epub
 
падключыць
слоўнікі

Кірыла Тураўскі

Слова святога Кірыла аб кніжным чытанні i навуцы

Паслухайце, братове, і ўразумейце, дзеці, як належыць нам вераваць у адзінага Бога, у Тройцы існага, — у Айца і Сына і Духа Святога, — і спадзявацца на яго аднаго, і павучацца, схіліўшыся да святых кніг — Евангелля, Апостала, Парамійніка, Псалтыра і іншых, а да адрочаных кніг не звяртацца ніколі. Адрочаныя ж: Астраномія і Зоралік, Соннік, Зёльнік, Чароўнік, Птушыныя Чары, Громнік, Каляднік і Жэрабнік. Бо прароцтвы лжывыя ў іх, на святых паклёпы ўзводзяцца. Кнігамі гэтымі д'яблаў прывабліваюць і гутараць з імі. У параўнанні са святымі кнігамі гэтыя маняць і невукаў дураць. А ім падобныя кнігі халдзейскія і элінскія байкі — таксама кашчунныя. А калі запытае які вар'ят, чаму святыя трымалі гэтыя кнігі, — ты адказвай: святыя мелі розум добры і некрывадушны, дадзены ім ад Бога; чытаючы гэтыя кнігі, жылі не паводле вучэння іх, а па слову прарока і апосталаў. Ерэтыкі ж і святыя кнігі чыталі, але, не маючы добрага розуму ад Бога, — здрадзілі і сталі адступнікамі Божымі, і ўсмярдзела душа іх ад гэтага смуроду, зруйнаваўся прастол, на якім спачываў іхні розум, і не стала месца яму, і ён ад іх збег, а ўсяліўся ў іх д'яблавы розум. I распладзілася ў ерэтыках вучэнне д'яблава, і пачалі зневажаць яны Бога, не разумеючы кніжных прыпавесцяў, не слухаючы разумных, не прымаючы правільнага вучэння і настаўнікаў ненавідзячы, якія навукай сваёй прыводзілі іх да вечнага жыцця (а той, хто не слухае і не скараецца, — ідзе да вечнай пакуты). Яшчэ раней Павел-апостал наказваў аддаць непакорлівых і непаслухмяных д'яблу на катаванне. А святыя айцы, не здолеўшы розум вар'яцкі і непакорны гэтых ерэтыкоў наставіць вучэнню кніжнаму, — не аддавалі іх сатане на пакуту, а пракліналі, бо ведалі, што той іх не пакарае, а чакае іх вечная мука, калі будуць скаваны яны разам з д'яблам — настаўнікам іх, бо ён — непакорны настаўнік для ўсіх непакорных. Так піша і Павел да святых, епіскапаў і святароў: «Калі хто спакусіцца невуцтвам кніжным, навучыце таго; калі ж не паслухае вас і не скарыцца пасля першага і другога пакарання - хай будзе пракляты!» Калі ж зараз многія марнасловы не скараюцца і пасля сотага — што станецца з тымі! Хіба не будуць яны разам з праклятымі?

Мы ж, братове, станем пакорлівыя і паслухмяныя, будзем выконваць Боскія наказы кніг святых, у мудрасць іх паглыбляючыся; не п'яным розумам, а цвярозым ушануем жыццё з усімі ўміронымі праведнікамі дзеля Хрыста Ісуса, Госпада нашага, якому ўзносім хвалу.


1160-1182?

Тэкст падаецца паводле выдання: Беларуская літаратура : хрэстаматыя / [складальнікі: У. В. Адамчык, М. В. Адамчык]. - Мінск : Сучасны літаратар, 2004. - 1007 с.