epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

«Акадэмічны» фрыц

Каб фрыц кожны дзень мог выцягваць з чужога хлява за хвост парася, яго шчасце было б поўным. Ён выпіваў бы сабе колькі яму трэба шнапсу, нажыраўся б парасяціны, разгадаваў бы тоўсты зад і такую ж морду і пладзіў бы сваіх фрыцанят. На гэтым яго жаданні і канчаюцца. Гэтае парасячае шчасце ў поўнай меры яму абяцаў фюрэр, калі фрыц будзе добра ваяваць і заваюе ўвесь свет.

У Францыі ён абцерабіў усе вінаграднікі, у Нарвегіі пажор усю рыбу, у Беларусі дарваўся да сала. Яму ўсё роўна, на якім канцы свету красці. У гэтым сэнсе чыстакроўны арыец — поўны інтэрнацыяналіст. Яму ўсё роўна — ці румынская ці фінляндская свіння. І гэтую, і тую ён зжарэ з касцьмі і вантробамі. Ён майстар на ўсе рукі: жэрці, і красці, і вешаць, і паліць — усё ён умее. Нездарма некалі казалі, што немец малпу выдумаў.

Калі вы не верыце ў такія універсальныя фрыцаўскія таленты, можаце паглядзець на вельмі паважанага фрыца, таго самага гера Кубэ, які сядзіць у Мінску на пасадзе гаўляйтара над Беларуссю. Таленты ў гэтага таўстамордага малайца не паддаюцца ўліку. Спрытны ядок беларускага хлеба. Найтаннейшы знаўца вісельнай тэхнікі. Знаўца таго, на якім сметніку знайсці Адамовіча і Гадлеўскага і за якую скулячку ў іх душы тузануць. Майстар дакладнага падліку — колькі ад усходу да захаду сонца павесіць беларусаў.

Як бачым: і хлебазнавец, і тэхнік, і псіхолаг, і матэматык. Дык якое дзіва, што ён выдумаў сабе «акадэмію» ў Мінску, каб быць у ёй ганаровым прэзідэнтам! Маючы гэтулькі «вучоных» спецыяльнасцей, ён з поўным правам можа насіць годнасць «акадэміка».

Дапаў фрыц да шчасця! І морда тоўстая, і чын высокі, і спецыяльнасці аб’яднаных ў «навуковую годнасць», і смажаныя парасяты самі ў разяўленую ляпу бягуць і нават не пішчаць.

Вядома, каб быць ганаровым прэзідэнтам «акадэміі», то трэба, каб былі і «акадэмікі». Дык яны такі ў гера Кубэ і ёсць. Чым кепскі «акадэмік» Адамовіч? Яго шпіёнская спецыяльнасць даходзіць да акадэмічнага ўзроўню. А Гадлеўскі? А Станкевіч? А Ярмачэнка? Кожны з іх з акадэмічнай спрытнасцю шчыра і аддана працуе на тое, каб на беларускай зямлі сядзелі нямецкія паны і каб нямецкая вісельня працавала на Беларусі з акадэмічным размахам.

Ну, добра, скажаце вы. Дык пры чым жа тут Беларусь? З такім жа поспехам нямецкі гер мог бы назвацца «акадэмікам» і ў Турцыі, і ў Швецыі, і ў Бельгіі, і ў Францыі, і ўсюды.

Калі вы так думаеце, то вы такі разгадалі фрыцаву натуру. Яму ўсё роўна, чый жэрці хлеб, абы ён быў чужы. І яму ўсё роўна, на якім канцы свету сабраць каля сябе «акадэмічных» жулікаў, абы яны былі жулікі.

Беларускі народ любіць сваю свабоду. Так што «акадэмічны» фрыц у Мінску, разам з сваімі «акадэмікамі», скора ляснецца касцьмі.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан