epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Абуджаць лепшыя думкі i пачуцці чытача

Вялікім класічным творам заўсёды папярэднічала вялікая гісторыя існавання і развіцця мастацкай літаратуры. Нам жа, беларускім пісьменнікам, нават цяпер даводзіцца прарабляць вялікую чарнавую работу. Гэта дае сабе адчуваць перш за ўсё ў рабоце над мовай.

Пра беларускіх пісьменнікаў нельга сказаць, што яны пішуць на гатовай літаратурнай мове. Працэс развіцця беларускае літаратурнае мовы ідзе да таго шпарка, што мы, удзельнічаючы ў гэтым працэсе, часам самі гэтага не заўважаем. Калі, напрыклад, даводзіцца пераглядаць для перавыдання старыя творы, напісаныя гадоў пяць таму назад, дык мы знаходзім у іх багата архаізмаў.

Апрача таго, у беларускай літаратуры існавала як бы некалькі падмоў. Кожны пісьменнік прыносіў у літаратуру словы той мясцовасці, адкуль ён прыйшоў. Беларуская літаратурная мова фармуецца па аснове народнае мовы. У сувязі з гэтым нельга не ўспомніць пра Інстытут мовы Беларускай Акадэміі навук. Магчыма, я памыляюся, але мне здаецца, што ніякай работы Інстытут не вядзе.

Можна багата гаварыць пра вялікія і бясспрэчныя дасягненні нашай літаратуры, пра тое, што яна ў некалькі год стала вялікай літаратурай Савецкага Саюза. Але на гэтым дзелавым пленуме мне хочацца сказаць некалькі слоў і пра недахопы і, галоўнае, пра адзін вялікі недахоп беларускай літаратуры.

У шмат якіх выпадках мы паказваем жыццё больш бледным, чым мы яго бачым. Без фантазіі, без творчага вымыслу не можа быць створана ніякага вялікага мастацкага твора.

Сіла нашай літаратуры не ў тым, што яна прыгожа можа расказаць, як пабудован камбінат, а ў тым, каб яна хвалявала чытачоў, абуджала лепшыя іх думкі і пачуцці, гартавала іх. Гэта — простае прызначэнне мастацтва.

Давайце думаць пра літаратуру як пра мастацтва.


1936

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан