epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Аб нашай гордасці

Дваццаць пяць год Кастрычніцкай рэвалюцыі!

Гэта той усеабдымны факт, які стаў шчаслівым гістарычным лёсам. Ніякія сілы, самыя злыя і крывавыя, не могуць выкрасліць вялікага факта: Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка!

Немцы разбурылі Беларускую Акадэмію навук, але яны не маюць сілы, каб знішчыць беларускую навуку. Немцы разбурылі Беларускі універсітэт і беларускія школы, але яны ніякімі спосабамі не могуць знішчыць беларускую асвету. Немцы прыдумалі ў Мінску «Мінскую газету» на беларускай мове, але ніякімі спосабамі яны не знішчаць вялікай беларускай літаратуры. Немцы панаставілі на Беларусі шыбеніц, але нязломны беларускі народ высока падняў галаву, і перад яго ваяўнічасцю дрыжыць нямецкае гадаўё.

Немцы заяўляюць, што «Беларутэнія» — гэта нямецкі «перадкрай», а беларусы, узрываючы нямецкія паязды і косячы нямецкія галовы, горда кажуць: тут Беларусь, мы беларусы і чужацкая навалач ляжа тут касцьмі. Ад такога павароту справы немцы, як выпрабаваныя шарлатаны, пачалі ашуканскую гульню з беларусамі. Але маюць на гэта бязлітасны адказ ад узброенага беларускага народа: воляй Кастрычніка я, магутны народ, жыву на сваёй зямлі, маю свае традыцыі, за чвэрць Кастрычніцкага стагоддзя я ўсвядоміў сваю нацыянальную гордасць, маё імя за гэты час стала вядома ўсяму свету, і ўсё гэта мой нацыянальны здабытак, і паганая немчура нічога са мною, што б яна хацела, не зробіць.

Дробная кучка адшчапенцаў стараецца ўгаварыць беларусаў, што пад нямецкім ботам з пятлёй на шыі вельмі прыемнае нацыянальнае жыццё. «Мінская газета», распісваючы адкрыццё «беларускага народнага дома» ў Навагрудку, піша: «Прыгожая дэкарацыя сцэны, на якой побач з нямецкімі сцягамі горда (!) павявалі нашы бела-чырвона-белыя штандары».

Як стаіць свет, ад самых яго пачаткаў і да нашых дзён, ніякі мудрэц, нават з самай вострай фантазіяй, не мог уявіць сабе гордасць абдрыпанага вераб’я, які сядзіць побач з драпежным каршуном, у якога кіпці ў крыві. Праўда, паўзучаму чарвяку можа часам і здаецца, што ён ляціць. А ўрэшце, хто разбярэцца ў лакейскай душы? Можа лакей і адчувае якую-небудзь «гордасць», калі вылізвае зад свайму пану?

Ёсць наша гордасць: Чырвоны сцяг Кастрычніка і Дзяржаўны герб Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. З гэтай гордасцю ў сэрцы вялікі беларускі народ кладзе ў магілы нямецкую навалач. Кулямёт і вінтоўка супраць немца — у руках беларускага чалавека — вось вынік нашай нацыянальнай гордасці.

У нас гордасць людзей, якія жывуць з праўдай у сэрцы і сілай у руках. І жыць у няволі мы не будзем! Смерць немцу і воля нам!


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан