сумна паглядзеў на жонку і нічога не адказаў. Ён пакутаваў ад цяжкіх прадчуванняў.

 

V

 

Раніцой у дзень гульні Сцяпан Лукіч усё яшчэ не вырашыў, ставіць навічка на гульню ці не. Не вырашыў ён гэтую цяжкую невырашальную складанасьць і за гадзіну да пачатку сустрэчы. Гэты навічок зрабіўся навязлівай ідэяй і ператвараўся ў фатум.

Каманда, прыехаўшы на стадыён, пайшла ў распранальню. Ігар Аляксандравіч у чорным скураным паліто, з цвёрдым позіркам цёмных вачэй, у атачэнні світы прыйшоў да каманды, з кожным паздароўкаўся за руку. Затрымаўся каля ветэрана каманды, нападніка Алеся Перуновіча.

– Што, Алесь, сапсаваўся прыцэл? – весела і трохі са скрухай запытаў Ігар Аляксандравіч. – А калісьці, здаецца зусім нядаўна, наводзіў жах на брамнікаў.

– Ды я ў парадку, Ігар Аляксандравіч, няма падносчыкаў снарадаў, – запярэчыў Алесь.

– Ну-ну, паглядзім, вось у вас новы, таленавіты, як мне казалі, падносчык снарадаў… Базыль… як яго прозвішча? – запытальна глянуў Ігар Аляксандравіч на галоўнага трэнера.

– Базыль Раманюк, – падказаў другі трэнер. Ён проста зіхацеў ад радасці, што сам гаспадар ашчаслівіў каманду сваім з’яўленнем.

Ігар Аляксандравіч сказаў кароткую прамову, дзе зазначыў, што каманду любіць як і раней, у каманду верыць. Камандзе плануе выезд у Нямеччыну ў канцы верасня. Сёння яго не цікавіць вынік, бо з «Дынама» змагацца немагчыма, гэта зборная краіны. Яго цікавіць, ці ёсць у яе здаровы дух барацьбы, воля да перамогі, характар. Гэта галоўнае і, зразумела, новыя імёны. Пасля гэтага кіраўніцтва і прыйдзе да адназначнай высновы, што рабіць з камандай, каго замяніць, каму дапамагчы з кватэрай, матэрыяльна падтрымаць, ад каго адмовіцца.

– Абібокаў трымаць не будзем, – так скончыў прамову гаспадар.

Добрая атрымалася прамова. Ясная, па-мужчынску канкрэтная і рашучая. Усе адчулі сябе ў адным чоўне, пранікліся духам і таму, пасля таго, як Ігар Аляксандравіч пайшоў, слухалі галоўнага трэнера ўважліва, і на зялёны газон выйшлі з надзеяй аказаць супраціў «Дынама».

Гульня з першых хвілін пайшла напружаная, роўная, з вострымі момантамі каля абодвух брам. Неяк атрымалася, што добрае ліпеньскае надвор’е, жаданне каманд гуляць, аптымістычны настрой заўзятараў на трыбунах — аб’ядналіся ў адзіны рытм, і ўсё гэта ў добрым рытме і пульсавала.

Ігар Аляксандравіч зачаравана пазіраў на поле і ў асобныя моманты гульні толькі задаволена крактаў... «Дынама» вяло гульню весела, упэўненае, што рана ці позна свайго дасягне. Звычайна адна ўпэўненасць вымушала нерваваць гульцоў супрацьлеглай каманды, але не сёння «Пагоня» ўпарцілася, спрабавала спаборнічаць на роўных, і гэта ў яе пакуль што атрымлівалася.

Як заўсёды ў роўнай гульне, гол, які ўвагнала «Дынама» ў браму «Пагоні», узнік з нічога, з прымітыўнай памылкі: мяч з вуглавога слізгануў па галовах абаронцаў, неяк няёмка адскочыў у бок на кут брамнай, і тут дынамавец Сяржук Шынкевіч падставіў буцу і накіраваў мяч у сетку. Першы гол сезона абаронцы. Радыёкаментатар як чыюк1 паўтарыў падзеі, што прывялі да гола.

Ігар Аляксандравіч незадаволена выключыў прыймач і спахмурнеў тварам.

Другі гол увагнаў дзевяты нумар, нападнік Мікола Волах, закруціўшы са штрафнога мяч у дзевятку. Два – нуль. Гульня была зроблена.

У пачатку другога тайма, калі каманды выйшлі на поле, гаспадар грозна зірнуў на Сцяпана Лукіча.

– Ну што, хвалько, дзе твой «Пеле»?

У галоўны трэнера ўсё абрынулася ўнутры, ён паклікаў Раманюка і загадаў хутка распранацца ды замяніць ветэрана каманды Сымона Ліпкіна, які, увесь мокры ад поту, панура соўгаўся па футбольнай пляцоўцы.

Базыль па-юнацку вуглаваты, з кароткай прычоскай, слухаў уважліва і зусім не хваляваўся. Гледзячы на яго, можна было падумаць, што ён выходзіў гуляць супраць «Дынама» ў асноўным складзе ўжо шмат разоў.

Ігару Аляксандравічу навічок адразу спадабаўся – ягоны рост, постаць, але галоўнае, як трымаўся Базыль, ягоная сталая манера паводзін. Гэта былі паводзіны маладога ўпэўненага мужчыны, які прыйшоў у жыццё, каб здзяйсняць перамогі, і жыццёвыя паразы разглядаў як недарэчнасць. Ігар Аляксандравіч, зірнуўшы ў вочы Базыля, зразумеў сутво маладога футбаліста, бо сам быў такім.

Між тым Базыль Раманюк ужо выбег на замену, ён мяккім рысіным крокам ступіў на зялёны газон поля ды раптам зачапіўся за нейкі нябачны грудок і паваліўся ва ўвесь свой немалы рост – ногі, як аглоблі, бялелі пад ліпеньскім сонцам. На трыбунах засвісталі. Футбалісты абедзвюх каманд засмяяліся. Ігар Аляксандравіч ізноў пацямнеў тварам: ён не любіў недарэк, яшчэ больш ён не любіў сваіх памылак.

Як быццам нічога не здарылася, Базыль узняўся з зялёнага дывана, паправіў гетры, і гульня працягвалася далей.

У душы кожнага заўзятара жыве прыхаваная мара, дзеля якой ён гадамі ходзіць на стадыён, і кожны раз, калі навічок у першы раз выбягае на поле, сэрца заўзятара сціскаеца ад патаемнай надзеі, што на поле выйшаў талент, будучая зорка футбола, спартовец, які будзе ствараць цуд на зялёным дыване. Сярод менскіх заўзятараў-ветэранаў яшчэ можна пачуць успаміны аб мячах, якія літаральна закочваў у браму, абвёўшы палову тбіліскай каманды «Дынама», фантастычны майстар дрыблінгу Міхась Мустыгін, па мянушцы Мустанг, – цуды, якія ён ствараў на зялёным газоне, рабілі шчаслівымі тысячы людзей.

Гулец, які першы раз выбягае з камандай на футбольнае поле, заўсёды трапляе пад жорсткі двухбаковы прэсінг. Свая каманда нібы не заўважае навічка, бо ён канкурэнт некаму са старых гульцоў і таму аніякай літасці да яго. Супрацьлеглая каманда любіць запалохаць чужога футбаліста. Іншы раз здараецца, што здольны малады спартовец страчвае веру пад гэтым двухбаковым прэсінгам і, пратаптаўшыся дзве-тры гульні, сходзіць на нуль.

Базыль увайшоў у гульню і адразу перахапіў мяч, прамчаў трохі ўперад за цэнтр поля і вострым пасам уразрэз кінуў у прарыў Алеся Перуновіча, які ў адзіноце сумаваў перад штрафной пляцоўкай. Цэнтральны нападнік рэзка выйшаў на ўдарную пазіцыю і небяспечна ўдарыў у самы кут. Дынамаўскі брамнік з цяжкасцю перакінуў мяч на кутавы.

Яшчэ некалькі разоў Базыль перахопліваў перадачы дынамаўскіх паўабаронцаў, іншы раз ён проста ўступаў у барацьбу і жорстка забіраў мяч. Праз нейкі час каманда «Дынама» пачала пераходзіць цэнтр поля з цяжкасцю. Каманда «Пагоні», завалодаўшы мячом, пасля кароткай перапасоўкі, паціху, крок за крокам пачынала набліжацца да дынамаўскай штрафной. Іншы раз мяч перахоплівалі ў барацьбе, але настойлівая паўабарона, вядзёная Базылём, адбірала мяч і зноў пачынала наступ. Яшчэ двойчы Базыль вострым кідком выводзіў Алеся Перуновіча сам-насам з брамнікам.

Адбойная гульня ў пачатку другога тайма замянілася на гульню асэнсаваную, абаронцы магілёўцаў перадыхнулі і пачалі весці стваральную гульню ўжо са сваёй паловы поля. Паўабарона каманды таксама на роўных змагалася з дынамаўцамі, маючы ў сваім актыве ініцыятыву, і нападнікі пачалі атрымліваць мяч ды ўзяліся за свае прамыя абавязкі.

Дзесьці ў сярэдзіне тайма Базыль у падкаце забраў мяч у дынамаўца і, набіраючы хуткасць, паімчаў з мячом уперад, увёў у зман паўабаронцу Вітаўта Ганчара, праляцеў трошкі на край і на куту штрафной шэрагам фінтоў паклаў на газон абаронцу Сержука Шынкевіча, магутна паскорыўся, так што ўся абарончая пабудова засталася за спінай, і выкаціўся на браму. Дынамаўскі брамнік Стах Быстрыцкі куляй кінуўся яму ў ногі. Хітрун Базыль мог і сам загнаць гол, але ён мякка перакінуў мяч уздоўж пустой брамы ветэрану каманды Алесю Перуновічу, і той, мокры і злосны ад затрачаных высілкаў, з асалодай увагнаў мяч у сетку. Два – адзін. Заўзятары засакаталі ад задавальнення.

Брамнік Стах Быстрыцкі выказваў дынамаўскім абаронцам усё, што ён пра іх думае, тыя, выкідваючы мяч з брамы, нервова агрызаліся... Алеся Перуновіча абдымала каманда.

Ігар Аляксандравіч запаліў «мальбара» і працягнуў пачку Сцяпану Лукічу – той, хоць і не паліў, узяў цыгарэту і зацягнуўся на поўны ўдых.

На стадыёне засталіся спакойнымі: міліцыя, рэферы, каманда «Дынама» і Базыль, які вяртаўся на сваю палову пляцоўкі без хвалявання. Гульня працягвалася далей. «Дынама» стала больш пільным, імкнучыся прыпыняць контранападныя дзеянні магілёўскіх футбалістаў. Паўабарона «Пагоні» панавала на полі, па дзеяннях Раманюка адчувалася, што ў кожны момант гульні ён можа згуляць латвей. Ён мякка працаваў з мячом, своечасова аддаваў яго сваім гульцам. Іншы раз дынамаўцы не прадбачылі яго дзеянняў: калі чакалі паса – ён імчаў уперад, калі пачыналі жорстка налятаць з усіх бакоў – ён з мячом выскокваў непашкоджаным з натоўпу. Адзін раз ён сам кінуўся ў цэлы гурт абаронцаў, фінтамі раскідаў іх у розныя бакі, прамчаў уперад і з кута штрафной тугім ударам паслаў мяч у дальняе перакрыжаванне брамы, так што мяч адбіўся ад бэлькі ў зямлю.

Праз некалькі хвілін пасля хуткай імклівай перапасоўкі ў цэнтры поля, так што нават у заўзятараў закружыла ў галаве, Базыль згуляў у трохкутнік з Алесем Перуновічам, імгненна паскорыўся, адарваўся ад паўабаронцы, ашукаў фінтом аднаго дынамаўскага абаронцу, перад штрафной рэзка паказаў управа, потым рынуўся ўлева, у апошняе імгненне зноў памчаў управа, пакідаючы ззаду цэнтра абароны Аляксандра Джундзіча і ў апошняе імгненне адазваўся на роспачны вокліч сваёй дзесяткі, кінуў мяч направа пад нагу Алеся. Той з ходу накіраваў мяч у вароты. Брамнік Стах Быстрыцкі бездапаможна заваліўся на зялёным дыване і разгублена мацаў буцу Раманюка.

– Ба-зыль! – Сцяпан Лукіч падхапіўся з месца.

Увесь заўзятарскі люд на стадыёне ўстаў. Стадыён гудзеў, грымеў, ужо амаль усе зразумелі, што перад імі выключны момант ісціны кожнага з іх, нараджэнне таленавітага спартоўца, імгненне, якое, магчыма, бывае адзін раз у жыцці.

Да заканчэння гульні заставалася хвілін пяць, дынамаўцы рваліся ўперад, каманда Базыля гуляла на роўных, але і псіхалагічна трымала сябе на адным узроўні і гэтым вымушала нервавацца спартоўцаў супрацьлеглай каманды, стварала дыскамфорт пачуццяў. «Пагоня» трымала ініцыятыву, не збегла ў абарону, не цягнула час пры падачы кутавых, пры штрафных ці выкідах мячоў з-за бакавой. Паўабарона, вядзёная Базылём, выпраменьвала дух перамогі і ўпэўненасці. Алесь Перуновіч таксама падтрымліваў гэты настрой, ён, як і Казік Красніцкі, мог гуляць хоць з зборнай Бразіліі і не ўкідавацца ў скруху.

Ігар Аляксандравіч зачаравана ўзіраўся на зялёны газон, на ягоных вачах адбываўся пераломны момант – нараджэнне каманды Пераможцаў. Здзяйсняўся рэдкі, нават унікальны жыццёвы момант, і таму гэта было нязвыкла, але ўжо зразумела для ўсіх, хто зараз знаходзіўся на стадыёне. Ва ўсіх, хто прысутнічаў, – заўзятараў, футбалістаў, рэферы, міліцыянтаў – самім укладам жыцця некалі быў выдрэсіраваны комплекс несвабодных людзей. Найлепшае, таленавітае, пераможнае заўсёды належала іншым. Таму ад гэтых людзей па вялікім рахунку ніколі нічога не залежала ў жыцці, звычайна яны выконвалі ролю абслугі, правінцыйных, другасных людзей. У глыбіні душы шмат хто з іх адчуваў сваю мужчынскую непаўнавартасць, бо насіць порткі яшчэ не значыла быць мужчынам. Сапраўдны мужчына – гэта заўсёды Пераможца! Але несвабодны чалавек ніколі не будзе Пераможцам!

Для гаспадара Ігара Аляксандравіча нараджэнне каманды было адказам на пытанне, як жыць далей, і калі за пяць хвілін да канца гульні стопер дынамаўцаў Барыс Петравіч бязлітасна скасіў Базыля на падыходзе да штрафнога майданчыка, усе заўзятары раз’юшана паўскоквалі са сваіх месцаў.

Петравіч абразіў усіх гэтых дзесяць тысяч мужчын, што сабраліся на стадыёне. Ігар Аляксандравіч, як уджалены чмялём, падхапіўся з лавы і хутка пайшоў, амаль пабег на поле.

– Ноy, ноу, – крычаў ён.

Трэнеры і бакавы рэферы затрымалі яго на полі і пачалі ўгаворваць вярнуцца на месца. Усё ж такі намеснік старшыні спорткамітэта, бізнэсмэн, мецэнат, які дае на футбол немалыя грошы.

– Ноу, – крычаў Ігар Аляксандравіч, паказваючы ківуном на Петравіча, той, збянтэжаны, хутка схаваўся за спіны дынамаўскіх спартоўцаў.

Гаспадар заспакоіўся толькі тады, калі ўбачыў, што Базыль узняўся і трушком пабег да цэнтра поля. Калі Ігар Аляксандравіч вяртаўся з пляцоўкі да лавы запасных, заўзятары воплескамі падтрымалі яго. Ён ішоў – грозны, упэўнены, былы наменклатуршчык, – і трыбуны, якія не любілі выпешчаных алігархаў, што дасягнулі поспеху, цяпер віншавалі яго, бо ён заступіўся за справядлівасць, а значыць – і за іх, шматкроць зняважаных і пакрыўджаных.

«Дынама» зразумела, што ламаць ногі Раманюку – не лепшае выйсце, і таму пачало гуляць у той спартыўны, жорсткі, хуткі і тэмпавы футбол, якім заўсёды і вызначалася. Гульня пайшла ў страшэнным тэмпе і галоўнае – амаль без памылак. Хваля нападу накатвалася то на адну браму, то на другую. Заставалася хвіліна да канца другога тайма, і тут Базыль ізноў агаломшыў усіх. Ён атрымаў мяч паблізу цэнтравога кола і, набіраючы хуткасць, памчаў наперад, перад карнай пляцоўкай, бесперапынна фінтуючы ўсёй паставай, ён згуляў у адзін дотык са сваім шостым нумарам, атрымаў мяч, рынуўся ўлева, тут жа змяніў кірунак руху ўправа, увёўшы ў зман абаронцу, абвёў адзін за другім двух стопераў, уварваўся ў брамніцкую, ашукаў галкіпера і ўкаціў мяч у браму. Усё было зроблена ў класічным стылі міфічнага Мустыгіна.

Рэферы паказаў на цэнтр футбольнага поля. Брамнік Стах Быстрыцкі павольна падымаўся на калені, разгублена паглядаючы на мяч у браме. Абаронцы бязгучна мармыталі мацюгі і павольна ішлі да брамы. Заўзятары ў эмацыянальным уздыме ўзрушана віншавалі воплескамі каманду «Пагоня», якая выйшла ў фінал кубка краіны.

Перамога аб’яднала ўсю каманду. У распранальні Алесь Перуновіч горача гаварыў галоўнаму трэнеру:

– Я, Сцяпан Лукіч, мог яшчэ ўлындзіць. Каб хвілін дзесяць яшчэ гульня прадоўжылася, дальбог яшчэ адзін уклаў бы. Адчуваю – прыцэл аднавіўся.

– Веру, веру. Гулялі добра. Малайцы. Усім па кварце гарэлкі, – любімы жарт галоўнага трэнера сведчыў, што ён у добрым настроі. – А як навічок ? – хітра прыжмурыў вока Сцяпан Лукіч.

– Навічок што трэба! – спакойна зазначыў цэнтр абароны Казік Красніцкі.

– Трусы толькі памяняць. Занадта доўгія. – І пад шчаслівы рогат прысутных дадаў: – З трусамі ці без трусоў – галоўнае, каб забіваў.

Усе зноў загаманілі. Перамога ўзрушыла і аб’яднала.

Ігар Аляксандравіч зайшоў павіншаваць каманду.

– Будзеце гуляць як сёння – выйграеце фінал, паедзеце ў Нямечыну на дзве камерцыйныя гульні. А восенню на Кубку Кубкаў, думаю, трэба выходзіць на Еўропу. Каманда ёсць! – цвёрда зазначыў ён.

Потым, калі старшы трэнер пайшоў праводзіць гаспадара, той, ужо сядаючы ў «мерседэс», сказаў Сцяпану Лукічу:

– Выйграеш фінал – прыходзь па ордэр на кватэру.

 

1 Чыюк – папугай. Новатвор прапанаваны У.Арловым.

VI

 

У жніўні Сцяпан Лукіч атрымаў доўгачаканую чатырохпакаёвую кватэру. Зараз можна было рыхтавацца да вяселля дачкі. Не адкладаючы справу ў доўгую скрыню, ён зрабіў еўрарамонт і хуценька засяліўся ў новую кватэру, пакінуўшы ў старой сваю маці з дачкой.

Неяк, застаўшыся адзін дома, Сцяпан Лукіч перастаўляў мэблю ў пакоях. З шуфляды, якую ён нёс у пакой жонкі, каб уставіць у шафу, выпаў невялікі скрутак з лістамі і фотаздымкамі і рассыпаўся на падлозе, нібы нейкая вышэйшая сіла адчыніла перад ім таемныя куткі жыцця. Ён збіраў старыя пажоўклыя лісты, здымкі... На адным з фота Аніта і Антон Бельскі, маладыя, стрункія, абняўшыся стаялі пад раскідзістым вязам. Вочы Аніты лучыліся шчасцем, каханнем, верай, надзеяй. Антон, сярэдняга росту, у пільчаку з гальштукам, упэўнены, шчаслівы, беражліва абдымаў Аніту за плячо. На адваротным баку было напісана: «Каханай, адзінай, непаўторнай».

Сцяпан Лукіч доўга сядзеў у крэсле, пазіраючы на фотаздымак. Ён усё зразумеў. Успаміны натоўпам беглі ва ўяўленні. Маладосць... Ён прыйшоў у каманду... Новыя людзі... новыя стасункі... першы гол у аснове... Потым нечаканае выпадковае знаёмства з прыгажуняй Анітай і хуткі шлюб... «Ты адзін выкарыстаў свой шанец у жыцці», – успомніў ён словы Антона. Успомніў ягоную прыхаваную застарэлую бездань роспачы, ледзяной, чорнай і бясконцай, як космас.

Сцяпан Лукіч дазволіў сабе на кароткі час адчуць сябе пераможцам. Па вялікім рахунку, ён у жыццёвым спаборніцтве абышоў больш здольных, таленавітых, моцных – а Антон Бельскі быў якраз з сапраўднай кагорты пераможцаў. Значыць, ягоная, Сцяпана, сялянская цягавітасць, ягоная чэпкасць, здольнасць карыстацца жыццёвымі шанцамі была больш важнай, чым прыродны талент, моц і нават розум. Лукіч добра ведаў, што перамогі часта, вельмі часта разнявольваюць і таму за перамогамі імчаць нечаканыя і жахлівыя паразы, але зараз ён з асалодай цешыў сваё ўласнае «Я».

Ён шчыра спачуваў Бельскаму за ягоную долю, за душэўную балючую хваробу. Сам ён быў няздольны на такую самаахвярную памяць, што труціла чалавека знутры ўсё жыццё, і не разумеў патрэбы ў гэткай памяці. Увесь тыдзень ён насіў у сабе гэтае адчуванне спраўджанага ўласнага жыцця. Пройдзены пераможны этап патрабаваў узяць нейкі перапынак, каб усё асэнсаваць і паставіць новыя жыццёвыя мэты.

Праз тыдзень яму патэлефанаваў Анатоль Бараноўскі з Менску, з якім у апошнія месяцы яны зрабіліся чуць не блізкімі сябрамі і вельмі ўдала і карысна супрацоўнічалі.

– Ёсць дзве навіны, – учуў Лукіч у слухаўцы хрыплаваты спакойны голас калегі. – Адна вельмі добрая для цябе і адна кепская для ўсіх нас. Ёсць у федэрацыі думка прапанаваць цябе на месца галоўнага трэнера маладзёвай сборнай каманды. Праўда, маюцца і іншыя кандыдатуры, але за цябе значная большасць. Цягавіты, працавіты, разумееш сучасны футбол, гадуеш маладыя таленты, не займаешся інтрыгамі, адэкватны… Сам разумееш, што гэта прыступка да нечага большага.

– Так, – Сцяпан Лукіч быў збянтэжаны. – Ты думаеш, што я здолею?

– Без усялякага сумневу. Маладзёвая каманда ўжо створана Міхаленем. А калі ты яшчэ далучыш сваіх двух-трох таленавітых хлопцаў, як Базыль Раманюк, то поспех забяспечаны. У Міхалені праблемы з здароўем, каманду ён зрабіў, але слёзна папрасіў адстаўкі. Так і сказаў на паседжанні федэрацыі і спорткамітэта: «Не адпусціце – памру». А на сваё месца прапанаваў цябе, Сцяпан Лукіч.

– Дзякуй яму. Праца для мяне па-праўдзе вельмі цікавая, – шчыра прызнаўся Сцяпан Лукіч.

– Другая, навіна, кепская. Пасля працяглай цяжкай хваробы нечакана для ўсіх памёр майстар спорту міжнароднага класа некалі таленавіты футбаліст, Антон Бельскі. Пахаванне адбудзецца заўтра. Вось так, дружа. А які быў чалавек, ты сам добра ведаеш…

Яны крыху пагаварылі, выказалі адзін аднаму спачуванне і развіталіся. Сцяпан Лукіч быў страшэнна ўражаны атрыманымі звесткамі. Магчымасць стаць галоўным трэнерам зборнай маладзёвай каманды была тымі жыццёвымі крыламі, якія маглі ўзнесці на неверагодную кар’ерную вышыню.

І толькі цяпер Сцяпан зразумеў, які падарунак зрабіў яму Бельскі. Без Базыля Раманюка ён ужо даўно быў бы звольнены з працы і гандляваў на рынку цыгарэтамі ці працаваў настаўнікам фізкультуры ў школе.

Ён ішоў ад тэлефона ў збянтэжана-малапрытомным стане. Яго нават кінула ў слёзы. А ён яшчэ адчуваў сябе пераможцам – перад кім? Перад смяротна хворым Антонам? Вось хто быў пераможцам – ужо ведаючы пра сваю цяжкую хваробу, ён дапамог яму, фактычна чужому чалавеку, узняцца ў жыцці. І як цяпер сказаць Аніце аб гэтай нечаканай смерці Антона…

Сцяпан накінуў на плечы пільчак, выйшаў на гаўбец і доўга стаяў, пазіраючы з вышыні сёмага паверха ў далечыню... На захадзе сонца хавалася ў зацягнуты хмарамі небакрай. Халодны вятрыска нёс цёмны, пахмурны, самотны вечар. Накропваў дожджык. Сцяпан Лукіч моцна стаміўся за апошнія напружаныя месяцы, і яму хацелася зараз легчы, заснуць і доўга не прачынацца…

Трымала ў штодзённасці мноства незакончаных спраў. Спартовы калектыў, які ён стварыў і які трэба было весці далей па крутых схілах спартовага лёсу, уласныя дзеці, якіх ён любіў. А праз некалькі дзён павінны адбыцца ўваходзіны, прыйдуць госці... Жыццё працягвалася і вымушала варушыцца, быць прудкім, нязломным, цярплівым…

Ён ужо разумеў, што па вялікаму рахунку быць пераможцам у гэтым жыцці немагчыма.

 

2001 г.

Упершыню надрукавана ў кніжцы ‘’Гульня белымі фігурамі’’ у 2008 г.

 

Сезон дажджоў

 

I

 

Ішоў дождж. Маленькія, драбнюсенькія, амаль мікраскапічныя пылінкі вільгаці бясконца сыпаліся са свінцовых хмар і панавалі над прасторай вёскі, што разлеглася на ўсім працягу ад лесу да рэчышча ракі. Некалькі дзесяткаў пацямнелых ад вільгаці вясковых хат, лес, старадаўняя паркавая сядзіба, поплаў і старажытная рака – увесь гэты жыццёвы абшар быў вымушаны скарыцца перад валадарствам дажджу.

Было сумна, таму што лета скончылася, прыйшла восень і трэба было рыхтавацца да прыходу зімы. Дні рабіліся маленькімі, і цемра ўсё часцей ператваралася ў нейкую шматгаловую гідру.

У настаўніцкай Клёнаўскай сярэдняй школы было людна. Дырэктар школы Тарас Пятровіч сядзеў за сталом у куце і хутка пісаў у сшытку, рыхтуючыся да педагагічнай нарады. Зрэдку ён кідаў позірк паўзверх акуляраў на настаўнікаў, што знаходзіліся ля стала пасярод пакоя. Завуч Вера Андрэеўна, увішная жанчына гадоў за трыццаць, пісала расклад урокаў на другую чвэрць, іншыя настаўнікі, не марнуючы час, запаўнялі класныя журналы.

На рагу стала, побач з Верай Андрэеўнай, двое – гісторык Віктар Іванавіч, ад нядаўняй пары Вітаўт Янавіч, сталы мужчына гадоў сарака пяці з ясным, разумным позіркам чалавека, які адшукаў ісціну, і малады біёлаг Кастусь Корзун – гулялі ў шахматы.

– Тэк, – мармытаў Вітаўт Янавіч, – камандантэ, сёння мы з вамі, шаноўны спадар Кастусь, падрахуем рахунак.

– Чаму камандантэ? – зычліва і шчыра запытаў Кастусь, свежы, як красавіцкі ранак, настаўнік, які працаваў у школе першы год.

Гісторык падняў руку з шахматным канём, пільна ўзіраючыся на дошку, дзе кіпела напружаная барацьба інтэлектаў.

– Камандантам, шаноўны спадарыус Косцік, вы з’яўляецеся таму, што ў вас цяпер такая пасма жыцця. Сёння вы спелы жнівеньскі яблык, гэткая зараз у вас самасць.

У файным грубашэрсным швэдры, з-пад якога выглядала белая кашуля, з чыста паголеным тварам і роўным зачосам светла-русых валасоў, Вітаўт Янавіч выпраменьваў перакананасць, дбайнасць і дасціпнасць.

– Ваша спеласць, кабальера, спакушае другую палову чалавецтва, маладых міс, сіньярын, паненак, а таксама не вельмі маладых, але вабных місіс, фрау і мадам паспытаць свежай садавіны. Таму, брат, вы сёння камандантэ! – Вітаўт Янавіч імкліва паставіў каня на шахматную дошку і ўрачыста вымавіў: – Гардэ1, камандантэ!

– У Віктара Іванавіча ліцвінскі складнік змяніўся на гішпанскі, – не падымаючы вачэй ад папераў, прамовіла Вера Андрэеўна, затым адвяла позірк ад графіка і з пакручастай усмешкай на вуснах зірнула напрасткі ў блізкія павялічаныя зрэнкі гісторыка.

– Вітаўта Янавіча, – мякка паправіў настаўнік і, адвёўшы вочы ад шахматнага краявіду, пранікліва зірнуў на Веру Андрэеўну.

Позіркі іх сустрэліся, некалькі кароткіх імгненняў яны глядзелі адно на аднога, потым Вера Андрэеўна не вытрымала пільнага позірку мужчыны і схіліла галаву да расклада. Гісторык затрымаўся, аглядаючы сагнутую над паперамі вабную паставу жанчыны ў зялёнай паркалёвай сукенцы.

У вачох завуча ён убачыў глыбока прыхаваную крыўду і яшчэ далей, значна глыбей, – знаёмую здань роспачы. Вітаўт Янавіч некалькі імгненняў нешта ўзважана асэнсоўваў: там, у прадонні сініх вачэй жанчыны, ззяла туга аб няспраўджаным.

– Тэк, – збянтэжана прамармытаў педагог, вяртаючыся з глыбіні жаночай душы ў шахматную рэчаіснасць, і засяроджана дадаў: – Гардэ, камандантэ!

Кастусь, што стаяў насупраць гісторыка, побач з Верай Андрэеўнай, нічога не зразумеў у позірках, якімі абмяняліся мужчына і жанчына. Таму ён зрабіў у адказ свой шахматны ход і, пакінуўшы Вітаўта Янавіча разблытваць галаваломку, падышоў да вакна.

Знадворку ішоў дождж, па шыбах цурком струменіла дажджавая вада. Дождж быў адзіным носьбітам руху – астатняе, што можна было ўбачыць за вакном: дзве бярозы каля пачарнелага плота, голыя, без лісцяў, яблыні, некалькі вясковых хат узбоч і вуліца, што грувасцілася ў глыбіні вясковага абсягу, – было аднастайна пазначанай нерушу.

– Будзе сумна, – зазначыў гісторык. – Так заўжды бывае, калі пачынаецца сезон дажджоў. Пакуль не спраўдзіцца чыннік адаптацыі, не прамінеце скіраванасці на гарадскія рэаліі й прэферэнцыі. – Сезон дажджоў, – ціха прамовіў Вітаўт Янавіч.

Было нешта яшчэ, уласцівае яму і як бы схаванае ў глыбіні, нейкая самота, якую можна было б ідэнтыфікаваць як сцень журбы. Гэтая маркота нічым не пазначалася, нават наўмысна затулялася спагадлівай заўсёднай усмешкай, але стрыманы, пільны позірк быў накіраваны некуды ў глыбіню мажліва бяздоннага прадоння, дзе валадарылі невядомыя суразмоўцам віры.

– Усё праходзіць. Урэшце пройдзе і гэтая пасма часу, калі вы былі спелым яблыкам і заўсёды гулялі ў жыцці фігурамі белага колеру. Прамільгне некалькі гадоў, і перастанеце быць спакуслівай садавінай. Прыстасуецеся і застаняцеся, а можа, паімчыце шукаць гарадскога шчасця...

Гісторык са скрухай глядзеў у вакно, на струменьчыкі дажджу, што імкліва цяклі па шыбах.

– Але маладосць, найлепшы складнік жыцця, ужо праімчыць.

– Толькі не бярыце прыкладу з Віктара Іванавіча. Ён чалавек хоць адмысловы і слынны, але насамрэч сухі і неўважлівы да калег, – разважліва прамовіла Вера Андрэеўна, не адводзячы вачэй ад папер.

– Вітаўта Янавіча, спадарыня Вера, – мякка зацвердзіў гісторык.

– У вас, Вітаўт Янавіч, ёсць сваё гледзішча ці вы так, наагул намаўляеце? – запытаўся ад акна Кастусь.

Зацікаўленая настаўніцкая прыпыніла працу асадкамі і падняла галовы ад сшыткаў, і нават сам дырэктар Тарас Пятровіч зірнуў на Кастуся паверх акуляраў.

– Гледзішча, канцэпта, парадыгма... – смакуючы словы, стрымана прамовіў гісторык.

У гэты час дырэктар школы Тарас Пятровіч ізноў адчапіў вочы ад агульнага сшытку і, узняўшыся, абвясціў:

– Перанясём нараду на заўтра, а сёння прашу ўсіх настаўнікаў разысціся па сваіх кабінетах і там прадоўжыць сваю працу да 16.00.

Педагогі, пабраўшы свае сшыткі і журналы, дружным гуртам рушылі да дзвярэй.

 

1 Гардэ – у шахматах азначае, што зроблены ход робіць напад на ферзя.

II

 

...Увечары настаўнікі разыходзіліся па хатах. Ноч захапіла вёску, было так цёмна, што і на крок нічога не было бачна. Кастусь выйшаў разам з Вітаўтам Янавічам, той расчыніў парасон, запаліў ліхтарык, і яны пакрочылі па вуліцы. Гісторык нетаропка прамаўляў тыя думкі, што назбіраў за сваё доўгае жыццё. Ён, як кожны сапраўдны настаўнік, марыў пра вучня, які б здзейсніў тое, што не ўдалося зрабіць самому.

– Мы, шаноўны Кастусь Андрэевіч, коцімся па рэйках, якія пакладзены да нас. Агульны ўзровень разумення сучаснасці простымі людзьмі недастатковы, каб самаўзнаўляць цывілізаваныя стасункі. Большасць, часцяком нават пражыўшы жыццё, не можа растлумачыць сваім дзецям сучасныя законы і чыннікі. Большасць глядзіць, слухае – і спрэс не разумее хады часу.

– А меншасць? Што думае меншасць? – зацікаўлена пытаў яго Кастусь.

– Каб я ведаў гэту меншасць... У нашай вёсцы меншасць – гэта наша адукаваная эліта. Але нават яна сучасных кніжак не чытае, б’ецца як рыба аб лёд, каб толькі выжыць, адукаваць дзяцей, выпіхнуць іх з вёскі ў горад.

– І ўсё? А дзе гераічны пачатак?

– Гераізм, камандантэ, цяпер не актуальны. Гэта атавізм прамінулага часу. Патрэбны тады, калі трэба было некага даганяць ці ад нечага ратавацца. У звычайным жыцці гераізм запатрабаваны, калі нароблена шмат памылак ці пралікаў, калі справа загублена і, каб неяк уратаваць становішча, улада патрабуе ад народу гераізму. Зрэшты, мы, педагогі, нешта прапануем палепшыць, скаардынаваць, але рэйкі пакладзены не намі, а ўсё грамадства рухаецца па рэйках. Сёння патрэбна ўпарадкаванасць, законнасць, працавітасць, якасць жыцця, урэшце, розум... агульная Ідэя...

– Чаму ж розуму няма?

– Як я мяркую, таму што ўладарыць не той гатунак грамадскай культуры.

– А нашы жанчыны? У жанчын існуе моцная цяга да якасці.

– Хе-хе-хе... Жанчыны!?. Жанчына, дружа, у свядомасці мужчыны ці баба, ці прынцэса. Лепш за ўсё трымаць яе за скрыпку. І тады ўсё залежыць ад скрыпача, ён павінен вельмі далікатна адчуваць інструмент і досыць упарадкавана плысці разам па хвалях нябачнай магутнай музыкі. Тады скрыпка ўздыме яго да космасу... Дарэчы, той, хто трымае жанчыну за бабу, у таго якасць жыцця ніжэй за грамадскую ватэрлінію.

– Скрыпка – гэта чароўна. Ёсць над чым паразважаць. Атрымліваецца, нам не стае музыкаў. І сапраўды, сама скрыпка не можа іграць, – здзіўлена зазначыў малады настаўнік, асцярожна ідучы па гразкай вуліцы.

Люстэркі калюжын блішчэлі ў жоўтым промні ліхтарыка. Вітаўт Янавіч высвеціў сцежку ўздоўж плота, дзе не было так гразка, і абодва збочылі на сцежку.

– Жанчыны залежныя ад дамінантных у грамадстве мужыкоў. Вось Вера Андрэеўна – вымушана быць гераічнай асобай. Муж у яе алканаўт. І нічога тут не зробіш, нічым не дапаможаш. І яна змагаецца. Дзяўчынка яе ў чацвёртым класе, Надзейка, слабенькае да навукі дзіцё. Ад кволага мужа нельга чакаць моцных нашчадкаў.

– І якое выйсце для Веры Андрэеўны?

– У гэтай вёсцы ёсць толькі тэарэтычнае выйсце – нарадзіць моцнае і разумнае дзіця. Вера, яна чэпкая і цягавітая, сваім дзецям і адукацыю дасць, і выхавае, і на ногі паставіць. Але галоўнае для яе – моцнае семя, каб было якаснае племя.

Гісторык жыў у канцы вёскі над ракой і на развітанне, паціскаючы руку маладога настаўніка, ён у роздуме дадаў:

– А зірні, якая ёмкая ўвішная жанчына! З такой і на хутары не прападзеш. А вось трапіў няварты мужык – і ўсё жыццё пад адхон.

Развітаўшыся, Кастусь скіраваўся да саўгаснага гуртажытка1, дзе ён кватараваў разам з маладымі спецыялістамі саўгаса.

 

1 Гуртажытак – общежитие (рус.).

III

 

Выходным днём, у нядзелю, Кастусь у адзіноце свайго пакоя (жыхары іхнай кватэры на выходныя раз’язджаліся да бацькоў) стаяў каля вакна, назіраў, як кроплі вады цякуць па шыбах уніз. Было сумна, таму што маладое жыццё прыпынілася на нейкім незразумелым месцы і амаль не рухалася. Імгненні прыносілі дождж і адчуванне, што будучыня запоўнена да адказу дажджом, нудотай, чаканнем. Ніякай будучыні не існавала, там уперадзе быў толькі дождж, і ў канцы гэтага дажджу чарнела прорва небыцця.

Цямнела. Дзень знікаў у шэрым прыцемку. Цемра няўхільна паўзла з кутоў і запаўняла прастору, адкуль сышло святло дня.

Малады настаўнік здзіўлена асэнсоўваў з’яву, што адбывалася на яго вачох. Цемра існавала заўсёды, яна была спрадвеку. Сонечны прамень нават праз магутную таўшчыню дажджавых хмар прыносіў на зямлю святло. Але дастаткова было сонцу схавацца за небакраем, як аднекуль з’яўлялася цемра. Чамусьці цемра разам з дажджом абмяжоўвалі жыццё і волю Кастуся. Між тым цэлы дзень прайшоў без клопатаў, безвынікова, і ўжо застаўся ў мінулым. Пэўна, у будучыні, калі ён нарэшце навучыцца карыстацца сваім жыццём, яму не хопіць часу для здзяйсненняў, дзеля якіх ён нарадзіўся. Мажліва, пакідаючы гэты свет, ён будзе шкадаваць аб часе без падзей і вынікаў, які прайшоў у палоне незразумелых пачуццяў і думак.

Прайшло яшчэ некалькі доўгіх імгненняў, такіх доўгіх, што ён не мог зразумець, колькі часу наагул прайшло, яму здалося, што прайшло вельмі шмат гадзін, магчыма цэлы дзень, а можа, нават цэлы год уклаўся ў гэтыя некалькі імгненняў. Гадзіннік, як адзін з носьбітаў сістэмы часу, сведчыў, што прайшло ўсяго некалькі секунд. Час – ён можа змяняцца? Тая сістэма каардынат, што ўладарыла ў гэтай вясковай цывілізацыі, – ці з’яўлялася яна адзінай? Тыя імгненні, якія цягнуліся так доўга, магчыма, і былі носьбітамі недасканалай сістэмы, якая не дазваляла ісці шляхамі здзяйснення, каб выконаваць волю пана Бога.

Праз яшчэ нейкую колькасць імгненняў маладзён нарэшце прыйшоў да яснага і простага ўсведамлення, што адно чыстае чаканне не мае аніякага сэнсу. Пры чаканні імгненні і гады аднолькава не маюць аніякай каштоўнасці і з’яўляюцца звычайным марнатраўствам. Ён чакаў і ўчора, і год назад, і яшчэ раней, у дзяцінстве, калі чалавечая асоба знаходзіцца зусім побач з ісцінай, – і нават тады яго жыццё было чаканнем будучыні. Ён чакаў будучыні, каб здзейсніцца, але вось прыйшла тая будучыня – і ён не ведаў, як ёй карыстацца, што галоўнае, а што другаснае ў яго маладосці, у ягоным цяперашнім жыццёвым становішчы.

Кастусь гадзінамі хадзіў па пакоі, глядзеў у акно, дзе бесперапынна ішоў дождж. Дождж. Дождж. Дождж... Ён адчуваў сябе турэмшчыкам, які арыштаваў самога сябе і замураваў у гэтым пакоі з голымі белымі сценамі, з мапай Еўразіі, з трыма жалезнымі ложкамі, пісьмовым сталом і некалькімі стулікамі. Яму не ставала паветра, і ён пачаў задыхацца, як астматык, і вымушаны быў зрабіць некалькі фізічных практыкаванняў, каб прыпыніць гэты морак.

 

IV

 

Пачаліся школьныя вакацыі. Настаўнікі хадзілі на працу, пісалі планы, выязджалі на раённыя і абласныя семінары. У панядзелак з раніцы, калі ў настаўніцкай тоўпіўся народ, дырэктар Тарас Пятровіч паклікаў маладога настаўніка Кастуся Андрэевіча. Сам узяў стулік, паставіў яго ў кут, шчыльна сеў на яго і, дастаўшы агульны сшытак з занатоўкамі аб уроках, праведзеных маладым педагогам, на якіх ён, дырэктар, прысутнічаў, нетаропка пачаў іх крытычны і бязлітасны разгляд.

Дырэктар Тарас Пятровіч быў сталы мужчына, непітушчы, былы партызан, за доўгае жыццё ён унікнуў усялякіх ідэалаў і ілюзій. Ён разглядаў рознакаляровае людства сваім цяжкім позіркам усутыч, як энтамолаг разглядае матыля ці муху, уздзетую на прэпаравальную іголку. У асяроддзі падпітых мужыкоў ён зрэдку прамаўляў маладым людзям жорсткае выслоў’е, якому яго навучыла пражытае жыццё: «Хто каго згроб, той таго і трахнуў».

Мажны, суворы, ён сядзеў цяпер перад Кастусём у хромавых бліскучых ботах, суконных чорных паўгаліфэ, чорным фрэнчы і цёмна-сінім гальштуке, трымаў у сабе сілу прамінулага гістарычнага часу, дзе выжывалі моцныя, спрытныя, прыстасаваныя.

Кастусь Андрэевіч стаяў перад ім, як той гарэза-дзевяцікласнік, а Тарас Пятровіч бамбаваў яго трапна, дыхтоўна, бязлітасна.

– Методыка вядзення вашых урокаў кульгае і неўпарадкавана патрэбным чынам. Пачатак урока і заканчэнне, сярэдзіна ўрока, замацаванне новага матэрыялу, апытанне – усё кепска. У вас не працуе клас, вы мучыце аднаго вучня, а астатнія займаюцца сваімі справамі. Так нельга...

Кастусь стаяў перад ім чырвоны, як звараны рак. Дырэктар казаў дастаткова гучна, і ў невялікай настаўніцкай усім прысутным было чутна ўсё, што ён прамаўляў.

– Асабліва бракуе, што на ўсіх уроках вы ніколі не адзначаеце ролю партыі. Прайшоў чарговы з’езд, а вы – ні слова пра найважнейшую падзею ў жыцці нашай краіны.

Кастусь выказаў нязгоду, спрабуючы перахапіць ініцыятыву ў Тараса Пятровіча.

– Якая можа быць роля партыі ў жыцці вужакі ці стрававальнай сістэме якога-небудзь сысуна?

– Раю вам наведаць урокі настаўніцы малодшых класаў Наталлі Пятроўны Кашэвіч ці геаграфіі Аляксея Іванавіча Лявонава. Яны вядуць сваю педагагічную дзейнасць вельмі прафесійна і пераканаўча, і роля партыі заўсёды на іх уроках паказана і адзначана...

Малады настаўнік ледзьве дачакаўся заканчэння гэтай вівісекцыі. Нарэшце ён выскачыў з настаўніцкай, увесь чырвоны і спацелы, і, дыхнуўшы свежага воглага восеньскага паветра, рушыў да заўгаса Паўла Іванавіча Есмана на ягоны склад-майстэрню. Заўгас заўжды спагадліва ставіўся да маладога настаўніка, іншы раз частаваў яго кілішкам самаробнай вішнёўкі.

Па заканчэнні вучнёўскіх вакацыяў Кастусь штодзень пачаў хадзіць на ўрокі прапанаваных яму для ўзору настаўнікаў, занатоўваў іхнія, вядомыя яму па тэорыі, прыёмы выкладання. Тое, што рабілі яны, не атрымоўвалася ў Кастуся. Уразіла майстэрства маладой настаўніцы Наталлі Пятроўны, у якой навучальны працэс ішоў як канвеер, вучні былі выдатна падрыхтаваны, методыка адпрацавана да дробязяў. Такога майстэрства Кастусь нават і не ўяўляў сабе магчымым. Ён нават засумаваў, бо адчуў, што такога ўзроўню выкладання яму ніколі не дасягнуць. Адзінае, што ён здолеў адразу ўзяць на ўзбраенне, была роля партыі. І як толькі дырэктар Тарас Пятровіч ізноў прыйшоў на ягоныя ўрокі, Кастусь, узмацніўшы ўсе складнікі навучання, асабліва адзначыў ролю партыі ў існаванні вожыка. Быў якраз урок заалогіі пра жыццё вожыка. Потым у настаўніцкай дырэктар адзначыў:

– Хоць шмат чаго на ўроку бракуе, але роля партыі выкладаецца добра і сучасна. Працуйце над сабой, удасканальвайце методыку. Методыка – гэта тэхналогія, а яна вырашае ўсё!

Потым, у другой палове дня, сустрэўшыся па пытаннях педнарады з завучам Верай Андрэеўнай, дырэктар сказаў ёй тое, што стала вядома потым і Кастусю:

– Як педагог, Канстанцін Андрэевіч яшчэ, зразумела, слабы, але чалавек ён здатны, шчыры і сумленны.

Тарас Пятровіч пазіраў пры гэтым на завуча стрымана і мякка, у глыбіне самога сябе ён хаваў сваё застарэлае пачуццё віны перад гэтай маладой, здольнай, некалі нават таленавітай асобай.

– Але стараецца... Вы, Вера Андрэеўна, звярніце ўвагу, не пакідайце маладога спецыяліста ў віры самацёку. Нашы мясцовыя вясковыя маргіналы могуць завесці яго не туды, куды трэба.

І ён зноўку зірнуў на Веру Андрэеўну гэтак разумна, прадбачліва, з сэнсам, нібы бачыў долю кожнага далёка-далёка. Сваім позіркам дырэктар прымусіў жанчыну засяродзіць увагу на ягоных словах.

Потым, калі завуч пайшла, дырэктар школы запаліў папяросу «Беламорканала» – ён дазваляў сабе раз у тыдзень паліць – і, гледзячы на зачыненыя за завучам дзверы, падумаў: «Хто ж мог ведаць, што малады трыцаццігадовы ветэрынарны ўрач, якому мы з гісторыкам Віктарам Іванавічам сасваталі малодзенькую ўзнёслую настаўніцу Верачку Андрэеўну, будзе такі нягеглы... Што ветэрынар прамяняе сямейнае шчасце на гарэлку. Бязмен саўгасны! Ёлуп!» Тарас Пятровіч злосна сціснуў пашчэнкі, раструшчыў папяросу і кінуў тытунёвае смецце ў сметніцу. Гэта была яго звышпланавая, трэцяя за тыдзень папяроса.

 

V

 

Калега Кастуся Вера Андрэеўна была цікавая жанчына, з прыцягальнай паставай, іншы раз маладзён несвядома ўпотай пазіраў на вабныя жаночыя абрысы. Яе муж Іван Пятровіч, ветэрынарны ўрач, быў алканаўтам, захапляўся спіртовымі напоямі, асабліва любіў частавацца спіртам, і таму не вартаваў сваю ўласнасць, як павінен вартаваць яе кожны прыватны ўладальнік.

Вось гэтая Вера Андрэеўна і параіла Кастусю, разгледзеўшы ягоныя маладыя пажадлівыя і несвядомыя пакуты, калі ў восеньскую халадэчу ўвечары яны грэліся, прытуліўшыся плячыма да напаленай грубкі ў настаўніцкай:

– Вам, Кастусь Андрэевіч, трэба жаніцца. Вось Валя, што працуе ў комплексна-прыёмным пункце, швачкай... жэніцеся... нічога... прывыкнеце... будуць дзеці... Будзе сям’я... Усе прайшлі праз гэта...

Настаўнік не паленаваўся і ў вольны час схадзіў у комплексны пункт, каб зірнуць на дзеву, якую сватала яму Вера Андрэеўна. Схадзіў, бо паважаў завуча, як настаўніцу і як цікавую жанчыну, што спагадліва ставілася да яго.

Валя ўразіла яго, бо была абсалютна несвядомая істота – добрая, з ясна акрэсленым інстынктам стварэння сямейнага гнязда. Перадатачны механізм жыцця наступнаму пакаленню – і больш нічога. Больш нічога не месцілася ў ейнай галоўцы – ні гісторыя, ні сучаснасць, ні будучыня. Біялагічнае прыстасаванне, створанае на ўсялякі выпадак Богам, каб у экстэрмальных для чалавецтва варунках сваёй фантастычнай непатрабавальнасцю да якасці жыцця яна магла прадоўжыць чалавечы род.

Кастусь трохі пажартаваў з дзяўчынай, сказаў некалькі словаў на развітанне. Ідучы ў гуртажытак, ён пакутліва думаў над словамі Веры Андрэеўны. «Прывыкнуць да чаго? Да існавання? Ці трэба прывыкаць да жыцця і потым ужо не заўважаць яго, калі адпушчаны час так імкліва цячэ? Прывыкнуць да фізічнага існавання-чакання? Ці наагул нічога не чакаць? А куды дзець мары аб утульным і прывабным жыцці: убачыць акіян, пабываць у Парыжы, стаць плённай асобай, стварыць цывілізаванае жыццёвае асяроддзе на сваёй Радзіме?»

Сучасная нішчымная вясковая рэчаіснасць была адбіткам мінулага феадальнага грамадства, з феадальнымі законамі, звычкай несвабоды і валадарствам феадальнага чынавенства. У век тэлекамунікацый, касмічных вандровак і каляровага тэлебачання вёска працягвала існаваць нейдзе ў заканчэнні ХІХ стагоддзя, з прыгонным правам, прымусовай працай, забруджаным прыродным асяроддзем, надворнымі прыбіральнямі.

У вёсцы панавалі асноўныя дасягненні імперскай культуры – вычварны рускі мат, як сродак знявагі чалавека і здзекаў над Боскай ласкай, і ўсёпаглынальная неспатольная смага да рускай гарэлкі, якая ўжо ўтапіла ў сваіх бясконцых шклянках усе мінулыя, сучасныя і будучыя здзяйсненні.

Кастусь тады нічога не адказаў Веры Андрэеўне, а цяпер асэнсаваў прапанову.

«Жаніцца на Валі – значыць здрадзіць Той, што чакае ў будучні. Здрадзіць самому сабе і з цягам часу ператварыцца ў аднаго з тых людзей, якія ўжо нічога не чакаюць. Прамяняць Мару на чарку гарэлкі, на мяккую спакуслівую дупку, зрабіцца фізічнай істотай, ад якой нічога не мяняецца ў Сусвеце, істотай, існаванне якой нічым не адрозніваецца ад існавання казуркі, вераб’я, зайца. І ў тым і ў іншым выпадку існуе толькі фізічная істота, якая праходзіць цыкл жыцця: нараджэнне, маладосць, сексуальныя ўцехі, перыяд размнажэння, старэнне, адыход да небыцця. Можа, верабей ці заяц нават больш шчаслівыя, ім не трэба шмат працаваць, вучыць матэматыку і розныя навукі, служыць у войску, а галоўнае – не трэба думаць, змагацца, пераадольваць, здзяйсняць волю пана Бога... Жаніцца на Валі – значыць назаўсёды прыняць тую сістэму кардынат, дзе гады з’яўляюцца імгненнямі, дзе чалавек хаваецца ад ісціны, ад праўды жыцця, ад Бога, дзе шэрае існаванне і ёсць усёпаглынальная прорва, ратункам ад якой з’яўляецца гарэлка».

 

VI

 

Неяк у выходны дзень у дзверы Кастусёвага пакоя пастукалі і да яго зайшла маладая жанчына папрасіць запалак.

Кастусь ведаў гэтую жанчыну. Яна жыла вышэй, на другім паверсе. У яе было двое дзяцей і муж п’яніца. Іншы раз, ідучы на працу, настаўнік вітаўся з ёй. Гэтым іх знаёмства і абмяжоўвалася. Яна, гэта жанчына, была чужой жыццёвай тэрыторыяй. Тэрыторыя была кепска абароненая, і ён, Кастусь, меў спрыяльныя ўмовы, каб зрабіць наступ на гэтую чужую ўласнасць.

Настаўнік пачаў шукаць запалкі, якіх, ён добра ведаў, у яго не было. Яны штосьці гаварылі, і ён з раптоўна ўзніклым хваляваннем думаў, што рабіць далей, – жанчына чакала. Ён зазірнуў у яе сінія, напоўненыя пажадай вочы, і ўжо ведаў, чаго яна чакала. Гэты нудны, сумны, дакучлівы дождж даняў і яе, там на другім паверсе. Яму трэба было падысці да жанчыны бліжэй, глянуць у яшчэ прыгожы твар, перахапіць гарачы позірк, палажыць рукі на яе вабныя плечы, сказаць што-небудзь ласкавае, прытуліць да сябе... Жанчына магнітам прыцягвала яго. Ён успомніў яе імя – Ніна. Яе жаночая пастава, абцягнутая пунсовай ядвабнай блузкай і зялёнай спадніцай, вылучала флюіды прыцяжэння, у ёй адчувалася нерастрачаная жаночая пяшчотнасць і жаданне мужчынскай ласкі і моцы.

Неабходна было зрабіць адзін крок да Ніны, каб стварыць асяроддзе дваіх, дзе вырашаюць не словы, а агонь вачэй, усхваляванае палкае дыханне, пяшчота цёплых рук, шалёны стук сэрцаў. Падысці бліжэй да гэтага спакуслівага юрлівага жаночага цела, прытуліцца – і абрынуцца ў акіян моцнага пачуцця.

Ягоная свядомасць хісталася, як дрэва пад моцным ветрам, губляла раўнавагу і ледзь паспела паслаць у будучыню думку-прадбачанне. Гэтая думка спрытным ганчаком праслізнула ў будучыню – і праз некалькі імгненняў Кастусь ужо слухаў унутраны голас-сумненне. «Так, гэта жанчына падаруе табе некалькі хвілін шчаслівых пачуццяў. Заўтра ці паслязаўтра ты захочаш сустрэцца з ёй ізноў. Ізноў табе будзе добра. І потым раз-пораз ты будзеш сустракацца з ёй. Жывучы з Нінай, ты адначасова будзеш жыць і з яе мужам-п’яніцам. Тваю чыстую і некранутую аўру замуціць чужая, брудная, засмечаная і заблытаная аўра п’яніцы... Радаснае жыццё твайго цела – ці не перашкодзіць яно жыццю тваёй душы? Можа, яно прыпыніць тваю хаду на шляху пазнання, звяжа тваю свабоду, створыць супярэчны імідж..? А калі заўтра ці паслязаўтра табе сустрэнецца Тая, якую ты чакаеш, ці пазнаеш ты яе сярод іншых са сваім сытым целам і забруджанай душой?.. А як Яна пазнае цябе сярод іншых – цябе, які жыве з чужой жанчынай? Якія ніці, невядомыя табе сёння, звяжуць цябе з Нінай? Ці зможаш ты быць жорсткім, каб разарваць гэтыя ніці? Якія доказы ты прывядзеш Той, што ты – гэта Ты? Ці здолееш ты нават падысці да Яе і пазнаёміцца?»

Малады настаўнік так і не зрабіў крок да чужой жанчыны. І яна пайшла, сумная, назад у сваю двухпакаёвую каморку, да мужа, які заўсёды быў п’яны і ўвечары, калі маладая жанчына распраналася, каб легчы спаць, мычаў як жывёла. Як гэта агідна і страшна – жыць з мужам-жывёлай!

Позірк Кастуся затуманіўся, і ён хацеў паклікаць Ніну, з яго вуснаў вырваўся гучны шэпт. Жанчына прыпынілася і павярнулася да яго. Вочы яе бліснулі прагна і ўрачыста. І гэтая прагнасць у спалучэнні з урачыстасцю сведчылі, што Ніна не толькі жанчына, але і драпежнік. Настаўнік адмоўна пахітаў галавой – у гэты момант ён нечакана зразумеў, што на самай справе ён сам з’яўляўся тэрыторыяй, на якую гэтая жанчына зараз рабіла наступ.

Яму было шкада Ніны, хацелася пакінуць ёй нейкую надзею, каб ёй лягчэй было перачакаць сваю маладосць.

Нечакана Кастусь убачыў запалкі, што ляжалі над дзвярыма, – ён схапіў гэтыя запалкі, як тапелец хапае выратавальнае кола, і імкліва падышоў-падбег да Ніны, шырока і шчыра ўсміхнуўся:

– Калі ласка, спадарыня Ніна, запалкі.

– Дзякуй, – голас быў грудны, мяккі, гаючы. Позірк блакітных вачэй ужо спакойны, крыху здзеклівы, і ў глыбіні зіхацела туга аб няздзейсненым.

Яна пайшла, пакінуўшы маладзёну спакусу, якая ўсё расла і мацнела, і цяпер сумненні іншага кшталту запаланілі ўсю ягоную існасць.

Час ідзе і ідзе, і рана ці позна надыдзе момант, калі яго маладосць скончыцца. І што ж яму – так і чакаць невядома каго? Незнаёмкі? Але ці прыйдзе Тая, якую ён чакае, сюды, у гэтую вёску, пра якую забыліся сучаснікі і сам Бог?! А можа, Яна дзесці ў іншым месцы, у горадзе ці ў такой жа вёсцы, нудзіцца ў адзіноце..?

Праз нейкі час настаўнік зразумеў, чаму піў Нінін муж: ён, як і муж Веры Андрэеўны, хаваўся ад тутэйшай рэчаіснасці.

 

VII

 

Аднойчы дождж скончыўся. Малады настаўнік апрануў вятроўку і пайшоў туды, дзе панавалі вецер, цемра і валадарыла вільгаць. Ён сышоў з абшарпанага ганку і з разгону ступіў нагой у калюжыну. Набраўшы поўны чаравік вады, Кастусь моўчкі вылаяў сябе за тое, што забыўся пра існаванне гэтай недарэчнасці. Прысутнасць калюжыны перад самымі дзвярыма двухпавярховага дома было неразумным, яно ставіла пад сумнеў існаванне цывілізацыі.

Ён паставіў нагу на край падмурка дома, расшнураваў чаравік, выліў ваду, зняў шкарпэтку, выкруціў, абуўся. Падмурак дома, як і сам двухпавярховы цагельны будынак, вылучаў аўру засмечанасці і занядбанасці. Кастусь азірнуў наваколле.

Вакол панаваў прыцемак. Адзіным сапраўдным сведкам існавання сусвету з’яўляўся вецер, які налятаў у гэтае абмежаванае асяроддзе, быццам нейкая жывая моц, і вымушаў стагнаць у журбе дрэвы, што ўздымаліся сцяной побач з домам.

Настаўнік пайшоў старажытным паркам, які пачынаўся адразу ад дамоў, па вытаптанай сцежцы, імкнучыся ўгадаць у сутонні вечара шлях сярод дрэваў, зрэдку ступаючы ў калюжыны. У шуме вершалін дрэваў адчуваўся смутак... Дрэвы былі сведкамі даўніны, і цяпер гэтыя старадаўнія волаты – ліпы і грабы, ясені і вязы, яліны і дубы – вылучалі тугу па часе, калі яны былі маладымі, па тых людзях, якія некалі стварылі гэты парк, клапаціліся пра жыццё дрэваў, радаваліся іх моцы, і жылі побач, пакуль не прыйшоў час развітання. Дрэвы страцілі сваіх гаспадароў і асірацелі, засталіся адны і цяпер назіралі ўжо іншых людзей і іншыя часы. Яго ўразіла думка, што гэтыя веліканы-расліны помнілі яшчэ жыхароў Вялікага Княства, вясёлыя гулянкі шляхты, іхны смех, гаворку, словы кахання, танцы, роздумы, працу, нараджэнне дзяцей і смерць старых.

Дзесці побач цурчэў ручаёк, і маладзён прыпыніўся, пранікнёна слухаючы гэты жыццёсцвярджальны гук. Раўчук меў мару і спраўджваў яе. Ён весела перацякаў з каменьчыка на каменьчык, ціха цурчэў і імкнуўся туды, далёка-далёка, да самага сіняга мора – і праз тыдзень ці праз месяц ён абавязкова дасягне сваёй мэты.

Мінулае нібы зноў вярнулася ў парк, і настаўнік доўга глядзеў на абрысы старажытнага палаца ў атачэнні вялікіх дрэў, што гуртаваліся каля старадаўняга будынку, як на апошняй мяжы сваёй абароны. Палац вылучаў непахіснасць. Кастусь, уражаны, падышоў бліжэй і адчуў моцную аўру непераможнай самасці, якая атуляла палац. Старадаўні будынак нават у вечаровым сутонні выказваў сваім абліччам значна больш цывілізаванасці і культуры, чым сучасны двухпавярховы дом з белай цэглы, дзе жыў малады чалавек.

Вецер сціх. Поўня ў атачэнні хмар плыла ў космасе і рыхтавалася зірнуць на зямлю. У прамежку паміж хмарамі на зямную кулю пазіралі зоркі. Дзіўнае сузор’е Арыёна ўздымалася над лесам. Настаўнік ішоў далей па сцежцы, туды, дзе парк рабіўся дзікім і пераходзіў у лес. Буйныя кроплі воды зрываліся з дрэваў і цяжка пляскалі аб глебу.

Кастусь выйшаў на ўскрайну лесу. Панавала вусцішная цішыня. Месяц выплыў з хмар і святлом, запазычаным у сонца, асвятляў усё наваколле. Узараная і абмытая дажджом ралля пачыналася ад лесу і павольна падымалася ўдалечыню да блізкага небакраю. Выпарэнні, нібы сівыя хмары, кудлаціліся над раллёй і бязважка паўзлі ўніз да лесу. У гэтай павольнай плыні туману ў спалучэнні з аголеным першародствам глебы і маўчаннем дрэваў было нешта недасяжнае для ўсведамлення. Здавалася, Сусвет у гэтым утульным кутку крыху расчыніў сваё сапраўднае аблічча, паказаў сваё сутво, што стасавалася з часам, калі яшчэ не існавала жывых істот. Ён адчуў глыбіню і магутнасць праляцелых на Зямлі тысячагоддзяў, і ўвесь гэты час на зямной кулі штосьці адбывалася, нараджалася, рабілася больш разнастайным і дасканалым. Хваля за хваляй усё больш складаныя жывыя істоты рушылі адна за другой, каб самім ужо больш ніколі не з’явіцца.

Настаўнік адчуваў сябе дробнай істотай, паддоследнай мышкай, якую хтосьці невядомы пусціў на нейкі час у гэты сусвет існаваць для выканання яго невядомых дзеяводаў. Напэўна, чалавецтва толькі прамежкавы вынік чынніка, які ўпарта імкне ўперад.

Хмары зноў насунуліся на месяц і затулілі яго, і ўся праява знікла. Малады настаўнік пастаяў у чаканні. Ён жадаў ізноў убачыць невядомае, пакуль нарэшце не зразумеў, што ўбачыў дастаткова. Ён адчуваў, як з сучаснасці працягнуліся духоўныя повязі ў далёкае мінулае, у шаснаццатае стагоддзе і далей у старажытную гісторыю планеты, калі існавала прымітыўнае жыццё інфузорый і першародства зямлі было аголена, як гэта ўзараная і абмытая дажджом ралля.

Кастусь пайшоў назад па сцяжынцы, кроплі дажджу зрываліся з дрэваў і шапацелі ў траве. Месяц, ахутаны хмарамі, плыў у небе, нібы рыхтуючыся зноў зірнуць на зямлю. Старадаўні ліцвінскі палац ачольваў у тумане паўсталыя побач з ім абрысы веліканаў-дрэваў, як маўклівых сведкаў прабеглага часу...

Ён падышоў да дома з белай цэглы і прыпыніўся. Двухпавярховы будынак, абшарпаны, з паламанымі дзвярыма і калюжынай, вылучаў аўру разбурэння, прыгону і заняпаду.

Думкі роўнай плынню цяклі ў свядомасці. Настаўнік зрабіў некалькі крокаў наперад і зірнуў уверх, туды, дзе сярод хмар плыла поўня. Яму здалося, што плынь ягоных адчуванняў пачыналася адтуль, з космасу. Космас пасылаў яму свае думкі.

Наваколле было заліта святлом месяца, якое рабіла ўсё прысутнае загадкавым і чароўным. Цені дрэваў блыталіся на зямлі, і ў гэтым сутоку ценяў і саміх дрэваў прысутнічала таемнасць.

Кастусю захацелася стаць чароўнай птушкай і паляцець да зорак. Знайсці Тую, што таксама любіць Ноч, Зоркі, Сузор’і, цені ад дрэваў, старажытны ліцвінскі палац, Вялікае Княства, дождж, што ідзе адначасова ў мінулым і ў будучыні і прымушае марыць аб Таемным.

 

VIII

 

Заняткі ішлі ў дзве змены, і звычайна пад канец дня ў школе заставалася некалькі настаўнікаў, што праводзілі апошнія ўрокі ў трох ці чатырох старэйшых класах. У аўторак і пятніцу апошнімі ішлі ўрокі Кастуся і Веры Андрэеўны.

У той вечар ізноў крапаў дождж, цягнуліся апошнія лістападаўскія дні.

Пасля заканчэння працоўнага дня педагогі нетаропка збіралі рэчы і размаўлялі. Кастусь міжволі адзначыў, што вочы ў настаўніцы прыгожыя і адпавядаюць агульнаму малюнку твару. Упершыню ён глянуў на завуча як на жанчыну, і нешта ў ім узрушана затрымцела. Вера Андрэеўна ў цёмна-пухнатай сіняй блузцы з бліскучымі знічкамі і чорнай спадніцы выглядала надзвычай файна. Яна, зірнуўшы на Кастуся спакойнымі шэрымі вачыма, запытала:

– Што вы робіце ў выходныя дні? Вам не сумна адному?

– Сумна. Чытаю кніжкі, рыхтуюся да ўрокаў.

– Жаніцца вам трэба. Чым Валя не жонка для маладога хлопца?

– Вы здзекуецеся, Вера Андрэеўна. Валя – гэта несвядомая істота.

– А вам патрэбна свядомая? – з добра прыхаванай прыкрасцю пацвеліла завуч. Яна прыпынілася на паўдарозе да гаплікаў, дзе вісела ейная рудая шата1. І Кастусь ізноў неўпрыкмет убачыў, схапіў усю яе зграбную крамяную паставу на стрункіх нагах, з пругкімі плячыма, якія хочацца лашчыць, з капой старанна ўпарадкаваных русых валасоў. І рахманы, шчыры, беззаганны позірк шэрых вачэй...

– Дзе вы яе возьмеце тут, у палескай глухамані – свядомую, прыгожую, з густам, палкую, каханую, адукаваную, дзіўную, непаўторную тургенеўскую прыгажуню. Разуйце вочы! Гады імчаць, і чым далей, тым хутчэй... Усе мы прайшлі праз мары аб шчасці. І хто своечасова не зразумеў і не адаптаваўся, той застаўся ў адзіноце...

Уражаны настаўнік пайшоў да гаплікаў і, зняўшы яе шату, дапамог жанчыне апрануцца з нечаканым хваляваннем далікатна дакрануўшыся да яе пляча. Шчырыя словы завуча раптам адчынілі яму тую рэчаіснасць, якой ён да гэтага не разумеў.

– Дзякуй, калега, – прамовіла Вера Андрэеўна.

Настаўнік хутка накінуў свой балоневы шат, і яны пайшлі з школы. Знадворку валадарыла глухая цемра з дробным дожджыкам, і міжволі давялося ўзяць Веру Андрэеўну пад руку, накрыцца адзіным парасонам і асцярожна ісці па вясковай цёмнай, гразкай вуліцы з шматлікімі калюжынамі.

– Такія жанчыны ёсць, – узрушана прадоўжыў гаворку Кастусь, – але я з імі размінуўся ў гадах. Вось вы, Вера Андрэеўна, якраз такая жанчына.

– Вы думаеце, я не сустракала мужчын, якія адпавядалі маім жаданням? Але, як заўсёды, не ў той час і не ў тым месцы. Вось у чым трагедыя, уласцівая нашаму жыццю.

Яны з імпэтам гаварылі яшчэ шмат пра што, неяк непрыкметна хутка дайшлі да хаты, дзе жыла Вера Андрэеўна, і нечакана затрымаліся пры развітанні. Абое хацелі доўжыць узніклыя дачыненні, але ўпарты дождж гэтаму перашкаджаў.

– Дзякуй, пані Вера, – ціха сказаў Кастусь і, нечакана ўзяўшы ейную цёплую руку, што працягнула яму на развітанне маладая жанчына, пяшчотна пацалаваў яе, – да пабачэння.

Ён імкліва павярнуўся і знік у цемры ночы, шпарка ідучы пад моцным дажджом да сумнага надакучлівага гуртажытка і несучы з сабой чароўнае ўражанне аб мілай жанчыне, што хвіліну назад дакраналася да яго боку, калі яны ішлі сярод цемры і дажджу ўдваіх, нябачныя нікому і таму вольныя ад забабонаў і чужых звяг. Бегучы пад дажджом, узрушаны настаўнік са здзіўленнем адзначыў, што насамрэч цемра і дождж даравалі ім свабоду. Што нуда – гэта няўменне карыстацца той воляй, што прапануе Ноч кожнаму ўвішнаму маладзёну.

Позна ноччу Кастусь варочаўся ў ложку пад храп маладога саўгаснага агранома Базыля, якому падсвістваў стары халасцяк выкладчык фізкультуры і саўгасны інструктар па спорце Алег Іванавіч, і цяпер наракаў на сябе за тое, што так хутка развітаўся з пані Верай. Трэба было пацалаваць не толькі ейную руку, але і вусны, узяць з усёй палкай моцай за вабныя плечы, прыцягнуць і пяшчотна ды горача цалаваць, каб праявіўся момант ісціны, каб ён ведаў яе стаўленне да яго, Кастуся.

Ён цешыў сябе думкай, што праз тыдзень ён здзейсніць тое, чаго не здолеў зрабіць сёння.

 

1 Шата – (старабел.) —плашч

IX

 

Наступныя буднія дні прынеслі расчараванне маладому настаўніку. Вера Андрэеўна нічым не выказала сваёй прыхільнасці да маладога настаўніка. Трымалася роўна з усімі, спакойна выконвала свае прафесійныя абавязкі, і ні на міліметр не паменшыла адлегласці між сабой і Кастусём. Было лёгка ўкінуцца ў скруху, і ён быў вымушаны ўвесь час пільнаваць сябе, каб перад уважлівымі вачыма калег захоўваць у сваім абліччы ўраўнаважанасць.

У пятніцу ўвечары Кастуся затрымалі заўгас Павал Есман і гісторык Вітаўт Янавіч, што нечакана прыйшлі ў школу. Яны нешта гаварылі, змарнаваўшы некалькі хвілін, і потым, калі Кастусь Андрэевіч выйшаў з школы, знадворку панавала безнадзейная цемра. У гэты вечар праводзіць Веру Андрэеўну не атрымалася...

Кастусь самотна ў роспачы ішоў па парку, апалае жоўтае лісце хваляй уздымалася пад ступакамі. Апошнімі днямі дажджы сціхлі, падмарозіла, у паветры валадарыў пах снега. У цемры восеньскага вечара над дрэвамі ўздымалася сузор’е Арыёна. Было зімна, сумна і журліва. Ва ўяўленні настойліва паўставала крамяная гнуткая і палкая жанчына, хвалюючая, вабная, загадкавая...

У суботу паказвалі двухсерыйны індыйскі фільм, і ўсе вяскоўцы пайшлі ў кіно, клуб быў бітком запоўнены месцічамі. Кастусь, будучы даматурам, на людзях адчуваў сябе няёмка і таму застаўся дома.

Ён сядзеў у сваім пакоі за сталом, абкладзеным сшыткамі і падручнікамі, чытаў кніжку па касмалогіі і разважаў, што ўсе гэтыя веды адносныя і што ён цяпер прамінае, напэўна, самае важнае – сваю маладосць.

Душа патрабавала хоць штучных, але дадатных эмоцыяў. «Пайсці выпіць паўшклянкі каньяку... А калі раптам прыйдзе Вера Андрэеўна? Ёй гэта не спадабаецца, яна не захоча стасавацца з падпітым... Недарэмна яна ўзяла ў мяне кніжку па прыродазнаўстве, каб мець падставу зайсці да мяне. І цяпер самы найлепшы момант для гэтага. Лепш яшчэ раз асэнсуй прамоўленыя гісторыкам словы пра скрыпку...»

У прыбраным і вымытым пакоі было цёпла, ціхая прыемная музыка лілася з радыёпрыймача, стаяў паўзмрок. Упарадкаваныя два ложкі і трэці, ягоны, з свежымі прасцірадламі і коўдрай, напалову расчынены... Кастусь у белай кашулі і спартовых нагавіцах з лампасамі сядзеў за сталом і чуйна прыслухоўваўся да гукаў...

Нешта драпнула ў дзверы, гэта быў нават не гук, хутчэй адчуванне гуку. Сам гук згубіўся ля дзвярэй. Кастусь імкліва пайшоў да незамкнутых дзвярэй, ціха расчыніў іх. І хоць ён чакаў яе, але не паверыў сваім вачам. Вера Андрэеўна паўстала ў прыцемку на ганку – трапяткая, спалоханая, гатовая ўвадначас павярнуць назад, збегчы, праваліцца скрозь зямлю і разам з тым непахісная ў імкненні выканаць свой доўг. Расчулены Кастусь хутка працягнуў рукі і, узняўшы яе да сябе, амаль унёс яе ў вітальню і бязгучна зачыніў дзверы. Яна стаяла каля сцяны, прытуліўшыся спінай, быццам ейныя намагані забралі апошнія сілы.

– Я вельмі рады і ўзрушаны, – шапнуў ён жанчыне, і яна ўдзячна бліснула ў паўзмроку вачыма.

Ён павёў яе да свайго пакоя. Знадворку, відаць, пайшоў снег, бо на яе чорным паліто плавіліся сняжынкі. Яе моцнае хваляванне чамусьці зрабіла яго вельмі спакойным і ўпэўненым, ён памог ёй распрануцца і спытаў:

– Можа, кавы?

– Не, я на хвілінку... Аддаць кніжку... Людзі могуць падумаць...

Гэтак можна было прахаўкаць той непаўторны момант, якога абое так чакалі. Ён раптам успомніў, як гісторык аднойчы прамовіў задумліва: «Мужык, як той бамбавік у час вайны, калі выходзіць на цэль, то павінен трымацца свайго кірунку нягледзячы на аніякія перашкоды і страх».

Цяпер Кастусь напята думаў: «Якія людзі? Людзі глядзяць індыйскі фільм пра каханне і будуць глядзець яшчэ дзве гадзіны. Цяпер мы ўдваіх. Толькі ўдваіх, і ніхто ніколі не будзе ведаць пра гэтыя імгненні».

Ён моўчкі ўзяў яе руку, пяшчотна пацалаваў і потым, пацягнуўшы да сябе за пекныя плечы, палка знайшоў трапяткія вусны жанчыны...

– Я прычыню дзверы... Вы будзьце як дома, пані Вера.

...Ён шпарка прыйшоў назад, і яны кінуліся ў абдымкі, прыцягнутыя магутнай моцай супрацьлегласці, і, так патрэбныя адно аднаму, завіравалі ў кіпені гэтых уладарных сіл. Кастусь не ведаў, колькі прайшло часу, калі ён ачуняў у абдымках палкай жанчыны, што ціха і рытмічна стагнала ад яго настойлівай экспансіі. Віхура думак і пачуццяў праціналі яго, і адным з іх было здзіўленне перад багаццем і таемнасцю гэтага вабнага жаночага цела. Гэтыя дзіўныя плечы, невядомая раней чароўная талія і выгін крутых моцных сцёгнаў. Жанчына была невядомай якасцю, разумным і незнаёмым сусветам – нібы дзівоснай істотай з іншай планеты.

...Усяго некалькі разоў яшчэ яны інтымна сустрэліся па суботах у снежні.

 

X

 

Дачыненні з Верай Андрэеўнай перамянілі маладога настаўніка, і ён з усіх сіл хаваў ад чужых цікаўных вачэй змены, што адбываліся з ім. Але як нельга не заўважыць перамену пары года, так цяжка пільнаму воку не ўбачыць нараджэнне мужчыны. Таму Кастусь наўмысна шмат сядзеў за падрыхтоўкай урокаў. Шукаў дадатковы матэрыял, нават выязджаў у райцэнтр за педагагічнай літаратурай.

Тарас Пятровіч перад сакавіцкімі вакацыямі чарговы раз наведаў урокі маладога педагога і потым здзіўлена зазначыў у настаўніцкай:

– Ніколі не бачыў, каб за такі невялікі час у маладога настаўніка выпрацаваліся гэткія прафесійныя якасці. Апошнія ўрокі вы, Кастусь Андрэевіч, творыце на значна латвейшым узроўні. Яшчэ не майстар, але блізка, вельмі блізка.

Неяк у нядзелю сакавіцкім ранкам малады педагог нетаропка ішоў па парку, зазірнуў у вясковую бібліятэку, што месцілася ў будынку палаца. Пагаманіў з маладой бібліятэкаркай Светай, уважліва пазіраючы на яе вабную паставу, свежы, як персік, твар, некрануты касметыкай, сінія вочы і касу, што залацістай вужакай ахінала плячо і цягнулася па блакітным пухнатым швэдры да самых клубоў. Нарэшце Кастусь выбраў і ўзяў пачытаць кніжку «Партрэт Дарыяна Грэя» і ў моцнай задуме сумна развітаўся. Сумна – таму што дзяўчына яму падабалася і прыцягвала як магнітам.

Ён хадзіў у бібліятэку, браў кніжкі, потым здаваў іх, і ўсё ніяк не мог назначыць спатканне. Ён вагаўся, бо ягоная будучыня была незразумелай і туманнай. Цяпер, калі Кастусь спазнаў шлях да жанчын, ён адчуваў, што дастаткова яму раз-другі сустрэцца з гэтай прывабнай дзяўчынай, як іхнія дачыненні зробяцца вельмі блізкімі і трэба будзе жаніцца. І тады адразу ўзнікнуць новыя пытанні: а дзе жыць? І вясной яму ісці ў войска... Маладая жанчына застанецца ў вёсцы, без ягонага пільнага нагляду, неабароненай тэрыторыяй... Настаўнік уздыхнуў і пайшоў да заггаса.

Учора надвячоркам Павал Есман закалоў парсюка, і Кастусь дапамог яму смаліць і разбіраць кабанчыка. Гісторык, правёўшы апошні ўрок, таксама прыбег да іх на дапамогу. Заггас запрасіў назаўтра яго і Вітаўта Янавіча на свежыну.

Зараз настаўнік ішоў у госці да заггаса па вясковай вуліцы, ветліва адказваў на прывітанні вучняў, лагодна вітаўся з жыхарамі вёскі. Пасля дзіўных падзей позняй восені ён адчуваў сябе ў вёсцы як свой, усе людзі зрабіліся бы ягоныя родныя і блізкія сябры і нават сваякі.

Снег ужо сышоў, і ўжо веяла доўгачаканай вясной. Зрэдку ішоў дробненькі дожджык, і ў маладога настаўніка ўзнікала нейкае незвычайнае, дзіўнае і трапяткое адчуванне прыроды, асяроддзя і свайго жыцця. Ён адчуваў, але, як неаб’езджаны жарабок, яшчэ не разумеў усёй чароўнасці сваёй мужчынскай свабоды і той маладой сілы, што хвалявала яго.

 

XI

 

У траўні Кастуся прызвалі ў войска, і ён вымушаны быў пакінуць Клёнава. Выконваючы свой грамадзянскі абавязак, ён у вольную хвіліну ўспамінаў дзівосныя клёнаўскія вечары і ночы, дзівячыся моцы сваіх пачуццяў і вастрыні ўражанняў.

Малады вайсковец успамінаў спадарыню Веру, яе роспач і яе жаночую мужнасць, і тыя незвычайныя вечары і ночы, калі панавала апраметная цемра, што дарыла тады свабоду і бясконцасць летуценняў. І цяпер яму думалася, што і пані Вера, магчыма, успамінае пра яго, пра тыя непаўторныя ночы, прасякнутыя іх палахлівым, вабным, палкім каханнем і нечым яшчэ – салодкім і няўлоўным, нібы чароўная скрыпка грала сваё сола ў космасе: сярод зорак і загадкавага месяца, што, аточаны хмарамі, плыў у небе; сярод таемных ценяў дрэваў і мужных абрысаў старадаўняга ліцвінскага палаца.

Ужо ўвосень, ідучы ў шыхце шараговых вайскоўцаў на вячэру ў вайсковую сталоўку, Кастусь думаў аб атрыманым удзень лісце ад Вітаўта Янавіча, дзе той паведамляў, што іхны завуч Вера Андрэеўна цяпер у дэкрэце і нарадзіла блізнятак: цудоўных хлопчыка і дзяўчынку. Што ейны муж, Іван Пятровіч, ужо з паўгода не ўжывае спіртовых напояў і нядаўна пайшоў на павышэнне, ачоліўшы племгас у суседнім раёне. А вось ён, Вітаўт Янавіч, як ні ўпарціўся перад дырэктарам і райана, але вымушаны быў згадзіцца стаць завучам школы.

Кастусь, стомлены за дзень напружанай баявой вучобы, механічна крочыў у шыхце сярод соцен маладых вайскоўцаў, і ў галаве яго ўзрушана круціліся прачытаныя днём словы: «...нарадзіла блізнятак: цудоўных хлопчыка і дзяўчынку...» Хлопчыка і дзяўчынку... якіх ён ніколі не ўбачыць...

Крапаў дробны дожджык, прамоклая на плячах вопратка непрыемна прыліпла да цела, але ён адчуваў сябе ваяром, што вартуе жыццё і спакой цяпер такіх блізкіх яму вяскоўцаў: дырэктара Тараса Пятровіча і завуча Віктара Іванавіча, Веры Андрэеўны і яе маленькіх дзетак, і нават ейнага мужа Івана Пятровіча, і мала знаёмай яму маладзіцы Ніны, што некалі прыходзіла за запалкамі, і добрай, рахманай Валі з комплексна-прыёмнага пункта, што хацела звычайнага сямейнага шчасця. Гэта нечакана ўзніклае ў ім пачуццё еднасці з простымі і шчырымі вясковымі людзьмі нараджала ў ім пяшчоту і магутнае адчуванне сваёй запатрабаванасці.

– На месте-е! Стой! – данесліся здалёку камандныя словы сяржанта. – Напр-р-ра-во! Р-ровняйсь! – зычна і ўладарна рыкаў сержант.

Добрая сотня маладых вайскоўцаў іхняй роты і з імі шараговы Кастусь Корзун звыкла выконавалі вайсковыя каманды.

У начным кастрычніцкім небе дзе-нідзе сярод хмар буйна зіхацелі зоркі галактыкі, а над двухпавярховым будынкам вайсковай сталовай уздымалася такое знаёмае сузор’е Арыёна...

 

Апавяданне было надрукавана ўпершыню ў часопісе ‘’Панядзелак’’ за 2008 г..

 

Час збіраць камяні

 

‘’Любоў ніколі не мінецца, хоць і прароцтвы спыняцца,

і мовы змоўкнуць, і веды скасуюцца.’’

Першае пасланне да Карынфянаў.

 

I

 

Міхал Станкевіч з пункту гледжання звычайнага шараговага людства быў паспяховым чалавекам, між тым апошнім часам ён імкліва страчваў цікавасць да жыцця. Нібы імчаў, імчаў і, дабегшы да самага стромкага краю, зірнуў уперад, глянуў па бакох – і нічога велічнага, грунтоўнага, Боскага не ўбачыў. З надыходам новага часу ён узіраўся ў іншы гістарычны расклад і разумеў, што перамогі іншых цяпер заўсёды застаюцца чужымі.

Напэўна ён стаміўся і ягоныя залозы перасталі выкiдваць у кроў хiмiчна актыўныя рэчавы? Хто ж яго ведае. Але з год назад ён на працягу некалькі месяцаў перадаў усе свае бізнэсовыя справы сыну Альгерду, адпалавініў частку назапашанага капіталу дачцэ Марыі й стрымана сказаў дзецям, гледзячы сумным позіркам у далечыню:

– Хачу падвесцi рахунак. Паглядзець цяперашняе жыццё сучасных людзей.

Ён спадзяваўся, што стасункі з простым народам вернуць яму тое свежае адчуванне, якое было ў далёкай маладосці. Між тым пенсія – вельмі сумная рэч. Чалавек робіцца нікому не патрэбным. Летам ратавала лецішча, восенню і зімой можна было здурнець ад успамінаў аб мінулым.

Альгерд, заклапочаны кепскім душэўным станам бацькі, у хуткім часе папрасіў яго дапамагчы і папрацаваць хоць на палову дня гандляром у адным з ягоных кантэйнераў на «Экспабеле»:

– Што ты, тата, будзеш кіснуць адзін у катэджы! А так мне дапаможаш і жывое сучаснае жыццё пабачыш. Учора прыйшлося звольніць прахіндэйку... Сам ведаеш, што перад Новым годам пачынаецца запарка. А сумленнага гандляра адразу і не знойдзеш, трэба чалавек пяць выпрабаваць...

Міхал Андрэевіч з патаемнай надзеяй і прыхаванай радасцю згадзіўся дапамагчы сыну і ўжо каторы дзень працаваў гандляром. Стаяў ля акенца крамкі, памяркоўны і задумлівы чалавек з сівой галавой, якому ўжо не трэба нікуды спяшацца.

Вось так аднойчы ён зранку праз акенца гандлёвага кантэйнера ўзіраўся ў вонкавае асяроддзе. Знадворку, на асфальце перад кантэйнерам, скокалі і ціўкалі верабейчыкі, дружна дзяўблі кінутую ім на сняданак жменю груцы і грэчкі. Сонейка ў сініх прагалах неба сярод шэра-белых ватных хмар грэла верабейчыкаў, гандлярку Тоню, што паліла цыгарэту і піла каву каля сваёй жалезнай крамкі, ваганосаў, што імкліва рухаліся з гандлёвымі таварамі па вулцы, утворанай кантэйнерамі.

Ён углядаўся ў буржуазную сучаснасць, успамінаў сацыялістычную даўніну, і ў гэтых успамінах прысутнічала здзіўленне ад ненаканаванасці быцця…

Міхась Андрэевіч рупліва падмёў падлогу ў кантэйнеры, вынес і паклаў на паддон з тузін упаковак розных гатункаў паперы для прыбіральні, крыху змяніў выкладку бляшанак згуслага малака на вітрыне, пераставіў бутэлькі з алеем, напісаў і прыляпіў налепкі з новымі коштамі тавару.

Потым зноўку вярнуўся ў кантэйнер да акенца. У будні дзень зранку пакупнік быў рэдкім госцем. Галоўная плынь людзей пачынала рух прыкладна з 11 гадзін. У акенца зазірнуў першы пакупнік.

– Вы працуеце? Мне чатыры рулоны паперы па 350.

– Калі ласка. З Вас 1400 рублёў. Калі можна, то дробнымі грашыма. Дзякуй. Вазьміце рэшту 600 рублёў.

Першы продаж прайшоў лёгка. Ён заўсёды праходзіў лёгка, хаця былі выпадкі, калі пакупнік купляў на 30 ці 40 тысяч рублёў, а аднойчы купілі тавару на 100 000 рублёў. Будучы непрафесійным рознічным гандляром, у глыбіні душы Міхал Андрэевіч баяўся памыліцца пры разліку. Хуткі разлік іншы раз вымушаў памыляцца. Але ён браў культурай абслугі, густам, добразычлівасцю, мяккім гумарам. У акенца глянула новая пакупніца.

– Калі ласка, мне шпроты. Дзве бляшанкі. Гэта якасныя шпроты?

– Вельмі добрыя. Рыскія.

– А шпроты вялікія ці сярэднія? Яны падвэнджаныя?

– Так, так. Падвэнджаныя, сярэдніх памераў. З вас 2600. Калі можна, дробнымі грашыма. Дзякуй. Вам рэшта з пяці тысяч, дзве чатырыста.

– А что это он сказал: «Дробнымі грашыма»? – насцярожана запытаў муж пакупніцы, адыходзячы з ёй ад акенца крамкі.

– Гэта значыць «мелкими деньгами».

У голасе жанчыны гучала задавальненне. Зрусіфікаваныя тутэйшыя хацелі таксама ганарыцца нечым сваім, адметным.

Перад кантэйнерам утварылася чародка з трох-чатырох чалавек, рослы малады мужчына ў дублёнцы пытаўся пра алівы. Міхась Андрэевіч прапанаваў яму некалікі гатункаў аліваў, адначасова тлумачыў якасць тавару.

– Алівы вельмі добрыя... Бяруць з анчоўсамі, з перцам, мне ўласна спадабаліся з цытрынамі. Ёсць з тунцом, з міндалём, з сырам, вось зірніце з крэветкамі. Так, з вас 1800 рублёў.

– Муку? Калі ласка, з вас 1750 рублёў. Дазвольце, я вам памагу пакласці муку ў пакет, каб вы не запэцкалі сваё файнае паліто, якое, дарэчы, вам вельмі да твару.

Апошнія прыемныя словы да мажнай пакупніцы сярэдніх гадоў ён прамовіў прыцішаным голасам. Тая прыязна бліснула на яго сінімі, яшчэ незгаслымі вачыма. А ён ужо адказваў на пытанні наступнага пакупніка.

– Сайра. Канечне, адна з найлепшых кансерваў. Я сам люблю сайру. За дзве бляшанкі з вас 3200... Ці смачныя селядцы? Гэта справа густу і апетыту. Для мяне ўсё смачна. Дастаткова добра папрацаваць – і ўвечары ледзь язык не праглынаеш.

Невялікая чарга пакупнікоў скончылася, і Міхась Андрэевіч пералічыў грошы, паклаў буйныя купюры ў кішэнь, перанёс скрынку алею бліжэй пад рукі. Праз гадзіну павінны былі пайсці сапраўдныя пакупнікі, што будуць браць муку, алей, рыс, грэчку...

Пад самы вечар да яго падваліў аптавік, мужчына ў файнай скуранцы, і пачаў падкідваць розныя пакручастыя пытанні.

– Мне трэба оптам.

– Калі ласка, оптам можам і са скідкай. Мука будзе пакет па 1650 рублёў, калі купіце мех.

– А накладныя вы даяце, і сертыфікаты, ліцэнзіі? Мы ў Жодзіна адчыняем краму. Патрэбны паперы.

Міхась Андрэевіч з самага пачатку дзевяностых гадоў займаўся якраз дробнааптовым гандлем і таму добра валодаў пытаннем.

– Мы – крама і, акрамя тавару, нічога не даём. Вам трэба да тых, хто гандлюе дробным оптам. Дарэчы, калі вы з Жодзіна, то, можа, ведаеце там Алега Шчарбачэню?

Спытаў ён проста так, мо таму што ў яго быў добры настрой, а мо ад нейкага прадчування. Адказ мужчыны ў скуранцы быў нечаканым і выклікаў у Міхала Андрэевіча моцнае хваляванне.

– Ведаю. Мы з яго братам Толікам і адчыняем краму. Зараз Анатоль паехаў да дачкі ў Францыю. А Алег працуе дырэктарам школы, мае дачку і жонку.

– Адну дачку? Я меркаваў, у яго будзе з паўтузіна дзяцей.

Тутака Міхась Андрэевіч хацеў распавесці, як ён сватаў Алегу ягоную будучую жонку, той кахаў адметную прыгажуню і баяўся прапанаваць ёй сваю руку і сэрца. Наступны адказ прадпрымальніка ўразіў яго да слёз.

– З першай жонкай Алег разышоўся. Жыве з другой жонкай – Вольгай.

Мноства пытанняў узарваліся ў галаве Міхала Андрэевіча, але ён, уражаны тым, што сказаў яму прадпрымальнік, здолеў толькі стрымана запытаць у таго:

– Можа, скажаце мне тэлефон Алега ці Анатоля?

Міхась Андрэевіч узрушана занатаваў тэлефон Анатоля. Прадпрымальнік, нешта адчуўшы, у сваю чаргу са спачуваннем ціха прамовіў:

– Ад каго перадаць прывітанне Алегу?

– Так-так, прывітанне. Ад сябра Мішы, што сасватаў яму жонку ў 1972 годзе.

– Ого-го, дык гэта калі вы былі яшчэ маладымі? – здзівіўся жодзінскі прадпрымальнік.

Міхась Андрэевіч з прыкрасцю адзначыў, што пачынаючы бізнэсмен ідэнтыфікаваў яго як старога чалавека.

Ён сказаў жодзінцу крыху пачакаць і хутка пайшоў у кантэйнер, наклаў у вялікі пакет бляшанак шпротаў, сардзін, маслін, сайры, алею, печані траскі.

– Перадайце ад мяне Алегу і ягонай сям’і падарункі да Новага года.

Ён сціснуў руку чалавеку з Жодзіна, і ў ягоных вачах стаялі слёзы, калі ён глядзеў услед прадпрымальніку, што пайшоў па вулцы, утворанай кантэйнерамі, пакуль той не схаваўся за паваротам. Канчатак працоўнага дня Міхал Андрэевіч адпрацаваў нязвыкла ціхім, а ўвечары зморана пакрочыў з «Экспабела» да прыпынку тралейбуса.

З неба пачынаў церушыць дожджык. Міхал Андрэевіч дайшоў да прыпынку, сеў у тралейбус і паехаў дахаты на Сурганава, дзе жыў у тропакаёўцы з жонкай. Дома ён, змораны пасля працоўнага дня, маўкліва піў гарбату, а потым, седзячы на зэдліку, упарта расціраў адзервянелыя ногі, прымаў цеплыя гаючыя ванначкі з лекавых траў. Руплівая жонка Ніна, пазіраючы сваім уважлівым позіркам ў ягоны стомлены і патухлы твар, казала:

– Трэба табе да хірурга і кардыёлага на прыём схадзіць. Не запускаць хваробы.

– Сходзім. Знойдзем час і ў наступны панядзелак сходзім.

– Ты ўжо які год так кажаш, і ўсё ніяк не сходзіш. І гандляром у кантэйнер пайшоў! Цэлы дзень на хворых нагах! Прыходзіш з шэрым тварам. І знаёмыя ўбачаць – будзе няёмка. Сапсуеш свой імідж уплывовага чалавека. А Альгерд няхай возьме маладога гандляра. Калі купіў краму на Кузьмы Чорнага, то навошта яму кантэйнеры? Толькі цябе загоніць у труну.

Міхал Андрэевіч з прытоеным лёгкім гумарам пераканана патлумачыў:

– Які імідж? Хутка прыйдзе Час малпы. Як зраблюся малпай, буду толькі жэрці ды поўзаць да унітаза. Блытацца пад нагамі дзяцей з успамінамі аб мінуўшчыне. Працаваць, быць карысным людзям – і ёсць шчасце. Шчасце ж не ў грашах.

Ён выцер ручніком распараныя ў лекавых травах ногі і, узняўшыся з зэдліка, ціха рушыў да канапы, каб паглядзець апошнія навіны па тэлебачы.

 

II

 

Праз тыдзень, будучы на фазэндзе ў дачкі, Міхал Андрэевіч патэлефанаваў Алегу Шчарбачэню.

– Прывітанне, сябар. Гэта я, Міхал Андрэевіч.

– Міхал Андрэевіч? Хто гэта такі? Не помню, – У слухаўцы быў чуваць голас, што пакутліва шукаў у сваёй памяці нейкага невядомага чалавека, які абазначыў сябе імем, даўно страчаным памяццю.

– Міша Станкевіч з Клёнава.

– А-а, Міхась з кантэйнера? Дык ты прадпрымальнік, маеш гандлёвы шапік? Будуеш загніваючы капіталізм?

– Будую. Цяпер вось сын будуе, а я на пенсіі.

– А сын дзе?

– Купіў краму. Зараз афармляе, завозіць тавар, набірае супрацоўнікаў. Спраў па горла. А я вось пакуль яго замяняю.

– Эх, дружа, ты малайчына! Ты ўсё ж ускараскаўся вышэй за ватэрлінію. Помніш, як некалі казала Гражына: «Хлопчыкі, трэба рабіцца нарэшце мужчынамі. Імкнуцца жыць над ватэрлініяй, дзе свеціць сонца і спяваюць райскія птушкі. Дзе квітнеюць ружы і архідэі»? Помніш Гражыну? Гадоў дзесяць назад быў на малой радзіме і сустрэў яе ў парку над Сожам. Пакалякалі аб мінулым. Пыталася пра цябе. Не, кажу, не ведаю, што, і як, і дзе. Нібы камень у бурлівую ваду, скінуўся Міхал, і аніякіх слядоў.

Пры словах Алега пра Гражыну Міхал Андрэевіч збялеў, пракаўтнуў паветра і ў сваю чаргу, сунуўшы таблетку нітрагліцэрыну пад язык, запытаў змененым голасам:

– Ну а ты як? Як Жэня? Колькі ў вас дзетак?

– Што табе сказаць, Міхась... З Жэняй я разышоўся 25 гадоў назад. Паехала яна дадому ў свае Баранавічы. Ажыццявіла мару сваіх бацькоў, выйшла замуж за афіцэра, – У голасе Шчарбачэні гучала застарэлая крыўда. – Потым захварэла на рак і памерла. Была ў нас дачка, але з ёй у мяне няма ніякіх зносін. Жыву ў шлюбе з другой жонкай, маем таксама дачку – Юлю.

Яны яшчэ паўспаміналі мінулае і дамовіліся аб сустрэчы. Нарэшце Міхал Андрэевіч паклаў слухаўку і задумліва пацягнуўся на гаўбец, каб з вышыні другога паверха ў адзіноце падумаць над тым, аб чым помніў усё жыццё. Ён глядзеў на свой утульны невялiчкi катэдж, дзе цяпер жыла дачка са сваёй сям’ёй, на дагледжаны садзiк i гарод, на клумбы восеньскiх астраў, што востра палымнелi свежымi фарбамi сярод восеньскай шэрасцi, на блiскучы руды «опель», што стаяў перад гаражом, гарэзлiвага ўнука Казiка, якi разам са сваім бацькам Стахам выгульваў касматага ваўчару Блэра.

...Так, так. Тады, у маладосці, ён моцна даў хібу… Спачатку гульма прагуляў пяць гадоў у інстытуце, а потым, калі час імкліва паляцеў уперад, ён сустрэў дасканалую Гражыну – і спалохаўся сваёй непадрыхтаванасці. Побач з яе духоўнай прыгажосцю, густам, выхаванасцю, розумам, нардычным характарам ён адчуў сябе нявартым Яе. Ён бачыў у Ёй чароўную дзявочую сталасць і спеласць і адчуваў сваю хлапчуковасць, нават інфантыльнасць. Ён палохаўся моцы сваіх і яе пачуццяў, баяўся сваёй слабасці перад вонкавым светам, няздольнасці абараніць Яе ад тых варожых хцівых, драпежных сілаў і губляў час... Так і не прапанаваўшы Гражыне сваю руку і сэрца, фактычна збег на год у войска. Ён хацеў яшчэ ўмацавацца, узмужнець – і потым, мужным і моцным, дасведчаным і спрактыкаваным, сказаць Ёй пра сваё каханне да Яе.

А яна, свежая, некранутая, палкая, чакала, чакала, і іншы раз, калі срэбраныя імгненні часу беглі ў невядамае, настойліва пыталася ў яго:

– Мілы! Ты любіш мяне?

Яму здавалася тады, што ў гэты момант час прыпыняўся і ўжо не рухаўся. А Гражына – не дачакаўшыся адказу яшчэ некалькі разоў – праз паўгода выйшла замуж, там, у сваім вялікім горадзе, адкуль прыехала да іх у вёску на працу. Выйшла замуж мо за выпадковага чалавека, што проста апынуўся побач...

Ён так трагічна памыліўся! Ён думаў, назіраючы жыццё вакол, што час стаіць на месцы! Што разам з Ёй ён пражыве тысячу гадоў!

Мінулае як жывое круцілася ў ягонай памяці. Ён глядзеў перад сабой змрочным позіркам моцна стомленага чалавека, і той восеньскі дажджлівы дзень, калі ён, Міхась, памёр душой першы раз, ізноў паўставаў перад ім...

 

III

 

Вайскоўцы, якія заступалі на ахову складоў, атрымалі зброю, набоі і ўжо ішлі шыхтавацца, калі шараговы Янак Даўгалевіч перадаў яфрэйтару Міхасю Станкевічу доўгачаканы ліст ад Гражыны. Міхась беражліва паклаў яго дрыготкай рукой у нагрудную кішэню выгаралай на сонцы вопраткі колеру хакі, ён збіраўся прачытаць ліст у першую ж вольную хвіліну.

Палкавая варта ішла па пляцы пад марш, які іграў аркестр, і Міхась звыкла, але на гэты раз узнёсла грукаў бліскучымі ботамі, ідучы cтраявым крокам, цягнучы твар і позірк на вахтарных афіцэраў палка. Дробны восеньскі дожджык хвастаў па мокрым твары, а Міхась, маршыруючы разам з маладымі ваярамі роты і трымаючы аўтамат на вільготным плячы, адчуваў сябе дарослым мужчынам.

Ужо будучы на варце, на ахове вайсковых складоў, ён з хваляваннем адарваў край каляровай каперты, надпісаны такім мілым, знаёмым почыркам, які нават на паперы выпраменьваў незвычайную, уласціваю Гражыне густоўнасць і гармонію характару, розуму і нейкую асаблівую аўру. Пачапіўшы аўтамат на плячо, Міхась хутка азірнуў абсяг уздоўж гаражоў вайсковай тэхнікі і, схаваўшыся ад восеньскага дожджыку пад брыль грыбка, расчыніў ліст і прачытаў – літары і словы скакалі перад вачыма, быццам ён імчаў у наступ на смяротны дот, – забойчы прысуд сабе.

«...Не пішы мне больш. Не турбуй. Я сустрэла Таго, хто здолеў стаць маім Лёсам, бо ты не здолеў. Ты забаяўся, што “не здабудзеш маманта”. Ты добры, але ты слабы і не ўздымешся над ватэрлініяй. І прабач, я цябе не любіла. Можа я кепская, гадкая, нехарошая. Але якая ёсць. Ураўнаважся».

Віхур восеньскага ветру выхапіў ліст з ягоных рук і кінуў яму пад ногі. Сусвет разбураўся. Вялізарны крыштальны сонечны гмах прыдуманай мроі развальваўся, нішчыў аблокі летуценняў і ўзамен адчыняў шэрае звычайнае быццё. Дзяцінства скончылася. Жыццё нарэшце паставіла рубам свае галоўныя пытанні, і ён ужо не ведаў на іх прыемных і лёгкіх адказў. Усе адказы былі цяжкія, яны вымагалі ад яго паводзін дарослага мужчыны.

Міхась схіліў вочы долу, да бліскучых, старанна нагуталіненых ботаў, падэшвы якіх былі ўжо запэцканы свежым восеньскім брудам. Вочы гарэлі дзікім вогменем вар’ята і маглі здрадзіць, паведаміць таварышам-жаўнерам аб ягоным шчырым жаданні знішчыць сябе – як чалавека, які атрымаў сакрушальную паразу і праз гэта ўбачыў бессэнсоўнасць існасці.

«Шчасця ўжо не будзе! Ніколі! Застаецца цярпець. Цягнуць доўгі, нудны... доўгі і нудны... воз жыцця. Як валачэ большасць...» – слізганула бязлітасная ў сваёй рэальнасці думка.

Ён азірнуў прастору. Рэчаіснасць вакол была штодзённай, звычайнай. Гэтыя доўгія аднапавярховыя цёмна-зялёныя будынкі гаражоў, дзе хаваліся грозныя танкі, гэты новенькі аўтамат АК у ягоных руках – былі фантомамі, створанымі людзьмі-генераламі, дзеля іхняга жадання схавацца ад чужога жыцця, утварыць уласную канцэпту, з якой можна якасна жыць да самага заканчэння. І ўсё гэта цяпер не мела для яго ніякага сэнсу. Ён застаўся адзін сярод дажджу, восені, гразкай глебы, запэцканых ботаў, аўтамата АК з цяжкім, набітым набоямі ражком – сярод усяго шэрага, сумнага, нетаропкага і чужога. І ў гэтым чужым для яго не было месца.

Міхась цяжка нагнуўся і марудна падняў з долу прыціснуты брудным салдацкім абцасам запэцканы белы ліст. Смяротны ліст цяпер быў адзіным сведкам існавання іншага, адметнага, чароўнага жыцця, дзе былі Ён і Яна. У лісце меўся доказ існавання ягонай плённасці. Цяпер лягчэй за ўсё было пусціць кулю ў сваё сэрца... Якая жудасная параза... Ён ніколі не здолее ўзяць рэванш!

«Не... не... не... не... Не! Ці трэба спяшацца закрэсліць сваё адзінае жыццё?.. Не!.. Не!.. Не!.. У чым я вінаваты? Пабаяўся жаніцца з каханай дзяўчынай? Узяў адтэрміноўку, каб умацавацца? Неабходна знайсці мэту і ў гэтым жахлівым становішчы! Паміраць трэба з сэнсам... прыхапіць на той свет заклятага ворага ці ўдзельнічаць у рэвалюцыі ці вайне... Стаць героем! У мяне толькі адно выйсце – зрабіцца героем! Але ці ёсць у мяне сапраўдны вораг? Каб быць героем, патрэбна некага перамагчы! Мне яшчэ трэба адшукаць у сваім жыцці свайго ворага...»

Ні ворага, ні вайны, ні рэвалюцыі на абшарах рэчаіснасці не прадбачылася...

Трымаючы ў руках аўтамат, яфрэйтар Міхась Станкевіч хістаўся на самай мяжы смяротнай прорвы... Бясконцыя шэсць месяцаў да дэмбелю зліліся ў суцэльны час цярплівага маруднага выжывання...

Прыйшоў дэмбель і прынёс з сабой новыя складанасці. Цяпер яму не было чаго чакаць, змена варункаў не змяніла яго ўнутранага стану. Міхась нібы апынуўся ва ўнутранай эміграцыі.

 

IV

 

У вёсцы Залессе, дзе пасля дэмбелю Мiхась уладкаваўся на працу, ішоў дождж, дождж, дождж. А потым узышло сонца. Але ўсё: і сонца, і дождж – ужо былі не такімі, як некалі. Рэчаіснасць была запалонена людзьмі-мурашамі. Мурашы былі паўсюль, у тым ліку і ў войску, дзе прапаршчык Кузьмічоў хціва жэр яшчэ цёплую кілбасу, што выпрасіў на Барысаўскім мясакамбінаце, куды яны паехалі здаваць вайсковых парсюкоў. А потым, ужо пасля войска, было яшчэ горш, бо маруднае, бясконцае і бессэнсоўнае жыццё прымушала варушыцца самастойна, хадзіць на працу, зарабляць грошы, здымаць кватэру, аб нечым гаварыць з людзьмі.

...Аднойчы малады дырэктар Залесскай школы Іван Іванавіч казаў нейкія правiльныя словы, але Міхась Станкевіч, часова набыўшы ўласцівасць звышадчування, бачыў, што думае ў сапраўднасці гэты неблагі дырэктар: ён не хацеў ехаць у райцэнтр, каб падвезці маладога настаўніка, бо шкадаваў бензіну, і гэты ягоны мурашыны клопат не здзівіў Міхася. Дырэктар таксама быў мурашом.

Мурашы хадзілі па вулках, сядзелі ў сталоўках, елі ці смяяліся, пілі гарэлку. Было невыносна глядзець на мурашоў, як яны смяяліся. Як можна было смяяцца, нават проста быць вясёлым, калі Яе не было. І як Яна магла смяяцца, нават проста жыць, дыхаць, распранацца... класціся ўвечары спаць з нейкім чужым чалавекам, калі Яго, Міхася, не было побач.

Гравійная дарога, што цягнулася з вёскі ў нейкую іншую вёску і далей у райцэнтр, людзі, што хадзілі па вясковай вуліцы, корпаліся ў сваіх сядзібах, сядзелі ў хатах і пазіралі ў вокны на мінакоў, шэрыя хмары ў сінім небе, нечаканы восеньскі дождж, волглае верасьнёўскае паветра – усё гэта страціла сваю незвычайную, некалі ўласцівую Ім шматканальнасць успрымання існуючага для Іх абаіх сусвету. Цяпер сусвет фізічных рэчаў і з’яў працягваў існаваць – але ў ім быў іншы, звычайны, штодзённы аднаканальны сэнс. Гэтае спрошчанае матэрыялістычнае бытаванне было самадастатковым, яно было прыстасаванае для фізічнага самавыжывання, але ў Міхасёвай былой сістэме каардынат не мела патрэбнай каштоўнасці.

...Увесь час знаходзіўся нехта, хто выхваляўся сексуальным гераізмам, але ў ім таксама не было патрэбнага для Міхася духоўнага сэнсу. Яны, людзі, усе былі сляпыя і глухія – калі не зусім, то значна больш чым напалову. Маючы адзінае, непаўторнае жыццё, яны не адчувалі самага галоўнага – сваёй лучнасці з сусветам і ад гэтага – сваёй чалавечай узнёсласці. У гэтых вартых жалю людзей, улагоджаных фізіялагічнай задаволенасцю, духоўная свядомасць кульгала, бо неабходнасць матэрыяльных здабыткаў перашкаджала ўзнікненню нечага іншага, больш узнёслага. Большасць жыла надзвычай дробнымі звычкамі штодзённага побыту...

Міхась адчуваў сябе пакутнікам, распалавіненым чалавекам, дзе лепшая частка – ягоны сэнс – знікла. Засталося цела з жывёльнымі інстынктамі, недасканалымі звычкамі, прымітыўнымі ведамі… Унутраная пустэльня існавала заўсёды і не адпускала яго ні на імгненне. Іншы раз пасля моцнай, да страты прытомнасьці, выпіўкі з калегамі па працы ці нейкімі малазнаёмымі людзьмі, калі пачыналася абуджэнне, было яшчэ горш, бо ён вяртаўся ў сусвет, дзе Яе ўжо ніколі не было! Ён спрабаваў аблегчыць душу, нешта патлумачыць тым, хто быў побач, але праз нейкі час махнуў рукой, зразумеўшы немагчымасць гэтага, як спробу тушыць атамны рэактар заліваючы полымя вадою. Ён разумеў, што каб жыць, трэба працаваць, вучыць дзяцей, садзіць бульбу, гадаваць жывёлу, але потым, калі ўсё пароблена, трэба вяртацца да галоўнага – да Зорнага Неба, да вільготнай веснавой Ночы, посвісту качак і гергетанню гусей, што імчаць над зямлёй сярод зорнай ночы, да стасункаў з Ёй, адзінай і непаўторнай...

А можа, аднастайнае быццё, штодзённая праца за шмат год патушылі б каханне, зрабілі б з Яе звычку, звялі б Каханне да валтузні ў ложку?

Яму было сорамна перад Богам, які падараваў яму цудоўнае, дзівоснае жыццё і чароўнае каханне, а ён гэтую каштоўнасць не здолеў скарыстаць. Міхась адчуваў, што закрэсліць сваё жыццё – значыць зняважыць сваіх бацькоў і самога Бога, і таму ён вымушана і цяжка цярпеў. Зняважыць пана Бога – і тады ўжо больш ніколі не жыць. Ён верыў, што там, у іншым ягоным жыцці праз мільёны, а можа, міліярды гадоў, ён, мужны і дарослы, ізноў сустрэне Яе, і тады ўжо ён Яе нікому не аддасць.

Ён адчуваў, што ўжо ніколі ў гэтым жыцці не будзе шчаслівым еднасцю з сусветам, а калі і будзе, то толькі далёка наперадзе, пад старасць, і толькі на некалькі імгненняў. І трэба было цярпець гэты цяжар звычайнага, мурашынага, штодзённага бессэнсоўнага існавання шмат гадоў дзень пры дні. Бытаванне расліны, амёбы, мураша… Насамрэч не маглі забыцца пра Яе міліярды клетак ягонага арганізма, што не дазвалялі ўтварыць інтымную еднасць душы і цела з некім іншым.

...Урэшце свядомая душа Міхася выгарала і памерла, і, каб жыць далей, ён быў вымушаны спачатку будаваць сваю новую, ужо ўсечаную і зменшаную, душу.

З стратай каханай ён паступова страчваў усёахопнае разуменне і цэльнасць адчування сусвету. Сусвет рабіўся маленькім і дробным, і тое, што некалі было для яго мурашыным і нязначным, напрыклад грошы ці меркаванні іншых, больш падобныя на плёткі, пачалі закранаць і яго. Чамусьці гэта называлася «рэальным успрыманнем рэчаіснасці».

Ён марнаваў непаўторныя гады маладосці... Гады ляцелі, а ён не мог знайсці Ёй замену. Найлепшая частка ягонага жыцця была запоўнена адзінотай, тугой, цемрай.

Аднойчы, узяўшы ў маладога вясковага сябра Грыбоўскага паляўнічую стрэльбу, Міхал пайшоў пад самы вечар на возера.

Чырвоны дыск сонца на захадзе марудна хаваўся за вясковы восеньскі небакрай. Ён, лёгка апрануты ў вайсковы пільчак з летнім брылём на галаве і абуты ў старыя чорныя чаравікі, хутка, каб сагрэцца ад восеньскай халадэчы, ішоў па сцежцы сярод хмызняка. З шэра-свінцовых хмар, што затулілі палову неба, раптам пайшоў густы пухнаты снег, які ператварыў кастрычніцкую восень у сапраўдную і нечаканую зіму. Возера, снег, ноч, што надышла хутка і валадарна, і тысячы паўночных качак касяк за касяком імкліва ляцелі з цемры заснежанага неба на цёмнае люстэрка незамерзлага возера. Хмызняк з неапалымі лісцямі, засыпаны шапкамі белага снегу, цёмная вада, што ціха плёскала аб бераг, і посвіст крылаў мноства паўночных качак... Снег рыпеў пад нагамі, ногі стыглі ў лёгкіх чаравіках, але ён адчуваў палёгку. Чароўная, халодная, вялізарная ноч валадарыла на зямлі. Ён быў адзін сярод цемры, снегу, возера, дзікіх паўночных качак, што прынеслі з сабой паўночны холад...

Ён узняў да пляча стрэльбу, выцэліваючы чародку крыжанак, што імкліва праляталі над хмызняком – і цяжкі выбух вогненнага стрэлу на міг парваў абсяг ночы, каб яшчэ праз імгненне знікнуць у рацэ часу.

Цяпер Ноч панавала на ўсіх абшарах яго жыцця. Гэта быў новы Сусвет, нічым не звязаны з Ёй. І гэты сусвет быў не горшы, чым той, дзе калісьці існавала Яна. Так ён навучыўся любіць Ноч, Снег, вольных паўночных Птушак, Раку, Бераг, Зорнае Неба...

Ён выжыў сярод мурашоў, ператварыўся ў чалавека ночы… Сама па сабе Ноч не была сутокам зла. Але цемра нішчыла накірункі, стварала варункі да адзіноты, тугі, нараджала роспач... Так, ён стаў паўнавартасным чалавекам Роспачы.

З таго часу праімчала вялізарная колькасць дней – цэлая гістарычная эпоха... Прайшло безліч гадоў. Праляцеў знакаміты шахматны матч Спаскі – Фішэр, прабегла легендарная серыя сустрэч савецкіх чэмпіёнаў з канадскімі прафесіяналамі, вайна ў Аўганістане, смерць дзяржаўных лідэраў, потым прыйшла Чарнобыльская катастрофа, рэвалюцыя савбураў1, разбурэнне Вялікай Дзяржавы, вайна ў Чачне, сваркі і звады новых і старых палітыкаў, зняважлівыя рэферэндумы, адыход назад да аўтарытарнага мінулага. Якая колькасьць гістарычных падзей!

А ён, ужо зрабіўшыся сталым, а затым сівым Міхалам Андрэевічам, усё помніў Яе і іншы раз ён пачынаў разумець, што Гражына дзесці там, у іншым, вялікім акіяне жыцця, забылася пра яго, што яна не ўспамінае яго, і што Яны ўжо ніколі не сустрэнуцца.

 

1 Рэвалюцыя савбураў – рэвалюцыя савецкай буржуазіі 1991–1993 гадоў.

V

 

У панядзелак Міхал Андрэевіч нарэшце пайшоў у паліклініку на прыём да свайго сябра, што працаваў кардыёлагам. Віцень Уладзімеравіч, уважлівы сталы чалавек, доўга слухаў ягонае сэрца, глядзеў усе шматгадовыя аналізы і абследаванні. Потым, гледзячы ўсутыч сваімі блакітнымі вачыма ліцвіна, напрасткі выклаў тое, аб чым Міхал здагадваўся і сам.

– Галоўнае – гэта рухавік. А твой рухавік – лайно. У цябе ішэмія, на фоне розных тыпаў блакад. Каб зняць гэтыя блакады, то, лічы, быў бы здаровым чалавекам. А так жыць можаш, толькі асцярожна, а напружана працаваць нельга ані ў якім разе. Заклінуе – і можаш памерці ў любое імгненне.

Стрымана пазіраючы на шэры, з мяшкамі пад вачыма, твар Міхала Андрэевіча, ён працягваў далей:

– Гэта сур’ёзная хвароба. Што ты хочаш? Ты разумееш, што мы не Богі і што заўсёды ёсць надзея...

– Мне трэба ведаць дакладна: колькі ў мяне застаецца часу?

– Гэтага табе ніхто не скажа.

– Вы, медыкі, прапануеце мне няўцямныя надзеі пражыць яшчэ трошкі, чапляцца за дробныя моманты. Замест таго, каб пражыць паўнавартасна апошнія гады і месяцы, сустрэцца з тымі дарагімі месцамі і людзьмі, развітацца з жыццём, ты прапануеш мне марнаваць апошнія імгненні.

Кардыёлаг прафесійна разглядваў Міхала Андрэевіча, як тую жабку, што круціцца пад скальпелем студэнта-першакурсніка.

— Ты ведаеш, Віця, што я гадоў пяць пражыў на зубах. Мне лягчэй было памерці, чым жыць.

– Я табе праўду-матку кажу, як ты і прасіў. Таму будзь вытрыманым, Міша, і не псуй гонты.

– Мяне цікавіць, колькі часу яшчэ можна пратрымацца? – нарэшце суцішыўся Міхал Андрэевіч.

– Патрэбна настойлівае лекаванне. Санаторнае лячэнне, спакойны рытм жыцця. Можна адцягнуць абвастрэнне, пратрымацца і дзесяць гадоў...

– Дзесяць гадоў? Якая нуда?! Ці ёсць сэнс столькі жыць? А колькі трэба грошай, каб лекавацца?

– Сэнс заўсёды ёсць. Унукі даюць сэнс. Старыя знаёмыя і старыя сябры. Міжнародныя падзеі. А родная прырода, лес, а вёска... Помніш нашу вёску, рэчку, а дзяўчын, а Тому Коваль помніш?

Абодва былі з адной вёскі, бегалі ў дзяцінстве па сенажаці, летам купаліся па пяць разоў на дзень у рэчцы Гаўі, гойсалі па лесе, выкопваючы вайсковыя трафеі, што яшчэ засталіся пасля баёў 41 года, вучыліся ў адной школе і ў юнацтве заляцаліся да адных дзяўчат.

– Вунь мой пляменнік Зміцер нарэшце вырашыў жаніцца. Хоча ўзяць кандыдатку навук у жонкі. Я яго пытаю: не баішся? А ён адказвае – не баюся. Мне, кажа, Міхал Андрэевіч казаў: ‘’ніколі нікога і нічога не бойся! Асцерагацца шмат чаго трэба, але не баяцца. Бяры, кажа, Зміцер, у жыцці лепшае. Пара нам, ліцвінам, самім карыстацца лепшым, а не аддаваць яго розным прыблудам.’’

Віцень Уладзімеравіч зняў акуляры, і ад гэтага ягоны грозны твар доктара, што вырашае людскі лёс, набыў чалавечы і нават пяшчотны выгляд.

– Эх, Міша, толькі зараз і жыць. Нікуды не спяшацца, усё разумець. Дарэчы, нашы ішэмічныя хворыя-вар’яты едуць у санаторыі лекавацца, а там нажруцца віагры – і да маладых кабетаў. Ну, і адразу па новым інфаркце. Кожнаму часу сваё, а ў старасці, братэла Міхась, трэба падрахаваць вынікі. І давершыць тое, што не паспеў зрабіць у свой час, – па-філасофску скончыў сваю казань кардыёлаг і пачаў пісаць рэцепт на лекі.

– Вынікі даўно падлічаны, – рахмана прамовіў Міхал. – Дарэчы, іх патрэбна рахаваць штогод, каб не прамінуць нешта важкае.

Міхал Андрэевіч не дужа спалохаўся ўчутаму, чамусьці вельмі задаволены, падзякаваў Віценю Уладзімеравічу за дыягназ, паклаўшы яму пад столік скрутак з бутэлькай «Напалеона» ды шыкоўнай каробкай шакаладных цукерак вытворчасці «Спартак». Да хірурга ён ужо не пайшоў. «Навошта лекаваць тыя ногі, калі раней памрэш ад сэрца», – меркаваў ён, вяртаючыся дадому.

 

VI

 

З надыходам новага часу, пакутліва ўзіраючыся ў іншы гістарычны расклад, Міхал Андрэевіч балюча разумеў, што пэўна там, у маладосці, іхнія перамогі былі ў сапраўднасці перамогамі генералаў. Яму ўсё часцей пачынала здавацца, што Вялікая Дзяржава таму і разбурылася, што некалі ён не здолеў з’яднацца з Каханай, зрабіцца яе Лёсам, дасягнуць уласнага свайго, індывідуальнага шчасця. Імунітэт да суіцыду, што ён атрымаў у маладосці, яшчэ валадарна трымаў яго ў жыцці. Але ён ужо разумеў, што пражыў жыццё з мурашамі. Будучы яшчэ нестарым чалавекам, цяпер яму нясцерпна хацелася нарэшце паставіць канчатковую кропку... Калі гэтае жыццё існавала дзеля таго, каб толькі жэрці, то можна было і не жыць...

Да сустрэчы з прадпрымальнікам з Жодзіна ён старанна хаваўся ад успамінаў пра тую хатку – на ўскрайку вёскі каля самага лесу, недалёка ад школы, – дзе кватаравала Гражына...

І вось цяпер, калі штодзень увечары ён нетаропка крочыў у адзіноце па дарозе ад «Экспабелу» да прыпынку «Зялёны Луг» і лёгкі змрок ахутваў асяроддзе, а будынкі пачыналі патанаць у цемры і ў вокнах шматпавярховых гмахаў загараліся першыя агеньчыкі – у гэты момант успамінаўся яму маленькі агеньчык у вакенцы сярод вясковага змроку... І яны ўдваіх каля плота ўсю ноч гаварылі і не маглі нагаварыцца, развітваліся і ніяк не маглі развітацца... І стракатанне конікаў у траве, ціхі гук у садзе ад сутыкнення яблыка з зямной куляй, Зорны Шлях Галактыкі, што вісеў над галавой цэлую ноч, і гергетанне дзікіх гусей, што сярод зорак шукалі кірунак на поўдзень... І ўжо пад самую раніцу, калі пеўні крычалі на світанку другі раз, гук ягоных крокаў, што чуліся ў восеньскай вільготнай начы, калі ён, закаханы, вяртаўся дадому, пераходзіў кладку з двух бярвенняў праз выкапаную сажалку, уздымаючы шчаслівы позірк на ўсход, дзе загараўся ружовы заранак...

І ў каторы раз Міхалу Андрэевічу ў імгненне нейкага найвышэйшага ўсведамлення прыходзіла разуменне, што тое звычайнае гарадское жыццё на асфальце, якім ён зараз жыў і якім жыве большасць, не з’яўляецца сапраўдным. Што гэта сон, нейкае механічнае звыклае існаванне, і сапраўдныя імгненні быцця былі якраз тады, у імклівыя, непаўторныя, срэбныя імгненні кахання...

Аднойчы глыбокай ноччу Міхась Андрэевіч ізноў убачыў той жахлівы сон, пра няспраўджанае жыццё, дзе яна была побач.

...І вось Яна ў белай сукенцы нявесты бяжыць да Яго насустрач, сярод травеньскага квітнеючага бела-ружовага яблыневага саду, і птушкі, як анёлы, спяваюць свае песні, а сад заліты сонечнымі праменямі: «Тое, што было раней, – гэта быў толькі доўгі сон пра несапраўднае, другаснае жыццё. Так-так... Толькі сон. І сон нарэшце прайшоў, і цяпер мы будзем з табой назаўсёды. І першы, сапраўдны варыянт жыцця над ватэрлініяй павядзе нас шырокім вольным шляхам...»

Міхась смяяўся ў сне маладым шчаслівым смехам чалавека, што прачнуўся ад шэрага цьмянага і бессэнсоўнага існавання і цяпер рад, што гэта быў толькі чорны цьмяны прывід…

Ён прачынаўся неахвотна, нібы вынырываў з глыбіні, і шчаслівы стан заўсёды змяняўся раптоўна абрынутым на яго пачуццём некалі звыклай для яго смяротнай тугі, якая пераходзіла ў адчай... Роспач аб незваротным мінулым, аб праляцелай маладосці, аб страчанай вясковай цішыне глухім ранкам, з туманамі, з пераможнымі крыкамі першых пеўняў, глыбока тулілася ў ягонай памяці. І ён разумеў, што нічога больш значнага ў ягоным жыцці не было і ўжо не будзе...

Міхась Андрэевіч пайшоў на кухню выпіць вады і потым доўга нерухома стаяў каля прыадчыненага вакна, невысокі пажылы чалавек у цельніку і каляровых трусах да каленяў, з белым наетым целам, з талеркай лысіны на цемені, па-ваўчынаму скамянела глядзеў у знаёмую цемру і адчуваў сябе істотай, што шмат дзесяцігоддзяў бессэнсоўна імчыць у адзіноце касмічнага карабля праз маўклівы, бясконцы, несканчаемы зорны прасцяг космасу.

 

VII

 

Ён ведаў, што яму засталося зрабіць, бо не было сэнсу марнаваць апошнія сілы на змаганне за некалькі гадоў расліннага існавання. Ён выканаў доўг, паставіў дзяцей на ногі, дачакаўся ўнукаў – і дзякуй Богу было і за гэта.

Позняй восенню, зіма ўжо дыхала з неба, але снег яшчэ не выпаў, Міхал Андрэевіч папрасіў Віценя Уладзімеравіча паехаць разам туды, дзе некалі жыла Гражына, сказаўшы яму:

– Трэба, Валянцін, пабачыць адну жанчыну. Не бачыў амаль сорак гадоў.

– Табе, дружа, нельга хвалявацца.

– Ужо, братэла, не мае аніякага значэння. Ці так, ці гэтак, а канец адзін. Не пабачыць – значыць абрабаваць сябе апошні раз. Урэшце я адчуваю, што патэнцыял маёй цяперашняй душы выкарыстаны. Па вялікім рахунку, больш нечым жыць!

Міхал Андрэевіч памаўчаў і потым крыху няўпэўнена дадаў:

– Ёсць адно выйсце – паспрабаваць вярнуцца да нескарыстанага некалі рэзерву. Да душы, якая некалі адышла ў цень, амаль памерла. Але яна жывая. І яна значна багацейшая за цяперашнюю душу, з якой я пражыў апошнія 35 гадоў.

Віцень Уладзімеравіч, зірнуўшы на сябра, прамовіў тое, што думаў і што даўно хацеў сказаць старому сябру:

– Хочаш шчыра? Ведаеш, што такое тваё каханне? Ты ўзяў найлепшае, што было ў ёй на той момант, і ўставіў гэта найлепшае ў рамку, адкінуўшы ўсё, што табе не падабалася.

– Што ў ёй магло быць кепскага? Не бачу.

– Я бачыў яе фота. І я ведаю жанчын. У іх заўсёды добры жыццёвы апетыт і вострыя прыгожыя зубы. І яна прагматычная жанчына, з моцнай энергетыкай. І яна любіць камфортнае жыццё, любіць абняць і быць абнятай. Ты прайграў Яе некалі. І гэта незваротна. У жанчын заўсёды моцная цяга да вартасці жыцця. Жыць добра – сёння і тут! Жанчыне патрэбны сатэліт, той, хто пакладзе сваё жыццё за яе, каханую. Ты прайграў, таму што вагаўся пакласці жыццё толькі дзеля Яе. Ты хацеў, разам з ёй, увесь сусвет. А сёння яна змянілася нават генетычна. І яна цябе выкрасліла. Той, што ты ведаў, ужо няма. Ёсць нечая жонка, маці не тваіх дзяцей…

Міхал Андрэевіч маўкліва слухаў і не перабіваў. Віцень Уладзімеравіч прамаўляў далей.

– Ты рамантычны герой – а гэта атавізм, рудымент мінулага. Падсвядома ты чакаеш той увагі, якую яна дарыла табе, калі ты быў патэнцыйным жаніхом. Між тым увага прыгожай дзяўчыны да мужчыны – гэта ўвага вудаля да паплаўка, які хоча своечасова падсекчы рыбіну. Ты хацеў глядзець на яе, як на ікону, – і хацеў знаходзіцца ў гэтым эйфарычным стане бясконца? І сублімаваць сваю творчую энергію ў свае справы, якіх ты тады яшчэ і не знайшоў...

– І што ты прапануеш? – Міхал Андрэевіч уважліва слухаў і быў надзіва спакойны.

– Ты ёй сёння не патрэбны. Значыць, і яна табе не патрэбна, яна дарма займае месца ў тваёй душы. Трэба вызваліць гэта месца.

– А наўзамен?

– Наўзамен ты напампуеш гэтыя файлы сучаснасцю. Сучасным жыццём. Сёння і тут! У цябе разам з яе выявай захоўваюцца тыя камуністычныя ідэалы, якія сёння непрыдатныя да жыцця. Гэта тая самая дзіцячая інфантыльнасць, якая, дарэчы, і стала прычынай разбурэння вялікай краіны. Калектыўны сындром! Думаць не трэба, за цябе думае партыя! Але і партыі думаць таксама не трэба, бо за яе думае Палітбюро… І лепшыя з нас тады нават адчувалі так, як нас выхоўвала партыя. Перачытай «Як гартавалася сталь», Паўка Карчагін – гэта ж ты сёння. Марыў ты паехаць на БАМ?

– Марыў! – збянтэжана прызнаўся Міхал Андрэевіч.

– А на цаліне з будатрадамі колькі разоў быў?

– Тройчы.

– Ну вось, ты, Міша, несвядома і свядома хацеў быць героем. А жанчынам не патрэбны героі, ім патрэбны жывыя мужчыны, з якімі камфортна, прыемна, якасна… Ты ведаеш, у мяне ў жыцці было шмат знаёмых і сяброў. Тэлефануеш ім на дзень нараджэння, на Новы год, віншуеш, яны дзячаць, бяруць твой нумар тэлефона, але самі не тэлефануюць дзесяткамі гадоў. Ведаеш чаму? Таму што нас нічога ўжо акрамя памяці не звязвае. І я зразумеў, што я ім непатрэбны. Што некалі я не спраўдзіў іх надзей. Яны, як выхаваныя людзі, церпяць, але на самай справе даўно закрэслілі мяне. А я, як тумак, як жабрак, дамагаўся іхняй прыхільнасці. Я кажу пра простых людзей, не пра багатых.

Міхал Андрэевіч, гледзячы перад сабой, у роздуме пахітаў сівой галавой і нетаропка зазначыў:

– Гэта ты, Віцень, моцна сказаў: не спраўдзіў людскіх надзей! Посткамуністычны сіндром – надзея, што ты некаму патрэбны проста як чалавек.

Віцень Уладзімеравіч, былы хірург, ведаў – каб аперацыя была дасканалай, неабходна выразаць усё што магчыма, дзеля атрымання патрэбнага выніку.

– Адрачыся ад яе! Забудзься пра яе! Ты ёй не патрэбны! Ты пачнеш замінаць ёй жыць! Пачнеш будзіць тое, чаго няма і чаго нават і не было ніколі. Ты пакутуеш ад Мроі – аб вечным шчасці! Аб вечнай маладосці! Аб вечным каханні! Вечнага нічога няма. Уяві, колькі параз ты мінуў, не аб’яднаўшы сваё жыццё з ёй? Яна для дужага мужчыны з моцным сэрцам! Разумееш?

Гэта быў удар ніжэй дзягі, і Віцень Уладзімеравіч ведаў гэта. Міхал Андрэевіч крыўдліва засоп і маўчаў. Маўчаў і Віцень, даючы сябру магчымасць пераадолець наступствы ад ягоных не вельмі прыемных слоў. Нарэшце Міхал Андрэевіч стрымана прамовіў:

– Тут праблема ў іншым. Адрокшыся ад яе, я магу імгненна зрабіцца мурашом.

– Значыць, ты бурбалка, дутая велічыня, і заўсёды быў мурашом.

Міхал Андрэевіч узважваў тую версію будучыні, што намаляваў перад ім сябра, і потым у роздуме, з скрухай стрымана зацвердзіў:

– Развітацца з звычкамі сяброўства, еднасці, добразычлівасці? Выкінуць усё мінулае на сметнік – усё, што моцна любіў, ад чаго пакутаваў? Знішчыць пачуццё віны перад людзьмі: тую некалі не прытуліў, там напіўся да парасячага піску і трымаў сябе свіннёй, недзе абразіў чалавека?.. Божа мой, якая колькасць грахоў! І ўсё гэта скінуць, як непатрэбную вагу, і зрабіцца прагматычным? Сучасным і непахісным? Моцным і паспяховым… нарэшце, багатым? Позна, Віцень, позна! Гэта для наступных пакаленняў. Наша жыццё ўжо складзена і пражыта!

Ён выразна адчуў, што на ягонай жыццёвай дыскеце засталося зусім крыху часу.

 

VIII

 

На выхадныя раніцой яны паехалі на легкавіку Міхала Андрэевіча туды, дзе некалі жыла Яна. Легкавік імчаў па пустым Партызанскім праспекце, залітым электрычным святлом, і амаль усю дарогу Міхал маўчаў і нешта ўпарта думаў.

Нарэшце, праз пяць гадзін дабраўшыся да горада на Сожы, Міхал Андрэевіч збянтэжана ўзіраўся ў вуліцы і бульвары гэтага горада-фантома.

Горад існаваў у рэчаіснасці! Ён не быў мрояй. Трыццаць пяць гадоў назад Міхал усяго адзін раз быў у гэтым месцы, і за гэтыя гады горад зрабіўся ў ягоным уяўленні фантомам. Шмат разоў Міхал бачыў яго вуліцы і дамы ў сваіх снах пра Яе. Жахлівая думка, як драпежная рысь на дрэве, цяпер узнікла ў ім: можа, Яна была Мрояй?

Усё было незвычайным, тут, дзе жыла Яна, і ўсё было прагматычным, там, дзе жыў ён. Цяпер яго ўразіла, што горад такі чароўны: у ім жылі нейкія іншыя людзі, была надзвычай дзіўная рака, па якой плавалі шматпалубныя таямнічыя, рамантычныя пасажырскія цеплаходы.

Ён выйшаў з легкавіка на той вуліцы, дзе калісьці жыла Гражына. Вуліца Барыкіна – гэта назва сарвалася з сцяны будынка і магутна, бы цяжкі камень, ударыла яго ў сэрца. Ён захістаўся і спалатнеў, прысеў на лаву, каб суцішыць сэрца, якое калацілася так, што ён з здзіўленнем зірнуў на грудзь, што хадзіла хадуном...

Існаваў яе дом, і тая самая школа, дзе яна некалі вучылася! Яго моцна ўразіла, што нейкіх сорак гадоў назад з гэтай школы бегла з партфелем да свайго пяціпавярховага панэльнага дома дзівосная дзяўчынка-выдатніца... І некалі хадзіла гэтымі сцежкамі, ішла гэтым паркам да самых ганкаў. Прайшло трыцаць пяць гадоў, а ён помніў нумар яе кватэры: № 21, і калі Міхась падышоў да ганкаў, дзе калісьці жыла Яна, ягонае сэрца зноў загрукала з такой сілай, што ён спалохана сеў на лаву. Гэта быў для яго легендарны ганак, і калісьці русавалосы асілак-юнак, ейны сусед, які марыў стаць канструктарам летакоў, казаў Ёй чароўныя дзівосныя словы, прызнаючыся ў сваім каханні да яе:

– Я люблю цябе гэтаксама, як мае самалёты.

Міхась зараз зайздросціў таму юнаку.

Нечакана ён зразумеў, у чым была справа. Гэта была Мара пра плённае жыццё, у якім быў сэнс існавання і чалавечая радасць ад стваральнай дзейнасці. І Яна была каталізатарам гэткага жыцця. З Ёй ён жыў у іншай сістэме каардынат, рабіўся надзвычай глыбокім у пачуццёвым і разумовым успрыманні часу і прасторы. З Гражынай рэчаіснасць мянялася, існасць набывала свой стваральны плён, чароўны і Боскі сэнс.

У гэтую цяжкую хвіліну ён ізноў выразна адчуў, што пражыў ценявую версію свайго жыцця. Той, сапраўдны вызначаны яму кон, ён абмінуў з уласнай дурноты і непадрыхтаванасці. На яго жыццёвай дыскеце быў занатаваны зусім іншы Лёс... І Міхал Андрэевіч у гэтае імгненне ўпершыню востра і шчыра адчуў шкадобу пра куплены ў час перабудовы ў Смаленску старэнькі наган, а затым, пасля настойлівага змагання з спакусай, разабраны на часткі і кінуты ў Свіслач.

Руйнуючы ў сябе ўсе перашкоды, ён з сілай ціскануў дрыготкай рукой гузу электрычнай гудзёлкі ў кватэру № 21.

– Прабачце, – сказаў ён сярэдніх гадоў жанчыне, на выгляд пралетаркі, што зірнула з прыадчыненых дзвярэй. – Вы не падкажыце, тут некалі пражывалі Сасніцкія?

– Сасніцкія? То яны ўжо тут не жывуць. Гады чатыры як з’ехалі на новыя кватэры. Гражына з Вагітам і дзецьмі пераехалі ў цэнтр, а маці атрымала кватэру дзесці каля іх побач. А вы, прабачце, кім ім даводзіцеся?

– Калега Гражыны па працы. Праездам з Бранска ў Магілёў. Дай, думаю, заеду. Аддам пазыку, – адказаў уражаны Міхал Андрэевіч.

Твар ягоны пры гэтым зрабіўся няўпэўненым, і жанчына, гаспадыня кватэры, зразумела, што пра пазыку ён хлусіць. І, як шчыры і сумленны чалавек, робіць гэта няўмела. І таму яна адразу адчула давер і прыхільнасць да сівога мужчыны ў дублёнцы, што за доўгае жыццё не захацеў вучыцца ашукваць людзей.

Яго ж уразіла пацверджанне, што Яна існуе. Ён так шмат пражыў без яе, што зараз здзівіўся: Яна сапраўды існавала ў сусвеце і ў цяперашнім жыццёвым часе! І звычайная жанчына-пралетар так лёгка і проста гаворыць пра Гражыну, і так лёгка і проста некалі мела з Ёй зносіны. Гэта звычайная шараговая пралетарка была больш шчаслівай, чым быў ён, бо бачыла Яе амаль кожны дзень. І яшчэ яго вострым нажом разануў напамінак пра мужа Вагіта. Які яшчэ Вагіт? Басурман? Паўднёвы чалавек? Чорт ведама што!

– Магчыма, у вас ёсць яе тэлефон?

– Так, ёсць яе мамы.

Ён узяў у жанчыны нумар тэлефона, аддзячыўшы яе шакаладкай. Па тым, як раптам паружавелі пашчэнкі кабеты, ён зразумеў тую нэндзу, што мела яе сям’я.

– Паехалі ў гатэль «Вандроўнік», – прамовіў ён Віценю, сядаючы ў легкавік.

 

IX

 

Ён патэлефанаваў Гражыне раніцай у нядзелю, папярэдне выпіўшы добрую порцыю валяр’янкі з карвалолам і заглынуўшы цэлую жменю лекавых таблетак.

– Прайшло столькі гадоў і ты не забыўся?

– А ты?

– Ты не захацеў ці не здолеў прапанаваць мне сваю руку. Што заставалася мне? Запэцкаць твой вобраз чорнай фарбай і пайсці за першага, хто прапанаваў сваю моцную мужную руку і адважнае сэрца.

– Так, я не здолеў. Я здаваўся сабе такім маленькім, нявартым цябе... Я не ведаў правіл гульні... Я не ведаў, што жанчына, як тая тэрыторыя, патрабуе аховы...

– І ўсё ж ты пераможца. Захаваць памяць – гэта дадзена рэдкім людзям.

– Альтэрнатывы не існуе! Калі не захаваць, то з кім жыць? З мурашамі? Самому зрабіцца мурашом? Тады няма ніякай надзеі. Толькі тады я быў чалавекам, калі меў у душы ідэал існасці. А без ідэала чалавек лёгка апускаецца да мураша, а потым можа зрабіцца і людажэрам.

– Гэта датычыць вас, мужчын. У нас, жанчын, іншы лёс. Мы павінны любым коштам, але даць працяг чалавецтву. Нарадзіць новае пакаленне.

– Я не бачыў цябе трыццаць пяць гадоў. І як быццам развітаўся толькі ўчора. Які жах! Ты хочаш сустрэцца? З тым, каго ты ідэнтыфікавала як пераможцу. Я так доўга чакаў, ідэал пачаў ператварацца ў мрою... Я смяротна стаміўся супрацьстаяць шэрасці.

– Я? Згодна. Патэлефаную мужу аб нечаканай сустрэчы. Давай сустрэнемся ў 12.00 каля гатэля «Вандроўнік» на прыпынку. Ведаеш гэты гатэль?

– Так, ведаю. Глядзі, пазнай мяне. Я сёння – гэта стары, пажылы чалавек з сівой галавой, даволі гладкім тварам, сумным і змрочным. У дублёнцы і андатравай шапцы.

– Цябе я заўсёды пазнаю.

...Гражына ў рудым кажушку і норкавай кубанцы на галаве, доўгай, ніжэй кален, шэрай спадніцы, у белых фірмовых боціках, элегантная і густоўная, імкліва ішла сваёй заўсёднай хуткай хадой па другім беразе вуліцы і, убачыўшы яго, падняла руку і памахала ёю – і па гэтым рашучым, толькі ёй уласцівым руху рукі ён адразу пазнаў Яе і востра, як удар нажа ў сэрца, трагічна зразумеў: ратунку не існуе.

Усё было! Нічога ён не прыдумаў. Ён даў жахлівага незваротнага ляпуса ў сваім праклятым праляцелым жыцці.

З ёй было так шмат звязана – нават шмат з таго, што было спраўджана без Яе, нейкім чынам датычыла яе. Ён таксама махнуў ёй рукой, хацеў узняцца, пабегчы да Гражыны. Але востры боль кінжалам разануў яго ў самае сэрца, і ён, заграбаючы рукамі паветра, усё імкнуўся ўзняцца з лавы.

Радасць і роспач, туга і шчасце скаланалі яго. Шчасце, што ён бачыць Гражыну! І трагічны роспач, што жыццё прайшло без Яе! Ён так шмат хацеў расказаць Ёй пра Лес, пра Раку, пра Бераг, пра Зоркі Галактыкі, пра тое, як мурашы бягуць па джунглях жыцця, пра пакуты Чакання, хаду Паштальёна, пра Барацьбу, Выжыванне, пра тысячы бясконцых, дзівосных і трагічных, чароўных і агідных, праяў, якія прайшлі без Яе.

Калі Гражына перайшла вуліцу і імкліва падышла да яго, Міхал Андрэевіч сядзеў на лаве, упёршыся плячыма ў спінку, юнацкая ўсмешка шчыравала на яго вуснах, у шырока расплюшчаных сініх вачах знічкамі іскрыліся і зіхацелі, як каштоўныя дыяменты, буйныя кроплі слёз.

Ён вярнуўся ў жыццё і, валадарна перамагаючы сваю немач, узяў яе цёплую далонь, пяшчотна пагладзіў і, паднёсшы да вуснаў, пацалаваў руку чароўнай адзінай Жанчыны. У гэтае імгненне ягоная душа трымцела, нібы лісток асіны на ветры, і ўжо збіралася адляцець і ўзнесціся ўвысь, падхопленая анёламі.

– Sorry1, – шапталі ягоныя памярцвелыя вусны. — Даруй за жыццё, пражытае без цябе! За ненароджаных нашых дзяцей! За фрагментарнасць уласнага быцця, за бессэнсоўнасць і бясплённасць...»

– Sorry, — белыя пухнатыя сняжынкі бязгучна асядалі на зямлю, плошчу, Гражыну, на ягоны спалатнелы, нарэшце шчаслівы і трагічны твар.

Ён ізноў нічога не мог супрацьпаставіць яе нардычнаму характару, яе інтэлекту, густу, выхаванню. Усё ў ёй было больш дасканалым, на цэлы ўзровень вышэй. І ён у каторы раз за сваё знявечанае жыццё падумаў аб той ісціне, што валадарыць у жыцці.

Моц – вось ісціна мужчыны! Вось якога адказу чакаюць каханыя жанчыны ад каханых мужчын. Моцны розум i дужы характар, моцнае здароўе i плённая праца. Моц – гэта здольнасць жыць над ватэрлініяй, дасягаць пераканаўчых Вынiкаў... Зараз у яго мелася толькі моц назапашанага досведу. Ён, які ніколі не карыстаўся сілай, бо ніколі не валодаў ёю, зараз ізноў адчуў, што толькі дужы мужчына можа дасягнуць парытэту з узнёслай і густоўнай, таленавітай і прыгожай жанчынай.

…Міхал Андрэевіч напята і валадарна будаваў мяжу паміж Ёй і сваім «Я». Увесь назапашаны жыццёвы досвед, набыты розум – усё было накіравана на гэтую гераічную працу. Некалі ён знішчыў мяжу паміж Ёй і ўласным «Я». Але зараз гэткая неабароненасць была для яго смяротнай.

У гэты момант азваўся ягоны сотавы тэлефон. Ён позіркам папарасіў у яе прабачэння і ўзяў слухаўку.

– Дзед, алё, дзед, – тэлефанаваў ягоны пяцігадовы ўнук Казік.

Міхал Андрэевіч адгукнуўся, нібы скінуў з плеч статонны цяжар.

– Тутака я. Што цябе турбуе, мой мілы дружа?

– Дзед, ты дзе? Ты абяцаў, што будзем хадзіць у кіно. Будзем высочваць зайцоў у лесе. Ты калі прыедзеш да мяне? Алё, дзед, ну, усё. Прыязджай. Перадаю табе прывітанне.

Унук сваім тэлефанаваннем магутна ўмацаваў дзеда. Цяпер Міхал Андрэевіч здолеў канчаткова ўсталяваць нейкае падабенства абарончай мяжы паміж ім і Ёй. Так, яна па-ранейшаму густоўная і валодае высокім інтэлектам. Але і яна жыла ў тым жа асяроддзі, сярод мурашоў. І яна прыстасавалася да мурашынай рэчаіснасці, гэта толькі ён з упартасцю асла і маруднасцю чарапахі поўз па пакручастай гразкай бездаражы і за гэтыя дзесяцігоддзі набыў свой уласны светапогляд.

Ці быў ён пераможцам? Ён выжыў сярод адзіноты, тугі, цемры ночы, увесь час помнячы сонечную Яе. Але ці перайшоў ён ватэрлінію, умоўную мяжу між існаваннем мураша і жыццём адважнага, выхаванага, плённага чалавека?

 

1 Sorry (англ.) – Даруй.

X

 

Увесь час ён неадрыўна глядзеў на Яе, і перад яго вачыма плыло мінулае. Грубка і агонь, пах свежых дроў, пах лесу, імху, шэрай восеньскай глебы з тленам апалых лісцяў, туман і кроплі вады на калматых смарагдавых лапах ялін, таямнічае сутонне вечара – і Яна ляжыць на канапцы і незнаёма, загадкава глядзіць шэрымі вачыма на яго…

Фактычна тады ён зачапіўся за сапраўднае дарослае жыццё, а потым, страціўшы Яе, ён існаваў у ланцугу шараговых звычак нечакана здзяцінелага пакалення...

Гражына пасталела, праляцелыя гады наклалі свой адбітак, і ён, узброены досведам пражытых гадоў, чытаў Яе жыццё на яе твары. Яе вусны, такія гарманічныя і прыгожыя, ягоныя любімыя вусны за праляцелыя гады патанчэлі, вялікія шэрыя вочы былі цяпер звычайнымі, маленькі трохкутнічак валасоў, што некалі так прывабна выступаў на лобе, знік. Але ўсё роўна гэта была Яна! Яна, што пражыла без Яго, як і ён без Яе, шараговае жыццё звычайнага савецкага чалавека.

Міхал Андрэевіч з пяшчотай пазіраў на яе. Гэта была фантастыка! Праз бясконцае мноства дзён і начэй, праз дзесяткі гадоў самоты і роспачы ён нарэшце трымаў Яе руку ў сваёй руцэ! Без цені сарамлівасці глядзеў Ёй у вочы, узіраўся ў Яе сонечны твар. Дакранаўся да Яе пляча. Яна дарыла яму сваю ўвагу… Ён пазіраў на Яе і з здзіўленнем бачыў Яе ўжо мажную паставу, Яе жывот жанчыны, што нарадзіла дваіх дзяцей – не ягоных, чужых дзяцей! Ён асцярожна кашлянуў і прамовіў:

– Давай пойдзем у рэстарацыю гатэля «Вандроўнік», дзе заказаны столік. Я цябе пазнаёмлю з маім сябрам Віценем.

Яна з узнёслай сонечнай усмешкай спагадліва ўзяла яго пад руку.

– Зараз падыдзе мой муж Вагіт, і, калі ты не супраць, мы і пасядзім разам у рэстарацыі гатэля «Вандроўнік».

Яны дачакаліся на прыступках гатэля Вагіта, і ў рэстаран прыйшлі ўтраіх. Вагіт Мансураў – чорнавалосы, чарнавокі, стрыманы чалавек – быў звычайным выхаваным савецкiм русiфiкаваным мужчынам, што выконваў свой мужчынскi абавязак, цягнуў сямейны воз, быў камфортны ў жыццi, жыў сучаснасцю, нiколi не патанаў сярод бясконцых акiянскiх хваляў прадбачанняў, песімiзму, роспачы, журбы... Чалавек, што пражыў шчаслiвае жыццё ва ўтульным сямейным гняздзе, з дзiвоснай, чароўнай жанчынай... якая для яго, Міхала, была цэлым Сусветам.

Яе муж не выклікаў у яго аніякіх адмоўных пачуццяў. Вагіт знайшоў тое, што згубіў сам Міхась, і збудаваў шчаслівую, дабрадзейную, выхаваную сям’ю.

Шчасце? Які ў ім быў сэнс? Некалі ён, Міхась, адмовіўся ад Яе, бо баяўся, што не здолее зрабіць Яе шчаслівай. Якая трагічная памылка! Яна ў любых варунках была б шчаслівай. А ён дазволіў чужому этнасу ўмацаваць свой радавод, свой генетычны код, узяць найлепшае ад ягонага народу…

Віцень Уладзімеравіч, які ўжо чакаў за столікам, хутка, прыстойна і з густам зрабіў заказ, ашчадна расходуючы Міхасёвы грошы... Кельнер разліваў балгарскую кадарку па фужэрам і кальвадос па кілішках, стол быў застаўлены талеркамі з лусценямі сыру і сёмгі, нарэзанага скрылямі халоднага мяса, цукеркамі, вінаградам і ківі...

Кульнуўшы па чарцы французскага кальвадоса, Віцень і Вагіт цяпер узрушана загаварылі, Гражына шчыра і так знаёма смяялася з іхніх жартаў, музыкі, на загадзя зробленую ім заяўку, спявалі іхнюю любімую песню: «…калі ў сэрцы не я буду песняй тваёй – не спявай, не спявай! Не шукай ты мяне ў цішы вечароў! Не шукай, не шукай! Калі к сэрцу майму ты дарог не знайшоў – не шукай! Не шукай!...»

Міхась узіраўся ў Гражыну вачыма, поўнымі слёз, і ў роспачы, з жахам разумеў, што ад некалі бясконцай прасторы іхняга жыцця засталося зусім няшмат… І ён глядзеў і глядзеў, і кожны Яе рух, слова, усмешка, позірк былі для яго такімі знаёмымі і такімі далёкімі, з нейкага іншага, свежага, вялізарнага, дасканалага сусвету, які ён некалі так недарэчна страціў... і ў якім дзень быў як тысяча гадоў!

...Дзесці там, у прабеглым мінулым, сонечным зімовым марозным днём зусім юная і шчырая Гражына, пяшчотна прытуліўшыся да яго, настойліва пыталася, трывожна ўглядаючыся сваімі дзівоснымі шэрымі вачыма ў Міхасёў скамянелы, няўпэўнены твар: «Мілы! Ты любіш мяне?!» – і іхні супольны жыццёвы Час прыпыняў сваю хаду ў гэтай кропцы прасторы. І ён тады адчуваў, што дастаткова яму сказаць адно чароўнае слова: «Люблю!» – і ўсё адразу пераменіцца. Час зрушыцца і хутка пойдзе далей, пачне ставіць перад ім складаныя пытанні, якія ён павінен вырашаць, каб не страціць Яе павагу, Яе веру ў Яго… Але ён не ўмеў у той час вырашаць жыццёвыя пытанні! Яго надта доўга вучылі думаць і вывучаць мінулае жыццё, і не вучылі дзейнічаць! А ён, ён хацеў толькі, каб той шчаслівы дзень ніколі не скончыўся, каб час прыпыніўся і нікуды не рухаўся… Тады ён так і не здолеў прамовіць Ёй гэта адно чароўнае слова… Адно слова, якое магло б перамяніць іхнюю долю, хаду гісторыі і лёс краіны. Трэба было пражыць цэлае свядомае жыццё, каб навучыцца гэтаму аднаму слову. І ці можна было казаць гэтае слова зараз... гэтай... ужо чужой... Гражыне?

Міхал Андрэевіч адвёў свой напружаны позірк ад Гражыны і зірнуў вобак яе. Знадворку ішоў густы снег. У вокнах рэстарацыі былі відаць вялікія пухнатыя сняжынкі, што павольна асядалі на дно паветранага акіяна. Скрозь заснежаныя дрэвы ў шыбы напрасткі свяцілі сонечныя прамені завіслага над дахамі дамоў чырвонага дыска сонца.

Нейкая, яшчэ цьмяная здагадка нарадзілася ў ім. Нават зараз ён не мог прамовіць тыя словы, некалі так патрэбныя ім абаім (напэўна, яны і цяпер былі Ім патрэбны). Але нейкі сталёвы бязлітасны фатум не дазваляў гэта зрабіць. Быццам неадольная мяжа ляжала між імі, нібы ватэрлінія, што раздзяляе два якасна розныя асяроддзі бытавання. Асяродак гераізму-пакуты – і асяродак плённага жыцця. Гэтая мяжа і цяпер была перад ім. Ён утрымаўся на нагах і прайшоў свой доўгі жыццёвы шлях – і не здолеў асіліць, здаецца, мізэрны духоўны чыннік, затрымаўся на самай мяжы.

З самага пачатку іхняга жыцця ў глыбіні Яе і яго свядомасці ляжалі дзве розныя Культуры: культура сучаснай цывілізацыі і культура гераізму – і адпаведна тыя складнікі, што бралі пачатак з гэтых двух тыпаў свядомасці: густ і безгустоўнасць, плённасць і гультайства, Боскасць і азіятчына, еўрапейская стрыманасць і бясконцая балбатня...

Там, у маладосці, ён не давёў сваёй думкі да канца і, пэўна, адмовіўся ад шчасця дзеля мудрасці, таму што зразумеў: перад бясконцасцю часу шчасце – толькі імгненне! Шчаслівыя людзі часта сляпыя і глухія перад тэктанычнымі рухамі гісторыі, яны бачаць і адчуваюць толькі сябе, свае пачуцці, сваю радасць, свой мізэрны маленькі сусвет.

…Міхал Андрэевіч павярнуў сівую галаву ад вакна і, ачышчаны ад роспачы і жыццёвага смецця, што назбіралася ў ім за праляцелыя дзесяцігоддзі, прасветлена зірнуў на Гражыну ўжо зусім іншым позіркам.

Ён захаваў сваё Каханне! Пранёс яго праз усё жыццё! Навошта? Каб зразумець, што Ён прайграў! Што Ён атрымаў цалкам заслужаную і страшную Кару!

Гражына зноў глядзела на Яго сваім сонечным пяшчотным позіркам, і ў гэтым позірку бруіў розум жанчыны, што ведае ісціну быцця з самага пачатку. За вакном у сінеючым марозным вечары ішоў белы снег… Срэбныя імгненні імкліва беглі й беглі ў бясконцасць.

І зімні дзень стаў, як тысячу гадоў, і тысяча гадоў зрабіліся, як гэты зімні вечар…

 

Лістапад 2007 г.

 

Ватэрлінія

 

Галоўная жыцёвая мэта чалавека – даць жыць самаму сабе,

зрабіцца тым, чым ён э’яўляецца патэнцыйна. Калі ён

гэтай мэты не дасягнуў, можна прызнаць ягоную паразу

і даць адзнаку яе як тое, чым яно і з’яўляецца, — як яго

маральную паразу. Нават калі вядома, што шанец на

поспех у чалавека быў мізэрны і кожны ў гэтым становішчы

атрымаў бы паразу, усё роўна адзнака застаецца ранейшай.

Эрых Фромм ‘’Чалавек для сябе’’

 

I

 

Людзі спачатку нібыта нараджаюцца роўнымі. Аўтсайдэрамі робяцца спакваля, калі не вывучваюць свае і чужыя жыццёвыя ўрокі. Жанчыны, дарэчы як і ўвесь просты народ, любяць пераможцаў. На зломкаў ніхто ніколі не зьвяртае ўвагі. Недарэка з’яўляецца тым баксёрскім скураным мехам, на якім пераможцы ўдасканальваюць свае магутныя накаўтныя ўдары.

Міхась Стасевіч, які жыў у адным пакоі з Алесем і Зьміцерам, узбіўся на тую калдобістую сцежку, што напрасткі вяла да шырокай дарогі будучых параз і няўдач, па якой дарэчы, крочыць мноства маладых абібокаў, што марнуюць свае маладыя гады.

З раніцы ён панура сядзеў у сваім пакоі на трэцім паверсе гуртажытку, мёрз ад восеньскага холаду і, кутаючыся ў коўдру, успамінаў учарашняе непрыемнае здарэнне. Больш трапна было сказаць, што не ён успамінаў, а яно, тое здарэнне, стаяла перад вачыма, перапаўняла горкімі пачуццямі і не давала магчымасьці і далей марнаваць сваё жыццё.

Учора ўвечары ён, студэнт другога курса педвуза, пайшоў на танцы на чацьвёртым паверсе, запрасіў патанчыць прыгожую, фанабэрыстую Алу з філфака, у пунсовай кофце і бліскучых чорных штоніках, што хвалюяча аблягалі ейныя сцёгны. Пачаў танчыць з ёй, а яна ўсё кіравала позірк за Сержуком Пагарэлавым, рослым бландынам з геафака. Тады ён, Міхась, стаў паварочваць яе так, каб яна не глядзела на Сержука, а глядзела на яго, Міхася. І вось тут гэта вельмі прыстойная і юрвабная панна апусціла свае рукі і гэтак спакойна і абыякава, нібы ён, Міхась, быў нейкі слуп, павярнулася ды і пайшла сабе некуды ў бок. Уся палкая кроў кінулася ў галаву Міхасю ад абразы, ён хацеў сілком павярнуць Алу да сябе і ... і даць па ейнай пысе. Так, так, па прыгожым дзявочым твары. Хацеў, але не даў, бо зразумеў, што атрымае кухталёў ад хлопцаў і ад тога ж Сержука, страціць павагу студэнтаў, і гэта будзе назаўсёды, на ўсё ягонае жыцьцё. Таму ён, раззлаваны, пашыбаваў на свой трэці паверх у свой пакой.

Не, не любілі яго панны — з тых, што падабаліся яму, а на тых, каму падабаўся ён, Міхась у сваю чаргу не звяртаў увагі. З паўгадзіны ён пакутліва марнеў, не разумеючы сутнасьці паўсталай перад ім цяжкасьці, покуль не адчуў на сябе позірк Алеся Паддубскага, што прачнуўшыся, зараз пільна вывучаў пануры твар Міхася.

— Што здарылася з табой, мой юны дружа? Якія складанасьці турбуюць твае маладыя глузды?

Міхась патлумачыў старшакурсніку свае клопаты. Той слухаў надзіва ўважліва, хітаў галавой і потым зазначыў:

— Неспакой твой правільны, бо мае свае прычыны і залежыць ад тваіх хібаў. А гэтых хібаў у цябе — як у бадзяжнага шчанюка блох. Што скажаш, Зьміцер?

Ён звярнуўся да Змітра, які да паўночы ўпарта рыхтаваўся да семінарскіх заняткаў па ангельскай, моцна стаміўся і цяпер, прачнуўшыся, ляжаў у ложку і вымушана слухаў.

– Што казаць? Усё зразумела, як двойчы два.

Міхасю нічога не было зразумела. Ён лыпаў вачыма, пераводзячы позірк з Алеся на Змітра. Змітра ён пабойваўся за ягоную рашучасць і звычку казаць і хадзіць напрасткі, не ўзіраючыся на аўтарытэты ці няёмкасць.

–Табе зразумела, а маладому чалавеку нічога не ясна. Патлумач.

— Разумею, але патлумачыць не хапае моцы. Лепш, канечне, было б даць слова старэйшыне студэнцкага брацтва. А за навуку, каб яна запомнілся, я патрабую лёгкі святочны сьняданак і каву з макавай булачкай.

Зміцер любіў дзівосныя менскія булачкі з макам. Міхась быў вымушаны згадзіцца з умовай Змітра і памчаў у краму па булачкі. Праз паўгадзіны, згатаваўшы змястоўны сьняданак, хлопцы паселі за стол і, цярэбячы згатаваную вермішэль са смажанай кілбасой, нетаропка перагаворваліся. Спачатку вёў сваю казань Зміцер.

– Мы маем на жыццёвым абшары тры паставы, што кіруюцца ўласнымі жаданнямі. Ала – панна спелая і сексапільная, што азначае – пільная да сексу. Сяржук Пагарэлаў – спелы дзяцюк і карыстаецца поспехам у паненак. Тут усё зразумела. А што ты хацеў там знайсці, Міхась?

Зміцер усутыч зірнуў на Міхася. Той сядзеў за столікам у пакамечаных старых джынсах, нясвежай кашулі, неахайна паголены, з нямытай галавой.

– Ну... Я хацеў патанчыць.

– Навошта табе тая Ала?

– Яна прыцягвае ўвагу. Прыгожая.

– А ты ?

– А што я?

– Ты на сённяшні момант уяўляеш якую-небудзь цікавасць для юрвабных, сексуальна заклапочаных паненак?

– Што, я не маю права патанчыць?

– Так, не маеш! Бо ты неахайны, безгустоўны. Да таго ж прыйшоў на танцы без ясна акрэсленай мэты. Патанчыў ты з Алай ці не патанчыў – якая ў гэтым карысць? Ніякай.

– Я вольны чалавек.

– Алка таксама вольны чалавек. Што ты хочаш ад яе? Яна выканала сваё жаданне, ты – не. У чым праблема, Міша?

Міша разгублена маўчаў. Зміцер з асалодай паспытаў з кубачка гарачую каву і, не кранаючы мяккую булачку з макам, што трымаў у руцэ, зазначыў:

– У тым праблема, Міша, што ты атрымаў жахлівую жыццёвую аплявуху! Да цябе, дружа, як да мужчыны, аднесліся грэбліва!

Абодва, Зміцер і Алесь, пільна зірнулі на Міхася, той збянтэжана адвёў позірк убок.

– От ты сказаў: «Яна прыгожая». Чаму ты, як самец, не прыцягваеш увагі другой паловы чалавецтва? Зразу адкажу: таму што ты не рыхтуеш сябе да гэтай місіі. Дарэчы, Фрэйд патлумачыў, што адзін з двух галоўных інстынктаў чалавека – эратычна-сексуальны.

– Я чалавек вольны. Хачу адрознівацца ад статка.

– Гэты пункт гледжання цалкам пройгрышны. Статак – гэта іерархія! Спадзяюся, табе не трэба тлумачыць панятак «іерархія»? У іерархіі існуе эліта, сярэдні клас і дол – там, дзе туляюцца зломкі, і на прыступках іерархіі Неабходнасць ставіць кожнага на сваё месца. Што скажаш?

Зміцер пазіраў на Міхася з зычлівай усмешкай.

– Неабходнасць – парушэнне правоў чалавека. Гэта прымус і гвалт… аўтарытарызм.

Міхась прамовіў тое, што яму прыйшло на язык, і змоўк, не ведаючы, што яшчэ сказаць.

Зміцер з асалодай частаваўся кавай і потым казаў бязлітасныя ў сваёй праўдзе словы.

– Так, неабходнасць – гэта аўтарытарызм! А іерархія?

– Іерархія – таксама прымус, несправядлівасць...

– Так, значыць, узяць, баценька, «і ўсё падзяліць!» Ты, Міхась, сапраўдны «сыцыяліст»!

– Не ведаю, хто я. Але я за свабоду і справядлівасць! – цвёрда зазначыў Міхась.

Зміцер, апрануты ў сінія спартовыя порткі і ўцеплены цельнік з рукавамі, вылучаў задаволенасць і нават шчасьце. Учора ён нарэшце закончыў вывучаць матэрыял па ангельскай, і сённяшняя раніца была для яго вольная і ён цяпер мог спакойна з асалодай вучыць шчаўліка.

– Вольным чалавек можа быць тады, калі ён цалкам возьме на сябе такія складнікі бытавання, як здабываннне і прыгатаванне ежы, забеспячэнне жытлом, абароненасць, адукацыя, медычнае абслугоўванне і г. д. Пакуль што нас кормяць, апранаюць, вучаць, лекуюць, ахоўваюць іншыя людзі. А ты не хочаш рабіць нават тое нешматлікае, што ад цябе патрабуецца. То дзе ж тут справядлівасць? Пры такім падыходзе тваё месца ў будучым – гэта месца сучаснага недарэкі, біча.

Міхась чырванеў, крыўдаваў і таму мінаў важныя для маладзёна ісціны, што тлумачыў Зміцер. Між тым той працягваў казаць далей:

– Замест таго, каб добра апрануцца, падкачаць цягліцы, навучыцца паводзінам маладога і спрытнага дзецюка, ты марнуеш час. Сучасны малады чалавек павінен быць як новенькая стодаляравая купюра, а не як скамечаны дзесяцірублёвы «заяц». Аніякай іншай альтэрнатывы тут не існуе! Бо праз пяць – дзесяць гадоў маладосць сыходзіць, зносячы з сабой альтэрнатыву.

Зміцер цвёрда пазіраў на Міхася, ён імкнучыся данесці да яго суворую праўду рэчаіснасці. Ён узняў макавую булачку, што ўвесь час трымаў у руцэ, і з асалодай, ледзь не жмурачыся, адкусіў кавалачак смачнай менскай булачкі з макам. Потым, пражаваўшы і праглынуўшы кавалачак, ён ізноў нетаропка працягваў:

– Юнак ці дзяўчына павінны ў сваю найлепшую пару жыцця быць спакуслівай, духмянай булачкай. Каб цябе хацелі, як і ты сам хочаш! Чаму ўвесь дзень Алесь упарта вучыцца, а ў вольны час шукае прыробка? Усё праз тое, каб мець капейчыну і добра апрануцца. Быць у вачах маладых паненак і дасканалых кабет шляхетным мужчынам для задавальнення іхніх юрлівых клопатаў і патрэб.

– Чаканняў, – дадаў з усмешкай Алесь і ледзь не засмяяўся.

– Чаканняў, мрояў, клопатаў, жаданняў, летуценняў, лунанняў... – доўжыў Зміцер.

– Як цецярук? – пад’ялдыкнуў Міхась, і ў ягоных словах прагучалі сарказм дзіцяці і з’едлівасць тутэйшага вахлака.

Зміцер уважліва зірнуў на яго.

– Цецярук! Качур! Лось! Урэшце, жарабец! Як каму падабаецца. Сучасны мужчына павінен быць дамінантным. Несці сваю ролю самца, гаспадара, лідэра прыгожа, з густам, умеючы, рашуча, адным словам, прафесійна. Вывучыць, засвоіць, замацаваць гэту ролю. Алачка цябе адшыла, бо ты кепска апрануты, безгустоўна абуты, па-бабску падстрыжаны. Гэта сведчыць, што ты яшчэ не дакранаўся да жанчыны, не прайшоў «курс маладога байца».

Міхась пачырванеў і хацеў прамовіць нешта абразлівае Змітру, але не знайшоў нічога вартага.

– Галоўная твая хіба, што ты нават не разумееш тое, пра што табе гавораць. Лунаеш у сваіх мроях. Няма нічога страшней, як пражыць сваю маладосьць у мроях. Змарнаваць свой найлепшы жыццёвы час. Шлях мрояў прымусіць цябе прайсці пакутлівую дарогу расчараванняў.

У гэты момант у размову, што магла перарасці ў спрэчку, умяшаўся Алесь.

– Ну, так ужо не трэба адразу менціць маладога чалавека. Можна і перапаліць.

Алесь Паддубскі быў з тых, хто гаварыў мала і трапна.

Зміцер у сваю чаргу жорстка запярэчыў:

– То жалеза можна перапаліць. А мужчыну з шляхецкім прозвішчам немагчыма – гэта сталёвая пабудова. Міша, ты разумееш, што такое быць мужчынам?

– Разумею… – няўпэўнена адказаў Міхась і ўзняўся з-за стала.

Яму трэба было ісці на заняткі. Ён хутка апрануўся, хаваючы крыўду і, нарэшце ўзяўшы парасон і тэчку з канспектамі, накіраваўся да дзявярэй.

–Нічога ты не разумееш, – незадаволена буркнуў яму ў спіну Зміцер і зірнуў на Алеся.

–Як ты думаеш, ён хоць што-небудзь уцяміў?

– Паглядзім... Як пачне ахайна апранацца, штодзень прымаць душ, рыхтавацца да семінарскіх, хадзіць на вечарыны, – значыць зразумеў, што дасканалыя жанчыны не любяць неахайных смердзюкоў.

Пахмурны, як восеньскі лістападаўскі дзень, Міхась зірнуў ад дзвярэй на Алеся і буркнуў:

– Ну, я пайшоў, – і рушыў з пакоя, несучы ў сваёй душэ разлад, незадаволенасць і нават страх за сваю неўпарадкаваную будучыню. Зміцер патлумачыў яму тое, што ён, Міхась, сам даўно несвядома адчуваў.

Алесь глянуў на дзверы, што зачыніліся за маладзёнам, і рашуча ўзняўся з-за стала:

– Ну што тут сказаць... Раслінны ўзровень расходавання энергіі. Не дацягвае нават да мурашынага. Будучы аўтсайдэр, якога жыццё будзе валачы за каршэнь ды даваць выспятка на віражах.

— Што, і нельга нічога зрабіць? Хлопец сам па сабе добры і сімпатычны, хоць і інтраверт. Можа, нават тыповы прыклад нарцыссызма1, – запытаўся Зміцер, дапіваючы каву.

Алесь уздыхнуў і зазначыў:

– Такіх у нас шмат. Гэта псіха-фізіялагічны стан самаадчування. Паеў, паспаў, зрабіў пі-пі, схадзіў на футбол – і ўсё. Нават уласнае заўтрашняе іх не цікавіць. Мішу да адэкватнага разумова-энергетычнага ўзроўню – як да неба. А ёсць яшчэ і ўзровень суперменаўскі, гэтыя наогул ідуць на некалькі крокаў уперадзе рэчаіснасці. Дыктуюць грамадству сваю ініцятыву, задаюць тэмп, навязваюць светапогляд.

– Мы з табой, значыць, адэкватныя?

– Так, Зміцер, мы толькі адэкватныя! Нас сьвядома пэўнае кола адцірае, не пускае, каб мы дасягнулі ўзроўню эліты. Таму да супермэнаўскага ўзроўню нам – як Мішу да адэкватнага. Мала таго, што супермены здольныя і таленавітыя, дык яны яшчэ і круцяцца ў элітным асяроддзі. Таму ў іх звычкі, рэфлексы і стэрэатыпы супермэнаўскія. Для нас з табой аспірантура і кандыдацкая дысертацыя – жыццёвы Эверэст, для іх – семкі. Ведаеш Людмілу Бакуніну з фізмата, невысокая такая прыгажуня, заўсёды рухаецца па універсітэту ў атачэнні світы з 5–7 прыхільнікаў і прыхільніц?

– Бачыў, такая кнопачка. Ветлівая і ўсміхаецца шчыра.

– Супервумен! Лідэр па выхаванні і нараджэнні. Казала мне аднойчы ў адной тусоўцы, што ў яе жылах цячэ шляхецкая кроў.

– Ты хоць прылашчыў яе разок?– з цікавасцю спытаў Зміцер.

– Прылашчыў… разагнаўся… Быў момант. Пайшла праводзіць з дому на двор. Сакавіцкі снег, сіні вечар, пяшчотныя такія стасункі ўзніклі, хацеў я яе абняць, і так абняць, ад душы... І сэрца нават задрыжэла. А яе атачэнне ні на крок, выйшлі і стаяць побач у пяці кроках, гамоняць, паляць, а самі з нас вачэй не зводзяць... Куды мы, туды і яны. Такія ж, здаецца, хлопцы, як і я, з народу, а так і не адышлі.

У голасе Алеся гучала застарэлая крыўда.

– Было гэта на маім другім курсе і вельмі моцна мяне ўразіла. Зразумеў я тады, што ўсе дэкларацыі аб роўнасці і справядлівасці – толькі ідэалагічны макіяж. А на справе заўсёды ідзе барацьба за лепшы кавалак, і ніхто табе гэты кавалак дарма не аддасць.

Алесь узрушана ўзняўся і стаў хадзіць па пакоі ў роздуме. Ён заўсёды імкнуўся сваю ўзбуджанасьць альбо нават дробны пройгрыш скарыстаць для вырашэння тога ці іншага складанага пытання, дзе патрэбны моцныя намаганні ці нават злосьць.

 

1 Нарцыссызм — псіхалагічны стан поўнай засяроджанасьці на ўласнай персоне, у якім усё вакол успрымаецца толькі праз прызму жаданняў гэтай асобы.

II

 

Увечары Зміцер запытаў ў Алеся, які гартаў прыдбаную кніжку Майкла Говарда па антрапалогіі.

— Што такое стасункі з жанчынамі: спакуса, грэх ці неабходнасьць? – ён пазіраў на Алеся вачыма, у якіх стаяла нявырашанае для сябе пытанне.

— Што спакуса, то — так і ёсьць! – зацвердзіў той. — І неабходнасьць, пры тым сталёвая. Без жанчыны ў гэтым жыцці і не туды і не сюды, – сціпла прызнаўся Алесь.

—Так, дружа, значыць Неабходнасьць і Спакуса. А Грэх?

— Што датычыць граху, Зміцер, то ён таксама ў пэўных варунках прысутнічае, – ізноў шчыра адказаў Алесь.

— А каханне? Ты ведаеш, што такое каханне?

Алесь прамаўляў, нібы штампаваў напрацаваныя думкі:

– Яно бывае ў жыцці рэдка, як корань жэнь-шэня ва Ўсурыйскай тайзе. Каханне ўзвышае. Магчыма – гэта адзіны момант, калі чалавек на нейкі час атрымлівае пачуццё Боскай мілаты…

Ён паварушыўся, гледзячы перад сабой нібы ў блізкую і немінучую ўласную будучыню. Ягоны малады твар вылучаў гіпнатычную таемнасць юнака, што здолеў зірнуць уперад і цяпер хацеў абмінуць хібы будучых падзей.

– У каханні маецца нейкі неспазнаны трагізм, напэўна таму, што потым рана ці позна надыходзіць развітанне. Таму агмень кахання павінен палымнець да канца, — з журбой ціха дадаў Алесь апошнія словы.

Зміцер уставіў пытанне, якое само нарадзілася з той высновы, якую толькі што выказаў сябар:

– А калі сысці незгарэлым, каб пачуццё захавалася на ўсё жыццё?

Той збянтэжана зірнуў на Змітра, які апошнім часам усё часцей здзіўляў яго сваімі нешараговымі выказваннямі, і паціснуў плячыма.

– Для мяне гэткая пабудова – невядомая тэрыторыя. Захаваць нерэалізаванае пачуццё – які сэнс? Застацца ў фазе бутона? Запомні — усё, што не дае выніку, не мае кошту...

–Алесь, незгарэлае каханне будзе сілкаваць энергіяй усё жыццё. Чым не вынік! Не будзе шчасьця? Будзе творчая энергія! Вось толькі як пазнаць, што гэта сапраўднае каханне?

Здзіўлены Алесь асэнсоўваў выказаныя Змітром думкі. Яны цалкам знаходзілася ў межах фрэйдаўскіх разваг аб шчасьці, якое не зьяўлялася Боскім намерам… Пытанне, што агучыў Зміцер, патрабавала моцных разумовых высілкаў, і таму ён, ускамячыўшы падушку, нетаропка паклаўся на ложак, задумліва і чамусьці змучана дадаў:

– Каханне мяняе ўспрыняцце прасторы. Мяняецца магнетызм прасторы і часу. Ты адчуваеш, як імчаць срэбныя імгненні. Жыццёсвет робіцца гарманічным, прасякнуты еднасьцю, ўзнёсласьцю і любоў’ю да сусьвету… Ты сядзіш з каханай дзе-небудзь на лаве ў Батанічным садзе ці на прызьбе ў маленькай вёсцы і адчуваеш, як рухаюцца галактыкі і мурашы варушацца ў джунглях травы… І ўсё асяроддзе вакол цябе насычана любоў’ю.

Алесь уздыхнуў, паварушыўся і доўга маўчаў, нібы нешта ўспамінаючы. Нарэшце ён трасануў галавой, быццам імкнуўся адчапіцца ад пакутлівых успамінаў, і зірнуў учэпістым позіркам, нібы праменем лазера прапёк Змітра да самых пят.

– Юнаку патрэбна жанчына, каб не псаваць свой мужчынскі чыннік застойнымі зьявамі. І тут узнікае жыцёвая супярэчнасць: маладыя і юныя прыгажуні тояць для нашага брата страшэнную небяспеку. Не паспееш ты з дзяўчынай схадзіць у кіно і парыпаць спружынамі канапы, як яна чапляецца за цябе ўсімі кіпцюрамі, імкнецца ўзьдзець на кволую юнацкую шыю сямейны хамут! Так?

Зміцер запярэчыў:

– Які можа быць сямейны хамут, калі трэба авалодваць ведамі? Нарабляць прафесіяналізм, майстэрства. Дакопвацца да ўласнага таленту...

Змітра выказаная супярэчнасць непакоіла даўно, ён марыў збегчы ад сваёй цяперашняй знаёмай, чэпкай Марыны, але патрэба не дазваляла гэта зрабіць. І ён у сваю чаргу запытаў у Алеся:

– І ў чым тады выйсце? Аблівацца вадой, займацца спортам, цягаць тоны вагі ці бегаць марафон, каб саўладаць з уласным юрам? Зрабіцца універсалам?

Тут ён падазрона зірнуў на Алеся: ці не вярбуе той яго ў гомікі?

— Не, Зміцер, тоны і кіламетры не падыходзяць, яны нішчаць наш запас здароў’я. Універсалы, ці, па-простаму, педзікі, мне наогул незразумелы аксюмарон1... Тут трэба іншы падыход.

Алесь узрушана ўзняўся з ложка і стаў хадзіць па пакоі. Яго непакоіла нейкая невызначанасьць ў заблытаных адукаваным чалавецтвам дачыненнях між мужчынамі і жанчынамі.

— Стасункі з жанчынамі – адзін з самых галоўных чыннікаў быцця. Калі знайсьці ўдалы алгарытм, то потым пакоціш па жыцці, як па рэйках. А створыш неўдалую версію – потым будзеш гараваць увесь астатні час.

Алесь пазіраў у блізкае мінулае, ён дасягнуў ужо ў сваім духоўным развіцці той стадыі, калі нават у неспрыяльных варунках надвор’я адчуваў сябе ўтульна, успрымаў рэчаіснасьць пазітыўна і цяпер быў у пошуках універсальнага падыходу да жанчын, які б таксама прыносіў самыя добразычлівыя вынікі. Зараз ён не столькі тлумачыў Зміцеру напрацаванае гледзішча, колькі правяраў на ім свой светапогляд. Нядаўнія стасункі з маладой жанчынай нечакана адчынілі перад ім грандыёзны і бязмежны акіян свежых і нечаканых пачуццяў.

— Для зьняцця напругі існуюць сталыя кабеты. Ведаеш, у юнака і сталай жанчыны ёсць адна аднолькавая важкая акалічнасць, якая іх збліжае: абое сексуальна заклапочаныя.

Алесь быў сур’ёзны, гаварыў і трымаўся роўна, разважаў, нібы ўдасканальваў недадуманае меркаванне.

– Дарэчы, сталая жанчына, з добрым густам, з сярэдняга класа, – казаў ён Змітру, – можа шмат чаму карыснаму навучыць юнака. Ад павагі да свайго цела – да таемных душэўных адчуванняў. Можна сказаць, што дасканалая жанчына перадае праз юнака розум, досвед, назапашаныя веды папярэдняга пакалення, тым самым узмацняе наступнае. Акрамя таго, сталая жанчына не мае аніякіх экспансіянісцкіх памкненняў да юнака. Толькі чыстая любоў да супрацілегласьці.

– Сталая жанчына – нечая жонка? – дапытліва зірнуў на сябра Зміцер.

– Маеш рацыю так казаць. Але існуе мноства незапатрабаваных жанчын. З высокім інтэлектам, выдатным густам, дзіўнай і незразумелай для нас, сьвядомасьцю. Усё ў іх ёсць — няма спадарожніка, паплечніка, сатэліта, сябра, каханага... Яна адна ў сусьвеце. Тэлеска яе мае попыт , душа нікому не патрэбна.

Алесь не губляючы ніткі зместу, працягваў гаворку:

— Разумееш, сябрук, наша беларускае грамадства з-за двухсотгадовай каланіяльнай спадчыны не здолела сфармаваць тыпаж дамінантнага мужчыны, асобы, лідэра. Нашых лепшых альбо знішчалі, альбо вывозілі, таму нашы мужыкі кепска выхаваныя, прывучаны да алкаголю, баяцца як агню адказнасьці, не ведаюць, як быць пераможцам. Стратэгічны розум у іх часцяком неразвіты, вынікі жыцця непераканаўчыя. І нацыянальнай стратэгіяй мала хто валодае. А ліцвінскія жанчыны між тым сустракаюцца выдатныя.

Часцяком стрыманы, маўклівы і засяроджаны, Алесь выкладаў назьбіраныя думкі і меркаванні, як бы падрахоўваў вынік і нанава вывучаў верагодныя намеры лёсу.

– І вось яна, народжаная ў Начы, пад Зорным Небам, сярод шолаху травы і шапацення кудлатых шатаў дрэваў. Потым яна расце, робіцца прыгажуняй, прынцэсай, а побач ніводнага прыстойнага дзецюка. Усе вакол: шафёры, будаўнікі, настаўнікі, міліцыянты – ніводзін з іх не тое што не мачо, нават не заўсёды ўпэўнены мужчына. Нарэшце яна вымушана выйсьці замуж за дробнага буржуя ці мурына. Уяўляеш, наша белая дзяўчына замужам за афрыканскім мурынам? Чорт ведама што!

— Ты што, расіст? А твае дэмакратычныя погляды? – не ўтрымаўся Зміцер.

Алесь быў некалі вялікім прыхільнікам дэмакратыі, але зараз прамаўляў з вялікім расчараваннем балючыя для сябе словы.

— Дэмакратыя – гэта макіяж, дыктатура буржуазіі. Магчымасьць багатых захапаць чужое, адабраць у слабых жыццёвыя каштоўнасьці, прыгожых жанчын, тэрыторыю... Спачатку навешаюць навуковападобных лакшын на вушы, замуцяць глузды, потым адзенуць фінансавы хамут на шыю. І ўсё, не патрэбны ні танкавыя арміі, ні Люфтвафэ… На тваёй жыццёвай тэрыторыі ўжо ўсё будзе належаць буржуям. І тада ўжо не сходзіш у некалі свой лес па грыбы ці на паляванне. Усюды іхняя прыватная маёмасьць, а твая юнацкая каханая працуе ў іх пакаёўкай і адначасова задавальняе сексуальныя патрэбы новых буржуяў!

Ён прайшоў па пакоі, механічна прыбраў са стала сваю філіжанку.

— Стасункі з жанчынамі — тая самая мікрапалітыка. Кабеты маюць свае хібы. Але я пра дасканалых жанчын. Дарэчы, кабеты – этап навучання ў адзін-два гады.

Алесь дазволіў сабе вярнуцца ў мінулае. Твар яго пасвятлеў, шчырая ўсмешка зіхацела на ягоным мужным твары. Ён з нейкай журбой успамінаў:

– Год назад я ўбачыў Яе на нейкай імпрэзе, ну, ведаеш, дыпламаты праводзяць святкаванні сваіх дзяржаўных святаў і запрашаюць тусоўку на раўты. Аніта тады ўразіла мяне. Нібы маланка ўдарыла ў сэрца. Такое сакавітае тэлеска ліцвінкі, а абрысы, якія дзівосныя абрысы! Потым заўважыў і жывыя сінія вочы, і гостры розум, і трапяткое сэрца.

– Як ты туды трапіў?

– Хе-хе, на першым курсе нашы хлопцы рушылі на футбол, на дыскатэкі, кінуліся смактаць піва, на дэмакратычныя мітынгі, адгэтуль узнікла кола іхніх прыхільнасцяў. А я бываў на імпрэзах, сімфанічных канцэртах, сустрэчах з знакамітасьцямі, палітыкамі, пісьменнікамі, замежнымі прадстаўнікамі. Утварылася кола знаёмых. Адбываўся абмен думкамі. Як зацікавіў людзей, яны пачалі запрашаць мяне на раўты. Я ўзняўся над плінтусам. А там валадарыць зусім іншая сістэма каардынат.

– Прабач, Алесь, а дзе мы ўсе зараз месцімся?

– Мы, дружа, пасярод, на самым плінтусе. Адзін крок уніз – і мы сярод ванітаў, лаянкі, бессэнсоўнасьці. Я раблю крок уверх – туды, над ватэрлініяй, – зазначыў Алесь, паглядаючы на сябра, і дадаў: – Дарэчы, зацікавіць густоўную, дасканалую жанчыну няпроста. Тутака аднаго здароў’я мала. Трэба быць асобай. Усведамляеш, Зміцер?

– Усведамляю!

Алесь, размінаючы ногі, прайшоў па пакоі робячы на хаду фізычныя практыкаванні і пазіраючы на дзецюка вачыма настаўніка, што хацеў бы зрабіць нешта незвычайнае і выбітнае дзеля любові да працэсу стварэння.

Зміцер разумеў памкненні старэйшага сябра і хацеў супрацьстаяць яму, бо творчая асоба заўсёды будуе сябе сама.

 

1 Аксюмарон – злучэнне неспалучаемага

III

 

Год назад Алесь выпадкова пазнаёміўся – на прэзентацыі моднага рамана замежнай пісьменніцы з Варшавы – з выкладчыцай псіхалогіі суседняга універсітэта Анітай Сянкевіч. Паколькі Алесь не чытаў кніжак пісьменніц, бо лічыў, што сапраўдны глыбокі раман пад сілу толькі мужчынскаму розуму, ён усю ўвагу пераключыў на тусоўку.

Аніта Сянкевіч стаяла ў адзіноце, яна канчаткова пасварылася са сваім другім мужам, была стрыманай і задумлівай. Да ўзрушэння прыгожая, яна і трымалася ўпэўнена, са спакойнай паўнавартаснай манерай паводзін. Папялястыя валасы ў форме карэ атачалі персікавага колеру твар з блакітнымі жывымі вачыма, цёмна-фіялетавая сукенка, перанятая пасам у таліі, падкрэслівала ўсю чароўнасць яе гнуткай і крыху мажной паставы.

Алесь нечакана адчуў хваляванне і міжволі пачаў драбнець, меншаць, і зрабіў вялізарнае намаганне, каб прыпыніць гэтае недарэчнае разбурэнне. Ён стрымана і ветліва запрасіў выкладчыцу на танец, паспеўшы перахапіць яе з-пад самага носа старога халасцяка і дон-жуана, тады яшчэ выкладчыка гісторыі і філасофіі іхняга універсітэта Арсена Пятакова.

Прысутныя мужчыны кідалі на яе патаемныя хцівыя позіркі, але, паколькі прыйшлі на тусоўку з жонкамі ці каханкамі, вымушаны былі трымацца пільна.

Алесь увесь вечар танчыў з Анітай, трымаўся ветліва і густоўна, разам з тым вылучаў прыхаваную аўру мужнасці. Зірнуўшы на яго, маладога мужчыну ў цёмна-сінім строі з густоўна падабраным фіялетавым гальштукам, рухавага, адэкватнага, з лёгкай прыязнай усмешкай на вуснах, дамінантныя мужчыны разумелі, што ў вострай сытуацыі гэты каржакаваты моцны юнак ніводнай секунды не будзе сумнявацца і дасць адпор любому агрэсару хутка і спрытна. Гэткім чынам ён абараняў і яе ад вытанчанага хамства суперніц і іхніх сатэлітаў. Кожная прыгожая жанчына мае патрэбу ў ахове, бо прыгажосць – рэч вытанчаная і далікатная.

– Як вам спадабалася прэзентацыя рамана? – запытала яна яго пасля танца, каб пачаць размову.

– Калі шчыра, я не чытаю жаночых раманаў. Лічу, што сапраўдны раман напісаць жанчыне цяжка. У жанчын няма той моцы розуму, які маецца ў мужчыны.

Аніта ўважліва зірнула на яго. Яна не любіла самаўпэўненых мужланаў.

– Вы лічыце, што жанчыны недарэкі? – яе голас быў роўны і спакойны, але ў ім знікла спагадлівасць.

Алесь зразумеў, што ў яго застаўся апошні шанец.

– Ні ў якім выпадку. Жанчыны ў патэнцыі больш разумныя, значна больш густоўныя, валодаюць пачуццём меры і прыгажосці, значна больш адэкватныя. Па вялікім рахунку, яны значна бліжэй да суперменаў. Але…

– Што але?

– Паводле майго меркавання, ім не хапае моцы. Мужчыны мацнейшыя за іх.

– Так, мацнейшыя, – задумліва пагадзілася Аніта і прапанавала: – Яшчэ патанчым, моцны мужчына?

Якраз па зале разлілася чароўная музыка вальса. Алесь умела і рашуча падхапіў яе, і яны аднымі з першых узнёсла закружыліся ў танцы. Ён тры гады ўпарта бегаў вечарамі на заняткі па бальных танцах, настойліва вучыўся танчыць, бо лічыў, што танцы, як нішто іншае, робяць юнака спрытным і адэкватным.

Пасля вечарыны Алесь праводзіў Аніту да «таёты», і так цікава і ненавязліва вёў гаворку, што выкладчыца прапанавала падвезці яго да гуртажытка. Па дарозе ў легкавіка спусціла кола, узнікла нялёгкая для вытанчанай жанчыны цяжкасць, якую Алесь рашуча і спрытна вырашыў. Ён памяняў яго на запаску і прапанаваў адразу ехаць на шынамантаж, каб прывесці ў парадак сапсаванае кола.

– Навошта пакідаць праблему на заўтра, калі яе можна вырашыць сёння? – прамовіў Алесь і, мабыць, адказаў Аніце на нейкае пакутлівае для яе пытанне.

Яе твар набыў рашучы і адначасовы вясёлы выгляд:

– Мантаж? Няхай будзе мантаж! – весела згадзілася яна, і яны паехалі некуды на ўскраіну горада. Яны хутка злучаліся ў адно псіхалагічнае цэлае, і выкладчыца псіхалогіі, дасведчаная і дасканалая жанчына, са здзіўленем гэта заўважыла.

Быў змрочны студзеньскі вечар – якраз усталявалася халоднае бясснежнае надвор’е, – і толькі вулічны пыл падымаўся пранізлівым паўночным вятрыскам на асветленых вуліцах сталіцы.

На шынмантажы рамонт кола быў зроблены надзіва хутка і якасна. Сам майстар урачыста прынёс адрамантаванае кола да легкавіка, не ўзяў з Аніты аніякіх грошай і сардэчна запрасіў яе не забывацца пра іхнюю майстэрню і заўсёды прыязжаць толькі да іх.

– Вы самая лепшая ў горадзе, – прамовіў ён Аніце на развітанне, – і мы таксама самыя лепшыя. А найлепшыя павінны сябраваць.

Майстру карцела пацалаваць ручку прыгожай жанчыне, але ён быў у запэцканым працоўным сінім камбінезоне, з забруджанымі рукамі. Таму ён толькі гнуўся перад ёй у свой нямалы рост і трымаў далікатную адлегласць.

Аніта канчаткова набыла цудоўнае самаадчуванне, і яны паехалі па праспекце Францішка Скарыны, потым звярнулі дзесьці, здаецца на Сурганава і, прыпаркаваўшы легкавік, зайшлі ў кавярню. Яны селі за столік, заказалі кавы, пернікаў. На Аніту звярталі ўвагу дзябёлыя дзецюкі і маладыя мужчыны. Але і Алесь, сярэдняга росту, свежы, як красавіцкі ранак, за тры з паловай гады ўпартага навучання ў сталіцы паспеў напрацаваць і назапасіць тую неабходную ўпэўненую сілу, што зараз выпраменьвала і стварала непахісную аўру маладога мужчыны.

Яны пасядзелі крыху, паслухалі сучасную музыку, паглядзелі на людзей.

– Як сумна зараз у горадзе, – задумліва прамовіла яна, больш сама сабе, і яе ўразіў яго адэкватна трапны адказ.

– Як добра зараз у вёсцы, там, дзе лес і цішыня.

– Паедзем? – прапанавала яна, бо ёй хацелася ў маленькую ціхую лясную вёску.

– Паедзем, – адказаў ён.

Гэта была маленькая вёсачка на беразе яшчэ не замерзлай ракі, можа Нёмана ці Бярэзіны. Невялікая знешне ўтульная хата, знутры – катэдж з еўрарамонтам і ўсімі паслугамі і ўзрадаваная бабуля Наста, што абдымала Аніту, цалуючы яе ў ружовыя ад марозу шчокі.

Заўсёды існуе праблема першых фізічных стасункаў паміж мужчынай і жанчынай. Неспрактыкаваны ці ненатуральны крок, рух, дзейства мужчыны іншы раз разбурае ўсё раней збудаванае душэўна. І дасканалая жанчына Аніта з нейкай уніклай цікавасцю чакала гэтага першага руху. Яна ведала такія выпадкі, калі пяшчотны, далікатны, але раптам спалоханы мужчына не рабіў гэтага неабходнага кроку і прайграваў усю кампанію.

Калі яны засталіся ўдваіх у пакоі – бабуля пайшла начаваць да сястры на другім баку вулкі, – Алесь ласкава ўзяў рукі дасканалай жанчыны і з шчырым палкім пачуццём паднёс да сваіх вуснаў, потым пяшчотна прыцягнуў яе за плечы і, пазіраючы шалым позіркам у дзёрзкія вочы гэтай незвычайна прыгожай жанчыны, перанёс свае пацалункі да вуснаў. Такога шчырага і бліскучага напору яна чакала і, будучы дасканалай жанчынай, паплыла па бурлівай плыні.

Малады волат, які прынцыпова не ўжываў спіртовыя напоі і нават піва, здолеў быць не толькі пяшчотным, але і дужым...

Раніцой, зірнуўшы ў акно, Алесь убачыў белы-белы доўгачаканы сьнег. Ён апрануўся і пайшоў на двор да студні, набраў у вядро вады, памыўся студзёнай вадой. Паглядзеў уніз на раку, што свінцовым пасам цякла сярод белых заснежаных берагоў, нізкае сонца ўздымалася над заснежаным небакраем і абсыпанымі сьнегам дрэвамі, што цягнуліся ўздоўж вясковай вулкі. Было ціха і бязлюдна. «Гэтак можна жыць сто гадоў», – падумаў Алесь і пайшоў у хату. Ён згатаваў каву і панёс у спальню, дзе Аніта, ужо прачнуўшыся, засяроджана думала аб нечым, лежачы ў ложку. Алесь паднёс ёй кубачак з духмянай кавай.

– Дзівосна. Чароўна, як у кіно.

– Вы б зірнулі на вуліцу. Які белы сьнег выпаў, – ён звярнуўся да яе на «Вы», і гэта ёй не спадабалася.

– Снег, якая прыгажосць! Чаго ж я тады ляжу!

Адкінуўшы коўдру, яна, у белай файнай кашулі, скокнула на падлогу босымі нагамі і, як грацыёзная козка, пабегла да вакна. У Алеся сціснула сэрца ад ейнай жаночай прыгажосці, пяшчоты да яе і яшчэ нечага таемнага, ужо магутнага і грознага.

Потым яны снедалі згатаваным Анітай лёгкім сняданкам, ізноў пілі гарбату, пазіраючы адно на аднаго і амаль нічога не гаворачы. Ён чытаў ёй вершы, яны хадзілі па бязлюднай вясковай вуліцы, спускаліся да незамерзлай ракі, што цёмнай плынню бруіла сярод белых берагоў.

Пад самы вечар, насёкшы дроў, Алесь набраў бярэмя бярозавых паленняў і пайшоў у катэдж. І ў гэты момант, удыхнуўшы пах свежых бярозавых і сасновых трэсак, ён адчуў, што гэта ўсё ўжо было з ім у нейкім іншым жыцці. Быў белы снег, каханая жанчына, вясковая цішыня і срэбныя імгненні часу, што сыпаліся аднекуль у няведамае... Ён нават прыпыніўся, каб успомніць гэтае мінулае. Там, недзе далёка-далёка ў мінулым... Можа нават у іншым жыцці. А можа, у будучні. Ён адчуў грозны подых будучыні і прыпыніўся, узіраючыся ў гэтыя затуманеныя немінучыя і грозныя мроі...

Алесь распальваў камін і ўспамінаў тое, што было некалі. Ён помніў пачуцці і не помніў дзеянняў... Не, ён помніў, як некалі, там, у іншым жыцці, ён вось так распальваў грубку, і яны былі ўдваіх. Яна, каханая, маладая і некранутая. І ён, малады і палкі... Пэўна, гэта быў цень той верагоднай будучыні, што занатавана на дыскетах лёсу.

З гэтага моманту Алесь прыпыніў сваё рушанне закаханасці да Аніты. Ён узгадваў падзеі, тыя, што прымроіліся яму, і адчуваў, што не трэба зараз загружаць месца ў сваёй душы гэтай дзівоснай жанчынай. Таму ён зрабіўся маўклівым і жорсткім, карыстаўся Анітай як сталы ўпэўнены мужчына-ваяр, што збіраецца на вайну.

Позна ўвечары Аніта прамовіла, гледзячы на агонь, што гарэў у каміне:

– Малады чалавек, у вас ёсць замежны пашпарт? Вы не хацелі б праехаць за мяжу на тыдзень?

– Ёсць.

– Тады паехалі? У Еўропу.

– Чамусьці я не вельмі ўпэўнены, што гэта трэба зараз рабіць. У будучым гэтыя выезды могуць сапсаваць жыццё. Уперадзе нас чакаюць грозныя падзеі.

– Чаму ты так думаеш? – уважліва зірнула Аніта.

– Хутчэй за ўсё, рускі фашызм аб’яднаецца з рускімі алігархамі. Спатрэбяцца ахвяры, каб дысцыплінаваць электарат. Хто не здолее быць катам - стане ахвярай.

– Тым больш трэба шукаць іншае месца на зямлі.

– Тады паехалі, – задумліва адказаў Алесь.

У гэтай вандроўцы яна была напятай і маўклівай. Алесь не дакучаў ёй. І толькі вырашыўшы свае дзелавыя, як здагадваўся Алесь, фінансавыя справы ў аўстрыйскіх банках, яна перамянілася.

– Калі ў цябе заканчваюцца вакацыі? Праз тыдзень? Тады трэба адпачыць па-сапраўднаму, каб было што ўспомніць.

За тыдзень яны праімчалі ад горных аўстрыйскіх селішчаў да Парыжа. І адтуль цягніком Парыж – Масква, выкупіўшы купэ, вярнуліся дадому якраз да пачатку семестра. Аніта глядзела на яго сваімі чароўнымі сінімі вачыма феміністкі, апошнія срэбныя імгненні сыпаліся ў бясконцасць.

– Ты малайчына, мілы. З табой было цікава і прыемна. Усё, што адбылося, я хацела б, каб засталося між намі. Шараговыя людзі любяць хваліцца сябрам і сваякам, і гэтым самі ствараюць сабе перашкоды. Вучыся маўчаць, мілы.

Алесь зразумеў, што прыйшоў час іхняга развітання. Ён маўчаў, каб не псаваць мілату прамінулага.

 

IV

 

Стасункі між сябрамі зрабіліся яшчэ мацней пасля выпадку, калі Зміцер дапамог Алесю разблытацца з магчымымі непрыемнасцямі. Тады Зміцер, ідучы дзіўным суботнім зімовым вечарам у цудоўным самапачуванні пасля ўдала здадзенага іспыта, сустрэў па дарозе Паддубскага, які ў страшэнна змучаным стане душэўнай супярэчнасці імчаў па завулку ў напрамку да іхняга месца жыхарства.

– Пагарэў, брат, як той кацап пад Воршай, – хутка ідучы, казаў Алесь. – Пайшлі, паможаш мне сабраць рэчы ды хуценька з’ехаць. Аніта Сянкевіч нарэшце ўзяла развод з мужам.

– Нічога не разумею?

– А мне нічога не сказала…

– Не разумею. А як жа твая думка, што «сталая жанчына не мае аніякіх экспансіянісцкіх памкненняў да юнака»? – паціскаючы плячыма і бегучы ўслед за Алесем, пытаўся Зміцер.

– Э-э, брат, што тут разумець? Яна феміністка, а гэта зусім іншы развой. З феміністкамі трэба трымаць сябе пільна. Інстынкт валадарства ў іх на ўзроўні безумоўных рэфлексаў. Усведамляеш, што такое безумоўны рэфлекс?

– Хто ж не ведае. Гэта яшчэ вялікі рускі вучоны Паў...

– Значыць, не асэнсаваў. Феміністкі – гэта калі не мужчына дамінуе ў стасунках, а вядуць рэй і карыстаюцца намі, як ім уздумаецца, яны.

– Натуральна, кожная асоба змагаецца перш за ўсё за вартасць свайго жыцця. А Аніта, я чуў, дарэчы, гадоў на дзесяць старэйшая за цябе? – дзівіўся Зміцер, бегучы ўслед за сябрам па прыступках на трэці паверх гуртажытка.

– На восем гадоў, – адмыкаючы дзверы аспіранцкага пакоя, удакладніў Алесь. – Карацей, калі зойдзе, скажы, што паехаў на навукова-педагагічныя даследаванні ў Гомельскую вобласць і што да вясны мяне не будзе. Калі пачне пытаць пра мяне, кажы, што абібока, махляр, валацуга і аматар добра выпіць. Кажы, што вельмі хітры, што мала хто ведае маё ваўчынае нутро... І думаў жа з’ехаць на кватэру ў гэтым годзе. Эх- ха... – уздыхнуў сябрук і патрабавальна зірнуў на Змітра. – Будзь мяккі з ёй, нават міласэрны. Пачастуй кавай, яна любіць каву з мядовым пернікам. Пашкадуй яе...

– Ты як быццам хочаш збыць яе...?

— Я адчуваю адказнасць за сваіх каханых. А своечасова прыгожа разысціся з жанчынай – гэта, дружа, высокае мастацтва і ўмельства.

Ён прыпыніўся і дадаў, у ягоных словах гучалі пяшчота, роздум і нават журба:

— Гэта дзівосная жанчына, яна можа перамяніць напрамак любога лёсу. Галоўнае, што яна ўзвышае цябе, паглыбляе тваё разуменне рэчаіснасці, удасканальвае асобу. Трагізм дасканалых кабет – у адзіноце, ніводны мужчына не можа трымацца з імі на іх узроўні. Таму Аніта вымушана апекаваць мужчын, сыходзіць да нас са сваіх касмічных вышыняў...

Алесь спалучаў у сабе філосафа і паэта, што можа ўзнёсла спяваць хвалебныя песні эрасу, з прагматычным сучасным бізнэсоўцам.

Зміцер дапамог пераехаць Паддубскаму на старую кватэру па вуліцы Міколы Ермаловіча, якую яны наймалі ўлетку. Праз тыдзень, вярнуўшыся ўвечары з універсітэта ў гуртажытак, ён сустрэў стрыманую спадарыню Аніту, што чакала Алеся каля вахцёра.

— Збег, – выслухаўшы Змітра, спакойна і задумліва засведчыла жанчына. — Спалохаўся, а выдаваў сябе за дасканалага мужчыну. Дастаткова было лёгкага выпрабавання, і ён уцёк, як напалоханы заяц. Тым горш для яго.

Аніта ўзнялася з канапы, і ўсе трое: вахцёр-пенсіянер, камендант гуртажытка Раман Мурашка і Зміцер – прудка ўскочылі з месцаў. Кожны прапанаваў жанчыне свае паслугі, каб дапамагчы ўскінуць на ейныя плечы шыкоўную цёмна-рудую бліскучую футру.

– А вы што тут робіце, Зміцер? Жывяце разам? Разумна. У Алеся шмат чаму карыснаму можна навучыцца.

– Можа, ён на вечарыне ва універсітэце? – нечакана запытаўся камендант ў Змітра.

Той няўпэўнена паціснуў плячыма – ён ведаў, што Алесь сёння сапраўды падаўся на універсітэцкую вечарыну з Томай – студэнткай пятага курса хімфака, нардычнай ліцвінкай з шляхецкім прозвішчам Чаховіч. У гэты момант ён адчуў, што адпусціць зараз гэтую незвычайную жанчыну, не пазнаёміўшыся з ёй і не звярнуўшы на сябе яе ўвагу – значыць, страціць шанец.

– Я магу праводзіць вас да універсітэта.

– Дзякуй. Праводзьце.

Ён, з цяжкасцю пераадольваючы сваю нечакана ўзніклую няёмкасць, зірнуў у прыгожы твар, на якім сіняй бязмежнай глыбінёй зіхацелі вочы. Светлы твар з чароўным колерам скуры, цёмныя русыя валасы шчыльнай каймою аблягалі галаву, правільны нос з арыстакратычнымі ноздрамі і беспадобныя гарманічныя, ясныя і дзівосныя вусны. Ён адразу ўспомніў словы Верасаева, што вочы могуць схаваць чалавечую хцівасць і ашуканства, але вусны, вусны ніколі не хлусяць.

Яна ўсміхнулася шчырай усмешкай прыгожай жанчыны, і Змітра ўразілі белыя, як цукар-рафінад, роўныя пласціны зубоў. У яе быў смелы, нават дзёрзкі позірк з нейкай прыхаванай саркастычнай усмешкай.

Цёплая яе рука лягла ў яго далонь, калі яны падымаліся па коўзкіх і высокіх прыступках універсітэцкага ганка, і ён адчуў уласнае хваляванне, якога ніколі не адчуваў дагэтуль. Рука ўражвала сваёй дасканаласцю, ён затрымаў на ёй свой позірк. Заўважыўшы ягоную цікавасць, Аніта мякка запытала:

– Здаецца, хіраманты вывучаюць лёс людзей па іх руках?

– Так, – згадзіўся Зміцер, – Я і ёсць хірамант.

Трэба было браць ініцыятыву ў свае рукі, і Зміцер хутка і спрытна пачаў казаць аб мінулым уладальніцы гэтай рукі.

– Мінулае мяне не цікавіць. Што вы скажаце аб будучыні?

У яе быў дзіўны, незвычайна багаты тэмбр голасу, у якім гучала мноства розных адценняў, пачуццяў, думак, разумення і жаночай невядомасці, загадкі ці нават таямніцы. Яна жыла ў хвалях сучаснасці, не забягаючы і не адстаючы ні на імгненне ад хады часу. Усім сваім папярэднім жыццём яна збудавала сваё існаванне ў рэчаіснасці. У яе паводзінах не было ніводнага лішняга слова, руху ці думкі. Здавалася, што яна ведае нешта, пра што ведаў яшчэ толькі адзін Бог, і больш не ведаў ніхто.

Зміцер паспрабаваў зазірнуць у будучыню:

– У бліжэйшым будучым спатканне з лёсавызначальным мужчынам. Мажліва, моцнае пачуццё. Вынікам узаемастасункаў будзе нараджэнне дзіцяці. Верагодна, першынец атрымае імя Юджын.

Пэўна, ён сказаў нешта не так, нейкая незадаволенасць шэрай хмаркай слізганула ў твары жанчыны, нібы Зміцер пераступіў нейкую мяжу, куды нельга заходзіць.

Зміцер з натхненнем казаў, пазіраючы на руку, і адчуваў, што ён сапраўды бачыць будучыню – і не толькі яе, але агульны Лёс усіх сучаснікаў. Ён замоўк, напружана ўзіраючыся ў гэтую руку, потым перавёў позірк на жанчыну і нечакана доўга, як яму здалося, узіраўся ў яе, потым ізноў вярнуў позірк да далоні і, асцярожна паварочваючы, углядаўся ва ўзгорак Месяца і ўзгорак Меркурыя.

– Шмат можна сказаць пра ваша будучае, Аніта-Гражына. Яно будзе доўгім і цікавым, і я бачу Ваша жыццё ў іншай краіне...

– Я не збіраюся нікуды з’язджаць, малады чалавек. Але вы ўгадалі з маім другім імем.

Яны стаялі ў вестыбюлі сярод натоўпаў моладзі, што прысутнічалі на святочным вечары. Грала музыка, моладзь весела танчыла.

– Гэта ўжо ваша дамашняя загатоўка… Арсен Аляксеевіч? – яна павярнулася да Пятакова, які ў светлым строі падыходзіў з выглядам гаспадара, які нечакана ўбачыў на сваёй вечарыне знакамітага госця. Яна вітала рэктара сваёй чароўнай усмешкай каралевы, і, збянтэжаны, як заўсёды, ад гэтай усмешкі, таемна сціскаючы шалёнае жаданне валадарства над гэтай казачнай жанчынай, рэктар засцярожліва зазначыў:

– Аніта Рыгораўна, як я рад вас бачыць! Бачыце, якія ў нас здатныя выхаванцы? Пераходзьце з свайго універсітэта да нас. Адразу даю вам кафедру псіхалёгіі.

– Здатныя, вы кажаце? А няхай малады чалавек пагадае Арсену Аляксеевічу! Мне цікава. Вы не баіцёся?

Яна зірнула на прафесара, і той вымушаны быў пагадзіцца, хоць і ведаў небяспеку гэтага дзейства. Прадбачанне будучага ёсць умяшанне ў карму асобы, а значыць, маніпуляцыя з будучым, парушэнне той плыні жыцця, што можа надаць іншы напрамак, спроба новага замесу мінулага з будучым, у якім чалавек імкнецца змяніць Боскі намер.

Далонь прафесара была сухая і ахайная. З мінулым было ўсё ясна. З будучыняй таксама.

«У юнацтве высокі інтэлект, які застаўся, але не выкарыстоўваецца. Творчы патэнцыял адсутнічае. Праблемы духоўнага жыцця... Існаванне фізічнае доўгае, але будучага для духа не існуе».

Зміцер напружана думаў, углядаўся, і сказаў іншае:

– Доўгае, роўнае, спакойнае жыццё. Нават у грознай будучыні будзеце мець стабільнае становішча ў грамадстве. Бачу шчаслівага дзеда з унукамі на зялёнай лугавіне... Прабачце, маіх ведаў недастаткова для складаных, таленавітых і адмысловых асобаў, – нечакана стомлена і рашуча сцвердзіў Зміцер. Кроплі поту выступілі на яго лобе, дыханне зрабілася ўзрушаным, ён пачаў задыхацца, як астматык.

Рэктар уважліва і спакойна паглядаў на Змітра. Той адчуў моцную і дасведчаную волю, што гнула яго амаль фізічна, і зморана варушыўся, як тая муха, што трапіла ў павуцінне злавеснага павука. Аніта, будучы кандыдатам псіхалагічных навук, імгненна зразумела ягоны стан. І таму, хутка развітаўшыся з Пятаковым, падхапіла Змітра пад руку і павяла яго ў буфет. Адпаіўшы яго кока-колай і гарачым чаем, яна мякка, з вінаватасцю, запытала юнака:

– Што вы ўбачылі ў будучні Арсена Аляксеевіча?

– Доўгае кансерватыўнае жыццё, небяспечнае для іншых. І чамусьці грозныя падзеі... Ён вампір, што пампуе чужую энергію. Больш я гэтым займацца не буду.

Грымнула музыка, і, прыпыніўшы свою гаворку, Зміцер нечакана запрасіў Аніту на танец. Музыка вольна несла іх на сваіх чароўных хвалях, яны хутка плылі па зале.

Алесь Паддубскі хаваўся за купкай маладзёнаў, што стаялі воддаль, рабіў знакі Змітру і ўзмоцнена хітаў галавой, што павіна было азначаць: «Так трымай. Не аддавай нікому. І актывіруй, актывіруй, актывіруй!»

…На трэцім курсе Зміцер быў далікатным, выхаваным юнаком, шчырым, свежым і таму спакуслівым для дасканалых і дасведчаных кабет. Магчыма, нейкая юрлівая энергетычная знічка праляцела між гэтымі такімі рознымі людзьмі, калі яны танчылі ў першы і апошні раз. І яны правялі сваю першую і апошнюю ноч на кватэры Паддубскага па вуліцы Міколы Ермаловіча.

Аніта потым усё астатняе жыццё дзякавала Богу за гэтую сустрэчу.

 

V

 

У новым навучальным годзе Зміцер пражываў у гуртажытку. Гуртажытак вымушаў усімі сваімі стандартамі жыць і карыстацца звычкамі тых, хто існаваў на самай мяжы чорна-белага і рознакаляровага светаўспрымання...

Жыццё, учора такое зразумелае і яснае, зараз паўставала перад ім складаным і нават заблытаным. Гісторыя, якую ён любіў і так шмат вывучаў, нечакана расчаравала яго. Ён убачыў, што дзяржаўнае бачанне гістарычнай даўніны залежыць ад палітычных варункаў і сіл, што валадараць у краіне. Таму жаданне быць аб’ектыўным даследчыкам і навукоўцам гісторыі увесь час сутыкалася з моцным процідзеянем і нават варажнечай.

На чацвёртым курсе Зміцер адчуў, што ён, як і ўсе найлепшыя студэнты іхняга курса, ужо перарос ВНУ, і універсітэт як бы выштурхвае яго з сябе. Паддубскі перавёўся на завочную аспірантуру і знік дзесьці ў правінцыі сярод лясоў і балот Мядзельшчыны. Акрамя таго, ён ажаніўся, узяўшы Тому Чаховіч у жонкі. У сваіх рэдкіх пісьмах ён узрушана пісаў аб сваім новым школьным жыцці і спяваў узнёслыя і паэтычныя песні вясковай рэчаіснасці.

Прыйшоў час моцна задумацца. Будучы ў бібліятэцы, Зміцер выпадкова ўчуў ціхую гаворку выкладчыкаў, што палілі каля вакна. Сівы, стрыманы, апошнім часам маўклівы выкладчык найноўшай гісторыі Ян Сяргеевіч Каляда пытаўся ў выкладчыка старажытнай гісторыі Маркоўскага:

– Ты ведаеш Аніту Сянкевіч з суседняга універсітэта?

– Чаму ж не ведаю? Аднойчы нават танчыў з ёй на адной вечарыне. Самая чароўная выкладчыца суседняга універсітэта. Нядаўна чуў, яна з’ехала ні то ў Канаду, ці то ў Штаты.

– Вось! Самыя разумныя прадбачліва эвакуіруюцца. А мы?

– А мы застаёмся.

– ...дасканалая жанчына, і, кажуць, другі муж добра забяспечыў грашыма. Цяпер выйдзе замуж за амерыканскага габрэя... За каго б нам выйсці? Бачыў учора, як маршыруюць «новыя патрыёты» ў Піцеры ды Екацерынбургу?

– Бачыў. Алігархія стварае новых штурмавікоў, каб абараніць свае капіталы. А мы, сівыя і пажылыя кандыдаты навук, не можам быць такімі. Ведаеш чаму? Ха-ха-ха... Мы не такія палкія ідыёты…

– Нажаль, зусім не ідыёты ... Мы, дружа, усё разумеем і таму спатрэбімся штурмавікам у якасці шматлікіх ахвяр, каб павучыць электарат паслухмянасці...

– Што казаць, калі гісторыя ходзіць па коле...

Выкладчыкі пакідалі недапалкі ў сметніцы і са змешаным пачуццём няпэўнасці і нават трывогі пайшлі ад вакна.

Так Зміцер даведаўся, што Аніта Сянкевіч назаўсёды знікла з яго жыцця. Назаўсёды! Нібы і не было Яе ніколі. Якое страшнае слова – «ніколі»!

…Прайшоў амаль год. Зміцер настойліва грыз граніт навукі, аддаючы вялікую ўвагу ўдасканальванню ангельскай і нямецкай моваў. Тыдзень у яго быў распісаны літаральна па хвілінах, і ён, не марнуючы час, старанна вучыўся. Аднойчы, ідучы па універсітэцкім калідоры з лінгафоннага габінета, ён пачуў, як яго паклікалі:

– Зміцер Кулеш?

Выкладчыца універсітэта Дзіна Станіслаўна, што з нядаўняга часу чытала лекцыі па педагогіцы, з цікавасцю глядзела на яго.

– У мяне для вас прывітанне ад нашай агульнай знаёмай. Вы ведалі Аніту-Гражыну?

Як быццам кіпенем аблілі яго, але знешне Зміцер заставаўся ўраўнаважаным.

– Так, выкладчыцца псіхалогіі суседняга універсітэта. Кажуць, з’ехала некуды за мяжу.

– У Канаду, шаноўны Зміцер. Хоча перадаць вам прывітанне і невялікі падарунак.

– Дзякуй. Што за падарунак?

Гэта было каляровае фота: Аніта-Гражына ў фатэлі, чароўна прыгожая, і на руках у яе маленькі дзіўны хлопчык з сінімі вачыма і кучаравымі русымі валасамі. Хлопчык быў ягонай копіяй у дзяцінстве, і Зміцер адчуў, як ягонае сэрца здрыганулася ад незнаёмага хваравітага пачуцця.

– Як там яна жыве?

– Добра. Выйшла замуж за канадца з белым колерам скуры і, самае галоўнае, нарадзіла доўгачаканага сына, – голас выкладчыцы пры гэтым зрабіўся дрыготкім і расчуленым. – Але гэта доўгая размова. Калі хочаце, можаце заехаць увечары на кубачак кавы. Я вам раскажу пра яе, вы раскажаце пра сябе.

Зміцер на гэты раз уважліва і непрыкметна зірнуў на кабету. Ёй было гадоў каля трыццаці, і яна трымала сябе ў найлепшым стане. Ён злавіў момант і далікатна дакрануўся да яе пляча – палкае і крамяное, яно вылучала прыцягальную моц. Цёмна-рудыя валасы і вольнага крою брунатна-вагністая сукенка стваралі зычлівы вобраз пякотнай летняй гарачыні.

Дзіна Станіславаўна прадыктавала яму адрас і нумар тэлефона. Зміцер занатаваў яго на вокладцы агульнага сшытка, адчуўшы звыклае хваляванне маладога мужчыны.

– Патэлефануйце спачатку, калі ласка.

Выкладчыца глядзела стрымана, але за знешняй абалонкай Зміцер бачыў яе інтэрас да яго. Пекная жанчына была Дзіна Станіслаўна…

Праз некалькі дзён ён наважыўся патэлефанаваць ёй і, атрымаўшы згоду, апрануўся найлепшым чынам і паехаў увечары ў Зялёны Луг.

Яны сядзелі за сталом ва ўтульнай двухпакаёцы на чацвёртым паверсе, пілі каву, яна казала пра Аніту, пра яе складаны лёс.

– Вы, мужчыны, не сярдуйце на яе. У Аніты не было дзяцей. Першы муж, прафесар універсітэта, цяпер яму 70, не хацеў мець дзяцей. Другі муж, заможны буржуа, хацеў дзяцей, але іх не было. Замежныя дактары абяцалі памагчы. Жаночы лёс кароткі, не тое што ў мужчын. Цяпер яна жыве ў Ванкуверы, працуе выкладчыцай універсітэта, муж, саракапяцігадовы прафесар універсітэта, вельмі любіць яе і сына Юджына.

Зміцер гэта разумеў і не наракаў. Але ён адчуваў, што нешта ў ягонай душы пашкодзілася. Цяпер ён мусова і пакутліва вяртаўся назад і зноўку шукаў свой шлях. Ратавала яго тое, што каханне да Аніты ўзнікла, але не замацавалася, не паспела стаць незваротным.

– Дзякуй за каву. – Ён абцёр сурвэткай вусны, стрымана і адначасова шчыра і задумліва дадаў: – Нейкім чынам, Дзіна Станіславаўна, несвядома і свядома я ўбачыў у ёй тое, чаго няма ў іншых. Перш за ўсё розум, густ, пачуццё меры, тактоўнасць. Дастаткова было быць у полі яе прыцягнення, глядзець на яе – і ўжо можна было знаходзіць адказы на ўсе пытанні жыцця. Я ўсяго адзін раз сустрэўся з ёй. Адзін раз! Толькі яна адна з усіх нас па-сапраўднаму свабодны чалавек. І цяпер мне яе вельмі не хапае. Назіраючы Яе, я мог хутка рухацца і дасягнуць вялікіх вышынь у жыцці. Я так спадзяваўся на Яе!

Зміцер задумліва нахіліў галаву, з-пад брывоў асцярожна і ўважліва зірнуў на Дзіну, што прыгожа закінула нагу на нагу ў аксамітных брунатных штоніках і паклаўшы руку на спінку крэсла, загадкава, з усмешкай, спагадліва пазірала на Зміцера. Ён ухапіў яе сутво: спелая пекная жанчына, што ў самоце пражыве свой лепшы жыццёвы час, і на гэты момант яе станоўча скіраваныя да яго дачыненні. Але, як той дзяцел, маладзён з разгону працягваў дзяўбсьці тое, што звычайна бывае нецікава палкім маладым жанчынам.

— Аніта Сянкевіч магла, павінна была стаць маёй Настаўніцай! І чаму найлепшыя заўсёды з’язджаюць? Хто застанецца з намі? Дапаможа? Навучыць? Адукуе?

Ён ізноў зірнуў на выкладчыцу, тая з адсутным выглядам задумліва частавалася з кубачка кавай. Зміцер імкліва губляў ініцыятыву, трэба было тэрмінова нешта мяняць у ягонай размове з прыгажуняй.

— Я застаўся з нічым! І я выпаў з свайго пакалення. Адарваўся ад сваёй хвалі. Вяртацца назад да свайго кола нецікава. І трэба некуды рухацца?

Ён, ужо сапраўды разгублена, шчыра дадаў, збянтэжана пазіраючы ў вакно:

— Аднаму? Куды? Жыць мурашом?

Да Дзіны вярталася некаторая страчаная дагэтуль зацікаўленасць. Ейныя вочы загадкава блішчэлі ў прыцемку ўтульнага пакоя, і бляск гэтых цёмных вачэй нагадваў яму летні ліпеньскі дзень з яго гарачынёй, бясконцасцю...

— Вось такія мае справы.

Зміцер прыкрыў рукой рот і зглытнуў набеглую сліну, керхнуўшы пры гэтым у далонь і хаваючы сваю моцную ўзрушанасьць.

Маладая жанчына прыгожым рухам рукі паставіла кубачак на журнальны столік і, перамяніўшы сваё становішча ў крэсле, пяшчотна запытала:

— А як вашы поспехі ў навучанні?

Дзіна Станіслаўна ізноў сядзела ў фатэлі прыгожа, рухалася і гаварыла густоўна, пазірк быў таемны і нават чароўны, спагадліва гучаў тэмбр яе голасу. Зьміцер не паспяваў разумова перапрацаваць усю шматканальнасьць свядомых і несвядомых звесткаў, што ішлі ад жанчыны. Ён, стрымліваючы сваю напружанасьць і ўзрастаючае хваляванне, адказаў:

– Выдатна. Толькі на выдатна.

Гэта былі нейтральныя словы, якія нічога не выказвалі. І ў адказ ён атрымаў такія самыя нейтральныя, мажліва, нават звычайныя словы, выкладзеныя ў ветлівай танальнасьці, што заўсёды з’яўлялася фірменнай рысай сапраўдных менчукоў:

– Аніта-Гражына мела шмат сяброў. Яны вам дапамогуць.

Зміцер узрушана і рашуча ўзьняўся са стуліка і прайшоў па пакоі. Трэба было валадарна пераходзіць мяжу стасункаў, карыстацца той мужчынскай сілай, што дадзена прыродай. Ён зірнуў дзёрзка і адважна ў прыгожыя, жывыя, цёмныя, як спелыя вішні, палкія вочы Дзіны Станіславаўны, на яе круглыя плечы ў пунсовай ядвабнай блузцы, на стромкі стан, на ўсю яе вабную, прыцягальную, маладую і палкую сутнасць і, стрымліваючы хваляванне і чароўны дзікі юрлівы шал, рушыў да яе:

– Аніта – прыпынак, які мы праехалі. Зараз цікавіце мяне вы, чароўная і дзівосная спадарыня Дзіна.

Ён ужо ўсё зразумеў. Ён трапіў у кола феміністак. І надалей павінен быў торыць сабе шлях, карыстаючыся ўплывам дасканалых кабет.

 

VI

 

У жыцці чалавеку патрэбна мужнасць, каб перацярпець незваротную страту, знайсці свой сапраўдны шлях, каб не быць недарэкам. Праўда, іншы раз, каб пражыць мурашом, таксама патрэбна вялікая мужнасць.

Сустрэўшыся з Дзінай раз, другі, трэці, Зміцер нарэшце застаўся з ёй на цэлую ноч, а потым і зусім пачаў жыць у яе двухпакаёвай кватэры ў Зялёным Лузе. Так было камфортна і зручна абоім. Цяпер ягонае жыццё стала больш якасным, але ўнутраны голас-неспакой праз нейкі час пачаў гучаць усё мацней і мацней. З Дзінай можна было пражыць бесклапотнае распешчанае жыццё. Яна разнявольвала, адлучала ад жыццёвай барацьбы. Яна была як мяккая пярына, як наркатычны сон, як гарачы дзень на беразе цёплага мора. І яна непрыкметна адбірала мэту…

Дзіна Станіславаўна была разумная і пекная жанчына, шмат што ведала і ўмела, але яна не здолела замяніць Змітру духоўна ўзнёслую Аніту Сянкевіч, што некалі так моцна ўразіла яго...

Зміцер моцна задумаўся, жыццё падкінула новыя пытанні, невядомыя раней. Ён стаяў на перакрыжаванні, ад якога ішло некалькі шляхоў. Гэта быў той самы момант свабоды выбару, пасля якога трэба было крочыць у новым кірунку, і ўжо гэты выбраны шлях вёў чалавека далей.

Альбо ўласнае жыццё маладога мужчыны, поўнае перашкод і цяжкасцяў, барацьбы, нарэшце параз, але і перамог, ці ўтульнае жыццё прыстасаванца, нейкага другараднага біялагічнага прыдатка да поўнавартаснага жаночага лёсу?!...

Толькі цяпер Зміцер зразумеў панічны страх Паддубскага, які збег ад феміністак у правінцыю, прыхапіўшы з сабой Тому… Наперадзе заставаўся год вучобы. Трэба было вызначацца…

Аднойчы пасля заняткаў, ідучы па калідоры са стосам падручнікаў з універсітэцкай бібліятэкі, Зміцер мінуў чародку старшакурсніц паралельнага курса і пачуў ужо ў спіну дзявочы вокліч, у якім гучала грэблівасць і насмешка:

– Альфонс!

Ён азірнуўся і пачаў густа чырванець. На яго ўсытыч узіраліся, пасміхаючыся, дзяўчаты біялагічнага факультэта. Тая, што прамовіла гэтую абразу, стаяла крыху наперадзе і пазірала грэбліва, з выклікам і прыхаванай крыўдай. На яе твары ўзнёсла выступаў акуратны носік, з-пад чорных броваў варожа глядзелі сінія вочы, як вакенцы ў незвычайны свет, дзе валадарыць маладосць, усхваляванасьць, прыгажосць.

І ён адразу адчуў, як нізка ён зваліўся ў сваім нечакана ўжо заблытаным жыцці. І як шмат яму трэба зрабіць намаганняў, каб узняцца на той узровень, дзе ён некалі быў. Зміцер адчуў сябе прыжывалам, змораным і пастарэлым.

У той жа вечар ён вярнуўся ў гуртажытак і позна ўвечары сядзеў у чытальні, абклаўшыся кніжкамі і канспектамі па гісторыі дваццатага стагоддзя. Зміцер свядома прамінуў узніклыя супярэчнасці і цяжкасці ў сваім маладым жыцці, непахісна імкнучыся да вызначанай некалі мэты.

Ужо амаль ноччу ён, ідучы да свайго пакоя на трэцім паверсе, прыпыніўся на дзесяць хвілін каля вакна, задумліва пазіраючы на начныя краявіды горада. Тая, што абразіла яго сёння, стаяла перад ягоным унутраным позіркам. Яна была з характарам, стрункая, густоўная, прыгожая і чароўная сваёй невядомасьцю. Яе будычыня, як і ў Змітра, была яшчэ незразумелай, у адрозненне ад лёсу Дзіны Станіслаўны, дзе былі ўжо вызначаны і акрэслены асноўныя межы жыцця.

І ў гэтай іхняй будычыні, Ім, свежым і маладым, можна і трэба было будаваць па сучасных лекалах сваё гістарычна новае жыццё.

Прайшло некалькі дзён. Зьміцер хадзіў на заняткі, трымаўся стрымана і насцярожана. Рана ці позна павінна была адбыцца ягоная сустрэча з Дзінай Станіслаўнай, і гэта выклікала яго непакой. Ён не ведаў як цывілізавана і міралюбна разысціся з выкладчыцай, каб яна потым не перашкаджала і не помсціла яму. Зараз яму ўспамніліся словы Алеся Паддубскага: ‘’Своечасова прыгожа разысціся з жанчынай - гэта высокае мастацтва і ўмельства.’’ Зьміцер уздыхнуў — сябар меў рацыю так казаць.

Пад вечар, ідучы на апошняю пару лекцый, ён пачуў аднекуль збоку:

— Зьміцер Кулеш? Затрымайцеся на хвілінку. — У пройме дзвярэй кабінэта педагогікі з саркастычнай усмешкай пазірала на яго малодшы навуковы супрацоўнік Сняжана Бондар:

— Наконт вашай дыпломнай працы ў нас ёсьць шэраг пытанняў.

Старшакурснік вымушана палаўся ў кабінэт педагогікі, Сняжана прадбачліва вызваліла яму праход, зрабіўшы крок з дзвярэй у калідор, і зачыніла за ім дзверы. Перад Зміцерам стаяла Дзіна Станіславаўна, усё такая ж стрункая, гнуткая, у ягонай любімай вогністай сукенцы. Яна нечакана для яго ветліва і спакойна запытала:

— Што ж вы, Зьміцер, зьбеглі, як нашкодзіўшы кот?

—Я нічым вам не нашкодзіў, — крыху збянтэжана, і таму няўпэўнена, запярэчыў Зміцер.

— Проста сыйшоў па-ангельску, не развітаўшыся, каб мець магчымасьць як-небудзь зайсьці ізноў….

—Дабрадзей!? Пакарыстаўся і кінуў. – Цяпер памяркоўны голас выкладчыцы гучаў у сталёвай танальнасьці ў спалучэнні з грэблівасцю: — А я спадзявалася… Нават будавала планы. Думала ўзняць цябе на вышыню, да сапраўднага ўзроўню … Эх, усе вы аднолькавыя… – І зусім ужо па-вясковаму дадала: — Каб вам долі не бачыць.

— Ну навошта так, Дзіна? Хто я такі побач з вамі? Прыжывала. Аб’ект для насміхання. Вы кандыдат навук. Прыгожая жанчына. Выдатная выкладчыца. А я студэнт. Мне трэба шукаць свой шлях і крочыць сваёй дарогай. Рабіцца дарослым. Мужнець. Я думаў, што вы ў нашым выпадку, як сучасны чалавек, карыстаецеся формулай : ‘’сёння і тут’’. А назаўтра? Назаўтра ўжо іншае жыццё…

— Бач, які мондры, навучыўся на нашую галаву: ‘’сёння і тут’’.’‘Назаўтра ўжо іншае жыццё’’. Запомні Зміцер: жыццё заўсёды тое самае! І заўтра, і паслязаўтра, і сто год назад, і сто гадоў наперад! Усё адно і тое ж! Толькі антураж і рэквізіт розны, а людзі тыя самыя.

Яна зірнула на Зміцера позіркам сталай жанчыны, якая чэпка трымаецца за грыву лёсу, і рашуча прамовіла, як аб нечым канчаткова вырашаным:

— Я хачу вас папярэдзіць: калечыць табе жыццё я не буду…

—Дзякуй, Дзіначка…

—Але і на маю дапамогу не спадзявайся. Сам паспрабуй працерабіць сабе дарогу. Тады можа зразумееш і мяне, і Аніту, як мы торылі сцежку наверх. Не шкадавалі ні сябе, ні сваёй маладосьці, ні сваёй некранутасьці і свежасьці. Запомні: наверх няма шырокай дарогі, і без падтрымкі сваю сцежку ўверх пракласьці немагчыма!

Прагучаў званок на пачатак лекцый, і Зьміцер узяўшы руку Дзіны, рахмана пацалаваў у чамусьці халодную і чужую далонь, потым прыхіліўся і чмокнуў у шчочку:

— Прабач, Дзіначка.

– Ідзі, ‘’сёння і тут’’, на лекцыю, а то спознішся. — Дзіна Станіслаўна была ўжо непрыступнай, як скала на беразе мора, аб якую разбіваюцца самыя магутныя і пяшчотныя хвалі.

Гэта быў подых новага ўжо дарослага жыцця. Дарослы чалавек заўсёды маўчыць аб сваіх хібах і цяжкасьцях. Ён самастойна шукае выйсця ў незнаёмым становішчы.

Між тым час бесперапынна ішоў, і таму неабходна было вельмі хутка ствараць мадэль уласнай будычыні, але, як заўсёды, не ставала звесткаў. Атрыманыя грунтоўныя веды па гісторыі не судакраналіся з сучаснасцю, яны былі самі па сабе, проста як афіцыйны ідэялагічны светапогляд на мінулае. Расчараванне ў гісторыі прывяло яго да педагогікі, там існавала магчымасьць фармаваць жыцяздольнага, разумнага і адэкватнага маладога чалавека, нават новага пакалення. Гэта магчымасьць уздзейнічаць на будычыню зацікавіла Зміцера, і хаця наперадзе, як той непрыступны дот, паўставала постаць загадчыцы кафедры Дзіны Станіслаўны, Зміцер з аптымізмам юнака схапіўся за новую тэму.

Зміцер зьвярнуўся да сваіх канспектаў і кніжак. Ён, сціснуўшы зубы, праз нейкую ўнутраную цяжкасьць настойліва і непахісна рыхтаваў дыпломную працу па педагогіцы і рыхтаваўся для паступлення ў аспірантуру, дзе было адно месца на дзесяць кандыдатаў. І дзе ўсё вырашалася загадзя.

Ён як быццам яшчэ не зрабіў аніякіх вызначальных пралікаў, але сваім інстыктам, яшчэ не сапсаваным вялікім горадам, адчуваў наперадзе невядомую і небяспечную будычыню, у якой так лёгка памыліцца і наблытаць. Усе жыццёвыя козыры нібыта яшчэ знаходзіліся ў ягоных руках. Але надыходзіў час, калі трэба было рабіць чарговы ход ўжо казырной картай. І ён вельмі не хацеў памыліцца.

 

2006-2007 гг. г.Менск

 

АРТЫКУЛЫ, ВОДГУКІ, ІНТЭРВ’Ю

 

Асаблівасцю жывога розума з’яўляецца тое, што яму

патрэбна ўбачыць і ўчуць не вельмі многа дзеля таго,

каб ён мог потым доўга думаць і шмат зразумець.

Джардана Бруно, італьянскі філосаф і паэт.

 

Гульня фігурамі белага колеру.

(водгук)

 

I

 

“Няўдалы дэбют”– апавяданьне Сяргея Рублеўскага, надрукаванае ў “Дзеяслове” №12. У кніжцы ‘’Абмытыя валуны’’ гэтае апавяданне пераіначанае пад аморфную назву ‘’Гульня з юнацкай памяці’’. Апавяданьне лёгка напісанае і лёгка чытаецца. Яно падымае тыя прыхаваныя пытаньні маладога жыцьця, зь якімі кожнае пакаленьне юнакоў і дзяўчат заўсёды сустракаецца сам-насам.

І адказы шукае само і большасьці ніхто, ніколі ня скажа, што галоўнае ў маладым жыцьці і што другараднае. Прыхаваная тэма апавяданьня – “Памылкі тых, хто ня спраўдзіўся”.

Першым агучыў тэму-ідэю “віны” ў новых гістарычных варунках Б.Пятровіч у апавяданьні “Віна”. У тым апавяданьні герой пакутуе, таму што ня выканаў абавязак абароны сваёй жыцьцёвай тэрыторыі. Гэтае невыкананьне свайго прызначэньня, свайго лёсу нараджае на ўсё астатняе жыцьцё ў чалавека пачуцьцё “віны”.

Бытуя такая думка: усё, што адбываецца з чалавекам, ужо папярэдне генэтычна запісана ў ягонай базе зьвестак. Чалавек толькі агучвае запісанае або не агучвае. Калі ён не спраўджвае тое, што павінен зьдзейсьніць, то не выконвае свайго прызначэньня і атрымоўвае пажыцьцёвае пачуцьцё “віны”. Ён – гэты чалавек – не рэалізаваўся!

Звычайны чалавек (не вялікі, бо вялікі сам спраўджвае свой лёс) зроблены зь дзьвюх частак, як страла ці ракета. Пярэдняя частка – наканечнік, і тыльная, што забясьпечвае кірунак руху, стабілізуе лёт стралы ў патрэбным кірунку.

Героі апавяданьня “Няўдалы дэбют” першакурсьніца Алеся – таленавітая шахматыстка і трэцякурсьнік матэматычнага факультэту, аматар шахмат Зьміцер Скугута. Абодва вясковыя жыхары, не разбэшчаныя, з моцнай цягай нечага дасягнуць у жыцьці. Першы і апошні раз яны сустракаюцца сам-насам у пакоі гуртжытка на Новы Год і, выпіўшы наліўкі, гуляюць у шахматы.

– Я гуляю чорнымі, – кажа дзяўчына і гэтым сьведчыць, што яна асьцярожны пачатковец, што ня хоча рызыкаваць і ня любіць прайграваць.

Гульня чорнымі – гэта гульня ад абароны, калі ініцыятыва ў суперніка. Калі не хапае сіл, энэргіі, ведаў, прафэсіяналізму. Калі не наступаць, а абараняцца. Ня весьці свой рэй, а чакаць чужых памылак. Чакаць моманту, спрыяльнага зьбегу абставінаў. Для пачатку ўжо някепска, ужо нейкі дзеявод, лінія руху. Але для гульца-пачаткоўца “гульня безыніцыятыўная” - не найлепшая стратэгія, бо ня вучыць трымаць і заваёўваць ініцыятыву, а вучыць шукаць адказы на чужыя пытанні.

Зьміцер выйграе дзьве партыі ў дзяўчыны, і тая, змаркочаная паразай, разьвітваецца зь ім.

Дзяўчына моцна спадабалася Зьміцеру, ён спрабуе ў далейшым працягнуць знаёмства з Алесяй. Але тая рашуча адмаўляе яму. “Няма калі. Тэорыю вучу”.

Бедныя вясковыя хлапчукі, ніхто не навучыў нас непахіснай рашучасьці, ніхто не сказаў, што шчасьлівая сустрэча бывае адзін раз у жыцьці! Ніхто не навучыў, як карыстацца жыцьцём, як скарыстоўваць шанец. Ніхто не сказаў яму і нам: што дзяцюк павінен настойліва вучыцца гуляць жыццёвую гульню фігурамі белага колеру! Гэта значыць вучыцца ініцыятыве, вучыцца дамінаваць у грамадстве, у жыцці, на сваёй жыцьцёвай тэрыторыіі!

Мужчына – гэта наканечнік, але, ня маючы апярэньня (мэты), ён вымушаны будзе рабіць кругі, шукаць накірунак, і страчваць тэмп за тэмпам. Як гэта нялёгка – стаць мужчынам!

Алеся – “апярэньне-сэнс”, якой і павінна быць жанчына, таленавітая, разумная, з высокімі ідэаламі і памкненьнямі ў жыцьці, яна ўжо ня хоча быць як “усе”. Стандарты навакольнага жыцьця яе не задавольваюць. Але яна не знайшла свайго вядучага, што возьме на сябе ініцыятыву ў жыцьці, будзе весьці ў сям’і рэй, дзейнічаць фігурамі белага колера. Як лёгка памыліцца жанчыне аддаўшы сябе ў палон не свайму мужчыну.

Па вялікім рахунку – абодва прайгралі дэбют, бо не зразумелі, што патрэбны адно адному. Што лёс арганізаваў іхную першую сустрэчу ня проста так, не выпадкова.

Пройдуць гады, і Алеся пры наступнай сустрэчы ўжо пралічыць гэты, ягоны варыянт жыцьця, зразумее, што Зьміцер быў для яе найлепшым, адчыняў вялікую пэрспэктыву, даваў надзейнага і працавітага сябра, мужа, аднадумцу, каханага. Адсюль – гэтае яе стрыманае “Даруй” у канцы апавяданьня.

Для Зьміцера, які працуе ўжо выкладчыкам тэхнікуму, але ў жыцьці бачыць яшчэ толькі на два крокі наперад і ўспрымае Яе як Мару, недасяжную Мрою, гэтае яе “Даруй” – гучыць як вырак. Значыць, ён мог быць побач зь ёй замест гэтага вусатага выпадковага чалавека-трэнера, па ‘’сумяшчальніцтве’’ ейнага мужа?!

Проста яму не хапіла рашучасьці!(Ці разумення?) Ён забаяўся зрабіць карысны! правільны! разумны ход!( Бо не ведаў, што шанец бывае адзін раз!) Ён не скарыстаў адзіны шанец, каб стаць шчасьлівым, дасягнуць плённага стану жыцьця!

“Ніколі не адчуваў ён сябе такім незваротна пераможаным”.

Гэтае апавяданьне пра шмат каго з нас. Пра нашае маладое няўменьне карыстацца жыцьцём, шанцамі, якія дае лёс, калі маючы квіток на хуткі цягнік у вялікі Свет, мы не сядаем на свой цягнік.

Для нашага вясковага, некалі навучанага сялянскай працы, працавітага дзецюка які імкнуўся да гарадзкой якасьці жыцьця, які пакутуе, што ня ўмее гуляць у баскетбол, не ўмее брэнькаць на гітары, ня ведае гамлетаўскай балючай дылеммы: “Быць ці не быць, вось у чым пытаньне. Ці трэба схіліцца перад ўдарамі лёсу, ці неабходна зьдзейсьніць супраціў?”

Такому дзецюку сустрэча з выхаванай, густоўнай, з высокім інтэлектам прыгажуняй, якая да таго ж мае мэту не згубіцца ў жыцьці – для яго – гэта сустрэча з Боскім дарункам!

Ён заніжае сябе, бо ніхто не дапамог яму ў тэорыі, у самаідэнтыфікацыі сябе як мужчыны. Бо і само грамадзтва трымае сябе ніжэй за ўсе іншыя народы-суседзі.

Ён узвышае Яе, але яе прыгажосьць – гэта толькі “якасьць”, а ўладарыць ў жыцьці “моц”. Мужчына – гэта моц! Зьміцер і стане мужчынам, бо працавіты, цягавіты, ня мае благіх звычак, добра вучыўся і добра працуе. І ў дадатак ужо майстар спорту па шахматах, што няпроста і нялёгка.

У будучыні будзе мець добрую сям’ю, зробіць кар’еру, узгадуе і выхавае добрых дзяцей. Стане кандыдатам навук і дырэктарам тэхнікуму.

Але заўсёды будзе помніць і ведаць, што гэтае жыцьцё, што ён зьдзейсьніў, – толькі другі, ценявы варыянт. І галоўную сустрэчу ў сваім жыцьці ён прайграў! І што другога жыцьця ўжо ня будзе.

 

II

 

Зьміцер Скугута – герой апавяданьня, цягавіты, працавіты, актыўны, але ён атручаны адвечным нігілізмам беларусцаў да свайго правінцыйнага, сялянскага, вясковага стандарту жыцьця. Спачатку ён цягнецца з сваёй вёскі ў гарадок, дзе шмат агнёў, падлеткі гуляюць у баскетбол, займаюцца ў драмкружку і вывучаюць сакрэты радыёэтэру. Тут напоўненае жыцьцё, віруе маладосьць, тут цэнтар падзеяў. Дома, ў вёсцы пустэча. У сапраўднасьці – баскетбол, радыёсэкцыя і нават драмкружок – гэта другасныя рэчы ў параўнаньні з ральлёй, гімнам жыцьця, што сьпявае жаўрук у сінім вясновым небе, веснавой сяўбой і жнівеньскімі дажынкамі, што будуць карміць потым увесь год і вясковых жыхароў, і гарадзкіх. Між тым сучаснае жыцьцё так збудаванае, што сьпевакі, кінаакторы, гандляры-спэкулянты і спартоўцы на грэбні славы, увагі і посьпеху. Міжволі ў маладых людзей закладваюцца грэблівыя пачуцьці да родных мясьцін.

Але і потым, калі Зьміцер ужо выкладчык тэхнікуму, што вялікі посьпех для юнака, яму сумна ў маленькім раённым горадзе, дзе ўсе усё ведаюць адзін пра аднаго і дзе трэба трымацца правінцыйных стандартаў і звычак. Жыцьцё па ягоным уяўленьні дзеецца там, у вялікім горадзе.

Працягваючы гэты ланцуг маладых жаданьняў, дадам, што сёньняшнія маладыя і ня толькі маладыя менчукі, мае знаёмыя аж стогнуць па замежных гарадах і краінах, дзе, ім здаецца, лёгка і хутка можна дасягнуць посьпеху. Для іх пуп Зямлі – Нью-Ёрк, у скрайнім выпадку Нямеччына, Польшча, Нарвэгія (кажуць, там катлеты самыя вялікія і смачныя), яшчэ няведама дзе.

Чаго хоча гэтая моладзь? Шчасьця? “Намер дасягнуць чалавечага “шчасьця” не закладзены ў плян стварэньня”*.

Фрэйд, адказваючы на пытаньне аб шчасьці, гаворыць: “Куды лягчэй зьведаць няшчасьце. Бяда пагражае з боку нашага ўласнага цела, з боку зьнешняга сьвету, з боку стасункаў зь іншымі людзьмі”.

“...людзі пад ціскам верагоднасьці пакутаў звычайна зьніжаюць свае прэтэнзіі шчасьця. Мы цешымся пры адной думцы, што нам удалося пазьбегнуць няшчасьця”.

Зьміцер Скугута яшчэ не дарос да стану плённага характару. У яго існуе помесь характараў, дзе моцна валадарыць канфармізм, ён не сустрэў свайго Настаўніка, які б падказаў яму кірунак руху.

Фрэйд, шукаючы адказ на пытаньне шчасьця, казаў наступнае: “І ўсё ж людзі недаацэньваюць працу як шлях да шчасьця... На яе ня кідаюцца так, як на іншыя магчымасьці задавальненьня жаданьняў...”

Зьміцер яшчэ шукае шчасьце не ў сабе і вакол сябе, а ў вонкавым сьвеце, у марах пра Алесю, пра жыцьцё ў сталіцы. Канечне, ён пройдзе свой шлях, дойдзе да таго, калі пачне радавацца таму, што яго абкружае. Але свой пэрыяд супэржыцьця ён, як і мы ўсе, прасоўгае малавынікова. Малавынікова – гэта калі ня Нобэлеўскі ляўрэат; ці хоць бы – прэзыдэнт; вучоны-матэматык, выкладчык, што падрыхтаваў і выхаваў шмат сучасных спэцыялістаў, навучаных плённаму ладу жыцьця.

У стаўленьні да жанчын Зьміцер такі самы недарэка, як героі Тургенева: Рудзін і Базараў, героі Чэхава і Купрына. Тут я пазнаю стэрэатыпы літаратуры XIX стагодзьдзя – рамантычных, абаяльных і бясьсільных герояў, што ня ведалі, што рабіць з каханай жанчынай. Тая літаратура нарадзіла рэвалюцыянэраў-маргіналаў, якія сублімавалі сваю неспатоленую энэргію, ад немагчымасьці ўласнага шчасьця, у тэорыю ўсеагульнага шчасьця, у рэвалюцыю, у выбух..

Якое ж выйсьце?

Вучыцца працаваць, ствараць плённы характар, як у немцаў ды ангельцаў, японцаў ды кітайцаў. “На чужы каравай рот не разяўляй. Свой сьпячы, тады і скачы”.

І яшчэ, пісьменьнік уклаў вельмі вызначальныя словы ў вусны гераіні, якія даюць адказ на ўсе пытаньні, пазначаныя ў водгуку: “Няма калі.Тэорыю вучу”. Што азначае: некалі займацца драбязой, трэба вывучыць тэорыю, разгледзець кірункі, убачыць шлях, стварыць сілы.

У адказ герой адчувае звычайную думку тутэйшых людзей: “Якую тэорыю?” Пра тэорыю ніхто ніколі яму нічога не казаў. Над тэарэтыкамі ў савецкай дзяржаве насьміхаліся і зьдзекаваліся ўсе: ад жыхароў вёскі да інтэлігентаў і сталічных уладаносьбітаў.

Між тым “Спачатку было Слова”. Наш сучасьнік дакладна фармулюе тое, што ведаюць дарослыя грамадзтвы: “Своечасова зразумець – вось посьпех у жыцьці! Большасьць разумее, калі ўжо позна”. “Амаль заўсёды асуджаныя на няўдачу тыя, хто павольна думае”**.

І таму, ня ведаючы тэорыі і не распрацоўваючы тэорыю, увесь час наш чалавек будзе спазьняцца, рабіць няўпэўненыя крокі, страчваць шанцы і ўрэшце прайграваць сваю жыцьцёвую партыю.

 

 

* З.Фрэйд “Дыскамфорт ад культуры”

** Сяргей Абламейка “Канстатацыі”

III

 

Гераіня апавяданьня Алеся як жанчына зразу бачыць (ад Бога) мэту жыцьця. Зьміцер шукае мэту, таму розныя важныя, але дробныя дэталі рэчаіснасьці блытаюць ягоную хаду. Параўноўваючы нашых юнакоў, - што часта маладыя гады марнуюць у пошуках сэнсу - з паўднёвымі людзьмі, якія зразу, чуць не з маленства ведаюць гэты самы сэнс. Жанчына для паўднёвых людзей – найвялікшая каштоўнасьць. За яе трэба плаціць немалыя грошы. Прыгажуня мае яшчэ большы кошт. Той, хто валодае жанчынай, затым працуе на яе ўсё астатняе жыцьцё, не дазваляе ёй марнаваць свае сілы на здабываньне жытла, ежы, вопраткі, сродкаў выжываньня. У выніку паўднёвыя нацыі маюць шматлікае здаровае маладое пакаленьне, поўнае энэргіі і пасіянарнасьці. Белая раса, эўрапейская, постсавецкія славянскія народы жанчыну апусьцілі да роўню пралетарыяту, рабочага быдла. У нашай дзяржаве адсутнічае вышэйшая і сярэдняя адукацыя для жанчын, дзе яны ў першую чаргу вывучалі б рэлігію, мэдыцыну, пэдагогіку, гісторыю, культуру, дамаводзтва, псыхалёгію, дызайн, фізычнае выхаваньне, бугальтэрыю...

Дзіўна назіраць у якім-небудзь тэхнічным унівэрсытэце студэнтак, што зубраць сапрамат і атамную фізыку. Між тым гэтыя маладыя прыгажуні, ведаючы непатрэбнае, ня ведаюць тое, што ім жыцьцёва неабходна. Пад ідэяй раўнапраў’я і роўнасьці іх прымусілі вывучаць чужое, мужчынскае рамяство. Ім дазволілі стаць у шыхт разам з шараговымі. Але жанчына не араты, не ваяр, не гандляр, яна Маці. Усё, што ствараецца на гэтай Зямлі, усё дзеля Яе. Яна дае сэнс і мэту аратаму і ваяру, гандляру і палітыку. Жанчына дазваляе мужчыну атрымаць Вынік і доўжыць хаду ў будучыню. На вельмі кароткім шляху савецкае грамадзтва згубіла спачатку мэту, а затым і сэнс быцьця.

Вытворчасьць зрабілася самамэтай. Гэтае згубленае ўсьведамленьне доўжыцца і сёньня.

Такім чынам Зьміцер Скугута – ахвяра свайго заблытанага пакаленьня. Ён, як і Алеся, не скарысталі тыя магчымасьці, што адчыняў перад імі гістарычны лёс. Вынікам гэтай паразы стала жахлівае разбурэньне савецкага грамадзтва. За гэта давядзецца жорстка заплаціць ужо іхным дзецям і ўнукам.

Выжываньне – галоўная мэта існаваньня чалавека, народу, цывілізацыі! Усё астатняе – потым.

 

Студзень 2006 г. г. Менск Друкаваўся ў часопісе ‘’Гоман’’ №3 за 2007 г.

 

Жыцьцё ніжэй ватэрлініі.

 

Няма большага рэаліста ў сучасным жыцьці чым сельскі жыхар, сколькі б ня грукалі ў грудзі былыя наменклатурныя й нават апазіцыйныя лідэры сьцвярджаючы ўласны рэалізм і падкрэсліваючы свой прагматызм. Сяньня сельскі жыхар цьвёрда ведае, што заходні ўзровень жыцьця для яго недасяжны. Таму наш тутэйшы селянін пазяхне ў далонь, паслухаўшы балбатню наезжых агітатараў за жыцьцё высокай якасьці, падзівіцца іхняй інфантыльнасьці й ідыялізму, ды й пойдзе варушыць сена на выдзеленай яму дзялцы. Харчовую базу для сябе й сваёй сямьі тутэйшы селянін стварая самастойна. Заходні ўзровень жыцьця нашым вясковым чалавекам успрымаецца як фантастычна-нерэальны, як сучасная казка .

Культурная эліта, у першаю чаргу пісьменьнікі, журналісты, кінаматаграфісты не выконваюць сваю галоўную мэту, дзеля якой народ адсьлюмачвае фінансавыя сродкі, каб гэная эліта стварала ідэалы, эталёны нашага тутэйшага беларускага якаснага жыцьця ! Культурная эліта – сёньня на самай справе не распаўсюджвае сапраўдную культуру, яна сама хоча быць запатрабаванай заходнім сьветам, хоча зарабляць замежныя грошы, марыць далучыцца самастойна да эўрапейскага жыцьця высокай якасьці! І усё.

Між тым, пераход ад калектыўнай сьвядомасьці да індывідуальнай – ёсьць рэвалюцыя сьвядомасьці. Індывідуальнае самасьвядомасьць – тып чалавека які спадзяецца на сябе, і карыстаецца сваімі пачуцьцямі, сваім розумам, сваім досьведам, і самае галоўнае сваёй прыватнай маёмасьцю, сваімі прыватнымі сродкамі вытворчасьці, сваім капіталам. І тут узьнікае пытаньне: дзе ж яе ўзяць гэтую прыватную маёмасьць простаму чалавеку, рабочаму-пралетару, урачу, настаўніку, вайскоўцу ? ... Меньшая частка нашага грамадства, яе эліта далучылася да якаснага жыцьця, але абсалютная большасьць нават у марах не ў'яўляя што гэта такое. Адсюль – разводы, здрады, п'янства, распуства ... мары маладых некуды з'ехаць. Ідэал – мець шмат грошай. І ўсё? А навошта мець шмат грошай? Ці ўмея большасьць карыстацца грашыма? Здароў'ям ? Маладосьцю? Каханнем ? Нават меньшасьць не заўсёды ўмея карыстацца вялікімі грашыма, магчымасьцямі, уладай, шчасьцем! ... У грамадстве не вызначана мэта жыцьця большасьці. Няма Ідэі !

... Мара маладых людзей пяцідзесятых гадоў ХХ стагодзя - здзяйсьнілася. Яны маюць тое аб чым марылі ў далёкім послеваеным юнацтве: каб было хлеба ўволю, каб не стралялі, не гвалцілі, не палілі ! Іхнія мары - гэта мары людзей, што жылі на памежнай тэрыторыіі паміж Усходам і Захадам, на "перадавым рубяжы абароны". Іхнія мары сёньня ажыцявіліся. Усё так і ёсьць. Калі некаму ўсё яшчэ здаецца, што гэтага так мала, то ён моцна памыляецца, дастаткова праехаць па некаторых краінах СНД і ня толькі СНД.

Аб чым мараць цяперашнія маладыя людзі? Некаторыя: аб інамарцы, кватэры, катэджы, каб зарабіць грошы й з'ехаць за мяжу... І усё? Праз нейкі час здзяйсьніцца гэта мара новага пакаленьня. Але ці дастаткова гэткай мары для Заўтрашняга? Ці мараць маладыя стаць Прэзідэнтам, Нобелеўскім ляўратам, уладальнікам канцэрна, банкірам, міністрам, паслом, пісьменьнікам, зажытачным фермерам, уладальнікам крамы, выдаўцом вядомай газэты ці моднага часопіса, адным словам гаспадаром сваёй зямлі ?

Самае складанае ў жыцьці - думаць аб неабходным, кантраляваць свае думкі. Адрозьніваць уласныя думкі ад чужых памкненьняў. Думаць не пра футбол, хакей, сьпевакоў, не аб глябальнай палітыцы, ідыялогіі, пра тое, хто, што сказаў учора па іхняму ці нашаму тэлебачаньню, а думаць пра сваё асабістае заўтрашняе й пра сваё асабістае сёнішняе й не проста пра заўтрашняе, а пра сыстэмнае сёнішняя й сыстэмнае прагматычнае заўтрашняе. Пра тое як зарабіць, як пабагацець, стаць заможным, жаніцца на выхаванай прыгажуне, купіць кватэру, завесьці сваю справу, стварыць прыстойны ўзровень матэрыяльнага забяспячэньне сямьі. Думаць як збудаваць і захаваць сямейная шчасьце.

Думаць, планаваць, дасягаць, імкнуцца, змагацца зь сваёй інэртнасьцю, недасьведчанасьцю, непрафесіяналізмам, лянотай, абыякавасьцю... Калі зь дастатковай крытычнасьцю прааналізаваць сваё асабістае жыцьцё, то самым галоўным фактарам маладога самастойнага й сталага жыцьця - які ўплываў на твой жыцёвы лёс - быў Ты сам. Ні асяродзя, ні блізкія ці чужыя людзі, ні палітычныя абставіны, - бо гэта ўсё прыходзіла й сыходзіла, а Ты сам быў зь сабою заўсёды. Ты паддаваўся спакусе, чужому меркаваньню, марнаваў час у размовах, як згуляла нашае ''Дынама'' зь іхнім ''Дынама'', піў спіртовыя напоі, брындаў на паляваньні ці рыбалцы ... і гэтак праходзіла Тваё жыцьцё!

Зьвярніце ўвагу колькі розных сьпевакоў рознага гатунку суседняй дзржавы прэцца да нас. Яны ствараюць пачуцёва-разумовую плынь, дзе адчуваць сябе аўтаномна атрымліваецца не ва ўсіх. Але калі не адчуваеш самастойна, значыць твае пачуцьці й думкі рухаюцца па пакладзеных чужымі людзьмі рэйках ... Куды вядуць тыя рэйкі?

Што нам прапануе нашая інтэлектуальная эліта? Пісьменікі Вінцэсь Мудроў, Адам Глёбус, Ігар Сідарук даўшы нырца ў глыбіныя жыцьцёвыя слаі, ніжэй жыцьцёвай ватэрлініі – пішуць пра алкашоў, прастытутак, бязмозглых, нямаючых аніякіх жыцьцёвых арыентыраў заблукаўшых людзей. Нават Юры Станкевіч у сваёй аналітычнай кніжцы ''Любіць ноч - права пацукоў'', не паказаў выйсьця зь жыцьцёвага закутка .

Здольныя, таленавітыя пісьменікі не знайшлі, ці не захацелі, ці не здолелі прааналізаваць яскравы прыклад імклівага руху ўверх некаторых нашых палітыкаў і прадпрымальнікаў .... Нашы пісьменікі пішуць пра тое, што добра ведаюць. Верагодна ніхто зь іх не займаўся прыватным бізнэсам, не ездзіў з хатулямі ў Стамбул ці Беласток, ні цягаў кантрабанду праз літоўскую мяжу, ні ствараў першапачатковы капітал прадаючы за мяжу каляровыя металлы, не ламіўся апантанна ў парламент да дзяржаўнага карыта, не спакушаў файную чужую прыгажуню. Дык аб чым пісаць? Застаецца толькі й пісаць пра трактарыстаў, пра чарніла якое яны жлукцяць, пра безсэнсоўнасьць, безнадзейнасьць і нязнойдзеныя жыцьцёвыя арыентыры.''Любіць - дык каралеву, красьць - дак мільён'', ''За тых хто ў моры'', - за гэтыя тасты піць - пілі, а каралеў ня бачылі і не любілі, мільёнаў ня кралі, ляжалі на пляжах каля мора, і казалі што былі на моры. А па моры ня плавалі, не лавілі траску каля Алеўцкіх выспаў на амерыканскім траўлеры. Ці будзе чытаць кніжкі маладзён, які толькі што вярнуўся зь Аляскі.

Не былі, ня бачылі, не ўдзельнічалі, застаецца містыка, знакамітае - ...'' жыццё - як выпітая пляшка ''..

Сёньня, маладыя людзі былі ня толькі турыстамі, некаторыя зь іх удзельнічалі ў жыцьці заходняга грамадства, працавалі, у тым ліку і прастытуткамі, удзельнічалі ў лякальных войнах, адным словам зараблялі грошы, перамяшчаліся па іхняй тэрыторыіі. Калі ўлічыць высокую ўражлівасьць псыхікі маладых людзей, то тутэйшая літаратура пра тое як калгасны шафёр удзень калымнуў, пад вечар напіўся, а ўвечары адлупцаваў жонку - нікога не хвалюя .

Моладзь цікавяць шляхі перамог, а не дарогі параз! У іншым выпадку нашы пісьменікі, крытыкі, літаратурныя супрацоўнікі эксплуатуюць зацёртую й заезжую формулу – ''Самі пішам, самі і чытаем !''

Сёньня ня толькі літаратурныя творы напісаныя некалькі гадоў назад хутка старэюць. Актуаліі пяці-дзесяцігадовай рэчаіснасьці робяцца гісторыяй якая нікога не цікавіць. На нашых вачах адбылася сапраўдная рэвалюцыя й як ня дзіўна нашыя літаратары яе не заўважылі ! Дарэчы не зразумела - а што ж сапраўды адбылося ? Рэвалюцыя ці контррэвалюцыя ?

На мой погляд, нягледзячы на скепсіс стомленых старэйшых майстроў прозы аб лёсе сучаснай літаратуры, гэты скепсіс усёж такі недарэчны. Літаратура вучыць думаць, літаратуры ўласцівы такія якасьці, якіх няма, альбо ёсьць, але недастаткова ў іншых сродкаў мастацтва й інфармацыіі.

Калі ўзяць і прааналізаваць творы некаторых нашых лепшых пісьменікаў зь тых што я чытаў, то ў кожнага зь іх існуюць нескарыстаныя магчымасьці, якія ўзьнікаюць адтаго што іхніяя творчасьць не атрымала адэкватнага рэха ў нашым чытаючым асяроддзі. Як раз аб гэтым грунтоўна зазначыў Даніла Жукоўскі спачатку ў ''Нашым Слове'', а потым ў ''Аrche''.

Да прыкладу выдатны твор Вінцэся Мудрова "Іду на таран" мог стаць яшчэ больш значным, каб пісьменік дадаўшы некалькі раздзелаў, прааналізаваў бліжэйшае будучае постсавецкага афіцэрства..З другога боку твор настолькі дасканалы, што правакуе чытача да незадаволенасьці бо хутка скончыўся. Жыцьцё пабегла далей, а аповяд ператварыўся ў зафіксаванае нядаўняе мінулае. Між тым жыцьцё былых савецкіх афіцэраў вельмі разнастайнае, рознабаковае і чым большыя зоркі зіхацелі на іх паліках, тым больш ахутаны таямніцай іх далейшы лёс. Фактычна афіцэры савецкай арміі, як і КДБ не здолелі абараніць вялікую краіну ад разбурэньня... Каб паказаць гэтую трагедыю ў літаратуры патрэбен Шэкспір ці Бальзак...

Можна адзначыць, што сучасная проза патрабуе ад пісьменіка аналіза ня толькі мінулых і бягучых падзей, але й аналіз будучага. Гэты аналіз дазваляе пісьменіку ня толькі ствараць варыянтыўная будучае й тым самым уздзейнічаць у меру свайго таленту на гэтае будучае, але й папярэдзіць грамадства аб магчымых жыцьцёвых зрухах. Тое што было прэрагатывай пісьменікаў фантастаў, як мне здаецца, робіцца звычайным і неабходным прыёмам пісьменіка – рэаліста ...

Вельмі здольны й прафесійны пісьменік Адам Глёбус. Між тым уражаньне, быцам празаік страляе зь буйнакаліберных грамат сваіх здольнасьцяў па вераб'ях. Шаноўны Адам піша - ў навэлах надрукаваных у Архэ - пра людзей, якія мала цікавяць нас ні ў жыцьці, ні ў літаратуры. У іхніх змарнаваных жыцьцях няма аніякага ні драматызму, ні тым больш трагізму. Натуралістычны перанос рэчаіснасьці на літаратурныя старонкі часопісаў. Сёньня, як ўжо было сказана вышэй, існуе цікавасьць да прагматычных і сыстэмных асоб, якія заўсёды ці ў большасьці выпадкаў дасягаюць посьпеха. Як і чаму ім гэта ўдаецца ?

Яскравы прыклад - жыцьцёвая хада нашага прэзідэнта. Пры ўсіх крытычных заўвагах, трэба адзначыць, што ён зрабіў вялізарны рывок ад невядомага дырэктара да першага чалавека ў дзяржаве. Мала таго, здоляў не папасьць пад уплыў менскага наменклатурнага кола, а наадварот сам гэтую эліту схіліў пад свой абцас. Для літэратара – празаіка гэткая сучасная асоба, яе жыцьцёвы шлях, павінны магутна цікавіць. У сучасным грамадстве быць кіраўніком нават працоўнага калектыва, альбо кіраўніком раёнага масштабу – вельмі няпростая й складаная праца, якая патрабуя вялізных намаганьняў й мноства неабходных якасьцяў й ведаў. Якіх ...?

Новае слова ў нашай літаратуры сказаў сваёй прозай Юры Станкевіч. Ён усурёз пачаў аналізаваць жыцьцёвую плынь, што знаходзіцца ніжэй ''жыцёвай ватэрлініі'', тых заблудзіўшыхся й заблытаных, хто жыве, хутчэй існуе, і практычна нямае аніякіх шанцаў для дасягненьня жыцьця высокай якасьці.

У некаторых момантах ягоная проза выклікае жах. Будучае - ў герояў і краіны ў якой яны жывуць – не існуе. Ягоная кніга – гэта папярэджаньне грамадству, уладзе, нам усім. Хібы, адмоўныя з'явы якія існуюць у грамадстве пісьменік разгледзіў як бы пад павелічальным шклом, сканцантраваўшы іх і паказаўшы нам. Фактычна ён паказаў зародак, пачатак будучага Косава. ... Уладзе, якая вечна занятая, то пасяўной, то ўборачнай, то ацяпляльным перыядам – ёсьць над чым паразважаць. На не засеянай нацыянальнай глебе густа расьце чужое пустазелля, ці пасеяная прыхаднямі наркатычная дурнота ....

У аповядах ''Ізумрудна-зялёныя мухі'' і ''Паленпак '', як мне здаецца пісьменьнік зрабіў, як дарэчы іншы раз і бывае ў жыцьці, герояў аповядаў не змагарамі – а ахвярамі й тым самым супрацьпаставіў дзейства аповядаў вышэйшай жыцёвай праўдзе. Няпраўда ў тым , што ў жыцьці маладых людзей амаль заўсёды дастаткова часу, каб чалавек пасьпеў выправіцца, умацавацца, зразумець, зьвярнуцца да Бога, навучыцца й дасягнуць сваёго асабістага посьпеха. Сьведчанне гэтаму – існаваньня сучаснай цывілізацыіі. Сёньня мы сытыя, у цяпле, у камфорце, у асабістых кватэрах глядзім увечары па тэлебачу падзеі якія адбываюцца ва ўсім сьвеце. І гэта ўжо добра, гэта дасягненьня. Нельга адчуваць сябе няшчасным адтаго, што нехта, недзя жыве лепш, у сваім асабістым катэджы, спажывае экзатычную ежу, ці карыстаецца каханьнем самых якасных жанчын... Цывілізацыя дасягнула вялізнага посьпеху – усё гэта сьведчаньне маленькіх і вялікіх дасягненяў мільёнаў людзей якія й рухаюць чалавецтва ўперад. Гэта й ёсьць тая праўда, якую мы іншы раз і ня бачым, бо прывыклі й не заўважаем яе.

Выйсьце якое паказаў Юры Станкевіч у аповядзе ''Ізумрудна-зялёныя мухі'' – гэта несьвядомы рудымент эпохі ваенага камунізма. Рэвальвер....Потым рэвальвер страляе, і пасьля гэтага стрэлу герою застаецца толькі два шляхі - турма, ці захаваньне свабоды праз уласную сьмерць. Для сучаснага прагматычнага й сыстэмнага чалавека абодвы шляхі непрымальны. Таму рэвальвер непавіны з'яўляцца ў жыцёвым кантэксце сучаснага беларуса. Але ён з'яўляецца ... Аб гэтым пагаворым іншым разам.

Дарэчы тыя вайсковыя істэрыіі, баевікі, знакамітае "Любэ" зь іх ''Прарвёмся'', усё гэта замацоўваньня тогаж рудымента –рэфлекса перыяду ваенага камунізму – гэта значыць некаму ўсё яшчэ патрэбна бязглуздае сьляпое граматная мяса.

Другі аповяд Юры Станкевіча, ''Паленпак'', у ім інфантыльны, добры, разумны, чулівы герой – невытрымлівае армейскай тупасьці й зьбягае, тым самым накіроўвае жыцьцёвую хаду ў турму. Канечне бывае й так. Але большасьць, сярод іх таксама й інфантыльныя, чулівыя, добрыя й разумныя, вытрымліваюць шэрасьць армейскай службы. І вытрымаўшы – вучацца, як перажыць гэтыя доўгія, бясконцыя імгненьні якія ніколі не канчаюцца, гэты армейскі мат, армейскую зьнявагу й тупасьць, і восень якая цягнецца й цягнецца, і вясна чужая для цябе, і Каханая якая прыслала апошняя развітальная пісьмо, дзе просіць прабачэньня, і зараз магчыма сэксуе зь нейкім іншым, там, у вялікім Сусьвеце, дзе пануе чароўная Вясна. А побач зь табой зброя й ты можаш лёгка закрэсліць сваё пакутлівае жыцьцё ... Але ж мы гэта ўсё вытрымалі. Чаму вытрымалі? І як ? Вось гэта ня толькі цікава, але й важна, як і чаму перацярпелі, выжылі й вытрымалі.

Загінуць заўсёды лёгка й проста. Выжыць цяжэй. Але яшчэ цяжэй выжыць, навучыцца, прыстасавацца, знайсьці мэту, прыкласьці намаганьні й нарэшце дасягнуць посьпеху. Які доўгі шлях ! І на гэтай дарозе, як важна своечасова зразумець!

Нам усім неабходна цьвёрда ўсьвядоміць, што песымізм заўсёды прайграе. Песыміст ніколі не абдыме ні воднай прыгажуні, бо яшчэ не пачаўшы свайго дзейства, ён ужо ня верыць у яго посьпех. Быць песымістам павінна быць сорамна! Песыміст – значыць хворы, гультаяваты, нягеглы, непрафесійны, няўмека, нявыхаваны, дурнаваты ...

Слабых людзей шмат, маладых людзей, што марнуюць жыцьцё, таксама дастаткова, зірніце як яны п'юць піва, глушаць гарэлку, брыдкасловяць на кожным кроку. Памажыце расчыніць ім вочы, усьвядоміць сапраўдныя каштоўнасьці жыцьця. Яны марнуюць свой час не разумеючы, што ў гэты момант імкліва цячэ час іхняга ня проста жыцьця, а час іх чароўнага ''супержыцьця''.

Фрэйд некалі адзначыў існавання ў чалавека – Звышідэала. ЗвышІдэал існуе заўсёды ў маладосьці. У пажылы й стары перыяд жыцьця - ідэалы сыходзяць на нуль. Таму пажылыя людзі так любяць сваю маладосьць - таму што ў іх існавала адчуваньня Ідэальнага жыцьця. Гэты перыяд адчуваньня, прыкладна ад 15 да 27-34 год можна абазначыць, як ''Супержыцьцё''. Іншы раз маладыя людзі нудзяцца, таксама й у арміі, таму што яны несьвядома адчуваюць - час ''супержыцьця'' імкліва праходзіць. Тыя хто змарнаваў гэты чароўны перыяд могуць зьненавідзець увесь сусьвет і помсьціць сусьвету за свой крах ...

Якая вялікая прастора для пісьменікаў, творцаў, для таленавітых мастакоў-аналітыкаў дае ''Супержыцьцё'' маладых ..

... Мне здаецца, што сучасная проза павінна спалучаць акрамя ўсіх прысутных ёй якасьцяў, некаторыя іншыя маючыяся й раней, але зараз істотна ўзмоцненых : аналіз і прадбачаньне будучага, аналітычнасьць самога хода падзей. Показ, як падзеі зьвяно за зьвяном чапляюцца адно за другім і складаюцца ў ланцуг. Распрацоўка мноства варыянтаў жыцьцёвых шляхоў якія вядуць да посьпеху ў каханьні, у працы, у палітыцы, праз цяжкасьці, пераадоленьня, усьведамленьня .... Ствараць смак да жыцьця. Існуючая ў беларусаў памяркоўнасьць, талерантнасьць, добразычлівасьць, гумар павінны стаць мацнейшай дамінантай характара нашых герояў. У любой вострай сытуацыіі нашы героі дзякуючы гумару, аптымізму, памяркоўнасьці дасягаюць станоўчых вынікаў .

Жыцьцёвая ватэрлінія існуе, але не абазначана словамі. Нашыя таленавітыя празаікі ў асноўным вывучаюць жыцьцё ніжэй ватэрлініі. Зусім не вывучаюць пераход зьнізу ватэрлініі наверх і жыцьцё наверсе. Існаваньне наверсе, якое мог бы добра паказаць такі здольны, таленавіты, які, як мне здаецца, добра ведае што гэта такое - якаснае жыцьцё-, такі мастак як Адам Глёбус. А які можна напісаць раман ...

Людзі хочуць ведаць, што такое шчаслівае жыцьцё, хочуць шчасьця, імкнуцца да шчасьця ... і часта ня ведаюць, што гэта такое, бо ва ўласнай сьвядомасьцьці, у сваім уяўленьні жывуць ніжэй ватэрлініі, дзе змрочна, безсэнсоўна, нецікава, дзе адмоўныя пачуцці валадараць зь раніцы да ночы, дзе чуйныя й эмацыянальныя гінуць у першаю чаргу ...

 

г.Менск. 18 кастрычніка 2001 г. Артыкул друкаваўся ў "Нашай Ніве" у №46 12.11.2001 г.

 

Браць і карыстацца!

(водгук)

 

Справа не ў рашэннях, якія мы прымаем. Справа ў

сілах, якія намі рухаюць. Трэба ствараць гэтыя сілы,

тады прыйдуць і здзяйсьненні...

Антуан дэ Сент-Экзюперы

 

У ‘’Наша Ніве’’ ад 18.11.05 году шаноўны магістар У.Шатэрнік ізноў закрануў праблему на якой топчымся ўвесь апошні гістарычны час.

Трэба зазначыць, што нацыянальная сьвядомасьць заўсёды будуецца на мітах, якія ў сваю чаргу маюць пачатак ад падзей. Савецкі Саюз зьдзяйсьніў мноства гераічных падзей, але як толькі ідэалы, міты дзяржавы былі зруйнаваны, дзяржава разбурылася на вачах зьдзіўленага чалавецтва. Зараз нашы суседзі ўсе апошнія 14 год ліхаманкава ствараюць міты сваіх новых дзяржаў. Расея шукае новыя міты, і не заўсёды можа знайсьці. (Спроба збудаваць міт вакол Дзенікіна ці Калчака выклікае сьмех.) Летува цалкам узяла ўсю гістарычную спадчыну ВКЛ. Вільня ператварылася ў Вільнюс, Вітаўт у Вітаўтаса, Міцкевіч у Міцкявічуса, Міндоўг у Міндаўгаса, жмудзіны і аўкштайты ў літоўцаў. Мы ж усё яшчэ боўтаемся сярод трох дрэў несыстэмнага мысьленьня, наша гістарычная спадчына ‘’застаецца недаказанай’’, ‘’сумнеўным падаецца спроба’’ ...

Трэба браць і карыстацца! Расьце новае пакаленьне, яно аніякае, яно не аб’яднана, ня мае гонару за нацыю, дзяржаву, гісторыю! Як жа мы зьбіраемся выжываць?

Маладая студэнтка-сваячніца прысылае з Нью-Йорка пісьмо па электронай пошце. ‘’... u nas na internet limit vremeni I s moei skorostju nabora… Rabotaju na kuhne ofitsiatkoi … to est na zale podmetaem, vutiraem stolu, podaem edu – rabota legche chem v tot raz, podolshe tut mojno posidet, na rabote poboltat… Mnogo russkih, est dve beloruski, poljaki – ljidei voobsche mnogo I opjat taje problema, vse po grupkam po natsionalnostjam …

Mu poznakomilis v NY s russkim і uzbekom – takie klassnue parni, tak razbirajutsla v jisni… tu budesh smejatsja – opjat kakoi to uzbek, no ty s nim ne obschalas u nih takoj patriotism, znanie jizni, і otnoshenie k jenshine s uvasjeniem і opekoi starshego brata, і ne nеsut chush kak russkie…

Nashi devchenki opjat pered etimi patsanami Belarus obserali, nu ponimaesh derevnja – a ved ot etogo nujno izbovljatsjsa. Рoka … pishi.’’

Вось мы і прыехалі : ’’ ..у них такой патриотизм. Наши девчёнки опять перед этими пацанами Беларусь обсерали...’’.

Як жа яны зьбіраюцца выжываць? Мы сваю моладзь не навучылі любіць Радзіму! Можна падумаць, што ў Узбекістане, ці Казахстане гісторыя багацей нашай, мова прыгажэй і глыбей ангельскай і расейскай, а ўзровень жыцьця сярэдняэўрапейскі. Але вось яны патрыёты, а мы абсераем Айчыну?

Шаноўны магістар Шатэрнік піша ‘’Нацыянальная сьвядомасьць ня можа трымацца на мітах няхай сабе і прыемных.’’? Хачу запярэчыць паважанаму магістру, бо нацыянальная сьвядомасьць і трымаецца на прыемных для душы гістарычных мітах. Можна прывесьці процьму прыкладаў пра гістарычныя міты суседніх дзяржаў, што ствараюць гонар насельнікаў краін. Хаця паходжаньня гэтых мітаў гістарычна не заўсёды абгрунтавана....

Міты заўсёды павіны быць прыемныя, лашчыць сэрца і нараджаць гонар і патрыятызм. Сёньня, як я мяркую, мы павіны рухаца ад сялянскай сьвядомасьці Францішка Багушэвіча да шляхетнай ўзнёслай ідыялогіі Адама Міцкевіча і Уладзімера Караткевіча. Ліцьвіны – рыцары, адважныя і ўзнёслыя славяне з русымі валасамі і сінявокім позіркам, ветлівыя і шчырыя, талерантныя і адважныя, працавітыя і прафесійныя, разумныя і эўрапейскія.

Сучасны Менск – гэта бязлікі горад без сваёй гістарычнай адметнасьці. Праляцела процьма стагодзяў, ваяры Менскай харугвы, што паляглі на полі Грунвальдзкім, нічым не адзначаны сваімі нашчадкамі. Мы нічога ня ведаем пра іх. Мы ім здрадзілі! Яны першыя на дальніх подступах да нашай тэрыторыіі прыпынілі германскую экспансію.

А Кірыл Тураўскі, Францішак Скарына, Міндоўг, Вялікі Князь Вітаўт(Александр), канцлер ВКЛ Сапега – якія гістарычныя волаты! У нас нават героям тушэньня пажару на Чарнобальскай АЭС у Менску няма ні помніка, ні плошчы, ні праспекта.

Калі іх няма, то і нас няма, і ня будзе. А калі нас ня будзе – то і Вас ‘’товарышы’’, а цяперака ўжо ‘’господа’’ таксама не будзе. Не ўратуецеся сярод маргіналаў, агрэсіўных і драпежных адмарозкаў. Хоча, ці ня хоча ўладнае кола, а павінна рабіцца Элітай!

 

28.11.05г. Друкаваўся ў ‘’Нашай Ніве’’ У 2005 г.

 

Шляхі, якія мы выбіраем.

 

Быць – гэта значыць адбыцца. Цалкам.

Валянцін Акудовіч. ‘’Код адсутнасці.’’

 

Апошнім часам усё большую цікавасьць сталі выклікаць асобы, якіх я абазначыў для сябе як чацьвёрачнікі, прагматычныя людзі. Першы ровень сьвядомасьці, у якім людзі пачынаюць бачыць сусьвет рознакаляровым і шматварыянтным. Незнаёмы ці малавядомы для мяне стан усьведамленьня й паводзін, які, дарэчы, нячасты як ў жыцьці, так і ў літаратуры. І вось нечакана трапляе ў мае рукі зборнік апавяданьняў Адама Глёбуса “Браслаўская стыгмата”.

Шчасьлівы чалавек рэдка піша раманы, аповесьці, апавяданьні. Між шчасьлівым жыцьцём і літаратурай шчасьлівы чалавек выбірае жыцьцё. Таму ў літаратуры найлепшым чынам зьдзяйсьняюцца асобы, што шукаюць ідэальнага і таму недасяжнага стану гармоніі. Як кажа Адам Глёбус, – “гармонія тоіцца ў суадносінах паміж табою і навакольлем”. Найбольш моцнае ўяўленьне – уяўленьне чалавека, які марыць аб недасяжнай для яго мэце, аб страчаным каханьні, аб прамільгнуўшай маладосьці, нерэалізаваным супэржыцьці, згубленым таленце. І таму літаратура перапоўнена асобамі гераічнымі, пакутнікамі, апанаванымі журбой, самотай, людзьмі, якія ня спраўдзіліся ў нечым.

Неардынарнасьць Адама Глёбуса ў тым, што ён не імчыць пратоптаным шляхам за рускай, савецкай і сусьветнай літаратурай, усьлед за Рэмаркам, Тургеневым, Чэхавым, Шолахавым, Быкавым, што ўзвышаюць сваім талентам журбу, недасяжнасьць шчасьця, тугу, самоту, роспач.

Герой ягоных апавяданьняў дзеліцца з чытачом уласным досьведам, як ён карыстаецца сваім жыцьцёвым часам, як атрымоўвае асалоду ад сваіх пачуцьцяў, свайго аўтаномнага цела. Ён успрымае жыцьцёвае асяродзьдзе рознакаляровым. Ня так, як хто выхоўваўся й узрошчваўся пры разьвітым сацыялізьме, верыў і чакаў надыходу камунізму. Дзіўна, але нават сярод патрыётаў-дэмакратаў мноства людзей успрымаюць рэчаіснасьць у чорна-белым вымярэньні. Герой Адама Глёбуса не сьпяшаецца ў жыцьці, хоць жыве шчыльна, не марнуючы дарэмна час. Прынамсі, вялікія справы ён пакідае вялікім людзям: палітыку, войны, пасады, грызьню за кормнае месца, званьні, ляўрэацтва – навошта яму гэта, калі ён ўсьведамляе ўнікальнасьць і каштоўнасьць свайго быцця. Ён атрымоўвае асалоду ад карыстаньня ўласным жыцьцём!!

Вельмі прагматычна й пяшчотна ставіцца герой аповедаў да жанчын. Ён з асалодай і імпэтам карыстаецца жанчынамі й захоўвае пра іх самыя найлепшыя ўспаміны. У аповедзе "Тутэйшыя габраі" Адам Глёбус кажа: “Я згадваю і габрайскіх жанчын – такіх, як Голда Роберман. Успамінаю, як я ляжаў у ложку з голай Голдай. Выпадкова сустрэўшыся у Маскве, схадзілі ў кавярню і залюбіліся пасярод дня.

“Дай слова, што нікому не раскажаш”, – прашаптала Голда.

“Пра тое, што мы любіліся?”

“Не”.

“Даю!”

“Я цяпер ня Голда Лейбаўна, а Галіна Львоўна. І прозьвішча ў мяне Старчанкова, а ня Роберман".

“Замуж выйшла?”

“Не. Проста Масква ня Менск, тут лепш назвацца Старчанковай”.

Наступная сустрэча з Голдай адбылася празь некалькі гадоў, яна выйшла замуж, нарадзіла дзіцё й узяла мужава прозьвішча, а якое не скажу. Адно, што, зноў рускае”.

Абсалютна свабоднае паўнавартаснае стаўленьне да жыцьцёвых сытуацый, аніякіх комплексаў, нацыянальнай дыскрэдытацыі. Адам Глёбус першы Беларус, які пазбавіўся комплексу непаўнавартасьці й другаснасьці. Ён нічога нікому не даказвае, нікога не пераконвае. Ягоная існасьць, ягоны імідж створаны ўласнымі рукамі, розумам, густам, талентам, выхаваньнем. Ён прымусіў асяродзьдзе заўважыць сваё існаваньне й прыцягвае да сябе ўвагу ўжо толькі маўклівай, уважлівай, дапытлівай і пільнай усьмешкай мастака. Ён любіць сябе й не баіцца пра гэта абвесьціць! У апавяданьні "Латвійскі дэтэктыў" ён так і кажа: "Акрамя свайго парасона, я люблю свае кнігі, свой Менск пад бел-чырвона-белым сьцягам, сваю котку і, самае галоўнае, – люблю сябе. І не зьбіраюся гэтага хаваць: хто ня любіць сябе, той наагул ня здольны нікога палюбіць".

На пытаньне “Што рабіць?” ён ужо даўно знайшоў адказ: жыць, жыць з асалодай, з натхненьнем, з радасьцю, адчуваць сябе шчасьлівым ад свайго існаваньня. Не пакутваць ад таго, што нехта жыве латвей, багацей, мае больш грошай, здароў’я, прыгажосьці, шчасьця, розуму, таленту... Герой аповедаў не дамагаецца ад іншых, каб і яны рабіліся шчасьлівымі. Хочаш быць шчасьлівым – будзь, ня хочаш – ну й ня трэба, – ён кожнаму пакідае ягоную свабоду.

Але герой апавяданьняў не заўсёды такі. Вось у апавяданьні “Аўтапартрэт з разьбітым носам” ён прызнаецца: “...калі ў страўнік залілося трыста грамаў гарэлкі.... У адно імгненьне з добрага, сьціплага, разумнага ператвараюся, пераўвасабляюся ў жорсткага, злоснага, разьюшанага бандзюгу. З разяўленага рота ліецца лаянка, сыплецца брэх, а кулакі крышаць усялякія перашкоды. Чорт ведае што творыцца. Жах!"

Між тым ён жыве ў асяродзьдзі звычайным, такім самым, як і мы з вамі. Вось адзін былы аднаклясьнік сядзіць у турме, вось і другі таксама ў турме... "А што да зэкаў, іх у нашай клясе было шэсьць..." Некаторыя ягоныя таварышы па вучобе наагул загінулі. " Забілі нашага Панасюгу... Ён другім з нашае клясы на той сьвет адышоў..." Частка сьпіваецца. Сьпіваюцца здольныя, магчыма таленавітыя мастакі… Усё тое ж самае, што вакол нас з вамі, тыя самыя героі, студэнты, як у тэкстах Пятра Васючэнкі, Юр’я Станкевіча.

Чаму яны сьпіваюцца? Адзін за другім ягоныя знаёмыя зь нейкай апантанай сілай жлукцяць дзень за днём сьпіртовыя напоі й ламаюць і нішчаць свае жыцьці. Чаму? Герой апавяданьняў Адама Глёбуса не адказвае нам на гэтыя пытаньні ў тым сэнсе, што пісьменьнік ня лезе ўнутр духоўных вантробаў гэтых бедакоў. Яго гэта ня вельмі цікавіць. Кожны мае сваю свабоду выбару, сам выбірае жыцьцёвы шлях, і сам некалі будзе несьці адказнасьць перад панам Богам. Ён так і кажа ў апавяданьні “Брудны посуд” – “З пэўных часоў не дапамагаю чужым людзям. Спрабаваў, спадзяваўся, ратаваў. Чым скончылася? А нічым. Пераканаўся: калі чалавеку выпаў лёс утапіцца, ён не задушыцца”.

Герой апавяданьняў можа спачуваць, што недзе ідуць войны, гінуць людзі, але пасыпаць галаву попелам і нема енчыць ад гэтага ён ня будзе. Славутая беларуская памяркоўнасьць нарэшце ўвасобілася ў героі – як тактоўнасьць, густ, пачуцьцё меры, і тое, што мы называем эўрапейскасьцю. Ягоныя героі – першыя тутэйшыя сапраўдныя эўрапейцы. Сапраўдныя, бо акрамя таго існуюць і несапраўдныя, псэўдаэўрапейцы, эўрапейцы другога гатунку.

Другаснасьць – галоўная хіба людзей другога гатунку. Іншым разам яны маюць густ, розум, адукацыю, выхаваньне, грошы, размаўляюць на замежных мовах. Зь іхных вуснаў цячэ найвышэйшай якасьці "руская речь", яны іншы раз больш рускія, чым масквічы, тулякі, гаркаўчане ці разанцы. Іншы раз разумееш, што й ангельская мова ў іх больш дасканалая, чым у саміх брытанцаў ці амэрыканцаў. І пры тым усім – яны людзі другога гатунку. “Псэўда” ва ўсім падобны на эўрапейцаў і іх блытаюць з сапраўднымі эўрапейцамі. Нават гарэлку яны п'юць чарачкамі, а лепш любяць каву.

Толькі адна хіба выдае іх з галавой. Яны блытаюцца пры адказе на пытаньне: адкуль вы родам? Дзе вашая Бацькаўшчына? Гісторыя? Мова? І зразу другаснасьць псэўдаэўрапейцаў, іхная непаўнавартасная самасьвядомасьць усплывае на паверхню. “Псэўда” заўсёды хочуць да некага далучацца, бо няўтульна адчуваюць сябе асобна! Яны не самаідэнтыфікавалі ўласнае “Я” на зямных абшарах. Уласная аўтаномія ім патрэбна толькі каб адмежавацца ад бедных, слабых, непрыстасаваных, а больш правільна было б сказаць – ад “кінутых”. А з сваім народам ім неяк няўпэўнена, бо каб быць элітай неабходна трымаць адказнасьць за народ, краіну і дзяржаву. Яны хочуць заўсёды некага ўпэўненага, каб скінуць на гэтых ‘’упэўненых’’ адказнасьць... Каб не мець адказнасьці яны гатовыя ўвесь час падпарадкоўвацца чужому, нават замежнаму ўплыву. Нават змагацца не за свае дзяржаўныя, а за чужыя інтарэсы. І яны заўсёды на плыву, ніколі не патанаюць у гістарычным часе…

Але вернемся да герояў апавяданьняў Адама Глёбуса, першых, правільней сказаць, першага тутэйшага сапраўднага эўрапейца. Вось ён так памяркоўна перацякае з тэкста ў тэкст, робіць, рухаецца, размаўляе, дзейнічае, думае, адным словам жыве.

У героя апавяданьня ўкралі парасон. Апавяданьня "Латвійскі дэтэктыў". На гэтым самым месцы адны з нас утварылі б скандал у кавярні, большасьць, апусьціўшы галовы, самотна паклыпалі б у дом адпачынку, клянучы ў душы тутэйшых лабусаў. Усе далейшыя дзеяньні героя – гэта дзейства цывілізаванага чалавека. Але й спачатку тэксту – калі герой гаворыць, што ён любіць добрую каву, кілішак добрага каньячку: "Я не палітык, які зь дзьвюх непрыемнасьцяў выбірае найменшую, я пазьбягаю непрыемнасьцяў, і калі ў кавярні патыхае смажаным падгарэлым тлушчам або прадаюць гарэлку замест бальзаму й каньяку, сыходжу адразу, нават не спыняюся каля стойкі". Гэта ўжо пачуцьці, звычкі, рэфлексы й дзеяньні цывілізаванага чалавека, які ня будзе жлукціць чарніла з гарла за вуглом той самай кавярні зь першым сустрэчным мінаком.

Дробязь? Экалагічнае бескультур’е ўзьнікае на грунце бескультур’я гістарычнага, моўнага, ад адсутнасьці павагі да саміх сябе, да сваёй краіны, да ўлады … Зірніце на нашыя прыгарадныя лясы, паркі, яны засьмечаныя паперкамі, пакетамі, плястмасавымі бутэлькамі, сьмецьцем, дзе пад вечар п'юць ужо ня толькі мужыкі, як было гадоў дваццаць назад, а слабы пол: ад 15-гадовых дзяўчынак да сталых кабет. Другі наш пісьменьнік, Юры Станкевіч, выдатна акрэсьліў існаваньне людзей другога гатунку, што жывуць у чорна-белым з – м асяродзьдзі. Калі Юры Станкевіч ці Ігар Сідарук разглядаюць жыцьцё “кінутых” знутры або вельмі зблізку й гэта жыцьцё выглядае пачварна й жудасна, дык Глёбус пазірае на досыць бясьпечнай адлегласьці, і сьмерць, п'янкі й безвыніковае існаваньне людзей выглядае звыкла, нястрашна й рэалістычна.

У ягонай прозе адсутнічае сындром пакуты. Шмат людзей пакутуе адтаго, што больш нічога ня ўмее. Ягоны герой аўтаномны, асьцерагаецца й пазьбягае чужога ўплыву, мае вонкавую ахоўна-абарончую абалонку й у жыцьці нікога не пускае ў сваё нутраное духоўна-разумовае асяродзьдзе.

Магчыма, ён звычайны сангвінік, выхаваны й адукаваны сангвінік – гэты герой апавяданьняў Адама Глёбуса. Але акрамя таго, што ён сангвінік, ён яшчэ й сьвядомы прагматычны беларус, які пазбавіўся ад непаўнавартасных халуйскіх звычак homa sovietikus'a. Збавіўшыся, правільней сказаць: шчасьліва разьмінуўшыся з халуйскай жыцьцёвай самасьвядомасьцю, самаідэнтыфікаваўшы ўласнае "Я", герой тэкстаў узамен амаль аўтаматычна набыў самапавагу й упэўненасьць асобы. "Крок у мяне цяжкі, самаўпэўнены, міліцыянцкі. Калі іду, дык здалёк відаць, што дарогі не саступлю."

Як кожны беларус, герой апавяданьняў верыць у фатальнасьць лёсу, яшчэ не ўсьвядоміўшы, што непазьбежнасьць лёсу – гэта шлях, які выбірае чалавек, а шлях потым вядзе /вязе, цягне, валачэ/ чалавека да непазьбежнага заканчэньня, незалежна ад таго, тутэйшы ён ці эўрапеец.

 

27.03.2002 г. g. Mensk. Друкаваўся ў часопісе ‘’Гоман’’ №4 2007 г.

 

Лепшы ў жыцці час

(папярэджанне Юры Станкевіча)

 

‘’Калі Літва была заваёвана Расіяй, мы таксама спазналі глабалізацыю, толькі ў межах Расіі, а менавіта былі ператвораны ў занядбаны сялянскі край.’’

Павел Біч1

 

 

1 Павал Біч – кандыдат тэхнічных навук, незалежны менскі аналітык, публіцыст, аўтар артыкулаў у ‘’Народнай волі’’.

I

 

Крытыка — справа патрэбная для грамадства, і яшчэ ў большай ступені для пісьменніка, але цяжкая і няўдзячная для аўтара тэкста. Між тым позірк збоку, шчырага і надзеленага некаторым жыццёвым дасьведам чалавека, можа ў нечым памагчы пісьменніку. Сёння нявырашаных жыццёвых супярэчнасцяў існуе мноства, і на жаль гэтыя праблемы не заўсёды знаходзяць сваё адлюстраванне ў літаратуры.

Наша моладзь вымушана карыстацца чужымі і часьцяком варожымі для нас жыццёвымі гледзішчамі і распрацоўкамі. Нават старэйшае пакаленне ідэйна разгублена. Для пісьменнікаў вельмі шмат інтэлектуальна-разумовай працы. Для крытыкаў і аналітыкаў таксама. Між тым гэтай працы яўны дэфіцыт. Жукоўскаму1 не ўдалося ні разбудзіць, ні ўзлаваць нашых ''Белінскіх''. Патрэба ў прафесіянальных крытыках, шчырых, таленавітых, што добра ведаюць жыццё і літаратуру, вялізарная.

Сёньня жыццё вельмі хутка імчыць наперад... Яно само больш вострасюжэтнае, чым яго літаратурнае адлюстраванне. Між тым рэалістычны выхад з жыцёвых тупікоў - ёсьць альфа і амега цяперашняга часу і сучаснай літаратуры.

Трэба адзначыць, што наша савецкая інтэлектуальная эліта пацярпела на нашых вачах магутны Крах.... Вызвалілася месца для беларускай інтэлектуальнай эліты.

... Цяпер усё можна!? Ці можа быць шчаслівай прастытутка? Шчасьце гея - ці існуе яно? Ці атрымлівае кілер асалоду ад сваёй працы? Украдзеная дзяржаўная маёмасьць - ці з'яўляецца яна зладзействам, у адрозьнені ад крадзяжу прыватнай маёмасьці ? Мэта жыцця чалавецтва : максімальнае матэрыяльнае спажываньне ці навукова—інтэлектуальны прагрэс? Продаж зброі цывілізаванымі краінамі — ці не парушэнне асноўнай запаведзі Бога - Не забі?! Пабудова прыватнага новага грамадства, дзе парушаны асноўныя хрысьціянскія законы — ці не адчыняе яно шлях да прорвы ? Быць хрысьціянінам, мусульманінам, будыстам - ці не значыць гэта выконваць пажаданні пана Бога ? Самазабойства чалавека - ці не зьнявага гэта Бога?

Частка нашай інтэлектуальнай эліты працягвае задаваць неканструктыўныя пытанні, якія, як паказала гісторыя, ня маюць адказаў : ''Что делать ?'' і ''Кто віноват?'' Ці не сьведчанне гэта іхняй разумовай нягегласьці ? Станоўчыя вынікі, па маім меркаванні, можа прынесьці толькі пытанне ''Чаго мы хочам ?''...

 

1 Даніла Жукоўскі – крытык, сталы аўтар ‘’Нашай Нівы’’ і ‘’Архэ’’, аўтар вядомага артыкула ў пачатку стагодзя ‘’На хайвэі постмадэрнізма’’.

II

 

Герой аповядання Юры Станкевіча ''Ізумрудна-зялёныя мухі'' ня любіць свой с - ы правінцыйны горад, не любіць с - ю армію, не любіць с - ю перабудову, не любіць с - я песьні, не любіць с - ю сталіцу.

Адкуль узялася гэта нелюбоў, што ня толькі маладыя, але і сталаго веку людзі не любяць тое месца, дзе ўзьнікла і праходзіць іхняе жыццё?

Яны не любяць, таму што іх тут таксама ніхто не любіць, нават самых здольных, нават таленавітых не любяць, не заўважаюць, не зьвяртаюць увагі і, значыць, не падтрымліваюць, не аберагаюць, не дапамагаюць.

Герой апавядання ўсё гэта не любіць, бо гэты родны горад і само ягонае жыццё не дае яму аніякай магчымасьці вызначыцца, дасягнцуць так патрэбнага кожнаму юнаку посьпеху.

Посьпех і радасьць узаемазьвязаны. Няма посьпеху, станоўчых вынікаў і - значыць не будзе шчасьця. Што гэта за с - е жыццё, якое не прыносіць вынікаў, калі радасьць на кароткі час дасягаецца толькі праз ужывання спіртовых напояў?

Маладому чалавеку спачатку магутна пашчасціла. Рэдкая ўдача спаткалася на ягоным шляху. Ён сустрэў каханую. Каханне да жанчыны можа памяняць ужо зацьверджаны жыццёвы шлях, накірунак хады, нават зьмяніць лёс.

Каханне, як шмат яно патрабуе ведаў, культуры, шчырасьці, настойлівасьці, густу, упэўненасьці, аптымістычнага сьветапогляду і здароў’я… Каханне - гэта прамая дарога да Бога. Праз любоў да жанчыны мужчына пачынае Любіць Сонца, Неба, Лес, Траву, Жыццё і нават самае складанае - Любіць Людзей.

Ці можна ўсяму гэтаму навучыцца ў маленькім правінцыйным гарадку? Местачковаму маладому чалавеку ад нараджэння ўжо вызначана роля другараднай асобы, якому ў лепшым выпадку прыдзецца абслугоўваць патрэбы больш высокага слою наезджых людзей. І таму большасьць тутэйшых, зразумеўшы, што яны па свайму статусу людзі другога і трэцяга гатунку, што ім у жыцці вызначаны шлях абслугі і пьянства, спачатку несьвядома не любяць тых, хто дамініуе ў сучаснасьці. Гэтая нелюбоў распаўсюджваецца і на ўсё астатняе: горад, армію, песьні, сталіцу, перабудову ... Страчана Вера ў тое, што гэта самае значнае месца на зямлі, бо тут нарадзіўся Ты. Што тут самая прыгожая і велічная рака, самыя чароўныя дзяўчаты, самыя таленавітыя сьпевакі мясцовага ДК, а тутэйшыя футбалісты адны з найлепшых на планеце ... Вера знішчана. Веру разбурылі наезджыя людзі, бо наезджыя вайскоўцы былі лепшымі, ім аддавалі сваё каханне мясцовыя прыгажуні .

Потым некаторыя з маладзёнаў пойдуць далей і замест любові пачнуць карыстацца нянавісьцю …

Юры Станкевіч адчуў гэтую плынь і ў сваіх творах аналізуе гэты рух. Духоўная жыццёвая тэрыторыя страчана даўно, і віны героя ў тым няма, што яна, гэтая тэрыторыя, каланізавана. Наадварот, герой апавядання вырваўся з малога кола штодзёнасьці, дзе гінуць ягоныя маладыя сучасьнікі ў п'янцы і неразуменні. Мацнейшыя зьязджаюць на ''большую землю''. У героя яшчэ жыве надзея, ён спадзяецца шляхам індывідуальнага змагання збудаваць сваё шчасьце. Калі вакол шмат няспраўджанага, неверагодна цяжка збудаваць сваё асобнае шчасьце. Адзін падман нараджае другі, утвараецца ланцуг ашуканства, ствараецца грамадства, народ, эпоха, жыцці, збудаваные на махлярстве, двайных стандартах.

Кожны чалавек нараджаецца чыстым лістом паперы з чыстымі файламі і атрымлівае ад Бога генетычнае пачуццё любові, справядлівасьці, чысьціні, праўды, прыгожасьці. Чужыя людзі, што каланізавалі краіну - гэта больш старая гэнерацыя віруса, дзе двайныя стандарты імперска-каланіяльнага характару існавання настолька ўмацаваліся, што не выклікаюць унутранага пярэчання іхніх носьбітаў. Для іх гэткі стыль жыцця —генетычна замацаваная норма, бо яны дамінуюць і карыстаюцца больш якасным жыццём, эксплуатуючы тутэйшых. Для абарыгенаў, якія не перайшлі мяжу натуральных стасункаў, захавалі несьвядомую прыгажосьць душы і неасэнсаваную любоў да Бога, чужы стыль існавання зьнішчальны.

Малады мужчына, герой апавядання ''Ізумрудна-зяленыя мухі'' падсьвядома адчувае патрэбу абароны сябе, свайго ''Я'', і ён купляее рэвальвер. Гэта быў ''Радом'', адзін з варыянтаў бельгійскага нагана, сямізарадны рэвальвер калібра 7,62 з барабанам, мадэль вытворчасьці 1895 года.

Такім чынам, герой апавядання, не знайшоўшы нейкіх іншых сродкаў барацьбы, зьвяртаецца да самага надзейнага і ўжо выпрабаванага чалавецтвам. Ён вырашае ісьці самым рашучым шляхам абароны свайго''Я'' з дапамогай зброі.

Якія варыянты жыцядзейнасьці існавалі ў героя апавядання да тога моманту, як ён пачаў страляць? Ён мог — пасьля таго як яго абрабавалі — пачаць спачатку, гэтак робяць у цывілізаваных краінах сучасныя, валявыя, разумныя мужчыны.

Але герой апавядання ўзрос у чорна-белым асяродзі, запас трываласьці гэтых людзей абмежаваны. Яны хутка стамляюцца, кідаюцца ў адчай, які альбо нішчыць іх, альбо нараджае нянавісьць, жаданне помсты.

Людзі чорна-белага стану сьвядомасьці ня толькі не бачаць выйсьця ў складаных жыцёвых абставінах, яны ня маюць гэтага выйсьця! Іхні ўзровень падрыхтоўкі, адукацыі, прафесіяналізму ў большасьці не дазваляе ўзьняцца на сучасны ўзровень самасьвядомасьці і адшукаць свой індывідульны напрамак. Жыццёвая тэрыторыя не дае магчымасьці прымяніць нават тыя маладыя сілы і энэргію, што ў іх ёсьць. Не дазваляе зарабіць неабходныя сродкі, каб асталяваць свой жыццёвы кут.

Малады мужчына паспрабаваў вырвацца з кута, з кола аблогі. Сьвінячае жыццё яму непатрэбна. Ён адмовіўся ад Каханай , бо не мог прапанаваць ёй той мінімальны ўзровень матэрыяльнага дабрабыту, які захаваў бы іхняе каханне, ягоную самапавагу да сябе як да мужчыны, і павагу каханай. Адмова ад каханай – гэта адмова ад шчасця! Але калі няма надзеі на шчасце – то што тады ўзамен?

У апавяданні '' Ізумрудна-зялёныя мухі'' герой ужо разумее плынь жыцця, шукае выйсьця і ня можа яго адшукаць. З юнацтва ён усьведамляе, што ў жыцці яму ўгатавана другасная роля няпоўнавартаснага існавання. Сапраўднае жыццё віруе ў іншым месцы. ''Урэшце, усё з таго і пачалося, што ў іх с...м райцэнтры было мала дзевак. Іх проста не хапала на ўсіх, бо побач было два ці тры гарадкі-спадарожнікі з вайскоўцамі. Штогод, штомесяц, штодня мангалоідныя лэйтэнанты і капітаны бралі з гарадка даніну - дзевак у жонкі, звозілі іх за сьвет ці заставаліся ў сваіх гарадках-спадарожніках''.

Герой працуе, зарабляе грошы, мае мэту жыцця, уяўляе сямейнае шчасьця. Але зладзеі,

украўшы заробленыя грошы, тым самым крадуць '' у яго лепшы ў жыцці час, надзею, спадзяванні, пачуццё годнасьці.'' І тады наўзамен шчасліваму, першаму варыянту жыцця, у героя пачынае нараджацца іншы варыянт, раней узгадаваная ў юнацтве нелюбоў да с......ай рэчаіснасьці ператвараецца ў нянавісьць, якая патрабуя помсты. Сэнсам жыцця робіцца помста.

У кожнага самца: тыгра, ільва, ваўка, ліса, мужчыны павінна быць свая жыццёвая тэрыторыя, дзе ён з'яўляецца гаспадаром. Дзе гаспадаром з'яўляецца ягоны род. Гэтую сваю жыццёвую тэрыторыю кожны гаспадар любіць. Калі не любіць - значыць не гаспадар. Не

маючы альбо страціўшы гэтую тэрыторыю самец вымушаны загінуць. Сёння мужчына гіне праз п'янства, бадзяжніцтва, страту сэнсу жыцця…

Чым здольны, таленавіты, а самае галоўнае шчыры пісьменнік адрозніваецца ад усіх астатніх адукаваных і не вельмі адукаваных грамадзян? Тым, што ён бярэ з жыцця тыя ці іншыя рэаліі і прасуе іх, узмацняе, канцэнтруе.

У сваіх творах Юры Станкевіч не шукае выйсьця для сваіх герояў, ён проста паказвае іхнюю жыцёвую дарогу. Дарогу часта страшную, але реальную, праўдзівую, іншы раз гэта жыццёвыя шляхі ўяўлення, другі ці трэці варыянт рэчаіснасьці, тое, што прысутнічае ў рэчаіснасьці як бы ў цяньку і покуль не выходзіць на першае месца, але можа ўзмацніцца ў любы момант, калі першы варыянт жыцця па той ці іншай прычыне не спраўдзіўся.

У апавяданні ''Паленпак'' пісьменік паказвае маладога салдата-студэнта Сяргея Каляду, які не знайшоў жыццёвыя арыентыры, заблудзіўся ў нескладанай рэчаіснасьці і зрабіў кепскі, непапраўны жыццёвы ход. Такіх хлопцаў можна ўбачыць вялікае мноства, і самае галоўнае такіх разгубленых і інфантыльных у нашым грамадстве з гадамі ня меншае. Ня так шмат можна ўбачыць разумных, дасьведчаных і сыстэмных. Піва, гарэлка, сучасная музыка, масавая культура, тэлебачанне пасьпяхова заціраюць жыцёвыя арыентыры ня толькі маладых, але і сталых грамадзян. Можна сказаць, што чужая матрыца штодзёнага ўкладу жыцця штампуе і штампуе гэткіх людзей пакаленне за пакаленнем.

Герой ''Паленпака'' не навучаны сыстэмна будаваць сваё жыццё. Першую жанчыну ў сваім жыцці ён кахае, але акрамя свайго пачуцця яму няма чаго прапанаваць Паліне. Таму яны і плачуць да сёнішняй пары, гэтыя дзяўчаткі, узіраючыся на дарослых мужчын-дзяцей, якія не навучаны здабываць для каханай жыцёвага дабрабыту, быць надзейным абаронцам для прыгажуні.

Тэма абароны прыгожай жонкі наогул нераспрацавана ў нашай літаратуры, і ня толькі нашай. Між тым тэма надзвычай цікавая і значная, часцяком нашы хлопцы пабойваюца жаніцца з красунямі, не ведаючы як будаваць з імі сваё сямейнае жыццё. Пакруціўшыся ў жыцці, прыгажуні вымушаны выходзіць замуж за сталых кандыдатаў навук, арабаў, мурынаў, габрэяў, немцаў і нарвежцаў. Нашым хлопцам застаецца смактаць гарэлку і жаліцца на сваё пакутлівае і нешчаслівае жыццё.

 

Сваімі апавяданьнямі Юры Станкевіч загрунтаваў мастацкае палатно для самага важкага і моцнага свайго твора — '' Любіць ноч - права пацукоў''. Раман пра другі ці трэці варыянт будучыні, фрагменты якой у рэчаіснасьці ўжо бачны сёння.

Ёсьць такое расхожая меркавання, якое часьцяком цытуецца ў прэсе: ''Гісторыя вучыць, што яна нічому не вучыць. ''

У гэтым меркаванні ёсьць праўда і ёсьць свая няпраўда. Праўда ў тым, што сапраўды часцяком гістарычныя хібы, памылкі ў гісторыі паўтараюцца. Няпраўда ж заключаецца ў тым, што на самой справе - гэтыя памылкі робіць новая маладзейшая генерацыя людзей, якая па той ці іншай прычыне не ўзбагаціла сваю сьвядомасьць досьведам продкаў.

Падзеі ў Карабаху, Косава, Чачні ўзьніклі не адразу, не раптам, спачатку там таксама адбываліся мікрапрацэссы, якія былі бачны ўсім, таксама і ўладзе, але ўсе спадзяваліся, што

неяк абыйдзеца, пранясе, яны ж людзі, не расісты, веруюць у Бога, адукаваныя, цывілізавныя грамадзяне. Не пранясло! Скончылася вялікай крывёй .... Забыліся, што кожны мужчына павінен мець сваю жыцёвую тэрыторыю, дзе ён гаспадар!

Амерыканскі філосаф Эрых Фромм адзначыў, што катэгорыя людзей, якія па той ці іншай прычыне не могуць дзейнічаць плённа, дамінаваць у сваім асяроддзі, вымушаны займацца кампенсатарным гвалтам у якасьці замены прадуктыўнай дзейнасьці. ''Чалавек,

які не можа ствараць, хоча разбураць.''

Пісьменнік Юры Станкевіч узяў нават не мікраскоп, а звычайнае павелічальнае шкло, і пайшоў па задворках нашага жыцця і пачаў разглядаць тыя хібы, балячкі, гнайнікі, кантэйнеры з сьмеццем, тых людзей, што жывуць ніжэй жыццёвага плінтуса, і пачаў пісаць аб усім, што ўбачыў. Яго раман - адзін з варыянтаў будучыні.

''Любіць ноч - права пацукоў'' - самы актуальны твор Юры Станкевіча, ён мастацкімі сродкамі ўзьнімае існуючыя праблемы ў краіне на вышэйшым ўзроўні трывогі. Ён прымушае нас расплюшчыць вочы, зірнуць далей свайго носа, далей праспэкта Скарыны ў Менску. Што пакінем сваім дзецям і ўнукам? Якую краіну? І чыю краіну? Калі мы не збудуем, не сканструіруем яе для нашых нашчадкаў, то хто зробіць гэта за нас ?

Другі ці трэці варыянт сучаснасьці гэта ня выдумка, не перабольшванне, а жорсткая рэальнасьць. Раман ''Любіць ноч - права пацукоў'' адлюстроўвае тыя фрагменты жыцця, якія існуюць ужо сёньня, і самае галоўнае, паказвае будучыя магчымыя вынікі нашага ўчарашняга выбару .......

Раман складаны, напісаны няпроста, з моцнай энэргетыкай, і яшчэ чакае свайго вельмі прафесійнага даследчыка. Фактычна падзеі рамана цякуць ужо незалежна ад людзей і грамадства, якое некалі памылілася і зрабіла кепскі выбар. Большасьць ужо ня мае магчымасьці нешта зьмяніць у плыні дробных падзей штодзённай рэчаіснасьці, што струменяць адно за другім і дзе няма магчымасьці паставіць кропку, прыпыніцца, азірнуцца, асэнсаваць, памяняць накірунак падзей...

Рэчаіснасьць, намаляваная ў рамане - гэта жыцёвы рэгрэс, вяртанне на 50 ці 100 год назад. Краіна ня мае будычыні, яна акупавана прыхаднямі, жорсткімі і разбуральнымі. Мясцовая ўлада выконывае ролю каланіяльнай адміністрацыі, для якой тутэйшае насельніцтва з'яўляецца не сваім.

Магчыма, самы разбуральны момант высвечаны ў рамане - адсутнасьць еднасьці ў насельніцтва: няма мэты існавання, адсутнічае іерархія, няма лідэраў, нават звычайных важакоў, тутэйшых аўтарытэтаў, нават тутэйшых '' злодзяў у законе'', таму прыхадні адчуваюць поўную свабоду дзеяння.

Вось важак прыхадняў у рамане кажа : ''... ужо хутка чвэрць гэтага горада наша, і зямля стала нашай , і яны экспансуюць сталіцу, туды ўжо і грошы адпраўлены - на подкуп, на хабар , і зямля там для іх гатовая , а вашых людзей, - даводзіў ён, - купіць вельмі лёгка , ды ты і сам бачыш , хоць ты і вар'ят, хто праз дзесяць гадоў будзе тут пры ўладзе, хто будзе сапраўдны гаспадар, вы ж бездапаможныя , хцівыя і раз'яднаныя , і калі нават ты пра мае гэтыя словы будзеш з раніцы да вечара штодня на плошчы крычаць - усё роўна табе ніхто не паверыць і нікога ты не пераканаеш-....''

Такім чынам у будучым тэрыторыя можа ператварыцца ў заселеную прыхаднямі гарады і ў зарослыя хмызняком і падлескам правінцыйныя абшары, праз якія будуць цягнуцца тры-пяць-дзесяць транспартных магістраляў, якія кантралююць узмоцненыя вайскова-паліцэйскія наземныя і паветраныя патрулі.

 

III

 

Раней грамадства натуральным чынам нараджала і прадукавала пакаленні, якія ўсьведамлялі мяжу паміж дабром і злом. Абсалютная большасьць маладых людзей выдатна ведала, што такое ‘’дабро’’. Сёння межы ‘’дабра-зла’’ сьцёрты. Вырастае ў масавай колькасьці новае пакаленне, якое зло лічыць дабром. Як нараджаецца гэтая сьвядомасьць зла, Юры Станкевіч паказвае ў апавяданнях ''Усе дзеці любяць бананы'' і '' Коткі ў бібліятэцы'', што надрукованы ў часопісе ‘'Крыніца'' № 9 за 2001 год.

Пераказваць гэтыя навэлы няма сэнсу, лепш разгледзім унутраныя матывы гэтых твораў.

У некаторых слаях нашага постсавецкага грамадства страчана мэта існавання, пачуццё

любові да жыцця, да сям’і, жанчыны, дзяцей. На глебе, дзе няма любові, пачынае густа ўзрастаць пачуцёвае пустазелле, новы слой пакаленння, у якога любоў замяняецца сэксам, радасьць нараджаецца ад спажывання сьпіртовых напояў і наркотыкаў, дзеці для гэтых людзей ператвараюцца ў ''юродаў''.

Каханне дорыць чалавеку радасьць. Любоў да Радзімы выклікае радасьць пры перамозе нацыянальнай спартовай каманды, любоў да жанчыны стварае радасьць ад існавання дзяцей і ўнукаў, разам любоў і радасьць твораць шчасьце.

А калі няма любові — пытаецца Юры Станкевіч у нас? Што тады прыносіць радасьць? Злую радасьць прыносіць зьдзек над жывой істотай: спачатку над коткамі, сабачкамі, потым дзецьмі, потым на зьмену зьдзеку прыходзіць забойства, якое патрабуе новых забойстваў, гвалту, нараджае варожасьць паміж слаямі, групоўкамі, класамі грамадства. Бедны ненавідзіць багатага, багаты ня любіць бедных, тутэйшыя варожа ўспрымаюць прыхадняў. Еднасьць грамадства разбураецца, утвараецца пачуццё безабароннасьці, а потым і абыякавасьці нават да ўласнага лёсу.

Чалавек заўсёды баіцца страціць тое, што любіць, а калі ён нічога не любіць, то няма чаго і баяцца. Тады і асабістае жыццё - толькі прага незвычайных, пачварных, гострых пачуцяў і ня мае вялікай каштоўнасьці.

Сёньня сучасны маладзён лёгка адчувае сябе Іванам, заўтра Джонам, паслязаўтра Саідам, губляе пачуццё адказнасьці за лёс краіны, за лёс чалавецтва і нават за свой асабісты лёс ... Мы, такія сьвядомыя і сучасныя, баімся прызнацца, што на нашых вачах адбылася рэвалюцыя сьвядомасьці, і Юры Станкевіч папярэджвае наша грамадства, што рэвалюцыя працягваецца, што трэба быць гатовым да новай грамадскай сытуацыі, імкнуца мінімізаваць яе наступствы ўжо сёньня. Кожны дзень і кожны год наша цяперашняя рэчаіснасьць нараджае будучых рэвалюцыянераў, бязлітасных і жорсткіх.

Усваіх творах Юры Станкевіч выступае як мастак, а не як палітык ці дзяржаўны дзеяч. Ён аналізуе негатыўныя моманты нашага жыцця, зьвяртае ўвагу грамадства на нашу бяздзейнасьць — як улада, грамадства, дзяржава, і ўсе мы робімся закладнікамі гэтай бяздзейнасьці.

Крытык Павал Абрамовіч у сваім артыкуле ''Проза для няўдачнікаў '' у часопісе ''Arche'' Скарына № 4 за 2001 год піша: ''Непакоіць наступнае, ці не пойдуць заўтра тыя, хто падчас чытання рамана Любіць ноч ... атаясамляюць Рэчаіснасьць-1 і Рэчаіснасьць-2, вызваляць Беларусь ад бежанцаў, азіятаў, не беларусаў па прыкладзе Данілы Прусака.... ''.

Зьдзіўляе неспакой адукаванага і прафесійнага крытыка. Яго не трывожыць, што дзяржава, грамадства, народ паціху саслізгваюць у прорву, страчваюць нацыянальную свядомасьць і адказнасць за краіну… Ён не аналізуе прычыны негатыўных жахаў, паказаных у рамане, а яго непакоіць пачуцці чытача, які, прачытаўшы творы пісьменіка: '' адчуе агрэсію, нянавісьць, няўпэўненасьць, расчараванне, агіду, боль, безвыходнасьць, роспач .''

Уся сусьветная класічная літаратура абуджае ў той ці іншай ступені моцныя пачуцці, а руская літаратура нясе ў сябе вялікую колькасьць негатыўнага ўздзеяння. Любы таленавіты літаратурны твор у той ці іншай ступені з'яўляецца перабольшванем, бо канцэнтруе жыцёвыя з'явы і працэсы. Нават фотаграфія ёсьць канцэнтрацыя рэчаіснасьці.

Пасля амерыканскіх фільмаў-катастроф мне здавалася, што амерыканскія спецслужбы самым пільным чынам прааналізавалі ўсе магчымыя ідэі глябальных тэрактаў. Але падзеі 11 верасьня ў Нью-Йорку паказалі, што гэта ня так…

Літаратурны аналітык, як паталагаанатам, што кожны дзень корпаецца ў мерцвяках і вызначае прычыны сьмерці чалавека, не павінен палохацца тых жахаў, што натварыў пісьменнік у сваіх творах. Калі творы таленавітыя і сыстэмна адлюстровываюць тыя ці іншыя падзеі ці людзей, то гэтыя творы ўзбагачаюць нашу супольную сьвядомасьць, наша разуменне сучаснасьці. Аналітык павінен знайсьці і паказаць удумліваму чытачу і тыя варыянты падзей, якія існуюць у жыцці і якія ня здолеў ці не захацеў паказаць пісьменнік. Тады грамадства ў большай ступені будзе падрыхтавана да розных варыянтаў жыцця і будзе навучана выбіраць лепшы. Калі такога аналізу няма, наша грамадства ўвесь час будзе наступаць на адныя і тыя ж чужыя граблі.

Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што Юры Станкевіч ня ставіў мэты шукаць выйсьце. Ён ставіў мэту паказаць, як нараджаецца яшчэ дробнае зло, якое з цягам часу вырасьце і стане вялікім Злом. Ён прапаноўвае, нам усім: чытачам, крытыкам, уладзе, грамадству — самім пашукаць гэтае выйсьце, калі мы хочам, каб нашы і вашы дзеці і ўнукі жылі ў спакойнай, мірнай, сытай эўрапейскай дзяржаве.

 

IV

 

У чалавека, таксама як і ў дзяржавы, на пераломных момантах існавання, на перакрыжаванях лёсу паўстае праблема свабоды выбару.

Без енку, памяркоўна і спакойна Юры Станкевіч спачатку ў аповесьці ''Прузі'' папярэджвае наша грамадства:'' Прідоша прузі, і покрыла землю, і шла она в полночныя страны.'' Летапіс.

І закончвае ён сваю аповесьць наступным дапаўненем: '' Самае вялікае воблака саранчы памерам больш за пяць тысяч квадратных кіламетраў зарэгістраванна ў 1988 годзе, калі яно пералятала Чорнае мора. Падлічана , што колькасьць асобін складала дзьвесьце пяцьдзесят мільярдаў штук . Іх агульная вага была пяцьсот восем тысяч тон.''

Гэта ўжо ня выбар, гэта тое, што ідзе за выбарам, гэта наступствы выбару.

У аповесьці ''Рыфма'' пісьменнік скарпулёзна, педантычна разглядае гэтае перакрыжаванне лёсу, месца, дзе робіцца выбар.

Бізнэсовец Рыгор Вайтовіч, зарабіўшы някепскія грошы, адчувае, што на Радзіме ён непатрэбны, ён адчувае дыскмфорт, трывогу і варожасьць улад да дробных прадпрымальнікаў, і таму рыхтуецца з'ехаць за мяжу. Нягледзячы на некаторы неспакой, які ён адчувае ад прынятага рашэння, усё ж выбар зроблены. Гэта асэнсаваны выбар, як у Гегеля:'' у кожнай сытуацыі ёсьць толькі адна-адзіная рэальная магчымасьць выбару. ....свабодны чалавек дзейнічае на аснове разумення гэтай адной магчымасьці , на аснове асэнсаванай Неабходнасьці''.

Асэнсаваная Неабходнасьць для Рыгора Вайтовіча разуменне, што ўлада таксама зрабіла свой выбар, і таму іншай альтернатывы не існуе.

Выбар зроблены, і ён адчувае сябе разняволеным, ён траціць асцярожнасьць, да яго вяртаюцца звычкі савецкага чалавека - жаданне пахваліцца сваімі дасягненнямі, сваімі грашыма перад эмігранткай-студэнткай Палінай.

Непрыкметна для сябе ён ізноў вяртаецца на раздарожжа, нечакана ўзнікае новая альтернатыва выбару ўжо быццам вызначанага жыцёвага лёсу. Між тым герой аповесьці не асэнсаваў гэты надзвычай важны момант.

Важнейшае імгненне жыцця — і як часта яго мы не заўважаем!

'' Большасьць не вартасна, таму што яна не бачыць , калі яна стаіць на раздарожжы і павіна прыняць рашэнне. Яно не заўважае, калі жыццё задае ім пытанні і калі яны яшчэ маюць магчымасьць адказаць на іх так ці інакш.'' 1

Калі ж памыліўся Вайтовіч? Калі захацеў эмігрантку студэнтку Паліну? Ці калі ад разняволенасьці ў ім адрадзіўся даверлівы, балбатлівы савецкі чалавек, прывучаны надзімаць шчокі?

Як толькі бізнесовец сказаў - ''...не ў сэнсе таго , што мне грошай шкада. У мяне іх зашмат, вы нават не паверыце. - Ён упершыню ўбачыў, як яна зацікаўлена павярнулася да яго і зірнула прама ў твар сваімі бурштынавамі вачыма .'' У гэты момант свабода выбара для Вайтовіча скончылася. У гэтае імгненне з свабоднага чалавека, нават з пераможцы, ён ператвараецца ў ахвяру.

Якая ж прычына жахлівага жыцёвага канца Рыгора Вайтовіча ? Якія звычкі, схільнасьці валодаюць бізнэсоўцам? Вайтовіч лёгка ідзе на здраду сваёй жонцы. Можна сказаць, што ён гэта робіць звыкла, аўтаматычна, яшчэ лягчэй, чым зьязджае з сваёй Радзімы. Асяродзе, ў якім ён тусуецца, адчувае сябе няўпэўнена.

— ''Лайдакоў разьвялося - процьма ... Заводы кладуцца адзін за другім . Пралетар разбэшчваецца - няма чаго рабіць. П' юць. Да швачак маіх падлабуньваюцца, ганю іх.'' — Гаворыць адзін з бізнэсоўцаў.

Што ж у'яўляе сабой узніклы клас дробных прадпрымальнікаў?

'' ...а потым размова пойдзе пра гандаль , рэкет, урэшце, пра баб. А затым хто-нібудзь прапануе: ці не патэлефанаваць , прыедуць дзяўчаты, пачнуць піць шампанскае , палезуць у лазьню, разбяруцца па парах , хто потым і памяняецца, назаўтра будуць успамінаць падрабязнасьці, агаворваць вартасьці дзяўчат, каб праз тыдзень-два ўсе зноў паўтарылася.''

Такім чынам Вайтовіч адпавядае свайму класу. Новых бізнэсоўцаў цікавіць працэс зарабляння грошай, як мага больш грошай. Лагістыка назапашвання грошай з'яўляецца найвышэйшай каштоўнасьцю для прадпрымальнікаў. Фактычна апрача грошай у іх няма аніякага іншага жыццёвага падмурка. Сваіх паэтаў і пісьменікаў яны ня ведаюць і фінансава не падтрымліваюць. Уладзе прадпрымальнікі непатрэбны, пралетары іх таксама не любяць...

Сяброўка бізнэсоўца, студэнтка Паліна, эмігрантка з паўдневых краёў з крымінальным мінулым, яна някепска асела ў сталіцы. Адукаваная, маючы густ, розум, яна дзеліць людзей па Уэльсу на марлокаў - патомкаў рабацяг, што жывуць пад зямлёй, і элояў - што жывуць пад сонцам.

''А я хачу піць шампанскае з багемай. Размаўляць пра жывапіс, літаратуру. Мець за сьпіной заможнага мужа. Элоя. '' Яе стары прыяцель па прозвішчу Чорны спакушае яе, - давай разок рызыкнём. А потым ідзі да сваіх элояў. ''

Гэта перакрыжаванне лёсу, момант свабоды выбару маладой жанчыны.

Абодва героі аповесьці маюць аднолькавыя жыцёвыя каштоўнасьці. Абодва фактычна несвабодныя людзі, вельмі прадказальныя, бо фактычна ня маюць іншай альтэрнатывы. У тым сэнсе, што ў абоіх адсутнічае высакая мэта жыцця, няма любові, няма Бога ў душы. Паліна значна больш крымінальна дасьведчана.У яе страчана мяжа паміж дабром і злом, згублена пачуццё плённага жыцця. Адукаваная, разумная, з густам, яна даволі лёгка ідзе на забойства. Мэта - дасягнуць жыцця пад сонцам, разам з элоямі - дазваляе ёй гэта зрабіць. На пытанне, ці можна рабіць зло? Эмігрантка Паліна сваімі дзеяннямі адказвае: калі аб гэтым ніхто не даведаецца - то можна!

Трэба зазначыць, што ў сучаснай літаратуры, кіно, тэлебачанні забойства робіцца вельмі лёгка, іншы раз прыгожа, спрытна, цікава. На самай справе — забойства чалавека —незваротны крок праз мяжу, пасьля якога ўжо няма дарогі назад. Ніякія грошы, ніякія жыццёвыя дасягненні не могуць перакрыць грэх забойства.

Пасьля забойства ўжо ня можа быць сапраўднага шчасьця! Гэта грэх ня толькі перад людзьмі, але грэх перад Богам.

Дасягнуўшы свайго, Паліна з'язджае за мяжу і трапляе ў асяродзя, якое прасвечвае

ўсіх эмігрантаў на ‘’вшывысьць’’. Элой, амерыканскі сэнатар з якім яна зьбіраецца пабрацца шлюбам, жыве ў грамадстве, якое не верыць чужым словам.

Імкненнне мець шмат грошай на самой справе не робіць чалавека свабодным. Патрэбна яшчэ схільнасьць траціць гэтыя грошы на стварэнне, на прагрэсіўнае развіццё сям'і, горада, краіны, цывілізацыіі, пакідаць пасьля сябе шчаслівых дзяцей і ўнукаў, ўдасканаленне асяроддзя і грамадства. Юры Станкевіч пераканаўча паказаў гэта ў сваёй аповесьці.

Цікава было б прааналізаваць сытуацыю, пры якой Рыгор Вайтовіч быў бы

высокамаральным, адукаваным чалавекам, які б прапанаваў прыгажуні Паліне іншую жыццёвую альтернатыву.

Сам па сабе бізнэсовец Вайтовіч чалавек нядрэнны, у яго шмат дробных грашкоў, як у дварнягі блох, але ён не здольны на забойства. Між тым мяжа сумленнага жыцця ў яго ўжо размыта і таму ён не адчувае амаральнасьці і крымінальнасьці Паліны. Распуста - той пераходны модуль, дзе сустракаюцца Паліна і Вайтовіч, а далей як заўсёды - носьбіт большага зла нішчыць носьбіта дробных грашкоў.

Ці могуць людзі, няздольныя да стварэння, да дабра, запоўненыя ўсім папярэднім жыццём сьвядомасьцю зла, адразу памяняць сваю жыцёвую хаду, зрабіць іншы выбар? Гэта пытанне Юры Станкевіча да ягоных чытачоў.

Аднолькавыя працэсы адбываюцца на ўсёй постсавецкай прасторы, і тут ёсьць над чым падумаць усяму грамадству.

Усё вышэй сказанае адносіцца да сьветаўспрымання сталых, дасьведчаных пражытымі гадамі людзей. Можна сказаць што ў значнай меры проза Юры Станкевіча – гэта адлюстраванне сьветапогляду савецкага чалавека, ідэалы якога разбураны падзеямі апошняга дзесяцігодзя (1991-2000г.). Сталы чалавек падводзіць вынік свайго жыццёвага шляху, які ён прайшоў разам з краінай. І вынікам ён бачыць разбурэнне.

Маладыя людзі знаходзяцца ў пачатку жыццёвай дарогі, яны перапоўнены марамі, у іх сьвядомасьці віруюць ідэалы. Іхняя мэта жыцця — хутчэй адсунуць ад стырна кіравання ўсё старое, аджылае, што перашкаджае імкліваму руху наперад.

Улада любіць маладых, іх так лёгка запаліць жаданням ехаць на БАМ, на цалінныя і залежныя землі, на вызваленне ад імпэрыялізму, на разбурэнне сацыялізму, на гераічную сьмерць... Зьвярніце ўвагу, з якой асалодай і натхненнем сучасныя юнакі-вайскоўцы —блакітныя, чырвоныя, чорныя і іншыя берэты - бьюць аб уласную галаву цэглу,

дэманструючы гераізм і самаахвярнасьць і сваю некрытычнасьць мыслення.

Таму проза Юры Станкевіча не кожнаму з маладых па зубах, тут трэба думаць, аналізаваць, прыглядацца, параўноўваць, вывучаць....Тут трэба мець галаву, жыццёвы досьвед, разуменне хады гісторыіі ....

Працягваючы думку аб ідэалах, трэба сказаць, што моладзі патрэбны прыклады удач, здзяйсьненяў, шляхі, што вядуць да перамог! Дастаеўшчыны наеліся ўжо ўсе папярэднія пакаленні, цяперашняя моладзь хоча смачна есьці, цікава жыць, зарабляць добрыя грошы, ісьці дарогамі перамог! Застойнае і сьмярдзючае жыццё ім не падыходзіць аніяк, і гэта радуе і выклікае некаторы аптымізм .....

 

28.01.2002 г г.Менск . Друкуеца ўпершыню.

 

1 — Эрых Фромм. ''Душа чалавека.''

Інтэрв’ю часопісу ‘’Гомана’’.

 

1. Чым бачыцца Вам літаратурная творчасьць? Што падштурхнула Вас да пісьменіцкай дзейнасьці. Ці памятаеце свой творчы дэбют? Каго лічыце сваім літаратурным ‘’хросным бацькам’’.

Літаратурная творчасьць для мяне – гэта магчымасьць самарэалізавацца. Акрамя таго маючы нейкі жыцьцёвы досьвед я быў незадаволеным тымі тэкстамі, што друкуюцца ў нашых часопісах. З некаторай пары я пачаў думаць, што гэта таксама мой грамадзянскі абавязак і выкананьне Боскага прызначэнне. Калі я не буду выконваць гэтае прызначэнне, то тым самым я зачыню для сябе далейшы жыццёвы шлях.

Дзесьці ў 1967 ці 1968 годзе я ўзяў у свайго сябра Антона Станкевіча з Валожына кніжку Ірвінга Стоўна ‘’ Моряк в седле’’ пра біяграфію Джэка Лондана. Прачытаўшы кніжку, я зразумеў, што паводле свайго бесклапотнага і авантурнага складу характара я адпавядаю прафесіі пісьменніка.

Творчым дэбютам лічу апавяданне ‘’Вокліч’’ якое я паслаў у‘’Нашу Ніву’’ і якое было надрукаванае ў 1997 годзе. Пасля гэтага надрукаванне я пачаў крышку разумець, як пішуцца апавяданні, і што гэта па маіх сілах. Такім чынам маім хросным бацькам стаў рэдактар ‘’Нашай Нівы’’ Сяргей Дубавец, якога я бачыў адзін раз у жыцьці.

 

2. Які час сутак найбольш плённы? Якія прылады Вам найбольш звыклыя: аловак, пяро, кампутар…? Ці скарыстовываеце ‘’творчыя стымулятары’’: кава, цыгарэты, віно, музыка .. Што для Вас натхненьне і ці чакаеце Вы яго, каб пачаць пісаць?

Найбольш плённы час –раніца. Хаця калі ніхто не перашкаджае, то можна пісаць ў любы момант. Добра пішацца ноччу. Шарыкавай ручкай напісаны ‘’Вокліч’’. Пісаць увесь твор асадкай - гэта праца-катарга. Лепш за ўсё карыстацца кампутарам. Кампутар дазваляе абмінуць шмат чарнавой непатрэбнай працы.

Кава, канечне выдатная справа, але, нажаль я ўжо карыстаюся кавай асцярожна. Музыка таксама нараджае шмат асацыяцыў і ўзбуджае ўяўлення… Калі пішу, то іншы раз плачу над лёсам сваіх герояў, іхнімі пачуццямі, слёзы самі цякуць з вачэй. Вельмі саромеўся сваіх слёз покуль не ўчуў ад Ігара Асмалоўскага, што ён таксама плача над сваімі творамі. Што датычыць натхнення, то яно прыходзіць разам з настойлівай працай. Калі натхненьне само звальваецца аднекуль, то апошнім часам імкнуся скарыстаць гэты момант адхіліўшы ў бок усе іншыя справы.

 

3. Якія цяжкасьці паўстаюць перад Вамі падчас напісаньня твора? Якое значэньне надаеце слову, сказу, рытму твора?

Іншы раз бывае вельмі цяжка пачаць пісаць новы твор. Думаеш, што ты нічога не ведаеш, нічога ня ўмеяш і наўвогул займаешся не сваёй справай. Таксама бывае напісаны пачатак твора, альбо палова твора, а далей хоць забіся. Далей патрэбна вельмі напружаная праца, перабор варыянтаў, пошук новых ідэй. Зараз у мяне ёсьць з поўтузіна незакончаных апавяданняў, якія патрабуць канцэнтраваных намаганняў.

Рытм мае для мяне найважнейшае значэнне. Вялы, аморфны рытм зразу адпужвае ад чытаемага тэкста. Акрамя таго, вельмі важна ідэя твора. Твор, што не мае ў сябе ідэю, страчвае і рытм, і ўсё астатняе. У гэтым літаратура мае моцнае падабенства з жыццём. Слова, асабліва ў беларускай літаратуры, валодае чароўнай здольнасьцю аздабляць, высвечываць тэкст. Таму ганяюся за словамі, шукаю іх.

 

4. Што найбольш спрыяе ў вашай творчай дзейнасьці? Што перашкаджае? Ці ўплываюць на Вас меркаваньні сяброў, рэдактараў, чытачоў? Ці вяртаецеся да напісаных твораў, каб перапісаць, перарабіць , удасканаліць?

Галоўная перашкода ў літаратурнай дзейнасьці: незапатрабаванасьць шырокім чытацкім колам і нашым грамадствам таго, што робяць тутэйшыя аматары літаратурнай творчасьці. Праз нейкі час разумееш, што лепш было б не марнаваць свой жыццёвы час на нікому непатрэбную пісаніну, а ў свой час прыдбаць шапік на ‘’Экспабэле’’ і гандляваць кавай і печывам.

Самае галоўнае меркаванне – гэта чытацкае. Калі твае творы чытабельные, то гэта натхняе. Рэдактары – трагічные асобы, бо яны перачытываюць кожны дзень мноства чужых тэкстаў, якія, мусіць настолькі запалоньваюць іхнія глузды, што як мне здаецца, ім часцяком цяжка ўспрыняць новые, незнаёмых аўтараў, тэксты. Але рэдактары – прафесіяналы і іхнія спагадлівыя парады бываюць вельмі каштоўнымі. Я часцяком сваруся з рэдактарамі з-за кожнага слова.

Сябры верагодна горшыя з дарадцаў. Калі яны хваляць, то пачынаеш думаць што яны ня хочаць цябе крыўдзіць і каб адчапіцца ад тваіх дакучлівых пытанняў, хваляць твае творы. Калі крытыкуюць, пачынаеш думаць што яны чыталі неўважліва, ці проста зайздросцяць. Таму лепшае меркаванне – гэта меркаванне дасьведчанага мудрага чытача.

Напісаные творы падпраўляеш, мяняеш словы, няўдалыя выразы, але канцэптуальна не перарабляеш. Напісаны твор – заўсёды штучная рэч. Страчаны твор немагчыма ўзнавіць. Ён усё роўна будзе напісаны ўжо па – новаму.

 

5. Ці задаволены Вы сваімі творамі? Што ў Вас не атрымалася ў творчасьці? Чым вы найбольш задаволены? Якія эпізоды сваёй біяграфіі Вы хацелі б перажыць наноў? Наколькі Вашая біяграфія паўплывала на творчасьць?

Уся біяграфія пісьменіка, уся яго сьвядомасьць, падсьвядомасьць, пачуцці, думкі, усё ў ягоных творах. Без біяграфіі немагчыма напісаць што-небуць сапраўднае.

Спроба пісаць у маладыя гады, пасля прачытання кніжкі ‘’Маряк в седле’’ скончылася поўным крахам. Спатрэбілася пражыць жыццё, набіць гузакоў, набрацца страху, роспачы, пакут, шчасьця, перадоляць цяжкасці, атрымаць мноства жыццёвых параз і толькі потым прыйсьці да літаратуры маючы што сказаць людзям.

І ўсё ж лепшы час для творчасьці - гэта маладосьць, але малады чалавек павінен мець ня толькі выдатную адукацыю, але і прайсьці сваю жыццёвую дарогу. Шамякін і Быкаў у маладыя гады былі ўжо дасведчаннымі ў жыцці людзьмі.

Хацелась бы вярнуцца ў маладосьць, разумным і дасведчаным, моцным і ўмелым, і навесьці там, у сваёй маладосьці, парадак. Што датычыць задаволенасьці, то задаволены, нягледзячы на хібы верстальшчыка, сваёй кніжкай ‘’Маўчы і будзь хітрым’’. Хацелася бы напісаць раман пра трагічны лёс савецкага народа. Але ўжо відаць не атрымаецца напісаць.

 

6. Як вы ставіцеся да правіла: ‘’Ні дня без радка’’. Калі ‘’не пішацца’’ што вы робіце, дзе шукаеце натхненьне.? Ці знаёма вам пачуццё ляноты, ці змагаецеся Вы з ім?

‘’Ні дня без радка’’ – гэта дагматычная формула. Канечне празаік высіжвае свае тэксты. Але пасля заканчэнне твора, звычайна ён павінен адыйсьці ад сваіх герояў, ад тога рытма, тога натхнення. Акрамя таго нешта трэба і пачытаць у другіх аўтараў, павучыцца новаму, даць нырца ў жыццё. Папрацаваць гандляром у шапіку, ці экспедытарам у фірме, кантрабандыстам ці рэквізітарам…, такім чынам пісьменіку каб угнацца за жыццём трэба моцна варушыцца. А магчымасьць сесьць за стол ужо само па сабе нараджае натхненьне.

Лянота мае выключна вялікае значэнне. Можна напісаць адно апавяданне ў год, а можна шэсьць, але тады прыдзецца працаваць кожны дзень з вялікай напругай. Лянота вельмі хітрая і разумная асоба, яна знаходзіць мноства прычын каб ты не займаўся справай. Але галоўнай прычына – незапатрабаванасьць твораў. Калі няма дзе друкаваць свае творы, то які сэнс іх пісаць.

 

7. Хто з творцаў Вам найбольш блізкі з беларускіх і сусьветных аўтараў? Назавіце творы, якія Вы любіце перачытываць?

Любімыя пісьменікі — Джэк Лондан – ягоны ‘’Мартын Ідэн’’, ‘’Марскі воўк’’, ‘’Жалезная пята’’… Васіль Шукшын, Антуан дэ Сэнт-Экзюперы, Зьміцер Пісараў – гэта духоўныя бацькі ў маладосьці. Дзякуючы ім не сьпіўся ў перыяд застою, захаваў веру ў ідэалы. Схіляю галаву перад бацькамі нацыіі: Якубам Коласам і Янкам Купалам, Максімам Багдановічам, Наталяй Арсенявай. Люблю Міхася Лынькова, ён нейкім чынам перадае той настрой які быў у маім вясковым дзяцінстве. Чытаеш пра вайну, пра партызан, а ўспамінаеш сваю вёску, сьнягі што засыпалі хаты, цёплую печ, вясковыя пячныя дымы ўвечары на вуліцы і нейкая шчаслівая пяшчотная еднасьць вясковых людзей. Гэтай еднасьці мне зараз моцна не хапае.

Сёння цікавяць і захапляюць апошнія кніжкі Валянціна Акудовіча ‘’Код адсутнасьці’’ і ‘’Дыялогі з Богам’’. Шмат думак, шмат цікавых меркаванняў, сьвежы ўласны позірк на сучаснасьць. Іван Клімянкоў ўзрадаваў сваёй аповясцю ‘’Корак з-пад шампанскага’’ ў ‘’Дзеяслове’’. У інтэрнэце прачытаў два выдатных апавяданні Юры Юркаўца: ‘’Нататкі маргінала’’ і ‘’Як я быў расістам’’. Барыс Пятровіч сваёй дзівоснай паэмай ў прозе ‘’Пуціна’’ проста ашаламіў. Вельмі цікавы, з вялікай творчай патэнцыяй Міхась Южык. Пісьменікаў шмат непрачытаных. У мяне зараз каля тузіна непрачытаных кніжак, некаторыя з іх трэба чытаць вельмі ўважліва. ‘’Дыскамфорт ад культуры ‘’Зыгмунда Фройда’’ ў перакладзе Зьміцера Коласа чытаў тры разы і ўсё яшчэ ня ўсё ўзяў адтуль.

 

8. Чаго, на вашу думку, не хапае сучаснай беларускай літаратуры і што чакае яе ў будучыні? Што пажадалі б Вы тым, хто робіць першыя крокі ў літаратуры?

Сучаснай беларускай літаратуры не хапае самадастатковасьці ў тым сэнсе, што яна ўвесь час сьвядома ці несьвядома хоча быць ў цяньку вялікай рускай літаратуры. Некаторыя пісьменікі не прачытаўшы, як след Васіля Быкава, ўсё азіраюцца на Дастаеўскага ды Талстога. У ‘’Гомане’’ шмат рускамоўных аўтараў. Вельмі сучасны твор ‘’Гостарбайтеры’’ Аляксея Кузняцова, але ён напісаны ў расейскай сыстэме кардынат. Аўтар карыстаецца мысленнем, адчуваннем, адэкватнымі рэакцыямі герояў у межах расейскага сьветапогляду. Ягонае ‘’Я’’ існуе на грунце расейскага гледзішча. Вярнуўшыся ў Беларусь ён таксама пачынае сябе адчуваць неўтульна, бо тут другія рытмы і другое адчуванне.

Цікавая аповесьць Фелікса Шкірманкова, але і ён не здоляў прамінуць свой пражыты ў Расеіі лёс. Адсюль ‘’Капчоны’’, гэта слова ўвесь час рэжа вуха ў тэксце. Два-тры русіфікаваных словы ў беларускамоўным творы зразу робяць тэкст другасным, правінцыйным у параўнанні з вялікай рускай літаратурай. Радуюць творы Івана Ярашэвіча надрукаваныя ў ‘’Гомане’’. Гэта ўжо пісьменнік у якога можна вучыцца.

Правінцыялізм — вось хвароба нашага цяперашняга грамадства. Гэтую хваробу я ідэнтыфікаваў як другаснасьць. Покуль мы не вылечымся ад гэтага посткаланіяльнага сіндрома, датуль будзем пакутваць у нашым жыцці. Другаснасьць увесь час не дае магчымасьці рухацца і нашаму кінематографу, і тэлебачанню, і літаратуры, і ў музыцы, і ў спорце…

Будучы раздвоеным і правінцыйным, немагчыма стварыць у сябе поўнавартасную асобу з сваімі думкамі і меркаваннямі цікавымі для еўрапейскай супольнасьці. А пісьменік – гэта заўсёды асоба. Між тым, пра нашу краіну акрамя нас, ніхто не напіша, не раскажа, непрааналізуе. Не хапае лідэра, такога як Васіль Быкаў ды Уладзімер Караткевіч.

У будычыню беларускай літаратуры вядуць два шляхі: адзін шлях – гэта поўны заняпад. Другі шлях – росквіт. Якім шляхам пойдзем – гэта залежыць ад нас.

Тым хто робіць першыя крокі ў літаратуры можна параіць заняцца плённай працай. Праца дасьць вам дабрабыт, павагу родных, блізкіх і сяброў. Літаратура нічога не дасьць, нават славы. Таму калі малады чалавек не фанатык, не летуценнік, не вар’ят… лепш жаніцеся з пяшчотнай і спагадлівай прыгажуняй і ўладкуйцеся на прэстыжную і добрааплачваемую працу. Яны субліміруюць вашу пасіянарнасьць і ўзнагародзяць пачуццём шчасьця... Потым дзякаваць будзеце за параду.

 

9. Вы атрымалі ‘’Залатое пяро’’ за 2006 год у жанры прозы сярод аўтараў часопіса ‘’Гоман’’. Ці лічыце Вы пасля гэтага сябе пісьменьнікам?

Лічу сябе літаратурным аматарам, які ўтварыўся ад доўгага чытання кніжак, пакутлівых роздумаў, ад разбураных мрой, прамінулага маладога шчасьця, ад жадання зафіксаваць чароўныя імгненні быцця, пазнаць Істыну... Пісьменнік у маёй сьвядомасьці заўсёды быў чалавекам найвышэйшага гатунку. ‘’Наша Ніва’’ надрукавала кніжку ‘’Паветраны шар’’, дзе ёсьць і маё апавяданне ‘’Жарт’’, там рэдакцыя ідэнтыфікавала мяне як ‘’пісьменнік’’. Я чуць не самлеў ад шчасьця.

І ўсё ж вымушаны лічыць сябе аматарам, бо пісьменнік павінен быць больш літаратурна адукаваным, больш граматным, больш выхаваным, больш прафесійным. Пісьменнікаў шмат не бывае. Пісьменнік – гэта прарок, аналітык, гэта складаная, часцяком віртуальная доля.

 

10. Над чым зараз працуеце?

Сёння скончыў апавяданне ‘’Час збіраць камянні’’ – пра чалавека, што пражыў знешне ўдалае жыццё. Але сам ён ўспрымае сваё жыццё як страшную трагедыю. ‘’ Ён выжыў сярод мурашоў, ператварыўся ў чалавека ночы… Сама па сабе Ноч не была сутокам зла. Але цемра нішчыла арыентыры, стварала варункі да адзіноты, тугі, нараджала роспач... Так, ён стаў поўнавартасным чалавекам Роспачы.’’

Герой апавяданне праходзіць жыцьцёвую дарогу, пераломвае ў сябе непераадольнае жаданне знішчыць сябе, і нарэшце едзе ў той горад, дзе некалі жыла Яна, каб адшукаць Яе і праз 35 год сустрэцца з Ёй. Тэма канечне патрабуе рамана, і вядомы пісьменнік Алесь Масарэнка ўвесь час мне цвердзіць:

— Пішы раманы. Ты раманіст, а не расказчык. Пішы не лянуйся.

Магчыма гэта і так, але я баюся, што для мяне гэта запозна. Я занадта позна зрабіў крок да літаратуры. Сёння жыццё хутка пабегла ўперад, узнікаюць новыя звычкі, новыя дачыненні між людзьмі, новыя рэфлексы, каштоўнасьці і сёння закаханасьць героя ў дзяўчыну якую ён ня бачыў 35 год можа выклікаць зьдзеклівы сьмех у маладых.

…Новая пакаленне не ведае, што гэта такое ‘’бюро райкома партыі’’, яно ідзе сваёй дарогай, якая, як заўсёды, у сваім канцы прынясе ім свае пякучыя расчараванні…

 

23 кастрычніка 2007 г. г. Мінск Друкавалася ў часопісе ‘’Гоман’’ №5 за 2007 г.

 


1997-2008

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая