epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Агонь

У чыстым полі тлеў жар. Ён мігцеў на ветры і відзён быў здалёк. Стаяла цішыня і ноч. Па небе цягліся хмары, і часамі яснела там, дзе павінен быў быць месяц. Умерзлая зямля яшчэ была без снегу.

Чуўся стук хады ў полі. Відаць, той, хто ішоў, абуты быў у цяжкі абутак. Ён высокі і як бы прысутулены. Ішоў шпарка, проста туды, дзе тлеў жар.

Калі рванецца вецер, жар мігціць шырокай зыркай плямінай, і навокал яго ўсё яшчэ цямней. Цёмна было ў полі і нічога нідзе перад вокам не вырысоўвалася. Высокая і прысутуленая постаць ужо бадай што бегла. Яна адразу кінулася да цяпла, у тое вузкае месца, дзе дрыжала слабае святло.

Гэта быў нейкі абарванец. Худы, танканосы, брудны і аброслы. Чамусьці здавалася (а можа так і было), што ў яго адно плячо вышэй служыць за другое і тапырацца ў бакі вушы. Рукавы на яго доўгіх руках былі чамусьці кароткія, на шыю накручана нешта гаматное, як бы цяжкае. Галава служыла набок. Шырокія, як бы расцягнутыя, губы мыляліся, як бы што нячутнае шапталі.

Стрыжаныя вусы тырчалі пукамі, вочы міргалі, куткі губ уздрыгвалі. Чалавек гэты ўкленчыў перад жарам, працягнуў да яго рукі з растапыранымі пальцамі. Прыгнуўся тварам у самы жар і так застыў. Відно было, што холад працінаў яго. Барада яго трэслася, і ён дрыжачым нізкім голасам хрыпата цягнуў адну ноту без канца і супынку. Перадыхваў ён так, быццам ірваўся з месца. Ён піў асалоду цяпла і ўсё бліжэй браўся ў жар. Здавалася, што ён зараз каленьмі стане ў яго. Жар зырчаў. Вецер падзьмуў раўней. Вогненная навалока з’явілася на вуголлі. Агонь узнімаўся і браўся далей. Вецер раздзьмухваў яго. Вецер пачаў шумець мацней. Цішыня ночы канчалася. Навокал агню стаяла сцяна цемені. I здавалася, што поўная адзінота, непераможная, як далечыня свету, пануе тут і ўсюды.

Раптам агонь успыхнуў. Полымя выбухнула ўгару, гайданулася ў бакі і пайшло далей. Яно паўзло і паўзло. Адразу агонь стаў вялікі, ён разыходзіўся ў шырыню. Пайшла пара і дым. У агні засіпела мокрае дрэва. Агонь стаў сцяной, цемень рушыла далей, стала прасторна і ясна. Чалавек стаяў на каленях, як і раней, але выпрастаўся і падняў рукі ўгару. Агонь добра нагрэў яго. Ён быў у такой паставе, што як бы маліўся перад агнём. Ён пажвавеў і правёў вачыма скрозь, дзе было відно. Гэта гарэлі ўжо раней асмаленыя рэшткі нейкай будыніны. Мокрыя асмалкі. Агонь даядаў тое, што не даеў раней — прыцярушаныя снегам галавешкі. Вызначалася чорнае бярвенне, абкуродымленыя печы, абгарэлыя слупы, награможджаныя дробныя асмалкі. Агонь браўся далей і шырэй, і ўсё больш разыходзілася кола святла. На ўсю далечыню зноў пачынала гарэць вялікае пажарышча. З ветрам пайшоў попел. І раптам вызначыліся два абгарэлыя трупы. Тады яны не згарэлі да канца. Цяпер агонь зноў дабіраўся да іх. Постаць ірванулася з месца. Прысутулены і высокі чалавек шпарка пайшоў у чорнае бяздонне свету. Жах адзіноты апаноўваў яго. І раптам ён убачыў злева ад сябе не кранутую агнём хату. Нават кавалак плота з дрэвам тырчаў пры ёй. Праўда, і сцены, і дрэва былі абсмалены, але ўсё стаяла на месцы. Прысутулены чалавек шпарка ішоў туды. Пажар аставаўся за ім. Хата была асветлена ясна. Прысутулены дабраўся да дзвярэй і хапіўся за клямку. Дзверы адчыніліся. Ён апынуўся ў сенцах. Тут нават і ўведаць не было як, што пажар зноў узнімаецца. Сенцы былі без вокан і зусім пустыя. Толькі доўгі тапчан стаяў паўз адну сцяну і на канцы яго гарэла свечка, нейкая чорная і як бы самаробная. Трымалася скупое святло.

На другім канцы тапчана сядзела маладая жанчына ў кароткім кажушку і каляровай вялікай хустцы на галаве. Яна ўздрыганулася, калі высокая постаць увайшла ў сенцы.

— Немец, божачка! — крыкнула яна і ўсхапілася з месца.

Яна стаяла перад нечаканым госцем, выцягнуўшы ўніз рукі і не зводзячы з яго вачэй.

— Чаго ты, чаго ты, ідзі! — зноў крыкнула яна.

Прысутулены падняў рукі ўгару і прагаварыў:

— Я толькі выспацца, да раніцы. Я трое сутак не спаў. Я ўміраю з голаду. Ты жанчына. Можа і ў цябе ёсць муж ці брат. Можа і ён так дзе... Накармі мяне. Дай адаспацца. Я табе зла не зраблю. Цяпер ноч, пустэча. А пасля я пайду. Я больш ваяваць не буду, можа я дапаўзу яшчэ як да Германіі, да роднага дома, да дзяцей. У мяне трое дзяцей. Я быў хворы і астаўся ад часці, калі яна адступала.

— Ты хочаш дайсці да сваіх дзяцей? А я да сваіх дзяцей ужо не дайду. Яны сатлелі жывыя ў агні.

Жанчына закрыла твар рукамі і зарыдала. Нямецкі твар зварухнуўся. Пячаць надзеі лягла на яго твар. Гора жанчыны магло стаць яму апірышчам. Ён ступіў крок наперад. Жанчына шатнулася ўбок. Немец сказаў:

— Скончыцца вайна, і ты забудзеш.

— Не забуду! — крыкнула жанчына.

— Гора пройдзе,— гаварыў немец,— час залечыць душу... (Тут ён змоўк і падумаў.) Ты яшчэ маладая... (Ламаная яго мова ціха гучала ў пустых сенцах.) Мне хоць хлеба дай... хоць чаго... Зіма... пустэча... ноч...

Стараючыся ўсміхацца, ён асцярожна падышоў да тапчана і сеў на яго.

— Ты раіш мне, як лячыць душу! — сказала жанчына.

Немец кіўнуў галавой. Жанчына раптам падбегла і дала яму кулакамі ў твар. Ён адкінуў галаву назад і махнуў рукамі. Яна, не даючы яму апамятацца, хапіла з кута гліняны збанок і апусціла яго з вялікага размаху яму на галаву. Немец ірвануўся да яе ўжо бадай што вобмацкам. Яна пабегла на двор і, толькі выбегшы з сянец, убачыла, што пажар даядае асмалкі. Яна падняла камень. Немец пабег з сянец. Яна сустрэла яго каменем у твар. Немец упаў ля самага парога, тварам у мёрзлую зямлю, раскінуўшы рукі, падагнуўшы адну нагу і выцягнуўшы другую. Асветлены пажарам, ён і нежывы як быццам бы ўцякаў.


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан