epub
 
падключыць
слоўнікі

Казімір Сваяк

Эрас і Псіхея

Я хацеў бы зірнуць ў твае вочы,

Там тайніцу душы адчытаць,

І ў трывожнай жыццёвай паўночы,

Я хацеў бы ў іх праўды шукаць.

 

Разгарнуць твае чорныя косы,

Цалаваць а паўночнай цішы,

На твар вызваць слязістыя росы,

Аддзяліці твой дух ад душы.

 

След іроніі з вусначкі сцерці,

Заглыбіцца да язні на дно, -

Для заблуднага свету умерці

І стварыці вяселле адно.

 

Не таі, не віляй - а прызнайся,

Што таёмна ты любіш мяне, -

А ці я... Ты мяне не пытайся:

Прада мной ты на яве і ў сне.

 

Дай душу мне тваю - больш не трэба,

Творчы дух ты народу аддай,

І так жыйма абое для неба,

І сваім ты мяне называй.

 


1921?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая