epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Аб сваім новым рамане

Раман пісаўся ў часы вялікіх выпрабаванняў роднай зямлі і вялікага гора і разам з тым вялікага геройства беларускага народа — у часы свяшчэннай Айчыннай вайны. Усё тое вялікае і слаўнае, што ёсць асаблівасць нашага народа, у часы змагання з бесчалавечным ворагам выступіла з глыбокай сілай на паверхню, і перад усім светам яшчэ ясней раскрыліся грані душы нашага народа. Замілаванне да радзімы, працавітасць, ясны розум, вялікае сэрца, пагарда і нянавісць да ўсякага прыгнечання, мара аб вечным брацтве народаў, нязломная воля да свабоды, незалежнасці і перамогі — вось асаблівасці народа, які вядзе нябачанае ў свеце змаганне з цёмнымі сіламі.

Несучы на сваіх плячах вялікі цяжар, з крывавымі ранамі ў сэрцы і душы, у пакутах і смутку, савецкія народы сілай свайго ўдару па ворагу расчышчаюць шлях усяму чалавецтву да шчасця і радасці. Беларускі народ з гонарам стаіць у першых радах гэтага вялікага наступлення на армію вырадкаў і вылюдкаў, якія нарадзіліся ў нетрах фашысцкай Германіі.

Я імкнуўся, каб матывы гэтага гераізму гучэлі ў рамане, я стараўся, каб кожны, хто будзе чытаць маю кнігу, лішні раз падумаў аб беларускім народзе, які працай сваіх залатых рук заўсёды аздабляў зямлю, які сваёй душой здольны расплавіць камень жорсткасці і лячыць чужыя раны і які сам робіцца жорсткім і няўмольным, калі становіцца справа вытрымаць цяжкае змаганне і перамагчы.

У рамане выведзены беларускія людзі. Найбольш яны паказаны ў самыя вострыя моманты свайго жыцця. У рамане выведзены прадстаўнікі гітлераўскай Германіі, жорсткая бесчалавечнасць якіх вядзе іх да гібелі ад яснай і магутнай сілы нашага народа.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан