epub
 
падключыць
слоўнікі

Казкі іншых народаў

Селянін, граф і звон

Аўстрыйская казка

Жыў на свеце адзін багаты граф. Як сыр у масле плаваў, законы сваёй краіны ні ў грош не ставіў. Усё ў ваколіцы павінна было быць, як ён скажа і як захоча.

Выправіўся аднойчы граф на прагулянку і ўбачыў на ўзлессі вялікі ды прыгожы сялянскі дом. Спадабаўся дом графу. Агледзеў ён яго з усіх бакоў і да дзвярэй пад'язджае.

Выйшаў на ганак гаспадар дома. Павітаўся з ім граф і пытаецца:

- Гэй, гаспадар! Ці не хочаш дом прадаць? Я не паскуплюся, грошай не пашкадую.

Селянін, доўга не думаючы, адказаў:

- Не, ваша светласць, ніякай куплі-продажу ў нас не выйдзе! У сядзібе гэтай яшчэ прадзеды мае жылі, хочацца і мне тут свае дні правесці. Так што маёнтак мой пры мне застанецца.

Граф яму кажа:

- Даю тэрміну да заўтра! Падумай як трэба.

Ускочыў граф на каня і прэч паскакаў. Селянін паківаў галавой і думае: «Нічога з гэтай забавы ў графа не выйдзе».

На другі дзень раніцай, толькі яшчэ золак заняўся, прыскакаў граф да селяніна.

- Ну, якое тваё апошняе слова?

А селянін адказвае:

- Я, ваша светласць, ад слова свайго не адступлюся. На сваёй сядзібе застануся, вось і ўвесь сказ!

Раззлаваўся граф і крычыць:

- Пытаюся яшчэ раз: аддасі сядзібу дабром? Не аддасі - на сябе крыўдуй! Усё адно яна мне дастанецца!

Паківаў селянін галавой і кажа графу:

- Я словамі не кідаюся: сядзібу сваю не прадам.

Ледзь не лопнуў граф ад злосці і паскакаў з узлесся. Вядомая рэч: багаты - што бык рагаты. Памчаўся граф проста да суцягаў судзейскіх, шчодра іх золатам абдарыў і загадаў цяжбу з селянінам пачаць. Судзейскія, аднак, ведалі, што багацей за графа ў ваколіцы чалавека няма. Значыць, калі яны справу выйграюць, золата на іх дажджом пасыплецца. Вось таму і паабяцалі яны графу селяніна ўгаварыць. А ўжо калі не згодзіцца па-добраму сядзібу аддаць, давесці яго да галечы.

Паслалі судзейскія па селяніна служыцеля. Прыйшоў селянін у суд, а яны ў яго пытаюцца:

- Прадасі сядзібу ці не?

- Не, - цвёрда адказвае селянін.

Як ні ўгаворвалі, на сваім стаіць.

- Давядзецца табе з графам цяжбу весці! - узлаваліся судзейскія.

- Ну што ж, судзіцца дык судзіцца! - кажа селянін.

Усе кручкатворы-судзейскія заадно з графам былі, а за селяніна заступіцца няма каму. Пачалася тут цяжба. Селяніна раз за разам у горад валочаць. Грошай гэта яму каштавала процьму, і залез ён па вушы ў даўгі. Нарэшце судзейскія вырашылі: селяніна з двара пратурыць, сядзібу ў яго адабраць і графу яе аддаць. Засталася ў селяніна ўсяго сотня гульдэнаў. Як вынеслі судзейскія прыгавор, стаў ён іх дакараць і кажа:

- Калі на зямлі справядлівасці ніякай не засталося, то ану ж на нябёсах знойдзецца!

Засмяяліся паны судзейскія:

- Справядлівасць і на зямлі і на нябёсах даўным-даўно памерла!

Прамаўчаў селянін, з суда выйшаў і проста да пастара ў царкву накіраваўся. Як убачыў пастар, што даўні яго знаёмы селянін ідзе, ён яму і кажа:

- Дзень добры, Ганс! Праведаць мяне захацеў?

- Але, - адказаў Ганс, - толькі справы ў мяне невясёлыя.

Расказаў ён пастару сваю прыгоду і скончыў яе так:

- Усяго ў мяне цяпер сотня гульдэнаў засталася, я іх табе аддаю. Столькі ў вас у горадзе плацяць, каб вялікі царкоўны звон па нябожчыку званіў. Вось табе грошы, і давай звані хутчэй. Няхай звон па Справядлівасці адзвоніць, бо яна памерла. Але, глядзі, як даўжэй звані!

Узяў пастар грошы, паклікаў служыцеля, падняліся яны на званіцу, зазванілі ў вялікі звон. І званілі намнога даўжэй, чым звычайна. Пайшлі тут у горадзе роспыты, здагадкі: хто памёр ды па кім так доўга звон звоніць. Але ніхто толкам не ведаў.

Сабраўся на пляцы народ, пачаў крычаць:

- Чаму такі звон стаіць?

Знайшліся людзі добрыя, расказалі, якую несправядлівасць судзейскія вытварылі. Яшчэ мацней пачаў народ крычаць ды патрабаваць для графа пакарання. Спужаліся граф з судзейскімі і вярнулі селяніну яго сядзібу.

 



Пераклад: Віктар Гардзей